
Текст книги "Заўтра была адліга-3 (СИ)"
Автор книги: Віктар Шніп
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 6 страниц)
***
29.05.2015. Сёння не людзі залежаць ад Паэзіі, а Паэзія ад людзей...
***
30—31.05.2015. Мой зямляк Павел Каўрыга, які выкладае ў БДУ на геафаку, запрасіў мяне выступіць перад студэнтамі, што на Валожыншчыне каля вёскі Калдыкі на геастанцыі «Заходняя Бярэзіна» праходзяць практыку.
Дробныя птушкі перад машынай пералятаюць дарогу, як самагубцы ці экстрэмалы.
На палях ходзяць буслы, як геадэзісты...
За Валожынам стаіць вятрак, нібыта знак, што тут Еўропа.
Прыехалі а чацвёртай гадзіне. На геастанцыі, якая знаходзіцца ў лесе, цішыня. Студэнты разышліся па сваіх вучэбных справах. З доміка выйшаў выкладчык, які пачуў, што мы прыехалі. «Учора ў нас быў Глобус.» – расказваючы пра лясное жыццё-быццё, паведаміў мужчына. Пачуўшы пра гэта, я падумаў: «Маладзец Валодзя, што наведаў адарваных ад горада студэнтаў». Праз паўгадзіны я даведаўся, што тут учора быў не Адам Глобус, а студэнцкая вечарына «Музычны глобус».
Сосны, як геадэзічныя збудаванні.
У лесе студэнты з заплечнікамі, як дыверсанты...
Спявалі птушкі. Раптам стала ціха і пайшоў дождж. Адна музыка замяніла другую.
Над поймай ракі праляцелі два лебедзі. Белыя, як анёлы.
Пасля вячэры ўсе сабраліся ў клубе. Вечарына пачалася з «Купалінкі», якую праспявала студэнтка чацвёртага курса. Яна для сяброў ужо свая эстрадная зорка. Лізавета Гурская прачытала верш Уладзіміра Караткевіча «Беларуская песня». За гэта я падарыў ёй сваю кніжку «Заўтра была адліга». Потым гучалі вершы, што напісалі самі студэнты падчас практыкі. Вайсковец праспяваў «Тры чарапахі» Лявона Вольскага. Амаль да адзінаццаці гадзін выступаў я. Вёў імпрэзу Уладзімір Малашэнкаў. Напрыканцы Павел Каўрыга падарыў мне сваю кнігу «Метэаралогія і кліматалогія (Беларуска-руска-англійскі даведнік) з аўтографамі студэнтаў сваёй кафедры.
Да дзвюх гадзін ночы з выкладчыкамі гаварылі пра жыццё-быццё. Па іх просьбе чытаў вершы. Слухалі, не перабівалі.
Схадзіўшы на студэнцкую лінейку, з Паўлам Каўрыгам паехалі ў Мінск. У некалькіх кіламетрах ад геастанцыі на ўскрайку лесу я заўважыў вялікага рыжаватага зайца. Ён назіраў за намі, нібыта студэнцкі дазорац, які замаскіраваўся пад зайца.
***
31.05.2015. З Людмілай хадзілі да Ратушы, дзе потым з экскурсаводам, а таксама князем Радзівілам Чорным і ягоным сямействам вандравалі па Верхнім горадзе. Народу сабралася шмат. На экскурсійны натоўп мінакі глядзелі па-рознаму: тры загарэлыя расейцы гадоў пад пяцьдзясят, пачытаўшы шыльду на Ратушы, прайшлі праз нас, як праз высокую траву. Нейкія замежнікі, якія сядзелі за столікамі вулічнай кавярні, калі мы праходзілі каля іх, сустрэлі Радзівіла і ягонае сямейства воплескамі і воклічамі захаплення. Павандраваўшы па Верхнім горадзе, каля Ратушы экскурсавод Ганна правяла конкурс на веданне гісторыі. Мы з Людмілай не адбіралі ў прысутных магчымась выйграць прызы. Нейкі час я пазабаўляўся з малымі радзівілятамі, адзін з якіх сказаў, што ён некаранаваны кароль.
Чэрвень
***
1.06.2015. Галоўную прэмію Гедройца за найлепшую беларускамоўную прозу, а таксама прыз чытацкага галасавання атрымаў Віктар Казько за кнігу «Час збіраць косці». Прадстаўляючы намінантаў, выступоўцы гаварылі са сцэны, нібыта чыталі белыя вершы. І ўсё ж найбольш запомніўся Андрэй Федарэнка, які, наколькі ўмее пісаць выдатную прозу, настолькі не ўмее выступаць на публіку. Праўда, і гэтым ён таксама цікавы, як празаік.
***
3.06.2015. З Маладзечна прыязджаў Міхась Казлоўскі. Падарыў мне зборнік «Там, дзе Уша серабрыцца», у якім прадстаўлены 32 творцы, дзейнасць і жыццё якіх непасрэдна звязана з маладзечанскім краем. Укладанне і прадмова Міхася Казлоўскага. На вокладцы зборніка фотаэцюд Генадзя Селядца «Лета». Ва ўступным слове Міхась напісаў: «У свой час Генадзь Каханоўскі, праглядаючы чарговы нумар часопіса «Маладосць», з відавочным гонарам прамовіў: «Глядзі, нашы ідуць у літаратуру». Для мяне Маладзечаншчына – родны край, і таму я з задавальненнем паўтараю за Генадзем Каханоўскім: «Нашы ідуць у літаратуру!» Акрамя зборніка Міхась Казлоўскі падарыў мне паштоўку, выдадзеную ў Познані з нагоды выхаду ў «Мастацкай літаратуры» кнігі пра Язэпа Драздовіча «Праз церні да зорак».
***
5.06.2015. З Іванам Вараўкам сябрую з часу (1980-я гады) нашага знаёмства на літаб’яднанні «Крыніцы» пры «Чырвонай змене». Цяпер зрэдку сустракаемся, а так усё па тэлефоне дзелімся сваімі жыццёвымі навінамі. Іван нарадзіўся ў вёсцы Ілья на Вілейшчыне. Працуе на заводзе ў Мінску. Зрэдку піша вершы і яшчэ радзей друкуецца. Нікому, хто хадзіў на літ’абяднанне і потым выбіўся ў вядомыя пісьменнікі, Іван не зайздросціць. Сёння мы з ім сустрэліся. Гаварылі пра бацькоў. Іванавай маці 90 гадоў. Цяпер яна, на жаль, у бальніцы. Сёе-тое новага з вершаў пачыталі адзін аднаму. На маё пытанне: «Чаму мала пішаш?» Іван адказаў: «Не хачу! Я магу насачыняць сотні вершаў кшталту гэтага:
Гляджу я цілівізар вечарамі
І цэлу ноч яго глядзець гатоў.
А раніцай я крочу за грыбамі,
Хоць у гародзе мора агуркоў.
але ж гэта не высокая паэзія, таму і не псую паперу.»
З жыцця Гражданаў...
5.06.2015. На сайце «НН» з’явілася інфармацыя: «Пад Мінскам работнік жаночага манастыра шпакоўняй забіў сабутэльніка.»
***
6.06.2015. Удзельнічаў у XV Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне. Напачатку наведалі Вязынку. Чыталі вершы каля помніка Янку Купалу. На дзіва, людзей прыйшло нямала. Потым у Маладзечне ў Палацы культуры выступіў у паэтычнай гасцёўні «Красуй, Беларусь». Думаю, што многіх цікавіць адказ на пытанне: «Як там на фестывалі было?» Мой адказ: «На жаль, вас там не было, таму так было, як было. І магло быць лепей, але і магло быць горай.»
***
7.06.2015. Прачытаў!!!!!! Чацвёртую, заключную кнігу цыкла раманаў Людмілы Рублеўскай «Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата». У беларускай літаратуры падобнай маштабнасці і моцы твора (усе чатыры кнігі) няма. Можаце мяне за гэтую выснову пабіць, але я ад яе не адмоўлюся. Я гэта гавару не таму, што Людміла Рублеўская мая жонка, а таму, што чытаю амаль усё і ўсіх і гэты раман у чатырох кнігах прачытаў ад першай да апошняй старонкі і як чытач, і як рэдактар, і як крытык. І калі б гэты твор быў напісаны іншым выдатным пісьменнікам-мужчынам, а іх у нас на сённяшні дзень столькі, што можна на пальцах адной рукі пералічыць, то. Словам, віншую ўсіх, хто радаваўся і будзе радавацца, чытаючы Людмілу Рублеўскую, што ў нас, у беларусаў, ёсць цыкл выдатных гістарычных раманаў пра Беларусь XVIII стагоддзя.
***
7.06.2015. Перад маім акном праляцеў недакурак, як збіты шпіёнскі лятаючы апарат, і, упаўшы на скошаную траву каля пад’езда, задыміўся...
***
8.06.2015. Здаецца, чым усё больш вясной спілоўваюць таполяў, тым у чэрвені усё больш тапалёвага пуху.
***
8.06.2015. Сёння на працы ніхто з аўтараў не турбаваў мяне і толькі тапалёвы пух лётаў пад вокнамі кабінета, як пер’е графаманаў.
***
9.06.2015. Гарачыня. У некага мора перад вачыма, а ў мяне мора рукапісаў.
***
9.06.2015. З Людмілай хадзілі ў Купалаўскі музей на «Канцэрт для сяброў» Алеся Камоцкага. Народу было сотні паўтары. Слухаючы песні, забыўся пра многае, што перашкаджае жыць з добрым настроем. У перапынках паміж песнямі Алесь з сябрамі, якія яму падыгрывалі на гітарах, жартаваў, узгадваў былыя канцэрты, дзяліўся думкамі пра тое, што яму падабаецца і чаму. Я занатаваў: «Дзяцінства – гэта, калі твой кот старэйшы за цябе.» Праўда, гэта словы не Алеся, але яны сапраўды пра дзяцінства.
***
10.06.2015. Калі ніхто з аўтараў не тэлефануе, тады мне здаецца, што я не на сваю працу прыйшоў ці іншапланетнікі перарэзалі тэлефонныя драты.
***
11.06.2015. А палове на сёмую гадзіну быў у прамым эфіры тэлеперадачы «Добрай раніцы, Беларусь!» Гаварылі пра акцыю «Лета з добрай кнігай». Забралі мяне з дому а палове на шостую. Ехалі па амаль пустым праспекце. Звярнуў увагу, што на пляцы Якуба Коласа выстава рэпрадукцый карцін Міколы Селешчука. Падумалася, што, калі б мастак цяпер жыў, то хутчэй за ўсё ніякай ягонай выставы на вуліцы не было б.
***
11.06.2015. Раніцой на лузе белы туман ператварыўся ў белага каня, а вечарам белы конь у белы туман.
***
11.06.2015. Паміраючы па гэты бок нябёс, на другім баку з’яўляемся на свет.
***
11.06.2015. У бар начны вяртаюцца паэты, нібыта ў гавань з мора караблі.
***
11.06.2015. Чакаючы аўтобус на прыпынку каля царквы Пятра і Паўла, прыдумаў радкі:
Сядзіш ля царквы ў дзень святы з жабракамі,
Як на сцэне з вялікім начальствам сядзіш.
І жыццё, як рака, прад тваімі вачамі
Працякае няспешна і ціха, як мыш.
***
12.06.2015. Заходзячае сонца прасвечвае лістоту бярэзніка, нібы шукае бяздомных птушак.
***
13.06.2015. Ездзіў у родныя Пугачы. Адзін.
У аўтобусе было паўнютка народу. Некаторыя з катамі і сабакамі, як у вандроўным пагарэлым цырку.
У Пугачы прыехала сем чалавек. Нікога не ведаю.
Іду па вуліцы. Углядаюся ў зелень дрэў, дзе стаіць родная хата. Стаіць.
У садзе трава вырасла вышэй калена. Матылі па-над ёй, як лятаючыя кветкі.
У хаце, як на востраве, дзе яшчэ нядаўна існавала жыццё.
Схадзіў да дзядзькі Шуры. Пагаварыў, як з бацькам. Ён адзіны, хто застаўся са стрыечных бацькавых братоў.
Касіў амаль пяць гадзін. Прыходзілі нейчыя дзеці, каб паглядзець на пісьменніка.
Яблыкаў амаль не будзе, нібыта яблыні зразумелі, што нам не да яблыкаў.
Жабы ў траве. Каторая з іх зачараваная прынцэса?
Незнаёмы п’яны мужчына прайшоў каля плота. Нешта бурчэў сам сабе, успамінаючы жонку і яе маці.
Пярынка ў траве, як анёльская.
За мной у хату заляцела муха, як шпіёнка.
Вада ў кране іржавая, як паэзія пачаткоўца.
Над вёскай коршак, як гаспадар.
Зялёныя стрэлкі цыбулі паказваюць бясхмарнае неба. Паліў грады.
Пранеслася па вуліцы машына, як звар’яцелая.
Людзі чакаюць дажджу, бо няма чаго больш чакаць.
Ідучы на аўтобусны прыпынак, спыніўся каля сажалкі. Плаваюць дзікія качкі. Прыгожыя. Здаецца, прыгажэйшыя, чым тады, калі я тут з сябраміхлапчукамі лавіў рыбу.
На прыпынку сеў на лаўку, дзе мама сядзела, чакаючы мяне з горада.
Ехаў у Мінск, як на іншую планету.
***
14.06.2015. Людміле патэлефанаваў аўтар «Буквара» Анатоль Клышка і прапанаваў сустрэцца паблізу нашага дома на аўтобусным прыпынку, каб падарыць нам кніжку. Праз дзесяць хвілін Людміла вярнулася з «Новым запаветам» у перакладзе з грэцкай. Анатоль Канстанцінавіч, каб зрабіць справу, вывучыў грэцкую мову. Гамера чытаў у арыгінале. Словам, мы цяпер маем «Новы запавет» на беларускай мове.
***
14.06.2015. З цешчай, жонкай і дачкой ездзілі на Чыжоўскія могілкі. Толькі пачалі прыбіраць магілу Людмілінай бабулі Палагеі, як пачалася навальніца. Схаваліся пад дрэвы. Стаім сярод помнікаў, як помнікі пад парасонамі. Маланкі асвечваюць наваколле, гром грыміць, нібыта з неба крыжы падаюць. Праўда, было зусім не страшна. Узгадалася, што першы раз у навальніцу на могілках быў у Крывічах, куды хадзіў з бабуляй Ганнай адведаць дзеда Міхася. Мне тады было гадоў пяць. Было страшнавата. Мы з бабуляй нейкі час ад навальніцы хаваліся ў царкве. Потым, дачакаўшыся, калі стыхія крыху суцішыцца, праз дождж пайшлі дахаты. Бабуля малілася, а я паўтараў за ёй. Так і дайшлі дамоў.
Ад праліўнога дажджу штучныя кветкі на магілах сталі, як жывыя.
Прайшоўшы крокаў сто ад магілы Палагеі Максімаўны, я раптам прыпыніўся. Маю ўвагу прыцягнула яліна з абрэзанымі галінамі, якія яшчэ нядаўна прыкрывалі магілу за высокай агароджай. Гляджу, а гэта ж тут пахаваны Сцяпан Гаўрусёў. На помніку выбіты радок з яго класічнага верша: «Я вырас пад гарматнымі стваламі.»
Не даходзячы брамы, што на ўваходзе на могілкі, мы схаваліся ад дажджу ў старую альтанку. Дождж суцішыўся, і я прайшоў па алеі, разглядаючы помнікі. У метрах пяцідзесяці ад альтанкі знайшоў магілу, дзе пахаваны празаік Кастусь Тарасаў.
Едзем у таксі. Размаўляем. Звяртаючыся да Людмілы, кіроўца кажа: «Пара вам дачцэ машыну купіць і яна вас будзе вазіць туды, куды папросіце!» Пачуўшы гэта, цешча тут жа прызналася: «А я ўжо некалькі гадоў з кожнай пенсіі латарэйкі купляю!»
На Чыжоўскіх могілках былі каля дзвюх гадзін. Увесь час навальніца то заціхала, то ўзмацнялася, нібыта дакараючы нас за тое, што на Радаўніцу не былі.
***
15.06.2015. Горача. Ідзём з працы па праспекце Пераможцаў. Перад сабой у метрах дваццаці бачым, прылёгшы над фантанам, нейкі пасівелы даўгавалосы чалавек бярэ ваду, нібыта шэпчацца з ёй. «Так можа браць ваду толькі паэт ці бомж», – падумаў я, і праз міг чалавек падняўся з каленяў. Перад намі была з пачарнелым тварам жанчына, якая тут жа з пластыкавай пляшкі пачала піць, гледзячы ў неба, нібыта ўбачыўшы анёлаў.
***
16.06.2015. Некалькі дзён таму пачаўся верш, але, як пачаўся, так і закончыўся:
Толькі ведае рыба сапраўднасць маўчання,
І вада для яе як бясконцы сусвет,
Дзе жыццё пачалося раней, чым каханне,
Што прыдумаў няшчасны тутэйшы паэт.
***
16.06.2015. Калі робіцца цяжка на душы і сумна, ратуюся ўспамінам пра сваё даўняе жаданне: кінуць-рынуць усё і з’ехаць у родную вёску, дзе стаіць пустая хата, якая яшчэ не развалілася ад адзіноты. І тады б мяне ўсе шкадавалі і г. д. Жартую! Нікуды я не паеду, бо я на гарадскім ланцугу, які голас падае праз тэлефоны, і напамінае, што я тут яшчэ некаму патрэбны...
***
16.06.2015. Тапаліны пух няўлоўны, як паэзія таполяў...
***
17.06.2025. Прашу звольніць мяне з працы ў сувязі са сканчэннем свету.
***
17.06.2015. Раніцай у выдавецтва прыходзіў Адам Глобус. Ён і Алесь Бадак успаміналі былое, а я слухаў і думаў, што і наша пакаленне напісала не толькі геніяльныя творы, але жыло і жыве цікавым жыццём. Пра нас кніжкі пісаць можна. Можна і трэба! Праўда, калі мы самі іх не напішам, то ніхто і не напіша.
З Алесем хадзілі ў Нацыянальны мастацкі музей. Пасля афіцыйнага мерапрыемства глядзелі фільм Алега Лукашэвіча і Аляксандра Аляксеева пра Марка Шагала. У зале, дзе мы сядзелі, з карцін на нас паглядалі беларускія магнаты і некаторыя з іх вельмі-вельмі варожа.
Каля Музея Міхаіла Савіцкага сустрэўся з замежнікам, які запытаўся: «Как мне проехать к магазіну «ЗамОк»? Я не адразу зразумеў, што яму трэба крама «Замак», і ўсё з таго, што назоў крамы напісаны па-руску і наш «замак» чытаецца як «замОк».
***
18.06.2015. Гаварыў са Славамірам Адамовічам. Ён нядаўна вярнуўся з Нарвегіі, куды было паехаў у студзені гэтага года. Там дапісваў раман, пачатак якога ўжо друкаваўся ў «Дзеяслове». Цяпер Славамір шукае машыністку, каб зрабіць набор твора. Хоча да канца года выдаць кнігу, каб паўдзельнічаць у барацьбе за прэмію Гедройца. Славамір быў з заплечнікам, нібыта з парашутам.
***
19.06.2015. У складзе дзяржаўнай экзаменацыйнай камісіі па спецыяльнасці «Літаратурная работа (рэдагаванне)» быў на абароне дыпломных прац у Інстытуце журналістыкі. Потым Уладзімір Ліпскі запрасіў мяне і Мікалая Супрановіча да сябе ў «Вясёлку» на экскурсію. Гэта не рэдакцыя, а музей дзіцячай літаратуры! Як іконы ў Храме, вісяць партрэты былых рэдактараў часопіса Васіля Віткі, Еўдакіі Лось і Анатоля Грачанікава. Гаворачы пра сучасных пісьменнікаў і даючы ім ацэнку, Уладзімір Сцяпанавіч сказаў: «Трэба глядзець не ў твар, а ў твор!»
***
20.06.2015. Бібліятэка – гэта кніжнае аліўе...
***
21.06.2015. Спачатку кветку зрываем, зразаем, а потым хочам, каб яна жыла – у ваду ставім.
***
21.06.2015. Каля пад’езда, схаваўшыся пад дрэвам ад дажджу, дзяўчына курыць, нібы цалуецца...
***
22.06.2015. Поўня, як дзьмухавец...
***
23.06.2015. Праз пару дзён светлавы дзень пачне скарачацца, а мы яшчэ і росту ягонага не паспелі ацаніць...
***
23.06.2015. Хвілін пятнаццаць размаўляў са Славамірам Адамовічам. Адзін аднаму паскардзіліся, што зрок пагоршаў. Славамір тут жа ўзгадаў, як нядаўна ў Пухавічах у прыватнага акуліста падбіраў акуляры. На ягонае пытанне: «Чаму ў мяне зрок падпсаваўся?» – мужчына адказаў: «З гадамі ў цябе валасы на галаве пасівелі? Пасівелі! Вось і зрок пасівеў...»
***
23.06.2015. Патэлефанавалі з Пугачоўскага дома культуры і паведамілі, што мяне і Людмілу запрашаюць на свята вёскі, якое адбудзецца 12 ліпеня. Калі я адказаў, што ў гэты дзень нас не будзе ў Беларусі, загадчыца Дома культуры сказала, што яна прапануе старшыні сельсавета свята перанесці на пазнейшы дзень ліпеня, калі мы з Людмілай зможам прыехаць у Пугачы...
***
24.06.2015. Зайшоў у кнігарню. Вялікая! Кніг – мора! Прадавачак болей, чым пакупнікоў. Як да сцяны плачу, падышоў да паліц з беларускімі кнігамі.
***
24.06.2015. Патэлефанавалі з Пугачоўскага дома культуры і паведамілі, што Свята вёскі з 12 ліпеня перанеслі на 26. Перанеслі таму, што я з Людмілай Рублеўскай 12-га не магу быць у Пугачах. Развітваючыся, зямлячка сказала: «Без вас Свята нашай вёскі – гэта не Свята!»
***
25.06.2015. Быў на радыё ў Галіны Шаблінскай. Запісалі для «Дыярыуша» размову пра маю кнігу «Заўтра была адліга». Сёння можна будзе паслухаць па першым канале радыё ў 21.05. Мы гаварылі, а за акном зялёныя рыбкі лістоты стукаліся ў шыбу, нібыта клікалі нас на волю з акварыума-студыі...
Барыс Мускі
26.06.2015. На працягу дваццаці апошніх гадоў, а мо і болей, я сустракаў яго амаль на ўсіх літаратурных імпрэзах і на мастацкіх выставах у Мінску. Паедзеш на свята паэзіі ў Вязынку, і ён там. Паедзеш у Ракуцёўшчыну, і ён там. Некалькі месяцаў таму я з ім сустрэўся ў аўтобусе. Ён ехаў у Музей Якуба Коласа на вечарыну. Пагаварылі пра літаратуру. Развітваючыся, я хацеў запытацца, як яго завуць. Не запытаўся, бо падумалася, што калі буду пытацца, то чалавек пакрыўдзіцца. Мы з ім віталіся разоў сто, а я не ведаю, як яго імя. I вось сёння ў інтэрнэце з’явілася інфармацыя з яго здымкам. Сумная інфармацыя. Ён памёр. I я даведаўся, як яго завуць. Барысу Мускаму было 76.
***
26.06.2015. Быў за горадам на прыродзе. Цудоўна! Вярнуўся ў кватэру да камп’ютара, нібыта прачнуўся, а ўсё, што бачыў за горадам, прыснілася...
***
27.06.2015. Лебедзь над возерам праляцеў, нібыта адарваўся ад воза і цяпер яго цягнуць рак і шчупак.
***
27.06.2015. Суніцы, як чырвоныя ліхтары ў мурашыным квартале.
***
27.06.2015. Сярод старых папер знайшоў свае пераклады вершаў Юрыя Кузняцова. Тэксты аддрукаваны на друкарцы. Значыць, у нас яшчэ камп’ютара дома не было.
***
А ты думкі чужыя казала
I насіла пярсцёнак чужы,
I чужымі агнямі згасала,
I чужой ты шукала душы.
Я прыйшоў – і маімі вачамі
Паглядзіш ты цяпер на сябе,
I заплачаш маімі слязамі.
I спагады не будзе табе.
Другі
I месяц і сонца ў нябёсах на дне.
Другі хтось памёр, а хаваюць мяне.
– Скуль дурні бяруцца! Скуль дурні бяруцца!
Сумлення і сэрца няма даўно ў вас.
I чую спакойны суцешны адказ:
– А Там разбяруцца! А Там разбяруцца!
***
Пэўна ніхто з нас не знае
Заўтра як будзем мы жыць?
Восень. Цяпло адлятае.
Сонца амаль не гарыць.
Вёсцы шчэ светла ў бярозах.
Вокны ў нябёсы глядзяць.
Птушка прапала ў нябёсах —
Снежна пярынкі ляцяць.
***
27.06.2015. Пісьменніку і літаратуразнаўцу Пятру Васючэнку 15 лютага 2009 года было 50 гадоў. Юбілей святкаваўся 18-га. На ўрачыстасцях выступаў і я. У дадатак да празаічнага віншавання мной было нарыфмавана куча радкоў, якія я і падарыў юбіляру. З таго святочнага дня мінула больш як
шэсць гадоў. Не ведаю ці захаваліся ў Васючэнкі мае вершы, а ў мяне яны яшчэ ёсць. Праўда, сёння я іх ледзь не выкінуў у сметніцу з іншымі старымі паперамі.
Пытанні і адказы ў гонар Пятра Васючэнкі
***
Чаму Пятро спраўляе юбілей?
Каб наш не вытахся ялей!
***
Навошта створаны Пятро?
Каб пуста не было ў мятро!
***
Навошта піша Васючэнка?
Каб пазайздросціў Федарэнка
І на пытанне: «За што п’е?»,
Адказ пачуў: «За «Нічые»!
***
Нашто Пятро нас крытыкуе?
Бо добрых слоў сам рэдка чуе!
***
Нашто Пятро наш закаханы?
Каб для дзяўчат купляць бананы,
А для жанчын – цюльпаны!
***
Нашто Пятро студэнтаў вучыць?
Каб не маглі другія мучыць!
***
Чаму Пятро не любіць спаць?
Паспаўшы, трэба ж уставаць!
***
Чаму Пятро наш любіць спаць?
Бо ў сне пісакаў не відаць,
Што ля дзвярэй яго стаяць
І хочуць класікамі стаць!
***
Нашто ў Пятра з сабой партфель?
Там, у партфелі, спіць рубель.
А як Пятро рубель дастане,
Прачнецца чарка і каханне!
***
Нашто Пятро складае казкі?
Каб задрамаў наш люд Парнаскі
І на яго адзіны трон
Сеў Васючэнка, як барон!
***
Нашто Пятро п’е ўранку каву?
Каб не праспаць на працы славу!
***
Чаму Пятро не любіць каву?
Таму, што кава не каньяк
І літры два не вып’еш аніяк!
***
Нашто Пятро экзамены прымае?
Бывае й так, што сам не знае,
Бо так ці сяк
Паставіць прыйдзецца траяк!
***
Нашто Пятро нас тут сабраў?
Каб кожны з нас парыфмаваў
І зразумеў, што так, як Пеця,
Больш аніхто не можа ў свеце
На ўсе пытанні адказаць
І «вош» і «грош» зарыфмаваць!
***
27.06.2015. У пакой заляцела муха. Цяпер гэта яе пакой...
***
29.06.2015. З купалаўцамі і сябрамі Музея Янкі Купалы хадзіў на Вайсковыя могілкі. Сёння дзень памяці Песняра. Гучалі музыка, вершы і ўдзячныя словы Купалу. Людзі, якія праходзілі побач каля агароджы могілак, прыпыняліся, прыслухоўваліся. Можа, што пачулі і яны.
Ліпень
***
1.07.2015. Чамусьці падумалася, што, калі мы адзначаем Новы год, то чаму б уночы з 30 чэрвеня на 1 ліпеня не адзначаць Новае паўгоддзе. Сёння ж першы дзень Новага паўгоддзя! Усіх са святам!
***
1.07.2015. Спачатку цябе выганяюць з краіны, а пасля тваёй смерці ствараюць музей, дзе ты нарадзіўся...
***
1.07.2015. Праз дзень буду ў адпачынку. Наперадзе тысячы кіламетраў шляху. Хвалююся, нібыта ў космас лячу...
***
1.07.2015. У Мінску прайшоў кароткачасовы дождж, як кароткаметражны фільм, дзе я быў у бясплатнай масоўцы...
***
1.07.2015. Над дрэвамі бліснула маланка, загрымеў гром, і з кроны старой ліпы ўзляцелі вароны, як абвугленая лістота...
***
3.07.2015. Збіраемся ў вандроўку па Еўропе. Люда пасля Славакіі, дзе была з купалаўскімі музееўцамі па шляху Янкі Купалы, ніяк не ачуняе ад прастуды. Гледзячы на яе і мне кепска. Прыязджала Наста Грышчук. Зрабіла з Людай гутарку для «ЛіМа». Там так хочуць адзначыць яе 50-годдзе. Словам, мы чакаем дарогу...
Дзень першы. Мінск. Брэст. Варшава. Гатэль «Нявада»
4.07.2015. Спалася дрэнна. Прачнуўся а чацвёртай. З Людмілай у дарогу сабраліся моўчкі. На вакзал на таксоўцы прыехалі ў ліку першых. Аўтобус
*** Заканчэнне. Пачатак у № 5, 2016 г.новы. Нашы месцы – 21—22. Вандроўнікаў у Іспанію да мора сабралася крыху больш за трыццаць. Выехалі ў пяць сорак пяць. Выязджаючы з Мінска, наш куратар Зміцер расказаў, што нас чакае ў дарозе. Напомніў пра злодзеяў, якія нас у Еўропе чакаюць, таму трэба грошы берагчы, як жыццё.
З Людмілай у вандроўку выбраліся без асаблівага гарэння. Людміла прастылая, а ў мяне ў вёсцы спраў гара непераробленых...
Сёння ў нас наперадзе тысяча кіламетраў. Зміцер абяцаў, што да адзінаццаці гадзін прыедзем начаваць у гатэль.
На палях збожжа амаль паспела, каб жаць. Стаіць, чакае...
У аўтобусе працуе кандыцыянер. Камфортна. Ні горача, ні холадна. Некаторыя вандроўнікі кашляюць.
Каля дарогі чарада гусей. Ідуць, нібыта ў Рым...
Над полем лятае коршак, нібыта аглядае ўладанні свае.
«Трактир» прачытаўся, як «трактар»...
Маладая кукуруза, як быльнёг, густая.
Буслянка над вёскай расцвіла бусламі.
У Брэсце каля ракі поўна адпачывальнікаў, і не трэба ім Еўропа і бераг турэцкі.
Перад мяжой у Брэсце да нас дадалося яшчэ некалькі чалавек. Зміцер усіх пералічыў, як пастух авечак..
Стаім на мяжы. Горача. Каля машын, зазіраючы пад іх, скача верабей, як памежнік...
Памежніца. Худзенькая. Невысочкая. У форме. З кабурой на поясе. А ці ёсць там пісталет?
Забралі пашпарты, па якіх стала зразумела, што сярод нас чатыры расіянкі і расіянін.
Хто хоча ў дзьюці-фры? Ніхто. Усіх цікавіць прыбіральня...
Варшаўскі мост. Узгадаліся радкі: «Поўненькая рэчка, а над рэчкай мост. На мосце авечка, а ў авечкі хвост. Высахла рэчка, разваліўся мост. Здохла авечка, адваліўся хвост.»
Нашых пагранцоў праехалі за дваццаць хвілін. Палякі трымалі каля дзвюх гадзін. Па новых правілах правяралі адбіткі пальцаў.
На польскім баку сустрэлі нас тры буслы ў небе.
Скошаны луг. Нібыта мой бацька касіў.
Па бульбе ходзіць бусел. Відаць, каларадскіх жукоў збірае.
У Паджэры паабедалі. Павесялела ў жываце і ў галаве.
У збожжы шмат васількоў, як кропелек паэзіі.
У агародах чорныя пудзілы, як манахі.
На балаціне ссохлыя чорныя дрэвы, як скруткі чорных змяюк.
Зміцер уключыў радыёперадачу – дурныя жарты расейцаў з польскай мовы. Паслухалі пару хвілін. «Яшчэ хочаце?» – «Не!!!»
Галубы каля коміна, як вясковыя анёлы каля выхаду з вогненнага пекла.
Варшава. Вісла. Людзі купаюцца і загараюць.
Аэрапорт імя Шапэна. У душы загучала музыка.
Каля дарогі польскі паліцэйскі. Выліты наш Юрась Пацюпа, але толькі ў форме.
Тры ветракі. Два круцяцца, а адзін не. Стаіць, нібы думае, а ці варта сёння працаваць.
Нумары на польскіх машынах з еўрасаюзаўскімі сцяжкамі, але хапае і бела-чырвоных, якія выглядаюць, як савецкія.
Уключылі фільм, каб было весялей. У фільме трахаюцца. І ўсе глядзяць, як гэта робіцца, нібыта забыліся.
«Быў бы я скульптарам, я б пачаў з яе попкі.» – рэпліка з фільма пра Дзюма.
Байкеры, як нячысцікі, гойсаюць па Польшчы.
Адзінокі вятрак у полі, як няспешны мудрэц.
Едзем услед за сонцам.
Неба ціхае, як вечаровае мора .
Ветракі, як прывіды камунізму.
Начаваць прыехалі ў гатэль «Нявада». Ён збудаваны ў выглядзе піраміды. Выдаючы нам ключ, Дзмітрый сказаў: «Нумар 35. Шніп Вікторый і Шніп Людміла.» Пасяліліся а палове дзясятай. Праехалі тысячу кіламетраў.
Дзень другі. Амстэрдам
5.07.2015. Прачнуліся ў 6.10. Спалася нармальна. Праўда, было крыху душнавата. Павіншаваў Людмілу з днём народзін.
Сняданне больш-менш нармальнае. Спакавалі свае валізы і зноў у дарогу. Дзякуючы, што аўтобус не цалкам запоўнены, многія рассяліліся на вольныя месцы. Людміла таксама пайшла ад мяне.
Праехалі польска-нямецкую мяжу. Одэр цячэ. Як вечнасць нямецкая.
Вакол дарогі каля 50 ветракоў. Стаяць, як саранча жалезная.
Сосны, як вакол дарогі каля Ракава па дарозе ў Пугачы.
Праехалі каля Берліна.
Узгадалася вайна. Так і бачу на палях падбітыя танкі і трупы.
Праехалі Магдэбург. Узгадалася Магдэбургскае права.
Там, дзе на палях танкі гарэлі, цяпер ветракі стаяць.
Ветракоў у полі, як быльнягу.
У акупацыі ветракоў.
Белая арда ветракоў.
Праехалі былую мяжу паміж ФРГ і ГДР. Стаіць вартавая вышка, як пудзіла.
Паабедалі ў прыдарожным нямецкім кафэ. Не вельмі спадабалася. У аўтобусе градусаў дваццаць, а на вуліцы за трыццаць.
Побач Гановер. Узгадаўся Алесь Разанаў, які там нейкі час жыў і пісаў вершы па-нямецку.
Даведаўся, што наш куратар Зміцер закончыў ЕГУ.
Праехалі праз дождж, як праз невялікую краіну, створаную з дажджу.
На мяжы Германіі з Нідэрландамі горад Асанабрук. Узгадалася ракаўская брукаванка. Бацькі на ракаўскіх могілках.
«Галандскія каровы прыгажэйшыя, чым іх пастушкі.» – паведаміў Зміцер.
Ехалі, ехалі і тут на табе – нас спыніла нямецкая паліцыя. Да Амстэрдама 230 кіламетраў. Зайшоў паліцыянт: «Русланд?» – «Найн! Мы Беларусь!» Нехта дабавіў: «Мы – Лукашэнка!» Паліцыянт забраў пашпарты. Праз дзесяць хвілін вярнуў і сказаў, усміхаючыся: «Аўфідэрзэйн!»
Сонца няма. Змрочна, як часта бывае ў нас дома.
Неба, як шкло, на якім намалявана неба.
Амстэрдам. Навокал ровары, ровары, ровары. Здаецца, што ровараў болей, чым людзей.
Плошча Дам. Як у Рым, сюды ўсе вядуць дарогі.
Па квартале чырвоных ліхтароў нас вадзіў мужчына гадоў пад семдзесят. Прыехаў да сына пятнаццаць гадоў таму. Спадабалася. Жыве і радуецца жыццю. Пра прастытутак расказваў, нібыта пра рай, з якога выйшаў на гадзіну да нас. Хадзілі па вулачках, дзе з вітрын на нас глядзелі прастытуткі, як на пакупнікоў. Не ва ўсіх вітрынах яны былі, бо некаторыя ўжо зараблялі грошы. Каштуюць ад 50 еўра.
Гід расказаў пра дзвюх блізнят прастытутак. Ім па 65 гадоў. Выйшлі на пенсію, адпрацаваўшы пад чырвонымі ліхтарамі па сорак пяць гадоў. Напісалі кнігу ўспамінаў. Па іх падліках праз іх за час працы прайшло 150 тысяч кліентаў.
Прайшлі каля сэкс-шопаў. Ніхто з нас не зайшоў. Гід расказаў гісторыю, якая адбылася некалькі гадоў таму. У Амстэрдам прыехала вялізарная фура з абвесткай, што прымаюцца для абмену на новыя старыя вібратары. Адразу ж ля фуры пачалі хадзіць жанчыны з сумкамі. Адна памяняла, другая і праз нейкі час ля фуры ўтварылася чарга. Такі абмен прыдумаў чалавек, які задумаў стварыць музей секс-прылад. Цяпер музей працуе.
Паблізу Храма стаіць помнік прастытутцы. Пафатаграфаваліся.
Каналы нагадваюць Венецыю. Толькі нагадваюць.
На вуліцы на беразе ракі прыбіральні, як вялікія бочкі, у якіх цябе ўсе бачаць.
Хапае прыгожых дзяўчат, якія не стаяць за шклом.
Чуючы расейскую мову, некалькі разоў на нас мясцовыя паказвалі пальцамі і казалі гучна: «Рускія!»
На плошчы Мадам вакол помніка смецце.
Турыстаў шмат. Ходзяць, разінуўшыся, як галодныя птушаняты, што выпалі з роднага гнязда.
Вада ў каналах брудная, як у канавах.
З Людмілай зайшлі ў індыйскую кавярню і адзначылі дзень народзін.
Начавалі ў прыгарадзе Амстэрдама ў пакоі №14. Ён горшы, чым папярэдні.
Дзень трэці. Амстэрдам. Парыж
6.07.2015. Начавалі ў гатэлі ў 50-і кіламетрах ад Амстэрдама. Прачнуліся а сёмай. Паснедалі. Выехалі ў Амстэрдам напачатку дзявятай. На вуліцы змрочна. Неба ў аблоках, як кажухах.
На полі авечкі, як аблачынкі. Пасуцца каровы без пастушак.
Кукуруза, як асака.
Амстэрдам. Веластаянка. На ёй недзе каля дзвюх тысяч ровараў.
У межах горада наведалі сыраварню. Тут і сыры гатуюцца і драўляны абутак робіцца. Паглядзелі на галандскіх кароў, а каровы на нас.
Гаспадар сыраварні вясёлы мужык гадоў сарака. З сырамі, як з дзецьмі.
На сыраварню следам за намі прыехалі кітайцы. Фатаграфаваліся з каровамі. Вакол фермы хоць і чыста, але смуроду хапае. Праўда, мух няма.
Пасля фермы наш куратар Зміцер павёз нас глядзець на брыльянты. Мы з Людмілай прабегліся па залах і пайшлі ў Музей Ван Гога, які быў у метрах ста ад брыльянтаў. Чарга. З намі стаялі яшчэ дзве нашы вандроўніцы, але яны не дастаяліся, бо пасля брыльянтаў была экскурсія па каналах Амстэрдама. У музей трапілі праз хвілін сорак. Тры паверхі. На першым – аўтапартрэты
Ван Гога. На другім – сярод іншых выдатных работ галоўная карціна «Сланечнікі». На трэцім работы мастака і яго папярэднікаў і паслядоўнікаў. Мы з Людмілай да «Сланечнікаў» падыходзілі некалькі разоў. Узгадаўся Язэп Драздовіч. Ён наш Ван Гог, у якога яшчэ няма такога вялікага музея.
У Музеі Ван Гога былі гадзіны паўтары. Сярод наведвальнікаў у большасці немцы і рускамоўныя. Кітайцы, як гаспадары.
На першым паверсе музея ёсць вялікая крама, дзе ўсё прадаецца з партрэтамі Ван Гога і рэпрадукцыямі яго карцін. Тут жа можна набыць вопратку для сабачак з сюжэтамі карцін мастака.
Ад Музея Ван Гога пайшлі на пляц Мадам, арыентуючыся па мапе, шлях на якой нам пазначыў Зміцер.