355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Вера Смирнова » Героi Элады (З мiфаў старажытнай Грэцыi) (на белорусском языке) » Текст книги (страница 6)
Героi Элады (З мiфаў старажытнай Грэцыi) (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 8 сентября 2016, 23:20

Текст книги "Героi Элады (З мiфаў старажытнай Грэцыi) (на белорусском языке)"


Автор книги: Вера Смирнова


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 6 (всего у книги 7 страниц)

Позiрк багiнi палагаднеў. Яна пагладзiла прыгожую лань i сказала ёй:

– Iдзi! Ты хутка вернешся да мяне! – i схавалася памiж дрэвамi.

Геракл з Iалаем пайшлi далей, ведучы за сабою злоўленую лань.

Дарога назад была хутчэйшая i лягчэйшая, бо яны iшлi па сваiх слядах i зарубках. Неўзабаве яны спусцiлiся да падножжа гары. Геракл рушыў у Мiкены i прывёў у палац Еўрысфея цудоўную лань.

Але цар, баючыся Артэмiды, аддаў лань Гераклу.

Геракл успомнiў словы красунi паляўнiчай: "Ты вернешся да мяне!" Каб выканаць пажаданне багiнi, ён вярнуў лань Артэмiдзе.

Чацвёрты подзвiг

Геракл вызваляе зямлю ад Эрыманфскага вепра

I ўлетку i ўвосень, калi на палетках даспявае гароднiна i збажына, сяляне, што жылi каля гары Эрыманф, з трывогай аглядалi ранiцай свае палi i кожны раз то тут, то там знаходзiлi сляды страшнага спусташэння: зямля была парытая, пасевы здратаваны, вырваны з коранем i шмат пладоў, патрэбных людзям, без карысцi былi падушаны нейкай грубай сiлай.

Людзi гаварылi, што ў дубовым гаi на горных схiлах жыве дзiкi вепр, якi ўночы спускаецца з гары i спусташае палеткi. Але такiя страшныя былi яго iклы i капыты, што нiхто не адважваўся пайсцi ў лес i забiць злоснага драпежнiка.

Цар Еўрысфей загадаў Гераклу ўпаляваць Эрыманфскага вепра.

Геракл здзiвiўся, што дагэтуль не знайшлося ў паселiшчы меткага стралка, таму што забiць дзiка не так ужо цяжка, i адзiн пайшоў на Эрыманфскую гару.

Узбiраючыся ўгору па крутым схiле, ён пачуў конскi тупат, i раптам мiма яго прамчаўся ў далiну табун дзiкiх коней. Але, прыгледзеўшыся добра, Геракл убачыў, што гэта былi не конi. Нiбы палова чалавека зраслася з палавiнай каня – на конскiм крыжы чалавечае тулава з галавою i рукамi. Здалёк здавалася, што раз'юшаныя коннiкi iмчацца на шпарканогiх конях.

– Кентаўры! – усклiкнуў Геракл.

Нiбы бура, пранеслiся кентаўры паўз Геракла, крышачы ўсё на сваiм шляху, i памчалiся проста ў паселiшча, што знаходзiлася пад гарой.

"Гэта страшней за дзiкага вепра!" – падумаў Геракл i зразумеў цяпер, чаму Еўрысфей паслаў яго сюды на паляванне.

Але ён не спалохаўся i пайшоў далей. Неўзабаве ён убачыў пячору, перад якой стаяў на варце малады кентаўр.

Геракл смела падышоў да яго i сказаў дружалюбна:

– Я царскi паляўнiчы. Цар загадаў мне высачыць i забiць дзiкага вепра, што жыве тут на гары. Цi не падкажаш мне, як яго знайсцi?

Кентаўр ахвотна адказаў:

– Гэты вепр дапякае i нам, жыхарам гэтага лесу. Праз яго я павiнен ахоўваць пячору, каб ён не спустошыў наша жытло. Добра, калi ты заб'еш яго. Я пакажу табе яго след. Але спачатку будзь маiм госцем.

I ён прывёў Геракла ў пячору, расклаў агонь i пачаў частаваць паляўнiчага мясам i садавiнай.

– Я прывык ежу запiваць вiном, – сказаў Геракл, – ды ў вас, мабыць, няма вiна.

– Як гэта няма! – закрычаў з пахвальбой кентаўр. – Сам Дыянiс, бог вiна i весялосцi, падарыў нам нядаўна цэлую бочку маладога вiна. Так i быць, пачастую цябе, але няхай пра гэта не ведаюць мае таварышы.

I ён адкрыў запаветную бочку, зачэрпнуў вiна сабе i Гераклу, i яны пiлi i весялiлiся.

Раптам каля пячоры пачуўся стук капытоў – пах вiна прывабiў кентаўраў, i яны прымчалiся, змучаныя смагай. Дазнаўшыся, што нехта чужы прабраўся ў iх жытло i п'е iхняе вiно, яны ўзлавалiся i з дзiкiм крыкам акружылi пячору.

Геракл з глыбiнi пячоры пачаў кiдаць у iх палаючыя галавешкi. Спалохаўшыся агню, кентаўры ўцяклi.

Геракл выйшаў з пячоры i хацеў падацца ў лес. Але кентаўры пiльнавалi яго i, убачыўшы, што ён адзiн, падбадзёрылiся i напалi на яго зноў. Тады ён пачаў пускаць у iх стрэлы, атручаныя крывёю Лярнейскай гiдры, i адзiн за адным яны мёртвыя падалi на зямлю.

Тут з пячоры выйшаў малады кентаўр, якi частаваў Геракла, i са здзiўленнем пазiраў на мёртвых кентаўраў, што ляжалi вакол.

– Як! Гэты маленькi кавалачак дрэва забiвае насмерць? – спытаў ён. – Гэтая тонкая палачка можа забiць? – I ён выцягнуў стралу з цела аднаго з кентаўраў.

– Асцярожна! – крыкнуў Геракл.

Ды ўжо было позна: кентаўр выпусцiў стралу з рук, i яна ўпiлася яму ў нагу. Кентаўр нават не войкнуў, не крыкнуў i ўпаў мёртвы.

Геракл перанёс целы забiтых кентаўраў у пячору, завалiў яе вялiкiм каменем, нiбы грабнiцу, i пайшоў далей.

Ён лёгка высачыў у лесе вепра, паранiў яго ў нагу, звязаў i, ускiнуўшы сабе на плечы, вярнуўся ў Мiкены i прыйшоў у палац Еўрысфея.

Дзiкi вепр вiшчаў на ўвесь палац, i цар Еўрысфей са страху залез у вялiкi медны чан для вады, што стаяў на двары.

Геракл усё ж знайшоў яго. Але як толькi цар убачыў над краем чана страшную морду вепра, ён замахаў рукамi i закрычаў тонкiм голасам:

– Iдзi, iдзi адсюль хутчэй!

Геракл пасмяяўся, пайшоў i загадаў закалоць вепра i наладзiць баль для народа.

Пяты подзвiг

Геракл разганяе Сцiмфальскiх птушак

Бог вайны Арэс меў чараду дзiкiх птушак. Кiпцюры i дзюбы ў iх былi жалезныя, а медныя пёры iх, выпадаючы з цела, ляцелi ўнiз i забiвалi, як стрэлы. Птушкi жылi ў гарах, у цяснiне каля Сцiмфальскага возера. Вада з гэтага возера цякла ў падземную пячору, а адтуль струменiў ручай у глыб зямлi, у царства мёртвых. У возеры нiшто не жыло, i яго акружалi голыя скалы. Толькi на выспе пасярод возера рос высокi трыснёг, i тут жылi птушкi бога вайны. Яны харчавалiся чалавечынай i адсюль выляталi чарадой на крывавае паляванне.

Цар Еўрысфей загадаў Гераклу iсцi да Сцiмфальскага возера i прагнаць птушак Арэса далёка за мора.

Геракл паклiкаў з сабой Iалая, узяў свой лук з атручанымi стрэламi i падаўся ў горы. Доўга яны блукалi па кручах, нарэшце прыйшлi ў цяснiну, на дне якой ляжала Сцiмфальскае возера.

Пуста i дзiка было вакол: голыя камянi, нi травы, нi кветак, нi дрэў. Вецер не маршчынiў гладкую паверхню возера, рыбка не плёскалася ў вадзе, яшчаркi не грэлiся на сонейку памiж камянёў. Мёртвая цiшыня панавала над возерам. Геракл i Iалай селi на камянi каля самай вады i пазiралi на нерухомае возера. Сум агарнуў iх, стома скавала цела, стала цяжка дыхаць.

– Са мной творыцца штосьцi нядобрае, – сказаў Геракл сябру, – цяжка дыхаць, сэрца замiрае, i лук выпадае з маiх рук...

Чарадзейны сон агарнуў iх.

Тады з астраўка пасярод возера са звонам узнялiся адна за адной вялiзныя чырвоныя птушкi. Яны кружылiся над возерам, над цяснiнай i неўзабаве, нiбы хмара, закрылi ўсё неба, i барвовы цень лёг на ваду.

Раптам штосьцi ўпала каля Геракла, загрымела на каменi, i ён прачнуўся.

Каля яго ног ляжала звычайная драўляная бразготка, якой сяляне праганяюць птушак з садоў i агародаў. Яе паслала герою багiня Афiна, мудрая настаўнiца i памочнiца людзей.

Геракл усхапiўся, пабудзiў Iалая, даў яму бразготку i загадаў трэсцi яе. Яна бразгацела i грымела над сонным возерам, i горнае рэха ў сто разоў памнажала шум. Напалоханыя незвычайнымi гукамi, птушкi мiтусiлiся i разляталiся ў розныя бакi, губляючы пёры. Геракл схапiў лук i пускаў у птушак стралу за стралой. Падбiтыя птушкi падалi ў возера, i цяжкае апярэнне цягнула iх на дно.

Накрыўшыся шкурай Нямейскага льва, якую не маглi прабiць нiякiя стрэлы, Геракл бязлiтасна страляў страшных Сцiмфальскiх птушак. Шмат iх патанула ў чорных водах возера. Цяпер яно ўжо не было спакойнае: вада ў iм бурлiла i вiравала; белая пара падымалася да неба.

Птушкi, што засталiся жывымi, узнялiся высока над возерам, сабралiся ў чараду i паляцелi прэч. Яны пакiнулi Грэцыю i апусцiлiся далёка-далёка, на бязлюднай выспе ў бурным моры.

– Хутчэй хадзем адсюль, – сказаў Геракл, – пакуль нас не ахапiў смяртэльны сон. – I, кiнуўшы ў ваду бразготку Афiны, сябры пайшлi ад мёртвага возера.

Шосты подзвiг

Геракл ачышчае Аўгiевы канюшнi

Невыказна багаты быў цар Элiды Аўгiй. Незлiчоныя статкi яго валоў i авечак i табуны коней пасвiлiся ва ўрадлiвай далiне ракi Алфея. Трыста коней з белымi як снег нагамi меў ён; дзвесце – чырвоных, нiбы медзь; дванаццаць коней былi белыя, нiбы лебедзi, а ў аднаго з iх блiшчала на лбе зорка.

Аўгiй столькi меў скацiны, што слугi не паспявалi чысцiць хлявы i канюшнi, i за шмат гадоў у кожнай з iх назбiралася гною пад самы дах.

Цар Еўрысфей хацеў удружыць Аўгiю i зняважыць Геракла. I ён паслаў героя чысцiць Аўгiевы канюшнi.

Геракл прыйшоў у Элiду i сказаў Аўгiю:

– Калi ты аддасi мне дзесятую частку сваiх коней, я вычышчу канюшнi за адзiн дзень.

Аўгiй засмяяўся: ён думаў, што iх зусiм немагчыма вычысцiць. Таму цар сказаў Гераклу:

– Я аддам табе дзесятую частку маiх коней, калi ты за адзiн дзень вычысцiш мае канюшнi.

Геракл папрасiў, каб яму далi рыдлёўку, i Аўгiй, усмiхаючыся, загадаў прынесцi яе герою.

– Доўга ж табе давядзецца працаваць гэтай рыдлёўкай! – сказаў ён.

– Адзiн толькi дзень, – адказаў Геракл i пайшоў на бераг Алфея. Паўдня ён старанна працаваў рыдлёўкай. Зямля ляцела з-пад яе i лажылася высокiм валам. Геракл запрудзiў рэчышча ракi i адвёў яе проста ў царскiя канюшнi. Воды Алфея iмклiва пацяклi праз iх, зносячы з сабою гной, стойлы, кармушкi, нават струхлелыя сцены.

Абапёршыся на рыдлёўку, Геракл глядзеў, як добра працавала рака, i толькi зрэдку памагаў ёй. Да захаду сонца канюшнi былi чыстыя.

– Не гневайся, цар, – сказаў Геракл, – я ачысцiў твае канюшнi не толькi ад гною, але i ад усяго, што струхлела i даўно згнiло. Я зрабiў больш, чым абяцаў. Цяпер ты аддай мне тое, што абяцаў.

Але сквапны Аўгiй заспрачаўся, пачаў сварыцца i адмовiўся аддаць Гераклу коней. Тады Геракл зазлаваў, пачаў з Аўгiем бiцца i забiў яго.

Сёмы подзвiг

Геракл утаймоўвае Крыцкага быка

Шэсць разоў прыходзiў ужо Геракл у Мiкены i па загаду цара Еўрысфея выпраўляўся ў небяспечную i цяжкую дарогу. Шэсць подзвiгаў ён здзейснiў: забiў Нямейскага льва, знiшчыў Лярнейскую гiдру, злавiў Керынейскую лань, прынёс у Мiкены Эрыманфскага вепра, прагнаў з Грэцыi Сцiмфальскiх птушак i за адзiн дзень вычысцiў Аўгiевы канюшнi. I вось зноў паклiкаў героя Еўрысфей i загадаў яму плыць цераз мора на выспу Крыт i ўтаймаваць раз'юшанага быка, з якiм нiхто з крыцян не мог справiцца.

Гэты бык прыплыў калiсьцi да выспы Крыт, i крыцкi цар Мiнас абяцаў богу мораў Пасейдону прынесцi быка яму ў ахвяру. Але беласнежны бык з залатымi рагамi так спадабаўся Мiнасу, што цар пакiнуў яго сабе, а Пасейдону ахвяраваў другога быка. Бог мора ўгневаўся i наслаў шаленства на прыгожага быка. Бык ашалеў, вырваўся са стойла, уцёк з царскага двара i стаў гразой усёй выспы.

Геракл падаўся на бераг мора, сеў на фiнiкiйскi карабель i паплыў на Крыт. Наляцела бура, доўга насiла карабель па бурным моры, нарэшце разбiла яго, i хвалi выкiнулi абломкi на бераг чужой, незнаёмай краiны.

Тут раслi дрэвы, падобныя на пучкi вялiкiх пёраў: проста са ствала выходзiлi тоўстыя сцяблiны, на якiх гайдалiся лiсты, такiя вялiзныя, што пад кожным мог схавацца чалавек.

Геракл i яго спадарожнiкi, што засталiся жывыя, адпачылi ў засенi гэтых дрэў i пайшлi ўздоўж берага па гарачым жоўтым пяску. Доўга iшлi яны i нарэшце прыйшлi ў вялiкi горад каля мора. У гаванi было шмат караблёў, а на беразе стаялi высокiя палацы i храмы.

– Вы ў Эгiпце, – сказалi iм жыхары, якiя спяшалiся ў храм на свята, – а кiруе Эгiптам вялiкi Бузiрыс, магутны i грозны цар.

Геракл папрасiў адвесцi яго да цара. Але толькi чужаземцы ўвайшлi ў палац, як iх схапiлi i звязалi ланцугамi.

– Вы прыйшлi якраз у пару, – сказаў iм жорсткi ўладар Эгiпта, – сёння свята ў Эгiпце, i я ахвярую вас багам.

– Багi не прымаюць чалавечых ахвяр, – адказаў Геракл.

Але Бузiрыс, смеючыся, адказаў:

– А вось мы праверым! Ты першы будзеш заколаты жрацом – паглядзiм, цi пажадаюць цябе багi. – I загадаў адвесцi палонных у вялiкi храм пасярод горада.

Геракла i яго спадарожнiкаў прывялi ў храм, якi быў поўны народу. Але як толькi запалiлi агонь каля ахвярнiка i стары жрэц узяў свой востры i доўгi нож, Геракл з усяе сiлы напружыўся i разарваў ланцуг, якiм быў звязаны. Абрыўкам ланцуга ён ударыў жраца i забiў яго. Потым у гневе расшпурляў царскую варту, адабраў у Бузiрыса меч i закалоў лiхога цара. Уражаныя сiлай героя, эгiпцяне не адважылiся падступiцца да яго. Геракл вызвалiў сваiх таварышаў i заспяшаўся з iмi на бераг мора. Там яны знайшлi карабель, якi мог завезцi iх на Крыт.

Хутка даплылi яны цяпер да берагоў Крыта. Геракл развiтаўся са сваiмi спадарожнiкамi i адзiн пайшоў па беразе. Неўзабаве ён убачыў шалёнага быка. Бразгаючы парваным ланцугом i злосна равучы, з налiтымi крывёю вачамi, iмчаўся на яго бык. Белая пена падала камякамi з разяўленай пашчы. Геракл схаваўся за дрэва i чакаў. Бык спынiўся, нагнуў галаву i пачаў рыць нагамi зямлю. Тады Геракл схапiў канец ланцуга, якi цягнуўся па зямлi, i ўскочыў быку на спiну. Бык задрыжаў, пачаў брыкацца, стараючыся скiнуць са спiны нечаканую ношу. Але Геракл абвiў яго рогi ланцугом i моцна трымаў яго. Бык жаласна зароў i памчаўся да мора. Ён кiнуўся ў хвалi i паплыў. У моры шаленства пакiнула яго, ён зрабiўся цiхмяны, нiбы рабочы вол на полi, i паслухмяна прыплыў з Гераклам у Мiкены.

Геракл сам адвёў яго на скацiнны двор цара Еўрысфея. Але пастухi баялiся злоснага быка i не маглi ўтрымаць яго ў хляве. Ён уцёк ад iх i пачаў гуляць па ўсiм Пелапанесе, нiкому не даючыся ў рукi, пакуль яго не злавiў сябар Геракла, Тэзей, i не прынёс у ахвяру багам.

Восьмы подзвiг

Геракл здабывае коней Дыямеда

Зноў загадаў Еўрысфей Гераклу выпраўляцца ў дарогу – здабываць коней фракiйскага цара Дыямеда.

Першы раз за ўвесь час сваёй службы цару Геракл разгубiўся. Ён не спалохаўся нi льва, нi гiдры, нi доўгiх вандровак, нi цяжкай работы, нi крывавай бiтвы, нi людскога каварства. Але заданне, якое цяпер даваў яму цар, здавалася яму ганебным для героя. Раздабыць у другога тое, што яму належыць па праву, – значыць, адабраць сiлай або ўкрасцi тайком, а Геракл не хацеў быць нi разбойнiкам, нi злодзеем.

З цяжарам на сэрцы выправiўся ён у дарогу, парашыўшы, што шлях да Фракii доўгi i ён паспее абдумаць, што яму рабiць.

Ён прыйшоў у Фесалiю, у горад Феры, дзе цараваў шчаслiвы i добры цар Адмет, любiмец бога Апалона.

Бог святла калiсьцi ў гневе ўчынiў забойства, i за гэта Зеўс загадаў яму цэлы год служыць чалавеку.

Апалон прыйшоў да цара Адмета i цэлы год пасвiў яго статкi. I шчасце прыйшло да Адмета: шчодра радзiла зямля, статкi яго памнажалiся без лiку, мiр i дастатак панавалi ў Ферах i ў палацы цара.

Але самым дарагiм з усiх багаццяў была маладая царыца Алкеста, якую Апалон памог Адмету ўзяць сабе за жонку.

Бацька яе, Пелiй, аб'явiў, што аддасць дачку толькi за таго, хто зможа запрэгчы ў каляснiцу льва i мядзведзя разам i на iх прыедзе па нявесту. Апалон утаймаваў дзiкiх звяроў, яны паслухмяна ўпрэглiся ў каляснiцу Адмета i адвезлi яго да бацькi Алкесты. Алкеста стала жонкай Адмета; яны жылi шчаслiва i мелi дзяцей.

Калi скончыўся час службы Апалона ў Адмета, бог святла, адыходзячы, захацеў зрабiць яшчэ што-небудзь добрае для цара. Па жаданню Апалона, Мойры, багiнi лёсу, якiя трымалi ў сваiх руках нiтку кожнага чалавечага жыцця, згадзiлiся адтэрмiнаваць Адмету смерць, калi ў гэты час знойдзецца чалавек, якi захоча яго замянiць.

I вось надышла часiна, калi ўладар царства мёртвых паслаў па Адмета Смерць, i Мойры спыталi:

– Хто хоча замянiць Адмета i памерцi замест яго?

Нi сябры, нi верныя слугi, нi нават старыя бацькi цара – нiхто не хацеў развiтвацца са сваiм жыццём i памiраць за другога. Тады прыгажуня Алкеста сказала мужу:

– Мой мiлы, я з радасцю пайду за цябе на смерць. Усё роўна мне не жыць без цябе на свеце. Няхай памру я, жывi ты. Толькi аб адным прашу цябе: не прыводзь у наш дом другой жанчыны. Абяцай мне гэта, i я памру спакойна.

Адмет паабяцаў нiколi не прыводзiць у дом другой жонкi.

Алкеста прыбралася ва ўсё чыстае, легла на пасцель i пачала чакаць Смерць, якая павiнна была прыляцець па яе. Моўчкi стаялi вакол яе дзецi, муж i ўсе блiзкiя i з сумам пазiралi на яе апошнi раз. I вось чорны цень упаў на твар царыцы, вочы яе заплюшчылiся, замерла дыханне.

Плач i стогны запоўнiлi палац i горад. Жыхары Фер у знак жалобы астрыглi коратка свае валасы i грывы сваiх коней. За горадам пабудавалi прыгожую грабнiцу i прызначылi дзень пахавання.

Якраз у гэты дзень Геракл, нiчога не ведаючы, прыйшоў у палац Адмета i, як падарожнiк, папрасiўся пераначаваць. Адмет, хоць i смуткаваў па жонцы, не мог адмовiць Гераклу ў гасцiннасцi; ласкава сустрэў яго, загадаў падрыхтаваць яму пакой у палацы i добра пачаставаць героя, а сам пайшоў на пахаванне Алкесты.

Стомлены Геракл адпачываў у чыстым пакоi, а падсiлкаваўшыся i выпiўшы вiна, развесялiўся, пачаў шумець, а потым зазлаваў, што няма з кiм яму пагутарыць.

Стары слуга, якi прыслужваў яму за сталом, глядзеў на яго сурова i не мог прыхаваць свой смутак.

Геракла ўзлаваў яго змрочны выгляд.

– Чаго ты пазiраеш на мяне гэтак строга? – спытаў ён. – Твой гаспадар сустрэў мяне як сябра, а добры слуга павiнен прывецiць таго, каго ласкава сустракае гаспадар. Падыдзi да мяне, выпi са мной, каб мне не было сумна пiць аднаму. Выпi са мной i развесялiся!

Але стары слуга з дакорам пакiваў галавой i сказаў:

– Нядобра смяяцца i пiць, калi ў доме гора.

– Гора? – здзiвiўся Геракл. – А што здарылася ў гэтым шчаслiвым доме?

I пачуў у адказ, што жонка Адмета памерла i якраз цяпер яе хаваюць.

Загарэлася сэрца Геракла, i ён адважыўся на небывалы подзвiг.

Хутка накiнуў ён на плечы свой плашч i заспяшаўся на магiлу царыцы. Там ён спынiўся воддаль i пачаў чакаць.

Калi родныя, сябры i землякi беднай Алкесты разышлiся ў жалобе, Геракл падышоў да магiлы i схаваўся за дрэвам каля ўвахода. I як толькi Смерць з'явiлася на магiлу, каб аднесцi ў падземнае царства бледны цень нябожчыцы, Геракл выйшаў з засады i рынуўся ў бой са Смерцю. З такой сiлай напаў ён на яе, што Смерць разгубiлася i ўпусцiла свой меч на зямлю. Геракл схапiў Смерць за плечы сваiмi магутнымi рукамi i не адпускаў да таго часу, пакуль яна не згадзiлася аддаць яму Алкесту.

Адзiнока сядзеў Адмет у сваiм апусцелым доме. Раптам шумна i весела ўвайшоў Геракл, ведучы за сабою жанчыну пад доўгiм пакрывалам.

– Годзе, Адмет, – сказаў Геракл цару, – чаго табе сумаваць? Суцешся! Паглядзi, я прывёў табе гэту жанчыну. Я адваяваў яе для цябе ў баi. Яна суцешыць цябе. Развесялiся ж i будзь шчаслiвы, як i раней.

Адмет адказаў Гераклу:

– Я абяцаў сваёй каханай, што нiколi не вазьму сабе другую жонку. Выведзi гэту жанчыну з майго дома. Я не хачу глядзець на яе.

Тады Геракл зняў з жанчыны пакрывала, i Адмет убачыў Алкесту. Ён кiнуўся да яе i спынiўся, бо страшна спалохаўся: яна ж памерла, ён сам пахаваў яе!

– Не бойся, – супакоiў яго Геракл. – Яна жывая, Смерць аддала яе мне, i я вяртаю табе тваю сяброўку. Жывiце i будзьце шчаслiвыя доўгiя гады!

Радасныя, цар i царыца абнялiся.

Дзiвосная чутка iмгненна разнеслася па палацы i па ўсiм горадзе. Весялосць змянiла жалобу, жыхары Фер надзелi на свае астрыжаныя галовы ўборы, прыгожа аздобiлi сваiх коней i наладзiлi вясёлы баль.

А Геракл ужо крочыў далей, задаволены, што яму ўдалося прынесцi радасць людзям.

Ён дайшоў да мора, сеў на карабель i паплыў у Фракiю. Маракi, якiя вандруюць па ўсiм свеце i ведаюць больш за iншых людзей, расказалi Гераклу ўсё, што ведалi пра фракiйскага цара Дыямеда i яго коней.

Гэты цар быў жорсткi i люты i не любiў чужаземцаў. Ён пабудаваў каля мора крэпасць з высокiмi мураванымi сценамi i глыбокiм ровам вакол яе i жыў там сярод воiнаў, якiя ахоўвалi яго.

Калi незнаёмы карабель паказваўся каля берага, Дыямед пасылаў сваiх слуг, каб яны запрасiлi прыезджых у госцi. Ён частаваў iх у сваiм палацы i выхваляўся сваiмi коньмi.

Чацвёра дзiкiх коней меў цар Дыямед. Нiхто не мог нi ўтаймаваць iх, нi запрэгчы ў каляснiцу. Жалезнымi ланцугамi яны былi прыкуты да стойлаў. Агонь i дым выляталi з iх пашчаў. Кармiлi iх не травою, не збажыной, а свежай чалавечынай. Але пра гэта Дыямед не гаварыў гасцям. Калi ж госцi выказвалi жаданне паглядзець на дзiвосных коней, цар заводзiў чужаземцаў у канюшню i аддаваў iх на з'ядзенне сваiм любiмцам.

Вось што расказалi маракi Гераклу.

Цяпер Геракл больш не вагаўся: пазбавiць свет ад страшыдлаў коней i ад жорсткага цара Дыямеда было справай, вартай героя.

Калi Геракл падплываў да Фракiйскай зямлi, ён сабраў самых смелых маракоў i, сышоўшы на бераг, загадаў цару Дыямеду аддаць яму коней. Цар паслаў супраць, Геракла войска, але Геракл з таварышамi перамог яго, забiў Дыямеда i кiнуў цела лiхога цара яго коням-людаедам.

Потым ён пагрузiў коней на карабель i завёз цару Еўрысфею. Еўрысфей загадаў адвесцi коней у Аркадзiю, у Лiкейскiя горы, i выпусцiць у лесе. Там iх разарвалi дзiкiя звяры.

Дзевяты подзвiг

Геракл заваёўвае пояс Iпалiты

У цара Еўрысфея была юная дачка Адмета. Аднойчы яна прыйшла да бацькi i сказала:

– Кажуць, далёка на ўсходзе ёсць царства, дзе пануюць жанчыны. Там жанчына – галава i апора сям'i i гаспадыня ў доме. Жанчыны там кiруюць гарадамi, гандлююць i судзяць, прыносяць у храмах ахвяры багам i вырашаюць дзяржаўныя справы. Узброеныя, iмчацца яны на баявых конях i храбра ваююць з ворагам. Яны называюць сябе амазонкамi, пагарджаюць мужчынамi i выхваляюцца, што яны непераможныя. Мая заступнiца Гера, жонка вялiкага Зеўса, адкрыла мне, што ўся сiла ваяўнiчых амазонак у скураным поясе, якi бог вайны Арэс падарыў царыцы Iпалiце. Пакуль яна носiць гэты пояс, нiхто не можа перамагчы яе, а з ёю i ўсiх амазонак. Бацька! Я хачу быць непераможнай, як гэта жанчына, i цараваць, нi з кiм не дзелячы ўлады. Я хачу мець пояс Iпалiты!

Цар загадаў Гераклу выпраўляцца ў краiну амазонак i здабыць пояс царыцы Iпалiты.

Царства амазонак было далёка на ўсходзе, у Малой Азii.

Геракл падрыхтаваў у дарогу карабель, паклiкаў з сабой сваiх верных сяброў – Iалая, афiнскага царэвiча Тэзея i iншых. Яны паплылi той дарогай, якая была адкрыта для ўсiх мараплаўцаў адважнымi арганаўтамi. Доўга плылi яны; нарэшце па бурным Чорным моры прыплылi да ракi Фермадонту, паднялiся па цячэнню i даплылi да горада Фемiскiры – сталiцы амазонак.

Каля варот стаялi ўзброеныя жанчыны, скураныя шлемы былi на iх, кароткiя кашулi i вузкiя доўгiя штаны да шчыкалатак; цераз плячо ў амазонак вiселi шчыты ў выглядзе месяца, а ў руках яны трымалi сякеркi з двума лязамi.

Варта не пусцiла Геракла з таварышамi ў горад, i яны размясцiлiся на беразе ракi, што цякла паблiзу гарадской сцяны.

Неўзабаве да iх прымчалася на цудоўным канi сама царыца Iпалiта з атрадам узброеных дзяўчат. Сярод iх была прыгажуня Анцiопа, любiмая сяброўка царыцы.

Яе прыгажосць аднойчы ледзь не загубiла амазонак. Даўно задумвалi амазонкi паход у Грэцыю i вось, пераплыўшы мора, апынулiся пад сценамi Афiн i асадзiлi цудоўны горад. Афiняне не былi гатовыя да асады. Яшчэ крыху, i горад быў бы ў руках ваяўнiчых жанчын. Але сярод афiнскiх воiнаў Анцiопа ўбачыла царэвiча Тэзея, i ў сэрцы яе загарэлася любоў да яго. Тэзею таксама спадабалася красуня амазонка; з яе дапамогай ён спадзяваўся выратаваць родны горад.

Уночы ён пракраўся ўпотай у лагер амазонак – пабачыцца з Анцiопай.

Iпалiта здагадалася пра каханне сваёй сяброўкi i, баючыся здрады, загадала зараз жа зняць асаду. Амазонкi адступiлi ад Афiн i вярнулiся ў сваю краiну. Анцiопа была разлучана з Тэзеем. Але яна не забыла яго i цяпер, убачыўшы сярод таварышаў Геракла Тэзея, узрадавалася, i каханне яе разгарэлася яшчэ мацней.

Тэзей таксама пазнаў яе, непрыкметна наблiзiўся i дамовiўся пра тайнае спатканне.

Iпалiта спытала Геракла, чаго ён прыехаў у краiну амазонак.

Геракл адказаў, што яму загадалi здабыць пояс царыцы Iпалiты.

– Толькi ў баi, толькi пераможцу аддам я свой пояс, – сказала царыца. Бiцеся з намi, i, калi вы пераможаце, пояс будзе ваш!

Так гаварыла Iпалiта, ведаючы, што, пакуль пояс на ёй, нiхто не зможа яе перамагчы.

Абодва атрады разышлiся – рыхтавацца да бою. Амазонкi памчалiся ў горад, а спадарожнiкi Геракла размясцiлiся на начлег у сваiм лагеры каля ракi.

Тэзея ўсю ноч не было ў лагеры. Ранiцай ён прыйшоў радасны i аддаў Гераклу чароўны пояс.

– Як? Ты здабыў яго без бою? – здзiвiўся Геракл.

– Анцiопа выкрала яго ў царыцы i аддала мне, – сказаў Тэзей.

Геракл не захацеў карыстацца здабычай, якая дасталася яму падманам, i бой пачаўся.

На дзiкiм канi, шпаркiм, як вецер, памчалася на Геракла Аэла, самая iмклiвая з амазонак. Геракл на ўсiм скаку выбiў у яе з рук сякеру. Яна кiнулася наўцёкi, спадзеючыся выратавацца, але страла Геракла дагнала яе. I другая амазонка, Пратоя, якая перамагала ў паядынках сем разоў, была забiта Гераклам.

Тады выйшлi наперад тры дзяўчыны, тры самыя лепшыя паляўнiчыя, якiх сама багiня Артэмiда брала з сабою на паляванне, – не было iм роўных у кiданнi кап'я. Адначасова ўсе разам iмклiва кiнулi яны свае коп'i, але не пацэлiлi. А кап'ё Геракла прасвiстала i перабiла ўсiм тром рукi.

Страх ахапiў амазонак, калi яны ўбачылi паражэнне сваiх лепшых ваяўнiц.

– Гора нам! Гора нам! Дзе ж твой пояс, Iпалiта? – крычалi яны.

Туга сцiснула сэрца Анцiопы, якая здрадзiла сваiм сяброўкам, але ў натоўпе элiнаў яна ўбачыла Тэзея, i каханне перамагло ў ёй усе iншыя пачуццi.

Грозная з выгляду, з роспаччу ў сэрцы, выехала наперад Iпалiта. Толькi яна i Анцiопа ведалi пра тое, што чароўны пояс – у руках ворага. Ваяўнiчая царыца не хацела выдаваць сяброўку злосным амазонкам i парашыла лепш памерцi ў баi.

Адважна кiдалася яна ў самыя небяспечныя месцы бiтвы, сама шукала смерцi i раптам упала, смяротна параненая стралою.

Убачыўшы гiбель сваёй царыцы, амазонкi разгубiлiся i кiнулiся наўцёкi. Шмат iх узялi ў палон, другiх забiлi.

Палонную Анцiопу Геракл аддаў Тэзею, i яна стала яго жонкай.

Геракл вярнуўся ў Мiкены, да цара Еўрысфея, i прынёс яму пояс Iпалiты. Цар падарыў яго сваёй дачцэ, але яна не асмелiлася насiць яго i аддала ў храм Геры як дар багiнi.

Дзесяты подзвiг

Геракл адкрывае дарогу да акiяна i прыганяе статак Герыёна

Усё далей i далей пасылаў Еўрысфей Геракла. Калi герой вярнуўся з паходу ў краiну амазонак, цар загадаў яму выпраўляцца на край свету, туды, дзе заходзiць сонца, на Барвовую выспу пасярод акiяна, дзе трохгаловы велiкан Герыён пасвiў статак чырвоных валоў. Цар загадаў Гераклу прыгнаць гэтых валоў у Мiкены. Геракл рушыў на захад сонца.

Ён прайшоў усю Грэцыю, доўга iшоў па розных краiнах, адпачываў каля ракi Эрыдана, нарэшце падышоў да высокiх гор на краi зямлi i пачаў шукаць выхад да акiяна. Але горы стаялi суцэльнай непраходнай сцяной. Тады Геракл расхiстаў дзве вялiзныя скалы i рассунуў iх. Памiж iмi хлынула вада, i гэта была вада акiяна.

Мора, якое знаходзiлася пасярод зямлi i якое людзi называюць Мiжземным, злучылася з акiянам. I дагэтуль стаяць там на берагах пралiва, нiбы два каменныя вартаўнiкi, вялiзныя Гераклавы Слупы.

Геракл перайшоў цераз горы i ўбачыў бязмежныя воды акiяна, якi абмывае зямлю. Там недзе пасярод акiяна ляжала выспа – мэта яго падарожжа. Але як пераплыць акiян?

Цэлы дзень прасядзеў Геракл на беразе ў роздуме. Спёка пачала спадаць, i вецер з акiяна прынёс на зямлю халадок. Раптам Геракл убачыў зусiм блiзка вогненную каляснiцу Гелiёса – бога Сонца, якая спускалася з неба. Геракл усхапiўся i пачаў чакаць, калi Гелiёс наблiзiцца. Залатым бляскам зазiхацела паверхня акiяна, i каля самага берага Геракл убачыў залатую, круглую, як чаша, лодку, у якой бог Сонца, злезшы з каляснiцы, кожны дзень пераплываў акiян. Геракл падумаў, што Гелiёс можа перавезцi яго ў сваёй лодцы на Барвовую выспу. Герой замахаў рукою i закрычаў Гелiёсу:

– Стой, а то буду страляць!

I, напяўшы цецiву лука, чакаў.

Але Гелiёс нават не азiрнуўся. Геракл раззлаваўся i крыкнуў зноў:

– Я не жартую, i стрэлы мае смяртэльныя!

Гелiёс усмiхнуўся, спынiў каня i, сышоўшы з каляснiцы, спытаў:

– Хто ты, дзёрзкi, i чаго ты хочаш ад мяне?

Геракл расказаў яму, хто ён, куды i чаго яго паслалi, i папрасiў Гелiёса перавезцi яго на Барвовую выспу.

Усмiхаючыся, Гелiёс узяў героя ў сваю залатую лодку. Яны паплылi па акiяне. Начная цемра ахутала зямлю. Кожны вечар пераплываў Гелiёс з захаду на ўсход, каб, адпачыўшы ў сваiм высокiм доме на ўсходзе, зноў з'явiцца ранiцай на небе.

Калi яны былi ўжо на палове дарогi, штосьцi зачарнелася ўперадзе – гэта была жаданая выспа.

Залатая лодка падплыла да берага. Геракл выйшаў, i бог Сонца пажадаў герою ўдачы.

Было цёмна, i Геракл нiчога не мог разгледзець вакол сябе. Задаволены, што дабраўся да мэты, ён лёг пад скалою, закруцiўся ў iльвiную шкуру i моцна заснуў.

Ранiцай яго пабудзiў зацяты i хрыплы брэх. Геракл прачнуўся i ўбачыў, што ён сапраўды на Барвовай выспе: усё вакол было чырвонага колеру – скалы, пясок, дарога. I нават вялiзны кудлаты сабака, што стаяў перад героем i злосна брахаў на яго, таксама быў барвова-чырвоны.

Убачыўшы, што Геракл прачнуўся, сабака рынуўся на яго, учапiўся зубамi за яго вопратку. Геракл схапiў сваю дубiнку, аперазаў сабаку, i той, заенчыўшы, пакацiўся на зямлю з прабiтай галавою.

Тады з ускраiны барвовага лесу, што рос непадалёку, прыбег вялiзны чырвоны пастух: i валасы, i барада, i твар, i вопратка – усё ў яго было чырвонае. Размахваючы сваiм кiем i крычучы незразумелыя словы, ён накiнуўся на Геракла.

Геракл спрытна выбiў кiй з рук чырвонага пастуха i так моцна выцяў велiкана ў грудзi, што той расцягнуўся побач з забiтым сабакам.

Геракл падаўся ў лес i ўбачыў на ўзлеску два статкi: адзiн чырвоны, як усё на выспе, другi чорны, як ноч, i вартаваў яго чорны пастух у чорнай вопратцы, з чорнымi валасамi i чорным тварам.

Убачыўшы Геракла, чорны пастух з крыкам уцёк у лес. Потым з лесу тройчы пачуўся страшны рык, i з-за дрэў паказаўся велiкан Герыён. Тры тулавы, што зраслiся разам, крочылi на шасцi нагах, тры галавы пазiралi грозна на Геракла, шэсць рук пагражалi яму. Геракл узняў свой лук – страла засвiстала i ўпiлася ў грудзi велiкана. Адразу ж бяссiльна схiлiлася адна галава, дзве рукi павiслi, як цявiнкi, уздоўж цела, дзве нагi перасталi рухацца i валаклiся за астатнiмi, замiнаючы iм. Але велiкан быў ужо гэтак блiзка, што Геракл не паспеў стрэлiць другi раз. Ён узняў сваю дубiнку i аперазаў Герыёна па другой галаве. I гэта абвяла таксама, i яшчэ дзве рукi апусцiлiся, i ўжо чатыры нагi матлялiся ўнiзе i замiналi Герыёну iсцi. Тады Геракл адкiнуў дубiнку i схапiўся з велiканам урукапашную. Магутнымi рукамi ён абхапiў яго, i яны пачалi дужацца. Два мёртвыя целы перашкаджалi велiкану, лiшнiя рукi матлялiся бездапаможна па баках, лiшнiя ногi штурхалiся памiж нагамi – i неўзабаве прыйшлi Герыёну канцы.

Цяпер Геракл мог гнаць чырвоны статак. Чорны пастух уцёк. Чырвоны пастух забiты, i сам велiкан валяўся на зямлi вялiзнай мёртвай глыбай. Але статак не хацеў слухацца героя, валы не краналiся з месца. Геракл пачаў шукаць вакол, чым можна было б iх пагнаць, i знайшоў каля забiтага пастуха чырвоную дудачку. Ён прыклаў яе да вуснаў, дудачка заспявала, i чырвоныя валы паслухмяна ўсталi з зямлi i пайшлi за Гераклам. Акружаны чырвоным статкам, стаяў Геракл на беразе акiяна i чакаў.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю