
Текст книги "Заўтра была адліга-3 (СИ)"
Автор книги: Віктар Шніп
сообщить о нарушении
Текущая страница: 4 (всего у книги 6 страниц)
Прайшлі праз рынак цюльпанаў. Кажуць, што калі хто вынайдзе новы гатунак цюльпанаў, таму адразу ў Амстэрдаме даюць кватэру і для абжытку нейкія грошы.
Прыйшоўшы на пляц Мадам, дзе мы павінны былі сабрацца ўсе, маючы яшчэ шмат вольнага часу, з Людмілай схадзілі ў каралеўскі палац. Білеты па 10 еўра. Чаргі няма.
Хадзілі па Музеі-палацы цэлую гадзіну. Узгадаўся Нясвіжскі палац. Бачылі карціны Клода Манэ, Пісара, Манэ, Радэна, Рафаэля, Дэга, Гагена і іншых цудоўных мастакоў.
Пасля палаца папілі гарбаты. Яшчэ да ад’езду быў вольны час, і я прапанаваў Людміле пахадзіць па квартале чырвоных ліхтароў. На гэты раз у вітрынах прастытутак было шмат. Апрануты, як на конкурсах прыгажосці, у міні-бікіні. Пры нас нейкі мужык гадоў пяцідзесяці спакусіўся і зайшоў у пакой да прастытуткі. Тут жа шкло было зашторана і, думаю, тут жа праца пачалася.
У вітрынах сэкс-шопаў усякай-усячыны. Словам, усё для сэксу, усё для перамогі!
На вуліцах моладзь, седзячы пры сценах дамоў, курыць і, чутна па паху, не проста цыгарэты.
Ровары ў Амстэрдаме ў большасці, як у нас «Запарожцы», паіржавелыя.
У 16.30 стомленыя Амстэрдамам выехалі ў бок Парыжа.
Каровы ідуць на ферму адна за адной, як у чарзе, аддаць сваё малако.
Каля дарогі побач з каналам ходзяць дзікія гусі з гусянятамі, як у казцы.
Цэлае поле цюльпанаў, нібы карціна Ван Гога.
На акне аўтобуса побач са мной уладкаваўся нейкі чорны жучок і ўжо другую гадзіну едзе з намі з Амстэрдама, як нелегал.
Едзем праз Бельгію. Усё змянілася, нават пакрыццё дарогі.
Каля дарогі ветракі, як мёртвыя з космасу, стаяць.
У Бельгіі наш Максім у свой час цэлы месяц жыў.
Чорныя авечкі, як камінары.
Антверпэн. Храмы. Шмат. Едзем, на жаль, не спыняючыся.
У горадзе на ўскрайку сквера заяц сядзіць і думае, як зварыць піва.
Да Бруселя 31 кіламетр. Чорны жучок на акне яшчэ ўсё сядзіць. Куды ж ён з намі едзе? Няўжо і ён у Парыж?
Брусель. Аэрапорт. Самалёты садзяцца і ўзлятаюць.
Праехалі Ватэрлоа. Курган. На ім леў.
Указальнік на Парыж. Да горада 254 кіламетры.
Горад Монс. Храмы.
І тут ветракі. Дон Кіхоту ёсць дзе разгуляцца.
Вось і Францыя. На гадзінніку дзевяць вечара. Жучок усё яшчэ сядзіць на шыбіне.
На полі каровы колеру кавы з малаком.
У Францыі ўжо жніво.
Едзем па дарозе, а следам за намі па палях скачуць мушкецёры з Баярскім. Нас не дагоняць.
Аэрапорт Шарля дэ Голя. Свеціцца, як уваход у іншы свет.
Перад уездам у прадмесце Парыжа Іль дэ Франс Зміцер настрашыў нас: «Беражыце грошы! Тут поўна бандытаў і злодзеяў!»
А палове дванаццатай мы, настрашаныя, заехалі ў прадмесце Парыжа. Змрочна. Едзем. Вулка вузкая. З адного боку застаўленая машынамі. Прыпыніліся. Побач ішлі індусы. Дзеці пачалі паказваць на наш аўтобус пальцамі, а потым і кланяцца нашаму аўтобусу. Пастаяўшы хвілін пяць, мы пасунуліся далей. Хутка зноў спыніліся. Праз некалькі хвілін адчыніліся дзверцы аўтобуса, і да нас зайшоў невысокі, гадоў сарака мужчына з пісталетам на баку. Апрануты па-спартыўнаму, у бронекамізэльцы. «Відаць, будуць рабаваць!» – падумалася. Паглядзеў на вуліцу. Жучка на шыбіне няма. Саскочыў! Гляджу, а на вуліцы перад намі стаіць машына з мігалкай. Каля машыны ўзброеныя людзі. Праз хвілін дзесяць мы даведаліся, што гэта парыжскія камісары – служба камісарыяту. Пасля таго як наш куратар Зміцер і кіроўцы растлумачылі камісарам, хто мы і чаго тут ездзім сярод ночы, далей мы паехалі следам за машынай з мігалкай. Прыехаўшы да гатэля, мы камісарам аддзячылі гучнымі воплескамі.
З Людмілай пасяліліся ў пакой № 402. Дзверы з кодам, і калі ты ў пакоі, то не зразумела, ці ты замкнуты, ці не. Каб ніхто не ўлез сярод ночы да нас, я падпёр дзверы пляшкай з вадой.
Дзень чацвёрты. Парыж
7.07.2015. Спалі добра. Снедалі слабавата. Ёгурты, варэнне, печыва, кава. Навокал чарнаскурыя. «Гэта табе Парыж, дзетка!» – сказала мне Людміла.
Страшны Парыж. Спалоханыя Парыжам.
Экскурсію па Сене ніхто не захацеў.
Каля атэль-дэвіля наша стаянка, як стаянка першабытнага чалавека.
Праляцеў матылёк, як французскі пацалунак.
Вуліцы вузкія. Транспарту не праехаць. Хапае смецця. Да цэнтра, да сапраўднага Парыжа ехалі амаль гадзіну.
З аўтобуса ўбачыў жабрачку каля дрэва. Побач прывязаныя два сабачкі. Большы залез на меншага і, паскуднік, робіць, што яму хочацца.
Вада ў Сене, як мокрая сівая трава, якой сніцца сена.
На мосце замкоў ад маладажонаў, як моху на гнілым дрэве.
Трыумфальная арка. Сярод іншых гарадоў на ёй напісаны нашы Магілёў, Полацк і Краснае. Краснае – гэта мястэчка па дарозе на Маладзечна, і яно непадалёку з Ракуцёўшчынай. У свой час мой бацька з Пугачоў у Краснае ездзіў па брыкет на зіму.
У рэстаране каля Цюільры елі мяса і пілі віно, як парыжане.
Купілі парфуму на Елісейскім полі. Калі заходзілі ў салон, думалі толькі паглядзець і панюхаць.
У Нотр Дам чарга. Людзі праходзяць праз Храм, як праз мінулыя стагоддзі.
Нотр Дам збудаваны ў 1163 годзе. Уяўляўся не такім, якім быў убачаны. Уяўляўся больш духазахапляючым. Як верш Генрыха Гейнэ.
Ішоў дробны дождж, як прывітанне з Радзімы.
Эйфелева вежа, як шкілет Францыі, якая была.
Эйфелева вежа, як лесвіца ў неба, дзе ніхто нікога не чакае.
На фоне вежы ўсе фатаграфуюцца, як моляцца.
У дворыках Луўра ў каменных чашах з вадой спіць звадзянелае мінулае.
У адной з ніш Луўра скульптура апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Панятоўскага. Ён адзін з герояў цыкла раманаў пра Пранціша Вырвіча Людмілы Рублеўскай.
Скульптура. Залатая Жанна д’Арк на залатым кані, як Дон Кіхот, які стаў жанчынай.
Мурыны ў Парыжы са сваімі сувенірамі не такія прыставучыя, як у Італіі.
Вулічная кавярня. За столікамі сядзяць мужчыны з кавай, як напалеоны недабітыя.
Французская мова, як Мірэй Мацье.
Баяўся Парыжа. Цяпер люблю Парыж.
У Парыжы і сёння жыве Напалеон.
Наш Мінск, як далёкі-далёкі прыгарад Парыжа.
Каля Эйфелевай башні ходзяць вайскоўцы са зброяй.
Праехала з дзясятак паліцэйскіх машын. Наш гід па Парыжы сказала, што гэта яны паехалі туды, дзе зараз адбываецца нейкі мітынг.
У Парыжы секлі галовы, як капусту.
Вятрак, як удасканаленая гільяціна.
Гаворым з усімі па-беларуску. Ніхто не пытаецца: «Чаму?» Некаторыя спрабуюць нам адказваць на мове.
Дзень пяты. Бардо
8.07.2015. Начавалі ў Пуацье. Прачнуліся ў 6.45. За акном воблакі. Сонца няма. Нехта ўчора вечарам пажартаваў: «Чым бліжэй да мора, тым халадней!»
У Пуацье ў свой час дапытвалі Жанну д’Арк. Нас ніхто не чапаў.
На полі сланечнікі. Маладзенькія. Растуць у чаканні свайго Ван Гога.
Сланечнікі стаяць, адвярнуўшыся ад дарогі, як вінаватыя, што сонца няма.
Нарэшце з’явілася сонца. Аблокі зніклі, нібыта былі цукровыя і расталі ў нябеснай сінечы-вадзе.
Па зжатым французскім полі ходзяць вароны. Чорныя, як мушкецёры кардынала.
Вінаграднік. Малады, нібыта толькі што створаны Богам.
Прыехалі ў Бардо. Каля 300 года да н. э. на ўзбярэжжы Антлантычнага акіяна было заснавана кельцкае паселішча Burdigala. Паселішча было заваяванае рымлянамі ў 60 годзе да н. э. і стала цэнтрам гандлю волавам і свінцом. Праз некаторы час горад стаў сталіцай рымскай правінцыі Аквітанія, і найбольшага росквіту дасягнуў у III стагоддзі. У 276 годзе Бардо быў разрабаваны вандаламі. У 409 годзе горад зноў быў узяты вандаламі, у 414 вестготамі, а ў 498 годзе франкамі. У выніку гэтых спусташэнняў пачаўся паступовы заняпад горада.
У канцы VI стагоддзя Бардо зноў пачаў хутка развівацца і стаў адміністрацыйным цэнтрам навакольных земляў і цэнтрам архідыяцэзіі ў складзе Франкскага каралеўства. У канцы VII стагоддзя зноў пачаўся заняпад Бардо. У 732 годзе горад быў разрабаваны войскам Абд эр-Рахмана, пасля таго як ён перамог войска герцага Эда Аквітанскага.
Пад уладай Каралінгаў Бардо стаў важным ваенным цэнтрам, які быў прызначаны для абароны вусця ракі Гароны ад нападаў вікінгаў. У канцы Х стагоддзя Бардо быў атрыманы ў спадчыну герцагамі Гасконскімі.
З ХП да XV стагоддзя Бардо аднавіў свой уплыў дзякуючы шлюбу герцагіні Элеаноры Аквітанскай і Генрыха Плантагенета, які праз месяц пасля вяселля стаў карал ём Англіі – Генрыхам II. У гэты перыяд горад квітнеў дзякуючы гандлю віном. З 1362 да 1372 года, Бардо стаў сталіцай незалежнай дзяржавы, абвешчанай Эдуардам Чорным Прынцам, але пасля таго, як ён быў забіты ў бітве каля Кастыльёна (1453 г.) гэтая дзяржава была далучаная да Францыі. Асноўнай крыніцай развіцця горада ў гэты час быў гандаль віном з Англіяй.
Рэчка Гарон. Узгадаліся нашы пісьменнікі Алесь Гарун і Алесь Гаўрон. У час Другой сусветнай вайны ў Бардо знаходзілася база італьянскіх падводных лодак .
У Гароне вада, як гарчыца. Рака вірлівая, бо рухаецца разам з акіянскімі прылівамі і адлівамі. Купацца нельга.
Спыніліся ў скверыку непадалёку ракі. Праз дарогу побач стаіць вандроўны цырк «АМАR», адгароджаны цыркавымі фурамі ад свету, як жалезнай гарадской сцяной.
Праз хвілін дзесяць пасля нашага прыезду з’явіўся мясцовы экскурсавод. Міхаіл Кротаў. На вялізарнай чорнай сумцы, што ўздзета на плячук, дзве наклейкі. На адной нешта мясцовае, а на другой вялікі маскоўскі Крэмль.
Каля вандроўнага цырка да мяне падышоў мужчына і запытаўся: «Рускія?» – «Не! Беларусы!» – «А я малдаванін!» Усміхнуліся адзін аднаму, як родныя...
Спыніліся каля помніка Мішэлю Мантэню. Захацелася перачытаць яго «Вопыты».
Міхаіл Кротаў правёў нас па ўзбярэжжы і па невялічкай частцы горада. Час на экскурсію быў абмежаваны, бо наперадзе чакала вінакурня. Міхаілу, мяркуючы па яго выглядзе, хацелася на дэгустацыю він.
Сцены будынкаў чорныя з даўніх часоў. Чорныя ад дыму параходаў і пажараў.
Крыху пахадзіўшы з Міхаілам Кротавым, мы з Людмілай пакінулі нашых сяброў па вандроўцы і пайшлі гуляць па Бардо самастойна.
Зайшлі ў музей-вежу. Паглядзелі на горад з вышыні сарака метраў. Чарапіца на дамах старая, месцамі патрэсканая. Насупраць нас праз расчыненае акно ўбачылі ката. Ён падобны на майго Мурзіка, якога няма ў гэтым свеце ўжо гадоў сорак.
Былі ў саборы Святога Андрэя. Слухалі арганную музыку. Акрамя нас у Храме нікога не было. I я пачаў уяўляць даўніну. У Храме поўна людзей. Моляцца. Заляцеў верабей. Спалохаўся. Шукае, як вылецець. У вітражах агонь, дождж, дым, вецер, крыкі, плач, смех...
Свечкі гараць. Музыка. Агонь свечак ад музыкі гайдаецца, як залаты маятнік у гадзінніку. Мы ў чатырнаццатым стагоддзі. Баімся выйсці на вуліцу. Там узброеныя чужынцы.
Ходзяць манахі. Твары схаваны. Шукаюць нас. А мы сядзім сярод вернікаў.
Чым даўжэй слухаю арган, тым глыбей правальваюся ў мінулае. Толькі фанерныя крэслы (падобныя на крэслы, што былі ў бацькоўскай хаце, калі я быў малым) напамінаюць, што мы ў дваццаць першым стагоддзі.
Каля сабора Святога Андрэя паабедалі ў кавярні старога індуса. Запомнілася гарбата з зёлак. Пазнаў палын і мелісу. Падобнай ніколі не піў.
Потым з Людмілай наведалі яшчэ некалькі Храмаў, што былі на шляху да нашага аўтобуса.
Бардо пакінулі а шостай. Праз паўтары гадзіны пачалася гарыстая Францыя. На гарызонце дзве велізарныя трубы цеплавой электрастанцыі. Дымяцца, як у нас каля Мінска.
Не ўсе французы жывуць у Парыжы.
Праехалі паўз невядомы нам замак. Прыгожы, як намаляваны геніяльным мастаком.
Ехаць да начлегу далёка. Каб прабавіць час, дастаў пісьменніцкі адрасны даведнік. Спіс пісьменнікаў не дачытаў да палавіны.
Дзень шосты. Лларэт дэ Мар
9.07.2015. З Бардо прыехалі начаваць у гатэль «ВіВі». Амаль дванаццаць. З персаналу гатэля нікога няма. Нейкія кіроўцы сядзяць перад уваходам і п’юць піва. Наш куратар Зміцер захваляваўся, што не можам засяліцца. Недзе толькі праз паўгадзіны разабраліся, што тут да чаго. Пасяліліся. Нумар невялічкі. Вада ёсць, а мыла няма. Інтэрнэт працуе, але з вялікімі перапынкамі. Спалі нармальна. Усталі а палове сёмай. Паснедалі, як і ўчора – слабавата. Выехалі ў восем. Да мора засталося 200 кіламетраў. Сонечна. Адчуваецца, што будзе горача. Навокал горы. Дробныя. Ветракі. Пірэнеі. Прыгожа, як у казцы.
У 9.05 пераехалі мяжу паміж Францыяй і Іспаніяй. Зміцер паведаміў, што да мора засталося 62 кіламетры. Да Барселоны 107. Даведаліся, што прозвішча ў Зміцера Жызнеўскі.
У 10.40 прыехалі ў Лларэт дэ Мар. У горадзе 50 тысяч жыхароў. З іх больш як чатыры тысячы рускамоўныя. Нам з Людмілай і яшчэ дванаццаці чалавекам з нашай вандроўнай групы па сістэме «Фартуна» выпаў чатырохзоркавы гатэль «Гран Гарбі», а астатнія, што заказвалі трохзоркавы, гатэль «Самба». Засяленне пасля дванаццаці. Ёсць вольны час. Пакінуўшы рэчы на захаванне, мы з Людмілай пайшлі да мора. Да яго 350 метраў. На пляжы людна. Пад нагамі драбнюсенькія каменьчыкі. Гарачыя, як вугалькі. Зайшлі ў ваду. Пастаялі. Цудоўна! Вярнуліся ў гатэль. Нашы ўжо засяліліся. Нам выпаў 443 нумар. Адчынілі. Зайшлі, як у лядоўню. Выйшлі на балкон. Пяты паверх. Унізе басейн. Дзеці крычаць. Шумна. Што тут будзе ноччу? Пачалі раскладваць рэчы. Крыху супакоіліся. У пакой з вуліцы зацякло цяпло. Паабедалі. Пераапрануліся і пайшлі да мора. Выбралі месца каля скалы. Не так людна. Побач немцы і рускія. Некаторыя жанчыны з голымі грудзямі. Паблізу купаюцца трое негрыцят. Узгадалася: «Дзесяць негрыцят пайшлі купацца ў мора.» Пасля мора пайшлі па крамах. Купілі сяго-таго на будучыя абеды. Людміла купіла сукенку. Крамнік тут жа пацікавіўся: «Адкуль вы?» – «З Беларусі!» – «У вас там добра!» – «Ага!»
У сем гадзін пайшлі вячэраць. Яды цэлыя горы! Бяры што хочаш і колькі хочаш! Павячэралі добра.
Наш куратар Зміцер паехаў назад у Мінск з вандроўнікамі, якія ўжо адпачылі, а нас пакінуў на мясцовую Алену. Яна прыйшла да нас пасля вячэры. Гаворыць з акцэнтам. Сабрала грошы на экскурсіі і абяцала кантактаваць з намі. Словам, наша жыццё ў Іспаніі пачалося.
Дзень сёмы. Лларэт дэ Мар
10.07.2015. Спалі добра. Выспаліся. Праўда, перад сном наслухаліся цыганскіх песень. У гатэлі жывуць цыганы. Іх многа. Мужчыны па кілаграм дзвесце. Жанчыны па сто. Дзеці худзенькія і дробненькія. Усе вясёлыя і шчаслівыя.
Выйшаў на балкон, як на неба. На вуліцы сонечна. Крычаць чайкі. У басейне купаюцца цыганы.
Паснедалі і пайшлі на пляж, але ўжо ў іншае месца, чым учора. Тут глыбей. Вада чысцюткая, як сляза, і вельмі салёная.
Удалечы белы ветразь, як вершаліна марской белай піраміды.
Лянівыя хвалі спакойна б’юцца аб бераг. Яны, як гук вадзяны, які раптам уключаецца і выключаецца. Чамусьці стала сумнавата. Відаць таму, што ўсё роднае за тысячамі кіламетраў.
На пляжы ніхто нічога не прадае. Усе задаволеныя самі сабой, нібыта пясок пад нагамі.
Лётаюць чайкі, як беспілотнікі.
Пасля чатырох пайшлі зноў купацца. Далёка па пляжы не хадзілі. Спыніліся сярод моладзі. Немцы. Іх тут, як пяску.
З боку мора праляцеў голуб, нібыта ўцёк ад некага.
Поблізу з намі прыпляжыліся хлопец з дзяўчынай. Прыехалі на матацыкле. Знялі шлемы, як скафандры. Ёй гадоў дваццаць восем. Яму гадоў трыццаць. У яе доўгія чорныя прамыя валасы. Ён стрыжаны пад нуль. Няголены некалькі дзён. Разаслалі невялічкі дыванок. Ляглі. Абняліся, пачалі цалавацца, нібыта нікога побач няма. Нацалаваўшыся, адсунуліся адзін ад аднаго. Лежачы распрануліся, пераапрануліся для купання. Яна засталася топлес. Грудзі маленькія. Маладыя паабдымаліся. Пайшлі да вады. Хвілін дзесяць стаялі па калена ў моры. Зноў цалаваліся. Потым яна пайшла на глыбіню, нырнула. Праплыла пад вадой метраў пяць. З’явіўшыся з вады, усміхнулася. Чорныя доўгія валасы сталі яшчэ чарнейшымі і даўжэйшымі, а грудзі яшчэ зменшыліся. Ён падплыў да яе. Абняў. Зноў сталі цалавацца. Паплаваўшы разам, паціскаўшыся, выйшлі з мора. Ляглі на дыванок. Працягнулі цалавацца.
Прыйшла маладая пара каталанцаў з дзіцем. Малой недзе з паўгода. Тата, надзьмуўшы басейн для дачушкі, пачаў вядзерцам насіць ваду. Маці пасадзіла ў басейнчык малую, і тая пачала радавацца жыццю. Потым мама ўзяла дзяўчынку і панесла ў мора. Малая не спалохалася. Пачала нешта гудзець і смяяцца.
На вольнае месца і бліжэй да вады прылягла каталанка гадоў пяцідзесяці. Закурыла. Дастала марозіва і пачала яго смакаваць, час ад часу ўспамінаючы пра цыгарэту.
Вярнуліся ў гатэль. Інтэрнэт амаль не працуе. У мяне на смартфоне фэйсбук застыў на сёмым ліпені на інфармацыі са здымкам Адама Глобуса: «Зараз спакую ў гэтую валізу кнігі, накупленыя ў Барселоне, і пачну збірацца ў Мінск.»
Пасля вячэры пайшлі гуляць па горадзе сярод крамак. Людна. Шмат рускамоўных. Прыйшлі да царквы Сант-Рома. Зачынена. У дворыку два хлапчукі футболяць мяч у сцены Храма.
За дзень наш пакой напоўніўся гарачынёй. Ёсць кандыцыянер, але мы ніяк не можам яго ўключыць. У гадзіну ночы Людміла пайшла на рэцэпшэн і папрасіла вырашыць нашу праблему. Праз хвілін пятнаццаць прыйшоў расейскамоўны мужык з велізарнай адвёрткай. Запытаўся пра картку, якой мы адчыняем дзверы. Далі. Ён яе ўставіў куды трэба, зачыніў балкон і кандыцыянер запрацаваў...
Цыганы з гатэля з’ехалі і навокал стала нязвыкла ціха.
Дзень восьмы. Барселона
11.07.2015. Субота. Усталі а палове дзявятай. Сонечна. Чайкі, як белыя вароны, каркаюць за акном. У басейне крычаць радасныя дзеці.
Паснедалі. Я без асаблівай асалоды.
Пайшлі купацца. На пляжы сустрэлі траіх нашых з «Самба». Ала з Мінска і сямейная пара Валера і Ала з Ліды. Яны ўжо купаліся. Мы далучыліся да іх. Вада ў моры цудоўная! Зойдзеш і потым выходзіць не хочацца. Каля нас загарала масквічка родам з Самары. Пагаманілі. Побач шмат маладых палякаў. Гавораць пра ўсё, відаць, думаюць, што ніхто іх не разумее.
У 13.30 паехалі ў Барселону. Кіроўцу завуць Педра. Наш экскурсавод паведаміла, што ў Барселоне цяпер мэр жанчына і яна лютуе. Яна супраць турызму.
На многіх дамах нацыянальныя каталонскія сцягі.
Праз хвілін сорак прыехалі ў Барселону. Горад Сонца.
Ідзём праз скверык. Навокал лётаюць зялёныя папугаі. Нешта крычаць па-каталонску.
Прыйшлі да Храма Святога Сямейства, які з 1882 года па праекце Антоні Гаўдзі (25.06.1852 – 10.06.1926) яшчэ ўсё будуецца. Расказваючы пра Храм, экскурсавод паведаміла: «7 чэрвеня 1926 года 73-гадовы Гаўдзі выйшаў з хаты, каб адправіцца ў свой штодзённы шлях да царквы Сант-Фэліпэ-Неры, вернікам якой ён быў. Ідучы па вуліцы Гран-Віа-дэ-лас-Картэс-Каталанес паміж вуліцамі Жыроны і Байлен, ён быў збіты трамваем і страціў прытомнасць. Рамізнікі адмаўляліся везці ў бальніцу неахайнага, невядомага старога дзеда без грошай і дакументаў, баючыся нявыплаты за паездку. У рэшце рэшт, Гаўдзі даставілі ў шпіталь для жабракоў, дзе яму аказалі прымітыўную медыцынскую дапамогу. Толькі на наступны дзень яго знайшоў і апазнаў капелан сабора Саграда-Фамілья Масен Хіль Парэс-і-Віласау. Да таго часу стан Гаўдзі пагоршыўся настолькі, што лепшае лячэнне не магло яму дапамагчы. Гаўдзі памёр 10 чэрвеня 1926 года і быў пахаваны двума днямі пазней у крыпце недабудаванага ім сабора».
Храм Святога Сямейства, як з гразі ластаўкамі злеплены.
Усе дарогі ў Барселоне турыстаў вядуць да Храма Святога Сямейства.
Гляджу на шпілі Храма. Была б шапка на галаве, дык сама б звалілася на зямлю.
Праехалі па праспекце Дыяганаль.
Праспект Гарсія. Дамы збудаваныя па праектах Гаўдзі.
Парк Сьютадзелья. Гэта іспанская «ВДНХ», якая была пабудавана да Сусветнай выставы 1888 года. Прыйшлі да фантана, а ў ім голуб плавае патанулы.
У Барселонскім порце высадзіліся з аўтобуса і ўсе разышліся хто куды хоча. Мы з Людмілай пайшлі блукаць па старых вулачках Барселоны.
Напачатку зайшлі ў сабор Святога Крыжа і Святой Еўлаліі (ісп.: La Catedral de la Santa Cruz y Santa Eulalia), які размешчаны ў гатычным квартале.
Храм з’яўляецца рэзідэнцыяй архібіскупа барселонскага і галоўным саборам Барселоны.
У саборы ішла служба, якая транслявалася на экранах. Сярод выступоўцаў, здаецца, была і мэр Барселоны.
На вуліцы каля Сабора музыка, пад якую танчаць старыя. Пастаялі, падзівіліся, парадаваліся за каталонцаў.
Паблізу Сабора і каля Дома Святой Клары зайшлі ў невялікую кавярню, якая месціцца ў сярэднявечным будынку. Замовілі паесці. Маладая каталонка хуценька ўсё падала. Смачна.
Пайшлі па вулках. Выйшлі на вуліцу, дзе грукалі барабаны і дуды гудзелі. Людзі ў нацыянальных строях на насілках неслі выяву нейкага свайго святога. Усе радаваліся. Натоўп спыніўся. Спыніліся і мы. Побач з намі на тратуары, прыхінуўшыся да сцяны старога дома, сядзеў здаравенны жабрак з вялікім чорным сабакам. Сабака ляжаў і, паклаўшы галаву на зямлю, як на плаху, жаласліва глядзеў на ўсё, што адбываецца побач.
Амаль непрытомных Сабак і Гражданаў за тры гадзіны вандроўкі па гатычным квартале Барселоны мы бачылі некалькі разоў.
Каля бульвара Рамбла стаіць манумент Калумбу вышынёй 60 метраў. Ён быў пабудаваны да Сусветнай выставы 1888 года і размешчаны ў тым месцы, куды Калумб вярнуўся са свайго першага падарожжа ў Амерыку.
Каталонцы на пытанне, куды глядзіць Калумб адказваюць: «Не ведаем! Але дакладна ведаем, што дупай глядзіць на Мадрыд!»
На пачатку дзявятай гадзіны мы ўсе сабраліся ў Барселонскім порце. Тут ад нашай экскурсаводкі даведаліся, што мы з Людмілай хадзілі побач з музеем Пікасо. Доўга шкадавалі, што не натрапілі на музей. Цяпер трэба будзе яшчэ раз ехаць у гэты горад Сонца, каб схадзіць да Пікасо. На жаль, усе экскурсаводы расказваюць падрабязна толькі пра тое, дзе знаходзяцца крамы і прыбіральні.
У порце шмат неграў. Прадаюць усялякую халеру, але не хапаюць за рукі, каб купіў.
Паехалі да Спяваючых фантанаў. Па дарозе бачылі футбольны стадыён, дзе праходзілі алімпійскія гульні. Каля фантанаў сабралася тысячы людзей. У асноўным моладзь. Глядзець было на што, але гэта не Пікасо.
Тут жа непадалёку ад фантана, каля сцяны нейкага адміністрацыйнага будынка на кардоне ляжаў мужчына гадоў сарака. Побач з ім чорны сабака, які, здавалася, вось-вось памрэ.
Сцямнела. Фантаны сталі каляровымі. Прыгожымі. Каля фантанаў я купіў Людміле кастаньеты.
Кажуць, што Барселона – гэта горад, у які хочацца вярнуцца. Па-мойму, Барселона – гэта горад, у якім хочацца жыць.
Дзень дзявяты. Лларэт дэ Мар
12.07.2015. Снілася Барселона. Стары горад. Храмы. Гражданы і Сабакі.
Прачнуліся з лёгкасцю. Пайшлі паснедалі. Смачна. Лёгкая дэзарыентацыя ў часе. Які мы тут дзень? Колькі засталося? Адпачываючыя часу не назіраюць.
Пайшлі на мора. Народу, як апалага лісця пад нябеснай бярозай.
Знайшлі больш-менш прасторнае месца. Побач кароткастрыжаны мужчына гадоў сарака. Валасы выбеленыя. У вуху завушніца. Зойдзе ў ваду і трымаецца за канат, якім аддзелена тэрыторыя для катэраў. Не плавае. Паводзіць сябе, як дзеўка. Відаць, гэта і ёсць прадстаўнік гей-Еўропы.
На спецыяльнай калясцы ў мора завезлі інваліда. Выкулілі, як мяшок, і ён паплыў. Праз хвілін пяць на гэтай калясцы ў мора ўвезлі старую. Побач з ёй пялёскаліся дзеці. Відаць, яе ўнукі. Праз паўгадзіны старую вярнулі на зямлю, а інвалід некуды паплыў і галавы ягонай не відаць.
Наплаваўшыся, вярнуліся ў нумар. Інтэрнэт не працуе. Не бядую. Адпачываю!
Паабедаўшы, зноў пайшлі да мора. Плаваюць катамараны ў выглядзе рарытэтных машын. Ствараецца ўражанне, што яны паўсплывалі са дна мора.
Побач немцы і палякі. П’юць піва, кураць. Маладыя, шумныя, бессаромныя. Нібыта прыехалі адпачываць з фронту.
Прыгажунь амаль няма.
Пасля вячэры зайшлі ў Храм, што непадалёку нашага гатэля. Якраз ішла служба. Селі ў апошнім радзе. Уставалі, калі было трэба, разам з усімі, садзіліся. Раптам усе пачалі адзін аднаму рукі паціскаць. Да мяне падышоў каталонец, паціснуў руку.
Пайшлі па крамках. Поўна рускамоўных. Тавараў поўна, а купляць асабліва няма чаго.
Вярнуўшыся ў гатэль, пайшлі на шоу (танец жывата). Перад намі сядзеў мужчына гадоў сарака пяці. У яго на спіне на майцы было напісана па-беларуску «Крумкачы». Толькі я захацеў загаварыць з мужчынам, як чатыры танцоркі пачалі сыходзіць са сцэны і запрашаць мужчын да сябе танцаваць. Я вырашыў уцячы.
Неба зорнае. Зорка Венера, як далёкая Беларусь.
Дзень дзясяты. Лларэт дэ Мар
13.07.2015. Панядзелак. Ноччу час ад часу прачынаўся. Чайкі крычалі, як рагаталі.
На пляжы сёння людзей меней. Мясцовыя на працы.
Разаслалі пакрывала. Селі. Людміла знайшла 50 цэнтаў.
Побач іспанкі загараюць. Пажылая чытае часопіс, а маладзенькая кнігу.
Мора спакойнае, як стомленае.
Да вады прайшоў дзядок гадоў пад дзевяноста. Худы, як з палону. Зайшоў у ваду па калена, пастаяў і вярнуўся да старой. Нешта расказаў ёй і заўсміхаўся.
Пад парасонам рускія гуляюць у карты.
Каменьчыкі, як скамянелы рыс.
Побач дзве сям’і. Культурныя. Бацькі нашага ўзросту размаўляюць паруску, а іх дзеці паміж сабой і ў звароце да бацькоў па-нямецку.
«Андора адмяняецца! На гэтым тыдні там бастуюць магазіны. Без магазінаў там няма чаго рабіць!» – заявіла экскурсавод, калі мы селі ў аўтобус, каб паехаць у Батанічны сад.
Кіроўца, які першы раз узяўся везці экскурсію, прывёз нас не да Батанічнага саду, а да секс-шопа. Пасмяяліся.
На ўваходзе ў Батанічны сад нас усіх па чарзе сфатаграфавалі з папугаем. Пачуўшы, што людзі гавораць па-руску, папугай пачаў крычаць: «Давай!
Давай! Давай!» Калі мы сталі смяяцца, нашымі галасамі засмяяўся і папугай. Потым, калі выходзілі назад, нам прапанавалі выкупіць здымкі. Купілі.
У Батанічным садзе сотні розных кактусаў. Сярод іх можна было заблудзіцца.
Пасля Батанічнага саду паехалі на вінакурню. Дэгуставалі віны з трыццаці бочак. Мы выбралі віно «Сальвадор Далі».
Надэгуставаўшыся він, паехалі ў гарадок Санта Крысціна на фабрыку скураных вырабаў. У аўтобусе было чалавек пяцьдзясят. Нашых чалавек дзесяць, а астатнія з іншых гатэляў. Шмат расіян. Яны на фабрыцы сёе-тое і купілі, а мы нічога. Вельмі дорага.
Гарадок нейкі камуністычны. На сценах сярпы з малаткамі і зоркі чырвоныя.
Вяртаючыся ў Лларэт дэ Мар, убачылі аварыю. Машына ўрэзалася ў слуп. Прыехалі пажарныя і хуткая.
Вечар. Па тэлевізары (ёсць расейскамоўны нямецкі канал) паведамілі, што сёння ў прыгарадзе Парыжа адбылося абрабаванне. Магчыма там, дзе мы жылі.
Перад сном пахадзілі па Лларэт дэ Мар. Усё, як у кіно.
Дзень адзінаццаты. Лларэт дэ Мар
14.07.2015. Спалася больш-менш нармальна. Каб не кандыцыянер, дык ці заснулі б. Стала вельмі горача. Учора вечарам у 10 гадзін было 25 градусаў.
Чайкі замоўклі, нібыта ў іх, як у цыганоў, што нядаўна з’ехалі з гатэля, закончыўся актыўны адпачынак.
«У доме цішыня, калі муж у Сібіры, а ў Іспаніі жана.» – пажартавалі ў час снядання побач з намі.
Прыйшлі да мора. Выбралі вольнае месца. Селі і тут жа чуем: «Отодвиньтесь подальше от нас!» Гэта нам скамандавала жанчына кілаграм 140, якая загарала з дачкой кілаграм 100. Мы адсунуліся. Побач праз пару хвілін спынілася сямейная пара з каляскай, у якой сядзела дзяўчынка. Зноў чуем: «Отодвиньтесь от нас!» Каталонцы не зразумелі, што ад іх хочуць, таму паставілі каляску, дасталі з яе малую і пайшлі купацца. «В Москве тепла уже не будет!» – паведаміла жанчына дачцэ і, убачыўшы, што каля іх збіраецца прыпляжыцца мужчына гадоў сарака, зноў завішчала: «Отодвиньтесь! Отодвиньтесь! Отодвиньтесь!»
Праз паўгадзіны сышлі мама з дачкой, што ўсім камандавалі, каб адсунуліся, і адразу вызвалілася паўпляжа.
Паабедаўшы з віном «Сальвадор Далі», пайшлі на мясцовыя могілкі. Па дарозе зазірнулі ў краму. Прадавачкі карэянкі. Купілі сёе-тое дзецям. Далей пайшлі па мапе. Ідзём, ідзём, а могілак усё няма. Звярнуліся да адзінокай жанчыны, якая праходзіла побач. Людміла да яе па-англійску, а яна ў адказ па-расейску. Пасмяяліся. Жанчына расказала нам, куды ісці, дзе могілкі. Горача. Градусаў 30. Могілкам больш як 100 гадоў. Па-іспанску могілкі – цэментэры. Гучыць, як цэмент. Праз хвілін 15 былі на могілках. Прыгожа, а самае галоўнае – памяць на стагоддзі. А ў нас спаляць і ў агароджу могілак умуруюць твой попел.
Пад вечар зноў пайшлі на мора. Побач жанчына цяжарная. У жываце малое стукае ножкамі і па скуры жывата ходзяць хвалі.
Далей мужчына з дзіцем месяцаў дзесяці. Малы ідзе да вады, хістаецца, як п’яны. Падае і паўзе назад, як чарапашка Ніндзя.
Дзве дзяўчыны Людміле прапанавалі купіць парасон ад сонца. Звярнуліся да яе, бо ўбачылі, што мы з крыжыкамі. Значыць, праваслаўныя, значыць свае. Яны заўтра ад’язджаюць, а парасон ім дома не патрэбен.
Калі не ідзеш да мора, мора прыходзіць да цябе. крыкам чаек.
Вечарам хадзілі па чужым горадзе, як па сваім.
Дзень дванаццаты. Лларэт дэ Мар
15.07.2015. Апошні цэлы дзень на моры. Заўтра ад’язджаем. І хочацца дамоў, і не хочацца.
Ужо на мора ходзім, як на працу.
Сёння нашымі суседзямі на пляжы былі нармальныя людзі. Мы з Людмілай па чарзе плавалі. Я, каб не згарэць на сонцы, сядзеў у саламяным капелюшы і ў белай кашулі. Чарговы раз выйшаўшы з мора, Людміла сказала: «Ты, як Ван Гог.»
Паабедаўшы, пайшлі па крамах. Усюды кошты немалыя, але можна таргавацца. Сёе-тое купілі дзецям і бабулі.
Днём у час сіесты тэмпература была 35 градусаў.
Пад вечар пайшлі зноў на мора. Поўна моладзі. П’юць піва, кураць і пасля іх застаюцца кучы смецця.
Апошні раз купаемся ў гэтым моры. Крыху сумнавата. Прывыклі да адпачынку.
Непадалёку ляжыць мурынка гадоў дваццаці. Прыгожая. Уся, як дарагая лялька.
Заўтра ў 14 гадзін пакідаем Лларэт дэ Мар, а інфармацыі пра наш ад’езд не маем. Адкуль і на якім аўтобусе? Гэта крыху нервуе, але, думаю, нас тут ніхто не пакіне.
Пасля вячэры з Людмілай доўга хадзілі па вулках. Развіталіся з горадам.
Схадзілі на вечарыну фламэнка. Увесь час здавалася, што зараз у час танца на сцэну выйдзе здаравенны дон Педра з кулямётам і скажа: «Спакойна! Усім заставацца на сваіх месцах! Гэта абрабаванне!»
Дзень трынаццаты. Лларэт дэ Мар. Ліён
16.07.2015. Спалася дрэнна. Горача. Уключыш кандыцыянер, холадна. А пад раніцу яшчэ камар аднекуль заляцеў. Укусіў мяне, а я потым, калі развіднела, забіў яго.
Паснедаў без настрою. Ад’язджаем з райскай мясціны.
Пайшлі да мора. Узышлі на гару, дзе скульптура марачкі, якая чакае мужа. Бачна далёка. Там недзе праз мора Афрыка.
Пахадзілі па гарах пад самым небам. Чайкі, як анёлы.
У горадзе яшчэ раз наведалі вулачкі, якія нам спадабаліся. Зайшлі ў Храм. Потым паабедалі ў кавярні, якая непадалёк царквы.
Да нашай вандроўнай суполкі дадалося яшчэ чатыры чалавекі: Васіль («Крумкач»), ягоная жонка і дзве дзяўчыны. Калі мы звярталіся да Васіля, ён з намі гаварыў па-беларуску.
У 14.00 на прыпынку «Дыскатэка СССР» загрузіліся ў аўтобус. Амаль у два разы паболела валіз і розных торбаў. З Лларэт дэ Мар выехалі ў 14.40. Цяпер у нас новы куратар. Вадзім. Мужчыну за сорак. Едзем у Швейцарыю.
На палях Іспаніі жніво. Усё зжата. Навокал колеры самотна-залатыя, амаль родныя.
Чамусьці падумалася, што самае чыстае месца на зямлі – гэта пустыня.
Едзем па Іспаніі. Уяўляю часы Калумба.
Горы. Дробны лес, як мох.
Удалечы праехала электрычка, як вусень прапоўз.
Адзінокі замак у гарах. Відаць, захоплены Дон Кіхотам.
Горы здрабнелі. Вінаграднікі і больш нічога. А дзе бульба?