355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Васіль Ткачоў » Варона » Текст книги (страница 18)
Варона
  • Текст добавлен: 18 марта 2017, 04:30

Текст книги "Варона"


Автор книги: Васіль Ткачоў



сообщить о нарушении

Текущая страница: 18 (всего у книги 22 страниц)

СКАРГА

Зноў неяк старому падвярнуўся пад руку першакласнік Лёнька, толькі бег на гэты раз ён не ў школу, а дахаты.

– Здароў, Лёнька!– бадзёра павітаўся Аўгей, а вітацца ён любіў – дзеля гумору – па некалькі разоў на дзень з адным і тым жа чалавекам.

– Ы-гы,– хлопчык спыніўся, прыплюснуў вока, зморшчыўся: сонейка якраз у твар.

– Што нясеш?

– Ранец.

– А ў ім што? Двойка, канешне?

– Ы-гы.

– Мог бы і не прызнавацца – я праз твой ранец бачу, што яны, кручкаватыя, варушацца ажно там, кішаць, як ўюны на патэльні. Ты не хавай ранец за спіну... Вось так, вось так трымай... Во, ажно дзве. Угадаў дзед?

– Ы-гы.

– Што ты заладзіў: «ы-гы, ы-гы»! Ці ў цябе слоў іншых няма? Настаўнікі чаму вучаць?

– Пісаць... чытаць,– адбіваецца Лёнька, яму ўжо і самому карціць ведаць, адкуль стары пра двойкі пранюхаў.– А як ты, дзед, убачыў, што ў мяне дзве двойкі?

– Ды проста: яны такія тлустыя, што прасвечваюцца праз ранец.

Лёнька падняў ранец упоравень з тварам, круціць-верціць яго перад вачыма, але нічога не заўважае.

– Ты і не ўбачыш, Лёнька,– усміхаецца Аўгей.– А я ўбачу, бо ў мяне вочы – ого-о! Сцяну возьмуць наскрозь...

– Хлус ты, дзед,– не пагаджаецца Лёнька.

– Ну як жа – хлус? А пра двойкі адкуль даведаўся, га?

Хлопчык паціскае плечуком: і тое быццам праўда.

– То-та ж. Але ты не ўцякай. Затрымайся. З двойкамі табе спяшыць няма куды – прачуханец паспееш атрымаць. Памажы мне лепш у адной справе. Паможаш?

– А што?

– Скаргу напісаць.

– А што гэта?– не разумее Лёнька.

– Скарга – гэта, брат, такая паперка, якую мне аднаму скласці цяжка. Памагаты трэба. Такі вось, як ты. Апісаць трэба... паскардзіцца.

– А на каго?– пачынаюць блішчэць вочы ў малога.

– На бабу сваю, на Марусю.

– А што яна?

– Як гэта што? Як гэта што, Лёнька? Прасіў, каб блінцоў напякла, сала напражыла, а яна на дыбкі: еш, кажа, тое, што на стол падаю, табе, кажа, тут не рэстаран. Бачыў ты яе? Трэба, трэба паскардзіцца, а то зусім разбэрсаецца. Ты, выпадкова, не падкажаш, хто ў нас тут самы галоўны начальнік, Лёнька? Каму можна паскардзіцца?

– Дзілектару нашаму,– раіць Лёнька.

– Во! Правільна. Яму. Давай скаргу складзём. Ты, бачу, добры грамацей, і я ж не горшы, а калі нашу грамату ў адну кучу зваліць, то не здабраваць тады цётцы Марусі. Даставай, даставай паперу, ручку... пакуль сверб ёсць у руках... мы ёй, Марусі!

Скаргу пісаў Аўгей. Лёнька толькі слухаў, як дзед шаптаў словы, што нязграбна клаліся на паперу, і радаваўся: «Будзе цяпер ведаць цётка Маруся, як не карміць дзеда блінамі...»

– Правільна напісаў, глянь, Лёнька? – нарэшце стары падаў яму скаргу.

– Правільна,– пагадзіўся Лёнька, затрымаўшы кароткі позірк на Аўгеевым пісанні.

– Не, не, ты мне не вяртай скаргу, а перадай заўтра дзілектару. Перадасі?

– Ага,– кіўнуў Лёнька.

– Толькі не забудзься.

– Не.

– А цяпер бяжы, прагаладаўся, пэўна?

Хлопчык знікае.

Назаўтра ранічкай Аўгей знайшоў скаргу на лаўцы. Лёнька на ёй напісаў: «Дурань».


МАЙСТРЫ

Што дзед Аўгей заядлы рыбак, дзеці ведалі: нярэдка бачылі яго, калі ён шпацыраваў з вудай на плячы ў бок Гутлянкі. А калі верыць старому, дык раней ён і самоў вусатых нават прыносіх дахаты. Было! Цяпер – не той час: неяк непрыкметна падкралася старасць, і сёння, акрамя як на вуду, Аўгей не ловіць: усе ранейшыя снасці – донкі, гумкі і вяршы – так і ляжаць у клеці. Ён, шчыра кажучы, не асмельваецца нават да іх дакрануцца: спарахнелі, пэўна ж. То лепш не варушыць.

Пра тых самых вусатых самоў дзецям асабліва цікава слухаць, і нехта з іх, канешне ж, сам марыць злавіць такую рыбіну. Во было б дзівосаў! А дзед Аўгей адно ўсміхаецца:

–Кот у мяне быў, Васька. У мяне ўсе каты Ваські. І гэты таксама. Прыношу я, значыць, сома, за парогам яго адразу ж плюх на падлогу, а Васька як шухне з хаты, толькі і бачылі яго! Не паверыце – тры дні антыхрыста не было, а тады вымерхаўся і прыцёгся, доўга тое месца, дзе рыбіна ляжала, даследваў: нюх-нюх-нюх. Нарэшце супакоўся: нічога падазронага, значыць.

Дзеці смяюцца: ім падабаецца, што кот Васька спалохаўся вусатага сома. Яны б, канешне, ніколі!..

–Вось што, сябры мае, – сабраў неяк дзятву стары.– Будзем укараняць у жыццё маю рацпрапанову. Бачу, не ведаеце, што гэта такое і з чым яе ядуць, рацпрапанову гэтую?

– Не, не ведаем,– шчыра прызнаўся Сашка.

– Даведаецеся, але не адразу. Усяму свой час. Каб укараніць маю рацпрапанову, сябры мае, для гэтага падтрэбна: дошка невялікіх памераў, два слупкі , цвікі. Яшчэ малаток. Цвікі і дошка ў мяне ёсць.

–Малаток я прынясу,– паабяцаў Лёнька.

–А я магу цвікі, – сказаў Сашка.

–Дошку бяру на сябе, якраз такая маецца ў мяне, – акінуў дзятву позіркам дзед Аўгей. – Пагабляваная, чысценькая… так што не для каго-небудзь будзем рабіць нештачка, а для сябе. Вось як.

– Што ж задумаў на гэты раз стары?

–Ну, а слупкі адпілім ад бярвенца, ніяк у лесе жывём,– сказаў Аўгей. – Піла ў мяне вострая. Так што пасля абеду чакаю вас каля сваёй хаты. Падсілкуйцеся – і да мяне, жэўжыкі!..

Так і зрабілі. Схадзілі ў лес, здабылі два слупкі. Парадак. Сашка быў з малатком, Лёнька з цвікамі, а Юрку, паколькі ён усяго-наўсяго Вуллянін унук і жыве ў горадзе і нічога не прынёс, дзед перадаў сваю дошку:

–Каб і ты быў заняты. Трымай. А цяпер, сябры, курс на рэчку, прамым ходам да Канаўскага вірка, дзе дужа шмат тлустых акунёў. Задача зразумела?

– Зразумела! – у адзін голас адказалі дзеці.

На стромкім беразе ракі спыніліся. Хоць і няблізка было ісці, у Юраські ажно чуб прыліп да лба, аднак ніхто і выгляду не падаў, што стаміліся.

Толькі тут, на беразе, успомнілі, што забыліся рыдлёўку.

– Ці трэба ж, га! – першы агледзеў пра свой промах сам дзед Аўгей. – Галоўны інструмент – і забыліся!.. Не, не такая памяць ужо у дзеда. Хаця і вы, жэўжыкі, маглі здагадацца, навошта слупкі, дошка… Значыць, капаць трэба будзе. Але я нікога школіць не буду і дакараць сябе таксама не стану, бо што зроблена, тое і маем. Папрокамі справу з месца не зрушыш. Хто скокне за рыдлёўкай?

Пажадаў збегаць за ёй Лёнька. Згэцаў хутка – на адной назе. А тады і пачалося! Нехта капаў яму, нехта ставіў у яе слупок., нехта прысыпаў зямліцай… Калі на два слупкі, што тырчэлі з зямлі, паклалі дошку, цвікі забіваў Сашка. Яго малаток, нічога не паробіш. А паколькі цвікі прынёс Лёнька, то і ён адзін цвік забіў. Хоць мог бы забіць і два, але ў малога, як пажартаваў пад дружны рогат дзед Аўгей, рукі крывыя – у бок глядзяць, таму цвік гнецца і гнецца, а ў дошку лезці не хоча.

– І кашы больш еш, – параіў яму стары. – З малаком. А лепш з кавалкам сала.

А калі работа была скончана, стары хітра паглядзеў на дзяцей, папытаў:

– Ну, дык і што ж у нас атрымалася, сябры мае?

–Лавачка…

–Лавачка.

– Лавачка!

–Правільна. Дазвольце дзеду першаму на яе сесці?

–Дазваляем!

Лавачка атрымалася на ўсе сто. Дзед Аўгей апрабаваў яе, паёрзаў нават, а тады дазволіў пасядзець на лавачцы па чарзе кожнаму.

–Добрую справу мы сёння з вамі зрабілі, – сказаў дзед Аўгей.– Заўтра ранічкай я прыбуду сюды з вудай, сяду і буду сачыць за паплаўком. Як міністр буду сядзець. А то ж ужо ногі не тыя, як-ні-як: старасць, браткі, старасць. І Ціт можа пасядзець на лаве. А больш, здаецца, і рыбакоў такіх у нас няма?

– А мы, дзед? – нецярпліва паглядзеў на старога Сашка.

– Вы? – усміхнуўся дзед Аўгей.– Ды за вамі куды ўжо нам, старым? Нягож, і вы…Як толькі ногі стомяцца, то – калі ласка! Толькі калі ж яны ў вас, жэўжыкі, стомяцца? Я ўжо, пэўна, і не засведчу…

… Назаўтра бераг рэчкі быў усыпаны рыбакамі. Сашка, Лёнька і Юрка стаялі паводдаль адзін ад аднаго, а пасярод іх важка сядзеў на лавачцы дзед Аўгей і сачыў за паплаўком. Не адзін сядзеў стары – з катом Васькам. З лавы і яму, ласаму да рыбы. добра бачны паплавок…

А хацелася б хутчэй убачыць і рыбку!


ПЧАЛА

Як гэта нярэдка было і раней, каля хаты дзеда Аўгея сабраліся хлапчукі. Стаяла лета, зялёнае і спякотнае. Стары сядзеў на лаве. Ён ужо не курыў, пазбавіўся нарэшце ад гэтай атруты. Тут і дзеці паспрыялі, не сакрэт: асабліва касавурыўся на дым Вуллянін унук Юрка; калі дзед пыхкаў сваім самасадам, той нават стаяў крыху паводдаль: які нясмачны гэты дым, ну яго! Таму, каб заняць рукі, стары выразаў складанчыкам нешта з драўлянай крывулькі, а што атрымаецца, тады, казаў, пабачыце. Не ўсё адразу. Зацікавіў. Чарговая дробязь нейкая, не інакш, а прывабіў дзятву і на гэты раз. Дзед мастак такое рабіць.

І ў гэты самы адказны момант, калі ў руках дзеда Аўгея пачало нешта вымалёўвацца, падобнае на зайчыка ці нават на дзіка з вострымі ікламі, узняў нямаведама які лямант Юраська, – хоць вушы затуляй. Каб жа хоць крычаў, але ж так тупацеў яшчэ і нагамі, што можна нават было падумаць, быццам яго хто адлупцаваў. Яшчэ ж: ён, не перастаючы крычаць і тупацець нагамі, цёр то адно вуха, то другое. Усе, вядома ж, насцярожыліся, глядзяць на сябрука і нічога не разумеюць.

Першы знайшоўся дзед Аўгей, стары стары, але адразу ж апынуўся каля малога, глядзіць таму ў вочы:

– Што з табой, Юрка, а?

–Пчала…пчала…– па-ранейшаму румзаў малы, – у гэтае вуха ўляцела… у гэтае выляцела…

– І ты сам бачыў? – пытае дзед.

–Ага. Бачыў…

Справа сур’ёная, гэта ўсе разумеюць, а больш за астатніх – дзед Аўгей. Трэба ратаваць малога. Паколькі ў хлопчыка два вухі, як і ў кожнага чалавека, то ўсё становіцца на сваё месца… Не было зразумелым толькі адно: як гэта пчала можа ў адно вуха ўляцець, а ў другое – выляцець? Не, не можа быць такога. А ў Юраські, бачце, менавіта усё так. Дзівосы! Хаця з адным вухам нешта і здарылася – недарэмна цёр яго хлопчык: яно, як цеста ў дзяжы, на вачах большала, расло.

–Усё зразумела,– узяўся за справу дзед Аўгей: прыклаў нават да вуха медную капейку.– Выратуем. Не дадзім памерці. Медны пятак – якраз сымае пухліну і суцішае боль. Меней баліць вуха, Юрка?

–Ага.

– Ну, вось!..

Тым часам стары паказаў Сашку на маленькую чорненькую кропачку, што была на самай мочцы Юраськавага вуха.

– Джала, яго трэба выцягнуць і тады Юраську адразу палягчэе, не будзе так балець. Хаця яму ўжо і не баліць так, як раней. Юрка ў нас герой, малайчына. Мяне гэтыя пчолы уго колькі разоў кусалі! Не злічыць. І нічога, і не памёр, як бачыце. Ну, ну, Сашка, не марудзь: прыцэлься – і р-раз!..

Хлапчукі спярша вельмі спачувалі Юраську, а тады адзін хто гляне на яго вуха, і пырскне смехам, астатнія ж падтрымліваюць. Спрабуе ўсміхнуцца і сам Юраська, але ў яго гэта не надта атрымліваецца: усміхнешся тут пасля такога перапалоху!..

– Якая шкодная пчала! Не, каб на дзеда накінуцца ці на Сашку, дык яна выбрала самага малога.– Спачуваў Юраську стары.– А хочаш, мы яе, шкодніцу, зараз знойдзем?

–Хачу,– пагаджаецца Юраська, і калі ён ківаў галавой, хлапчукі баяліся, каб яго вялікае, як грыб чага, вуха не адарвалася і не шлёпнулася прама перад імі вобзем: цяжкае, мусіць, яно, ажно адвісла вунь.

– Шукай-ма, хлопцы, пчалу!

Загад паступіў, трэба выконваць. Тым больш, што і сам дзед Аўгей не сядзеў, склаўшы рукі: ён быў наперадзе – як сапраўдны камандзір.

Некалькі пчолак сядзелі на кветках канюшыны, збіралі нектар.

– Тваёй тут, хлопча, няма, – упэўнна сказаў дзед Аўгей. – Пайшлі далей.

Сашка пацікавіўся:

– Адкуль ты, дзед, ведаеш, што яго пчалы тут няма? Ты ж не бачыў яе. Ды і ўсе пчолы падобныя, як дзве кроплі вады.

– А потым скажу! – хітра ўсміхнуўся стары.

Колькі не знаходзілі пчол, якія сядзелі на кветках ці пераляталі з месца на месца , дзед адмоўна ківаў сваёй лысай галавой:

–Не, не яна.

У хлапчукоў ажно рукі апусціліся: усё не яна ды не яна! Калі ж будзе – яна? Дурыць дзед, не інакш. Але ж, ведаючы яго, хлапчкі нядоўга адчайваліся. Калі што гаворыць дзед, так, пэўна, і ёсць. Каму ж яшчэ верыць, калі не дзеду Аўгею?

– А вось гэта яна! – нарэшце радуецца стары.—Бачыце, ляжыць на траўцы? Гэта Юраськава пчала, факт!..

Цяпер хлапчукі яшчэ больш здзівіліся: гэта ж нежывая пчала, як яна магла цапнуць Юрку?

–Таму яна і нежывая, што ўкусіла малога,– патлумачыў дзед. – Тут ёсць адзін сакрэт, дзеці: пчала, згубіўшы сваё джала, амаль адразу ж памірае…

Дзеці маўчалі. Пакуль яны асэнсоўвалі пачутае, Юраська захлімкаў.

–Ты чаго гэта, Юрка? – ўсе адразу павярнуліся да Юркі, а папытаў за ўсіх дзед Аўгей.

Юраська яшчэ больш захлімкаў, прызнаўся:

–Пчалу шкада…

Дзед Аўгей прытуліў малога да сябе, пяшчотна пагладзіў яго па галаве:

– Нічога, нічога… А за тое, што пчалу пашкадаваў, хоць яна табе і балюча зрабіла, пахваліць мушу сябе: дзед Аўгей умее сяброў выбіраць. Не памыліўся я, калі і з табой пасябраваў… Харошы ты чалавек, Юрка!..


ГАСЦІНЕЦ

Калі верыць дзеду Аўгею, то ўсё так і было. Выглянуў ён ранічкай на агарод, каб нашчыкаць цыбулі, а каля хлеўчука стаіць буслік і насцярожана-самотна пазірае на старога. Дзед, убачыўшу птушку, спярша разгубіўся, а потым перавёў дых, усміхнуўся і сказаў:

– Прывітанне, ці што, бацян?

Буслік стаяў нерухома, а калі чалавек паспрабаваў наблізіцца да яго, хацеў узмахнуць крыламі, аднак гэта ў яго не атрымалася – адно крыло,левае, не паслухалася, і тады ён адышоў ад старога на ўсялякі выпадак падалей: ці мала што можна чакаць ад гэтага дзеда? Вунь які вусаты! Каб жа ён, буслік, ведаў, хто такі дзед Аўгей, то, вядома ж, не рабіў бы гэтага. Але адкуль яму было ведаць? Не, лепш падалей ад бяды... Хопіць, што нацярпеўся ўжо ад адной такой сустрэчы з чалавекам: цяпер вось і рабі што хочаш, і жыві, не прыдумаеш як. Бяда, адным словам. Мама з татам паляцелі ў вырай, а як ён можа паляцець, калі крыло паранена? Бацькі яго, мусіць жа, і параілі ісці яму да людзей, каб не прапасці, мусіць жа і сказалі: людзі цябе накормяць і вылечаць. Буслік паслухаўся. А больш яму і не заставалася чаго рабіць.

Птушкі народжаны больш лётаць, чым хадзіць. Іншы раз ім даводзіцца рабіць тое, што менш за ўсё патрэбна. Таму і буслік вымушаны быў прытупаць да падворку дзеда Аўгея, паколькі той быў бліжэй ад буслянкі, што месцілася ўжо каторы год на старым драўляным тэлеграфным слупе, які адзінока стаяў каля чыгункі: яго не сталі прыбіраць людзі, пакінулі, бо бачылі ж, што на ім штогод жывуць буслы: нельга пазбаўляць птушак іхняй хаткі.

Дзед Аўгей абрадаваўся госцю, схадзіў у хату і вынес яму ласунак – размарожаную рыбіну, якую купіў у краме і збіраўся прыгатаваць для сябе юшку, аднак што ж паробіш, калі атрымалася такая вось непрадбачлівая сітуацыя: перш за ўсё, трэба выручаць бусліка, бо яшчэ невядома, ці ёў ён што сёння, а мо і ўчора-пазаўчора, а што тычыць сябе, то ён знойдзе і без юшкі, чым падсілкавацца. Паколькі буслік баяўся людзей, паводзіў сябе надзвычай асцярожна, то дзед Аўгей спярша паказаў птушцы рыбіну, а потым паклаў яе адразу за веснічкамі, а сам выглянуў на вуліцу. Дзе там яго сябры? Ці не відаць? Трэба ім пахваліцца сваім госцем. Абавязкова. У старога ад сяброў таямніц няма. Ага, вунь і Юрка, Вуллянін унук, якраз шыбуе. Дзед Аўгей паклікаў яго, падаў, як даросламу, руку, а тады папрасіў, каб той неадкладна наказаў Петрыку, Лёньку і Сашку, што ён чакае іх каля свайго двара.

– Сюрпрыз у мяне для вас маецца, хлопцы, – як заўсёды, загадкава паглядзеў на Юрку стары. – Бяжы, кліч іх да мяне, Юрка. Цікава будзе. Не пашкадуеце. Яшчэ і дзякуй, можа, скажаце за мой чарговы для вас сюрпрыз.

– Я хутка, дзед Аўгей! – паабяцаў Юрка і паімчаў усцяж вуліцы.

Юрка імгненна выканаў просьбу дзеда Аўгея, і неўзабаве хлапчукі асцярожна, не падаючы голасу, ішлі за ім па падворку да шчылінкі, – у дошцы якраз выпаў сучок, – і таму добра быў бачны праз яе буслік.

– Толькі ціха, не спужайце, – паўшэптам папярэдзіў дзед Аўгей. – Дазваляю кожнаму ў дзірачку паглядзець на бусліка, не больш. Няхай рыбіну з’есці замест мяне. Так-так, сваю аддаў. Ці есці ён яе там, а? Мо грэбуе? Гляньце там...

Лёнька ўхітрыўся першым прыпасці да дзірачкі ў дошцы, таму паведаміў:

– Не, здаецца? Так стаіць... Не есці...

– Дазвольце мне! – папрасіў дзед Аўгей, каб яго прапусцілі бліжэй да паркана, а калі паглядзеў у дзірачку, весела адзначыў: – Была рыбка! З’еў! Ну, і на здароў’е!..

Паназіраўшы за буслікам, выйшлі на вуліцу. Стары сеў на сваё законнае месца на лаве – пасярод – а яго з двух бакоў абляпілі хлапчукі.

– Ну, што будзем рабіць, сябры? – першым парушыў маўчанне дзед Аўгей. – Спярша, канешне, нам трэба прыдумаць, як назваць бусліка.

– А няхай будзе проста Буслік? – прапанаваў Петрык.

– Я згодны! – падтрымаў Сашка.

Ну, калі і Сашка пагадзіўся, то нічога не заставалася рабіць Юрку і Лёніку: Сашка – аўтарытэт. Але што скажа дзед Аўгей? Ён сказаў:

– Прымаецца. Так, пойдзем далей, сябры. Буслы любяць жаб і рыбу. З жабамі пачакае наш Буслік, мы іх лавіць не ўмеем, а вось рыбу для яго давядзецца нам вудзіць на сажалцы. Згодны?

Ён, дзед Аўгей, яшчэ і пытае!

Уго колькі рыбы кожны дзень прыносілі Бусліку хлапчукі! Нават дзед Аўгей юшку гатаваў для сябе і смажыў колькі разоў. А сам тады, ласуючыся, жартаваў:

– Дзякуючы яму, Бусліку, і я сыты.

Буслік неўзабаве асвойтаўся на паселішчы дзеда Аўгея, пасмялеў, абцёрся, і калі прыходзілі хлапчукі з рыбой, то ён ужо не баяўся іх, а смела браў пачастунак з рук хлапчукоў. Яны ледзь не біліся – кожны стараўся першым пачаставаць Бусліка.

Пазней дзед Аўгей забядаваў:

– Усё гэта добра, сябры мае... Але ж жнівень заканчваецца, школа блізка... разляціцеся вы па сваіх гарадскіх кватэрах, а як нам быць з Буслікам, не параіце? Сашка, ты, як старэйшы, даведайся там, у горадзе, ці прымаюць дзе такіх вялікіх птушак, як наш Буслік? Бачыце, падрос як, крыло зажыло, лётаць спрабуе... Але ж куды ён паляціць перад зімой? Ды і дзе ж я яму рыбы набяруся? Акром таго, у маім хлеўчыку Бусліку, мусіць жа, холадна будзе? Пацікаўся там, у горадзе, Сашка, мо ёсць дзе які-небудзь прытулак для такіх бедалаг, як наш Буслік?

Сашка паабяцаў пацікавіцца.

– І я магу таксама, – сказаў Юрка.

– І я, – шмыгнуў носам Петрык.

Дзед Аўгей пахваліў хлапчукоў, а потым паклаў руку на плячо Лёніка:

– Паколькі мы з Лёнікам сталыя вясковыя жахары, то ў горадзе можаце жыць спакойна: Бусліка ў крыўду не дадзім. Так, Лёнік?

– Ага!

Увосень, калі пажаўцела на дрэвах лісце і пачало, нібы на парашуціках, падаць долу, каля хаты дзеда Аўгея спыніўся легкавік. З яго выйшлі два чалавекі ў вайсковай форме, павіталіся са старым, а потым той, які назваўся супрацоўнікам міністэрства па надзвычайных сітуацыях, папрасіў:

– Ну, паказвайце нам свайго госця.

– Паказаць можна, але ж... – стары занерваўся, замітусіўся, не ведаў, куды падзець рукі, пакруціў галавой, – але ж...ага... – вытрымаўшы паўзу, ён гучна сказаў:– Ды прывык я да Бусліка, прывык! Верыце?

– Верым, – спакойна сказаў супрацоўнік міністэрства. – І дзякуй вам вялікі, што не пакінулі ў бядзе птушку.

Дзед Аўгей прыняў падзяку, але заўважыў:

– І хлопцаў, сяброў маіх, у тым заслуга. Так і запішыце. Сашкі, Юркі і Петрыка, якія вам тэлефанавалі, і Лёніка. Для мяне аднаго такой пахвалы зашмат.

–Так-так, і хлопцам дзякуй! – знайшоўся супрацоўнік міністэрства.– А бусла перададзім у царкву архістрыціга Міхаіла: там у яго птушынае царства.

Буслік доўга глядзеў сумнымі вочкамі праз шкло легкавіка на дзеда, да якога таксама моцна прывязаўся, і стары не вытрымаў, пусціў слязу. Лёнік таксама хлімкаў.

Узімку прыехалі на выхадныя ў вёску Сашка, Петрык і Юрка. Першай справай прыбеглі праведаць дзеда Аўгея. Адразу ўспомнілі, вядома ж, пра Бусліка.

– Мы яго наведваем, яму там добра, – хваліўся Сашка.– Ён вам, між іншым, нават прывітанне перадае...

– Ну, ну, жартаўнікі, – усміхнуўся дзед Аўгей. – А вось я яму і сапраўды прывітанне перадам. – Стары вынес з кладоўкі торбачку. – Рыба тут. Яе мы з Лёнікам налавілі. Думаеце, у шапку спалі, пра Бусліка не думалі? Каб жа не так. Яшчэ як думалі. Прабілі пельку ў лёдзе, закінулі вуду, і парадак!.. Трымай, Сашка, гасцінец для Бусліка. Ад усіх нас. І вось яшчэ што, сябры мае: хутка ж вясна, вернуцца з выраю бацькі Бусліка, яны будуць чакаць сустрэчы з ім... Трэба ж будзе неяк наладзіць ім сустрэчу, а? Родныя ж яны душы, птушкі гэтыя... Як і людзі. Цягнуцца, пэўна ж, свае да сваіх... Пастарайцеся, хлопцы, там, у горадзе... Прывезці б Бусліка да бацькоў... каб тыя хоць глянулі на яго... каб пераканаліся, што людзі ў бядзе не пакінулі, прыгарнулі да сябе, абагрэлі... Ну, дык як?

Сябрукі паабяцалі дзеду Аўгею выканаць ягоную просьбу.

А гасцінец спадабаўся Бусліку. Ён з’еў колькі рыбін, а потым, пачасаўшы дзюбу аб пяр’ё, адышоў ўбок – каб і іншыя птушкі, што жывуць побач з ім, пачаставаліся.

Калі гасцінец ад добрых людзей, то яго ўсім хопіць.


Жыццёвінкі

МЫ

1.

Быў звычайны будны дзень, і Ён, злёгку паснедаўшы, выходзіў з кватэры, на ганку азіраўся па баках, нібы каго хацеў убачыць, затым папраўляў старэнькі капялюш на галаве і шоргаў па алейцы ў бок гандлёвага цэнтра ОМА. Што азначалі гэтыя літары, Ён не ведаў, яму гэта, праўду кажучы, і не трэба было: важна зусім іншае – важна тое, што там вочы разбягаюцца ад усяго ўбачанага. Ёсць, ёсць што паглядзець. Музей, дый годзе. Як толькі пабыў Ён тут першы раз ныпрыканцы мінулага года, так і захварэў: не можа пражыць і колькі дзён, як зноў яго цягне сюды, бы магнітам. Няважна, што ў гэты загадкавы і багаты на самыя разнастайныя рэчы гандлёвы цэнтр амаль усе падрульваюць на легкавіках, яму і так было добра. Кожнаму, разважаў, сваё. Дзе ж на той легкавік было ўзяць грошай, калі працаваў сумленна ўвесь час, не браў ніколі чужога? А як можна было на заработную плату абзавесціся аўтамашынай, Ён не ведаў. Калі, хіба, не есці, хадзіць у адной камізэльцы? Ды і што тады гэта будзе за жыццё, галоднага і абадранага? Не, някепска яму будзе і без легкавіка, і, дзякаваць Богу, ногі пакуль слухаюцца, не падводзяць, хоць і ўзрост мае паважаны – пад семдзесят.

Ён уваходзіў у памяшканне гандлёвага цэнтра так, як раней мінаў прахадную завода, а там – і яго другі механазборачны цэх, дзе рабіў да апошняга працоўнага дня фрэзероўшчыкам. Ківаў галавой хлопцам, што сачылі за ўваходам-выхадам, тыя ківалі яму – відаць, як старому знаёмаму, бо, не сакрэт, прамільгаўся Ён тут. Магчыма, хтосьці з тых хлопцаў і западозрыў нешта, бо яно ж і сапраўды: ці не кожны дзень з'яўляецца тут гэты сівы і гнуткі, бы лазовы пруцік, мужчына, але з чым заходзіць, з тым і выходзіць – з пустымі рукамі. За ім, не сакрэт, пачыналі цікаваць... Ён жа, у сваю чаргу, падоўгу таптаўся каля ўзораў пакрыццяў для падлогі і столі, іншы раз не вытрымліваў, браў тыя, круціў перад вачыма і так і гэтак: шыкоўная рэч, нічога не скажаш!..

Іншы раз Ён падыходзіў да людзей, што рабілі пакупкі, зайздросціў ім, а каб паказаць, што і ён тут ходзіць не проста так, а з пэўным пакупніцкім інтарэсам, пачынаў гаворку:

– І колькі, калі не сакрэт, трэба гэтай кафлі для маёй кухні?..

Альбо:

– Хіба і мне набыць такі ліманад? – Ён ненаўмысна вымаўляў "ліманад" замест "ламінат", таму што апошняе слова яму і сапраўды не давалася. – Ці, можа, заўтра што-небудзь яшчэ, лепшае, прыдумаюць? А? Пачакаць хіба?..

Яму звычайна нічога не адказвалі, і Ён ішоў далей па радах, дзе на стэлажах чаго толькі не ляжала-стаяла, прыглядаўся да людзей, што рабілі пакупкі. Людзі як людзі, а бач ты, якія шчаслівыя!..

А потым, насыціўшыся, Ён той жа дарогай, шукаючы капелюшом ветрык перад тварам, вяртаўся дадому...


2.

Захварэў брыгадзір паляводчай брыгады, і замест яго часова быў прызначаны Ён.

– Павіншуй мяне, жонка! – пахваліўся дома. – Я – брыгадзір! Нічога, што і на кароткі тэрмін, але прызначыў сам старшыня не каго-небудзь, а мяне. Разумееш? Думаць трэба!..

Жонка разумела, павіншавала. Яна ганарылася сваім мужам, і сама таго, пэўна ж, не падазраючы, з таго моманту, як даведалася пра мужава павышэнне, напускала на сябе залішнюю строгасць, і ёй рабілася не інакш як сорамна за сваю непрычыннасць да ўсяго, што было вакол, раней.

Назаўтра Ён з нагоды павышэння на калгаснай службе апрануў адпрасаваны, хоць і старэнькі, але чысты і прывабны пінжачок, нацягнуў джынсы, якія сталі малыя ягонаму гарадскому сыну, а да сарочкі ў зялёную палосачку выбраў аднатонны чырвоны гальштук.

– Ну, як?

Жонка паказала вялікі палец.

Ён здзівіў усіх на праўленні калгаса. На яго глядзелі так, нібы ўпершыню ўбачылі. Нават сам старшыня, якога, трэба прызнацца, ніколі ніхто пры гальштуку не бачыў, разявіў рот... Падзівіцеся, што робіцца! Дзень пры пасадзе чалавек, а як адразу перамяніўся. Не пазнаць. А мо гэта зусім і не Ён? Дык не ж... Ён! Гляньце толькі, з якім ліхаманкавым бляскам вочы ў чалавека!..

І так атрымалася, што пакуль Ён замяшчаў брыгадзіра, першым прысобіў да сваёй тонкай шыі гальштук старшыня, а потым непрыкметна і той-сёй яшчэ. Павесялела ў памяшканні канторы, святлей стала. Ад гальштукаў, ад белых кашуль.

...Ён вяртаўся дадому стомлены, з брудным ад пылу і поту тварам, калі перад ім пратарахцеў на калёсах вясковец, а потым "тырпнуў" каню, і той перастаў плёхаць капытамі. Вясковец пачакаў, пакуль да яго падыдзе Ён.

– Паслухай, што я табе скажу, – затрымаў вясковец на в.а. брыгадзіра зачэпісты позірк. – А скажу, калі знаць хочаш, табе наступнае... Дык вось... уймі сваю бабу. Угамані. Прыструнь. Няхай ты часова брыгадзір, а яна – хто? Хто яна, каб папытаць? Адстаўной казы барабаншчык? Так?

– Не зразумею, што ты хочаш, Пятро?

– Камандзіраў, гляджу, развялося, аднак. Ну, еду сабе... як і кожны раз... Пратарахцеў каля тваёй хаты, значыць... А Маруся на ўсю вуліцу крычыць мне наўздагон:

– Як ты едзеш, паразіт? Калёсы паламаеш!..

Ён засмяяўся, паляпаў па плячы вяскоўца, паабяцаў:

– Едзь далей, не бяры ў голаў. А з жонкай, сваёй брыгадзіршай, я абавязкова разбяруся. Не хвалюйся. Я ёй пакажу, як твае асабістыя калёсы шкадаваць.

– Дык у тым жа і справа! Былі б хоць калгасныя!..

Вярнуўшыся ж дахаты, Ён нічога жонцы не сказаў, а смачна павячэраў і лёг спаць. Засыпаючы, шкадаваў, што заўтра Ён ужо не брыгадзір, а жонка – не брыгадзірша.


3.

Ён жыў адзін у двухпакаёвай кватэры, на трэцім паверсе ў нашым пад'ездзе. Асабіста мне не даводзілася сустракаць палкоўніка ў адстаўцы, няхай і адзінокага, у менш габарытным жыллі. Ён жыў сціпла, з суседзямі трымаўся на адлегласці, сам першы ніколі не вітаўся, а калі хто даваў яму "добрага дня", ляніва ківаў галавой ці адказваў коратка і ціха.

Я вось думаю зрэдчас: а ці бачыў хто калі яго ў вайсковай форме? Я – не. Адкуль жа тады ведаю, што Ён палкоўнік? Пра гэта мне апавёў зямляк, які таксама жыве ў нашым городзе і неяк сутыкнуўся з тым твар у твар.

– Я служыў з ім у Сярэдняй Азіі, Ён быў маім начальнікам, – слухаў я земляка. – Я – карэспандэнт дывізіённай газеты, Ён – начальнік палітычнага аддзела, малады палкоўнік, вялікі аматар мастацкай літаратуры. Чытаў нават на вучэннях, калі выдавалася вольная хвіліна, а больш – у сваім рабочым кабінеце. І рабіў, заўваж, гэта вельмі хітра. Кніга заўсёды ляжала ў шуфлядцы стала, і калі хто з падначаленых заглядваў да яго, Ён цягнуў руку насустрач, а жыватом тым часам зачыняў шуфлядку. Шыта-крыта. Але нічога не застаецца незаўважаным. Раскусілі і начпа. Раскусіць раскусілі, а што ты яму зробіш?.. Толькі не пра чытанне мне ўспомнілася, гэта ўсё дробязі, чытанне кніг у рабочы час. Неяк выклікае ён мяне і загадвае: "Едзем праз паўгадзіны ў Тэджэн, збірайся і бяры з сабой фотакарэспандэнта". Тэджэн, дзе стаяў вучэбны танкавы полк, быў далекавата нават па мерках бязлюднай пустыні – недзе дзвесце кіламетраў. Ну, едзем дык едзем. Я хуценька сабраўся, на месцы быў і фотакарэспандэнт радавы Раджэпаў, турмен па нацыянальнасці, вельмі вясёлы і таварыскі хлапчына. Прыехалі на "УАЗіку" ў танкавы полк, начпа пакінуў нас адных (самі ведаеце, што рабіць, не першы дзень у газеце), і загадаў чакаць яго каля штаба у сямнаццаць нуль-нуль. Мы так і зрабілі: набралі матэрыялу, чакаем каля штаба палка. Гадзіну, другую чакаем. А потым я не вытрымліваю, цікаўлюся ў дзяжурнага: а дзе ж наш начальнік, дзе палкоўнік? Дзяжурны хітра ўсміхаецца: маўляў, дзівакі вы ці што? Ён даўно паехаў... Я здзівіўся: як гэта – паехаў? Аднак дзіўнага тут аказалася мала. І я, наіўны на той час лейтэнант, не мог адразу сцяміць, што навошта яму мы, спадарожнікі, сведкі, калі ўвесь багажнік быў нашпігаваны дынямі і кавунамі, вінаградам і рыбай, якой тут, у Каракумскім канале, процьма!. Але ж, прабачце, я і Раджэпаў не выпісвалі камандзіровак, таму мне давялося купіць білет за свае грошы і салдату. Ён жа зрабіў на наступны дзень выгляд, што нічога не адбылося. Вядома ж, не да месца яму было пытацца і пра тое, ці запасліся мы матэрыяламі для дывізіёнкі...

Чаму сёння Ён жыве адзін і як аказаўся ў нашым горадзе, зямляк не ведаў.


4.

Ён быў добрым акцёрам. Быў, таму што колькі дзён назад у нэце з'явіўся радок, які паведамляў пра ягоную смерць... Не верылася, бо мужчына яшчэ ў самым росквіце. Патэлефанаваў знаёмаму ў Мінск, вырашыў пацікавіцца, што ж здарылася з чалавекам. Той сказаў коратка, як адсёк: спіўся. Спіўся? І што, ад яе, гарэлкі, памёр? У гэта не хацелася верыць: ён жа зусім не браў у рот, наколькі я ведаў, гэтай атруты. Ні кроплі. І раптам... сканаў ад гарэлкі?

У гэтым правінцыйным тэатры Ён з'явіўся на пачатку новага сезона, адразу ўліўся ў калектыў, а неўзабаве амаль увесь рэпертуар вісеў на ім. Талент ёсць талент. Злыя языкі, праўда, баялі, што ў сталіцы Ён наогул не быў запатрабаваны, бо там такіх майстроў сцэны хоць адбаўляй, а тут, бачце вы яго, стаў зоркай першай велічыні. Не цяжка было здагадацца пляткарам, чаму Ён прыехаў у правінцыю. Тут вялікага розуму не трэба, бо проста так сюды ніхто не паедзе, значыць, нешта не склалася ў яго, не інакш набедакурыў. А, дык ён яшчэ і скасаваў шлюб з жонкай? Тады зразумела... Збег ад сям'і, збег ад праблем. Калегі глыбей капацца не сталі. Ды ці мала такіх прыкладаў, калі правінцыя лячыла "заблукалыя душы"?

Артыстка Стрэмкіна ў тэатры працавала даўно, яшчэ з таго часу, калі той быў народным калектывам. Потым, калі надалі тэатру статус гарадскога, яна паступіла ў мастацкую акадэмію, вучылася завочна, а заадно выхоўвала разам з мужам-бізнэсменам дваіх дзяцей. І... захапілася акцёрам, які прыехаў да іх са сталіцы. Пачаўся раман. Дзе-дзе, а ў тэатры такое не схаваеш, і неўзабаве ўсе толькі і гаманілі пра адносіны Стрэмкінай з ім. Адны асуджалі, маўляў, і чаго ёй толькі трэба, дом поўная чаша, ды і дзеці ж. Іншыя разумелі Стрэмкіну: ну, пакахала, ці мала з кім такое можа быць. Пройдзе. Ён, да таго ж, быў і старэй за Стрэмкіну год на пятнаццаць. Аднак пазней, калі адносіны паміж сталічным ацёрам і Стрэмкінай зайшлі далёка, усе былі нібы ўкушаныя: Ёй, бачце вы, у стольны Мінск захацелася, бліжэй да тэатральнай і кіношнай багемы.

Тэатр пасумаваў-пасумаваў па дзвюх зорках, ды і забыўся на іх: хапала сваіх клопатаў. Ён і Стрэмкіна ўладкаваліся ў адзін са сталічных тэатраў, таксама цешыліся славай. А потым Ён запіў. Страшэнна. Бывай, зразумела ж, тэатр. А крыху пазней і Стрэмкіна сказала: бывай... Яна забрала дзяцей і пайшла ад мужа на прыватную кватэру.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю