355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Вера Смирнова » Героi Элады (З мiфаў старажытнай Грэцыi) (на белорусском языке) » Текст книги (страница 1)
Героi Элады (З мiфаў старажытнай Грэцыi) (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 8 сентября 2016, 23:20

Текст книги "Героi Элады (З мiфаў старажытнай Грэцыi) (на белорусском языке)"


Автор книги: Вера Смирнова


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 7 страниц)

Смирнова Вера
Героi Элады (З мiфаў старажытнай Грэцыi) (на белорусском языке)

Вера Смiрнова

Героi Элады

З мiфаў старажытнай Грэцыi

Пераклад: З.Петрушэня

ПРАДМОВА

Шмат вякоў назад на Балканскай паўвыспе пасялiўся народ, якi потым пачалi называць грэкамi. У адрозненне ад сучасных грэкаў, мы называем той народ старажытнымi грэкамi, або элiнамi, а iх краiну – Эладай.

Элiны пакiнулi народам усяго свету багатую спадчыну: велiчныя збудаваннi, якiя i да нашых дзён лiчацца самымi прыгожымi на свеце, цудоўныя мармуровыя i бронзавыя статуi i вялiкiя творы лiтаратуры, якiя людзi чытаюць i цяпер, хоць яны напiсаны на мове, на якой даўно ўжо нiхто не гаворыць на зямлi. Гэта "Iлiяда" i "Адысея" – гераiчныя паэмы пра тое, як грэкi бралi ў асаду горад Трою, i пра вандроўкi i прыгоды аднаго з удзельнiкаў гэтай вайны – Адысея. Гэтыя паэмы спявалi вандроўныя спевакi, i створаны яны каля трох тысяч гадоў таму назад.

Ад старажытных грэкаў засталiся нам iх паданнi, iх старажытныя сказаннi мiфы.

Грэкi прайшлi доўгi гiстарычны шлях; спатрэбiлiся стагоддзi, перш чым яны сталi самым адукаваным, самым культурным народам старажытнага свету. Iх уяўленнi пра будову свету, iх спробы вытлумачыць усё, што адбываецца ў прыродзе i ў чалавечым грамадстве, знайшлi сваё адлюстраванне ў мiфах.

Мiфы стваралiся, калi элiны яшчэ не ведалi граматы, складалiся паступова, на працягу некалькiх стагоддзяў, перадавалiся з вуснаў у вусны, з пакалення ў пакаленне i нiколi не былi запiсаны як адна цэласная кнiга. Мы ведаем iх ужо з твораў старажытных паэтаў Гесiёда i Гамера, вядомых грэчаскiх драматургаў Эсхiла, Сафокла, Еўрыпiда i пiсьменнiкаў больш познiх эпох.

Вось чаму мiфы старажытных грэкаў даводзiцца збiраць з самых розных крынiц i пераказваць iх.

Паводле асобных мiфаў можна аднавiць карцiну свету, як уяўлялi яго сабе старажытныя грэкi. Мiфы расказваюць, што спачатку свет насялялi страшыдлы i велiканы: гiганты, у якiх замест ног выгiналiся вялiзныя змеi; сторукiя, вялiзныя, нiбы горы; злосныя кiклопы, або цыклопы, – з адным блiскучым вокам пасярод iлба; грозныя дзецi Зямлi i Неба магутныя тытаны. У вобразах гiгантаў i тытанаў старажытныя грэкi ўвасаблялi стыхiйныя магутныя сiлы прыроды. Мiфы расказваюць, што пазней гэтыя стыхiйныя сiлы прыроды ўтаймаваў i пакарыў Зеўс – бог неба, Грамавержац i Хмараганiцель, якi ўпарадкаваў свет i стаў уладаром Сусвету. На змену тытанам прыйшло царства Зеўса.

Ва ўяўленнi старажытных грэкаў багi былi падобны на людзей i адносiны памiж iмi нагадвалi адносiны памiж людзьмi. Грэчаскiя багi сварылiся i мiрылiся, увесь час умешвалiся ў жыццё людзей, удзельнiчалi ў войнах. Кожны з багоў меў сваю справу, "загадваў" пэўнай "гаспадаркай" у свеце. Элiны надзялялi сваiх багоў чалавечымi характарамi i схiльнасцямi. Ад людзей "смяротных" – грэчаскiя багi адрознiвалiся толькi тым, што былi бессмяротныя.

Як кожнае грэчаскае племя мела свайго правадыра, ваеначальнiка, суддзю i гаспадара, так i сярод багоў грэкi лiчылi правадыром Зеўса. Паводле вераванняў грэкаў, сям'я Зеўса – яго брат, жонка i дзецi – падзялялi з iм уладу над светам. Жонка Зеўса, Гера, лiчылася ахоўнiцай сям'i, роднага дому. Брат Зеўса, Пасейдон, уладарыў над марамi; Гадэс, або Аiд, кiраваў падземным царствам мёртвых; Дэметра, сястра Зеўса, багiня земляробства, распараджалася ўраджаем. У Зеўса былi дзецi: Апалон – бог святла, апякун навук i мастацтваў; Артэмiда багiня лясоў i палявання, Афiна Палада, якая нарадзiлася з галавы Зеўса, багiня мудрасцi, ахоўнiца рамёстваў i ведаў; кульгавы Гефест – бог-каваль i механiк; Афрадыта – багiня кахання i прыгажосцi, Арэс – бог вайны, Гермес вястун багоў, самы блiзкi памочнiк i любiмец Зеўса, ахоўнiк гандлю i мараплавання.

Мiфы расказваюць, што гэтыя багi жылi на гары Алiмп, якая была заўсёды закрыта ад вачэй людзей воблакамi, кармiлiся "ежай багоў" – нектарам i амброзiяй, i ўсе справы вырашалi на банкеце ў Зеўса.

Людзi на зямлi звярталiся да багоў – да кожнага па яго "спецыяльнасцi", будавалi для кожнага з iх храмы i, каб улагодзiць, прыносiлi iм дарункi ахвяры.

Мiфы расказваюць, што, апрача гэтых галоўных багоў, уся зямля была населена багамi i багiнямi, якiя ўвасаблялi сiлы прыроды.

У рэках i ручаях жылi нiмфы Наяды, у моры – Нерэiды, у лясах – Дрыяды i Сатыры з казлiнымi нагамi i з рожкамi на галаве; у гарах жыла нiмфа Рэха.

У небе гаспадарыў Гелiёс – сонца, якi кожны дзень аб'язджаў увесь свет на сваёй залатой каляснiцы, запрэжанай вогнедышнымi коньмi; ранiцай пра яго выезд абвяшчала румяная Эас – зара; уночы над зямлёй смуткавала Селена – месяц. Вятры ўяўлялiся ў выглядзе розных багоў: паўночны грозны вецер – Барэй, цёплы i мяккi – Зефiр.

Жыццём чалавека распараджалiся тры багiнi лёсу – Мойры: яны пралi нiтку чалавечага жыцця ад нараджэння да смерцi i маглi абарваць яе, калi хацелi.

Акрамя мiфаў пра багоў у старажытных грэкаў былi мiфы пра герояў. Старажытная Грэцыя не была адзiнай дзяржавай, яна складалася з маленькiх дзяржаў-гарадоў, якiя часта ваявалi памiж сабою, а часам заключалi саюз супраць агульнага ворага. У кожнага горада, у кожнай вобласцi быў свой герой. Героем Афiн быў Тэзей, адважны юнак, якi абараняў родны горад ад заваёўнiкаў i перамог у паядынку страшнага быка Мiнатаўра, якому аддавалi на з'ядзенне афiнскiх юнакоў i дзяўчат. Героем Фракii быў славуты спявак Арфей. У аргiвян героем быў Персей, якi забiў Медузу, адзiн позiрк якой ператвараў чалавека ў камень.

Потым, калi грэчаскiя плямёны паступова аб'ядналiся i грэкi пачалi ўсведамляць сябе адзiным народам – элiнамi, з'явiўся герой усёй Грэцыi Геракл. Быў створаны мiф пра падарожжа, у якiм удзельнiчалi героi розных грэчаскiх гарадоў i абласцей, – пра паход арганаўтаў.

Грэкi з даўнiх часоў былi мараплаўцамi. Мора, што абмывала берагi Грэцыi (Эгейскае), было зручнае для плавання – на iм шмат астравоў, яно большую частку года спакойнае, i грэкi хутка яго асвоiлi. Перабiраючыся з выспы на выспу, старажытныя грэкi неўзабаве дасягнулi Малой Азii. Паступова грэчаскiя мараплаўцы пачалi асвойваць i землi, што знаходзiлiся на поўнач ад Грэцыi.

У аснову мiфаў пра арганаўтаў пакладзены ўспамiны пра шматлiкiя спробы грэчаскiх мараходаў прабрацца ў Чорнае мора. Бурнае i без адзiнай выспы на шляху, Чорнае мора доўга палохала грэчаскiх маракоў.

Мiф пра паход арганаўтаў цiкавы для нас яшчэ i таму, што гаворка ў iм iдзе пра Каўказ, пра Калхiду; рака Фазiс – гэта цяперашнi Рыён, i там сапраўды калiсьцi знаходзiлi золата.

Мiфы расказваюць, што разам з арганаўтамi ў паход па залатое руно выправiўся i вялiкi герой Грэцыi – Геракл.

Геракл – гэта вобраз народнага асiлка. У мiфах пра дванаццаць подзвiгаў Геракла старажытныя грэкi расказваюць пра гераiчную барацьбу чалавека з варожымi сiламi прыроды, пра вызваленне зямлi ад страшнага панавання стыхiй.

Геракл, якi валодае магутнай фiзiчнай сiлай, у той жа час з'яўляецца прыкладам мужнасцi, бясстрашша, воiнскай адвагi.

У мiфах пра арганаўтаў i пра Геракла перад намi паўстаюць героi Элады смелыя мараходы, адкрывальнiкi новых шляхоў i новых земляў, змагары, што вызваляюць зямлю ад страшыдлаў, якiмi яе насялiў першабытны розум. У вобразах гэтых герояў выражаны iдэалы старажытнага свету.

У старажытнагрэчаскiх мiфах адлюстравана "маленства чалавечага грамадства", якое ў Эладзе, паводле слоў Карла Маркса, "развiвалася найбольш прыгожа i мае для нас вечнае хараство". У сваiх мiфах элiны выявiлi выдатнае пачуццё прыгажосцi, мастацкае разуменне прыроды i гiсторыi. Мiфы Старажытнай Грэцыi шмат вякоў натхнялi паэтаў i мастакоў усяго свету. У вершах Пушкiна i Цютчава i нават у байках Крылова мы не адзiн раз знойдзем вобразы з мiфаў Элады. Калi б мы не ведалi старажытнагрэчаскiх мiфаў, шмат што ў мастацтве мiнулага – у скульптуры, жывапiсе, паэзii – было б нам незразумела.

Вобразы старажытнагрэчаскiх мiфаў захавалiся i ў нашай мове. Мы не верым цяпер, што iснавалi калi-небудзь магутныя велiканы, якiх старажытныя грэкi называлi тытанамi i гiгантамi, аднак мы i цяпер называем вялiкiя справы гiганцкiмi. Мы гаворым: "Мукi Тантала", "Сiзiфава праца" – i без ведання грэчаскiх мiфаў гэтыя словы незразумелыя.

Самi па сабе старажытнагрэчаскiя мiфы – народныя паданнi, якiя прыйшлi да нас з далёкай мiнуўшчыны, – поўныя паэзii i глыбокага сэнсу. Свабодалюбiвы Геракл, якi ачышчае зямлю ад страшыдлаў, смелыя адкрывальнiкi новых земляў арганаўты, Праметэй, якi паўстаў супраць бога i даў агонь чалавецтву, – усе гэтыя вобразы сталi здабыткам сусветнай лiтаратуры, i кожны культурны чалавек павiнен iх ведаць.

АРГАНАЎТЫ

Баран з залатым руном

Калiсьцi, у даўнiя-даўнiя часы, расказвалi грэкi, над горадам Архаменам праплывала высока ў небе хмара. Паветраная нiмфа Няфела (што i азначае па-грэчаску "хмара") убачыла на гары над горадам прыгожы палац з белымi калонамi i шырокiмi тэрасамi. Ёй захацелася даведацца, хто там жыве, i яна спусцiлася ўнiз, на каменныя прыступкi палаца.

Насустрач Няфеле выйшаў гаспадар палаца – архаменскi цар Афамант. Ён прывiтаў прыгажуню нiмфу i запрасiў яе ў палац.

Мiнула некалькi гадоў. У царыцы Няфелы нарадзiлiся блiзняты – хлопчык i дзяўчынка, Фрыкс i Гела. Цар Афамант радаваўся, што ў яго нарадзiлiся дзецi. У Архамене было вясёлае свята, жыхары горада цэлы дзень тоўпiлiся каля палаца, каб прывiтаць навароджаных.

Толькi адна Няфела была неспакойная i нярадасная. Яна часта пачала задумвацца, сумавала па доўгу стаяла на самай высокай тэрасе палаца i глядзела на неба. Душна, цесна стала ёй у прыгожым палацы, яе вабiла ў нябесныя прасторы, на волю. Неяк раз вечарам яна ўбачыла на небе хмары, засмяялася ад радасцi, узняслася да iх, забыўшы пра ўсё на свеце, i вецер панёс яе далёка ад Архамена.

Дарэмна плакалi ў палацы маленькiя Фрыкс i Гела i клiкалi мацi – нiмфа Няфела не вярнулася на зямлю.

Пуста i сумна стала ў палацы без царыцы. Дзецi раслi без мацi.

На той час прыйшла да Афаманта прасiць прытулку адна царэўна, па iменi Iно; яе сям'ю выгналi з горада, у якiм яна раней жыла, бацькi i родныя яе ўсе памерлi, i яна засталася зусiм адна, без даху над галавой i ежы, без анiякай дапамогi.

"Адна пайшла, не развiтаўшыся, другая прыйшла нязваная", – падумаў цар Афамант i пакiнуў у сябе царэўну. Ён парашыў ажанiцца з ёю, каб яна замянiла дзецям мацi.

Неўзабаве Iно стала гаспадыняй у палацы Афаманта. Цар пакахаў яе, i людзi ў Архамене прывыклi да яе – яна ж была не нiмфа, а гэтакi ж чалавек, як i яны. Iно была ветлiвая з усiмi, кожнаму старалася спадабацца. Яна песцiла Фрыкса i Гелу, але тыя адчувалi, што яна не любiць iх.

Потым у Iно нарадзiўся сын, а праз год – другi. Яна ўжо больш не звяртала ўвагi на пасынка i падчарыцу i зусiм перастала клапацiцца пра iх.

Мiналi гады. Афамант дужа састарыўся, i ўсе чакалi, што хутка Фрыкс стане царом у Архамене.

"Што ж будзе са мною i з маiмi сынамi, калi сын Хмары стане царом у Архамене?" – думала Iно.

Царыца вырашыла пазбавiцца ад Фрыкса, але яна ведала, што багi караюць за забойства, i не хацела наклiкаць на сябе гнеў багоў. Iно прыдумала каварны план.

Кожную вясну архаменцы засявалi свае палеткi, а насенне для пасеву атрымлiвалi са свiрнаў цара. У той год людзi, як заўсёды, прыйшлi да цара па насенне. Iно падпражыла зярняты i выдала людзям насенне, непрыгоднае для пасеву.

Прыйшла пара, i зазелянелi палеткi вакол Архамена, ды толькi не збажыной, а пустазеллем. Насенне Iно не ўзышло. У краiне пачаўся голад.

Людзi не ведалi, чаму здарылася гэткае няшчасце, i думалi, што багi гневаюцца на iх. Вырашылi папытацца ў аракула – прадказальнiка, якi мог адгадваць усе таямнiцы мiнулага, сённяшняга i будучага. Царыца Iно падахвоцiлася папытацца ў аракула, завошта разгневалiся багi. Але яна нiчога нi ў кога не пыталася i сама падрыхтавала адказ.

Вось што сказала Iно народу:

– Багi разгневалiся за тое, што ў Архамене была царыцай нiмфа Няфела, якая самавольна пакiнула неба i стала жонкай чалавека. Багi не хочуць, каб сын Няфелы стаў царом у Архамене. Забiце яго – i тады вашы палеткi будуць зноў даваць вам хлеб. Такая воля багоў.

Са страхам выслухалi архаменцы гэтую лiхую вестку. Шкада iм было забiваць нi ў чым не вiнаватага царэвiча, але людзi былi пакорныя багам. I вось прызначылi дзень, у якi ўрачыста перад усiм народам, на гары, калi ўзыдзе месяц, павiнны былi прынесцi ў ахвяру Фрыкса.

Надышоў гэты дзень. Раным-рана брат i сястра стаялi адны на высокай тэрасе палаца i сумна пазiралi на неба.

Гела абдымала брата, плакала i клiкала мацi:

– Памажы сваiм пакiнутым дзецям!

Змрочны стаяў побач з ёю Фрыкс i маўчаў – ён думаў, што мацi забылася пра iх.

Раптам далёка-далёка на чыстым небе з'явiлася хмарка. Гэта нiмфа Няфела, блукаючы па паветраных прасторах, пачула жаласны поклiч дачкi i прыляцела, каб памагчы дзецям. Хмарка наблiзiлася, апусцiлася – i мацi абняла сваiх дзяцей. Разам з нiмфай з'явiўся перад iмi баран з залатымi рагамi, з доўгай залатой воўнай.

– Дзецi, – сказала нiмфа, – я не магу вас узяць з сабою – людзi не могуць жыць на небе. Але я дару вам залатаруннага барана. Ён пералятае цераз горы, нiбы птушка, плавае ў вадзе, нiбы трытон, i бяжыць па зямлi хутчэй за вецер. Смела сядайце яму на спiну, i ён занясе вас далёка адсюль. Верце яму. Ён пераплыве з вамi тры моры i адвязе вас у царства Ээта, сына Сонца. Ээт дасць вам прытулак i будзе вам замест бацькi. Бывайце! Спяшайцеся!

I нiмфа зноў узнялася ў неба.

Фрыкс i Гела селi на спiну залатаруннага барана, i ён панёс iх ад лiхой мачахi. Ён пераляцеў з iмi цераз горы, дабег да мора, кiнуўся ў ваду i паплыў. Мора было спакойнае, i баран з дзецьмi шпарка паплыў па хвалях. Дзецi моцна трымалiся за яго залатую воўну i адно за аднаго i не баялiся. Так пераплылi яны першае мора, i хвалi вынеслi iх у вузкi доўгi пралiў, якi злучаў гэтае мора з другiм. Тут дзьмуў моцны вецер, i цячэнне было такое iмклiвае, што хвалi залiвалi iх з ног да галавы. Гела са страхам пазiрала на пенiстыя грабянi хваль; у яе замiрала сэрца i кружылася галава.

– Мацней трымайся за мяне, – гаварыў Фрыкс сястры.

Але Гела дрыжала i раптам, крыкнуўшы, выпусцiла руку брата i саслiзнула з барана ў ваду.

– Гела! – паспеў толькi крыкнуць Фрыкс.

Але дзяўчынка ўжо знiкла ў вiры. Фрыкс заплюшчыў вочы i паплыў далей адзiн – прэч ад гэтага жудаснага месца.

А людзi потым назвалi тую частку мора, дзе патанула Гела, Гелеспонтам "морам Гелы".

Дзiвосны баран з залатым руном мiнуў другое мора i па другiм пралiве выплыў у шырокае бурнае Чорнае мора. Доўга плыў ён уздоўж берагоў, мiма чужых земляў, не падобных на Грэцыю. Нарэшце ён дабраўся да вусця вялiкай светлай ракi, што ўпадала ў мора, i далей паплыў уверх па рацэ. На беразе з аднаго боку цягнуўся густы цёмны лес з магутнымi высокiмi дрэвамi – гэта быў свяшчэнны гай Арэса, бога вайны. Удалечынi ўздымалiся ў неба вяршынi гор, укрытыя снегам. На другiм беразе ракi вiднеўся вялiкi горад – сталiца Калхiды, Ээтава царства.

Залатарунны баран вынес Фрыкса на бераг. Фрыкс увайшоў у горад i падаўся ў палац цара Ээта. Трымаючы за рог залатаруннага барана, сын Хмары прыйшоў да сына Сонца.

Ээт сустрэў Фрыкса ласкава i пасялiў у сваiм палацы. Дзiвоснага барана зарэзалi ў гонар бога Зеўса, а залатое руно павесiлi на свяшчэнным дубе ў гаi Арэса. Цар прыставiў страшнага дракона пiльнаваць дуб, каб нiхто не мог украсцi залатое руно. З таго часу пачало багацець царства Ээта. Зямля добра радзiла, i людзi жылi ў дастатку.

Падарожнiкi, якiя пабывалi ў Калхiдзе, разнеслi па ўсiм свеце чуткi пра дзiвоснае залатое руно, якое прыносiць багацце. Шмат смельчакоў з блiзкiх i далёкiх краiн марылi падацца ў Калхiду, каб хiтрыкамi або сiлаю здабыць залатое руно. Ды гэта было небяспечна i цяжка, i доўга нiхто не адважваўся на такое падарожжа.

Чалавек у адной сандалi

У Фесалii, на беразе залiва, стаяў калiсьцi багаты i прыгожы горад Iолк. Царом у iм быў стары Эзон. Малодшы брат яго, Пелiй, чалавек круты i ўладалюбiвы, звергнуў Эзона i сам пачаў кiраваць Iолкам. Эзон пакарыўся Пелiю, але не захацеў пакiдаць родны горад i застаўся жыць у Iолку як просты грамадзянiн, а свайго маленькага сына Язона ён, баючыся Пелiя, адаслаў у лес, на гару Пелiён.

На схiлах Пелiёна ў лесе жыло дзiкае племя кентаўраў. Гэта былi напалову людзi i напалову конi: у iх чалавечая галава i торс чалавека на конскiм тулаве з чатырма нагамi. Кентаўры былi вельмi лютыя i наганялi жах на мiрных жыхароў краiны, калi часам, нiбы дзiкi табун, як вiхор спускалiся з гор, топчучы палеткi i знiшчаючы пад сваiмi капытамi ўсё жывое.

Але сярод гэтых дзiкiх iстот быў адзiн стары кентаўр Хiрон, якi славiўся мудрасцю. Яму i аддаў Эзон на выхаванне свайго сына.

Шмат гадоў пражыў Язон у горнай пячоры ў Хiрона. Стары кентаўр загартаваў яго цела, зрабiў юнака дужым i спрытным, навучыў яго валодаць кап'ём i мячом, адкрыў яму шмат таямнiц прыроды i вучыў яго быць хiтрым у барацьбе з ворагамi.

Пелiй цараваў у Iолку. Нiшто не пагражала цару ў падуладным яму горадзе, але нейкая трывога ўвесь час мучыла Пелiя. Часта звяртаўся ён да аракулаў-прадказальнiкаў, пытаўся ў iх, цi доўга ён будзе жыць i хто перашкодзiць яго цараванню.

Неяк раз ён спытаў у аракула, адкуль чакаць яму небяспекi.

Аракул адказаў:

– Бойся чалавека, у якога абута толькi адна нага.

Пелiй запомнiў гэта i з таго часу, сустракаючыся з незнаёмым чалавекам, перш за ўсё глядзеў на яго ногi.

Калi Язону споўнiлася дваццаць гадоў, ён адчуў сябе дужым i моцным, адчуў, што гатовы да выпрабаванняў жыцця, i захацеў вярнуцца дадому. Ён развiтаўся з Хiронам, выйшаў з Пелiёнскага лесу, спусцiўся з гары i рушыў у Iолк.

Па дарозе яму трапiлася маленькая горная рэчка, якая разлiлася ад веснавых дажджоў. Нi моста, нi нават бервяна, перакiнутага цераз рэчку, не было вiдаць. Язон прыпадняў шкуру леапарда, якая была ў яго замест плашча, i смела ступiў у ваду. Ён вырашыў перайсцi рэчку ўброд.

Раптам ён пачуў – нехта клiча яго. Ён азiрнуўся i ўбачыў: на каменi каля вады сядзiць старая жанчына i са страхам пазiрае на бурлiвую ваду.

– Памажы мне перайсцi на той бераг, – сказала яна Язону, – я ўжо даўно сяджу тут i чакаю, i нiхто дагэтуль не памог мне, старой.

Язон, не сказаўшы нi слова, узяў старую на рукi i, асцярожна ступаючы па камянiстым дне, перанёс яе цераз рэчку. Па дарозе развязалася ў яго сандаля на левай назе, i вада знесла яе. Язон выйшаў на бераг, асцярожна паставiў жанчыну на зямлю i хацеў iсцi далей, як раптам пачуў моцны, гучны голас:

– Дзякуй, Язон, я не забуду цябе!

Ён хуценька азiрнуўся, але нiкога ўжо не было каля яго. Здзiвiўся Язон i пакрочыў далей, усё думаючы, хто была гэтая старая i як яна даведалася яго iмя.

Неўзабаве Язон прыйшоў у Iолк i апынуўся на вялiкай гандлёвай плошчы, дзе было шмат народу.

Усе са здзiўленнем пазiралi на незнаёмага, маладога i прыгожага, з доўгiмi, як у дзяўчыны, валасамi юнака з плямiстай шкурай на плячах i ў адной сандалi.

Юнак пачаў распытваць, як яму знайсцi дом бацькi.

Раптам застукалi капыты, загрукаталi колы, i на плошчы ў прыгожай каляснiцы, запрэжанай цудоўнымi фесалiйскiмi коньмi, з'явiўся ўладар Iолка Пелiй. Натоўп расступiўся, i Язон застаўся адзiн перад каляснiцай цара. Пелiй увесь задрыжаў, калi ўбачыў перад сабой чалавека, адна нага ў якога была абута, а другая босая.

Цар спынiў коней i спытаў, нахмурыўшыся:

– Скажы, хто ты, адкуль ты родам i што табе трэба ў Iолку?

– Я не чужынец тут, – адказаў Язон, – я нарадзiўся ў Iолку. Я сын цара Эзона i прыйшоў вярнуць назад царства майго бацькi, якое ў яго адабралi сiлком. Пакажыце мне дом майго бацькi, я хачу хутчэй яго ўбачыць.

Загрукатала каляснiца i памчала перапалоханага Пелiя. А жыхары Iолка, якiя любiлi старога Эзона, вiталi юнака i правялi яго да дома бацькi.

Стары Эзон заплакаў ад радасцi, калi ўбачыў, якiм дужым i прыгожым стаў яго сын. Ён наладзiў вясёлы баль у сваiм доме, каб разам з усiмi роднымi i сябрамi адсвяткаваць вяртанне яго сына. Толькi аднаго Пелiя не было на гэтым свяце. Змрочны сядзеў ён у сваiм палацы, з трывогай чакаў прыходу Язона i думаў, як загубiць яго.

Язон прыйшоў да Пелiя разам з раднёй i сябрамi, i гэта яшчэ больш напалохала ўладара.

Язон сказаў Пелiю:

– Я не буду бiцца з табою. Мы не чужыя, мы адной з табой крывi: ты брат майго бацькi, ты мне радня. Я не хачу мячом вырашаць нашу спрэчку, хачу ўсё скончыць мiрам. Аддай мне па-добраму ўладу, якую ты захапiў сiлай, i я пакiну табе ўсе твае багаццi, усю зямлю, з якой ты збiраеш ураджай, i ўсе твае статкi i табуны коней, i тваю каляснiцу, i твой палац, i твае багатыя ўбраннi. Ты будзеш дажываць свой век у дастатку i спакоi, i я не крану нi цябе, нi тваiх дзяцей.

Але Пелiй так адказаў Язону:

– Твая праўда, сын Эзона, i я згодны аддаць табе тое, на што ты маеш права. Ды толькi цi справядлiва гэта, што ты хочаш атрымаць усё гэта дарэмна. Я ж дваццаць гадоў цараваў у Iолку i за гэтыя гады таксама набыў права на яго. А ты хочаш, каб я аддаў табе Iолк без усякай платы з твайго боку? Ты малады i дужы, Язон, ты мог бы зрабiць мне паслугу. Даўно ўжо каменем ляжыць на мне кроўная родавая крыўда, а ты ж сам сказаў: мы не чужыя...

– Загадвай! – усклiкнуў горда Язон. – Абяцаю зрабiць усё, што ты скажаш.

– Слухай! – сказаў Пелiй. – Цi ведаеш ты пра залатое руно? Цi ведаеш ты, што бацька Фрыкса i твой дзед былi браты, як твой бацька i я? Цi ведаеш ты, што сталася з Фрыксам у Калхiдзе?

I Пелiй расказаў Язону, што спачатку цар Ээт любiў Фрыкса, выдаў за яго старэйшую дачку Халкiопу i зрабiў яго сваiм наследнiкам. Але потым Ээт зноў сам ажанiўся, i новая жонка нарадзiла яму сына Апсiрта. Тады цар загадаў Фрыксу iсцi прэч з Калхiды. Фрыкс запатрабаваў, каб цар аддаў яму назад залатое руно. Пачуўшы пра гэта, Ээт раз'юшыўся i забiў свайго зяця.

– Цень Фрыкса не дае мне спакою, – з няшчырым сумам гаварыў Пелiй Язону, ён прыходзiць да мяне ўночы i просiць i патрабуе, каб я выправiўся ў Калхiду i адабраў у Ээта залатое руно. Але я стары, i няма ў мяне здароўя на такое далёкае падарожжа... Гэта павiнен зрабiць ты, Язон! Здабудзь залатое руно, i ты адпомсцiш за Фрыкса i твой родны край стане самым багатым на свеце, а я з радасцю аддам табе ўладу над Iолкам.

Так гаварыў Язону каварны Пелiй, а сам думаў:

"Iдзi шукаць сваю пагiбель! Дзе-небудзь ты знойдзеш яе – цi ў бурным моры, на чужым беразе, цi ў гасцях у каварнага Ээта – усё роўна ты загiнеш, сын Эзона. Не бачыць табе Iолка, як не здабыць i залатое руно!"

Язон пачаў збiрацца ў небяспечную i цяжкую дарогу.

Каб пераплыць тры моры i дабрацца да Калхiды, патрэбны быў вялiкi карабель, быстраходны i моцны, якога яшчэ не было ў Грэцыi. А каб зрабiць далёкае падарожжа на вялiкiм караблi i сiлаю або хiтрасцю здабыць залатое руно, Язону патрэбны былi адважныя i дужыя таварышы – маракi i воiны.

З гэтымi думкамi падаўся Язон у Пелiёнскi лес – шукаць дрэва, якое магло б стаць асновай для яго карабля. Неўзабаве каля падножжа гары знайшоў ён сасну i ўзяўся секчы яе. Раптам ён пачуў звонкi голас:

– Я памагу табе, Язон. У цябе будзе карабель, якога яшчэ не мелi людзi. Я дам табе ў таварышы найлепшых герояў Грэцыi i сама павяду вас скрозь буры i туманы, i ты здабудзеш залатое руно.

Язон пазнаў голас – голас старой, якая дзякавала яму, калi ён перанёс яе цераз раку.

Гэта была сама багiня Гера, жонка вялiкага Зеўса, якая вырашыла памагчы Язону. Яна загадала яму даручыць пабудову карабля iолкскаму будаўнiку Аргу i папрасiла дачку Зеўса Афiну Паладу, заступнiцу i ахоўнiцу вучоных i рамеснiкаў, кiраваць работай.

А пакуль будаваўся карабель, Язон аб'ехаў усю Грэцыю, збiраючы сабе спадарожнiкаў для далёкага плавання.

Адплыццё

З вялiкай пелiёнскай сасны, што ссек Язон, зрабiлi аснову карабля. Прыладзiлi сасновыя рэбры, змацавалi iх тоўстымi бярвёнамi; на iх наслалi палубу. Абшылi карабель дошкамi; у борце прарэзалi круглыя адтулiны для вёслаў i абшылi iх скурай. Пасярэдзiне карабля паставiлi высокую тонкую сасну з перакладзiнамi i на iх умацавалi палатняныя ветразi. У карму карабля ўставiлi кавалак свяшчэннага дуба з Дадонскай дубровы. Гэты дуб быў чарадзейны: у шолаху яго лiстоў людзi маглi пачуць свой лёс. Будаўнiкi карабля спадзявалiся, што гэты кавалак дадонскага дуба падкажа мараплаўцам, што iм рабiць у цяжкую часiну. На носе карабля выразалi з дрэва прыгожую галаву багiнi Геры, заступнiцы адважных падарожнiкаў, i пазалацiлi яе: няхай ззяе i блiшчыць яна спераду карабля, няхай здалёку бачаць усе, што сама Гера вядзе карабель Язона.

Шмат часу мiнула, пакуль нарэшце быў пабудаваны карабель, прасмолены, аснашчаны i спушчаны на ваду.

I вось надышоў дзень, калi ў гаванi Iолка стаў каля прычала цуда-карабель, лёгкi на хаду, устойлiвы на хвалях, акрылены ветразямi, iмклiвы i прыгожы. Яго назвалi "Арго" – у гонар майстра, што пабудаваў яго.

Шумна i весела было ў Iолку. Пяцьдзесят самых лепшых грэчаскiх юнакоў, краса i сiла ўсёй Грэцыi, з'ехалiся сюды, каб на "Арго" плыць у далёкую Калхiду па залатое руно. Тут былi: магутны Геракл са сваiм юным сябрам Гiласам, браты-блiзняты Кастор i Палiдэўк, якiя нiколi не разлучалiся, браты Пелей i Тэламон з Фесалii, афiнскi цар Эгей, Лаэрт – цар выспы Iтакi, юны Адмет – сваяк Язона, сiлач Iдас i мудры Амфiярай, якi ўмеў адгадваць будучае; прыйшоў са сваёй кiфарай* славуты грэчаскi спявак Арфей; прыляцелi на магутных крылах два сыны бога ветру Барэя – Калаiд i Зет. I шмат iншых герояў сабралася ў прызначаны дзень у Iолку. Галоўным у паходзе быў Язон, рулявым карабля умелы i вопытны марак Тыфiс, яго памочнiкам – зоркi Лiнкей, якi бачыў усё, нават глыбока пад зямлёй. Размеркавалi месцы для весляроў, а на кармавое вясло прызначылi двух самых дужых – Геракла i Анкея. Пагрузiлi на "Арго" запасы харчоў, вiна i прэснай вады, каб у дарозе было ўволю што пiць i есцi.

* Кiфара – музычны струнны iнструмент.

Апошнюю ноч арганаўты – так называлi яны сябе – правялi на беразе мора, каля свайго карабля. Яны весялiлiся, слухалi расказы бывалых людзей i цудоўныя песнi Арфея i доўга не маглi заснуць.

На досвiтку Тыфiс пабудзiў усiх: пара было адплываць. Весляры селi за вёслы, рулявы стаў каля руля.

Язон налiў поўную чашу вiна.

– За шчаслiвае плаванне! – усклiкнуў ён i вылiў вiно ў мора – такi быў звычай маракоў перад адплыццём.

Весляры налеглi на вёслы, i "Арго" памчаўся па цiхiм залiве.

За Пелiёнскiм мысам, калi выйшлi ў адкрытае мора, арганаўты паставiлi ветразi. Дзьмуў спадарожны вецер, i лёгкi карабель шпарка паплыў уздоўж гарыстых берагоў Фесалii.

Вось конi Гелiёса вынеслi на неба сонечную каляснiцу – узышло сонца. Радаснымi воклiчамi вiталi арганаўты першы дзень свайго плавання. На небе не было нi хмурынкi, мора спакойнае. Сэрцы поўнiлiся чаканнем i надзеяй, вернымi спадарожнiкамi мараходаў.

Зазвiнелi залатыя струны, i моцны голас Арфея заглушыў плюскат хваляў за бортам карабля.

Пачуўшы песню Арфея, на паверхню мора выплылi дэльфiны i рыбы i паплылi за "Арго", нiбы статак, якi паслухмяна iдзе за пастухом.

На выспе Лемнас

Арганаўты доўга плылi ўздоўж берагоў Грэцыi, потым абагнулi апошнi выступ Халкiдскай паўвыспы i выйшлi ў адкрытае мора.

Аднойчы вечарам яны ўбачылi наперадзе ў моры вогненна-чырвоную выспу. Спачатку яны падумалi, што гэта сонца, якое якраз заходзiла, так афарбавала высокiя горы на выспе. Але надышла ноч, усё пацямнела навокал, а невядомая выспа нiбы палала у цемры перад iмi, i чым блiжэй падплываў да яе "Арго", тым ярчэйшае было зарава.

Раптам з вяршынi гары, што ўзвышалася над выспай, вырваўся слуп агню, узняўся высока ў неба i з шумам i трэскам, рассыпаючы мiльёны iскраў i распаленых камянёў, абрынуўся ў мора.

Арганаўты стоўпiлiся на палубе, любавалiся велiчным вiдовiшчам i пыталiся адзiн у аднаго, што азначае гэты пажар сярод мора.

Надышла ранiца, i агонь на выспе пагас, толькi густы дым iшоў з гары, як iдзе дым з комiна, калi ў доме паляць у печы.

"Арго" наблiзiўся да берага. Каб хвалi не знеслi карабель, арганаўты апусцiлi на дно – мора было тут неглыбокае – вялiкi камень, абвязаны моцным канатам. Другi такi канат быў прымацаваны на карме: канец яго кiнулi на бераг, i адзiн з весляроў зачапiў яго за выступ скалы i завязаў вузлом.

Павольна сыходзiлi на бераг арганаўты. Страшна было ступiць на зямлю, унутры якой таiўся агонь: яна здавалася iм гарачай i зыбкай. Агледзеўшыся, яны ўбачылi ўдалечынi гарадскiя сцены i накiравалiся туды, каб даведацца, як называецца гэтая выспа i што за людзi тут жывуць.

Прыбыццё арганаўтаў ужо заўважылi ў горадзе: ледзь толькi яны адышлiся ад берага, дзе прычалiў "Арго", як з гарадскiх варот выйшаў вялiкi ўзброены атрад i, грозна падняўшы зброю, рушыў iм насустрач.

Арганаўты на ўсякi выпадак таксама пастроiлiся ў баявы парадак i падрыхтавалiся да бою. Але зоркi Лiнкей раптам засмяяўся i сказаў:

– Стойце, сябры, апусцiце вашы мячы i коп'i: гэта жанчыны.

I сапраўды, гэта былi жанчыны ў воiнскiх даспехах i са зброяй у руках.

Арганаўты спынiлiся i здзiўлена разглядвалi незвычайных сваiх працiўнiкаў. Убачыўшы, што чужынцы не збiраюцца нападаць на iх, жанчыны таксама спынiлiся i, параiўшыся памiж сабою, паслалi наперад вястунку – даведацца, што гэта за людзi i чаго яны высадзiлiся на выспе.

Арганаўты сказалi, што шлях iх ляжыць мiма выспы, што яны i ў думках не маюць нiчога кепскага, i папрасiлi дазволу агледзець цудоўную выспу i папоўнiць запасы харчоў i вады.

Ад вястункi яны даведалiся, што гэта выспа Лемнас.

Тут, у сярэдзiне вогнедышнай гары Масiхл, была кузня бога Гефеста, вечна палаў свяшчэнны агонь у горне. А калi ў божага майстра было асаблiва шмат работы i яго аднавокiя чаляднiкi – кiклопы – моцна раздзiмалi агонь, iскры ляцелi высока ў неба i ўся выспа дрыжала i ўздрыгвала ад падземных удараў магутнага молата. Адсюль калiсьцi ўкраў тытан Праметэй маленькую iскру, каб падарыць людзям агонь.

Са здзiўленнем арганаўты даведалiся, што на выспе зусiм няма мужчын.

У горадзе жылi адны жанчыны; яны працавалi ў полi i ў майстэрнях, выконвалi ўсю мужчынскую работу. Абараняць выспу ад нападаў павiнны былi таксама жанчыны.

Кiравала ўсiм гэтым жаночым царствам маладая царыца Iпсiпiла.

Калi вястунка перадала ёй просьбу арганаўтаў, царыца загадала ўсiм жанчынам сабрацца на плошчы, дзе яны звычайна абмяркоўвалi свае справы, i сказала:

– Мiлыя сёстры! Мы дадзiм чужынцам хлеба, садавiны i салодкага лемнаскага вiна. Аднясём iм на карабель нашы дарункi. Але няхай яны як мага хутчэй плывуць адсюль, няхай не заходзяць у наш горад. Яны магутныя, гэтыя чужынцы, i мы не ведаем; што ў iх у галаве.

Але старая нянька царыцы, сiвая Палiксо, запярэчыла:

– Паглядзiце на мяне: я сiвая, я старая, я хутка памру. Калi старыя памруць, а маладыя састарацца, хто будзе запрагаць валоў у ярмо i араць зямлю, i сеяць хлеб, i жаць каласы ў полi? Хто абаронiць горад ад нападу ваяўнiчых суседзяў i вас самiх ад цяжкага рабства? Хто адрамантуе стары дом i пабудуе новы? Хто будзе жыць пасля нас? Самi багi паслалi нам гэты карабель i на iм пяцьдзесят адважных i дужых герояў. Па ўсiм вiдаць, што гэта добрыя людзi. Паслухайцеся маёй парады: запрасiце iх да сябе жыць, няхай яны застануцца на Лемнасе, няхай кiруюць горадам, няхай выберуць сабе жонак i жонкi народзяць дзяцей, няхай стануць прышэльцы вам роднымi i будуць вашай апорай у любой справе i абаронцамi ад усiх ворагаў.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю