355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Вера Смирнова » Героi Элады (З мiфаў старажытнай Грэцыi) (на белорусском языке) » Текст книги (страница 7)
Героi Элады (З мiфаў старажытнай Грэцыi) (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 8 сентября 2016, 23:20

Текст книги "Героi Элады (З мiфаў старажытнай Грэцыi) (на белорусском языке)"


Автор книги: Вера Смирнова


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 7 (всего у книги 7 страниц)

Увечары прыплыла залатая лодка, i Геракл папрасiў Гелiёса перавезцi яго са статкам на зямлю.

– Што скажуць людзi, калi ўбачаць, што Сонца вяртаецца назад? – сказаў Гелiёс.

Але смелы герой спадабаўся богу Сонца, ён аддаў яму сваю лодку, а сам застаўся начаваць на выспе.

У залатой лодцы Гелiёса Геракл давёз чырвоны статак да краю зямлi i пагнаў яго цераз горы, цераз чужыя краiны – у Грэцыю.

Па дарозе здарылася з iмi шмат прыгод. Каля ракi Тыбра велiкан Как украў у яго некалькi валоў. Гераклу давялося з iм бiцца, i герой забiў велiкана.

Потым адзiн вол звалiўся ў мора; хвалi аднеслi яго ў Сiцылiю, i Гераклу трэба было, пакiнуўшы статак на Гефеста, плыць на выспу i бiцца з царом Сiцылii, якi не хацеў аддаваць вала.

Нарэшце, ужо непадалёку ад Аргоса, Гера, якая ўсяляк старалася перашкодзiць Гераклу, напалохала валоў, i яны разбеглiся. Ледзьве сабраў iх Геракл i прывёў у Мiкены. А цар Еўрысфей падарыў увесь чырвоны статак сваёй заступнiцы Геры.

Адзiнаццаты подзвiг

Геракл даходзiць да краю свету i здабывае яблыкi Гесперыд

Даўным-даўно, калi на светлым Алiмпе багi спраўлялi вяселле Зеўса i Геры, Гея-Зямля падарыла нявесце чароўнае дрэва, на якiм раслi залатыя яблыкi.

Гэтыя яблыкi вярталi чалавеку маладосць, i той, хто змог бы iх дастаць, нiколi б не састарыўся.

Але нiхто з людзей не ведаў, дзе знаходзiцца сад, у якiм расла дзiвосная яблыня.

Пакуль Геракл, па загаду цара, хадзiў па зямлi i змагаўся са страшыдламi, Еўрысфей у сваiм палацы старэў i з кожным днём рабiўся ўсё больш слабым i баязлiвым. Ён пачаў ужо баяцца, што Геракл, перамогшы ўсiх на свеце, перастане яго слухацца i сам захоча стаць царом над усёй Грэцыяй. Еўрысфей вырашыў паслаць Геракла так далёка, каб ён не вярнуўся назад. Цар загадаў герою здабыць тры залатыя яблыкi з дрэва маладосцi.

Геракл выправiўся ў свет шукаць залатыя яблыкi. Ён зноў абышоў усю Грэцыю з канца ў канец, пабываў у халоднай паўночнай краiне гiпербарэяў* i прыйшоў да ракi Эрыдану, дзе ўжо быў адзiн раз. Нiмфы пазналi яго, пашкадавалi i навучылi, каб ён папрасiў парады ў марскога цара Нерэя, якi бачыў усё, што схавана ад вока людзей.

* Так старажытныя грэкi называлi народ, што жыў на самай поўначы Грэцыi.

Геракл пайшоў да мора i пачаў клiкаць марскога цара. Хвалi хлынулi на бераг, i на шустрых дэльфiнах усплылi наверх вясёлыя Нерэiды, дочкi марскога цара, а за iмi паказаўся ўдалечынi стары Нерэй з доўгай сiвой барадой. Геракл завабiў яго на бераг, абхапiў сваiмi магутнымi рукамi i сказаў, што не выпусцiць яго, пакуль ён не скажа, дзе расце чароўная яблыня Геры. Нерэй раптам перакiнуўся ў вялiкую рыбiну, i яна выслiзнула з рук Геракла. Ён хуценька наступiў ёй на хвост – рыбiна засыкала i ператварылася ў змяю. Герой схапiў змяю i хацеў задушыць – змяя перакiнулася ў агонь. Геракл зачэрпнуў вады з мора, каб залiць агонь, – агонь ператварыўся ў ваду, вада пацякла ў мора. Герой перагарадзiў ёй дарогу i выкапаў ямку сваёй дубiнкай – вада ўзнялася з ямкi i стала дрэвам. Геракл выцягнуў меч i хацеў ссекчы дрэва – яно перакiнулася ў белую птушку. Геракл узлаваўся, схапiў свой лук i ўжо напяў цецiву. Тады Нерэй прыняў свой першапачатковы выгляд i расказаў Гераклу, што дрэва маладосцi расце на краi свету, у садзе нiмф Гесперыд, дачок тытана Атланта, што пiльнуе яго стовокi дракон, а Гесперыды сочаць, каб ён не заснуў нi ўдзень нi ўночы, i што дарога на край свету ляжыць цераз Лiвiйскую пустыню. Геракл загадаў, каб Нерэй перанёс яго цераз мора ў Лiвiю, i пайшоў шукаць край свету.

Доўга iшоў ён па сыпучых пясках пустынi i сустрэў велiкана ростам з карабельную мачту.

– Стой! – закрычаў велiкан. – Што табе трэба ў маёй пустынi?

– Я iду на край свету, шукаю сад Гесперыд, дзе расце дрэва маладосцi, адказаў Геракл.

– Тут я гаспадар, – сказаў велiкан. – Я – Антэй, сын Зямлi. Я нiкога не прапускаю цераз пустыню; ты павiнен дужацца са мною. Калi пераможаш мяне пойдзеш далей. Калi не – застанешся тут. – I ён паказаў на кучу чарапоў i касцей, напалову засыпаных пяском.

Нiчога не зробiш, давялося Гераклу дужацца з сынам Зямлi.

Спачатку яны кружылiся адзiн вакол аднаго, нiбы звяры, потым разам напалi адзiн на аднаго, сашчапiлiся рукамi i сцiскалi адзiн аднаго з усяе сiлы. Антэй быў вялiзны, цяжкi i моцны, як камень, але Геракл быў дужэйшы – ён павалiў велiкана на зямлю. Антэй адразу ж усхапiўся i рынуўся на Геракла. Зноў дужалiся яны, i другi раз Геракл павалiў Антэя. I зноў, дакрануўшыся да зямлi, Антэй хуценька ўсхапiўся i, смеючыся, адбiваў удары Геракла. Трэцi раз павалiў герой велiкана, i Антэй зноў лёгка падняўся, быццам ад таго, што ён упаў, у яго пабольшала сiлы...

Геракл здзiвiўся сiле велiкана. Раптам ён успомнiў, што Антэй – сын Зямлi, i зразумеў, што Зямля-мацi падтрымлiвала свайго сына i кожны раз, як ён дакранаўся да яе, давала яму новую сiлу. Тады Геракл iмклiва напаў на Антэя, схапiў яго, падняў угору i трымаў над зямлёй – i адразу Антэй страцiў сiлу i задыхнуўся ў магутных руках героя.

Геракл без перашкод пайшоў далей.

Нарэшце дабраўся ён да краю свету, дзе неба апускаецца да зямлi. Там, на самым краi, стаяў тытан Атлант i трымаў на сваiх плячах нябесны купал. Ён стаяў гэтак ужо шмат гадоў, таму што ўладар свету Зеўс прызначыў яго на гэту работу i нiхто за ўвесь час не падмянiў яго.

– Хто ты i чаго прыйшоў на край свету? – спытаў Атлант Геракла.

– Мне патрэбны тры залатыя яблыкi з дрэва маладосцi, што расце ў садзе Гесперыд, – адказаў Геракл.

– Табе не дастаць гэтых яблык. Iх пiльнуе стовокi дракон, ён не спiць нi ўдзень нi ўночы i нiкога не падпускае да дрэва, – сказаў Атлант. – Ды я магу памагчы табе: Гесперыды – мае дочкi.

Геракл узрадаваўся i пачаў прасiць тытана памагчы яму.

– Стань на маё месца, – сказаў Атлант, – i патрымай неба, а я пайду ў сад Гесперыд i прынясу табе тры залатыя яблыкi.

Геракл палажыў на зямлю сваю зброю i львiную шкуру, стаў побач з тытанам i падставiў плечы пад нябесны купал. Атлант расправiў стомленую спiну i пайшоў у сад Гесперыд. I пакуль ён хадзiў па яблыкi, Геракл стаяў на краi зямлi i трымаў на плячах неба. Нарэшце Атлант вярнуўся i прынёс тры залатыя яблыкi.

Геракл пачаў дзякаваць яму, але тытан сказаў:

– Каму трэба аддаць гэтыя яблыкi? Скажы, я пайду i аддам. Мне хочацца пагуляць па зямлi. Абрыдла стаяць нерухома тут, на краi свету, i трымаць гэтае цяжкае неба. Я рады, што знайшоў сабе замену. Бывай!

I ён хацеў пайсцi.

– Пачакай, – сказаў Геракл. – Дай я толькi падлажу сабе на плечы львiную шкуру, каб нябесны купал не намуляў мне шыю. Пакладзi яблыкi на зямлю i вазьмi на хвiлiнку неба, пакуль я ўладкуюся зручней.

Атлант паклаў на зямлю залатыя яблыкi i зноў узвалiў неба сабе на спiну. Геракл падняў з зямлi свой лук i калчан, узяў тры залатыя яблыкi, захутаўся ў iльвiную шкуру, пакланiўся Атланту i пайшоў. Ён iшоў шпарка i нi разу не азiрнуўся. Але зоркi падалi дажджом, i ён здагадаўся, што Атлант злуецца i моцна трасе неба.

Схаваўшы залатыя яблыкi на грудзях пад плашчом, Геракл спяшаўся ў Мiкены i радаваўся, што выканаў i гэты загад цара.

– Вось я прынёс табе яблыкi Гесперыд – цяпер ты зноў можаш стаць маладым! – сказаў Геракл Еўрысфею.

Але цар быў так уражаны, убачыўшы перад сабою Геракла жывога i здаровага, што не ўзяў залатыя яблыкi i прагнаў яго прэч.

Геракл падаўся дадому i па дарозе думаў, што яму рабiць з залатымi яблыкамi. Раптам перад iм з'явiлася багiня розуму i мудрасцi Афiна.

"Мудрасць даражэй за маладосць", – падумаў Геракл i аддаў Афiне тры залатыя яблыкi.

А яна вярнула iх у сад Гесперыд на дрэва Геры.

Дванаццаты подзвiг

Геракл спускаецца ў царства мёртвых i перамагае Кербера

Усю зямлю з усходу да захаду абышоў Геракл, ваяваў i працаваў, змагаўся са страшыдламi i са злымi людзьмi, пракладваў дарогу на вяршыню гары, разам з Сонцам пераплываў акiян, дайшоў да края свету – i вярнуўся пераможцам.

Тады Еўрысфей, страцiўшы надзею пазбавiцца ад Геракла, вырашыў паслаць яго туды, адкуль нiхто са смяротных яшчэ нi разу не прыходзiў назад, – у краiну мёртвых, у падземнае царства Аiда.

Каля медных варот Тартара – каля ўвахода ў царства мёртвых – дрэмле на варце страшны трохгаловы сабака Кербер. У яго на шыi замест поўсцi выгiнаюцца чорныя змеi, хвост у яго – жывы дракон, а з разяўленых пашчаў вылятаюць тры языкi полымя. Калi адчыняюцца вароты i ў царства Смерцi заходзiць бледны цень чалавека, Кербер ветлiва вiляе хвастом i ад лютай весялосцi, стараецца лiзнуць прышэльца сваiмi вогненнымi языкамi. Але гора таму, хто захоча вярнуцца!..

Апошнi раз паклiкаў да сябе Геракла цар Еўрысфей i сказаў яму:

– Прывядзi да мяне Кербера з царства Аiда, i гэта будзе твая апошняя служба мне!

Геракл нiчога не адказаў i рушыў у дарогу..

Ён знайшоў пячору Тэнара, адкуль па русле падземнай ракi трэба было спускацца ў глыб зямлi.

Страшна жывому па сваёй ахвоце iсцi ў царства смерцi!

Геракл спынiўся каля ўвахода ў пячору, паглядзеў на зямлю ў квеценi, на сiняе мора, на ўвесь цёплы сонечны свет, i сумна i страшна зрабiлася яму. Але ён перасiлiў сум i страх i адважна ступiў у цемру. I адразу пачуў за сабой лёгкiя крокi. Гэта даганяў яго Гермес, крылаты вястун Зеўса, якога ўладар свету паслаў правесцi Геракла да Аiда. Гермес узяў героя за руку, i ўдвух яны пачалi спускацца ў падземнае царства.

Неўзабаве ў змроку забялела высокая скала: пад ёю ледзь чутна сонна струменiла цiхая рака, зарослая высокай травою без колеру i паху. Геракл нагнуўся да ракi, каб напiцца.

– Не пi, – спынiў яго Гермес, – гэта Лета, рака Забыцця. Хто нап'ецца вады з яе, той забудзе ўсё на свеце.

Яны пайшлi далей, i Геракл убачыў свайго старога настаўнiка i свайго юнага сябра, што памёр у паходзе. Геракл радасна кiнуўся да iх, працягваючы iм рукi, але яны глядзелi на яго нежывымi вачамi, не пазнаючы, быццам не бачачы яго, i, як ценi, слiзганулi мiма.

– Яны не пазнаюць цябе, – сказаў Гермес. – Яны пiлi з ракi Забыцця i ўсё забылi.

Але адзiн цень раптам спынiўся, наблiзiўся. Геракл пазнаў калiдонскага цара Мелеагра.

– Геракл, – сказаў цiха цень цара, – памажы мне. На зямлi я пакiнуў сястру Дэянiру, юную i безабаронную. Думкi пра яе трывожаць мяне i тут. Прашу цябе: вазьмi яе да сябе ў дом, ажанiся з ёю, – яна будзе табе вернаю жонкай. А я супакоюся навек.

I Геракл паабяцаў выканаць просьбу сябра.

Усё нiжэй i нiжэй спускалiся яны ў глыб зямлi i раптам убачылi чалавека, якi цягнуў на самы верх падземнай гары вялiзны цяжкi камень. Увесь спацелы i запылены, напружваючы ўсе сiлы, ён аберуч старанна кацiў угору камень, падпiраючы яго ўсiм сваiм целам. Усяго адзiн крок заставаўся яму да вяршынi гары, як раптам камень вырваўся з аслабелых рук i з грукатам пакацiўся ўнiз. Чалавек паспешлiва спусцiўся за iм да падножжа гары i зноў пацягнуў сваю цяжкую ношу. I зноў, не дасягнуўшы вяршынi, сарваўся i ўпаў камень, i зноў спусцiўся ўнiз i без адпачынку, без перадыху пацягнуў яго наверх чалавек.

Геракл спынiўся i пазiраў на гэтую цяжкую i марную працу.

Гэта быў Сiзiф з Карынфа, асуджаны вечна цягаць гэты цяжкi камень – за сквапнасць, за тое, што пры жыццi прысвойваў сабе чужыя багаццi, за тое, што пражыў на зямлi не працуючы.

Далей пайшоў Геракл са сваiм спадарожнiкам Гермесам i ўбачыў чалавека, якi стаяў у празрыстай i чыстай вадзе. Вада даходзiла яму да плячэй, але ледзь толькi ён нагiнаўся, каб прагнаць смагу, змачыць перасохлыя, чорныя губы, вада iмгненна спадала, знiкала, хавалася ўся ў зямлi. З берага схiлялiся да чалавека галiны, якiя гнулiся ад пладоў, янтарная гронка вiнаграду амаль датыкалася да яго твару. Але як толькi ён працягваў руку, каб сарваць румяны яблык або сакавiты гранат, галiны ўзнiмалiся высока-высока, i галодны не мог дацягнуцца да iх.

Геракл пазнаў чалавека, якога гэтак жорстка пакаралi.

Гэта быў Тантал, цар Сiпiла, калiсьцi любiмец багоў i самы шчаслiвы са смяротных, навекi асуджаны ўладаром свету Зеўсам за падман багоў, за вераломства, за непамерную, шалёную зайздрасць.

З цяжкiм сэрцам праходзiў Геракл мiма страшных прывiдаў падземнага царства. Нарэшце ён прыйшоў на бераг падземнай ракi Ахеронта. Каля берага чакала чорная лодка. Змрочны i маўклiвы перавозчык Харон стаяў з вяслом у руцэ на карме, i ценi памёршых нясмела працягвалi яму манету, якую клапатлiвыя родныя палажылi нябожчыку ў рот пры пахаваннi.

Стары Харон здзiвiўся, убачыўшы жывога ў царстве мёртвых, але Гермес загадаў яму прапусцiць Геракла ў лодку. Лодка паплыла ўпоперак чорнай нерухомай ракi. Ценi памёршых з роспаччу пазiралi назад, быццам хацелi апошнi раз убачыць тое, што яны пакiнулi на зямлi. Лодка плыла цераз Ахеронт, i неўзабаве наблiзiўся пустынны бераг. Геракл з Гермесам выйшлi з лодкi першыя i рушылi разам з натоўпам да медных варот Аiдава царства. Цяжкiя вароты былi шырока расчынены, i каля iх Геракл убачыў Кербера. Сабака лянiва памахаў сваiм страшным хвастом i адышоўся, прапускаючы героя.

– Ён яшчэ не ведае, чаго ты прыйшоў сюды, – сказаў Гераклу спадарожнiк, а то ён сустрэў бы цябе iнакш.

З жаласным стогнам ценi памёршых увайшлi ў шырокiя вароты i рушылi да палаца падземнага царства.

Там, у вялiкай i змрочнай зале, перад тронам Аiда сядзелi строгiя i непадкупныя суддзi мёртвага царства: Радамант, Эак i Мiнас. Яны судзiлi кожнага за яго жыццё, за яго зямныя справы i кожнаму прызначалi па заслугах пакаранне або ўзнагароду.

Убачыўшы жывога чалавека ў палацы ўладара мёртвых, здзiвiлiся i суддзi i слугi Аiда. А Геракл спакойна стаяў перад тронам падземнага цара, з iльвiнай шкурай на плячах, трымаючы ў руках сваю дубiнку, i папрасiў Аiда дазволiць яму вывесцi на святло Кербера, каб паказаць яго цару Еўрысфею.

– Я дазволю табе, – сказаў яму Аiд, – узяць на нейкi час з сабою на зямлю майго сабаку, калi ён выпусцiць цябе адсюль i калi ты зможаш узяць яго, не паранiўшы, без мяча i без стралы, аднымi сваiмi рукамi.

Геракл падзякаваў Аiду i пайшоў назад да медных варот. Цяпер яны былi зачынены, i Кербер спаў перад iмi, паклаўшы ўсе тры галавы на чорную дарогу.

Пачуўшы крокi Геракла, ён прачнуўся, усхапiўся, сярдзiта загыркаў, i дракон на канцы хваста грозна разявiў пашчу.

Геракл хуценька наблiзiўся да Кербера i, выставiўшы ўперад сваю левую руку, абгорнутую ў iльвiную шкуру, правай рукой схапiў сабаку за шыю. Сабака завыў; жудаснае выццё яго разнеслася па ўсiм падземным царстве. Ён ухапiўся зубамi ўсiх трох галоў за левую руку героя, лiзаў яе вогненнымi языкамi, усе змеi на яго спiне ўпiлiся ў iльвiную шкуру, але яе нельга было пракусiць, i Геракл не адчуваў болю. Моцна сцiскаў ён шыю сабакi i цягнуў яго за сабою, на бераг ракi, да перавозу. Нарэшце напаўзадушаны Кербер захiстаўся, аслабеў i лёг перад Гераклам. Герой надзеў яму ланцуг на шыю i павалок за сабою, i страшны сабака падземнага царства паслухмяна паплёўся за пераможцам.

Харон жахнуўся, убачыўшы Геракла з Керберам, але не адважыўся затрымаць iх i перавёз на другi бок.

Калi яны наблiзiлiся да выхада на зямлю, Кербер жаласна заскуголiў i амаль поўз за Гераклам. А калi яны выйшлi са змроку на зямны вольны прастор, сонечнае святло асляпiла падземнага вартаўнiка; ён задрыжаў, закалацiўся, жоўтая пена закапала з яго пашчаў, i ўсюды, дзе яна падала на зямлю, вырастала ядавiтая трава.

Геракл прывёў Кербера ў Мiкены i прымусiў Еўрысфея зiрнуць на яго. Але Еўрысфей затулiў твар рукамi i ад страху пачаў прасiць Геракла найхутчэй завесцi страшнага сабаку назад.

– Ну, бяжы, вяртайся назад i чакай цара каля варот, – сказаў Геракл i зняў з Кербера ланцуг.

I сабака як згледзець вокам памчаўся ў царства мёртвых.

Так закончылася служба Геракла Еўрысфею, i цар адпусцiў героя.

Геракл у палоне

Закончыўшы сваю службу ў цара Еўрысфея, здзейснiўшы дванаццаць подзвiгаў, Геракл вярнуўся дадому. Тут яго чакалi новыя выпрабаваннi.

Даверлiвы i добры, Геракл часта бываў нецярплiвы, запальчывы i ў гневе не памятаў сябе.

Аднойчы хлопчык-слуга падаў яму напiцца вады, якая прызначалася, каб умывацца. Геракл зазлаваў, стукнуў яго i забiў незнарок. Тады, каб навучыць героя цярплiвасцi, Зеўс наслаў на яго доўгую пакутлiвую хваробу. Адважны герой, якi не баяўся нi дзiкiх звяроў, нi страшыдлаў, нi варожага войска, не мог цярплiва пераносiць боль. Ён не вытрымаў, звярнуўся да Апалона i запатрабаваў, каб бог святла, якi ведае будучае людзей, сказаў яму, калi ён паправiцца i скончацца яго пакуты. Апалон не захацеў адкрыць герою гэтую тайну. Геракл раз'юшыўся i ўзняў руку на бога святла. Грамавержац разгневаўся, паслаў хмару, каб яна разняла задзiр, i загадаў Гермесу пакараць непакорнага героя.

Хiтры бог гандлю прадаў Геракла лiдзiйскай царыцы Амфале за тры медныя манеты на тры гады ў рабства.

Вясёлая царыца Амфала не пасылала Геракла ў далёкiя паходы i не патрабавала ад яго геройскiх спраў i перамог. Яна адабрала ў героя зброю – яго меч i лук са стрэламi, зняла з плеч iльвiную шкуру, апранула Геракла ў жаночае адзенне i дзеля пацехi прымушала яго, нiбы служанку, прыслужваць ёй.

Яна садзiла яго за праснiцу разам з жанчынамi i весялiлася, слухаючы, як казкi, яго расказы пра далёкiя вандроўкi, цяжкiя паходы i жорсткiя бiтвы.

Гэты палон у Амфалы быў для героя цяжэйшы за самыя мудрагелiстыя даручэннi Еўрысфея. I часта Геракл так сумаваў i нудзiўся, што царыцы надакучваў яго змрочны выгляд, яна аддавала яму лук i стрэлы i дазваляла пагуляць па ваколiцах.

Аднойчы Геракл зайшоў вельмi далёка, у суседнюю з Лiдзiяй краiну, стомлены лёг пад дрэва i заснуў. Праз сон ён адчуў нейкую мiтусню вакол сябе, быццам маленькiя звяркi бегалi па яго целе. Ён прачнуўся, працягнуў руку, злавiў аднаго.

Гэта быў не звярок, а смешны карлiк – кекроп.

Шмат iх варушылася каля героя на зямлi – iм спадабаўся лук Геракла, i яны збiралiся сцягнуць яго. Геракл пачаў лавiць iх, звязваць за рукi, за ногi; потым начапiў iх на доўгую палку i панёс у Лiдзiю.

Кекропы не спалохалiся: яны скакалi па палцы, спрабуючы вызвалiцца, гучна пiшчалi i так пагражалi Гераклу i сварылiся на яго, што Геракл смяяўся ўсю дарогу.

Гледзячы на гэты маленькi смелы народ, Геракл развесялiўся.

Ён дайшоў да мяжы iх царства, развязаў сваiх маленькiх палонных i адпусцiў на волю, а сам вярнуўся да Амфалы i пачаў патрабаваць i сабе волi. I Амфала ўрэшце адпусцiла яго.

Геракл вызваляе Праметэя

Шмат яшчэ подзвiгаў здзейснiў Геракл, i iмя яго праславiлася па ўсёй Грэцыi.

Калi Язон пабудаваў быстраходны карабель "Арго" i паклiкаў герояў Грэцыi, каб плыць за тры моры, у Калхiду, здабываць залатое руно, магутны Геракл выправiўся ў паход разам з адважнымi арганаўтамi.

Але па дарозе, на адной са стаянак "Арго" каля берага невядомай зямлi, Геракл зайшоў далёка ў прыбярэжны лес, не вярнуўся ў час на карабель, i арганаўты паплылi далей без яго. А Геракл па сушы падаўся ў глыб краiны i неўзабаве прыйшоў у горы.

Дзiкi i велiчны край адкрыўся перад iм. Градою ўзвышалiся высокiя горы, каля падножжа зарослыя густым лесам, а на вяршынях пакрытыя вечным снегам. Чым вышэй падымаўся герой, тым усё больш суровыя i непрыступныя рабiлiся горы. Нарэшце ён забраўся на голую скалу, якая абрывалася па-над морам.

Раптам Геракл пачуў голас, якi клiкаў яго, i ўбачыў прыкаванага да скалы тытана.

Геракл пазнаў Праметэя – сына Фемiды, багiнi справядлiвасцi, i тытана Iапета, ад якога пачаўся на зямлi род чалавечы.

Калiсьцi, у даўнiя-даўнiя часы, людзей на зямлi было мала. Нiбы звяры, блукалi яны па лясах, палявалi на зверыну, елi сырое мяса, дзiкiя плады i каранi, укрывалiся звярынымi шкурамi i ў непагадзь хавалiся ў пячорах i дуплах дрэў. Розум у iх быў, як у малых дзяцей; яны былi бездапаможныя ў жыццi i безабаронныя супраць драпежных звяроў i грозных сiл прыроды.

Праметэй пашкадаваў людзей i захацеў памагчы iм.

Ён пайшоў да свайго сябра Гефеста, сына Зеўса, цудоўнага каваля i майстра. На выспе Лемнас, у нетрах вогнедышнай гары, была майстэрня Гефеста. Горача палаў у вялiзным горне свяшчэнны агонь, без якога немагчыма нiводнае мастацтва i майстэрства. Тры аднавокiя велiканы – Кiклопы – працавалi ў майстэрнi Гефеста. Дзве статуi, якiя ён сам адлiў з золата, рухалiся, нiбы жывыя, па майстэрнi, i кульгавы бог-каваль абапiраўся на iх, калi куды-небудзь iшоў.

Праметэй застаў Гефеста за работай – бог-каваль каваў вогненныя стрэлы-маланкi для Зеўса-Грамавержца. Праметэй стаяў i глядзеў, як па-майстэрску працуе Гефест. Калi ж Кiклопы пачалi мяхамi раздзiмаць агонь у горне i палаючыя iскры разляцелiся па ўсёй майстэрнi, Праметэй злавiў свяшчэнную iскрынку i схаваў у пустой трысцiнцы, якую трымаў у руцэ. Гэтую трысцiнку з iскрай свяшчэннага агню Праметэй прынёс людзям, i людзi запалiлi ад яе ўсюды на зямлi вогнiшчы, ачагi i горны. Людзi навучылiся змагацца з прыродай, здабываць схаваныя ў нетрах зямлi медзь i жалеза, золата i серабро i вырабляць з iх розныя рэчы, зброю i ўпрыгожаннi. Людзi пачалi будаваць сабе жыллё з дрэва i каменя i караблi з ветразямi, каб плаваць па рэках i морах. Людзi прыручылi дзiкiх жывёл i прымусiлi каня насiць на сабе чалавека, а казу i карову – кармiць яго, а ў авечкi пачалi браць цёплую i моцную воўну для вопраткi. Святло ад свяшчэннага агню праяснiла думкi людзей, абудзiла iх сонны розум, запалiла ў сэрцы iмкненне да шчасця.

I яшчэ шмат чаму навучыў Праметэй людзей з дапамогай свяшчэннага агню. Ён навучыў iх гатаваць лекавы сок з раслiн, якiя памагаюць пры хваробах i ранах, i людзi пазбавiлiся ад вечнага страху смерцi. Праметэй адкрыў iм навуку лiчбаў i навучыў запiсваць знакамi словы, каб перадаваць свае думкi тым, хто жыве далёка.

З гордасцю глядзеў Праметэй, як людзi робяцца дужэйшыя, разумнейшыя i спрытнейшыя ў любой рабоце.

Але ўладар свету Зеўс разгневаўся на Праметэя i вырашыў жорстка пакараць выкрадальнiка свяшчэннага агню. Цар багоў паслаў сваiх слуг Сiлу i Ўладу схапiць Праметэя i адвесцi яго на край свету, у бязлюдную горную краiну, а Гефесту загадаў прыкаваць тытана да гары. Горка было Гефесту выконваць гэты загад – Праметэй жа быў яго сябар, але такая была воля Зеўса. Гефест закаваў рукi i ногi Праметэя ў жалезныя кольцы, а потым моцным ланцугом прыкаваў яго да каменнай глыбы, вострым алмазным клiнам прабiў яму грудзi i прыбiў яго да скалы.

I загадаў Зеўс, каб назаўсёды, на векi вякоў, застаўся Праметэй прыкутым да гэтай скалы.

Мiнулi стагоддзi. Шмат што змянiлася на зямлi. Толькi не канчалiся мукi Праметэя. Сонца пякло яго высахлае цела, сцюдзёны вецер замятаў яго калючым снегам. Кожны дзень у вызначаны час прылятаў вялiзны арол, разрываў кiпцюрамi цела тытана i дзяўбаў яго печань. А ўночы раны гаiлiся зноў.

Ды нездарма ён насiў iмя "Праметэй", што азначае "прадбачлiвы": ён ведаў, што надыдзе часiна, i сярод людзей на зямлi з'явiцца вялiкi герой, якi здзейснiць шмат подзвiгаў, каб ачысцiць зямлю ад лiха, i прыйдзе вызвалiць яго.

I вось нарэшце Праметэй пачуў крокi чалавека, якi iшоў па гарах, i ўбачыў героя, якога чакаў увесь час.

Геракл наблiзiўся да закаванага Праметэя i падняў ужо меч, каб збiць кайданы з тытана, але высока ў небе пачуўся крык арла: гэта Праметэеў арол у вызначаны час спяшаўся на свой крывавы баль. Геракл схапiў свой лук, пусцiў стралу ў арла i забiў яго.

Геракл разбiў ланцуг, якiм быў прыкуты Праметэй, выцягнуў у яго з грудзей алмазны клiн, якiм той быў прыбiты да скалы. I вызвалены Праметэй выпрастаўся, уздыхнуў на поўныя грудзi i яснымi вачыма зiрнуў на зямлю i на героя, якi прынёс яму свабоду i прымiрэнне з багамi.

Зеўс загадаў Гефесту зрабiць пярсцёнак са звяна ланцуга Праметэя i ўставiць у яго камень – асколак скалы, да якой быў прыкаваны тытан. Гэты пярсцёнак Зеўс загадаў Праметэю надзець на палец i заўсёды насiць яго, каб памятаў, што не парушана слова ўладара свету i навекi Праметэй прыкуты да скалы.

Канец Геракла

У бiтвах, у паходах, у вандроўках па свеце праходзiла жыццё Геракла. Ён абышоў усю Грэцыю, пабываў у шмат якiх гарадах, але нiдзе не жыў доўга, i доўга не меў нi сям'i, нi дома. Ды аднойчы ён успомнiў, што ў царстве мёртвых абяцаў сябру Мелеагру ажанiцца з яго сястрой Дэянiрай, i падаўся ў Калiдон, дзе яна жыла.

У Калiдоне ў гэты час iшлi спаборнiцтвы жанiхоў – шмат iх дамагалася прыгажунi Дэянiры. Раптам сярод жанiхоў з'явiўся рачны бог Ахелой – страшыдла з бычынымi рагамi на галаве, з зялёнай барадой, па якой струменiла вада. Убачыўшы такога сапернiка, усе жанiхi разбеглiся. Дэянiра горка плакала ад страху.

Геракл прыйшоў ёй на дапамогу. Ён распачаў бой з Ахелоем i выламаў у яго адзiн рог. Ахелой прызнаў сябе пераможаным, выпрасiў у Геракла назад свой рог, а Дэянiры падарыў узамен дзiвосны Рог багацця, поўны кветак i садавiны, якiя нiколi не зводзiлiся ў iм.

Геракл ажанiўся з Дэянiрай i падаўся з жонкай у горад Трахiн, дзе яны збiралiся жыць. Па дарозе iм давялося пераходзiць цераз раку. Тут яны сустрэлi кентаўра Неса, якi за плату пераносiў прахожых цераз раку на сваёй шырокай конскай спiне. Геракл пасадзiў жонку на спiну кентаўра, а сам пайшоў паперадзе. Ён ужо быў на сярэдзiне, ракi, як раптам пачуў крык Дэянiры i, азiрнуўшыся, убачыў, што кентаўр iмчыцца па беразе, несучы выкрадзеную красуню.

Геракл хуценька схапiў свой лук, i меткая страла ў адно iмгненне дагнала кентаўра.

Нес перад смерцю парашыў адпомсцiць Гераклу i сказаў Дэянiры:

– Кроў мая цячэ са смяртэльнай раны. Збяры i схавай яе – у ёй цудадзейная сiла. Калi Геракл калi-небудзь цябе разлюбiць, натры маёй крывёю яго вопратку – i каханне яго вернецца да цябе.

Дэянiра паверыла кентаўру, сабрала яго кроў i схавала.

Геракл з Дэянiрай пасялiлiся ў Трахiне, жылi добра. Неўзабаве ў iх нарадзiўся сын.

Iшлi гады. Сын вырас. Геракл часта адлучаўся з дому на вайну. Аднойчы ён доўга не вяртаўся з паходу, i Дэянiра вельмi непакоiлася. Яна хацела паслаць на пошукi бацькi сына, ды тут прыйшоў вястун ад Геракла i сказаў, што герой жывы i здаровы, вяртаецца дадому i пасылае ёй палонных, якiх ён захапiў у чужой краiне. Сярод палонных Дэянiра ўбачыла дзяўчыну незвычайнай прыгажосцi i спытала ў вестуна, хто яна такая. Хiтры вястун адказаў, што гэта не простая палоннiца, а дачка пераможанага цара, якую Геракл калiсьцi хацеў узяць за жонку.

Дэянiра бачыла, што царэўна маладзейшая за яе i прыгажэйшая, i думала, што Геракл цяпер разлюбiць яе i пакiне адну. Яна прыгадала перадсмяротную параду кентаўра Неса: яго запечанай крывёю нацерла новае святочнае адзенне, якое сама выткала для мужа, i паслала з ганцом Гераклу.

Геракл узяў падарунак жонкi i захацеў адразу ж надзець яго. Але як толькi адзенне дакранулася да цела, атрута з крывi Неса трапiла ў Геракла i быццам агнём пачала пячы яго. Геракл iрваў на сабе праклятую вопратку, але яна прырасла да цела i прычыняла нясцерпны боль. Яго ахапiла шаленства, ён кiдаўся ва ўсе бакi, крычаў i мучыўся невыказна. Калi пра гэта сказалi Дэянiры, няшчасная зразумела, што кентаўр ашукаў яе.

У роспачы, што яна загубiла мужа, Дэянiра кiнулася грудзьмi на меч i памерла.

Даведаўшыся пра смерць жонкi, Геракл перастаў стагнаць i кiдацца, сабраў апошнiя сiлы, наламаў галля ў лесе, склаў на пагорку вялiкi касцёр i накрыў яго львiнай шкурай. Потым ён лёг на яе, паклiкаў сына i папрасiў падпалiць галлё.

Але нi сын, нi таварышы не адважвалiся выканаць яго просьбу.

Раптам вялiкая чорная хмара закрыла сонца, блiснулi маланкi, загрымеў гром. Маланка з хмары стрэлiла ў касцёр i запалiла галлё. Вогнiшча разгарэлася, густы дым падняўся да неба.

Тады, нябачная ў гэтым дымным воблаку, спусцiлася з неба залатая каляснiца, i мудрая Афiна Палада памчала на Алiмп свайго героя. Там яго сустрэла з лагоднай усмешкай прымiрэння багiня Гера, узяла за руку i павяла на баль багоў.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю