Текст книги "Варона"
Автор книги: Васіль Ткачоў
Жанр:
Юмористическая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 13 (всего у книги 22 страниц)
КРУГЛЫ СТОЛ
Сонца па пояс улезла ў куцае рэдкалессе, якое апошнім часам вытыркнулася на Лявонавым яры неяк знянацку, нечакана-негадана, – нібы чубчык у хлапчука-гарэзы на голай галаве.
Сонца было чырвонае – як усёдно намаляванае.
Сцяпан Шульга глядзеў на яркі і прыгожы сонечны паўкруг, і душа ў яго радавалася: заўтра абяцала яму таксама пагожы дзянёк, і ён меў намер дарабіць нарэшце круглы стол. А дарабіць трэба абавязкова – з горада прыедзе старэйшы сын Лявонцій, а з суседняй вёскі дачка Клаўка, патэлефанаваў ім надоечы, і Шульга меў намер пагаварыць з дзецьмі за круглым, так бы мовіць, сталом. Па ўсіх мерках сямейнага пратаколу. Сядайце, мае родныя, будзе размова. Начысціню. У кут, Клаўка, не схаваешся. Стол – круглы. Глядзець у вочы.
– Якраз ім тут, за маім сталом, усім месца хопіць, – паказваў рукой на сваё тварэнне Шульга. – Вось тут пасаджу Клаўку, каб бліжэй была да мяне, распусніца. Ну, а Лявонцій дзе сам пажадае, там няхай і сядае: ён мае права выбару, бо путны. А дачцы ў вочы гляну, пранцы б яе!.. Здавалася б, з аднаго кубла дзеці, а якія розныя...
Жонка, Паліна, моўчкі слухала свайго дзеда і недзе ў глыбіні душы хоць і пагаджалася з ім, аднак толькі аніяк не магла зразумець, навошта ён, стары, зрабіў гэты круглы стол, можна ж было і ў хаце сесці і пагаманіць з дзецьмі, а ён, бачце вы яго, столькі часу ўбіў, каб пагаварыць з імі – пагаварыць сур’ёзна, хопіць адны хіханькі ды хаханькі. Але яна ведала свайго Шульгу добра: надумае што рабіць – не пярэч, ад свайго не адступіцца. Таму толькі слухала яго і маўчала.
– Будзе судны дзень, нарэшце! – не мог угаманіцца Шульга і ўпрыгожваў свой стол цыратай, новенкькай і квятастай, якую спецыяльна прывёз з Быхава.
Дзяцей сваіх Сцяпан выклікаў на суботу – якраз у гэты дзень, разлічваў ён, у іх менш клопату, то выберуцца, нікуды не падзенуцца, а каб падстрахавацца, каб не было аніякіх адгаворак ад тых, прыдумаў – прабач, Паліна! -прычыну: хварэе матка, і вельмі, прасіла прыехаць. А то, магчыма, не паспееце. Тады будзеце дакараць сябе ўсё застаўшаеся жыццё. Думайце!
Сцяпан і Паліна пачалі чакаць дзяцей. Няпростая гэта справа – чакаць. Быццам і ведаеш, калі тая субота, да яе далекавата яшчэ, а не-не ды і паглядаеш у бок дарогі, што вядзе з шашы ў вёску: ці не ідзе хто са сваіх? Ці не едзе? А раптам?.. Можа, хто і раней надавуміўся з іх выбрацца, не абавязкова ж трымаццца прызначанага дня.
Пакуль не, не відаць.
У Сцяпана і Паліны нарадзілася трое дзяцей. Першы – Лявонцій, Мішка быў сярэдні, потым – Клаўка, падскрэбак. Мішка паехаў у свой час на заробкі ў Караганду, там пабраўся шлюбам з дзяўчынай-сібірачкай, але сямейнаега жыцця не атрымалася: кажуць, быццам нахабна, адкрыта здраджвала сыну нявестка, ён не вытрымаў усяго гэтага і наклаў на сябе рукі. Ну, і чаго ты дабіўся, Мішка? Аб гэтым іншы раз задумваўся і сам Сцяпан, і тады ён адчуваў недаравальную віну за тое, што страціў сына. Ведаў жа, ведаў, што і як у Карагандзе, – з ім там быў і сын суседа, таму шыла ў мяху не схаваеш, – аднак не рашыўся паехаць у няблізкі свет, не асмеліўся, хаця і трэба было б. Трэба. Глядзіш, і прывёз бы ён Мішку дадому, і жыў бы той... Трактарыстам ён і там, на шахце, працаваў... Сеў бы і тут на тарктар...“ Прашляпіў, адным словам, сына, – папракаў сябе іншы раз Сцяпан Шульга. – Не ўпусціць бы цяпер хоць Клаўку...”
Шульга сядзеў за круглым сталом, паставіў свае вострыя локці на квятастую цырату, і ўяўляў... Уяўляў, быццам яны, дзеці, усе ў зборы, на сваіх месцах. Тут – Лявонцій, тут – Клаўка... Там быў бы Мішка, але яго няма і не будзе, стары ўжо ў гэта пачаў верыць. Ён нават падымаў на кожнага з іх свой цяжкі, свінцовы погляд, трымаў паўзу, а тады казаў Клаўдзіі:
– Пачнем з цябе, прыгажуня. Давай, растлумач вось нам усім тут, як дакацілася да такога, што пра цябе ўся наша вёска кепска гамоніць, не кажучы ўжо пра твае Сідаравічы, дзе ты сёння не жывеш, а прысцябаешся. Пэўна, стала чалавекам апошняга сорту. Давай, давай, Клаўка! Судны дзень! Кажы!.. Бачыш, я і брата твайго, Лявонція, выклікаў? Для станоўчага прыкладу. Можа, ён хоць на цябе паўздзейнічае, а?
І Клаўка быццам спярша чырванее, а потым робіць выгляд, што нічога не разумее: я, маўляў, без дай прычыны трапіла за гэты круглы стол, даруйце. Я – добрая. Я – не такая. Нарэшце пытае:
– Ты пра што гэта, тата? – і прыкрывае далоняй свой бяззубы рот.
– Як – пра што? А пра тое, дачка, як хавалі твайго мужа, Пятра, вось пра што я...
– Хавалі. Ну, хавалі... Памёр калі ж... І ты ж быў... сам бачыў...
Сцяпан затуляе вочы шырокімі шурпатымі далонямі:
– Лепш бы я там не быў і не бачыў, хаця мужык у цябе быў неблагі, – роспачна прамовіў Сцяпан. – Я ж тады, дачка ты мая, ледзьве ад сораму не згарэў. Ад каго, ад каго я пачуў тады тыя словы?! Каб не чуў на свае вушы і не бачыў на свае вочы, а каб людзі перадалі, – не паверыў бы!.. Ніколі б не паверыў!.. Ты чуеш мяне, дачка?!..
– А што, што яна сказала? – глядзіць на Сцяпана Паліна, быццам не ведае: заступіцца, вядома ж, хоча за дачку, душа матчына мяккая.
А Сцяпан працягвае:
– На другі дзень, раніцай, пахмяліцца просіць твая дачка – вось што яна сказала. Лявонцій, ты не быў на пахаванні, то паслухай. Я і не ведаў, што ў мяне дачка так п’е – мадней за горкага п’яніцу-мужчыну. Баба просіць пахмяліцца! Калі было такое? Людзі, што з намі робіцца?! Муж, Пятрок, значыць, у труне, а яна шукае, чаго б выпіць. Ад гаспадыні гарэлку пахавалі, гэта ж трэба! Не дасцё, кажа, пахмяліцца, труну перакулю. Чулі? Труну! З нябожчыкам! З Пятром! Перавярну, кажа!.. І спрабуе, і прымяраецца, як бы перакуліць... Як?
Лявонцій быццам ціха спытаў:
– І што, далі?
– А куды дзенешся? Далі. Налілі.
Тут і Паліна падказвае:
– Усяго адну чарачку.
Шульга крэкнуў, паглядзеў у бок шашы, сам сабе сказаў:
–У Евангеллі сказана: дзеці павінны паважаць і баяцца сваіх бацькоў. А ў нас?
... Мінула субота, а Клаўка так і не прыехала. Прыехаў адзін Лявонцій, у яго свой легкавік, таму ён доўга выкладваў з багажніка пакункі, нават выставіў мангал і слоік з замарынаваным мясам.
– Будзе шашлык, бацька!
Вячэралі за круглым сталом. Шашлык атрымаўся смачны, ён казытаў старому Сцяпану нос, але не сказаць, каб так ужо лез у рот: бяда ж у сям’, тут не да смачнай і сытнай ежы.
Назаўтра паехалі да Клаўкі. Паліну не бралі – у яе хворае сэрца...
Круглы стол так і не спатрэбіўся Сцяпану – узімку Клаўка напілася і заснула каля калодзежа, у якіх-небудзь пяці кроках ад хаты. “Гэтага і трэба было чакаць”, – ахарактарызаваў тады сумную навіну стары і перш, чым паехаць на пахаванне дачкі, узяў сякеру і пасёк стол. Калі жахаў сякерай, высока падымаючы яе над галавой, то сам сабе прыгаворваў:
– Раней трэба было гэты стол зрабіць! Раней! Тады б, мо, і Мішка жывы быў! І Клаўка жыла б, не ўпусцілі б!.. Во калі трэба было гэты стол зрабіць... Во калі... А то ўсё адкладвалі на заўтра, на паслязаўтра.. Усё некалі было... То трактар, то пасяўная... Праспалі дзяцей, адным словам... Праспалі...Паліна, ты чуеш мяне? Нас, нас біць трэба было! Дубцом! Папругай! – Шульга высмаркаўся, адкінуў у бок сякеру. – Забірай дровы, баба...Яны будуць добра гарэць... Гэта не проста дровы, гэта асаблівыя дровы – яны з нашага круглага стала... Адна карысць цяпер ад стала – неба капціць. Усё трэба рабіць у свой час. І сталы. Няго ж, прэзідэнты – людзі разумныя: сазвоняцца, і засядаюць... Адразу, калі трэба... Не чакаюць з мора надвор’я... Дзякуй, прэзідэнты! А я спазніўся... Прабач, Мішка... Прабач, Клаўка...
На месцы круглага стала цяпер нічога няма.
Несвядомы чалавек нават не здагадаецца, што некалі ён тут наогул быў і цешыў надзею старога вяскоўца Сцяпана Шульгі...
ВЯЧОРКА
Стары Ігнат вёў Вячорку – карову чорнай масці з белымі астраўкамі на баках і з такой жа белай плямкай-зорачкай на лбе – з Грушаўкі ў Чырвоную Буду. Карове было сем год, калі паглядзець на яе перад дойкай, улетку, вядома ж, то адразу скажаш, што не скупая яна на малако: вымя пад цяжарам ледзьве не цягнецца па зямлі. Ды і без малака яно прыкметнае, вымя, не параўнаць, як у шмат якіх кароў. Вялікае. Кідаецца ў вочы, замінае нават вяртацца Вячорцы з пашы дамоў, тады яна наколькі можна шырэй ставіць заднія ногі. Але карова, чаго б гэта ёй не каштавала, заўсёды спяшаецца, а іншы раз і бегма бяжыць да сваіх гаспадароў, каб парадаваць тых. Добры характар у яе, Вячоркі. Мяккі і пакорлівы. Мо таму, што любіць Вячорка прагна скубці траву калі і дождж хвошча, і навальніца грыміць-бліскоча, і ў самую спякоту, – мо таму і лёс у яе крыху больш цяжкі, гаротны, чым у іншых кароў.
Вячорка капыціць па ўскрайку дарогі, жвір пад яе нагамі трашчыць, а пыл пырскае па баках, яна раз-пораз паглядае на старога, які трымае ў руцэ ланцужок і ступае побач, плячо ў плячо. Нешта сёння Ігнат маўчыць. Той раз, помніць Вячорка, ён надта быў разгаворлівы, а сёння, гляньце на яго, надзьмуты ўвесь, як сыч. Карова разумее старога: кажы не кажы, а карысці? Ды і хіба ж пачуюць тыя, каму трэба было б пачуць, яго? Бо яны, нехрысці, засталіся недзе там, у сваёй загаджанай, – адзін раз у шыбу падгледзела,– хаце, а тут жа, на гравійцы, іх няма. Тут толькі яны ўдвух. Ды яшчэ розная драбяза, якая ліпне, бы мухі на мёд, да Вячоркі: лезе ў вочы, у вушы, у ноздры. Тады яна хвастае сябе, матляе галавою, адганяючы мух і мошак, аднак ненадоўга: і адкуль яны, назолы, толькі бяруцца зноў?
– Пацярпі, зараз прыйдзем, не багата засталося, – спачувае Вячорцы стары Ігнат і махае кашчавай рукой перад яе мызай. – Прэч, прэч, шалудзіўцы!.. Бач, расселіся!.. Так і едуць на табе, Вячорка... Каб жа хоць мірна сядзелі, дык жа не, кусаюць, пэўна ж... Прэч, каму сказаў!.. Кыш!..
Вячорка любіць Ігната, таму паслухмяна ідзе з ім, роўна, як пад шнурок, хоць і хочацца іншы раз не прамінуць, адшчыкнуць травінку, што расце паўзбоч дарогі і так просіцца ў рот, але яна не дазваляе сабе гэтага: паспрабавала неяк, аднак рука старога, якою ён трымае ланцужок, тады ўпіраецца ёй у шыю, Ігнат пачынае лаяцца, а сам дыхае ёй у вуха гарачым паветрам.
Не, не трэба псаваць настрой старому. Вячорка плаціць яму за дабрыню дабрынёй, бо разумее: калі б ні ён, стары, невядома яшчэ, як бы жылося ёй на гэтым белым свеце...
І вось цяпер, калі яна шыбуе па знаёмай палосцы дарогі, перад яе вачыма паўстае як не ўсё жыццё...
Гэта ж раней была яна на калгаснай ферме. Ферма стаіць у сасонніку, за вёскай, і калі пачынае цвісці сасна, – хоць у вір галавой. Але ад машкары нідзе не знойдзеш паратунку. Хаця чаму ж? На пашы, калі вецер, бывае і курорт. Аднак гэта нядоўгае шчасце. Вячорка тады неахвотна вярталася на ферму, як і астатнія, мусіць жа, каровы, і думалася ёй: навошта яе хата ў тым праклятым сасонніку? Хто прыдумаў? Няўжо нельга было яе пабудаваць там, дзе гуляе вецер, які адганяе ад яе няпрошаных гасцей? І яшчэ ёй па адной прычыне не хацелася вяртацца на ферму – гразка там, стаяць яшчэ можна, а вось каб легчы, тут і падумаць трэба: а ці варта? Потым бакі такія брудныя, што куды там! А яна ж, Вячорка, жанчына як-ні-як. Быка вунь з-за мяжы прывезлі, а ён і не глядзіць на сваіх нявест. Схаваўся. Толькі хто зразумее? Даярка Кацька хіба? Чакайце. Ад яе так прэ іншы раз перагарам, што Вячорка адварочвае морду, заплюшчвае вочы: колькі ж, Божа, такое можна трываць? Той раз дык зусім хісталася, ад сцяны да сцяны кідала яе, паразлівала малако, а потым і спала з ёю побач. П’яная п’яная, а сцяміла, што трэба галаву пакласці на цёплую шыю Вячоркі. Трывала карова сваю даярку, цярпела, а калі яна яшчэ і храпці пачала, тут нервы здалі: паднялася, адскочыла крыху ў бок у стойле, а ты, Кацька, як хочаш. Надакучыла. Абрыдла. І куды старшыня глядзіць, каб папытаць? Хаця зразумееш і яго, старшыню. Колькі разоў ён Кацьку звальняў, тады яе даіў нейкі мужчына, той не толькі піў шмат, але і курыў. Ды такім ванючым курыў, што і яна, Вячорка, здавалася, пачне вось-вось перхаць. А тады зноў прыходзіла Кацька. Казала кожнаму стрэчнаму: я паразумнела! Не піла, і праўда, пэўны час і ўсё хвалілася, што збярэ грошай і купіць сабе новы палітон, шапку і каляровы тэлевізар з дыстанцыйным кіраваннем, каб ляжаў, кажа, і толькі хадзіў па каналах. Гэта вам не хухры-мухры. Ага, купіла!.. Да першай палучкі... Хаця Вячорка заўважыла яшчэ раней, што яе малако яна злівала ў асобны посуд і потым, сама ж прызналася, адносіла дачнікам: іх тут, каля фермы, наляпілася процьма. І ўсе чамусьці ласыя былі на яе малако. Вячорка ганарылася гэтым, не сакрэт. А больш ганарыцца ёй і не было чым. Хіба ж толькі тым, што яе малако зноў губіць даярку?
Стары Ігнат абудзіў Вячорку ад думак:
– Вунь і наша вёска. Бачыш? Баба Моця прыгатавала табе смачнае пойла, а потым, калі пап’еш-падсілкуешся, я адвяду цябе на выган. У нас у вёсцы ўсяго дзве каровы, то статку няма. Кожны пасвіць сваю худобу, як можа. Не крыўдуй, але я цябе навяжу. А то забрыдзеш у шкоду, тады бяды не абярэшся. Травы цяпер хапае. Не тое, што раней: за кожны жмуток сена біліся людзі.
Вячорка кіўнула: навязвай, я не супраць, гаспадар. Табе лепш відаць, як і што.
Больш за ўсяго Вячорцы, калі яна была ў калгасным статку, хацелася, каб яе забраў хто-небудзь з вяскоўцаў. Там, кажуць, у хляве чыста, харчы добрыя. Яно і зразумела: калі на калгаснай ферме кожны, хто там робіць, стараецца нешта ўкрасці прама з-пад носу ў каровы, то які ж гаспадар стане абдзяляць яе дома?
Так думала яна, Вячорка.
...Гады два назад, калі ёй, Вячорцы, споўнілася пяць, у Грушаўку пераехалі з горада маладажоны Сцяпан і Зіна. Памыкаліся там без кватэры, багацця не нажылі, таму налегцы і вярнуліся на родны поплаў. Важную ролю тут адыграў і бацька Сцяпана стары Ігнат. Ён параіў тым абразуміцца, сказаў, што на цэнтральнай сядзібе, бліжэй да крамы і школы, ёсць хаты, у якіх можна жыць. Так людзі аддаюць, бясплатна, бо за афармленне тое цяпер больш здзяруць грошай, чым сама хата каштуе. Прыязджайце і жывіце. А што ж вы, маўляў, будзеце боўтацца ў тым горадзе, як непрыкаяныя, не ўяўляючы нат заўтрашняга дня, што ж вы будзеце жыць там без перспектывы? А тут, у вёсцы, рукі маладых патрэбны. Стары Ігнат так і сказаў: “А карову я вам куплю. Пакуль маладыя, у вёсцы без каровы не пражывеце. Карова трэба”.
Кацька плакала, хоць яна сама ж і параіла Сцяпану і Зіне: калі ўжо выбіраць карову для ўласнага падворку, то толькі яе, Вячорку. Яна і добрая, яна і карміцелька, што пашукай – не знойдзеш. А калі яшчэ здзелку гэтую добранька абмыць, то і не пытайцеся!..
Вячорка, як цяпер помніць, надта абрадавалася: нарэшце!..
Тады яна ўпершыню і пазнаёмілася з Ігнатам. Як жа лёгка ёй ішлося з калгаснай фермы да хлява, у якім яна марыла жыць у згодзе і ладзе з гаспадарамі, радаваць іх малаком!.. Каб жа ведала яна, што чакае наперадзе... Кацьку не адзін раз прыгадвала потым Вячорка і нават дакарала сябе, што не хацела з ёй спаць у адным стойле. Кацька – золата, калі параўнаць з Зінкай. Ды і Сцяпан таксама харош: ён хоць і не ўмее даіць, але не прымушае гэта рабіць чамусьці і сваю жонку. Не адну ноч карова мучылася ў хлеве з поўным вымем малака, задыхалася, стагнала, не магла, як раней на калгаснай ферме, жаваць жвачку. Яна клікала гаспадароў, разрывалася ад болю і адчаю. Але тых не было чуваць. Пазней Вячорка даведалася – чаму ўсё так. Даведалася ад старога Ігната. Той прыйшоў да яе раніцай з вядром, выдаіў малако, а тады накінуў на шыю ланцужок і павеў яе ў свой хлеў.
– Не будзе з іх толку, Вячорка. – скарадзіўся стары па дарозе. – Ты чуеш мяне, гаротніца? Не будзе... У гарэлку ўюшыліся калі ж. Што сын, што нявестка. Так піць!.. Беспрабудна. Тыдзень не прасыхаюць. Нават на цябе забыліся. Гэта ж людзі перадалі. Ідзі, кажуць, забыры, Ігнат, карову, а то прападзе. Вось я і вяду цябе, Вячорка, вось я і забраў... А што з тымі будзе – не магу табе сказаць. Цябе я выратую. А хто, які доктар выратуе тых?.. Гора мне, Вячорка, з дзецьмі, гора!..
Потым стары Ігнат зноў адвёў карову назад, пасарамаціў сына і нявестку. тыя паабяцалі ўзяцца за розум. Вячорка таксама абрадавалася, яна чула, як дакараў іх стары Ігнат.
І вось ён зноў вядзе Вячорку да сваёй хаты. Які ўжо раз. Тут ёй будзе добра. Вячорка гэта ведае.
Стары Ігнат шкадаваў і ўслых прызнаваўся, што ў яго няма ўжо той сілы, каб пастаянна трымаць карову ў сябе. Выдыхся. Раней бы яму такую кароўку. Хаця грэх сказаць, што тыя, якіх трымаў ён з маладзіцай на працягу свайго доўгага жыцця, былі горшыя. Удаваліся. Але ж гэтая – асаблівая, разумніца.
Вячорка ўсё разумела, што гаварыў чалавек.
І яна надта баялася, што калі-небудзь не прыйдзе ў цяжкую хвіліну да яе стары і спагадлівы Ігнат...
ПРАЦЭНТ
У той вечар Ягор доўга не мог заснуць, варочаўся-круціўся ў ложку, мумкаў нешта сабе пад нос... Хаця чаму – нешта? Сам сабе ён даводзіў адно і тое ж – пра працэнт.
– Маруся, чуй-ка... Адкуль яны ўзялі яго, той працэнт? Як вывелі? Адкуль выкалупалі? Ты вось мне скажы, у школу ж хадзіла: адкуль яны, разумнікі, ведаюць, колькі людзей “супраць” будаўніцтва хімзавода, колькі – “за”? І ў такім, значыць, парадку далей... І ў каго яны ўвесь час пытаюць? Хто тыя людзі? А хто ж тады я? Ты слухаеш мяне, баба?
– Спі ўжо, грамацей!
Ягор не супакойваўся. Як можна спаць, калі працэнт той, сёння падслуханы ў эфіры, не дае, вярэдзіць душу, выварочвае яе навыварат? Раней жыў жа неяк стары, прапускаў міма вушэй пра той працэнт, што называюць па радыё альбо тэлевізару, а сёння вазьмі ды і зачапі, халера, ён яго, як ўсёроўна жывы жывога. Быццам ішоў стары спакойна сабе па вясковай вуліцы, а працэнт той і з’явіўся нечакана, нібы з зямлі вытыркнуўся, прама перад ім – лоб у лоб.
– Ніхто апошнім часам да нас у вёску не прыязджаў, акрамя сваіх, – не мог уняцца Ягор. – Хітрая справа, аднак... Ці я, можа, ужо і не ў залік. Можа, мяне, як старую запчастку на мехдвары, адкінулі ў бок? Ці чуш ты, маладзіца?
Жонка заварушылася ў ложку, пагрозліва заявіла Ягору:
– Ты дасі мне спаць, ці не?! Позна ж ужо!..
Ягор хехекнуў, кашлянуў, павярнуўся тварам да сцяны, сказаў ні тое сабе, ні тое жонцы:
–Хаця на выбары галасаваць іду. Чыслюся, значыць, яшчэ ў спісах, ёсць на ўліку. Можа, і засну... Калі ж не спіцца... Хоць і пасцель не мулкая быццам... А ўсё ж, адкуль яны выцарапалі той працэнт, мне цікава?..
Гэта былі апошнія словы, якія пачула ў той позні вечар Маруся ад свайго Ягора. Ён нарэшце зусім сцішыўся: заснуў.
Раніцай, ледзь прадраўшы вочы, стары ні слова не сказаўшы жонцы, патупаў на падворак. Пачуўшы яго крокі, у хляўчуку зарохкаў парсючок, мыкнула карова, а куры, як толькі Ягор паказаўся перад імі, разляцеліся ў розныя бакі – былі і няма: учора стары якраз скруціў адной галаву, бо Марусі дужа булёну захацелася, то цяпер, злапамяты, будуць доўга яго шарахацца, на крок не падпусцяць.
Ягор сеў на лаву пад акном, закурыў. І зноў – вось даўся ён яму!– успомніў пра той працэнт.
– Ступай снедаць! – паклікала жонка.
Ёй, бачце вы, снеданне тое на ўме, калі тут вырашаюцца, можна сказаць, глабальныя праблемы. Як? Адкуль? – вось што хвалюе Ягора, а не курыная лытка. Працэнт хвалюе. Вырашыў падзяліцца сітуацыяй з суседам Пятром, той якраз пачаў зграбаць лісце ў садзе – праз дзіркі ў паркане яго было добра відаць. Падышоў. Павіталіся.
– Грабеш? – у працяг размовы папытаў Ягор.
– Як бачыш, – спакойна адказаў сусед.
– Ну, ну... А ты вось скажы мне: ты за хізавод ці не?
– Хай будзе...– Пятро перастаў грэбці лісце, зняў з лысай галавы картуз.– Сухое лісце, згарыць хутка. Ты ўжо даруй, сусед, калі трохі цябе дымком абдасці – вецер акурат у твой бок.
Ягор махнуў рукой:
– Сёння ты мяне абкурыш, заўтра я цябе. Бяды тае. Ты вось скажы мне, адкуль там, у цэнтры, ведаюць, хто з нас, з народу, “супраць”, хто “за”, а хто, значыць, “устрымаўся”? Я, гэта, наконт хізавода...
Пятро зноў насунуў на галаву картуз, пачаў зграбаць пад грушай і сапраўды сухое – ажно пакурчылася – лісце, а сам думаў, як адказаць Ягору на ягонае пытанне. І само неяк у яго так атрымалася, што ён узяў ды і схлусіў – ну, пажартаваў, так дакладней будзе сказаць:
– Як адкуль? Мне, напрыклад, дзён колькі таму з Мінску пазванілі. Не ведаю, як каго, а мяне патурбавалі. Хіба я табе не хваліўся?
– Не...
– Было. Ага. Сам прафесар... З акадэміі навук, відаць. Калі не вышэйшы чын. Голас такі ветлівы, памяркоўны... Так і так, пытае, як вы адносіцеся?.. Я кажу: нармальна, будуйце. А ён мне: дзякуй, так і запішам. Ваша думка будзе ўлічана.
– Хлусіш? – не паверыў, канешне ж, Ягор, і злосна плюнуў. – Хлусіш! Адкуль яны ведаюць пра цябе? Адкуль, ты вось скажы мне? Ты хто такі?! Хто?!..
– Ведаюць жа неяк.
– А чаму тады мяне не патурбавалі? Я што, у турме сядзеў ці, можа, шкодзіў дзе ў іншым месцы? Адкажы!
– Вось гэтага, братка, я не ведаю, – адбіваўся Пятро і потайкам усміхаўся. – Чаму ты выйшаў там, у горадзе, з даверу, – сказаць не магу. У кніжцы ж і твой тэлефон маецца. А не пазванілі. Значыць, не заслужыў.
Ягор, нічога не сказаўшы больш суседу, раптам павярнуўся і рашуча патупаў у хату – снедаць. На стале стаяла ўжо пэўны час патэльня з падсмажанай апетытнай курацінкай, таму Маруся прыкрыла яе вечкам, каб яна зусім не астыла, а бульбу падала да стала адразу, як толькі паказаўся на парозе стары.
– Што там Пятро робіць? – пацікавілася, бы між іншым, жонка.
– Брэша! – Ягор падсеў да стала, узяў лыжку, патрымаў яе ў руце, а потом зноў паклаў на ранейшае месца. – “Не заслужыў”. Вы чулі такое, людзі? Гэта я не заслужыў? Я? – крыху супакоіўшыся, папытаў: – Ты, гэта, старая, апошнім часам ніякіх званкоў не прымала?
Маруся не зразумела старога, падняла на яго вочы:
– Не, ніхто не званіў. А чаму гэта ты пытаеш? А? Нават мне цікава стала.
– Адстань хоць ты!..А яму, бачце вы, патарабанілі з самога Мінску! – не мог супакоіцца Ягор. – Брэша? Ці як ты думаеш, маладзіца?
Жонка паціснула плячыма:
– Чаму ж і не могуць? Там у яго сын і дачка. Тарабаняць часта. Еш давай, не сядзі! Ці цябе карміць трэба, як малога дзіцёнка?
Ежа не лезла ў рот старому. Ён піхаў яе і так і гэтак, давіўся, але,
здавалася, і сам не заўважаў гэтага, галава была забіта іншым. Стары пачынаў верыць Пятру, патрохі змірыўся з тым, нібыта яго на самой справе абмінулі і згадваў сваё жыццё: дзе б ён і сапраўды мог так набедакурыць, што нават і цяпер, у адказны час, калі вырашаецца пытанне з атамнай, на яго махнулі рукой: сядзі і не высоўвайся, ты не заслужыў. Лаяўся са старшынёй калгаса? Было. За праўду біўся. Ну, вырваўся мацюк, дык рот жа не зашыеш. А больш?.. Дык больш і няма пагрэшнасцяў. Адны плюсы: прымаў, удзельнічаў, ствараў...
Паснедаўшы, Ягор вырашыў схадзіць да вясковага прымака Цуцыка, той нядаўна вярнуўся з зоны: калі ўжо і ў яго цікавіліся, а ў мяне не, разважаў стары, то трэба прымаць меры. Неадкладна. Сёння пра атамную не пацікавіліся, заўтра на выбары не запросяць... Зусім сядуць на галаву. Заклююць.
– Куды гэта ты? – стрэлася старому на двары Маруся з бярэмем дроў.
– Табе ўсё знаць трэба, – надзьмуўся Ягор. – Народны кантроль. Што, і выйсці нельга? А тут, дома, ты, гляжу, мяне заціскаеш? З усіх бакоў агрэсія. Прапусці, не стой папярок!..
Ягор знік за веснічкамі, пачыкільгаў на дарогу, а старая ўсё яшчэ чула яго хрыплаваты голас:
– Вазьміце мой працэнт. Наце. Трымайце. Я хіба супраць? Толькі спярша папытаць трэба... У такіх, як я, людзей... А то вы, гарадскія, там напрацэнціце... Не пашкадую... Аддам.. Канешне, у Петрака сын у горадзе, дачка... Канешне... Я разбяруся... Але ж і я ведаю, куды свой працэнт прыткнуць... З якога боку... Хто хто, а за Ягорам не стане... Так што майце на ўвазе, мае дарагія!..