355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Адам Глебус » Браслаўская стыгмата » Текст книги (страница 1)
Браслаўская стыгмата
  • Текст добавлен: 3 декабря 2017, 22:30

Текст книги "Браслаўская стыгмата"


Автор книги: Адам Глебус



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 10 страниц)

Адам Глёбус
БРАСЛАЎСКАЯ СТЫГМАТА

Падрыхтаванае на падставе: Адам Глёбус, Браслаўская стыгмата – Мінск: Наша Ніва, 2001.

© Камунікат.org, 2012

Раён

У Ігара Батуры бацька забiў мацi. На той час мы з Батурам у адной клясе за суседнiмi партамi сядзелi. Наша клясная пасьля ўрокаў сказала, каб усе заўтра па рублю прынесьлi, бо ў Ігара мацi памерла. Як стараста, я тыя рублi зьбiраў i ў пахавальнае бюро па жалобны вянок хадзiў. Быў травень, надвор’е – цуд. Вянок я на пахаваньне занёс i ў школу тым днём, вядома ж, не вярнуўся.

Батура зьявiўся ў клясе толькi праз тыдзень. Ён не зьмянiўся анi на кроплю, як быў вясёлы, так i застаўся з усьмешкаю ад вуха да вуха.

А вось калi ў Рыткi Сухадолавай бацька ў аўтакатастрофе загiнуў, дык яна цэлы год чорныя банты завязвала й нi радыё ня слухала, нi тэлевiзара не глядзела, адно ў Польшчу да дзядзькi свайго лiсты пiсала. А той у адказ дасылаў паштоўкi з сусьветна вядомымi кiнаакторамi – Рытку радаваў. Яна iх у школу ў цэляфанавым мяшэчку прыносiла. Нашыя дзеўкi зайздросьцiлi. А чаму было зайздросьцiць, калi бацькi няма, айчым п’е, нi брата, нi сястры, толькi дзядзька за мяжой, у Польшчы?

Ігар Батура хадзiў, як i раней, у школу; а сьмерць ягонае мацi рознымi плёткамi пачала абрастаць. Суседзi казалi, што Іван, Ігараў бацька, прыйшоў п’яны й моцна бiў Шуру, так Ігараву мацi клiкалi. Ён так яе бiў, што тая крычала, i ўсе суседзi чулi, але баранiць не пайшлi. Цi ж то першы раз лямант у Батуравай кватэры стаяў?! Дый хто ж мог ведаць, што ўночы Шура дойдзе. Так тое было, цi ня так, Бог яго ведае, толькi сьледчаму нi суседзi, нi Іванавы дзецi, а iх трое было – акрамя Ігара, дзьве дзеўкi малыя – нi паўслова не сказалi пра начную бойку. От вам i суседзi, сьледчаму нi слова, а на раёне (мы ў пяцiпавярхоўках блёкавых каля радыятарнага заводу жылi) пагалоска, што ў Батураў бацька мацi забiў, усiх абышла.

Дачок сваiх Іван у iнтэрнат здаў, i яны толькi на вакацыях трэсьлi на дзiцячай пляцоўцы белымi кудламi, а Ігара ён пры сабе пакiнуў. Як яны там нi жылi, а Ігар да восьмай клясы ў школу дахадзiў, i ў восьмай яму на экзамэнах кволыя траякi папастаўлялi.

Я ж пасьля восьмай у вучылiшча пайшоў i толькi праз год, стрэўшы аднаклясьнiцу Ірку Альгертовiч, даведаўся, што Ігара пасадзiлi за бойку. Ірка распавяла, што пабiўся Батура зь нейкiм салдатам-адпускнiком на танцах, у ДК цагельнi. І каб толькi пабiўся, дык, пэўна ж, не пасадзiлi б, а ён, дурань, у адпускнiка iмпартовую куртку забраў. На судзе за тое, што бiўся й рабаваў, далi Батуру два гады калёнii. Можна сабе ўявiць, як Ігар тую замежную куртку праклiнаў.

Ірка Альгертовiч у суседнiм з Батурамi доме жыла i ўсё пра ўсiх ведала, таму цiкаўнасьць яе на журфак i занесла. А як паступiла Ірка ва ўнi– вэрсытэт, дык зрабiлася першай дзеўкаю на «цэнтры», а на родны наш раён забылася. Тады якраз мiнi-спаднiцы ў моду ўвайшлi. Толькi, як сустракаў я Ірку, мяне сьмех пачынаў душыць, бо ў школе ў яе мянушка была: сѕа – дзесяць кулакоў. Нашы хлопцы ёй мянушку такую далi, бо калi пакласьцi на лаву ў радок дзесяць кулакоў, якраз i атрымаецца шырыня Ірчыных клубоў. І можна здагадацца, як на тых клубах мiнi-спаднiца глядзелася. Ня буду падманваць, не было там дзесяцi кулакоў, але восем было як лёду, можаш мне руку адсекчы, калi ня так.

Кажуць, што самыя жорсткiя мянушкi даюць у войску, а я ўпэўнены, што – у школе.

Як пасадзiлi Батуру другi раз, пачуў я ад той самай Альгертовiч, калi мы выпадкова апынулiся ў кавярнi за суседнiмi столiкамi. Злавiлi яго на ўласным глупстве. На раёне новы сьледчы зьявiўся, малады кар’ерыст. І паабяцаў той сьледчы, што палову шпаны з раёну за краты ўладкуе. Паабяцаў i зрабiў. А з Батурам так былоѕ Прыйшоў сьледчы да яго дамоў i кажа: я ведаю, што ты з Хiльневiчам легкавушкi «распранаеш», але «прыцягваць» вас ня буду, калi прыёмнiк ад «Жыгуля» мне прынясеш. Ігар i прыпёр яму «цацку», а той яго арыштаваў, яшчэ й пасьмяяўся. Батураў гадзiньнiк на тры гады спы– нiўся, як i Хiльневiчаў, дарэчы.

Каго-каго, а Хiльневiча я нiколi не любiў. Калi ў Батуравай душы хоць калiва дабрынi жыло, дык у гэтага мудака толькi зайздрасьць. Росту Хiльневiч быў малога, клiкалi яго – Хiляк, i мелi рацыю. Толькi наш Хiляк адносна нас быў слабы, а меншых у школе бiў i грошы ў iх забiраў. Аднаго разу завуч малодшых клясаў прывяла ў клясу Хiльневiча й сказала, каб мы самi зь iм пагаварылi. Пабiлi мы яго, моцна пабiлi, толькi што ж ты зробiш, калi ў чалавека такая паганая кроў, ня будзеш жа ты мудака штодня лупцаваць, бо забiць заб’еш, а выправiць ня выправiш.

Івана Батуру я неяк у тралейбусе сустрэў. Ён спаў. Шапка на каленях ляжала. Я ня стаў будзiць яго.

Аднойчы мне затэлефанавала Сьветка Борт– нiк, таксама аднаклясьнiца, i запрасiла зайсьцi да яе й прынесьцi пятнаццаць рублёў. Якраз дзесяць гадоў прайшло, як нашая кляса школу скончыла. Праўда, мы праз год зьбiралiся пасьля заканчэньня, але народу было няшмат. Пася– дзелi мы тады ў альтанцы, выпiлi колькi пляшак «Зуброўкi» й разышлiся хто куды. Я з Панасюгам i Навумчыкам пайшоў. Навумчык паказаў нож i сказаў, што ён у краму зойдзе, у каго-небудзь грошы забярэ, i мы яшчэ вып’ем. З п’янога розуму прапанова здалася прыўкраснаю. Зайшоў ён у магазiн. Мы чакаць засталiся. І бачым, як касiрка выскачыла з-за апарата й дзьверы на засаўку зачынiла. У магазiне мiтусьня ўсчалася. Мы курым, чакаем, хвалюемсяѕ А што рабiць? Праз паўгадзiны выйшаў наш Навумчык з крамы й сьмяецца. Мы да ягоѕ Што? Як? Ну, а ёнѕ Нажа шкада, я яго ў пакет з цукеркамi засунуў, цяпер ня вернеш. Падыйшоў я да малога, паказаў нож i сказаў, каб ён мне кашалёк даў. А малы ў крык i сьлёзы. Пакуль ён па краме бег, я нож у пакеты з цукеркамi й схаваў. Мужыкi мяне абшукалi й адпусьцiлi. Расказваў так Навумчык, пакуль мы ў ДК на танцы iшлi. А Панасюга ўсю дарогу «ржаў». На танцы нас без чаргi пусьцiлi, у Панасюгi кантралёрка знаёмая была. Натанцавалiся мы тады пад «хоп, хэй, хоп» i «лэйдзi, лэйдзi, лэйдзi» да чорцiкаў у вачох. Панасюга пайшоў кантралёрку дадому праводзiць, а мы з Навумчыкам паплялiся зь нейкiмi дзявулямi на флэт, а далей – ня вашая справа.

Панасюгу я ўбачыў толькi празь пяць гадоў. Ён у мяне падручнiкi па беларускай мове прасiў, бо паступаць на фiлфак зьбiраўся. Толькi Панасюга нiкуды не паступiў. Забiлi нашага Панасюгуѕ Ён другiм з нашае клясы на той сьвет адышоў. Першым Жэнiк Шкода ў войску загiнуў, i прыслалi ягоным бацькам труну. Я на пахаваньнi ня быў – не патэлефанавалi мне. Потым хлопцы ўспамiналi, што на памiнках усе напiлiся, а больш за ўсiх Панасюга. На Панасюгавым пахаваньнi мяне зноў жа не было, бо зьехаў я зь Менску ў камандзiроўку.

Калi я да Сьветкi Бортнiк грошы на рэстаран прынёс, яна мне ўсё дэталёва, як гэта толькi незамужнiя жанчыны за шклянкай гарбаты могуць, i распавяла пра Панасюгаву сьмерць.

Знайшлi яго каля чыгункi пад мостам. Восем нажавых ранаў было на целе. І вiсеў наш пакутнiк на высокiм заводзкiм плоце, бо забойца зрабiў з дроту пятлю й павесiў мёртвае зьнявечанае цела на плот. А хто тое ўтварыў, так i не знайшлi.

У рэстаран прыйшло шмат народу. Дзеўкi нашыя цёткамi сталi – не пазнаць. А хлопцы яшчэ больш-менш трымаюцца, мо толькi Шустак, ён прапаршчык, памажнеў. Селi мы за стол, бачу – Батуры з Хiльневiчам няма. Што Хiляка няма, дык чорт зь iм. А Батуры чаму? Я да Бортнiк падыйшоў. А тая й кажа: «Што мы зэкаў розных будзем запрашаць? Хай яны ў турме сустракаюцца». Я змаўчаў, i што ты скажаш незамужняй жанчыне? Яна нас сабрала й рэстаран заказала, i за гэта «дзякуй». А што да зэкаў, iх у нашай клясе было шэсьць: Батура, Хiльневiч, Хвастоў, Межагурскi i Рудко, i яшчэ адзiн, прозьвiшча такоеѕ О, Дарагуш!

Адзiн Рудко чаго каштаваў?! Аднаго разу яго з тыдзень не было ў школе. Клясная ўзяла мяне, бо стараста ж, i Навумчыка, бо той боксам займаўся й аднаго разу дзесяцiклясьнiку адным ударам тры зубы выбiў. Вiнаватым прызналi дзесяцiклясьнiка: нашто ён сямiклясьнiка чапаўѕ Прыйшлi мы да Рудко дамоў. Ён нам дзьверы адчынiў i стаiць голы, толькi рукою пах прыкрывае. А ў спальнi на ложку дзеўка, таксама голая, сядзiць i на нас зырыць. Што нам? Мы маўчым. А клясная чырванець пачала. А потым цiха так загаварыла: «Адзенься, Рудко, i дзяўчына хай адзенецца, нам пагаварыць трэба». Яны адзелiсяѕ А назаўтра Рудко сядзеў на апошняй парце i ўважлiва разглядаў сябе ў люстраным лязе сваёй шыкоўнай фiнкi.

Карацей, я Сьветцы Бортнiк нiчога не сказаў, але стала мне крыўдна, бо i Рудко, i Батура iншымi людзьмi сталi. Рудко вунь на галоўпаштамце грузчыкам працуе, а пра Ігара крыху пазьней скажу.

Ну то добра, не запрасiлi хлопцаў, дык не запрасiлi. Сам бы мог успомнiць i запрасiцьѕ

У рэстаране было шумна й весела. Усе пра ўсiх распытвалi. Хто кiм стаў? Дзецi? Муж? Жонка? Зарплата? Кватэра? Стоячы моўчкi выпiлi мы за Жэнiка Шкоду, а потым за Панасюгу. Якраз пасьпелi, бо зайграў ансамбль, i выйшлi на сцэну дзеўкi-танцоркi ў блiскучых купальнiках. Мяне штурханула ў бок Людка Рудневiч i сказала, што трэба Аньку Навакоўскую супакоiць, бо яна ўжо напiлася. А напiлася Анька з гора: муж кiнуў яе.

Навакоўская выглядала старэйшай за ўсiх нас гадоў на дзесяць, дзеля сiвых валасоў i нейкай нядобрай рыхлай паўнаты. Яна стаяла каля суседняга стала й сварылася зь «вясельлем», якое толькi прыйшло й было агрэсiўна-цьвярозае. Аньцы захацелася цукерку, i яна ўзяла яе з чужога стала. Яе абразiлi, яна адказала гучна й так, як могуць дзеўкi на раёне. І ў досыць iнтэ– лiгентнага з выгляду «вясельля» дух заняло. Калi я падыйшоў, каб супакоiць Аньку, тая выграбала з вазы цукеркi й запiхвала ў кiшэнiѕ Я з Навакоўскай станцаваў тры танцы ўзапар, i яна раптоўна працьверазела. «Чалавек ты, Ванька, чалавек», – сказала яна й пацалавала мяне. Я засьмяяўся.

У рэстараннай залi згасла добрая палова сьвяцiльнiкаў. Бортнiк разьлiчылася за дадатковыя бутэлькi мiнэральнай вады. Шустак даў мне свой, чамусьцi вельмi цяжкi, дыплямат: сказаў, каб я пачакаў на вулiцы, а ён, маўляў, сходзiць у буфэт па цыгарэты. Разьвiтвалiся ўсе без шкадаваньня, пэўна, праз тое непрыемнае пачуцьцё, што ўзьнiкае, калi ўбачыш, як пастарэў, як зьмянiлiся да непазнавальнасьцi вясёлыя дзесяцiклясьнiкi, як ператварылiся ў мамачак i татачак. Апошнi з рэстарану выскачыў Шустак. «А цяпер з бабамi на хату, у Навакоўскай мужыка няма», – сказаў ён мне на вуха. Мы ўбiлiся ў прыватны «Жыгуль» i неўзабаве ўжо гарланiлi песьнi ў сваiм раёне. Чамусьцi даехалi толькi да школы. Альгертовiч i Шустак iшлi й цалавалiся, а мяне вялi пад рукi Анька й Людка Рудневiч, астатнiя ў «Жыгуль» ня ўлезьлi. Каля Аньчынага пад’езду на лаўцы сядзеў мужчына. Калi ён убачыў нас, дык устаў i захiстаўся насустрач.

– Ань, э-э-эѕ – сказаў п’яны.

Анька прайшла мiма свайго знаёмага. Потым мы сядзелi ў Аньчынай гасьцёўнi на канапе й крэслах, толькi п’яны сядзеў на кухнi. Шустак паказаў нам фокус-покус: адчынiў той дыплямат, што я выносiў з рэстарану, а там былi дзьве вялiкiя талеркi, поўныя смажанага мяса, i дзьве пляшкi гарэлкi. Усе ўзрадавалiся. Ірка нават пацалавала прапаршчыка, а я раззлаваўся й абазваў Шустака «скатом». А яму хоць бы хны. Калi мы дапiвалi першую пляшку, у гасьцёўню прыйшоў працьверазелы Аньчын знаёмы й паставiў на стол бутэльку пуншу. Ірка з Шустакам пайшлi ў спальню, i нiхто б ня ведаў, што яны там рабiлi, каб яны ня выйшлi голымi да нас i не сказалi, што ў iх будзе сын. Аньчын знаёмы хроп, седзячы ў крэсьле. Анька была сумная, i толькi Людка Рудневiч сказала «маладажонам», што яны здурнелi. Ірка захiхiкала й затулiла твар далонямi. А я глядзеў на яе круглы жывот, на вялiкiя грудзi й думаў, што яна яшчэ гадоў дзесяць зможа прываблiваць вайскоўцаў сваiм белым целам, а потым – гамон. Шустак налiў сабе чарку й выпiўѕ Зазванiлi ў дзьверы. Ірка, а за ёю Шустак зьнiклi ў спальнi.

Анька адчынiла, прыйшлi Навумчык i Налецкая, якую я ў рэстаране не пазнаў, пакуль мне не сказалi, што гэта ж Налецкая. А калi й сказалi, дык я ня тое, што пазнаў, а проста пагадзiўся. У Навумчыка з Налецкай быў школьны раман, але яна яму адмовiла й выйшла за нейкага там iнжынэра, нарадзiла дачку i распаўнела да непазнавальнасьцi. А Навумчык пайшоў працаваць электрыкам у гатэль «Інтурыст» i цяпер мае выгляд афiцэра ў цывiльным. Ім не было куды iсьцi, i яны прыйшлi да Анькi. Гарэлку дапi– ваць мы ня сталi. Рудневiч была самая цьвярозая й давезла мяне дадому на таксi, а сама паехала далей, а я быў ня супраць.

Наранiцу я вырашыў падысьцi да Батуры, але падумаў, што пiць два днi запар я не магу: адклаў свой паход.

Батураў дом стаiць каля дзiцячага саду, а за iм дом Сашкi Мацяша. Сашка зьнiк, i нiхто з аднаклясьнiкаў ня ведаў, куды, ён i ў школе быў такi – цi ёсьць ён у клясе, цi няма, нiхто не заўважыць. Адзiнай яркай рысаю ў Мацяшавай бiяграфii быў тытунь. Сашка курыў з другое клясы, зьбiраў «бычкi» каля гастраномаў i курыў, i яшчэ вучыў курыць усiх нашых хлопцаў. Пазьней, калi ўсе навучылiся, Мацяш зрабiўся зусiм незаўважальны.

А вось Валiка Латушку, караля менскай фарцы, заўважалi ўсе. Вучыўся Валiк добра, але не выдатна, яму не хапала часу, каб вучыцца, – справы, справы, справыѕ У iнстытут ён паступiў лёгка й адразу заняў месца каля iнтурыстаўскага гатэлю «Юбiлейны». У шэрым плашчыку праходжваўся каля гатэльных ганкаў i чакаў турыстаў, якiя маглi нешта прадаць. Турысты прадавалi, Валiк купляў, i шырокая клiентура апраналася ў замежныя шмоткi. Але калегам-фарцоўшчыкам здалося, што Латушка мае больш, чым яму належыць, i Валiкаў бацька быў змушаны прадаць машыну й заплацiць за сынаў спакой. Валiка «здалi» ў салдаты, мацi з бацькам пайшлi ў ваенкамат i ўгаварылi палкоўнiка не даваць iх сыну адтэрмiноўкi. Латушка адслужыў год i атрымаў адпачынак. Ён знайшоў мяне, i мы хвацка прагулi два тыднi. Нават да Астахава – яшчэ адзiн аднаклясьнiк – заходзiлi выпiць i на сына ягонага паглядзець. Астахаў радаваўся, а ягоная жонка, Людка Буркевiч, не саромелася: кармiла цыцкаю немаўля. Людка вучылася ў паралельнай клясе. Мне было дзiўнавата бачыць замест школьнiцы зь белымi бантамi поўную цётку зь белымi цыцкамi й немаўляткам на руках. А Буркевiч-Астахава сьмяялася з насѕ Валiк даслужыў i вярнуўся, але ў iнстытут не пайшоў, праўда, i да «Юбiлейкi» таксама не хадзiў. Ён паступiў у iншы iнстытут, наргас, i ўладкаваўся нейкiм «вольным клеркам». Я доўга Валiка ня бачыў, пакуль аднаго разу ён не зьявiўся ў маёй кватэры з саракагадовай амэрыканкай – Інэс. «Няма куды iсьцi», – растлумачыў Валiк. Я падарыў Інэс плыту рок-гурта «Дорз», але, думаю, дарэмна, бо яна ў року ня кемiла анi на цэнт. Празь месяц я зноў сустрэў Латушку, i ён зацягнуў мяне ў рэстаран на свой дзень нараджэньня. «Набраўся» Валiк iмгненна й пачаў тлумачыць, што ў Амэрыку ён не паехаў з-за клёна. Вёску Бараноўшчыну, дзе нарадзiўся й вырас Валiк, зьеў мiкрараён. Ад усёй вёскi застаўся толькi клён, што рос каля Латушкавага хлява. «Бяз гэтага клёна я не чалавек, – гаварыў Валiк. – Можаш ня верыць, а я вось аднаго разу прачнуўся ўночы й зразумеў, што бяз клёна я не чалавек». Так нiчым i скончылася эпапэя з Амэрыкай у Валiка Латушкi, былога караля менскай фарцы. У рэстаране з аднаклясьнiкамi ён паводзiў сябе сьцiпла й пайшоў першы зь дзяўчынай, якая сумавала за суседнiм вясельным сталом, за тым сталом, што «абрабавала» Анька Навакоўская.

«Школа – гэта морак, якi лепш забыць i не ўспамiнаць, што забыў», – сказаў на разьвiтаньне ў рэстаране Валiк Латушка. Прыкладна тое самае й Ігар Батура сказаў, калi я праз колькi тыдняў пасьля рэстараннай сустрэчы завiтаў да яго. Мы сядзелi на кухнi. На адкiдной палiчцы белага буфэту стаяла пляшка гарэлкi, чаркi ды талеркi з гуркамi i салам. Ігар гаварыў:

– Крыўдна мне, што ў рэстаран не запрасiлi. Я не дзеля выпiўкi, выпiць i дома можна. Чым я горшы? Ну, «сядзеў». І што, пасьля гэтага я не чалавек? І ў ваенкамаце тое самае. Ты сваё адслужыў, сказалi. А я на вайну хацеў, каб там загiнуць, цi што? Мо лепш героем у цынкавай труне, чым так, чалавекам другасортным жыць. Я ў Сiбiр зьехаць думаю. Во, на нафтавiка вучыцца пайшоў. Ты пi. На мяне не лядзi. Я сваё сёньня ўзяў. Два тыднi ў Сiбiры, два дома. Грошай падзараблю. Машыну куплю, жонцы футра справiм, мэбля трэба. Бацька мой зусiм даходзiць, здароўя няма, а ён п’е. І каб патроху, а то запоямi, два тыднi «не прасыхае», а потым месяц нi кроплi. Суседзi кажуць, каб я прагнаў яго з хаты. Ты ж помнiш, як з мацi маёй былоѕ А куды я яго праганю? І што я за чалавек, калi роднага бацьку з хаты выпхну? Бацька адзiн – якi ёсьць, такi й добра. Ён, калi ня п’е, залаты мужык, унука любiць. Ты пiѕ

Мы прасядзелi да самай ранiцы.

Менск. Студзень—чэрвень 1988 году

Акадэмічны адпачынак студэнта Дз.

Студэнт Дз. слухаў свой любiмы стары магнiтафон. Музыка скончылася, з хрыплаватага ўзмацняльнiка пасьля сухога трэску ды пашчоўкваньня загучалi п’яныя галасы й пазвоньваньне посуду. Надакучлiвая жанчына заклiкала пасьпяваць за сталом. Гарэзьлiвы рогат iншай, пэўна, маладзейшай заглушаў мужчынскае мармытаньне. Дз. спынiў стужку, захлопнуў трэснутае, з адбiтым кутом, века, вярнуўся ў зручнае, каб чытаць раманы, крэсла й разгарнуў патрапаную тонкую кнiжачку, але не прачытаў нiводнага верша, бо выразна пачуў за сьпiнаю высокi жаночы голас, якi нахабна запрашаў сьпяваць народныя песьнi. Студэнт прыслухаўся: жанчына раптоўна, на паўслове, змоўкла, замест яе зашапталi на незразумелай мове два непрыемныя, хрыплыя мужчынскiя галасы. Нашэптваньнi наблiжалiся, быццам мужчыны iшлi зь цёмнага кута да асьветленага настольнай лямпаю крэсла. І калi Дз. пачаў разьбiраць асобныя словы ў размове нябачных наведнiкаў, яны аддалiлiся й сьцiхлi ў цемры. Цiшу працяў жаночы енк.

* * *

Студэнт Дз. прад’явiў заплаўленае ў гнуткую плястмасу пасьведчаньне з фотакарткаю, на якой кароткастрыжаны малады чалавек у белай кашулi й пад гальштукам глядзеў на сьвет спадылба. Адмiнiстратарка зрабiла рэклямную ўсьмешку й паведамiла нумар кабiнэту, дзе прымае псыхiятар. Над кабiнэтам гарэла кiсельнай чырваньню лямпа, забраная ў рабрысты каўпак. Дз. прысеў на мэталёвае халоднае крэсла й пачаў сачыць за iмпульсiўнымi рухамi рыбак у вялiзным акварыюме. Атрутна-смарагдавыя падсьветленыя водарасьцi вяла пакалыхвалiся над сьлiзкiмi марскiмi каменьчыкамi, што засьцiлалi шкляное дно. Лупавокiя сомiкi елi сухiх чарвякоў, нацярушаных у брудна-белы непатанальны абручык.

Студэнт не заўважыў, хто й калi пакiнуў ка– бiнэт, бо быў заняты разгляданьнем паўпразрыстых хвастоў, якiя зачароўвалi сваёю плястычнай мяккасьцю.

За аднатумбавым пiсьмовым сталом сядзеў сыты саракагадовы мужчына ў белым халаце й гартаў тоўстымi кароткiмi пальцамi з абгрызенымi пазногцямi гiсторыi хваробаў. На сьветлай зачапанай вокладцы вясёлкава пералiваўся вялiкi чарнiльны нумар.

– Сядайце, – псыхiятар паправiў круглыя акуляры на азызлым твары.

Дз. сеў на блякла-пурпуровае праседжанае крэсла.

– Ваша прозьвiшча Дз.?

Студэнт згодна кiўнуў i агледзеў цесны кабi– нэт. Абкладзеныя парудзелай кафляю сьцены, чарупiна з iржавай плямiнаю пад кранам, драцяная сьметнiца, мэдычная шафа з зафарбаваным зь сярэдзiны шклом, нязручны стол, крэслы з папрацiранай абiўкай, вузкае, занавешанае нясьвежай фiранкаю вакно, альяс у глiняным гаршочку, столiк на колцах, графiн i шклянка. Кабiнэт патыхаў на Дз. безнадзейнай хранiчнай маркотаю.

– Што прывяло Вас у мае няўтульныя апартамэнты?

«Каб ты здох», – мiльганула ў Дз.

– Разумею, што цяжка распавесьцi незнаёмаму чалавеку iнтымныя падрабязнасьцi свайго жыцьця. Таму, каб Вам было крыху лягчэй, я задам колькi пытаньняў. У Вас не было страсеньня мазгоў? – псыхiятар iмкнуўся гаварыць з iнтанацыяй каталiцкага сьвятара.

– Ня памятаю.

– Паспрабуйце ўспомнiць, гэта вельмi важна. Можа, няўдала ўпалi цi нехта ўдарыў чымсьцi цяжкiм па галаве?

– Аднойчы я ўпаў з ровара на асфальт i разьбiў твар.

– Калi?

– У тое лета памёр айчым. Пахаваньнi ўражваюць i запамiнаюцца, – студэнт назваў год.

ПСЫХIЯТАР НЯЗГРАБНЫМI КАРАКУЛЯМI НЕШТА ПАЗНАЧАЎ НА ШМАТКУ ШЭРАЙ ПАПЕРЫ.

– Сярод вашых сваякоў нiхто не пакутаваў на псыхiчныя захворваньнi?

– Усе, каго я ведаў i ведаю, на мой погляд, нармальныя.

– Мой абавязак – задаваць не зусiм прыемныя пытаньнi. Хвароба i ўсё, што зь ёю зьнiтавана, – зьява непрыгожая. Вы сьцьвярджаеце, што нiхто са сваякоў не зьвяртаўся па дапамогу да лекара майго профiлю?

Дз. пачалi раздражняць сьвятарскiя iнтанацыi.

– Я ня ведаю.

– Якi ў вас сон? Цi лёгка засынаеце? Як прачынаецеся?

«Як спаў? Цi суха ўстаў?» – згадаўся студэнту дзiцячы вершык, якi любiў паўтараць айчым.

– Сны ў мяне кароткiя й эратычныя. Накшталтѕ Мажная кабета ў сятчастых панчохах на вузкiм поясе i ў футры, накiнутым на голае цела, запрашае зайсьцi ў пад’езд. За ёю я падымаюся па гулкiх сходах у асьветленым слабымi лямпачкамi брудным будынку й не магу адвесьцi позiрк ад поўных сьцёгнаў, ад iх руху. А прачынаюся лёгка, але зазвычай з кепскiм настроем.

– Дык што ж Вас прымусiла прыйсьцi да мяне?

– Гукi. Апошнiмi тыднямi ўвечары я чую мужчынскiя й жаночыя галасы. Учора мяне напалохаў жаночы крык. Яна енчыла й клiкала на дапамогу.

– Што Вы зрабiлi?

– Уключыў магнiтафон.

– Каб заглушыць крык аб дапамозе?

– Калi гучыць музыка, я ня чую нiякiх галасоў. Як толькi спынiлася стужка, галасы загучалi зноў. Жахлiвы енк! І яшчэ мяне турбуе адна акалiчнасьць. Усе, каго я чую, гавораць, крычаць, сьпяваюць, перашэптваюцца на незразумелай мове.

– Што Вы зрабiлi, калi другi раз пачулi жаночы крык?

– Запалiў сьвятло.

– Вы слухалi магнiтафон у цемры?

– Гарэла толькi настольная лямпа.

– Вы сказалi, што галасы перамаўлялiся на незнаёмай мове?

– Можна зразумець толькi асобныя словы й па iнтанацыi здагадвацца пра сэнс. Мне падалося, але ўпэўненасьцi няма, што жанчына спачатку запрашала ўсiх разам сьпяваць, а пазьней клiкала на дапамогу й крычала.

Доктар памасiраваў тлустае падбародзьдзе, расьцягнуў вусны й загаварыў:

– Магу Вас узрадаваць. Вы – здаровы чалавек. А галасы? Хто з нас не пакутаваў празь якi-небудзь надакучлiвы шлягер? Бывае, цэлы дзень насьвiстваеш дрэнь, а спынiцца ня можаш. З Вамi такое здараецца?

– Зрэдку.

– Увечары, перад сном, нетаропка абыдзiце свой квартал разы тры, i так штодня. А калi мы сустрэнемся праз тыдзень, дык ня будзем гаварыць пра галасы, я гарантую.

* * *

Настрой у студэнта Дз. сапсаваўся. На заняткi ён не пайшоў. Праваляўся ў ложку з кнiжкаю цэлы дзень, а ўвечары завiтаў у кавярню, дзе паклаў на стол побач з кубкам кавы нататнiк i пачаў перачытваць свой апошнi верш:

ТРАЕЦКАЕ

У 1972 годзе я з аднаклясьнiкамi гуляў на вулiцы Нямiга й шпурляў камянi ў вокны пустых дамоў. У 1982 годзе я працаваў на рэстаўрацыi Траецкага прадмесьця.

 
У Траецкiм прадмесьцi зьбiраюцца вольныя людзi.
Мастакi абгаворваюць вартасьцi новых заказаў.
Музыканты нудзяцца, пакуль вецер каву астудзiць.
Аўтагоншчыкi, нiбы вайскоўцы, трымаюцца разам.
Букiнiсты аспрэчваюць кошт факсымiльных выданьняў.
Прастытуткi жадаюць злучэньня мастацтва з навукай.
Хiпары апяваюць спакой, талакоўцы – змаганьне.
Лiтаратары апавядаюць пра стан самадруку.
Мухi гойдаюцца над агульнахарчоўскай талеркай,
На якой засыхаюць пляскатыя булкi з карыцай.
Прыбiральшчыцы ўпотай гандлююць вiном i гарэлкай,
Пры жаданьнi, калi не выдурвацца, можна й напiцца.
Афармiцелi п’юць больш за ўсiх i чамусьцi з папамi.
Менш за ўсiх п’юць географы сьцiплыя ды iнжынэры.
Рэкецiсты любуюцца сьцiснутымi кулакамi.
У Траецкiм прадмесьцi гасьцiнна парыпваюць дзьверы.
 

– Сумуеш? – дзяўчына, даўняя знаёмая Дз. прысела побач. Сукенка колеру хакi пасавала да яе смуглявасьцi, ярка падкрэсьленай ультрамарынавым манiкюрам i дэкаратыўна-сiнiмi вуснамi. Жывыя нэфрытавыя вочы паглядалi спакойна, нават зычлiва.

– Весялюся, – абыякава сказаў Дз.

– Колькi цябе ведала, а нават не здагадвалася, што ты вершы пiшашѕ

– Не пiшу, а перапiсваю з добрых кнiжак, – Дз. загарнуў нататнiк i схаваў яго ў кiшэнь паўвайсковай курткi.

– Я таксама ў школе перапiсвала ў агульны сшытак модныя песьнi й наклейвала павыразаныя з часопiсаў фотаздымкi сьпевакоў.

Дз. зь непрыемнасьцю адзначыў сабе, што ў сяброўкi на зубе трэснула эмаль.

– Слухай, можа, ты дапаможаш? Вучыцца больш не магу, абрыдла. Ад згадкi пра iнстытут ледзь не ванiтуе. Трэба неяк аформiць акадэмiчны адпачынак. У псыхiятра я быў, але ён i слухаць ня хоча пра мае слухавыя галюцынацыi на эратычнай глебе. Напэўна, я сам вiнаваты, трэ было нагаварыць чаго-небудзь больш жорсткага. Як уламаць гэтага лекара?

Студэнт пачаў пераказваць размову ў лякарнi й вельмi ўдала зымiтаваў сьвятарскую iнтанацыю, калi паўтарыў: «Што Вас прывяло ў гэтыя ня вельмi ўтульныя апартамэнты?»

– Патрэбна карцiна, каб апартамэнты зрабiць больш утульнымi, – сказала знаёмая Дз.

– Апошнi раз я маляваў якраз тады, калi ты выразала нажнiцамi акторскiя выскаленьнi.

– Ну-ну, жартаўнiк, – дзяўчына зрабiла выгляд, што пакрыўдзiлася. – Я сур’ёзна, i ў мяне ёсьць знаёмы мастак, ён можа й карцiну падараваць. Дарэчы, i майстэрня ў яго непадалёк адсюль.

– Пайшлi, – студэнт устаў.

– Зараз?

– А нашто адкладаць?

Яны зайшлi празь нiзкую доўгую выгбу, што сьмярдзела катамi й мачою, у цёмны ад вялiкiх дрэваў, засыпаны лiстотаю двор. Па сьлiзкашарых шчарбатых прыступках узьнялiся на другi паверх.

Мастак адразу не спадабаўся студэнту. Доўгiя сiваватыя валасы зьвiсалi абапал прыпухлага твару нячэсанымi касмылямi. Вадзянiстыя, з жаўтаватымi бялкамi вочы, акрамя наiўнасьцi, выяўлялi абыякавасьць гаспадара да сьвету. У кутку правага вока назьбiралася кропля гною. Палiнялая расьцягнутая майка непрыгожа вiсела на вострых сутулых плячах. Усе рухi мастака былi замаруджаныя, нiбыта ён знаходзiўся ў вадзе, i вадзе мутнай, застаялай.

– Я спаў, – на гасьцей патыхнула вiнным перагарам.

– Хлопцу трэба дапамагчы, – адразу перайшла да справы дзяўчына.

У вузкiм калiдоры па сьценах вiселi карцiны. Студэнт зь цiкаўнасьцю пачаў разглядаць вуглаватых пачвар-сьвятых з прамянiстымi талерачкамi нiмбаў над галовамi. Пачвары былi намаляваныя на тоўстых кухонных дошках, што вiселi на доўгiх цьвiках над пiянiна. Грувасткi iнструмэнт з адкiнутым векам выставiў, нiбыта зубы, парудзелыя клявiшы.

– Вы граеце на фартэпiяна? – недарэчна вырвалася ў Дз.

– А Вы? – мастак пальцам выцер гной з вока.

– Толькi слухаю. Асаблiва люблю жаночы вакал.

– Гэта я зразумеў, як толькi Вы зайшлi.

Столь у майстэрнi была скошаная. Студэнту зрабiлася нiякавата ў вялiкiм пакоi. На падлозе валялiся перапэцканыя алейнай фарбай кавалкi пакамечаных газэт. Дзяўчына падышла да сьцяны, спрэс пазавешанай палотнамi ды аркушамi, стала каля вялiкага малюнку, на якiм аголеная маладзiца зь цяжкiмi грудзямi й шырокiмi сьцёгнамi трымала на далонi, нiбыта прапаноўвала табе ўзяць, абгрызак яблыка.

– Падобная да мяне?

– ВЕЛЬМI, РЫХТЫК ТЫ, – АДКАЗАЎ ДЗ. I ПАДУМАЎ, ШТО ГЭТЫ МАЛЮНАК НЯ ЗРОБIЦЬ БОЛЬШ УТУЛЬНЫМ КАБIНЭТ ПСЫХIЯТРА. ЗНАЁМАЯ ДЗ. ПАДАРАВАЛА ПРЫСУТНЫМ РАСПУСНУЮ ЎСЬМЕШКУ.

– Дык чым я магу дапамагчы? – мастак паставiў закурэлы чайнiк на электрапанiву.

– Карцiна патрэбна, пажадана краявiд – вада, лес, неба, полеѕ Такi краявiд, каб можна было ў вар’ятнi павесiць i лекарам з пацыентамi не заплахела.

– Жартуеш?

– Яму, – дзяўчына тыцнула цёмна-сiнiм пазногцем у Дз., – патрэбна даведка ад псыхiятра, каб узяць у iнстытуце акадэмiчны адпачынак. Даведкi не даюць. Трэба карцiна, каб памяняць, набыць, ня ведаю, як будзе дакладней, заплацiць за даведку. Зразумеў?

– Зразумеў. П-пiць алькаголь – шкодна! – мастак запарыў гарбату ў паўлiтровым слоiку, – зараз пашукаем крайа-вiд.

Ён адсунуў цяжкую палатняную штору, што хавала стэляжы з прагнутымi палiцамi, на якiх стаялi запыленыя палотны, ляжалi стосы пакарабачаных папак ды папяровыя пажоўклыя рулёны. Мастак выняў квадратны падрамнiк, абабiты чорнымi рэйкамi, паставiў карцiну на мальбэрт i далоняю сьцёр пыл з выявы. На вечаровым небе сьвяцiлiся карункi аблокаў, пад якiмi крочыла цёмная мужчынская постаць з касою на плячы. Мужчына iшоў па вузкай паласе зямлi, над возерам, зарослым вострымi лёзамi аеру. У вадзе без скажэньняў адбiваўся касец разам зь небам, аблокамi, зямлёю i аерам. Мужчына на карцiне быў зусiм маленькi, i таму яе можна было назваць лiрычным краявiдам.

– Якраз для лякарнi. У хворых будуць пытацца – дзе тут верх, дзе тут нiз? Дорыш? – дзяўчына наблiзiлася да гаспадара, якi ўжо разьлiваў па кубках бурштынавую гарбату.

– Прадаю, – мастак па-бабску адкiнуў з маршчынiстага лба брудныя валасы. – Жартую. Забiрайце, калi трэба.

Сяброўка Дз. выгнулася й пацалавала мастака ў няголеную шчаку. Студэнта перасмыкнула ад гэткай удзячнасьцi.

* * *

Дз. ня стаў чакаць, пакуль мiне тыдзень, а на другi дзень загарнуў карцiну ў паперу й пайшоў у лякарню. Пакунак ён пакiнуў у холе, каля акварыюма з лабатымi сомiкамi.

– Мы дамаўлялiся сустрэцца праз тыдзень, – псыхiятар паправiў тугi вузел гальштука. – Цi я памыляюся?

– Так, Вы памыляецеся, таму што лiчыце мяне здаровым чалавекам.

– Тады я спытаю iнакш. Што Вам трэба?

– Даведка, што я ператамiўся й маю права ўзяць акадэмiчны адпачынак.

Доктар устаў з-за стала, узяў графiн i пачаў палiваць нягеглы альяс. Калi графiн вярнуўся на столiк на колцах, Дз. заўважыў, што вады ў iм не паменела, i вырашыў наступаць:

– Як гэта можна палiць расьлiну, каб вады ў графiне меней ня стала?

– Малады чалавек, – сытае падбародзьдзе дрыжэла. – Калi ёсьць жаданьне прайсьцi курс лячэньня ў псыхiятрычнай больнiцы, я магу зрабiць пратэкцыю.

Студэнт зразумеў, што перацiснуў гэтага самаўлюбёнага парсюка ў халаце, але адступаць было позна.

– Мне патрэбна толькi даведка. Я мог бы прачытаць падручнiк па псыхапаталёгii й адпаведныя артыкулы ў мэдычнай энцыкляпэдыi, а потым разыграць спэктакль з паяданьнем акварыюмных сомiкаў. Але нi мне, нi Вам гэта не патрэбна. Я прынёс краявiд, якi ўпрыгожыць вашыя няўтульныя апартамэнты, калi я выйду адсюль з даведкаю.

* * *

Загадчык катэдры пазiраў на Дз. праз пукатыя лiнзы масiўных акуляраў. Студэнт стаў перад сталом i слухаў, як сьвiсьцяць старыя, абпаленыя тытунёвым дымам лёгкiя.

– Калi гэта скончыцца? Ізноў даведка. Я ў Вас пытаю?

Дз. стрымлiваў злосьць, каб гэтаму хвораму чалавеку, якi любiў ставiць леваю рукой непатрэбныя аўтографы ў дзявочых залiкоўках, не сказаць, што ён iмпэрскi халуй, а ўся яго нафталiнная псэўданавуковая творчасьць вартая толькi таго, каб вiсець на цьвiку ў прыбiральнi.

– Я Вас не разумею, – спакойна адказаў студэнт.

Празь нямытую, зарослую пылам шыбу ў пакой цадзiлася халоднае, але яркае сьвятло, у якiм хаатычна танчылi драбнюткiя парушынкi. На салатнай, у бронзавыя кветкi, сьценцы, над грувасткiм, абцягнутым скураю сталом загадчыка катэдры скасабочана вiсеў краявiд у кандовай раме – грыбаабрысныя дубы здранцьвелi пад сiнюшным небам. Цяжкое паветра ў кабiнэце, настоенае на недапалках, што перапаўнялi мармуровую попельнiцу, нясьцерпна патыхала спарахнелымi паперамi. Крываногiя крэслы выстраiлiся ля сьценаў вакол папрацiранага абцасамi выкладчыкаў i студэнтаў, некалi шыкоўнага дывана, сьведкi былога ваенiзаванага парадку. Дыван, як i амаль сьляпы ўладар кабiнэту, меў такi безнадзейна трухлявы выгляд, што Дз. падалося: тоўстая срабрыстая моль выпаўзла з-за лацкана пiнжака загадчыка катэдры i паўзе па плячы. Студэнт заплюшчыў вочы, i зь цемры на яго паляцеў сухi траскучы голас:


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю