355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Вера Смирнова » Героi Элады (З мiфаў старажытнай Грэцыi) (на белорусском языке) » Текст книги (страница 5)
Героi Элады (З мiфаў старажытнай Грэцыi) (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 8 сентября 2016, 23:20

Текст книги "Героi Элады (З мiфаў старажытнай Грэцыi) (на белорусском языке)"


Автор книги: Вера Смирнова


Жанр:

   

История


сообщить о нарушении

Текущая страница: 5 (всего у книги 7 страниц)

Тэзей смела кiнуўся ў хвалi.

Крык замёр на вуснах Арыядны, палонныя ад страху прытулiлiся адно да аднаго. Усе моўчкi пазiралi на мора i чакалi. Мiнаў час, i нiхто не спадзяваўся, што юнак можа вярнуцца.

Але, як толькi хвалi сышлiся над галавою Тэзея, слуга Пасейдона Трытон узяў юнака на рукi i занёс яго ў палац марскога цара. Там Пасейдон i царыца мораў Амфiтрыта ласкава сустрэлi юнага героя i аддалi яму пярсцёнак Мiнаса. I зноў Трытон падхапiў яго i вынес з глыбiнi мора на бераг, дзе людзi чакалi яго.

I вось ужо Тэзей стаiць перад Мiнасам i падае яму пярсцёнак. Радаснымi воклiчамi вiталi афiняне свайго смелага таварыша, i дзiвiлiся з гэтага здарэння крыцяне, што сабралiся на беразе.

Цар Мiнас загадаў зараз жа завесцi палонных у Лабiрынт i замкнуць там.

Тады Арыядна вырашыла выратаваць Тэзея.

Калi сямёра дзяўчат i сямёра юнакоў падышлi да Лабiрынта, Арыядна была ўжо там, каля ўвахода. Яна дала Тэзею клубок нiтак i навучыла, каб ён замацаваў канец нiткi каля ўвахода i, iдучы па Лабiрынце, пацiхеньку размотваў клубок, каб нiтка цягнулася праз усе пакоi, па якiх яны пройдуць. Тэзей паслухаўся, увайшоў у Лабiрынт, i таварышы з iм; размотваючы клубок, яны дайшлi да логава Мiнатаўра. Убачыўшы страшыдлу з бычынай галавой, юнакi i дзяўчаты спалохалiся i адступiлi назад. Тэзей адзiн пайшоў да яго i ў жорсткiм паядынку перамог i забiў Мiнатаўра, на вялiкую радасць сваiх таварышаў, якiя, прыцiснуўшыся ад страху да сцяны, чакалi зыходу барацьбы. Убачыўшы забiтага Мiнатаўра, юнакi гучна ўславiлi Тэзея, а дзяўчаты абдымалi адна адну i плакалi ад радасцi. Потым, трымаючыся за выратавальную нiтку Арыядны, яны вярнулiся назад па заблытаных хадах i шчаслiва выбралiся з Лабiрынта.

Арыядна чакала iх каля ўвахода. Выратаваныя рушылi ў гавань, дзе стаяў iх карабель, i Арыядна пайшла за iмi. Яна ведала, што бацька яе вельмi загневаецца, калi даведаецца пра перамогу Тэзея i ўцёкi афiнян, i пашле за iмi ў пагоню караблi. Яна навучыла Тэзея i яго таварышаў прарэзаць днiшчы крыцкiх караблёў, што стаялi ў гаванi. Потым афiняне паднялiся на свой карабель i як мага хутчэй адплылi ад Крыта. I Арыядна плыла разам з iмi – яна спадзявалася, што, у знак удзячнасцi за выратаванне, Тэзей пакахае яе.

Па дарозе яны прычалiлi да выспы Наксасу, каб пераначаваць на зямлi i добра адпачыць, таму што даўно яны не спалi i стамiлiся.

Уночы ў сне Тэзей пачуў голас, якi загадваў яму пакiнуць Арыядну на выспе i плыць дадому без яе. Тэзей пабудзiў таварышаў, i яны цiхенька адплылi ад Наксаса, калi Арыядна яшчэ спала.

Прачнуўшыся ранiцай, Арыядна ўбачыла, што афiняне кiнулi яе. З крыкам пабегла яна да мора i прагна глядзела ўдалячынь i клiкала Тэзея. У роспачы ўпала яна на зямлю i прасiла сабе смерцi ў багоў.

Але замест чорнага бога смерцi да яе з'явiўся вясёлы бог Дыянiс, супакоiў i суцешыў яе. Яна стала яго жонкай i бяссмертнай багiняй. Дыянiс падарыў Арыядне вянок з зiхатлiвых зорак. Арыядна паклала свой вянок на неба, – i там ён зiхацiць i свецiць сярод iншых сузор'яў.

Тэзей вяртаўся ў Афiны. Спадарожны вецер надзiмаў чорныя ветразi, i марскiя хвалi падганялi карабель. Тэзей сядзеў на борце карабля i пазiраў туды, дзе ў тумане знiк Наксас, i раскаянне мучыла яго. Ён успамiнаў прыгажосць Арыядны i яе дапамогу яму i яго таварышам, калi вывела iх з Лабiрынта, – i каяўся, што пакiнуў яе адну на выспе. Змрочныя думкi ахапiлi Тэзея, i ён забыўся на абяцанне, якое даў бацьку: не памяняў чорныя ветразi на белыя на сваiм караблi.

Эгей чакаў, калi вернецца сын. Стары цар сядзеў на беразе i глядзеў на мора: цi не мiльгануць ўдалечынi белыя ветразi, цi не вяртаецца дадому любы сын. Нарэшце далёка ў моры паказалiся ветразi, але – чорныя. Чорныя ветразi знак смерцi!

У вачах Эгея пацямнела. Ад роспачы кiнуўся ён з высокага берага ў мора.

Калi карабель падплыў да горада i Тэзей урачыста сышоў на родную зямлю, яго стрэла вестка пра смерць бацькi. Гэта была помста. I сумным быў пачатак яго царавання ў Афiнах.

А мора, у якiм бедны бацька знайшоў сабе магiлу, з таго часу людзi называюць Эгейскiм.

АРФЕЙ I ЭДРЫДЫКА

На поўначы Грэцыi, у Фракii, жыў спявак Арфей. Ён валодаў цудоўным дарам, i слава пра яго iшла па ўсёй зямлi грэкаў.

За спевы пакахала яго прыгажуня Эўрыдыка. Яна стала яго жонкай. Ды шчасце iх было нядоўгае. Аднойчы Арфей i Эўрыдыка былi ў лесе. Арфей iграў на сваёй сямiструннай кiфары i спяваў. Эўрыдыка збiрала кветкi на палянах. Непрыкметна яна адышлася далёка ад мужа, у лясны гушчар. Раптам ёй здалося, што нехта бяжыць па лесе, ломячы сукi, гонiцца за ёю, яна перапалохалася i, кiнуўшы кветкi, пабегла назад, да Арфея. Яна бегла, не разбiраючы дарогi, па густой траве i раптам ступiла ў змяiнае гняздо. Змяя абвiлася вакол яе нагi i ўкусiла. Ад болю i страху Эўрыдыка моцна закрычала i ўпала на траву. Арфей пачуў здалёку жаласны крык жонкi i пабег да яе. Але ён паспеў толькi ўбачыць, як памiж дрэў мiльганулi вялiкiя чорныя крылы, – гэта Смерць панесла Эўрыдыку ў падземнае царства.

Вялiкае было гора Арфея. Ён пайшоў ад людзей i цэлыя днi блукаў адзiн па лясах, у песнях выказваючы свой смутак. I такую сiлу мелi гэтыя жалобныя песнi, што дрэвы сыходзiлi са сваiх месцаў i акружалi спевака. Звяры вылазiлi з нораў, птушкi пакiдалi свае гнёзды, камянi пасоўвалiся блiжэй да Арфея. I ўсе слухалi, як ён тужыў па сваёй каханай.

Мiналi ночы i днi, а Арфей не мог суцешыцца, гора яго ўсё расло i расло.

– Не, не магу я жыць без Эўрыдыкi, – гаварыў ён. – Не мiлая мне зямля без яе. Няхай i мяне возьме Смерць, няхай хоць у падземным царстве буду разам з маёй каханай!

Але Смерць не прыходзiла. I Арфей парашыў сам пайсцi ў царства мёртвых.

Доўга шукаў ён уваход у падземнае царства i, нарэшце, у глыбокай пячоры Тэнара знайшоў ручаёк, якi цёк у падземную раку Сцiкс. Па рэчышчы гэтага ручая Арфей спусцiўся глыбока пад зямлю i дайшоў да берага Сцiкса. За гэтай ракой пачыналася царства мёртвых.

Чорныя i глыбокiя воды Сцiкса, i страшна жывому ступiць у iх. Стогны i цiхi плач чуў Арфей за сваёй спiной – гэта ценi нябожчыкаў чакалi, як i ён, пераправы ў краiну, адкуль нiхто не вяртаецца.

Вось ад процiлеглага берага адплыла лодка: перавозчык мёртвых, Харон, плыў па новых прышэльцаў. Моўчкi прычалiў Харон да берага, i ценi пакорлiва селi ў лодку. Арфей пачаў прасiць Харона:

– Перавязi i мяне на той бераг!

Але Харон адказаў:

– Толькi мёртвых перавожу я на той бераг. Калi ты памрэш, я прыеду па цябе!

– Злiтуйся! – прасiў i малiў Арфей. – Я не хачу больш жыць! Мне цяжка аднаму заставацца на зямлi! Я хачу ўбачыць маю Эўрыдыку!

Суровы перавозчык адпiхнуў яго i ўжо хацеў быў адплыць ад берага, але жаласна зазвiнелi струны кiфары, i Арфей заспяваў. Пад змрочнымi скляпеннямi Аiда пачулiся сумныя i пяшчотныя гукi. Спынiлiся халодныя хвалi Сцiкса, i сам Харон, абапёршыся на вясло, заслухаўся песняй. Арфей сеў у лодку, i Харон паслухмяна перавёз яго на другi бераг. Пачуўшы дзiвосную песню жывога пра неўмiручае каханне, з усiх бакоў зляталiся ценi мёртвых. Смела крочыў Арфей па маўклiвым царстве мёртвых, i нiхто не спынiў яго.

Так дайшоў ён да палаца ўладара падземнага царства – Аiда i апынуўся ў вялiкай i змрочнай зале. Высока на залатым троне сядзеў грозны Аiд i побач з iм яго прыгожая царыца Персефона.

З блiскучым мячом у руцэ, у чорным плашчы, з вялiзнымi чорнымi крыламi, стаяў за спiной Аiда бог Смерцi, а вакол тоўпiлiся яго прыслужнiцы, Керы, што лятаюць на полi бою i адбiраюць жыццё ў воiнаў. Збоку ад трона сядзелi суровыя суддзi падземнага царства i судзiлi нябожчыкаў за iх зямныя справы.

У цёмных кутках залы, за калонамi, хавалiся Ўспамiны. У iх у руках былi бiзуны з жывых змей, i яны балюча кусалi тых, што стаялi перад судом.

Шмат розных страшыдлаў убачыў Арфей у царстве мёртвых: Ламiю, якая выкрадае начамi маленькiх дзяцей у мацi, i жудасную Эмпузу з аслiнымi нагамi, якая п'е кроў людзей, i лютых сцiгiйскiх сабак.

Толькi малодшы брат бога Смерцi – бог Сну, юны Гiпнас, прыгожы i вясёлы, лятаў па зале на сваiх лёгкiх крылах, перамешваючы ў сярэбраным розе сонны напiтак, перад якiм нiхто на зямлi не можа ўстаяць, – нават сам вялiкi Грамавержац Зеўс засынае, калi Гiпнас пырскае ў яго сваiм зеллем.

Аiд грозна зiрнуў на Арфея, i ўсе навокал задрыжалi.

Але спявак наблiзiўся да трона змрочнага ўладара i заспяваў з яшчэ большым натхненнем: ён спяваў пра сваё каханне да Эўрыдыкi.

Не дыхаючы слухала песню Персефона, i слёзы кацiлiся з яе прыгожых вачэй. Грозны Аiд схiлiў галаву на грудзi i задумаўся. Бог Смерцi апусцiў унiз свой блiскучы меч.

Спявак змоўк, i доўга панавала маўчанне. Тады ўзняў галаву Аiд i спытаў:

– Што ты шукаеш, спявак, у царстве мёртвых? Скажы, чаго ты хочаш? I я абяцаю табе выканаць тваю просьбу.

Арфей сказаў Аiду:

– Уладар! Кароткае наша жыццё на зямлi, i ўсiх нас калi-небудзь спатыкае Смерць i прыводзiць у тваё царства, – нiхто са смяротных не можа пазбегнуць яе. Але я, жывы, сам прыйшоў у царства мёртвых прасiць цябе: вярнi мне маю Эўрыдыку! Яна яшчэ так мала пражыла на зямлi, так мала паспела пацешыцца, так нядоўга кахала... Адпусцi, уладар, яе на зямлю! Дай ёй яшчэ крыху пажыць на свеце, дай ёй пацешыцца сонцам, цяплом i святлом i зелянiнай палёў, вясновай прыгажосцю лясоў i маiм каханнем. Усё роўна ж пасля яна вернецца да цябе!

Так гаварыў Арфей i прасiў Персефону:

– Заступiся за мяне, прыгажуня царыца! Ты ж ведаеш, якое цудоўнае жыццё на зямлi! Памажы мне вярнуць маю Эўрыдыку!

– Няхай будзе так, як ты просiш! – сказаў Аiд Арфею. – Я вярну табе Эўрыдыку. Ты можаш забраць яе з сабою наверх, на светлую зямлю. Але ты павiнен паабяцаць...

– Усё, што загадаеш! – усклiкнуў Арфей. – Я гатовы на ўсё, каб толькi ўбачыць зноў маю Эўрыдыку!

– Ты не павiнен бачыць яе, пакуль не выйдзеш на святло, – сказаў Аiд. Вяртайся на зямлю i ведай: следам за табою будзе iсцi Эўрыдыка. Але не азiрайся назад i не спрабуй паглядзець на яе. Азiрнешся – страцiш яе навекi!

I Аiд загадаў, каб Эўрыдыка iшла следам за Арфеем.

Шпарка пакрочыў Арфей да выхада з царства мёртвых. Нiбы дух, мiнуў ён краiну Смерцi, i цень Эўрыдыкi iшоў за iм. Яны селi ў лодку Харона, i ён моўчкi перавёз iх зноў на бераг жыцця. Крутая камянiстая сцяжынка вяла ўгору, на зямлю.

Павольна падымаўся па ёй Арфей. Цёмна i цiха было вакол i цiха было ў яго за спiной, быццам нiхто i не iшоў за iм. Толькi сэрца яго стукала: "Эўрыдыка! Эўрыдыка!"

Нарэшце наперадзе пачало святлець, выхад на зямлю быў ужо блiзка. I чым блiжэй быў выхад, тым святлей рабiлася наперадзе, i вось ужо ўсё стала добра вiдаць навокал.

Трывога сцiснула сэрца Арфея: цi тут Эўрыдыка? Цi iдзе за iм? Забыўшы пра ўсё на свеце, Арфей спынiўся i азiрнуўся.

– Дзе ты, Эўрыдыка? Дай зiрнуць на цябе!

На iмгненне, зусiм блiзка, ён убачыў мiлы цень, дарагi, прыгожы твар... Але толькi на iмгненне. Адразу ж цень Эўрыдыкi адляцеў, знiк, растаў у цемры.

– Эўрыдыка?!

З роспачным крыкам пачаў Арфей спускацца назад па сцяжынцы i зноў прыйшоў на бераг чорнага Сцiкса i клiкаў перавозчыка. Але дарэмна ён прасiў i клiкаў: нiхто не адазваўся на яго просьбы. Доўга сядзеў Арфей на беразе Сцiкса адзiн i чакаў. Ён не дачакаўся нiкога.

Давялося яму вярнуцца на зямлю i жыць. Але ён не мог забыць сваю адзiную каханую – Эўрыдыку, i памяць пра яе жыла ў яго сэрцы i ў яго песнях.

ГЕРАКЛ

Нараджэнне героя

Калi надышоў час нарадзiцца Гераклу, багi на Алiмпе балявалi. Уладар свету Зеўс абвясцiў багам, што ў гэты час на зямлi сярод людзей народзцца найвялiкшы герой, якi будзе адораны магутнай сiлай, здзейснiць вялiкiя подзвiгi i праславiцца на ўсе часы.

– Ён будзе маiм любiмым сынам, я дам яму ўладу над усёй Грэцыяй, i iншыя героi будуць служыць яму, – сказаў Зеўс.

Гера, жонка Зеўса, пакрыўдзiлася, што такую сiлу i славу Зеўс хоча даць сыну звычайнай жанчыны. Адразу ж у яе ўзнiк хiтры план. Яна сказала Зеўсу:

– Паклянiся, што той, хто першы народзiцца ў гэтую часiну, атрымае ўладу над усёй Грэцыяй i астатнiя героi павiнны будуць служыць яму!

Калi б Зеўс зiрнуў у гэты момант на багiню, ён зразумеў бы, што яна задумала нядобрае, бо нi ў кога на зямлi i на небе не магло быць таямнiц ад уладара свету нi ў справах, нi ў думках. Але ў гэтую хвiлiну Ата, багiня падману, адцягнула яго ўвагу, i Зеўс не прыкмецiў хiтрасцi Геры. Ён падняў сваю залатую чашу i сказаў:

– Клянуся! Так будзе!

Дзве жанчыны на зямлi чакалi ў той час дзiцяцi: у Фiвах царыца Алкмена, якую Зеўс выбраў у мацi вялiкаму герою, i ў Мiкенах аргоская царыца. Тады Гера сваёй уладай затрымала нараджэнне аднаго i паскорыла з'яўленне другога. I вось спачатку нарадзiўся на свет з жаласным плачам кволы i слабы аргоскi царэвiч Еўрысфей, а пасля яго ўжо сын Алкмены. Як толькi нарадзiўся Еўрысфей, Гера сказала Зеўсу:

– Радуйся, Грамавержац: толькi што на зямлi нарадзiўся той, каго ты абяцаў зрабiць гаспадаром усёй Грэцыi!

Зеўс зразумеў, што Гера змахлявала. Твар яго пацямнеў ад гневу. Усе змоўклi, са страхам чакаючы гразы.

Тады Грамавержац накiнуўся на багiню падману Ату. Ён скiнуў яе з Алiмпа на зямлю i назаўсёды забаранiў з'яўляцца сярод багоў у яго светлым нябесным доме. З таго часу багiня падману жыве сярод людзей на зямлi i сваiмi злоснымi выдумкамi сее варожасць памiж iмi.

Потым уладар свету звярнуўся да Геры i сказаў ёй:

– Я ведаю, цяпер ты будзеш праследаваць сына Алкмены, рабiць усё, каб ён трапiў у небяспеку. Але ён вытрымае ўсе выпрабаваннi, пераадолее ўсе перашкоды, а твае намаганнi перашкодзiць яму толькi павялiчаць яго славу. Ён здзейснiць подзвiгi, якiх да яго не здзяйсняў нiхто, i даб'ецца шмат слаўных перамог. А калi ён закончыць свае зямныя справы, я падыму яго на Алiмп, i ты сама прымеш яго ў круг бессмяротных. I няхай будзе iмя яму Геракл, што азначае "праслаўлены Герай".

Гера хоча загубiць Геракла

Амфiтрыён, цар Фiў, вярнуўся з паходу i адпачываў пасля ваенных бiтваў. Востры меч яго мiрна вiсеў на сцяне над ложкам. А ў глыбокiм шчыце яго, нiбы ў калысцы, спалi Iфiкл i Геракл, два маленькiя сыны Алкмены. Яна заслала шчыт кучаравай шаўкавiстай шкурай белага барана, каб дзецям было мякка спаць.

Была цёплая цiхая ноч, i месяц свяцiў у прачыненыя дзверы. Усе ў палацы спалi – i цар, i царыца, i служанкi, i воiны цара.

Апоўначы пачуўся шоргат на каменных плiтах тэрасы, i ў спальню з саду цiха ўпаўзлi дзве змяi, – лiхiя пасланнiцы багiнi Геры. Яны прапаўзлi мiма пасцелi царыцы i гайданулi шчыт, у якiм спалi дзецi. Круглыя змяiныя галовы ўзнялiся над краем шчыта, змяiныя вочы загарэлiся, увесь пакой напоўнiўся зеленаватым святлом. З лёгкiм свiстам пагойдвалiся змеi над дзецьмi, высунуўшы доўгiя чорныя языкi.

Хлопчыкi раптам прачнулiся. Iфiкл спужаўся, закрычаў, перакулiўся цераз край шчыта i папоўз з плачам, клiчучы мацi. Змеi не кранулi яго; яны запаўзлi ў калыску i абвiлi маленькага Геракла халоднымi слiзкiмi кольцамi. Геракл засмяяўся, працягнуў рукi, нiбы гуляючы, i схапiў змей за шыi. Злосныя гадзiны звiвалiся ў руках дзiцяцi, стараючыся ўкусiць яго, а ён усё мацней сцiскаў iх, пакуль не задушыў зусiм. Сцiхла сiпенне, i святло ў змяiных вачах пагасла.

Плач Iфiкла пабудзiў Алкмену. Яна спалохана ўсхапiлася з пасцелi i паклiкала на дапамогу. Амфiтрыён схапiў свой меч i прыбег у пакой царыцы. Збеглiся служанкi i воiны, прынеслi свяцiльнi i пры святле iх усе ўбачылi: маленькi Геракл ляжаў жывы i здаровы ў сваёй калысцы, трымаючы ў руках задушаных змей, i смяяўся.

Гераклу было ў той час не больш года.

Выбар дарогi

Калi Геракл крыху падрос, Амфiтрыён пачаў вучыць яго ўсяму, што павiнен ведаць i ўмець воiн: страляць з лука, валодаць мячом, кiдаць кап'ё, бiцца кулакамi, кiраваць коньмi. Цар хацеў таксама, каб Геракл вырас адукаваным чалавекам i разбiраўся ў навуках i мастацтвах. Але Геракл не паказваў стараннасцi ў гэтым, i настаўнiкi часта былi незадаволены iм.

Неяк раз настаўнiк музыкi ўзлаваўся на Геракла i стукнуў яго. Хлопчык раз'юшыўся i з такой сiлай шпурнуў у настаўнiка кiфараю, што той упаў мёртвы.

Амфiтрыён разгневаўся i загадаў судзiць Геракла. Але юны Геракл горача абараняўся:

– Ён першы стукнуў мяне! На ўдар трэба адказваць ударам. Я не хацеў забiваць яго. Я не ведаў, што мой удар такi моцны.

Тады Амфiтрыён пачаў асцерагацца сiлы Геракла i, каб ён не натварыў яшчэ чаго-небудзь, паслаў яго ў горы пасвiць статкi. Там на высокiх горных лугах i ў лесе Геракл правёў некалькi гадоў, жыў як звычайны пастух, працаваў i загартоўваў сваё здароўе.

У дваццаць гадоў ён вярнуўся ў Фiвы, гатовы да подзвiгаў. Ён прагнуў выпрабаваць свае сiлы.

Тым часам у Мiкенах, у Аргосе, рос царэвiч Еўрысфей, якi нарадзiўся раней за Геракла. Нi прыгажосцю, нi розумам, нi сiлаю, нi адвагай ён не вызначаўся. Але паводле слова Зеўса, якое выкрала Гера, ён павiнен быў атрымаць уладу над усёй Грэцыяй, уладу, якая прызначалася Гераклу. I сам Геракл павiнен быў служыць яму.

Калi Еўрысфею споўнiлася дваццаць гадоў, памёр яго бацька, i Еўрысфей стаў царом у Мiкенах.

Яго заступнiца Гера адразу ж загадала яму паклiкаць да сябе Геракла.

Пасланец Еўрысфея выправiўся ў Фiвы i сказаў, што яго гаспадар патрабуе, каб Геракл, выконваючы волю багоў, з'явiўся служыць яму. Дванаццаць разоў павiнен Геракл зрабiць тое, што загадае яму Еўрысфей, – тады цар абяцае адпусцiць яго.

Сябры Геракла, з якiмi ён бавiў час, угаворвалi яго не слухацца Еўрысфея i застацца ў Фiвах.

Геракл ведаў, што сiлаю нельга прымусiць яго служыць Еўрысфею, але думка пра подзвiгi, якiя мог ён здзейснiць, хвалявала яго.

У глыбокiм роздуме вяртаўся ён аднойчы дадому i на дарозе ўбачыў дзвюх жанчын, якiя iшлi да яго з двух бакоў.

Адна была ў простым белым адзеннi, гладка прычасаная. Вочы яе пазiралi ясна i прама, усе рухi яе былi спакойныя i свабодныя. Не спяшаючыся, з пачуццём уласнай годнасцi iшла яна да Геракла i, спынiўшыся перад iм, па-сяброўску прывiтала яго.

Другая жанчына была вельмi прыгожая. Яркае, квяцiстае ўбранне падкрэслiвала яе прыгажосць. Твар яе быў набелены i нарумянены, бровы падведзены i губы падмаляваныя, валасы заплецены ў мноства тоненькiх косак i адмыслова ўкладзены на галаве. На голых руках жанчыны звiнелi залатыя бранзалеты, i яна iшла, быццам танцавала.

Лёгка падбегла яна да Геракла, узяла яго ласкава за рукi i сказала, зазiраючы ў вочы:

– Ты сумняваешся i думаеш, твар твой змрочны, бровы насуплены... Кiнь, не тлумi галаву думамi, паглядзi на мяне i хутчэй усмiхнiся! Жыццё цудоўнае, i ў iм столькi радасцей! Жывi для сябе. Жыццё – вясёлае свята, i адзiны клопат у iм – мець як мага больш асалод: смачна есцi, соладка спаць, прыгожа апранацца i нiчым не стамляць сябе. Шчаслiвы той, хто можа пражыць усё жыццё, як госць на вяселлi: без турбот i клопатаў! Хадзем са мною, i ты будзеш шчаслiвы!

Так гаварыла прыгажуня i цягнула Геракла за сабой.

Зачараваны, збянтэжаны, ён ужо быў гатовы iсцi за ёю, але другая жанчына спынiла яго.

– Пасаромейся! – сказала яна з пагардаю. – Багi далi табе такую магутную сiлу, а ты хочаш гультайнiчаць i баляваць, карыстаючыся працай iншых, як бездапаможнае дзiця. Дужы распараджаецца жыццём, як гаспадар, ён сам робiць яго цудоўным – ён змагаецца з лiхам i ачышчае зямлю ад страшыдлаў i ворагаў. Сiла i розум даюцца чалавеку для барацьбы. Чым дужэйшы чалавек, тым цяжэйшае яго жыццё.

– Чуеш? – сказала Гераклу, смеючыся, красуня. – Пайдзi за ёю, i ты не спазнаеш радасцi, не будзеш мець нi спакою, нi адпачынку.

– Адпачываць добра пасля работы, – запярэчыла першая жанчына, – спакой чалавеку дае спакойнае сумленне. А самая вялiкая радасць для героя – ведаць, што ты зрабiў штосьцi добрае i не дарэмна жыў на зямлi. Паслухайся мяне, дружа! Сёння свята, заўтра баль – i душа чалавека апусташаецца, нудота завалодвае домам. Калi многа яды, прападае жаданне есцi, ад лiшняга сну чалавек робiцца слабым i вялым. Незайздросны лёс чалавека, якi ўсё жыццё толькi госць на чужым банкеце. Калi-небудзь скончыцца баль, слугi прагоняць тых, што заседзелiся, i ён застанецца адзiн на бязлюднай вулiцы. Каму ён будзе патрэбны, хто паклапоцiцца пра яго? Толькi той, хто папрацаваў у маладыя гады, заслужыць пашану i бесклапотную старасць. У бiтвах, у паходах, у далёкiх дарогах, у адзiнаборстве са страшыдламi, у бiтвах з ворагамi шчасце героя!

Пры гэтых словах твар жанчыны засвяцiўся незвычайным святлом, i Геракл, пакiнуўшы красуню, усклiкнуў:

– Багiня, я iду за табою!

У тое ж iмгненне знiклi з вачэй абедзве жанчыны, нават слядоў не засталося на пыльнай дарозе, быццам усё гэта прымроiлася Гераклу. Але цяпер ён весела i рашуча заспяшаўся дадому – ён ведаў, што яму рабiць.

– Я iду ў Мiкены, – сказаў ён ранiцай родным i сябрам. – Я павiнен выканаць волю багоў i здзейснiць дванаццаць подзвiгаў, якiя патрабуе ад мяне Еўрысфей.

Нiхто не асмелiўся яго адгаворваць, а самы блiзкi яго сябар, Iалай, падахвоцiўся iсцi з iм.

Геракл зрабiў сабе лук i стрэлы, выламаў у лесе моцную дубiнку i падаўся да цара Еўрысфея.

Першы подзвiг

Геракл забiвае Нямейскага льва

Ужо даўно жыхары Нямеi скардзiлiся, што нельга пасвiць жывёлу на лугах каля лесу, што ў лесе нi прайсцi нi праехаць i нават у дамах нельга спаць спакойна: вялiзны леў жыў у Нямейскiм лесе, i кожны дзень то авечка з чарады, то дзiця, то мiрны падарожнiк з дарогi знiкалi бясследна.

Нават смелы воiн з мячом i шчытом не выходзiў жывым з Нямейскага лесу, таму што зброя была бяссiльная супраць лютага льва – нi кап'ё, нi стрэлы не маглi прабiць яго шкуру, i нават востры меч не мог пашкодзiць яму.

– Гора нам! – гаварылi нямейскiя сяляне. – Хутка ўвесь наш край будзе спустошаны.

Багiня Гера, заступнiца цара Еўрысфея, навучыла яго, каб ён загадаў Гераклу забiць Нямейскага льва.

Геракл прыйшоў у Нямею i пачаў распытваць людзей, што жылi каля лесу, цi далёка логава льва i як яго знайсцi.

Але нiхто не хацеў паказаць яму дарогу, нiхто не адважваўся iсцi разам з iм.

– Леў сам знойдзе цябе, варта табе толькi зайсцi ў лес, – гаварылi людзi i з жалем пазiралi на маладога героя – яны не верылi, што ён зможа перамагчы страшнага звера.

Геракл адзiн падаўся ў лес. Высокiя дрэвы абступiлi яго з усiх бакоў i здзiўлена гайдалi вяршалiнамi, кусты чаплялiся за яго, каб затрымаць, птушкi крычалi, каб напалохаць яго, але ён iшоў уперад i шукаў на зямлi сляды звера.

Iшоў ён нядоўга i раптам пачуў непадалёку глухi рык iльва i пайшоў проста на яго. Леў таксама пачуў ворага i зароў так, што ўвесь лес задрыжаў. Леў зрабiў некалькi скачкоў i апынуўся перад Гераклам. Велiчна спынiўся ён насупраць героя, злосна зiркаючы вачыма, б'ючы сябе хвастом па баках i дзiка равучы. Геракл не разгубiўся, хутка падняў лук i пусцiў стралу проста ў вока льву. Леў злосна матнуў галавой i лапай змахнуў стралу, нiбы саломiнку. Потым прысеў, як кот, i скочыў, узняўшы лапу, каб раздушыць смельчака. Геракл ухiлiўся i цяжкай дубiнкай з усяе сiлы стукнуў iльва па калматай галаве. Але дубiнка адскочыла, не зрабiўшы нават драпiны льву, i выпала з рук Геракла. Леў зноў паматаў галавой, працягла i моцна пазяхнуў i раптам, нiбыта яму ўсё абрыдла, павярнуўся, пабег назад у глыб лесу i знiк.

Геракл пайшоў за iм.

Неўзабаве ён убачыў уваход у пячору. Геракл кiнуў лук i стрэлы i зайшоў у пячору. Там было цёмна, i Геракл вобмацкам прабiраўся наперад. Раптам леў скочыў яму на грудзi i хацеў разарваць яго, але Геракл схапiў звера аберуч за горла, сцiснуў яго шыю, быццам жалезнымi абцугамi, i задушыў.

Леў быў такi вялiкi i цяжкi, што Геракл не мог падняць яго.

Тады ён злупiў з iльва шкуру разам з галавою, надзеў яе на сябе i пайшоў у Мiкены.

Людзi з крыкам разбягалiся, убачыўшы Геракла з iльвiнай галавою на плячах. Сам цар Еўрысфей схаваўся ад яго ў далёкi куток палаца.

– Вось я прынёс цару шкуру Нямейскага льва, – сказаў Геракл.

Але палахлiвы Еўрысфей баяўся нават мёртвага льва i не адважыўся зiрнуць на яго шкуру.

– Няхай Геракл возьме яе сабе, – загадаў цар.

– Дзякуй, – сказаў Геракл i забраў iльвiную шкуру з сабою.

Ён пачаў насiць яе замест плашча, i яна добра ўкрывала яго, бо нi меч, нi стрэлы не маглi прабiць яе.

Захутаўшыся ў шкуру Нямейскага льва, Геракл падаўся выконваць другi загад цара Еўрысфея.

Другi подзвiг

Геракл знiшчае Лярнейскую гiдру

Непадалёку ад Аргоса распасцiралася вялiкае Лярнейскае балота. Чыстая i светлая крынiчка выцякала тут з-пад зямлi, ды слабы ручаёк не мог прабiцца да ракi або мора i расцякаўся наўкол у нiзiне. Вада застойвалася, зарастала мохам i балотнымi травамi, i вялiзная далiна ператварылася ў балота. Яркая зелянiна, што заўсёды ўкрывала балота, вабiла да сябе стомленага падарожнiка, але як толькi ён ступаў на зялёны лужок, з сыканнем i свiстам выпаўзала з дрыгвы дзевяцiгаловая пачвара – гiдра. Яна абвiвалася сваiм змяiным хвастом вакол чалавека, зацягвала ў балота i прагна з'ядала.

Увечары, калi гiдра, наеўшыся, засынала, ядавiтае дыханне яе дзевяцi пашчаў ахутвала туманам балота i атручвала паветра. Той, хто дыхаў гэтым паветрам, занядужваў, доўга хварэў i памiраў. Таму людзi баялiся наблiжацца да балота i сялiцца каля гэтай страшнай мясцiны.

I вось цар Еўрысфей загадаў Гераклу знiшчыць Лярнейскую гiдру.

Геракл выправiўся ў Лерну на каляснiцы, якой кiраваў яго сябар Iалай. Калi яны даехалi да балота, Геракл пакiнуў Iалая з каляснiцай каля дарогi, а сам запалiў факел i смела рушыў на балота.

Гiдра тым часам была сытая i драмала. Геракл пачаў падпальваць канцы стрэл факелам i пускаць iх у гiдру. Расцвялiўшы гiдру, ён прымусiў яе выпаўзцi з балота. Халодным слiзкiм хвастом яна абвiла левую нагу Геракла, i ўсе дзевяць галоў засiпелi вакол яго. Геракл шчыльней захутаўся ў iльвiную шкуру, якая надзейна ахоўвала яго i ад звярыных зубоў i змяiнага джала, дастаў меч i пачаў сячы адну за адной страшныя галовы гiдры.

Але як толькi сцякала з раны чорная кроў, на месцы адсечанай галавы вырасталi дзве другiя, яшчэ больш злосныя, яшчэ страшнейшыя. Неўзабаве Геракла акружалi, быццам жывы куст, сiпучыя галовы, i ўсе яны цягнулiся да яго, разяўляючы крывавыя пашчы.

Ён не мог скрануцца з месца – нага яго была ў кальцы змяiнага хваста, рука стамiлася сячы ўсё новыя i новыя галовы гiдры. Раптам ён адчуў боль у левай назе i, нахiлiўшыся, убачыў рака, якi клюшняй учапiўся ў яго пятку.

Геракл засмяяўся:

– Двое супраць аднаго? Гэта несумленна! Бой няроўны. Цяпер i я маю права паклiкаць сябра на падмогу!

I ён паклiкаў Iалая, якi чакаў яго ля каляснiцы.

Геракл аддаў яму факел i загадаў палiць агнём рану, як толькi меч адсячэ галаву гiдры. I там, дзе пёк агонь, ужо не вырасталi новыя галовы. Неўзабаве апошняя галава гiдры пакацiлася ў балота. Але яна не хацела памiраць нават пасля таго, як была адсечана, i, лежачы на траве ў крывi, зыркала злоснымi вачамi i раз'юшана разяўляла пашчу. Гераклу давялося вынесцi яе з балота i закапаць у зямлю, каб яна не нарабiла каму шкоды.

У чорнай крывi Лярнейскай гiдры Геракл намачыў канцы сваiх стрэл, i яны сталi смяртэльнымi – нiшто не магло вылечыць таго, у каго пацэлiла такая страла.

Трэцi подзвiг

Геракл даганяе Керынейскую лань

Дрывасекi, што збiралi ламачча ў лесе на схiлах Аркадскiх гор, убачылi неяк раз прыгажуню лань з залатымi рагамi. Яна стаяла высока на крутой скале i, згледзеўшы людзей, памчалася, нiбы вiхор, толькi галiны дрэў загайдалiся ды зазвiнелi на камянях сярэбраныя капытцы.

Чуткi пра дзiвосную лань разышлiся па паселiшчах, i шмат паляўнiчых не раз выпраўлялiся шукаць яе. Але, убачыўшы iх, лань iмгненна знiкала ў нагорным лесе. Лес быў густы, непралазны, гара здавалася непрыступнай для людзей. Паляўнiчыя вярталiся ў далiну i гаварылi, што на свеце не знойдзецца чалавека, якi мог бы высачыць i дагнаць гэтую лань.

Трэцi раз паклiкаў Еўрысфей Геракла i загадаў яму злавiць Керынейскую лань i жывую прывесцi ў Мiкены.

Геракл са сваiм сябрам Iалаем падалiся ў Аркадскiя горы. Ён пакiнуў дома свой лук i атрутныя стрэлы, а замест зброi ўзяў з сабою сякеру, рыдлёўку i нож.

Яны працярэблiвалi прасекi ў густым лесе, рабiлi прыступкi на камянiстых кручах, пратоптвалi сцежкi ў высокай траве. Спiлаваўшы дрэвы, героi перакiдвалi iх, нiбы масты, цераз ручаi i горныя рэчкi i звязвалi галiнамi i моцнай карой. Па гэтых вiсячых мастах яны пераходзiлi прорвы, па прыступках i сцежках падымалiся ўсё вышэй i вышэй у горы. Часам лань на iмгненне з'яўлялася перад iмi: паблiскваючы залатымi рагамi i нiбы вабячы iх за сабою, яна тут жа знiкала. Геракл з Iалаем цярплiва iшлi па яе слядах. Яны перабiралiся цераз горныя вяршынi, пакрытыя снегам, спускалiся ў цяснiны, пераходзiлi ўброд ручаi i рэчкi. Снежныя лавiны, спадаючы з кручаў, асыпалi iх ледзяным пылам, над iмi грукаталi горныя навальнiцы. Яны сустракалi ўсход сонца на вяршынях, начавалi ў дуплах вялiкiх дрэў i ў густым хмызняку, сiлкавалiся ягадамi, арэхамi, салодкiмi каранямi, пiлi ваду з горных крынiц – i нястомна, гадзiна за гадзiнай, усё вышэй падымалiся ў непрыступныя горы.

Лань усё часцей паказвалася перад iмi, быццам пачынала прывыкаць да людзей, – яна спынялася i пазiрала на iх без боязi i ўцякала ўжо не так iмклiва, як раней. Цяпер забiць яе было б лёгка, але ж яны павiнны былi злавiць яе жывой – такi быў загад цара.

Нарэшце iм удалося загнаць лань на вяршыню i абысцi. На вузкай сцяжынцы над прорвай яе чакаў Iалай. Убачыўшы яго, лань павярнулася, хацела бегчы назад, але тут Геракл перагарадзiў ёй дарогу. Яна замiтусiлася, не ведаючы, куды ўцякаць, i раптам замерла на краi прорвы. У тое ж iмгненне Геракл накiнуў ёй на рогi сплеценую з паўзучых раслiн вяроўку i моцна трымаў, пакуль не прыйшоў Iалай. Удвух яны павялi злоўленую лань па пракладзенай ужо дарозе ўнiз з гары.

Раптам на павароце сцяжынкi, у лесе, перад iмi з'явiлася прыгожая жанчына ў кароткiм адзеннi, з паляўнiчым лукам у руках, з калчанам за плячамi. Твар яе быў разгневаны, вочы палалi. Уладным узмахам рукi яна спынiла паляўнiчых, а лань адразу ж падбегла да яе i пачала церцiся галавой аб яе рукi.

Маладая паляўнiчая пагладзiла яе i сказала:

– О прагныя людзi! Хiба вам мала дарог i палёў у шырокiх далiнах там, унiзе? Навошта вы парушылi цiшыню майго горнага лесу? Нiколi яшчэ не ступала тут нага чалавека... Цяпер вы паказалi дарогу сюды людзям, i на маiх запаведных вышынях загрукаюць сякеры i рыдлёўкi, а стрэлы паляўнiчых распудзяць маiх звяроў i птушак. Навошта вы зрабiлi гэта?

Геракл пазнаў дачку Зеўса – Артэмiду-паляўнiчую.

– Не гневайся на нас, багiня! – адказаў ён ёй. – Мы прыйшлi сюды па волi твайго бацькi, вялiкага Зеўса, якi паслаў нас служыць людзям. Мы праклалi дарогу на вяршынi, таму што зямля ўся павiнна стаць набыткам чалавека. Але толькi смелыя i дужыя змогуць падымацца сюды. Няхай адважныя пойдуць за намi на гэтыя вяршынi. Тут цудоўна, тут вольна дыхаецца, i адсюль далёка вiдаць усё вакол. Тут чыстае паветра, i сам чалавек, падняўшыся сюды, робiцца чысцейшым i лепшым.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю