355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Вера Смирнова » Героi Элады (З мiфаў старажытнай Грэцыi) (на белорусском языке) » Текст книги (страница 3)
Героi Элады (З мiфаў старажытнай Грэцыi) (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 8 сентября 2016, 23:20

Текст книги "Героi Элады (З мiфаў старажытнай Грэцыi) (на белорусском языке)"


Автор книги: Вера Смирнова


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 3 (всего у книги 7 страниц)

Усе арганаўты сабралiся на палубе, i Язон стаў каля пазалочанай галавы багiнi – ахавальнiцы "Арго", налiў поўную чашу вiна i вылiў у ваду – у гонар мацi-Зямлi, да якой яны наблiжалiся, у гонар багоў, якiя памагаюць падарожнiкам, i ў памяць герояў, што загiнулi ў дарозе. Потым скiравалi карабель у трыснёг, што рос каля берагоў, i, схаваўшыся ў высокай траве, паснулi амаль там, куды дагэтуль плылi.

Язон у цара Калхiды

На досвiтку арганаўты прачнулiся i пачалi раiцца, што iм рабiць. Асцярожны Язон парашыў: усiм заставацца на караблi i чакаць, а самому з сынамi Фрыкса i яшчэ двума арганаўтамi iсцi ў палац Ээта – разведаць: цi не згодзiцца цар добраахвотна аддаць руно. I вось Язон разам з сынамi Фрыкса, з Тэламонам i Аўгiясам выправiўся да цара Калхiды Ээта. Па дарозе ў горад яны трапiлi ў вялiкi сад, дзе на кожным дрэве вiсеў на ланцугу мярцвяк, укручаны ў шкуру вала. Яны жахнулiся. Але гэта быў звычайны калхiдскi могiльнiк – так хавалi колхi сваiх мужчын, жанчын жа яны закопвалi ў зямлю.

Калi арганаўты ўвайшлi ў горад, густы туман апусцiўся на зямлю, так што за тры крокi нельга было распазнаць сустрэчнага. Гэта заступнiца Гера схавала ад вачэй колхаў прышэльцаў, каб яны без перашкод дайшлi да палаца Ээта. Тут туман развеяўся, i яны ўбачылi царскi палац з высокiмi вежамi, з шырокiмi варотамi, якiя вялi ў вялiкi чатырохкутны двор. У кутках яго бiлi чатыры фантаны. З аднаго струменем лiлося малако, з другога – вiно, з трэцяга – духмяны кветачны алей, з чацвёртага – сцюдзёная празрыстая вада. Пасярэдзiне быў вiнаграднiк. Двор акружалi чатыры палацы. У самым вялiкiм i прыгожым жыў Ээт са сваёй жонкай, а ў астатнiх трох – яго сын Апсiрт i дочкi Халкiопа i Медэя.

Зачараваныя гэтай прыгажосцю i багаццем, Язон i яго таварышы спынiлiся каля аднаго з палацаў i моўчкi азiралiся па баках. У гэты час адчынiлiся высокiя дзверы, i ў двор выйшла дзяўчына ў доўгiм чорным адзеннi. Гэта была Медэя, малодшая дачка Ээта. Убачыўшы незнаёмцаў каля сваiх дзвярэй, яна спалохалася i закрычала. На крык выбегла з палаца яе сястра Халкiопа, жонка забiтага Фрыкса. Сыны Фрыкса кiнулiся да мацi, i яна з плачам абняла iх. Яны расказалi Халкiопе, чаму вярнулiся ў Калхiду, i паказалi ёй на сваiх спадарожнiкаў. Язон прывiтаў Халкiопу i папрасiў, каб яна памагла iм. Медэя стаяла збоку i не ўдзельнiчала ў размове, але яе чорныя вочы не адрывалiся ад твару Язона, i тайная пяшчота да гэтага чужога чалавека раптам ахапiла яе з незразумелаю сiлай.

Мiж тым цар, даведаўшыся, што прыехалi ўнукi i з iмi нейкiя чужаземцы, прыслаў слугу паклiкаць усiх да сябе.

Са страхам увайшлi арганаўты ў вялiкi палац, не ведаючы, што iх чакае.

У вялiкай прыгожай зале за сталом на пазалочаным крэсле, пакрытым звярынай шкурай, сядзеў цар Калхiды i абедаў. Ён сустрэў арганаўтаў няветлiва, ледзь кiўнуў галавой i сказаў:

– Будзьце гасцямi, калi прыйшлi. – I, нахмурыўшыся, спытаў у старэйшага сына Фрыкса: – Што прымусiла вас вярнуцца?

Юнак расказаў пра караблекрушэнне i пра тое, як яго i братоў выратавалi арганаўты, якiя плылi ў Калхiду.

– Чаго? – было кароткае пытанне.

Сын Фрыкса збянтэжыўся, паказаў на Язона i назваў яго iмя:

– Цар Iолка загадаў яму раздабыць залатое руно, якое пакiнуў у цябе мой бацька.

– Выдумкi! – грымнуў у адказ Ээт. – Я вас бачу наскрозь, дзецi элiнскага беглага царэвiча! Вы знайшлi сабе абаронцу сярод сваiх родзiчаў i вярнулiся, каб адабраць у мяне царства! Вы прывялi сюды гэтых воiнаў i пасадзiлi за мой стол, як гасцей, каб я не мог забiць iх! Прэч адсюль, пакуль вы жывыя, пакуль я не загадаў схапiць вас усiх да аднаго!

Запальчывы Тэламон усхапiўся са свайго месца i закрычаў:

– Не смей зневажаць нас, варвар*!

* Варвар – варварамi старажытныя грэкi i рымляне называлi ўсiх чужаземцаў.

Але Язон спынiў яго дужаю рукою, выйшаў з-за стала i сказаў цару спакойна:

– Мы праплылi тры моры, мiнулi шмат краiн. Нас прасiлi застацца жыць на Лемнасе; мы перамаглi бебрыкаў; мы знiшчылi велiканаў з Мядзведжай гары. Калi б нам патрэбна была зямля, навошта нам было плыць так далёка? Не хвалюйся, нам не патрэбна тваё царства. Мы прыплылi сюды па залатое руно. Але мы не жабракi i не разбойнiкi. Мы ўмеем трымаць зброю ў руках i гатовы паслужыць табе за руно. Калi ў цябе ёсць ворагi, пашлi нас бiцца з iмi. Клянуся, мы зможам заваяваць залатое руно.

Цар задумлiва слухаў Язона. Ён прыкiдваў: схапiць Язона сiлай зараз жа цi загубiць хiтрасцю?

Потым сказаў:

– Сваiх ворагаў я забiваю сам, мне не патрэбна дапамога чужаземцаў. Я зусiм не даражу залатым руном i мог бы падарыць яго табе, ды баюся гэтым падарункам варвара пакрыўдзiць смелых падарожнiкаў. Я дам табе магчымасць зарабiць руно. У мяне ёсць два прыгожыя i магутныя валы – мне падарыў iх божы майстар Гефест, i ёсць пустое поле, дзе нiчога не расце. Запражы маiх валоў, узары гэтае поле, засей яго, i, калi поле зарунее, ты атрымаеш тое, што табе належыць.

Язон здзiвiўся такому простаму даручэнню i падумаў, цi няма тут якога каварства.

Ээт усмiхнуўся:

– Бачу я, ты лiчыш гэту работу простай i ганебнай для сябе. Дарэмна! Гэтая работа вельмi цяжкая, не кожны выканае яе. Я не ведаю, герой, цi хопiць у цябе сiлы справiцца з ёю.

I ён так паглядзеў на Язона, што арганаўт задрыжаў i зразумеў, што работа не такая простая, як яму здалося спачатку.

– Iдзi цяпер на свой карабель, – гаварыў далей Ээт, – раскажы таварышам, якi мiласцiвы да вас цар Калхiды. Заўтра ранiцай прыходзь на той бераг, на поле Арэса. Валы пасуцца там каля ракi. Я прыеду i прывязу табе насенне.

Язон развiтаўся з царом, i арганаўты пайшлi. Калi яны праходзiлi па двары, Язона спынiла старая – служанка Медэi:

– Мая гаспадыня просiць цябе прыйсцi зараз у храм Гекаты. Яна будзе чакаць цябе там. Спяшайся, бо жыццё тваё i тваiх таварышаў у небяспецы.

Язон загадаў Тэламону i Аўгiясу вярнуцца на карабель i чакаць яго там, а сам узяў за праваднiка сына Фрыкса i падаўся ў храм Гекаты.

Чараўнiца Медэя

Храм Гекаты, багiнi зданяў i жахаў, знаходзiўся за горадам, у гаi на пагорку. Там стаяла статуя, якая мела тры твары – у знак таго, што багiнi падуладны неба, зямля i падземнае царства.

У гаi бадзялiся сабакi, прысвечаныя Гекаце, жаласна бляялi ў траве чорныя ягняты, падрыхтаваныя для ахвяраў багiнi.

Калi Язон, пакiнуўшы свайго юнага спадарожнiка, зайшоў у гай Гекаты, Медэя выйшла яму насустрач i сказала:

– Я дачка Ээта, Медэя. Я служу Гекаце i ведаю шмат такога, чаго не ведаюць людзi. Я магу ажывiць забiтага i зрабiць старога маладым. Магу прынесцi ў дом няшчасце, наслаць страх i тугу на чалавека, пазбавiць яго спакою. Сам цар, мой бацька, баiцца мяне. Але табе я не жадаю зла. Слухай! Цар задаў табе страшную задачу. Валы, на якiх ты павiнен узараць поле, насенне для пасеву i само поле – не простыя. У валоў гэтых медныя ногi, агонь вылятае з пашчы – гэта валы бога Сонца. Шалёныя яны, i звычайнаму чалавеку не справiцца з iмi. Замест насення цар дасць табе зубы дракона. Калi ты пасееш iх на полi Арэса, там вырастуць воiны без лiку i заб'юць вас усiх.

Так гаварыла Медэя i пазiрала на Язона з жалем.

Язон апусцiў галаву:

– Ну што ж... Адступаць няма куды. Мяне чакае пагiбель. Але людзi не назавуць мяне баязлiўцам.

Медэя сказала:

– Я не хачу тваёй пагiбелi. Не ведаю чаму – мне шкада цябе, чужаземец! Мне хочацца выратаваць цябе!

– Тады памажы нам, калi ты можаш! – усклiкнуў Язон. – Памажы здабыць залатое руно, i я праслаўлю цябе па ўсёй Эладзе. За трыма марамi, далёка адсюль, мы будзем з удзячнасцю паўтараць тваё iмя.

Тады чараўнiца дала яму ракавiну з цёмнай маззю i сказала:

– Недалёка адсюль, у гарах, да скалы над морам прыкаваны тытан Праметэй. Ён выкраў у багоў iскру боскага агню i падарыў людзям. За гэта багi жорстка пакаралi яго. Кожны дзень прылятае арол i дзяўбе яго печань. Кроў капае з раны на скалу i на пясок каля мора. На пяску, палiтым крывёю Праметэя, вырастае дзiкая i страшная кветка. З чорнага кораня гэтай кветкi я здабыла чарадзейны сок i прыгатавала гэтую мазь. Вазьмi яе. Апоўначы апранiся ў чорнае, iдзi да ракi, пакупайся ў цiхай вадзе, а ранiцай натры гэтай маззю ўсё сваё цела, i яно зробiцца дужым i непаражальным, i агонь з пашчаў валоў не пашкодзiць табе. Змаж таксама ўсю сваю зброю – меч, i кап'ё, i шчыт. Гэта мазь дае сiлу на адзiн толькi дзень. Але ў цябе хопiць часу, каб выканаць усё, што патрабуе цар. Калi з зубоў дракона, якiя ты пасееш на полi, вырастуць узброеныя людзi, шпурнi адразу ж у iх каменем. Яны не ўбачаць, хто гэта зрабiў, падумаюць адзiн на аднаго, пачнуць бiцца мiж сабою – i ты зможаш адзiн пазабiваць iх усiх. Цяпер iдзi, жадаю табе ўдачы. Але калi ты возьмеш залатое руно, паедзеш адсюль i будзеш шчаслiва жыць на сваёй радзiме, не забывай мяне. Абяцай, што ты мяне не забудзеш!

Яна глядзела на Язона з любоўю i здалася яму ў гэту хвiлiну такой добрай i прыгожай, што ён пачаў прасiць яе:

– Паедзем са мною. Я вазьму цябе на "Арго", звязу ад твайго лiхога бацькi, i ты будзеш маёй жонкаю i царыцай у Iолку.

Медэя маўчала i круцiла галавою, хоць словы Язона i радавалi яе.

Доўга стаялi яны разам у гаi Гекаты i пазiралi адно на аднаго.

Сонца пачало хiлiцца да захаду, i Язону пара было вяртацца на карабель.

– Заўтра, калi цар аддасць мне залатое руно, я папрашу яго адпусцiць цябе са мною, – сказаў Язон.

I яны рассталiся.

На полi Арэса

Ранiцай цар Калхiды надзеў свае даспехi, што падарыў яму бог вайны Арэс, сеў на каляснiцу i паехаў на Арэсава поле. Яго суправаджаў натоўп колхаў усiм хацелася паглядзець, як валы бога Сонца разарвуць чужаземца.

А Язон, як навучыла яго Медэя, нацёр цудоўнай маззю сваё цела i зброю i адчуў у сабе вялiкую сiлу. Ён быў увесь нiбы выкаваны з жалеза, i нi кап'ё, нi меч не маглi прычынiць яму шкоды.

Арганаўты селi на карабель i паплылi да поля Арэса, дзе iх ужо чакаў Ээт.

Язон узяў у цара зубы дракона i адзiн выйшаў у поле. На краi поля ляжалi ярмо i плуг. Тут жа быў уваход у падземны хлеў, дзе стаялi валы. Раптоўна, нiбы адчуўшы, што герой iдзе да iх, яны з рыкам выскачылi са стойла i рынулiся проста на Язона. Ён прыкрыўся шчытом i стаяў спакойна, упэўнены ў сваёй цудоўнай сiле. Валы стукнулi рагамi ў шчыт i адскочылi прэч. Яны зараўлi, выпусцiлi сноп агню, хацелi спапялiць героя, але полымя, даляцеўшы да яго, раздвоiлася, абмiнула Язона i сышлося за яго галавой. Жывы i здаровы ў кальцы агню, ён смела схапiў рукою за рог аднаго вала, потым другога i надзеў на iх ярмо. З дапамогаю двух арганаўтаў Язон запрог валоў у плуг i пагнаў па полi. Арганаўты радасна закрычалi, убачыўшы гэта. Шум узняўся сярод колхаў. Сам цар Ээт здзiвiўся незвычайнай сiле героя.

Шпарка iмчалiся па полi валы, рэжучы плугам глыбокiя барозны, i Язон кiдаў на ўзараную зямлю зубы дракона.

Шмат разоў прабеглi валы з канца ў канец Арэсава поля, i вось усё яно было ўзарана i засеяна. Скончыўшы работу, Язон выпраг валоў i кап'ём загнаў iх назад у стойла. Потым чакаючы, пакуль з зубоў дракона вырастуць воiны, ён пайшоў на бераг ракi, зачэрпнуў шлемам вады i напiўся. I адчуў, што сiлы ў iм анi не паменшала. Ён глядзеў на поле i чакаў.

Нiбы першыя парасткi, паказалiся з зямлi канцы вострых коп'яў, потым галовы ў шлемах, вось заблiшчалi шчыты, зазвiнелi, раскiдваючы зямлю, мячы – i ў адно iмгненне ўсё поле запоўнiлася воiнамi.

Язон памятаў хiтрую параду Медэi. Ён падняў з зямлi вялiзны камень, якi чатыры дужыя чалавекi ледзь маглi б скрануць з месца, размахнуўся, шпурнуў яго ў сярэдзiну i забiў адразу некалькi воiнаў. Воiны не зразумелi, адкуль прыйшла бяда, выцягнулi мячы i пачалi забiваць адзiн аднаго. Тады Язон смела напаў на iх, сек i знiшчаў усiх, хто яму трапляўся. Хутка ўсё поле пакрылася трупамi, i чорная кроў запоўнiла да краёў барозны, якiя засталiся пасля плуга.

З жахам пазiралi колхi, як распраўляўся Язон з воiнамi, што выраслi з зубоў дракона. Цар Ээт ад гневу не мог вымавiць нi слова. Раз'юшаны, хвасянуў ён па конях i памчаўся прэч з Арэсава поля.

– Я скончыў маю работу. Заўтра цар павiнен аддаць мне залатое руно, сказаў Язон.

Надышоў вечар. Цудоўная сiла пакiдала Язона. Арганаўты акружылi яго i павялi на карабель адпачыць.

Выкраданне залатога руна

Вярнуўшыся з Арэсава поля дадому, жыхары Калхiды шмат гаварылi пра страшную сiлу чужаземцаў, што прыплылi на караблi "Арго". У горадзе было неспакойна. Увечары ў палац Ээта прыйшлi знакамiтыя колхi i, зачынiўшыся з царом, пачалi раiцца, як пагубiць небяспечных гасцей.

Медэя адчувала, што цар ведае, што яна памагла Язону, i са страхам чакала бацькоўскага гневу. Яна ведала, якi жорсткi i няўмольны, якi каварны сын Сонца, i баялася за сябе i за героя, якога пакахала. Апоўначы яна пачула за акном бразгат зброi i галасы колхаў, якiя сабралiся каля палаца. Яна даведалася, што цар загадаў ранiцай акружыць грэчаскi карабель i спалiць яго разам з арганаўтамi.

Тады яна вырашыла ўцячы да Язона. Яна ўзяла з сабою сонныя зёлкi i, басанож, цiхенька пракралася з палаца i патаемнымi сцяжынкамi, якiмi хадзiла ўночы збiраць чарадзейныя травы, падалася да ракi. Медэя выйшла на бераг супраць таго месца, дзе стаяў "Арго" i пачала клiкаць малодшага сына сваёй сястры, якi начаваў у арганаўтаў.

Язон пазнаў голас Медэi i адгукнуўся. Весляры, што былi ў той час на вёслах, пачалi веславаць, карабель хутка пераплыў раку. Язон з сынамi Фрыкса кiнуўся да Медэi.

– Усё выкрылася! – сказала Медэя. – Бацька не даруе мне... Я павiнна ўцячы з вамi... Спяшайцеся, пагiбель пагражае вам! Хадзем, Язон, я здабуду табе залатое руно, i хутчэй прэч адсюль, iнакш мы ўсе загiнем! Я выратую вас i сябе, але прысягнi, Язон, што ты не пакiнеш мяне нiколi, не пакiнеш мяне адну ў чужой краiне!

Язон узяў яе за руку i сказаў:

– Прысягаю, што калi мне суджана жывым вярнуцца на радзiму, ты будзеш маёй жонкай i я нiколi не пакiну цябе!

Медэя загадала адразу ж плыць да Арэсава гаю, дзе захоўвалася руно. У начной цемры цячэнне ракi хутка i без шуму данесла карабель да запаветнай мясцiны. Медэя i Язон адны сышлi з карабля i рушылi ў лес. Ноч была чорная, i яны iшлi, трымаючыся за рукi, каб не згубiцца ў цемры. Раптам перад iмi загарэлiся два чырвоныя агнi.

– Гэта дракон, – шапнула Медэя.

I тут яны ўбачылi лёгенькае залацiстае ззянне – ад руна, якое вiсела на дубе.

Як толькi яны падышлi блiжэй, дракон звесiўся з дрэва i засiпеў, полымя вырвалася з яго разяўленай пашчы. Але Медэя працягнула да яго рукi i цiхiм голасам пачала ўсыпляць. Яна клiкала на дапамогу бога сну Гiпноса, якi дужэйшы за ўсiх на зямлi, яна заклiнала ўсiмi таемнымi сiламi: "Заснi! Заснi!" – i, падышоўшы зусiм блiзенька, пырснула ў вочы дракону сонным зеллем. Пагасла адно вока, пагасла другое, апусцiлiся страшныя павекi, з трэскам закрылася грозная пашча, лапы разнялiся – дракон звалiўся з дуба i, бяссiльны, лёг каля ног Медэi.

– Спяшайся! – сказала яна Язону. – Хутчэй здымай руно з дрэва, пакуль ён не прачнуўся.

Язон хуценька зняў з дуба залатое руно, накiнуў яго на плечы замест плашча, i яны адразу ж пакiнулi гай Арэса.

Арганаўты з карабля ўбачылi залатое святло руна на плячах Язона. Радаснымi крыкамi вiталi яны жаданую здабычу, дзеля якой пакiнулi свой дом i радзiму i зведалi столькi небяспек i нягод. Ды не было калi весялiцца. Трэба было да ранiцы дабрацца да мора i пакiнуць Калхiду.

Язон загарнуў дарагое руно ў свой плашч, пасадзiў Медэю на карме карабля, дзе не было ветру, i сам перасек мячом канат, якi трымаў "Арго" каля берага. Весляры-арганаўты селi за вёслы, астатнiя са шчытамi i лукамi ў руках пасталi ўздоўж борта, гатовыя абараняць карабель ад пагонi. "Арго" iмклiва паплыў унiз па цячэннi – да мора. Яшчэ не ўзышло сонца, а арганаўты былi ўжо ў адкрытым моры, далёка ад берагоў Калхiды.

Ранiцай цару сказалi, што чужаземцы выкралi залатое руно i ўцяклi, забраўшы з сабою Медэю. Ээт страшэнна разгневаўся i паслаў вялiкi атрад колхаў у пагоню за арганаўтамi. Цар загадаў абвясцiць воiнам, што ўсiх iх чакае смерць, калi яны не дагоняць уцекачоў i не вернуць руно i царскую дачку. Сына свайго Апсiрта Ээт прызначыў начальнiкам атрада.

Колхi вывелi свае судны ў мора i паплылi ўслед за "Арго".

Вяртанне "Арго"

Залатое руно было здабыта, i арганаўты плылi дадому. Спадарожны вецер надзiмаў ветразi, марская далячынь была чыстая, чароды дэльфiнаў бесклапотна плюхалiся вакол "Арго". Ды нявесела было на караблi. На карме залiвалася слязьмi Медэя. Яна пазiрала ў той бок, дзе засталiся яе дом i бацька. Заклапочана хмурыўся Язон, i арганаўты нi ўдзень, нi ўночы не выпускалi з рук зброi, чакалi пагонi.

Яны не захацелi вяртацца той самай дарогай, па якой прыплылi ў Калхiду. Сын Фрыкса, якi пакiнуў разам з iмi Калхiду, расказаў iм, што чуў ад калхiдскiх карабельшчыкаў, нiбыта з таго боку мора, насупраць Калхiды, ёсць вялiкая паўнаводная рака Iстр. Яна бярэ свой пачатак далёка на поўначы, у краiне халоднага ветру, цячэ па шмат якiх землях i краiнах i сустракаецца з другой ракой, якая ўпадае проста ў тое мора, што абмывае берагi Грэцыi.

– Плыць па рацэ карацей i лягчэй, чым вяртацца зноў праз тры моры, парашылi арганаўты i паплылi ўздоўж берагоў Скiфii да вусця Iстра.

Але каля самага Iстра яны наткнулiся на флот колхаў, якi паслаў Ээт за iмi ў пагоню i якi апярэдзiў iх. Што рабiць? "Арго" адзiн супраць многiх караблёў, купка герояў супраць цэлага войска!

Тады Язон кiнуўся на хiтрыкi. Ён распачаў з начальнiкам колхаў Апсiртам перагаворы: ён гаварыў, што залатое руно павiнна застацца ў арганаўтаў – ён жа выканаў усё, што загадаў яму цар Калхiды. Але Медэю Язон абяцаў аддаць колхам i запрашаў Апсiрта прыйсцi па сястру на бязлюдную выспу, у храм багiнi Артэмiды. Язон хацеў завабiць i ўзяць у палон Апсiрта, каб пазбавiць колхаў iх камандзiра.

Апсiрт быў малады i даверлiвы. Ён паверыў Язону i ўночы адзiн прыйшоў у храм на выспе, каб угаварыць сястру забраць у арганаўтаў руно i вярнуцца дадому. Але Медэя дала Язону меч i загадала забiць Апсiрта. Цела брата яна кiнула ў мора. У войску колхаў пачаўся пярэпалах, i, пакуль колхi шукалi ў моры свайго правадыра, "Арго" ўцёк ад ворагаў i заплыў далёка ўверх па Iстру.

Арганаўты шчаслiва праплылi Iстр да таго месца, дзе ён злiваўся з другою ракой, i па гэтай другой рацэ выйшлi ў мора. Мора сустрэла iх страшэннай бураю. Быццам разгневаныя багi спусцiлi з ланцугоў усе вятры, i яны сарвалi ветразi, сагнулi мачту i насiлi "Арго" па моры, i забаўлялiся караблём, нiбы дзецi цацкай. У роспачы кiнулi арганаўты вёслы i чакалi, калi паглыне iх раз'юшанае мора.

Ды тут раптам пачуўся голас з кармы. Ён iшоў ад кавалка свяшчэннага дадонскага дуба, устаўленага ў карму "Арго". Голас гаварыў:

– Багi разгневалiся на Язона i Медэю за тое, што яны забiлi Апсiрта. Плывiце на выспу Эа. Там жыве сястра Ээта, чараўнiца Кiрка. Папрасiце яе, няхай яна даруе Медэi. Тады вы зможаце вярнуцца дадому.

Бура сцiхла. Арганаўты паплылi шукаць чароўную выспу. Доўга блукалi яны па моры, пакуль знайшлi яго. Чараўнiца Кiрка выйшла сустракаць iх на бераг, акружаная статкам свiней – усё гэта былi людзi, якiя трапiлi на выспу i якiх яна ператварыла ў жывёлiн. Кiрка адразу пазнала Медэю па вачах: ва ўсiх дзяцей Сонца ў вачах было асаблiвае святло.

Медэя так упрошвала цётку дараваць ёй i гаварыла пра сваё каханне да Язона, што Кiрка даравала ёй i адпусцiла арганаўтаў з мiрам.

Але шмат яшчэ розных небяспек давялося зазнаць арганаўтам, пакуль яны дабралiся да роднага краю.

У адкрытым моры карабель ганялi вецер i хвалi, але самае страшнае падпiльноўвала маракоў у вузкiх пралiвах.

Iм давялося праплыць памiж двума астравамi, на адным з якiх была вогнедышная гара. Дзве лютыя i прагныя пачвары пiльнавалi гэты праход Харыбда i Сцыла.

Харыбда жыла ў марскiх глыбiнях. Вада кiпела i вiравала над ёю, i варта было жывой iстоце наблiзiцца, як з вады высоўвалася прагная пашча i хапала цэлыя караблi з ветразямi i мачтамi.

На адлегласцi стрэлу з лука ад Харыбды ўзвышалася вастраверхая скала, гладка абчасаная морам. У ёй была пячора. У гэтай пячоры хавалася шасцiгаловая Сцыла з дванаццаццю лапамi. Як толькi дэльфiн, або рыбiна, або судна з плыўцамi падплывалi да скалы, Сцыла высоўвала з пячоры сваё страшнае тулава, i ўсе дванаццаць лап шпарка шнарылi навакол, лавiлi ўсё жывое i запiхалi ў прагныя пашчы з трыма радамi вострых зубоў.

Арганаўтам трэба было праплыць памiж Сцылай i Харыбдай, i яны, вядома, загiнулi б, таму што нi смеласць, нi мужнасць, нi геройская сiла не маглi памагчы iм супраць гэтых страшыдлаў. Але зноў з'явiлася iх заступнiца Гера, кiнула памiж Харыбдай i Сцылай свой залаты валасок, i па гэтай дарожцы, не адхiляючыся нi ўправа, нi ўлева, "Арго" пазбег небяспекi.

Аднойчы марскi вецер прынёс здалёку пах кветак, i арганаўты ўбачылi ў моры квiтнеючую выспу Сiрэн. Дзiвосныя птушкi з жаночымi галовамi сядзелi на камянях, што тырчалi з вады каля берага, i спявалi чалавечымi галасамi. Яны клiкалi стомленых маракоў адпачыць на квiтнеючых лугах, абяцалi спакой i асалоду, вабiлi ласкавымi словамi.

Мора вакол выспы здавалася таксама ласкавым i цiхiм. Але ўся выспа была акружана водмелямi i падводнымi скаламi. Сiрэны спявалi так соладка i такая чароўная сiла была ў iх песнях, што карабельшчыкi забывалi пра ўсё на свеце, скiроўвалi свае судны да выспы, разбiвалiся на падводных камянях i гiнулi ў хвалях.

Апынуўшыся каля выспы Сiрэн, арганаўты таксама заслухалiся цудоўнымi спевамi i хацелi веславаць да берага. Самы малады з весляроў, зачараваны сiрэнамi, кiнуўся ў мора i загiнуў на камянях. Тады Арфей узяў сваю кiфару, заспяваў гучным голасам i заглушыў спеў сiрэн. Ён спяваў пра адважных маракоў, якiя пераплываюць марскiя прасторы i не хочуць ведаць нi ляноты, нi пяшчоты, спяваў пра родную зямлю, якая iх чакае. Арганаўты, слухаючы Арфея, апамяталiся i неўзабаве мiнулi небяспечную выспу.

Каля выспы Схерыi, дзе арганаўты спынiлiся, каб папоўнiць запасы вады i ежы, iх карабель зноў акружылi судны колхаў, якiя ў пошуках арганаўтаў блукалi па моры. Арганаўты папрасiлi цара выспы абаранiць iх. Хiтры цар разважыў так: арганаўты павiнны аддаць колхам iх царэўну Медэю, але яны не павiнны аддаваць iм жонку Язона. Медэя стала жонкай Язона, i колхам давялося адступiцца. Але яны пабаялiся вяртацца ў Калхiду i пасялiлiся на грэчаскiх астравах.

Адсвяткаваўшы вяселле Язона i Медэi, арганаўты паплылi далей. Доўгi час плаванне iх было спакойнае. Яны наблiжалiся ўжо да берагоў Грэцыi, як раптам узнялася жудасная бура. Дзевяць дзён i дзевяць начэй насiў ураган iх карабель па моры i нарэшце выкiнуў яго на далёкi бязлюдны бераг. "Арго" глыбока ўрэзаўся ў прыбярэжны пясок i нерухома застыў. Арганаўты сышлi на зямлю i агледзелiся. Перад iмi распасцiралася пустыня. Нi ракi, нi дрэў, нi людскога жылля – толькi пясок i неба. Арганаўты паспрабавалi ссунуць карабель у мора, каб пакiнуць пустыню, ды не змаглi.

"Што ж нам рабiць? – гаварылi яны. – Куды занесла нас бура? Мы прападзём тут i нiколi не ўбачым роднага краю... Лепш было б нам разбiцца аб падводныя камянi або загiнуць у няроўным баi, чым памерцi ў пустынi ад голаду!"

Яны разышлiся па беразе i блукалi да змяркання. Калi надышоў вечар, усе сабралiся каля карабля, развiталiся адзiн з адным i палеглi на пяску, закруцiўшыся з галавою ў плашчы. Яны ляжалi гэтак да ранiцы. Раптам Язон адчуў, што нехта здымае плашч з яго твару. Ён прыўзняўся i ўбачыў перад сабою трох нiмф пустынi. Нiмфы сказалi яму:

– Не траць надзеi! Лёс занёс вас у Лiвiйскую пустыню, але i адсюль ёсць дарога для смелых i дужых. Калi царыца мора Амфiтрыта выпража коней са сваёй каляснiцы, зрабiце са сваiм караблём тое, што ён дагэтуль рабiў з вамi, i вы будзеце выратаваны.

Язон пабудзiў сваiх таварышаў i пераказаў iм тое, што сказалi яму нiмфы. Арганаўты пачалi думаць, што гэта азначае: "Калi Амфiтрыта выпража коней", i што трэба зрабiць iм з "Арго". Раптам да берага з шумам прылiлi хвалi, з мора выбег белы конь i памчаўся цераз пустыню. Пачынаўся прылiў. Тут здагадалiся арганаўты, што ў час прылiву трэба зрушыць "Арго" з мелi, узяць яго на плечы i несцi цераз пустыню, як ён насiў iх па моры.

Дванаццаць дзён пад пякучым сонцам, грузнучы ў пяску, яны неслi на плячах "Арго" i нарэшце прыйшлi на бераг вялiкага возера. Зноў спусцiлi карабель на ваду. Але яны нiяк не маглi знайсцi выхада з возера, пакуль гаспадар яго, бог Трытон, схапiўшы рукою за борт "Арго", не вывеў яго пратокай памiж белых скалаў у шырокае мора.

Доўга зноў плылi арганаўты ў бязлюдным моры i дабралiся да гарыстай выспы, такой вялiкай, што на ёй магло б размясцiцца шмат гарадоў. Гэта была радзiма Зеўса – Крыт. Там цараваў Мiнас, якому Зеўс падарыў для абароны выспы меднага велiкана. Велiкан быў увесь пакрыты меддзю, i толькi на пятцы ў яго была дзiрачка, заткнутая медным цвiком. Тры разы на дзень медны велiкан абходзiў дазорам вакол выспы.

Калi арганаўты падышлi да Крыта, велiкан не пусцiў iх на бераг i пачаў шпурляць у iх цяжкiя камянi. Але Медэя сваёй чароўнай сiлай усыпiла велiкана, вочы яго заплюшчылiся. Ён спатыкнуўся на востры камень i ўпаў. Цвiк выпаў у яго з пяткi, i кроў лiнула з адтулiны. Разам з крывёю велiкан страцiў сваю жывую сiлу i ператварыўся ў вялiкую медную статую.

Арганаўты прычалiлi да берага i пераначавалi на Крыце, а ранiцай рушылi далей.

I яшчэ раз яны трапiлi ў буру. Ды гэта было ўжо апошняе выпрабаванне, i багi не далi iм загiнуць.

Сам Апалон з залатога лука пасылаў у мора святлiвыя стрэлы i паказаў арганаўтам астравок, каля якога яны маглi схавацца.

Потым вецер сцiх, неба ачысцiлася, мора паспакайнела, i ўдалечынi паказаўся грэчаскi бераг. Плаванне арганаўтаў канчалася. "Арго" вяртаўся дадому.

Смерць Язона

Скончылiся святкаваннi i банкеты ў гонар арганаўтаў, якiя шчаслiва вярнулiся пасля далёкага i доўгага плавання. Цудоўны карабель "Арго" адслужыў сваё – ветразi яго былi пашматаны бурамi, змылася пазалота на носе, i хвалi шматлiкiх мораў стачылi яго драўляны корпус. Арганаўты выцягнулi з вады абшарпаны каркас "Арго" i паставiлi на беразе на памяць людзям.

Потым адважныя героi разышлiся па розных гарадах i занялiся кожны сваёй справай.

Залатое руно ляжала ў палацы iолкскага цара. Але Язону яно не прынесла шчасця.

Стары Пелiй не ўзрадаваўся, што Язон вярнуўся, i не аддаў яму царскую ўладу. "Няхай вырашае народ, няхай сам народ скажа, каго ён хоча бачыць царом у Iолку", – гаварыў ён Язону. А народу Пелiй гаварыў: "Хочаце, каб вашай царыцай была чужаземка, да таго ж яшчэ i чараўнiца? Яна зачаруе вас, як зачаравала Язона".

Людзi з апаскай пазiралi на Медэю i абмiналi палац Язона. Неўзабаве зусiм не засталося ў яго сяброў у Iолку. Медэя бачыла гэта, ёй было горка i крыўдна, i яна парашыла адпомсцiць Пелiю i аддаць царства Язону.

Яна расказала iолкскiм жанчынам, што багi далi ёй сiлу вяртаць маладосць старым, i, каб ёй паверылi, зарэзала старога барана i зноў ажывiла яго, ператварыўшы ў ягня.

Тады дочкi Пелiя пачалi прасiць чараўнiцу зрабiць маладым iх старога бацьку.

Яны забiлi цара, але ажыўляць яго Медэя не захацела, адмовiлася.

Смерць Пелiя не памагла Язону. Царом у Iолку стаў сын Пелiя – Акаст. Ён прагнаў Язона i Медэю з горада i не дазволiў iм жыць у Фесалii. Пеша, нiбы той апошнi жабрак, зганьбаваны, выгнаны з роднага краю, пайшоў Язон з Iолка шукаць прытулку на суседняй зямлi.

У гэты час у Карынфе правiў стары сябар бацькi Язона – Крэонт. Ён даў прытулак выгнаннiкам у памяць старой дружбы.

Яны пасялiлiся ў беднай хацiне на ўскраiне горада, жылi цiха некалькi гадоў, i Медэя нарадзiла Язону двух сыноў.

Але не было шчасця ў iх доме. Людзi не любiлi i баялiся Медэi, чараўнiцы i чужаземкi. Жанчыны не заходзiлi да яе ў дом пагаманiць за праснiцай пра гарадскiя навiны, пра свае хатнiя справы; iх дзецi не хацелi гуляць з маленькiмi сынамi Медэi, дражнiлi iх i бiлi.

Медэя гневалася i тужыла i скардзiлася Язону, але яму дакучалi гэтыя скаргi. Ён часта сыходзiў з дому i iшоў у госцi да Крэонта, якi заўсёды ласкава сустракаў сына свайго сябра, але нiколi не запрашаў Медэю.

У Крэонта была дачка-красуня. Яна заўсёды радасна сустракала Язона, калi ён прыходзiў у палац, сама налiвала яму вiна i слухала цэлымi гадзiнамi яго расказы пра арганаўтаў i iх плаванне па чужых морах на караблi "Арго".

Аднойчы цар сказаў Язону:

– Я не маю сына, i наследнiкам маiм будзе той, хто ажэнiцца з маёй дачкой. Ажанiся з ёю – i ты будзеш царом у Карынфе.

Збянтэжаны Язон адказаў, што ў яго ўжо ёсць жонка – Медэя.

Але цар засмяяўся i сказаў:

– Паводле нашых законаў, гэта не жонка, а рабыня, паланянка-варварка. Кiнь яе, i ты будзеш жыць у палацы, у дастатку i ў пашане. Нiхто не будзе напамiнаць табе пра мiнулае.

I Язон здрадзiў Медэi. Ён забыў пра сваю клятву ў страшны начны час на беразе Фазiса, калi пагiбель пагражала яму i ўсiм арганаўтам i дзяўчына-варварка выратавала iх. Але ён не асмелiўся сказаць Медэi праўду: выдумаў, што цар узяў яго да сябе на службу i таму ён павiнен перасялiцца ў палац.

Медэя па-ранейшаму кахала Язона i нi аб чым не здагадвалася, пакуль не прыйшлi i не сказалi ёй, што ён жэнiцца з царскай дачкой i што прызначаны ўжо дзень вяселля.

Медэя была зняважана, i яна вельмi разгневалася.

"Язон забыўся пра сваю клятву, забыўся, што я выратавала яму жыццё i гонар, што праз яго я пакiнула родны край, парушыла волю бацькi! Ён хоча пакiнуць мяне з дзецьмi адну сярод чужых людзей, без дапамогi, без апоры!"

Ад гневу i тугi Медэя не знаходзiла сабе месца, не ведала, што рабiць. Раптам прыйшоў слуга ад цара з загадам, каб яна зараз жа пакiнула Карынф – яе праганялi.

Тады яна вырашыла:

– Усё скончана! Бывай, каханне i мiрнае шчасце! Прыйдзi мне на дапамогу, Геката! Памажы адпомсцiць!

Медэя прыкiнулася пакорлiвай i цiхай. Яна папрасiла не выганяць яе з Карынфа ўсяго яшчэ адзiн дзень, памiрылася з Язонам, i ў знак поўнай пакоры паслала яго нявесце цудоўны падарунак – прыгожае вянчальнае пакрывала i залатую карону, якую бог Сонца калiсьцi падарыў цару Калхiды.

Красуня нявеста ўзрадавалася падарунку, адразу ж надзела на галаву карону i захуталася ў пакрывала. Раптам ёй зрабiлася цяжка: залатая карона сцiскала, пякла ёй галаву, чароўнае пакрывала душыла яе.

Яна хацела скiнуць з сябе ўбранне, але адзенне на ёй у адно iмгненне ўспыхнула, i агонь ахапiў яе ўсю. Яна закрычала.

Бацька прыбег ёй на дапамогу, пачаў зрываць з яе палаючае адзенне – агонь перакiнуўся на яго, i яны абое, ахопленыя полымем, нiбы жывыя вогнiшчы, кiдалiся па палацы, i нiхто не мог iм памагчы.

З жахам убачыў Язон iх абвугленыя трупы. Сэрца яго сцiснулася – страшна яму зрабiлася i сорамна. Ён пабег дадому, хацеў абняць сыноў. Позна! Медэя ў шаленстве забiла сваiх дзяцей, i крылатыя драконы знеслi яе з Карынфа.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю