Текст книги "Смерць — мужчына"
Автор книги: Адам Глебус
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 5 (всего у книги 6 страниц)
Жывое
На тралейбусным прыпынку я дастаў цыгарэту i закурыў.
Калываючыся, да мяне падышоў п'янаваты дзядзька з пляскатым тварам, на якiм iртутна паблiсквалi вочкi. Ён трымаў парэпаную валiзку з дзынкнымi пляшкамi пiва. Мысы збiтых чаравiкаў пазакручвалiся i пазiралi ўгару. Пэўна, чужы быў абутак, дый большага, чым трэба, памеру. Нягеглая пастава спiтага ўшчэнт мужчыны нiбыта казала: чалавечае жыццё – нiчога не варты занятак.
– Сынок, пачастуй цыгарэтай.
Я вытрас з пачка цыгарэту. Ён зацiснуў яе ў цёмных губах i з асалодаю зацягнуўся.
– Дзякуй, сынок. А ты адкуль, можа, з гэтага раёна?
– З гэтага, – мне хацелася, каб ён хутчэй адышоў ад мяне.
– А мяне ты ведаеш?
– Не ведаю.
– А Цымбалевiча аднавокага, якi рыбак прадае, ведаеш?
– I Цымбалевiча я не ведаю.
– Дык ты, мусiць, не мясцовы?
Я паглядзеў праз галаву надакучлiвага, цi не iдзе мой тралейбус. Вулiца была пустэльная.
– Ты не крыўдуй. Сапраўды, ходзяць тут розныя, цыгарэты просяць. Так i хочацца iм па галаве шваркнуць. Ну, хочацца ж мне па пысе з'ездзiць? – У дзядзькавых пытаннях пачала праяўляцца варожасць.
– Не хочацца, – супакоiў я п'янага.
– А то глядзi ў мяне, сынок. Я магу табе i курдупеля загнуць.
Я змаўчаў.
– Дык, кажаш, рыбак у цябе няма i Цымбалевiча ты не ведаеш. А каты ў цябе пад вокнамi ёсць?
– Ёсць. Яны тут ва ўсiх пад вокнамi ёсць.
– Правiльна, вось цяпер я табе веру, што ты наш, а не чужы. А гэтыя, што поўзаюць, ну, як iх, лiха iх дзяры... Ёсць?
– Дзецi?
– Не дзецi, а гэтыя... Ха-ха-ха... Дзецi! Як ты мяне. I праўда ж, дзецi поўзаюць. Значыць, дзецi ў цябе ёсць. I ў мяне ёсць, быў, не, ёсць сын такi, як ты. Дык не пра дзяцей я пытаў, а пра хамякоў. Я ж свайму сыну ў шэсцьдзесят трэцiм годзе, мы якраз з вёскi ў Мiнск перабралiся, прынёс хамяка. Мы жылi ў кватэры – шэсць дзвярэй на адну кухню. Ну ты ж разумееш, камунальная кватэра. Купiў я свайму малому хамяка ў слоiку. А ў Цымбалевiчаў быў кот. Руды, пярэсты, вочы зялёныя, а шкодны – злодзей, адным словам. Як учуў ён, што ў нас хамяк, дык i пачаў кiпцямi дзверы дзерцi. Шкрэб-шкрэб, шкрэб-шкрэб... Прагнаў я яго. А наранiцу, як толькi я дзверы адчынiў, дык ускочыла гэтая рудая падла ў пакой, слоiк перавярнула i задрала хамяка. Падпiльнаваў жа мяне гад, я i думаць не думаў, што гэты злодзей усю ноч чакацьме, пакуль дзверы адчыняцца. Схапiў я ката, занёс за сараi, там яго, гада, рыдлёўкаю i засек. Закапаў яго там жа ж, за сараямi. Во. Абы-што – хамяк з катом. А з Цымбалевiчам мы з таго часу крэўныя ворагi. I кот даўно згнiў, i хамяк, а мы дваццаць гадоў... Якiх дваццаць? Трыццаць бяры, i ўсё варагуем. Вось як, сынок. Цымбалевiч рыбак разводзiць, яму весялей, а я на пенсii i алкаголiк. Дык, кажаш, дзецi ў цябе. А колькi?
– Двое. Сабаку просяць, а я iм кажу, вось атрымаем новую кватэру, тады i глядзецьмем.
– Дзецi, яны жывое любяць. Скажы, сынок, а чаму яны бацькоў не любяць? Во, Цымбалевiчу родны сын вока выбiў. А спытай, за што? Драбяза. Бацька тры рублi не даў сыну на апахмелку. А мой вырас i... Жывое яны любяць...
Падышоў тралейбус, i я пакiнуў п'янага дзядзьку з патухлай цыгарэтаю ў парэпаных губах, якiя гукнулi мне ўслед:
– А пiва?
Смерць – мужчына
Што то за могила?
Вiтер снiг розмiта,
Крiзь снiг почорнiла
Трава вигляда.
Мiкола Кастамараў
1. Пожнi
Смерць – мужчына, а не жанчына. Нязвыкла, але смерць – ён, а не яна, як мяркуе тутэйшая большасць. Усе выявы з жанчынамi, што размахваюць косамi, – падман недасведчаных. Смерць – мужчына!
Першы раз я бачыў Яго, калi быў яшчэ падлеткам.
На гарадскiм ускрайку ляжала вялiкая гара, цяпер там узвялi мiкрараён Вяснянка, а раней высiлася пакручастая, як бычыная спiна, гара, жыта расло. Пад гарою цяпер фiнская (кажуць, фiны будавалi) аўтазапраўка, толькi тады i яе не было. Вечарэла па-летняму доўга, iшоў я з эцюднiкам на плячы, вяртаўся з рэчкi. У руках нёс невялiкае палатно, на iм свежы маляваны алеем краявiд – вербы над цiхай вадою. Да эцюда прыляпiўся матылёк.
У кожнага свае забабоны. Мне дык за шчаслiвую прыкмету – калi матылёк, камар цi казюрка, якiя садзiлiся на эцюд. Выратаваць нельга, фарба лiпкая, таму забабон быў за супакаенне, зразумела, што мне, а не матылю.
Нёс я краявiд з нахiленымi да вады вербамi i апынуўся якраз у тым самым месцы, дзе цяпер працуе бензазапраўка. Там i ўбачыў мужчыну. Той шыбаваў гарою, па пожнi, напрасткi, касу ён трымаў на плячы. Я прыпынiўся. Мужчына хутка спускаўся з гары. А я ўсё стаяў, бо мне здавалася, падыдзе ён зараз да мяне i ўдарыць касою ў грудзi, размахнецца шырока i ўваб'е касу ў цела. А ён спытаў: "Мастак?" – "Мастак", – адказаў я i пачырванеў, што той бурак. Дагэтуль не люблю i саромеюся свайго занятку. Мастак, касец, паэт... Рознiца якая? "А мяне зможаш намаляваць?" – "Змагу". – "Зрабi ласку". – "Сцямнее хутка". Сонца ўжо хавалася за гарою. "А я i не кажу, каб вось абавязкова зараз. Прыйдзеш дадому i намалюеш. Вось так – з касою на плячы стаю на пожнi. Фрэнч, боты, кепка. Галоўнае, што ты зробiш мой партрэт". – "Зраблю", – сказаў i зрабiў.
Прыйшоў дадому, замацаваў палатно на мальберце (як гэта мае бацькi толькi трывалi пах алею i шкiпiнару ў кватэры?), саскроб мастыхiнам эцюд з матылём i пачаў "Касца на пожнi". З'явiлася цёмная змрочная карцiнка – бурачкова-лiловая з рудымi палымянасцямi. Напэўна, у мяне тады было занадта многа краплаку i вохры. А ў вынiку карцiны не атрымалася, бо занадта моцна ў нейкi важны момант я пашкадаваў, што знiшчыў празрыста-зеленкаваты эцюд з вербамi i матыльком.
* * *
Смерць мяне сапраўды вабiць, i ўсё знiтаванае з ёй таксама. А iдзе гэта праз тое, што нарадзiўся, рос дый цяпер жыву каля самых могiлак. Лёс такi. I куды б нi прыехаў, мяне проста цягне наведаць пагост. Хто? Дух? Д'ябал? Хутчэй, не. Занадта гучна, як бубённыя заклiкi. Прасцей: люблю водар прывялых кветак над капцамi, люблю густую вiльгаць, што тоiцца ў кустоўi i за крыжамi i помнiкамi, люблю i жалобныя радкi: "Я ўжо дома, а ты яшчэ ў гасцях", "Спынiся, пастой, падумай", "Вечны спакой", "Вечны спачын". I люблю пагостаўскi ансамбль з дзяцiнства. З таго далёкага часу, калi па абедзе баба Ядзя мяне спачатку ўкладала спаць, а потым раптам будзiла, i мы iшлi глядзець, як нашай вулiцай нясуць нябожчыка. Спаць, калi некага хаваюць, нельга.
I нiколi не разумеў я людзей, што захапляюцца асобамi, што памерлi гераiчнай смерцю, бо ўсе гераiчныя ўчынкi менш драматычныя за смерць селянiна.
Вось бачыце, узнялi труну на машыну. Вось паселi сыны i дочкi нябожчыка паўз яе на светлыя лавы. Завуркатаў, пакацiўся грузавiк павольна па цэнтральнай вулiцы, праз мястэчка Койданава. За iм людзi рушылi – жанчыны ў чорных хустках, мужчыны з кепкамi ў руках, дзецi з кветкамi. Слёзы. Белыя насоўкi. Слёзы журботныя, а не патрыятычныя. Людскiя слёзы з-пад цяжкiх ад бяссоннае ночы павек.
А патрыятычныя самаахвяраваннi – гiдкiя.
Так здарылася, што дом наш стаяў на вулiцы ажно з двума могiлкамi – Старымi паўзакiнутымi дый Новымi паўпустымi. Вось i атрымлiваецца – нарадзiўся я памiж пагостамi. А на паралельнай вулiцы, калi праз сады перайсцi, быў яшчэ i Бесхайм (так у нас яўрэйскiя могiлкi называлi). I на ўсiх трох за маёй памяццю хавалi. Цяпер хаваюць толькi на Новых. Бесхайм знеслi, забудавалi, нават i следу не пакiнулi. Дый якiя ў Койданаве яўрэi? Так, двое-трое вярнулася пасля вайны, i тыя рускiмi пазапiсвалiся. Старыя могiлкi спачатку знеслi напалову, а пазней i астатняе зраўнялi з зямлёю. Гэта нейкая дурная завядзёнка коцiцца па Беларусi – могiлкi зносiць. З якога боку яе да нас пусцiлi? Спачатку – маёнткi, палацы i замкi паруйнавалi, потым – касцёлы, цэрквы дый сiнагогi з мячэцямi папалiлi, цяпер – пагосты. А далей што? Пытанне мне спакою не дае, як тое вiдовiшча растрыбушанага могiльнiка каля Свiслачы. Як пачалi дарогу да гатэля "Беларусь" пракладаць, дык бульдозеры насып пад асфальт рабiлi. Пасля моцнага дажджу той насып забялеў ад чалавечых костак – чарапы, скабы, хрыбетнiкi тырчалi з чырвонай глiны, як перад Страшным судом. А пратэктары грэйдэраў трамбавалi i трамбавалi насып. Вось вам i дарога.
* * *
А другi раз я ўбачыў касца праз пыльнае аўтобуснае акно. Ужо працавала новенькая запраўка, i да яе вырульвалi жаўтапысыя таксоўкi. Аўтобус прыгумаваў на павароце, дарога абмiнала гару, i я ўбачыў, як Ён iдзе гарою па пожнi, каса на плячы зiхацiць да рэзi ўваччу. Падумалася, вось так iдзе Смерць шорсткаю колкаю пожняю – басанож i не ступiш. У сваiх далейшых развагах я не iмкнуўся пераконваць некага, як зазвычай бяруцца давесцi праўду ўяўнаму начальнiку. Сам адчуў i сам пераканаўся, убачыў i паверыў. Смерць – мужчына з касою на плячы. Я бачыў Смерць, Ён iшоў гарою па пожнi.
2. Рабаўнiкi
Чамусьцi смерць уяўляюць без носа, а ў мужчыны з касою быў доўгi храшчаваты нос, рыхтык у майго дзядзькi Анатоля. Таго самага Толiка, з якiм мы патрапiлi ў малапрыемную гiсторыю каля Старых могiлак.
Вярталiся з клуба, у кiно хадзiлi. Зiма, цёмна, галалёд, паўз дарогу гурбiлiся ледзяныя глыжы. Толiк, ён толькi па-сваяцку дзядзькам даводзiцца, а так – на два гады старэйшы за мяне. Яму тады трынаццаць споўнiлася, хлопчык. I росту ён невысокага, роўны са мною быў, толькi што крапчэйшы. Ішлi па нашай Другой Ленiнскай, яна праз усё мястэчка вядзе, пяць кiламетраў. Чуем: аўтобус нас даганяе. Вулiца прамая – далёка вiдаць. "Давай, кажу, ледзяшом па аўтобусе шпурлянём". – "Шафёр зловiць". Толiк збаяўся. "Нават i не спынiцца, вось пабачыш". – "Кiдай, калi хочаш, а я не буду".
Аўтобус тады хадзiў кароткi, такiя цяпер хiба што толькi ў мiнскiх пахавальных бюро пазаставалiся. Іх прыстасавалi нябожчыкаў вазiць.
Параўняўся аўтобус з намi, я ледзяшом у дзверы.
Дурны, хабёльскi жарт. Такiх у мястэчку шмат. Дзе-небудзь на высокiм адхоне порткi спусцiць i голую дупу паказаць цягнiку. Цi на рэчцы ў чорны глей выпацкацца i знянацку з кустоўя на дзевак выскачыць – маўляў, чорт! Цi загарнуцца ў прасцiну i з касою ў руках якую парачку, што з танцаў вяртаецца, каля могiлак пераняць, было i такое...
Ну вось i тады гучна глыж ледзяны аб намерзлыя дзверы гагахнуў. Аўтобус, хто ж яго ведаў, загумаваў, ажно юзам пайшоў – галалёд. Не стаў я чакаць, пакуль людзi павыскокваюць, вучаны-перавучаны быў. Па каленi ў снег правальваўся, поўныя чаравiкi набраў, але паспеў забегчы на Старыя могiлкi i схавацца за плотам. Ведаў, не пабяжыць шафёр са святла ў цемру памiж крыжоў падшыванца шукаць, збаiцца цi палянуецца. Тады быў упэўнены, што збаiцца. Ён i не пабег, выскачыў i нагою па Толiкаваму заду ўлупiў. У майго невiнаватага дзядзькi ажно шапка ў снег паляцела. А сам ён на лёд упаў i заенчыў: "Гэта не я кiдаў..." Я далей услухоўвацца не стаў, гайсануў праз могiлкi, мiж крыжоў i помнiкаў, ломячы перамерзлыя стамбуры кветак, мiж кустоў i дрэў, на паралельную вулiцу, па ёй потым праз сады i дадому.
Толiкава баба Маня да маёй бабы Ядзi сварыцца прыходзiла, расказала, што з-за мяне шафёр яе ўнука бiў. "Ён жа старэйшы, трэба было глядзець за малым". Сапраўды, трэба было бегчы за мною на могiлкi. Скончылася нiчым. А чым, зрэшты, магло скончыцца? Ну сцёбнула б мяне баба колькi разоў пасам цi ў кiно з тым жа Толiкам не пусцiла, i ўсёй бяды.
* * *
Вось Змiтрыка Латыша родны бацька лупцаваў, дык ужо лупцаваў, як мог. I было за што. Адкуль тое ў нашае Койданава прыпаўзло-прысунулася, не ведаю, толькi мода на крыжы пайшла, хто больш назбiрае. А дзе ты iх збярэш? На дрэвах у садзе яны не растуць. Ну i пачалося марадзёрства, iнакш не скажаш. Латышава хата стаяла пад бярозамi, якраз насупраць Старых могiлак, праз вулiцу Другую Ленiнскую.
Ну i назва, дагэтуль дзiўлюся. Нашто ў адным мястэчку дзве асноўныя вулiцы аднолькава называць, а потым да iх рабiць нумарацыю. Дый само Койданава пераназвалi ў 30-я гады ў гонар крывасмока, як нядаўна пiсалi ў латышскiм выданнi "Avots", Дзяржынскага.
Змiтрык усе помнiкi ведаў, як дрэвы ў сваiм садзе. Дзе на якiм крыжы металёвы Хрыстос прышрубаваны, дзе рэльефчык Божай Маткi вiсiць, дзе анёлы крылы згарнулi i сумуюць. Вось ён i паздымаў колькi ўкрыжаванняў ды прыхаваў на гарышчы, а бацька вазьмi дый знайдзi. Збiў ён Змiтрыка ды яшчэ прымусiў сярод белага дня тых Хрыстоў на месца прышрубаваць. Можа, яно i слушна, што прымусiў, але бiць так моцна не трэба было. Змiтрык на рэчцы сiнякi паказваў, плечы i дупа ўшчэнт чорныя.
А Толiкава баба Маня, ёй, што нi зрабi, усё не так, казала, што мала бiлi, што Божачка яшчэ не так пакарае, праз такое рукi паадсыхаюць i паадвальваюцца. I мне ўяўлялася ўсохлая рука рускага жывапiсца-эмiгранта Рэпiна. Усе ж школьныя падручнiкi тае пары ягонымi карцiнамi былi нафаршыраваны, як калдуны мясам. Можа, i ён у дзяцiнстве з могiлак краў, праз гэта рука i ўсохла, а зусiм i не з-за таго, што маляваў шмат бурлакоў ды ўрадаў.
А Змiтрыкавы рукi не ўсохлi. А цяпер працуюць на маторным заводзе. I можа, дарма бацька яго збiў на горкi яблык, бо помнiкi i Хрыстоў i Божых Матак пыхлiвыя бульдозеры на край пагоста, да самае дарогi, ссунулi, экскаватары пагрузiлi на самазвалы, а тыя звезлi немаведама куды.
* * *
I яшчэ аднаго рабаўнiка могiлак я ведаў, Сямёна, неахайнага чалавека. Сустракаюцца людзi недагледжаныя, але каб такi, – выбачайце, у яго слiна закiсала ў кутках рота. Ногi ён мыў толькi пад прымусам, шкарпэтак не надзяваў, хадзiў у гумовых ботах, у якiх гразь ажно вiшчала. А звёў мяне лёс з тым Сямёнам у адну гiсторыка-даследчую экспедыцыю, я па дамове працаваў мастаком у археолага Вадзiма. Ён – педант, акуратны i сабраны па-вайсковаму. Кожнае лета ў экспедыцыi, вось i прывык да паходнага аскетызму i чысцiнi. А тут Сямёна ўзяў за памочнiка, так – збегай – прынясi. У горадзе за iм, пэўна, мацi глядзела, дык, здавалася, i зграбны быў, а тут за якiя два днi ў такую Разэлю перакiнуўся, глядзець брыдка. Трываў Вадзiм, трываў дый не вытрываў.
А ўсчалося ўсё дый скончылася з вядра вады. Паслалi Сямёна па ваду, калодзеж далекавата, але з акна вiдаць. Сядзiм за сталом, снедаем i глядзiм, як наш Разэля па ваду iдзе марудна, што мокрае гарыць. Тады чамусьцi падумалася: "Чаму гэта кажуць, што калi жыд ваду ў хату носiць, дык i шчасце прынясе?". Дайшоў, набраў, палову вылiў (цяжка яму поўнае прынесцi?), цягне, праз кожныя дзесяць крокаў спыняецца, руку мяняе. На паўдарозе паставiў вядро, нахiлiўся, рукi ў ваду апусцiў – Вадзiма ажно паставiла за сталом, – твар пачаў спалоскваць. Так мыцца колам не загонiш, а тут раптам сам. Памыўся, папiў з вядра i нясе ў двор. Вадзiм у дзверы сустракаць. "Вада чыстая?" – чужым голасам да Сямёна. "З калодзежа толькi што". – "Пiць можна?" – "Можна". За тое "можна" загарэлася Сямёнава вуха ад Вадзiмавага кулака. "Што? Што? Што?" – паўтараў пабiты i плакаў. Але Вадзiм не супакоiўся, ускочыў у хату, схапiў Сямёнаў рэчмяшок i пачаў выцягваць з яго брудныя кашулi. "Пакуль не памыеш, каб я цябе не бачыў!" I раптам па падлозе зазвiнела, забразгатала, заценькала... "Не чапай!" – заскавытаў Сямён i кiнуўся збiраць металёвыя нацельныя крыжыкi.
На паўночна-заходняй Беларусi (Браслаўшчына, Мiёршчына, Друя) ёсць традыцыя прыбiваць да помнiкаў нагрудны крыжык нябожчыка.
Вось такiх крыжыкаў i наздзiраў Сямён, у рэчмяшку iх, можа, са сто хавалася. "Ну ты й гад, быдла двухногае. Але ж я цябе бiць не буду. Вяскоўцам скажу, што ты крыжы з могiлак пакраў. Хай яны i думаюць, што з табой рабiць. Хай яны цябе i б'юць. Хай хоць заб'юць, не ўступлюся. Мне сюды ездзiць i ездзiць. А ты (рускi мат)... Каго я прывёз? Якую брыду? Ну краў ты на раскопе чарапкi ды зубы розныя, гэта ладна, я ж думаў, гiсторыя цябе цiкавiць. А тут (рускi мат)... Прыдавiць цябе трэба". Вадзiм закурыў "беламорыну". "Бачыць цябе не магу. Куды крыжы ў мяшок сунеш? На стол кладзi, злодзей (мат). I лiчы, што ты ў нас не працаваў. Ясна? Нi капейкi не атрымаеш".
Ураннi Сямён з'ехаў. Зняў вязанку нашай рыбы, што сушылася на акне, i з'ехаў. Вадзiм аднёс крыжыкi мясцоваму настаўнiку, i той, можа, гадзiны са дзве дробна пастукваў на пагосце маленечкiм малаточкам, прыбiваў адарванае. Калi якi крыж i пераблытаў, не там прымацаваў, дык, спадзяюся, нiчога страшнага. А ў нас пасля Сямёнавага ад'езду ў сенцах пачало сiкунамi смярдзець. Потым здагадалiся, што Разэля баяўся ўночы выйсцi на двор, пэўна, думаў – вяскоўцы пiльнуюць, вось i памачыўся ў вядро пад рукамыйнiкам.
* * *
Ёсць i яшчэ адна завядзёнка ў тутэйшых краях – пакiдаць пад крыжам пачастунак: чарку гарэлкi, лусту хлеба, яблык, цукерку, яйка варанае. Вось прыйдуць госцi на свята цi на дзень нараджэння да нябожчыка пасядзець, вып'юць, пагавораць, паўспамiнаюць i яму пакiнуць гасцiнец, нiбыта i ён з iмi разам, тут, побач, недалёка. I сыходзяць з патаемнаю думкаю, што нябожчык устане, перакулiць чарку i закусiць хлебам. I нейкая жанчына ўголас скажа: "Што ж ты нашаму бацьку не поўную налiў? Ён жа любiў поўненькую чарку, каб ажно з берагамi".
Усе ведаюць, што не ўстане, але спадзяванне ёсць. Яно глыбока, яго не зваяваць i не знiшчыць, як той-сёй мяркуе. Яно на самым сподзе душы. Яно прарастае праз стагоддзi. Мы памром, а яно застанецца. Дык якая ж тады абраза – на зямлю тыя чаркi куляць i таптаць хлеб.
А былi ў нашым Койданаве i такiя зноскi. Прывядуць на пагост аўчарак i самi свiшчуць у два пальцы. Сабакам што? Гойсаюць сабе па магiлах, скачуць праз агароджы, дзе нiжэй, чаркi перакульваюць, кветкi ломяць, вянкi бэрсаюць, яйкi ды цукеркi ядуць, а хлеб топчуць. Сабакi – яны сабакi i ёсць, неразумныя стварэннi пры чалавеку. А гэтыя чалавекi – зноскi маральныя. Дый адкуль аўчаркам пра тое ведама.
Трывалi мужчыны, а потым узялi ды палавiлi тых чалавекаў. Афiцэрскiя сыны былi. У нас рамбаза каля чыгункi стаяла, там вайскоўцы працавалi. Вось iх дзецi i забаўлялiся, рыхтавалi сабак да службы на мяжы нашай Радзiмы нiбыта. Вядома, сягоння гэтая рамбаза, заўтра тая рамбаза, гэтая мяжа, тая мяжа, i якая бацькам i дзецям справа да тутэйшых звычаяў. Афiцэры яшчэ на мужчын крычалi, што няма чаго на пагосце прадукты пакiдаць, што з-за гэтага вось i ў краiне няма чаго есцi, i яшчэ, i яшчэ, ледзь не бiцца кiдалiся. Мужчыны сышлi.
Толькi ўночы нехта на рамбазе аўчарак пазасякаў. Сабакi нават не гаўкалi, бо кожнай па матку воўны ў лой вывацганай кiнулi. Нiтак у мястэчку, дзякуй Богу, шмат – швейная фабрыка ў тры змены малоцiць. Воўна ў сабачых зубах i захрасла, пашчу нi сашчапiць нi расшчапiць. Дзе ж ты пабрэшаш, пагаўкаеш? Сабак засеклi. Шкада жывёлiн, але ж людзей вучыць неяк трэба.
3. Паэты
Смерць i пагосты, яшчэ кажуць клады, вабяць не толькi мяне аднаго, натуральна.
Вось у Доме пiсьменнiка сядзяць за чаркаю два заўсёдныя паэты i размаўляюць. На круглым стале колба з каньяком (100 грамаў – 4 рублi 10 кап.). Пасмы цыгарэтнага дыму вiюцца пад шараабрысным белым з чырвонай паскаю свяцiльнiкам.
– Добра, што ёсць смерць. Ты нават i не ўяўляеш, як важна, што мы ўсе роўныя перад ёю. Раней дык я ставiўся да смерцi абыякава, нават пабойваўся. Што казаць? Жах ёсць жах. А вось аднаго разу...
Старэйшы з заўсёдных паэтаў кульнуў чарку i працягваў:
– Я тады ў тэхнiкуме вучыўся, на вакацыi да бацькоў прыехаў – свята якое нi ёсць, а ў хаце пляшкi няма. Бацька мяне да суседа выправiў, па самагонку. Сусед сабе гнаў, думалi, пазычыць. У вокнах святло. Зайшоў я ў сенцы, пастукаў – цiшыня. Яшчэ грукнуў – цiха. Пэўна, у хлеў цi так – на двор выйшаў, падумалася. Нават i ў галаве не мiльганула, што нешта здарыцца магло. Адчынiў я дзверы, зрабiў колькi крокаў i ўкамянеў. Сусед на ложку паверх посцiлкi мёртвы ляжыць. I адразу вiдаць, што не спiць, а мёртвы. Твар iншы, твар вольнага чалавека, усе пакуты адышлi, прасветленасць незямная. Я каля печы i прастаяў, можа, з гадзiну. Усё ад светлага твару вачэй не мог адвесцi, нiбыта ад яго райскае ззянне сыходзiла. Спарыўся я ў кажуху, каля печы стоячы, пакуль мой бацька прыйшоў. Ну, тут шум усчаўся i ўсё такое рознае. Суседава жонка прыляцела, укленчыла каля ложка: "А мой ты гаспадар!" А твар я запомнiў на ўсё жыццё i святло, якiм той быў асветлены. Незямное, празрыста-сцюдзёнае святло... I адкуль яно ў напаленай да задухi хаце? Часам яно на гiпсавых пасмяротных масках з'яўляецца. Вось я аднаго разу бачыў яго на масцы Жэнi Янiшчыц. Адкрыў скрыню, разгарнуў газету, а на масцы – святло. Раней дык я не ведаў, нашто з нябожчыка маску рабiць, а цяпер ведаю.
– А мне дык часта нябожчыкi ў сны прыходзяць. Я нават тыя сны запiсваць пачаў. I ўсе яны шэрага колеру, быццам з пластылiну лепленыя. Вось брат мой стрыечны – Лявон... Колькi мы з iм перапiлi гарэлкi?! Мора! Ён на машыне разбiўся. А не так даўно ў сон прыходзiў.
Сплю, бачу: iду сцежкаю, што за нашым гародчыкам, там ужо калгаснае поле пачынаецца, гэтым годам кукуруза расла. Вось Лявон з той кукурузы i выходзiць на мяне. Твар шэры, вочы невiдушчыя, павекi паўзакрытыя – зрэнак зусiм не вiдаць. Ідзе i клiча: "Хадзi да мяне, пляшку маю. Разам да дзевак пойдзем". "Якiя дзеўкi? – думаю. – Мы ж цябе пахавалi, год, як на клады занеслi. Дый да дзевак я з жанатымi нiколi не хадзiў. Не маю такой звычкi". А ён блiжэй, блiжэй... I бачу, што не iдзе Лявон, а плыве па-над самай сцежкаю, нават пылу не ўздымае. Я ў кукурузу, бягу цяжка, ламлю стамбуры, як той дзiк-вяпрук. Выбег – хата пасярод поля стаiць, нават i не хата, а халабуда дашчаная. На ганку Алесь Разанаў сядзiць без кашулi ў адных споднiх нагавiцах. Матузкi завязвае. Я да яго i толькi паспеў "дзень добры" даць, як прачнуўся.
Коўдра скамечаная на падлозе. Устаў я i на клады пабег, нават не мыўся, не снедаў. Знайшоў Лявонаў капец, прыбраў. Гэта ён да мяне прыходзiў прасiць, каб я капец прыбраў, бо Лявонава жонка ўжо з iншым жыве, лiха яе не возьме. А паэтаў я часта ў снах бачу: i Разанава, i Галубовiча, i вас, дарэчы, бачыў, – гэта маладзейшы з заўсёдных паэтаў расказаў.
Мне цiкава слухаць, як паэты распавядаюць пра смерць. Толькi ёсць адзiн аспект, калi мне робiцца млосна, гэта як пачынаюцца развагi пра ўласнае самагубства. У мяне ажно сярэдзiна халадзее, бо не па-мужчынску пра такое языком мянцiць. I згадваецца такi выпадак у iнтэрнацкiм калiдоры – доўгiм, на паўсотню дзвярэй. Каля таго акна i курыў у фортачку мой знаёмы паэт-авангардыст. Ён вучыўся на апошнiм курсе унiверсiтэта. Нарадзiлася дзiця. Камендантка пашкадавала i не выселiла сям'ю з дзiцем, перавяла ў кладоўку. Вось i жыў паэт у цеснай, не раўнуючы – шафа, кладоўцы з жонкаю першакурснiцай i дачкою.
А тады ён пачаставаў мяне цыгарэтаю, i мы дымiлi ў фортачку. Тут да нас i падбегла дзябёлая дзявуля з рудою касою па самыя клубы. Яна задыхана папрасiла цыгарэтку i пачала прагна глытаць найтаннейшы дым. "Задаўлюся! Вось пайду i задаўлюся!" – бубённым голасам сказанула дзявуля i закашляла, дымам папярхнулася. "Давiся! Цi мне вяроўку з мылам табе прынесцi? Зараз пайду пялюшкi паздымаю i прынясу. Толькi, як ты задавiшся, я вяроўку i мыла назад забяру, бо не будзе чым бялiзну мыць i на чым сушыць. Дзiця яшчэ неразумнае, пад сябе робiць. Цi, можа, крышку пачакаеш, пакуль малая падрасце, дык я тады вяроўку назусiм аддам". Дзявуля крутнула клубамi i ўцякла. "Нашто так?" – "Ай, абрыдлi. Задаўлюся, атручуся... Труцiся! Не-е-е. Вось у тым i справа. Хто надумаў рабiць, той гаварыць не будзе".
Вось калi паэты пачынаюць казаць пра самагубства, мне i згадваецца дзявуля з бубённым голасам.
Але ў Гiёма Апалiнэра ёсць маналог самазабойцы: "Тры лiлеi, лiлеi тры на магiле маёй без крыжа..."
А я мяркую, самагубства ўсё ж мае апраўданне, як робiцца закаханым.
Ходзiць такая легенда, што на Кальварыйскiх могiлках маладыя каханкi разам развiталiся з жыццём. Пра легенду крышку пазней, бо трэба пра паэтаў скончыць.
Колькi мне казалi: "Не распавядай ты пра паэтаў, пiшы пра людзей простых". Але з усiх станоўчых вызначэнняў беларуса я пагаджаюся толькi з адным: беларус – паэт. Бо ўсе гэтыя: сцiплы, лагодны, зычлiвы вельмi ўжо лёгка пераварочваюцца ў баязлiвы, млявы, абыякавы... Але не ў гэтым бяда, а ў тым, што сягоння герой нашай нацыi – паэт i толькi паэт, пясняр кахання. I хай сабе розныя сябры БНФ (Беларускi народны фронт) мне не павераць. А я буду настойваць: беларус толькi тады беларус, калi ён паэт, i тутэйшы адно настолькi беларус, наколькi ён здатны разумець вершы.
"Тры лiлеi, лiлеi тры на магiле маёй без крыжа..."
4. Каханкi
А цяпер – iнтымнае.
Яны моцна кахалi адно аднаго. Здаецца, так пачыналася кальварыйская легенда. I каханне было такое моцнае, што нi Ён, нi Яна не маглi i хвiлiны адно без аднаго пражыць. I сказаў Ён: "Давай адначасна памром, i тады мы вечна будзем разам". I Яна ў знак згоды апусцiла вочы. I яны пайшлi на Кальварыйскiя могiлкi i памерлi разам. А цяпер iх душы лётаюць разам i спяваюць. Так легенда гучала на мiкрараёнскiх прапахлых галубамi гарышчах, калi яе пераказвала адна школьнiца другой больш даверлiвай школьнiцы.
А на прыпад'ездных лаўках, дзе гуртуюцца пенсiянеркi, легенда мела iншы варыянт, iншую танальнасць i фактуру.
Яна была наркаманка. У яе была поўная валiзка каробак з ампуламi. Яна перадавала тыя каробкi ад урача наркаманам. А яе хлопец нават не здагадваўся пра мафiю.
Аднаго разу раскрыў ён валiзку, хацеў насоўку ўзяць, а там поўна каробак з морфiем. Што гэта? Адкуль? Яна ў слёзы , ну, i расказала...
Ляжала ў бальнiцы. Пазнаёмiлася з урачом. Той спакусiў i прывучыў да наркотыкаў. I вось цяпер яна змушана "адпрацоўваць" сваю долю – развозiць морфiй па адрасах.
Хлопец – смелы, баявы – схапiў валiзку, панёс у прыбiральню i ампулы з каробак ва унiтаз павытрасаў.
На другi дзень вярталiся яны дадому позна ўвечары. Іх перапынiлi хлопцы ў чорных куртках. "Пагаварыць трэба!" Хлопец той наркаманкi i слова не паспеў сказаць, як яму па галаве жалезам гупнулi. Толькi iскры ўваччу. Плямы зiхоткiя паплылi-паплылi. Дзеўцы нож паказалi. "Маўчы, лярва! Ключы давай! Морфiй давядзецца вярнуць". Прыцягнулi чарнакуртаўцы дзяўчыну i хлопца на кватэру. Хлопец ледзь ачомаўся, а яго ўжо да крэсла вяроўкаю прывязалi. "Дзе морфiй?" – "Ва унiтазе!" Перавярнулi ўсё чыста – ампулаў няма. "Дзе морфiй"? А хлопец плюнуў аднаму ды ў твар. Я ж вам кажу – смелы, баявы. "Раз так – глядзi!". Схапiлi яны дзеўку, пазрывалi з яе адзенне. Пачалi вырабляць, хто што схацеў. I так i гэтак, i той i гэты... I ўсё перад хлопцам звязаным. А каб не крычаў – кляп. Паздзекавалiся, колькi змаглi. Папарвалi ёй там, дзе сказаць нават няможна. У кроў усё перапэцкалi. Кiнулi яе непрытомную на падлозе i пайшлi. А на развiтанне: "Калi морфiй не аддасце, вам канец!"
Апрытомнела дзеўка, развязала хлопца i кажа: "Жыць не хачу!" Узялi яны тую вяроўку, што хлопец быў скручаны, разрэзалi на два канцы, пайшлi на Кальварыю дый задавiлiся. Ранiцай iх вартаўнiкi знайшлi. А душы дзеўкi з хлопцам па начах на Кальварыю вяртаюцца i спяваюць сумна-сумна так. Сама чула.
Ёсць яшчэ адзiн варыянт легенды. Яго мне расказаў вартаўнiк.
Я пад клёнам маляваў каплiцу, яна мне здаўна падабалася – неаготыка, чырвоная цэгла, спiчастыя аканiцы, шляхетны беларускi рамантызм часоў Францiшка Багушэвiча. Крэмзаў я пёркам па паперы... Падыходзiць акуратны дзед. Сеў на самы край лаўкi, закурыў. Што мяне здзiвiла ў той сiтуацыi, дык гэта спакой, з якiм дзед сябе паводзiў. Нi табе мiтуслiвасцi, нi зазiрання ў вочы. Закурыў ён i пачаў:
– Вы вельмi правiльна робiце, што каплiцу змалёўваеце, а то год-другi – i пабураць. Спадзяюся, не знясуць, калi католiкi дамогуцца, каб тут касцёл адчынiлi. Туды-сюды. Кажуць, што Брэжнеў дазвол даў на адкрыццё Чырвонага касцёла ў Мiнску, што каля Дома ўрада. Але там нiяк. Урад мясцовы гарой стаiць, каб не адчыняць. Каб каля iх ды касцёл працаваў?! Ого-го! Яшчэ каб царква, дык яны б думалi, бо праваслаўныя заўсёды з урадам у адну дуду дзьмулi. Сам чуў, як у КМСе (Кафедральны мiнскi сабор) яны Брэжнева ўхвалялi. Я ж, здаецца, i праваслаўны хрышчаны, а ў такiх справах на баку католiкаў. А што ў тым благога, каб кiношнiкаў з Чырвонага касцёла прагнаць? Толькi лепш будзе. Я дык не надта веры даю, што генсек дазволiў, але хто iх там, "на гары", ведае. Калi праўда, што сам папа рымскi Ян Павел II прашэнне даслаў, дык можна i падпiсваць. Туды-сюды. Я сам пяцёрку на касцёл паклаў. Вы не паверыце, а я даў.
Тут палякi старыя прыехалi, хадзiлi па Кальварыi, глядзелi, можа, паўдня капец шукалi i, ведаеце, знайшлi. Ву-унь тамака, за жоўтай каплiцаю, я ў ёй свой рыштунак трымаю, крыжык мармуровы стаiць, вось iхнi бацька пад iм i пахаваны. Прыбралi, белыя гладыёлусы ў слоiк паставiлi i да мяне. Так i так. I ўсё па-польску з выбачэннямi, паны. Яны ўсе цяпер, хто ў Польшчу з'ехаў, – паны. "Хай пан за капцом i крыжам глядзiць".
Клёны ў нас тут уга, увосень лiстоты па каленi. А я люблю – жоўтае, чырвонае, прыгожа. Туды-сюды. Панi з рыдыкюля дастала пяцьдзесят рублёў i мне ў руку. А самi да брамы. Старыя яны, год па семдзесят, сiвыя, як галубы. Не прыедуць больш, але, бач ты iх, шануюць бацьку. З гэтае пяцiдзесяткi я пяцёрку на касцёл паклаў. Астатняе? Ну, туды-сюды.
А капец даглядаю, усё роўна ж я тут за вартаўнiка, ну i смецце грабу, дык раз-другi i каля старога католiка венiкам пацягну, хай яму зямля пухам.
А вунь побач з iм цэментовы помнiчак, на iм дошка металёвая, а на ёй рэльеф лiлеi i надпiс. "Тут спачываюць Вiта з Раманам". I ўсё, нi табе калi нарадзiлiся, нi табе калi адышлi. Помнiчак нiхто не глядзiць. А i Раманавы бацькi дый Вiцiны тут непадалёк жывуць, за вiнзаводам адразу. Я часам каго з iх сустракаю, калi ў краму iду. Салiдныя з выгляду людзi, а вось не глядзяць магiлу.
Вiта гэтая з Раманам у адным класе вучылiся, ну вось i вырашылi пагуляць у рэвалюцыю. Туды-сюды. Панадрукоўвалi ўлётак на пiшучае машынцы. А ўночы паналеплiвалi на слупах каля прыпынкаў. Заклiкi, што так жыць, як мы жывём, нельга i таму трэба змагацца за лепшую будучыню. Ну i пра ўрад нешта там было, i пра камунiстаў, тады яшчэ камунiстаў толькi на "рускiм" – праваслаўным баку хавалi. Адно слова – дзяцiнства. Але iх знайшлi, па пiшучай машынцы, прападзi яна пропадам, i замест атэстатаў выдалi ў школе па "воўчым бiлеце". Нi ў iнстытут, нi на добрую работу. Да мяне вось прыйсцi не здагадалiся, я б iх тут прыстроiў вартаўнiкамi цi пагаварыў бы з хлопцамi, каб на Чыжоўскiя цi Паўночныя... На могiлках месцы ёсць. Цяпер дык улёткi i заклiкi на кожным плоце, лiха iх не возьме, а тады – "воўчы бiлет".
Ну, а дзецi гэтыя паехалi ў Вiльню, знялi нумар у гатэлi i папераразалi сабе вены. Прывезлi iх з Вiльнi ў Мiнск i вось тут паклалi. Першы год дык маткi прыходзiлi пасядзець, паплакаць. I помнiк i дошку ў разьбяроў замовiлi, яшчэ прасiлi, каб на дошцы вiленскiя вежы былi. Але наш галоўны разьбяр угаварыў лiлею зрабiць. Казаў, калi самагубства, дык абавязкова лiлея павiнна быць. А чаму? Не тлумачыў.