Текст книги "Ніжнія Байдуны"
Автор книги: Янка Брыль
Жанры:
Современная проза
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 7 (всего у книги 7 страниц)
МУЖЧЫНСКАЯ ГАВОРКА
Хросны сядзіць на кароткім зэдліку, і ногі яго, абутыя ў самаробныя валёнкі, ледзь дастаюць да падлогі. Ён абвесіўся полкай: яго стрыжэ Цімох Ярмоліч.
– З лета самога збіраўсё, Цімоша, і, дзякуй богу, прыйшоў, – смяяўся хросны, калі садзіўся на зэдлік.
– Каб у мяне было адно столькі клопату, што цябе абіндзёжыць, дык я даўно зайшоў бы, – спакойна апраўдваўся Цімох, які і ўвосень яшчэ прападае то ў лузе, то ў лесе, то над ракою. Балазе падняўся яго старэйшы хлопец, ёсць каму рабіць у полі. – Затое я цябе цяпер ачалавечу, хоць яшчэ раз жаніся.
Калі б той зэдлік можна было, як у цырульні, падкруціць угару, Цімоху было б значна зручней, бо так ён стаіць над хросным крукам.
У хаце яшчэ толькі цётка Агата і я. Цётка недамагае штосьці і таму ляжыць на печы, а я сяджу на лаве, гляджу і слухаю.
Гнучыся над хросным, Цімох то засяроджана наводзіць «польку», то штосьці сам сабе ўсміхаецца. Магчыма, што і ўспамінае…
Не, гэта сам я ўспомніў тую «радаслоўную», якую ён, Цімох, нядаўна прыдумаў. Пачуўшы ад свае Волечкі ці, можа, нарэшце, і прачытаўшы ў самым пачатку «Евангелля», як гэта «Авраам родил Исаака; Исаак родил Иакова; Иаков родил Иуду и братьев его», ён перанёс тое ў Ніжнія Байдуны, пачаўшы з хроснага:
– Рафалак радзіў Ляпножку; Ляпножка радзіў Пучка; Пучок радзіў Мітрошку, а ўжо Мітрошка – Вінцучка.
Ляпножка – гэта той маленькі і адзінокі ўдавец, у сцюдзёнай хатцы якога мы танцавалі сваё «кукурыку»; мянушка пайшла ад таго, што ён, ідучы, смешна згінаў у калене правую нагу і ляпаў лапцем зверху, нібы знарок. Пучок – наш каваль і найлепшы нырэц. Мітрошка – Важнае ліцо. А Вінцучок – той самы, што ў Арэсевай хаце перавярнуў на печы «сані». Усе яны нярослыя, а Рафалак найменшы, – таму з яго і пачынаецца.
Мне за хроснага не крыўдна, а таксама смешна. Смяяцца за вочы бывае і не брыдка, хоць і не хочацца, каб ён пра гэта ведаў. Як тады ў нас з Качкавым Валодзем было, калі мы ўкралі ў хроснага галубку і хіхікалі, прабіраючыся агародамі дахаты, што вечна злосная цётка Агата возьме яго ў дзяругу за плечы і кінецца нас даганяць. Смех, можа, і дурны, але – што ж ты зробіш? – вясёлы.
Нават і цяпер, калі мне ўжо не дзевяць, а шаснаццаць.
Хросны і сам не крыўдзіцца на Цімоха, не думае выгаворваць яму. І, відаць, не таму толькі, што і сам любіць смешнае, але і ў нейкай сувязі з жаданнем лічыцца сапраўдным, паўнацэнным мужчынам. Ён быў не толькі смяшлівы, але і слязлівы, мог заплакаць ад песні, ад чужое крыўды, а пра такія натуры ў вёсцы гавораць: «як баба». Мала што ты калека, дык яшчэ і «баба»… Радзіў? А што ж, калі не «Ісаака ды Іакава», дык Мікалая, Сяргея і Жэніка. Старэйшыя недзе ў школе, Мікалай у мястэчка ўжо ходзіць, Сяргей у сваю, а Жэнік пабег на вуліцу. Хлопцы яшчэ малыя, таму што хросны ажаніўся позна, а потым дзеці паміралі адно за адным, таксама трое, пакуль не нарадзіўся Мікалай.
Сцвярджаючы сваю мужчынскасць, хросны любіць пагаварыць з Цімохам і пра тое, пра што ўжо ён цяпер гаворыць пры мне не вельмі асцерагаючыся.
Гутарка ў іх, у цырульніка і кліента, ідзе даўно, я бяру яе тут з сярэдзіны:
– Як я быў, Цімоша, малады… Ды каб жа людскае што, а то ж калека няшчасны, а вып'еш тыя разы з хлоцамі, дык не толькі, здаецца, што, а сцяну цалаваў бы!..
– А чаго ж, – гудзе Цімох, даволі спрытна і нягучна ляскаючы нажніцамі. – Вось і нацалаваў. Хлопцы здаровыя, як бурвэлкі, як самому сабе робленыя. Вам бы яшчэ…
– Брахунэ вы! Што толькі сліна вярзе… – перабівае з печы цётка Агата, амаль заўсёды нечым нездаволеная.
Але Цімох як быццам і не чуе, гаворыць далей:
– …дачок са тры ці з чатэры. Пагаварыў бы ты з Братам Арсеніям. Ты яму – як гэта хлопцаў, а ён – як дзявок. Па-суседску…
– Дочкі, – гаворыць, нібы ў роздуме, хросны. – Яны ў Арсеня беленькія, далікатненькія, як маца.
– У яго як маца, а ў цябе будуць як халы. Ён свяцейшы, а ты каранасцейшы.
Цётчына «брахунэ вы!» не было, відаць, вельмі злосным, а толькі так, па прывычцы быць нездаволенай, бо вось і яна далучаецца:
– Старыя мы ўжо, Цімох, на дочкі. Куды там. Дай Бог сыноў пагадаваць.
Цімох зноў лезе ў тое, чаго наслухаўся ад свае Волечкі, толькі ўжо не ў «Новы запавет», а яшчэ далей – у «Стары».
– А як жа Сорка ў таго Аўраама? – пытаецца ён. – Старая баба была, дзевяноста гадоў. Дый «гаспадзіну твайму», Рафалку, не дзевяноста дзевяць, як таму Аўрааму, калі яму Бог зрабіў абразанец.
Хросны хоча смяяцца, а пад нажніцамі яму не вельмі зручна, дый боязна, што тузяне, і ён толькі моршчыцца ва ўсмешцы.
– Ты кажаш, што па-суседску, – паўтарае Цімохава, ужо далекаватае. – Па-суседску бывае ўсяляк. Табе казалі, а я ж сам бачыў і чуў, як ён, Арсень, Аленку Секачыху адвучваў. Ігнат яе – от, Балалэй, толькі што пасмяяцца з каго-небудзь умее спадцішка. А сама ж яна – малатарня!
– Злосная ўрэдзіна, аж у роце чорна, – удакладняе Цімох.
– Ну, – згаджаецца хросны. – Толькі і ведае, што «лерара» ды «лерара». Праўду гаворыць той Заяц Яўхім: «Слова скажа, дык і не ведаеш, куды яго апрадзяліць». Мала таго што свайго з ранку да ночы дзяўбе, дык і на Арсеня спанатрыла. Бапціст, «Бог есць любоў». Калі-то жох быў, сам ведаеш, а сёнека – хоць дой, такі рахманы. Дык можна ўжо, другая думае, і на галаву чалавеку на… Гэта ж цярпенне трэба на такую суседачку! А тут ён пута з плоту хапіў і давай па азадку шалёстаць!
– Колькі там і азадку таго, – зноў удакладняе Цімох. – Высах і ён ад злосці.
– Ну, – згаджаецца хросны. – Аленка ў крык: «Табе ж не можна! Ты ж святы!» А ён: «Можна, – кажа, – такую, як ты, можна. Гасподзь скаціну вервіем з храма святога выганяў!» А пута тое, тое вервіе, у яго яшчэ ж і мокрае: ён толькі што кабылу з поплава прывёў. Святою раніцай і пачалі…
Тут ужо хросны не можа стрываць і рагоча.
І Цімох разгінаецца над ім, не стрыжэ.
– З расіцай яно лепш, – удакладняе ён і гэта. – І касіць, і з бабай…
Цімох прыйшоў не толькі стрыгчы хроснага – прынёс і порткі шыць.
У той час хросны быў яшчэ, і праўда, дужы. Шыў і кажухі, і суконныя сярмягі, якія ў нас называлі буркамі. А порткі – колькі хочаш. Мог і клёш, і «гальфе», і ні тое ні сёе.
– Прымерку зробім, – сказаў ён, падзякаваўшы за стрыжку.
Але спачатку адышоўся да парога, высцепаў полачку ад валасоў, склаў яе з прафесійнай павагай да кожнай тканіны, тады ўзяў з качарэжніка венік, падмёў ад зэдліка ў качарэжнік, зэдлік паставіў да грубкі і паўтарыў:
– Давай будзем мераць.
– А на чорта нам тая прымерка? – лена і мудра спытаўся Цімох. – Мне абы крэсла спераду.
Хросны спачатку проста абураецца:
– Ну што гэта ты, Цімоша, гаворыш? Трэба ж мне і дліна, і паясніца, і ў подшагу…
А потым хросны смяецца:
– «Крэсла спераду»… А мо табе яго ззаду зрабіць? Як у малых цыганянят? З распоркаю на ўсю…
ЖЫВОЕ СЛОВА
Неяк на багатым нясвіжскім кірмашы маладжавы вясёлы мужчына так падахвочваў мяне браць яго яблыкі:
– Яны ж у мяне, таварыш, не глядзяць, а смяюцца!
І праўда, яблыкі былі вялікія, румяныя, адно ў адно.
А хросны казаў калісьці і так:
– Выйшаў я ноччу на двор, а кабыла мая: «Гы-гы-гы!..»
Нават і яна ў яго была вясёлая, як там тады ні жылося і кабыле, і гаспадару.
Маці наша расказвала, што маленства ў хроснага было цяжкае: сіратой ды калекам пры нямоглай матцы і старэйшым браце. Дрэнны быў чалавек гэты яго старэйшы брат Баўтрук, але «Бог даў – пайшоў у Плёхава ў багатыя прымы». А хроснага мой бацька, старэйшы за яго і ўжо тады з надзейным заработкам у горадзе, уладзіў вучыцца за краўца, а потым «Рафалак наш, – мама казала, – пачаў жыць з іголкі».
Дзядзька Баўтрук як закрычыць у Плёхаве на карову: «У хлеў, каб ты здохла!», дык ажно ў нас, у Ніжніх Байдунах, чуваць, за два кіламетры. Сыны ў яго падняліся, два дзецюкі, як дубы, і сам здаравенны, гарласты.
– Нікога не баіцца, нічога не стыдзіцца. Сам – пастронкам не падпяражаш, бо што ж, жыве – вароты пірагом падпёртыя.
Так гаварыў пра свайго брата хросны. Бывалі яны адзін у аднаго вельмі рэдка («Абыходжу я Баўтручка, як тую барану»), але пра адно здарэнне ў братавай хаце хросны расказваў аднойчы так дакладна, праўдзіва, што нібы ён і сам тады там начаваў. Можа, зрэшты, і начаваў, мы пра гэта не думалі.
Мы – гэта я і ўсе тры яго хлопцы. На шарай мы сядзелі без агню, толькі што ў дзверцах грубкі гуло і зыркала полымя. Цётка Агата кудысьці пайшла, і хроснаму было ад гэтага свабадней. Бо вельмі ж яна ўсё вучыла яго, камандавала, вечна ён нечым ёй не падабаўся.
Гаварыў ён ніколі не спяшаючыся, ні за машынай, ні іголкай шыючы, ну, а цяпер, у нядзелю, тым больш.
– Легла Матруна на печы. Палеглі хлопцы, заслон да лавы прыставіўшы. Дзякуй Богу, здаровыя, пасолі густое з картопляй ды з хлебам як натопчуцца – ажно тыя дошкі-дылёўкі пад імі равуць. Паснулі ўсе, а сам Баўтрук не спіць, ляжыць на ложку і пазяхае на ўсе чалеснікі, абдумвае, які б яшчэ інтэрас дзе зрабіць. А потым чуе ён: у кухні штосьці шмотаецца… І ўсё яно во так: «Буль-буль! Кех-кех! Буль-буль-буль! К-кех-кех-кех!..» Баўтрук і здагадаўся: «Злодзей лезе! Добра, што я не сплю». Ды як зараве: «Хлопцы, уставай!» Тыя ўсхапіліся, пабралі яны – хто што, і цераз сені ў камору. Батарэйку свецяць – нікога няма. Што за чорт?..
Ён робіць паўзу, а мы, слухачы, насцярожваемся ў гэтым пытанні: і сапраўды – што за чорт?..
– А гэта ў кухні, у баковачцы. Свіное цеста ў цэбры. Падыходзіла ў цяпле ды толькі булькала сабе ды кехкала…
Смяюцца вясёлыя, чырванашчокія хлопцы. І сам іх тата смяецца, нібы і не вельмі старэйшы за іх. І я, ужо сталы дзяцюк, таксама смяюся, прыемна адпачываючы. Хлапчукам – калі што смешна, дык яно і праўдзіва, тым больш што гэта ж іх тата расказвае. А я ўжо тады і праўду асноўную бачыў: праўду беднага, добрага, разумна-вясёлага чалавека.
– Бываюць людзі злосныя, зайздросныя, – гаворыць хросны, памаўчаўшы. – У Плёхаве быў адзін такі, Кукель. Без нагі, на дзеравяшцы хадзіў. І цвік убіты ўнізе, каб не паслізнуцца. Дык ён тыя разы ў цэркві так і мяргуе, каб на нагу каму наступіць.
Паўза.
– Або наш Турак, Мікіта. Каровы з пашы ідуць, а ён стаіць каля брамкі свае і пытаецца: «Дзеці, а чыя гэта цялуха, вунь тая, пярэстая?» – «Гэта, дзядзько, Асечкава!» – «От каб яна яму здохла!» І не таму, што Асечкава, а што чужая ды гладкая.
Зноў паўза. Потым смех і – новае:
– Бапцісты нашы хрысціліся. У Нёмне каля Хлюпіч. Па-іхняму, што ты малы ахрышчаны, дык гэта не тое: трэба, каб сам цяпер да Госпада прыйшоў. Людзей сабралася. Бо гэта на Ўшэсце было і ў Хлюпічах быў фэст. Маладзёжу – з усіх вёсак… І ты ж, здаецца, быў?
Пытанне – мне. Я кажу сваё «быў» неахвотна, бо хочацца і пра тое пачуць.
– Прасвіцер іхні стаіць у нечым чорным, як папова раса ўсё роўна, ён сам да пупа ў рацэ і кожнага бярэ так: адной рукою пад спіну, а другую паложыць на грудзі і – эп! – кульнуў назад у ваду. Бабы, дзеўкі, мужчыны – адзін за адным. А потым нейкі мужчына, худы і доўгі, як чапяла. Яго прасвіцер як кульнуў, дык ён яшчэ потым, мокры, і зачэрпаў тое святой ярдані, памыўся. Людзі на беразе смяюцца, вядома ж, – лічы, што адзін маладзёж. А той худы брыдзе да берага і, руку задзёршы, як прарок які, крычыць: «Смейцеся, рагачыце, бязумцы! Паглядзім, як вы будзеце ў вечным агні смяяцца! Угатаваным дзіявалу і ангелам яго. Паглядзім!» Во як.
– А падумаўшы, – кажа ён пасля паўзы, – дык і на чорта яна, прасці Госпадзі, вера такая, каб адзін чалавек у пекле гарэў, а другі ўжо быў загадзя рады?..
Дат ён амаль ніколі не ведаў, дый не цікавіўся імі. Неяк я быў спытаўся ў яго, калі нарадзілася мая мама (яе ўжо тады не было, а яны ж з ёю вельмі дружылі), і хросны адказаў з як найбольшай упэўненасцю: «Чаму ж гэта не ведаю калі? Перад самай Сёмухай». – «А год, а месяц, а дзень?» – «Хто ж яго помніць усё…» Аднак, як сказаў бы мой сябар-філолаг, «мастацкі сінтэз мінулага» хросны падаваў гатовымі малюнкамі.
Часамі, хоць і не часта, гэта бывала ў яго і не смешна.
– Хлеб з ільняною мякінай не кроіўся. Ламалі яго кавалкамі, накалоўшы нажом ці чаранком лыжкі. Тэкля, старэйшая Грамуздова сястра, маладзенькай пайшла ў далёкі замуж, на гэткі хлеб. Прыйдзе дадому і плача, што есці яго не можа. Хацела ўжо і зусім уцякаць. І маці плача, гледзячы. Але бацька завёз тую Тэклю назад. Два боханы нашага хлеба завёз, без мякіны, з картопляй, і дагаварыўся, што будзе пасылаць ёй туды па бохану на два тыдні, – пакуль яно, маладое, дурное, прывыкне…
Больш было весялейшага.
– І я тых казакоў добра помню. Калі ў нас забастоўшчыкі былі, панскія мэндлі палілі і не пушчалі людзей ісці ў маёнтак у заработкі…
– Гэта, відаць, у дзевяцьсот пятым годзе? – удакладняю я.
– Ну, – на ўсякі выпадак згаджаецца хросны. – Можа, і ў пятым. Я ўжо тады пасля прызыву быў. Улляна ваша добры ўжо была дзяўчук. І шустрая. Калі яны па нашай вёсцы ехалі, дык яна аж на трэцяе пяло на весніках узбілася, каб усё добра ўбачыць. Вядома ж, казакі! Дык адзін з каня нахіліўсё ды за цыцку яе як схапіў – ледзь цераз веснікі не перакінуў!..
Хросны смяецца, а потым, нібы апраўдваючыся:
– Што ж, з песні слова не выкінеш… Я ж яшчэ помню, як той князь Мірскі ў Мір са сваімі казакамі прыехаў. Першы раз. Я тады ў Шлёмы Касмая шыць вучыцца пачаў. Князь… Белая барада, у чырвонай рубашцы, у брычцы сядзіць. А за ім ужо тыя казакі. Ён і замак, і бровар, і маёнтак, і ўсе маёнткі, што ля Мяра, купіў у тае барыні, што перад ім была. Сабралі ўсіх мяран на траве каля замка. Бочкі з гарэлкай стаяць. А ён пад'ехаў, стаў у брычцы: «Саседзі! Жыцялі дрэўняга Мяра! Будзем жыць мірна і дружна!..» Гарэлкі людзям, закуска ўсякая на сталах. Потым казакі скакалі на конях, навыперадкі і цераз жэрдкі. На трубах ігралі. І такое яшчэ, такая забаўка: у вялікія місы, – яна ў горадзе называецца таз, – наліта поўненька вады і на дно насыпана грошай. Па капейцы, па пяць і па грыўні. І трэба, рукі назад залажыўшы, губамі грошы тыя даставаць. Колькі дастанеш – твае. Я не палез, я толькі пазіраў. Балбочуць людзі, мызаю ў вадзе, аж да вушэй у тых тазах. Тут і ўдушыцца можна, захлынуцца самахоць!.. А потым тыя казакі самі князева збожжа касілі. Не пайшлі ні «саседзі», ні парабкі, ні людзі з вёсак далейшых. Забастоўка. Я ўжо тады не ў Шлёмы быў, а шыў дома. Так ехаў да Мяра ды бачыў. Смех адзін – тая касьба. На трыццаць чалавек адна мянташка. Больш менцяць, чым косяць. Што ж, панскі дзень – да вечара…
Былі расказы і яшчэ больш даўнія, з яго далёкага маленства.
– Быў у нас кот Цімох. Не раўнуючы, як Цімоша Ярмоліч. Толькі вусаты. І здаравенны, як конь. У тое лета ўсё былі дажджэ, дажджэ, пшаніца ў мэндлях парасла, і булкі пякліся адразу салодкія, і вельмі ж ляпіліся ў роце, ніяк не глынеш. Цімох наш злодзей быў, злодзей! Недзе ашварак той булкі ўварваў, ідзе і толькі «во-оў»! Прысеў і лапаю з рота дзярэ. Ледзьве я яму памог… А хітры быў, як вуж! Збанке з малаком стаялі ў нас пад прыпекам так, што ён галавы туды не ўсадзіць. Пячорка такая, што як збанам толькі ўлезці. Дык ён возьме ды лапу туды прасадзіць, абмочыць у малако ці ў смятану і аблізвае, абмочыць і аблізвае. А ціхенька!.. Мама наша згледзела гэта ды – «каб ты здох!» – накрыла збанэ ручніком. Сядзім мы потым у хаце, вячэраем, а ў нашай кухні – ру-ду-ду! – загрукацела. Мы туды. А гэта Цімох. Хацеў збанке раскрыць. Упяўсё кіпцюрамі за ручнік і – усе тры з малаком на сябе! Во дзе потым аблізваўсё!..
Мікола, Сярожа і Жэнька рагочуць.
А мне, даросламу, ужо і думалася, што тут у хроснага – і любасць да ўсяго жывога, і тое ўсё, што ідзе адтуль, з той чароўнай краіны, дзе нараджаюцца казкі.
Сёння мы бачым, – і па саміх сабе, і па дзецях, – што нам прынёс савецкі лад жыцця, хто як вырас на той ці іншай рабоце. Цяжэй сказаць, а што было б у таксама спрыяльных умовах з таго ж Сідара-гоп, Чыркуна ці хроснага – медык, артыст, пісьменнік? Можна толькі гадаць ды прымерваць. Вялікі горад, у якім мой хросны жыў у бежанстве, знаёмства з сякой-такой мясцовай інтэлігенцыяй і людзьмі «духоўнага звання», з усімі, каго ён мераў, каму шыў, не адвучылі яго ад матчынай мовы. Словы ў яго былі, як арэхі, адно ў адно, а з усіх разам – вобразнасць і смех.
Яшчэ раз пра таго ж Мікіту Турка: «Авечку зарэжа, і то не ядуць адразу, а павесіць у запас. Тымі сухімі сцягонцамі – хоць у лапту гуляй!..»
«Адна нявестачка ў яе – як тая ластавачка, а другая – як вулей». І поўная, значыцца, і салодкая. Потым прыйшло акрэсленне і сучаснае: «Баба – як трактар». Пра іншую, дзе і сіла, і гром.
Пра ткаллю-гультайку: «Як стукаць ды лопаць, як за дзень, дык і локаць, а як за сем дзён, дык і губка вон».
«Добры нос чарку (ці хвігу) за тыдзень чуе». «Пагладзь ката, дык ён і хвост задзярэ». «Не любіш дроў калоць – і не наколеш». «Што не даямо, то дапеямо». І тое, урэшце, яшчэ раз успомнім: «Не пацешыўся б, дык павесіўся б…»
Нічога, калі мне хтосьці скажа цяпер, што ён такое недзе ўжо даўно чытаў. Мне люба-дорага было пачуць гэта ў той час, калі я не бачыў яшчэ аніякіх фальклорных тамоў, а толькі чуў пачутае, адчутае на смак і захаванае, каб перадаць, а то яшчэ і дапоўненае, прапушчанае праз яшчэ адзін народны, безыменны талент.
Некаторыя прыгаворкі хроснага патрабавалі тлумачэння. І ён гэта рабіў. Напрыклад, гэта:
– Дзед бабу пасадзіў зімою не ў вазок, а ў сані лясныя, толькі палукашак паставіў. Сам прыкурчыўсё спераду, а баба, як пані, капою расселася ззаду. А потым людзі крычаць: «Чалавек, бабу згубіў! Чалавек, бабу згубіў!» А дзед думае, што гэта не яму. Не азіраецца, не бачыць, што той палукашак з бабай кульнуўсё на ўхабе і ўжо далёко ляжыць на дарозе. Так і пайшло яно: «Крычаць не крычаць, а мы з табою, бабо, едзьмо!» Гэто дзед так тады прыгаворваў.
Або такое:
– Запарыла яна таму Жэніку мяты, чарніц сушаных дала пажаваць. Бо ўжо ж яго замучыў Аляксей… Які, ты кажаш, Аляксей? Па-гарадскі гэта – панос. Як: «пры чым Аляксей?» Есць жа такое свята напрадвесні: Аляксей – чалавек божы з гор пацёкі.
Пазней я праверыў гэта ў праваслаўным календары. Семнаццатага сакавіка па старым стылю «Аляксей – Человек божий» – гэта ёсць. А «з гор пацёкі» – самадзейнасць у медыцынскім прыстасаванні.
Як тая дзесятая запаведзь, – «ні вала, ні асла яго», – пра Лётчыкаву беднасць і гультайства.
НАЙБЛІЖЭЙШЫ ЗВЕРХУ
На чыгуначнай станцыі, дзе не спыняюцца хуткія цягнікі, яшчэ ўсё стаяць дагэтуль аблезлыя рэшткі атынкаванай невысокай абгароджы, якая больш за паўстагоддзя таму назад здавалася мне высачэзнай, даўжэзнай і таямнічай белай сцяной.
За гэтай сцяною тады кудысьці знік мой хросны. Упершыню ў жыцці з'явіўся і неўзабаве знік. Потым з'явіўся зноў. Ды ўжо не выйшаў з пугай з-за сцяны, а выехаў адтуль з канём і з возам. Каб больш ніколі не знікаць.
Гэта тлумачыцца вельмі проста. Мы вярнуліся з горада, і на апошняй станцыі нас сустрэлі сваякі, у тым ліку і хросны, які вярнуўся з бежанства настолькі раней, што я зусім не памятаў яго. Павітаўшыся, сваякі пайшлі на плошчу па коней, і мы, забраўшы сваё дабро, на трох фурманках паехалі ў вёску.
Хроснага я палюбіў, відаць, з таго самага дня. А неўзабаве, гадоў праз шэсць ці сем, ужо хацеў і пісаць пра яго. Потым пісаў, а яшчэ пазней і друкаваў напісанае, на працягу гадоў расцерушыўшы гэты вобраз на многіх і розных старонках. Цяпер я не падбіраў у памяці рэшткаў гэтага вобраза, асцерагаючыся паўтораў, а думаў, што раскажу пра яго, нарэшце, усё. Ды вось жа зноў няма яго – такога адчування. І справа, вядома, не ў фактах яго сціплага жыцця, якія вычарпаць ды падлічыць не надта цяжка…
Апошняя наша сустрэча была такая ціхая і светлая. І – перш за ўсё – яна тады аніяк не здавалася нам апошняй.
Перад вялікімі чыстымі вокнамі новай хаты, пабудаванай яго наймалодшым, Жэнікам-трактарыстам, у агародчыку, дзе былі кветкі і яблыня, на яблыні гэтай зязюля збірала вусеняў. І зусім не баялася нас. Пашалясцела ціхенька, папералётвала з галінкі на галінку і махнулася шэрая – паляцела далей, у іншыя сады і агародчыкі. Такая звычайная, будзённая, нібы артыстка, якую пасля яе паэтычных, аддаленых сцэнай «ку-ку» сустрэнеш у магазіне з авоськай.
Мы з хросным сядзелі на суседавай лаўцы, цераз вуліцу, і штосьці сонечна гаварылі, а можа, і маўчалі больш, таксама сонечна.
Ён любіў кветкі, галубоў, гусей. Калі гусі, сказаўшы «цвяроза», гэта смачнае мяса і мяккае пер'е, дык галубы і кветкі, адны ў падстрэшшы ці ў палёце, а другія ў агародчыку ці ў вазонах, – гэта ўжо толькі паэзія. Дый з гусямі таксама.
Каля Ніжніх Байдуноў цячэ, ледзь прабіраецца па пашы безыменная рачулка. Старыя ў маім маленстве людзі казалі, што раней, на іхняй памяці, рачулка была рэчкай, мела імя і ў ёй «сплаўлялі» валоў, таксама ўжо, як і яна цяпер, гістарычных. Цяпер на рачулцы экскаватар выкапаў вадаём, для гусей ды качак не мелкі. Над гэтай вадою, як у народнай песні, расце вярба, а пад вярбою, куды старэйшай за вадаём, у цяньку на траве часта сядзіць, як той патрыярх Аўраам пад мамврыйскім дубам, адпачывае «во время зноя дневного» мой хросны Рафалак. На старасць ён амаль аслеп ад шыцця, ужо толькі гусі пасе. Белыя гусі з жоўтымі гусянятамі. І памагаюць яму дзве маленькія ўнучкі, якіх каля вады трэба пасвіць куды пільней, чым гусянят. Пад вярбу ён іх, унучак, то гукае, то прыманьвае казкай. А ў адзіноце то думае, то не думае, то спявае, калі спяваннем можна назваць той песенны шэпт, за якім у душы тваёй гучыць, нячутная для іншых, песня.
…Пазней, зімою, яго кароценькую труну неслі на змену чатыры сыны, уключаючы хрэсніка, тры пляменнікі і два братавы ўнукі, – усё мужчыны ды юнакі. Гэтаю сілай мы і хавалі яго пад соснамі. Нібы дзіця. Такая была труна, такая яма і такое адчуванне. Нават на той чыгуначнай станцыі, дзе я ўбачыў яго ўпершыню і ўпершыню засмуціўся, што адразу ж і страціў, бо ён не вернецца з-за той белай сцяны, хросны здаваўся найменшым сярод усіх вялікіх, а праз гэта і найбліжэйшым зверху. Толькі, вядома, пасля мамы і таты, хоць яны ўжо тады і не бралі мяне на рукі.
Калі я вярнуўся з палону, пасля першай вялікай разлукі з усім родным, хросны здаўся мне яшчэ меншым, чым быў заўсёды. Ён, радасна заплаканы, хацеў мяне абняць, і мне прыйшлося нізка нагнуцца.
Ад усяго царкоўнага, калі яно і было ў мяне хоць у зародкавым, прыўнесеным стане, даўным-даўно нічога не засталося, слова «хросны» заўсёды было толькі прывычным азначэннем старэйшага друга, па-бацькоўску блізкага, бездапаможна чыстага чалавека. Нават малога, як дзіця.
У той марозны дзень на заінелых могілках адчуванне гэтае было асабліва ясным. І светла, хоць і праз горыч, думалася, што чым далей я ад'язджаў ды адлятаў ад найбліжэйшых на Зямлі мясцін, тым лепш, радней, чысцей ён бачыўся здалёк.
1974–1975