355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Віктар Шніп » Заўтра была адліга-3 (СИ) » Текст книги (страница 6)
Заўтра была адліга-3 (СИ)
  • Текст добавлен: 3 декабря 2017, 06:30

Текст книги "Заўтра была адліга-3 (СИ)"


Автор книги: Віктар Шніп



сообщить о нарушении

Текущая страница: 6 (всего у книги 6 страниц)

***

17.08.2015. Сёння пахаладала. І ўсе, як пару дзён таму адзін аднаму скардзіліся, што спякотна, скардзімся, што пахаладала... Нам не дагодзіш...

***

17.08.2015. Лета адыходзіць ад нас, як мора ад берага, і апалае лісце, як пясок.

***

17.08.2015. Сніцца родная хата, як пусты Ноеў каўчэг...

***

17.08.2015. На дзявяты паверх выдавецтва, як на дзявятае неба, прыйшоў аўтар. Стаўшы на калідоры каля акна, ён убачыў аблокі, як Альпійскія горы, на якіх пасуцца швейцарскія авечкі. Прыгожыя і безабаронныя. І аўтару захацелася кінуць сваю пісаніну і пайсці ў пастухі. Але раптам падышоў рэдактар і запытаўся: «Вы да мяне?»

***

17.08.2015. Млечны шлях, як леска. Поўня, як грузік. Зямля, як нажыўка...

***

18.08.2015. Тэлефанаваў сябра. Даведаўшыся, што мы з Людмілай нядаўна былі ў Амстэрдаме, Парыжы, Жэневе, Барселоне і іншых еўрапейскіх гарадах, выказаў сваю невясёлую думку пра наша вандраванне. Праўда, мы з ім з-за Еўропы не пасварыліся. У мяне верш з’явіўся:

Настрашаны Еўропаю блакітнай,

Мой сябра зноў палохае мяне

Блакітнымі і кажа, што агіднай

Яму Еўропа бачыцца і ў сне.

І Рым ужо больш не ўратуюць гусі,

І Амстэрдам затопіцца вадой,

І толькі застануцца ў свеце гуслі,

І больш не будзе музыкі другой.

Гаворыць сябра, быццам бы малітву

Чытае, каб ніколі і нідзе

Не браў я ў рукі, каб галіцца, брытву,

Бо можна ёй парэзацца і дзень

Мой назаўсёды скончыцца і буду

Я мёртвы, не паголены, ляжаць.

Не дапамогуць мне Хрыстос і Буда.

Галоўнае – ў Еўропу не ўязджаць!

***

19.08.2015. У мастакоў сярод старых выданняў знайшоў зборнік паэзіі (448 старонак) Радзіслава Лапушына «Взрослее облаков» (1996), якую рэдагаваў Рыгор Барадулін. Нічога не звычайнага ў тым, што кніга захавалася да сённяшняга дня, няма. Сумна, што кніга падорана была супрацоўніцы выдавецтва з подпісам: «Дрогоценной Ларисе Николаевне Шлапо – доброму Гению этой книги – с сердечной признательностью. Р.Л. 25.08.», і не забрана дамоў. І гэта ўжо не першы падобны падарунак аўтараў, які мне трапіўся ў рукі. Кажуць, што Радзіслаў на пачатку 90-х з’ехаў у Амерку. Ці піша ён там цяпер вершы – не ведаю. А паэт ён быў харошы. Абы-каго Рыгор Барадулін не рэдагаваў.

***

19.08.2015. Алеся Лапіцкая з «ЛіМа» прыводзіла да мяне Юрыя Жыгамонта пазнаёміцца і пагаварыць пра перспектыву выдання ягоных «Падарожжаў дылетанта». Дамовіліся, што Юры тэрмінова рыхтуе першую кнігу, і мы яе плануем на наступны год і выдаём. Такіх кніг можа быць дзесяць, а можа і сто. Напрыканцы Юры запытаўся, як там мой брат Валодзя. Высветлілася, што яны ў адзін час вучыліся ў Тэатральна-мастацкім інстытуце і добра ведаюць адзін аднаго.

***

21.08.2015. Калі ў час вайны туркі хацелі разбурыць Парфенон, каб здабыць свінец, грэкі, даведаўшыся пра гэта, прыслалі ім кулі, каб яны маглі страляць, не знішчаючы Парфенон.

***

21.08.2015. Вяртаюся з крамы праз сквер. На лавачках сядзяць пенсіянеры і алкаголікі. Воран ходзіць каля сметніцы, як чорны анёл...

***

21.08.2015. Па скверы следам за мной бяжыць белы сабака. Малы, як цацачны. Жанчына крычыць услед: «Не бойцеся! Я нядаўна яго карміла!»

***

21.08.2015. Плаціў за кватэру. Перада мной дзяўчына паклала сто тысяч на мабільны, а бабуля купіла пяцьдзясят долараў. Восень прыбліжаецца...

***

21.08.2015. У інтэрнэце знайшоў інтэрв’ю з гітарыстам Андрэем Маркуцам, якое ён даў Tuzin.fm. На пытанне: «Пра мінулыя свае гурты згадваеш з якім пачуццём?» Андрэй адказаў: «Па-рознаму, але, безумоўна, прыемнага заўжды болей. «Рэй» – гэта пачатак, першы выхад на сцэну, першыя запісы на вуліцы Чырвонай, 4. Першыя фанаты і аўтографы, кліпы ў Курапатах... Гэта было на хвалі набыцця Незалежнасці, узнікнення першых беларускамоўных гуртаў. Выступалі і рэпеціравалі разам з «Мрояй». Музыку пісалі на вершы Віктара Шніпа, Адама Глобуса.» Як гэта было даўно! 1989 год. Я тады для «Рэя» напісаў шмат тэкстаў. І толькі некалькі захавалася...

***

21.08.2015. Пішыце і гаварыце пра мае творы, што хочаце! З імі ад гэтага нічога не здарыцца.

***

21.08.2015. Мы больш гаворым пра Дон Жуана, чым пра Байрана...

***

22.08.2015. Дажывём да Паэзіі...

***

22.08.2015. Прачнуўся а сёмай. Дзень пачаўся з радкоў:

Мы пойдзем у горад з табою гуляць,

У люднай кнігарні не купім нічога.

Там кнігі, як мёртвыя людзі стаяць

У вечнай чарзе, зачакаўшыся Бога.

Працягу не напісалася. Да ўсяго ў горад не ідзём.

***

22.08.2015. Бог не прадаецца. Ікону можна купіць...

***

22.08.2015. У нашым двары цішыня. І толькі час ад часу голас падае немаўля і мне ўзгадваюцца радкі Аляксандра Блока:

И голос был сладок, и луч был тонок,

И только высоко, у Царских Врат,

Причастный Тайнам, – плакал ребенок

О том, что никто не придет назад.

***

22.08.2015. Чацвёрты год не выбіраю бульбу. Не садзіў.

***

22.08.2015. З Людмілай паглядзелі фільм пра брытанскага мастака-пейзажыста Уільяма Цёрнера (23.04.1775—19.12.1851). Узгадаўся фільм пра Леанарда да Вінчы, які я глядзеў, калі мне было дванаццаць гадоў. Сёння ў інтэрнэце знайшоў той фільм. Ён упершыню на тэлеэкраны выйшаў у 1971 годзе. Паглядзеў. І здзівіўся сам сабе, бо ўсё амаль памятаю. Яшчэ памятаецца, што пасля фільма я нейкі час маляваў, маляваў левай рукой, бо мне здавалася, што, калі буду так маляваць, як Леанарда да Вінчы, то і я буду, як гэты геніяльны мастак. Пасля таго фільма я і дзённік завёў, куды запісваў назіранні за прыродай, вынікі доследаў з раслінамі, мурашкамі, п’яўкамі, чарвякамі і г.д. Словам, з таго часу ў мяне заўсёды з сабой сшытак, куды я занатоўваю ўсё, што лічу важным для сябе.

***

23.08.2015. Не збіраўся рана выходзіць з дому. Патэлефанаваў Алесь Квяткоўскі і паведаміў, што ў ягонай майстэрні з’явіўся «Чорны квадратасланечнік». І я пайшоў глядзець. Гаворачы пра новую карціну, Алесь сказаў, што яна прысвечана тым, хто на волі. А ў мяне з нагоды «Чорнага квадратасланечніка» з’явіўся ланцужок асацыяцый: «Чорны квадрат у канцы тунэля... Сланечнік у канцы тунэля... Святло ў канцы тунэля...»

***

23.08.2015. Яшчэ ў траўні Уладзімір Ліпскі папрасіў для «Вясёлкі» вершаў. Пару напісаў. Тыдзень таму Раіса Баравікова напомніла, што ў часопісе чакаюць ад мяне твораў. І сёння, седзячы на кухні, я ўтварыў для смеху:

Столь глядзіць на стол,

Бо на столе соль.

Стол глядзіць на столь,

Бо пад столлю моль.

Я ж гляджу на тату,

Што прынёс зарплату.

***

23.08.2015. Дзякуючы Людміле ўпершыню быў на вялікім канцэрце маладых рок-музыкантаў, што праходзіў у адным з клубаў на Нямізе. Быў час, калі я пісаў тэксты для рок-гуртоў і часта з задавальненнем хадзіў на маладзёвыя тусоўкі. Ды і мне не было трыццаці. А сёння ішоў з хваляваннем, бо мы ішлі не на проста рок-канцэрт, а на канцэрт, дзе ўсё арганізаваў і праводзіць гурт «F!B!» (пры падтрымцы сябра-барабаншчыка з Японіі), у якім бас-гітарыстка – наша Вераніка. Акрамя нашых дзяўчат выступалі яшчэ тры рок-гурты. Пасля сваіх песень дзяўчаты з «F!B!» пусцілі за барабаны японца, з якім выканалі пяць сусветна вядомых песень. Атрымалася проста цудоўна! Дамоў вяртаўся, шкадуючы, што канцэрт скончыўся...

***

25.08.2015. Учора памерла Ала Канапелька. Сёння яе пахавалі на гарадскіх могілках у Смалявічах. На жаль, не быў на развітанні.

Знаёмства наша пачалося ў снежні 1981 года ў Каралішчавічах, дзе цэлы тыдзень мы былі разам на семінары маладых пісьменнікаў Беларусі. Сярод нас былі і Анатоль Сыс, і Васіль Сахарчук, і Міхась Барэйша, якіх ужо даўно няма ў гэтым свеце. Былі Уладзімір Арлоў, Алег Мінкін, Леанід Галубовіч, Сяргей Вераціла, Вадзім Спрынчан, Людміла Паўлікава, Уладзімір Ягоўдзік, Алесь Наварыч. Нас было шмат. Помняцца не ўсе. Ала Канапелька помніцца. Потым у нас было шмат сустрэч, сумесных выступленняў. Нашы дочкі закончылі гімназію-каледж мастацтваў, дзе мы сустракаліся, прыводзячы малых на вучобу. З Алай мы склалі кнігу «Мама, маці, матуля...», за якую на Рэспубліканскім конкурсе «Мастацтва кнігі» выдавецтва «Мастацкая літаратура» атрымала вышэйшую ўзнагароду – дыплом імя Францыска Скарыны. І ва ўсім, што рабіла Ала Канапелька, яна была Паэткай.

***

26.08.2015. Па запрашэнні Сяргея Дубаўца ўдзельнічаў у паэтычных чытаннях памяці Таццяны Сапач, якія на гэты раз прайшлі каля хаты, дзе нарадзілася паэтка. З Мінска ездзіў з Барысам Пятровічам, Усеваладам Сцебуракам, Галінай Дубянецкай і Людмілай Сачанка. Ехалі па дарозе на Вільню. Узгадвалі вядомых людзей, лёс якіх звязаны з Валожыншчынай. У Маркава, крыху паблудзіўшы, прыехалі роўна а дванаццатай, як і прасіў Дубавец. Усе збіраліся каля школы, якую ў свой час закончыла Таццяна. Гасцей было чалавек трыццаць. З Польшчы прыехала дачка Дубаўцоў Адэля са сваёй малой, якая хораша гаворыць па-беларуску і час ад часу ўжывае польскія словы і ад гэтага робіцца невыказна гжэчнай і яшчэ прыгажэйшай. Напачатку з’ездзілі на могілкі. Усклалі да помніка кветкі, памаліліся. Потым паехалі да роднай хаты паэткі. Там нас ужо чакалі брат Таццяны з жонкай Ларысай, школьнікі і настаўнікі. Імпрэзу вёў Сяргей Дубавец. Першымі выступілі дзеці, якія чыталі вершы Сапач, а за імі – Усевалад Сцебурака, Барыс Пятровіч, Уладзімір Арлоў. Падчас, калі спяваў Уладзіслаў Лянкевіч, да мяне падышоў Дубавец і запытаўся: «Можа, прачытаеш верш?» – «Добра», – адказаў я, і Сяргей даў мне слова. Я прачытаў баладу, прысвечаную Таццяне. Пасля майго выступлення Дубавец прапанаваў перайсці да неафіцыйнай часткі, дзе маглі яшчэ сказаць сваё слова пра Таццяну Сапач і Кася Камоцкая, і Зміцер Бартосік, і Вальжына Цярэшчанка, і Міхась Казлоўскі, і Генік Лойка, і Ірына Дубянецкая і іншыя. Аднак, на жаль, гэтай магчымасцю яны не скарысталіся. Праўда, ад гэтага наша сумоўе не стала сумным. Выязджаючы з Маркава, у небе ўбачылі больш за сотню буслоў, якія развітваліся з роднымі мясцінамі. «Кожны год 26 жніўня беларускія буслы адлятаюць у цёплыя краіны!» – пракаментавала ўбачанае Галіна Дубянецкая. Заглянуўшы ў інтэрнэт, я знайшоў навіну (праўда, яна з’явілася з вялікім спазненнем), што 2 чэрвеня памерла Ніна Корсак – першая жонка Барыса Кіта. Тут жа я зачытаў інфармацыю: «Нарадзілася Ніна Корсак 10 жніўня 1920 года ў Лебедзеве (сёння Маладзечанскі раён) у сям’і Івана Корсака і Наталлі Глод. Бацька быў кіраўніком царкоўнага хору, з прыходам саветаў быў арыштаваны і адпраўлены ў Сібір...» І адразу ж усе ў машыне ўзгадалі, што гэтае Лебедзева, дзе нарадзілася першая жонка Барыса Кіта, знаходзіцца недалёка ад Таццянінага Маркава.

***

27.08.2015. Знаёмячыся з рукапісам кнігі пра мастака Аляксея Кузьміча, натрапіў на ўспаміны Міхаіла Шэлехава: «Снится, например, ему царь Петр Первый. Вызвал он к себе Кузьмича в Петербург, пожаловался ему художник на козни врагов. А император положил его голову себе на грудь, поцеловал: «Тяжко тебе, потому что ты от Бога. А думаешь, мне легко? Пошли ко мне, будем вместе работать». Пошли во дворец. Подали им на стол вина, закусок, выпили. «Ну, ты пиши меня, а я буду бояр принимать»,– сказал царь. Кузьмич царя пишет, а Петр Великий бояр за бороды дерет – за воровство, за нерадивость: сколько будете Россию грабить! Стыд, позор! И за ножницы – давай бороды стричь. А Кузьмичу говорит: «Такая судьба царей и художников – сурово учить проходимцев».

***

28.08.2015. Ва ўспамінах Паўліна Мядзёлка гаворыць пра Цётку: «У мяне склалася ўражаньне, што Цётка зьяўляецца хутчэй кватаранткай, чымся гаспадыняй у сваім доме. Яна займала асобны пакой, вельмі просценька абсталяваны. Прымала яна. толькі ў гэтым пакоі. Здавалася, што Цётка з мужам жылі кожны сваім асобным жыцьцём.» Нічога тут ненармальнага няма ў тым, што Цётка са сваім мужым спалі ў розных пакоях. Так жылі арыстакраты. Мы з Людмілай хоць і не арыстакраты, а спім у розных пакоях. З гэтай нагоды ўспамінаюцца радкі, якія ў свой час пачуў ад бацькі: «Праз сценку жылі, а дзеці былі.»

***

29.08.2015. Не любячы адзін аднаго, мы хочам, каб нас усе любілі..

***

29.08.2015. Апалая лістота ў вадзе, як сонныя залатыя рыбкі.

***

29.08.2015. Час пераліваецца ў ваду, а вада – у час.

***

30.08.2015. Поўня, як засмок на целе неба.

***

30.08.2015. З Людмілай глядзелі фільм Андрэя Хржаноўскага «Полторы комнаты, или Сентиментальное путешествие на Родину» пра Іосіфа Бродскага. Гэты фільм зняты па творах паэта, па ягоных малюнках і матэрыялах біяграфіі. Пасля прагляду ёсць над чым падумаць і пра што пагаварыць, і потым перачытаць вершы Бродскага, пачаўшы з радкоў: «Не выходи из комнаты, не совершай ошибку. Зачем тебе Солнце, если ты куришь Шипку?»

***

30.08.2015. Ранкам з Людмілай хадзілі ў Свята-Петрапаўлаўскі сабор. Стаялі на ўваходзе. Народу – не прайсці. Як ніколі было вельмі шмат дзяцей. І толькі, як людзі пачалі разыходзіцца, даведаліся, што ўсе маліліся за новы навучальны год. Мы з Людмілай шчасліва ўсміхнуліся: «У школу нам дзяцей збіраць не трэба. Вераніка ўжо трэці год працуе, а Максім на пятым курсе Беларускай акадэміі мастацтваў.»

***

30.08.2015. Жоўты бярозавы ліст прыліп да шыбы, як мне напамін пра адзін дзень, што застаўся да верасня.

***

31.08.2015. З нагоды пачатку навучальнага года ўзгадаўся вершык з маіх школьных гадоў: «Першы клас купіў каўбас. Другі смажыў, трэці еў, а чацвёрты праз дзюрачку глядзеў.» Прыемна было ў трэці клас ісці, а ў чацвёрты не хацелася.

Зубы

31.08.2015. У пісьменніка А. М. ужо гадоў дваццаць таму сапсаваліся зубы. Дакладней, у яго іх амаль не было. Некалькі месяцаў таму А. М. адважыўся напоўніць свой рот новымі зубамі. На мінулым тыдні тры гадзіны доктар поркаўся ў роце пісьменніка: пілаваў, клеіў, стукаў. Папярэдне паставілі першыя часовыя пластмасавыя зубы. Знізу тры і зверху шэсць. Дзякуючы доктару за працу, А. М. пацікавіўся: «А як мы іх потым дастанем?» – «Не хвалюйцеся! Я малаточкам пастукаю і яны адваляцца!» – адказаў доктар. Задаволены пісьменнік спакойна пакінуў кабінет. Прыйшоў дамоў. Адчыніў акно. У кватэру заляцеў вецер. Пісьменнік чыхнуў і. з рота вылецелі ўсе пластмасавыя зубы.

***

31.08.2015. Мексіканская прымаўка: «Яны спрабавалі пахаваць нас, але яны не ведалі, што мы насенне.»

***

31.08.2015. Спілаваная бяроза, падаючы, чаплялася галінамі за неба, і сыпаліся на зямлю зоркі і залатая лістота. Толькі зорак ніхто не бачыў.

***

31.08.2015. Сёння мінула 74 гады, калі з жыцця праз самагубства пайшла Марына Цвятаева.

Уж сколько их упало в эту бездну,

Разверзтую вдали!

Настанет день, когда и я исчезну

С поверхности земли.

Застынет все, что пело и боролось,

Сияло и рвалось.

И зелень глаз моих, и нежный голос,

И золото волос.

И будет жизнь с ее насущным хлебом,

С забывчивостью дня.

И будет все – как будто бы под небом

И не было меня!..

***

31.08.2015. Мая хата стаіць на беразе дня, як на беразе мора. І сонца павольна апускаецца за небакрай, нібыта баіцца напалохаць мяне сваім знікненнем.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю