355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Альбер Камю » Падзенне (на белорусском языке) » Текст книги (страница 4)
Падзенне (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 20 сентября 2016, 17:40

Текст книги "Падзенне (на белорусском языке)"


Автор книги: Альбер Камю


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 4 (всего у книги 6 страниц)

Такiм чынам, ужо з аднаго гэтага прыкладу вiдаць, што жанчыны каштавалi мне дорага. Час, якi я iм прысвячаў, быў назаўжды страчаны для мужчын, i яны даравалi мне гэта вельмi рэдка. Як тут знайсцi раду? Шчасце i поспех даруюцца вам толькi тады, калi вы гатовы iмi шчыра падзялiцца. Але каб быць сапраўды шчаслiвым, немагчыма ўвесь час клапацiцца пра iншых. Выходзiць, выйсця няма. Або шчаслiвы i асуджаны – або бязгрэшны i няшчасны. Аднак у маiм выпадку ўсё было яшчэ болей несправядлiва: мяне судзiлi за даўно мiнулае шчасце. Я жыў у iлюзii, што памiж мной i людзьмi ёсць поўная згода, але на самай справе на мяне, усмешлiвага i няўважнага, з усiх бакоў сыпалiся стрэлы, папрокi, кпiны. I ў той дзень, калi я з трывогай ачуўся i да мяне вярнулася яснасць, усе раны адначасова адкрылiся на маiм целе, i я адразу страцiў былую моц. Увесь свет пачаў з мяне кпiць.

Такога не здолее вытрываць нiхто, апроч тых, хто не жыве (я маю на ўвазе мудрацоў). Адзiная абарона – злосць. I вось людзi спяшаюцца хутчэй асудзiць, каб не быць асуджанымi. А што вы хочаце? Думка пра сваю бязвiннасць – сама натуральная ў кожнага чалавека. Яна ўзнiкае ў яго iнстынктыўна, нiбы iдзе з самай глыбiнi ягонай iстоты. З гэтага пункту погляду ўсе мы падобныя да таго французiка, якi, трапiўшы ў Бухенвальд, упарта дамагаўся падаць скаргу на iмя пiсарчука, таксама з лiку вязняў, якi заносiў яго ў спiс зняволеных. Скаргу? Пiсарчук i яго таварышы пасмяялiся: "Дарэмна, галубе. Тут не скардзяцца". "Але, пане, зразумейце, – сказаў небарака-французiк, – у мяне асаблiвы выпадак. Справа ў тым, што я невiнаваты!"

Усе мы – асаблiвыя выпадкi. I ўсе мы да чагосьцi заклiкаем! Кожны хоча быць невiнаваты – любою цаной, нават калi дзеля гэтага спатрэбiцца абвiнавацiць усё чалавецтва i само неба. Вы мала пацешыце чалавека, калi пахвалiце яго за намаганнi, якiя зрабiлi яго такiм разумным або велiкадушным. Затое як ён узрадуецца, калi вы пачняце захапляцца яго прыроджанаю велiкадушнасцю! I наадварот, калi вы скажаце злачынцы, што яго правiннасць паходзiць зусiм не ад яго натуры i не ад яго характару, а тлумачыцца няшчасным збегам абставiн, ён будзе вам бясконца ўдзячны. I падчас абарончай прамовы нават выбера якраз гэты момант, каб заплакаць. Аднак нiякай заслугi ў тым, што ты сумленны або разумны ад нараджэння, – няма. Як i, безумоўна, нельга несцi большую адказнасць за тое, што ты – злачынца ад нараджэння, а не паводле абставiн. Але гэтыя нягоднiкi прагнуць лiтасцi, цi то – безадказнасцi, i ў сваё апраўданне гатовы кiваць то на сваю натуру, то на змякчальныя акалiчнасцi, нават калi гэтыя довады супярэчаць адзiн аднаму. Галоўнае лiчыцца невiнаватым, даказаць, што твая прыродная дабрачыннасць – бясспрэчная, а правiннасць – мiнучая i тлумачыцца незалежнымi ад цябе прычынамi. Я ўжо казаў: галоўнае – пазбегчы прысуду. А таму, што зрабiць гэта не вельмi проста, як i нялёгка прымусiць другiх захапляцца сваёю натурай i адначасова знаходзiць у ёй апраўданне, – усе iмкнуцца разбагацець. Чаму? Вы не задавалi сабе такога пытання? Каб быць болей магутным? Ну, гэта зразумела. Але галоўнае ў тым, што багацце не дазваляе, каб вас асудзiлi адразу, яно засцерагае вас ад натоўпу ў метро, хавае ў блiскучым i ўтульным лiмузiне, iзалюе ў раскошных дагледжаных парках, вагонах першага класу, каютах-люкс. Багацце, мiлы дружа, – гэта яшчэ не апраўданне, гэта толькi адтэрмiноўка, але i ёю не варта пагарджаць...

Галоўнае – не давайце веры сваiм сябрам, калi яны просяць вас быць з iмi шчырымi. Адзiнае, на што яны спадзяюцца, – што вы яшчэ больш умацуеце iх у добрай думцы пра самiх сябе i сваiм абяцаннем быць шчырым дасцё яшчэ адно пераканаўчае сведчанне гэтаму. Але скажыце, чаму гэта шчырасць павiнна быць неабходнай умовай сяброўства? Прагнасць да праўды любой цаной – гэта страсць, якая не ашчаджае нiкога i не спыняецца нi перад чым. Гэта – загана, няхай часам i зручная, але часцей за ўсё падобная на сама звычайны эгаiзм. Таму, калi вы раптам апынецеся ў такiм становiшчы, не губляйцеся: абяцайце быць шчырым i брашыце ўсё, што вам прыйдзе ў галаву. Гэтым вы толькi задаволiце патаемнае жаданне вашага сябра i яшчэ раз пацвердзiце сваю сяброўскую сiмпатыю.

Гэта – бясспрэчная iсцiна, мiлы дружа, i менавiта таму мы рэдка раскрываем душу перад тымi, хто лепшы за нас. Часцей за ўсё мы стараемся не бачыцца з iмi. I наадварот – мы гатовы паспавядацца перад кожным, хто падобны да нас i падзяляе нашыя слабасцi. Справа ў тым, што мы зусiм не хочам выправiцца i стаць лепшымi, iначай нам давялося б спачатку даведацца, што мы не такiя ўжо беззаганныя. Нам трэба другое, нам трэба, каб нас шкадавалi, каб нас падбадзёрылi, надалi ўпэўненасцi ў жыццi. Увогуле, усiм нам карцiць аднаго: змыць з сябе грэх i не зрабiць нiякага намагання, каб ад яго ачысцiцца. У нас не стае цынiзму, каб не звяртаць увагi на першае, але не стае i дабрачыннасцi, каб пакорна знесцi другое. Мы не маем нi магутнасцi лiха, нi сiлы дабра. Вы чыталi Дантэ? Праўда? Д'ябал! Значыць, вы памятаеце, што Дантэ дапускае iснаванне анёлаў, нейтральных у спрэчцы памiж Сатаною i Богам. Ён iх месцiць у Лiмбе, нечым накшталт сеняў да свайго Пекла. Дык вось, мiлы дружа, мы з вамi якраз у тых самых сенях.

Цярпенне? Што ж, тут вы, безумоўна, маеце рацыю. Нам усiм варта набрацца цярпення i пакорна чакаць Апошняга Суду. Але вось шкада: мы чамусьцi спяшаемся. Спяшаемся настолькi, што я нават мусiў ператварыцца ў суддзю-пакаяльнiка. Але спачатку мне трэба было неяк паладзiць са сваiмi адкрыццямi i звыкнуцца са смехам маiх суайчыннiкаў. Я павiнен быў нешта адказаць цi, прынамсi, пашукаць адказу на заклiк, якi быў звернуты да мяне ў той памятны вечар. I гэта аказалася нялёгка, я доўга блукаў. Я не мог знайсцi рады да той самай пары, пакуль несцiханы смех i кпiны маiх суайчыннiкаў не навучылi мяне глыбей зазiрнуць у сваю душу, i тады я нарэшце зразумеў, што яна зусiм няпростая. Не ўсмiхайцеся, гэта не такая элементарная iсцiна, якою здаецца спачатку. I, дарэчы, элементарнымi называюцца не тыя iсцiны, якiя вiдаць адразу, а тыя, што пазнаюцца ў канцы, пасля сама складаных.

Так было i са мной. Я доўга вывучаў сябе i нарэшце пераканаўся ў глыбокай дваiстасцi чалавечай натуры. Пакапаўшыся ў сваёй памяцi, я зразумеў, што сцiпласць дапамагала мне вылучацца, пакорлiвасць – перамагаць, а дабрачыннасць – прыгнятаць сваiх блiзкiх. Я ваяваў мiрнымi сродкамi i, выяўляючы абсалютную бескарыслiвасць, дамагаўся нарэшце ўсяго, чаго хацеў. Так, напрыклад, я нiколi не скардзiўся, калi нехта забываў павiншаваць мяне з днём нараджэння, i такая мая сцiпласць многiх проста зачароўвала. Але яе прычыны хавалiся намнога глыбей: я хацеў быць занядбаным, забытым, каб потым мець прыемную магчымасць паскардзiцца на гэта самому сабе. Ужо за некалькi дзён да славутай даты, пра якую я, вядома ж, выдатна помнiў, я рабiўся пiльны i ўважлiва сачыў, каб нiшто не магло засяродзiць увагу, нiшто не патрывожыла памяць тых, на чыю няпамятлiвасць я разлiчваў (аднойчы ў мяне нават узнiкла спакуслiвае жаданне пераблытаць лiсткi ў насценным календары!). Але нарэшце мая адзiнота была даказаная, i я мог спакойна аддацца ўцехам мужнага смутку.

Такiм чынам, кожная мая дабрачыннасць мела свой адваротны i намнога меней прывабны бок. Затое, калi на гэта зiрнуць iначай, мае хiбы абарочвалiся мне ж на карысць. Напрыклад, тое, што я быў вымушаны хаваць ад другiх заганы свайго жыцця, надавала мне халодны i непадступны выгляд, якi ўсе прымалi за непадкупную дабрадзейнасць, мая абыякавасць, а значыць, i непераборлiвасць у адносiнах да людзей, прыносiла мне iх любоў i ўдзячнасць, i нарэшце, учынкi, якiя я рабiў з чыстага эгаiзму, лiчылiся за вышэйшую велiкадушнасць. На гэтым пакуль што спынюся, бо залiшняя сiметрычнасць перашкодзiць маёй нагляднасцi. Дый, зрэшты, што там казаць – якi б я нi быў чэрствы, я нiколi не мог устаяць перад прапанаваным кiлiшкам вiна цi прывабнай жанчынай! Мяне ўсе лiчылi за дзейнага, энергiчнага чалавека, а маёю стыхiяй быў ложак. Я паўсюль крычаў пра сваю вернасць, але ў мяне, бадай, не было нiводнага сябра, якому б я нарэшце не здрадзiў. Здрады, праўда, нiколi не замiналi маёй адданасцi, я мог занядбаць добрую справу хiба праз сваю ленаватасць, але нiколi не адмаўляў у дапамозе блiзкаму чалавеку, калi знаходзiў у тым асалоду. I ўсё ж дарэмна я паўтараў сабе гэтыя збiтыя iсцiны, яны мала мяне суцяшалi. Часам, уранку, я выклiкаў сябе на бязлiтасны суд i прыходзiў тады да высновы, што найбольшага поспеху мне ўдалося дабiцца ў сваёй пагардзе да iншых. Прычым больш за ўсё я пагарджаў менавiта тымi, каму часцей за другiх памагаў. З вялiкай пачцiвасцю i заўжды ўсхваляванай спагадай я, па сутнасцi, кожны дзень пляваў у твар усiм сляпым, якiх сустракаў на дарозе.

Ну скажыце, цi можа быць гэтаму нейкае апраўданне? У мяне, увогуле, адно было, але настолькi мiзэрнае, што яго нават няёмка прымаць пад увагу. Справа ў тым, што я быў проста няздольны паверыць, што чалавечыя клопаты могуць быць нечым сур'ёзным. У чым было гэта сур'ёзнае, я не ведаў, але тое, што я бачыў перад сабой, здавалася мне нейкай гульнёй – часам забаўнаю, часам нудлiвай. Мне былi абсалютна незразумелыя iмкненнi i намаганнi некаторых людзей. I я заўжды са здзiўленнем i недаверам глядзеў на тыя дзiўныя iстоты, якiя маглi загiнуць дзеля грошай, кiдалiся ў роспач, страцiўшы "грамадскае становiшча", цi з самавiтым выглядам ахвяравалi сабой дзеля дабрабыту сям'i. Куды лепей я разумеў таго сябра, якi ўбiў сабе ў галаву кiнуць палiць i праз неверагоднае напружанне волi нарэшце дабiўся свайго. Неўзабаве, адным прыгожанькiм ранкам, ён разгарнуў газету, прачытаў пра выбух першай ядзернай бомбы i, азнаёмiўшыся з яе чарадзейнымi якасцямi, не адкладаючы пабег у тытунёвую лаўку.

Безумоўна, часам i я рабiў выгляд, нiбы стаўлюся да жыцця сур'ёзна. Але вельмi хутка такая сур'ёзнасць таксама здавалася мне легкадумнай, i я зноў пачынаў выконваць сваю ролю, стараючыся, каб яна выходзiла як мага лепш. Я прыкiдваўся чалавекам разумным, высока маральным, дзейным, прасякнутым грамадзянскiмi абавязкамi, памяркоўным, поўным высакароднага абурэння, спагадлiвым, павучальным... На гэтым дазволю сабе спынiцца, бо спадзяюся, вы ўжо зразумелi, што я быў такi самы, як i мае галандцы, – i тут, i недзе вельмi-вельмi далёка. Я адсутнiчаў менавiта тады, калi, здавалася, засяроджваў на сабе ўсеагульную ўвагу. А сапраўды натхнёны i шчыры я быў, хiба што займаючыся спортам ды ў войску, дзе прымаў удзел у вадэвiлях, якiя мы ставiлi ў палку для свайго ж задавальнення. У абодвух выпадках iснавалi пэўныя правiлы – абсалютна несур'ёзныя, але дзеля забавы iх трэба было прытрымлiвацца. Яшчэ i цяпер поўны да берагоў стадыён падчас нядзельных матчаў i тэатр, якi я заўсёды любiў непадзельнаю страсцю, – адзiныя месцы ў свеце, дзе я адчуваю сябе бязвiнным.

Але хто можа пагадзiцца, каб такое стаўленне лiчылася правамерным, калi гаворка iдзе пра каханне, пра смерць цi пра заробкi нашых нябог-працоўных? А што ж мне было з сабою рабiць, калi каханне Iжоты я ўяўляў толькi ў раманах або на сцэне, перадсмяротная агонiя здавалася мне добра згулянаю роляй, а ўсе рэплiкi маiх збяднелых клiентаў прамаўлялiся нiбы па адным сцэнарыi? Я жыў сярод людзей, не падзяляючы iх iнтарэсаў, i таму быў проста няздольны паверыць у сур'ёзнасць сваiх абавязкаў перад iмi. У мяне ставала пачцiвасцi i абыякавасцi, каб адказваць людзям тым, чаго яны чакалi ад мяне ў маiм прафесiйным, сямейным i грамадскiм жыццi, але я заўсёды рабiў гэта з такою няўважнасцю, што нарэшце ўсё толькi псаваў. Маё жыццё праходзiла пад знакам дваiстасцi, i сама важныя ўчынкi я рабiў найчасцей тады, калi меней за ўсё пра iх думаў. Цi не гэту дваiстасць, як i iншае сваё глупства, я нiколi не мог сабе дараваць? Цi не яна прымушала мяне ўпарта змагацца з судом сумлення i акружаючых i пастаянна шукаць нейкага выйсця?

Пэўны час маё жыццё знешне цякло так, нiбыта нiчога ў iм не змянiлася. Я кацiўся па старых, аб'езджаных рэйках. А пахвал вакол мяне, як знарок, яшчэ болей прыбавiлася. Вось тут i хавалася галоўная бяда. Памятаеце: "Гора вам, калi ўсе людзi скажуць добра пра вас!" Залатыя словы! I гора мне! Мая зладжаная машына адразу занаравiлася, закапрызiла, i ў яе рухавiку пачалiся незразумелыя перабоi.

Тады ў маё жыццё i ўварвалася думка пра смерць. Я падлiчыў, колькi гадоў мне яшчэ засталося да канца. Пачаў шукаць прыклады, калi нехта памiраў у маiм узросце. I мяне занепакоiла думка, што я не паспею выканаць пастаўленую мне задачу. Якую задачу? Гэтага я не ведаў. Дый, зрэшты, цi варта было жыць далей так, як я жыў раней? Але праблема была нават не ў гэтым. Мяне мучыў да смешнага дзiўны страх: што здарыцца, калi перад смерцю я так i не прызнаюся ў сваiм ашуканстве? Не перад Богам, не, i не перад нейкiм яго прадстаўнiком на Зямлi – я быў вышэйшы за гэта, вы ведаеце. Я мусiў прызнацца людзям, свайму сябру, напрыклад; цi каханай жанчыне. Во калi затаiць хоць адну маленечкую ману пры жыццi, смерць зробiць яе назаўжды непапраўнай. I нiколi, нiхто не дазнаецца праўды, бо адзiны, хто яе ведаў, знёс таямнiцу з сабой – у магiлу. Ад думкi пра такое беспаваротнае праўдазабойства ў мяне круцiлася ў галаве. Заўважу дарэчы, што сёння ад падобнай магчымасцi я адчуў бы хутчэй далiкатную асалоду. Няўжо не прывабна знаць тое, чаго марна шукае ўвесь свет, i хаваць у сваёй кватэры рэч, за якой бясплённа ганяюцца тры палiцэйскiя службы? Але не будзем спяшацца... Тады ў мяне ўсё гэта выклiкала занепакоенасць, бо я не знайшоў яшчэ патрэбнага рэцэпта.

Вядома, мне карцела пазбыцца такога пачуцця. Цi мае значэнне ашуканства аднаго чалавека ў гiсторыi цэлых пакаленняў? I чаго вартае намаганне пралiць святло праўды на мiзэрную хлусню, занядбаную ў акiяне вякоў, як драбiнка солi ў моры? Я стараўся пераканаць сябе, што цялесная смерць, мяркуючы па тых выпадках, якiя я бачыў, – сама па сабе ўжо дастатковая кара, каб змыць любы грэх. Чалавек зарабляе сабе паратунак (або права знiкнуць назаўжды) праз пот i пакуты агонii. I ўсё ж пачуццё неспакою мацнела, думка пра смерць ужо не пакiдала мяне, i я пачынаў з ёю кожны свой дзень, Лёсткi сяброў рабiлiся мне ўсё больш невыносныя. Мне здавалася, што яны яшчэ больш павялiчваюць маё ашуканства, робяць яго настолькi вялiкiм, што я ўжо нiколi не здолею пазбавiцца ад яго.

I вось настаў дзень, калi я не вытрываў. Першая рэакцыя была хаатычная. Я – хлус, i я сам абвяшчу пра гэта, я кiну сваю двухаблiчнасць у твар гэтым ёлупам раней, чым яны пра яе здагадаюцца. Вам патрэбная праўда? Дык вось бярыце яе, я прымаю ваш выклiк. Каб не дапусцiць крывадушных усмешак, я лепей сам зраблюся ўсеагульным пасмешышчам. Увогуле, я i тут перш за ўсё стараўся пазбегнуць прысуду. Я хацеў перацягнуць гэтых кплiўцаў на свой бок цi, прынамсi, спадзяваўся сам стаць побач з iмi. Я марыў пра тое, як буду штурхаць на дарозе сляпых, i па глухой, нечаканае радасцi, якая нараджалася ў мяне ў душы, пачынаў усведамляць, як я iх ненавiджу. Я рабiў планы, як буду праколваць шыны ў iнвалiдных калясках, як буду крычаць: "Смярдзючыя дурнi!", стоячы пад рыштаваннем, на якiм працуюць рабочыя, як надаю па карку жаўтаротым сысункам у метро. Але ўсё гэта былi толькi мары, якiя нiколi не спраўджвалiся, а калi мне i выпадала рабiць што-небудзь падобнае, то я адразу пра ўсё забываў. Тым не менш, ужо адно слова "правасуддзе" даводзiла мяне да лютасцi. Я па-ранейшаму быў вымушаны карыстацца iм у сваiх адвакацкiх прамовах. Але пасля – помсцiў за гэта, публiчна аблiваючы брудам усю сутнасць чалавечай справядлiвасцi. Я нават абвясцiў, што збiраюся выдаць манiфест, у якiм пакажу ўсю паднаготную прыгнечаных, якiя самi прыгнятаюць сумленных людзей. А аднойчы, калi я ласаваўся лангустам на тэрасе адкрытага рэстарана, да мяне прычапiўся жабрак. Ён мне так назаляў, што нарэшце я мусiў папрасiць гаспадара, каб ён выгнаў задрыпанага галадранца. Калi ж я пачуў, як гэты змагар за праўду ўгаворвае небараку сысцi прэч, я прыйшоў у поўнае захапленне: "Няўжо вам няясна, што вы замiнаеце гэтым панам i панi? – казаў ён. – Ды пастаўце сябе на iх месца!" Апроч таго, я ўсiм i кожнаму скардзiўся, што цяпер, на жаль, мiнуў той час, калi можна было дзейнiчаць накшталт аднаго рускага памешчыка, характар якога мяне зачароўваў: ён загадваў сцябаць пугай i тых сялян, якiя з iм прывiталiся, i тых, якiя гэтага не рабiлi, – у абодвух выпадках, як ён лiчыў, дзёрзкасць была аднолькавая.

Зрэшты, у мяне здаралiся i горшыя выбрыкi. Я нават пачаў быў пiсаць "Оду палiцыi" i "Апафеоз гiльяцiны". А галоўнае – паставiў сабе абавязкам рэгулярна наведваць кавярнi, у якiх збiралiся нашы прафесiйныя гуманiсты. Дзякуючы майму сумленнаму мiнуламу яны прымалi мяне заўжды вельмi сардэчна. I вось, нiбы незнарок, я кiдаў адну бязвiнную фразу – я казаў: "Дзякуй Богу!" цi яшчэ прасцей: "Божа мой..." Вы ведаеце, якiя прымхлiвыя нашы карчомныя атэiсты. У першую хвiлiну пасля майго святатацкага заяўлення запаноўвала агульнае аняменне, усе збянтэжана пазiралi адзiн на аднаго, i тут пачынаўся гвалт адны кулём выляталi з кавярнi, другiя пачыналi гнеўна квахтаць, нiхто нiчога не слухаў, i ўсе бiлiся ў курчы, як чорт, якога акрапiлi святою вадой.

Вы, напэўна, палiчыце гэтыя выбрыкi хлапечым дзiвацтвам? Але па-мойму, у iх быў намнога глыбейшы сэнс. Я хацеў паламаць гульню i, галоўнае, – збэсцiць тую добрую рэпутацыю, якая даводзiла мяне да шалу. "Такi чалавек, як вы..." звярталiся да мяне, i гэта гучала пачцiва, а я ўвесь палатнеў ад гневу. Я болей не хацеў iх павагi, яна ўсё роўна не была ўсеагульнаю. Дый як бы яна магла такой быць, калi я сам не падзяляў яе? Таму – цi не лепей было ўсё абсмяяць, пакпiць i з iхняй павагi, i з iхнiх папрокаў? Я павiнен быў вызвалiцца ад пачуцця, якое душыла мяне, любою цаной даць яму выхад. Каб паказаць усiм, чым напханы гэты прыгожанькi манекен, якi я сабой уяўляў, я хацеў распароць яму чэрава. Аднойчы мяне папрасiлi правесцi гутарку з маладымi адвакатамi, якiя праходзiлi ў нас стажыроўку. Раздражнёны нечуванымi дыфiрамбамi, якiя спяваў старшыня калегii, рэкамендуючы мяне слухачам, я болей стрываць не мог. Я пачаў з iмпэтам i хваляваннем, якiх ад мяне i чакалi i якiя я заўжды лёгка выдаваў у любую патрэбную хвiлiну. Але раптам, без усялякага пераходу ўдаўся раiць у якасцi найлепшага метаду абароны – блытанiну. "Я маю на ўвазе не тую блытанiну, – казаў я, – якую так умела ўжывае сучасная iнквiзiцыя, калi садзiць на лаву падсудных адначасова i злодзея, i сумленнага чалавека, каб перавалiць на другога злачынствы, учыненыя першым". Наадварот, я хацеў паказаць, як трэба абараняць злодзея, выкрываючы злачынствы сумленнага чалавека – адваката, у нашым выпадку. Дзеля большай нагляднасцi я растлумачыў сваю думку наступным чынам:

"Дапусцiм, што я пагадзiўся абараняць якогась чуллiвага пана, якi з рэўнасцi забiў сваю жонку. Сваю прамову я пабудаваў бы так: "Панове прысяжныя! – сказаў бы я. – Зiрнiце, наколькi мiзэрным робiцца грэх гэтага чалавека, калi мы бяром пад увагу яго прыродную дабрыню, якая на мiг падупала агiднай спакусе плоцi. Цi ж не пачварней быць па гэты бок адгародкi, сядзець вось на гэтай адвакацкай лаве i ўсведамляць, што ты нiколi не быў добры i нiколi не пакутаваў, калi табе здраджвалi? Я свабодны, непадуладны нi суду, анi вашай волi, але паглядзiце – хто я? Пыхлiвы, як сонца, юрлiвы, як асёл, гняўлiвы, як фараон, ленаваты, як усходнi ўладар! Я нiкога не забiў? Што ж, праўда, пакуль што нiкога! Але цi не я даў памерцi многiм шаноўным людзям, нават пальцам не варухнуўшы, каб iм пасобiць? Магчыма? Але магчыма i тое, што я здольны яшчэ не раз гэта паўтарыць. А гэты – вы зiрнiце на яго! – гэты не паўторыць нiколi. Ён i цяпер яшчэ не можа апамятацца ад здзiўлення, што так спрытна ўсё правярнуў". Такая прамова крыху збянтэжыла маiх юных калег. Потым яны вырашылi, што гэта быў жарт, i iм трэба пасмяяцца. I зусiм ужо супакоiлiся, калi на заканчэнне я пачаў красамоўна гаварыць пра чалавечую асобу i яе ўяўныя правы. Што зробiш, звычка ў той дзень аказалася мацнейшая за мяне.

Час ад часу паўтараючы падобныя мiлыя выбрыкi, я дасягнуў толькi таго, што крыху збiў з тропу грамадскую думку. Збiў з тропу, але не абяззброiў, як i не абяззброiў самога сябе. Збянтэжанасць, якую я звычайна выклiкаў у сваiх слухачоў, i маўклiвае здзiўленне, накшталт таго, якое цяпер адчуваеце вы, – о, ды вы не адмаўляйцеся, гэта ж натуральна, – не давалi мне нiякага суцяшэння. Усё ў тым, што абвiнавацiць сябе яшчэ не дастаткова, каб зрабiцца бязвiнным, iначай я быў бы чысценькi, як ягнятка. Абвiнавачваць сябе трэба ўмець, гэта трэба рабiць адмысловым спосабам, i, каб выпрацаваць яго, мне спатрэбiлася нямала часу. Калi ж нарэшце я яго знайшоў, аказалася, што ўсе мяне ўжо даўно пакiнулi. А пакуль iшлi пошукi, смех нястомна гучаў вакол мяне, i мае хаатычныя намаганнi не маглi пазбавiць яго той добразычлiвай i амаль што пяшчотнай ноткi, якая болем працiнала мне сэрца.

Але па-мойму, пачынаецца прылiў. Значыць, хутка наш параход паплыве назад. Вось дзень i канчаецца. Зiрнiце, галубы зноў збiраюцца ў небе. Яны туляцца адзiн да аднаго i амаль не варушацца. А сонца пацiху гасне. Давайце памаўчым i пацешымся гэтай змрочнай карцiнай. Вы не хочаце? Ах, вам цiкава, што было далей! Вы вельмi прыязны. Але я, можа быць, рызыкну зацiкавiць вас яшчэ больш. I раней як растлумачыць, хто такi суддзя-пакаяльнiк, раскажу сёе-тое пра распусту i ўстрыманне.

Вы памыляецеся, шаноўны, наш параход плыве, i даволi хутка. Але Зэйдэрзее – мёртвае мора цi – амаль што мёртвае. Яго роўныя берагi схаваны ў тумане, i невядома, нi дзе яно пачынаецца, нi дзе канчаецца. Мы плывём i плывём, i воку няма за што зачапiцца – мы не заўважаем сваёй хуткасцi. Нiчога не мяняецца вакол, хоць мы ўвесь час рухаемся наперад. Гэта не плаванне – гэта сон.

На грэчаскiм архiпелазе мяне агортвала зусiм iншае пачуццё. На даляглядзе бесперастанку ўзнiкалi новыя выспы. Iх бязлесыя хрыбты выразна акрэслiвалi мяжу неба i сушы, скалiстыя берагi рэзка ўклiньвалiся ў мора. Нiякай расплывiстасцi, у зыркiм дзённым святле ўсё тут было арыенцiрам. I хоць наш маленькi караблiк ледзь пасоўваўся мiж выспаў, у мяне ўзнiкала ўражанне, нiбы я iмклiва лячу ў шуме смеху i пенiстых хваляў. З той пары сама Грэцыя нястомна плыве ўва мне, на краi маёй памяцi... Го! Ды я ўжо, гляджу, таксама паплыў раблюся лiрычны! Што ж гэта вы, шаноўны, – спынiце мяне, прашу вас.

Дарэчы, вы ведаеце Грэцыю? Не? Тым лепш! Ну скажыце, што б мы там рабiлi? Каб жыць у Грэцыi, трэба мець чыстае сэрца. Вы можаце сабе ўявiць, што сябры там ходзяць па вулiцах парамi, трымаючы адзiн аднаго за руку. Праўда-праўда! А жонкi сядзяць дома i глядзяць, як iх самавiтыя, вусатыя мужы шпацыруюць па ходнiках, сплёўшы пальцы з пальцамi сябра. На Ўсходзе такое таксама можна ўбачыць? Дапускаю. Але, скажыце, адважылiся б вы ўзяць мяне за руку на парыжскiм праспекце? Я жартую, вядома. Мы прыстойныя людзi – брудныя думкi прымушаюць нас трымацца напята. Таму – раней чым паехаць на грэчаскiя выспы, нам давядзецца доўга адмывацца. Паветра там цнатлiвае i празрыстае, мора i радасць – чыстыя, як сляза. А мы...

Давайце прысядзем на гэтых шэзлонгах. Ну i туман! Дык я, па-мойму, хацеў вам нешта расказаць пра ўстрыманне? Зараз вы пачуеце, што я меў на ўвазе. Доўга змагаючыся сам з сабой i страцiўшы ўсю сваю сiлу i самаўпэўнены выгляд, я нарэшце пераканаўся ў бясплённасцi сваiх намаганняў i вырашыў пакiнуць чалавечае грамадства. О не, я не кiнуўся шукаць бязлюднай выспы – iх даўно ўжо няма. Я проста знайшоў сабе прытулак у жанчын. Вы ж ведаеце, яны нiколi па-сапраўднаму не ганяць нас за слабасць, наадварот – яны хутчэй здольны пастарацца прынiзiць нашую сiлу цi абяззброiць нас. I таму жанчыны узнагарода i падтрымка – не ваяўнiку, о не, – злачынцы. Жанчыны яму – цiхi порт, прыстанак, i не дзiва, што менавiта ў жаночым ложку яго часцей за ўсё i арыштоўваюць. Дый цi не жанчына – адзiнае, што нам засталося ад зямнога раю? Вось i мяне, заблуднага i разгубленага, прыбiла да гэтай апошняй гаванi. Цяпер я не казаў доўгiх прамоў. Я часам яшчэ гуляў, па звычцы, але выдумкi мне бракавала. Баюся вам прызнацца, бо не хачу казаць пахабных слоў, але ў той час я ўпершыню, бадай, адчуў патрэбу пакахаць i быць каханым. Агiдна, праўда? Але ж я сапраўды пакутаваў, мяне апанаваў няясны сум, маёй душы чагосьцi не ставала, i гэта навяло мяне на думку, што я нiкому не патрэбен. I тады цi то прымушаючы сябе, цi то – праз цiкаўнасць, я вырашыў узяць на сябе пэўныя абавязкi. Якiя? Я ж адчуваў патрэбу ў каханнi – вось я i палiчыў сябе закаханым. Iначай кажучы, я зрабiў глупства.

Я пачаў заўважаць, што часта задаю пытанне, якога раней, як чалавек спрактыкаваны, заўсёды пазбягаў. Я пытаўся: "Ты мяне кахаеш?" Вы, безумоўна, ведаеце, як прынята адказваць у такiм выпадку: "А ты?" I калi я адказваў: "Кахаю", – я, зразумела, перабольшваў свае сапраўдныя пачуццi. А калi адважваўся сказаць: "Не", – рызыкаваў страцiць каханне маёй сяброўкi, i гэта мяне мучыла. Чым большая небяспека пагражала пачуццю, у якiм я спадзяваўся знайсцi супакаенне, тым з большаю настойлiвасцю я дамагаўся яго ад сваёй партнёркi. Гэта прымушала мяне даваць сама пераканаўчыя абяцаннi, i я патрабаваў ад свайго сэрца ўсё глыбейшага пачуцця. Кончылася тым, што я загарэўся ўяўнаю страсцю да адной чароўненькай дурнiчкi, якая так начыталася любоўных гiсторый, што гаварыла пра любоў з iмпэтнай перакананасцю iнтэлiгента, якi абвяшчае бяскласавае грамадства. Гэта даволi заразлiвая ўпэўненасць, тут мы спрачацца не будзем. Вось i я – таксама паспрабаваў загаварыць пра каханне i нарэшце пераканаў сябе, што яно ў мяне ёсць. Гэтае пачуццё жыло ўва мне, прынамсi, да таго дня, калi яна зрабiлася маёю каханкай i я зразумеў, што любоўная лiтаратура хоць i навучыла яе гаварыць пра любоў, але зусiм не навучыла ёю займацца. Сталася так, што, пакахаўшы прыгожанькага папугайчыка, я мусiў спаць з халоднай змяёй. Такое становiшча мяне не задавальняла, i я пачаў шукаць у iншым месцы каханне, абяцанае мне ў кнiгах, але нiколi не сустрэтае ў жыццi.

Але мне не ставала натхнення. Я больш за трыццаць гадоў любiў толькi сябе. Як жа было цяпер пазбавiцца ад такой звычкi? Натуральна, я быў на гэта не здольны. Я адно млява намагаўся распалiць у сабе страсць, усё шчадрэй раздаваў абяцаннi, кахаў адначасова некалькiх жанчын – як у былы час меў некалькi любоўных сувязей адразу. Але цяпер, бадай, прыносiў жанчынам болей гора, чым раней, калi ставiўся да iх зусiм абыякава. Не памятаю, цi казаў я вам, што мой прыгожанькi папугайчык ад роспачы хацеў пакончыць сваё няшчаснае жыццё галоднай смерцю? На шчасце, я паспеў своечасова – я самаахвярна працягнуў руку i падтрымлiваў яе да той пары, пакуль яна нарэшце не сустрэла нейкага iнжынера з сiвiзной на скронях, якi толькi што вярнуўся з вандроўкi на Балi i пра якога ўжо пiсаў яе любiмы штотыднёвiк. Карацей кажучы, замест таго каб ачысцiцца ад грахоў i з галавой, як той казаў, аддацца вечнай страсцi, я толькi яшчэ больш памножыў цяжар сваiх памылак i аблуд. Усё гэта абудзiла ўва мне такую агiду да любовi, што я не мог болей чуць пра "Светлае жыццё" i "Каханне i смерць Iжоты", каб не заскрыгатаць зубамi. Я паспрабаваў у пэўным сэнсе адмовiцца ад жанчын i пачаць цнатлiвае жыццё манаха. Урэшце, мне павiнна было хапiць i аднаго жаночага сяброўства. Але гэта азначала – адмовiцца ад гульнi. Бо, як аказалася, ва ўсiм астатнiм, апроч кахання, жанчыны наводзiлi на мяне нясцерпную нуду, яшчэ большую, чым я спадзяваўся, i, вiдаць, не меншую нуду наводзiў на iх я. Кончылася гульня – кончыўся i тэатр, я апынуўся ў самай гушчы праўды. А праўда, мiлы дружа, – гэта сама смяротная нуда.

Каханне i цнатлiвае жыццё мне не прынеслi паратунку, i я вырашыў, што застаецца адно – кiнуцца ў распусту, якая выдатна замяняе любоў, прыглушае смех, наводзiць поўнае маўчанне i, што сама галоўнае, – даруе бессмяротнасць. Калi позна ноччу ў стане таго ап'янення, калi ўсё робiцца ясным i зразумелым, ты ляжыш памiж дзвюма шлюхамi i не адчуваеш ужо нiякага жадання, надзея больш не здаецца пакутай, над усiм запаноўвае поўная свядомасць, i боль жыцця ўяўляецца адоленым назаўжды. У пэўным сэнсе, я заўсёды жыў у распусце i заўсёды марыў быць бессмяротным. Цi не гэтая мара была сутнасцю маёй натуры i вынiкам маёй любовi да сябе? Ды я проста памiраў ад жадання жыць вечна! Я занадта сябе любiў, каб пагадзiцца, што аб'ект маёй любовi можа некалi знiкнуць назаўжды. Але на цвярозую галаву, як бы кепска я сябе нi ведаў, мне было ўсё-ткi цяжка знайсцi разумныя довады, якiя б гарантавалi бессмяротнасць такой пажадлiвай малпе, як я. Заставалася – знайсцi хоць бы сурагат такой бессмяротнасцi. I вось, прага да вечнага жыцця штурхнула мяне да прастытутак, я пачаў пiць, пiць штоноч. Ранкам, вядома, як i кожнаму смяротнаму, мне дзёрла горыччу глотку. Але доўгiмi начнымi гадзiнамi я быў на вяршынi шчасця. Можа быць, у гэтым сорамна прызнавацца, але i цяпер я з пяшчотай прыгадваю тыя ночы, калi спяшаўся ў змрочны прытон на спатканне з адной танцоўшчыцай стрыптызу, якая адорвала мяне сваiмi ласкамi. Аднойчы я нават пабiўся за яе гонар з занадта выхвалястым сутэнёрам. Цэлыя ночы я прастойваў каля стойкi пад пыльным чырвоным святлом гэтага цёплага месцейка, хлусiў, як наняты, i ўсё пiў, пiў. Я чакаў свiтання, каб нарэшце апынуцца ў вечна не засланым ложку маёй мiлай прынцэсы, якая машынальна аддавалася ўцехам i потым спала непрабудным сном. Днела, сонца пацiху асвятляла бязладны кавардак у пакоi, i, нерухомы, я ўздымаўся на ранiшнiх промнях славы.

Чаго таiць, выпiўка i жанчыны давалi мне тую адзiную палёгку, якой я i быў варты. Я адкрываю вам гэты сакрэт, мiлы дружа, каб вы без боязi маглi iм скарыстацца. Вы самi пераканаецеся, што сапраўдная распуста вызваляе чалавека, яна не патрабуе ад яго нiякiх абавязкаў. Калi чалавек распуснiчае, ён думае толькi пра сябе, i таму гэты занятак заўсёды будзе найлюбiмейшы ва ўсiх вялiкiх сябелюбаў. Распуста – гэта джунглi без мiнулага i будучага, i галоўнае – без нiякiх абяцанняў i неадкладнай кары. Мясцiны, дзе ёю займаюцца, аддзелены ад свету. I кожны, хто туды заходзiць, разам з надзеяй адкiдае страх. Размовы там неабавязковыя: усё, па што туды прыходзяць, даецца там без лiшнiх слоў, а часам нават i без грошай. Дазвольце ж, калi ласка, я ўшаную тых невядомых i забытых жанчын, якiя мне тады дапамаглi! Яшчэ i цяпер я прыгадваю пра iх з цёплым пачуццём, падобным нечым да павагi.

Ва ўсякiм выпадку я да душы пакарыстаўся гэтым выратавальным сродкам. Мяне можна было ўбачыць нават у адмысловым гатэлi, цi, як iх яшчэ называюць, грэшным доме, дзе я адначасова жыў i з пераспелай шлюхай, i з маладзенькаю шляхетнаю дзяўчынай. З першай я гуляў у паслужлiвага рыцара, а другой даваў магчымасць зведаць пэўныя таямнiцы нашага жыцця. На няшчасце, шлюха аказалася даволi буржуазнаю натурай i неўзабаве пагадзiлася надрукаваць свае ўспамiны ў рэлiгiйным часопiсе, якi шырока асвятляў праблемы сучаснага грамадства. А маладая паненка, каб задаволiць свой абуджаны iнстынкт i знайсцi ўжытак сваiм выбiтным здольнасцям, хутка выйшла замуж. Магу пахвалiцца, што ў той час мяне як роўнага прымалi ў мужчынскiх кампанiях, на якiя часта наводзяць дарэмны паклёп. Дый вы самi добра ведаеце, што нават вельмi iнтэлiгентны чалавек лiчыць за гонар, калi можа выпiць на бутэльку больш за свайго суседа. Можа быць, я i здолеў бы знайсцi спакой i забыццё ва ўсiх гэтых прыемных уцехах. Але зноў натыкнуўся на перашкоду ў самiм сабе. Гэты раз ёю аказалася печань i настолькi жахлiвая стома, што я i цяпер яшчэ не пазбавiўся ад яе. Так заўсёды: гуляеш у бессмяротнасць, а сам ужо праз некалькi тыдняў не ведаеш, цi здолееш неяк далiпець да заўтрага.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю