355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Вера Смирнова » Героi Элады (З мiфаў старажытнай Грэцыi) (на белорусском языке) » Текст книги (страница 2)
Героi Элады (З мiфаў старажытнай Грэцыi) (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 8 сентября 2016, 23:20

Текст книги "Героi Элады (З мiфаў старажытнай Грэцыi) (на белорусском языке)"


Автор книги: Вера Смирнова


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 7 страниц)

Так гаварыла старая Палiксо, i жанчыны, падумаўшы, згадзiлiся з ёю. Хуценька запрэглi коней у каляснiцу, нагрузiлi яе кашамi з садавiнай i збанамi з вiном i паслалi вястунку да арганаўтаў – аддаць iм дарункi i запрасiць iх на банкет да царыцы Iпсiпiлы.

Арганаўты з радасцю прынялi запрашэнне, апранулi свае самыя лепшыя ўборы i выправiлiся ў горад. Толькi Геракл з юнаком Гiласам, Амфiярай i спявак Арфей засталiся вартаваць карабель.

Ветлiва сустракалi жанчыны герояў на вулiцах горада, шырока адчынялi перад iмi дзверы.

Язона прывялi ў палац царыцы, i яна сказала яму:

– Мы рады табе i тваiм таварышам. Будзьце гасцямi на нашым свяце. Праславiм уладара нашай выспы бога Гефеста i жонку яго – багiню Афрадыту!

Арганаўты разышлiся па ўсiм горадзе, i пачаўся вясёлы баль.

У час балю царыца сказала Язону:

– Бачыш, якая цудоўная наш выспа, якая багатая наша зямля. Палюбi гэтую зямлю i, калi хочаш, застанься з намi, жывi ў гэтым палацы i будзь царом у нашым горадзе. I таварышам сваiм загадай застацца на Лемнасе.

– Царыца, – сказаў Язон, – дзякуй за ласку i добрае слова, але я не магу застацца i быць царом на Лемнасе, хоць выспа твая i горад цудоўныя. Дарога мая далёкая i доўгая, i я павiнен выканаць тое, што абяцаў. Я павiнен здабыць залатое руно.

Царыца засмуцiлася. Яна так ласкава пазiрала на Язона, так весела гучалi песнi ў горадзе, так бесклапотна танцавалi прыгожыя дзяўчаты на плошчах i вулiцах, а старая Палiксо так лагодна бурчала: "Куды спяшацца? Навошта спяшацца шукаць пагiбель? Няхай небяспека сама шукае героя".

Баль змяняўся балем. Мiналi гадзiны, i днi, i ночы, а арганаўты i не думалi вяртацца на свой карабель.

Доўга чакаў iх Геракл, нарэшце сам падаўся ў горад i пачаў сварыцца на сваiх бесклапотных таварышаў:

– Хiба для таго пабудаваны наш "Арго", каб хвалi бiлi яго аб лемнаскi бераг? Хiба для таго збiраў нас Язон па ўсёй Грэцыi, каб баляваць у гасцях у жанчын? Спадарожны вецер гонiць "Арго" ў дарогу, моцна напяты прычальны канат вось-вось парвецца. Хто не хоча быць пестам i дармаедам у жанчын – наперад, у дарогу па залатое руно! У дарогу, арганаўты!

Прысаромленыя, быццам пасля пахмелля, арганаўты зноў сабралiся разам i пачалi рыхтавацца да адплыцця.

Лемнаскiя жанчыны прынеслi iм на карабель усё, чым багатая была выспа, i плакалi, развiтваючыся з героямi, бо палюбiлi iх i не хацелi расставацца з iмi.

– Жадаем вам шчасця i ў плаваннi, i ў вашай небяспечнай справе, – сказала Язону царыца Iпсiпiла i цiха дадала: – Калi ты здабудзеш залатое руно i зхочаш вярнуцца на Лемнас, я аддам табе горад, i ўладу, i сваё каханне. Помнi пра гэта.

Але слёзы былi ў яе на вачах, бо яна прадчувала, што арганаўты нiколi не вернуцца на Лемнас.

Геракл падняў з дна камень, якi трымаў карабель на месцы. Адвязалi ад лемнаскай скалы прычальны канат, i, згарнуўшыся, нiбы змяя, ён паслухмяна лёг каля ног рулявога.

Весляры былi на сваiх месцах.

Язон падаў знак – у момант узляцелi вёслы, i "Арго" зноў рушыў у дарогу.

Мядзведжая гара

Арганаўты плылi проста на ўсход i доўга не бачылi нiчога вакол, апрача мора i неба. Потым наперадзе паказаўся бераг. Памiж дзвюма градамi невысокiх прыбярэжных узгоркаў засiнела вузкая паласа пралiва. Хвалi з шумам грувасцiлiся ў пралiве, i белая пена бiлася каля берагоў.

Арганаўты наблiзiлiся да таго месца, дзе патанула Гела, упаўшы з залатога барана.

– Гелеспонт! – сказаў рулявы Тыфiс.

Быстраходнаму лёгкаму "Арго" былi не страшныя нi вiры, нi хуткае цячэнне, i арганаўты доўга плылi па вузкiм доўгiм пралiве, з цiкавасцю разглядаючы блiзкi бераг. Калi мiнулi пралiў, вырашылi зрабiць прыпынак, перш чым плыць цераз Прапантыду – другое мора, што ляжала на iх шляху. Яны наблiзiлiся да берага.

Перад iмi распасцiралася нiзкая зялёная раўнiна, парослая сакавiтай травою. Мора глыбока ўразалася ў гэтую раўнiну i ўтварала цiхi залiў. Вузкая дарожка, нiбы земляны масток, вяла ўгору, на высокую цёмную крутую гару, падобную на вялiкага ўскудлачанага мядзведзя.

Цiха i спакойна было на беразе. Чарада тлустых авечак хадзiла па пашы; каля самага мора сушылiся на сонцы рыбацкiя сеткi.

Арганаўты скiравалi свой карабель у залiў, знайшлi зручнае месца i прычалiлi. Людзi, што жылi на беразе, сустрэлi iх ветлiва. Гэта былi далiёны, дабрадушнае i мiрнае племя.

Далiёны расказалi арганаўтам, што вядуць свой род ад бога мораў Пасейдона, што Пасейдон – iх заступнiк i абаронца ад усiх ворагаў. Яны паказалi на высокую гару, якая навiсала над залiвам, i сказалi, што гэта Мядзведжая гара. На ёй жывуць шасцiрукiя велiканы; яны магутныя i лютыя, але баяцца Пасейдона i таму не чапаюць далiёнаў.

Неўзабаве з'явiўся на бераг i цар далiёнаў. Ён быў вельмi малады, амаль хлапчук, без вусоў i вельмi ласкавы, падобны на дзяўчынку. Яго звалi Кiзiк, як i зямлю, якой ён кiраваў. Кiзiк пачцiва прывiтаў герояў i запрасiў iх на банкет. Банкет быў надзвычай просты – засмажылi самых тлустых бараноў з царскай чарады i прынеслi садавiны i вiна. Юны цар быў вясёлы, павёў гасцей на Мядзведжую гару – паглядзець на мора, расказаў iм, як лепш плыць далей, паказаў iм свае лугi i сады i падарыў з дзесятак найлепшых авечак на дарогу.

Арганаўты пераначавалi ў гасцiнных далiёнаў i назаўтра ранiцай сабралiся ў дарогу, развiталiся з Кiзiкам i селi на карабель.

Раптам вялiкiя камянi нiбы сарвалiся з Мядзведжай гары, паляцелi ў ваду каля "Арго"; пачуўся дзiкi рык, i падарожнiкi ўбачылi велiканаў. Яны былi вышынёй з маладую сасну, i ў кожнага, нiбы сукi ў дрэве, тырчалi шэсць доўгiх рук: дзве, як у людзей, – ад плеч, дзве каля паяснiцы i яшчэ дзве па баках. Велiканы з шумам выварочвалi камянi з гары, адрывалi цэлыя скалы i кiдалi ў залiў, каб загарадзiць "выхад караблю ў адкрытае мора. Каменныя глыбы падалi ў ваду i маглi разбiць "Арго". Далiёны ад страху разбеглiся, пахавалiся, i самi арганаўты разгубiлiся. Тады Геракл схапiў свой лук, стаў на носе карабля i пачаў пускаць у велiканаў стрэлы. Адзiн за другiм, нiбы падсечаныя пад корань дрэвы, падалi велiканы з гары ў мора. Прыкрыўшыся шчытамi ад камянёў i асколкаў, арганаўты сышлi на зямлю i распачалi бой з шасцiрукiмi. Велiканы былi перабiты, i, пакiнуўшы iх на спажыву рыбам i птушкам, арганаўты адплылi ад Кiзiка.

Цэлы дзень плыў "Арго", хутка аддаляючыся ад Мядзведжай гары. Калi надышоў вечар i карабель быў ужо далёка ад берага, у адкрытым моры раптам падзьмуў моцны вецер. Арганаўты ўзрадавалiся ветру, распусцiлi ветразi i леглi спаць, не заўважыўшы, што вецер дзьме ў той бок, адкуль яны спачатку плылi. Уночы бура прыгнала iх назад да Кiзiка, але ў цемры яны не пазналi знаёмага берага i падумалi, што гэта нейкая новая краiна на iх шляху. Яны прычалiлi да берага i сышлi на зямлю, грозна бразгаючы зброяй.

Далiёны ў начной цемры таксама не пазналi арганаўтаў. Пачуўшы плёскат вёслаў i звон мячоў, яны падумалi, што гэта марскiя разбойнiкi выкарысталi бурную цёмную ноч i напалi на Кiзiк. Мячамi i коп'ямi сустрэлi цяпер далiёны сваiх учарашнiх гасцей. Да свiтання не спыняўся на беразе жорсткi бой. Арганаўты былi больш вопытныя ў баi i дужэйшыя, i шмат далiёнаў загiнула. Сам юны цар быў насмерць працяты меткiм кап'ём Язона.

Калi ж развiднела i стала ўсё добра вiдаць наўкол, працiўнiкi з жахам убачылi, што ў цемры ночы яны бiлiся з сябрамi.

Тры днi i тры ночы аплаквалi арганаўты i далiёны сваю жудасную памылку i смерць цара. Яго пахавалi на беразе мора i на магiле насыпалi высокi пагорак. I доўга ўзвышаўся гэты пагорак, i маракi з караблёў, якiя заходзiлi ў гавань, адразу пазнавалi тое месца.

Сварка на караблi

Сум агарнуў сэрцы арганаўтаў пасля таго злоснага жарту, якi падстроiў iм вецер. Моўчкi выконваў кожны сваю дзённую работу; не чуваць было на караблi нi смеху, нi жартаў, нi расказаў бывалых маракоў. I Арфей не спяваў больш песень.

I мора было неспакойнае. Парывiсты вецер увесь час мяняўся, сярдзiта дзьмуў i гнаў карабель то ў адзiн, то ў другi бок. Цяжка было рулявому весцi карабель, i вялiкiя хвалi перашкаджалi веслярам. Марудна плыў уперад "Арго".

Раптам зламалася вясло ў Геракла. Вясло адразу ж знесла цячэннем, толькi палка засталася ў руках у героя. Са злосцi шпурнуў ён абломак у непрыветныя хвалi i пакiнуў сваё месца сярод весляроў.

Язон сказаў рулявому:

– Кiруй да берага! Мы стамiлiся змагацца з хвалямi, патрэбны адпачынак. I Гераклу патрэбна новае вясло. Ён знойдзе яго ў лесе на беразе. Прычалiм да берага!

Рулявы паслухмяна накiраваў карабель да зямлi, i неўзабаве яны прысталi да пустыннага берага, зарослага густым лесам.

Геракл накiнуў на плечы львiную шкуру, якую ён насiў замест плашча, узяў свой меч, лук i калчан са стрэламi i рушыў у лес па новае вясло. Стомленыя весляры з радасцю апусцiлi вёслы, прылеглi на траве адпачыць, пакуль згатуецца вячэра, а юнага Гiласа, выхаванца Геракла, якога ён вельмi любiў, паслалi пашукаць у лесе ручай i прынесцi вады.

Весела падсвiстваючы птушкам, Гiлас iшоў па лесе i прыслухоўваўся. Вось збоку, за кустамi, ледзь чутна ляпечуць лянiвыя рачныя струменi. Хлопчык расхiнуў кусты, i перад iм блiснула лясная затока. Было так цiха i такой ласкавай здавалася рака ў зялёных берагах, што Гiлас без усякай апаскi падышоў да вады i доўга любаваўся, як цудоўна адлюстроўвалiся ў рацэ кусты i дрэвы, i сiняе неба, i хмаркi, што плылi над лесам, i ён сам з вялiкiм збаном у руках. Раптам ён убачыў у празрыстай вадзе красуню нiмфу з зялёнымi валасамi; яна вабiла яго i клiкала да сябе на дно, дзе быў такi чысты пясок i мiльгалi рознакаляровыя рыбкi.

Хлопчык спалохаўся, хацеў хутчэй зачэрпнуць вады збаном, нагнуўся, i ў той жа момант дзве тонкiя рукi высунулiся з вады, абнялi яго моцна за шыю i пацягнулi за сабою. Збан выпаў у яго з рук, i Гiлас з жаласным крыкам апусцiўся ў ваду.

Арганаўты пачулi яго крык. Палiфем, сябар Геракла, выхапiў меч, кiнуўся ў гушчар – ён думаў, што лясны звер напаў на хлопчыка, i заспяшаўся на дапамогу. Але нiкога не знайшоў ён каля ракi, толькi разбiты збан ляжаў у вадзе каля берага.

А Геракл тым часам паглыбiўся ў лес i знайшоў маладую сасну, якая здалася яму прыдатнай для новага вясла. Моцна абхапiўшы аберуч ствол, ён вырваў дрэва з коранем, узвалiў сасну сабе на спiну i панёс на бераг мора, каб там абчасаць яе i зрабiць вясло. Пачуўшы, што прапаў Гiлас, Геракл кiнуў сасну на зямлю i падаўся на пошукi свайго любiмца. Але дарэмна Геракл, прыгнуўшыся да зямлi, шукаў сляды на траве i ў кустах – след Гiласавых сандаляў быў вiдаць толькi на пяску каля самай вады.

Не, не лясны звер зацягнуў Гiласа ў сваю нару, не драпежная птушка схапiла яго. З усяе сiлы крычалi Геракл i Палiфем, паварочваючыся на ўсе чатыры бакi, клiкалi: "Гiлас! Гiлас!" I пачулi ў адказ слабы водгук – не то ўздых, не то стогн, быццам аднекуль здалёк адзываўся iм голас Гiласа. Яны не маглi зразумець, адкуль чуўся той голас, кiдалiся ў розныя бакi. А голас iшоў з вады, i калi б яны зазiрнулi ў раку, яны ўбачылi б, як плакаў i рваўся да iх з дна бедны Гiлас i як нiмфы старалiся суцешыць яго пацалункамi.

Але сябры не ведалi, што хлопчык быў гэтак блiзка ад iх, i падалiся на пошукi ў лясныя нетры. Усю ноч яны блукалi па лесе i зайшлi так далёка ад берага мора, што ўжо не маглi чуць, што рабiлася на караблi.

Арганаўты добра адпачылi ў тую ноч. На досвiтку, як толькi ўзышла заранка, прачнуўся рулявы Тыфiс i ўбачыў, што дзьме спадарожны вецер. Тыфiс пабудзiў таварышаў i пачаў прыспешваць з ад'ездам. Арганаўты хуценька сабралiся. Вецер надзьмуў белы ветразь, i карабель памчаўся па хвалях.

Узышло сонца, асвяцiла карабель, i арганаўты ўбачылi, што месцы Геракла i Палiфема пустыя. I не было хлопчыка Гiласа. Гэта была першая страта ў дарозе, i арганаўты захвалявалiся.

Што рабiць? Вярнуцца? Але ж вецер спадарожны... I яны ўжо ведаюць, як небяспечна вяртацца на старое месца. Плыць далей, кiнуць таварышаў адных на чужой старане... "Не!.. Не!.. Няхай скажа Язон, што рабiць. Язон абраны старшым, Язон – начальнiк, няхай распараджаецца Язон!" – так гаварылi арганаўты i акружылi Язона, патрабуючы, каб ён усё вырашыў.

Але Язон маўчаў, быццам не чуў, што яму гаварылi. Звесiўшы галаву, пануры сядзеў ён каля рулявога i думаў. Тады Тэламон, якi больш за ўсiх любiў Геракла, гнеўна закрычаў:

– Чаго мы можам чакаць ад Язона! Паглядзiце, ён спакойны. Адзiн ён спакойны. Я ведаю: ён заўсёды зайздросцiў Гераклу, цяпер ён радуецца – нiхто больш не перашкодзiць яго славе. Можа, ён падстроiў усё гэта знарок. Ён ведаў, што Геракла няма з намi, калi адплываў карабель... I Тыфiс памагаў Язону ў гэтым.?. Не, я не хачу плыць далей з вамi! Назад! Назад! Чуеш, рулявы! Паварочвай назад, кiруй да берага!

Блiскаючы вачамi, кiнуўся Тэламон да Тыфiса i сiлком хацеў вырваць у яго руль, каб павярнуць карабель. Дзьмуў моцны вецер, i паварочваць было небяспечна. Два сыны Барэя, крылатыя героi, схапiлi Тэламона за рукi, хацелi ўтрымаць яго i гучна лаялiся.

Раптам наляцела вялiзная хваля, ударыла ў борт, магутная рука схапiла за карму i спынiла карабель. Увесь павiты водарасцямi, кудлаты, строгi, з'явiўся перад арганаўтамi бог мора i грозна сказаў:

– Кiньце сварыцца! Помнiце, куды i чаго вы плывяце. Не вяртайцеся, спяшайцеся ўперад! Не па злым пажаданнi Язона, а па мудрай волi Зеўса засталiся на беразе вашы таварышы. Iншыя справы, другiя подзвiгi чакаюць Геракла. А вы плывiце з Язонам далей.

Сказаў – i знiк у марской глыбiнi. Адразу ж, як вецер, суцiшыўся гнеў Тэламона, i яму зрабiлася сорамна, што ён пакрыўдзiў старшага таварыша. Прысаромлены, падышоў ён да Язона i цiха сказаў:

– Даруй мне за дзёрзкiя i грубыя словы! Iх парадзiлi смутак i гнеў.

Язон дараваў Тэламону i памiрыўся з iм. Зноў быў мiр на караблi, арганаўты дружна веславалi, i "Арго" плыў па моры ўсё далей i далей.

У царстве бебрыкаў

Паспешлiва адплываючы з апошняй стаянкi, арганаўты забылiся папоўнiць запасы прэснай вады, i хутка iм зноў давялося паварочваць да берага.

Наблiжаючыся да зямлi, яны ўбачылi бедныя хацiны з камянёў i неабчасаных бярвёнаў i людзей у звярыных шкурах, дзiкiх i ваяўнiчых з выгляду. Заўважыўшы карабель арганаўтаў, дзiкiя людзi з крыкамi кiнулiся да таго месца, дзе прычальваў карабель, стоўпiлiся, нiбы бараны, i з цiкавасцю чакалi высадкi, не выказваючы нiякiх прыкмет гасцiннасцi. З натоўпу выйшаў чалавек вялiзнага росту, у чорным плашчы, з цяжкай дубiнай у руках.

Язон зразумеў, што перад iм правадыр гэтых дзiкiх людзей, i, ступiўшы на зямлю, звярнуўся да яго.

– Вiтаю цябе! – сказаў Язон. – Калi ласка, скажы нам, чыя гэта зямля i якi народ тут жыве? Мы – арганаўты, вольныя мараплаўцы. Плывём з грэчаскага горада Iолка ў далёкую Калхiду, каб здабыць залатое руно, якое прыносiць людзям багацце i дастатак. Не бойцеся нас, мы не зробiм вам нiякай шкоды. Мы толькi набяром у нашы пасудзiны свежай вады i паплывём далей. Вялiкi Зеўс загадвае ўсiм людзям быць гасцiннымi i даваць прытулак падарожнiкам...

– Не ведаю нiякага Зеўса! – груба перапынiў Язона чалавек у чорным плашчы. – Я – Амiк, у мяне свае законы. Калi ўжо лёс занёс вас да мяне, у царства бебрыкаў, дык ведайце, як я прымаю гасцей. Глядзiце! – I ён паказаў дубiнаю: каля ўвахода ў паселiшча на доўгiх жэрдках тырчалi высахлыя чалавечыя галовы. – Месца хопiць i для вас, марскiя бадзягi! – засмяяўся дзiкун.

Бебрыкi таксама ўсмiхалiся, iм падабаўся жарт цара.

Амiк гаварыў далей:

– Усiх чужаземцаў, якiя ступяць на маю зямлю, я частую па-свойму. Вось! I ён ганарыста ўзняў свой кулак велiчынёй з галаву Язона. – Гэй вы, мараплаўцы, хто з вас самы дужы, няхай выходзiць са мною на кулачкi! Хто мяне пераможа – будзе тут гаспадаром, каго я перамагу – з таго галаву здыму на памяць... Ну? Прымаеце мой пачастунак?

Ледзь стрымлiваючы гнеў, слухалi арганаўты пахвальбу цара бебрыкаў. Язон не сказаў нi слова i пачаў здымаць з сябе зброю. Ды яго апярэдзiў Палiдэўк.

– Мяне называлi калiсьцi лепшым кулачным байцом у Эладзе, – сказаў ён таварышам, – дазвольце мне ўцiхамiрыць гэтага бебрыка. – I, павярнуўшыся да Амiка, пачцiва пакланiўся: – Дзякую за сардэчную сустрэчу. Не будзем марнаваць часу. Я гатовы!

Велiкан паглядзеў на Палiдэўка з усмешкаю: юны герой ледзь даставаў яму да пляча.

Але Палiдэўк спакойна зняў з сябе шчыт, меч i шлем i аддаў у рукi брату Кастору, каб ён патрымаў iх у час бою.

Амiк, сярдзiта буркнуўшы, адкiнуў убок сваю дубiну з такою сiлаю, што пыл узняўся слупам. Працiўнiкi скiнулi на траву свае плашчы i абматалi рамянямi рукi па локцi.

Бебрыкi прагным натоўпам акружылi iх. Арганаўты горда стаялi стройнымi радамi воддаль.

– Ну, малы, зараз табе будуць канцы! – фанабэрыста сказаў Амiк, размахнуўся i абрынуў свой цяжкi кулак проста на галаву Палiдэўка.

Але Палiдэўк своечасова ўхiлiўся i стукнуў злёгку працiўнiка ў жывот.

– О-хо-хо! – рагатнуў Амiк. – Ты вёрткi, малыш, але не дражнi мяне – я не люблю, калi мяне казычуць. – I, нагнуўшыся, з сiлай выкiнуў уперад кулак, каб ударыць юнака ў грудзi, пад сэрца.

Палiдэўк адскочыў убок i з размаху стукнуў велiкана ў скроню так, што ў галаве ў таго зазвiнела i чырвоныя кругi паплылi перад вачамi. Бебрык раз'ятрыўся i, не памятаючы сябе, пачаў бiць направа i налева, куды папала, трацячы дарэмна сiлы, таму што юнак арганаўт кожны раз паспяваў ухiлiцца, адскочыць назад i толькi стараўся знясiлiць свайго працiўнiка, а сам чакаў зручнага моманту, каб нанесцi рашаючы ўдар. Нiбы раз'юшаны бугай, кiдаўся Амiк ва ўсе бакi, цяжка дыхаючы, i пот буйнымi кроплямi кацiўся з расчырванелага твару i падаў на зямлю, нiбы дождж.

А юны грэк, лёгкi i гнуткi, спрытна кружыўся вакол непаваротлiвага бебрыка i раптам, iмклiва напаўшы на яго, ударыў у скроню – раз i другi – з такою сiлаю, што рассек яму чэрап.

Амiк захiстаўся, упаў на каленi; кроў лiнула ў яго з рота.

Узняўшы шчыты, гучна вiталi пераможцу арганаўты.

Бебрыкi ж, як толькi ўбачылi, што цар iх забiты, кiнулiся да Палiдэўка з дубiнамi. На выручку брату паспяшаўся з мячом Кастор i велiкан Анкей са сваёй цяжкай сякерай. Давялося арганаўтам уступiць у нечаканы бой. Мячы скрыжавалiся з дубiнамi. Бiтва была нядоўгая. Бебрыкi ў жаху кiнулiся наўцёкi; арганаўты гналiся за iмi i вучылi гасцiннасцi.

– Мы прыйшлi да вас з мiрам. Мы не хацелi рабiць вам зла, – гаварыў Язон. – Нам нiчога не трэба было ад вас, акрамя добрага слова i свежай вады на дарогу. Запомнiце ж цяпер нашу запаведзь: паважайце гасцей i чужаземцаў. Па нашых слядах прыплывуць iншыя – сустракайце iх як сяброў, памагайце тым, хто смела плыве ўперад па нязведаных морах, хто пракладае дарогу для ўсiх!

Язон загадаў зняць з жэрдак мёртвыя галовы чужаземцаў, забiтых Амiкам, i пахаваць iх.

Перапалоханыя бебрыкi прынеслi арганаўтам багатыя дарункi i наладзiлi баль. Героi перавязалi свае раны, забылi пра нядаўнюю бойку i весела балявалi на беразе перад паселiшчам бебрыкаў.

Пераможна гучала залатая кiфара, спяваў Арфей, i людзi ў звярыных шкурах са здзiўленнем слухалi песнi далёкай краiны.

Арганаўты ў Салмiдэсе. Голуб Фiнэя

Усё далей i далей на ўсход плыў "Арго". Ужо шмат дзён былi арганаўты ў дарозе. Яны мiнулi другое мора i хутка павiнны былi ўбачыць трэцяе – апошняе на iх шляху, самае шырокае, бурнае i невядомае мора. Нават спрактыкаваны марак Тыфiс нiчога не ведаў пра яго. Арганаўты доўга шукалi праходу з Прапантыды ў гэтае новае мора i, перш чым рушыць у апошнi пераход, вырашылi адпачыць i спынiлiся паблiзу фракiйскага горада Салмiдэса.

Незвычайная цiшыня сустрэла iх на беразе. Гавань была пустая i закiнутая, гарадскiя вулiцы бязлюдныя, дамы зачынены наглуха.

Арганаўты прайшлi па бязлюдным горадзе i наблiзiлiся да царскага дома. Страшэннае запусценне панавала тут. Усе раслiны ў царскiм садзе загiнулi. Куча агiднага бруду ляжала перад домам; сонца палiла яго, i нясцерпны смурод стаяў у паветры. На расчыненых варотах сядзелi дзве вялiзныя худыя птушкi i, схаваўшы галовы пад крылы, спалi.

Са здзiўленнем глядзелi на ўсё гэта арганаўты i хацелi былi ўжо як мага хутчэй прайсцi мiма, як раптам пачулi чыйсьцi слабы голас. Яны адгукнулiся. З дома выйшаў, хiстаючыся, стары i рушыў да iх, працягнуўшы ўперад дрыжачыя рукi i асцярожна ступаючы, нiбы сляпы. Ён i сапраўды быў сляпы i такi знясiлены i худы, што страшна было глядзець на яго. Ён ледзь дайшоў да прышэльцаў, аслабеў i ўпаў перад iмi на зямлю. Арганаўты паднялi яго, прывялi да ганка, пасадзiлi i абступiлi, чакаючы, што ён скажа.

Аддыхаўшыся, стары загаварыў цiхiм i сумным голасам:

– Я пазнаў вас, героi Элады! Сэрца падказала мне, што вы – тыя, што адважылiся плыць па залатое руно цераз тры моры ў далёкую Калхiду. Арганаўты, таварышы i спадарожнiкi Язона, гэта вы! Даўно ўжо я чакаю вас. Мне прадказана, што вы прыйдзеце i выратуеце мяне. Слухайце! Калiсьцi быў я царом у Салмiдэсе. Маё iмя Фiнэй...

Пачуўшы гэтае iмя, з крыкам кiнулiся да старога Барэады, два крылатыя браты, сыны бога вятроў, i спынiлiся, баючыся паверыць сваiм вачам: гэта быў муж iх любiмай сястры, фракiйскi цар Фiнэй.

– Так, я не чужы вам, – сказаў стары, – я быў жанаты на красунi дачцэ Барэя. Два мiлыя сыны ў мяне былi, быў я багаты i шчаслiвы. Я ўмеў прадказваць будучае, многiя таямнiцы былi мне адкрыты, але я не меў права таварыць пра iх. А я быў добры i мяккасардэчны i пачаў гаварыць людзям пра iх лёс. Багi загневалiся на мяне: я аслеп. Сям'я мая распалася, сыны сышлi ад мяне. Людзi пакiнулi мяне аднаго, таму што багi паслалi сюды страшыдлаў, якiя пiльнуюць мяне i не дазваляюць нiкому памагчы мне. Голад мучыць мяне, я памiраю ад знясiлення... Выратуйце мяне, Барэады!

Арганаўтам зрабiлася шкада старога, яны хуценька сабралi тое, што ў iх было з сабою – хлеб, кавалак сыру i крыху садавiны, – i палажылi старому на каленi.

– Бяры i еш, – сказаў Язон. – Падсiлкуйся крыху, ды пойдзем з намi на "Арго", там мы накормiм цябе ўдосталь.

Раптам пачуўся хрыплы i працяглы крык i лопат крылаў: птушкi на варотах прачнулiся i ўзнялi галовы. Арганаўты ўбачылi: птушкi мелi жаночыя галовы, на доўгiх голых шыях, брыдкiя, кашчавыя старыя i страшныя твары. Ганарыста i прагна пазiралi яны на Фiнэя i нецярплiва пераступалi лапамi з доўгiмi кручкаватымi пальцамi.

Раптам яны ўзляцелi i з крыкам пачалi кружыцца над домам.

Стары спалохаўся i ўпусцiў з рук ежу.

– Гэта Гарпii. Хутка яны прыляцяць, – прамармытаў ён. – Вось яны!

Як гнеў багоў, зляцелi няўмольныя Гарпii на няшчаснага Фiнэя, кiпцюрамi раздзiралi яму рукi i вопратку. Яны выхапiлi ў яго хлеб i садавiну, у адно iмгненне зжэрлi ўсё i паляцелi, апырскаўшы беднага старога смярдзючай гразёю.

Крылатыя сыны Барэя выхапiлi свае мячы i паляцелi за iмi. Гарпii з крыкам памчалiся на захад, за мора. Барэады пагналiся за iмi i неўзабаве знiклi ў марскiм тумане. Тады з неба цераз усё мора перакiнулася сямiколерная дуга, на зямлю сышла вястунка багоў багiня Iрыда i сказала Фiнэю, што час яго пакарання скончыўся, багi даравалi яму i злосныя Гарпii нiколi больш не прыляцяць да яго дома.

Убачыўшы, што Гарпii паляцелi далёка за мора, салмiдэскiя жыхары пачалi выходзiць з дамоў. Хуценька вычысцiлi яны двор i дом, памылi самога Фiнэя i апранулi яго ў чыстае адзенне. На шпаркiх крылах сваiх вярнулiся назад Барэады i з радасцю абнялi Фiнэя. Арганаўты прынеслi з карабля тлустую авечку, якую падарылi iм бебрыкi, згатавалi смачны абед, пакармiлi Фiнэя, елi самi i частавалi ўсiх, хто быў галодны ў Салмiдэсе. А калi ўсе наелiся, паселi каля вогнiшча, пiлi вiно, гаварылi пра тое, як iм далей плыць, пра невядомае мора, i пыталiся ў Фiнэя, што чакае iх наперадзе. Удзячны Фiнэй так адказаў сваiм выратавальнiкам:

– Я не магу сказаць вам, што з вамi будзе, – багi зноў загневаюцца на мяне. Але я магу даць вам параду. Калi вы пакiнеце салмiдэскую гавань i ўвойдзеце ў пралiў, якi злучае Прапантыду з другiм морам, вы ўбачыце ў канцы пралiва дзве скалы. Гэта Сiмплягады. Яны не стаяць на адным месцы – увесь час то зблiжаюцца, стукаючыся адна аб адну, то разыходзяцца. Нiхто з людзей смяротных яшчэ не праходзiў памiж Сiмплягадамi, нi адзiн карабель не праплываў памiж iмi. Але вам нельга абмiнуць iх: яны стаяць на вашым шляху. Зрабiце так. Вазьмiце з сабою голуба i, як наблiзiцеся да Сiмплягадаў, пусцiце наперад птушку. Калi яна паспее праляцець памiж скалаў, смела плывiце, толькi спяшайцеся, хутчэй вяслуйце – усё залежыць ад сiлы i хуткасцi вашых рук. Калi ж скалы раздушаць голуба, адразу ж вяртайцеся назад – значыць, няма вам далей дарогi.

Пачуўшы гэта, салмiдэскiя хлапчукi пабеглi, злавiлi маладога голуба i прынеслi сляпому цару.

Фiнэй абмацаў, цi дужыя крылы ў птушкi, i аддаў голуба Язону.

Назаўтра ранiцай арганаўты развiталiся з Фiнэем, селi на карабель i паплылi туды, дзе чакала iх удача або пагiбель.

Памiж рухомымi скаламi

Арганаўты павольна плылi па вузкiм, усыпаным падводнымi камянямi пралiве, глядзелi ўперад i маўчалi, таму што ў час небяспекi дужы не хоча паказваць перад iншымi сваю трывогу i ў сабе самiм шукае падтрымкi.

Пралiў пашыраўся ў канцы; ужо вiднелiся вялiзныя сiнiя скалы, якiя закрывалi выхад у мора, i чуваць было, як бiлiся аб iх хвалi.

– Сiмплягады! – сказаў урачыста Тыфiс.

I ўсе ўбачылi, як скалы раптам рассунулiся, разышлiся, пакiдаючы праход, нiбы запрашалi "Арго" прайсцi памiж iмi. Хвалi з шумам рынулiся ў праход, несучы карабель уперад. Але тут скалы зноў сышлiся, з грукатам стукнуўшыся адна аб адну. Мора вакол зашыпела, i белая пена ўскiпела на грабянях хваль.

Хвалi неслi "Арго" проста на скалы. На носе карабля стаяў Язон i трымаў у руках голуба. Як толькi скалы разышлiся зноў, Язон выпусцiў птушку ў праход; яна паляцела памiж скалаў, якiя хутка сыходзiлiся зноў, пагражаючы раздушыць маленькi белы камячок. З грукатам сутыкнулiся гмахi, i мора адкiнула карабель назад. Ён закружыўся, нiбы трэска. Зноў рассунулiся скалы, i арганаўты з радасцю ўбачылi, што белы голуб праляцеў Сiмплягады. Яны гучна закрычалi.

Тыфiс загадаў веславаць з усяе сiлы i як мага хутчэй.

Мора раптам уздыбiлася пад караблём i кiнула яго ў паток памiж скаламi. Насустрач "Арго" iшла другая хваля, яшчэ вышэйшая, i вёслы арганаўтаў сагнулiся ў дугу.

Тады Тыфiс загадаў: "Кiньце веславаць!" – i вёслы, узляцеўшы ўгору, спынiлiся. Грозны вал пакацiўся пад кiль карабля i пачаў кiдаць i круцiць "Арго", а скалы ўжо сыходзiлiся.

– О, царыца Алiмпа, выратуй нас! – пачалi малiць арганаўты.

I вось над бурлiвым морам з'явiлася сама багiня Гера. Левай рукой яна спынiла скалу, якая пагражала раздушыць карабель, а праваю моцна штурхнула "Арго" ўперад, i ён нiбы страла праляцеў памiж скалаў.

Быццам злуючыся, спынiлiся грозныя скалы i ўжо не сышлiся больш. Так i засталiся яны стаяць каля ўвахода ў мора, i з таго часу караблi свабодна праплываюць памiж iмi.

Канец дарогi

Арганаўты апынулiся на марскiм прасторы i шумна радавалiся, што пазбеглi пагiбелi.

– Цяпер нам нiчога не страшна! – сказаў весела рулявы. – Мы мiнулi Сiмплягады, i гэта добрая прыкмета: мiнуем i ўсе перашкоды, якiя яшчэ нас чакаюць.

Але Язон меў збянтэжаны i сумны выгляд.

– Гэта мая вiна, – гаварыў ён, – я завабiў вас у чужое страшнае мора, я прымусiў гэтак цяжка вас працаваць, праз мяне вы рызыкуеце сваiм жыццём... Навошта я паклiкаў вас з сабою ў падарожжа, якое пагражае небяспекаю? Сядзелi б вы спакойна дома...

Ды гэта былi толькi хiтрыкi: ён хацеў упэўнiцца, цi не аслабелi духам арганаўты пасля суровага выпрабавання каля рухомых скалаў.

Героi адказалi смехам на хiтрыя словы Язона.

– Тады паплывём далей! – усклiкнуў ён весела. – У Калхiду, у Калхiду! Здабудзем залатое руно!

I "Арго" паплыў далей.

Аддалiўшыся ад Сiмплягадаў, арганаўты павярнулi направа i паплылi ўздоўж берагоў, асцярожна абмiнаючы скалiстыя мысы i вялiкiя водмелi, якiх сустракалася цяпер шмат на iх шляху. Яны праплывалi мiма земляў, населеных рознымi народамi, невядомымi iм раней, бачылi ваяўнiчых жанчын-амазонак, якiя праносiлiся на дзiкiх конях, бачылi высокiя вежы, пабудаваныя на гарах, зарослых лесам, мiнулi краiну халiбаў, якiя здабывалi з зямлi жалеза.

Аднойчы ўдзень "Арго" наблiзiўся да невядомай выспы. Вялiкая чырвоная птушка сядзела на беразе i, убачыўшы "Арго", паляцела яму насустрач.

Падарожнiкi са здзiўленнем пазiралi на яе. Раптам яна скiнула пяро. Яно ўпала на карабель i ўпiлося ў плячо аднаго з весляроў. Палiлася кроў, i ад болю вясляр выпусцiў з рук вясло. Выцягнулi пяро з раны i ўбачылi, што гэта была вострая медная страла.

Прыляцела другая птушка. Адзiн з арганаўтаў схапiў свой лук i стрэлiў у яе. Птушка ўпала ў мора. Пер'е яе звiнела i зiхацела на сонцы.

Тады адзiн са старэйшых арганаўтаў сказаў:

– Гэта Сцiмфалiды – медныя птушкi бога вайны. Iх пер'е ранiць, як стрэлы. Трэба надзець шлемы, прыкрыцца шчытамi, каб яны не нарабiлi нам шкоды.

Арганаўты надзелi шлемы, прыкрылiся шчытамi i, падплываючы да берага, моцна крычалi i грукалi мячамi ў шчыты. Сцiмфалiды ўзляцелi над выспай, асыпаючы "Арго" медным пер'ем. Пёры стукалiся аб шчыты, i ў паветры стаяў такi шум i звон, што напалоханыя птушкi ўзнялiся i паляцелi прэч.

Арганаўты прычалiлi да берага i знайшлi тут чатырох юнакоў, абарваных i галодных. Гэта былi сыны Фрыкса. Пасля смерцi iх бацькi цар Ээт выгнаў iх з Калхiды i адправiў на караблi ў Грэцыю. Але бура разбiла карабель, i мора выкiнула iх на гэту пустэльную выспу, дзе iх чакала галодная смерць.

Арганаўты ўзрадавалiся сустрэчы.

– Вы з Калхiды плылi ў Грэцыю, а мы з Грэцыi плывём у Калхiду па залатое руно, якое ваш бацька пакiнуў у Ээта, – сказаў юнакам Язон i прапанаваў iм: Вяртайцеся з намi ў Калхiду, памажыце нам здабыць залатое руно, i мы адвязём вас потым у Архамен, на радзiму Фрыкса.

Але юнакi спалохана круцiлi галовамi. Старэйшы сказаў:

– Вы задумалi цяжкую справу. Цар Калхiды жорсткi i злосны i не аддасць вам залатое руно. I нават калi б ён згадзiўся аддаць вам яго, вы не зможаце перамагчы дракона, якi пiльнуе руно ў гаi Арэса. Гэты дракон нiколi не спiць, удзень i ўночы расплюшчаны яго вочы. Ён здалёку бачыць усiх, хто хоча падысцi да свяшчэннага дуба, на якiм вiсiць залатое руно. I гора таму, хто падыдзе занадта блiзка!

Арганаўтаў збянтэжылi гэтыя словы, але храбры Пялей сказаў:

– Не палохай нас, дзiця! Мы ведаем, што такое небяспека. Ёсць сiла ў нашых руках, нашы мячы вострыя i шчыты надзейныя. Мы воiны, i нам памагаюць багi Алiмпа. Ужо зусiм мала засталося нам плыць да Калхiды, а там няхай будзе што будзе!

На свiтаннi паднялi ветразi, i сыны Фрыкса сталi на карме i памагалi рулявому кiраваць карабель да берагоў Калхiды. Плылi цэлы дзень – апошнi дзень паходу – i да ночы дайшлi да вусця вялiкай ракi. Гэта быў Фазiс, паўнаводная рака Калхiды.

Арганаўты згарнулi ветразi, на вёслах увайшлi ў раку i паднялiся ўверх па цячэннi. Леваруч яны ўбачылi снежныя вяршынi Каўказа i на беразе горад Ээта, справа распасцiралася пустое поле Арэса i цямнеў гай, дзе нядрэмны дракон пiльнаваў залатое руно.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю