355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Віктар Шніп » Заўтра была адліга-3 (СИ) » Текст книги (страница 5)
Заўтра была адліга-3 (СИ)
  • Текст добавлен: 3 декабря 2017, 06:30

Текст книги "Заўтра была адліга-3 (СИ)"


Автор книги: Віктар Шніп



сообщить о нарушении

Текущая страница: 5 (всего у книги 6 страниц)

Ветракі. Нібы просяць застацца і клічуць да сябе.

Зноў у аўтобусе паказваюць кіно. Зноў пра каханне, зноў секс.

Праехалі дзве гадзіны. Сонца засталося каля мора.

Горы. Аблокі. Змрочна, як перад навальніцай.

Праязджаем раён Праванс. Гэта гістарычная вобласць на паўднёвым усходзе Францыі, цяпер складовая частка рэгіёна Праванс-Альпы-Лазурны бераг. У цяперашні час на тэрыторыі Праванса знаходзяцца дэпартамэнты Вар, Ваклюз і Буш-дзю-Рон...

Праехалі Авіньён. Гэта адміністрацыйны цэнтар дэпартамента Ваклюз у Правансе на левым беразе ракі Роны. Адзін з найвыбітнейшых і адначасова прыгажэйшых гарадоў Францыі.

Удалечы Марсель. Перад намі Ліён. Рака Рона.

Францыя. Горы. У гарах замкі, нібыта едзем праз далёкія мінулыя стагоддзі.

Рэчка Рона цячэ следам за намі.

Едзем у Ліён. Збудаваны яшчэ да нашай эры.

Начуем у Ліёне. Гатэль «ВіВі». Пакойчыкі малыя, але ўтульныя.

Дзень чатырнаццаты. Ліён. Жэнева

17.07.2015. Сніўся Парыж. Потым Пугачы. Хата дзеда Юзі і бабулі Параскі. Пустая хата.

Снедалі ў сем гадзін. Едзем у Жэневу. Убачым Альпы. Да Жэневы ад Ліёна 150 кіламетраў.

Гледзячы з аўтобуса на поле з каровамі, побач са мной мужчына сказаў: «Шчаслівыя швейцарскія каровы...»

Сувенірная карова.

Кароў у Швейцарыі дояць пад музыку.

Самае вялікае швейцарскае свята – Свята кароў.

Едзем праз горы на вышыні больш як 500 метраў над узроўнем мора.

Каля дарогі выпаленая трава. Узгадалася чыгунка з Мінска на Маладзечна. Кожны год абапал яе нехта выпальвае траву.

У 10 гадзін уехалі ў Швейцарыю.

Жэнева. Удалечы гара Манблан. Вышыня – 4810 метраў.

Жэнеўскае возера з фантанам. Вада ўзлятае да 140 метраў. Кажуць, што некалі цікаўны мужчына суну руку ў фантан і вада злупіла яму ўсю скуру з рукі. Цяпер каля фантана вартаўнік.

Гарачыня. 35 градусаў. Павандравалі па старым горадзе. Паглядзелі гатычную царкву Дэ-ла-Мадлен. Наведалі сабор Святога Пятра і капліцу XIII стагоддзя Адзітуар-дэ-Кальвін.

Крэсла Кальвіна. Як дзіцячае.

Гарматы. У адной паўнютка смецця, нібыта яна страляе смеццем.

Дом Жан Жака Русо. Як помнік.

Паглядзелі на ратушу. Пасядзелі на самай доўгай у свеце лаўцы (126 метраў).

Амаль на кожным доме вялікія швейцарскія сцягі. Здаецца, што яны не вывешаны, а самі павырасталі са сцен і дахаў.

У Жэневе вада і прыбіральні бясплатныя. Аўтобусны вакзал. Прыбіральня. Дзверы не зачыняюцца. Чарга. Стаяць палякі, незадаволеныя.

З невялічкага фантана каля вуліцы набраў вады. Чыстая і халодная. Можна піць.

Былі ў вялізарнай краме. Сёе-тое набылі па зніжках для дзяцей. Купілі есці. Дарагое і нясмачнае.

Паліцэйскі дапамог нашаму аўтобусу выехаць з тупіка, у які мы трапілі, а мог жа аштрафаваць.

Пакінулі Жэневу. Не лепшы горад Еўропы. Маленькія вангогоўскія сланечнікі з-за дратоў агароджы глядзяць нам услед.

Раптам з’явіліся радкі:

Па вулачках начное Барселоны

З табою мы самотныя ідзём.

У нас з табою беларускія мільёны,

Мы з імі тут да ранку прападзём.

Праязджаем Лазана. Узгадалася калекцыя матылькоў Набокава.

Вільгельм Тэль – забойца і нацыянальны герой, які жыў у канцы ХІІІ – пачатку ХГУ стагоддзя.

Праязджаем Берн. Тут жыў Альберт Эйнштэйн.

Над дарогай мост парослы лесам. Гэта мост для лясных жыхароў.

Цюрых. Тут жылі ды працавалі Рабіндранат Тагор, Ёган Штраўс, Віктор Гюго, Рыхард Вагнер, Фёдар Шаляпін, Альберт Эйнштэйн. Тут пахаваны Томас Ман.

Адзінокі бусел ходзіць па ўзараным полі, як філосаф.

Швейцарыя сапраўды падобная на Беларусь.

На ўездзе ў паселішча пад бярозай вялікі драўляны крыж. Узгадалася роднае.

Бадэнскае возера. Вялізарнае. Над ім збіраецца навальніца. Жахаюць маланкі.

У вёсках Храмы. Ад іх ідзе супакой.

Зноў горы. Паралельна дарозе цячэ рака.

У 19.45 пераехалі мяжу Швейцарыі з Аўстрыяй. Праз нейкі час трапілі ў сямікіламетровы тунэль, які прывёў нас у Германію. Да гатэля яшчэ 160 кіламетраў.

Прыехалі адпачываць амаль у адзінаццаць. 500 кіламетраў ехалі 9 гадзін.

Дзень пятнаццаты. Германія. Мюнхен

18.07.2015. Спалася як пшаніцу прадаўшы.

Выйшаў на балкон. Наваколле кароўнікам пугачоўскім пахне.

Сняданак сціплы. Без ёгуртаў. Гаспадар гатэля, відаць, нейкі былы футбаліст. У сталоўцы выстаўлена куча прызоў.

Адсюль да Мінска 1850 кіламетраў. Сумна, што вандроўка заканчваецца.

Прыехалі ў Мюнхен. Тут мы з Людмілай ужо другі раз і сябе адчуваем, як дома.

Прыйшла экскурсаводка. Кандыдат мастацтвазаўства. Жыве ў Мюнхене з 1992 года. Мы ў яе спыталіся, дзе тут які-небудзе мастацкі музей, бо мы ўжо ведаем, дзе малады Гітлер піва піў. Тут жа экскурсаводка пацікавілася: «Можа, яшчэ хто хоча ў музей?» Ніхто не адгукнуўся. Жанчына пачала мяне з Людмілай называць гаспадамі: «Вось вы ўсе пойдзеце ў піўбар, а гаспада пойдуць у мастацкі музей!» І мы, пахадзіўшы паўгадзіны з усімі, атрымаўшы карту Мюнхена і выслухаўшы экскурсаводку, як дабрацца да музея класічнага мастацтва, пайшлі любавацца сапраўдным мастацтвам. Ідучы да музея, каб не блудзіць, запыталіся ў старой немкі, якая нам падалася інтэлігенткай, што абавязкова ведае родны горад, як прайсці да такой вось вуліцы. Немка патлумачыла, і мы праз хвілін пятнаццаць былі ў музеі. Ніякай чаргі. Білеты па чатыры еўра.

Музей двухпавярховы. Шыкоўны. Бачылі карціны Леанарда да Вінчы («Мадонна з гваздзікай»), Дзюрэра («Аўтапартрэт»), Босха (Фрагмент карціны «Пекла»), Пітэра Брэгера, Лукаса Кранаха Старэйшага, Цінтарэта, Рубенса, Рафаэля, Тыцыяна, Фра Філіпа Ліппі, Сальвадора Раза і інш. Каля сямісот карцін. Піва мы і ў Мінску пап’ём!

Паабедалі ў кафэшцы «У францысканцаў». Тут былі мы і ў мінулым годзе. Абслугоўваў нейкі індзеец ці цыган. Больш сюды не пойдзем, бо абслугоўваў кепска, не ўсё прынёс, што заказвалі.

Побач прайшоў немец. Высокі. Метры два. Чамусьці падумалася: «Не ўсіх вайна перабіла.»

Пахадзілі па горадзе. У адной краме прадавачка сказала Людміле: «Тут для вас нічога няма! Вы худзенькая.»

Сабраліся ад’язджаць, а тут нашу вуліцу запоўнілі будысты з барабанамі, танцамі і песнямі. Наперадзе ў іх паліцыя. Словам, дэмакратыя.

Праехалі каля стадыёна мюнхенскай «Баварыі». Стадыён застрахаваны той жа кампаніяй, якая ў свой час застрахавала «Тытанік».

Плантацыі хмелю, як зялёная арда, якая аблажыла Мюнхен, а ён не здаецца.

Праехалі дзве з паловай гадзіны. Захмурэла. Пачаўся дробны дождж, як музыка развітання з тым, дзе мы былі два мінулыя тыдні.

Рэдка якая машына з беларускімі нумарамі даязджае да сярэдзіны Еўропы.

210 кіламетраў да Берліна. Едзем праз дажджавую сцяну. Ветракі ў дажджы, як падводныя лодкі.

Праз дождж сярод ветракоў ідзе Язэп Драздовіч да Ван Гога.

Нанач прыехалі ў польскую «Няваду», дзе ўжо спыняліся, едучы ў Амстэрдам. Дванаццаць гадзін. Цёмна. Адчуваецца сэрцам, што Беларусь ужо недалёка. Праўда, яшчэ трэба праехаць 1050 кіламетраў.

Дзень шаснаццаты. Польшча

19.07.2015. Нядзеля. Прачнуліся а шостай. Сонца за аблокамі. Наша надвор’е.

За два тыдні польская кукуруза падрасла. Збожжа месцамі палягло.

Ветракі, як нажы ў мясарубцы.

«Убачыць Парыж і памерці! Не! Не варта паміраць сярод арабаў!» – чую ўрывак размовы суседзяў, якія сядзяць перада мной.

«Я ў раі?» – «Не! Вы ў раённай бальніцы!»

Да беларускай мяжы 311 кіламетраў. Ужо абрыдзела ехаць. Пачынаю думаць, што я вяртаюся з еўрапейскага палону, і мне робіцца крыху лягчэй, але ненадоўга.

Санітарны прыпынак. Зайшлі ў прыбіральню. З адной кабінкі чуецца смех двух мужыкоў. «Відаць, наркаманы нейкія.» – падумалася. Гэтак жа падумалі і іншыя, хто быў побач.

14.20. Едзем праз Варшаву. На вуліцы людзей мала, нібыта пахаваліся ад нас.

Сэрца Шапэна.

У Варшаве 31 градус.

Каля дарогі на футбольным полі вароны і галубы, як зачараваныя футбалісты.

Мяжа. Зайшлі польскія памежнікі. Дзве дзяўчыны. Адной да трыццаці гадоў, а другой болей. Маладзейшай не пашпарты правяраць, а па подыумах хадзіць і паказваць сваю прыгажосць.

Хлопцу гадоў дваццаці, які ў аўтобусе сядзіць за мной, нехта патэлефанаваў, і я пачуў: «Што я табе раскажу? Я нічога не памятаю!»

Нашы мытнікі амаль дзве гадзіны правяралі аўтобус перад намі. Нас прапусцілі хутка. У Брэсце былі ў дванаццаць гадзін. З намі развіталася жанчына з Санкт-Пецярбурга. Яна ў падобную вандроўку ўжо ездзіла восем разоў.

Дзень сямнаццаты. Беларусь

20.07.2015. Выехалі з Брэста. Пачалася навальніца. Дождж як з вядра. Наш аўтобус, як падводная лодка, якая працякае. Жахаюць маланкі і навокал робіцца відна, як днём. Едзем моўчкі. Маўчым, як у Храме.

Стараюся прачытаць указальнікі, каб даведацца колькі засталося кіламетраў да Мінска. Яшчэ вельмі шмат. Кажуць, што і ў Мінску вялікі дождж.

На паўдарозе некалькі чалавек сышлі. Яны з раённага цэнтра. Сустрэў сын на машыне. Навальніца ўсё ўзмацняецца. Сядзім, як мышы пад венікам .

Наш аўтобус у дажджы, як у моры п’яны карабель.

Да Мінска 20 кіламетраў. Усе заўсміхаліся. Пачалі збірацца дамоў. Навальніца прыцішылася. У аўтобус нацякло вады, але гэта ўжо не бяда. Мы амаль дома.

Амаль чатыры гадзіны ночы. Прыехалі! Думалася, што будзем развітвацца з тымі, з кім былі ў вандроўцы найбліжэй, з кім размаўлялі. Не! Выйшлі ў дождж з аўтобуса і праз хвіліну ўсе разбегліся, нібыта разам ніколі і не былі.

Прыехалі з Людмілай дамоў на таксі. Дзеці спяць. На канапе ляжыць кіпа газет, якія сабраліся за час нашай вандроўкі. Пакуль Людміла мылася, я пагартаў газеты. Нічога новага.

Дасталі з валіз падарункі дзецям і бабулі. Я дастаў са сваёй сумкі кнігу вершаў Людмілы «Вяртанне інфанты», якая з намі праехала амаль сем тысяч кіламетраў і была сведкай таго, што мы бачылі.

Мне ўжо сёння на працу трэба. Не пайду! Трэба адпачыць ад Еўропы!

***

20.07.2015. Вось мы і дома! За сямнаццаць дзён шэсць з паловай тысяч еўрапейскіх кіламетраў за плячыма. Варшава, Амстэрдам, Брусель, Парыж, Бардо, Барселона, Ліён, Жэнева, Мюнхен. Сон, які стаў явай...

***

21.07.2015. Першы дзень пасля вандроўкі выйшаў на працу. Адразу ж на аўтобусным прыпынку заўважыў, што ў нас прыгожых дзяўчат і жанчын у сто разоў болей, чым там, дзе вандраваў. Праўда, Амстэрдам не ўлічваю, бо там было на што паглядзець...

***

21.07.2015. Як еўрапейскай свабоды, наглытаўся марской вады.

***

22.07.2015. Прачнуўся а сёмай. Думаў, што ў Парыжы. Не! Дома.

***

23.07.2015. Не пі з неба, бо анёлам станеш.

***

24.07.2015. Калі тэрарысты захопліваюць будынак, яны тэрарысты. Калі тэрарысты захопліваюць цэлы горад, яны народная рэспубліка.

***

24.07.2015. Вечарам тэлефанаваў Адам Мальдзіс. Пытаўся Людмілу. «Яна на вуліцу пайшла. Недзе ходзіць!» – адказаў я. «Пасля бальніцы, дзе я праляжаў два з паловай месяцы, мне доктар прыпісаў кожны дзень хадзіць тры кіламетры. Я не хаджу. Ногі вельмі баляць.» – паскардзіўся Адам Іосіфавіч.

***

24.07.2015. Паблізу прыпынку, што каля царквы Пятра і Паўла, бачыў пікет Таццяны Караткевіч і людзей, якія збіраюць подпісы на вылучэнне яе ў кандыдаты ў прэзідэнты. Сюды-туды хадзіла і сама Таццяна, як на сцэне.

***

25.07.2015. У гэты дзень памерлі: Іван Насовіч (1877), Уладзімір Караткевіч (1984), Наталля Арсеньева (1997) і Янка Брыль (2006).

***

25.07.2015. З Маладзечна патэлефанаваў Міхась Казлоўскі. Паведаміў сумную навіну. На 62-м годзе жыцця пасля невылечнай хваробы памёр мастак Васіль Лазоўскі. Учора Міхась яго наведаў у бальніцы. Выгляд у хворага быў перадсмяротны. Сёння Васіля павінны былі выпісаць дамоў, «каб не псаваў статыстыку.»

***

26.07.2015. Некаторыя кажуць, што Беларусь – гэта маленькая Швейцарыя. Пабыўшы ў Швейцарыі, кажу: «Гэта Швейцарыя маленькая! А Беларусь вялікая!»

***

27.07.2015. З самага ранку ў выдавецтва прыйшла аўтарка з рукапісам прозы. Прывітаўшыся, паскардзілася: «Каб вы ведалі, пасля якіх вялізарных пакут я дабралася да вас! Ай-яй-яй!» – «І якія ж гэта былі пакуты?» – пацікавіўся я, і пачуў: «У даведцы доўга шукалі вас. Я папрасіла, каб мне далі адрас бліжэйшага да вакзала выдавецтва».

***

27.07.2015. Сёння дзякуючы Ціхану Чарнякевічу даведаўся, што наш куратар у нядаўняй вандроўцы па дарогах Еўропы Зміцер Жызнеўскі – не проста экскурсавод, а малады празаік, які друкаваўся ў часопісе «Макулатура».

***

29.07.2015. Спаліўшы графаманскі рукапіс, выратуеш чытача. Спаліўшы ўсе графаманскія рукапісы, выратуеш выдавецтва.

***

29.07.2015. У Венецыі па каналах плаваюць гандолы, а ў Амстэрдаме па каналах плаваюць гандоны.

***

30.07.2015. З сястрой Валяй, яе мужам і дачкой Надзяй ездзілі ў Пугачы, каб пафарбаваць новы плот вакол нашай хаты. Выехалі дажджом, але са спадзяваннем, што ён перастане. Заехалі да бацькоў на ракаўскія могілкі. Побач з’явілася пару новых магіл. Пастаялі. Памаўчалі. Кожны пра сваё.

Дарога з Ракава да Пугачоў была заасфальтаваная недзе ў 1990 годзе. Праўда не ўся. І вось нарэшце на тым «няшчасным куску» (кіламетры чатыры) кладуць асфальт. Успрымаецца гэта, як нейкі знак на лепшае.

На палях буслы. Ходзяць, як правяраючыя з раёна.

Прыехалі ў Пугачы. Хаты з-за дрэў у садзе амаль не бачна. Стаіць? Стаіць! Чакае.

Яблыкаў сёлета амаль няма. Хаджу па садзе. Адзінокі яблык ляжыць у траве, як адлюстраванне сонца ў зялёным моры.

Швагра Віця грунтаваў наш новы цэментавы плот, Валя з дачкой корпаліся ў градах, а я касіў. Побач праходзіў сусед Тонік Руткевіч. Віця ў яго спытаўся: «Чаму так чыкільгаеш?» – «Таму што п’яны!» – адказаў Тонік.

Заходзілі да дзядзькі Шуры. Ён пацікавіўся, ці буду я ў нядзелю на свяце вёскі. «Буду!» – адказаў я. «Мне ж прыслалі запрашэнне, у якім напісана: «“Ваша явка обезательна”. Я б і так прыйшоў», – сказаў дзядзька і ўсміхнуўся.

Увесь час, пакуль мы займаліся справамі, каля нашай сялібы каталіся дзеці на роварах, нібыта іншага месца, каб пакатацца, няма. Ездзілі не проста абы ездзіць, а даганялі адзін аднаго, разганаўшыся, рэзка тармазілі. Словам, ім хацелася, каб мы на іх звярнулі ўвагу. Цяпер, пішучы пра хлопцаў з роварамі, магу сказаць, што яны свайго дамагліся. Я нават запомніў, што дваіх з кампаніі завуць Максімам і Юрам.

Выдзіраючы крапіву з кустоў смародзіны, вырваў з каранямі клёнік. Роўненькі, танюсенькі, вышынёю да двух метраў. Лісточкі на ім маладзенькія, рудзенькія. Словам не клёнік, а прыгажунок. Шкада выкідаць на сметнік. Я паклікаў Валю з Надзяй: «Давайце пасадзім!» І мы побач з нашай сядзібай, там, дзе нядаўна спілавалі старыя, пашкоджаныя бураном віхлы, пасадзілі клёнік. Няхай расце вялікі!

Працавалі да паловы дзявятай. Цяпер у Пугачах у нас будзе самы лепты плот і самая горшая (старая) хата.

***

31.07.2015. Кінарэжысёр Уладзімір Арлоў, пакуль я быў у адпачынку, прынёс у выдавецтва і паклаў мне на стол старонкі з кнігі «Магия многоцветного экрана», якую выдаў у «Харвесце». Адзін з раздзелаў выдання пачынаецца: «Белорусские писатели не один год и не по одному месяцу творили в незабываемом Доме творчества: в коласовских Королищевичах – весёлом бурлящем приюте, где на мастеров пера накатывали волны вдохновения три десятилетия после «дядьки Якуба». Тут рождались заметныя произведения национальной литературы, велись бесконечные споры о ней, ладились дружеские застолья со скандалами и исповедями. Таким он был – уютный утраченный дом. Таким вспомнился он поэту Виктору Шнипу – совсем молодым в декабре 1981-го участвовал он в семинаре начинающих поэтов:

І вецер між соснаў лагодны і грозны

Лятае, прысніўшы ўначы зноў зіму,

Калі тут не будзе зусім анікога

І дом гэты будзе, як прывід, стаяць

У лесе, у снезе ля тлумнай дарогі,

Дзе толькі дарога адна і відаць.

...Что там теперь в Королищевичах, никто не знает: то, говорят, разрушили коласовский Дом, то – “закрытый объект”, то – выкупила какая-то фирма. Давайте, съездим! – возникало предложение. Не нужно. Как мудро написал Геннадий Шпаликов:

По несчастью или к счастью —

Истина проста:

Никогда не возвращайся

В прежние места».

Вяртацца, можа, і сапраўды не трэба ў мінулае, але ж Коласаўскі дом – гэта не проста хата ў лесе. Коласаўскі дом – гэта КОЛАСАЎСКІ ДОМ! Хто там цяпер і што там?

Жнівень

***

1.08.2015. З сястрой Валяй, яе мужам Віцем і дачкой Надзяй ездзілі ў Пугачы. Фарбавалі плот. Пачынаючы працу ў поўдзень, думалі, што закончым праз гадзіны тры-чатыры, максімум праз пяць. Фарба скончылася толькі ў дзесяць вечара.

З яблыні зваліўся яблык. Белы наліў. Жоўценькі, як залаты. Падняў яблык швагра. Павярнуў на бок, які хаваўся ў траве, а ён чорны. Паглядзелі ў крону. Больш ніводнага яблыка не бачна.

На вуліцы каля нашага плота ўжо гадоў дзесяць працякае водаправодная калонка. Праз яе ў агародзе каля хаты вечна вільготна. Што ні рабілі з вадой, а яна ўсё цячэ і цячэ, як вечная. Вяскоўцы кажуць, што трэба звяртацца ў Валожын, бо там цяпер усе службы, якія адказваюць за водаправод.

Сцямнела. Засвяціла поўня. Застракаталі цвыркуны. Усё навокал, як у дзяцінстве. Толькі бацькоў няма.

Выехалі з вёскі цемнатой. Праз святло фар машыны прабег заяц, як прывід.

У кватэру зайшоў а палове дванаццатай. Стомлены, але задаволены, што ў вёсцы добра і дружна папрацавалі.

***

2.08.2015. Прачнуўся а пятай. Гадзіны паўтары ляжаў і думаў, што трэба сказаць у Пугачах на свяце вёскі. Вырашыў доўга не гаварыць і пачытаць два вершы, напісаныя трыццаць пяць гадоў таму пра Пугачы. Разбудзіў Людмілу. Хутка сабраліся і паехалі на чыгуначны вакзал. З электрычкі патэлефанаваў у Пугачы і паведаміў, што ў Аляхновічах мы будзем у дзесяць. У вагоне сабралася шмат народу. У асноўным пажылыя жанчыны, якім трэба на лецішчы. Ехалі гадзіну. У Аляхновічах нас ужо чакала Наталля Жызнеўская. На машыне ў Пугачы заехалі за хвілін дваццаць. Праязджаючы праз Еленку, узгадаў школьных сяброў, якія тут нарадзіліся. Шмат пустых хат. Сялібы зарослыя травой. Людзей зусім не бачна, нібыта ніхто ў вёсцы не жыве. На заездзе ў Пугачы спыніліся. Мы з Людмілай падарылі Наталлі свае кніжкі з аўтографамі, а яна дала мне пачытаць, калі будзе вольны час, кіпу сваіх вершаў.

Сустрэлі нас каля Дома культуры, як самых вялікіх гасцей. Тут жа напаілі гарбатай, пачаставалі булачкамі, якія нядаўна былі спечаны. Завялі ў бібліятэку, паказалі куток з маімі кнігамі і партрэтам, які ў свой час намаляваў Алесь Квяткоўскі. Для бібліятэкі мы з Людмілай падарылі свае новыя выданні.

На свята вёскі сабралася сотні паўтары людзей. Былі артысты з Валожына і ракаўскі фальклорны гурт «Гасцінец». Першым выступіў старшыня Ракаўскага сельсавета, потым я і Людміла. Нам падарылі чайны сервіз з гравіроўкай «Жыві, мая вёска Пугачы. 2015».

На сённяшні дзень самая старэйшая жыхарка Пугачоў – Валянціна Іосіфаўна Шніп. Ёй 88 гадоў. Яна ў школе выкладала беларускую мову і літаратуру. Гэта на яе ўроку я даведаўся, што ў дзесяці кіламетрах ад Пугачоў у Вязынцы нарадзіўся Янка Купала, да якога ў час летніх вакацый я і хадзіў з вершамі.

Падарунак атрымала і мая першая настаўніца Шніп Марыя Вікенцьеўна. У школе яна была строгай, патрабавальнай і справядлівай, як і належыць быць сапраўднаму Настаўніку.

Самы юны жыхар Пугачоў – Дзмітрый Сасноўскі. Ён нарадзіўся 1 студзеня 2015 года.

Дзякуючы святу вёскі сустрэўся амаль з усімі сваякамі, якія яшчэ жывуць у Пугачах. З Навасёлак спецыяльна на свята прыехаў траюрадны брат майго бацькі Леанід Жыткевіч. Словам, сёння ўсе дарогі вялі ў Пугачы да Дома культуры.

Падарункаў на свяце вёскі было ўручана вельмі шмат. Гучалі песні, разам з «Гасцінцам» развучваліся танцы, дзеці малявалі, а хто хацеў, мог набыць вырабы мясцовых майстрыц, а таксама пачаставацца юшкай з блінамі.

Перад ад’ездам у Аляхновічы з Людмілай зайшлі дадому. Падкруціў у гадзінніку спружыну. Няхай у хаце не будзе мёртвай цішыні.

На палях жніво. Камбайны гудуць, буслы ходзяць і сонца ў небе, як вялікая кропля мёду.

Сёння Ілля. Павінна быць куча гнілля, а тут горача, як каля адчыненых дзвярэй лазні.

Наталля Жызнеўская адвезла нас у Аляхновічы на электрычку. Было крыху сумнавата, што свята вёскі прайшло, і адначасова радасна, што мае аднавяскоўцы не толькі ўмеюць добра працаваць, але і святкуюць, як належыць.

***

3.08.2015. Перад абедам на працу да мяне прыходзіў рэжысёр Валерый Анісенка. Энергічны, эмацыйны, як вялікі творца. Пагаварылі пра літаратуру і тэатры. Развітваючыся, Валерый Данілавіч сказаў: «Будзем працаваць, а не плакаць!»

Пасля абеду зайшоў зямляк Язэп Янушкевіч. У шортах, сандалях на босыя ногі, у саколцы, у капелюшы. Загарэлы. Словам, прыгожы, як каўбой у час адпачынку. Набыў у аддзеле рэалізацыі дзявяты том Уладзіміра Караткевіча. Наш Ракаў рыхтуецца да свайго 550-годдзя. Я пішу «наш Ракаў», бо ўжо трэці год, як Пугачы адносяцца да Ракаўскага сельсавета. Уся святочная праграма названа радком з майго верша «Мы маем гонар свой, мы Ракаў маем.»

***

3.08.2015. Гадзіннік на руцэ, як кайданка, якой ты прыкаваны да часу, у якім жывеш.

***

3.08.2015. Нашы воплескі для молі забойчыя.

***

3.08.2015. Мае аднавяскоўцы, мае аднаваскоўцы.

***

4.08.2015. Больш як месяц не пісаў вершаў, нібыта не піў каньяку.

***

5.08.2015. Некалькі аўтараў прыходзіла ў выдавецтва. Сказалі, што на вуліцы горача.

***

6.08.2015. З Дзмітрыем Пятровічам удзельнічаў у літаратурным марафоне, які праходзіў у рамках акцыі «Лета з добрай кнігай» у кнігарні «Светач». Калі прыйшлі прыняць эстафету ад пісьменніцы, якая піша для дзяцей, на крэслах сядзела сем чалавек. Праз дзве гадзіны, калі мы пакідалі кнігарню, перадаючы слова Алене Церашковай з дзецьмі, слухачоў было каля пяці дзясяткаў.

***

6.08.2015. Вечарам да нас з Людмілай у госці прыходзілі нашы добра знаёмыя масквічы-пісьменнікі Аляксандр Закурэнка і Ірына Гурская з дачкой. У свой час мы з Аляксандрам паралельна вучыліся ў Літінстытуце, а Ірына наогул мінчанка. Гаварылі да гадзіны ночы пра вандроўкі, пра літаратуру і. пра вайну.

***

6.08.2015. Прыходзіў Базыль. Набыў новыя тамы Уладзіміра Караткевіча і маю кнігу «Заўтра была адліга». Ён нядаўна прыехаў з Амерыкі, дзе 25 ліпеня атрымаў амерыканскі пашпарт. Даў мне пагартаць. Пашпарт, як невялічкая кароткая амерыканская энцыклапедыя. Базыль у Амерыцы працуе ў лабараторыі Энрыка Фермі. Казаў, што ў ягонага начальніка на сцяне вісіць мапа, на якой на месцы Беларусі белая пляма. «Чаму так?» – запытаўся я, і Базыль адказаў: «Амерыка яшчэ не вызначылася, што з намі рабіць.»

***

8.08.2015. Нягледзячы на гарачыню, з Людмілай, сястрой Валяй і яе мужам Віцем, ездзілі ў Пугачы, каб дафарбаваць плот.

Зайшлі ў хату. На стале два букеты руж у вадзе стаяць, нібыта толькі што зрэзаныя. Мы з Людмілай тыдзень таму, атрымаўшы іх на свяце вёскі, пакінулі тут, бо яны ўжо былі амаль завялыя. «Мама любіла кветкі, таму яны і ажылі!» – сказала Людміла, гледзячы на букеты.

Г адзіннік цікае. Хата жывая.

Агрэст амаль увесь чырвоны. Вельмі шмат. Суседзям казалі, каб рвалі колькі хочуць, а яны рвалі слабавата. У дзяцінстве мы з бацькам вазілі мяшкамі агрэст у Гарадок здаваць. Атрымоўвалі грошы, на якія нам, дзецям, бацькі куплялі сёе-тое з абновак перад школай.

Пад вечар на машыне прыехалі дачка Валі Надзя з сябрам Сашам. У садзе зрабілі шашлыкі. Збегліся суседскія каты і малады сабака. Пачаставалі і іх.

З дому выехалі пасля дзевяці. Каля сялібы Ліды Шніп па вуліцы ішло чалавек пятнаццаць. «Відаць, нейкае вяселле.» – сказаў швагра. «Магчыма.» – выказаў сваю думку я. Праязджаючы каля людзей, я ўбачыў Ліду і яе мужа Валодзю, якому я памахаў рукой. Швагра прыпыніў машыну, думаючы што я выйду, але я не выйшаў, бо сядзеў босы і з неадмытымі ад фарбы рукамі. Вярнуўшыся ў Мінск, з фэйсбука даведаўся, што да Ліды з Масквы прыехалі сваякі, з некаторымі і я знаёмы праз інтэрнэт. Цяпер шкадую, што сустрэча не адбылася.

***

9.08.2015. «Праз трыццаць гадоў будзе вялікая вайна і мала хто застанецца на нашай планеце!» – кажа мой аднагодак. Ягоная дачка, якой трынаццаць гадоў, тут жа з крыўдай: «Вам добра! Вы да таго часу не дажывяце!»

***

9.08.2015. Спёка. 36 градусаў. Людміла прапанавала паехаць у Палац мастацтваў на выставу. Паехалі. У метро я даведаўся, што мы едзем на выставу адзення. Пасмяяўшыся з сябе, я вярнуўся дамоў, а Людміла пайшла ў палац.

***

9.08.2015. Закончыў набіраць запісы, зробленыя ў час вандроўкі ў Еўропу, дзе мы з Людмілай наведалі Варшаву, Амстэрдам, Брусель, Парыж, Бардо, Барселону, Ліён, Жэневу, Мюнхен. Яшчэ раз перажыў дарогу і тыя цудоўныя хвіліны, калі мы з Людмілай радаваліся жыццю.

***

10.08.2015. Каторы дзень у галаве круцяцца радкі:

Лета пачалося. Не танцуй!

І яно аднойчы адвіруе.

Ад самоты сонца нас ратуе,

Ад спякоты сам сябе ратуй!

***

10.08.2015. Надпіс на плоце: «Асцярожна! У двары злы Граждан!»

***

11.08.2015. Спякота. На Свіслачы чайкі, як воблака, якому добра на вадзе, а не ў небе.

«Ладдзя» і Сыс

11.08.2015. Сёння ў Адама Глобуса прачытаў: «На вокладцы кнігі Анатоля Кудласевіча «Трынаццаць дзён» змешчана карціна Руслана Вашкевіча «Ладдзя». Ёсць на вокладцы і словы Руслана: «Гэтую маленькую карціну сто гадоў таму я падарыў Анатолю Сысу. Ён, узрадаваны, тыдзень паіў увесь інтэрнат БДТМІ. Калі я працверазеў, пайшоў у Дом літаратара і папрасіў карціну назад, Сыс адказаў: “Я шчаслівы, што яна пабыла са мной увесь гэты час”» Я памятаю гэтую гісторыю. Якраз тады на Захарава быў рамонт у рэдакцыях, і нас перасялілі ў Дом літаратара. Аднойчы прыйшоў да мяне Анатоль Сыс і са слязамі на вачах пахваліўся, што яму Руслан Вашкевіч падарыў карціну, за якую абавязкова трэба тут жа выпіць. Мы выпілі. Потым цэлы тыдзень Сыс хадзіў па Доме літаратара з «Ладдзёй», нібыта ён сам яе намаляваў.

Іван Сяркоў і «можа»

11.08.2015. Летам, калі мне было дванаццаць гадоў, з Гарадка бацькі прывезлі кнігу Івана Сяркова «Мы з Санькам у тыле ворага». Я адразу яе прачытаў за некалькі вечароў. І потым, пакуль вучыўся ў школе, перачытваў шмат разоў. Кніга стала маёй любімай. Сёння, рыхтуючы яе перавыданне, звярнуў увагу на тое, што на 160 старонках аповесці слова «можа» паўтараецца разоў пяцьсот: «можа, заўтра», «можа, холадна», «можа, немцы», «можа, партызаны», «можа, паліцыя», «можа, граната», «можа, мёртвы», «можа, свае» і г.д. І ўсё ж, перачытаўшы «Мы з Санькам у тыле ворага», я не сказаў сабе: «Можа, цяпер не варта было чытаць.»

***

12.08.2015. Сніўся Амстэрдам. Я прыйшоў у квартал чырвоных ліхтароў, а там поле, на якім растуць сланечнікі. Сярод сланечнікаў Ван Гог малюе чырвоны ліхтар.

***

13.08.2015. Быў на Вайсковых могілках. Сёння Дзень памяці Якуба Коласа. Прыехаўшы на паўгадзіны раней, чым трэба было, абышоў пісьменніцкія магілы. Пакланіўся Кузьму Чорнаму, Міхасю Клімковічу, Паўлюку Трусу, Усеваладу Ігнатоўскаму, Алесю Гурло, Валянціну Таўлаю, Аркадзю Моркаўку...

Сярод магіл апалае лісце, як тое, што засталося ад паперы, якая была на пісьмовых сталах у той дзень, калі пісьменнікі пайшлі ў лепшы свет.

Ад помніка да помніка павуцінка, як тэлефонны дроцік.

Зайшоў у царкву Аляксандра Неўскага. Прыцемкі. Запаліў дзве свечкі. Пасвятлела ў Храме і ў маёй душы.

Да магілы Якуба Коласа прыйшлі яго родныя, супрацоўнікі музеяў, пісьменнікі і карэспандэнты. Пасля ўскладання кветак каля помніка гучалі словы ўдзячнасці Песняру і вершы. Людзі, якія праходзілі міма, прыпыняліся на хвіліну, слухалі. Сярод прысутных, відаць, яшчэ не разумеючы, што адбываецца, бегала маленькая праўнучка Якуба Коласа. Прыгожая і непасрэдная, як сапраўдная Паэзія.

***

13.08.2015. З інтэрнэту даведаўся, што памёр мастак Георгій Скрыпнічэнка. Апошні раз мы з ім бачыліся сёмага траўня 2013 года ў галерэі Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці на адкрыцці выставы жывапісу Алеся Квяткоўскага «Песні дрыгвы». Георгій Сяргеевіч, ведаючы, што я прыйду выступіць у сябра на свяце, спецыяльна прынёс свой таўшчэзны (438 старонак) мастацкі альбом, загадзя падпісаўшы: «Віктару Шніпу, паэту, грамадзяніну, з вялікай павагай і ўдзячнасцю!!! Працуйма на карысць БАЦЬКАЎШЧЫНЫ!!! Георгі. Менск. 7.5.2013 г.» Дорачы выданне, Георгій сказаў: «Ты прыйшоў, хоць мы і не дамаўляліся сустрэцца. Дзякую. Цяпер мне не давядзецца валачы назад гэтую таміну, як некалькі разоў ужо валок, бо не прыйшлі паэты.», і ён назваў імёны двух паэтаў.

***

14.08.2015. На 62-м годзе жыцця пакінуў гэты свет народны артыст Беларусі Сяргей Журавель. За свой твочы шлях артыст сыграў і Сальвадора Далі, і Несцерку, і Тарцюфа. І ў кожнай ролі быў беларусам.

***

14.05.2015. Учора памёр беларускі Сальвадор Далі – мастак Георгій Скрыпнічэнка, а сёння – артыст Сяргей Журавель, які ў свой час выконваў ролю Сальвадора Далі. Яны пайшлі да Сальвадора.

***

14.08.2015. Сярод жніўня лістапад. І ты ідзеш па апалай лістоце і ўсміхаешся, як ідыёт.

***

15.08.2015. Былі за горадам.

Зялёная арда кукурузы чакае свайго часу.

Заяц каля дарогі ласаваўся жытам. Малады і непалоханы. За пару метраў ад машыны ляніва схаваўся ў жыта, а мы яму ўслед добразычліва пасмяяліся.

Побач з лецішчам на зжатым полі перапёлкі. Штук дваццаць. І ў кожнай ножкі не баляць, бо ад нас пабеглі, нібы прапануючы: «Паспрабуйце дагнаць!»

Сланечнікі ў агародзе. А дзе Ван Гог? Прыляцеў чмель. Вялікі і прыгожы. Сеў на галаву сланечніку і не звяртае на нас увагі.

Агуркі ўжо не растуць. І трава не расце. Апалае лісце ў баразне, як рудая вада.

Прыйшоў кот. Худы, нібыта толькі што вярнуўся з марцавання.

Гронкі зялёнага вінаграду, як кроплі зялёнага бурштыну.

Вада са студні халодная, як жывая.

У азярыне купаюцца людзі. Машыны на беразе, як іх жалезная вопратка.

Чорная сліва на срабрыстай талерцы, як пляма на поўні.

На зжатым полі ходзяць буслы. Дзюбы іхнія, як стрэлкі, што паказваюць на восень.

***

16.08.2015. Хадзіў да Алеся Квяткоўскага. Ён рыхтуецца да выставы ў Гародні. Гаворачы пра творчасць, я прапанаваў Алесю намаляваць карціну «Чорны квадратасланечнік», і падарыў яму для натхнення свой верш:

чорны квадратасланечнік —

гэта чорны квадрат Малевіча

і сланечнік Ван Гога

якія аб’ядналіся

каб чорным пчолам

Квяткоўскага

было не сумна

у гэтым белым свеце

дзе чорны сланечнік

гэта чорнае сонца

гэта чорнае вока вечнасці

гэта шматкроп’і

з ненапісаных

вершаў Апалінэра

і ты малюеш чорны

квадратасланечнік

як пачатак свету

у якім знайшлося

месца і для нас з табою

***

16.08.2015. Памерлыя ажылі і з’ехалі ў Амерыку, пакінуўшы цыдулку: «У нашым ад’ездзе нікога не вінавацім!»

***

16.08.2015. Дваццаць пяць гадоў жыву ў доме на вуліцы Волаха. Гадоў пятнаццаць таму пазнаёміўся з мастаком з суседняга пад’езда. Пазнаёміцца пазнаёміўся, а як завуць яго – забыўся. Сустракаючыся ў двары, мы віталіся, пыталіся пра жыццё-быццё. Г адоў дзесяць таму ў нашым доме быў капітальны рамонт. Доўгі час мы разам «ваявалі» з будаўнікамі, а потым зноў схаваліся ў сваіх кватэрах, зрэдку сустракаючыся на вуліцы. Мастак даглядаў хворую маці. І ў мяне дажывалі свой век бацькі, якія тры гады таму пакінулі гэты свет. Нядаўна памерла і маці мастака. І, магчыма, я і далей не ведаў бы, як яго завуць (перапытвацца няёмка), калі б сёння ў фэйсбуку на старонцы Яўгена Колчава не ўбачыў фотапартрэт свайго суседа з подпісам: «Мастак – Слава Лемачко»...


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю