Текст книги "Смерць — мужчына"
Автор книги: Адам Глебус
Жанр:
Современная проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 6 страниц)
Сіні пад'езд
– Вось папера. Бяры i пiшы, як i чаму ты забiў чалавека, – загадаў следчы.
– Пiсаць толькi пра забойства цi пра Сiнi пад'езд таксама? – перапытаў Тарас.
– Пiшы пра ўсё. Чым болей – тым лепей.
* * *
Цяпер я – вырадак i забойца.
А раней кнiгi любiў, не часопiсы i газеты, а кнiгi. Спынiўся, упаў, разгарнуў, i цябе няма, i ўсё адно, якi ўздымаюць сцяг. Ты далёка-далёка. Мора, белая лодачка плыве...
Та-ара-ас!!! Гэта мяне. Далей, далей ад свайго iмя, ад клiчу, ад загаду. I можна ўцячы. А як збегчы ад нянавiсцi да самога сябе, ад уласнай баязлiвасцi, ад калецтва?
Вырадак! I лепш пра мяне не скажаш. Баюся, што не пераадолею сваiх вар'яцкiх намераў. Вось з iх i пачалося...
Раптам у мяне з'явiлася неадольнае жаданне схапiць нож i ўдарыць у жаночую шыю крышку вышэй ключыцы.
Яна мыла посуд, а я пiў гарбату. Яна толькi што запарыла свежую гарбату ў парцаляным iмбрычку. Я схапiў цыгарэты i ўбачыў, як у мяне калоцяцца рукi. Закурыў. Жаданне зарэзаць чалавека перавярнулася ў сполах. Забаяўся самога сябе. Спалохаўся.
I не было каму пярэпалах загаварыць. Яе звалi Рыта. Тупое iмя, нiбыта старое рыдлёвачнае дзяржальна. Рры-та-та-та. I ўся тупасць у "та-та-та". А твар у яе быў круглы i чысты, як зiмовая поўня. Пастава – пругкая, зграбная. Сцёгны шыракаватыя, але гэта як каму.
– Ты ж не пакрыўдзiўся, праўда? – Рыта гаварыла да сушылкi, куды састаўляла посуд. – Ты ж адзiны, каму можна ўсё расказаць. За гэта i люблю цябе.
Яна азiрнулася. Вочы ў яе былi, што ў казулi перасоўнага заацырка.
– Ну хочаш, я аддам табе грошы? – Яна выцiрала паружавелыя ад вады рукi.
– Грошы твае.
– Давай тады падзелiм напапалам.
Рыцiна iнфантыльнасць была бязмежная. Яна мяне абяззбройвала, як i ружовасць яе пальцаў. I жаданне ўдарыць мокрым нажом у белую шыю падалося мне смешным...
* * *
Посуд Рыта мыла ранiцай, а напярэдаднi ўвечары я пайшоў у бар.
Пасля сямi я звычайна хадзiў у бар, калi не iшоў у кiно. Канцэрты, тэатры, стадыёны – не маё. Цырк перарос, а шкада. Любiў блазнаў. Уга-гi-га-го... Сам хацеў на арэну ў велiзарных чаравiках выбягаць. Не выйшла. Мая арэна – склад на РВП "Кiнатэхпрам". Замест стракатага камбiнезона ды рудога кудлатага парыка – сiнi халат ды чорны берэт. А пасля сямi – бар.
Рыта сядзела за столiкам пад адчыненым акном, i над яе буйнымi рудымi кудзерамi мiльгалi i пастуквалi абцасы, – бар у сутарэннях.
– Паставiш вiна? – замест прывiтання кiнула яна мне.
– Заўтра, i то з умоваю, што сёння пойдзем да мяне.
– А што, зусiм нi капейкi?
– Так, дробязь. Заўтра атрымаю.
Рыта ўзняла густанаведзеныя бровы i сцяла вусны.
– Зараз знойдзем, – я паспрабаваў прагнаць Рыцiна расчараванне, хацелася, каб яе вусны ўсмiхалiся.
– Добра, сягоння iду да цябе. Толькi ты нiчога не думай i не кажы.
Да нас за стол падсеў Сяржук. Рот да вушэй. Усмешка крыху адцягвала ўвагу ад вялiзнага носа, i ён навучыўся насiць яе амаль заўсёды.
Раней Сяржук хадзiў з Рытаю. Гэта ён прывёў яе ў наш бар. Потым яны пасварылiся, але гэта мала што змянiла, таму мне зрабiлася непрыемна ад насатае ўсмешкi i Рыцiнай радасцi. Трэба было адразу паслаць iх куды падалей.
– Скiнемся? – Сяржук паказаў роўныя, як нежывыя, зубы.
Мы паслухмяна вывернулi кiшэнi. Дробязi назбiралася толькi на сок. Вось тады Сяржук i прапанаваў прадаць Рыту. I я ўзрадаваўся. Сапраўды.
Угаворвалi доўга. Яна пiла сок з лёдам праз саломiнку i ўсё скардзiлася, што баiцца. Мы запэўнiвалi, што нiчога страшнага не здарыцца, калi яна зробiць усё, як мы скажам. Мне абрыдлi ўгаворваннi, а Сяржук зазлаваў i папярэдзiў: калi яна зараз адмовiцца, дык вылецiць з бара праз акно i больш сюды не зойдзе.
Мне ўявiлася, як напаўаголеная Рыта заходзiць у бар, як усе прысутныя паварочваюць галовы i вымаўляюць доўгае "о".
Рыта згадзiлася.
– Чорт з вамi, жабракi, – яна пусцiла бурбалкi ў шклянцы з сокам.
Знайсцi пакупнiка – справа, як адразу ж i высветлiлася, няпростая. Бар маленькi. Усе ўсiх ведаюць. Не прадаваць жа знаёмым, дый якiя там грошы?
Мы ўжо ледзь не расчаравалiся ў Сержуковай прапанове, калi заўважылi каля стойкi камандзiровачнага. Такiх здалёк пазнаеш па зашуганай паставе, адразу вiдаць чужанiцу. Горад, калi не свой, адразу накладзе на твар пячатку страху, нiдзе не дзенешся. Ён узяў дарагi кактэйль з маслiнаю i сеў у самы светлы куток, блiжэй да дзвярэй. Такiм больш пасуе куфель пiва, а не келiх з гнуткай саломiнкаю.
Сяржук падсеў да госця i пачаў:
– Вам наш горад падабаецца?
– Акуратны, чысты, – камандзiровачны выдаваў, што спакойны.
– Мы любiм парадак. Толькi сумна ў нас, не хапае яшчэ колькi мiльёнаў насельнiцтва, каб стала па-сапраўднаму весела.
– Мне дык не сумна, – запэўнiў госць, нiбыта ён сарамлiвая i разважлiвая жанчына, а не васьмiдзесяцiкiлаграмовы мужык.
– Аднаму заўсёды сумна, – гнуў сваё Сяржук.
– Ты ж не адзiн.
– У тым i справа, – Сяржук правёў даланёю па твары, нiбыта страшэнна стамiўся. – Я на працы.
Я паклаў руку на Рыцiна калена, яна накрыла маю руку сваёй. Захацелася звалiць. I трэба было сысцi, забраць Рыту i сысцi да мяне цi проста куды-небудзь.
– А што за работа ўвечары, дый яшчэ ў бары? Можа, ты пры выкананнi? – госць заўсмiхаўся, пэўна, уразумеў, куды заварочваецца размова.
– Дапамагаю самотным, – намёк на праваахоўныя органы Сяржук пакiнуў без увагi.
– Атрымлiваецца?
– Давай пойдзем, – зашаптала Рыта мне на вуха.
– Пасядзiм, – я зняў руку з яе калена.
– Звычайна абломлiваецца, – запэўнiў Сяржук камандзiровачнага.
– А што трэба, каб абламалася? – той адсунуў келiх з костачкай ад маслiны на край стала.
– Жаданне мець жанчыну.
– Жаданне ёсць.
Тут бармен запусцiў рок-н-рол, i я толькi ўбачыў, як Сяржук гаворыць, як камандзiровачны хiтае галавой i завязвае на вузел саломiнку.
Па дарозе да нашага стала госць узяў кактэйль, але калi сеў, дык паставiў келiх перад Рытаю. А яна замест "дзякуй" выдала "ну-ну". Мне падалося, што праз халоднае "ну-ну" ўсё i ляснецца, але я памылiўся.
– Знаёмцеся, наш госць... – пачаў быў Сяржук.
– Не трэба фарматворчасцi, – госць махнуў рукой, нiбыта адганяў камара. – Нiколi не думаў, што ў вас усё так лёгка вырашаецца.
– А ў вас iнакш? – пацiкавiўся я.
– Цяжэй. Можна знайсцi жанчыну, але горад невялiкi, i плёткi разлятаюцца iмгненна, а ў мяне пасада.
– Спачуваю, – Сяржук пагладзiў пальцам дзюбу свайго носа. – А колькi каштуе ў невялiкiм горадзе палавое задавальненне?
Рыта пачырванела, але ў прыцемку пунсовасць на твары была ледзь заўважная, можна скiнуць на алкаголь. Я паклаў далонь на яе калена.
– Усё залежыць ад часу i месца, – адказаў камандзiровачны.
Мне тады згадаўся школьны падручнiк па грамадазнаўству – месца, час, вярхi, нiзы, могуць, хочуць, працэнты...
– Месца – аднапакаёўка прыбраная i чыстая. Час – дзве гадзiны. Ну, а гэта Лiза.
– Дваццаць пяць, – падсумаваў госць.
– Гэта Лiзе. У сталiцы ўсё значна даражэй.
– Вам па сто пяцьдзесят каньяку.
– Па дзвесце пяцьдзесят, пляшка, – удакладнiў я i зняў далонь з Рыцiнага калена.
Камандзiровачны прынёс ад бармена каньяк у шкляной колбе.
– Мы тут пачакаем, – Сяржук пстрыкнуў па колбе, – за каньяком.
Задаволены госць i сумная Рыта, а цяпер Лiза, пайшлi.
Сяржук узяў каньяк, падышоў да бармена i папрасiў схаваць. Колба знiкла за стойкаю.
* * *
Праз кухню i склад мы з Сержуком трапiлi ў цёмны, застаўлены прыватнымi машынамi двор. Шпаркай хадою выйшлi на праспект, прабеглi праз сквер, паўз фантан, мiнулi тэатр i нарэшце апынулiся каля шэрага будынка з вялiкай вазаю на франтоне. У iм быў толькi адзiн пад'езд з найменнем Сiнi. Назоў Сiнi пад'езд атрымаў толькi за тое, што дзверы на гарышча былi пафарбаваны ў брудна-блакiтны колер. Праз гарышча можна патрапiць у суседнi дом, так што ў Сiнiм ажно тры выхады i адпаведна ўваходы. Галоўны, цi асноўны, уваход – металёвыя дзверы з грувасткiм парталам на вулiцы Карла Маркса (апошнiм часам яе называлi Маркеса); другi, цi чорны, выводзiў у двор; трэцi, той, што праз гарышча, на вулiцу Фрыдрыха Энгельса. Нават па назовах вулiц вiдаць, што дом стаiць у самым цэнтры сталiцы. Адпаведна, фасад абвешаны мемарыяльнымi дошкамi. Ажно два профiлi рэвалюцыянераў, анфас лаўрэата ўсiх магчымых на Беларусi лiтаратурных прэмiй i анфас вядомага этнографа i даследчыка старажытных культур Блiзкага Усходу. На адзiн будынак дык i занадта, здаецца.
Пэўна ж, некалi ў прасторным пад'ездзе i кiлiмы ляжалi, а цяпер трэба пад ногi глядзець.
Сяржук згасiў святло. Мы схавалiся ў нiшу, дзе па задуме архiтэктара павiнна была б стаяць скульптура, якая-небудзь напаўаголеная Венера з падносам для вiзiтовак у мармуровых руках.
Рызыка сутыкнуцца з выпадковым чалавекам у Сiнiм пад'ездзе была мiнiмальная, бо жыльцы такiя паважаныя i старыя, што нават сваiх хвастатых сяброў выгульваюць удзень.
– Мала мы ўзялi з камандзiровачнага. Што гэта за грошы, пляшка каньяку? – зашаптаў я.
– Яшчэ возьмем, – атрымаў у адказ.
– Ты пачнеш, – сказаў я.
– Пачну. Толькi курыць страшэнна захацелася.
– Патрываем. Колькi тут засталося?!
* * *
Спружына на ўваходных дзвярах войкнула – кай-й-йн, кай-й-йн.
– Як цёмна! – Рыцiн баязлiвы голас запоўнiў цемру.
– Зараз знайду запалкi, – спакойна сказаў камандзiровачны.
– Не трэба псаваць сярнiчку, – Сяржук ужо стаяў за спiнаю ў госця i загароджваў выхад.
– Што тут адбываецца? – разгубiўся той. Я ўклiнiўся памiж Рытаю i разгубленым госцем.
– Ты што да дзяўчыны лезеш? Яна ж не хоча гэтага, – з Сержука паперла агрэсiя, так прэ паветра з прабiтай шыны.
– Як гэта не хоча? Лiза? – рэха ўзняло ўгару дзявочае iмя.
А яна схавалася ў нiшу, як дамаўлялiся.
– Згвалцiць хацеў? Га? – Сяржук хапае камандзiровачнага за руку вышэй локця.
– Я пазнаў вас, вы з бара, – з госця рвалася недарэчная радасць.
– Не крычы! – сыкнуў я на ўзрадаванага госця i ўчапiўся абедзвюма рукамi ў ягоны пiнжак.
– Я пазнаў вас, – паўтарыў ён, але без радасцi.
А я пацягнуў пiнжак на сябе i адчуў, як гаспадар напружыўся, зрабiўся цяжкi, чыгунны, нязрушны.
– Не крычы. Слухай. Уважлiва слухай. Ты пазнаёмiўся з ёй на вулiцы. А да гэтага ты выпiў у бары i таму табе захацелася пазнаёмiцца з дзяўчынаю. Ты прапанаваў ёй прайсцiся. Ты зацягнуў яе ў пад'езд. Напалохаў i прымусiў iсцi ў пад'езд, каб там згвалцiць. Яна закрычала. Мы пачулi...
– Я...
– Ты. Не крычы. Ты – юрлiвы кныр – хацеў згвалцiць дзяўчыну, а мы не далi. Вось i ўся раскладка. Або мы цябе здаём, i ты атрымлiваеш тэрмiн за спробу згвалтавання. Сведкi ёсць. Тры – адзiн. I ўсё на нашу карысць. Або ты плацiш няўстойку i цiха валiш на правiнцыю займацца жончынай мастурбацыяй.
Пасля гэтага маналога я ажно ўспацеў.
– Грошы я дам. Але тут цёмна. Трэба выйсцi на вулiцу.
– А вось на вулiцу не трэба выходзiць, – зашаптаў Сяржук. – Калi i дасi дзяўчыне на рубель больш, яна не пакрыўдзiцца. Лiза, ты ж не пакрыўдзiшся, калi атрымаеш больш?
Адказу не было.
Камандзiровачны дастаў партманет. Сяржук схапiў яго i яхiдна прамовiў:
– Я перадам. У мяне – як у дзяржбанку.
У гэтым гiенавым жарце i была памылка.
Камандзiровачны крутнуўся ўсiм сваiм сытым целам, вырваўся з маiх рук, размахнуўся i ўдарыў Сержука па горле. Той схапiўся за шыю i ўпаў на бок. Я атрымаў локцем у нiз жывата, i мяне зламала напапалам. Рыта ўскрыкнула i вылецела з нiшы. Камандзiровачны сагнуўся, схапiў партманет, пераскочыў цераз Сержука, якi курчыўся на падлозе i нiяк не мог ухапiць паветра. У мяне пазелянела ўваччу, i я ўбачыў сотнi маленькiх iскрынак, што танчылi ў паветры. Рыта ўкленчыла над Сержуком. Камандзiровачны ламануўся ў дзверы.
Войкнула пакрыўджаная спружына.
– Сяргей! – закрычала Рыта.
– Хутка наверх, – я дапамог iм падняцца.
Мы дабеглi да брудна-блакiтных дзвярэй. Праз гарышча выбралiся ў суседнi дом, праз ярка асветлены пад'езд вылецелi на вулiцу. Беглi мы хутка. Я нават забыўся на свой боль у жываце. Спынiлiся толькi каля бара ў цёмным двары, спрэс застаўленым прыватнымi машынамi.
* * *
– Я зараз, – кiнуў Сяржук хрыплым голасам i памкнуўся да дзвярэй з шыльдачкаю: "Чужанiцы ўваход забараняецца".
– Стой, – я схапiў яго за крысо джынсовае курткi.
– Каньяк забяру. Ды пусцi ты. Не заявiць ён. П'яны, разумееш, у чужым горадзе, а мы цвярозыя.
– А Лiза? – кiўнуў я на Рыту.
Сяржук спынiўся i павярнуўся да яе, тая вытрасала каменьчыкi з красовак, не раўнуючы – чапля на адной назе.
– Ён табе не казаў, у якiм гатэлi спынiўся?
– Не казаў. А што? – яна абула красоўкi.
– Трэба морду яму набiць, – Сяржук згарнуў кулакi.
– Раз набiлi, хопiць. Лепш па каньяк iдзi.
Сяржук павярнуўся да мяне i развёў рукамi:
– Ты чуеш? Яна мяне пасылае. Не, ты на яе толькi паглядзi... Дык у якiм гатэлi ён спынiўся?
Я ўклiнiўся памiж Рытаю i Сержуком. Толькi гэтага яшчэ не хапала, сямейнае сцэны каля бара.
– Спакойна, Сяржук. У бар пойдзе яна. А жывот мне балiць не менш за тваё горла. Зараз палякуемся.
– Сапраўды, я зганяю па каньяк. Усё ж нармальна скончылася.
– Ідзi. Горла балiць...
Рыта прынесла каньяк у бутэльцы з-пад мiнералкi, колбу бармен пашкадаваў.
* * *
Рыцiна iнфантыльнасць была бязмежная. Яна мяне абяззбройвала, як i прахалодная ружовасць яе вiльготных рук. I жаданне ўдарыць мокрым нажом у белую шыю падалося мне смешным, але толькi на адно iмгненне.
– Толькi ты не кажы Сержуку, што я была з камандзiровачным у гатэлi...
Яна гаварыла, гаварыла, гаварыла...
Я ўзяў са стала чысты нож i ўдарыў яе.
* * *
А цяпер можаце забiць, мне ўсё роўна.
Маркоўны агонь
1.
У Ракiцкага рудыя, бы гнiлы яблык, валасы, маленькiя балоцiстыя вочы, а ў душы гарыць маркоўны агонь. Таму ён увесь наскрозь свецiцца, i нават, калi апранае чырвоны спартовы строй, усё роўна можна ўбачыць трапяткое полымя, што апанавала душу.
Яго iмя – Расцiслаў. Нiякай вытанчанасцi нi ў iменi, нi ў прозвiшчы няма. Расцiслаў Ракiцкi. Хiба што ў суфiксе ёсць дробнае калiва каталiцкай шляхетнасцi. Тым больш няма дасцiпнасцi ў мянушцы Морква. Але ж за мянушкаю хаваецца яркi, як i любое здарэнне ў дзяцiнстве, факт.
Выдатнiк чацвёртага класа Пружанскай школы-iнтэрната для дзяцей-сiрот выгадаваў на прышкольным гародзе самую вялiкую моркву ў СССР ураджаю 1961 года. Яна заважыла ажно 3 кiлаграмы 607 грамаў. Моркву вазiлi на Усесаюзную выставу дасягненняў народнай гаспадаркi ў Маскву.
Толькi спачатку было свята ўраджаю ў Пружанах. Расцiслаў, тады яшчэ Слава, пашыў сабе строй морквы: памяранчыкавы балахон i зялёную шапачку. На свяце ён iшоў па цэнтральнай пружанскай вулiцы паперадзе калоны вучняў, што неслi транспаранты з лозунгамi: "Кожны год – ураджай большы!", "Кукуруза – гэта сала, кукуруза – гэта мяса, кукуруза – гэта малако", "Камунiзм пераможа па ўсёй зямлi!", "Добры вучань – добры памочнiк па гаспадарцы!"... Той, хто не меў транспаранта, нёс кашы ды скрынi з гароднiнаю цi садавiнаю, а таксама снапы жыта. Слава нёс моркву на выцягнутых руках. Папярэдне ён яе так вышараваў i вымыў, што морква зiхацела, як пластыкавая лялька. Па свяце хлопчык хацеў забраць з дырэктарскага кабiнета сваю ляльку i падарыць мацi, каб тая стушыла яе, але дырэктар паведамiў з самым сур'ёзным выглядам, што моркву давядзецца везцi на выставу ў Маскву i ён ганарыцца за Славу.
У саюзнай сталiцы выдатнiк тры днi прасядзеў у гатэлi "Мiнск". Моркву забралi ў першы дзень. У гатэль наведаўся кiрпаты, цалкам лысы дзядзька, якi праз кожную хвiлiну выцiраў свой сыты спатнелы твар пакамечанай хустачкаю. Ён ухвалiў моркву, пацiснуў руку настаўнiку фiзкультуры, якi суправаджаў Славу, i забраў экспанат, так ён перахрысцiў морквiну. Другi i трэцi дзень вучань з настаўнiкам прачакалi немаведама чаго ў гатэльным пакойчыку, перанаселеным прусакамi.
На памяць пра тое падарожжа ў Ракiцкага засталася мянушка Морква i ў дадатак яшчэ i грамата ўдзельнiка Выставы дасягненняў народнай гаспадаркi СССР. На чырвона-залатой грамаце стаяла шмат подпiсаў i ажно тры круглыя пячаткi з гербамi. Адна пячатка крыху размазалася, i гэта засмуцiла акурацiста i выдатнiка, якi пiсаў без выпраўленняў i памарак.
А настаўнiк фiзкультуры па сакрэту ўсiм Пружанам распавядаў, што вялiзную моркву прымаў не хто iншы, як сам Мiкiта Сяргеевiч Хрушчоў. Нiхто ў Пружанах не мог аспрэчыць аповед настаўнiка, бо Слава з маленькiм чамаданам i вялiкiмi надзеямi з'ехаў вучыцца ў Мiнскую рэспублiканскую школу-iнтэрнат для адораных дзяцей па музыцы i выяўленчым мастацтве.
Калi ўзнiкненне мянушкi Морква акрэслена дакладна, дык час з'яўлення агню ў Слававай душы невядомы. Пэўна, ён гарэў ад самага нараджэння i нават у самыя лютыя маразы праяўляўся густым рабацiннем на блакiтна-шархатай скуры.
2.
Пазнаёмiўся я з Ракiцкiм у iнстытуце, на факультатыўным семiнары па гiсторыi архiтэктурнай кампазiцыi.
Прыходжу на семiнар, а ён сядзiць за выкладчыцкiм сталом i забаўляецца з навостраным алоўкам: пастуквае па сшытку не то тупым канцом, не то завостраным.
Выкладчык, Алег Уладзiслававiч Хадыка, iнтэлiгент i фiлосаф, сказаў, што заняткi правядзе Расцiслаў Васiльевiч Ракiцкi, супрацоўнiк рэстаўрацыйных майстэрняў.
Мы пачалi разбiраць кампазiцыю карцiны iтальянскага маньерыста Перуджына "Ператварэнне Саўла ў Паўла", зробленую паводле бiблейскага сюжэта: Бог скiнуў з каня воiна Саўла, i той ператварыўся ў казаннiка апостала Паўла. Незаўважна з бiблейскiх цытатаў мы саслiзнулi на лiрыку. Маньерызм вельмi коўзкi – усё цячэ, усё мяняецца, саслiзгвае, скажаецца, выпадае з рук. Разбiраць кампазiцыi маньерыстаў ледзь не тое самае, што збiраць паасобку на паперку ртутныя шарыкi, выпушчаныя з градуснiка. Мы канчаткова заблыталiся ў пiшучай павуце недакладных цытатаў. Вось тады Ракiцкi i пажартаваў, прачытаў трохрадкоўе:
Няўжо вы, пташкi,
Зведалi адзiноту
Па-над зямлёю?!
Ён запэўнiў, што гэта верш японскага паэта Мацуа Басё. XVII стагоддзе, удакладнiў Расцiслаў Васiльевiч. Мы паверылi, XVII стагоддзе – гучыць вельмi пераканаўча i свежа, асаблiва ў iмперыi, дзе на працягу дзесяцiгоддзяў навязваўся расейскi культ XIX стагоддзя з ягонымi фiласофiямi, лiтаратурай i мастацтвам... Але вернемся на семiнар. Калi Пiранезi ды Пiзанела мы ўжо адрознiвалi, дык уся японская класiка вершаскладання ад Басё да Іса выглядала аднолькава: што Ранран, што Бусон. I ўсё ж, нягледзячы на гэткi адукацыйны прагал, мы з гонарам выйшлi з крывых лабiрынтаў маньерызму i адкрылi для сябе выгнутае люстэрка iх рафiнаваных кампазiцый.
А тое, што Расцiслаў Васiльевiч пажартаваў, высветлiлася толькi праз год.
Мой аднакурснiк, меланхалiчны Хведар Лось, якi таксама меў гонар наведваць факультатыў, зрабiў шрыфтавы плакат, дзе напiсаў працытаванае трохрадкоўе. Я да таго часу паспеў даведацца, што Басё стварыў – i сапраўды ў XVII стагоддзi – школу хайку, але каму належаў верш, прачытаны Ракiцкiм, заставалася таямнiцаю. Ажно пакуль сам Расцiслаў Васiльевiч, стоячы каля Хведаравага плаката, не сказаў, што трохрадкоўе пра пташак уласна ягонае.
Ракiцкаму не адмовiш у пачуццi гумару, калi яно ёсць, дык ёсць, нават такое гiпертрафаванае – жарт доўжыцца год. Зрэшты, у яго ўсё не зусiм нармалёвае.
"Нармальная ненармальнасць", – казаў Морква пра iншых, а пра сябе разважаў: "Ну скажыце, цi ёсць больш абсурдны занятак за прафесiю рэстаўратара? Зноў донкiхоцтва, зноў беспаспяховае змаганне з ветракамi. Штодзённае пераконванне сябе i ўсiх, што i пасля смерцi будзе доўжыцца тваё жыццё, толькi ўжо ў рэчах, у адрапараванай матэрыi. I адпаведна працягласць жыцця будзе залежаць ад майстэрства рапарацыi. О, гэтая вечная эксгумацыя ды латанне дзiрак. Фастрыгаванне жывога з нежывым, мiнулага з сучасным. Казка пра жывую i мёртвую ваду, перанесеная ў рэальнасць. Культ шва. Вось што такое рэстаўрацыя. I цi не смешнае ўсё гэта сiзiфава намаганне? Цi нармальнае яно?"
Але Ракiцкi не толькi любiць свой малапачэсны, хай i модны сягоння ды патрэбны ўчора, занятак рэстаўратара, ён аддадзены яму цалкам, да апошняга свайго масянжовага воласа. У марыве заўсёды гарыць усёпаглынальны агонь рэвалюцыi – нас чакаюць вялiкiя справы. I разам з тым творчы напал Расцiслава Васiльевiча заўсёды змяшчаецца ў непахiсную раму канфармiзму. Верш Басё, нават фальшывы, для Ракiцкага можа быць пазначаны толькi XVII стагоддзем.
3.
У Расцiслава ёсць патаемная мара – пабудаваць уласны дом. I дзе ён нi бывае, у якi далёкi цi блiзкi свет нi выбiраецца, заўсёды ўважлiва агледзiць краявiд i пачынае разважаць. "Вось тут, – вялiкая далонь па-iмператарску акрэслiвае месца, – мог бы стаяць мой дом. Вялiкi, з прасторнымi пакоямi, двухпавярховы, пад спiчастым дахам, крытым чырвонаю дахоўкаю. На другiм паверсе – майстэрня, абавязкова на тры акны, не менш. Чырвоная дахоўка i зелянiна саду – класiка. Тут можна пасадзiць сад. Я люблю грушы. А там, за домам, дзе болей сонца, – гарод..." Вечнае бадзянне па iнтэрнатах, казармах, гатэлях дае ўрадлiвую глебу пад архiтэктурныя фантазii. А калi забегчы наперад, то трэба сказаць, што Ракiцкi i зараз жыве ў невялiчкiм пакойчыку ў iнтэрнаце, што належыць Мiнiстэрству культуры.
Верагодна, што там, дзе-небудзь у стале цi шафе, i хаваецца дзённiк, якi я аднойчы пачытаў без дазволу. Але ж з дазволу дзённiкi чытаюць толькi пасля смерцi, i гэта сумна. Я ж апраўдваў свой учынак прагаю помсты. Толькi, мiж намi, якое гэта апраўданне, так – самападман.
Напярэдаднi Ракiцкi забiў цвiк у маё палатно. Мастакi адразу зразумеюць, што гэта такое. Я напiсаў вялiзную, тры на тры метры, копiю з фрэскi "Жабрак i дзяўчына з сабакам". Мы ладзiлi справаздачную выставу, i копiю трэба было павесiць. Сцены ў саборы, дзе мы працавалi, былi няроўныя, i адзiн рог палатна недарэчна завiсаў у паветры. Ракiцкi працяў палатно i падрамнiк даўжэзным цвiком i ўсё ж прыцягнуў копiю да сцяны. "Дзеля вялiкага i агульнага трэба ахвяраваць дробным i нязначным", – так вытлумачыў Расцiслаў свой учынак. "Усё можна зразумець, але не ўсё можна дараваць", – я зацяўся. Ягонае вялiкае не супала з маiм. А тут якраз сшытак на засланым па-салдацку ложку.
"Прыехалi iнстытуцкiя выкладчыкi. Нават у Мсцiславе, за 300 кiламетраў ад сваiх кватэр i пасад, яны адчуваюць сябе гаспадарамi свету. Сыплюць парадамi, пажаданнямi i адзнакамi, нiбыта шпурляюць манеты жабракам на цвiнтары. (А мне за копiю "Жабрак i дзяўчына з сабакам" паставiлi выдатна. Гэта мiж iншым, цi, як казаў купалаўскi Мiкiта Зносак, "меджду протчым".) Няўжо яны нiколi не зразумеюць, што можна працаваць i не дзеля адзнак, пасад, кватэр?.."
Далей iшла персанiфiкацыя i больш жорсткая крытыка, называлiся прозвiшчы Анiкейчыка, Вашчанкi, Роя, Стальмашонка. Цытавалiся рэплiкi: "Анёл у натуральную велiчыню", "Фiгурii ў паўтары натурii", "Левая кiстня рукi анёла"...
Я спынiў чытанне, было крыўдна за сябе i за Расцiслава, бо я спадзяваўся знайсцi ў дзённiку тэалагiчныя развагi, а не крытычныя побытавыя нататкi пра кватэры i шматлiкiя апiсаннi мясцiн, дзе мог бы стаяць уласны дом пана Ракiцкага. Я тады яшчэ быў перакананы, што, каб рэстаўраваць сабор, трэба быць не толькi мастаком, але i вернiкам. Я памылiўся, бо не разумеў, што мастацтва i рэлiгiя розныя рэчы. Яны могуць судатыкацца, але там, дзе пачынаецца рэлiгiя, канчаецца мастацтва i наадварот. Гэта, як дом i сабор. I па-вялiкаму – дома не варта малiцца.
4.
Рабiць крытычныя заўвагi для Расцiслава рэч натуральная. Вось вам i прыклад...
Бяру дубец i пачынаю секчы крапiву, што разраслася каля саборнай сцяны. Мне дык у радасць тугi поўны свiст дубца; падабаецца, як падаюць нiц сiнявата-шарыя вершалiны крапiўных стамбуроў i разлятаюцца ў бакi кавалкi шурпатых зубчастых лiстоў.
Звычайна па такой вось касьбе i кажуць – адвёў душу.
Махаю дубцом, а з-за рага з'яўляецца Ракiцкi ў чырвоным спартовым строi. Ён уздымае ўгору указальны палец i махае iм: "Нельга так распускацца, трэба трымаць сябе ў руках".
Настаўнiцкi тон заўвагi, палец, узняты над маiм дзеяннем, i не скажаш – адвёў душу.
"Калi так хочаш, вазьмi касу ў вартаўнiка i павыкошвай траву".
I без Ракiцкага ясна, што касою цi сярпом зручней выкошваць траву-крапiву, але тады не будзе спантаннасцi i душу не адвядзеш.
5.
Свой педагагiчны ўказальны палец Расцiслаў аднойчы зламаў. I зрабiў гэта недарэчна, маю на ўвазе, што патрэбы ламаць яго не было анiякай. Бывае ж i такое, што не да пальцаў – дзяцей баронiш, за жанчыну ўступiўся цi Радзiму ахоўваеш, зрэшты. А тут... Ішоў, за купiну зачапiўся, раўнавагу згубiў, на руку ўпаў, нават i не пакацiўся, а ўжо выпрастаўся i адчуў, што палец балiць.
У лякарнi на апухлы i пасiнелы палец наклалi бялюткi гiпс. Але i дня не прайшло, як той гiпс, што кавалак лёду, бялеў на сметнiку за саборам.
"Адчуў, што мне няправiльна паклалi гiпс. I вось бачыш, зрабiў дзве дошчачкi, зацiснуў памiж iмi палец, i цяпер у гэтай жорсткай няхiсткай канструкцыi ён зрасцецца роўна, а не крыва. Мне патрэбны палец роўны, а не крывы".
Лекар страшэнна абурыўся, калi пабачыў дошчачкi, i нават палохаў, што не выдасць даведкi. Тады Расцiслаў паабяцаў, што зробiць у лякарню iнфармацыйны стэнд бясплатна. Стэнд рабiў я, бо скажыце, як можна намаляваць дый наогул нешта тонкае рабiць, калi ў цябе зламаны ўказальны палец на правай руцэ? Але ж я бачыў, як Ракiцкi пiсаў свой дзённiк левай рукою, – надзiва хутка i роўна, ну проста Леанарда да Вiнчы з тэлевiзiйнага серыяла.
Палец зросся роўна i хутка.
I цяпер Расцiслаў зноў можа размахваць указальным пальцам – "ну-ну-ну", калi якi-небудзь небарака захоча адвесцi душу.
6.
Праца ў рэстаўрацыйных майстэрнях скончылася для мяне даволi сумна – выгналi. А зрабiў гэта Расцiслаў Васiльевiч Ракiцкi.
Наш канфлiкт пачаўся на семiнары па гiсторыi архiтэктурнай кампазiцыi. Працавалi мы над тэмаю Страшнага суда. Семiнарысты лёгка пагадзiлiся, што мускулiстыя роспiсы Мiкеланджэла вельмi далёкiя ад iдэалу. I што слушная заява Эль Грэка, якi прапаноўваў ссекчы мiкеланджэлаўскiя фрэскi i распiсаць наноў сабор святога Пятра i святога Паўла, што ў Рыме. Але далей праца спынiлася, бо i Эль Грэка самае страшнае, што прыдумаў, дык партрэт вялiкага iнквiзiтара ў палымянай пурпуровай мантыi, круглых ленанаўскiх, як сказаў бы бiтламан, акулярах "ровар" ды з сiвой казлiнай бародкаю iспаньёлкай. Праўда, Iспанiя, што дала прытулак Эль Грэка i стала ягонай духоўнай Радзiмай, значна блiжэй да Страшнага суда, чымсьцi Італiя. Ёсць беларускiя бульба ды абыякавасць, ёсць расейскiя маразы ды п'янства, нямецкiя пунктуальнасць з салдафонствам, iтальянскiя неба i нястрыманасць, а ёсць iспанская iнквiзiцыя i яе сiмвал – iспанскi бот. Па-сапраўднаму жахлiвы твор чалавечых рук. Толькi экзальтаванага майстра Эль Грэка мала палохала iнквiзiцыя, ён колькi разоў нават судзiўся з царквою за грошы. I, думаю, мастак не меў непасрэднага дачынення да вынаходнiкаў i рамеснiкаў катавання i, адпаведна, жахаў. Ад выставы катавальнага рыштунку, якiм iнквiзiцыя змагалася з вядзьмарствам, у мяне схаладзела сэрца, калi стаяў у сутарэннях Казанскага сабора, што ў Ленiнградзе... Ну а як не меў Эль Грэка да гэтага нават дачынення, дык якi Страшны суд, выбачайце?!
I тут я ўбачыў наступны ход, так мне здавалася. Прапанаваў разглядаць паводзiны лiтоўскага студэнта, якi спалiў сябе на пляцы ў знак пратэсту супраць акупацыi Лiтвы i каланiяльнай палiтыкi СССР. Што самаспальванне жахлiвая рэч – гэта адно, а што ў СССР на той час, у 1979 годзе, нават размовы пра нацыянальна-вызваленчы рух было страшна весцi, гэтага таксама не адкiнеш, бо на варце стаялi камiтэты, пракуратуры i нават лекары-псiхiятры.
Але мы пачалi разбiраць, праўда, чыста кампазiцыйна, паводзiны лiтоўца i адкiнулi як мага далей тагачасную палiтычную сiтуацыю ў iмперыi.
На пляцы, калi хлопец аблiваў сябе бензiнам i падпальваў, вакол стаялi замкнёным колам i трымалiся пад рукi ягоныя аднадумцы. I яны нiкога не падпусцiлi да ахвяры. Лiтовец згарэў. У Коўна, дзе ўсё гэта адбывалася, два днi працягвалiся народныя хваляваннi, цi рэвалюцыйныя падзеi, гэта ўжо каму як падабаецца. Пазней па Лiтве пракацiлася хваля рэпрэсiй, студэнтаў, што бралi ўдзел у ковенскiх падзеях, павыключалi з навучальных устаноў. Праз год-два большасць аднавiлi. Але кампазiцыйна iншае больш iстотна за рэпрэсii i рэабiлiтацыi – гэта жывы ахоўны ланцуг вакол героя, яго прысутнасць азначае, што акцыя падрыхтавана. Ахвяра ведала свой лёс i свядома iшла на такi страшны жэст.
Вось дагэтуль мае погляды супадалi з меркаваннямi Ракiцкага, а далей кардынальна разыходзiлiся.
Расцiслаў сцвярджаў, што напачатку была створана арганiзацыя, сябры якой дамовiлiся пра неабходнасць правядзення самаспальвання. Усе сябры той тэрарыстычнай у пэўнай ступенi арганiзацыi пагадзiлiся з тым, што любы з iх згодны быць ахвярай i адпаведна, як кампенсацыя за пакуты, нацыянальным героем. Займеўшы згоду кожнага, усе пацягнулi жэрабя. Той студэнт, што самаспалiўся, выцягнуў адзiную пазначаную паперку.
Яшчэ Ракiцкi настойваў на тым, што ў арганiзацыi павiнна была быць пэўная дамоўленасць на выпадак, калi абраннiк адмовiцца выканаць абумоўленыя абавязкi. На думку Расцiслава, тады абраннiка павiнны былi забiць. Такiм чынам шлях назад адсякаўся, кола замыкалася, наперадзе ў маладога лiтоўца была толькi смерць, у адным выпадку геройская, у другiм – сабачая: кананне баязлiўца i здраднiка.
Паводле Ракiцкага аснову кампазiцыi складала кола, арганiзацыя, жывы замкнёны ланцуг людзей, што ўзялiся пад локцi, i любы з гэтага ланцуга мог патрапiць у вогненны цэнтр круга.
Цяпер, калi на паверхню выйшлi лiтоўскiя дзяржаўныя структуры i маладыя хлопцы прысягаюць у сваёй адданасцi Лiтве ды ўступаюць у нацыянальнае войска, цяжка не пагадзiцца з версiяй Расцiслава Васiльевiча. А тады я кiнуўся ў спрэчку пад штандарам бунтарскага анархаiндывiдуалiзму. Я адмаўляў наяўнасць тэрарыстычнай арганiзацыi. Мне бачыўся ў лiтоўскiм студэнце самотны анархiст, якi сам асудзiў сябе на вогнiшча i пакуты. На маё разуменне, ахоўнае кола ўтварылася па асабiстай просьбе студэнта. Напэўна, на маю трактоўку кампазiцыi, звядзенне яе да цэнтра, пупа, кропкi, паўплываў эгаiзм i маладосць, канечне. Я бiў на тое, што хлопец быў мастаком, а не рабочым цi вайскоўцам, што, па чутках, ён жыў у чорным пакоi з вокнамi, забiтымi дошкамi крыж-накрыж, i што самазабойства ў даным выпадку – акт творчасцi, а не тэрарыстычная акцыя. Галоўнае, на чым я настойваў, – чалавек мае права асудзiць на смерць толькi самога сябе, а забойства – з'ява амаральная ў любых праявах, незалежна ад абставiн i матывацый. Я памылкова праводзiў чырвоную рысу памiж забойствам i самазабойствам. I мой рамантызм быў, у рэшце рэшт, разбiты жорсткай логiкаю семiнарыстаў.
Я прайграў, але не здаўся.
Мне давялося адкiнуць кволага анархiста i ўхапiцца за жэрабя, за лёс i наканаванасць.
Семiнар лёгка абмiнуў мае амбiцыi i займаўся iншымi тэмамi, больш архiтэктурнымi i менш палiтычнымi, а мне не даваў спаць Страшны суд.