Текст книги "Ніжнія Байдуны"
Автор книги: Янка Брыль
Жанры:
Современная проза
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 4 (всего у книги 7 страниц)
МАЁР АСМАЛОЎСКІ
Вось так. А цяпер мне – думай, як ад такой узнёсласці вярнуцца зноў да смеху?
Што ж, і ў жыцці яно так: бывае самае нечаканае чаргаванне.
…Дык мы сядзім сабе, спяваем за сталом. Акно адчынена ў зялёны сад, асветлены з хаты. І раптам у гэтае акно з таго саду даволі спрытна гоцнуў чалавек, якога я прывык лічыць… бадай што і нябожчыкам.
Ускочыў, выхапіў з-пад пінжака (пад гальштукам!) добры аполак сала, пляснуў яго на стол, сказаўшы: «Мой уклад!» – і працягнуў мне цераз стол руку:
– Здароў, Антонавіч!
– Сідар – ты?! – гукнуў я міжволі.
– Сідар – я! – адказаў ён у тон мне і засмяяўся: – Хрыстос васкрэсе, браток!
І трэба ж было (і такое бывае), што зранку дома, тады на рэчцы, пасля зноў дома – і ніхто мне ані слова пра тое, што Сідар-гоп і сапраўды ўваскрос, другі ўжо раз пасля вайны!..
Пра Сідара пачнём з мянушкі. Проста ён смешна танцаваў, няўдала падскокваючы ды падрыгваючы ў польцы, а то і ў вальсе, таксама без толку і ладу. Калісьці, гледзячы збоку, Уладзік Чыркун падбадзёрваў яго: «Сідар – гоп!», гэтае «гоп» падхапілі мы, падшыванцы, і так яно прыліпла назаўсёды.
Сідару вельмі ж хацелася ў войска, а яго ўсё бракавалі. Пазней я даведаўся, што па Версальскім дагаворы Польшча Пілсудскага мела права толькі на трыста шэсцьдзесят тысяч войска, таму і адбіралі «пабаровых» так прыдзірліва. Сідару першы раз далі адтэрміноўку, на другі год таксама, а ўжо на трэці забракавалі зусім. Паміж другім і трэцім годам надзеі з Сідарам здарылася такое, што ён лічыў нядрэнным козырам. На ўзгорку за нашай вёскай паставілі «маяк», трыганаметрычную вышку, якая нам, пастушкам, здавалася проста паднебнай. Аднак знайшоўся чалавек (не з тых, што ставілі «маяк»), які не толькі залез на яго да самага верху, але, ашчарэпіўшы нагамі шпіль, апусціўся ўніз галавою. Гэта быў Штокала, вядомы местачковы жулік. Другі да шпіля далез Сідар-гоп. Зачапіцца нагамі і павіснуць уніз галавою ён не асмеліўся, рэкорд свой адзначыў тым, што скінуў адтуль галёш. Была ўжо восень, гразь, і галёш, прасвістаўшы снарадам, урэзаўся ў раллю. А вясною, «на здачы», Сідар-гоп казырнуў маяком: «У мяне вельмі моцная галава, вазьміце ў лётчыкі!..» Не памагло. Выхад сваёй няўрымслівасці ён знайшоў у іншым… Зноў тлумачэнне патрэбна – не была б гэта гістарычная тэма!..
У бліжэйшым ад нас, невялікім маёнтку быў панам Сідараў дваюрадны брат. У рэвалюцыю пані Ядкова (тая самая, што згубіла «седэмнасце злотых») са страху і дзеля самастрахоўкі ўзяла да дачкі прымаком сялянскага дзецюка, стала такім чынам нібы і сама сялянкай. Потым панская ўлада вярнулася, і ўсё стала наадварот, – прымак, звычайны, нават не вельмі спраўны Ганнін Мечык, з прозвішчам, як і Сідар-гоп, Асмалоўскі, з мянушкаю Сэпель, зрабіўся панам Мечыславам. Панскай радні, якая жыла ў асноўным у Варшаве, не гонар быў такі сваяк, але, параіўшыся, пагадзіліся на тым, што паслалі яго на нейкія курсы, каб трохі абгладзіць. А ён пасля, не вельмі зазнаўшыся на пасадзе панінага мужа, узяў да сябе, у маёнтачак, і свайго дваюраднага. Ведаючы яго другую, пасля мілітарнай, страсць – лячыць жывёлу, Мечыслаў уладзіў Сідара, узброенага двума класамі царкоўнапрыходскай школы, на ветэрынарныя курсы, з якіх ён, дарэчы, вярнуўся хутчэй, чым чакалі.
Ці так, ці гэтак, а нашы Ніжнія Байдуны набылі сваю арыстакратыю – пана і доктара.
Пан співаўся настолькі паслядоўна ды настойліва, што да верасня трыццаць дзевятага года ад яго маёнтачка засталіся ўжо толькі рожкі без ножак. А доктар лячыў сялянскую жывёлу так самааддана і ўдачліва, што неўзабаве набыў сабе славу на некалькі вёсак і мястэчка. І гэта – без адрыву ад уласнай гаспадарачкі, якую яны вялі сяк-так з малодшым братам і сястрою. Праўда, калі людзі прыходзілі з яго рэцэптамі ў аптэку, аптэкар круціў галавой і ўсміхаўся ад Сідаравых польскай і, тым больш, лацінскай моў, аднак здагадваўся, чаго пан ветэрынаж Асмалоўскі хоча: з гадамі ён прывык да невялікага асартыменту Сідаравых лекаў.
Сідар лячыў душою і нахабствам. Вязе яго, скажам, які-небудзь не з нашай вёскі дзядзька да хворай каровы, а той доктар ужо на пад'ездзе да вёскі ажно гарыць. Не чакае, пакуль і веснікі адчыняць – гоп цераз іх, пінжак ці кажушок з сябе, на плот, і крычыць гаспадыні: «Цёплай вады!» За вочы людзі пакеплівалі, аднак бралі яго ахвотна, бо да гміннага ветэрынара з мужыцкай капейкай не вельмі было даступіцца, а гэта і свой чалавек, і цаны ніякай не вызначае, – што хто дасць. Нават і чаркі з яечняй ды добрага слова хапала.
Трэба дадаць яшчэ адно. Сідар-гоп быў усё-такі «доктарам» не афіцыйна, толькі народным, ці што, і на лячэнне яго гмінная ўлада глядзела праз пальцы: няхай сабе, як-ніяк – панскі сваяк.
Ветэрынарства гэтае Сідара і падвяло.
У ліпені сорак трэцяга, у дні вялікай блакады нашай партызанскай пушчы, у мястэчку спыніўся быў уласаўскі карны батальён. Сідара хтосьці там з местачковых рупліўцаў ці проста дурняў падаткнуў: «Вунь стаіць ніжнебайдунскі доктар…» Яго забралі як патрэбнага пры конях, і так ён знік з родных мясцін, а для добрых людзей – «прапаў за сабаку».
А ўлетку сорак шостага, праз тры гады, я прыехаў да брата і на вуліцы роднай вёскі, у сонечны дзень – проста аслупянеў…
Насустрач мне ішоў, злёгку накульгваючы, шыкоўны савецкі маёр – з залатымі пагонамі, з двума ордэнамі і, як адразу здалося, мноствам медалёў. Ён падпіраўся далікатнай кульбачкай, відаць, не толькі для большай важнасці, але і з патрэбы, бо на яго парадным кіцелі была і жоўтая стужка цяжкага ранення.
Тады я першы раз выгукнуў сваё: «Сідар – ты?!», а ён адгукнуўся ў тон мне, з прастадушна шырокай усмешкай: «Сідар – я!»
У адказ на маё маўклівае недаўменне ён выняў з кішэні кіцеля свой ваенны білет, яшчэ (не памятаю які) дакумент, адкуль у памяць маю назаўсёды ўступіла фраза: «Смыл кровью вину перед Советской Родиной и восстановлен в звании майора». Іменна, іменна гэтае «восстановлен»! У чалавека, што ні ў польскім войску, ні ў Чырвонай Арміі да вайны не быў нават і радавым. А тут: «майор Исидор Алексеевич Осмоловский»… Гучыць?
Яшчэ адным пераканальным доказам поўнай Сідаравай легальнасці была яго жонка. Бо чалавек нарэшце і ажаніўся. Пад яблыняй у дзядзькавым садочку, на вярблюджай коўдры, з белай падушкай ляжала завітая дамачка ў ярка-стракатым халаце, з кнігай. Сідар нас пазнаёміў. Я даведаўся, што Злата Аркадзьеўна – ваенфельчар, і заўважыў, што яна па-мірнаму цяжарная.
Далейшае адбылося без мяне, я толькі чуў пра гэта ад некалькіх землякоў, і з тых расказаў, дадаўшы іх да Сідаравых, склалася даволі выразная карціна вялікага пераўтварэння нашага Сідара-гоп у маёра, а потым наадварот.
З таго карнага батальёна ён перабег у партызаны, на развітанне як быццам атруціўшы ўколамі некалькі ці нават многа коней. Сідар мог і дадаць сёе-тое, так што ўсяму не надта і верылася. У арміі, куды ён трапіў з партызан, прыйшлося праясняцца ў штрафніках. Пры штурме нейкай вышыні «загінулі ўсе камандзіры», адчайны Сідар (гэта – без іроніі) павёў рэшткі роты ў атаку, вышыня была ўзята, а цяжка паранены Асмалоўскі апынуўся ў шпіталі. Калі ён апрытомнеў і ў яго спыталіся пра былое званне, Сідар доўга не выбіраў.
І найдзіўнейшае ў тым, што ён быў у сваім маёрстве ўпэўнены. Яшчэ мацней, чым старшы унцер Качко ў сваіх сяброўскіх выпіўках з капітанам французскага крэйсера або яфрэйтар Бохан-Калоша ў сваім камандаванні «воздухоплавательной ротой». Хвароба нейкая ніжнебайдунская, ці што?.. З Усходняй Прусіі «маёр» Асмалоўскі трапіў у Маньчжурыю, пасля разгрому Квантунскай арміі (там Сідар атрымаў другі свой ордэн) блізу год праслужыў у адным далёкаўсходнім гарнізоне, а пасля, на бяду сваю, з бляскам наведаў родную вёску.
Тут яго не было каму і дзе прыняць. Малодшы брат, якога нездарма яшчэ на пашы празвалі Катлом, служыў паліцаем, а потым уцёк на Захад разам са сваімі новымі панамі, забраўшы з сабою, у беззваротнае бадзянне, маці і сястру. Іхнюю хату, як «бросовое хозяйство», часова занялі пад школу. Сідар з жонкай спыніўся ў дзядзькі. Наслухаўшыся на сваяцкіх частаваннях рознага захаплення наконт яго геройства, ён не вытрымаў (і не з такімі здараецца) выпрабавання славай, паехаў у райцэнтр і з усёй катэгарычнасцю запатрабаваў аддаць яму хату. Легенда кажа, што там ён нават і стукаў і грукаў – кулаком па стале і кульбаю ў падлогу. Маёрства высветлілі. Злата Аркадзьеўна паехала з адпачынку адна.
А выплыў Сідар для мяне, і сапраўды ўваскрос, – ускочыўшы з саду ў акно.
Трэба сказаць, што на ўсе свае віны і заслугі глядзеў ён цяпер… проста дзіва, з якой аб'ектыўнасцю. Першы свой тост за нашым сталом узняў:
– За савецкую, хлопцы, турму! Бо гэта, я вам скажу, не турма, а сплашная прывілегія. З дурня зрабілі з мяне чалавека. Зноў я нашы кароўкі лячу, зноў нашым людзям дабра хачу, п'ю нашу родную чарку, ем нашу родную скварку, няхай жыве наша рабоча-сялянская ўлада і – нічога нам болей не нада!..
Ён не вельмі зманіў пра кароў – цяпер не лячыў іх, праўда, але ўжо ад зімы займаўся ў калгасе справай штучнага абсемянення, якое называюць проста «саматыкам», ды так старанна і талкова працаваў, што ў вёсцы пачалі казаць: «Сідар-гоп цяпер за быка».
У рыфму гаварыць ён мог заўсёды і зусім свабодна. Памятаю я гэта яшчэ з далёка-даваеннага часу.
Маці наша смяецца ажно да слёз, а Сідар стаіць перад ёю, як на эстрадзе, у творчым экстазе імправізацыі.
– Мілая мая цётка Катрына,
ёсць у вас і хлявок, і адрына,
і агарод, і садок, і хата.
Толькі памёр ваш нябожчык тата…
Не ваш, канечне, а вашых сыночкаў,
а такжа вашых і дочкаў,
а ваш – любімы мужык,
што з вамі жыць дружна прывык…
Так магло б і плясціся, калі б не трапляліся словы, дзе з ходу не вельмі і зарыфмуеш. Скажам, такое:
Цяпер жывяце вы, цёця, удавою,
над хазяйствам сваім галавою,
і жызня ваша больш ужо не скарбейная,
бо сыночкі вашы павырасталі… Ага!
Няма тае рыфмы да самаробнага слова «скарбейная» – і такое бяды: тут падстаўлялася запасное, дзяжурнае «ага!». Як у той польцы – «Сідар – гоп!..». Гопнуў, брыкнуў і – паэзія.
У гэты свой яшчэ адзін талент Сідар верыў, як і ў маёрства.
– Антонавіч, – гаварыў ён мне аднойчы, зусім цвярозы. – У цябе ж, браток, машынка пісучая ёсць. Прыеду я да цябе калі-небудзь, сядзем і ўдвух усю жызню апішам сціхамі!..
Задуму гэтую мы з ім, на жаль, не здзейснілі. А ён быў, думаецца, і сапраўды здольны. У яго была і фантазія, і назіральнасць, і ўменне коратка, дакладна перадаваць другім убачанае. Расказваючы мне пра Маньчжурыю, Сідар так згадваў рыкшу, мімаходзь: «А капялюш, браток, шырэйшы за аглоблі!..» Расказваў ён мне і пра тое, як намагаўся забраць сваю хату, як тады «трохі памацаў тых бюракратаў». «Гарбуновіч – адразу са страху пад стол, а Марцыян як сігануў у акно, дык раму на шыі вынес на вуліцу і папёр!..» У дачыненні да тых, каго я добра ведаў як паважаных ды салідных, неверагоднае было міжволі смешным, бо і расказанае з мімікай, з жэстамі і з перайманнем галасоў. Не горш за Цімоха Ярмоліча. Быў таксама расказ пра лагернага старшыну, страшэннага заразу, якога Сідар, падаўшыся не ветэрынарам, а «чалавечым фельчарам», лячыў ад гемарою шкіпінарам. Было і яшчэ сёе-тое. Словам – буйства фантазіі і гарачая, непахісная вера ў самога сябе. Пакуль яны, разам з ім, спакваля не атухлі.
З Сідара зрабілі забаўку. Былы наш старшыня калгаса, чалавек недалёкі, спачатку нядрэнны гаспадар, пасля раздзьмуты і ачмурэлы, лічыў Асмалоўскага сваім прыдворным паэтам, і на выпіўках – стацыянарных і выязных – Сідар зарыфмаваўся пры начальстве да поўнай старэчай нікчэмнасці.
А чалавек ён быў, калі глыбей узяць, і недурны, і нядрэнны. Не п'яны або не ў «творчым настроі», ён разважаў і так:
– Не вер, браток Антонавіч, калі каторы стогне. І колюць, і рэжуць, і хаты будуюць пад бляхай. А колькі ў нас маладзёжу вучонага? Каб не Савецкая ўласць, не было б чаго другому і дзяліць паміж сыноў, і дочкам у пасаг даваць. А гэта? Вяселле – тры дні і мора магазіннае гарэлкі, хрысціны – два дні, у армію ідзе – два дні! Няўжо ж такое з гора? Калі пры тым адзіналічастве адзін ці два гаспадары жылі ў нас, як яны думаюць, лепш, чым яны сённека жывуць, дык што ж ад гэтага другім, усяму нашаму бальшынству? Што мы з табой, браток, не бачылі тае скарбейнае жызні? Што ты стогнеш другі, як карова, аб'еўшыся роснае канюшыны?..
Пра Сідара я неяк чуў: «Харошы, просты чалавек». Яшчэ і тут, на гэтым прыкладзе, я намагаўся пранікнуць у глыбінны сэнс такога азначэння. Тыя, хто так гаварыў пра Сідара, і самі былі людзі простыя, і ён, зрабіўшы захмарны віраж са сваім фантастычным маёрствам, адбыўшы потым сваю «прывілегію», зноў быў шчыра руплівы, вечна з-за недахопу часу непаголены, у недачышчаных кірзачах. І з яго, можна думаць, было б не тое, калі б яго з самага моладу ды ў спрыяльныя ўмовы, – як сёння моладзі: школа, завод, інстытут… А прастата яго – у нечым іншым, не знешнім, глыбейшая якасць. Толькі ж гарэлка, гарэлка… Ды ў гэтым ён не першы і не апошні.
«ВАРОНА ЕЛА ГРАМУЗДУ»
Тут – не адзін які ўспамін, а некалькі вельмі вялікіх, шматфарбных малюнкаў, убачаных праз акно самалёта ў розныя гады і ў розных шыротах, сваіх і замежных. Палі ў шматфарбным летнім росквіце.
Па-польску цераспалосіца называецца «шахаўніцай» – ад шахматнай дошкі. Іменна так было б зручней называць вялізныя квадраты і прастакутнікі нашых палёў, бо палосы ў цераспалосіцы – звычайна падоўжныя і, у большасці, вузкія.
Летась я з групай сяброў-літаратараў быў на Таймыры. Цяпер успомнілася, з якім хваляваннем, пад прыкры трэск у верталёце, глядзелася зверху на тундру. На яе зялёна-бура-шэрую самотную бязмежнасць, на бліскучую процьму малых і меншых азёр-азярынак, – нібы на шкуру казачна вялізнага аленя, зусім не казачна пабітую на сотні дзірачак заеддзю, запалярнымі аваднямі. На наша шчасце, як сказалі лётчыкі, дзень быў на рэдкасць сонечны. Хваляванне ўзмацнялася тым, што напярэдадні мы апускаліся ў адзін з нарыльскіх руднікоў. Трэск верталёта спалучаўся ў памяці з магутным грукатам горнага камбайна. Складана было на душы ад такога «вышынна-глыбіннага» пазнавання гэтай зямлі, незвычайна багатай і сцішна суровай… Назаўтра хваляванне паўтарылася інакш, прасцей. У параўнаўча ціхім пасажырскім лайнеры мы вынырнулі з-за высокіх, рэдкіх аблокаў у сонечнае, спелажоўтае, сакавіта-зялёнае Падмаскоўе. Кантраст паміж тундрай і панарамна вялізнай «шахаўніцай» культурных палёў адчуўся па-новаму, як штосьці так па-хатняму ласкава, хораша абжытае… Тады і падумалася пра ёмкасць і дакладнасць польскага азначэння цераспалосіцы.
Цераспалосіца, палосы і палоскі… Зверху бачыў я іх у Францыі, у Пакістане, у Канадзе, у іншых краінах. І ўжо не помню, дзе, у якім падарожжы, над чыімі палямі згадаў яшчэ аднаго вясёлага земляка з яго незвычайнай прывычкай.
Дзядзька Тодар Клімовіч, за вочы Грамузда, напасвіўшы ў нядзелю ці ў свята якое каня, дзе-небудзь на поплаве або на мяжы, адводзіў яго на выган па вёсцы, пасля па дарозе, а сам вяртаўся дахаты інакш. Ішоў па полі, упоперак загонаў па жыце, па аўсе, па бульбе, па канюшыне. Ішоў памалу, адпачываў такім чынам і думаў. Можа, чытаў з гэтых палосак жывую гісторыю роднай вёскі, расслаенне яе на багатых, бяднейшых і бедных, а можа, проста радасць адчуваў – ад чаргавання збажыны і нібы ад палёту. Вось я іду па зямлі – нібы лячу над ёю, без усякай дарогі!.. За гэта яму ніхто ніколі ды нічога не сказаў. Усе суседзі зараз, усёю вёскай не збяруцца дзеля таго, каб асудзіць («чаго ты грузішся па хлебе, га?»), а кожны паасобку – ат, падумаеш! Хіба што пасмяецца хто, адзін другому скажа: «Бачыў, бусел ізноў пасігаў!..»
Грамузда – мянушка з самага маленства. Яшчэ ў той старэнькай школе, што згарэла ў акупацыю, калісьці малы Тодарка павінен быў расказаць настаўніцы байку Крылова «Ворона и лисица». А ён не вывучыў. Калі яму ззаду шапнулі чарговы радок: «На ель ворона взгромоздясь», ён, беларускі хлапчук, паўтарыў яго па-свойму: «Варона ела грамузду». І ад таго пайшло. Мала што смешна, дык яшчэ і незразумела – грамузда, ад чаго і смяшней.
Усе ніжнебайдунскія мянушкі пачыналіся ад смешнага, за кожнай з іх было першае здарэнне.
Злоснага здаравілу Жмаку празывалі яшчэ і Бог-бачко. У школе, на ўроку «божага закону», поп загадаў малому назваць «лица пресвятыя троицы». Той цягнуў сяк-так на падказцы, і выйшла ў яго, тады бяззуба-шапялявага, так: «Бог-ачэч… бог-шын і… бог-бачко!»
Да нярослага каваля Пучка з самага малку цэлая фраза прыліпла ў якасці мянушкі: «Не хачу хлеба, дай сала». Кавэнчыў, скварку ў маці прасіў, а яна была баба вясёлая, надзела яму торбачку: «Ідзі, сынок, пажабруй, бо ў нас ужо таго сала ані бародавачкі няма». І ён пайшоў. Суседкі смяюцца, хлеба малому даюць, а той шморгае носам з марозу ды: «Не хачу хлеба, дай сала».
Было і «Важнае ліцо». Мітроша Рагач. Хлопец, здаецца, як хлопец, толькі і розніцы ад іншых дзецюкоў, што нярослы ды што ў яго такі добранькі бацька: да самай сынавай жаніцьбы не даваў яму араць ды сеяць. У хаце ў іх было поўна жанчын – маці, цётка і сёстры, – можна туляцца і ад іншай палявой работы. Мітроша то габлюе што-небудзь у халадочку, а потым, маме на радасць, распішацца на кожнай стружцы тоўстым сталярскім алоўкам, то возьме рыдлёўку, шнур і выпроствае ў полі мяжу. Вярнуўшыся з войска, дзе ён служыў у коннай артылерыі, Мітроша павыгаблёўваў ды павыпісваў шыльдачкі і панавешваў іх у хляве, правёўшы казарменны ўлік: «Кабыла Лысая», «Карова Красуля», «Цялуха Манька». Толькі авечак ды свіней не выдзеліў паасобку. Выпісаў з Варшавы, з выдавецтва «Добро», эмігранцкую газетку «Меч», паўгода чытаў у ёй пра італа-абісінскую вайну, а потым перамог-такі свой гонар, спытаўся ў мяне, шмат маладзейшага, сам-насам: «Скажы, пажалуста, а што гэта за гасударства – Мусалін?» Мянушку сваю Мітроша набыў раней, яшчэ да службы ў войску. Ішоў у нядзелю з мястэчка з плёхаўскімі дзяўчатамі. Развітваючыся каля нашай павароткі, яны запрасілі яго на танцы да іх, увечары. І ён згадзіўся: «Харашо. Тока скажыце вашым кавалерам, што да іх прыйдзе важнае ліцо». Гумар такі. А дзяўчаты паверылі. І сказалі. А кавалеры абдумалі, як тут яго сустрэць і правесці. Сустрэлі падкрэслена-ветліва, а потым, як сцямнела, выгналі з вёскі не цяжкай зброяй дзецюкоўскіх боек, не штанкетамі ці каменнем, а далікатна – пугамі.
Мянушкамі здавён была пацярушана ўся наша вёска, хапіла на кожную хату па адной, і па дзве, і па тры. Свой фальклор, для саміх сябе і найлепш зразумелы, і найбольш вясёлы. Як і ў кожнай іншай вёсцы, спрадвеку, у нялёгкай мужыцкай долі – па прыказцы: «Не пацешыўся б, дык павесіўся б». І я тут не буду іх больш прыводзіць. Толькі адну з пазнейшых, сучасную, што не стаяла на месцы, а год ад году расла, сталела, разам з тым, каму належала з пялёнак.
Сыночка мама называла «мой анёлачак». Такім ён выбег з хаты на вуліцу. Калі падрос на падлетка – ужо сама вёска, без мамы, пачала называць яго Анёлак. А стаў студэнтам, пасля інжынерам – назаўсёды ўсталявалася саліднае ды «гарадское» – Ангел.
Ах, чорт! Разбалбочашся, дык і спыніцца цяжка. Яшчэ хоць гэта:
«Гоп, Мар'яно, тры дні свят!»
«А можа, яна пойдзе на Плёхава?»
«Коштык, а джэ тое?»
Першае – бядняцкі аптымізм. А пачалося з дзядзькі Гора, які так пацяшаў сваю жонку ў нястачы, нават задоўга да тых свят, якія таксама невядома чым было сустракаць.
Другое пайшло ад бабулі Барбары, старэнькай, глухой і не вельмі відушчай. «Бабо, вайна, кажуць, будзе?» – «Га?» – «Вай-на бу-дзе!!» – «А можа, яна, бог мілы дасць, пойдзе на Плёхава?» Нібы пра дажджавую хмару ў сенакосны прыпар.
А з Коштыкам – пра канспірацыю. Два Самусёвы хлопчыкі ўкралі суседавага пеўня. Сям'я такая, дзеці ад бацькоў вучыліся. Ды яшчэ без належнага спрыту. Увечары да іх, як заўсёды, сабраліся вячоркі. А хлопчыкам карціць праверыць, ці ўсё ў іх шыта-крыта са здабычай. Меншы з печы пытаецца: «Коштык, а джэ тое?» А большы, з лавы, супакоіў: «Мама яго ўзо загэзала…»
Ды вернемся да Грамузды.
Апроч гэтай, галоўнай, мянушкі была ў яго яшчэ адна: «Ён затрубіў». Дзядзька Тодар, як і Цімох Ярмоліч, служыў у царскай кавалерыі і здорава мог пасля, на начлезе, трубіць у кулак. Усе нашы коні ад гэтага гуку ўзрываліся табуном і ўцякалі. І вось аднойчы як быццам і трэба было, каб Грамузда ляжаў трохі воддаль ад іншых начлежнікаў. Затрубіў ён тады асабліва ўдала. Спалоханы табун, як па дамоўленасці, грымануў якраз на трубача, і… назаўтра ўранні старэнькая маці, баба Ліска, рабіла яму націранне. А потым бабін унучак, вясёлы па бацьку, прыходзіць з вуліцы і кажа:
– Бабо, вы яго не лячэце, ён не хворы, не прастудзіўся, ён затрубіў!
Кавалерыйская натура дзядзькі Тодара сышла з былых гарачых скакуноў на сівага, трыбухатага каня, па старасці шчодра абсыпанага грэчкай. А з гэтым Сівым звязаны дзве навелы, кожная, як і належыцца, з нечаканай канцоўкай.
Царква ў нашым мястэчку прыгожая, стаіць у спрадвеку высокіх ліпах, на высокім, зрэзаным узгорку. У час абедні, я памятаю гэта з маленства, быў момант, калі поп заводзіў: «Создателей и благотворителей святаго храма сего, стоящих здесь и молящихся, да помянет господь Бог во царствии своем!..» Тады на левым клірасе, дзе звычайна стаялі найсаліднейшыя прыхаджане, стары фальварковец Троска важна схіляў сваю сівую галаву ў заслужана сціплым, набожным паклоне. Ён будаваў калісьці гэты святы храм і, гаварылася, купіў у нейкай сувязі з гэтым фальварачак.
Царквы ў Ніжніх Буйдунах не было, стаяла толькі драўляная, самшэлая капліца, з такімі ж старымі іконамі ўсярэдзіне і са званіцай перад дзвярмі. Званіца – слуп са стрэшкай з дранкі і два блёмкалы-званы.
Капліца наша стаіць і сёння. А званіцу нядаўна забраў малады, таленавіты кінарэжысёр, якому яна спадабалася, калі ён з групай праязджаў міма на здымкі яшчэ адной, вельмі патрэбнай, карціны. Ехаў удзень, прасіў аддаць яму званіцу таксама завідна, а калі бабы не згадзіліся, ён, разам з адным прадстаўніком мясцовай улады, вярнуўся на могілкі ноччу. Нашы бабкі ды цёткі ходзяць цяпер у клуб яшчэ пільней. Усё прыглядаюцца на экран, каб пазнаць там сваю прапажу. Я таксама пакуль што не бачыў яе. І жаданне сустрэцца з тым рэжысёрам спакваля прайшло, тым больш што ён – з качэўнікаў і недзе ўжо зноў растварыўся ў мностве іншагародніх талентаў.
Вернемся ў час даваенны, давераснёўскі. Дзядзька Лукаш Хмялеўскі, інакш Несалёны, не быў «создателем» ніжнебайдунскага храма, а толькі «благотворителем» яго, царкоўным старастам, як гаварылася. Ды важнасці, набожнасці ў яго было не менш, чым у таго фальваркоўца Троскі. Неяк царкоўны актыў, узняты новым, маладым дыяканам, пайшоў з нашага мястэчка хрэсным ходам у Жыровіцкі манастыр, ажно за сто кіламетраў. Пеўчыя час ад часу спявалі, хто нёс пратэсы, хто падмяняў, а наш Хмялеўскі (для зручнасці гаварылі і Хмель) ішоў наперадзе з вялікім драўляным крыжам. І з рук яго не выпусціў, не даўся падмяніць. А потым, дома, ляжаў цэлы тыдзень з патрэсканай ад сонца лысінай, мажучы яе то смятанай, то несалёным маслам. Капліцу Несалёны адмыкаў не вельмі часта: калі хавалі каго-небудзь і ў тую нядзелю перад жнівом, калі тут бывала сваё, ніжнебайдунскае свята. З паніхідамі каля магіл, з хрэсным ходам па вёсцы і па «сценках» сярод даспяваючай збажыны. Наш царкоўны «благотворитель», добра такі пажылы ўдавец, частаваў потым дома папа, дыякана, дзяка, пеўчых і сяго-таго з мясцовага каплічнага актыву. А мы, падшыванцы, падглядалі праз вокны. Потым у вёсцы казалі (не змоўчаў хто-небудзь з тых актывістаў), што бацюшка пад канец пачастунку ніяк не мог выгаварыць: «Лука Іралы… Іралы… Іларывонавіч…», а больш душэўна захмялелы дзяк, сухашчавы і чарнавусы бас Харкевіч, выбраўшы момант, шаптаў гаспадару з другога боку: «Ну, Хмель, а как же твоя вдовица сирая?..» І падміргваў. Бо гаварылі, што Несалёны заглядвае начамі да салдаткі Жэні. Відаць, няпраўда, бо вельмі ж быў ён салідны, і сам нібы з духоўнага звання.
Грамузда, як чалавек бывалы і трохі пісьменны, разумеў гэтую саліднасць і ставіўся да Хмеля з усёй належнай павагай.
– Здрастуйця вам, Лукаш Ларывонавіч, – павітаўся ён з ім аднойчы каля Пучковай кузні. – Лошадзь каваць прывялі. І я во таксама сваю хачу падкаваць…
Не свайго, а сваю. Тым больш што «лошадь» – жаночага роду.
Трыбухаты, густа абсыпаны грэчкай Сівы чакаў свае чаргі, прывязаны да плота. Драмаў пра запас ці думаў штосьці невясёлае, адвесіўшы губу.
– Дзякуй богу, жарэбная, – гаварыў тым часам Грамузда. – Кажуць, Лукаш Ларывонавіч, што на сёмым месяцы ўжо можна пазнаць, жарэбчык будзе ці жаробачка. Па левай цыццы пазнаюць, яна цяпер цвярдзейшая. Ужо і Сідар-гоп глядзеў, казаў: жаробачка. Дзякуй богу пры нашых дастатках! Чалавек жа валнуецца, каб як найлепш. Ён і мне паказаў, як гэта пазнаваць. Па левай. Мо зірняце?
Зацікаўлены ды налагоджаны пашанай, дзядзька Лукаш падышоў да Сівага і, салідна прыгнуўшыся, цапнуў старога за тое, што не было ніколі левай цыцкай.
– Цьфу, шарлатан! – плюнуў ён, як быццам толькі цяпер уведаўшы, што ў Грамузды, суседа праз пяць хат, «лошадзь» то «лошадзь», але ж конь.
А тонкі носік дзядзькі Тодара так і тырчэў сабе востранька, нерухома над светла-русымі вусамі, што злёгку падрыгвалі ад бязгучнага смеху.
Другім разам Сівы так і прайшоў за жарэбную Сіўку. Ужо з начальствам не духоўным, а свецкім. Было гэта на шарварцы, дзе драгомістшам, дарожным майстрам, наглядчыкам стаяў штабс-капітан Вяршынін, белаэмігрант.
Прыбіўся ён у наша мястэчка богведама адкуль, наняў хату, ледзь улез туды з мноствам большых і меншых сямейнікаў, а працаваў то драгомістшам, то падатковым секвестратарам, усюды аднолькава злосны. Асабліва ж тады, калі і такой, больш-менш пастаяннай, працы не было і ён аціраўся на пошце, у пакоі для наведвальнікаў, чакаў, каб каму-небудзь што падпісаць, запоўніць, даць параду. Не за так, вядома. На століку былі ў яго свае чарніліца і ручка. Іншых, казённых, у такія дні на стале не было.
Двойчы я сустракаўся з натурай Вяршыніна.
Падлеткам, на шарварцы, калі я не вельмі так, як трэба было ці як хацелася пану драгомістшу, адгладжваў рыдлёўкай адхон глыбокай дарогі. За ўсё жыццё ніхто не брыдзіў мяне так, нават пазней у войску, дзе я быў ужо ўсё-такі дарослы, не ўчарашняе дзіця.
Другая сустрэча са злосцю штабс-капітана адбылася на пошце, гадоў праз пяць пасля той шарваркі. Штосьці мне трэба было паправіць у адрасе, як сказаў з акенца паштар, і я прастадушна ды ветліва звярнуўся да штабс-капітана знарок па-польску: «Можэ, мі пан на хвілечкэ позволі?» І паказаў на ручку на стале, нават і растлумачыўшы, што сваю самапіску забыўся дома. Як ён зірнуў на мяне з-пад капелюша! Лаяцца тут не мог, уся тая чорная, гнойная лаянка была ў яго вачах, губы пад вусікамі скрывіліся ў атрутнай усмешцы, і ён прыцішана прасіпеў:
– Вы что, за дурачка меня принимаете?
Я замахнуўся на ягоны хлеб.
І вось аднойчы, ужо на другой шарварцы, якую той восенню рабілі ў самім мястэчку, пан драгомістш хацеў накінуцца на Грамузду. Што і едзе памалу, і жвіру на возе замала. Так і пачаў. Але былы кавалерыст не збянтэжыўся, як я калісьці.
– А вы напрасна так, ваша высокаблагароддзе, – перапыніў ён Вяршыніна. – Нельзя мне. Лошадзь-то жаробая.
Сказана гэта было з такой сур'ёзнасцю і пашанай, што ў сезонным наглядчыку, без падазронасці на іронію, прачнуўся былы пяхотны афіцэр, які прыкметна разгубіўся:
– Как так – жеребая?
– Да так, абыкнавенна. Вунь Асечка…
– Что еще за осечка?
– Ды Косця Асечка. Яму не пяршынка…
Шарваркоўцы былі ў асноўным з Байдуноў: і пешыя з рыдлёўкамі, і возчыкі. І таму навокал драгомістша, хто бліжэй, пачалі рагатаць. Бо толькі што послаўка пра Асечку пайшла, – як быццам гэта ад яго патаўсцелі адразу дзве старыя дзеўкі, адна ў Плёхаве, а другая ў Хлюпічах. І трэба ж было на дадатак, каб якраз тады, як Грамузда апраўдваўся, сам наш Косця Асечка, «Дай я гахну», вечны вясёлы кавалер, паказаўся з-за павароту местачковай вуліцы. Сядзеў на возе, надзьмута падвязаны хусткай: зубы ехаў лячыць або загаворваць…
А ўсё ж «высокаблагароддзе» ад нашага рогату так і не здагадаўся, што Сіўка – конь, і ён так і ездзіў да вечара з меншай нагрузкай.