Текст книги "Заўтра была адліга-3 (СИ)"
Автор книги: Віктар Шніп
сообщить о нарушении
Текущая страница: 1 (всего у книги 6 страниц)
Віктар ШНІП
ЗАЎТРА БЫЛА АДЛІГА-3
Сакавік
***
2.03.2015. Сніліся Лягезы, дзе я гадаваўся ў бабулі Ганны. Навокал сонечна, зелена і ўсё такое роднае-роднае, нібыта гэта не сон, а ява. Я сяджу на беразе Яршоўкі і лаўлю рыбу, якая ў празрыстай плыні як ільдзінкі. Раптам паплавок знікае ў вадзе і я выцягваю... сонца, якое праз хвілю пачынае затухаць. Навокал робіцца змрочна, шэра і холадна. Я прачынаюся. На вуліцы віднее, ідзе зімовы дождж, а на дрэвах у двары сядзяць вароны, як выгнаннікі з раю...
***
2.03.2015. Снег растаў. Туман растаў. Дзень растаў. Гляджу на вуліцу праз шкло, як праз расталы снег, як праз туман, як праз дзень, і бачу цемру, як ваду, у якой зацішылася жыццё ў чаканні вясны.
***
4.03.2015. На возеры ні снегу, ні лёду. Белыя лебедзі, як белыя анёлы, каля берага пачарнелага.
***
4.03.2015. Аўтар пацікавіўся ў вытворчым аддзеле выдавецтва: «Можа, ёсць сігнал маёй кнігі?» Жанчына адказала з тым самым пачуццём, з якім у раддоме, гледзячы на мужчын пад вокнамі, паміж сабой гавораць акушэры: «І не сядзіцца ж дома гэтым самцам!»
***
4.03.2015. Кожны дзень тэлефануюць і тэлефануюць новыя аўтары, каб даведацца, як можна выдаць кнігу. Сёння размаўляў з празаікам з Санкт-Пецярбурга. Чалавеку 86 гадоў. «У мяне на выданне кніг за свае сродкі закончыліся грошы. Можа, выдадзіце мяне бясплатна?» – пацікавіўся стары і расказаў, як усё кепска з выданнем кніг у Расіі...
***
5.03.2015. Быў у БДУ на філфаку. Удзельнічаў у прэзентацыі Збору твораў Івана Шамякіна ў 23-х тамах. Усе выступоўцы гаварылі, што тэкстолагамі зроблена велізарная праца. Было прыемна чуць добрыя словы і ў адрас супрацоўнікаў «Мастацкай літаратуры». Потым з выкладчыкамі кафедры, якой загадвае Таццяна Іванаўна Шамякіна, па-сямейнаму пасядзелі за гасцінным сталом. Вяртаўся дахаты з думкай: «Яшчэ ёсць каму вучыць беларускіх настаўнікаў...»
***
7.03.2015. Снілася мора. Я ў адпачынку. На душы нейкая трывога, і я тэрмінова вяртаюся ў Пугачы, а там усё замецена. Чамусьці адразу я не пайшоў да бацькоўскай хаты, а пачаў адкопваць са снегу хату Сашкі Балотніка. Адчыніў дзверы, а там пуста. Тады я пабег да роднай хаты, якая ўжо вызвалілася са снегу. Зайшоў у двор. Расчыніліся дзверы, і мне насустрач выйшаў сын Максім, і я прачнуўся.
***
8.03.2015. Восьмага сакавіка без снегу і без сонца. Нязвыкла. Ваколле, як восенню. Аднак сёння ўсе дарогі вядуць, як у Рым, у крамы, дзе прадаюцца кветкі. І я нясу дадому букет, як паходню, якая асвятляе тое, што ёсць, што было і што будзе.
***
8.03.2015. Сяджу дома. Крыху прастыў. Люда з дачкой пайшлі ў горад гуляць, а сын са сваёй дзяўчынай таксама недзе бавіць святочны дзень. Можна было б замаркоціцца, але я, узгадаўшы «ЛіМ» тых часоў, калі там працаваў, суцешыў сябе тым, што мы, «лімаўцы-мужчыны», 8 сакавіка наогул байкатавалі, бо гэта прыдуманае савецкае свята. Праўда, свята байкатаваць байкатавалі ў думках, але ж на працу не хадзілі і сваім каханым у гэты дзень дарылі кветкі.
***
10.03.2015. У сметніцы каля пад’езда, як у вазе, букеты яшчэ незавялых цюльпанаў. Свята прайшло...
***
11.03.2015. Каля аўтобуснага прыпынку вялікі шматок газеты, як лапік бруднага снегу.
***
12.03.2015. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ўдзельнічаў у адкрыцці выставы «З друкарні пана Марціна Кухты», якая прысвечана 140-годдзю з дня нараджэння друкара. Вёў імпрэзу Алесь Суша. Выступалі амбасадар Літвы ў Беларусі Эвальдас Ігнатавічус і дырэктар Музея Максіма Багдановіча Марына Запартыка. Я прачытаў верш.
Балада Марціна Кухты
(1875—1956)
У Вільню, як у Рым, усе сцяжыны.
І ты прыйшоў сюды не каву піць
І рукі цалаваць старым жанчынам,
Каб потым толькі грошы іх любіць.
І Вільня для цябе як цэнтр сусвету,
Дзе кожнаму ў Еўропу ёсць вакно,
Дзе вершы геніяльныя паэты
Ствараюць, нібы ткуць з агню руно,
Якое цэніш ты, як вернасць цэніш,
Бо ты не проста віленскі друкар,
Які прыгожыць словамі паперу,
А вечнасць ёй даеш, здзяйсненне мар
Даеш паэту, што ля сіняй бухты
Напіша з думкамі аб родным краю:
«Я не самотны, я кнігу маю
З друкарні пана Марціна Кухты».
І ты, выходзячы з друкарні ў Вільню,
Глядзіш на зоры, да якіх ляцім.
І спраў хапае для цябе шчэ пільных,
Бо ты прыйшоў у Вільню, як у Рым.
***
12.03.2015. Мёртвыя не крыўдзяцца...
***
14.03.2015. Прагляд харошага фільма, як яшчэ адно пражытае жыццё...
***
15.03.2015. Учора ў Маскве на 78-годзе жыцця за дзень да свайго дня народзін памёр расійскі пісьменнік Валянцін Распуцін. У 1986 годзе, калі я вучыўся ў Літінстытуце, мяне з ім пазнаёмілі празаікі-аднакурснікі. Гэта было ў Цэнтральным Доме літаратараў, куды мы нярэдка хадзілі ў бар выпіць па сто грам каньяку і па філіжанцы кавы. Валянцін Рыгоравіч піў таматны сок і казаў нам: «Не забывайцеся пра вёску! Там вашы карані!..»
***
15.03.2015. Магілёўскае ТБМ арганізавала для сваіх сяброў вандроўку ў Мінск. Пасля ўсіх экскурсій па сталіцы госці з Магілёва прыйшлі ў Чырвоны касцёл на сустрэчу з Людмілай Рублеўскай. Людзей было шмат. Былі і мінчане. Прысутнічаў і я. Людміла расказала гісторыі стварэння сваіх аповесцей і раманаў, пачытала вершы, адказала на пытанні. Па просьбе гасцей пачытаў вершы і я. Словам, сустрэча з Рублеўскай атрымалася змястоўнай і цікавай. Праўда, нас гаспадары касцёла вадзілі з аднаго памяшкання ў другое, бо там, дзе мы збіраліся, праз нейкі час пачыналася раней запланаванае мерапрыемства. Ходзячы сюды-туды, я сказаў Людміле: «Нас водзяць па касцёльных сутарэннях так, як Маісей вадзіў свой народ па пустыні...»
***
16.03.2015. Праз дзесяць дзён у мяне будзе непрыкметны юбілей, а ўжо сёння аўтар «Буквара» Анатоль Клышка патэлефанаваў і павіншаваў са святочнай датай. У свой час мы працавалі ў адным будынку – ён у «Полымі», а я ў «ЛіМе». Калі я сказаў, што яшчэ рана віншаваць, Анатоль Канстанцінавіч засмяяўся: «Затое запомніш, што я быў першым!» Пажартаваўшы, я паглядзеў у тэлефонны даведнік і даведаўся, што самому Анатолю Клышку 16 красавіка будзе 80.
***
16.03.2015. У Камаях Пастаўскага раёна на 79-м годзе жыцця памёр паэт Аркадзь Нафрановіч. Узгадалася, як у 1997 годзе ён прывёз новыя вершы ў «ЛіМ». Напачатку Аркадзь Іосіфавіч зайшоў да мяне, пагаварылі. Потым я адвёў яго ў аддзел паэзіі да Юрася Свіркі. Недзе праз паўгадзіны ў рэдакцыйным калідоры пачуўся тупат. Адчыняю дзверы і бачу, як да кабінета Свіркі збіраюцца супрацоўнікі штотыднёвіка, а з самога кабінета чуецца песня з нейкай оперы. Што здарылася? Іду глядзець. І бачу: спявае Аркадзь Нафрановіч!
***
17.03.2015. Гляджу з выдавецкага акна. На вясновай Свіслачы чайкі, як скамечаныя аркушы паперы, якія выкінуў паэт, бо верш не атрымаўся...
***
17.03.2015. Добра ўсміхаецца той, у каго ўсе зубы цэлыя...
***
18.03.2015. Год таму да мяне ў выдавецтва прыходзіў сын Якуба Коласа Міхась Канстанцінавіч з просьбай выдаць паэму «На шляхах волі», якая яшчэ ніколі не выдавалася асобнай кніжкай. Уступнае слова напісаў Міхась Мушынскі. І якраз да 100-годдзя Еўрапейскай вайны паэма была надрукавана. Сёння ў Музеі Якуба Коласа адбылася прэзентацыя кнігі. Міхась Канстанцінавіч, нягледзячы на тое, што яшчэ цалкам не ачуняў ад прастуды, прыйшоў на прэзентацыю і хораша выступіў перад прысутнымі. Дарэчы, 31 студзеня Міхасю Канстанцінавічу споўнілася 89 гадоў.
***
19.03.2015. На мінулай кніжнай выставе да мяне падышла маладая мастачка Кацярына Дасько і папрасіла паглядзець яе курсавую працу – макет кніжкі пункціраў Алеся Разанава. З таго дня мінула больш як месяц. За гэты час у мяне на працы мастачка і Алесь Сцяпанавіч пазнаёміліся, і кніжка пункціраў з некалькіх дзясяткаў твораў вырасла да 900. Сёння зноў паэт і мастачка сустракаліся ў мяне. На працягу гадзіны абмяркоўвалі афармленне. Раіліся з нашым галоўным выдавецкім мастаком Надзеяй Барай. Гледзячы на ілюстрацыю (намалявана рука), Алесь Разанаў сказаў: «Пальцы павінны быць ідэальнымі!» Я дадаў: «Як класічны верш!» «Так!» – падтрымаў Алесь Сцяпанавіч. Зрэдку да малюнкаў Кацярыны я тут жа прыдумляў радкі. Разанаву найбольш спадабалася: «Гарбуз – гэта поўня, якая заўсёды з намі і якая залежыць ад нас, а не мы ад яе...»
***
20.03.2015. Раніца. Нядаўна развіднела. Іду на працу. Гарадскія чайкі на ўзбоччы вуліцы, як на беразе чорнай рэчкі...
***
20.03.2015. Быў у бібліятэцы імя Янкі Купалы. Удзельнічаў у імпрэзе, прысвечанай Сусветнаму дню паэзіі. Вяртаючыся дахаты, думаў пра тое, што часта на падобныя імпрэзы згаджаюся з неахвотай, а потым, калі ўжо ўсё адбылося, хвалю сябе, што схадзіў і выступіў. Зноў узгадаліся даўнія часы, калі пасля падобных паэтычных чытанняў, мы, выступоўцы, не разбягаліся па кватэрах, а ішлі ў «Мутнае вока» ці якую іншую піцейную ўстанову і гудзелі там у цыгарэтным дыме да таго часу, пакуль нас не прасілі пакінуць аблюбаванае месца. Мы выходзілі на вуліцу, ішлі да Свіслачы і там на беразе, часам да раніцы, гаварылі пра літаратуру, чыталі вершы і марылі пра залатое стагоддзе для паэтаў, якое ўсё ж некалі павінна зноў пачацца. Стагоддзе пачалося, а тых, з кім я марыў пра яго, амаль ужо ўсіх няма ў гэтым свеце...
***
20.03.2015. Было сонечнае зацьменне. Дзівіўся на яго праз дыскету. Сонца было, як залаты талер, ад якога адкусілі кавалачак...
***
21.03.2015. Сёння, у Сусветны дзень паэзіі, у чарнавіках знайшоў радкіпажаданне:
Няхай вясна не пакідае сэрца
І кожны новы дзень, як новы крок
Да тых вяршынь, з якіх яшчэ пачнецца
Навейшы шлях вышэй усіх аблок
Праз неба, што Паэзіяй завецца,
Якая не змяшчаецца ў радок,
А вольнаю жыве і асвятляе
Зямлю Айчыны, дзе Любоў жыве,
Нібы пчала, што ранак пачынае,
Нам сонца абуджаючы ў траве.
***
23.03.2015. Пяць гадоў таму да майго юбілею наша выдавецкая мастачка Надзея Барай падарыла мне карціну. Я павесіў падарунак у кабінеце. Сёння карціна ўпала і разбілася шкло. Намаляваныя ружы, вызваліўшыся з-пад шкла, ажылі, і ў пакоі стала святлей.
***
23.03.2015. З дарослымі дзецьмі і сам становішся дарослым...
***
24.03.2015. Раблю заўвагу паэту наконт «Ў», з якога пачынаецца каля дзясятка вершаў у рукапісе кнігі, і чую ў адказ: «Так пісаў Якуб Колас!»
***
24.03.2015. Залатое пяро не дапамагае Граждану напісаць геніяльныя творы...
***
24.03.2015. І раптам пачынаеш разумець, што ў пісьменніка, акрамя звання лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, няма нічога, пра што можна гаварыць...
***
24.03.2015. На аўтобусным прыпынку спінамі да мяне стаяць хлопец і дзяўчына. Ціха размаўляюць. Раптам дзяўчына штурхае хлопца і пакідае прыпынак. Хлопец, крыху пастаяўшы, пабег услед за сяброўкай. Дагнаў. Яна павярнулася. Сімпатычная, але ўгледзіўшы, што ў дзяўчыны ў зубах цыгарэта, я прашаптаў: «Лепей бы не азіралася...»
***
25.03.2015. На чыстай паперы заўсёды зіма...
***
26.03.2015. На сайце «Нашай Нівы», віншуючы мяне з юбілеем, напісалі: «Ён пачынаў як рабочы, але хіліўся да літаратуры». Прачытаўшы гэта, я ўсміхнуўся. Пасля тэхнікума з 18 гадоў да 25 я нідзе не працаваў, калі не лічыць рэдкую (каб не памерці з голаду) падпрацоўку грузчыкам на лікёрагарэлачным заводзе «Крышталь». У 1985 годзе паехаў у Літінстытут. Калі б мяне туды не прынялі, я сёння б ці ў зямлі ляжаў, ці блытаўся па свеце, як Сяргей Вераціла. У Савецкай Арміі не служыў, у камсамоле не быў. Першы верш прыдумаў у пяць гадоў. У дзевяць сваё рыфмаванне пачаў запісваць у сшытак. У сямнаццаць пачаў друкавацца. У дваццаць тры выйшла першая кніжка вершаў «Гронка святла», за якую адразу быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў, а ў 27 гадоў стаў лаўрэатам Усесаюзнай прэміі імя Уладзіміра Маякоўскага. Словам, ні рабочым, ні будаўніком я ніколі не быў. Я пачынаў як дармаед...
***
27.03.2015. Другі дзень адзначаю сваё 55-годдзе. Віншуюць і па інтэрнэце, і па тэлефонах. Не забыліся пра мяне ні ў Валожыне, ні ў Пугачах. Па-нармальнаму, трэба было б у гэтыя дні быць у адпачынку, а то на працы не да працы. Зноў адпрасіўся ў Бадака, каб рыхтавацца да прэзентацыі кнігі «Заўтра была адліга» ў бібліятэцы імя Цёткі. Максім дапамог завезці выпіць і закусіць. У шэсць гадзін зала для выступаў у бібліятэцы было запоўнена. Аксана Спрынчан і Яраш Малішэўскі хораша правялі імпрэзу. Першымі пачалі нашы выдавецкія мастакі Насця Капульцэвіч і Міхась Дайлідаў. Падарылі мой партрэт. Прыемна. Харошая ў нас моладзь, таленавітая. І кажу я гэта не таму, што яны мяне павіншавалі, а таму, што сапраўды яны таленавітыя. Потым выступілі Рэгіна Багамолава, Алесь Бадак, Галіна Дзягілева, Альжбэта Спрынчан-Малішэўская, Алесь Квяткоўскі, Уладзімір Васюк, Дзмітрый Пятровіч, Барыс Пятровіч і Людміла Рублеўская. Зноў надарылі мне розных патрэбных і непатрэбных рэчаў. Нахвалілі, нагудзелі, але не надакучылі. Шкада, што з Маладзечна не прыехаў Міхась Казлоўскі і па хваробе не змог прыйсці Леанід Галубовіч. Пасля імпрэзы Мікола Ліннік падарыў фотакнігу з маімі здымкамі, а наша Вераніка прынесла намаляваны мой партрэт. На вячэру, на жаль, не засталіся ні Барыс Пятровіч, ні Алесь Бадак. А мы сядзелі аж да пачатку дванаццатай гадзіны. Жартавалі, успаміналі, марылі. Было хораша, як дома.
***
28.03.2015. Прачнуўся ў пяць гадзін раніцы ад таго, што баліць галава. Да абеду змагаўся за сваё здароўе. Нічога не дапамагло. Пасля таго, як Люда пайшла ў горад, надумаў памяняць пашпарт, з якім ужо да мора не пусцяць. А да мора ж хочацца! Пайшоў у домакіраўніцтва, дзе даведаўся, што трэба пасведчанні аб маім нараджэнні і шлюбе. Вярнуўся дамоў. Гадзіну шукаў дакументы. Нічога не знайшоў. Прыйшоў да пашпартысткі з аплачанымі квіткамі за тэрміновы абмен пашпарта. Жанчына падумала, што я прынёс патрэбныя дакументы, таму выдала бланк для запаўнення. Адзін сапсаваў. Папрасіў другі. Дала. Пісаў хвілін дваццаць. Пашпартыстка, атрымаўшы запоўнены бланк, папрасіла пасведчанні аб нараджэнні і аб шлюбе. «Не знайшоў. Мне сёння галава цэлы дзень баліць», – паскардзіўся я. «Пахмяляцца трэба!» – сказала жанчына. «Я не п’ю зусім!» – «Веру. Малады! Прыгожы! І жонка ў вас Рублёўская. Гэта ж яе крама побач з нашым будынкам...» – «Не. Жонка мая Рублеўская...» Пагаварыўшы яшчэ пару хвілін з пашпартысткай і распісаўшыся ў паперах, што здаў пашпарт без пасведчанняў, я пайшоў дахаты. Дома, перад тым як выпіць таблетку ад галаўнога болю, паглядзеў у люстэрка і сказаў з усмешкай: «Малады! Прыгожы! І жонка ў мяне Рублёўская!»
***
29.03.2015. Як жывую ваду, п’ю бярозавы сок, прывезены з Лысай гары Аксанай Спрынчан і Ярашам Малішэўскім.
***
29.03.2015. Сніўся дзядзька Славік, які жыў у пасёлку Белае Луганскай вобласці. Ён там памёр на пачатку стагоддзя. Снілася, што скончылася вайна і я прыехаў да яго ў госці. Дзядзька водзіць мяне па сваёй сялібе і расказвае, дзе і што ў яго знаходзіцца. Зайшлі ў пакой, у якім на сценах на цвіках вісяць кнігі. На маё пытанне «Чые гэта творы?», дзядзька адказаў: «Цяпер я пішу вершы. Пры жыцці не было калі, а цяпер вось пішу...» Я зняў кнігу са сцяны, разгарнуў, а там сапраўды вершы, але не надрукаваныя, а напісаныя прыгожым почыркам. «У нас камп’ютараў няма...» – патлумачыў дзядзька і папрасіў, каб я расказаў пра гэта ўсім пісьменнікам, якія яшчэ жывуць.
***
31.03.2015. У майстэрні мастака ўсе поры года адначасова.
Красавік
***
1.04.2015. Некалькі дзён таму задаволена падумаў: «Сёлета перазімаваў не хварэючы...» І вось ужо трэці дзень лячуся. Распачаў слоік маліны, якую ў мінулым годзе мне з Людай падарыла Наста Грышчук. П’ю малінавую гарбату і ўспамінаю леташнія вандроўкі.
***
2.04.2015. У панядзелак патэлефанавала пашпартыстка і паведаміла, што без пасведчання аб шлюбе з Людмілай Рублеўскай мне новы пашпарт не зробяць. Тры вечары запар з Людай шукалі патрэбны дакумент. Пазнаходзілі шмат чаго, пра што даўно забыліся, што яно ў нас ёсць. Не знайшоўшы пасведчання, вырашылі зрабіць ягоны дублікат. Я патэлефанаваў у ЗАГС, дзе запыталіся: «Вы ўжо развяліся ці яшчэ збіраецеся?» Пасля тлумачэння, чаго я хачу, мне сказалі, што пасля аплаты іхніх паслуг мне тут жа выпішуць новы дакумент або дадуць спраўку, што я жанаты. Нягледзячы на сваю прыхварэласць, я планаваў на сёння заняцца дакументам, але раптам патэлефанавала дачка і мы даведаліся, што наша пасведчанне аб шлюбе знаходзіцца ў яе. Цяпер можна спакойна лячыцца...
***
2.04.2015. У нашым двары нехта запаліў кучу апалага лісця і цяпер дым паміж дамоў, як паміж берагоў, цячэ і ўпадае ў неба, як у беларускае мора.
***
2.04.2015. Вечарам, як звычайна, з паштовай скрынкі забіраю газеты. Нешта чытаю, нешта праглядаю. І вельмі рэдка нечаму дзіўлюся, бо, відаць, ужо маю такі ўзрост, што мяне нічым не здзівіш. А сёння раптам у адной газеце да артыкула «Хто вяскоўцу дапаможа?» бачу здымак, а на здымку свайго бацьку, якому цырульніца з камбіната бытавога абслугоўвання Валожынскага раёна робіць прычоску. Нічога дзіўнага не было б, калі 25 снежня 2012 года бацька не памёр. Разумею, што карэспандэнтцы з газеты далі здымак, які быў у КБА, і ўсё ж у мяне з’явілася, хоць і кволая, думка: «А можа, мой бацька жывы?»
***
5.04.2015. У скверы, праз які хаджу ў краму, тыдзень таму на дрэвах было адно вароніна гняздо. Сёння іх ужо чатырнаццаць. І я прайшоў пад кронамі дрэў, як пад сусветамі, у прасторах якіх зараджаецца жыццё...
***
5.04.2015. Каля крамы старая з вярбінкай, як з дубцом у пошуках старога, які не начаваў дома.
***
5.04.2015. Вербная нядзеля. Сяджу дома, як на вярбе...
***
6.04.2015. У некаторых шыкоўных папках з рукапісамі, як у Маўзалеі...
***
6.04.2015. У канцы тэксту дата яго напісання, як у начным лесе ліхтар...
***
7.04.2015. Немагчыма для ўсіх быць Гражданам.
***
7.04.2015. Прыходзіў малодшы брат аднаго пісьменніка, які памёр і які ў свой час быў вядомым. Не ведаю, ці пісаў Пятро (назавём так наведвальніка), калі ягоны брат друкаваўся, ці пачаў тады, калі страціў родзіча. Г алоўнае – Пятро піша і выдаў ужо некалькі кніг прозы на рускай мове. Калі б ён выдадзеныя раманы не паказаў, то я б і не ведаў, што яны існуюць. Пятро прыйшоў забраць рукапіс, які паўгода таму аддаў нам у выдавецтва. Падзякаваўшы за знаёмства, наведвальнік забраў раман і пайшоў, як цень старэйшага братапісьменніка...
***
7.04.2015. Не кожнае яйка сустрэне Вялікдзень...
***
8.04.2015. Талент дае Бог, а прэміі даюць Гражданы.
***
9.04.2015. У бібліятэцы імя Янкі Купалы перад супрацоўнікамі бібліятэк Мінскай вобласці прэзентаваў сваю кнігу «Заўтра была адліга». Не абышлося без віншаванняў з маім нядаўнім днём народзінаў. Пасля імпрэзы хадзіў у кнігарню «Букініст», каб па просьбе Міхася Казлоўскага купіць часопіс «Маладняк». Не паспеў. Нехта ўжо раніцай не пашкадаваў каля мільёна грошай. Ідучы да метро, сустрэў Алеся Разанава. Пастаялі, пагаварылі пра жыццёбыццё літарацкае і пра жураўліныя пункціры над Мінскам.
***
11.04.2015. Дзень пачаўся з радкоў:
Калі вадой напоўняцца сляды
І зоры пачарнеюць па-над намі,
Нібы бяроз сарваныя лісты
Вар’яцкімі не нашымі вятрамі,
Пачнецца іншы свет, дзе нас няма
І ўжо не будзе болей аніколі.
Мы сыдзем, як сусветная чума,
Як снег апошні ў павяснелым полі.
Паглядзеў у акно, а там сонечна і ў небе ні хмурынкі. Усміхнуўся і вырашыў не працягваць сваю самотную песню. Заўтра ж Вялікдзень!
***
11.04.2015. Каля школы міліцыі суботнік. Хлопцы і дзяўчаты мятуць аж пыл курыцца. Некаторыя сядзяць пад сцяной дома і нешта вясёлае расказваюць адзін аднаму. Без міліцэйскай формы і яны дзеці дзецьмі.
***
11.04.2015. Сёлета пячы велікодныя булкі не атрымалася. На кухні рамонт не закончыўся, і ў нас ні вады, ні газу. Замэнчыліся. Сёння, апрануўшыся пацяплей (нядаўна хварэў), не пагаліўшыся, пайшоў у краму. Выбраў дзве самыя прыгожыя булкі. Аплачваю. Касірша гадоў сарака пяці пытаецца: «У вас пенсійнае пасведчанне?» – «Не...» – адказаў я і, забраўшы булкі, паплёўся дахаты, як пенсіянер.
***
11.04.2015. На прыканцы нашай вуліцы Волаха нядаўна збудавалі царкву. Сёння туды з Людай хадзілі свянцаць велікодныя булкі і яйкі. Людзей было шмат. Запомніўся малады доўгавалосы худы бацюшка, які хадзіў сюды-туды, чытаў малітвы і свянцаў, што прынеслі да храма людзі, а таксама міліцыянер, які стаяў каля царкоўнай брамы, як кардонны.
***
12.04.2015. Вялікдзень. Успамінаюцца толькі бацькі і як з імі было добра.
***
13.04.2015. Паглядзеў «Зеркала» Марыны Мігуновай пра Марыну Цвятаеву. Фільм пра паэтэсу амаль без вершаў і без паказу, як яны пісаліся, а толькі пра ўзаемаадносіны з мужчынамі – гэта не фільм пра Цвятаеву...
***
13.04.2015. Прыходзіў Алесь Разанаў. Абмеркаваўшы ілюстрацыі да будучай кнігі пункціраў, гаварылі пра Хрыста і «Шлях-360». Калі Алесь Сцяпанавіч пакінуў нас, на вуліцы пацямнела, пайшоў дождж, малюючы на запыленых шыбах сцяжыны да паэзіі...
***
14.04.2015. Душна без паэзіі...
***
14.04.2015. Убачыць Парыж і жыць далей.
***
14.04.2015. Снілася вёска. Па асфальтаванай вуліцы ішлі бацькі, як па рацэ.
***
15.04.2015. Памёр Уладзімір Содаль. Хто цяпер будзе ў Вязынцы на святы паэзіі сядзець каля Купалавай студні і прадаваць беларускія кніжкі?
***
15.04.2015. У Лондане памёр айцец Аляксандр Надсан. Напачатку 90-х, калі я працаваў у газеце «Наша слова», Надсан прыходзіў да нас у рэдакцыю. Гледзячы на яго і размаўляючы з ім, верылася, што Беларусь будзе жыць.
***
15.04.2015. З Ракава патэлефанавала цётка Марыя. «Відаць, нешта здарылася...» – з трывогай падумаў я і тут жа пачуў: «У мяне сёння юбілей, 75 гадоў. Запрашаю вашу сям’ю ў госці. У суботу прыязджайце на 15 гадзін да нас...» На жаль, не зможам паехаць. На працах аб’яўлены суботнікі.
***
16.04.2015. Ішоў дождж у пошуках парасонаў.
***
17.04.2015. У бібліятэцы Цёткі паэтычны тэатр «Арт.С» пад кіраўніцтвам Аксаны Спрынчан і Яраша Малішэўскага прадстаўляў паэтычна-міфалагічны праект «Сакральная Беларусь». Чатырнаццатая імпрэза была прысвечана месту (гораду). Выступілі Таццяна Барысюк, Ігар Клепікаў, Ірына і Максім Клімковічы, Серж Мінскевіч, Таццяна Пратасевіч, Людміла Рублеўская, Віка Трэнас, гурт «Мерада». Прыгожую народную песню праспявала Альжбэта Спрынчан-Малішэўская. Усе распавядалі пра гарады і сябе ў гэтых гарадах. Уладзімір Арлоў, Навум Гальпяровіч і Пятро Васючэнка хваляцца, што першае, што яны ўбачылі ў гэтым свеце – былі вежы Сафійскага сабора ў Полацку. Я ж з акна раддома ўбачыў вежы Пішчалаўскага замка, дзе ў свой час у турме сядзелі Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Карусь Каганец, Алесь Г арун, Якуб Колас. Я павінен быў нарадзіцца ў Валожыне, але бацькаў брат Славік, калі мама сабралася нарадзіць мяне, адвёз парадзіху ў Мінск. Пасля нараджэння ўпершыню ў Мінск я трапіў толькі праз пятнаццаць гадоў, калі цётка Галя прывезла мяне паступаць у архітэктурна-будаўнічы тэхнікум.
***
18.04.2015. З братам Вовам, сястрой Валяй і яе мужам Віцем ездзілі да бацькоў на Ракаўскія могілкі і ў Пугачы.
У метрах трыццаці ад могілак пракладаецца дарога. Яна стане адной з транспартных нітак, якая злучыцца з новай кальцавой дарогай, што праляжа ў кіламетры ад Ракава. Гледзячы на развернутую зямлю, падумалася, што, калі б цяпер быў Савецкі Саюз, то кальцавую дарогу маглі б пусціць па могілках.
Вова мокрай анучкай пачаў праціраць ад пылу помнік бацькам. І раптам бачым: на помніку амаль зніклі бацькоўскія фотаздымкі. Што рабіць? Трэба будзе ісці ў майстэрню, дзе замаўлялі помнік, і прасіць перарабіць. Хвілін дзесяць бедавалі. І тут брат узяў сухую анучку і пачаў нанова праціраць. Цуда! Здымкі зноў з’явіліся і такія ж выразныя!
За два месяцы, якія мы не былі ў бацькоў, непадалёку з’явілася дзевяць новых магіл. Адно супакоіла, што сярод памерлых няма маладых.
Прыехалі ў Пугачы. Каля хаты суха. У хаце ўсю зіму жыла цішыня. Завёў насценны гадзіннік. І паветра ў хаце пацяплела.
У садзе гаспадарылі шпакі, як нашы бацькі.
Адведалі дзядзьку Шуру з цёткай Дзінай. Даведаліся, што за зіму памерла некалькі вяскоўцаў, не дажыўшы да пенсіі. Мае равеснікі.
Падарыў сваякам сваю кнігу «Заўтра была адліга». Спадзяюся, што тое, што яны пра сябе там вычытаюць, не пакрыўдзіць іх.
На вуліцы час ад часу бачу старых вяскоўцаў. Усе яны падобныя на маіх маму і тату.
На буслянках стаяць буслы, як на сустрэчы закаханыя.
У Ракаве на азярыне плаваў лебедзь. Белы, як анёл.
Заехаліся да ракаўскай сваячкі Вольгі. У канцы яе агарода ўбачылі людзей, якія нешта робяць. Ад Вольгі даведаліся, што там рамантуюць помнік яўрэям. На тым месцы стаяла сінагога, дзе ў час вайны 4 лютага 1942 года немцы спалілі 950 ракаўскіх яўрэяў.
Вяртаючыся дамоў, думалі пра родных.
***
19.04.2015. Сёння ў мамы дзень народзінаў. Маме было б 85. Не было б мамы, не было б і мяне. Значыць у гэты дзень нарадзіўся і я.
***
19.04.2015. З Людай выбраўся ў цэнтр горада, каб скарыстацца бясплатнымі экскурсіямі па Мінску. На жаль, быў лёгка апрануты, а на вуліцы сцюдзёна і ветрана, таму вярнуўся дахаты. Застаўся б, калі б мала людзей прыйшло, а так за дзесяць хвілін да пачатку экскурсіі ўжо сабралася чалавек пяцьдзясят.
***
20.04.2015. Заўтра Радаўніца. Каля роднай хаты сяджу на лаўцы з бацькаMi. Глядзім на заходзячае сонца...
***
21.04.2015. Радаўніца. Чорны кот, як чорны манах, сядзіць каля брамы на Кальварыйскія могілкі...
***
21.04.2015. Сёння ўсе дарогі вядуць на могілкі...
***
21.04.2015. Прайсці праз могілкі...
***
22.04.2015. Напрыканцы працоўнага дня да мяне ў кабінет упэўнена зайшоў высокі худы мужчына гадоў сарака пяці. Павітаўшыся, з торбы дастаў вялізарную папку і сказаў: «Прашу тэрмінова надрукаваць!» «А што гэта ў вас за твор? Проза? Паэзія?» – пацікавіўся я. «Не! Тут я крытыкую Біблію!» – адказаў мужчына. «Вы паказвалі свой твор каму-небудзь?» – запытаўся я. «Год праляжала ў царкоўным выдавецтве! Там не захацелі друкаваць!» – «І мы не будзем друкаваць!» – «І вы баіцеся анафемы! Што за народ пайшоў!» – сказаў мой наведвальнік і схаваў у торбу свой твор.
***
23.04.2015. Ветрана. Сонца, як саламяны капялюш Язэпа Драздовіча.
***
23.04.2015. Прыходзіў Васіль Раінчык з жонкай Ірынай Цвятковай. Рыхтуем кнігу «Верасы». «Я рукапіс не чытаў. Пасля. Гэта кніга – погляд Ірыны на тое, што адбывалася з намі. Тое, што я перажыў, я некалі сам напішу і гэта будзе зусім іншая кніга», – сказаў Васіль Пятровіч Алесю Бадаку і мне. Гаварылі недзе з паўгадзіны. Дрэнна, што не было дыктафона, бо тое, што расказваў Раінчык, мала хто чуў. Я сказаў Цвятковай, каб яна ўсё запісвала. «Я паціху сёе-тое ўжо запісваю...» – прызналася Ірына і ўсміхнулася.
***
23.04.2015. Сёння з мастачкай Кацярынай Дасько і Алесем Разанавым працягнулі працу над кнігай выбраных пункціраў. Сёе-тое добра ўжо вымалёўваецца. Аднак, магчыма, гэта здаецца, Алесь Сцяпанавіч не ўсімі ілюстрацыямі, а іх будзе каля трыццаці, задаволены. Пасля кнігі гаварылі пра Скарыну. На вуліцы было змрочна, бушаваў вецер, а нам з разанаўскай паэзіяй было светла, як у поцемках з ліхтаром.
***
24.04.2015. Снілася вёска. Рэйсавым аўтобусам з Амерыкі прыехаў Яўген Еўтушэнка. Я сяджу на лаўцы каля хаты. Паэт прысеў каля мяне і запытаўся: «Чаму бульбу не садзіш?»
***
25.04.2015. Па выдавецкіх справах з Алесем Бадаком хадзілі ў Нацыянальны мастацкі музей Беларусі. Пасля афіцыйнай размовы дырэктар музея
Уладзімір Пракапцоў зрабіў нам амаль двухгадзінную экскурсію. Напрыканцы пазахапляліся талентам Леанарда да Вінчы. Мне ўзгадалася Італія і яе мастацкія музеі. Падумалася, што праз гадоў трыста і карціны некаторых нашых мастакоў набудуць пэўную каштоўнасць, а пакуль што глядзім на тое, на што глядзім...
***
25.04.2015. Іду дахаты. На пляцы Свабоды каля касцёла невялічкі натоўп. Што за свята? Вяселле. Відаць, толькі што закончылася вянчанне. Маладая задаволена ўсміхаецца. Малады, расшпіліўшы кашулю, курыць, нібыта ў апошні раз.
***
25.04.2015. У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі наведаў пастаянную выставу беларускага мастацтва, якая час ад часу абнаўляецца. Карціна Міколы Селешчука, як была выстаўлена гадоў пяць таму, побач з творам Уладзіміра Тоўсціка, так і сёння на тым самым месцы. Ці вісяць творы іншых мастакоў на тых самых месцах, як і раней, не ведаю, бо з таго першага прагляду іншых карцін, якія былі побач адна з адной, не памятаю...
***
25.04.2015. На вуліцы сцямнела. Свецяцца, як тэлеэкраны, вокны. І ты глядзіш у іх з надзеяй убачыць голую жанчыну.
***
26.04.2015. Некалькі дзён таму з’явіліся радкі:
Часовых класікаў раманы й вершы
Згубіліся ў лясах бібліятэк.
А ў кнігах велічныя Храмы й вежы
І ўсё яшчэ жывыя сотні рэк
Згубіліся і зніклі назаўсёды,
Нібыта іх ніколі не было.
І белыя счарнелі параходы
І чорным снегам белы замяло.
Далей не пайшло. Але сёння з’явіўся працяг: «І ты гаворыш: «Гэта наша доля...» І я не знаю, што табе сказаць, Як пажадаць адно: «Пішы, як Толя! Пішы, калі не можаш не пісаць!» Атрымаўся верш, прысвечаны Анатолю Сысу.
***
26.04.2015. Алесь Квяткоўскі паклікаў у майстэрню паглядзець новыя працы. Я паглядзеў і на карціны з цыкла «Пагоня на Грунвальд», і на рудога мураша, які ў мастака са стала ўкраў пясчынку цукру і нёс некуды хаваць.
***
26.04.2015. З Людай ездзілі на Маскоўскія могілкі. Адведалі Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча, Пімена Панчанку, Івана Шамякіна, Яўгенію Янішчыц і пакланіліся ўсім, хто побач з імі спачывае. На пахаванні Генадзя Бураўкіна не былі, таму не ведалі, дзе ягоная магіла. Пайшлі шукаць. Праз хвілін пятнаццаць знайшлі. Адразу падумалася, што сам Генадзь Мікалаевіч падказаў нам да сябе дарогу. Паблізу з Бураўкіным пахаваны Арлен Кашкурэвіч і Гаўрыіл Вашчанка. Някепская кампанія і тут збіраецца.
***
27.04.2015. Запыханы, папраўляючы на худым пераноссі чорныя, як жалобныя рамкі, акуляры, незнаёмец не ўвайшоў, а проста ўляцеў да мяне, як вецер у расчыненыя дзверы: «Ну вось і я! Я напісаў для цябе апавяданне! Друкуй!» Я выйшаў з-за стала. Паціснуў наведвальніку працягнутую халодную потную руку і прапанаваў сесці. «Мне няма калі тут у цябе заседжвацца! Будзеш друкаваць ці не?» – заявіў мужчына. «А дзе апавяданні?» – запытаўся я. «Калі будзеш друкаваць, то адразу прынясу!» – «Не чытаўшы, мы нічога не друкуем і нічога нікому не абяцаем!» – «А як цябе завуць?» – запытаўся незнаёмец. Пачуўшы адказ, мужчына зняў акуляры і сумна ўсміхнуўся: «Прабачце. Я не ў тое выдавецтва прыйшоў.»
***
27.04.2015. Працягнулі працу над кнігай Алеся Разанава «Такая і гэтакі: талакуе з маланкай дождж». Мастачка прапанавала некалькі варыянтаў вокладкі. Абмеркавалі. Потым яшчэ раз прагледзелі ілюстрацыі. Вымалёўваецца вельмі арыгінальная кніга. Алесь Сцяпанавіч задаволена ўсміхаўся. Гаварылі пра дождж, пра чарот, пра лістоту, пра журавіны і ў голасе Разанава мне чулася талакаванне дажджу з маланкай.
***
28.04.2015. З Наталляй Семашкевіч і Уладзімірам Марозам ездзілі ў Маладзечна ў бібліятэку «Верасок», дзе прынялі ўдзел у навукова-краязнаўчай канферэнцыі «Не наракаю на цябе, мой лёс.», прысвечанай 70-годдзю з дня народзінаў пісьменніка і навукоўца Рыгора Семашкевіча. Арганізаваў і вёў канферэнцыю Міхась Казлоўскі. З успамінамі пра брата выступіла Таццяна Міхайлаўна Семашкевіч. Даклады па творчасці пісьменніка зрабілі Лідзія Гардынец і Людка Сільнова. Успамінамі пра сябра падзяліўся паэт Мар’ян Дукса.