Текст книги "Ніжнія Байдуны"
Автор книги: Янка Брыль
Жанры:
Современная проза
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 7 страниц)
НА САЛАМЯНАЙ ЭСТРАДЗЕ
Перакрываюць хату.
Салома шчацініцца сонечным золатам яшчэ не вельмі высока; крыльцы (у нас казалі і стрыхарэ) дайшлі да палавіны страхі. Аднак і там яны – вышэй над усёю сваёй будзённасцю, у прыўзнятым настроі.
Мне так здаецца. Я падаю ім знізу то цяжкія, тугія кулі саломы, то доўгія, гнуткія повязкі, то кручаную лазу. І слухаю іх філасофскі дыспут. Гутарка ў большасці сваёй, як гаворыцца, не да друку.
Мне пятнаццаць гадоў. Я сам не вельмі лаюся, нават воддаль ад дому, у мужчынскай кампаніі, але да вясковай «скаромнасці» і я прызвычаены змалку.
З горада мы вярнуліся пазней за ўсіх іншых, хто быў у бежанцах. Мне пайшоў тады пяты год, і новыя сябрукі вельмі смяяліся з мяне, калі я кідаўся абараняць курыцу ад пеўня. Свіныя пастушкі, яны, па загаду бацькоў, самі ганялі свіней да кныроў. Ганяў потым і я. Ну, а калі ўжо да Туркавага жарабца, страшэннага, залівіста-іржыстага красуна, прыводзілі кабылу – ад нас, і большых, і меншых, не засланіцца было ні платамі, ні варотамі.
Малых нас, хлопчыкаў, у лазню бралі мамы, а то і старэйшыя сёстры. Цяпер, бываючы ў роднай вёсцы не вельмі часта, моладзь я пазнаю па бацьках. Вунь у Алесі якая красуня вырасла, яе апошняя, – уся як маці калісьці была. Маці тая сёння ўжо проста бабуля, а я ўспамінаю з хвалюючым сумком, як прыглядаўся да яе, сам яшчэ зусім смаркач, а яна ўжо дзеўка. У лазні, калі Алеся ўваходзіла ў парнасць з халодных сенцаў, там распрануўшыся і так блізка цяпер адкрыўшы ўсе свае таямніцы. Яшчэ і ўсміхаецца або і злуе, ці што: «Ну, уталопіўся! Цікуеш…»
Мамы, купаючы нас, смяяліся: «Во, закрываецца, бачыш! Што ты хаваеш, што там у цябе хаваць? Раней я ў цябе гэта бачыла, чым ты сам». І тады, і потым, калі я ўжо быў падлеткам, бабы-скудзельніцы, сабраўшыся ў нашай хаце, гаварылі пра ўсе свае беды і радасці адкрыта, толькі зрэдку пераходзячы на шэпт, які таксама збольшага быў зразумелы.
Ну, а мужчыны – тыя з самага нашага малку адукоўвалі нас, сваю змену, з поўнай свабодай слова.
Як жа мне тут цяпер перадаць яе, тую свабоду, хоць на якую-небудзь яе палавіну?..
Крыльцоў (ці стрыхароў) на хаце чатырох. Злева, ад вуліцы, Яўхім Заяц. Дзядзька салідны, маўклівы, вядомы на ўсю аколіцу цесля. Ён – хросны нашага Андрэя, майго, на пяць гадоў старэйшага, брата. Андрэй ад хроснага авалодаў няпростым майстэрствам стрыхарства. Крайні справа, ад гумна, сектант-пяцідзесятнік Брат Арсеній. А паміж ім і Андрэем – рагатун Косця Бяляк, па мянушцы Асечка або «Дай я гахну».
Недзе там дзецюкі калісьці хацелі камусьці «гахнуць» з высокай прызбы ў нізкае акенца, і кампанейскі Косця папрасіўся зрабіць гэта першы, спаслаўшыся на гарох з панцаком. Але не гахнуў і, як нядаўні салдат, яшчэ і сказаў: «Эх, асечка!» – набыўшы такім чынам дзве мянушкі за адзін раз.
Было гэта даўно, цяпер ужо Косцю за сорак, а ён яшчэ ўсё кавалер, яшчэ ўсё кажа: «Паспеем! Нажывёмсё!» Чалавек ён вясёлы і добры, у бядзе якой ці ў патрэбе паможа першы.
Брат Арсеній, інакш дзядзька Арсень Паходня, у секту, што завялася ў суседняй вёсцы Плёхава, пайшоў следам за сваёю Параскай, плёхаўскай бабай, драпежнай да ўсяго. Яна і дзяцей нараджала яму поўную хату, адных дзяўчатак. Раней ён мог і выпіць, і пабуяніць, а цяпер і сам прыціх, і іншым прапаведуе, як і дзе толькі можна. І тут, на хаце, таксама.
– У свяшчэнным пісанні сказана ясна: Бог есць любоў, – цягне ён сваю думку. – І імеюшчы вушы, штоб слышаць – да слышыць.
Асечка рагоча. Нібы не вельмі натуральна для яго, нібы знарок так звонка.
– Якая тут, хлопец, любоў на страсе? – крычыць ён тонкім голасам. – Любоў у нас вечарком!
Нават у ладкі пляснуў, раней чым яшчэ раз зарагатаць.
І ладкі гэтыя рассмяшылі Цімоха Ярмоліча, які толькі што падышоў і спыніўся каля мяне. Абагнаўшы картоплю, Цімох завёў на пашу каня, а самому дахаты не вельмі рупіць. Хоць невялікая, ды ўсё ж кампанія.
– Любоўнік! – смяецца ён. – Вечарком… Табе каторая каб нават смехам дакляравала, хоць у Хлюпічах, дык подбегам папёр бы, рук з кішэняў не вымаючы.
Хлюпічы ад нас далёка, каля самай пушчы, у якую нашы зімою ездзяць па дровы.
Косця і тут смяецца. У Цімоха мянушкі чамусьці няма, Асечку застаецца толькі яго прозвішча:
– Эх ты, Ярмоліч, Ярмоліч!..
Брат Арсеній (а гэта ўжо даўно стала мянушкай) абурана плюнуў, але сказаў зноў жа цытатай:
– Мерзасць запусценія, рачэнная прарокам Даніілам.
Цімохава жонка, Волечка, таксама блытаецца з пяцідзесятнікамі, якіх у нас называюць бапцістамі, – таму Цімох і злосны на «святых», і з цытатамі трохі знаёмы.
– Не тое, – кажа ён, – браце мой, асквярняе, што ідзе ў чалавека, а тое, што з чалавека вылазіць.
Цытата – перакручана і не зусім да месца. «Не то, что входит в уста, оскверняет, но то, что выходит из уст», – гэтыя словы пра пост ці не пост чуў ён, Цімох, ад свае хатняе прапаведніцы, але хто яго ўсё запомніць.
– Хоць бы ўжо слова божага не разурашчаў, – зноў абураецца Брат Арсеній.
– Прарокі! – звонка рагоча Асечка. – Усе прарокі разляцеліся, як сарокі!
Таксама не зусім дарэчы гэта, але складна, весела.
– Святы ўжо, браце мой, праведнік, – усміхаецца Цімох. – Чаму ж тады ў цябе калені спераду? Як у Котавай Акуліны. Ці ты ўжо, можа, зусім забыўсё?..
Пра калені – прымаўка, а з Акулінай – намёк на тое, што Цімох з Арсенем ведаюць, відаць, толькі ўдвух. І таму Брат Арсеній не па-прарочы, а па-мужчынску доўга маўчыць.
Асечка маўчаць не можа. Тэму ён абнаўляе так, нібы пасля паўзы вядзе яе далей зусім лагічна.
– І праўда, – пытаеца ён, – чаму гэта ў цябе, Арсень, адны дзяўчаты? Пяць дачок – пяць разоў гарэць будзеш. А сам хоць з торбай потым ідзі.
Брат Арсеній яшчэ ўсё ў «мирском», збянтэжаным настроі, але адказвае ён, па прывычцы, як яму і належыцца:
– Без волі Госпада і волас з мае галавы не спадзе.
– Пры чым тут волас? – смяецца Асечка. – Ты што, без Госпада ўжо і сына не змайструеш? Вунь паглядзі ў Рафалка – ажно тры сыны. Спытаўся б ты ў яго.
Тут зноў уступае Цімох. З прапановаю Брату Арсенію:
– Калі хочаш, дык і я цябе навучу?
Той маўчыць, і дарадчык гаворыць далей:
– Гэта, браце мой, трэба падперазаўшыся, і з сякерай за поясам. Памагае.
Брат Арсеній плюе і моўчкі круціць галавой. Ды тут ужо рагоча не толькі Асечка, які пляснуў у ладкі і проста заліўся, не толькі сам Цімох, Андрэй і я, але і маўклівы, салідны дзядзька Яўхім.
– З табою, Ярмоліч, не заморышся, – кажа ён, пасмяяўшыся. – Ішоў бы ты ўжо дадому, ці што…
Цімох ніколі не спяшаецца. Конік у яго малы, сівенькі, быстры. Трапечацца, тупае ў плузе ці ў возе, а потым занаровіцца і стане. Гані не гані – не скранецца. Тады гаспадар памалу злезе з воза або падыдзе ад плуга, папросіць у Сівага ножку, пярэднюю левую, пастукае знізу па капыце тоўстым канцом пугаўя і – гатова.
– Ну, падкаваў. Паехалі, дрыстун.
І жывуць сабе далей, конь час ад часу наровячыся, а гаспадар, куды часцей, ілгучы.
Калі Качка ці Лётчык ілгалі з пэўнай накіраванасцю – «вось які я, глядзіце, быў і наогул што я такое», – дык ён, Цімох Ярмоліч, маніў бескарысліва і часамі да поўнага самазабыцця.
Гэта я памятаю яшчэ з маленства, калі Цімох расказваў нашаму бацьку, як у ваенным шпіталі ён, у пяту паранены кавалерыст, «пяць разоў паміраў ад аперацыі і пяць разоў уваскрасаў з таго свету». Расказваў пры жанчынах і дзецях, без скараміны, і таму, відаць, сумна, бо бацька, і сам бывалец і добры байдун, сказаў пасля, калі залішне позні госць пайшоў: «Ну ж і вярзе, так, здаецца, і даў бы па карку».
Ва ўсіх Цімохавых расказах для слухачоў галоўным быў ён сам: уся яго, як гаварылі, выхілка – міміка, жэст, інтанацыя. Пра тую самую аперацыю, якую я ведаў у менш цікавым варыянце, ён аднойчы расказваў на вуліцы, мужчынам, а нас, хлапчукоў, мужчыны не адганялі. Цяпер ужо санітары трымалі параненага Цімоха не ўчатырох, а ўшасцёх, і хірургам быў не мужчына, а «нейкая барынька».
– Халацік беленькі, а сама, браце мой, ідзе – яечка з галавы не скоціцца. І ўсё пры ёй як мае быць, і з тых самых, відаць, што толькі пераступі цераз яе – ужо і тоўстая. Што ж, і я не з трухлявай алешыны, з дуба. Прымергаваўсё я трохі, прыціх, і толькі ўжо, браце мой, яна намерылася нагу маю разануць – калі хаплю яе за падчарэўе!.. Гвалт, піск, і санітары тыя, і яна: «Фуліган!..» Разбегліся, а потым ужо васьмёх прыйшлі, такія во – кожны за трох дурных можа з'есці і выпіць. Аблажылі мяне, далі на сон, ледзь не затхнуўся, і ўжо не тая барынька, а зноў мужчына прыйшоў. Таксама добры дурыла. Рэзаў, браце мой, колькі яму хацеласё!..
Ад далейшага Цімоха выручае Васіль Кураўка:
– Нагу адрэзаў, – дадае ён зусім сур'ёзна, у тон расказчыку.
Выбухае рогат.
Па простай логіцы і трэба было б адрэзаць: да таго ўсё ішло, аднак перад усімі тут, на роднай ніжнебайдунскай зямлі, стаяць абедзве нагі ў здаравенных ялавых ботах. Далей ужо напрасткі не папрэш, трэба як-небудзь убок, але Цімох не бянтэжыцца, нават як быццам рад і ўдзячны за дапамогу.
– Нагу адрэзаў, – кажа ён не сваім, а Кураўкавым голасам, і рогат зноў выбухае. – Сам, браце мой, бачыш, што не адна, а дзве клыпы мае стаяць. Разумны доктар трапіўсё. Яшчэ і накрычаў на тую, што рэзаць хацела. Асколкі павыкалупваў з пяты, ваты туды напхаў…
Кураўка зноў падказвае:
– Кожную раніцу, браце мой, выцягаю патрохі…
Усе рагочуць. Цімох таксама смяецца.
– Прыйдзі, пазычу, – кажа ён. – Заткнеш сабе, каб лішне не курэла.
ЦІ БЫЎ, ЦІ БАЧЫЎ…
З вайны, улетку сорак пятага, Цімох вярнуўся смешна.
Кожнага мог ён падкалоць, нават і Ёсіпа, меншага брата, не шкадаваў. Той неяк прывёз зімою з лесу дзве тоўстыя крывуліны, скінуў на вуліцы перад хатай, і ляжалі яны ўлетку неакораныя, без кладуноў. «З аднаго палена будзе малатарня, а з другога арха», – гаварыў Цімох, намякаючы на тое, што Ёсіп быў «ні за кол, ні за цям», толькі што працавіты, як вол, і без толку гарачы.
З Германіі Цімох прынёс трафейнае… кавадла. Праўда, маленькае. І малаточак да яго, і клешчыкі. Але ж – кавадла!.. Відаць, што пацешна малое – таму і спадабалася, і валок, блізкі свет, хоць майстар быў ён не лепшы за Ёсіпа.
Як толькі я, трохі пазней, наведаўся з Менска дахаты і пачаў цікавіцца, хто, што і як, пра Цімоха з гэтым кавадлам мне расказалі адразу.
– Ну, як ты там? Як ваявалася? Як куецца? – спытаўся я, калі мы сустрэліся.
Маё апавяданне, у якім гаварылася і пра Цімохавы байкі, было ўжо напісана, але яшчэ не надрукавана. Зрэшты, тады мне неяк і не думалася, што ў Ніжнія Байдуны яно як-небудзь можа дайсці. Дый апісаў я Цімоха, вядома ж, пад іншым імем. І таму адчуваў сябе перад ім чыстым, смелым, не тое што трохі пазней…
– Спачатку быў у пяхоце, – сказаў Цімох з нейкай крыўдай у голасе. – А потым, браце мой, здалёк убачыў, што карова праглынула цвік, дык узялі мяне да коней.
– У кавалерыю?
– Ага, у тую, што ў хамуце.
Мы з ім былі на «ты», аднак ён быў на дваццаць з гакам старэйшы. Ужо, здавалася б, не крыўдна чалавеку і ў абоз.
Наступным разам мы сустрэліся з ім на нейтральнай тэрыторыі, больш чым праз год і зусім нечакана – на кірмашы ў райцэнтры.
Я ўжо ведаў, што Цімоху прачыталі маё апавяданне і ён як быццам сказаў: «От зараза!..» Як хочаш разумей: злуе чалавек, не злуе? Калі ён гукнуў мяне з гушчы кірмашных вазоў і коней, я ішоў да яго не вельмі каб спакойна…
Цімох сядзеў на возе адзін, нібы кагосьці чакаючы. Павіталіся. Тады ён, як і заўсёды, не спяшаючыся, дастаў з-пад сена торбу, з торбы хлеб і сала, накроіў аднаго, нарэзаў другога, зноў пасадзіў руку ў сена і дастаў бутэльку.
«Спачатку чарку дасць», – падумаў я асуджана.
А ён сказаў:
– З горла ды ў горла. Будзь здароў!
Пацягнуў добра сам і перадаў бутэльку мне. Самагонка, вядома. І добрая. Была сякая-такая прывычка, – я пацягнуў, нібы з адчаю перад цяжкай гутаркай, і мы пакуль што пачалі закусваць.
– Збіраешся, можа, зноў неўзабаве быць?
Я не збіраўся.
– А што?
– Прывёз бы, можа, пораху трохі? Бяздымнага.
Ну, калі толькі гэта, калі ягонае «от зараза!» – не злосць была, а пахвала байдуна байдуну, дык я табе магу і дымнага і бяздымнага!.. Аднак я сказаў пакуль што стрымана:
– Чаму ж. Пагляджу.
Падбадзёраны гэтым, Цімох пайшоў далей:
– І патронаў. Шаснаццатага. І шроту, калі ўжо так.
Пра апавяданне маё – ані слова. Мала таго – яшчэ і сам пачаставаў мяне вясёлымі навінамі.
Перш за ўсё – пра Асечку.
– І яшчэ, браце мой, не ажаніўсё. – Тут Цімох, пераймаючы Косцю, пляснуў у ладкі, звонка зарагатаў і тонкім голасам ускрыкнуў: – «Паспеем! Нажывёмсё!» А самому ўжо… Ну але, ён за мяне на год старэйшы, пяцьдзесят тры. І на вайну пасля партызан не ўзялі, як таго Лётчыка. Кавалер! Я яму ўдоўку нядаўна нагледзеў, у Хлюпічах. Грышку Лазовіча забілі, баба засталася. Пад сорак будзе. Гладкая, браце мой, адных цыцак колькі! І шые яшчэ на машыне. Праўда, дзяцей няма, але няўжо ж табе конча ўжо на гатовае? «Пайшоў бы ты, – кажу яму, – хоць голку ёй зацягнуў. Яшчэ ж у вушка, можа, пападзеш? Там жа, можа, не протар». – Цімох яшчэ раз перакрывіў Асечку: – «Паспеем! Нажывёмсё!» Збіраўсё ён нібыта, але ж і яна чакаць не будзе. Навалач нейкую знайшла, прымака. Нейкі Швілі ці Швіляў. Худзізна – скура ўжо не на рэбрах, а пад рэбрамі. Чорны, як Каін, і дзве левыя нагі. Тры дні, тры ночы, браце мой, з хаты не выходзілі! А потым выйшаў ён… Я якраз міма праходзіў, бачу: пааўзе і, як п'яны, хістаецца. «Ты што, – пытаюсё, – толькі што з шахты вылез?»
Літаратура! Дзе тыя ў чорта Хлюпічы – ці быў, ці бачыў, ці гаварыў што сам – не важна…
Пра самога сябе Цімох, памятаю, казаў: «Які я там бабнік – проста адзін баюсё спаць». Як там бывала раней – у вёсцы гаворана і гаворыцца розна, а ўжо ў пасляваенныя гады яму памалу рабілася не да гэтага. А пагаварыць, пацмакаць ласы ён быў і ў старасці.
Другая страсць, паляванне, таксама спакваля міналася.
У калгасе ён быў спачатку лесніком і заадно вартаваў зарэчныя лугі. Скардзіўся мне аднойчы, што вельмі ж нялёгкая гэта работа – сена ў копах пільнаваць, бо лясныя хутаранцы, шляхцюкі, «зладзеі спрадвеку», вельмі ж на копы тыя насядалі, цэлымі чародамі.
– Адзіналічнікі, браце мой, дый злосныя яшчэ, як тыя мухі ў спасаўку. Махалам не адмахаешся! Страляў я раз, страляў, а потым давай тою двухстволкай попускам – па нагах!
– Па іх страляў?
– Ды не. Солі якраз не было…
Потым яго шляхцюкі паўступалі нарэшце ў суседні, плёхавіцкі, калгас, і аднойчы Цімох, вяртаючыся з лесу, сабраў каля нашай хаты чараду мужчын – паказваў, як тыя хутаранцы выйшлі на сваю першую калектыўную сяўбу.
Мужчыны нашы днямі ўжо бачылі гэты спектакль, цяпер Цімох частаваў ім мяне, аднак рагаталі ўсе. Расказчык адзін за некалькіх сейбітаў п'яна крычаў на ўсялякія галасы, з розным ды розным тварам і жэстамі, уяўна набіраў насенне ва ўяўны фартух, за аднаго шляхцюка ішоў, хістаючыся, за другога паказваў першаму, як кіравацца на яго сігнальны свіст і ўзнятую руку, за трэцяга – толькі стаяў і тупа, дзіка глядзеў кудысьці… А потым сейбіты, зноў жа ў асобе аднаго Цімоха, ішлі да ўяўнага воза з мяхамі, дзе ў іх была пачатая ці поўная, і, як гаворыць адзін мой знаёмы паэт, папраўлялі там галаву.
– Толькі і ведаюць, што самагонку добрую гнаць, – спакайней канчае Цімох, сядаючы на лаўцы. – І не зловяць ніводнага, як пад зямлёю ўсё роўна гоняць. А бабы і дзеўкі старыя курыць з дасады пачалі. Культура! Нацягнуцца, браце мой, адна з другою – толькі вочы, як белыя гузікі або як у рыбы ў юшцы. Памочнікі прыйшліся плёхаўцам, работнічкі, трасца іх матары!..
Цімох і сам, як вядома было і раней, таксама не надта перадаваў. Што лянота, любоў да прыволля, а што ўжо і старасць. Яшчэ гадоў праз некалькі яго вызвалілі ад вартавання лесу і лугоў, і стаў ён хатнім, тым больш што сын і дачка, ужо гарадскія, з вясны падкідалі ім з Волечкай унукаў, і дзеду было каго вартаваць.
Усё жывое ён любіў, можна сказаць, згадаўшы Лермантава, «странною любовью». У хаце ў яго адзін час вісела клетка… з трыма пацукамі. Толькі хвасты звісалі паміж пруцікаў. «Чырыкаюць сабе», – казаў Цімох, ледзь не захоплена. А мог і пазабаўляцца, госця пазабаўляць. Здыме клетку з крука, раскруціць вяровачку ў далонях, а тады смяецца, бо яны, тыя чырыкалы, па меры таго як клетка аціхае круціцца, п'яна хістаюцца па ёй.
Аднак пра стрэльбу ён зусім не забываўся. Ваўкоў было ўжо куды менш, чым адразу пасля вайны, але страляць іх трэба было ўсё роўна.
Ад вёскі нашай да лесу найдалей адсунуўся, яшчэ здавён, хутарок Бурака, які таксама ледзь што не спаў з тою вудай ды стрэльбай.
– Прывезлі нам туды, браце мой, здохлага каня, – адзін такі вясёлы быў, зайшоўсё з рогату. Скінулі воддаль за хлявом, ад лесу. Сядзелі мы з тым Бурачком, сядзелі ноч, і другую, і трэцюю – не ідуць, чуюць нас калядныя салаўі. Толькі здалёк заспявае каторы…
– А з якім Бурачком – з Аркадзем?
– Які табе, браце мой, Аркадзь! З бацькам, з Кандратам.
Аркадзя, маладога Бурака, Цімох недалюбліваў. Можа, таму, што той стаў пасля яго лесніком і паплаўнічым, а то, глядзі, і за тое, што з вайны, з Германіі, Аркадзь прынёс не кавадла, а паляўнічую стрэльбу.
– Гэта дык стрэльба, браце мой! – хваліў мне яе аднойчы Цімох. – Завар – чатыры кальцы!
Чацвёртае кальцо да «Заўэра» дадалося тут ад зайздроснага захаплення.
Гады праз тры мы зноў успомнілі пра Бурачкоў трафей. Цімох толькі рукой махнуў.
– Не ў тыя рукі трапіць, дык у глум і пойдзе.
– Як гэта?
– Ды так. Гусі, браце мой, напрадвесні селі на лузе. Дзікія. Эх, зарадзіў Аркадзік завар і папоўз. Думае…
Цімох скрывіўся і ўголас паказаў, што тады моўчкі ды сам-насам думаў Бурачок: «Чым большы дам, птамаць, зарад, тым далей той шрот панясе, лепей, птамаць, дастане…» Добра, дурыла, даў таго пораху, дый бяздымнага яшчэ. Поўз, поўз, заскерыўсё (Цімох паказвае), прыцэліўсё і – цяў!.. Усяго таго, браце мой, завара к чорту парвала, і зубы яму апошнія ўшчэнт пакрышыла. Стралок! Крыстына Роўбіха потым пыталася (зноў адпаведны, тут танклявы, голас): «Што ты там, Цімафей, такое здзелаў? Гэта, кажаш, не ты, а Бурак? Свісцела, свісцела, а потым равела, равела!..»
Гэта ляцела, значыцца, левая руля Аркадзевай стрэльбы, якую «парвала наўздоўж». Аж на суседні хутар, добры кіламетр.
Ці праўда тут, ці трохі нейкай праўды, ці толькі зайздрасць, што ўжо не сам ты малады ляснік, што не ў цябе такі «завар», – праверыць мне не ўдалося. Дый не вельмі карцела. Тым больш што Аркадзя я потым неяк сустрэў у Менску, можна сказаць, зусім на хаду: ён спяшаўся на свой аўтобус, быў, вядома, без стрэльбы, і я толькі па ўсмешцы яго паспеў заўважыць, што зубы ў чалавека хораша ды бела адраслі. Тыя «апошнія, пакрышаныя ўшчэнт». Што ж, можа, і стрэльбу Бурачок таксама сабраў ды склеіў…
Згасаў Цімох памалу і доўга, ужо не ў лесе, не ў лузе, а ў хаце і каля хаты. Сівы і цяжка ссутулены, хоць і вясёлы. І лёг ён апошні раз таксама па-свойму, арыгінальна – на былым панскім полі, толькі што шчодра прырэзаным да нашых вельмі ж перанаселеных могілкаў на схіле крутога зялёнага ўзгорка. У вялікім квадраце роўнай жытняй пожні, у далейшым кутку – адна, бо першая, Цімохава, магіла.
«Якога ліха, браце мой, тоўпіцца там, дзе ўжо і ўздоўж, і ўпоперак, і наўскасяк», – падумалася мне ягоным словам, можа, нават з ягонай усмешкай, хоць і быў я там у той дзень у зусім невясёлым настроі…
«Я ГАЛОДЗЕН!»
Лгаць не ўмелі і лгуноў не любілі браты Цівунчыкі. Хоць абодва таксама людзі бывалыя.
Жылі яны па-суседску, асобнымі гаспадаркамі.
Сцяпан, старэйшы, ваяваў у пачатку стагоддзя з японцамі, у Маньчжурыі, і жонку сваю называў па-кітайску – «фіма». Маладзейшы, Алісей, быў на першай сусветнай у Румыніі, і баба яго стала ад гэтага «фумеяй».
Дзядзька Сцяпан быў не толькі старэйшы, але і бывалейшы. Нават скончыў гарадское вучылішча, на той час – вельмі рэдкая для вёскі вышыня. Нядаўна адзін з маіх добрых знаёмых, вясковы настаўнік-пенсіянер, расчулена ўспамінаючы сваю далёкую маладосць, сказаў ажно так, што «гарадское – ого-го! – гэта больш, як цяпер аспірант». А мне пры гэтым успомнілася, як я рабіў калісьці ўрокі, а дзядзька Сцяпан, які сядзеў у нас, доўга глядзеў на мяне спадылба, а потым буркнуў – спытаўся, зусім нечакана:
– Сямю дзевяць?
Я быў у чацвёртым класе польскай сямігодкі, лічыўся нават выдатнікам, але так разгубіўся ад гэтага раптоўнага пытання, што ляпнуў штосьці не так.
– Д-да, вучоба! – сказаў дзядзька Сцяпан з прыціскам, якім і перакрэсліваў усё, што не па Малініну з Бурэніным.
Гадоў праз трыццаць пасля гэтага, калі ўжо ў мяне было больш за дзесяць кніжак на трох мовах, стары аднойчы пацікавіўся, на лавачцы перад хатай, што ж я ў тым горадзе раблю. Мы былі толькі ўдвух, аднак ён спытаўся зусім па-змоўніцку, ледзь не шэптам:
– Што, Антонавіч, па-відзімаму шчатаводам, д-да? Рублёў пяцьсот акалпачваеш?
Гэта яшчэ дарэформенных, на сённяшнія – пяцьдзесят.
Што ж, «несть пророка» і ў Ніжніх Байдунах… І ў Байдунах, і па суседству. Неяк улетку, калі ўжо тых кніжак было з пятнаццаць, ды на мовах чатырох, ішоў я да цёткі ў Плёхава. А насустрач, стоячы на пустых вазах, весела ехалі два плёхаўскія падшыванцы. Звычайна ў нашым баку школьнікі вітаюцца са старэйшымі, нават і незнаёмымі, але цяпер яны, два гэтыя хлопцы, былі на канікулах, памагалі вазіць снапы. Моўчкі мінулі мяне, а потым першы звонка, радасна крыкнуў другому:
– Валерка, бачыў? Во дзе рыла наеў!
Я засмяяўся, але ж, прызнаўшыся, трохі і прыкра было.
Там – малыя. А з дзядзькам Сцяпанам – другое. З гарадскім вучылішчам, з такою бываласцю, ён не чытаў ніколі ні кніг, ні газет. Не верыцца нават, што сам калі-небудзь і радыё мог уключыць. Гэта – пасля вайны ўжо, калі ён, нарэшце, развітаўся з беднасцю, калі аджыла яго вечная скарга «я галодзен», што была заадно і мянушкай.
З японскай вайны ён вярнуўся фельдфебелем з двума «Георгіямі» і цяжкім раненнем. Не хапае адной рабрыны, трасуцца сінія, набрынялыя рукі. Зрэшты, яны трэсліся ўжо і тады, калі я ўведаў яго, калі з дзіцячым захапленнем і жахам слухаў яго расказы пра штыкавыя баі. Пасля Маньчжурыі была Адэса-мама, то ўзлёт да пісара, то падзенне да біндзюжніка. Жаніцца прыехаў у родную вёску (ці не прыехаў, казалі, па шпалах прыджгаў), тады ўжо ўдваіх падаліся ў Піцер. Быў там шчаслівы перыяд у іхнім жыцці, калі ён спачатку служыў тэатральным пажарнікам, а пасля паштальёнам. А потым – зноў Ніжнія Байдуны, ды ўжо шасцёра дзяцей і поўная ў дзядзькі Сцяпана няздатнасць да гаспадаркі. З братам у іх надзелы былі роўныя, але старэйшы, які так доўга «не сядзеў на бацькаўшчыне», жыў намнога бядней, як ні трапяталася яго «Сама», жанчына ўладная і працавітая.
Ён не любіў ні Качкі з яго кітайскім Танку, ні Лётчыка з яго Пецяргофам, ні Цімоха з яго мясцовай маною. У жыцці дзядзькі Сцяпана было залішне сапраўднай бывальшчыны, аднак і ў смяшнейшых расказах яна была ў яго чамусьці прасякнута то горкім скепсісам, то апатыяй і цынізмам. Расказваючы, ён не шкадаваў і самога сябе:
– Д-да, біндзюжнікі… Наша прапіўшаяся брація… Адзін прарэзаў у мяху дзіркі: для рук і галавы. А ўтары – зусім голы. «Мар-роз – тока звёзды мярцают!..» Гэта – адзін. А той, што ў мяшку: «Д-да, б-брат, сачуўствую, і сам у прошлым гаду без адзёжы страдаў». З такою публікай жывал Сцяпан Міхайлавіч. На самым дне Максіма Горкага. Патом – праверка. Гоняць нас, галубчыкаў, ад самага сіняга мора ды ў паліцэйскі ўчастак. «Па аднаму! Па аднаму!» Уваходзіш – адзін вярзіла стаіць, кулакі па пуду. Ка-ак смажат па рожы – ляціш да дзвярэй! А там утары вярзіла. Ка-ак саданёт па шэі – дзвер башкой адкрываеш. І ўсё, ты ўжэ на вуліцы і нікакіх фармальнасцей, апяць ты ў самага сіняга мора.
Пра «фіму» сваю і наогул пра ўсіх жонак:
– Д-да… Толькі ажэнішся – так і пайшло! Рот разявіць:
«А-а-а!..» Ты туда лапці, бацінкі, анучы, чулкі! Ты туда кофты, спадніцы, шляпкі, зонцікі, платкі! Мала, мала і мала! У Піцеры фіма мая і да святога прападобнага Іаана Кранштадскага мяне таскала. Ка гробу яго чудатворнаму, за благадзенствіе памаліцца. Д-да… Палажу сваю трудавую лепту да яшчо і лбом сваім собсцвенным стучу, як баран, у той халодны каменны пол. Сама, усё яна сама…
Аднойчы Сама адна паехала на кірмаш, купіла парку парасят, а яны аказаліся няежныя. Дацягнулі сяк-так да наступнага кірмашу, і прадаць парасят Сама паслала свайго Сцяпана. Яшчэ і непагадзь была, як на тое. Дзядзька стаяў, згорбіўшыся, каля воза, дарма стараўся сагрэць у рукавах мокрага, палапленага кажушка набрынялыя сінія рукі. Худая кабыла грэлася рэшткамі мокрага сена, а на ручцы воза вісеў завязкамі доўгі, мокры мех, у якім, ужо на зямлі, варушыліся ды кавэнчылі ацэплыя «пацучкі».
– Парасяты? – спытаецца, праходзячы, магчымы пакупец.
– Д-да, б-брат. Б-бяры, хоць рукі мне апрастай. Ніч-чаво не ядзят.
Цярплівасць яго вельмі рэдка, аднак жа ўзрывалася дзікасцю страшнага гневу. Тады хапала і Самой, і дзецям. А потым ён зноў уваходзіў у сваю апатыю і скепсіс, спускаўся да панылага, бясконцага: «Я галодзен. Мне б уцілізіраваць свіных плячэй…»
– Д-да… У свабоду было, – успамінаў ён петраградскую вясну семнаццатага года. – Талпа збярэцца – мітынг. Адзін узлезе на бочку: «А-ла-ла-ла!..» Той не кончыў – сцягнулі з бочкі, а то і па шэі далі – зляцеў. Потым другі, потым трэці, чацвёрты… А я стаю – у адным кармане булка, у другім кармане каўбаса. І я на бочку – гоп! Маложа быў, лягчэйшы. Тока хацеў «а-ла-ла!» – а тут мяне за штаны ды па шэе. І ўжэ не пяты, а шастой на бочке. Д-да… У адным кармане булка, у другім – каўбаса… І чаго я хацеў?
Горкі і беспрасветны смех. Кароткімі, сутаргавымі рыўкамі.
Японцы ў яго, ідучы на штыкі, крычалі не «банзай!», а як туркі – «ала!». І сцвярджалася гэта з матэматычнай катэгарычнасцю. Як і тое, што сам ён, «лічна», будучы паштальёнам, «насіў пошту пісацелю Гогалю. У дзевяцьсот дванаццатым і позжа». Яшчэ і малюнак даваўся, як той Гогаль, ці нават Гогалеў (куды важней), хадзіў «задумчыва па сваім велікалепным кабінеце», а потым «харашо даваў на чай».
Быў у дзядзькі Сцяпана і трохі святлейшы смех, – зрэдку, нямнога, але быў. Пасе ён, скажам, карову – прыпасвае на повадзе на сценцы, палявой дарозе, або на поплаве сярод збажыны. І суседскія дзеці таксама прыпасваюць. Пагаварыць малым ахвота не толькі паміж сабою, але і са старым. І шукаюць пра што. За раскошнай улетку хлебнай далінай, воддаль – на ўзгорку, над хатамі і дрэвамі мястэчка светла ўзвышаецца царква, белая, з салатавымі купаламі.
– Дзядзько, а цэркаў перад Сёмухай пабялілі, – пачынае бліжэйшая ад старога дзяўчынка.
– Д-да, пабялілі, – згаджаецца ён.
– Дзядзько, – не сунімаецца гаваркая суседачка, – а як гэта яе пабялілі? Так жа высока! Як?
– Очань дажа, уважаемая, проста: павалілі, пабялілі і апяць паставілі.
Сваіх дзяцей ён, вядома ж, таксама любіў. Але іх было многа на такую бядоту, а да таго ж яшчэ абодва хлопцы не вельмі ўдаліся. Старэйшы, якога клікалі па мянушцы – Жмака, сам пакінуў вучыцца, па два гады пахадзіўшы ў першы і ў другі класы, а меншага, Мішу, выгналі з трэцяга за безнадзейныя двойкі і злоснае хуліганства.
– Д-да, – гаварыў пра гэта дзядзька Сцяпан, – оба выбылі па сакрашчэнію штата.
Словы такія дзядзька любіў. Да нас, вечарамі, заходзіў ён часта, сядзеў і расказваў доўга. І амаль заўсёды, адыходзячы, маме нашай, што нястомна сядзела на прасніцы, гаварыў з аперэты, якую калісьці слухаў з-за сцэны, быўшы пажарнікам, – стары старой гаварыў:
– Д-да… Да свіданія, Джульетка, паслязаўтра я прыйду.
Але прыходзіў і назаўтра.