355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Альбер Камю » Падзенне (на белорусском языке) » Текст книги (страница 2)
Падзенне (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 20 сентября 2016, 17:40

Текст книги "Падзенне (на белорусском языке)"


Автор книги: Альбер Камю


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 6 страниц)

Я нарадзiўся ў паважанай, але зусiм нязнатнай сям'i (мой бацька быў афiцэр), але, мушу прызнацца, часам, прачынаючыся на свiтанку, я адчуваў сябе прынцам цi нейкiм стварэрнем ад Бога. Гэтае пачуццё, заўважце, тлумачылася зусiм не маёю ўпэўненасцю, што я разумнейшы за ўсiх. Такая ўпэўненасць, зрэшты, нiчога не вартая, бо яе падзяляюць нямала бязглуздых тупiц. Не, у мяне ўсё было iначай, я быў такi задаволены, што лiчыў – мне нават няёмка прызнацца, – я лiчыў сябе божым выбраннiкам. Але, выбраннiкам, адзiным з усiх, каму лёсам наканаваны трывалы i вечны поспех. Гэтым, увогуле, i тлумачылася мая сцiпласць. Я не дазваляў сабе прыпiсаць гэты поспех толькi сваiм заслугам, я не мог дапусцiць, каб спалучэнне такiх разнастайных i часам супярэчлiвых якасцей у адным чалавеку было вынiкам звычайнага выпадку. I таму, калi я i жыў сярод шчасця, я адчуваў, што яно мне дазволена, калi так можна сказаць, загадам ад неба. Калi ж цяпер я вам скажу, што не меў нiякай прыхiльнасцi да рэлiгii, вы яшчэ лепей убачыце, наколькi дзiўнае i незвычайнае было такое перакананне. Так цi iнакш, было яно звычайнае цi не, але яно доўга дапамагала мне ўзвышацца над усiмi дробязямi жыцця. Я лунаў, лiтаральна лунаў у паднябёснай вышынi цэлымi гадамi, пра якiя, па праўдзе сказаць, i цяпер яшчэ захоўваю шкадаванне ў душы. Я лунаў да таго самага вечара, калi... Але не, гэта ўжо зусiм iншая гiсторыя, i яе трэба забыць. Зрэшты, я, можа быць, перабольшваю. Мне паўсюль пачувалася добра, што праўда, то праўда, але я нiчым не мог задаволiцца. Кожная здабытая радасць прымушала мяне шукаць новую. Я лётаў са свята на свята, з балю на баль. Здаралася, я танцаваў цэлую ноч i ўсё болей шалеў ад людзей i жыцця. I часам, вельмi позна ўначы, сярод скокаў, на лёгкiм падпiтку, калi я адчуваў сябе ўжо зусiм раскавана i ахунаўся ў нейкае млявае, радаснае i чароўнае забыццё, мне на iмгненне здавалася, што з глыбiнi маёй поўнай знямогi да мяне выплывае разгадка ўсiх таямнiц i сакрэтаў сусвету. Але назаўтра знямога праходзiла, i разгадка – знiкала; усё пачыналася зноў. Вось так я ганяўся за ўцехамi, заўсёды iх здабываў, але нiколi не наталяўся, я не ведаў, дзе мне спынiцца, – да таго самага дня цi, дакладней, вечара, калi раптам абарвалася музыка i пагаслi агнi. Той баль, дзе я быў шчаслiвы... Але дазвольце, я гукну нашага сябра-прымата. Кiўнiце яму ў знак удзячнасцi, а цяпер – што галоўнае – выпiце разам са мною, мне вельмi патрэбна вашае спачуванне.

Як бачу, мае словы вас крыху здзiўляюць? Няўжо ў вас нiколi не ўзнiкала патрэбы ў нечым спачуваннi, у чыёйсьцi дапамозе, дружбе? Узнiкала, вядома. А я навучыўся задавальняцца адным спачуваннем. Яго прасцей знайсцi, i потым – яно нi да чога не абавязвае. "Паверце, я вам вельмi спачуваю", – кажаце вы, а самi адразу думаеце: "Ну, досыць, цяпер пара заняцца iншымi справамi". Дарэчы, гэта дзяжурныя фразы ў старшынi ўрада: на iх ён не скупiцца нiколi, асаблiва пасля нацыянальнай катастрофы. А вось з дружбай – зусiм не так проста. Здабываць яе даводзiцца доўга i цяжка, але калi яна ёсць, яе ўжо нельга пазбыцца, за яе трэба плацiць. Вы толькi не думайце, што вашы сябры будуць званiць вам штовечар, няхай i павiнны былi б гэта рабiць – хоць бы дзеля таго, каб даведацца, цi не той гэта вечар, калi вы вырашылi пакончыць жыццё самагубствам цi, можа, проста – хочаце з iмi пабачыцца або прагуляцца. Не-не, крый божа, калi яны i пазвоняць, дык толькi тады, калi вы будзеце не адзiн i свет вам будзе здавацца чароўным. А на самагубства – на самагубства яны самi вас падштурхнуць, бо, на iх думку, для вас гэта будзе святы абавязак i найлепшае выйсце. Ратуй нас неба, шаноўны пане, каб нашыя сябры былi пра нас такой высокай думкi! Што ж да тых, хто абавязаны нас любiць, – я маю на ўвазе бацькоў i тых, з кiм мы павянчаныя (а слова якое, га!), – дык тут зусiм iншая песня. Гэтыя заўсёды маюць патрэбнае слова, нават не слова – кулю! Яны вам звоняць так, нiбы страляюць з карабiна. I цэляць заўсёды лучна. Вось хто сапраўдныя здраднiкi!

Што? Якi вечар? Ах, той! Чакайце, я яшчэ дайду, са мною спяшацца не трэба. Зрэшты, усё, што я кажу пра нашых сяброў i крэўных, ужо, пэўным чынам, датычыцца гэтай гiсторыi. Неяк мне расказалi пра аднаго чалавека, сябар якога сеў у турму. Дык уявiце сабе, кожны вечар гэты небарака клаўся спаць на падлозе, каб пазбавiць сябе тых выгод, якiх не меў той, каго ён любiў! Скажыце, шаноўны, хто будзе спаць на падлозе за вас? Ды цi сам я здольны на гэта? Паверце, я хачу быць здольным, i я буду. Мы ўсе некалi будзем здольныя на гэта, i ў гэтым будзе наш ратунак. Але гэта нялёгка. Нялёгка, бо дружба няўважлiвая цi, прынамсi, бяссiльная. Яна б i хацела, але не можа. Цi, можа быць, яна не так ужо моцна хоча? Можа быць, мы не так ужо моцна любiм жыццё? Вы заўважалi, што толькi смерць абуджае нашы пачуццi? Як мы любiм сяброў, што пакiнулi нас назаўжды! Як захапляемся мы вялiкiмi майстрамi, якiя ўжо змоўклi навекi, бо iх рот набiты зямлёй! Пахвала тады сама зрываецца ў нас з языка, тая пахвала, якую яны, мабыць, чакалi ад нас усё жыццё. I ведаеце, чаму мы заўсёды больш справядлiвыя i зычлiвыя да памерлых? Прычына вельмi простая! Перад iмi ў нас няма абавязкаў. Яны не абмяжоўваюць нашай свабоды, i мы можам пахвалiць iх тады, калi хочам, памiж кактэйлем i мiлай каханкай, – калi нам, увогуле, усё роўна рабiць болей няма чаго. Калi ж яны i патрабуюць ад нас чагосьцi, дык толькi ўспамiнаў, а памяць у нас вельмi кароткая. Мы любiм толькi нядаўна памерлых сяброў, пакуль у нас яшчэ жыве свежае хваляванне, пакуль не ацiх наш боль – нарэшце, мы любiм зноў-такi самiх жа сябе!

У мяне быў адзiн сябар, якога я стараўся часцей пазбягаць. Мне з iм было крыху нудна, i потым – ён назаляў мне сваiмi маральнымi настаўленнямi. Аднак калi ён апынуўся на смяротным ложы, будзьце спакойны, я адразу ж сядзеў ля яго. Кожны дзень я прыходзiў да хворага, i ён памёр задаволены мною, пацiскаючы мне руку. У адной жанчыны, якая вельмi доўга, але бясплённа заляцалася да мяне, хапiла добрага густу памерцi маладой. Колькi месца яна адразу заняла ў маiм сэрцы! А ўявiце сабе не простую смерць, а самагубства! Божа лiтасцiвы, во дзе ўздымаецца вэрхал! Бесперастанку звонiць тэлефон, сэрца перапаўняецца, гучаць наўмысна кароткiя фразы, поўныя намёкаў, стрыманага болю i нават папрокаў – але-але! – папрокаў самому сабе!

Так ужо створаны чалавек, мiлы пане, у яго два аблiччы: ён не можа любiць другiх, калi не любiць самога сябе. Паназiрайце за сваiмi суседзямi, калi ў вашым доме нехта памрэ. Да таго яны сонна марнеюць у сваiм нiкчэмным жыццi, але вось, раптам, памiрае, ну, скажам, напрыклад, дворнiк. I адразу ж усе прачынаюцца. Колькi мiтуснi, пытанняў, жалю! Нарэшце навiна аблятае ўвесь дом, i спектакль пачынаецца. Што вы хочаце, людзям патрэбны трагедыi, гэта дапамагае iм хоць крыху ўзняцца над самiмi сабой, гэта iх хмельны напiтак. Дарэчы, я не выпадкова завёў гаворку пра дворнiка. У нашым доме таксама быў адзiн, асоба сапраўды пакрыўджаная Богам – заўсёды злосны, да пачварнага пагардлiвы i злапомны. Ён мог бы збянтэжыць нават сама памяркоўнага манаха-францысканца. Я нiколi не гутарыў з iм, але адно яго iснаванне ўжо псавала мне радасць жыцця. I вось нарэшце ён памёр, i я пайшоў на яго пахаванне. Чаго – скажыце вы мне?

Два днi да хаўтураў былi, зрэшты, вельмi цiкавыя. Дворнiчыха ляжала хворая ў сваiм адзiным пакойчыку, i труну з целам нябожчыка паставiлi побач з ёю на драўляных козлах. Кожны жыхар мусiў сам забiраць сваю пошту. Усе заходзiлi, казалi: "Дзень добры, панi", -слухалi хвалебныя словы ў адрас нябожчыка, на якога няшчасная паказвала рукой, i, узяўшы свае газеты, знiкалi. Вы хочаце сказаць, што ў гэтым няма нiчога вясёлага! Тым не менш, увесь дом пабываў у гэтым пакоi, дзе нясцерпна патыхала фенолам. I заўважце, людзi не пасылалi сваiх пакаёвак, яны самi iшлi пакарыстацца такiм удалым выпадкам. Зрэшты, i пакаёўкi таксама прыходзiлi, але цiшком, каб iх не заўважылi. У дзень пахавання аказалася, што труна настолькi вялiкая, што не пралазiць у дзверы. "О даражэнькi ты мой, – прастагнала дворнiчыха са свайго ложка, i ў яе голасе пачулася адначасова зачараванае i прыкрае здзiўленне, – якi ж ты быў вялiкi!" – "Не хвалюйцеся, панi, – азваўся распараднiк працэсii, – зараз мы яго нахiлiм i пранясём стаўма". Яго сапраўды нахiлiлi, пранеслi i потым паклалi, i я быў адзiны (калi не лiчыць былога бармена, з якiм, як я даведаўся, нябожчык штовечар пiў у бары "Перно"), хто дайшоў аж да могiлак i кiнуў кветкi на труну, раскошнасць якой мяне, дарэчы, здзiвiла. Пасля гэтага я зайшоў да дворнiчыхi, каб паслухаць, як яна голасам трагiчнай акторкi выкажа мне сваю ўдзячнасць. Вы запытаецеся, навошта я гэта зрабiў? Нiнавошта. А можа, таксама – каб выпiць свой хмельны напой.

Аднойчы мне давялося хаваць старога супрацоўнiка з Калегii адвакатаў. Гэта быў даволi нiкчэмны чыноўнiк, але я заўсёды пацiскаў яму руку. Зрэшты, там, дзе я працаваў, я ўсiм пацiскаў руку, i нават не адзiн, а два разы на дзень. Такая мiлая сардэчнасць, якая, увогуле, нiчога не каштавала, прыносiла мне сiмпатыю ўсiх, а яна была вельмi карысная майму працвiтанню. Старшыня Калегii нават пальцам не варухнуў, каб уладзiць хаўтуры нашаму беднаму таварышу па службе. А я зрабiў усё як найлепш, i гэта – напярэдаднi сваёй вандроўкi, што асаблiва ўсiмi падкрэслiвалася. Безумоўна, я ведаў, што мой удзел у пахаваннi будзе абавязкова заўважаны i сустрэне найлепшыя водгукi. Таму вы зразумееце, што нават снег, якi падаў у той дзень, не прымусiў мяне адступiцца.

Што? О не, я ўжо блiзка. Ды вы не турбуйцеся, я зусiм не адхiляюся ад тэмы. Дазвольце толькi, я спачатку закончу пра гэтую дворнiчыху. Яна лiтаральна зруйнавала сябе, аддаўшы ўсе грошы на дарагое распяцце i багатую дубовую труну са срэбнымi ручкамi, але ўжо праз месяц – вiдаць, каб паўней прачуць свае перажываннi – зблыталася з нейкiм прайдзiсветам, у якога, памiж iншым, быў даволi прыгожы голас. Гэты фат часцяком яе лупцаваў, з iх пакоя даносiўся жудасны лямант, але ўжо праз хвiлiну ён адчыняў акно i на ўсё горла спяваў свой улюбёны раманс: "О жанчыны, мае прыгажунькi!" – "Чорт ведае што!" – казалi суседзi. А чаму "чорт ведае што", папытаюся я ў вас? Ну, няхай паводзiны ў гэтага барытона гаварылi не на яго карысць, няхай у дворнiчыхi таксама. Але гэта яшчэ не даказвае, што яны не кахалi адно аднаго. Як i не даказвае, што яна не кахала свайго памерлага мужа. Прынамсi, пасля таго як прайдзiсвет раптам знiк, натамiўшы свой голас i рукi, верная ўдава пачала зноў узносiць хвалу свайму мужу-нябожчыку! Як бы то нi было, але я ведаў многа такiх, што, здавалася б, знешне жылi цiха i мiрна, але праз гэта зусiм не былi болей верныя або шчырыя. Я знаў аднаго чалавека, якi дваццаць гадоў свайго жыцця аддаў абсалютна пустой балаболцы, усiм ахвяраваў дзеля яе: сябрамi, кар'ерай i нават прыстойнасцю, – а потым аднойчы прызнаўся, што нiколi яе не кахаў. Проста яму было нудна, вось i ўсё. Ён нудзiўся, як i большасць людзей, i каб нечым заняцца, стварыў сабе такое жыццё, поўнае складанасцей i драматызму. Людзям трэба, каб нешта здаралася, i гэтым тлумачыцца большасць чалавечых канфлiктаў. Усе толькi i чакаюць, каб нешта адбылося – няхай нават рабства без кахання, няхай нават вайна, няхай смерць. I таму мы маем падставу ўсклiкнуць: няхай жывуць пахаваннi!

У мяне ж не было i гэтага апраўдання. Я зусiм не нудзiўся – я панаваў. А ў той памятны вечар, магу вам сказаць, я нудзiўся меней за ўсё. Не, праўда, я абсалютна не хацеў, каб нешта адбылося. I тым не менш... Уявiце сабе такi цiхi восеньскi вечар, калi над горадам яшчэ дзьме цёплы ветрык, а над Сенай ужо ўздымаецца вiльготная прахалода. Надыходзiла ноч, яшчэ светлае на захадзе неба змрачнела, цьмяна блiскалi лiхтары. Я iшоў па набярэжнай да моста Мастацтваў. Памiж зачыненых латкоў букiнiстаў мiгцела сваiмi хвалямi рака. На набярэжнай было амаль бязлюдна: Парыж сеў за вячэру. Я таптаў нагамi пыльнае жоўтае лiсце, якое нагадвала пра нядаўняе лета. Неба пакрысе напаўнялася зорамi. Яны загаралiся раптам, калi я адыходзiў ад чарговага лiхтара, i хутка зноў гаслi. Я ўпiваўся цiшынёю i вячэрнiм спакоем апусцелага горада. Я быў задаволены. Дзень прайшоў вельмi ўдала: мне сустрэўся сляпы, якому я дапамог перайсцi вулiцу, я здолеў памякчыць прысуд аднаму свайму падапечнаму, i той горача пацiснуў мне за гэта руку, я зрабiў яшчэ некалькi велiкадушных учынкаў i за абедам у коле сяброў вызначыўся iмправiзаванай прамовай пра чэрствасць нашых кiраўнiкоў i крывадушнасць элiты.

Я зайшоў на мост Мастацтваў, бязлюдны ўжо ў гэты час, i спынiўся, каб паглядзець на раку, якая ледзь вiднелася ў згусцелым змроку. Я стаяў тварам да статуi Генрыха IV, якраз над самай выспай, i адчуваў, як ува мне расце бязмежнае пачуццё сваёй усемагутнасцi i, я б нават сказаў, нейкай завершанасцi. Я ўжо збiраўся быў запалiць цыгарэту, як гэта часта бывае ў хвiлiну задавальнення, але раптам за спiнаю ў мяне прагучаў смех. Здзiўлены, я рэзка павярнуўся – нiкога. Я кiнуўся да парэнчаў – на рацэ не было нi чоўна, нi баркi. Я зноў зiрнуў на выспу, i зноў пачуў за спiнаю гэты смех, але цяпер ужо больш далёкi, нiбы яго зносiла плынню. Я стаяў, нерухомы. Смех цiшэў, але я чуў яго вельмi, выразна, ён ляцеў знiадкуль, з пустаты. Цi, можа быць, з хваль? Я адчуваў, як шалёна тахкае маё сэрца. Але зразумейце мяне правiльна, у гэтым смеху не было нiчога таемнага, гэта быў звычайны, добры смех, абсалютна натуральны i амаль сяброўскi, якi ўсё ставiць на сваё месца. Зрэшты, хутка ён ужо сцiх. Я спусцiўся на набярэжную i пайшоў па вулiцы Дафiн. Купiў зусiм не патрэбныя мне цыгарэты. Я быў уражаны, уражаны настолькi, што мне нават дыхалася цяжка. Вярнуўшыся дахаты, я пазванiў свайму прыяцелю, але той ужо некуды пайшоў. Я сам хацеў быў пайсцi куды-небудзь, калi раптам пачуў смех пад акном. Я адчынiў аканiцы. На ходнiках стаяла моладзь, яны весела смяялiся, развiтваючыся пасля пагулянкi. Я зачынiў акно i пацiснуў плячыма; нарэшце, мне было што рабiць – трэба было пагартаць адну новую справу. Я пайшоў у ванны пакой, каб выпiць халоднай вады. Мой адбiтак у люстры ўсмiхаўся, але мне падалося, што ў гэтай усмешцы ёсць нешта няшчырае...

Што? Ах, прабачце, гэта я падумаў пра iншае. Убачымся з вамi заўтра, дамовiлiся? Ну, значыць, да заўтрага. Не-не, цяпер я застацца, на жаль, не магу. Бачыце, вунь там мяне клiча гэткi буры мядзведзь? Я абяцаў яму даць кансультацыю. Слаўны хлопец, далiбог, а палiцыя ўвесь час да яго чапляецца, i толькi праз сваю гнюснасць i мярзотную звычку. Вы лiчыце, што ў яго пыса забойцы? Будзьце ўпэўнены, яго пыса цалкам адпавядае яго прафесii. Ён сапраўды някепскi грабежнiк, i вы здзiвiцеся яшчэ больш, калi я скажу, што гэты пячорны чалавек выдатна разбiраецца ў жывапiсе i падпольна гандлюе карцiнамi. У Галандыi ўсе спецыялiсты ў жывапiсе цi ў гадоўлi цюльпанаў. А гэты, дарэчы, нягледзячы на свой сцiплы выгляд, – аўтар сама нашумелага ў апошнi час крадзяжу. Ён украў карцiну. Якую? Можа быць, я некалi вам пра гэта скажу. Не здзiўляйцеся, што мне ўсё вядома. Хоць я i суддзя-пакаяльнiк, але i ў мяне ёсць слабая струнка: я даю юрыдычныя кансультацыi гэтым мiлым людзям. У свой час я старанна вывучыў усе тутэйшыя законы i цяпер маю добрую клiентуру ў гэтым квартале – тут нiхто не пытаецца пра дыпломы. Зрэшты, зрабiць гэта было не так ужо лёгка, але мне давяраюць. У мяне такi шчыры, прыемны смех, я ўмею так бадзёра пацiснуць руку – усё гэта вялiкiя казыры. I потым, я дапамог уладзiць некалькi даволi складаных спраў, прычым зрабiў гэта не толькi дзеля карысцi, але i па перакананнi. Бо я лiчу, што калi сутэнёраў i рабаўнiкоў будуць паўсюль i заўсёды караць, дык усе так званыя сумленныя людзi палiчаць сябе занадта невiнаватымi. А на маю думку, шаноўны пане, – адну хвiлiнку, я ўжо iду! – на маю думку, якраз гэтага i трэба пазбягаць. Iначай усё будзе вельмi ўжо смешна.

Я сапраўды, мой дарагi суайчыннiк, шчыра вам удзячны за вашу цiкаўнасць. Але, далiбог, у маёй гiсторыi няма нiчога незвычайнага. I калi вы так ужо хочаце ведаць усё да канца, скажу, што я не доўга памятаў пра той смех, усяго некалькi дзён, а пасля – пачаў забываць. Толькi зрэдку яшчэ мне здавалася, што ён гучыць недзе ўва мне. Але найчасцей я без нiякага намагання думаў пра iншае.

I ўсё-ткi, мушу прызнацца, набярэжных над Сенай я пачаў пазбягаць. А калi мне здаралася праязджаць па iх на машыне або на аўтобусе, нешта замiрала ўва мне. Я, напэўна, чагосьцi чакаў. Але аўтобус пераязджаў цераз Сену, нiчога не адбывалася, i я з палёгкай уздыхаў. На той час у мяне крыху пагоршылася здароўе. Нiчога дакладнага, так – агульная млявасць. Але знайсцi свой звычайны гумор мне ўдавалася цяпер не так лёгка. Я хадзiў да лекараў, тыя выпiсвалi розныя лекi, каб трошкi мяне падбадзёрыць, я падбадзёрваўся, але толькi на час, i потым расклейваўся зноў. Жыццё больш не здавалася мне такiм радасным: калi цела чаўрэе, у душы пасяляецца сум. Мне здавалася, што я ўжо крыху развучыўся рабiць тое, чаму нiколi не вучыўся, але заўсёды так добра ўмеў – я маю на ўвазе ўменне жыць. Але, напэўна, менавiта тады ўсё i пачалося.

Сёння ўвечары я таксама нешта не ў форме. Нават словы не клеяцца. Дый усё атрымлiваецца, па-мойму, не вельмi пераканаўча. Гэта ўсё праз надвор'е, пэўна. Дыхаецца кепска, i паветра такое цяжкае, што проста цiсне на грудзi. Вы не запярэчыце, калi я прапаную вам трошкi прайсцiся па горадзе? Не? Ну, вось дзякуй.

Якiя ўсё ж прыгожыя каналы па вечарах! Мне падабаецца, калi з iх павявае застойнай вадою, пахам цвiлага лiсця, што мокне ў канале, i пахавальным водарам кветак, якiмi завалены баркi. Не-не, паверце, у маёй прыхiльнасцi да гэтых пахаў няма нiчога паталагiчнага. Я проста змiрыўся з iмi. Дый, сказаць праўду, я i каналамi захапляцца сябе прымушаю. А па-сапраўднаму я больш за ўсё люблю Сiцылiю – тут вы мяне разумееце, – асаблiва калi стаiш на вяршынi Этны i ўсё вакол залiта святлом, а перад табою адкрываецца ўся выспа i мора. Яшчэ люблю Яву, але толькi ў перыяд пасатаў. У маладосцi я там бываў. Дый наогул люблю ўсе выспы. На iх лягчэй панаваць.

Якi прыгожы дом, праўда? А вунь, бачыце, там дзве галавы – гэта галовы мурынаў-нявольнiкаў. Нешта накшталт шыльды. Раней гэты дом належаў гандляру рабамi. О, у той час нiхто не хаваў сваiх сакрэтаў! Дужыя былi людзi, шчыра так i казалi: "Вось мая хата, заходзьце, я гандлюю рабамi, прадаю чорнае мяса". Вы можаце сабе ўявiць, каб нехта сёння мог адкрыта прызнаць, што ён займаецца падобнымi справамi? Якi скандал! Я ўжо адсюль чую, што б сказалi мае браточкi ў Парыжы. У такiх пытаннях яны няўмольныя, яны б адразу, без усялякiх ваганняў, выдалi два цi тры манiфесты, а то, можа, i болей! Па развазе, бадай, i я б прыклаў сваю ручку. Рабства? Не-не, як можна! Мы супраць! Праўда, мы вымушаны мiрыцца з iм у сям'i цi, скажам, на заводах, але так ужо яно заведзена. Але каб хвалiцца – гэта занадта!

Я разумею, што немагчыма абысцiся без таго, каб не ўладарыць цi не мець каго-небудзь у сваiм паслушэнстве. Рабы патрэбны кожнаму чалавеку як паветра. Загадваць – значыць дыхаць, вы не згодны са мною? I нават сама абяздоленыя дыхаюць. Бо i ў чалавека, якi стаiць на сама апошняй прыступцы сацыяльнай iерархii, ёсць бацькоўская цi сямейная ўлада. Калi ж ён халасты, у яго ёсць сабака. Галоўнае, увогуле, у тым, каб магчы сварыцца, калi другi не мае права табе адказаць. "Не смей адказваць бацьку!" – вы, вядома ж, чулi такое выслоўе. У пэўным сэнсе, яно даволi дзiўнае. Каму ж тады адказваць, як не таму, каго любiш? Але з iншага пункту погляду, яно бясспрэчнае, бо нехта ж павiнен мець права на апошняе слова. Iначай любому доваду можна супрацьпаставiць iншы, i так будзе бясконца. Затое ўлада адразу спыняе ўсякiя спрэчкi. Мы патрацiлi нямала часу, каб уразумець гэтую iсцiну. I вы, напэўна, заўважылi, што ў нашай старэнькай Эўропе ўсе фiласофскiя разважаннi падаюцца цяпер проста чароўным спосабам. Мы не кажам, як у даўнi, наiўны час: "Я думаю так. Што вы можаце сказаць супраць?" Мы зрабiлiся болей празорлiвыя. Мы замянiлi дыялог паведамленнем. "Iсцiна – вось у гэтым, – кажам мы. – Вы можаце з ёю не пагаджацца, але нас гэта не цiкавiць. Праз некалькi год вас знойдзе палiцыя i пакажа, што рацыю меў я".

Ах, мiлая наша планета! Нам усё на табе цяпер ясна. Мы ўсе знаем адзiн аднаго i ведаем, на што кожны з нас здольны. Ну, напрыклад, каб трошкi перамянiць тэму, возьмем хоць бы мяне. Я заўсёды хацеў, каб мне слугавалi з усмешкай. I калi ў маёй пакаёўкi быў засмучаны выгляд, гэта атручвала мне цэлы дзень. Вядома, яна мела поўнае права быць невясёлай. Але, на маю думку, ёй самой жа было б лепей, каб яна рабiла свой абавязак з усмешкай, а не ў слязах. Зрэшты, мне б гэта было яшчэ лепей. Але, нават нягледзячы на гэтую дробязь, мае разважаннi былi не такiя ўжо неразумныя. Кiруючыся менавiта гэтымi разважаннямi, я нiколi не хадзiў у кiтайскiя рэстараны. Чаму? Таму што, калi азiяты пры белых маўчаць, у iх заўсёды пагардлiвы выгляд. I натуральна, яны захоўваюць яго, калi абслугоўваюць вас за столiкам! Дзе ўжо тут адчуваць асалоду ад з'едзенага кураняцi цi, што яшчэ цяжэй, гледзячы на iх, захоўваць упэўненасць у сваёй праўдзе?

Няхай гэта застанецца памiж намi, шаноўны пане, але ведайце: рабства, асаблiва з усмешкай на вуснах, – непазбежна. Але адкрыта мы, безумоўна, не павiнны яго прызнаваць. Цi не лягчэй таму, хто не можа абысцiся без рабоў, назваць iх вольнымi людзьмi? Па-першае, дзеля прынцыпу, а па-другое, каб не зусiм ужо iх расчароўваць у жыццi. Трэба ж даць iм хоць такую падтрымку, праўда? Затое яны заўжды будуць нам усмiхацца, а мы захаваем сваё чыстае сумленне. Iначай цяжка нам давядзецца: пачнецца самакапанне, вечныя пакуты так мы яшчэ, чаго добрага, сцiплыя станем, чым чорт не жартуе! Таму – нiякiх шыльд! I гэтая, памiж iншым, сапраўды – проста абуральная. Дарэчы, уявiце сабе, што б здарылася, каб кожны, хто садзiўся за стол, аб'яўляў сваю сапраўдную прафесiю, га? Ды тут у каго хочаце ў галаве б закруцiлася! Уявiце сабе гэткiя вiзiтныя карткi: "Дзюпон, фiлосаф i баязлiвец", цi "хрысцiянiн i хцiвец", цi "юрлiвец i гуманiст" – тут выбар даволi шырокi. Але гэта было б сапраўднае пекла! А ў пекле, па-мойму, так i павiнна ўсё быць: вулiцы з шыльдамi, i нiякага права на апраўданне. Усё пракласiфiкавана раз i назаўжды.

Вось вы, дарагi суайчыннiк, падумайце, якая была б шыльдачка ў вас? Маўчыце? Ну добра, адкажаце крыху пазней. А я сваю шыльдачку ведаю: двухаблiчны, чароўны Янус, i наверсе – дэвiз: "Не давярай!" А на вiзiтнай картцы: "Жан-Батыст Кляманс, камедыянт". Дарэчы, неўзабаве пасля таго вечара, пра якi я вам расказаў, я адкрыў сабе адну рэч. Развiтваючыся са сляпым, якому я дапамог перайсцi дарогу, я зняў капялюш. Вядома, сляпому гэты жэст прызначацца не мог, бо ён бы ўсё роўна яго не ўбачыў. Але каму ж тады? Публiцы! Выканаў ролю – i раскланяўся. Няблага, праўда? I яшчэ быў выпадак, таксама ў гэты час: аднаму аўтамабiлiсту, якi горача падзякаваў мне за дапамогу, я адказаў, што на маiм месцы кожны зрабiў бы iначай. Я, вядома, хацеў сказаць: нiхто не зрабiў бы iначай. Але гэтая агаворка яшчэ доўга мне кроiла сэрца. Бо ў сцiпласцi мне сапраўды не было роўных.

Аднак, калi сказаць шчыра, дарагi суайчыннiк, я заўсёды лопаўся ад самахвальства. "Я, я, я", – вось лейтматыў майго чароўнага жыцця, якi чуўся ва ўсiм, што б я нi казаў. Я не мог прамовiць i слова, каб не пахвалiцца. Але рабiў гэта з нечуванаю сцiпласцю, сакрэтам якой валодаў дасканала. Сапраўды, усё жыццё я адчуваў сябе ўсемагутным i вольным. Я лiчыў сябе вызваленым ад абавязкаў да iншых па той простай прычыне, што, на маю думку, я быў вышэйшы за iх. Мне заўсёды ўяўлялася, што я разумнейшы, я ўжо гэта казаў, але, апроч таго, я меркаваў, што я i болей чуллiвы, болей спрытны, што я высакакласны стралок, непараўнальны вадзiцель, найлепшы каханак. Нават у тых абласцях, дзе мне было лёгка выявiць сваю слабасць, напрыклад – у тэнiсе, дзе я быў не больш чым пасрэдны партнёр, я не мог перашкодзiць сваёй думцы, што, каб у мяне стала часу патрэнiравацца, я пераўзышоў бы найлепшых гульцоў. Я прызнаваў у сабе толькi свае перавагi, i гэтым тлумачылiся мае лагоднасць i дабрадушнасць. Калi ж я i займаўся справамi iншых, дык толькi з чыстай паблажлiвасцi, абсалютна дабравольна, што яшчэ больш павялiчвала мае заслугi, i я падымаўся на новую прыступку ў любвi да самога сябе.

Разам з гэтымi я адкрыў сабе некаторыя iншыя iсцiны. I ўсё гэта адбылося пасля таго вечара, пра якi я вам гаварыў. Не адразу, не, i не ўсе яны былi мне аднолькава ясныя. Спачатку мне трэба было знайсцi сваю памяць. I толькi тады ўжо, патроху, я пачаў бачыць выразней, я паступова адкрываў сабе тое, што раней ужо знаў. Дагэтуль мне дапамагала мая дзiўная здольнасць усё забываць. Я, сапраўды, забываў усё, i перш за ўсё – свае ж рашэннi. Увогуле, нiчога для мяне не мела значэння. Вайна, самагубства, жабрацтва, любоў – усяму гэтаму я, вядома, надаваў пэўнае значэнне, калi таго вымагалi абставiны, але рабiў гэта вельмi далiкатна i, як бы мовiць, павярхоўна. Часам я прыкiдваўся, нiбыта мяне зацiкавiла справа, якая зусiм не датычылася майго будзённага жыцця. Але ў глыбiнi душы я заставаўся да яе абыякавы. Выключэнне складалi хiба тыя выпадкi, калi закраналася мая свабода. Ну як бы вам сказаць? Усё слiзгала па мне. Так, слiзгала, не пакiдаючы нiякiх слядоў.

Але будзем справядлiвыя: здаралася, i мая няпамятлiвасць была вельмi пахвальнаю. Вы заўважалi, напэўна, што ёсць людзi, якiя свята вераць таму запавету, паводле якога трэба дараваць усякую крыўду, i яны сапраўды яе даруюць, але нiколi не забываюцца пра яе. Я ж быў не настолькi высокай натуры, каб дараваць, але нарэшце забываў нават сама чорныя абразы. I майго абражальнiка, якi лiчыў, што я люта яго ненавiджу, лiтаральна збiвалi з панталыку маё нечаканае прывiтанне i шчырая ўсмешка. Тады, у залежнасцi ад свайго характару, ён або захапляўся маёю шырокай душою, або пагарджаў маёй баязлiвасцю, не падазраючы, што прычына намнога прасцейшая: я не памятаў нават, як яго зваць. Такiм чынам, тая самая прыродная загана, якая рабiла мяне абыякавым i няўважлiвым да людзей, адначасова забяспечвала мне высакароднасць.

Вось так я i жыў дзень пры днi, не ведаючы нiякай iншай рэальнасцi, апроч свайго "Я". Дзень пры днi – жанчыны, дзень пры днi – велiкадушныя ўчынкi i юр, дзень пры днi – усё кулём, але кожны дзень – толькi я, надзейны вартаўнiк у сябе ж на пасту. Я слiзгаў па паверхнi жыцця, жыў на словах, калi так можна сказаць, i нiколi не апускаўся да рэальнасцi. Тыя кнiгi, што я гартаў, я амаль не чытаў, тых сяброў, з якiмi сыходзiўся, амаль не ведаў, гарадоў, у якiх пабываў, амаль не бачыў, жанчын, з якiмi я спаў, амаль не меў! Усё, што я рабiў, – я рабiў ад нуды цi дзеля забавы. Побач праходзiлi людзi, яны хацелi за мяне ўхапiцца, але iм не было за што, i гэта было няшчасце. Няшчасце для iх. Бо я – забываў. Я нiколi не помнiў нiчога, апроч самога сябе.

Але патроху памяць вярнулася да мяне. Цi не – я сам да яе вярнуўся, i я знайшоў у ёй успамiны, якiя мяне чакалi. Але раней чым расказаць вам пра гэта, дазвольце, я паведамлю яшчэ некалькi прыкладаў з таго, што я адкрыў падчас сваiх пошукаў. Я ўпэўнены, вам яны прыдадуцца.

Дык вось, аднойчы, седзячы за рулём свайго аўтамабiля, я на хвiлiну задумаўся перад зялёным сiгналам светафора. Нашы цярплiвыя суайчыннiкi адразу пачалi гудзець мне ў спiну, i раптам мне прыгадалася адно здарэнне, якое адбылося ў такiх самых абставiнах. У той дзень мяне абагнаў на матацыкле маленькi сухарлявы чалавечак у акулярах i ў нагавiцах для гульнi ў гольф. Ён спынiўся на чырвоны сiгнал i дарэмна стараўся завесцi матор, якi чамусьцi заглух. Калi запалiўся зялёны сiгнал, я папрасiў яго, са сваёю звычайнаю ветласцю, адцягнуць матацыкл трошкi ўбок, каб я мог праехаць. Чалавечак, якi ўсё яшчэ раздражнёна поркаўся са сваiм наравiстым маторам, паводле ўсiх правiлаў парыжскай галантнасцi, адказаў, што я магу кацiцца да д'ябла. Я паўтарыў сваю просьбу, па-ранейшаму ветлiва, але ўжо з пэўнай нецярплiвасцю ў голасе. Да майго ведама было адразу даведзена, што, калi мне так карцiць, мне зараз намыляць карак. У гэты момант за спiнай у мяне пачулася некалькi гудкоў. З яшчэ большай настойлiвасцю я папрасiў свайго субяседнiка быць ветлiвым i ўлiчыць, што ён замiнае руху. Тэмпераментны пан, безумоўна, раззлаваны цяпер ужо яўнай упартасцю свайго матора, паведамiў, што, калi я хачу, як ён сказаў, "зарабiць па пысе", то ён зробiць гэта з вялiкiм задавальненнем. Такое цынiчнае нахабства мяне добра ўгнявiла, i я выйшаў з машыны, каб накруцiць фанабэрыстаму грубiяну вушы. Я нiколi не лiчыў сябе за баязлiўца (але чаго толькi чалавек не ўяўляе сабе!), апроч таго, я на цэлую галаву быў вышэйшы за працiўнiка i мае бiцэпсы мяне яшчэ нiколi не падводзiлi. Я i цяпер упэўнены, што па пысе хутчэй за ўсё зарабiў бы ён, а не я. Аднак ледзь я ступiў на дарогу, як вакол нас вырас натоўп, i нейкi чалавек падбег да мяне i пачаў крычаць, што я сама апошнi нягоднiк i што ён забараняе мне бiць чалавека, якi сядзiць на матацыкле i знаходзiцца, такiм чынам, у нявыгадным становiшчы. Я павярнуўся да нязванага мушкецёра, але нават не паспеў яго разгледзець як след. Бо толькi я павярнуў галаву, як матацыкл адразу затрашчаў, i я атрымаў важкi ўдар у вуха. Раней чым я ўсвядомiў, што адбылося, матацыкл ужо знiк. Разгубiўшыся, я машынальна рушыў да д'Артаньяна, але ў гэты самы момант пачуўся сярдзiты хор гудкоў – за маiм аўтамабiлем выстраiлася доўгая чарада машын. Зноў запалiўся зялёны сiгнал. I я, яшчэ крыху збянтэжаны, замест таго каб адлупцаваць нахабнага дурня, якi так недарэчы да мяне прычапiўся, паслухмяна сеў у машыну i ад'ехаў. А дурань наўздагон абазваў мяне "нiкчэмным баязлiўцам", i гэта таксама далося мне ў знакi.

Нiчога не варты выпадак, скажаце вы? Безумоўна. Але я доўга не мог яго забыць, вось што важна. Праўда, у мяне былi апраўданнi, i хоць я i не адказаў на знявагу, вiнавацiць мяне ў баязлiўстве было, бадай, нельга. Мяне заспелi знянацку, прычапiлiся з двух бакоў, усё перамяшалася ў маёй галаве, i аўтамабiльныя гудкi даканалi гэтую разгубленасць. I ўсё ж я адчуваў сябе няшчасным, нiбыта страцiў свой гонар. Перад маiмi вачыма ўсплывала, як я сядаю ў машыну, нiчога не адказаўшы на абразу, i на мяне глядзяць кплiвыя позiркi з натоўпу, узрадаванага тым больш, што на мне, я i цяпер яшчэ помню, быў вельмi элегантны блакiтны гарнiтур. У вушах у мяне гучала: "Нiкчэмны баязлiвец!" – i цяпер я лiчыў, што, увогуле, заслужыў гэтую мянушку. Як бы то нi было, але я спасаваў, публiчна здрэйфiў. Няхай вiною таму быў збег акалiчнасцей, але гэта яшчэ не прычына – акалiчнасцi заўсёды ёсць. Гледзячы назад, я ясна ўяўляў, што мне трэба было зрабiць. Я павiнен быў падысцi да д'Артаньяна, кароткiм трапным ударам збiць яго з ног, потым сесцi ў машыну, дагнаць паскудную малпу, якая мяне зняважыла, прыцiснуць яе матацыкл да ходнiкаў i, адцягнуўшы злоснiка ўбок, задаць яму добрага дыхту, як ён таго заслугоўваў. З некаторымi варыянтамi я сто разоў пракручваў гэты фiльм у сваiх думках. Але таго, што мiнула, не вернеш, i мяне яшчэ некалькi дзён мучылi чорныя ўспамiны.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю