Текст книги "Варона"
Автор книги: Васіль Ткачоў
Жанр:
Юмористическая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 12 (всего у книги 22 страниц)
ПРА ВАЙНУ
1.
Не, я тады не хадзіў яшчэ нават у школу, калі ў нашай вёсцы зрабілі брацкую магілу – як і належыць, з помнікам салдату, які моцна сціскаў у руцэ аўтамат. Я, відаць, быў яшчэ у той час зусім малы, бо не помню нават зусім таго дня. Помню толькі, што помнік той з’явіўся перад маімі вачыма неяк адразу, нечакана, не было не было яго, і раптам – вось ён перад табой: глядзі, хлопчык, гэта салдат. Чаму ён такі вялікі і суровы – даведаешся пазней. Гэта цяпер я разумею, што ў жыцці чалавека настае той момант, калі ён нешта заўсёды пазнае і запамінае ўпершыню.
Хадзіў, канешне ж, каля таго помніка я і раней, калі, мабыць, мама вадзіла мяне яшчэ за руку, а мо я трымаўся за яе падол. Хоць помнік і быў, але я не бачыў яго – не бачыў так, як трэба было бачыць: не дарос. Усяму, сапраўды, свой час. А ўжо калі быў вучнем, мы штогод прыходзілі да помніка ў Дзень Перамогі, нехта са старэйшых абавязкова расказваў пра вайну, а мы чыталі вершы – таксама пра вайну. Даверылі і мне аднойчы прачытаць напамяць верш, аднак я схібіў, не дачытаў яго да канца: расплакаўся. Мяне супакоіла настаўніца Вольга Кандратаўна і выцерла мне сваім насавіком слёзы. Я даў сабе слова больш не пускаць слязу, калі буду чытаць зноў верш на наступны год, але мне не далі больш яго, – ні на наступны год, ні пазней. Былі ў нас чытальнікі, якія не плакалі. Яны і дэкламавалі. Няхай. А я тым часам, пакуль яны расказвалі, чытаў прозвішчы салдат, што былі выбіты на помніку, і мне так іх было шкада, што я румзаў яшчэ мацней, але ўсе глядзелі на таго, хто чытаў верш, і мяне не заўважалі. Гэта і добра, што не заўважалі: няма чаго выстаўляць слёзы напаказ.
Помнік добра быў відаць з акна нашай хаты, і я, калі рабілася сумна, падоўгу глядзеў на салдата. І хоць ён адвярнуўся ад мяне і я бачыў толькі шырокую спіну, я ўсёроўна бачыў яго вочы, і так шкадаваў, што глядзіць ён уніз, ніяк сабе пад ногі, а мне вельмі хацелася, каб азірнуўся ён на нашу новую школу, на нашу хату, якую пабудавалі мае бацькі замест той, што згарэла ў вайну. Ды багата чаго мог бы ўбачыць салдат, каб павярнуўся: і ферму, і млын, і кузню...
– Ён, сынку, усё бачыць, не хвалюйся, – суцяшала мяне мама, калі я сказаў ёй пра тое, што непакоіла.
Хоць я і не разумеў, як ён бачыць, калі стаіць спіной да ўсяго, але пагаджаўся з мамай: мамы ўсё ведаюць. Ды і не толькі мамы – таты таксама, а калі паслухаць майго, то без яго б і зусім не было брацкай магілы. Не раз і не два апавядаў ён мне, калі траха падрос, як збіралі яны, вяскоўцы, косці дзе толькі можна было і звозілі на пагорак, дзе мелася быць брацкая магіла. За вёску ішоў цяжкі бой, шмат было забіта салдат, і самі ж салдаты хавалі тых, хто загінуў. У іх, аказваецца, была свая пахавальная каманда. Але дзе там было ім калі глыбока капаць ямкі, і калі прайшоў час, дажджы і веснавыя ручаіны размылі паграбенні. І яшчэ плугі, калі пачалі апрацоўваць людзі зямлю, пачалі натыкацца на косці.
– У нас тады спрэчка адбылася, – прыгадваў тата, – па такому пытанню. Трапляліся і конскія косці, іх звозілі разам... І хацелі таксама закапаць з салдацкімі: маўляў, і яны ж, коні, ваявалі, як і людзі... Няхай побач спяць людзі і коні. Чубіліся ажно. Але перамаглі тыя, хто быў толькі за салдат. Конскія косці пахавалі асобна, за вёскай. Правільна, канешне ж, зрабілі. А ты як думаеш?
Я тады, відаць, толькі пашкадаваў, што коням не ставяць помнікаў…Ці, можа, яны дзе і ёсць?..
2.
– Хавошка і Наталля ідуць ужо да сваіх хлопцаў, – мама паглядзела ў акно і ўбачыла на дарозе, што цягнулася пад горку, жынчын, якія з вузельчыкамі нетаропка падымаліся да помніка. – На спатканне. Нешта сёння раней, чым заўсёды? Яны кожны год на дзевятае мая прыходзяць. Раніцай, перад школьнікамі...
Я прыехаў з горада, дзе сёння жыву і працую, і мама частуе мяне дранікамі. Ужо прайшло шмат часу з таго дня, калі я чытаў першы і апошні раз верш каля помніка. Помніка з акна ўжо даўно не відаць – яго атулілі дрэвы. Памёр тата. Пра вайну ён мне нічога не расказваў, хоць я і прасіў яго, бо ён, відаць, быў такі плакса, як і я, а толькі неяк прызнаўся, што яму, калі вярнуўся дамоў, было сорамна хадзіць па вёсцы: з усіх яго аднагодкаў адзін ён уцалеў, і таму яму здавалася, быццам маткі і жонкі забітых глядзяць яму заўсёды ўслед з дакорам, нялюба. “Як жа так?! Нашых няма, а ён, гляньце, шпацыруе! Няйначай, у кустах недзе хаваўся?” А, можа, тата памыляўся? Хутчэй за ўсё так. Хоць людзі, канешне ж, зайдросцілі маёй маці: без мужчыны пасля вайны ой як цяжка, ой як гаротна, нявыкрутна было жанчынам ў вёсцы!..
Я таксама паглядзеў у акно, Хавошка ( калі малая была, то картавіла, пытаючыся ў бацькоў: я хавошая?) і Наталля былі ўжо амаль каля помніка. Так ішлі яны і тады, калі я, зусім яшчэ маляўка, пракраўся ўслед за імі да помніка, схаваўся ў кусце бэзу, сядзеў, не дыхаючы: мне карцела ведаць, што будуць рабіць там жанчыны. Яны ж расклалі на хустцы ежу, запомніў толькі, што былі там чырвоныя яйкі, селі перад хусткай на мурог, налілі ў чаркі самагонкі з нейкай трафейнай зялёна-сіняй бутэлькі: дзве для сябе, дзве – для сваіх мужоў, якія не прыйшлі з вайны. Паднялі свае чаркі.
– За вас, хлопчыкі, – сказала Хавошка. -Чуеце вы там нас хоць ці не?
– Канешне ж, чуюць, – больш упэўнена прамовіла Наталля.– Як гэта нячуюць? Чуюць, яны чуюць нас, дзеўка!..
Хавошка нічога не адказала, а працягвала гаварыць далей:
– Прыйшлі вось мы з Наталляй вас праведаць. Заадно і пагаманіць, пра сваё жыццё расказаць.
– А, можа, пра наша жыццё не трэба? Няхай спяць яны спакойна там... пад зорачкай, – насупілася Наталля.
Хавошка на гэты раз не пагадзілася:
– А каму ж нам тады яшчэ расказаць, як не ім? Ды і навошта тады ішлі сюды? Слёзы свае паказаць хіба толькі?.. Навошта ім нашы слёзы?
Наталля змоўчала.
– Жывём мы добра...
– Так-так-так,– гэтыя словы Хавошкі спадабаліся Наталлі, яна затрэсла галавой, падбіла пасмачку валасоў пад чорную хустку.
– Жывём мы добра, – паўтарыла тое ж самае Хавошка. – Вось і Наталля пацвярджае...
– Пацвярджаю. А як жа.
– Сёлета разжыліся на парсючкоў, я і Наталля. Без тлушчу цяжка, адна бульба ў рот не лезе. Яшчэ каб кароўка была, то і зусім бы гора не ведалі. Нам бы хоць адну на дваіх...
– Скажы, скажы майму, што Васілёк ужо ўлетку працадні зарабляе ў калгасе – каня водзіць, – папрасіла Наталля.
Хавошка надзьмулася:
– А сама хіба не можаш? “Скажы Хавошка, папрасі Хавошка”. Я памаўчу, кажы ты.
Наталля не адразу пагадзілася, але ўжо калі набралася смеласці, рашучасці, сказала радасна і гучна:
– Мікола, а Васілёк наш каня водзіць, хлеб зарабляе!
І расплакалася. Хавошка пачала яе супакойваць, але, здагадаўшыся, што не дасці ёй рады, працягвала далей:
– Жыта сёлета кусціцца хораша, снапы павінны быць добрыя, то найму людзей, няхай хатку перакрыюць. Печ яшчэ тая, што пры табе зроблена была, Пятро. А што ёй, печы, зробіцца? На яе не капае, цячэ толькі тая страха, што выходзіць на двор. Сыночка нашага назвала Пецькам, у гонар цябе...
– Ты яму ўжо пра гэта гаварыла сто разоў, – папракнула, але не з дакорам, Наталля.– У мяне ўжо рука замлела чарку трымаць. Давай, скажы што-небудзь, ды выпіць пара.
– Скажу. За вас, хлопцы. Каб мяккай была вам чужая зямелька.
Жанчыны выпілі, памаўчалі.
– Ты, Наталля, перапыніла мяне, але ж я не сказала, што Пецька вучыцца ў трэцім класе, – ціха прамовіла Хавошка.– Той раз гаварыла, што ў другім..
– Ну, калі толькі так...
– Не пашанцавала нам, сяброўка: без мужчына засталіся.
– Так, так. Без мужчын.
– Ні чужых, ні сваіх... А трэба ж жыць. Хочацца жыць...
– Іншы раз, табе прызнаюся, я Міколкаву сарочку нюхаю, яна яго потам пахне. Не памыла, так і ляжыць, як з сябе зняў. Добра, што не дакранулася да яе адразу, тады ж, як на вайну забралі. Усё рукі не даходзілі.
– Тады ўсё валілася з рук, – падтрымала Наталлю Хавошка. – Ну што, дзеўка, ці не пара нам? А то вунь – чуеш? – школьнікі у горан дзьмуць і барабаняць... Скора будуць... Прыбраць трэба скацёрку... Ды пастаім, паслухаем школьнікаў... Там і Пецька мой...
– І мой Васілёк прыфранціўся ў новыя парткі і сандалеты... Сам на сябе зарабіў... Давай, давай, маладзіца, прыбіраць... Затыкні бутэльку, затыкні, каб не вылілася смала тая. Можа, Мітрафан з гармонікам прыйдзе, як той раз. Тады зноў пасядзім пасля дзяцей, песні паспяваем для сваіх хлопчыкаў...
Калі падрос, мне было сорамна, што я сядзеў у кусце і падслухоўваў салдацкіх удоў. А тады я радаваўся, што чуў яшчэ нешта пра вайну... Слухаў і радаваўся... Ці не блазнюк, а?
3.
На школьным двары было людна. Дзяўчынкі старэйшых класаў рвалі кветкі на клумбах, рабілі букеты і ўручалі іх кожнаму жадаючаму. Жадаючых было многа. Іван Іванавіч, дырэктар школы, больш займаўся тым, што не адпускаў ад сябе кіраўніка групы піянераў, якія прыехалі з Эстоніі на свята: тут, у брацкай магіле, пахаваны іх зямляк. Прыехалі яны ўчора, засветла, таму паспелі пазнаёміцца з вёскай, пабывалі і каля помніка, а начавалі па хатах: жадаючых прыняць “інастранцаў” знайшлося шмат. Аднак на другі дзень па вёсцы папаўзлі чуткі, што гэтая замежная малеча паводзіць сябе з пагардай, грэбуе ежай, фыркае, не падабаліся ім нават прасціны ў асобных гаспадароў; хаця прасціны як прасціны, ежа як ежа.
Аднак на школьным двары было не да гасцей, кожны займаўся сваёй справай. Настаўнік гісторыі і стваральнік музея баявой славы Мікалай Кірылавіч паказваў месца кожнаму класу, дзе той павінен стаяць, пацікавіўся, ці ўсе, каму трэба выступаць, гатовы. Упэўніўся: усе. Крыху ў баку ад дзятвы стаяў Мітрафан з гармонікам, яму якраз ад хаты бліжэй праз школьны двор да помніка, таму затрымаўся, рашыў паназіраць за жыццём. А тут і каманда: “На пра-ву! Шагам-арш!..”– каманду падаў гісторык, ён тут кіраваў парадам, а дырэктар і госць з Эстоніі пайшлі да брацкай магілы наперадзе, трымаючы ў руках кветкі. За імі – гарніст і барабаншчык, а там і ўсе.
Мікалай Кірылавіч ішоў збоку, наглядаў, каб калона не дужа расцягнулася. Хаця калонай назваць вучняў гэтай невялічкай, паміраючай школкі, якіх спрасаваў у адно цэлае гісторык, можна было толькі з вялікай нацяжкай: у класе засталося па сем-восем чалавек, аднак усе хлопчыкі і дзяўчынкі ішлі да брацкай магілы з вялікай гордасцю, з адчуваннем сваёй значнасці і годнасці ў гэтым свяце, да якога рыхтаваліся не адзін дзень.
– Падцягнуцца-а! – папрасіў голасам ротнага старшыны гісторык, і калі дзеці падцягнуліся, падабралі нагу, то было відаць, што Мітрафан з гармонікам значна адстаў...
Але ён стараўся, як мог, тэпаць услед за ўсімі ў разношаных кірзовых чобатах.
4.
Тупаценне дзіцячых ног было далёка чуваць. Калона ішла пад гукі горна і дробны стук барабана.
– Ужо блізка, – падняла галаву ў бок дарогі, што вяла ад школы, Хавошка. – Дзе гэта нам, дзеўка, тут стаць так, каб нікому не перашкаджаць? Каб не таптацца пад нагамі... Давай выйдзем за агародку, ага?
– Ага. Давай. Пачуем, што будуць казаць. Не глухія.
Неўзабаве калона была ўжо каля помніка, не прымусіў сябе доўга чакаць і Мітрафан, ён стаў побач з Хавошкай і Наталляй, павітаўся, а потым, бы незнарок, адным вокам зазірнуў у клуначак, які трымала Наталля: там у шчылінку каля вузельчыка ўбачыў рылца бутэлькі, задаволена хехекнуў і папрасіў тых не разыходзіцца пасля ўсяго. Хаця пра тое ж самае яго меліся папрасіць і жанчыны. Жаданні супалі, і яны, навастрыўшы зрок, пачалі глядзець, што робіцца каля помніка. Разгледзелі госця з Эстоніі, звычайны дзядзька, толькі што белавалосы, мае такія ж белыя вусы. Такіх дужа белых у нас няма. А калі яго прадставілі і далі слова, то ён пачаў гаварыць з вялікім акцэнтам.
– Не варушыся, а то не разбярэш, што ён кажа, – папрасіла Наталлю Хавошка.
– Нейкая драбяза за нагу ледзь не ўкусіла... Прэч, гадасць!.. Прэч!..
– Цярпі. Не тое цярпелі.
А госць з Эстоніі, хоць і з акцэнтам, гаварыў узрушана, пранікнёна; ён пахваліў вяскоўцаў, што тыя добра даглядаюць брацкую магілу, у якой знайшоў вечны спачын і іх зямляк, запрашаў у госці. У адказ выступіў Іван Іванавіч, падзякаваў, што прыехалі яны з далёкай рэспублікі, падзякаваў за памяць пра земляка. Ад мясцовых ветэранаў слова трымаў Мікалай Сеўчанка, той кожны раз, калі выступае перад дзецьмі ў школе ці тут, на брацкай магіле, расказвае, як ён, зусім малады салдат, трапіў у акружэнне, доўга прабіраўся разам з аднапалчанамі да сваіх ці, у крайнім выпадку, да партызан, а, падкрэсліваў гэта ён асабліва, калі пад самым носам з’яўляліся раптоўна фрыцы, па некалькі гадзін тады сядзелі яны ў балоце па самае падбароддзе ў рыжай вадзе, а на галове былі звычайныя зрэзаныя рыдлёўкамі купіны: так маскіраваліся. Не варухнуцца.
Іван Іванавіч паглядзеў на людзей, а іх сабралася ўжо даволі многа, адшукаў позіркам Мітрафана, падаў знак рукой, каб той падышоў да яго. Гарманіст паслухаўся.
– Таварышы! – Іван Іванавіч вытрымаў паўзу, нібыта падбіраючы словы.-Усе вы ведаеце нашага Мітрафана Дзям’янавіча, выдатнага гарманіста, цудоўнага чалавека. У вайну ён быў зусім хлапчуком, толькі -толькі паехаў у горад вучыцца ў рамеснае вучылішча... на зваршчыка... Так, Мітрафан Дзям’янавіч? На зваршчыка?
Мітрафан кіўнуў.
– А там яго застала вайна. На фронт не бяруць – узрост не той, трэба падрасці траха. І па дарозе ў сваю вёску хлопца паймалі немцы. Так ён апынуўся ў канцлагеры...
– Прабачце, Іван Іванавіч, я не ў канцлагеры быў, я працаваў на рудніку, – паспяшаўся паправіць дырэктара Мітрафан.
Зрабілася ціха-ціха, нават можна было пачуць тую драбязу, што гула-звінела на ўсю моц, якая, відаць, і хацела хвілінамі раней даставіць Наталлі лішні клопат.
– Пра вайну раскажыце нам, Мітрафан Дзям’янавіч.
Мітрафан, падалося, збянтэжыўся. Так, так. Яму – пра вайну? Не, ніколі. Ён жа не бачыў вайны. Пра што ж расказваць, калі няма пра што? Навошта ж хваліцца тым, чаго не было? Наплесці, канешне, можна бочку арыштантаў, як некаторыя рабілі, але дзе ж тады сумленне? Не, не, не ў яго характары такое, і не прасіце, людзі добрыя!..
Так і сказаў дырэктару:
– Я ж не быў на вайне... Даруйце... Прабачце... Калі што не так...
Не менш, чым хвілінай раней Мітрафан, разгубіўся і сам дырэктар. Ён паглядзеў спярша на людзей, і тыя не маглі не заўважыць, што адчувае сябе Іван Іванавіч крыху ніякавата, аднак потым быццам знайшоўся і папрасіў Мітрафана сыграць для ўсіх франтавую мелодыю. На выбар. Пачуўшы пра такую просьбу, у Мітрафана засвяціўся твар, а неўзабаве пальцы пабеглі па гузіках гармоніка... Ён граў і спяваў:
Ты ждёшь, Лизавета,
От друга привета,
Ты спишь до рассвета,
Всё грустишь обо мне.
Одержим победу,
К тебе я приеду
На горячем боевом коне.
І непрыкметна Мітрафану пачалі падпяваць. Спярша дырэктар, потым госць з Эстоніі, гісторык, калгаснікі, школьнікі.
Хавошка лёгенька, нібы забаўляючыся, варсанула у бок Наталлю, а калі тая глянула на яе, сказала сур’ёзна і патрабавальна:
– А ты чаго? Не адставай!..
На вёскай плыла песня:
Прыеду весною,
Ворота открою,-
Я с тобой, ты со мною
Неразлучны навек,
В тоске и тревоге
Не стой на пороге,
Я вернусь, когда растает снег!..
Ці тое ад таго, што жанчыны перад гэтым выпілі па кроплі, ці з якой іншай нагоды, але іх галасы вылучаліся ў гэтым стыхійным людскім хоры... Нават Мітрафан прыцішыў свой барытон: бяжыце, бяжыце наперад, дзеўкі, няхай ведаюць усе, што вы ёсць, што жывеце, не скарыліся нягодам ... Я ўжо за вамі буду. Так і быць.
5.
Каля помніка неўзабаве зрабілася ціха. Свята пакацілася ў бок школы. Дзеці, расчуленыя ад убачанага і пачутага, расслабіліся, пачалі дурэць: вядома ж, ім хацелася паказаць гасцям з Эстоніі, што яны дома героі, а не абы-хто. Ім ніхто і не рабіў заўваг. Няхай пацешацца. Сёння – можна. Сёння такі дзень, калі, кажуць, і генералы штурхаюцца. Беспарадкава нехта калаціў палачкамі па барабане, а ў горан таксама хацелася падзьмуць кожнаму, таму даносілася сюды, да помніка, нейкая бяссэнсіца.
Для госця з Эстоніі святочны стол накрыла жонка Івана Іванавіча, іх дамок на тэрыторыі школы, туды ж запрасілі і гісторыка Мікалая Кірылавіча, але ён спаслаўся, што пакуль не можа, трэба прасачыць, каб у школьнай сталоўцы дзеці былі накормлены і напоены. “Я хутка! Пакуль вы там тое ды сёе, і з’яўлюся. На мяне мне глядзіце”. Іван Іванавіч здзівіўся: “Хіба там няма каму прасачыць?” – “А, і праўда!”
Каля помніка засталіся Хавошка, Наталля і Мітрафан. Жанчыны зноў расклалі на скацёрцы ежу, паставілі пачатую бутэльку гарэлкі – гэта раней, калі былі маладыя, прыносілі яны сюды самагон, цяпер яны гэтым не займаюцца: ёсць, дзякаваць Богу, за што купіць з заводскай этыкеткай. Мітрафан коса паглядзеў на спакусу, папытаў:
– І колькі ўжо год вы сюды прыходзіце, бабы?
Хавошка і не прыгадвала:
– А мне здаецца, што я тут і жыву. Пра Наталлю не скажу. Наталля, а ты?
– Кожны год прыходзім. Ці ж ты не ведаеш, Мітрафан? – напаўняючы чаркі, сказала Наталля.
Мітрафан уздыхнуў:
– Вам, бабы, помнік таксама трэба паставіць. За вернасць.
Утварылася паўза, і яе нарэшце пастаралася запоўніць Хавошка:
– Не трэба нам помнік, Мітрафан. А каб мужчына падвярнуўся варты майго, і выйшла б. Крывіць душой не стану. Хацелася мужыка. Але не было за каго ўчапіцца. Ды і ты вось на гармоні толькі рыпаеш, больш нічога не заўважаеш... А цяпер ужо позна. Што ўжо цяпер? Хаця пагаварыць можна, і тое весялей. Асабліва ўзімку. З катом усё жыццё і прагаманіла. З кароўкай. Цяпер вось – з казой... Так і жыву.
– Давайце вып’ем, – падняла сваю чарку Наталля.
Мітрафан падаў чарку Хавошцы, якая неяк паводдаль ад “стала” уладкавалася на мурагу, затым узяў сваю чарку, ціха сказаў:
– За вашых мужыкоў, бабы. За ўсіх, хто спіць у гэтай брацкай магіле. За ўсіх!..
Выпілі. Пачалі закусваць, і Мітрафан раптам заплакаў. Жанчыны гэта заўважылі, здзіўлена пераглянуліся. Што гэта з ім? Мужчына крадком змахнуў слёзы, сам, не чакаючы, пакуль здагадаецца пра гэта Наталля, напоўніў сваю чарку, даліў жанчынам, якія амаль не дакрануліся да гарэлкі, падняў пітво, паказаў усім сваім выглядам: давайце, жанчынкі, моўчкі вып’ем, хопіць слоў, колькі іх было слоў, а карысці! Каб жа яны, словы тыя, да спраўджваліся!.. Не ўстануць... Не падымуцца... Не вернуцца... Хоць крычы, хоць плач... Хоць што!..
На вачах Мітрафана зноў блішчэлі слёзы.
– Мітрафан, з чаго б?.. – Хавошка паказала на ягоны твар.
Не ўсё, не ўсё жанчыны ведаюць пра вайну.
6.
Мітрафану Нямеччына ўспамінаецца часцей, чым што. Асабліва часта прыходзіць яна ў сны, і тады ён радуецца, што прачнуўся сярод ночы, хоць і разумее, што больш не засне. А сам пасля варочаецца ў ложку з боку на бок, на спіне ён зусім спаць не можа: пасля рудніка аслаблі лёгкія, на спіне задыхаецца.
І вось цяпер, каля помніка, Хавошка зачапіла тое, чаго ён больш за ўсяго баяўся на свеце, хаця і здагадваўся, хаця разумеў, што людзі не дурні, усё ведаюць, чаму не пабраўся ён ні з кім шлюбам, так і пражыў бабылём Тым больш – гарманіст, тым больш – высокі, шырокі ў касці, прыгожы чалавек.
Год колькі назад да яго прыязджаў з суседняй вёскі ягонага веку дзядзька, як яго зваць-велічаць, у вёсцы ніхто не цікавіўся, а Мітрафан ведаў гэтага чалавека даўно – з Нямеччыны, калі яны разам эксплутаваліся немцамі на тым праклятым рудніку. Ён таксама быў не жанаты, і пасля таго, як падзяліліся яны тым, што хвалявала і непакоіла абодвух, вырашылі з’ездзіць у сталіцу, да дактароў, каб даведацца, чым яны горшыя за іншых мужчын? З’ездзілі, і даведаліся. Цяпер часта Мітрафан успамінае той высокі стол, за якім ён стаяў і пісаў па прымусу наглядчыкаў сваю аўтабіяграфію. Такія аўтабіяграфіі, кажуць, пісалі і дзяўчаты. А за сцяной быў устаноўлены рэнгген, і ягоны прамень забіваў тым часам у гэтых маладых людзей бацькоў і мацярок...
Вельмі шкадаваў пасля Мітрафан, што яму не хапіла якога году, каб трапіць на вайну. Выжыў бы – ён сказаў бы тады сваё слова пра вайну, выканаў бы просьбу Івана Іванавіча. Не выжыў – сказалі б, мабыць, пра яго нешта іншыя ...
7.
Як даўно і нядаўна было ўсё гэта!
Я зноў прыехаў у сваю вёску на 9 мая. Паклаў кветкі на кладах да таты і мамы. З вакна сваёй хаты, як і раней, доўга глядзеў на брацкую магілу: да яе ніхто не ішоў. Няма ні Хавошкі, ні Наталлі, ні Мітрафана. Памёрлі Іван Іванавіч і Мікалай Кірылавіч. Няма і школы. Некалькіх хлопчыкаў і дзяўчынак возяць у суседнюю вёску, там сярэдняя школа. Наша васьмігодка згарэла ў грубах той, сярэдняй.
Каб жыла мама, яна б мне абавязкова напомніла: “Схадзі, сынок, да брацкай магілы... Падмяці там, прыбяры... Недзе ж і наш дзядзька Хведар пахаваны... Схадзі, паглядзі, як там...”
Я пайшоў. Узяў, што трэба, і пайшоў... А потым да мяне падышоў хлопчык з граблямі, моўчкі пачаў гарнуць у валок леташняе перапрэлае лісце, а пазней з’явіўся другі хлопчык, трэці, прыбеглі дзяўчынкі, прытупалі таксама з нейкім рабочым інструментам дзве бабулі, якіх я, прабачце, не ведаў, мабыць, прыезджыя будуць.
Яны, відаць, таксама пачулі сваіх мацярок, гэтыя людзі. І жывых, і мёртвых.