355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Янка Брыль » Ніжнія Байдуны » Текст книги (страница 1)
Ніжнія Байдуны
  • Текст добавлен: 7 октября 2016, 02:59

Текст книги "Ніжнія Байдуны"


Автор книги: Янка Брыль



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 7 страниц)

Янка Брыль
Ніжнія Байдуны

ГІСТОРЫЯ

Пэўна ж, ёсць і ў мяне паваротка з гасцінца на палявую дарогу, у родную вёску. Нават не адна, а дзве, з захаду і з усходу, нібы сімвалічна. З захаду я аднойчы вярнуўся дахаты пасля даўжэйшай разлукі; з усходу, госцем, прыязджаю даволі часта і амаль заўсёды з хваляваннем. Яно бывае то большае, то меншае, але ж у нечым кожны раз адно, сваё на ўсё жыццё.

Аўтамашыны пакуль што не адчуваюць на паваротках ніякай узрушанасці, а коні калісьці, чуючы дом, таксама як і людзі, хваляваліся.

Гнеды ў старога Качкі быў сляпы, з гасцінца яго трэба было паварочваць ляйчынай. А гаспадар і сам не бачыў на правае. Пра іх з канём гаварылі: «адно на двух». Цяжэй сказаць, як там яны дзялілі сваё хваляванне.

Зрэшты, у тую ноч, калі на свеце гула і падвывала белая завірушная цемра, Захар Іванавіч Качко (так ён любіў называцца) вяртаўся з карчмы пехатою. Доўга ішоў з мястэчка, нялёгка, з блытаннем ног і адпаведным унутраным маналогам. Урэшце сяк-так набрыў на слуп каля павароткі і, шчасліва абняўшы яго, прытуліўшыся да сцюдзёнай драўніны аброслай шчакой, ціха, пяшчотна спытаўся:

– Чы тутэй весь Дольнэ Байдуны?

Спытаўся на мове тады афіцыйнай, бо гэта – з краіны майго маленства, з палавіны дваццатых, заходнебеларускіх гадоў.

Колькі часу мінула, а згадваеш тое пытанне амаль кожны раз, калі маўклівы слуп на паваротцы набліжаецца да цябе, калі на яго адзіным, выцягнутым драўляным рукаве зноў праяўляецца надпіс – імя нашай вёскі, ужо даўно па-свойму, як у загалоўку.

Адзін з маіх сяброў, вядомы крытык з братняй рэспублікі, з якім мы сустракаемся даволі рэдка і з прыемнасцю, неяк раіў мне, мякка, але настойліва, напісаць «два-тры апавяданні на гістарычную тэму». Яго аўтарытэтная настойлівасць падказвала падазрэнне, што апавяданні тыя патрэбны не столькі нашай літаратуры, як мне самому, – для разрадкі, ці што, каб трохі адцягнуць мяне ад залішне аголенай лірыкі. Ды я тады толькі смяяўся, не падазраючы, што і такое можа калі-небудзь здарыцца.

«На гістарычную тэму…» Тое, што я хачу цяпер гаварыць, таксама ўжо гісторыя. Паўстагоддзя ад завірухі ў цёмную ноч, горны хрыбет вайны, які пралёг паміж тым часам і сённяшнім днём, круты пераход ад вузкай цераспалосіцы ў індустрыяльны сацыялізм…

Ды лепш, відаць, проста пачаць, без усякай уступнай тэорыі. З таго, што часта і весела ўспамінаецца, што добра бачыцца – адно здалёк, другое зблізку.

МОЙ ПАДРЫХТОЎЧЫ КЛАС

Жонка, увішная і даволі-такі звяглівая цётка Юста, называла яго па-вясковаму: не Захар, а Захара, нават яшчэ і па-свойму, без «р» – Захава.

Уранні, даўшы Гнедаму, карове з цялухай і авечкам, Качка любіў затрымацца ў гумне. Трасянкі на дзень натрэсці, падмесці ток, патупаць трохі паміж невысокімі тарпамі сена і саломы, раз-пораз бухукаючы неадчэпным кашлем.

Але ж якраз тады, калі чалавеку патрэбна была адзінота і цішыня, баба выбягала на парог і тонам загаду кідала цераз двор:

– Захава, есці!

– Іду! – міралюбна адгукаўся ён. Але адразу не ішоў, яшчэ ўсё патроху бухукаў. Тады яна зноў выбягала з сяней.

– За-ха-ва! Есці ідзі, каб ты наеўся чэмеву, каб ты!

– Ды іду!

Аднак яшчэ ўсё корпаўся.

За трэцім разам Юста аўтамаціла доўгай чаргой:

– Есці ідзі, сказала! Што ты там кешкаешся, каб цябе свінні пад плотам кешкалі, каб цябе! Што ты таўчэшся там, каб ты тоўкся па смеўці казою, каб ты!..

Тады ўжо гаспадар паказваўся ў чорным праёме гуменных дзвярэй.

– Распранаперакувыркутваю!.. Бу-ху, бу-ху!.. Цігра ты ўсурыйская! Я ж сказаў, што іду!..

Юста знікала ў сенцах, а ён памалу зачыняў гумно і, не спяшаючыся, ішоў у хату.

Дыялог патрабуе тлумачэння.

Лаянка цёткі Юсты заключала ў сабе два складаныя вобразы. Кешкаць гаспадара пад плотам свінні маглі не толькі п'янага, – такі ж мог быць і канец чалавеку, у такім жахлівым заняпадзе. Хадзіць па смерці казою – тут ужо быў не толькі намёк на калядную батлейку, а нават нейкі ажно будызм з яго перасяленнем душ.

Аднак не скажаш, што дзядзька Захара прымаў гэтыя праклёны на ўсю глыбіню. Бабіна лаянка была на гэты раз не вельмі каб і злосная, звычайная.

Седзячы ў нас па-суседску з кудзеляю, цётка Юста магла, напрыклад, расказваць маёй маці так:

– Завэзала пазаўчова дзве гусі і кажу свайму: «Дзявы, Захава, пеўе, каб ты на сцену дзёўсё, каб ты!..»

На сцяну людзі дзерліся з найвялікшай бяды. «Гарбачэ назбіралі грыбоў, наварылі, наеліся, а потым усёю сям'ёю на сцены дзерліся. Не дай божа!..» Такое, казалі, калісьці было.

Ну, а ўяўляць, як гэта дзядзька Захара дзярэцца на сцяну – з адным сваім вокам, з сівым вожыкам і нярослаю сівай бародкай – гэта было, вядома ж, весела. Мне, падшыванцу.

Злосці ў той лаянцы, паўторым, не было. Была нават паэзія, хай сабе грубая, але ж і хлёсткая. Я ўжо тады, яшчэ не каровін, а толькі свіны пастушок, мог налічыць колькі хочаш гэтых праклёнаў. «Што ты там дзяўбеш, каб табе крумкач вочы выдзеўб!», «Колькі ты сыпаць будзеш, каб табе губы абсыпала!», «Чаго ты сядзіш, каб ты каменем (або крыцаю) сеў!», «Чаму ты не едзеш, каб ты бокам ездзіў!..», «Распеліся тут пад акном, каб вы пелі на хлеб!..» І так – бясконца, а ў цёткі Юсты яшчэ і з паўторам: «Каб ты!..»

Што ж да «ўсурыйскай цігры» і да той шматступеньчатай «перакувыркі», дык тут ужо выступае бываласць і важнасць дзядзькі Захары.

На царскай службе ён быў старшым унцерам нейкага там асобага чыгуначнага батальёна, «стаяў» у нейкім для нас, малых слухачоў, таямнічым Нікольск-Усурыйску, «стаяў» і ў яшчэ больш загадкавым Кітаі, называў кітайскія гарады, сярод якіх найбольш адзін – Танку… Гадоў праз некалькі я выпадкова знайшоў у адной кнізе вытлумачэнне многаму з яго расказаў. Старшы унцер Качко прымаў бязвольны, несвядомы ўдзел у міждзяржаўным удушэнні іхэтуаньскага («баксёрскага») паўстання, і тое яго, п'янае ці толькі цёмнае: «Бярош ходзю за касічку і – нагайкай!» было па сутнасці вельмі нясмешным… Аднак у расказах дзядзькі Захары, ледзь што не казачна аддаленых па месцы і часе дзеяння, слухачы лавілі перш за ўсё смешнае. Тым больш, вядома, дзеці, зусім нявінная прастата.

Я сябраваў тады з Качкавым Валодзем, таксама як і я яшчэ дашкольнікам, і зімовыя расказы ў іхняй хаце мы маглі штовечар, да таго ж яшчэ і з цёплай печы, слухаць – колькі нам хацелася.

Жылі Качкі бедна, сям'я была вялікая, але і дружная, дарма, што я пачаў пра дзядзьку і цётку з іх ранішняй «зарадкі». Дабраліся яны, Захара і Юста, настолькі ўдала, што нават абое не чулі насамі і вельмі любілі цыбулю. Аднак у іх цесную, кісла-душную хату мужчыны збіраліся кожны асенні ці зімовы вечар, ды ўсё дзядзькі бывалыя, не наслухацца іхніх расказаў.

Амаль заўсёды верхаводзіў гаспадар.

– Дай бог памяць, кажацца, у адна тысяча дзевяцьсотым, у маі або ў юні месяцы было. Стаяў я тады ў Танку (ён казаў не Тангу, як трэба, а Танку), на пагрузцы імушчаства з караблёў у вагоны, а то і абратна. І вот прыходзіць аднажды французскі крэйсер «Парыж». Капітан крэйсера… (заміначка) дай бог памяць, некто мусье Піці. Перакувырку тваю! – ён ні слова па-расейскі, я ні слова па-французскі… Паставіў я водку, Піці паставіў хар-рошы каньяк. Сядзім. Закуска, канечне… (Зноў заміначка.) Мяса соч-на-е, слад-ка-е… Белы хлеб, халадзец, кансервы… Сядзім мы так, бяседуем, і кажа ён: «Захар Іванавіч, дружышча!..»

– Захара, а ты ж казаў, што той Пеця ні слова не ведаў па-нашаму.

Перапыніў гаспадара Ігнат Сякач, па-вясковаму Балалэй.

Да службы ў царскай арміі, куды яго ўзялі ў вайну, Ігнат працаваў грузчыкам у «санкт-пецярбургскай ціпаграфіі Маркуса», якога ўпарта лічыў «самым старшым над усімі бальшавікамі». Ды смешнае, што пра яго, Балалэя, казалі, было не там, а дома, і не так даўно. Паехаў ён у мястэчка па свяшчэнніка, той павінен быў вось-вось вярнуцца аднекуль, і прыйшлося пачакаць. Сядзеў Ігнат у кухні. Ні дзвюх дарослых пападзянак, ні служанкі нешта не было дома. Матушка, проста апранутая жанчына, сама мыла ў пакоі падлогу. Ігнат не ведаў пападдзі, і яму захацелася пагаварыць з гэтай жанчынай, як са сваім чалавекам. Падышоў да дзвярэй, адчыненых у пакой, і пачаў:

– От жа, служаначко, наш поп і абдзірач! Ох, падло, і абдзірач!..

У яго было тры ці чатыры яблыні, белы наліў. І ён іх ноччу пільнаваў, хоць яшчэ надзелень, бо дзецюкі «ўбіваліся». І рэдкасць гэта была – садок, і маладзецтва ўсё-такі, і гаспадар нягегла-смешнаваты. Прыкаціў у садок са свірна «пасу», вялікую бочку на збожжа, палажыў яе, і там, па-дыягенаўску, начаваў. Хлопцы неяк падкраліся, пасу тую рванулі дном угару і, пакуль вартаўнік, ачомаўшыся, глуха выгукваў свой пратэст, адны трымалі бочку, а другія налаташылі яблыкаў і ўсе пабеглі, смеючыся.

Было і іншае, не дамашняе. Пасля грамадзянскай вайны Ігнат вярнуўся ў Ніжнія Байдуны, а тут яго неўзабаве – у польскае войска.

– Паставіў мяне каля помпы, ваду ў карыта пампаваць. Я пампую, а ён стаіць і ўсё «старчы!» ды «старчы!». Я думаў, што ён гэта хваліць мяне, што я ўжо буду ў іх нейкі старшы, а ён, падло, падскочыў ды па мордзе. Той капраль. А хлопцы потым смяюцца, каторыя нашы, што «старчы!» – гэта па-іхняму «годзе!».

І такое яшчэ, што ён мог бы, каб не любоў да смешнага, і не расказваць пра сябе самога.

– Вочы, кажу, баляць, нічога добра не бачу. Гэта я да доктара да іхняга пайшоў. А ён мне, лекаж той, шклянку касторкі наліў. Рыцына па-іхняму. Усю, падло, выпіць заставіў. Во дзе было пасля!..

Для нас з Валодзькам Сякач быў таксама стары, як і ўсе іншыя мужчыны, а для дзядзькі Захары на цэлы салдацкі век маладзейшы. Хоць Ігнат і казаў яму «ты».

Любіў Сякач падсеч. І «адно вока на двух» – гэта таксама ён прыдумаў. Але цяпер спыніць, збянтэжыць расказчыка было не так проста.

– Балалэй ты! – упёрся той адным вокам у недавярка. – Ва-первых, не Пеця, а Піці, а ва-ўтарых, перакувырку тваю, мы калі выпілі, ён пачаў па-расейскі, я па-французскі… (Замінка даўжэйшая.) Пракрасны быў чалавек, царсцвія нябеснае! Вот я яму і гавару…

У старшага унцера Качко знаёмых у высокім свеце было наогул шмат. І на ваеннай службе, і потым, калі ён, недзе там акалечыўшы вока, працаваў у Адэсе тракцірным палавым.

– Дай бог памяць, кажацца, у адна тысяча дзевяцьсот дзевятым. Праязджаў генерал-губернатар Таўрычаскага края… (замінка) некто Крэставаздзвіжанскі Пётр Філімонавіч. На Дзярыбасаўскай – перакувырку тваю!.. І я стаю на крыльцэ свайго тракціра «Белая акацыя». А ён прыдзяржаў рысакоў ды гукае з талпы народа: «Захар Іванавіч! Качко! Дружышча!..»

– Пазнаў! – захоплена перапыняе хтосьці з мужчын.

– Вот жа, перакувырку тваю! Наш быўшы генерал. Па Нікольск-Усурыйску. Патом у Танку… (Замінка.) Пракрасны чалавек!..

На гэты раз чамусьці абышлося без «царсцвія нябеснага», нібы знаёмы недзе жыў-здароў.

– Яшчэ адзін Пеця, – трохі цішэй, як звычайна, сказаў-такі, не вытрываў Ігнат.

Але на гэты раз гаспадар, відаць, не пачуў.

Пасля такога, усурыйска-таўрычаскага, знаёмства былі яшчэ і намёкі.

Аднойчы дзядзька Захара вярнуўся з мястэчка пад мухай, але не ноччу, і не зімой, і я тады, прытаіўшыся, бачыў і чуў цераз плот, як ён сустрэўся з Канісам каля будкі. Той быў навязаны, выйшаў насустрач, сеў на хвасце, гледзячы ў твар гаспадару з усёй адданасцю.

– Каніс! Дружышча! Здрастуй, перакувырку тваю! Как гаварыў пакойны Мікалай Аляксандравіч Раманаў-Утарой: «Нічаво не віжу, тока крофь, крофь, крофь, крофь!..»

У такт з гэтым паўторам чалавек пагойдваўся назад-наперад-назад, а сабака, таксама ў такт, мёў, матлашыў па пяску хвастом. Тады чалавек пачынаў спяваць. Сваю любімую, адну на ўсё жыццё:

– І гарыт лучына, із-да-ва-я тр-рэск, і вакруг тры-вож-ны!..

Далей, да «разлівання блеску», не ішло. Зноў паўтаралася трагічнае «крофь, крофь» пакойнага Раманава-Утарога. Як пра якога-небудзь яфрэйтара або унцера з Танку, што «Іваноў-утарой», ці радавога – «Сідараў-трэці»…

Часамі, разварушаны экзотыкай маладых успамінаў, не звяртаючы ўвагі на нас, малых, што слухалі з найбольшай пільнасцю, ён летуценна расказваў пра маньчжурскія «увеселительные» дамы. «Кітаяначку, перакувырку тваю, вазьмёш, і на той цыноўцы з кута ў куток заедзеш!..» Пра развітанне жонкі Раманава-Утарога з Распуціным, які ляжаў у труне, расказвалася яшчэ больш адкрыта. Як яна, тая Аліса, «выняла ў яго, пацалавала і гаварыт: „Спасіба, Грыша!..“»

Была і палітыка. У той глухі вясковы час, без газет, без радыё, ён, вярнуўшыся з мястэчка або з лесу, зайшоўшы да нас па-суседску, мог з неабвержнай значнасцю пачаць:

– Ну, нешта ўсё-такі будзе. Варушылаў даў Будзёніну па мордзе!

Улетку сорак другога года я начаваў у садзе пад яблыняй. І прачнуўся ад гаманы на Качкавым двары. Ішла прыцішаная валтузня каля свіронка, – адзін нехта штосьці браў, а другі не даваў. І сосну я ўцяміў, што гэта дзядзька Захара і партызаны, тады яшчэ вельмі рэдкія.

– Старик, да пойми же ты, – культурна гаварыў хтосьці з акружэнцаў, – пойми, что нам надо. Мы ведь воюем!..

– Перакувырку вашу – ва-ю-ем! Які Сталін маршал, такія вы ваякі!

– Молчи, старик! Такими словами…

Ды ён яшчэ ўсё неспалохана бурчэў.

Вернемся, аднак, у пачатак дваццатых.

Калі ў расказах, кажучы мякка, перабольшваў хто-небудзь іншы, дзядзьку Захару гэта не падабалася. Нават і другу свайму, Івану Бохану-Калошы, па мянушцы «Лётчык», ён не даваў уздымацца залішне высока.

Бохан-Калоша служыў калісьці ў «пецяргофскай воздухаплавацельнай роце». Падагрэты расказамі Качкі, і ён пачынаў сваім мяккім, таксама «гарадскім», культурным голасам што-небудзь, напрыклад, такое (бяру не з пачатку):

– І так, значыцца, паднімаю ўзвод па трывоге, а сам саджусь на дзерыжабль. Даю каманду…

– Яфрэйтарышка, перакувырку тваю! Які ўзвод? Якую каманду? Хто т-та-бе дасць дзя-ры-жабль?!

Паветраплавацель не меў той непахіснасці, што чыгуначны старшы унцер, і ён абараняўся мякка:

– Ты жа ведзь там са мною не быў. Што ты арош на міня? Удзівіцельны чалавек!..

ЧАМУ Ж ЁН НЕ СОКАЛ?.

«Авёс сей у гразь…» А бульбу садзяць, калі ўжо зусім цёпла, калі цвітуць сады, шчабечуць ластаўкі.

Усе тым часам падхадзіліся, а дзядзька Бохан-Калоша сама што пачынае.

У яго худой, віхлястай кабылкі таксама была мянушка, трохі задоўгая: «Не на таво наскачыла». Так на яе гаварылі на пашы, у табуне, на вуліцы, калі коні вярталіся ўвечары з выгану і калі яна была ў возе – абы не чуў гаспадар. Бо, на добры лад, мянушка гэтая належала не ёй, а самому Лётчыку, яшчэ адна. Гэта яна, буланка, аднойчы падгрузіла яго пад сябе, загізаваўшы ў аглоблях, калі парваліся спачатку супоня, а потым і хамуціна. Навокал рогат, бо тое здарылася на вуліцы, а Лётчык выбраўся з-пад буланкі і пераможна закрычаў:

– А, сцерва, не на таво наскачыла!..

Сёння супоня і хамуціна трымаюцца, воз таксама ліпіць, на возе – гной, а побач з возам ідзе сваёй лёгкай, яшчэ ўсё ваяцкай хадою былы паветраплавацель.

Насустрач едзе Алісей Цівунчык, з дзіўнай і дагэтуль не зразумелай мне бабскай мянушкай Рыўка. Гэты дзядзька, маладзейшы за Лётчыка, таксама заслугоўвае асобнай гаворкі, але гэта – пасля. А тут ён пакуль што і слова не скажа. Цівунчык ужо тым часам поўнасцю падхадзіўся з веснавою работай, едзе аднекуль улегцы, і, знакам вясёлай пагарды да гультая, ён уздымае, седзячы на возе, правую руку над галавой, круціць настаўленым у неба паказальным пальцам і важна, засяроджана гудзе:

– Гу-у-у!..

Лётчык ведае гэты жэст, бачыць яго ў Цівунчыка не ўпершыню, але па далікатнасці свае натуры не можа стрываць, злуецца:

– Рыўка ты! Больша я цібе нічаво!..

Так і размінаюцца.

Не гаспадар быў дзядзька Бохан-Калоша. Не туды ў яго цяга была. Дарма, што прозвішча, як у шляхціца, дубальтовае, – двор іхні быў невялікі, з хаты ў гуменца крокаў менш за паўсотню, а ён, казалі, прыйшоўшы калісьці салдатам у водпуск, выходзіў з бацькам раненька малаціць і падпяразваў у хаце шаблю. У гумне распяразваў яе, ставіў у кут, а тады ўжо за цэп. Снедаць ішлі – зноў падпяразваўся. Дзе там шабля, а дзе «дзярыжабля» былі ў яго ў тых салдатах, не вельмі хто ў вёсцы разбіраўся. Хапала таго, што гэта было пацешна. Пасля вайсковай службы Іван Сцяпанавіч жыў да рэвалюцыі ў губернскім Менску, а што ён там, бравы яфрэйтар без шаблі, рабіў – пра гэта не вельмі любіў расказваць, увесь свой жыццёвы росквіт звязваючы толькі з Пецяргофам.

Перш чым забегчы ў расказе пра дзядзьку Івана далёка наперад, я павінен з канца дваццатых гадоў вярнуцца назад, у самы пачатак стагоддзя.

Мая старэйшая сястра Ўлляна, цяпер ужо зусім бабуля, была тады дзяўчуком, а там, дзе ў нашым агародзе, у кутку ад вуліцы расце вялікі май (так у нас называюцца клёны), тады стаяла курная хатка. У хатцы жыў дзед Карашок, якога так празвалі за прыгаворку «ідры твае карашкі». Казачны «маскаль», мікалаеўскі салдат, які, зусім магчыма, быў не толькі на Шыпцы, але і ў Севастопалі ці нават «скараў» перад гэтым Каўказ. Бо паміраў ён, сястра мне расказвала, у дзевяцьсот сёмым годзе, маючы «без году дзевяноста». У дзеда былі «тры медале і нейкі белы шлык на галаве, а на нагах калюгі, выступкі з вострымі наскамі». І ён прасіў так яго пахаваць: у каўпаку, у калюгах і «медале» начапіўшы. Сястру маю, сваю любіміцу, папрасіў дапільнаваць, каб усё, «ідры яго карашкі, было па поўнай форме». На Ўлляне тады, як гаварыў мне хросны, «вада не трымалася», няўрымста была і рагатуха. «Ты ж, дзеду, – сказала яна, – усіх на тым свеце перапалохаеш. Гэтым сваім шлыком ды калюгамі». Але зрабілі ўсё, як ён прасіў. Медалі так і пайшлі з Карашком у зямлю. Можа, калі і выплывуць наверх, як той дукат з часоў караля Зыгмунта-Аўгуста, які наш бацька выараў каля самае вёскі – праз чатыры стагоддзі. Цяпер зірнём і наперад.

Дзядзька Бохан-Калоша не толькі перажыў свайго друга Захара Качку, але яшчэ і ў партызанах пабыў. За сынам Венем пайшоў, калі ўжо не мог ухавацца ад паліцаяў. Век быў у яго тым часам не той, каб хадзіць на аперацыі, і дзядзька даглядаў пры штабе коней. Раз толькі і выбраўся ў раён, пазычыўшы нагана. Ішоў па прыпушчанскіх вёсках і ў хатах, куды заходзіў перакусіць да знаёмых, пытаўся: «Як тут мая разведка?» Бо жыў ён з разведчыкамі ў адной зямлянцы. «Калі што плоха – не пакрывайце, кажыце. Ой, дам, ой, правучу!..» І собіла ж старому ледзь не ў лоб напароцца прыцемкам на засаду. Уцёк ад яе такім асцярожным кругам, што ў лес, дахаты, вярнуўся са свайго паходу толькі на пяты дзень. Хлопцы смяяліся, і сын яго, талковы і вясёлы Веня-мінёр, таксама смяяўся. А сам стары пазлаваў, папырхаў, але ваяцкага гонару і пасля гэтага не страціў. Калі перапісвалі неяк брыгаду і пісар спытаўся ў «дзеда» пра званне ў першую сусветную вайну, Іван Сцяпанавіч сціпла, з поўнай перакананасцю сказаў: «Што жа, пішы лейценант».

І пра лятанне сваё, зусім ужо міфічна састарэлае, не забываўся. Сам я аднойчы чуў, як ён расказваў пра гэта новаму чалавеку. З суседняй брыгады прыйшоў да нашага камісара ад'ютантам бойкі варшаўскі жыд Крамарчык, і «дзед» пачаў яго, нешта на трэці дзень, заварожваць сваім мінулым. Я якраз начаваў у лагеры, прыехаў з раёна з данясеннем, лёг раней, адзін у зямлянцы, і праз прачыненыя дзверы то чуў, то не чуў з двара, пра што там наш сівенькі буркуе. Потым яны ўвайшлі ўдвух у зямлянку, стары для пэўнасці спытаўся, ці я сплю, я стаіўся, і ён гаварыў далей:

– І так, значыцца, кагда я камандаваў ваздухаплавацельнай ротай…

Ад гэтага павышэння па службе я не вытрымаў, гыкнуў. А ён:

– А, сцярвец, ты не спіш!..

Пасля вызвалення, улетку і ўвосені сорак чацвёртага, ён працаваў участковым фінагентам, хадзіў з афіцэрскай сумкай, у якой былі паперы, хімічны аловак, кавалак хлеба і сабраныя грошы, ніколі не разлучаўся з нядаўна набытай вінтоўкай, а на куртцы яго красаваўся медаль партызана Вялікай Айчыннай вайны.

У тую зіму дзядзька Іван і памёр. Старая Алена, цётка вельмі павольная, сонна сказала, што, можа, яго не толькі з медалём, але і з вінтоўкай трэба пахаваць: «Бо вельмі ж ён яе любіў». Веня быў на фронце, але і дочкі разабраліся, што з вінтоўкай не трэба. А ўжо медаль пайшоў туды, дзе даўно ляжаць Карашковы – можа, з Шыпкі, а можа, з Севастопаля ці за Каўказ…

Калі вярнуцца зноў у час майго малалецтва, дык пра дзядзьку Івана трэба сказаць, перш за ўсё, што жыў ён вельмі бедна. Усе дзеці служылі, хто ў панскім двары, хто ў рабіна, хто ў кулака, і Веня, і дзяўчаты – з самага малку. А бацька з буланкай сяк-так качаў свой загончык з боку на бок, што бедны чалавек, а што яшчэ і гультай, змоладу пакалечаны лягчэйшым хлебам.

Мой хросны, кравец Рафалак, чалавек душэўны і трохі бывалы, растлумачыў мне гэта так:

– Ваня Бохан-Калоша, каб жыў у горадзе, дык, можа, і жыў бы як-небудзь па-людску. А тут – ні вала яго, ні асла яго…

Такое прыстасаванне да беднасці, такое прачытанне дзесятай Майсеевай запаведзі пра грэх зайздрасці: «Не пожелай дома ближнего твоего… ни жены ближнего твоего, ни вола его, ни осла его…» і гэтак далей.

– Папо, вы мне купілі чаравічкі?

Нясмелае дзіцячае пытанне, ад якога ў іншага бацькі душа перавернецца. А ён, Іван Сцяпанавіч, прыехаў з кірмашу падвыпіўшы.

– Цібе – чаравічкі? – абараняецца ён. – Цібе – сукеначку? – Тое дзяўчаткам, а гэта – сыну, хлапчуку: – А цібе, можа, гальштук ілі шляпу-канацье? А ці спрасілі вы, сцервяцы: а здароў лі ты, папенька? А?

Дзеці былі маўклівыя, пакорныя, як быццам усе трое, і дзяўчаты, і Веня – толькі па маме. На такім пытанні, пра чаравічкі ці пра што-небудзь іншае, прэтэнзіі іхнія і канчаліся. Дый бывала такое толькі тады, калі яны былі малыя. Падраслі, разышліся па службах і самі ўжо стараліся, не толькі сабе, але і ў хату.

А папенька доўга быў маладым. Калі ў іхняй хаце вечарынка, дык ён яшчэ і павучыць моладзь танцаваць гарадскую ойру. (Яшчэ адна яго, таксама доўгая, мянушка: «Ой, цыдрыца, ойра, ойра!») Хлопцам-пажарнікам, калі яны часамі наладжвалі святам свае заняткі, Лётчык паказваў, што такое сапраўдная гімнастыка, нават на прыблізным турніку. А найдаўжэй дык ён спяваў. І ў партызанах, бывала, вечарам, у аціхлай зямлянцы. Ужо стары, нямоглы, але яшчэ ўсё молада моцным, хоць і ніколі не гучным, грудным, прыемным голасам.

…Толькі гэтым і падобны на бацьку Веня Бохан-Калоша, мой ціхі сябар з маленства. Працуе ён у Горадне, слесарам на заводзе, бачымся мы часамі ўлетку, у Ніжніх Байдунах. Аднойчы, спяваючы за сталом, дайшлі і да такой: «Звенит звонок насчет поверки» – пра Ланцова, што ўмеў уцякаць з-за кратаў.

– Мой Лётчык вельмі любіў гэтую песню, – сказаў тады Веня, дабрадушна, спагадліва, як пра кагосьці малодшага. І, памаўчаўшы трохі, засмяяўся: – Помніш, як яны ваявалі калісьці з Захарай, Тангу і Пецяргоф?..

Гэты разумны, добры смех і мне дазволіў апісаць яго бацьку – не для здзеку, а толькі з усмешкай.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю