355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Адам Глебус » Браслаўская стыгмата » Текст книги (страница 7)
Браслаўская стыгмата
  • Текст добавлен: 3 декабря 2017, 22:30

Текст книги "Браслаўская стыгмата"


Автор книги: Адам Глебус



сообщить о нарушении

Текущая страница: 7 (всего у книги 10 страниц)

Прымусь сябе жыць ў Лагойску

У Карлавых Варах iдзе сьнег. Утульны, цёплы, казачны, ён павольна сыплецца на цукерачную архiтэктуру часоў Аўстра-Вугорскай iмпэрыi. Над шапаткой вадою горнай рэчкi Цеплы на парапеце сядзяць два качары са смарагдавымi патылiцамi. На сьпiны, дзюбы й галоўкi нерухомых, нiбыта здранцьвелых у наркатычным трансе птушак нападаў сьнег. Навет птушкi ў абноўленай незалежнасьцю Чэхii – чароўныя, навагоднiя, лялечныя. Ёсьць бясспрэчная, паўночная, крышталёвая лiрычнасьць у матыве сьнегу, якi цярушыцца на рачныя вiры.

Празь вялiкiя сьняжынкi я ўбачыў сваё мастакоўскае юнацтва: дзень у халодным Лагойску. Панавала адлiга: дарогi парасплывалiся, пабруднелi, пачарнелi, галiны дрэў абрасьлi лёдам. Я стаяў на мосьце й назiраў за густым сьнегам, што падае на чорную, як смала ў пекле, ваду Гайны.

Я прыехаў у Богам непрывечанае мястэчка пiсаць эцюды. Мне было пятнаццаць. Я верыў у сваю зорку, як мiзантрапiчны герой з апавяданьня Альбэра Камю «Ёна, або жыцьцё мастака». Хацелася кiнуць усё чыста, пасялiцца на правiнцыi, ствараць генiяльныя карцiны, як Поль Сэзан. Я спакаваў эцюднiк, сеў на прыгарадны аўтобус i прыехаў зь Менску ў Лагойск.

Раскормленая кепскiмi прадуктамi загадчыца гатэлю на восем нумароў доўга не жадала мяне сялiць, не разумела мэты вiзыту. Давялося распакоўваць мастакоўскi рыштунак, каб пераканаць азызлатварую, змучаную iдыятычным жыцьцём кабету, што я ня злодзей, а прыстойны навучэнец з элiтнай вучэльнi, i буду толькi цiхенька маляваць. А яшчэ я даў стоадсоткавую гарантыю, што не замажу фарбамi нi бялiзну, нi падлогу, нi сьцены, нi столь. Каб жа ведаць: як i ў што зафэндаецца вузкi пакойчык з трыма ложкамi, я б, не задумваючыся, зьехаў у той жа дзень. Але чалавек любiць будаваць ружовыя пляны, пражэктаваць i верыць ва ўласныя праекты. Я самаахвярна верыў у свой талент. Гадзiнамi соваўся па абледзянелых вулiцах i рабiў нягнуткiмi пальцамi накiды будучых шэдэўраў. Маляваў стракатыя стужкi бясконцых дашчаных платоў, крытыя пярэстай гонтаю дахi домiкаў i хлявоў з пограбамi, фiксаваў на пакамечанай паперы сваё бачаньне культавых пабудоў, скалечанах тагачаснай расейска-камунiстычнай уладаю.

Я быў закаханы ў трагiчны лёс Ван Гога, меў блiзкiя да мiстыкi настроi, адпаведна на мяне зрабiла найярчэйшы ўплыў наведваньне царквы, пасярод якой стаяла труна зь неверагодна старым i шэрым, як мех з-пад цэмэнту, нябожчыкам. Жанчыны ў чорных хустках ня плакалi, пэўна, баялiся, што сьлёзы замерзнуць на шчоках i ў вачах. З рота мармытлiвага папа вярнула густая, як дым з цмока, пара, такi стаяў люты холад у саборы. Настрой мой упаў значна нiжэй за нулявую адзнаку.

Я зазьбiраўся дамоў, але мне не хапiла рашучасьцi, i я ўгаварыў сябе застацца начаваць у гатэльнай няўтулiцы. Ляжаў безь сьвятла, пад зялёнай салдацкай коўдраю – тоўстай, як валёнак, але ўсё адно халоднай. Я думаў пра вартасьцi гагенаўскага жывапiсу й вангогаўскiх малюнкаў. Спачатку здавалася, што Гаген лепшы мастак, што ён правiльна зрабiў, зьехаўшы на Таiцi, дзе цёпла й безьлiч сакаўных жанчын, чые целы вылеплены з пладоў манга. Потым я пярэчыў самому сабе, аддаючы перавагу Вiнцэнту Ван Гогу зь ягонымi трагiчнымi завiхрэньнямi колераў i абрысаў. Мае развагi чымсьцi нагадвалi гульню ў шахматы на адзiноце.

Падчас найбольшага запалу мастацтвазнаўчае гульнi ў нумар усунулiся два дзяды. Першым увайшоў высокi, крыху прыгорблены стары ў даўгаполым палiтоне з каракулевым каўнерыкам. За iм увалiўся нiзенькi, няголены, дзюбаносы дзядок з калматай лiсiнай шапкаю ў руцэ. Яны распранулiся да сподняга, выцягнулi тумбачку з-пад вакна, паставiлi яе памiж ложкамi, упрыгожылi пляшкай гарэлкi, шклянкамi, печывам i пачалi напiвацца. У часе ўрачыстай алькагольнай цырымонii нi адзiн, нi другi не прамовiлi нi паўслова.

Голас драбнейшага з п’янiцаў я пачуў сярод ночы. «Выпусьцiце мяне! – лямантаваў ён, ня могучы адчынiць прысунутыя на засаўку дзьверы. – Зараз абасцуся!» Я ўскочыў, выпусьцiў з нумару гiстэрычнага алькаголiка й вярнуўся пад колкую коўдру. Каб тое здарылася цяпер, я б не заснуў да ранiцы, а тады спакойна правалiўся ў шчыльны юначы сон. Прачнуўшыся, нiякiх пачварных дзядоў ня ўбачыў, i тумбачка стаяла на заўсёдным месцы, пад вакном, што глядзела на царкоўную гару.

Цiкаўная, як i ўсе гатэльныя наглядчыцы, мая гаспадыня не прамiнула папытацца, як прайшла ноч. Мне не хацелася разважаць пра тое, што мужчыны часьцей за жанчын наведваюць прыбiральню. Таму сам пачаў распытваць пра дзядоў. Са словаў гатэльнiцы: высокi – найсапраўднейшы рэвiзор. Штогод правярае лагойскiя базы. А меншы таксама рэвiзор, але на пэнсii. Рэвiзорам не выпадае п’янстваваць з тутэйшымi начальнiкамi, а тым больш падначаленымi, вось i валакуць у камандоўку сабутэльнiкаў.

Той ранiцаю ў мястэчку падаў надзiва змрочны сьнег. Маляваць на вулiцы не было анiякай магчымасьцi. Папера карабацiлася й раскiсала, дзюбка наймягчэйшага з алоўкаў не пакiдала рысак, а прадзiрала аркушы наскрозь. Гэта ў Карлавых Варах у самы найгусьцейшы сьнегапад можна схавацца ва ўтульнай рэстарацыi « Замкавы верх», сесьцi да вялiкага вакна, замовiць кубак булёну зь цялячымi фрыкадэлькамi й назiраць за спрытным жабраком, што зрабiў з лыжнага кiёчка вуду зь пятлёю й выцягвае зь зялёнага рэзэрвуару, падобнага да купалу мусульманскае мячэцi, пустыя бутэлькi з-пад вiна ды пiва. А пазьней, за кубачкам гарбаты з цытрынаю, маляваць архiтэктурнае ракако цi пiсаць вось гэтае апавяданьне. Адно кепска: недзе там, у юнацтве, засталося пачуцьцё ўласнай абранасьцi. А цяпер думаецца, што адчуваньне няздатнасьцi – i ёсьць прыкмета маленькага, а ўсё ж таленту. Кожнаму веку свае заняткi, свае радасьцi й спадзяваньнi.

Цэлы дзень я прасядзеў у нумары й прамаляваў акварэльнае пахаваньне лагойскага нябожчыка, чыю труну завалаклi канём на пакрытыя глыбокiмi сумётамi клады. Я так захапiўся карцiнкаю, што не пасьпеў прыбрацца да вяртаньня негаваркiх рэвiзораў. Толькi iм усё маё пэцканьне было да лямпачкi. Памiж ложкамi паставiлася тумбачка, i пацякла маўклiвая п’янка. Нi раней, нi пазьней я не сустракаў людзей, здатных напiвацца ў суцэльным маўчаньнi. Колькi разоў давялося браць чарку з глуханямымi, дык i яны нешта паказваюць на мiгi, усьмiхаюцца й весяляцца. А там было адно пабулькваньне вадкасьцi. Морак. Лагойская, лютаўская, пякельная безнадзейнасьць.

Начное выломваньне тым разам незачыненых дзьвярэй паўтарылася, але мела iншае завяршэньне. Я зноў выпусьцiў дзеда да ветру й намерваўся спаць да ранiцы, але дзе там... Пасьля выхаду старога маразматыка ў прыбiральню спаў ня больш за пяць хвiлiнаў. Ён вярнуўся праветраны й працьверазелы, абмацаў кiшэнi свайго авечага кажушка, дзе хавалася ад сабутэльнiка маленькая асабiстая пляшачка, i, нiчога не знайшоўшы, разьюшыўся, разьбiў парожнюю бутэльку аб радыятар i рыльцам успароў свайму сябруку горла. Звон раскрышанага аб чыгун шкла падкiнуў мяне з ложка. Уласна забойства запомнiлася як варухлiвая цемра, насычаная стогнамi й хрыпеньнем. А вось калi запалiлася сьвятло й на мае вочы прадстаў жывапiсна-крывавы труп з раскроеным горлам, дык гэтая карцiна да апошнiх дзён не сатрэцца з памяцi.

Каб хто толькi ведаў, як не люблю я апошнiм часам апавяданьняў пра п’янiцаў, але гэты аповед не пра iх, гэта ўспамiн пра юнацтва, дзе кожны з нас верыў у сваю зорку, пакуль не сутыкнуўся з рэчаiснасьцю, аб якую разьбiваюцца iлюзii, як шкло аб жалеза.

Карлавы Вары. Люты 1999 году

Мсьціслаўскія маньякі

Была спакуса напiсаць пра Нью-Ёрк – горад, дзе нiколi ня быў. Сесьцi, засяродзiцца, згадаць чытанае, бачанае ў кiно i ў тэлевiзii, чутае ад самых розных людзей i нашрайбаць падарожную прозу пра сталiцу ўсiх маньякаў i мастацтваў. І можна было пра горад, якi нiколi ня сьпiць, нешта навыдумляць. Тым больш, што Нью-Ёрк я любiў заўсёды. Кнiжкi пра амэрыканскае дзiва чытаў. Паехаць туды намерваўся й дагэтуль выпраўляюся, ды нiяк ня выберуся. А ў Новы Ёрк я пачаў зьбiрацца яшчэ ў семдзесят дзявятым годзе.

У раённай мсьцiслаўскай бiблiятэцы ўзяў пачытаць альбомчык пра горад даляравага д’ябла. Начытаўся, i заманулася ехаць у Амэрыку. Каму з нас не хацелася ў тую штатную, заможную, музычную краiну? Можа табе не жадалася? Сумняваюся. Не сустракаў я чалавека, якому б не карцела хоць раз пабываць у заакiянскiх злучаных штатах. Я – не выключэньне. Тым больш, мяне зь дзяцiнства некуды несла, кудысьцi клiкала, гнала, цягнула. Не сядзелася дома хлопчыку малому. А там – хмарачосы, падземка, Брадвэй, Манро, Райт, Уорхал, Раўшэнбэрг, Ленан, Прэсьлi, Бруклiн, Альпачына, Брандо... Дух захоплiвае. Ляжаў я ў касьцёле Дзевы Марыi на самаробным ложку й марыў-мроiў пра рок-н-рол i мiльёны агнёў.

У Мсьцiславе я сумаваў менавiта па лямпачках, па сьвятле, па рэкляме. Не хапала начнога жыцьця. На ўвесь Мсьцiслаў адно скрыжаваньне стаяла са сьвятлафорамi. Я ўночы пайду на тое скрыжаваньне, пастаю, i ня так маркотна. Зялёны, жоўты, чырвоны, жоўты... Хоць нешта, хоць нейкi ўрбанiзм. Хлусiць ня буду, работа ў касьцёле мне падабалася, вельмi. Капiяваў я залацiстыя фрэскi – займальны, ведаеш, занятак. Уяўляеш сябе майстрам культавага сьценапiсу, натхнёным вернiкам, манахам. Табе даручылi ўпрыгожыць сабор, i ты робiш эскiзы. Сабор прысьвечаны Мацi Божай i ўсiм, хто загiнуў ад зброi ўсходнiх барбараў у 1658 годзе, калi Мсьцiслаў быў спалены, а жыхары на загад вылюдка-маскавiта Трубяцкога вынiшчаны. З трыццацi шасьцi тысячаў засталася адна тысяча недасекаў. І сьведчаньнем таму паўсталi малюнкi: Трубяцкi палiць горад, i маскоўцы шаблямi адсякаюць галовы ксяндзам. Не скажу, што гэта найпрыгажэйшыя карцiны ў саборы. Яны патрэбныя, але я любiў анёлаў-музыкаў i вялiкi, на ўсю сьцяну залаты арган.

Зладзейства й крыважэрнасьцi ў мястэчку хапала. Бiлiся мясцовыя з зэкамi, рэзалiся пэтэвэшнiкi зь мясцовымi, а мсьцiслаўцы ў дадатак i самi сваiх душылi, i нi ў якiм не пераносным сэнсе, а ў найнатуральным. За горадам у лесе пачалi знаходзiцца згвалтаваныя й задушаныя жанчыны. Як вядзецца ў падобных выпадках, нiхто нiчога ня бачыў i ня чуў. Мясцовыя нагаворвалi на зэкаў, зэкi – на пэтэвэшнiкаў, тыя – на мясцовых i на iнтэрнацкiх глухiх дзяцей.

Колькi тыдняў давялося й мне пажыць сярод дзетак з кепскiм слыхам. Я не фашыст, о, крый мяне, Божа. Я спачуваю калекам, нябогам i асаблiва iхным сваякам i бацькам, толькi жыць з глухiмi дзецьмi досыць... досыць... складана. А часам – невыносна. Ранiцай у нядзелю ты вырашыў паспаць, а яго – дзесяцiгадовага iнвалiда – успаролi а сёмай, накармiлi грачанай кашай i выпусьцiлi ў двор. Ён зазiрнуў у тваё вакно, пабачыў, што ты адпачываеш, пайшоў па малаток, вярнуўся й пачаў бiць-лупiць па блясе падваконьня. Ён глухi. Ён ня чуе. Праз калецтва ён кепска засвойвае ўсе навукi й этыкет. Ён лязгае па блясе малатком i салодка лыбiцца. Ён радуецца, што ты ўстаеш. Злавiў бы – за... пабiў бы! Зьлiтуйся з нас усiх, Божа ўсемагутны. Бяжыш на вулiцу ў адных майтках, а глухога няма. Адно малаток валяецца пад вакном на кветнiку. І ня дзiва, што на гэтых глухiх наракалi й нагаворвалi. Бо ў дзесяць гадоў ён ляпае малатком па жалезе, а ў сямнаццаць... Што такi iнфантыл робiць у полавасьпелым веку? Можаш уявiць? Цела сасьпела, а мазгi засталiся сёмы раз у трэцяй клясе. Усе iнтэрнацкiя прыбiральнi ад падлогi да столi, не раўнуючы, як касьцёл, размалёваны й сьпiсаны крэмзалямi. І зьмест графiцi адпаведны – садысцка-мазахiсцкi, вычварэнскi й сэксапаталягiчны. Словы на «х», на «п», на «б» – найбольш часта сустракаюцца ў фэкальным сьценапiсу. Ня раз i ня два дзяўчаткi з iнтэрнату прапаноўвалi мне пазаймацца квазiпрыстойнымi гульнямi. Але схiльнасьцяў да пэдафiлii я ў сабе не знайшоў i ў блуд не абрынуўся. Але ж гэта я не абрынуўся. Я – чалавек iншага выхаваньня, зь iншымi каштоўнасьцямi й заняткамi.

Мяне ў Амсьцiславе нiхто пальцам не крануў. Гарадок маленькi, усе адзiн аднаго ведаюць у твар. А тут прыехаў невядома хто немаведама адкуль, засеў у паўразбураным будынку й займаецца Бог ведае чым. Невядомасьць спараджае страх i павагу. Нават зэкi, што адсядзелi ў турмах дзясяткi гадоў, ставiлiся да мяне зь пiетэтам.

Зэкi жылi ў iнтэрнатах, працавалi на будоўлi вялiзных сьвiнакомплексаў... Ранiцай i ўвечары яны адзначалiся ў мiлiцыянтаў, а потым сыходзiлi ў мястэчка пiць, гуляць, танцаваць i бiцца. З-за п’янак усчыналiся бясконцыя сваркi, гвалты, мардабоi. Каб ня трапiць назад у турму пасьля разборак, зэкi плацiлi мянтам, а тыя садзiлi iх за дробнае хулiганства на пятнаццаць сутак. Сутачнiкаў прыганялi ў мой сабор прыбiраць будаўнiчае сьмецьце.

Кiраваў прыборкаю вартаўнiк Сокал, такое ганарыстае прозьвiшча. І татуiроўку ён меў адпаведную: лупатая, дзюбатая, кiпцюрастая птушка сiнела на ўсе сiвавалосыя грудзi. Сын Сокала, Сокал-меншы, быў таўсьцейшы за кабанiстага бацьку й паскуднейшы ўдвая. Бацька краў у касьцёле ўсё, што мог зьнесьцi, а сын дапамагаў i гнюсна паскудзiў вакол сябе.

Вось прывядуць Сокалы зэкаў на работу, выберуць аўтарытэта, пакажуць, што трэба рабiць, i старэйшы Сокал сыходзiць, а малодшы сядае з аўтарытэтам п’янстваваць. І пiлi яны не вiно й гарэлку, а эсэнцыю зь лiманаднай фабрыкi. Ёсьць такi канцэнтрат, што дадаюць у лiманады: гадасьць несусьветная, але градус мае ўбойны. Калi дзюшэс – дык пад 80°, лiмон – 60—70°, бурацiна – 50°. Мазгi адбiвае ўмомант. І шклянкi пасьля яе – толькi выкiнуць: не адмыеш, не адшаруеш. Прыбiральня й тая сьмярдзiць цукеркамi. І ўсе пра тое ведаюць. І нiхто, акрамя Сокала-малодшага, ня стане ваду з-пад калёнкi хлястаць пасьля прыняцьця дзюшэсу, бо быдла, каровы ды сьвiньнi тую ваду пiць ня будуць. Ну й работа пасьля такiх кропель адпаведная – сон пад кустом. Такая разбэшчанасьць нi да чаго добрага прывесьцi не магла. П’яны на будоўлi страшнейшы за фашыстоўца на вайне.

На рэстаўрацыю архiтэктурна-жывапiснага помнiка я прыехаў, вядома, не адзiн. І ўсе мае калегi вырашылi абвясьцiць вайну мсьцiслаўскiм боўдзiлам, што абселi касьцёл. Першых пагналi зэкаў. Другой ахвяраю стаў харчгандаль, кiраўнiцтва якога ў касьцельных сутарэньнях салiла гуркi й квасiла капусту. Трэцiмi сыходзiлi рабочыя. Кiраваў iмi шурын вартаўнiка Сокала. Рабочыя – былыя зэкi, якiм не было куды ехаць пасьля тэрмiну, i яны пазаставалiся ў Амсьцiславе. Паводле дакумэнтаў яны ўжо разы два аднавiлi касьцёл, а насамрэч нарабiлi толькi шкоды. Зьнялi стары дах напярэдаднi зiмы. І сабор прастаяў да вясны бяз даху. Сьнег растаў, вада пазмывала частку росьпiсаў. Змыла яна й палову карцiны, дзе расейцы рэжуць ксяндзоў. Таму мы мелi ўсе падставы гнаць у шыю шкоднiкаў. І пагналi. І мястэчка нас запаважала. І можна было хадзiць уначы да сьвятлафора й нiкога не баяцца.

Можа дзеля самаўпэўненасьцi аповеды пра маньяка мяне ня ўражвалi. Зрэшты, душыў ён толькi жанчын. Дый наагул уся гiсторыя выглядала на дурную казку. У цёмным-цёмным лесе чорны-чорны чалавек падпiльноўвае самотных жанчынак, нападае, катуе, забiвае й хавае нябожчыц пад гольлем, мохам i лiстотаю. Што тут нечаканага? А вось калi мясцовы хулiган зарэзаў мясцовага п’янтоса ў нядзелю зранку на вачах у народу, тут i мянты занэрвавалiся.

Нядзеля ў Амсьцiславе – дзень сьвяты й кiрмашовы. Апранаешся чыста й iдзеш на кiрмаш. Сябе паказаць, на сьвiней паглядзець. Люблю я на сьвiнак глядзець. Дарма кажуць, што я жыд, каб быў габрэем – не любiў бы я сьвiнства. А вось люблю. Ходзiш сабе, дзюдзек разглядаеш. Потым накупляеш якiх гуркоў з памiдорамi – i ў кнiгарню, поркацца ва ўцэненых кнiжках i паштоўках. У кожнага свая нядзельная цiкавасьць. Хто з цукеркамi, хто зь пiвам, хто з марозiвам, а я з кнiжкамi. Сьвята, адным словам. А тут адзiн падшыванец усадзiў другому падшыванцу нож пад рэбры й дастаў да сэрца, насьмерць чалавека зарэзаў. Мужчыны забойцу схапiлi й мiлiцыянтам аддалi. Лепш бы яны схапiлi яго тады, калi ён яшчэ быў не забойцам. Каб хто ведаў...

Карацей, усе ў Амсьцiславе маглi быць маньякамi: i зэкi, i мясцовыя, i iнтэрнацкiя з пэтэвэшнiкамi.

Я табе яшчэ не расказаў жахаў пра пэтэвэшнiкаў. Зараз распавяду. Прафэсiйна-тэхнiчная вучэльня ў гарадку спэцыялiзавалася на будаўнiчых занятках. А каб словы не разыходзiлiся са справамi, навучэнцы будавалi васьмiкватэрныя двухпавярховыя дамкi. Такое няхiтрае жытло для местачкоўцаў. Каб не раскрадалiся будматэрыялы, даводзiлася пакiдаць вартаўнiка. Быў сярод навучэнцаў кульгавы, адна нага карацейшая, касавокi небарака. Яго ўвесь час i пакiдалi за вартаўнiка. А мсьцiслаўскiя малагодкi зьдзеквалiся зь нябогi: паказвалi яму, як ён крыва глядзiць, як ураскiрэчку ходзiць, матам на яго лаялiся. І давялi да таго, што схапiў кульгавы рыдлёўку й засёк шэсьць дзяцей адным разам. Яны ўшасьцёх так i ляжаць адным шэрагам, пры самай браме, на могiлках. Нажартавалiся, наблазнавалiся й цяперака адпачываюць.

Вось такi расклад крымiнальны меўся ў тамтэйшых сьледчых. Куды нi зiрнi – паўсюль падазроныя.

Быў i падазроны нумар адзiн, афiцыянт з рэстарацыi «Вiхра». Вiхра – назва крынiчнай рэчкi, што цячэ каля Мсьцiслава. За рэчкаю ў вёсачцы й жыў афiцыянт Гена. Толькi афiцыянтам i бутлегерам Гена зрабiўся не адразу. У першым сваiм жыцьцi працаваў ён школьным настаўнiкам нямецкай мовы. Таму зрэдзьчасу ў рэстарацыйным тлуме гучалi германскiя маналёгi з лаянкаю пра п’яных сьвiньняў. Вытурылi Гену са школы за нудызм. Штодня на золку ён галяком даваў нырца ў халодную Вiхру. Я вельмi паважаю тых, хто зранку акунаецца ў рэчку.

І сам бегаў i плаваў. Бегаў да верасьня i ў верасьнi, калi з усiх рэстаўратараў у касьцёле засталiся двое – я й Мiкола Залатуха. Першым падхапiў хваробу Мiкола. Затэмпэратурыў i зьехаў. Адзiн я бегаць ленаваўся, дый баяўся застудзiцца. А Гена i ў першыя маразы боўтаўся ў бруiстай плынi. Казалi, што ён цэлую клясу сваiх вучняў падбухторыў купацца аголенымi. Я ня веру. Гена – вясковы дзiвак, а не вар’ят. У ягоным партфэле заўсёды хавалiся: чыстая кашуля, каньяк i лiмон. Любая дзеўка сама хацела перапiхнуцца з чыстацелым афiцыянтам. Калi ён за нешта й перажываў, дык толькi не за адсутнасьць полавай блiзкасьцi. Ён перажываў за лысiну. Зарана – у трыццаць – згубiў Гена кудзеры. Ён сам мне пра гэта расказваў, калi напiўся. А пiў Гена з шыкам. Шампанскае, чырвоная iкра ў талерцы, танцы на стале... А потым сьлёзы й расповед пра чортаву лысiну. Я нi хвiлiны не сумняваўся, што Гена нiкога ня гвалцiў i не душыў. А Мсьцiслаў на яго нагаворваў. І мужы замардаваных кабет хацелi таго Гену падлавiць, каб выбiць прызнаньне.

Выбiць прызнаньне можна зь любога. Такiх прыкладаў у крымiналазнаўстве колькi заўгодна. Але ж трэба нэўтралiзаваць маньяка, вось дзе загваздка. І мсьцiслаўцы гэта разумелi, за Генам сачылi, але катаваць не катавалi. А я адразу казаў: марны занятак сачыць за афiцыянтам, акрамя голай дупы на беразе рэчкi нiчога вартага ня высачыш. І нiхто нiчога ня высачыў. І мая праца ў Амсьцiславе падышла да канца. Працаваў я толькi ў цёплы сэзон – з траўня да кастрычнiка. У касьцёле i ў жнiўнi можна застудзiцца на скразьняках, а ў маразы проста здохнеш. Дый адному жыць у паўразбуранай будынiне – ня цукар з хлебам есьцi. Сабраў я пэндзлiкi й матануў у Менск.

Хацелася, вядома, у Нью-Ёрк, але ў Менску справы былi. Інстытут трэба было скончыць нарэшце. І квiток у Амэрыку здабыць... Жартую. Калi я зьяжджаў з Амсьцiслава, думаў – вярнуся абавязкова. А вось i не вярнуўся. Але не хвалюйся, пра маньяка я дакажу.

Яго злавiлi, судзiлi й расстралялi. А расказала мне канцоўку гэтай гiсторыi касiрка з кiнатэатру ў мястэчку Смалявiчы. Быў у мяне пэрыяд, калi думаў, што лепей рабiць свае росьпiсы, чым капiяваць i рэстаўраваць чужое. Дурань. Тых маiх росьпiсаў, дзякуй Богу, ужо няма. Такi сьценапiс жыве да першага рамонту, а ўжо гадоў дваццаць мiнула. А тады размалёўваў я фае ў кiнатэатры зь Мiшам Нацэўскiм, а ён вазьмi й захварэй, як той Мiкола Залатуха. Вось жа шанцавала мне з напарнiкамi. Можа праз гэта й кiнуў я манумэнтальнае мастацтва, дзе трэба брыгадаю, талакою, гуртам. А я адзiн пэцкаў сьцяну, адзiн рыштаваньнi перастаўляў, мучыўся. Падыходзiць да мяне касiрка й пытае: «А гэта ня Вы ў Амсьцiславе касьцёл рамантавалi?» «Я». «А я Вас памятаю. Вы выстаўку рабiлi, увесь горад прыйшоў паглядзець. Нiхто ж ня думаў, што у нашым разбураным касьцёле столькi карцiн на сьценах. А Вас я добра запомнiла, Вы ўсё на пошту прыходзiлi тэлефанаваць. А я на той пошце працавала. Канечне, Вы мяне ня памятаеце. А Вас у Мсьцiславе ўсе ведалi ў твар, ганарылiся, што ў нас такiя людзi працуюць, адукаваныя». Вось i маеш. Я ж думаць ня думаў, што ў Амсьцiславе мной ганарацца. Як Мсьцiслаў, мне давай Нью-Ёрк, а ня нейкi гарадок-мястэчка на беларуска-расейскiм узьбярэжжы. «Вы яшчэ на выстаўцы расказвалi пра жахлiвыя карцiны, пра тое, як расейцы спалiлi Мсьцiслаў i ксяндзоў пасяклi». «У нас i сваёй брыды людарэзнай хапае... А цi злавiлi Вашага маньяка, што цётак забiваў?» «А Вы ня ведаеце? Злавiлi! Мужчыны жонак-нябожчыц упалявалi зьвяругу. Ім падказалi. Ён, гад, яшчэ калi ў школу хадзiў, паспрабаваў адну жанчыну ў лесе згвалцiць. Яна не далася, адбiлася, уцякла. Дый нiкому нiчога не сказала. Ведаеце, брыдка неяк пра такое расказваць. Яна й змаўчала. Час мiнуў. Ён i ў горадзе павучыўся, i ў войску адслужыў, а потым вярнуўся, падушыў цётак i на Поўнач паехаў грошы зарабляць. Не было яго ў мястэчку. Дык нiхто на яго й ня думаў. А прыехаў ён на адпачынак да бацькоў. Жанчына недагвалтаваная ўбачыла вылюдка й згадала ўсю брыдоту. Расказала мужу, а той ужо сваякам пакутнiц падказаў. Мужчыны яго ў абарот, ён i прызнаўся». «Можа ня ён тое рабiў. Ведаеце, калi ў абарот, можна што заўгодна нагаварыць». «Не сумнявайцеся, бо знайшлi ня толькi першых чатырох, а яшчэ дзьве ня знойдзеныя ў лесе так i ляжалi. Ён iх закапаў. Дык калi сьледзтва вялi, ён тыя магiлы й паказаў». «А як гэта мужчыны не забiлi вылюдка, калi ён прызнаўся?» «А ён хiтра прызнаўся. Ён iм сказаў, што толькi адну старую згвалцiў i задушыў, а пра астатняе ў мiлiцыi загаварыў». «Ды хто ж у Мсьцiславе быў такi хiтры?» «А Вы яго добра ведаеце. Памятаеце, у Вас у касьцёле Сокал працаваў вартаўнiком. Ну той, якi, пакуль Вас не было, яшчэ зьняў з касьцёлу цынк i сабе лазьню накрыў. Вось яго сынок i мардаваў баб».

Тут i скончылася гiсторыя пра Сокала-маньяка. Хацеў расказаць пра Нью-Ёрк, а выйшла пра мястэчка на беразе Вiхры.

Карлавы Вары. Сакавiк 2000 году


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю