355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Адам Глебус » Смерць — мужчына » Текст книги (страница 3)
Смерць — мужчына
  • Текст добавлен: 2 декабря 2017, 05:30

Текст книги "Смерць — мужчына"


Автор книги: Адам Глебус



сообщить о нарушении

Текущая страница: 3 (всего у книги 6 страниц)

Наступны крок я зрабiў нечакана для сябе ў кнiгарнi "Дружба". Гартаў польскiя кнiжкi, i ў рукi трапiўся тоненькi атлас "Рак скуры". Кнiжачка ў гарчычнай вокладцы i надрукаваная на газетнай паперы ўразiла мяне. З мутных няякасных здымкаў на мяне пазiралi ахвяры невылечнай хваробы. Рак раз'еў, скарабацiў, знявечыў твары. Хiрургiчнае ўмяшанне прыбiрала пухлiны, але яшчэ больш дэфармавала чалавечае аблiчча.

Да аперацыi. Пасля аперацыi.

Язвы на тварах нагадвалi мне страты на фрэсках.

Час няўмольна павялiчвае страты. Рэстаўрацыя бессэнсоўная. Хiрургiя бездапаможная супраць рака.

Страшны суд. Вось ён, сляпы i жахлiвы. Сляпы, бо хвароба абiрае ахвяры па невядомай нам сiстэме. I цi ёсць тая сiстэма, тая кампазiцыя? Мы бачым фрагмент i не можам убачыць цэлага, не можам ахапiць i зразумець.

Абпаленыя р"кавым ракавІм агнём твары глядзяць з-за смерцi. Іх даўно няма, год выдання атласа 1966-ты. Людзi памерлi. I ёсць толькi цьмяны адбiтак Страшнага суда. I нiшто не спынiць яго – нi ўзрост, нi пол, нi нацыянальнасць, нi раса, нi дзяржава... Нiшто!

Дзiця з пухлiнаю над брывом застыла ў вечным плачы. Нiшто. Наперадзе вечнае нiшто.

Як назваць сiлу, што зрабiла з чалавека абраннiка i пазначыла яго язвамi? Прырода? Космас? Бог?

Што застаецца яму? Малiцца? Спадзявацца на лiтасць прыроды? Класцiся спаць пад нож? Самаспалiцца?

Наперадзе пакута, смерць i нiшто, а ў рэальнасцi Страшны суд.

Рабiць пано "Страшны суд" разам са мною ўгаварыў сяброў Хведара Лася i Уладзiмiра Сцяпана. Мы замовiлi падрамнiкi 50?70 сантыметраў. На такiх палотнах зазвычай з'яўляюцца кабiнетныя партрэты правадыроў, але нас спакусiла залатое сячэнне. Мы разам выбралi дванаццаць самых выразных у графiчных адносiнах здымкаў i разыгралi, каму якi маляваць. Зноў злашчаснае жэрабя. Працаваць вырашылi ў стылi пап-арт, як мага больш стрымана i скрупулёзна перавесцi здымкi ў алейны жывапiс.

Памiж сабою мы называлi пано не "Страшны суд", а "Галовы". Свае чатыры партрэты я назваў так: "Усмешка Вальтэра", "Лацiнаамерыканскi дыктатар", "Дзiця" i "Наш сучаснiк".

Працавалi мы ўтрох рэстаўратарамi ў былым Кармелiцкiм саборы, а жылi ў iнтэрнаце для дзяцей са слабым слыхам, што месцiўся ў былым езуiцкiм кляштары. Рамантыка пад мiстычна-рэлiгiйнымi ветразямi каталiцызму. Езуiты, кармелiты, iнквiзiцыя, сутарэннi... Пад майстэрню мы выбралi вялiкi клас з паўцылiндрычнай столлю.

Праца рухалася павольна, марудна...

Хведар пачаў нудзiцца i пасварыўся з Уладзiмiрам, нiбыта з-за шахматаў. Лось выйграваў у Сцяпана, калi "на проста так", а як толькi яны сядалi гуляць "на iнтарэс", дык перамагаў Сцяпан. А занудзiўся Хведар, як сам пазней прызнаўся, з-за Голасу.

"Увечары я цалкам перакананы, што трэба рабiць пано. А ўраннi, як бяжым на рэчку, дык каля старой вярбы я чую Голас: "Не малюй рак. Не малюй Галовы..." I я пачынаю баяцца, мяне ахоплiвае страх, цэлы дзень я змагаюся з iм i пад вечар перамагаю. А ранiцай не паспею дабегчы да Вiхры, як зноўку чую Голас. Напэўна, я не змагу пiсаць Галовы. Мне страшна".

Хведар Лось не змог. А мы з Уладзiмiрам Сцяпанам працягвалi капiраваць фотаздымкi. Расцiслаў Васiльевiч папрасiў растлумачыць, нашто мы робiм такi жывапiс. I тут я павёў сябе неразумна, бо сказаў, што яго, Ракiцкага, тое не датычыцца, што ў Кармелiцкiм саборы ён кiруе, а ўвечары ды па суботах з нядзелямi час належыць толькi нам, i таму, што пажадаем, тое i будзем рабiць. Зрэшты, памылка была адносная, бо калi б я нават i пачаў тлумачыць сваю задуму стварыць пано "Страшны суд", дык наўрад цi Ракiцкi мяне зразумеў бы. Я не быў падрыхтаваны тлумачыць. Я меў настрой рабiць.

I ён нас выгнаў. Ранiцаю мы прыйшлi ў касцёл, пераапранулiся ў рабочае адзенне. Ракiцкi ўсiх сабраў i сказаў сакраментальны сказ, якi дагэтуль сядзiць у памяцi: "Сягоння Валодзя i Валодзя возьмуць бiлеты на аўтобус да сталiцы нашае Радзiмы – горада-героя Мiнска i пакiнуць нас". Аспрэчваць загад не было сэнсу, бо ў саборы працавала не брыгада халтуршчыкаў, а брацтва, цэх, акадэмiя мастакоў, i яны ўсе былi супраць мяне i Уладзiмiра. Яны не зразумелi маю трактоўку "Страшнага суда" i словамi Ракiцкага абвясцiлi прысуд.

Палотны засталiся няскончаныя, але я перамог у спрэчцы з Расцiславам Ракiцкiм i адначасова зноў прайграў.


7.

Пано "Страшны суд" адзiнаццаць гадоў прастаяла ў сутарэннях, дзе я захоўваю рэшткi свайго мастацкага рыштунку.

А гэтай вясною я шпацыраваў па праспекце са знаёмцам Сяргеем Дубаўцом, якi распавядаў пра свой намер выдаваць беларускую незалежную газету "Свабода". У Дубаўца неставала вiзуальнага матэрыялу. "Трэба, каб чалавек разгарнуў газету i яму зрабiлася страшна..."

Фотарэпрадукцыi чатырох фрагментаў пано Сяргей змясцiў на цэнтральным развароце пад загалоўкам, у якiм ззяла слова "Чарнобыль".

Знiтаванне пано "Страшны суд" з выбухам на Чарнобыльскай АЭС – чыста газетны мантаж, i рэдактар дасягнуў свайго, ён прадаў наклад у 30 тысяч асобнiкаў.

Сцяпан казаў, што бачыў вялiкi стэнд, зроблены з газетных лiстоў "Свабоды", каля стэнда стаяў натоўп i глядзеў на наш "Страшны суд".

Пасля выхаду газеты да мяне звярнулiся немцы з ФРГ, тады яшчэ не было аб'яднанай Германii, i прапанавалi наладзiць выставу ў Гамбургу. Спачатку я ўзрадаваўся, а пазней перадумаў. У кожнай справе ёсць рыса, праз якую можна пераступiць толькi праз адзiнаццаць гадоў.

Адзiн рэстаўратар, якi працуе разам з Расцiславам Васiльевiчам Ракiцкiм, казаў, што ў таго ёсць першы нумар "Свабоды" са "Страшным судом".


8.

Робiцца невыносна. Кладуся на спiну, згадваю...

Мсцiслаў. Кармелiцкi сабор. Езуiцкi кляштар. Ранiца. Яшчэ сонны апранаю спартыўны строй. Бягу на рэчку, крынiчную Вiхру. Побач лёгка бяжыць Ракiцкi ў сваёй чырвонай майцы, бяжыць Лось, бяжыць Сцяпан... Вада сцюдзёная. Змываецца тлум, вяртаюцца пругкасць i ўпэўненасць. Вада апякае скуру i гасiць душэўны агонь. Можна жыць.


9.

У рэстаўрацыйных майстэрнях праходзiў конкурс на фiрменную эмблему. Расцiслаў зрабiў харугву – кавалак, недзе з чвэрць крацястае коўдры, прапаленай прасам, а потым залапленай кавалкам з той жа самай коўдры. Толькi крацястасць не супадала, i на харугве вылучаўся вастраносы след ад праса. Эмблему адзначылi, бо ў ёй сапраўды ўвасобiўся кампазiцыйны прынцып, якi спавядалi мiнскiя рэстаўратары, але ж за ўзор выбралi прымiтыўны малюначак iанiчнай капiтэлi. Чаму iанiчнай, а не дарычнай цi карынфскай? Бог iх ведае. Вось i яшчэ адзiн прыклад, калi думка большасцi памылковая. Дык жа ж галасавалi...

А залапленую коўдру Расцiславу дала ягоная мацi, вясковая настаўнiца. "Калi што будзеш прасаваць, дык вельмi зручна. Бяры". Ракiцкi прывёз коўдру ў Мiнск i прасаваў кашулi i нагавiцы, ажно пакуль не прызначылi конкурс. I ён убачыў у латцы, зробленай мацi, кампазiцыйны прынцып рэстаўрацыi – шво, якое выразна адсякае i разам з тым аб'ядноўвае мiнулы час з будучым.

Да мацi Расцiслаў ставiўся паважна i ўзнёсла, як iнтэлiгент у знявераным грамадстве, дзе надзеi на Бога няма i даўно скончылася спадзяванне на камунiстычны лад. Рознае сектанцтва ды амбiцыi ўшчэнт струхнелых i пачварных царкоўных структур я ў разлiк не бяру. А бацька ў Ракiцкага памёр, калi той яшчэ ў школу не хадзiў.

I таму магу сабе ўявiць, як ударыла, агаломшыла Расцiслава вестка пра смерць мацi. Яна згарэла ва ўласнай кухнi. Перавярнуўся керагаз, пыхнула газа, жанчыну не ўратавалi.

Выпадкова, па нейкай зусiм нязначнай справе, здаецца, мне быў патрэбны клей, затэлефанаваў у рэстаўрацыйныя майстэрнi. Мне сказалi, што Морква на пахаваннi – у яго загiнула мацi, згарэла. А мне адразу згадаўся той агонь, што палае ў душы самога Ракiцкага – нязгасны, знiчны, усёпаглынальны. I не дай ты Бог вырвацца яму на волю. Нават водблiскi таго полымя, што асвятляюць Расцiслававы палотны i малюнкi, палохаюць мяне. А ў iншых, я ведаю, выклiкаюць захапленне. Іншых, як i заўсёды, большасць. I яны, не адчуваючы небяспекi, падкiдаюць на душэўнае вогнiшча сухiя трэскi ўхваленняў. Спачуваю.


10.

Яшчэ адна рыса Расцiслава Васiльевiча, пра якую нельга не сказаць, – ён савецкi. Ракiцкi не сябра камунiстычнай партыi, не кар'ерыст, не прагматык. Расцiслаў якраз тое iснае, што ёсць у маiм разуменнi савецкасцi: ён – дзiця казармаў, лагераў, iнтэрнатаў, мог ён спаць у пакоi, дзе стаяць дваццаць ложкаў. А мара пра ўласны дом у яго была такая ж эфемерная i папяровая, як заўтрашнi камунiзм.

Апiшу сварку Ракiцкага з экскурсаводам.

Рэстаўратары замовiлi ў Бюро падарожжаў аўтобус, каб наведаць Мiрскi замак. Скажу, што як толькi стварылiся майстэрнi, адразу пачалася праца па аднаўленню замка, i, напэўна, колькi будуць iснаваць рэстаўрацыйныя майстэрнi, столькi будзе працягвацца тая праца. Іншыя аб'екты рапаруюцца больш цi менш хутка, а Мiрскi замак – асобная песня, у якой ёсць толькi пачатак.

Аўтобус рэстаўратары атрымалi разам з экскурсаводам. Так раней кнiгi прадавалi з нагрузкаю, хочаш набыць "Ідыёта" Фёдара Дастаеўскага – бяры яшчэ i раман Уладзiмiра Карпава цi Алеся Савiцкага. Нагрузачны рахманы экскурсавод узяў траскучы мiкрафон i пачаў скажоным нечалавечым голасам распавядаць байкi для iдыётаў, вядома, не для такiх, як князь Мышкiн з вышэйзгаданага твора. Рэстаўратары трывалi моўчкi. Хто чытаў, хто сачыў краявiд, а Ракiцкi слухаў.

"Праязджаем горад Стоўбцы. Зiрнiце ўлева. Шэрая каменная галава з барадою iспаньёлкаю – помнiк нашаму выдатнаму земляку, чэкiсту Фелiксу Эдмундавiчу Дзяржынскаму, жалезнаму Фелiксу, як яго называлi саратнiкi. Згадаем песню: "Чыстыя рукi, гарачае сэрца, халодная галава..." Гэта пра такiх, як Фелiкс Эдмундавiч. А параду Уладзiмiра Уладзiмiравiча Маякоўскага вы забылi! Нагадаю: "Калi не ведаеш, з каго зрабiць жыццё сваё, зрабi яго з Фелiкса Эдмундавiча Дзяржынскага!"

Фелiкс Эдмундавiч быў адным з самых сцiплых i добрых людзей у першым савецкiм урадзе. Белагвардзейцы ды белапалякi абвiнавачвалi Дзяржынскага ў стварэннi крывавага тэрору, але гэта няпраўда. Чырвоны тэрор у адказ на белы тэрор распачалi Троцкi разам са Свярдловым, якi падпiсаў загад на расстрэл цара Мiкалая II i ягонай сям'i. А Фелiкс Эдмундавiч быў крыштальна чэсны чалавек. Нават па вопратцы, якую можна ўбачыць на фотадакументах, лёгка ўпэўнiцца ў сцiпласцi першага чэкiста. Доўгi салдацкi шынель, фуражка з чырвонай зоркаю, гiмнасцёрка, галiфэ i боты. Так мог апранацца толькi сумленны воiн Краiны Саветаў з добрым разумным тварам.

Захавалiся ўспамiны сястры пра сцiпласць i дабрыню Фелiкса Эдмундавiча.

"Зiма. І920 год. Масква. Холад. Разруха. Разгул контррэвалюцыi. Ноч.

Фелiкс сядзеў за сталом i працаваў. Я зайшла ў кабiнет са сподам у руках. На сподзе ляжала пяць свежых пiрожных. Увечары чэкiсты арыштавалi кандытара, якi падпольна вёў антысавецкую прапаганду i быў сябрам тэрарыстычнай групоўкi маскоўскiх манархiстаў".

Achtun, achtun! Тлумачу. Манархiсты – людзi, якiя не ўяўлялi сабе жыцця без цара i дамагалiся рэстаўрацыi ў Расейскай iмперыi прастола i манархii. Манарх – цар. Далей.

"Кандытара застрэлiлi, бо ён спрабаваў уцячы. А тавары з крамы "Салодкiя пачастункi" былi падзеленыя сярод чэкiстаў. Я прынесла Фелiксу ягоную долю – пяць самых свежых пiрожных з жоўтым яечным крэмам.

– Што гэта за пiрожныя? – спытаў у мяне брат.

Я расказала пра смерць кандытара-манархiста. Фелiкс узяў спод, адкрыў фортачку i выкiнуў пiрожныя на вулiцу.

– Я не магу есцi пiрожныя з крэмам, калi ў краiне разруха i дзецi галадаюць!

Брат выпiў шклянку пустога кiпеню i сеў працаваць".

Вось такi ўспамiн сястры Фелiкса Эдмундавiча гаворыць нам пра сумленнасць нашага земляка, першага чэкiста, жалезнага Фелiкса..."

"Памаўчыце!" – Расцiслаў Васiльевiч спынiў несвядомую плынь чорнага гумару. "Не зразумеў. Я на працы. Я – экскурсавод. Вы замовiлi экскурсiю..." – "Прашу вас памаўчаць!" – "Не магу. Вы заплацiлi". – "Вашыя аповеды пра Дзяржынскага абразлiвыя!" – "Я адзiн з лепшых экскурсаводаў у Мiнску. Камiсiя прызнала..." Ракiцкi прымянiў забаронены прыём: "Вы здзекуецеся не толькi з нас, але i з Фелiкса Эдмундавiча. Тое, што вы расказалi, – антысаветчына. Калi вы не змоўкнеце, я буду змушаны напiсаць скаргу ў Бюро падарожжаў". Экскурсавод здаўся: "Добра, памаўчу. Толькi як усе будуць згодныя". – "Усе згодныя, каб спынiць экскурсiю?" – прабразгаў дынамiк. "Усе, усе..." – вяла азвалiся рэстаўратары.

Каб падвесцi тлустую чырвоную рысу пад Расцiслававай савецкасцю, трэба сказаць, што ў ягонай майстэрнi на пачэсным месцы, па-над сталамi, на якiх раскладзены старажытныя беларускiя абразы, вiсiць партрэт Фелiкса Эдмундавiча Дзяржынскага, напiсаны тэмпераю. Партрэт зроблены тэмпераментна i нагадвае апошнiя эцюды Эль Грэка. Толькi той працаваў алейнымi фарбамi i ў халодных перлавых тонах, а Ракiцкi зрабiў у цёплых, гарачых, вогненных – полымя рэвалюцыi. Але сабор Пятра i Паўла Эль Грэка распiсваў бы, пэўна, тэмпераю, i "Страшны суд" быў бы вогненны, але гэта толькi гiпатэтычная рэтраспекцыя – о, каб жа ж, дык.


11.

Расцiслаў жыве адзiн i зрэдку, калi ўстановы грамадскага харчавання надакучаюць, ён звяртаецца ў сваёй творчасцi да кулiнарыi – мастацтва ўсiх мастацтваў. Гатуе Ракiцкi добра – калi з iм працаваў у саборы, дык пераконваўся ў гэтым шмат разоў.

"Мне захацелася пражанага мяса, – расказваў Расцiслаў Васiльевiч. – Я пайшоў на Камароўскi кiрмаш i ўзяў кiлаграм свежыны. Пераплацiў , але ж адна мякаць без костак i сала. Я пражыў яе ў шкляной рандэлi з бульбаю, цыбуляй, морквай, чорным перцам i лаўровым лiстом. Ты не ўяўляеш, як прыгожа глядзеўся той нацюрморт на маленькiм агнi. А водар якi! Увесь iнтэрнат заглядаў на кухню i любаваўся сакаўною свежанiнаю, што калiхавала ў шкляной рандэлi. Нават Мулявiн заходзiў, я, дарэчы, нi разу не бачыў, каб ён нешта гатаваў, акрамя яечнi на сале. Гадзiну я любаваўся сваiм творам. I калi мяса згатавалася, я пагасiў полымя, узяў рандэлю за тоўстыя вушкi i... Бог мой! Рандэля так напалiлася, што я не змог яе ўтрымаць i ўпусцiў на падлогу. Выбух. Феерверк са шкла, мяса, бульбы, морквы... Я ледзь не заплакаў".

А галоўнае, калi глядзiш на Расцiслава Васiльевiча, – узнiкае радасць. Радуешся i сам не ведаеш – чаму. Падобная радасць з'яўляецца, калi глядзiш, як у алюмiнiевай конаўцы гарыць спiрт.

Занатоўкі мастака

ЗАЧАРОЎВАЕ...

* * *

Зачароўваюць хутказменлiвыя аблокi на густа-блакiтным шаўковым небе, асаблiва апошнiмi цёплымi вераснёўскiмi днямi.

* * *

Паркавы вадаспад спачатку клiча... Падыходзiш, глядзiш на заслону з тонкiх струменяў, на лёгкiя пухкiя шапкi шуму, на вiрлiвыя пераплаўленнi чорнае глыбiнi... Вадаспады зачароўваюць.

* * *

Люстэркi, пастаўленыя адно насупраць аднаго, зачароўваюць; яшчэ больш зачароўвае невялiкi пакой, сцены, столь i падлога якога абшыты люстэркамi. Адна, хай i вельмi вялiкая люстраная сцяна, нiколi не зачаруе.

* * *

Восеньскiм ранкам, калi я хадзiў у дзiцячы сад, нашую групу вадзiлi на прагулянкi ў парк. Мы збiралi ў кiшэнi i шапкi жалуды, а кляновыя "носiкi" падкiдалi ў кастрычнiцкую сiнечу. "Носiкi", мы iх называлi верталётамi, круцячыся, апускалiся долу. А мы iх падкiдалi зноў – хто вышэй? Мяне i цяпер зачароўвае палёт кляновага верталёцiка.

ЛЁГКА ЗАПОМНІЦЬ...

* * *

Лёгка запамiнаюцца прозвiшчы старшакласнiкаў i старшакурснiкаў. Спытаюць: з кiм ты вучыўся? I пачынаеш называць спачатку старэйшых, потым аднагодкаў i амаль нiколi не называеш малодшых.

ПОМНЮ З ДЗЯЦІНСТВА...

* * *

Добра помню з дзяцiнства будынiну гарадскога халадзiльнiка – доўгiя высозныя сцены без вокнаў i вялiзарныя плямiны цвiлi на iх.

* * *

Мамiна мацi, баба Ядзя, каляндарным лiстком падпальвала ў печы.

* * *

Бацькава мацi, баба Броня, казала, каб не даваў руку старым людзям, калi яны збiраюцца памiраць. Тлумачыла тым, што чортава сiла не дае лёгкай смерцi, а праз руку можна гэтую сiлу перадаць iншаму чалавеку, што жанчыне лягчэй перадаваць хлопцу, а мужчыну лягчэй, калi руку падасць дзяўчына. Баба Броня, калi расказвала, сядзела на ложку, а я тым часам, седзячы за сталом, маляваў чырвоныя дзверы дзедавай хаты. Прайшло, можа, хвiлiн пяць, я i забыўся пра бабiны словы. А яна раптам на ўсю хату: "Прасiць будуць, а ты не давай рукi!".

Так i запомнiлася папярэджанне.

* * *

Этажэркi вымерлi.

У нас была этажэрка з дыхтоўнымi палiчкамi, са стойкамi, састаўленымi з нiтачных катушак. Суседзi мелi этажэрку з бамбуку. Былi i лазовыя этажэркi – светлыя, з выпаленымi рыскамi арнаменту.

Я ўжо гадоў дзесяць не сустракаў "жывой" этажэркi.

Мэбля, як i жывёлы, вымiрае цэлымi вiдамi.

Этажэркi вымерлi.

* * *

Мой сваяк – Казiмiр Кiсель – шрот i насенне захоўваў у аднолькавых мяшэчках.

РОБІЦЦА НЯЁМКА...

* * *

Няёмка робiцца, калi ў час размовы пазяхнеш. Дзiўна яшчэ й тое, што ў няёмкае становiшча трапляеш не толькi сам, а i ўсе прысутныя – i тыя, што гавораць, i тыя, што слухаюць, i нават тыя, што не слухаюць.

ПРЫЕМНА Ў РУЦЭ ТРЫМАЦЬ...

* * *

Прафесiйна i таму крыху нядбайна завостраны аловак прыемна трымаць у руцэ.

* * *

Толькi што знойдзеную ў археалагiчным шурфе касцяную шахматную фiгуру прыемна паказваць, узважваючы на далонi.

* * *

Прыемна ў руцэ трымаць пясочны гадзiннiк; здаецца, пакладзi ты яго на бок – i спынiцца час.

* * *

Добра выдадзены, нiкiм не прачытаны асобнiк кнiгi твайго любiмага пiсьменнiка прыемна ў руцэ трымаць, прыемна пагартаць старонкi i прачытаць адзiн-два сказы.

МЕСЦЫ, ДЗЕ ЛЮБЛЮ БЫВАЦЬ...

* * *

Нiкуды не збiраючыся ехаць, люблю прыйсцi на вакзал i пашукаць людзей, што прыйшлi сюды не сустракаць i не ехаць, а паглядзець, як гэта робяць iншыя.

* * *

Дом хутка знясуць. У такiх, асуджаных на знiшчэнне, дамах з выламанымi дзвярыма i павыбiванымi шыбамi адчуваеш, як скразнякi выносяць чалавечы дух. Цяжка сцвярджаць, што люблю бываць у такiх вось дамах, дакладней будзе – не магу абмiнуць.

* * *

Люблю наведваць закiнуты стадыён. Брама павалiлася i, лежачы ў плыткай калюжыне, iржавее. Асфальт на сцежках патрэскаўся. Трыбуны i поле пазарасталi высокай травою. На прыступках зелянеюць купiны моху. Спакой...

* * *

Люблю ўздымацца на вежы.

* * *

Цiкава наведаць галоўпаштамт. Сядзеш за мармуровы заплямлены атрамантам стол, возьмеш простую асадку з пашкоджаным рознымi почыркамi пяром, падсунеш да сябе шкляную атрамантку i зробiш выгляд, што ты, як усе, запаўняеш бланк.

Любоў да вакзалаў i паштамтаў засталася ад часоў, калi наведваў мастацкую вучэльню i пасля заняткаў з папкаю i мяккiм алоўкам хадзiў па горадзе i рабiў накiды.

ПРЫЕМНА ДАКРАНУЦЦА...

* * *

Стаiш у пустым музейным пакоi перад незашклёнай карцiнаю. Прыемна дакрануцца да палатна – пераканацца, што яно сапраўды ёсць.

* * *

Цэлы дзень атынкоўваў сцяну. Нарэшце праца скончана, але няма задавальнення – не атрымалася тое, што хацеў. Прыехаў дадому, напусцiў поўную ванную блакiтна-празрыстай вады. Трэба паглядзець, цi не занадта гарачая. Асцярожна дакранешся, а яна якраз такая, як i павiнна быць. Апускаеш руку глыбей у чыстую вадкасць... Вельмi прыемна.

УВАСАБЛЯЮЦЬ ЧЫСЦІНЮ...

* * *

Састаўленыя з гiпсавых шматграннiкаў (па-беларуску лепш казаць – шматкантнiкаў), конусаў, цылiндраў, тораў, шароў i белых крухмальных драпiровак нацюрморты (па-беларуску лепш казаць – рэчавiкi) выклiкаюць адчуванне гармонii i ўвасабляюць чысцiню.

* * *

Ад рулона льнянога палатна павявае прахалодаю летняга ранку, i гэта для мяне – увасабленне чысцiнi.

* * *

Красавiк. Снег сышоў. На адхонах чыгункi гарыць падпаленая дзецьмi леташняя трава. Дым незаўважна злiваецца з лёгкай смугою. У прыбраных садах хлопчыкi кладуць вогнiшчы.

Назаву ўсё гэта вясновым ачышчэннем.

МІЖВОЛІ ЗВЯРТАЕШ УВАГУ...

* * *

Мiжволi звяртаеш увагу на нумар кiнабiлета. Усё роўна цi ён 8591992, цi 2991958 – рознiцы ну анiякай, а ўвагу звяртаеш.

* * *

Мiжволi звяртаеш увагу на флуарэсцэнтныя махеравыя шапкi, якiя любяць насiць жанчыны з гарадскiх ускраiн.

* * *

Жалезабетонны плот, сама надзейнасць, i раптам дзiрка ў iм. Мiжволi спынiшся i зазiрнеш.

САНЛІВАСЦЬ...

* * *

Чакаеш аўтобуса на правiнцыйным вакзале. Перад вачыма ляжыць залiты белаватым сонечным святлом пыльны пляц. Усе тэрмiны прайшлi, а аўтобуса няма, i робiцца ўсё роўна – прыйдзе ён зараз, цi праз гадзiну, цi праз тры... Пачынаеш засынаць i спiш самым невыносным дзённым сном у пякельную гарачыню.

Наогул, правiнцыя з яе маруднымi рытмамi выклiкае санлiвасць, зразумела, калi ты – сталiчны чалавек.

НА ШТО ЦЯЖКА ГЛЯДЗЕЦЬ...

* * *

Цяжка глядзець на доўгi байкавы бальнiчны халат колеру какавы з малаком.

* * *

На чыгуначнай станцыi ў Негарэлым стаiць больш як сотня цягнiкоў. Яны ўжо ведаюць пра смяротны прысуд i чакаюць за нiзкiм сятчастым плотам у тупiку, калi iм дадуць магчымасць сказаць сваё астатняе слова.

* * *

Цяжка глядзець на мармуровы бюст з адбiтым, а потым прыклееным носам.

* * *

На ўласную працу, зробленую толькi дзеля заробку, глядзець цяжка.

* * *

Насупраць мяне ў электрычцы сеў мужчына. Замест левай кiсцi ў яго з рукава тырчаў пратэз. Мужчына гладзiў чорныя скураныя пальцы правай рукою.

* * *

Цяжка глядзець на чалавека, якi заносiць у тралейбус вялiкi жалобны вянок.

ВІДОВІШЧЫ, ЯКІЯ СПЫНЯЮЦЬ...

* * *

Сметнiцы за могiлкамi завалены пахавальнымi вянкамi. Выцвiлыя, пакамечаныя папяровыя кветкi. Прапарафiненая кардонная дубовая лiстота. Пякуча-чырвоныя ад iржы драцяныя каркасы. Пасiвелыя збэрсаныя стужкi з лускою бронзавых i срэбных надпiсаў. Атрыбутыка жалобы спыняе мяне.

ПРЫЕМНА ГЛЯДЗЕЦЬ...

* * *

Прыемна глядзець з высокага прыгорка на цень воблака, як ён плаўна рухаецца па полi.

* * *

З хiсткае кладкi, перакiнутай праз плыткую крынiчную рэчку, прыемна панаглядаць за гульнёю верхаводак.

КАЛІ АДЧУВАЕШ АДЗІНОТУ...

* * *

Робiш роспiс. Доўга не можаш зразумець, чаму так цяжка даецца, так марудна рухаецца наперад праца. I раптам бачыш, што перад вачыма не намаляваны сад, а сцяна. Цяжка i самотна стаяць тварам да сцяны, нават калi малюеш сад.

ПАЧУЦЦІ, ЯКІХ ІМКНУСЯ ПАЗБЯГАЦЬ...

Азарт

У электрычцы ад няма чаго рабiць назiраю за гульнёю ў карты. Пасажыры добра ведаюць, што азартныя гульнi забараняюцца ў вагонах i тамбурах, але многiя гуляюць.

Насупраць мяне двое мужчын рэжуцца ў "дурня". Адзiн з iх маўклiвы, другi гаваркi i ўвесь час жартуе i смяецца, словамi дапамагае сабе, хоча голасам надаць карце большую вагу.

– А тваю сямёрку мы дзесяткай. А тваю дзесятку мы валетам завалiм, каб яна нам тут свет не засцiла. Ну а валета мы казырнай шасцёркаю заложым. Вось так. Ёсць? Няма? Ну, то й добра...

Я не супраць гульнi ў карты, дамiно цi косцi, калi гульня мастацкая i той, хто гуляе са мною, седзячы насупраць, разумее сэнс гульнi. Насупраць – гэта не значыць супраць у мастацкай гульнi, як у спартыўнай i азартнай, дзе гульня спачатку ператвараецца ў спрэчку, а потым у сварку, бывае, нават i ў бойку, бо пачуццё азарту разбурае правiлы, скасоўвае дамоўленасць.

Зайздрасць

Убачыў дагледжаныя рукi студэнта, параўнаў са сваiмi, перапэцканымi ў фарбу, i пазайздросцiў.

ЗДЗІЎЛЯЮЦЬ...

* * *

Здзiўленне – сустрэча з дзiвам.

* * *

Мяне здзiвiлi памеры тэатральнай люстры. Глядзеў на яе з балкона, i мiжволi ўзнiкла пытанне: якая ж патрэбна лесвiца, каб замянiць лямпачкi ў гэтым фантане з бронзы i крышталю, якi, здаецца, вось-вось абрынецца ў партэр? Адказ, надзiва просты, знайшоўся толькi пасля антракту – люстру апускаюць на ланцугу.

* * *

Незнаёмая жанчына здзiвiла мяне надзвычайным знешнiм падабенствам да маёй мацi. Дзiўна, што прырода так жорстка жартуе з магчымасцi адрознiваць адно ад аднаго. Аднаго разу я нават бачыў "самога сябе". Я... Ён... не ведаю, як пiсаць, таму пакiну сказ без дзейнiка... iшоў па другiм баку вулiцы, у супрацьлеглым кiрунку. Я адрознiваўся тым, што заўважыў на той момант, як... назаву яго – iншы... на той момант, як iншы не бачыў мяне.

ПРЫЕМНА...

* * *

Прыемна вярнуцца дадому i павячэраць з мацi, хай гэта будзе шклянка малака з хлебам.

* * *

Прыемна, калi прымаеш без слоў.

* * *

Лета звiнiць тонкiм шклом страказiных крылаў. Ад спёкi ратуюць ветрык i рухомыя ценi соснаў, што зусiм блiзка падышлi да хуткай рэчкi. Іду па вузкай стужцы белага пяску, каля самай вады. Што можа быць прыемней, як перайсцi ўброд крынiчную рэчку ў гарачы лiпеньскi дзень? Заходжу ў ваду. Даходжу да сярэдзiны i спыняюся....

Успомнiлася мая лодачка з сасновай кары. Лодачку я тачыў аб асфальт, пакiдаў на шурпатым панцыры сцежак пiсягi цаглянага колеру. З лодачкай я клаўся спаць. Лодачка ратавала мяне ад розных бедаў у школьным лагеры.

...Хуткая халодная вада бруiцца каля маiх каленяў. Вяртаюся на той бераг, з якога прыйшоў.

КРЫЎДНА...

* * *

Крыўдна робiцца не ў час падману, а ў момант, калi ты даведаўся пра падман.

* * *

Адпачываў з сябрам. Цэлы месяц давялося насiць на руцэ гадзiннiк, бо сябар забыў свой гадзiннiк дома.

Непрыемна ў час адпачынку насiць гадзiннiк. Час i ягоная матэрыяльная абалонка – гадзiннiкi – прыдуманыя чалавецтвам кайданы, якiмi кожны з нас прыкуты да грамадства.

Адпачынак скончыўся. Мы ехалi ў аўтобусе ў аэрапорт. Сябар дастаў з кiшэнi свой "забыты" гадзiннiк, завёў яго i спытаў: "Колькi часу?".

ЖАЛЬ...

* * *

Без пачуцця жалю нельга зрабiць сапраўдны падарунак.

* * *

Мацi захоўвала падушачку для iголак, якую я пашыў яшчэ ў дзiцячым садзе. Аднойчы я ўбачыў падушачку ў руках сваёй дачкi. Ёй так падабалася стракатая падушачка, што забраць яе не адважыўся. Дачка гуляла з падушачкай некалькi дзён, пакуль на вулiцы не згубiла яе.

СУПАКОЙВАЕ...

* * *

Вастрэнне простых алоўкаў мяне супакойвае.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю