355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Василий Хомченко » Крэсла з гербам i розныя крымiнальныя гiсторыi (на белорусском языке) » Текст книги (страница 8)
Крэсла з гербам i розныя крымiнальныя гiсторыi (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 26 сентября 2016, 17:17

Текст книги "Крэсла з гербам i розныя крымiнальныя гiсторыi (на белорусском языке)"


Автор книги: Василий Хомченко



сообщить о нарушении

Текущая страница: 8 (всего у книги 8 страниц)

– Вы што, мяне асуджаеце? – не ўтрымаўся ён. – Я зрабiў тое, што павiнен зрабiць кожны савецкi чалавек. Я – камунiст.

I я заўважыў, што ў яго пачалi дрыжаць пальцы на правай руцэ, а потым i сама рука.

Я спытаў, якi ў яго стан здароўя, цi быў паранены, кантужаны.

– Я меў кантузiю, – адказаў ён.

– На вайне?

Ён павагаўся i сказаў:

– Пасля вайны.

I расказаў, як гэта было. Пасля заканчэння вайны Калiберава прызначылi начальнiкам эшалона нашых воiнаў, вызваленых з нямецкiх лагераў. Iх везлi з Аўстрыi некуды ў Сiбiр таксама ў лагер, але ўжо ў наш, так званы фiльтрацыйны. Калi прыбылi на нашу тэрыторыю, Калiбераў, баючыся, што ваеннапалонныя могуць разбегчыся, загадаў пазамыкаць вагоны i нiкога не выпускаць. Ваеннапалонныя запратэставалi. Не сталi даваць замыкаць сябе на замок. Характар у Калiберава цвёрды, ён не адступiўся, загадаў некалькi самых актыўных ваеннапалонных, у тым лiку i маёра лётчыка, збiтага ў баi за дзесяць дзён да канца вайны, пасадзiць у карцэр, каб не падбухторвалi iншых. Можа б, i прыцiхлi ваеннапалонныя, каб Калiбераў не назваў iх здраднiкамi i баязлiўцамi. Той лётчык-маёр у прыпадку нянавiсцi скокнуў з дзвярэй вагона на Калiберава i кiнуў яго на рэйкi. Калiбераў ударыўся галавой аб бетонную шпалу i атрымаў цяжкае сатрасенне мозга.

– Са мной гэтыя здраднiкi, – заключыў свой расказ Калiбераў, – учынiлi тэрарыстычны акт.

Не вытрымаў пракурор, якi ў сорак першым трапiў сам у палон, уцёк з яго i ваяваў у партызанах.

– Чаму вы называеце ваеннапалонных здраднiкамi? – спытаў ён.

– А так iх таварыш Сталiн называў.

– Ну а цяпер якi ў вас стан здароўя? – працягваў я допыт. – Бываюць непрытомнасцi, галюцынацыi?

– Рэдка, але бываюць.

Чым я больш распытваў пра яго стан здароўя, тым ён больш скардзiўся на яго i прызнаваўся, што бываюць i галюцынацыi.

Я i ўхапiўся за гэта. Я рызыкнуў тады па сваёй нявопытнасцi здорава: я вынес вызначэнне аб правядзеннi судова-псiхiятрычнай экспертызы галоўнага сведкi Калiберава, адзначыўшы ў тым вызначэннi, што суд не можа пакласцi ў аснову прыгавору паказаннi сведкi, псiхiчны стан якога выклiкае сумненнi.

Для мяне наступiлi трывожныя днi, я баяўся, што вышэйшы суд адменiць маё вызначэнне i я атрымаю добры наганяй, а то i спагнанне.

Пратэсту, аднак, нi з вышэйшага суда, нi з пракуратуры не было, а Калiберава паслалi на псiхiятрычную экспертызу ў ваенны шпiталь, дзе ён праляжаў, а заадно i палячыўся ад iншых хвароб каля двух месяцаў.

Я, канечне, ведаў, што эксперты прызнаюць яго здаровым, вменяемым – парасейску кажучы, i Сямёнава ўсё адно засудзяць. Але ж, як гавораць, памры ты сёння, а я заўтра.

За гэты час многае змянiлася. Памёр генералiсiмус. Хоць яшчэ i не аб'явiлi пра яго крывавыя злачынствы, але людзi пасмялелi, думкi iх, паводзiны змянiлiся. Калiберава сапраўды прызналi здаровым, а справу Сямёнава круцiлi, вярцелi i, у рэшце рэшт, спынiлi самi асабiсты. Сямёнава вызвалiлi, i ён адразу ж папрасiў начальнiка гарнiзона рассялiць яго i Калiберава ў розныя дамы.

...Вось што мне ўспомнiлася ў гасцях, вось хто быў той самы цёзка пралетарскага пiсьменнiка.

– Калiбераў, – сказаў я, калi той падняў чарговы тост, – раскажыце вясёлую гiсторыю пра ката, якога ваш сусед назваў Генералiсiмусам. Няхай пасмяюцца.

Ён крута павярнуўся да мяне, нейкi час углядваўся, але па выразу твару яго я зразумеў, што мяне ён не пазнаў i не ўспомнiў, хто я, дзе сустракалiся.

Застольнiкi зацiкавiлiся гэтым катом Генералiсiмусам, пачалi прасiць расказаць пра яго i мяне, i Калiберава. Я вылез з-за стала, развiтаўся з усiмi паклонам i выйшаў.

– Няхай ён раскажа, – сказаў я з парога. – Даносы, вiдаць, ён i цяпер робiць.

СПАДАРОЖНIК

У канцы шасцiдзесятых я ехаў у цягнiку з Масквы да Мурманска на месца сваёй службы. Дарога – дальняя, сумная, за вокнамi вагона шэры асеннi дождж суправаджаў нас, пасажыраў, увесь час.

У купэ да самага канца ехаў яшчэ адзiн мужчына. Астатнiя пасажыры мянялiся. Мужчына быў старэйшы за мяне гадоў на шэсць, дужы, мажны, гаваркi, адрэкамендаваўся ён Пятром Максiмавiчам, iнжынерам-тэхнолагам на рыбным камбiнаце. Ён i аблегчыў сваiмi размовамi сум i нудзь нашай дарогi. Ён умеў расказваць. А гэта рэдкi дар, талент. Для адных, напрыклад, засол сялёдкi цiкавейшая тэма, слухаеш пра гэты засол i не наслухаешся. Другi ж чалавек, якi, скажам, перажыў атамную бамбардзiроўку цi ўратаваўся на моры пасля караблекрушэння, зусiм не зможа зацiкавiць слухача сваiм расказам. Усё залежыць ад таго, як чалавек валодае словам. Пётр Максiмавiч адносiўся да першых.

– Вось вы – юрыст, падпалкоўнiк юстыцыi, – гаварыў ён мне, – судзiце людзей. Цяпер, вядома, такi час, што ў вас ёсць магчымасць i свабода, ну, можа, не поўная, але ж ёсць, судзiць сумленна i справядлiва. Скажыце праўду, каго вы бачыче перш за ўсё ў надсудным – злачынцу цi ахвяру лёсу? Цi ўзнiкае ў вас да яго жаласць, спагада? Законы псiхiкi такiя, што чалавек на сваёй працы прывык да яе так, што не заўважае яе незвычайнасцi, асаблiвасцi. Ну, напрыклад, прафесiйны кат. Для яго забойства – прывядзенне ў выкананне прысуду – звычайная праца. У яго, ката, жаласцi да людзей, якiх ён павiнен забiць, няма, яна атрафiравалася на яго рабоце. Звычайны чалавек не можа не толькi забiць чалавека, жывёлу, а i прысутнiчаць пры гэтым забойстве. Ну а забойнiк на бойнi, што забiвае жывыя стварэннi? Вось я на радзiме сваёй, адкуль еду, бачыў такую карцiну. Зайшоў да родзiча на невялiкую раённую бойню. I што ж мяне там здзiвiла? Сядзiць маладая дзяўчына на забойным канвееры, леташняя выпускнiца дзесяцiгодкi, i малатком забiвае бараноў. Падвядуць да яе бляяку няшчаснага, яна малатком яго памiж рожак – гах! Забiвае i з суседам перагаворваецца, рагоча. Я спытаў у яе, чаму выбрала такую сабе работу. Сказала, бо не было iншай. А на пытанне, цi не шкада ёй гэтых баранчыкаў, прызналася, што было шкада напачатку, а пасля прывыкла, звычайная работа, за якую плоцяць... Скажыце, таварыш падпалкоўнiк, – звярнуўся ён да мяне, – а вам першыя асуджаныя не снiлiся?

– Снiлiся, хваляваўся за iх, – прызнаўся я. – Першых асуджаных i цяпер помню.

– Цяпер жа прывыклi да свайго занятку? Усё ж такi ў турму саджаеце, волю адбiраеце. Звыклiся?

Я пацiснуў плячыма. Як яму адказаць? Прафесiя юрыста незвычайная, адказная i жорсткая – караць вiнаватых. Але цi можна звыкнуцца, страцiць адчуванне спагады, жаласцi да таго, каго павiнен пакараць, можа, нават i смерцю? Цi можна быць абыякавым да лёсу чалавека, якi трапiў пад тваю ўладу? Я адказаў, як звычайна адказваюць на такiя пытаннi, што стараюся судзiць справядлiва, кiруючыся толькi законам i сваiм сумленнем.

– А ўсё ж ад чаго залежыць: адзiн суддзя, пракурор строгi, другi мяккi. Ад яго характару, выхавання, адукацыi?

– Ад усяго гэтага i залежыць. I яшчэ ад сумленнасцi. Не дай бог, каб у людзей гэтай прафесii былi кар'ерысцкiя, кан'юнктурныя схiльнасцi. На жаль, ёсць сярод нас i кар'ерысты, i проста абмежаваныя людзi. Iм бы за станком стаяць, на заводскiм канвееры, а яны крэсла суддзi, пракурора займаюць... Калi суддзя застаецца ў дарадчым пакоi, усё павiнна быць адкiнута, акрамя iмкнення вызначыць па справе iсцiну – вiнаваты падсудны цi не вiнаваты i якую кару ён павiнен атрымаць.

– Усё гэта правiльна, – сказаў неяк засмучана Пётр Максiмавiч i цяжка ўздыхнуў. – Вось такое б правасуддзе ды ва ўсе гады. I ў трыццатыя.

Я ўважлiва паглядзеў на яго i зразумеў, што ён – ахвяра тых трыццатых гадоў, i спытаў пра гэта. Ён прызнаўся i ўжо блiжэй да Мурманска, калi ў купэ засталiся ўдвух, ён i расказаў мне пра сябе вось такую драматычную гiсторыю.

У трыццаць шостым яго, райкомаўскага камсамольскага работнiка, адкамандзiравалi служыць у народны камiсарыят унутраных спраў. Нейкi час ён там вучыўся на курсах, пасля чаго быў прызначаны следчым. Малады, выхаваны ў непрымiрымай нянавiсцi да ворагаў савецкай улады, гатовы за яе аддаць жыццё па першаму клiчу, ён узяўся за службу з радасцю, верачы, што ўсе, хто сядзiць у тых следчых камерах, i ёсць ворагi, якiх трэба выкрываць i рашуча караць.

Першую справу яму далi на такога ж, як i ён, маладога былога камсамольскага работнiка. Прачытаў матэрыялы малады следчы Пётр i не паверыў прачытанаму. Падследнага Стасевiча, сакратара суседняга райкома камсамола, ён ведаў, сустракаўся з iм на розных камсамольскiх нарадах, пленумах, ведаў яго як актыўнага важака моладзi. I вось гэты Стасевiч абвiнавачваўся ў шпiянажы ў карысць Польшчы. У справе быў пратакол допыту аднаго падследнага, якi сцвярджаў, што Стасевiч разам з iм уваходзiў у шпiёнскую арганiзацыю.

– Нягоднiк! Мярзотнiк! – абураўся Пётр шпiёнам Стасевiчам. – Ды цябе ж, паганая душа, да сценкi трэба паставiць.

Пётр выклiкаў Стасевiча ў свой кабiнет. Думаў убачыць нахабнага непрымiрымага ворага, а перад iм з'явiўся схуднелы, змарнелы, злямчаны дахадзяга. З iм ужо месяц, як працавалi iншыя следчыя. Зайшоў Стасевiч, павiтаўся, рукi за спiнай трымаў. Пётр заўважыў, што стаяць яму было цяжка, i дазволiў сесцi на стул. Той сеў, як i трэба падследнаму, рукi паклаў на каленi. У Пятра былi загадзя падрыхтаваны пытаннi да Стасевiча, ён iх i задаў.

– Вы не прызнаяце сябе вiнаватым, а сведка паказвае, што вас завербаваў шпiёнам. Чым вы гэта растлумачыце?"

– Ён даў такiя паказаннi пасля катаванняў. Не вытрымаў.

– Якiх катаванняў? Што вы тут гародзiце?..

– А то вы не ведаеце, як атрымоўваюць тут такiя прызнаннi. I мяне катавалi. Двое сутак вось тут каля сцяны стаяў, пакуль не павалiўся, страцiўшы прытомнасць.

Пётр паверыў, што таго падследнага i Стасевiча бiлi, але ж верыў у яго вiнаватасць.

– Нi ў якую арганiзацыю я не ўваходзiў, нiчога варожага не ўчыняў, настойваў Стасевiч.

Пётр добрасумленна ўсё запiсаў у пратакол, што Стасевiч яму расказваў, запiсаў падрабязна.

– Саўдзельнiк ваш i кiраўнiк групы паказвае, што вы перадавалi шпiёнскiя звесткi ў Польшчу праз свайго дзядзьку. Гэта так?

– Глупства. Як я мог штосьцi перадаваць дзядзьку, калi я яго нiколi ў жыццi не бачыў, не знаёмы з iм. Мой дзядзька – матчын старэйшы брат – яшчэ вясковым хлопцам ажно ў трынаццатым годзе паехаў на заробкi ў Варшаву ды там i застаўся жыць. Пасля рэвалюцыi мы атрымалi ад яго толькi некалькi лiстоў. I што з iм цяпер, цi жывы ён, не ведаю.

Пётр усё гэта запiсаў.

– Я зраблю вочную стаўку з вашым саўдзельнiкам, – сказаў Пётр, – калi ён не пацвердзiць на вас свае паказаннi, то вы сапраўды невiнаваты.

Наiўны, нявопытны быў Пётр. Што ж, навiчок, зялёны яшчэ следчы. Верыў у справядлiвасць i правату сваёй службы.

Дапытвалi тады начамi. Недзе пад канец ночы да Пятра ў кабiнет зайшоў капiтан, ягоны начальнiк.

– Ну, – сказаў ён, убачыўшы пратакол допыту, – раскалоўся?

– Даў падрабязныя тлумачэннi, – адказаў Пётр.

Капiтан узяў пратакол i выйшаў з iм. Праз нейкi час зайшоў сяржант, сказаў, што Пятра выклiкае капiтан. Сяржант застаўся з падследным, а Пётр зайшоў да капiтана.

– Якiя ты тут казкi пазапiсваў? Нам прызнаннi яго патрэбны.

– Але ж Стасевiч не прызнаецца i даказвае, што не вiнаваты.

– Раз ён тут у нас, то павiнен прызнаць сваю вiну. У нас невiнаватыя не сядзяць. А гэты твой пратакол вось куды. – Капiтан парваў яго на шматкi i шпурнуў у кошык для смецця. – Справа на гэту шпiёнскую групу зацягваецца, яе трэба хутчэй скончыць. Даю табе два днi тэрмiну. Прымай любыя меры, а прызнанне вырвi. Я табе прышлю памочнiкаў.

Памочнiкi прыйшлi ў другую ноч – сам капiтан i сяржант.

– Устаць, – скамандаваў капiтан Стасевiчу.

Той устаў. Капiтан узяў стул, адсунуў яго ў кут i падступiў усутыч да Стасевiча.

– Ты колькi будзеш часу нам марочыць галаву? Чаму водзiш за нос следчага? Махровая твая варожая шкура, маць тваю... Прызнаешся?

– Я не вiнаваты. Мне няма ў чым прызнавацца.

– Значыць, не вiнаваты? – прасiпеў скрозь зубы капiтан, i разам з сяржантам адначасова ўдарылi Стасевiча.

Той упаў, яго бiлi нагамi, кулакамi. Стасевiч скурчыўся, прыкрываў твар i галаву рукамi, каленямi прыкрываў жывот, крычаў ад болю, стараўся падсунуцца да сцяны, каб абаранiць спiну.

Пётр глядзеў на гэту расправу з жахам у вачах i гатоў быў кiнуцца на абарону Стасевiча, не даць яго забiць зусiм.

– Чаго стаiш, iдзi памагай! – крыкнуў Пятру капiтан.

Пётр, аднак, не зрушыў з месца.

– Хопiць бiць, – сказаў ён, – я дапытаю яго яшчэ раз.

– Ну дапытай, – дазволiў капiтан. – Яшчэ суткi даю табе на яго.

Капiтан i сяржант выйшлi. Пётр схiлiўся над Стасевiчам, спытаў, як той сябе адчувае, цi не трэба выклiкаць лекара.

Падследны сеў, упёршыся спiнай у сцяну. Ён цяжка дыхаў i плакаў. Пётр выклiкаў лекара. Той прыйшоў, пастаяў каля падследнага, сказаў яму:

– Самi вiнаваты. Прызналiся б, i вас не бiлi б. – А Пятру растлумачыў, што цяжкiх пашкоджанняў не бачыць, медыцынскай дапамогi не патрабуецца, i выйшаў.

– Бiць умеюць, – адплёўваючыся крывёю, сказаў Стасевiч. – Анатомiю вывучылi. Раны застаюцца ўсярэдзiне.

Пётр адправiў Стасевiча ў камеру, змену сваю даседзеў за сталом у цяжкiм роздуме. Яму дадзена яшчэ адна ноч, каб выбiць з гэтага недабiтага чалавека патрэбныя следству прызнаннi. Прызнаннi ў тым, чаго не рабiў i не мог зрабiць.

У наступную змену ён прыйшоў з намерам заявiць свайму начальству, што бiць падследнага не будзе, бо гэта не дастойна савецкiх чэкiстаў. Дзяржынскi такому не вучыў. Капiтан выслухаў i сказаў:

– Дарую табе, што ты яшчэ зялёны навiчок. Але прывыкнеш i сам будзеш бiць, нiкуды не дзенешся. Такая наша работа i служба. Ты думаеш, я веру, што Стасевiч шпiён? Чорта з два. Нам трэба, каб ён iм быў... – Капiтан памаўчаў i сказаў: – Добра, раз ты яго ведаў да арышту, я перадам справу Стасевiча iншаму следчаму. Вопытнаму.

Ён так i зрабiў, а Пётр атрымаў справу на маладога паэта.

Пётр гэтага паэта ведаў па вершах, якiя часта друкавалiся ў маладзёжных выданнях. Некаторыя радкi з iх нават помнiў. Паэт абвiнавачваўся ў больш лёгкiм злачынстве, чым Стасевiч, – у антысавецкай агiтацыi. Ночы допытаў былi спакойныя i для Пятра, i для паэта. Паэту смерць не пагражала, як Стасевiчу, а самае большае – дзесяць гадоў няволi. Да якой-небудзь так званай контррэвалюцыйнай арганiзацыi паэта не далучалi.

– Я ведаю, – сказаў паэт Пятру, – што адсюль я не выйду чыстым. Адсюль нiхто i не выходзiць. Таму i не прымушайце мяне нагаворваць на сябе лiшняе. Лiчыце мяне нацдэмам, якi плакаў аб мiнуўшчыне Беларусi. Я ўсё гэта падпiшу.

Паэт i падпiсаў усе пратаколы. Пётр скончыў следства хутка i ўзяўся пiсаць абвiнаваўчае заключэнне, напiсаў, падаў на зацвярджэнне начальству. Начальства з заканчэннем следства на паэта не згадзiлася i справу яго павярнула iнакш паэта прыцягнулi да групы iншых лiтаратараў, якiх абвiнавачвалi ў шпiёнска-тэрарыстычных дзеяннях. А за гэта паэту ўжо пагражаў расстрэл. Пятру было загадана аднавiць следства i выбiць у паэта прызнанне ў злачыннай сувязi з той групай.

Пётр з гэтым не згадзiўся i падаў рапарт начальству вызвалiць яго ад пасады следчага, перавесцi на iншую работу. У рапарце напiсаў, што не можа выконваць тое, што яго прымушаюць рабiць. Нарком НКУС праславуты Берман выклiкаў Пятра да сябе, назваў яго дэзерцiрам, баязлiўцам, якi хоча ўцячы з адказнага пярэдняга краю барацьбы з ворагамi народа, i адмовiў у яго просьбе. Тады Пётр напiсаў рапарт i папрасiў увогуле звольнiць яго са службы.

Адказу чакаў некалькi дзён. На службу прыходзiў, але на допыт падследнага паэта не выклiкаў. Замест звальнення Пятра арыштавалi i пасадзiлi ў адну з тых жа падвальньных камер, дзёе сядзелi былыя яго падследныя.

Справу яго вырашылi хутка. Прыпiсалi шпiянаж, дыверсiю, i ваенны трыбунал прысудзiў яго да расстрэлу.

Далей прыводжу расказ самога Пятра Максiмавiча.

– Асудзiлi мяне i перавялi ў камеру-адзiночку. Я ўжо ведаў, што смяротныя прыгаворы прыводзяцца ў выкананне неадкладна. З суда мяне прывезлi ў турму апоўднi. Значыць, буду расстраляны ноччу. Што я думаў у тыя гадзiны, што адчуваў, расказваць не буду. Пра iх i нельга расказаць. Можаце самi ўявiць. Я не прысеў, не прылёг нi на хвiлiну. Я хадзiў да ночы па той маленькай камеры, нiбы хацеў навярстаць, падоўжыць свой шлях жыцця. Я баяўся, што калi лягу цi нават прысяду, то ўжо i не ўстану, сам памру. Я ўяўляў свой расстрэл, уяўляў, як падаю тварам у яму на некага ўжо мёртвага, як потым нехта мёртвы ўпадзе на мяне. Куча трупаў, якая потым стане кучай касцей... I калi-небудзь хтосьцi выпадкова наткнецца на тую кучу, цi даведаюцца, хто там, чые жыццi ў той яме знайшлi канец? Цi падумаюць, што там людзi, забiтыя без вiны, загубленыя страшным дзяржаўным канвеерам смерцi, якi ўчынiлi вар'яты, што стаялi на чале дзяржавы? Каб пакiнуць якi след пра сябе, я надрапаў на расчосцы сваё прозвiшча i iмя. Хоць нейкi сiгнал у будучае. Няхай даведаюцца, хто там ляжыць.

Уначы прыйшлi да мяне, звязалi назад рукi i ўвапхнулi ў машыну. А там ужо было набiта поўна, усе стаялi, не павярнуцца, цёмна, нiкога не бачыш, хто ён.

Чалавек, па сабе гэта мяркую, якога прыгаварылi да смерцi i ўжо вядуць забiваць, усё адно да самай апошняй секунды на нешта спадзяецца. Таму, мабыць, смяротнiкi i маўчаць, не крычаць, калi iх грузяць у машыну, вязуць, выводзяць да ямы, бо ўсё яшчэ не вераць сваёй смерцi. Гэтак жа было i са мной. I я не верыў.

У машыне стаялi шчыльна адзiн да аднаго – нi сесцi, нi ўпасцi. Прывезлi ў нейкi лес. Усiх расстралялi. А я вось, бачыце, жывы.

– Адпусцiлi? Спектакль устроiлi з вамi? Каб прымусiць служыць? – пачаў распытваць я.

– Каб жа так. Я ўцёк. Паверце, уцёк з-пад расстрэлу, калi ўжо сядзеў на краi ямы.

– Неверагодна, – засумняваўся я.

– А са мной вось што здарылася. Можа, ведаеце, што ёсць такiя гiбкiя людзi, якiх як бы нi звязвалi, развяжуцца. Такiя ў цырку выступаюць, паказваюць сваё ўмельства. Нейкая такая здольнасць была i ў мяне. Яшчэ калi ў камеры пачалi звязваць рукi, я iх трымаў у такiм напружаннi, каб не маглi сцягнуць вузел да канца. Усю дарогу ў машыне я варушыў рукамi, расцягваў вяроўку. Вяроўка не жалеза, яна ж расцягваецца. Нарэшце адчуў, што магу ўжо рукi вызвалiць. А калi гэта адчуў, то адразу ж узнiк намер паспрабаваць уцячы. Скарыстаць апошнi шанц на паратунак. Рызыка апраўданая. Усё адно смерць, дык цi вялiкая рознiца, калi прыстрэляць пры ўцёках.

Прывезлi, значыць, у лес. Адчынiлi дзверы, пачалi выводзiць з машыны. Ноч цёмная. Месца расстрэлу асвятляецца лiхтарамi "лятучая мыш". Два лiхтары вiселi над выкапанай ямай, былi лiхтары i ў некаторых ахоўнiкаў. Выйшаў я з машыны, падышоў да ямы, сеў на яе край. Мне спатрэбiлiся секунды, каб ацанiць, узважыць абстаноўку. За маёй спiнай стаяў ахоўнiк з лiхтаром i з наганам у руцэ. Я чакаў, ну няхай бы ён крыху адышоў убок. I мне пашанцавала. Нехта са смяротнiкаў не стаў выходзiць з машыны, i, каб вывалачы яго, туды на дапамогу кiнуўся той ахоўнiк, што стаяў за маёй спiнай. Я ўмомант вызвалiў рукi з вяроўкi, перакульнуўся назад цераз галаву i ў два скачкi апынуўся за машынай, дзе было цёмна. Мне ўслед стралялi, крычалi, нехта бег за мной, але ж – ноч, цемра i лес мяне схавалi.

I я ўцёк. У тую ноч пад ранiцу я дабраўся ў вёску да сястры, зайшоў у хату. Сястра ахнула.

– Божа, што з табой? Ты – стары.

Я зiрнуў у люстэрка на сцяне: валасы мае былi белыя як снег. Пасiвеў за дзень. У сястры я ўзяў грошы, свой пашпарт, якi я ў яе пакiнуў раней выпадкова, i махнуў куды вочы глядзяць.

А праз тры з паловай гады вайна пачалася. Быў фронт, вучоба ў ваенна-iнжынерным вучылiшчы. Шпiталь. Так вось i ўцалеў, дажыў да гэтага часу.

– Жылi са сваiм прозвiшчам? Няўжо вас не шукалi? – спытаў я.

– Выходзiць, не шукалi. Вiдаць, ахоўнiкi пабаялiся сказаць пра мае ўцёкi. Данеслi, што расстралялi ўсiх. Гэта пацвердзiлася пры маёй рэабiлiтацыi ў пяцьдзесят шостым годзе. У справе падшыта даведка: расстраляны пятага кастрычнiка, гэта значыць у дзень, калi я ўцёк.

Гiсторыя, як бачыце, неверагодная.

...Абодва мы нейкi час маўчалi, глядзелi ў акно вагона, якое раптам пасвятлела, бо пасвятлела неба i дожджык скончыўся. А ўжо перад самым Мурманскам убачылi, як на ачышчаным ад хмар вячэрнiм небе, нiба арка, успыхнула i працягнулася з усходу на захад паласа жаўтаватага святла. Яна трапяталася, зыбалася, выпрамляючыся або яшчэ больш згiнаючыся ў светла-жоўтую дугу. Край светлай паласы ўспыхваў чырванаватым ззяннем. Думалася, што вось-вось успыхне знакамiтае запалярнае ззянне. Праехалi далей, блiжэй да горада, ззянне не ўспыхнула, а, наадварот, аслабела, паблякла.

– Гэта Мурманск хацеў пасалютаваць нам, – сказаў Пётр Максiмавiч.

Пасля гэтай сустрэчы ў цягнiку мы з Пятром Максiмавiчам пасябравалi i, пакуль я служыў у Запаляр'i, сябравалi i сем'ямi.

Ды i цяпер не забываем адзiн аднаго, перапiсваемся, бачымся, праўда, рэдка, хоць i жыве Пётр Максiмавiч недалёка ад Менска.

СТРЭЛ У СУДЗЕ

Зайшоў да мяне ў кабiнет ваенны следчы маёр юстыцыi i спытаў, цi хачу я паглядзець на забойцу.

– А хто ён?

– Салдат.

Адносiны да забойцаў у мяне, як i ў кожнага нармальнага чалавека, даволi адназначныя – гэта самыя цяжкiя злачынцы, i з iмi трэба рабiць тое ж, што зрабiлi яны са сваiмi ахвярамi, – забiваць. Дзейнiчаць па прынцыпу талiёна: вока за вока, зуб за зуб, забiў – забiць самога. Так i было ў даўнiя часы, прымяняецца гэты прынцып i ў наш час у некаторых iсламскiх краiнах. I калi сёй-той з "гуманiстаў" выступае за адмену пакарання смерцю, няхай яны ўявяць або сябе ахвярамi забойцы, або сваiх самых блiзкiх. Я таксама стаю за адмену пакарання смерцю, але з iстотнай агаворкай – захаваць расстрэл забойцам. Толькi забойцам.

Вельмi цяжка зразумець, як псiхiчна здаровы чалавек можа забiць чалавека дзеля нейкай сваёй карысцi. Жах!

Сцвярджаюць, што кожны чалавек здольны ўчынiць супрацьпраўныя дзеяннi, толькi трэба, каб ён апынуўся ў пэўных умовах, якiя б спрыялi гэтаму дзеянню. Але забiць дадзена не кожнаму. Чалавек тоiць у сабе, можа быць, героя, а можа, злачынцу. Злачынцаў звычайна дзеляць на дзве катэгорыi – забойцаў i не забойцаў. Забойцы не абавязкова сядзяць у турме за забойствы, але гэтыя людзi здольны забiць. Перад iмi не iснуе псiхалагiчных бар'ераў, перашкод, якiя б маглi iх спынiць раней, чым яны паднясуць руку з нажом да грудзей ахвяры цi прыцэляцца з пiсталета ў патылiцу. А вось другая, большая частка злачынцаў, хоць яны i не вылазяць з турмаў, забiць не могуць, пазбягаюць "мокрых" спраў.

Маючы такiя непрымiрымыя адносiны да забойцаў, будучы суддзёй, я стараўся ўхiляцца ад разглядаў iх спраў. Мяне цяжка ўражвалi такiя разгляды. I таму, калi следчы запрасiў мяне зайсцi да яго ў кабiнет, дзе сядзеў падследны забойца, я адмовiўся. Але, даведаўшыся, хто ён такi i каго забiў, зайшоў.

Падследны – салдат унутраных войск – сядзеў на стуле ў поўнай вайсковай форме, бялявы, з вострым дзiцячым падбародкам. Белыя, як ватныя, броўкi амаль злiвалiся з белай скурай.

Служыў ён у канвойным падраздзяленнi першы год. Служба канвойных вядомая: дастаўляць падследных у пракуратуру, падсудных – у суд, этапiраваць з турмы ў калонiю. Гэты салдат, назавем яго Волкавым, i займаўся такой службай. Бачыў ён на судах розных злачынцаў, слухаў iх расказы пра ўчыненае i ўсё больш i больш, як потым прызнаваўся, здзiўляўся, адкуль яны, такiя нелюдзi, бяруцца.

Пра забойства, учыненае Волкавым, якое i расследавалася цяпер, мне коратка расказаў следчы перад заходам у яго кабiнет. Сутнасць справы такая. Волкаў у складзе канвою ахоўваў у судзе аднаго падсуднага. У час судовага следства нечакана для ўсiх Волкаў выхапiў з кабуры пiсталет i стрэлiў у падсуднага, якi сядзеў у загародцы цiха i смiрна. Начальнiк канвою з другiм канвойным адразу ж схапiлi Волкава i абяззброiлi.

I вось Волкаў у кабiнеце следчага.

– Ну што, – спытаў я Волкава, – як сябе адчуваеш?

Волкаў зiрнуў на мяне абыякава i нават неяк няўцямна, адказаў коратка:

– Адчуваю вось.

Я спытаў, адкуль ён родам, дзе працаваў да службы, ён адказаў, што нiдзе не працаваў, а вучыўся ў школе. Пра сутнасць справы я нiчога не спытаў i выйшаў.

У абедзенны перапынак я пацiкавiўся ў следчага, цi дойдзе справа да суда.

– Думаю, не дойдзе, я буду супраць, каб яго судзiлi.

Можа паказацца незразумелым: Волкаў застрэлiў чалавека, i яго, забойцу, трэба вызвалiць, быццам бы нiякай логiкi.

Што ж, паспрабуем узнавiць тую падзею, якая адбылася два днi назад у абласным судзе.

Дык вось, быў суд, i радавы Волкаў у зале суда ахоўваў падсуднага. Падсудны, яшчэ малады чалавек, яму i трыццацi не было, нiкчэмны апушчанiк, п'янiца, да арышту жыў удваiх з малой сястрой. Мацi iх памерла, бацька сям'ю пакiнуў даўно, i брат, як старэйшы, быў для сястры за бацьку.

Сястрычцы споўнiлася толькi дзевяць гадоў. Я яе бачыў у следчага худзенькая, забiтая i замучаная братам. Пенсiю, што належала ёй за мацi, брат прапiваў, i таму яна хадзiла часта галодная i ў абносках. Але гэта была яшчэ не ўся яе бяда. Брат яе гвалцiў, жорстка i дзiка. Гвалцiў кожны дзень, прымушаў малую рабiць яму тое, на што i не кожная дарослая жанчына згодзiцца. Бедная дзяўчынка цярпела, пакутавала i маўчала, нiкому не скардзiлася, бо брат прыгразiў зарэзаць, калi яна каму раскажа пра гэта.

Паказаннi падсуднага ў судзе былi кароткiя, без падрабязнасцей, адказваў толькi на пытаннi – так цi не так. Так, бiў яе, адымаў пенсiю, бо пiць трэба было. Так, гвалцiў, але калi быў п'яны. Так, малая хварэла, скардзiлася на болi ў жываце. Аднойчы па п'янцы стукнуў яе аб сцяну, i дзяўчынка страцiла прытомнасць.

I вось стала расказваць пра гэта сястрычка. Малая, а ўжо сутулая, з тонкiмi ножкамi, бледная, яна старалася i яшчэ больш сутулiцца, нiбы хацела зусiм стаць нечым малым, незаўважным. Вось так яна, вiдаць, скурчвалася кожны раз, калi брат прыходзiў дамоў.

– Ён i душыў мяне, – сказала яна.

– Як душыў, за што? – спытаў суддзя.

Дзяўчынка, гледзячы долу, памаўчала, а потым сказала, што яна пра гэта следчаму расказала i той усё запiсаў. Яна саромелася.

– А вы i суду раскажыце.

– Ну ён стаў мне... у рот пiхаць... А я адварочвалася, тады ён схапiў мяне за горла i душыць пачаў. I задушыў, бо я нiчога ўжо не помнiла.

Цiха было ў судзе, вельмi цiха. Суддзi, пракурор, адвакат, настаўнiца дзяўчынкi, канвойныя слухалi гэты аповяд малой з тварамi акамянелымi.

Слухаў, усё чуў i Волкаў.

На Волкава нiхто ўвагi не звяртаў. А ён стаяў збялелы, з заплюшчанымi вачамi. Ён у гэты момант успомнiў сваю, у такiм жа ўзросце, сястрычку i з такiм жа iмем, такую ж бялявую. Уяўлялася сястрычка, а ў судзе чулася:

– Ага, ён падняў мяне з ложка i аб сцяну ўдарыў. Я забылася. I ў мяне ў галаве доўга балела.

I Волкаву здаўся гэты слабы галасок голасам сястрычкi, i яму здавалася, што гэта яе б'юць аб сцяну. Рэальнасць i ўяўленне змяшалiся, i дзе родная сястрычка, дзе гэтая няшчасная дзяўчынка – на момант злучылася ў адно.

– Прасiла, малiла, не бi мяне, не муч, мне балiць. А ён мяне – па галаве, па галаве... – гучаў слабы галасок ужо нiбы яго, Волкава, сястрычкi.

У Волкава закружылася галава, i ён ухапiўся за загародку, за якой сядзеў падсудны, заплюшчыў вочы. Падсудны зiрнуў на яго i чамусьцi ўхмыльнуўся. Гэта ўхмылка i вырашыла яго лёс. Волкаў дрыжачай рукой расшпiлiў кабуру, выхапiў пiсталет i стрэлiў у тую ўхмылку. Апомнiўся ён, калi абяззброены сядзеў у камеры для падсудных, куды яго пасадзiў начальнiк канвою.

Суду засталося толькi вынесцi вызначэнне аб спыненнi справы ў сувязi са смерцю падсуднага.

Калi следства ў адносiнах Волкава было скончана, я спытаў у следчага:

– А як Волкаў характарызуецца начальствам, саслужыўцамi?

– Лялькi купляў.

– Не разумею, для чаго?

– Кожны раз, калi быў у гарадскiм звальненнi, купляў якую-небудзь ляльку i пасылаў дамоў сястрычцы. I яшчэ птушак кармiў: насыпаў на падаконнiк казармы крошкi хлеба сiнiцам.

– Усё, – сказаў я, – больш мне нiчога i не трэба ведаць пра чалавека.

Волкава не судзiлi, прызналi, што ўчынiў забойства ў стане афекту. Ну таксама ўлiчылi i асобу забiтага. Галоўны ваенны пракурор гэта вырашэнне ўхвалiў.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю