355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Адам Глебус » Смерць — мужчына » Текст книги (страница 1)
Смерць — мужчына
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 05:30

Текст книги "Смерць — мужчына"


Автор книги: Адам Глебус



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 6 страниц)

Адам Глёбус
СМЕРЦЬ – МУЖЧЫНА

Падрыхтаванае на падставе: Глёбус Адам, Смерць – мужчына, Мінск: 1992.

© Камунікат.org, 2012

Кватэры

Дзе твой дом? Ты iдзеш дадому? Дадому далёка?..

I яшчэ шмат самых розных пытанняў пра дом я чуў, чую i буду чуць, пакуль дом не зробiцца дамавiнаю, але зараз думаецца пра iншае. Раптам зразумеў, што не маю i нiколi не меў свайго дома. Крыўдна.

У мяне сям'я, дачка з жонкаю, у нас мiкракватэра, у якой нестае плошчы нават на санiтарную норму. У кватэрцы на сцяне вiсiць карцiна з намаляваным домам, нават толькi паловаю дома, бо так сталася, што аднапавярховы местачковы дамок, дзе я нарадзiўся, дзве сям'i падзялiлi напапалам. Так i намалявалася – палова дома ў травянiстым полi. Сад, што рос за домам, таксама распалавiнiлi, але я пакiнуў яго ў зялёным карцiнным падтэксце. Вядома, палова гэта не цэлае, i як тут нi намагайся, а памяшканне, дзе мяне купалi ў жалезных начовачках першыя чатыры месяцы, сапраўдным домам не назавеш, хiба што па завядзёнцы.

З мястэчка мае маладыя бацькi перабралiся ў Мiнск i перавезлi чамадан з бялiзнаю, два зэдлiкi ды мяне, загорнутага ў коўдру. Што там i як было на прыватных кватэрах у першы сталiчны год, я не бачыў, бо хварэў на кератыт. Калi мне рабiлi прышчэпку супраць воспы, дык медсястра не заўважыла драпiны на вейцы. Пра тую драпiну я ёй нiчога не сказаў, бо не ведаў, што на прышчэпку трэба з'яўляцца цэлым, без парэзаў i драпiнаў, i яшчэ не ведаў слоў. З-за драпiны воспа прышчапiлася не на плячук, а ў чуйнае вока. Вось i дагэтуль даводзiцца не любiць яркiх сонечных дзён. Мацi цалюткi год штодня насiла, вазiла, а потым вадзiла мяне на перавязкi ў лякарню. Першую мiнскую кватэру, якую давялося ўбачыць у немiласэрным святле, калi знялi з вачэй чорную павязку, я таксама не магу называць сваiм домам.

* * *

Кватэру нам далi камунальную, на дзве сям'i. Наша сям'я была большая i займала прастарнейшы пакой. Толькi пакой мы займалi прахадны, i праз яго, адпаведна, хадзiлi i хадзiлi. А як iнакш? Калi ў iм ажно чацвёра дзвярэй: у вiтальню – раз, у ванную – два, на кухню – тры ды яшчэ да нашых суседзяў паэтаў... У iх сям'я меншая, але ён i яна былi паэтамi i мелi такую жыллёвую плошчу, праз якую, акрамя iх, нiхто не iшоў. А куды iсцi? Хiба што ў акно. Праўда, можна пры жаданнi ў акно, бо першы паверх i акно глядзела якраз на трамвайны прыпынак. Вылез, сеў i паехаў... Вельмi зручна: i дом не трэба абыходзiць, i чаравiкi не запэцкаеш. Бо дом меў комiн i кацельную, каля якой i ўзiмку i ўлетку высiлася гурба вугалю. I як нi сварылiся пенсiянеркi на качагараў, вугаль усё роўна разносiўся па ўсiм двары, абутак пэцкаўся.

"Паэт павiнен пiць!" – казаў сусед. Пiў ён на кухнi разам з жонкаю, якая, напэўна, таксама лiчыла, што i паэтка павiнна пiць. Яны варылi бульбу, куплялi кiльку i пiлi. Потым iшлi праз наш пакой да сябе, потым спявалi, потым сварылiся, бiлiся, мiрылiся, плакалi, хадзiлi ў прыбiральню, спалi. На працу яны не хадзiлi, зноў абiралi бульбу, елi кiльку разам з кiшкамi, хвастамi, галовамi i вочкамi... Мяне гэта вельмi ўражвала, асаблiва што з вочкамi... Зноў пiлi гарэлку. Каб яны пiсалi, не бачыў. А мае маладыя бацькi ўсяго гэтага бачыць не хацелi i таму перагарадзiлi пакой шафаю i палатнянай штораю, на якой туды-назад совалiся два ценi – мужчынскi ў шараварах i жаночы з кудлатай галавою. Яны i пратапталi сцежку, самую натуралёвую – шэрую на фарбаванай падлозе, якую мацi так старанна мыла i шаравала штодня.

Яна мыла падлогу i ў той сонечны дзень, калi да нас прыехаў дзядзька Антак. Акно было адчыненае, шыбы зiхацелi, трамваi пазвоньвалi, натоўп на прыпынку шумеў, падлога блiскацела i патыхала свежасцю, нават цёмная ад вiльгацi сцежка была прыгожая, як ручаiна. Антак стаяў у вiтальнi з вялiкiм букетам гладыёлусаў i гаварыў з мацi. Ён зусiм не збiраўся ўсмiхацца. Той дзядзька Антак, мой хросны бацька, якi заўсёды ўсiм усмiхаецца, чамусьцi зняў акуляры, працёр iх хустачкаю i застаўся сур'ёзны ў сваiм светлым доўгiм i шырокiм плашчы. Мне закарцела выправiць становiшча i пажартаваць. Падышоў я да вядра з бруднай вадою, у якой плавала ануча, i зрабiў выгляд, што зараз сяду ў яго. Толькi не разлiчыў: маё тулава ўвалiлася ў ваду, падрапаныя каленi прыцiснулiся да падбароддзя, а рукi бездапаможна павiслi ўздоўж вядра. Я заплакаў. Мяне не пакаралi, а пераапранулi ў сухое i святочнае дый павезлi на пахаванне дзеда Вацi, у тую самую палову дома, дзе я нарадзiўся. На пахаваннi я падаў на машыну з труною вялiкi зашклёны партрэт дзеда Вацi – Вацлава Фрыдрыхавiча Кiсяля. За жалобным сталом я з'еў тры кавалкi смажанага карпа. Вярнулiся мы з мацi позна. Мяне блажыла. Мацi казала, што я ўвесь зялёны. Я атруцiўся карпам, а можа, i белымi семкамi, бо, пакуль усе плакалi, я сам не заўважыў, як з'еў паўлiтровы слоiк гарбузiкаў. Мацi схадзiла да суседзяў, тыя далi горкiх таблетак. Мне палепшала, i я, змораны, заснуў на жалезным рыпучым ложку, за палатнянай штораю каля этажэркi.

У мяне ў альбоме захавалася фотакартка: я ў валёнках сяджу на зэдлiку каля этажэркi, а на ёй важка стаiць чатырохтомнiк Кузьмы Чорнага. Наогул наш пакой у камуналцы меў шмат фотафiксацый, бо суседзi Падзiкi, у якiх мацi пазычала лекi, акрамя горкiх таблетак ганарылiся сваiм фотаапаратам i сынам Сярожам. Сваё першае слова Сярожа сказаў толькi ў тры гады. Паказаў пальцам на варон, што кружлялi над комiнам, задраў галаву i крыкнуў на ўвесь двор: "Кабакi!" Пазней, калi Сярожава мацi перастала плакаць ад радасцi, высветлiлi, што сын яе хацеў сказаць "сабакi". Сярожаў бацька, журналiст, насiў сваёй чуллiвай жонцы гваздзiкi, стракатаў на пiсьмовай машынцы i да непрытомнасцi любiў фатаграфаваць негаварлiвага сына. А той любiў узлазiць на стол, засланы плюшавым абрусам, ды хадзiць па малому ў крышталёвую попельнiцу. Яго лупцавалi, а ён знарок лазiў на стол i хадзiў у попельнiцу, а часам i на барвовы абрус. Я не меў такой завядзёнкi, бо ў адрозненне ад любiмчыка Сярожы хадзiў у дзiцячы садок.

Выхавацелькi, Эма Казiмiраўна ды Клаўдзiя Іванаўна, вучылi нас не хадзiць мiма гаршка i мыць рукi кружочкам, пазнаваць дрэвы – нават з завязанымi вачыма. Па кары дзецi адрознiвалi клён ад бярозы, лiпу ад яблынi, вучылiся кармiць кабанчыка i трусоў, што жылi ў цагляным хлеўчуку. Цiкава ўсё гэта было, але ў садок я хадзiць не любiў, хацелася дамоў.

* * *

Аднойчы бацька прывёў мяне ў садок а шостай ранiцы. Мы пераехалi на новую кватэру i забылiся завесцi гадзiннiкi. Прачнулiся ў сваёй новай двухпакаёўцы на пятым паверсе, i бацька павёў мяне ў садок, дзе, акрамя старога вартаўнiка з кiйком ды мажнога кухара, нiкога не было. Мы пастаялi каля вялiкiх алюмiнiевых рандэляў i вярнулiся ў сваю кватэру, дзе напярэдаднi шумела наваселле пры свечках. Нi вады, нi газу, нi электрычнасцi яшчэ не падключылi, а мы ўсё роўна перабралiся, бо не маглi больш жыць з паэтамi, якiя павiнны адно пiць. Як нам хацелася хутчэй пераехаць. Як мы хадзiлi i глядзелi на зацярушаную снегам будоўлю, дзе рабочыя ў фуфайках складалi з блокаў наш будучы дом! Мы ж не ведалi, што рабочыя няправiльна складуць дом, што столь пачне працякаць i на ёй зацвiце карункавая плямiна. Мы не ведалi, што ў нас будзе сусед танцор Бабачкiн, якi пакладзе пасярод пакоя на падлогу вялiкi металёвы шар, а той сам, без усялякага прымусу i папiхання, пакоцiцца ў кут, бо будынак дасць усадку i перакосiцца праз паўгода пасля паспешлiвага наваселля ў нашай двухпакаёўцы з гаўбцом.

Колькi разоў на гаўбцы ў мяне дух перахоплiвала! Асаблiва калi шпурляў на галовы прахожых папяровыя бомбачкi з вадою. Пасля такога прызнання трэба чырванець, але я не чырванею, бо згадаў, што суседскiя хлопцы Юра ды Пеця плявалi людзям на галовы, а ў бомбачкi акрамя вады лiлi чарнiла ды сiлiкатны клей. Хай чырванеюць Юра ды Пеця, а я з гаўбца, на якiм любiў сядзець i слухаць "Джамайку", якую спяваў Раберцiна Ларэцi, вярнуўся ў пакой з плямiнай цвiлi на столi.

У пакоi стаяла шырокая чырвоная тахта, на якой вечарамi сядзеў я з мацi i гуляў у падарожжы. Бацька наш з'ехаў на два гады вучыцца ў чужую сталiцу, дзе ўвесь час хварэў на алергiю. Яшчэ ў нас жыла матчына сястра Рэня, – яна хадзiла ў педiнстытут на вячэрняе аддзяленне. Так што нам нiчога не заставалася, як сядзець удваiх на чырвонай тахце i гуляць у падарожжы. Тахта была нам за карабель, за самалёт, за цягнiк... У залежнасцi ад таго, што было патрэбна аднаму з нас, тахта ператваралася ў самыя неверагодныя караблi для падарожжаў. Мы па чарзе распавядалi пра розныя краiны, гарады i вёскi, мы ляцелi над светам i перачытвалi доўгiя бацькавы лiсты. "Любыя мае Нiна i Валодзя!" – пачынаўся адзiн з iх. А з усiх падарожжаў запомнiлася, як мацi расказвала пра вёску Рудзiцу.

Вайна. Зiма. Мая мацi, ёй дзесяць гадоў, нясе малако з Рудзiцы ў Койданава. Малако ў вялiкiм пяцiлiтровым бiтончыку. Рукi мерзнуць. Бiтончык цяжкi. Хочацца спынiцца i вылiць малако ў снег. Снег белы, як малако, а малако белае, як снег, i здаецца, што, калi выльеш малако на снег – яго не будзе вiдаць i нiхто не знойдзе таго вылiтага малака. Яна ўжо вырашыла, што вылье малако каля тэлеграфнага слупа, што стаiць на пагорку. Яна даходзiць да яго i вырашае пранесцi бiтончык да наступнага слупа. А каля наступнага, высокага i чорнага, яна бярэ бiтончык у другую руку i нясе далей... Вайна – гэта калi дзяўчынка нясе бiтончык з малаком па пустой зiмняй дарозе ад аднаго чорнага слупа да другога. Снег, холад, дарога, слупы. Маленькая дзяўчынка з алюмiнiевым бiтончыкам – вайна.

Мацi шмат расказвала пра розныя гарады. Пра Магiлёў i Наваградак, пра рэчку Табол у казахскiм стэпе. Але мне запомнiлася дзяўчынка з малаком.

Я прасiў мацi расказаць, i яшчэ я прасiў, каб яны з бацькам збiралi грошы мне на брата. Амаль ува ўсiх у нашым двары былi браты i сёстры, толькi ў мяне ды ў суседа Юры не было. Брата я выпрасiў. А Юра сказаў, што брат мой – дрэнь, што ягоны кот Мурзiк лепшы за нашага Максiма. Думаў я нядоўга i разбiў Юрку нос. Мяне, пэўна ж, пакаралi, але я не памятаю, як, а выдумляць не хачу.

Каб не пакiдаць мой аповед без эпiзоду пакарання, раскажу, як гэта рабiлася другiм разам: калi я склаў папяровы самалёт, падпалiў яму крылы i з гаўбца пусцiў . Самалёт увайшоў у "штопар" i ўпаў на гаўбец да Ярмоленкаў, што нiжэй на два паверхi жылi. У Ярмоленкаў бацька любiў рыбу лавiць i трымаў на гаўбцы рыштунак – сетку, вуды, падсакi. Рыштунак iмгненна запалымнеў. Добра, што ў кватэры людзi былi, – патушылi. Нават залiлi ўсё вадою так хутка, што мой самалёт не паспеў згарэць. Па рэштках размаляванага алейнымi фарбамi самалёта мяне i "вылiчылi". У нашым пад'ездзе жылi карэктары, тэхрэды, паэты i празаiкi, нават адзiн паважны сiвы з кавенькаю драматург, а вось мастакоў не было, фатографы i рэтушоры былi, але iм алейныя фарбы не патрэбныя. Вось i логiка. Каб я падпалiў пiшучую машынку, можна было б аспрэчваць, цi я тое ўчынiў. А з каляровым самалётам у руцэ рыбак Ярмоленка адразу да нас прыйшоў. Мяне бiлi салдацкiм пасам, а потым дзве гадзiны стаяў я на каленях, на грэчцы за шафаю. Стаяў i кляў усе пэндзлi, фарбы i алоўкi, якiя так любiў. Але колькi я праз iх памучыўся, нават у тым жа дзiцячым садочку.

Эма Казiмiраўна захварэла. У Клаўдзii Іванаўны памерла сваячка. Нам далi ў групу новую выхавацельку. Пасля палуднавання яна пасадзiла ўсiх за сталы, раздала алоўкi i паперу i загадала маляваць лодкi, караблi ды ветразi. Я намаляваў разрэз падводнай лодкi з мноствам рознакаляровых кают. Людзi не намалявалiся, бо ўва ўсiх каютах жыў толькi я адзiн. Ну хоць на паперы трэба ж мець уласны пакой? Але выхавацелька Нiнэль X. (X. – бо па бацьку, дзякуй Богу, забыўся) узяла мяне за вуха i завяла ў прыбiральню, дзе я i прастаяў, пакуль мацi па мяне не прыйшла. X. паскардзiлася, што я здзекаваўся з яе – псаваў алоўкi ўсiх колераў, перапэцкаў стол i рукi, не кажучы пра паперу, не намаляваў загаданыя лодкi, караблi i ветразi, а сваю абракадабру назваў "Разрэз". Мацi не ўразiлi абвiнавачваннi, яе ўразiла тое, што я прастаяў больш як гадзiну ў халоднай прыбiральнi. На другi дзень вярнулася Клаўдзiя Іванаўна. На паверхню ўсплыў зусiм iншы малюнак. Гэта быў Алегаў опус – на сiнiх, як i загадвалася, хвалях узвышаўся хрэстаматыйны крэйсер з вялiзнай свастыкаю на борце. Клаўдзiя Іванаўна не хапала Алега за вуха, не гнала яго ў прыбiральню, а растлумачыла, што свастыку лепш не маляваць, тым больш на хрэстаматыйным крэйсеры. Са сваiмi выхавацелькамi мы не малявалi караблi, мы абрысоўвалi i расфарбоўвалi сухое лiсце дрэў, малявалi грыбы, жалуды, трусоў, моркву i кабанчыка – тое, што бачылi i ведалi. Як бы там нi было, а накрэслiць свастыку на моркве нiхто не наважыўся. Нашто? Сапраўды. Малюнкi звычайна мы неслi дадому i дарылi бацькам. Шкада, яны з-за шматлiкiх пераездаў з кватэры на кватэру не захавалiся.

Затое засталася падушачка для iголак, якую я сам шыў для мацi пад Восьмае сакавiка. З гэтай падушачкай, вядома, пакуль што без iголак, любiць гуляць мая пяцiгадовая дачка Ядзя.

Укленчыўшы за шафаю, я кляў алоўкi, – напэўна так цi амаль так. Пецька Ярмоленка праклiнаў падручнiкi. Акрамя таго, што ён пляваў людзям на галовы i аблiваў прахожых канцылярскiм клеем, Пецька ўвайшоў у гiсторыю пад'езда адным неверагодным учынкам. Ён адарваў вокладку ў сваiм буквары, бо не любiў чытаць, i спусцiў абязвечаны падручнiк ва ўнiтаз. Як той буквар дайшоў з трэцяга на першы паверх? Не ўяўляю. Але так яно было. Унiтаз на першым паверсе, у кватэры настаўнiка фiзiкi, забiўся, i ўсё "дабро" паплыло-павярнула на падлогу. Настаўнiк насiў вёдрамi тое "дабро" на двор i вылiваў на кветнiк. А куды? Смурод стаяў жахлiвы. А мух было столькi, быццам яны з усяго раёна да нас у двор прыляцелi. Прыехалi сантэхнiкi i нiчога зрабiць не могуць, смяюцца, кажуць настаўнiку – насi. Ён, бедны, тры гадзiны, а можа, i болей цягаў вёдры. Змогся. Колькi можна? Узяў ён сякеру i прасек у падлозе дзiрку, каб "дабро" ў сутарэннi цякло. А яно, як назло, перастала цячы, бо сантэхнiкi нарэшце выцягнулi з трубы спляжаны буквар. Падлогу адрапаравалi хутка, тыя ж сантэхнiкi прынеслi дошку. Распiлавалi яе i прыбiлi, адно што не фарбаваная, але гэта неiстотна. А вось са сцяною ў кватэры настаўнiка фiзiкi было горш, чым з унiтазам i падлогаю. Сцяна памiж кухняю i спальняю трэснула. Ломкая лiнiя, як тая рэчка ўвесну, хутка пашырэла, i з-пад столi вывалiўся вялiкi кавалак бетону. Рабочыя з домакiраўнiцтва прывезлi некалькi бярвенняў i зрабiлi падпоры, каб, крый Бог, не абвалiлася столь. Недзе з год настаўнiк жыў у кватэры з някоранымi сасновымi бярвеннямi, пакуль не паставiлi новую сцяну.

А ў нашай кватэры, на сцяне пад самай столлю, ад вiльгацi началi расцi чырвоныя i дробныя грыбы. Іх саскрабеш, а яны зноў пасля дажджу вылезуць. Саскрабаў iх звычайна бацька, якi вярнуўся з чужой сталiцы i не мог больш як год уладкавацца на працу, пакуль не вызвалiлася месца на кiнастудыi. Бацька прыносiў мне абрэзкi кiнастужак з каляровымi рыбамi i звярамi. Я паказваў тых слайдавых звяроў брату, якi не ўмеў яшчэ гаварыць i больш за ўсё на свеце любiў сядзець на руках у сваёй нянькi.

За няньку ў яго была старэнькая настаўнiца, што колiсь выкладала ў Наваградку польскую мову, вядома, пакуль горад не вызвалiлi ад панскага прыгнёту i панскай мовы, лiтаратуры i культуры адпаведна. Зрэдку нянька гаварыла з бацькам папольску, i мне было цiкава слухаць усе гэтыя пшэ, чэч, гэньсь, бжэ. Мне здавалася, што гукi вельмi падобныя да галасоў страў на кухоннай плiце. "Пш-пш-пш", – гаварыла пара, калi другая нянька варыла бульбу "ў мундзiрах". Першая пераехала з Мiнска ў Гародню, каб штодня хадзiць "да касцёлу". Другая нянька была праваслаўная i самаахвярна пасцiлася, цэлымi тыднямi ела адно бульбу i пiла кiпень без цукру, а ўвесь заробак, дваццаць пяць рублёў на месяц, аддавала царкве. Абодвум нянькам было вельмi цяжка хадзiць на пяты паверх, лiфта не было.

* * *

Лiфт быў у наступным доме, куды мы перасялiлiся. Абабiты чырвоным пластыкам, ён вазiў жыльцоў у сятчастым калодзежы на ўсе дзевяць паверхаў. Ёсць лiфты, што не спыняюцца на другiм, а то i на трэцiм паверсе, а гэты спыняўся. Нашу сям'ю ён вазiў на восьмы, у трохпакаёўку, дзе мы жылi ўпяцярых, як каралi. Упяцярых, бо брата я ўжо вадзiў у дзiцячы сад i нянек не было, мамiна сястра Рэня выйшла замуж, а ў нас пасялiўся бацькаў дваюрадны брат Анатоль. Ён не змог жыць у iнтэрнаце, бо там невыносна смярдзела смажаным салам i цыбуляю. У нашым доме панавалi iншыя пахi: гастраном самаабслугоўвання на першым паверсе, смеццеправод на ўсiх дзевяцi, вiнзавод за сто метраў ад дома, завод па вытворчасцi лакаў i фарбаў за кiламетр, але яго смурод быў самы надакучлiвы. Карацей, пахаў хапала, ды пра невыносны пах у мяне будзе пазней.

Апiшу спачатку вадасцёк. Дах у нашым доме быў не выпуклены, як у нармальных пабудоў, а наадварот – увагнуты, i вадасцёкавая труба праходзiла ў самай сярэдзiне будынiны. Хто такое прыдумаў? Не ведаю. Можа, сама па сабе iдэя i не з горшых, але выкананне i эксплуатацыя зрабiлi сваю чорную справу. Вася, якi шпурнуў у домакiраўнiка тухлым яйкам i пацэлiў, а потым тыдзень не мог сядзець, бо айчым збiў яго на горкi яблык, той Вася, каб адпомсцiць свайму айчыму, узяў ягоныя паляўнiчыя боты i ўкiнуў у вадасцёкавую трубу. На самым пачатку зiмы боты i захраслi ў трубе. На даху назбiралася снегу. Мiнула тая зiма. Снег, вядома ж, растаў, i вада, што не змагла прайсцi праз вадасцёк, прайшла праз усе дзевяць паверхаў па кватэрных сценах. Залiло нават склады ў гастраноме. Рабочыя з гастранома i выцягнулi непрамакальныя боты з трубы. Васеў бацька iх пазнаў. Але караць не было каго, бо ягоны прыёмны сын васьмiкласнiк Вася "цягнуў" свой першы тэрмiн у калонii. Васю пасадзiлi за тое, што ўкраў на вiнзаводзе скрыню вiна, пабiў шыбу ў гастраноме, зняў з чужых "Жыгулёў" прыёмнiк i пабiў чужы матацыкл, якi спачатку вывеў з гаража, таксама чужога. А мог бы, дарэчы, i са свайго, бо ў айчыма i гараж быў, i матацыкл. Большасць з таго, што Вася браў без дазволу гаспадароў, ён заносiў у кватэру да Танi з першага паверха. Таньчына кватэра была вельмi зручная для такiх спраў, бо вокны i балкон выходзiлi ў цёмны двор, застаўлены парожнiмi скрынямi. Таня жыла з малодшай сястрою Наташай, нi мацi, нi бацькi ў iх не было. Казалi, што яны загiнулi на будоўлi ў Сiбiры. У свае дваццаць Таня была асам у старажытнай жаночай прафесii. Яе так i называлi – Танька-прастытутка. Колькi розных вiзiцёраў нi наведвалi Таню, а хрэстаматыйнае негрыцяня, якое чакалi пiльныя пенсiянеркi, так i не з'явiлася ў нашым двары, дзе кожную ноч разгружалi з машын хлеб. "Давай!" – крычалi шафёры. "Даю!" – адказвалi вартаўнiкi з гастранома. Пад начныя крыкi i вырасла Таньчына Наташа i авалодала сакрэтамi прастытуцыi. Наташу, пазней – Наталi, i Таню перыядычна высялялi з Мiнска, але чамусьцi высялялi iх па чарзе: спачатку адну, потым другую. Чаму так? Не ведаю. Але таямнiца ў гэткае заканамернасцi была, бясспрэчна.

А вось нашых суседзяў Машыцкiх пасадзiлi ўсiх адразу, i яны страцiлi кватэру i мiнскую прапiску. Іван Машыцкi "сеў на белага каня". Ён дапiўся да зялёных чорцiкаў уваччу, схапiў малаток i ўдарыў iм сваю жонку Тамару. Пiлi яны ўночы разам, на кухнi, не раўнуючы, як сапраўдныя паэты. Іван быў у адных майтках, а Тамара ў камбiнацыi на голае цела. Калi Іван ударыў жонку, тая ўскочыла i кiнулася да дзвярэй, але, пакуль яна паспела выбегчы на пляцоўку, ён разарваў камбiнацыю. Разарваў, вядома, незнарок – хацеў спынiць. Аголеная Тамара пазванiла ў нашу кватэру i так закрычала, што адчынiлiся ўсе дзверы на лесвiчнай пляцоўцы. Першы выглянуў Шарлюкевiч, дзiвак, якi ў свае сорак гадоў быў выдатнiкам у дзевятым класе вячэрняй школы. Тамара кiнулася да Шарлюкевiча, той спалохаўся i абняў аголеную жанчыну. Іван на вачах у суседзяў апусцiў цяжкi малаток на галаву выдатнiка. Той раскiнуў рукi, асеў i выпрастаўся на падлозе. Аголеная Тамара пераскочыла праз нерухомае цела i зачынiлася ў халасцяцкай кватэры Шарлюкевiча. Івана за няправiльнае выкарыстанне малатка забралi i пасадзiлi. Тамару адправiлi ў лячэбна-працоўны прафiлакторый, бо прызналi хранiчнай алкагалiчкаю. Кватэра Машыцкiх колькi месяцаў пастаяла пустою, а потым туды засялiўся геадэзiст, якога амаль нiхто, амаль нiколi не чуў i не бачыў.

А вось як крычалi каты Рэцкiх, чулi многiя. Працавала Рэцкая на заводзе па вытворчасцi лакаў i фарбаў, i таму падлога, дзверы i аконныя рамы ў яе кватэры заўсёды блiшчалi. Катоў у Рэцкай было два. Першы, руды i пасясты, баяўся вулiцы. Аднойчы яго вынеслi ў двор i пусцiлi на зямлю, дык ён скочыў на гаспадыню, як на дрэва, i праз хвiлю сядзеў ужо на галаве i крычаў так, нiбыта з яго жывога шкуру пачалi здымаць. Потым, праўда, кот пацiху прывык да вулiцы, але далей як на метр ад гаспадынiных ног не адыходзiў. Аднаго разу Рэцкая са сваiм рудым катом вярталася з прагулкi дадому. Яны чакалi лiфт.

Лiфт прыйшоў, замок шчоўкнуў, дзверы рассунулiся, i з кабiны выскачыў Паўлiк са сваiм сабакам – баксёрам Чарлi. Сабака наступiў лапаю на ката i адкусiў яму галаву. Нi Рэцкая, нi Паўлiк спачатку не зразумелi, што адбылося, а калi зразумелi i Рэцкая замахнулася на баксёра, дык той так гаўкнуў, што Паўлiк самлеў са страху. Беднага нястрыманага Чарлi ўсыпiлi, бо Рэцкая панапiсвала лiсты ў розныя iнстанцыi, што сабака ледзь не загрыз яе. А каб не гараваць без рудога пасястага, яна прыдбала на конскiм кiрмашы сiямскую котку. Блакiтнавокая котка любiла сядзець на падваконнi i глядзець на вiнзавод – комiны, карпусы, цыстэрны, бочкi, горы яблыкаў i журавiн, машыны i людзi, маленькiя лiлiпуты (сёмы паверх). Калi фортачка была адчынена, котка разглядала краявiд не праз шыбiны, гэта яе i пагубiла. Рэцкая адчынiла дзверы, скразняк зачынiў фортачку. Як яна крычала! Жах! Не дай Божа пачуць такое. А ў тых, хто чуў, валасы на галовах уздыбiлiся. Упала котка на гастраномныя скрынi з-пад запалак, пад самым Таньчыным гаўбцом. Упала i не забiлася. Яе павезлi да ветэрынара i ўратавалi. Але ў нашым доме яе больш нiхто не бачыў, бо сiямскую котку гаспадыня завезла да бацькоў на вёску – якраз з Сiбiры вярнуўся муж Рэцкай, якi дух кацiны трываць не мог. Лiфцёрка ўсiм казала, што муж Рэцкай зарабiў i прывёз дзесяць тысяч рублёў, а цяпер збiраецца кiнуць сваю тоўстую жонку. Рэцкi не кiнуў жонку i не мог кiнуць, бо яна зусiм не тоўстая – цяжарная была. Неўзабаве ў iх нарадзiўся сын, але што з iм стала, не ведаю, бо ў нас усё змянiлася. Па-першае, мы атрымалi новую кватэру.

* * *

Мы зрабiлi рапарацыю i перабралiся ў вялiкую, ажно чатыры пакоi на чатырох дарослых, кватэру на пятым паверсе ў пасляваенным, будаваным палоннымi немцамi, доме. Дом быў з пiлястрамi, якiя так ненавiдзяць, ведаю па сябрах, сучасныя архiтэктары неамадэрнiсты. Дзякуй бацьку: мы зажылi пад высокай столлю. Не ведаю, як у бацькi атрымалася, але ён напiсаў, усе казалi, "генi-i-я-яльны" кiнасцэнарый. Фiльм атрымаў прыз, бацька – прэмiю, мы пераехалi ў новую, для нашае сям'i новую, кватэру. Нарэшце ў мяне з'явiўся свой асобны пакой, дзе i прыйшла да мяне думка вучыцца на архiтэктара i будаваць дамы. Мець свой уласны дом, не пакой, не кватэру, не падводную лодку, а менавiта дом, я хацеў з дзяцiнства. Дарэчы, i зараз хачу. Мне трыццаць гадоў, i я не магу мець свой дом. Я нават марыў закапаць у лесе аўтобус i ў iм жыць. Хай у лесе, хай пад зямлёю, хай не дом, а аўтобус, але ж асобны i мой.

Вучоба на архiтэктурным факультэце хутка скончылася. Ідэалы разбiлiся аб пачуццё нацыянальнага доўгу, пасля размеркавання я пачаў працаваць у рэстаўрацыйных майстэрнях. Замест таго, каб узводзiць новае, я рапараваў старое. Зрэшты, па маладосцi мне падабалася працаваць з напаўразбуранымi хрысцiянскiмi саборамi. Я рэстаўраваў вежы i купалы, а мой уласны пакой пачаў развальвацца. Каля самага дома пракладалi метро. Забiвалiся ў зямлю высачэзныя палi, а на столi ў нашай кватэры плялася павута з трэшчын. Аконная рама не вытрымала грукату i вiбрацыi i вывалiлася: добра, што ў пакой, i добра, што ў iм нiкога не было. Паглядзець на раму прыйшла камiсiя, старшыня якой запэўнiў, што ў хуткiм часе мы пераедзем у дом, дзе не будуць вывальвацца аконныя рамы.

* * *

У чарговую, спадзяюся, не апошнюю, кватэру я перабраўся з дачкою i жонкаю. Нам далi два пакойчыкi, на ўскраiне Мiнска, у двухпавярховым дамку.

Да нас у гэтай мiкракватэры жыў iнвалiд. Ён перасоўваўся па зямлi з дапамогаю адмысловых кавенек i пазiраў на суразмоўцаў праз мутныя цяжкiя акуляры. Інвалiд нам нiчога не сказаў пра пах, што стаяў у адным з пакояў. У мяне ад нараджэння своеасаблiвае стаўленне да водару: па адным паху ў вiтальнi магу пазнаць, хто ёсць у кватэры. Адэкалоны, духi, дэзадаранты, крамы бытавой хiмii з iх ацэтонамi i лакамi даводзяць мяне да вар'яцкага стану. А тут раптам у сваёй кватэры натуралёвы пах разлажэння, нiбыта пасярод пакоя другi тыдзень ляжыць мёртвы пацук. Знайсцi ж крынiцу атрутнага смуроду было зусiм не проста. Спачатку я вынес з прапахлага пакоя ўсю мэблю: выцягнуў i стол, i шафу, i канапу. Абследаваў усе куты, але нi ў адным з iх не пахла больш, чым у другiм. "Водар смерцi" нiбыта расплываўся з цэнтра ў куты. Празрысты, цяжкi, жахлiвы пах вiсеў у пустым пакоi. Кватэру мы атрымалi на першым паверсе, таму давялося абследаваць i сутарэннi, перанаселеныя коткамi i катамi, не раўнуючы, што чалавекамi сталiчны Мiнск. У сутарэннях я шукаў цэлы дзень, але жаданых вынiкаў не было. У суседзяў, што жылi над пахучым пакойчыкам, на iх шчасце, нiчым не пахла. Змэнчаны безвынiковымi пошукамi, я затэлефанаваў iнвалiду. Той сказаў, што першы раз чуе пра смурод, што ён пятнаццаць гадоў спаў у гэтым пакоi i нiчога не чуў. Інфармацыя, што iшла ад iнвалiда, пярэчыла сцвярджэнню маёй суседкi па пляцоўцы. Тая сказала, што кватэра смярдзiць усе пятнаццаць гадоў. Версiй i здагадак з кожным днём было ўсё больш, а пах заставаўся. Нарэшце я выразаў нажом вялiкi кавалак тынку разам са шпалерамi, паклаў яго у цэлафанавы пакет i занёс знаёмаму следчаму, якi абяцаў зрабiць экспертызу. Абяцаў i, што прыемна, зрабiў. У лабараторыi высветлiлася: у шпалерны клей налiлi карбафосу – атруты, якой палiваюць сады. Як я раззлаваўся на iнвалiда! Атруцiў, прасмуродзiў пакой i маўчаў! Мыў я сцены, здзiраў шпалеры, палiваў кiслатою тынк... Але пах знiк толькi напалову. Калi надвор'е сухое, дык у пакоi не пахне, а як толькi дождж цi туман, дык хоць з кватэры ўцякай. Раз сустрэў я iнвалiда, ён прызнаўся, што лiў у клей карбафос, толькi замест прабачэння сказаў: "А каб я не налiў у клей атруты, дык цябе разам з дачкою i жонкаю з'елi б прусакi". Як хацелася ўдарыць яго! Стрываў: iнвалiд, спачуванне, мараль.

Вось так мы i жывём утраiх у адным пакойчыку, другi праветрываецца. Калi-небудзь пах выветрыцца. Дзякуй Богу, няма ў гэтым свеце вечнага.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю