Текст книги "Ніжнія Байдуны"
Автор книги: Янка Брыль
Жанры:
Современная проза
,сообщить о нарушении
Текущая страница: 6 (всего у книги 7 страниц)
«НЯМА ЧАГО ПАКРЫВАЦЬ!..»
Кураўка смяшыў заўсёды на поўнай сур'ёзнасці, а сам часцей усміхаўся, чым рагатаў.
Едзем мы, скажам, з таго абозу, вяртаемся ўлегцы. Восень позняя, але яшчэ ўсё цёплая, добра ляжаць на возе. Коні з узгорка падварушыліся трухта і даганяюць – узбоч гасцінца, па сцежцы ідзе незнаёмая спраўная маладзіца. Кураўка, угрэўшыся пад кажухом, ляжыць сабе на баку, падпёрся далонню пад правую сківіцу, ласа глядзіць на шуструю загладуху, а потым, калі зусім параўняліся, ціха гукае:
– Кабето!
– Што, дзядзько?
– Купі качалко на лето.
– На чорта мне яно? – разгублена спыталася яна.
– Як на чорта? – зусім сур'ёзна здзівіўся ён. – Макарону будзеш качаць.
Урэшце здагадаўшыся, тая зачырванелася і плюнула.
А ён глядзіць ды прыязна ўсміхаецца, нібы нічога лішняга і не сказаў, і не падумаў.
Чуць і бачыць Васіль быў мастак.
У Арэся была тады незамужняя дачка Марыля, таксама здаравенная, не вельмі, як і тата, складная. Але ўсяго дзявочага было ў яе нямала. І дабрадушная. Каля яе прыпасваўся суседскі Вінцучок, дзяцюк нярослы, але спрытны і памаўзлівы. Сядзяць мужчыны ў Арэсевай хаце зімою, яшчэ трохі завідна, гамоняць ды пакурваюць, а Марыля ляжыць на цёплай печы жыватом, тырчыць сваім багаццем угару. Усё ў мужчын нібы перагаворана, а то яшчэ, здаецца, і не ўсё, і хтосьці кажа, без усякага на што-небудзь намёку:
– Вінцучка нешта сёння няма. Няўжо ён з лесу яшчэ не прыехаў?
– Прыехаў, – спакойна і ўпэўнена, як быццам ведаючы гэта, гаворыць Кураўка. І дадае, кіўнуўшы на печ: – Ужо вунь і сані перавярнуў…
Пайшоў зімовай ноччу, задоўга да світання, будзіць суседа – ехаць у лес па дровы. Суседзяў было ў адной хаце двух, братоў жанатых, але не падзеленых. Бо і дзяліць не было асабліва чаго, і ленаваліся абодва, асабліва старэйшы, вечна пануры, кіслагубы Авос. Такая мянушка, бо яму не хапала чамусьці свайго «што?» і ён перапытваў па-местачковаму, па-жыдоўску: «А вос?» І заўсёды і ўсюды насіў у кішэні портак камень з гусінае яйцо, цёплы, абгладжаны там рукою. На пытанне: навошта ён, Авос адказваў: «А як сабака?» На чалавека, чаго добрага, камень таксама мог прыдацца. Зрэшты, нічога такога не памятаю. Затое бачыў, як ён, Авос, вось-вось заплача, калі чытаецца штосьці пра чалавечую крыўду… Меншага брата, які ўсё-ткі гаспадарыў сяк-так, звалі Мікіта, а мянушка, за пэўныя, так сказаць, хімічна-абаронныя якасці, Тхорык.
– Ледзьве я дастукаўся да іх, – неяк расказваў Кураўка. – Алена Мікітава адчыніла. Сам Тхорык сядзіць на пасцелі, чухаецца. А ў другім кутку Авос сама цяпер зрабіў буду…
Гэта – пра зорны час на жанатым, няхай сабе немаладым пасланні.
Неяк пры Польшчы мястэчка наша моцна гарэла і пасля гэтага дружна сабрала грошай на матароўку, маторную помпу. Для большай пэўнасці набожныя мешчанчукі вырашылі яе пасвянцаць. Пасля абедні поп з дзякам і пеўчымі выйшаў на паперць. Унізе, ад плошчы, адчынілі святую браму, і малайцы-пажарнічкі, не паздымаўшы сініх форменных канфедэратак, а толькі па-службоваму апусціўшы раменьчыкі пад бараду, па ціхай камандзе «бегем марш!», без гіку ўскацілі матароўку на высокі ўзгорак, у вялікі натоўп прыхаджан. На той час і гэта было не абыякое відовішча, культурнае мерапрыемства. Поп нараспеў маліўся, пеўчыя стройна спявалі, а нейкая бабка, што прыпазнілася, ніяк жа, людцэ мае, не магла праціснуцца наперад, да таго цікавага… І трэба ж ёй было спытацца якраз у нашага Кураўкі:
– Сынок, а што гэта яны там робяць? Я ўжо дадому была пайшла, але вярнулася.
– Карову, бабко, да быка пускаюць.
– Вой, а чаму ж гэта тут?
– Папову, бабко. Да камендантавага быка.
– Камендантавага? Гэта таго, што ў пастарунку?
– У пастарунку, бабко. Ты толькі так не крычы, а цішэй. Зараз во будуць і ў званэ званіць…
Адзін час, таскама пры Польшчы, Мітроша – Важнае ліцо быў у нас солтысам. Праўда, вёска на яго не скардзілася – от сабе смешная важнасць, і толькі. Нават купіў нейкую скураную куртачку, чорна-бліскучую, у якой праводзіў сходы. Перад сваёй хатай, на вуліцы. Сам ён звычайна прыпазняўся, выходзіў з хаты тады, калі ўжо мужчыны і збяруцца, і пачакаюць. Следам за ім выходзіла маці, старая, нядаўна аўдавелая Рагачыха, станавілася ў гародчыку за плотам, паміж кустамі бэзу, і час ад часу ўстаўляла сваё, рэжысёрскае:
– Дзе што добрае зробіцца, дык усё ж мы, Рагачэ ды Рагачэ. Ніхто ж другі не глядзіць, ніхто ж не пастараецца…
– Ціха, мамаша, дай гаварыць.
І гаварыў, упэўнена і важна, як з трыбуны.
Зімой па Ніжніх Байдунах пачала лятаць незвычайная галка. На валляку ў яе, на моцным шнурочку, вісела круглая, як медаль, фанерынка, на якой выразна, каломаззю было кругам напісана «Soltys». Выйдзеш з хаты – сядзіць на плоце: «Каў!..» І паляцела. На другі двор, на трэці, чацвёрты… Усе двары аблятае за дзень. Не было б таго медаля, дык і не падумаў бы ніхто, што гэта ўсё адна ды тая самая.
І да Мітрошы, вядома, лятала. Ён і пра гэта гаварыў на сходзе, ужо ў хаце:
– Дурная безабразія! Каб я толькі ведаў, хто такую насмешку зрабіў…
Што тады быў бы за страх – невядома. Толькі пазней стала ясна, што зрабіў гэта Кураўка. Пры дапамозе свайго старэйшага, школьніка, які і выдаў іхнюю таямніцу.
Васіль быў дабрадушны, ціхі. І вельмі бедны, з найбольшым правам на смех.
У партызанах нехта аднойчы падшапнуў новаму камандзіру нашага атрада, што іменна ў яго, у Кураўкі, схаваны ў гумне два кормныя япрукі. І ён, наш Сашка-лейтэнант, нядаўна прысланы з Вялікай зямлі, паверыў і даручыў паехаць «изъять излишки» іменна мне. Колькі я ні ўтлумачваў яму, што гэта жывая лухта, Сашка ўпёрся і паслаў нас з Коржыкам удвух, хоць той быў і не наш, а з Хлюпіч. «Няма чаго залішне пакрываць сваіх аднавяскоўцаў», – сказана было нават і так.
І мы паехалі. Ёлкі зялёныя, – паклікаў я таго багацея на двор (хата старэнькая, поўна малых) і расказаў яму, што да чаго. Толю Коржыка, маладзенькага, баявога хлопца, Кураўка не ведаў, і мы, каб усё прайшло па ўсіх законных правілах, пайшлі на пошукі ўтрох.
Ішло прадвесне, і, як у нас гаворыцца, у многіх бог Вярбіч (першая ажывае вярба) паеў ужо і сена, і салому, і амеці. У прыстаранках Кураўкавага гуменца было амаль зусім пуста. Утрох з гаспадаром шуршэлі мы па прыстаранках, хто ботамі, а ён лапцямі, нават пасвечвалі трафейнаю батарэйкай, вось-вось гатовы засмяяцца, палохалі тых фантастычных, створаных дурным падшэптам, парсюкоў: «Аюсь! Аюсь!…» А потым і засмяяліся – і мы з Кураўкам, і Толя, які і так паверыў мне раней, а цяпер, пачаўшы з хаты, і сам убачыў, што наш Сашка-лейтэнант заслугоўвае слова, якое тут жа было і сказана. Пра Васілёву беднасць я ведаў змалку, пра тое, што ён звязаны з партызанамі – толькі здагадваўся, а потым, пасля вызвалення нашай мясцовасці, і пачуў. І ад самога яго, і ад хлопцаў з суседняй брыгады, якой Кураўка добра памагаў. Нават медаль яму далі – партызанскі, другой ступені.
На фронце, калі фарсіравалі з боем рэчку Шэшупэ, граніцу з Усходняй Прусіяй, Васіль са сваім аддзяленнем першы ступіў на той бераг. Але героя не далі, хоць перад боем і гаварылася.
– А што далі? – спытаўся я.
– «За адвагу».
Адказваў ён без найменшага жалю ў голасе ці ў вачах, толькі з усмешкай, як заўсёды, сціпла-хітраватай. І дадаў, памаўчаўшы:
– Ох, і далі ж мы ім тамака! Кацюша як жарне, як жарне – толькі шыняле ўгару ляцяць!..
ГРЭХ ЦІ НЕ ГРЭХ
У гэтай сціплай і няпоўнай галерэі маіх вясёлых літаратурных продкаў па мужчынскай лініі асобнае месца займае кравец Рафалак.
Дваюрадны брат майго бацькі, ён быў яшчэ татаў і мамін кум, а мой хросны. З мяне хапіла б і гэтага, другога сваяцтва, тым больш што хросная мая засталася ў Адэсе, дзе я нарадзіўся, дзе тады быў у бежанстве і хросны. А бабкі-павітухі я наогул не меў, бо мяне не бабіла, а прымала, як гаварыла маці, дзяжурная акушэрка.
Бабкі, хросныя, кумы – гэта ў той час было сваяцтвам, няхай не кроўным, а ўсё ж блізкім. Сем'і такія не толькі клікаліся (на вяселлі, радзіны, хаўтуры), але і дружылі, што асабліва падабалася малым.
У Андрэя быў поўны камплект: бабка, хросны і хросная. Бабку Ганулю, Грамуздову маці, празывалі Ліскай, хоць і была яна зусім не хітрая, а толькі ўвішная, весела-гаваркая і добрая. Калі мы вярнуліся з горада, мне было пяць, Андрэю – дзесяць, ужо не малы, аднак Ліска то жменьку сушаных груш прынясе, то трохі гарбузянят, то жывое яблыка зімою, то велікоднае яйка. Андрэю перападала і ад хроснай, але куды радзей, бо яна была ўжо замужам у Хлюпічах. Праўда, і тая Андрэева хросная, і асабліва Ліска, даючы што-небудзь яму, не забываліся і пра малога, пра мяне, ды гэта было зусім не тое, бо я ж тут ішоў на дадатак. І я зайздросціў брату ўдвая, за бабу і за хросную. А ўжо мой хросны, Рафалак, быў куды лепшы, чым Андрэеў – маўклівы і скупаваты дзядзька Яўхім Заяц.
Зрэшты, хросныя бацькі з хрэснікамі не вельмі ўжо так і няньчыліся. Гэта мой замяняў мне і бабку, і хросную. Ён і наогул быў другам нашай сям'і. У бацькі нашага не было ні братоў, ні сясцёр, а хросны рос пры сваім старэйшым браце, чалавеку благім, і таму наш тата і Рафалак з маленства дружылі. Любіла майго хроснага і наша мама, і ўсе мы, сёстры і браты, бо ён быў не толькі сваяк, але ж, – а можа, і перад усім, – харошы чалавек. Да слёз чуллівы, да слёз вясёлы і добры. З нашай сям'ёй ён і пасля татавай заўчаснай смерці дружыў, вядома ж, таксама дапамагаючы ўдаве з сіротамі («Катрынко, сястрыцо мая»), чым толькі мог.
Хросны быў вельмі нярослы і нібы гарбаты, і называлі яго не Рафаіл, а толькі Рафалак, нібы кавалак сапраўднага Рафаіла. Імя ў нашай мясцовасці, можна сказаць, унікальнае, дадзенае папом па святцах, і таму яно гучала хутчэй як мянушка. Ды ён не крыўдзіўся, бо і прывык да гэтага змалку, і сам любіў пасмяяцца, заўважыўшы што-небудзь смешнае ў іншых.
Трэба сказаць таксама, што як там мы ўсе ні любілі ды ні шанавалі яго, ні ад бацькі, ні ад маці, калі яна засталася з намі адна, не было нам ніколі ўшчування за тое, што мы сяды-тады смяяліся з чаго-небудзь пацешнага, якое адбылося з маім хросным.
Да споведзі і прычасця школьнікаў напрадвесні, у вялікі пост, вадзілі з Ніжніх Байдуноў у мястэчка арганізавана. А я, першакласнік, якраз на тым тыдні хварэў. Потым, калі паправіўся, маці не было як павесці мяне ў царкву самой, і яна даручыла гэта хроснаму, які і сам ішоў туды ж, па той жа справе.
І мне запомніўся той першы выхад у вялікі свет.
Як у краўца, у хроснага было ў наваколлі многа знаёмых, у тым ліку і з людзьмі, як ён казаў, духоўнага звання. Хросны і сам пасмейваўся з гэтага, параўноўваючы свае высокія знаёмасці з тым, што казала старая Гіта, хвалячыся сваім Хаімам, краўцом: «Уй, мы старому бацюшку шылі пітрахіль!..» Епітрахіляў бацюшкам ён не шыў, ні старому, ні новаму, тагачаснаму, але ж і дзяк Харкевіч, і царкоўны стараста дзед Бойка, хоць і ў мястэчку былі краўцы, шылі ў хроснага, чым ён не мог, як майстар, не ганарыцца.
Чорны і сухашчавы вусач Харкевіч, суровы з выгляду і громападобны сваім, злёгку хрыпатым, басам, запісваў нас да споведзі па знаёмству, без чаргі, тым больш што хросны выйшаў з чародкі жадаючых трохі наперад і дзяк спачатку кіўнуў яму, а потым і сказаў: «Прошу вас, Рафаил Степанович!» Мяне ён бачыў у хроснага, можа, не раз і не два, але цяпер спытаўся прозвішча, імя, імя па бацьку, а тады, на нейкі доўгі момант, зверху ўпёршыся ў малога злоснымі вачыма, грымнуў:
– Холост?
І ад пытання, і ад голасу я задрыжаў, нібыта злоўлены ў чужым садзе. Ды хросны мой, які таксама ж быў у горадзе, засмяяўся ў адказ дзяку не менш культурна:
– Ах, Радзівон Парфіравіч, да ведзь жа младзенец, яшчэ і сіротка.
Дзяк пакруціў галавою:
– Младзенец? Поверим, Рафаил Степанович, поверим.
Хросны нават пагладзіў мяне па ім жа самім на бручку абстрыжанай учора галаве, відаць, і не падазраючы, што сцэнка гэтая, у маёй перадачы, сёння ж яшчэ насмяшыць нашу маму і Надзю з Андрэем.
Другі знаёмы духоўнага звання, дзед Бойка, жыў зусім недалёка ад царквы, пры якой быў старастам і званаром. Хатка яго стаяла ўнізе пад узгоркам, каля нізкага муру царкоўнай агароджы, у зацішным кутку пад высознымі ліпамі.
У хатцы і так была духата, а мы пілі гарачы чай. Дзед Бойка быў родам з Плёхава, але доўга жыў у Маскве і адтуль прывёз сваю бабу. На грудзях у дзеда, з выпадку свята, было начэплена некалькі медалёў, на адным з якіх я цераз стол прачытаў «За спасение утопающего», а на другім – «За отличную стрельбу». На іншых чатырох здалёк не змог разабраць. Дзедава баба чай піла ўпрыкуску, са сподачка, палажыўшы на прыпол сабе ручнік. Дзед і хросны таксама сёрбалі са сподачкаў, прасмоктваючы той чай цераз кавалачкі цукру. Толькі я піў салоджаны, з вялікага фарфоравага кубка, прыкусваючы хлебам з маслам. Пілі ўсе доўга. Баба выціралася адным ручніком, дзед з хросным другім, а я ўжо, як у тым анекдоце, абсыхаў і так.
Я кончыў піць хутчэй за ўсіх, мне пачало быць сумна ад іх бясконцай гутаркі і хлюпання, і дзед, дзякуй яму, здагадаўся – даў кнігу. Гэта быў, як я сказаў бы пазней, вялікі і раскошна выдадзены том біяграфій расейскіх пісьменнікаў, ад Ламаносава да Горкага. Не памятаю: можа, быў хто-небудзь і ранейшы за Ламаносава, аднак апошнім быў, бясспрэчна, Горкі.
З тых нямногіх кніжак, якія былі ў нас дома, я ведаў па партрэтах Ас-Пушкіна (так мы чыталі-забаўляліся з Качкавым Валодзем), Мю-Лермантава, Энвэ-Гогаля, Іа-Крылова. Гартаючы дзедаву кнігу, я пазнаваў там сваіх нешматлікіх знаёмых, а з мноства новых найбольш чамусьці ўразілі тры. Іменна той, апошні ў кнізе, Горкі, толькі Максім, без Аэм, а перад ім – Тэгэ-Шаўчэнка і Элэн-Талстой. У першага (хоць і апошняга ў кнізе) мне спадабалася і чорная, доўгая кашуля, падпяразаная шырокім рэменем, і доўгія, назад адкінутыя валасы. У другога – кажух, калматая папаха і вусы. У трэцяга – зноў жа доўгая і падпяразаная вузкім раменьчыкам, але белая кашуля і вельмі ж вясковая барада, амаль як у старога Чыркуна, дзеда Цупрона.
Неўзабаве і чаяванне, і гутарка хроснага з дзедам і бабай здаліся мне вельмі ж кароткімі. Хросны мяне ад кнігі проста адарваў, а дзед Бойка пацешыў, што, калі я буду добра паводзіць сябе, старанна вучыцца і шчыра хадзіць у царкву, – ён і яшчэ калі-небудзь кнігу гэтую мне пакажа. Нагаварыў амаль таго самага, што і поп, калі я стаяў у яго пад крылом, накрытытым «пітрахілем», ці як яно там называецца.
З той кнігай больш не паўтарылася. З душнай прыцаркоўнай хаціны (яе ўжо даўно, як і дзеда з бабай, няма) у памяці засталося толькі дзіцячае пачуццё, так сказаць, закаханасці з першага позірку, якое, можа, і было падсвядомым прадчуваннем пазнейшых сустрэч не толькі ўжо з партрэтамі тых трох, двух у кашулях і аднаго ў кажусе, але з вялізным і чароўным светам іхніх душ, без якога і мне цяпер не ўявіць свайго ўласнага існавання… А за паводзіны дзед Бойка меў потым права не раз і не два разы накруціць мне вушы.
Гэта тады ўжо, калі я хадзіў не ў ніжнебайдунскую, а ў местачковую школу. У будзень, пасля заняткаў, нам сяды-тады ўдавалася зайсці ў прычыненую царкву і, пакуль той стараста прыбіраў там недзе ў яе вялізнай, звонкай пустэчы, ціхенька, асцярожна ўзабрацца па крутых і вітых усходах званіцы ажно пад самае неба…
Куды там той «маяк», з якога Сідар-гоп скінуў галёш! Якое гэта, ні з чым не параўнанае, шчасце – глядзець на ўсё на свеце з вышыні! І на ўсё мястэчка, і на палі вакол яго, і на дарогі – і тыя, што ва ўсе бакі, і на тую адну, на гасцінец, па якім ты, нябачнай зверху сцежкай на абочыне, столькі пратупаў ужо і столькі яшчэ пратупаеш…
Нам, аднак, гэтага шчасця – толькі глядзення зверху – было замала. Бо тут, пад самым небам, віселі званы. Малыя, большыя і найбольшы, вялікі. Галасы іх мы неаднойчы чулі, але знізу. Цяпер, з усім адчуваннем урачыстасці і небяспекі, мы падыходзілі да найбольшага. Затаіўшы дых, як перад нырцом у найглыбейшую, найхаладнейшую ваду, мы дакраналіся да яго вяроўкі. Пасля такі і тузалі. І звон нездаволена адгукаўся прыцішаным, але глыбінным «б-бом-м!..».
І гэтага нам было мала. Мы тузалі смялей, яшчэ адзін раз. А тады ўжо кідаліся ўніз, каб паспець спусціцца на зямлю, сто тысяч разоў пратарахцеўшы па тых сходах быстрымі, вясёлымі нагамі, пакуль нас знізу не сустрэне дзед Бойка – з венікам ці з анучай… Званара мы баяліся больш, чым Гірш-Элю з яго сінагогай: шамэс толькі крычаў, а не біўся. Уніз мы заўсёды спазняліся: дзед добра ведаў нашага брата, а сам быў чуткі і шустры; на голас звона, нават і найцішэйшы, адразу ж бег, дабягаў да выхада са званіцы. Каму пападала, каму не, як калі пашанцуе, але заўсёды ўсім было весела. І ніжэй, прарваўшыся міма дзеда, і на царкоўным пляцы, і на вуліцы, і на сцежцы ўзбоч гасцінца, з якое так добра было азірацца на белую красуню на ўзгорку, на той адзін з салатавых купалоў, пад якім ты нядаўна быў…
Малыя мы бывалі жорсткімі. Відаць, усе. Асабліва калі збіраліся разам і жорсткасць нашу пакрываў, вязаў у адно наш невычэрпны, нястомны смех.
Нядаўна мне, у прэзідыуме аднаго высокага сходу, знячэўку ды недарэчы, успомніўся Жмака. Вельмі ярка, з вострым, жывым, – праз паўстагоддзя – адчуваннем дзіцячай крыўды. І з дзікім смехам гэтага недалёкага дзецюка. Мы, некалькі пастушкоў, нават яшчэ не каровіных, а свіных, палезлі ў рэчку, дзе ўжо купаўся ён. Адзін. Не ведаю, чаму адзін, але ж у памяці – так. Ён выйшаў на водмель – такі здаравенны! – і раптам пачаў забаўляцца: хапаць каго-небудзь з нас і з галавою панураць у ваду. Ты задыхаешся ў перадапошнім жаху, пачынаеш ужо балбатаць пад вадой, а ён – рагоча, як жарабец, які падбіў цябе процьмай цяжэразных капытоў. Толькі тады ўжо, калі ты, здаецца, зусім заходзішся ў вадзе, пад націскам яго капыцістых далоняў, ён адпускае цябе, а сам яшчэ шчырэй іржэ – ужо з таго, як уцякаюць з вады твае сябры, уся бездапаможная малеча. Яму ўжо не відно і не чутно, як ты плачаш і лаешся, спачатку, бліжэй да яго – толькі плачаш… Зрэшты, не памятаю, ці задыхаўся пад вадой і ці плакаў я сам. Толькі той смех памятаю. І вострую горыч той самай крыўды.
Ну, а тады ж і нам самім было часамі вельмі смешна ад крыўды, якую мы прычынялі іншым, старэйшым за нас і старым. Весела, смешна было забаўляцца, перамагаючы страх, гуляючы з небяспекай, – калі магло за гэты смех і папасці ад таго старэйшага ці старога, абы ты трапіў яму ў рукі.
І толькі зрэдку калі-небудзь да самога цябе, раздурка, даходзіла, што гэта – не тое, зусім не той смех, што і другому таксама баліць…
Зімою дзед Бойка рабіў калядны аб'езд парахвіі, прыязджаў і ў нашу вёску. Зрэшты, не прыязджаў, а прыходзіў, цягнучы за сабой «козачку» – санкі-прычэп, якія, возячы з лесу бярвенні, падстаўляюць пад верхавіну. Паставіўшы на вуліцы сваю «козачку» з двума няпоўнымі мяхамі жыта і мукі, дзед заходзіў у хату, здымаў шапку, хрысціўся на покуць і змрочна вымаўляў тры нейтральныя словы:
– Ваш царкоўны стараста.
Што азначала: падайце і не скупіцеся. А тым часам яго «козачцы» перад чарговай хатай не стаялася. Калі гэта было на ўзгорку – мы папіхалі яе ўніз. Эх, пайшла, павіляла! Абернецца, рассыплецца мука і жыта? Не, дзед хітры, мяхі ён кожны раз завязвае. Калі ж яна стаяла перад другою хатай на роўным, мы яе адцягвалі і ставілі ўпоперак дарогі. Дзед выходзіў і – пачыналася вясёлае. Ён або трухаў з горкі ўніз, або падыходзіў да «козачкі» на дарозе і крычаў не на нас, бо мы былі ў недасяжнай адлегласці або затуленыя за зруб студні ці за вугал хаты, – ён крычаў на памочніцу:
– Я цябе дзе паставіў? Дзе? Колькі разоў табе гаварыць? Колькі разоў?
І біў яе – брэнкаў кіем па выгнутым перадку, а мы рагаталі здалёк або хіхікалі ў сваёй недалёкай схованцы.
Абедаў дзед Бойка заўсёды ў хроснага. Сядзеў ён там доўга, «козачку» зацягнуўшы на двор і прывязаўшы да плота. Але ў хату да хроснага я ніколі тады не заходзіў: спачатку баючыся за здзекі з «козачкі», а потым, калі ўжо хадзіў у школу ў мястэчка, і з-за таго паднебнага шчасця – званіцы.
Аднойчы, калі я радасна расказаў свайму хроснаму, як дзед б'е і лае «козачку», ён пакруціў галавой і сказаў:
– Ой, нядобра, сынок, ой нядобра? Гэта ж ён хворы чалавек, ён нервенны. З такога брыдка смяяцца, грэх.
Не скажаш, што гэта так ужо да мяне і дайшло. Тым больш што мой настаўнік памаўчаў крыху над шытвом і раптам, штосьці ўспомніўшы, засмяяўся. Расказаў тое штосьці і мне.
– Ён і бабу сваю так ганяе. Не думай, што яны толькі чай папіваюць. Раз ён пры мне разышоўся, пачаў пасуду біць. Ой, а Лукер'я яго Цімафееўна… Нехта, відаць, навучыў, а можа, і сама даўмелася. Бо ціхая яна, благачасцівая. А то дык давай і яна малаціць па гаршках, па талерках! «Гасподзь з вамі, – кажу я, – што ж вы робіце, людзі такія харошыя!» А сам у кут, каб і мяне, чаго добрага, не раскалолі, як гаршчок. А дзед тады спыніўся і пытаецца: «Луша, а што ты дзелаеш?» – «А ты, Мікалаевіч, што?» Дык ён гэта плюнуў ды з хаты. Во як!.. Але смяяцца з гэтага грэх. Стары, нервенны чалавек.
Хросны шые моўчкі, а потым смяецца зноў.
– Захара Качка, – кажа ён, – прымак у Юсты. Чалавек ён нішто сабе. От, бухукае, ілжэ. А цесць яго – ты, канечне, не памятаеш – быў трапяткі, як Юста. І заўсёды што-небудзь вычварыць. Юста дзяругі ткала, у вялікую клетку, чырвоную і сінюю, здаецца. Дык ён сабе, Захараў цесць, дзядзька Габрусь, узяў ды на порткі з гэтага адрэзаў. Сам адрэзаў, сам скроіў, сам пашыў. Вядома ж, якое там было шытво – збоцькаў толькі сяк-так, абы ногі ўсадзіць. Надзеў, выйшаў на вуліцу і стаіць. У тых чырвоных ды сініх, як певень які галагуцкі! А тут ідзе Ганчарыха. І яе ты не ведаеш. Памерла ўжо даўно. Баба была прыветлівая, дый кума яго, і нічога ж яна такога яму не сказала, а толькі ўсміхнулася: «Ну ж ты і выстраіўсё, кумок!» А той як гыркне: «Пацалуй, мая кумко, сабаку ў…» Пабег у хату. І ўжо ніхто яго ў тых пеўневых портках не бачыў. Юста казала, што на анучы іх палупіў. Таксама нервенны быў чалавек.
Кончыўшы абмётваць рукамі, хросны сеў за машыну. Пастракатаў сваім «зінгерам», а потым перастаў, бо зноў смяецца.
– Монька Грыгоры Іванавіч… Цяпер ужо ён пан Гжэгаж. Плёхаўскі настаўнік. Таксама шые ў мяне. Шыў адзін раз. Кажух. А ўжо цяпер у яго не кажух, а паліто. Што там Габрусь ці Бойка! Гэта ж такі абразованы чалавек, і гарадское кончыў, як Сцёпа Цівунчык, ды яшчэ і нясвіжскую семінарыю. І цяпер жа яго паны перавучвалі недзе на Гжэгажа. Можа, і не далі б вучыць па-польску, але ён у бацюшкі нашага родны пляменнік. Вучыць. І каму б гэта так даравалі, як яму даруюць. От нервенны дык нервенны! Свістам яго знаравілі. Проста бяжыць, уцякае, калі хто свісне. І нашы ж таксама, – скажам, Валодзя Чыркун або Косця Асечка, а то і Цімох… Едуць з лесу, а ён насустрач ідзе па дарозе. Ды ўжо здалёк, як толькі пазнае, што гэта нашы, сыходзіць з дарогі ў поле – па снезе, па цаліку. Адвернецца да іх, нагнецца, паліто задзярэ – на, свішчы! Пан навучыцель! – Хросны рагоча да слёз, а потым, супакоіўшыся, зноў растлумачвае: – Нервенны чалавек.
Ды ўжо не кажа, што з такога грэх смяяцца.