355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Вера Смирнова » Героi Элады (З мiфаў старажытнай Грэцыi) (на белорусском языке) » Текст книги (страница 4)
Героi Элады (З мiфаў старажытнай Грэцыi) (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 8 сентября 2016, 23:20

Текст книги "Героi Элады (З мiфаў старажытнай Грэцыi) (на белорусском языке)"


Автор книги: Вера Смирнова


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 4 (всего у книги 7 страниц)

Язон застаўся адзiн-адзiнюткi на свеце. Нiхто не хацеў жыць разам з iм, нiхто не слухаў больш яго расказаў.

Ён хадзiў з горада ў горад i нiдзе не мог знайсцi сабе нi занятку, нi спакою.

Аднойчы ён прыйшоў на бераг мора. Перад iм на пяску, амаль увесь разбураны, абадраны, стаяў на падпорках карабель. Язон пазнаў яго: гэта быў "Арго", гэтакi ж адзiнокi i ўсiмi забыты, як ён сам. Язон абышоў яго, агледзеў i, стомлены, лёг у засенi карабля, пад кармой. Ён ляжаў i ўспамiнаў шчаслiвыя днi паходу: адважных таварышаў, далёкiя чужыя землi, i ўпершыню за шмат дзён у яго было лёгка i спакойна на душы.

Потым ён заснуў.

Пакуль ён спаў, наляцеў вецер, i стары "Арго" абвалiўся i пахаваў пад сабою правадыра арганаўтаў.

ПЕРСЕЙ

У Аргосе жыў цар, якому прадказалi, што яго заб'е ўнук.

У цара была дачка Даная, такая красуня, што чуткi пра яе iшлi па ўсёй Грэцыi.

Цар спалохаўся, што Даная народзiць сына, якi заб'е яго, i вырашыў нiколi не аддаваць яе замуж. Ён загадаў пабудаваць падземны дом з цвёрдага каменя, з меднымi дзвярамi, з моцнымi заваламi i замкнуў там дачку, каб нiхто з мужчын не мог убачыць яе.

Але Грамавержац Зеўс маланкай прабiў камень, залатым дажджом прасачыўся ў падзямелле, куды схавалi Данаю, i яна стала яго жонкай.

У Данаi нарадзiўся сын, яна назвала яго Персеем.

Аднойчы бацька Данаi, iдучы над тайнiком, пачуў дзiцячы крык. Цар здзiвiўся, адамкнуў уваход у падзямелле, спусцiўся ў жыллё Данаi i ўбачыў на руках у дачкi прыгожага хлопчыка.

Страх ахапiў цара. Ён пачаў думаць, як яму пазбегнуць страшнага лёсу. Нарэшце ён загадаў пасадзiць Данаю з сынам у вялiкую скрыню i тайком кiнуць у мора.

Вецер доўга насiў скрыню па моры i прыгнаў да выспы Серыфа. На беразе рыбак лавiў рыбу. Ён закiнуў сетку ў мора i злавiў замест рыбы вялiкую скрыню. Бедны рыбак захацеў хутчэй даведацца, што гэта за ўлоў паслала яму мора, выцягнуў знаходку на бераг, сарваў са скрынi накрыўку – i адтуль выйшла красуня i з ёю хлопчык. Даведаўшыся пра тое, хто яны i што з iмi здарылася, рыбак пашкадаваў iх i ўзяў у свой дом. Персей рос не па днях, а па гадзiнах, вырас высокiм, стройным юнаком, i нiхто ў Серыфе не мог з iм зраўняцца ў прыгажосцi, спрыце i сiле.

Пачуў пра яго цар выспы Серыфа Палiдэкт i загадаў Персею разам з мацi з'явiцца ў палац. Прыгажосць Данаi зачаравала Палiдэкта, ён ласкава сустрэў царыцу з сынам i пасялiў iх у сваiм палацы.

Аднойчы застаў Персей мацi ў слязах; яна прызналася яму, што Палiдэкт прымушае яе выйсцi за яго замуж, i папрасiла сына абаранiць яе. Персей горача заступiўся за мацi.

Тады Палiдэкт вырашыў пазбавiцца ад Персея, паклiкаў яго i сказаў:

– Ты ўжо вырас i ўзмужнеў i стаў такi дужы, што можаш цяпер адплацiць мне за тое, што я даў прытулак табе i мацi. Выпраўляйся ў дарогу i прынясi мне галаву Медузы.

Персей развiтаўся з мацi i падаўся ў свет – шукаць Медузу, пра якую нiчога дагэтуль не ведаў.

У сне да яго з'явiлася багiня мудрасцi Афiна i адкрыла яму, што Медуза адна з трох сясцёр Гаргон, жывуць яны на краi свету, у Краiне Ночы, усе яны пачварныя страшыдлы, але самая страшная – Медуза: замест валасоў на галаве ў яе звiваюцца ядавiтыя змеi, вочы палаюць нясцерпным агнём i такiя злосныя, што кожны, хто зiрне ў iх, адразу ператвараецца ў камень. Афiна дала Персею свой шчыт, гладкi i блiскучы, нiбы люстэрка, каб ён мог закрыцца ад страшных вачэй Медузы.

Потым на дарозе дагнаў яго шпарканогi Гермес, пасланец Зеўса: ён расказаў Персею, як яму iсцi, i падарыў свой меч, такi востры, што iм можна было рэзаць, як воск, жалеза i камень.

Доўга iшоў Персей у той бок, куды заходзiць Сонца. Нарэшце дабраўся да Краiны Ночы. Уваход у гэту краiну вартавалi тры старыя бабулi – Грайi. Яны былi такiя старыя, што на ўсiх трох мелi ўсяго адно толькi вока i адзiн зуб. I ўсё ж такi яны добра ахоўвалi ўваход у Краiну Ночы i нiкога не прапускалi туды. Па чарзе глядзелi яны адным вокам, перадаючы яго адна адной.

Персей цiхенька падкраўся да Грайяў, дачакаўся, калi адна з iх выняла вока, каб перадаць яго сястры, працягнуў руку i выхапiў у старой вельмi дарагое для iх вока. I адразу ж зрабiлiся Грайi нядужымi сляпымi бабулькамi. Жаласна прасiлi яны Персея аддаць iм iх адзiнае вока.

– Пусцiце мяне ў Краiну Ночы, скажыце мне, як знайсцi Медузу, i я аддам вам ваша вока, – адказаў старым Персей.

Але старыя Грайi не хацелi пускаць Персея, не хацелi гаварыць яму, дзе знайсцi Медузу, – Гаргоны ж былi iх родныя сёстры. Тады Персей прыгразiў старым, што разаб'е iх вока аб камень, – i Грайям давялося паказаць яму дарогу.

Персей аддаў Грайям iх вока i пайшоў далей на захад.

Па дарозе трапiлiся яму тры добрыя нiмфы. Адна падарыла Персею шлем Аiда, уладара падземнага царства, – той, хто надзяваў гэты шлем, рабiўся невiдзiмкай; другая дала Персею крылатыя сандалi – той, хто надзяваў iх, мог лятаць над зямлёй, як птушка; трэцяя нiмфа ўручыла юнаку торбу, якая магла памяншацца i павялiчвацца па жаданнi таго, хто насiў яе.

Персей павесiў на плячо торбу, абуў крылатыя сандалi, надзеў на галаву шлем – i, не бачны нiкому, узняўся высока ў неба i паляцеў над зямлёй. Неўзабаве ён дабраўся да края зямлi i доўга ляцеў над пустыннай роўняддзю мора, пакуль унiзе не зачарнела адзiнокая скалiстая выспа. Персей пачаў кружыцца над выспаю i ўбачыў на скале Гаргон, якiя ў гэты час спалi. У iх былi залатыя крылы, пакрытыя луской, i медныя рукi з вострымi кiпцюрамi.

Персей убачыў Медузу – яна была блiжэй за ўсiх да мора. Ён апусцiўся на скалу побач з ёю. Змеi на галаве Медузы засыкалi, пачуўшы ворага. Медуза прачнулася, расплюшчыла вочы. Персей адвярнуўся, каб не зiрнуць у гэтыя страшныя вочы i не ператварыцца навек у мёртвы камень. Ён узняў шчыт Афiны, блiскучы, нiбы люстэрка, навёў на Медузу i, пазiраючы ў яго, дастаў меч Гермеса i адсек ёй галаву.

Тут прачнулiся дзве другiя Гаргоны, распасцерлi крылы i пачалi кружыцца над выспаю, шукаючы ворага. Але Персей быў нябачны. Хуценька засунуў ён галаву Медузы ў сваю чароўную торбу, сапхнуў цела Гаргоны ў мора i паляцеў прэч. Ён спяшаўся дадому, хутка мiнуў мора i паляцеў над Лiвiйскай пустыняй. Кроў з галавы Медузы капала з торбы на зямлю, i кожная кропля ператваралася на пяску ў ядавiтую змяю.

Доўга ляцеў Персей, стамiўся i захацеў адпачыць. Убачыў унiзе зялёныя лугi i чароды авечак, кароў i быкоў, убачыў вялiкi цянiсты сад, пасярод якога расло дрэва з залатымi лiстамi i яблыкамi, – i апусцiўся каля гэтага дрэва. Гаспадар саду, велiкан Атлант, сустрэў Персея няветлiва. Яму прадказалi, што аднойчы да яго прыйдзе сын Зеўса i ўкрадзе залатыя яблыкi з яго любiмага дрэва.

Персей не ведаў гэтага прадказання i сказаў велiкану:

– Я – Персей, сын Зеўса i Данаi. Я забiў грозную Медузу. Дазволь мне адпачыць у тваiм садзе.

Пачуўшы, што перад iм сын Зеўса, Атлант раз'юшыўся.

– Злодзей! Ты хочаш украсцi мае залатыя яблыкi? – закрычаў ён i пачаў праганяць Персея з саду.

Зняважаны, Персей выхапiў з торбы галаву Медузы i паказаў яе велiкану.

У адно iмгненне скамянеў Атлант, ператварыўся ў каменную гару. Галава яго стала вяршыняй скалы, барада i валасы – густым лесам на вяршынi, плечы крутымi скаламi, рукi i ногi – камянiстымi выступамi. На вяршыню гэтай каменнай гары, на крутыя скалы лёг купал неба з усiмi незлiчонымi зоркамi. З таго часу стаiць там Атлант на краi зямлi i трымае на сваiх плячах неба.

А Персей паляцеў далей.

Ён праляцеў над Эфiопiяй i раптам на скале па-над морам убачыў дзяўчыну такой прыгажосцi, што яна здалася яму спачатку дзiвоснай статуяй. Але, апусцiўшыся нiжэй, ён зразумеў, што яна жывая, толькi рукi ў яе былi прыкуты да скалы. Ён наблiзiўся да скалы i спытаў:

– Хто ты i завошта прыкавалi цябе тут?

Дзяўчына сказала, што яна дачка эфiопскага цара – Андрамеда i асуджана на з'ядзенне марскому страшыдлу. Яе мацi, царыца Касiяпея, пахвалiлася неяк раз, што яна прыгажэйшая за ўсiх марскiх нiмфаў, – за гэта бог мораў Пасейдон паслаў у iх край рыбiну-страшыдлу, якая жэрла рыбакоў у моры, i плыўцоў, i карабельшчыкаў, тапiла караблi i спусташала берагi iх царства. Народ перапалохаўся i запатрабаваў, каб Касiяпея аддала ў ахвяру страшыдле сваю дачку Андрамеду, i тым самым улесцiла Пасейдона.

Андрамеду прыкавалi да скалы на беразе мора i пакiнулi адну. Бялейшая за марскую пену, стаяла дзяўчына каля скалы i з жахам глядзела на мора. Вось па-над вадой, з марской глыбiнi, паказалася вялiзная галава, заблiшчаў лускавiннем хвост. Андрамеда ад страху закрычала. На яе крык прыбеглi бацька i мацi i пачалi плакаць разам з ёю.

Персей сказаў iм:

– Аддайце за мяне замуж Андрамеду, i я выратую яе.

Цар i царыца паабяцалi Персею аддаць за яго сваю дачку, а ў прыданае ёй усё сваё царства, калi ён выратуе Андрамеду.

Мiж тым вялiзная рыбiна ўсплыла на паверхню мора i наблiжалася да берага, з шумам рассякаючы хвалi.

Персей у сваiх крылатых сандалях узняўся ў паветра i паляцеў насустрач страшыдлу. Цень героя лёг на ваду перад прагнай пашчай рыбiны. Страшыдла кiнулася на гэты цень.

Тады Персей, нiбы драпежная птушка, упаў з вышынi на страшыдлу i секануў яе мячом. Параненая рыбiна ў шаленстве пачала кiдацца ва ўсе бакi, то нырала ў глыбiню, то зноў усплывала наверх. Кроў яе афарбавала марскую ваду, пырскi ўзляталi высока ўгору. Крыльцы на сандалях Персея намоклi, i ён ужо не мог трымацца ў паветры. Але тут ён убачыў камень, што тырчаў з вады, стаў на яго нагою i з усёй сiлы хвасянуў мячом па галаве страшыдлы. Апошнi раз пляснуў вялiзны хвост, i страшная рыбiна пайшла на дно.

Цар i царыца i ўвесь народ Эфiопii радасна вiтаў героя. Царскi палац упрыгожылi кветкамi i зелянiнай, усюды запалiлi свяцiльнi, прыбралi нявесту, сабралiся спевакi i флейтысты, напоўнiлi чашы вiном, i пачалося вяселле.

На балi Персей расказваў Андрамедзе i яе бацькам пра свае вандраваннi. Раптам пачуўся шум каля ўвахода ў палац, звон мячоў i ваяўнiчыя крыкi. Гэта з натоўпам воiнаў уварваўся ў палац былы жанiх Андрамеды, Фiнэй. У руках ён трымаў кап'ё i цэлiўся проста ў сэрца Персея.

– Сцеражыся, злодзей! – I воiны ўжо гатовы былi пранiзаць коп'ямi ўсiх, хто быў на вяселлi.

Бацька Андрамеды паспрабаваў спынiць Фiнэя:

– Не злодзей Персей, а збавiцель. Ён выратаваў Андрамеду ад страшыдлы. Калi ты кахаў яе, чаму не прыйшоў на бераг мора, як страшыдла прыплыло зжэрцi яе? Ты ўцёк ад яе, калi яна чакала пагiбелi, – чаму цяпер ты прыйшоў патрабаваць яе сабе?

Нiчога не адказаў Фiнэй цару i кiнуў кап'ё ў Персея, але не пацэлiў, кап'ё ўпiлося ў край крэсла, на якiм сядзеў Персей. Персей схапiў кап'ё свайго працiўнiка i кiнуў назад – у твар Фiнэю. Фiнэй паспеў нагнуцца, кап'ё праляцела i паранiла сябра Фiнэя. Гэта быў сiгнал для бiтвы. Пачалася жорсткая, крывавая бойка. Ад страху ўцяклi з палаца цар i царыца разам з Андрамедаю. Прытулiўшыся спiной да калоны, са шчытом Афiны ў руках, Персей адзiн адбiваўся ад раз'юшанага натоўпу. Нарэшце ён убачыў, што яму аднаму не адолець цэлае войска, i ён дастаў з торбы галаву Медузы.

Воiн, што нацэлiўся ў Персея, толькi зiрнуў у твар Медузы – i раптам замёр з працягнутай рукой, i адразу ж ператварыўся ў камень. I ўсе, хто глядзеў на гэтую страшную галаву, спынiлiся, замерлi, хто як быў, скамянелi навекi. Так i засталiся яны каменнымi статуямi ў палацы эфiопскага цара.

Персей з прыгажуняй Андрамедай заспяшалiся ў дарогу – на выспу Серыф. Персей жа абяцаў цару Палiдэкту прынесцi галаву Медузы.

Калi Персей з'явiўся на выспу Серыф, дык даведаўся, што яго мацi Даная хаваецца ад Палiдэкта ў храме i не асмельваецца выйсцi адтуль нi ўдзень, нi ўночы.

Персей пайшоў у палац цара i застаў Палiдэкта за абедам. Цар быў упэўнены, што Персей даўно ўжо загiнуў дзе-небудзь у пустынi або ў акiяне, i вельмi здзiвiўся, калi ўбачыў героя перад сабою.

Персей сказаў цару:

– Я выканаў тваё пажаданне – прынёс табе галаву Медузы.

Цар не паверыў, зарагатаў. Смяялiся з iм i яго сябры.

Персей выхапiў з торбы галаву Медузы i высока падняў яе.

– Вось яна – зiрнi на яе!

Цар паглядзеў – i скамянеў.

Персей не захацеў заставацца на Серыфе, зрабiў царом выспы старога рыбака, якi калiсьцi вылавiў з мора скрыню з Данаяй i з iм, i падаўся з жонкай i мацi на радзiму ў Аргос.

Аргоскi цар, даведаўшыся, што ўнук яго жывы i вяртаецца дадому, кiнуў свой горад i схаваўся. Персей стаў царом у Аргосе. Ён аддаў Гермесу яго востры меч, Афiне – яе шчыт, добрым нiмфам – шлем-невiдзiмку, крылатыя сандалi i торбу, у якой хаваў сваю страшную здабычу. Галаву Медузы ён падарыў Афiне, i багiня з таго часу носiць яе, прымацаваўшы на сваiм залатым шчыце.

Аднойчы ў Аргосе было свята, i безлiч народу сабралася паглядзець на спаборнiцтва герояў. Патаемна прыйшоў на стадыён i стары аргоскi цар.

У час спаборнiцтваў Персей з такой сiлай шпурнуў цяжкi бронзавы дыск, што ён праляцеў над стадыёнам i, падаючы ўнiз, трапiў у галаву старога цара i забiў яго на месцы.

Так спраўдзiлася прадказанне: унук забiў свайго дзеда.

I хоць гэта было ненаўмыснае забойства, Персей ужо не мог атрымаць у спадчыну царства забiтага iм дзеда i, пахаваўшы цара, добраахвотна пакiнуў Аргос.

ДЭДАЛ I IКАР

У тыя далёкiя часы, калi ў людзей яшчэ не было нi iнструментаў, нi машын, жыў у Афiнах вялiкi мастак Дэдал. Ён першы навучыў грэкаў будаваць прыгожыя дамы. Да яго мастакi не ўмелi перадаваць людзей у руху i рабiлi статуi, падобныя на спавiтыя лялькi з заплюшчанымi вачамi. Дэдал жа пачаў высякаць з мармуру цудоўныя статуi, якiя паказвалi людзей у руху.

Для сваёй работы Дэдал сам прыдумаў i зрабiў iнструменты i навучыў людзей карыстацца iмi. Ён навучыў будаўнiкоў, як правяраць, – каменнем на нiтцы, – цi правiльна яны кладуць сцены.

У Дэдала быў пляменнiк. Ён памагаў мастаку ў яго майстэрнi i вучыўся ў яго ўмельству. Разглядаючы неяк раз плаўнiкi рыбы, ён здагадаўся зрабiць пiлу; прыдумаў цыркуль, каб вычэрчваць правiльны круг; выразаў з дрэва круг, прымусiў яго круцiцца i пачаў ляпiць на iм глiняны посуд – гаршкi, збаны i круглыя чашы.

Аднойчы Дэдал з юнаком узышлi на вяршыню Акропаля, каб з вышынi палюбавацца прыгажосцю горада. Задумаўшыся, юнак ступiў на край абрыву, не ўтрымаўся, упаў з гары i разбiўся.

Афiняне абвiнавацiлi Дэдала ў гiбелi хлопчыка. Дэдалу давялося ўцячы з Афiн. На караблi ён дабраўся да выспы Крыт i прыйшоў да крыцкага цара Мiнаса.

Мiнас узрадаваўся, што лёс прывёў да яго славутага афiнскага будаўнiка i мастака. Цар даў прытулак Дэдалу i прымусiў яго працаваць на сябе. Дэдал пабудаваў яму Лабiрынт, дзе было столькi пакояў i так заблытаны хады, што кожны, хто заходзiў туды, ужо не мог сам знайсцi выхада.

Да гэтага часу на выспе Крыт паказваюць рэшткi гэтага цудоўнага збудавання.

Доўга жыў Дэдал у цара Мiнаса палонным на чужой выспе пасярод мора. Часта сядзеў ён на марскiм беразе, пазiраў у бок роднага краю, успамiнаў свой прыгожы горад i сумаваў. Мiнула ўжо шмат гадоў, i, пэўна, ужо нiхто не памятаў, у чым яго абвiнавачвалi. Але Дэдал ведаў, што Мiнас нiколi не адпусцiць яго i нi адзiн карабель, якi адплывае ад Крыта, не асмелiцца ўзяць яго з сабою, баючыся пагонi. I ўсё-такi Дэдал ўвесь час думаў аб тым, каб вярнуцца дадому.

Аднойчы, седзячы каля мора, ён зiрнуў на шырокае неба i падумаў: "Няма мне дарогi па моры, але ж неба адкрыта для мяне. Хто можа перашкодзiць мне на паветраным шляху? Птушка рассякае крыламi паветра i ляцiць куды хоча. Хiба чалавек горшы за птушку?"

I яму захацелася зрабiць сабе крылы, каб вызвалiцца з палону. Ён пачаў збiраць пёры вялiкiх птушак, адмыслова звязваў iх iльнянымi моцнымi нiткамi i змацоўваў воскам. Неўзабаве ён зрабiў чатыры крылы – два сабе i два для свайго сына Iкара, якi жыў з iм на Крыце. Крылы перавязвалiся крыж-накрыж i прымацоўвалiся да грудзей i рук.

I вось надышоў дзень, калi Дэдал парашыў выпрабаваць свае крылы. Надзеў iх i, плаўна ўзмахваючы рукамi, узняўся над зямлёй. Крылы трымалi яго ў паветры, i ён мог ляцець у той бок, куды хацеў.

Спусцiўшыся ўнiз, ён надзеў крылы сыну i пачаў вучыць яго лятаць.

– Спакойна i роўна махай рукамi, не апускайся задужа нiзка да хваляў, каб не намачыць крылы, i не ўзнiмайся высока, каб промнi сонца не апяклi цябе. Ляцi за мною следам, – так гаварыў ён Iкару.

I вось на досвiтку яны паляцелi з выспы Крыт.

Толькi рыбакi ў моры ды пастухi на лузе бачылi, як яны адляталi, але i тыя падумалi, што гэта крылатыя багi пралятаюць над зямлёй. I вось ужо далёка ззаду засталася скалiстая выспа, i шырока раскiнулася пад iмi мора.

Дзень разгараўся, сонца ўзнялося высока, i промнi яго прыпякалi ўсё мацней.

Дэдал ляцеў асцярожна, трымаўся блiжэй да паверхнi мора, з бояззю азiраўся на сына.

А Iкару па душы быў вольны палёт. Усё хутчэй рассякаў ён крыламi паветра, i яму захацелася ўзняцца высока-высока, вышэй за ластавак, вышэй за самога жаваранка, якi спявае, пазiраючы проста ў твар сонцу. I ў тую хвiлiну, калi бацька не глядзеў на яго, Iкар узняўся высока ўгору, да самага сонца.

Пад гарачымi промнямi растапiўся воск, якi змацоўваў крылы, пер'е распалася i разляцелася навокал. Дарэмна ўзмахваў Iкар рукамi – ужо нiчога больш не трымала яго ў вышынi. Ён iмклiва падаў, упаў i знiк у глыбiнi мора.

Азiрнуўся Дэдал – i не ўбачыў у сiняве неба свайго сына. Ён глянуў на мора – толькi белае пер'е плыло на хвалях.

У роспачы апусцiўся Дэдал на першую, што трапiлася яму, выспу, паламаў свае крылы i пракляў сваё майстэрства, якое згубiла яго сына.

Але людзi запомнiлi гаты першы палёт, i з таго часу ў iх сэрцах жыла мара аб пакарэннi паветра, аб прасторных нябесных дарогах.

ТЭЗЕЙ

Афiнскi цар Эгей не меў дзяцей. Два разы быў ён жанаты, але жонкi не нарадзiлi яму нi сына, нi дачкi. I таму ён вельмi бедаваў. Ён хацеў ведаць, няўжо яму суджана застацца бяздзетным, i спытаў пра гэта ў аракула-прадказальнiка. Аракул адказаў так загадкава, што Эгей не мог зразумець яго.

У гэты час у Аргалiдзе, у горадзе Тразенах, жыў стары мудры Пiтфей. Эгей выправiўся да яго ў Тразены – папрасiць яго разгадаць адказ аракула. Пiтфей растлумачыў прадказанне: у Эгея будзе сын, якому суджана стаць вялiкiм героем.

Эгей узрадаваўся i, каб хутчэй збылося прадказанне, ажанiўся трэцi раз – з дачкой Пiтфея – i пачаў чакаць абяцанага сына.

Але тут з Афiн прыйшла вестка, што ворагi, скарыстаўшы адсутнасць цара, намагаюцца захапiць уладу ў горадзе. Эгей вымушаны быў вярнуцца ў Афiны. Але Пiтфей не адпусцiў сваю дачку з мужам: старому цару хацелася, каб герой, якога пасылае лёс, нарадзiўся ў Тразенах i сваiм нараджэннем праславiў горад.

Перш чым пакiнуць Тразены, Эгей закапаў у царскiм садзе пад вялiкiм каменем свой меч i сандалi i сказаў жонцы:

– Калi мой сын стане такi вялiкi i дужы, што зможа зрушыць гэты камень i дастане мой меч i сандалi, няхай ён прыйдзе да мяне ў Афiны: па гэтым мячы i сандалях я пазнаю яго.

Эгей вярнуўся ў Афiны, а ў яго жонкi неўзабаве нарадзiўся хлопчык – яго назвалi Тэзеем. Тэзей рос у палацы Пiтфея, i стары цар вучыў яго ўсяму, што павiнен ведаць i ўмець чалавек, якога чакаюць у жыццi вандраваннi, бiтвы i подзвiгi воiна.

Калi Тэзею споўнiлася шаснаццаць гадоў, мацi павяла яго ў сад, паказала яму камень i сказала:

– Вось тут, пад гэтым каменем, ляжыць падарунак, якi пакiнуў табе твой бацька. Адсунь камень i дастань тое, што пад iм закапана.

Юнак дужымi рукамi моцна абхапiў камень, адсунуў яго ўбок i знайшоў у зямлi меч i сандалi. Тады мацi сказала яму, хто яго бацька, падперазала сына бацькавым мячом, надзела яму на ногi бацькавы сандалi i сказала, што па гэтым мячы i сандалях бацька пазнае яго.

Тэзей захацеў хутчэй убачыць свайго бацьку, i ў той жа дзень развiтаўся з мацi i дзедам i падаўся ў Афiны. Мацi ўгаворвала яго сесцi на карабель i дабрацца да Афiн марскiм шляхам – гэта было больш надзейна, чым iсцi праз лясы i цераз горы, дзе вялiся драпежныя звяры i лiхiя разбойнiкi падпiльноўвалi падарожнiкаў.

Але Тэзей прагнуў подзвiгаў i славы i пайшоў простаю дарогаю.

Смела мiнуў ён межы дзедавых земляў i ўвайшоў у чужыя горы. Прайшоў трохi i сустрэў кульгавага велiкана, якi чыкiльгаў па дарозе, абапiраючыся на тоўстую жалезную булаву, якая са звонам стукалася аб прыдарожныя камянi.

Убачыўшы Тэзея, велiкан закрычаў сярдзiта:

– Гэй, падарожнiк, вяртайся назад!

Тэзей здзiвiўся i спытаў, чаму ён павiнен вяртацца, калi яму трэба iсцi ўперад.

Велiкан узняў над галавою сваю булаву i зароў:

– Вяртайся туды, адкуль прыйшоў, i скажы ўсiм, што я, Перыфет, нiкому не дазваляю тут хадзiць! Клянуся гэтай булавою, якую выкаваў мне мой заступнiк бог Гефест, – ты не ступiш нi кроку далей.

Ён гаварыў гэта i размахваў сваёю жалезнай булавою так, што вецер свiстаў вакол i камянi разляталiся на ўсе бакi.

Замест таго каб павярнуцца i ўцякаць, Тэзей кiнуўся насустрач велiкану i сутыкнуўся з iм так хутка, што Перыфет не паспеў стукнуць юнака, а Тэзей ужо абхапiў яго рукамi за пояс i моцна сцiснуў. Ад нечаканасцi Перыфет выпусцiў з рук сваю булаву i нагнуўся, каб падняць яе. Тэзей тут жа збiў кульгавага з ног i ўсадзiў яму ў грудзi бацькаў меч. Потым ён сцягнуў цела велiкана з дарогi, падняў яго булаву i пайшоў далей, радуючыся сваёй першай перамозе.

Але гэта быў толькi пачатак яго выпрабаванняў.

На Iстме, iдучы праз густы i цёмны хваёвы лес, юнак пачуў, як драпежныя птушкi з крыкам бiлiся ў вяршалiнах соснаў, нiбыта дзялiлi нейкую крывавую здабычу. Раптам люты велiкан Сiнiс напаў на Тэзея ззаду, збiў з ног, звязаў i павалок у лясныя нетры.

– Бачыш вунь тыя дзве высокiя сасны, верхавiны якiх глядзяць у неба? сказаў велiкан Тэзею. – Я сагну iх унiз, да самай зямлi, прывяжу цябе да iх за рукi, за ногi – i адпушчу. Так раблю я з тымi, хто прыходзiць у мой лес, нездарма мяне завуць Згiнальнiк Соснаў!

Сказаўшы гэта, велiкан ухапiў за макаўкi дзве блiжэйшыя сасны i пачаў прыгiнаць iх да зямлi, не звяртаючы ўвагi на свайго палоннага.

Тэзей зубамi выцягнуў бацькаў меч з ножнаў, перарэзаў вяроўкi на руках i нагах, цiхенька падкраўся i стаў за спiною велiкана разбойнiка. Як толькi верхавiны соснаў паслухмяна дакранулiся да зямлi i велiкан наступiў на iх нагамi, Тэзей моцна схапiў яго за рукi, аблытаў iх вяроўкамi, прывязаў да галiн i, адступiўшы, пусцiў сосны на волю. Са страшэннай сiлай выпрасталiся высокiя дрэвы i разарвалi Згiнальнiка Соснаў напалам.

А Тэзей узяў свой меч i булаву i, не азiраючыся, заспяшаўся прэч з гэтага страшнага лесу.

Ён iшоў усё далей i далей i прыйшоў на бераг мора. Тут на скалiстым выступе над морам сядзеў велiкан Скiрон, якi прымушаў усiх падарожных мыць яму ногi.

Тэзей зiрнуў унiз i ўбачыў мноства чалавечых касцей на беразе, а з вады высоўвала прагную пашчу вялiзная марская чарапаха. Юнак зразумеў, што яму пагражае; ён прыкiнуўся, нiбыта хоча выканаць патрабаванне велiкана, i нагнуўся, быццам хацеў зачэрпнуць вады з мора. Велiкан падняў нагу, каб сапхнуць юнака ў мора, як спiхваў усiх дагэтуль. Тэзей тут жа схапiў велiкана за нагу i скiнуў яго самога ў ваду на з'ядзенне марскому страшыдлу. Перамогшы i гэтага разбойнiка, Тэзей рушыў далей.

Недалёка ад Элеўсiна давялося яму схапiцца з асiлкам Керкiёнам, якога яшчэ нiхто нiколi не мог перамагчы. Тэзей быў малады, спрытны, i прыёмам барацьбы яшчэ з маленства вучыў яго мудры Пiтфей, а Керкiён быў няўклюдны i прывык перамагаць слабых, – i Тэзей хутка адолеў яго.

Задаволены сваiмi перамогамi i думаючы пра блiзкую сустрэчу з бацькам, Тэзей заспяшаўся далей i iшоў, не спыняючыся, аж да змяркання.

У цемры спынiў яго на дарозе чалавек i пачаў угаворваць зайсцi да яго ў дом адпачыць i пераначаваць.

– Уночы небяспечна iсцi аднаму па бязлюднай дарозе, – гаварыў чалавек, зайдзi ў мой дом, падсiлкуйся разам са мною i адпачнi на маiм ложку. Мяне завуць Пракруст, дом мой заўсёды адчынены для падарожнiкаў, i мой ложак гатовы для цябе.

Пракруст запрашаў так ласкава, што Тэзей ахвотна згадзiўся i зайшоў да яго ў дом. Але чалавек той быў каварны i люты разбойнiк: ён заваблiваў падарожнiкаў i ўкладваў iх на свой ложак; каму ложак быў малы – таму адсякаў галаву або ногi, а каму ложак быў завялiкi – таго выцягваў так, што падарожнiк памiраў у пакутах. Пракруст хацеў загубiць i Тэзея. Ды юны герой, убачыўшы акрываўлены Пракрустаў ложак i чалавечыя абрубкi вакол яго, так разгневаўся, што схапiў самога разбойнiка i шпурнуў яго на страшны ложак. А паколькi пасцель была кароткай, ён адсек Пракрусту яго доўгiя ногi. Пакiнуўшы яго на праклятым ложку, Тэзей выйшаў з дома разбойнiка i заспяшаўся да свяшчэннай крынiцы, каб адмыцца ад пралiтай крывi.

Нарэшце ён убачыў перад сабою Афiны i ўвайшоў у горад свайго бацькi.

Жыхары Афiн пазiралi на яго са здзiўленнем, калi ён iшоў па вулiцах: яго доўгая вопратка, доўгiя да плячэй валасы былi незвычайныя для афiнян, i яго палiчылi за дзяўчыну. Рабочыя, што будавалi храм на плошчы, пачалi смяяцца з яго. Тэзей узлаваўся, схапiў пустую каляснiцу i шпурнуў яе ў жартаўнiкоў з такой сiлай, што яна заляцела на дах храма. Усе ўбачылi, што перад iмi не кволая дзяўчына, а юны герой, якi валодае вялiкаю сiлаю, i як мага хутчэй правялi яго да палаца цара, куды ён iшоў.

Эгей быў тады ўжо стары. У яго доме ўсiм распараджалася чараўнiца Медэя, якая раней была жонкай арганаўта Язона, а потым уцякла з Карынфа i папрасiла прытулку ў афiнскага цара, паабяцаўшы вярнуць яму маладосць.

Медэя адразу ж здагадалася, што юнак, якi прыйшоў у палац, – сын Эгея. Прыход Тэзея ў Афiны абяцаў шмат змен, i яна зразумела, што яе ўлада над царом скончыцца. Медэя вырашыла звесцi са свету маладога царэвiча. Калi Эгею сказалi, што ў палац прыйшоў чужаземец i хоча пабачыцца з царом, Медэя пераканала старога цара, што госць гэты – злачынец, якога падаслалi ворагi, i ўгаварыла Эгея атруцiць яго.

Тэзей сядзеў побач з Эгеем за царскiм сталом i з хваляваннем чакаў выпадку, каб паказаць цару, што ён яго сын. I вось, калi Медэя, падаўшы знак цару, з каварнай усмешкай падала юнаку чашу з атручаным вiном, Тэзей дастаў з ножнаў бацькаў меч – нiбыта для таго, каб адкроiць сабе лусту хлеба. Эгей пазнаў свой меч i зразумеў, хто гэты юнак, што прыйшоў да яго. Ён вырваў у яго з рук i кiнуў вобземлю атручаную чашу i абняў свайго сына. Убачыўшы гэта, Медэя адразу ж выбегла з палаца i ўцякла з Афiн.

Эгей загадаў апавясцiць усiх афiнян, што прыйшоў яго сын, iх будучы цар, i наладзiў баль, каб адсвяткаваць сваю сустрэчу з Тэзеем.

Але ворагi Эгея, якiя даўно хацелi адабраць у яго Афiны i толькi чакалi смерцi старога цара, каб захапiць горад, былi вельмi незадаволены, што з'явiўся малады наследнiк. Яны парашылi сiлай перашкодзiць яму i паслалi ў Афiны атрад воiнаў; меншую яго частку накiравалi да гарадскiх варотаў, а другая – большая – павiнна была тайком абысцi горад i напасцi на афiнян з тылу. Тэзей разгадаў хiтрыкi ворагаў, знянацку сам напаў на тых, што былi ў засадзе, у тыле, i перабiў усiх воiнаў да адзiнага. А тыя, што падышлi да варотаў, даведаўшыся пра пагiбель другога атрада, разгубiлiся i кiнулiся наўцёкi. Так Тэзей пазбавiў бацьку ад даўнiх яго ворагаў i спадзяваўся, што нiхто больш не парушыць спакою i мiру ў Афiнах.

Ды аднойчы ранiцай яго пабудзiлi крыкi людзей. У горадзе быў пярэпалах. Тэзею расказалi сумную гiсторыю.

Было неяк раз свята ў Афiнах. З'ехалiся госцi з розных гарадоў. Юнакi спаборнiчалi ў сiле i спрыце, у бегу i барацьбе. Сын крыцкага цара Мiнаса перамог у спаборнiцтве ўсiх афiнскiх байцоў. Эгей не мог сцярпець гэтага. Ён прапанаваў пераможцу паказаць сваю сiлу – утаймаваць раз'юшанага быка, з якiм нiхто не мог справiцца. Бык забiў крыцянiна.

Тады Мiнас сабраў свае караблi, пайшоў вайною на Афiны i асадзiў горад. Афiняне не вытрымалi цяжкай асады – голад прымусiў iх здацца. Мiнас запатрабаваў з Афiнаў страшную данiну: кожныя дзевяць гадоў яны павiнны пасылаць сем дзяўчат, самых прыгожых, i сем юнакоў, самых дужых, на Крыт. Там на беразе мора стаяў вялiзны змрочны палац – Лабiрынт. Яго пабудаваў калiсьцi вядомы грэчаскi дойлiд Дэдал, калi жыў у палоне ў Мiнаса на Крыце. У гэтым палацы было столькi пакояў i залаў, столькi дзвярэй i пераходаў i так хiтра быў заблытаны план яго, што той, хто трапляў у палац, бясконца кружыў па iм i не мог знайсцi з яго выхаду. Нiбы вялiзная пастка быў Лабiрынт: пасярэдзiне яго, куды вялi ўсе заблытаныя хады, жыў людаед Мiнатаўр – страшыдла з галавою быка. Казалi, што Мiнатаўра нарадзiла Пасiфая, жонка Мiнаса, i цар загадаў пабудаваць Лабiрынт, каб схаваць у iм сваю ганьбу. На з'ядзенне Мiнатаўру аддаваў Мiнас афiнскiх юнакоў i дзяўчат.

I вось зноў надышла страшная часiна. У афiнскай гаванi рыхтавалi карабель i ў знак смутку падымалi на iм чорныя ветразi. Плач чуўся з дамоў асуджаных.

Афiняне натоўпам прыйшлi ў палац. Яны сказалi Эгею:

– Мы аддаем страшыдлу сваiх дзяцей, а твой сын застаецца з табою, i ты не падзяляеш з намi нашага гора.

Тэзей не мог слухаць гэтыя папрокi.

– Я гатовы, – адказаў ён афiнянам, – замянiць аднаго з вашых сыноў i паехаць на Крыт разам з iншымi. Але, прысягаю вам, мы не загiнем! Я заб'ю крыважэрнага Мiнатаўра i назаўсёды вызвалю вас ад цяжкай данiны.

Эгея ахапiў жах, калi ён пачуў гэтыя словы. Ён упрошваў Тэзея застацца ў Афiнах, угаворваў афiнян не аддаваць страшыдлу свайго будучага цара. Але Тэзей пераконваў бацьку, што не загiне i вернецца пераможцам. Ён абяцаў засмучанаму бацьку: калi застанецца жывы, дык па дарозе назад загадае ўзняць на караблi белыя ветразi замест чорных, каб бацька ўбачыў яшчэ здалёк гэты светлы знак перамогi.

Надышоў дзень ад'езду. Сем юнакоў i сем дзяўчат паднялiся на карабель i паплылi да выспы Крыт, ахопленыя страхам i тайнай надзеяй.

Калi афiнскi карабель прыплыў да Крыта i спынiўся каля прыстанi, Мiнас загадаў адразу ж прывесцi асуджаных у свой палац. Яны iшлi па беразе мора, i крыцяне глядзелi на iх i гаварылi пра iх страшны лёс. Тэзей iшоў наперадзе ўсiх, смелы i прыгожы, i падбадзёрваў таварышаў. Калi iх прывялi да цара, Мiнас пачаў насмiхацца з iх i зняважыў адну з дзяўчат. Тэзей горача заступiўся за яе.

– Хто ты такi, каб пярэчыць мне, цару Крыта, сыну вялiкага Зеўса? пагардлiва спытаў Мiнас.

– Я таксама царскага роду, я сын цара, i бог мора Пасейдон – мой заступнiк i абаронца з маленства, – адказаў цару Тэзей.

Гэтую спрэчку са страхам слухала дачка Мiнаса, прыгажуня Арыядна. Яна адразу вылучыла Тэзея сярод афiнскiх юнакоў – ён зачараваў яе сваёй мужнай прыгажосцю, бясстрашшам i тым, як горача заступiўся за сваю сяброўку. Арыядна ў глыбiнi душы пазайздросцiла дзяўчыне, яна адразу пакахала афiнскага царэвiча. Таму яна вельмi спалохалася, калi Мiнас сказаў, злосна ўсмiхаючыся:

– Калi гэта праўда, што Пасейдон – твой заступнiк, няхай ён паможа табе дастаць гэты пярсцёнак.

I, зняўшы з пальца залаты пярсцёнак, цар шпурнуў яго ў мора.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю