355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Васіль Ткачоў » Варона » Текст книги (страница 19)
Варона
  • Текст добавлен: 18 марта 2017, 04:30

Текст книги "Варона"


Автор книги: Васіль Ткачоў



сообщить о нарушении

Текущая страница: 19 (всего у книги 22 страниц)

Так вось і скончылася іх шчаслівае жыццё. Толькі мне не зразумела адно: як Ён мог, ведаючы сваю слабасць, ад якой ратавала яго кадзіраванне, не сказаць Стрэмкінай пра гэта? Чаму не паставіў яе перад выбарам? Чаму Ён, у рэшце рэшт, зрабіў няшчаснымі адразу чатырох чалавек – яе, Стрэмкіну, дваіх дзяцей і мужа? Пераацаніў сябе?

Як бы там ні было, а мне шкада яго. Ён быў і сапраўды таленавітым чалавекам, бо не кожнаму з нас дадзена рабіць людзей адначасова і шчаслівымі, і такімі няшчаснымі...


5.

Яна мала жыла адна, калі не браць у разлік кароткі прамежак часу перад з’яўленнем у хаце новага мужа. Муж – гэта, відаць, гучна сказана. Дакладней – мужчына, у якога альбо памерла жонка, альбо выганяла прэч: чым з такім, абібокам, жыць, лепш як-небудзь адной. Яна падбірала, не грэбавала “абібокамі”, а жонцы, кажуць, у такіх выпадках казала дзякуй і абяцала абавязкова яго перавыхаваць. “На маіх працэдурах усе лечацца”,– гаварыла не без гонару землякам. Тыя ведалі, няго ж: тры агароды мае баба, поўны двор жыўнасці, там не залянуеш. І яшчэ цікава было землякам: навошта ёй, адзінокай, такая вялікая гаспадарка?

На маёй памяці такіх мужчын у яе было пяцёра. Апошні, Косцік, ніколі не браўся шлюбам раней, жыў бабылём да сівых валасоў з маці, а як тая памерла, яго і падабрала Яна. Косцік адзіны яе прыёмны мужчына, якога яна сама папрасіла, каб ішоў у сваю стылую і галодную хату: тыя ж першыя пайшлі з жыцця самі. Таму была прычына– Косцік, бандыт, украў ажно пятнаццаць тысяч рублёў, а такое безнаказана ў яе не праходзіла. “Хочаш выпіць, дык у чым справа? Ці ж не частую, ці ж я не кармлю.? Але красці– Божа ўратуй!..” Яна і сапраўды добра карміла і не шкадавала ім, мужчынам,віна. Чым, канешне ж, і трымала іх каля сябе. Мёртва трымала. А найбольш доўга жыў з ёй прымак з Расіі Лявонцій. Калі ён прыбіўся, Яна жыла ў старэнькай – ніяк на курынай ножцы – хатцы, а чалавек стрэўся ёй з залатымі рукамі, мог і плотнічаць, і сталярыць. Ён і паставіў неўзабаве на агародзе новы, як звон, дом. Зрабіў прыгожыя аканіцы. Заасфальтаваў двор. Адным словам, жыві ды радуйся. Аднак мелася ў чалавека сур’ёзная загана – як перабярэ гарэлкі, тады ўцякай з хаты. Што Яна і рабіла. Ратавалася ж не заўсёды – кулакі прымаковы даганялі ўсюды. Колькі можна было цярпець? А прагнаць як прагоніш: хату ж ён зрабіў, не падступішся –прычына, як не лічы, важная. Так і жыла Яна, пакутніца. Ды і заступіцца не было каму: сама ж бяздзетная, а пляменнікі, якія жывуць у горадзе ды ў суседнім сяле, прыязджалі толькі на свежыну ды за гароднінай, а ў такія хвіліны прымак быў – сама светласць. Неўзабаве Лявонцій пачаў кволіцца на здароўе, а затым і сканаў. Кажуць, быццам, хварэючы, прасіў крычма: “Ратуй, жонка! Лепшых дактароў наймай! Не шкадуй грошай! Чуеш?” Яна чула, не глухая, а сама, вядома ж, прасіла Бога, каб хутчэй той пазбавіў яе ад такога праклятушчага жыцця. Гэта пазней сусед раскажа, як прымак рашыў пачаставць яго віном, запрасіў у хату. А Яна, убачыўшы ў суседа поўную, да краёў, шклянку, выбіла яе з рукі. Не, Яна не прызналася вяскоўцам, што падлівала ў віно саляную кіслату… Па кроплях… Каб нічога не зразумеў… Але людзі не былі б людзьмі, каб не здагадаліся пра гэта. Яны яшчэ тыя следчыя, людзі. Адны асуджалі яе, іншыя, наадварот, хвалілі: так яму, вырадку, і трэба.

Нядаўна яе не стала. Без Косціка пражыла Яна месяц. Пляменнікі пахавалі цётку па ўсіх правілах. Справілі памінкі. А потым дзве ночы ў хаце гарэла святло – сваякі шукалі грошы. Знайшлі, прызналіся, дваццаць адзін мільён. Падзялілі. Надвычай хутка прадалі жыўнасць і хату. А Косцік, праходзячы міма знаёмага двара, успамінае, як сытна было яму ў гэтай цёткі… “І навошта браў тыя грошы! Жыў жа як пры камунізме…”


6.

На імянінах было весела, па-хатняму ўтульна. Яна, віноўніца ўрачыстасці, сядзела на куце, пад абразамі, прыгожая і такая абаяльная, што мала б хто сказаў, што сёння ёй споўнілася столькі год. Віншаванні сыпаліся на кабету з усіх бакоў, людзі хвалілі жанчыну за гасціннасць, дабрыню і вернасць мужу. Хто-хто, а яны ўсё бачаць, усё ведаюць. Яе мужу было прыемна слухаць такія словы пра жонку, і ён вяртаўся назад, у далёкае мінулае…

Было гэта напачатку шасцідзесятых гадоў дваццатага стагоддзя, калі ён вучыўся ў Маскве на апошнім курсе ў інстытуце. Вось там упершыню і сустрэў яе, кволенькую, з пасмачкай русявых валасоў, што звісала раз-пораз на лоб, і яна тут жа папраўляла іх тонкімі пальчыкамі, не зводзячы з яго дапытлівага, па -дзявочы пранізлівага і наіўнага позірку. Яны сустрэліся ўсяго некалькі разоў, і яму пара было ў Беларусь, а потом па размеркаванні ў г.Петрапаўлаўск Казахскай ССР. Здавалася б, разбегліся сцежкі-дарожкі. А не. Яна ведала толькі горад, куды паехаў чалавек, у якога закахалася з першага позірку. Так сталася, што Яна не запісала нават адрас… А дзявочае сэрца прагла кахання. І Яна адважылася на пошук свайго любага. Не збегла з дому, як гэта нярэдка бывае сёння, а сказала бацькам, што едзе ў Петрапаўлаўк да каханага. Каб не трывожыліся. Каб не шукалі. Канешне ж, бацькі спярша заўпарціліся, паднялі крык – гвалт, а потом зразумелі яе, дачку, далі дазвол. “ Едзь. Што з табой паробіш? Толькі звані, як і што”,– папрасілі яны.

Сёння Яна і сама здзіўляецца такому свайму кроку – трэба ж было адважыцца паехаць у белы свет. У кішэні ні адраса, ні прадпрыемства, на якім будзе працаваць каханы. Ды і наогул, ці паехаў ён па размеркаванні, можа, махнуў рукой і застаўся дома? Усялякае ж магло быць.

Думаў, відаць, пра яе і ён, бо як магло так атрымацца, што увечар выглянуў з акна на двор, на якім шалёна гуляла завіруха, і ўбачыў дзяўчыну, падобную на яе… Яна тупацела боцікамі, захінуўшыся ад сіверу рукавом: сагравалася. Адразу мільганула думка: “Яна?! Не, не, адкуль Яна можа тут узяцца? Ці не памроілася мне?” І ён выпырхнуў, у чым быў, з інтэрната на двор… То была Яна! Дзівосы ды і толькі. Пазней ён прызнаўся: вельмі таксама шкадаў, што не ўзяў тады яе адрас. А на пытанне, як ты мяне знайла, Яна тады пакруціла галавой, прызналася: «Я і сама не ведаю».

Там жа, у Петрапаўлаўску, у іх нарадзілася двое дзяцей. Пазней вярнуліся ў Беларусь, пабудавалі дом, абзавяліся і трэцім дзіцём, а як жывуць – пра тое ўсе, хто не ведаў, мог пачуць на імянінах.

Яе, дарэчы, муж пяшчотна, ласкава называе іншы раз:”Масквічка мая”. Толькі, прызнаўся мне неяк, нікоднага разу не папытаў у жонкі, ці сумуе па белакаменнай? Усё збіраецца зрабіць гэта, аднак Яна пакуль не дае падстаў… Увесь час калі ж вясёлая, радасная… Таму яно і так усё зразумела.


7.

Звычайна ўвесну і восенню Яна стаяла каля ўваходу ў прыгарадныя касы чыгуначнага вакзала і прапаноўвала дачнікам саджанцы пладовых дрэў. Там я і сустрэў яе. Але падышоў, каб павітацца, не адразу – не хапала духу: ведаў, якія высокія пасады займала раней, то як адрэагуе, калі застану яе за такім вось заняткам? Ці варта лезці на вочы? Усё д аднойчы набраўся смеласці. Яна, убачыўшыя мяне, і сапраўды адразу ўся запунсавелася, крыху нават разгубілася, адчула сябе няёмка… Ёй у той момант, падалося мне, перашкаджалі саджанцы, Яна не ведала, куды іх падзець. Замітусілася, паглядала то на мяне, то на дрэўцы. Трэба ж так сустрэцца! Я заўважыў гэта, і пастараўся суцешыць яе, а калі адыходзіў, набыў для сваёй дачы саджанцы яблыні і грушы.

Яна – мая аднакласніца, высокая, прыгожая. Вучылася добра, таму школу закончыла без троек, а ў інстытут народнай гаспадаркі не паступіла. На другі год пабаялася ісці туды зноў, паехала ў Горкі, паспяхова здала ўступныя экзамены ў акадэмію, пасля чаго атрымала размеркаванне ў мой абласны горад. Сустракаліся мы рэдка, хоць і жылі паблізу. Неяк не атрымоўвалася.

Прыехаўшы на дачу, я адразу ж пасадзіў саджанцы, што набыў у аднакласніцы. Тады ж і пашкадаваў, што забыўся сказаць ёй самыя галоўныя словы, якія трэба было сказаць: “Сёння ты, як і раней, да выхаду на пенсію, робіш не менш карысную справу – дапамагаеш людзям ствараць прыгажосць вакол сябе. Не саромся гэтага, мая аднакласніца. Будзь вышэй над абставінамі”.

Скажу абавязкова.


8.

У гэты раённым цэнтры Яна з’явілася адразу пасля аварыі на чарнобыльскай АЭС. Быў спякотны месяц чэрвень, і яе прываёз сюды выпадковы стрэчны мажны і прыгожы хлапчына на “ЗІЛе”. Хлапчына працаваў ад цямна да цямна, а яна чакала яго ў гасцінічным нумары, а потым кахаліся амаль усю ноч. І калі толькі той адпачываў? А потым Яна шафёру здрадзіла, пакахала мужчыну больш лёгкай прафесіі, які амаль увесь час таксама, як і Яна, праводзіў у гасцінічным нумары, быў суседам: нешта друкаваў на машынцы, а потым насіў паперы на пошту і адпраўляў іх па аднаму яму толькі вядомаму адрасу. Шафёр, мабыць, падумаў, што Яна збегла ад яго, а таго не ведаў, што дзяўчына кахаецца з іншым за сценкай. Потым і той пісар, і шафёр з’ехалі, а Яна працягвала жыць у гасцініцы. Спадабалася. Пра гэта ведалі ў адміністрацыі, аднак нічога не прымалі: было не да яе, дзяўчыны. А яна пераходзіла з рук у рукі, яе кармілі і паілі, магчыма, і апраналі.

Так жыла яна ў гэтым гарадку амаль паўгода. Па якой прычыне Яна з’ехала, ніхто не ведаў. Магчыма, сама зразумела, што прымількалася тут усім, трэба змяніць, не інакш, месца працы.

Пра яе мне расказала работніца той самай гасцініцы, дзе жыла Яна. І, абураючыся, паказала газету, у якой паведамлялася, што Яна згубіла пасведчанне ліквідатара аварыі на чарнобыльскай АЭС і таму прасіла лічыць яго несапраўдным…


9.

Напярэдадні ёй сказалі, каб заўтра далёка ад хаты не адыходзіла, прыедуць карэспандэнты і будуць распытваць пра жыццё. Яна здзівілася: а чаму адна я, вунь і мае равесніцы, Мар’я ды Ганна, ого як могуць сказаць, яшчэ лепш! За словам у кішэню не палезуць. На гэта ёй адказалі, што нічога не ведаюць, прасілі з раёна, каб папярэдзіць толькі адну цябе. “А пра што ж пытаць будуць?”– карцела старой, на што яна таксама не атрымала пэўнага адказу. А сама падумала:”Так ужо і не ведаюць. Ведаюць, а сказаць не хочуць. Можа кепскае што, дык не хочуць хваляваць…”

Не спалася. Яна перабрала ўсё сваё жыццё: што б магло зацікавіць іх, карэспандэнтаў? Можа што не так зрабіла дзе? Дык не ж, здаецца, увесь час жыла па законах сумлення, не шкодзіла. А можа дзе і праштрафілася? Хіба ўсё ацэніш, хіба ўсё ўспомніш? Хаця пачакайце! У вайну кватараваў у іх нямецкі афіцэр, то можа за гэта? І сёння, бывае, жартуюць землякі, калі вёску залівае дождж альбо часта надараюцца навальніцы: гэта таму, што Яна брала за немца квартплату, вось і помсціць той. А мо і сапраўды немец рашыў пацікавіцца, як жыве яна, чым займаецца? Немец быў акуратны, спагадлівы і чуллівы: калі яе малодшы брацік раскруціў “цацку”, якую прыняў за ручку, і параніўся, то ён адразу ж адвёз яго ў бальніцу, дзе хлопчыку зрабілі нямецкія ўрачы аперацыю і выратавалі руку.

Прыгадвалася шмат што. За яблыні, якія ссёк яе муж, калі не было чым плаціць падаткаў, а трэба было за кожнае дрэва хоць душу аддаваць, не павінны ўспаміць. За даўнасцю. Ды і мужа няма – на кладах стары, хоць яна тады і павісла ў яго на занесенай з сякерай руцэ: не кратай яблыні, як -небудзь выкруцімся. Не паслухаўся. Мужык у яе быў з характарам, не піў і не курыў, а не стала чалавека, рана прывязалася да яго хвароба.

Дзеці, можа, набедакурылі? Дык не, не павінны, яны самастойныя людзі. Дачка ў Мінску жыве, сын – у Гомелі. Звалі яе да сябе, але яна не асмелілася пакідаць наседжанае гняздо. Хоць і нявыкрутна бывае іншы раз – старасць цётка кепская, асабліва вачам рады не даць. Яна так і задумала сказаць карэспандэнтам:”А як жывецца? Вочы зусім не бачаць. Хаджу бліжэй да сцяны, да паркана… Вобмацкам”.

Карэспандэнты, хлопец і дзяўчына, былі з тэлекамерай, а з імі і старшыня сельсавета. Яны і сапраўды пацікавіся пра жыццё. Яна разгубілася і не забылася сказаць пра вочы. Яна толькі помніць, што ёй прынеслі пісьмо ад старэйшага брата, які не вярнуўся з вайны. Сказалі, гэтае пісьмо брат адправіў ажно ў тысяча дзевятсот першым годзе, аднак усю карэспандэнцыю тады захапілі немцы і тая знаходзілася доўгі час у музеі ў Аўстрыі, і вось цяпер рашылі аўстрыйцы вярнуць пісьмы іх адрасатам. Больш блізкай радні, чым Яна, у раёне не было, і пісьмо вырашылі ўручыць ёй. Яна ўзяла тое пісьмо, рукі трэсліся, баялася, каб не ўпусціць яго, і забылася нават падзякаваць. Толькі папрасіла, каб прычыталі, што ён, брат, там напісаў…

Сярод тых, каму перадаваў франтавое прывітанне брат, было і яе імя…


10.

Ён рана застаўся без бацькі, а маці, на руках у якой было яшчэ двое дзяцей малодшага школьнага ўзросту, працавала ў харчовай краме, месцам сваім даражыла, таму дзеці былі прадастаўлены самім сабе. У той час пасада прадаўшчыцы лічылася прэстыжнай – халадзільнік быў забіты самымі дэфіцытнымі прадуктамі харчавання. І ўсё б нічога, але самы маленькі пачаў адбівацца ад рук, перастаў слухацца не толькі маці, але і старэйшых сястрычку і браціка. Тыя знаходзілі ў яго папіросы і запалкі, а нярэдка заўважалі, што хлопчык прыходзіць дадому надта вясёлы і тады сядзіць за сталом і марыць пра сваё будучае. Абяцаў нават – а чаму, і не зразумела – паступіць у політэхнічны інстытут. Інстытут інстытутам, але восем класаў так-сяк агораў, атрымаў у ПТВ спецыяльнасць токара, і што радавала яго сямейнікаў, на прадпрыемстве, дзе працаваў, хвалілі. “Залатыя рукі ў хлопца”. Заняў нават другое месца на рэспубліканскім конкурсе сярод токараў. А потым пачалі на рабоце заўважаць, што Ён прыходзіць на змены пад хмяльком, рабілі, вядома ж, яму заўвагі, але не дзейнічала. Больш таго, пачаў прапускаць рабочыя дні: запіваў. Звольнілі хлопца. Пэўны час Ён бадзяўся па мікрараёне, займеў сабутыльнікаў, і пакацілася-паехала. Некалькі разоў кадзіраваўся, трымаўся нядоўга… Але за той час, калі не піў, паспяваў набыць новую шыкоўную вопрадку і выглядаў, маючы добрыя знешнія жаныя, франтам.

Пазней Ён пабраўся шлюбам, але той пратрымаўся па вядомых нядоўга. Аліменты на ўтрыманне сына больш плаціла маці…

Яна не мясцовая, прыехала ў абласны горад з вёскі. Уладкавалася на працу, там пазнаёмілася з мужам, выйшла замуж, нарадзіла сына. І пачала выпіваць: муж чарку, і яна столькі ж. А потым прыйшла, хістаючыся, раз дадому, другі, на трэці – прапала. Праз тыдзень вярнулася, павінілася. Муж дараваў. Толькі прападанні гэтыя зрабіліся частымі і вымяраліся ўжо не тыднем, а месяцамі. Мужу казалі, што бачылі яе там і там, п’яную, з падбітым вокам… Ідзі, маўляў, забяры, а то зусім прападзе баба. Муж не ішоў, гадаваў сына сам. А калі Яна вярнулася, не пусціў і на парог: ідзі туды, дзе і была, прастытутка!..

…Яны не помняць, як прыйшлі на кватэру да ягонай маці. Спалі ўпокат, не распранаючыся, на канапе. Раніцай, як толькі заварашуліся, маці, скрыжаваўшы рукі на грудзяў, пахітала галавой, ціха мовіла:

– Якая прыгожая пара! І трэба ж вам было недзе сустрэцца, любыя мае! Ці вас хто пазнаёміў? Дык запрашайце кумоў-савтоў, ды вяселле справім! У чым справа?

–Мама, адстань!

–Не, не адстану. Я сур’ёзна. Вы ж так падыходзіце адзін аднаму, што і не перадаць! Ну, дык што, калі вяселле будзем спраўляць?

Бываюць жа дзівосы на свеце. Маці заставіла сына і прыбіўшуюся да яго жанчыну перашай справай памыцца і пераапрануцца (жанчыне дала свае транты), а потым пасадзіла за стол, наліла па сто грамаў і адразу ж схавала графінчык. А тады папрасіла слова, добранька пасарамаціла тых:”Пара, пара, дзеці мае, брацца за розум. Паглядзіце на сябе: вы ж такія прыгожыя, а што гарэлка зрабіла з вашымі тьварамі? На каго вы падобны? Бог, каб ведаў, аддаў бы вашу прыгажосць іншым людзям…”

Так Яны і жывуць у кватэры ягонай маці. Яна нарадзіла дачку, Ён купіў легкавік. Бачылі б, якія шчаслівыя.

Паляпаем па дрэве.


11.

Ён і Яна – выпускнікі тэатральна-мастацкай акадэміі ( на той час – інстытут), пакахалі адзін аднае яшчэ на першым курсе. Вяселле было сціплае: студэнты, і гэтым усё сказана. Хаця з боку жаніха мелася прапанова непасрэдна ад бацькі, а ён быў палкоўнікам у адстаўцы, салідным чалавекам, не спяшацца, а паднасабіраць грошай ды адзначыць гэтую падзею як след, усё ж адзін сын у сям’і. Яго не паслухаліся: што чакаць, калі няма калі!.. Хутчэй у ЗАГС!.. Размеркаваліся ў абласны драматычны тэатр: Ён стаў працаваць па спецыяльнасці – рэжысёрам, Яна – актрысай. Даволі хутка атрымалі кватэру. Нарадзілася дзіця. А потым яна сказала: “Хачу дамоў! Сумую па бацьках! Ды і што мы сядзім тут, калі ў Маскве віруе сапраўднае тэатральнае жыццё! Там жа кіно, тэатры. А што мы тут не бачылі?” Ён разводзіў толькі рукамі, не ведаў, што адказаць жонцы. А потым яму прапанавалі пасаду галоўнага рэжысёра ў іншым абласным тэатры. Ён ахвотна пагадзіўся. І пачаў апантана працаваць, перад ім было шырокае поле дзейнасці. Ты – галоўны, табе і карты ў рукі. Стаў спектаклі, якія пажадаеш. А Яна зноў успомніла пра Маскву, дзе нарадзілася і вырасла, бацькоў, брата.”А дзе мы там жыць будзем? У нас жа тут жыллё – лепш не прыдумаеш – два пакоі насупраць тэатра.”– “Нас цётка возьме да сябе, яна, ты ж ведаеш, адзінокая…”– “”А праца? Хто нас там, у белакаменнай, чакае?” – “Былі б мы, а працу знойдзем. З Сібіры вунь ажно едуць, каб пакараць Маскву. І пакараюць. А мы што, горшыя? Тым больш Масква – мой горад. Стане ён і тваім. Павер”.

Ён… здаўся. І тут трэба нагадаць, што на дварэ быў пачатак дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя. Распаўся вялікі саюз народаў СССР. У Маскве мітынгі, на вуліцах танкі… Тэатры не фінансуюцца. Кіно не здымаецца. Рэжысёры і акцёры нікому не патрэбны, сваім няма чаго рабіць. Ён не працуе, Яна – таксама… Дзіцё на руках. Як жыць, што рабіць? Страшней сітуацыі не прыдумаеш. Вярнуцца, можа, назад? Але хто ж іх, уцекачоў, чакае сёння ў Беларусі ? Ранейшае месца галоўнага рэжысёра занята, нават няма вакансій чарговых.

Сёння Яны дзівяцца: і як толькі выжылі? Ды і радасці ад працы няма, таму што робяць не па спецыяльнасці. Для творчых людзей – гэта спрэс стрэсавая сітуацыя, іначай не скажаш. Ён іншы раз, праўда, наязджае ў беларускі тэатр, ставіць спектаклі… Але не так часта, як таго жадалася б.

Масква ж, распусніца, не прыняла належным чынам. Не працягнула руку, схіліліўшы голаў: мы вас даўно чакаем, шаноўныя нашы!..


12.

Апошні раз я бачыў гэтага чалавека, калі Ён падмятаў каля свайго двара. Рабіў гэта з перадыхам: шаркне раз-другі – адпачне, і так далей. Сусед быў зусім слабы. Неўзабаве яго забраў у горад сын, аднак на гарадскім хлебе пабыў нядоўга– адтуль яго прывезі назад у вёску ў труне, пахавалі побач з жонкай, якая пайшла з жыцця паперад. Дзеці паставілі ім агульны помнік, на якім Яны – як два галубкі…

Ён з суседняй вёскі, Яна – мясцовая. Пабраліся шлюбам яны адразу ж пасля вайны, і хоць час быў няпросты, расшчодрыліся на дзяцей: дачка, сын, дачка, сын, сын, дачка… Дзеці былі ў іх прыгожыя, як і самі бацькі. Жылі дружна, рабілі і на сваім агародзе, і на калгасных палетках, а ў сезон збіралі дурніцы на балоце і што пакідалі сабе, а што неслі на базар у мястэчка. Але было адно “але”. Цёшча. Яна таксама жыла ў гэтый дружнай сям’і, і таму іншы раз падсыпала зяцю перца: то выпіў з хлопцамі на дворні (Ён працаваў там механікам), то стаяў і размаўляў на вуліцы з сімпатіычнай суседкай, а то і проста не так глянуў на яе, цёшчу. Адным словам, тады-сяды ўспыхвалі сямейныя канфлікты, якія заканчваліся іншы раз тым, што аконная шыба, а то і адразу дзве, былі затыкнуты куфайкай альбо ватнікамі, і тады праходжыя каля такіх вокнаў спачувалі зяцю, казалі, што ў прымах жыць – ну яго!..

А неяк пасля чаговага канцэрта Ён цвёрда вырашыў з’ехаць куды вочы глядзяць. Тады была ўжо праторана дарога з вёскі ў Карэлію, павёз і Ён сваё сямейства туды. Цёшча засталася адна, шкадавала дачку, кляла няпутнага зяця. У Карэліі ім чамусьці не спадабалася – вярнуліся. Але адразу Ён пачаў будавацца. Адразу. Тут, побач з цёшчынай хатай, вырасла неўзабаве і зяцева. І што цікава, калі трохі калгас станавіўся на ногі, багацелі і людзі,вядома ж, тады Ён і зусім прыдумаў вось што: цёшчыну хату знесці, на яе месцы пабудаваць мураваны асабнячок, а цёшча няхай вяртаецца ў іхнюю, а заходзіць толькі па святах. Так і зрабілі. І жылі, кажуць, вельмі шчасліва. Ды што кажуць – я сам бачыў… Ён і Яна часта падвечар, узяўшы адзін аднае пад ручку, хадзілі па вуліцы і дыхалі свежым паветрам. На манер гарадскіх.

І на помніку, здаецца, Яны… ідуць, узяўшыся пад ручку, шчыльней прытуліўшыся галовамі адзін да аднаго. Сапраўды – як два галубкі.


13.

Сёння Яна больш сядзіць на лаве перад пад’ездам, у кватэру заходзіць рэдка: сумна там пасля таго, як не стала дзеда. Яму было восемдзесят сем, франтавік, стары атрымліваў добрую пенсію і любіў віно. За ім далёка хадзіць не трэба – прама ў іхнім доме зрабілі нядаўна маленькую, але ўдаленькую краму, дзе Ён мог задаволіць свае патрэбы. Яна іншы раз бурчэла: “Колькі можна жлукціць? І грошай не шкада табе, стары ёлуп?” А Ён адказваў:”Пражыві ты столькі, баба, тады рот разяўляй. Гэта – па-першае. А па ўсё астаняе, я б мог і не вярнуцца з вайны. Ды і мне, адчуваю, не багата засталося… Расступіся, дай схадзіць за віном… ” Яна скардзілася на старога суседзям. Амаль усе яны займалі бок дзеда. Бо бачылі ж, як разбэсціла Яна сваіх дзяцей і ўнукаў, адшчыпваючы тым грошы ад дзедавай пенсіі. Яны, дзеці і ўнукі, у дзень пенсіі і яшчэ дні два-тры не выходзілі з кватэры, шасталі туды-сюды: дзверы амаль што не зачыняліся. Але ж і ў дзедавых грошай бывае канец. Тады яны, сваякі самых розных узростаў і рангаў, не прыходзяць, чакаюць наступнага месяца. А яна вохкае і ахае, што сын хворы, не бяруць нікуды на працу, унучка няшчасная ў каханні, кінуў муж, а чаму не ўладкоўваецца куды на працу, бо ніводнага дня не рабіла, адказвае, не хаваючы вачэй:” А хто ж малое будзе глядзець?”– “Іншыя ж і працуюць, і дзяцей вырошчваюць”. – “Ат!” Толькі што суседзям хлусіць, калі яны больш ведаюць пра іхняе жыццё, чым думае пра гэта Яна? Ведаюць, чаму дзед цвёрда стаіць на сваёй пазіцыі і чаму шкадуе “апошняга рубля. Ён, стары, якраз і супраць таго, каб бэсціць сына, унукаў і праўнукаў. Сёння можна зарабляць і самім грошы, а не клянчыць. Ідзі, працуй. Хто жадае,той і мае. А патачкі даваць было не ў ягоным характары. Жонцы ж казаў: “Што ж ты будзеш рабіць без мяне?” Яна весела адказвала:”Мяне дзеці не кінуць, што ты! Яны мяне любяць, хіба ж не бачыш?”– “Ды бачу, як жа. Яны любяць не цябе, а грошы – вось што я табе скажу, пара ўжо паразумнець”. – “Што ты такое пляцеш, стары? Пакайся!..”

Ён памер напачатку года. Акрамя старэйшаша сына, п’яніцы і гультая, да яе ніхто не заходзіць. А што возьмеш? Усё, што было можна ўзяць, бярэ сын, які раней яшчэ ездзіў на заробкі ў Расіію, а потым, як толькі скончыў выплочваць аліменты на сына, і зусім махнуў рукой на працу: старыя пракормяць. Яны і кармілі яго. Пасля раздзелу маёмасці, сыну дасталася малагабарытка, і маці часта насіла туды ежу, а больш прыходзіў сын сам, прасіў грошай на папіросы і піва. Яна ж, хаваючы гэта ад дзеда, бо “забіў бы”, плаціла і за сынаву маласямейку. І вось цяпер, калі не стала дзеда, у кватэры замест яго стаў старэйшы сын. Ён! Пан-атаман! Заўсёды пад хмяльком альбо з цяжкага пахмелля, сын патрабуе прадаць кватэру, а маці кажа, што ёй добра будзе з ім. “Я старшы сын, я застаўся за бацьку, таму кватэра – мая!..”

Яе шкадуюць суседзі, таму бачаць – няго ж сляпыя! – як здала бабка: пацішэла, уваліліся шчокі, калі ходзіць, соўгае нагамі… Іншы раз Яна гародна ўздыхне-выдыхне: “Меў дзед рацыю, меў… А я, дурніца, не слухалася яго… шкадавала і віна… Добра было мне з ім жыць, што не кажыце…”

І калі ў яе не хапае да пенсіі на хлеб, грошы даюць суседзі, чужыя людзі, а сваіх – не чуваць…


14.

Ён – паэт, піша ў асноўным гумарыстычныя і сатырычныя вершы. Мае некалькі невялічкіх кніжачак і мае папулярнасць. А за вядомасць іншы раз і плаціць трэба. Сустракае на вуліцы праходжы, руку цягне:” Каго я бачу?! Прывітанне, паэт! Ну дык што, за сустрэчу?” За сустрэчу. А потым таму незнаёмцу, але вялікаму аматару паэтычнай творчасці, карціць даведацца, як жыве паэт, і ён нахабна набіваецца ў госці. І вось яны тэпаюць да дома, у якім жыве паэт, падымаюцца на ліфце, Ён націскае на кнопку званка. Адчыняе, спярша паглядзеўшы у “вочка”, жонка, і як толькі бачыць побач з мужам яшчэ і невядомага ёй чалавека, тузае мужа за рукаў, каб хутчэй заходзіў, і тут жа похапкам зачыняе дзверы. Прыхінаецца спіной да сцяны, дзьме на лоб, уздыхае:

–Калі гэта скончыцца? Апошні раз пытаю!

– Напішу, так і быць, на цябе сатыру! Ты… ты не чалавек, калі маіх сяброў ігнаруеш! Зразумела? Чытай наступны нумар “Вожыка”! Там будзе пра цябе твор!...

Яны моўчкі пілі чай.

– Дурніца, – сказала Яна.– Думаеш, я супраць тваіх сяброў? Ды прыводзь хоць кожны дзень. Толькі спярша зрабі рамонт у кватэры. Сорамна ж паказваць людзям, як мы жывем. Яны ж думаюць, што паэты – багачы, у іх там шык-бляск… Хаця паэты, пасланнікі Бога на зямлі, такімі, мусіць, і павінны быць… багатымі.


15.

У бальнічным пакойчыку на чатыры ложкі яна была самая старэйшая. Назвалася суседкам: Пятроўна. Ну, калі ты Пятроўна ды яшчэ і бабулька – тут і ў пашпарт глядзець не трэба – то і павага з боку маладзейшых. Калі што падаць ці паўтарыць недачутае – няма пытанняў. Суседкі тут як тут. Пра сябе няшмат расказвала да пары да часу Пятроўна, а потым неяк разгаварылася... І вось што пачулі ад яе жанчыны:

– Гэта ж уцякла я з дому. Схавалася ў бальніцы. Дачка ў мяне, Верка, жыве на Сахаліне. Даўно з'ехала, яшчэ пры савецкай уладзе. Чатырох дзяцей выгадавала там, унукі пайшлі... І вось яны, унукі, прыехалі да мяне ў госці. Амаль усе. Ніколі, кажуць, не былі на радзіме маці, прымай, бабуля. Я, вядома, спярша абрадавалася, а пазней і захвалявалася: як жа я тую араву пракармлю? У іх жа апетыт – уго! А што я за сваю пенсію купіць змагу? Тут хоць бы сабе хапіла, а яны ўплятаюць за абедзве шчакі, толькі падавай. Сасіску я адну, яны – па дзве, а то і па тры. Не паспяваю гатаваць ежу. Дык я во і ўцякла... А няхай там як хочуць!.. Хто іх зваў?.. Зваліліся на маю галаву...

Жанчыны пераглянуліся паміж сабой: гэта яна што – сур'ёзна гамоніць ці мо жартуе? Быццам бы сур'ёзна. Адна з іх заўважыла:

– Дык як жа ж можна ўцячы ад ўнукаў? Гэта ж – унукі... Свая крывінка...

– А так! Уцякла – і ўсё. Хто іх зваў? Ды я ўжо і Верку ў твар асабліва не помню. Адзін раз прыязджала, калі яшчэ можна было, калі білеты танныя былі. Забылася, якая з твару яна. А цяпер узяць: знайшлі ж грошы на дарогу ўнукі, а свет няблізкі, то могуць знайсці і сабе на ежу. А то рассядуцца за сталом, і чакаюць, калі я іх накармлю. Не, каб узяць ды ў краму збегаць самім... Уцякла, жанчынкі. Адных пакінула. Два хлопцы і дзеўка. Ладныя ўжо. Жаніхі і нявеста.

У палаце вісела цішыня. Мусіць, кожная з жанчын думала, як бы паступіла яна, калі б да яе прыехалі ў госці ўнукі. Ды яшчэ з Сахаліна. А Пятроўна грызла пернік і шчаслівымі вачыма глядзела на суседак: а што, скажаце, я няправільна зрабіла?

Цішыня ў палаце вісела і далей...


16.

Вёска. Хоць да абласнога цэнтра ад яе больш за сотню кіламетраў, аднак старшыня калгаса меркаваў так: трэба прадаць гараджанам машыны дзве бульбы, глядзіш, і будзе капейка, якая ў гаспадарцы не лішняя. Хоць, вядома, канкурэнцыя. Прыгарадныя калгасы і саўгасы, мусіць жа, усе месцы на кірмашы захопяць, бо яны бліжэй, ім і карты ў рукі. Але пралезем. Насыпалі бульбу ў мяхі ў пятніцу, і дзве машыны гатовыя былі па першай камандзе адправіцца назаўтра ў горад. Хоць той-сёй з вяскоўцаў сумняваўся, што будзе толк. Бульба ж амаль уся нясмачная, і калі зварыш яе, яна – як мыла. Была б сопкая, тады іншая справа. Ды і заскарузлая. Нехта суцешыў скептыка: "Гарадскія з'ядуць!"

Горад. Былы інжынер Пятро Іванавіч, а цяпер заслужаны пенсіянер, на дачным участку больш не корпаецца: няма здароўя, а запасацца на зіму трэба гароднінай. Добра, што зяць з машынай. Пятро Іванавіч і папрасіў яго, каб выручыў. Даў грошай і адправіў зяця з дачкой на кірмаш, а сам наглядаў за ўнукамі. Тыя і прывезлі яму ажно тры мяхі бульбы – з той вёскі, дзе бульба, як мыла... У гэтым яны ў той жа дзень і пераканаліся. Наварылі каструльку, і ўсё зразумелі: пралічыліся, грошы, лічы, выкінулі на вецер. Але што паробіш – трэба ўжываць, раз набылі, хоць бульбіна тая не лезла ў рот...

А пазней Пятро Іванавіч наведаўся ў вёску, адкуль прыехала ў горад тая бульба. Ён быў адтуль родам. За вячэрай у сваякоў расказаў, як апраставалосіўся з бульбай на гэты раз, маўляў, даверыў зяцю з дачкой, а яны далі маху.

Выказваў Пятро Іванавіч сваю крыўду якраз таму чалавеку, які і сказаў тады: "Гарадскія з'ядуць!"


17.

Так ужо атрымалася, што мы, землякі, часцей за ўсё сустракаемся толькі на Радаўніцу. Збіраемся на клады з усіх куткоў: і далёкіх, і блізкіх. Абдымаемся, а калі даўно не бачыліся, моцна ціскаем адно аднаго.

Іван Гапееў жыве ў Санкт-Пецярбургу, падпалкоўнік у адстаўцы, мой аднакласнік. Памянулі сваіх бацькоў, а потым разгаварыліся. Пра жыццё-быццё. І распавёў мне зямляк пра пельмені.

Вучыўся ён тады ў Пензе ў вайсковым вучылішчы, і першы раз на зімовыя канікулы ехаў, вядома ж, праз Маскву. Пакуль чакаў на Беларускім вакзале цягнік, прагаладаўся. А тут падвярнулася жанчына, якая прадавала пельмені. Што за яны? У нас, у вёсцы, тады і сапраўды пра пельмені ніхто і поведам не ведаў, гэта каб у Сібіры жыў ці хоць на Урале, то іншая справа. Іван і спакусіўся – набыў ажно два кулькі.

Цягнік крануўся, і пасажыры, натомленыя Масквой, заняліся звычайнай у такіх выпадках справай: выкладвалі на столікі ежу, ставілі бутэлькі з газіроўкай альбо заказаныя ў правадніцы шклянкі з гарбатай і перакусвалі. Тое ж самае зрабіў Іван. Разарваў кулёк з пельменямі, а далей усё было як было: нехта з суседзяў па купэ здзіўлена глядзеў на курсанта, а той не мог зразумець, як іх, гэтыя пельмені, есці. Адчуў сябе, вядома ж, ніякавата, моўчкі аднёс потым пельмені ў скрынку для смецця і выкінуў.

Ды не галадаў, не: людзі накармілі. І як жа было яго не накарміць, маладога, прыгожага ды яшчэ з пагонамі на плячах! Ну, а пельмені, прызнаўся мой аднакласнік, сталі потым яго любімай стравай.


18.

Учора мой сусед паехаў на мяжу Гомельскай вобласці з Магілёўскай. У яго свой легкавік, клопат такі – сеў за руль і пакаціў.

А чаму ён паехаў туды – раскажу.

Сусед пабраўся шлюбам з дзяўчынай з-пад Магілёва, якая трапіла ў Гомель пасля медвучылішча. Дома ў яе засталіся адны бацькі. Непрыкметна падкралася глыбокая старасць, два гады назад маці памерла, а бацька застаўся адзін. Няпроста чалавеку ягонага ўзросту аднаму ў вёсцы, таму ўгаварылі дзеда на зіму пераехаць да дачкі ў Гомель, а на лета будуць яго адвозіць у вёску, без якой старому няма як жыць: сумуе – і ўсё тут. Зяць каля яго і так, і сяк, ледзь не скача, а ён усё роўна заладзіў адно і тое ж: адвязіце мяне назад! Тады і знайшлі гэты кампраміс: зімаваць стары будзе ў горадзе, а на лета яго даставяць у вёску, няхай па траўцы патупае, ну, а наглядаць за ім будзе тая дачка, што жыве ў Магілёве. Блізка ж. Падзялілі, адным словам, дзеда пароўну. Каб не было крыўдна.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю