355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Василий Хомченко » Крэсла з гербам i розныя крымiнальныя гiсторыi (на белорусском языке) » Текст книги (страница 7)
Крэсла з гербам i розныя крымiнальныя гiсторыi (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 26 сентября 2016, 17:17

Текст книги "Крэсла з гербам i розныя крымiнальныя гiсторыi (на белорусском языке)"


Автор книги: Василий Хомченко



сообщить о нарушении

Текущая страница: 7 (всего у книги 8 страниц)

"Падсудны, будучы мабiлiзаваны ў Чырвоную Армiю, добраахвотна здаўся ў палон контррэвалюцыйнаму войску Калчака, атрымаў пасаду начальнiка штаба войск i ваяваў супраць Савецкай улады... Знаходзячыся потым у эмiграцыi, выступаў з антысавецкiмi паклёпнiцкiмi артыкуламi i мемуарамi..."

Ён прачытаў тое абвiнаваўчае заключэнне i сказаў:

– Ну а пры чым тут мае мемуары i артыкулы? Я ж у iх не заклiкаў звергнуць савецкую ўладу. Я ўспамiнаў толькi тое, што адбывалася.

Нiчога я яму не адказаў, пацiснуў плячамi. Юрыстам я яшчэ не быў, а толькi падаў рапарт на вучобу ў Ваенна-юрыдычную акадэмiю, i ў трыбунал мяне ўзялi з армейскага рэзерву працаваць часова.

– Ну а вы ж... нападалi, – нарэшце знайшоў я слова больш-менш мяккае, – на нашу армiю, парадкi.

– А цi ж каму забаронена мець сваю думку на розныя падзеi i парадкi? спытаў ён.

Яго, як чалавека ваеннага, цiкавiла ў эмiграцыi i наша армiя. У сваiх артыкулах у эмiгранцкiх выданнях ён прафесiйна ацэньваў здольнасцi вышэйшага камандавання Чырвонай Армii. Вось дадзеныя iм у трыццаць восьмым характарыстыкi некаторых нашых вядомых военачальнiкаў. Я выпiсаў iх i доўга потым захоўваў запiсы.

"Варашылаў – не палкаводзец, не ваенны мыслiцель, не стратэг, чалавек увогуле абмежаваны. У будучай вайне не здольны камандаваць усiмi ўзброенымi сiламi... Ды i вайсковым злучэннем не зможа ўпраўляць..."

"Будзённы – яшчэ менш здольны на нейкую значную ролю ў вайне... Шашкамi ў будучай вайне ваяваць не будуць... А ён лiчыць i цяпер кавалерыю галоўнай баявой сiлай у вайне сучаснай..."

Падобныя характарыстыкi iм дадзены i маршалам Цiмашэнку, Блюхеру, Кулiку.

Сапраўды, як у ваду глядзеў генерал Рускi-Кавалеўскi: у Айчынную вайну кожны з тых военачальнiкаў цярпеў толькi ганебныя паражэннi, i ўсе яны былi адхiлены ад камандавання ваеннымi аперацыямi. Толькi чамусьцi пра лёс Блюхера генерал памылiўся – не давялося яму ўдзельнiчаць на вайне, Сталiн яго расстраляў.

У артыкулах пра Чырвоную Армiю ў Рускага-Кавалеўскага адчувалася ўстрывожанасць за слабасць камандавання, устрывожанасць за лёс Расеi, бо над Эўропай згушчалiся хмары новай сусветнай вайны. Многiя расейскiя эмiгранты тады разумелi, што Гiтлер абавязкова нападзе на нашу краiну, i непакоiлiся, цi зможа яна даць яму адпор.

Што ж, любоў да Расеi ў расейцаў засталася генетычная. Пра гэту любоў сведчыць той факт, што пераважная большасць расейскай эмiграцыi, калi ў сорак першым пачалася вайна, жадалi сваёй Радзiме перамогi i рабiлi многае, каб ёй памагчы. Шмат нашых суайчыннiкаў-эмiгрантаў змагалiся з фашыстамi ў партызанскiх атрадах, падполлi. Генерал Дзянiкiн звярнуўся з заклiкам да расейскай эмiграцыi не iсцi на службу да фашыстаў, а памагаць Айчыне.

Патрыётам Расеi паказаў сябе i генерал Рускi-Кавалеўскi. Нянавiсць да германскага мiлiтарызму ў яго засталася яшчэ з той вайны. Ён ведаў, што i ў тую вайну i ў гэту ў Германii адна мэта – захоп расейскiх земляў. А Германiя Гiтлера ўвогуле мела задачу знiшчыць Расею, расейскi народ, яго мову, культуру. Дык якi ж расеец можа жадаць бяды Расеi?

Генерал Рускi-Кавалеўскi сам ужо не мог па стану здароўя ваяваць супраць фашыстаў са зброяй у руках. Ён паслаў у бой сваiх двух сыноў. Яны ваявалi ў армii Цiта, сталi афiцэрамi, заслужылi ўзнагароды.

Сыны i iх бацька чакалi прыходу нашай армii з радасцю.

I вось мы прыйшлi i не абнялiся з суайчыннiкамi, не падалi iм руку дружбы, не сталi дараваць узаемныя грахi, а пачалi вышукваць у кожнага эмiгранта, што i калi той рабiў варожае супраць рэвалюцыi. У многiх знаходзiлi, прыпамiналi ўсё, кожную дробязь, незалежна ад таго, як яны паводзiлi сябе ў гэту вайну. I пайшлi этапы нашых суайчыннiкаў-эмiгрантаў у Сiбiр, на Калыму папаўняць i так перапоўненыя лагеры. Армейскiя аддзелы "Смерш" правялi татальную работу ў гэтым напрамку.

Нам, салдатам i афiцэрам, было строга загадана не ўступаць нi ў якiя кантакты з расейскiмi эмiгрантамi, нiякiх сустрэч з iмi, нават размоў. I з якой пiльнасцю сачылi за намi асабiсты-смяршысты, каб не дай бог хто з нас зайшоў дамоў да расейца цi да сябе запрасiў, не кажучы ўжо, каб ажанiўся з якой расейкай.

А яны, расейцы, да нас гарнулiся, шукалi землякоў, распытвалi пра свае родныя мясцiны, дзе некалi нарадзiлiся i адкуль iх выгнаў чырвоны тэрор.

У сувязi з гэтым прывяду выпадак, якi адбыўся ў Канстанцы.

Да рэвалюцыi карысталiся вялiкiм поспехам у Расеi два спевакi – Вярцiнскi i Лешчанка. Абодва яны ў свой час пакiнулi Радзiму. Вярцiнскаму дазволiлi вярнуцца ў Расею, а Пётр Лешчанка заставаўся жыць у Румынii. У вайну яго, як падданага гэтай краiны, хацелi ўзяць у румынскую армiю i адправiць на фронт. Каб ухiлiцца ад мабiлiзацыi, ён сiмуляваў хваробу, лёг у бальнiцу, падкупiў лекараў, i яны зрабiлi яму аперацыю, хоць яе i не трэба было рабiць.

I вось у сорак шостым годзе Пётр Лешчанка вырашыў даць канцэрт у Канстанцы, дзе тады было шмат нашых ваеннаслужачых i iх сем'яў. Былi расклеены афiшы, i многiя, канечне, збiралiся пабываць на канцэрце.

Ох якую дзейнасць праявiлi нашы палiторганы i асабiсты, каб не дапусцiць наведванне гэтага канцэрта не толькi ваеннаслужачымi, а i iх жонкамi, дзецьмi. У штабах i часцях афiцэраў строга папярэдзiлi не хадзiць на канцэрт эмiгранта Лешчанкi, бо гэта можа мець кепскiя вынiкi для тых, хто не паслухаецца. Вакол канцэртнага дома ў той дзень былi расстаўлены пераадзетыя асабiсты. Iх салдафонскiя тупыя твары i постацi былi прыкметныя яшчэ здалёк, i задача кожнага ваеннаслужачага, хто хацеў трапiць на сустрэчу з Лешчанкам, – здолець падмануць фiлёраў.

Я тых фiлёраў падмануў. Пераадзеўшыся ў цывiльнае, пайшоў смела, незалежна, як бы не звяртаючы ўвагi на асабiстаў. Адзiн фiлёр мяне западозрыў. "Куды iдзеш?" – спытаў ён. Перамешваючы польскiя, беларускiя i проста на хаду прыдуманыя словы, я сказаў яму, што я не радзецкi, а словак з Брацiславы. "Пан ведае Брацiславу?" – спытаў я ў яго. Фiлёр паверыў, адступiўся ад мяне.

На канцэрт усё ж сабралася народу поўна. Сярод гледачоў я пазнаў многа знаёмых, у тым лiку i двух афiцэраў з ваеннага трыбунала, канечне, пераадзетых.

Канцэрт мне вельмi спадабаўся, усхваляваў, уразiў. Спявак, што называецца, спяваў не толькi голасам, але i сэрцам, душой. У кожнай песнi крычала туга па Радзiме, маладосцi, жыла мара зноў апынуцца там. А калi спяваў "Жураўлi" з яе радкамi: "Там улыбки друзей, там меня понимают, там Россия моя, там родимый мой край", – то гэта быў не спеў, а плач, якi разрываў сэрца.

Многiя песнi былi вядомыя – "Не уходи", "Ох эти черные глаза", "У самовара я и моя Маша" i iншыя. I, канечне ж, яго знакамiты "Чубчик".

Чубчик, чубчик, кучерявый чубчик,

Развевайся, чубчик, на ветру.

Раньше, чубчик, я тебя любила,

И теперь забыть я не могу.

У зале мiжволi многiя, i я ў тым лiку, падхапiлi гэтую песню. Калi ж Лешчанка дайшоў да слоў: "Но я Сибири, Сибири не боюся, Сибирь ведь тоже русская земля", я, успомнiўшы свае сiбiрскiя чатыры гады лагерных пакут, сумна падумаў: "Эх, дарагi Пётр Лешчанка, ты проста не ведаеш, якая цяпер тая сiбiрская зямля – яна ўся калючым дротам аплецена".

На тым жа канцэрце разам з Лешчанкам выступала i цудоўная спявачка Ала Баянава, тады нам зусiм не вядомая. Цяпер жа яна пачала прыязджаць да нас, яе паказваюць па тэлебачаннi. На сваiх канцэртах Баянава заўсёды расказвае пра Лешчанку, успамiнае, як ён шмат зрабiў у эмiграцыi для аб'яднання расейскiх спевакоў, музыкантаў, балерын, акцёраў i многiх з iх проста выцягнуў з жабрацкага стану. Пасля вайны, як сведчыць Ала Баянава, Лешчанка працягнуў руку Радзiме, але ў адказ яна яму сваю не падала. Больш таго, нашы "органы" расправiлiся з iм. Яны, праўда, не самi яго загубiлi, зрабiлi гэта рукамi румынскiх улад. У турме Лешчанка i памёр.

Вось так тады Радзiма, якой уладарыў тыран Сталiн i яго апрычнiкi, адносiлася да сваiх суайчыннiкаў.

Прашу чытача прабачыць за гэта адступленне.

Дык вось, я ўручыў абвiнаваўчае заключэнне Рускаму-Кавалеўскаму, пагаварыў з iм, i можна было iсцi, але хацелася яшчэ паслухаць яго, а яму не хацелася вяртацца ў сваю камеру, i ён рад быў суразмоўцу. Таму мы працягвалi сядзець i размаўляць.

Я яму сказаў тады, што не трапiў бы ён у палон да Калчака, а застаўся б служыць у Чырвонай Армii, то мог бы даслужыцца да маршала. Генерал пакруцiў галавой i сказаў з едкай iронiяй:

– Можа, i стаў бы маршалам, але ў трыццаць сёмым годзе мяне б не было. Падзялiў бы лёс тых сарака тысяч расстраляных ваеннаслужачых. – Ён развёў рукамi i ўскрыкнуў: – Скажыце, як гэта вы маглi дапусцiць, што перад самай вайной загубiлi столькi сваiх военачальнiкаў?

Ён спытаў у мяне так рашуча, нiбы я i быў тым, хто даў загад знiшчыць увесь цвет нашай армii.

Перад iм я, канечне, выглядаў даволi наiўным чалавекам, якi i долi праўды пра рэвалюцыю, грамадзянскую вайну не ведае. Ды i адкуль можна было тады ведаць тую праўду?

Пры развiтаннi ён раптам спытаў у мяне:

– Скажыце, мяне расстраляюць?

– Што вы! – шчыра вырвалася ў мяне. Я нiяк не мог уявiць, што яго, такога старога, слабага чалавека могуць расстраляць.

– Сыноў шкада, унукаў, – уздыхнуў ён.

Вяртаўся я ў трыбунал з цяжарам на душы: а што калi i сапраўды яго расстраляюць? Бесчалавечна помсцiць праз столькi гадоў за грамадзянскую вайну, тым больш што чалавек ужо iншы, вiну скупiў сваiмi сынамi. Я паверыў яму, што калi-небудзь усё ж новымi вачамi паглядзяць на ўрокi мiжусобiцы расейскай, вайны, на самазнiшчэнне нацыi, на яе высокую цану. Дзесяткi мiльёнаў чалавечых жыццяў, самых працаздольных, неабходных грамадству, забрала рэвалюцыя i грамадзянская вайна. Цi адпавядала цана, якую заплацiў народ, заваёвам рэвалюцыi i таму, што мы маем цяпер?

Днi праз чатыры пасля маёй гаворкi з генералам яго судзiлi. Суд быў кароткi, без сведак, без удзелу пракурора i адваката. Старшынстваваў палкоўнiк юстыцыi Дорман, ацяжэлы, з хваравiтым азызлым тварам немалады ўжо чалавек. Быў ён у судзе строгi i катэгарычны, дабiваўся ў падсуднага адказаў на свае пытаннi толькi кароткiх – "так" цi "не", без нейкiх там апраўдальных тлумачэнняў, якiя генерал стараўся даць. Дорман адчуваў сябе на судзе, я б сказаў, узвышана-ганарова: як жа, судзiць ажно калчакоўскага генерала, i яму, Дорману, выпаў ганаровы абавязак паставiць адну з апошнiх кропак у грамадзянскай вайне. Якi павiнен быць прыгавор, ён ужо даўно ведае, можа, ужо i напiсаў – прыгаворы часта i зараней пiшуцца, каб потым доўга не сядзець у дарадчым пакоi. Няма сумнення, што Дорману i падказалi, якое трэба прыняць рашэнне, падказалi тыя, хто стварыў гэту справу.

У нейкай меры Дормана можна i апраўдаць. У сталiнскi час суддзi пры вырашэннi так званых палiтычных спраў былi самi бяспраўныя. Аўтаматы той сiстэмы i ўлады, i якая тады магла быць незалежнасць суддзяў? Не было нiводнага выпадку, каб нейкi трыбунал некага апраўдаў па палiтычнай справе (без цяжкiх вынiкаў для сябе) або вызначыў меру пакарання па самай нiжэйшай санкцыi. Такога суддзю або выгналi б са службы, або самога пасадзiлi. Таму i старалiся, як правiла, вызначаць меру пакарання большую. Iснавала сярод суддзяў прымаўка: больш дасi падсуднаму, менш табе самому дастанецца.

Вось i палкоўнiк Дорман быў гэткiм паслухмяным выканаўцам, верным служкам дыктатарскай сiстэмы. Правёўшы судовае следства не для таго, каб выяснiць iсцiну, а каб паўтарыць тое, што ставiлася падсуднаму ў вiну, Дорман заключыў:

– I так, вы здраднiк рэвалюцыi, Радзiмы, у эмiграцыi праводзiлi антысавецкую дзейнасць.

– Радзiме я нiколi не здраджваў, я заставаўся ёй верным i застаюся да канца жыцця.

У апошнiм слове Рускi-Кавалеўскi папрасiў улiчыць, што ў час гэтай вайны ён памагаў партызанам, яго два сыны ваявалi супраць фашызму.

Генерал спадзяваўся, канечне, што жыццё яму захаваюць. Але прыгавор быў катэгарычна суровы: расстрэл.

Я прысутнiчаў пры апавяшчэннi прыгавору i назiраў за рэакцыяй генерала. Ён збялеў, усе мышцы на твары сцялiся. Нават не зварухнулiся, калi Дорман спытаў у яго, цi зразумелы яму прыгавор.

Суд выйшаў з адчуваннем добра выкананага абавязку, а генерал сеў i заплакаў.

Ах, як ён плакаў, горка i цiха, i плакаў не ад таго, што шкадаваў жыццё сваё i баяўся смерцi, а ад крыўды. Ён, стары расейскi воiн, прастрэлены i пасечаны асколкамi за Русь i за расейцаў, павiнен быць забiты расейцамi ж.

– Дзецi мае, унукi мае! – часам вырывалася ў яго.

Як ён плакаў!

СЯБРОЎСКАЯ РАЗМОВА НА ЛЁТНЫМ ПОЛI

Iх было чатыры салдаты з аэрадромнай абслугi. Палёты ў той дзень па нейкай прычыне не пачыналiся, але i не адмянялiся зусiм, таму салдаты i сядзелi на ўскраi лётнага поля i трапалi языкамi. Нейкай пэўнай тэмы спачатку не было, гаварылi абы пра што. З усiх тых чатырох салдат я запомнiў прозвiшчы толькi двух – Тарабана i Ахметшына. Ахметшын i расказваў, што ў дзяцiнстве ён марыў стаць лётчыкам, а цяпер, пабачыўшы, што такое авiяцыя, нiколi б iм не стаў.

– Але ж вунь колькi лётчыкаў праславiлася, герояў колькi, – не згадзiлiся з iм.

– А згарэла колькi, загiнула?

– Калi ўжо быць лётчыкам, то такiм знакамiтым, як Чкалаў, Пакрышкiн, Кажадуб, – сказаў салдат, якога я назаву Майсеевым, бо сапраўднае прозвiшча яго цяпер не помню.

– Усе тройчы героямi быць не могуць, – запярэчыў Тарабан.

– А добра быць славутым, – заўсмiхаўся Майсееў, нiбы ён ужо i стаў iм. Слава – штука карысная. Вось уявiм, што я тройчы герой. Любая дзеўка на мяне кiнулася б, абы я захацеў яе. Кватэру мне далi б шыкоўную i ў першую чаргу. У рэстарацыю зайшоў, а табе насустрач бягуць: што жадаеце, што падаць, якую суседку падсадзiць за стол? Нават i без грошай быў бы заўсёды "пад мухай". Любы палiчыў бы за гонар паставiць мне сто грамаў.

Вось такая размова пра славу i пачалася Майсеевым.

– А я б, будучы Героем Савецкага Саюза, паступiў бы ў iнстытут, i мяне б прынялi без экзаменаў, – сказаў Ахметшын.

З усiх чатырох самы гаваркi быў Майсееў. Ён заўсёды першы i пачынаў гаворку i ўцягваў у яе iншых. I на гэты раз ён загаварыў пра славу. У яго не было i, здавалася, не магло быць нiякай тайны, ён адразу стараўся ад яе пазбавiцца, нiбы яна мучыла, скраблася на волю. Такiя, як Майсееў, ёсць усюды. Але нават самыя балбатлiвыя стараюцца хаваць – так кажуць у народзе – тры тайны: недахоп розуму, лiшак грошай i камень за пазухай. А Майсееў, калi б валодаў усiм гэтым, не здолеў бы схаваць.

– А ведаеце, – сказаў Ахметшын, – чым можна праславiцца?

– Чым?

– Зрабiць тое, што зрабiў мiльянер Ротшыльд.

– Так разбагацець?

Ахметшын пакруцiў галавой.

– Ротшыльд сабраў вялiкую калекцыю розных блох, звыш шасцiдзесяцi тысяч. Разабраў iх, класiфiкаваў i падарыў музею гiсторыi прыроды. I стаў знакамiтым сваiмi блохамi.

– Ого, – зарагатаў Майсееў, – злавiць столькi блох. I як i дзе iх лавiць? У казарме няма, на аэрадроме няма таксама.

Вось так яны трапалiся, а калi надакучыла трапатня, падрамалi – часу вольнага хапала. Майсееў дастаў з кiшэнi нож-складанчык i пачаў убiваць яго ў зямлю лязом. Уваб'е – дастане, зноў уваб'е. А потым вярнуўся да размовы пра славу.

– У вайну героем i знакамiтым стаць лёгка, а вось што можна зрабiць у мiрны час, каб праславiцца на ўвесь свет? – спытаў Майсееў.

– Што? – сказаў Ахметшын. – Зарэж вунь Тарабана i праславiшся.

Пасмяялiся.

– За Тарабана дадуць дзесяць гадоў, i ўся слава, – махнуў рукой Майсееў. Вось каб забiць нейкага вялiкага начальнiка, тады б усе газеты пра гэта напiсалi. Ну, напрыклад, Чэрчыля або Сталiна. Увесь свет бы крычаў – забiў салдат Майсееў!

Усе суразмоўцы зрабiлi выгляд, што не пачулi сказанае пра Сталiна, i адразу ж моўчкi ўлеглiся паспаць. Майсееў па прастаце сваёй не заўважыў гэтай раптоўнай маўклiвасцi i зменлiвасцi паводзiн сяброў i працягваў размову:

– Сталiна, канечне, нiхто не заб'е, да яго нiкога блiзка не падпусцяць. А вось, кажуць, Чэрчыль па вулiцы ходзiць без аховы.

У той дзень палёты так i не адбылiся, i салдат з аэрадромнай абслугi адпусцiлi ў казарму.

Майсееў адразу ж i забыў пра тую сваю гаворку пра славу, здавалася, забылiся i тыя трое прысутных, што чулi яе. Але праз некалькi дзён Майсеева арыштавалi. Значыць, нехта з iх данёс у асобы аддзел, што сказаў Майсееў пра Сталiна. Асабiсты справу скончылi хутка. Майсееў не адпiраўся, ён лiчыў сказанае проста пустой балбатнёй, нiчога супраць Сталiна ён не мае, а забiць яго не было нават i ў думках.

Справа на Майсеева паступiла ў ваенны трыбунал. Майсееў абвiнавачваўся ў правядзеннi антысавецкай агiтацыi, i пагражала яму пазбаўленне волi да дзесяцi гадоў.

Я быў сакратаром у судзе. Судзiлi яго закрытым пасяджэннем. Суд iшоў спакойна, цiха. Майсееў расказаў усё як было, ахвотна адказаў на ўсе пытаннi, i я не заўважыў у iм нiякай трывогi цi страху за сябе. Вясковы хлопец, старэйшы сын у вялiкай сям'i, – у мацi-ўдавы яшчэ чацвёра дзяцей, – з даверлiвымi вачамi, ён зусiм не думаў, што за тыя сказаныя словы пра Сталiна яго строга пакараюць. Ну, можа, месяцаў шэсць дадуць, не больш. У армii ён служыў першы год, твар яго яшчэ не ведаў брытвы – на iм, як у падлетка, залацiўся пушок.

Сведкi для дачы паказанняў заходзiлi ў зал з паслухмянай салдацкай гатоўнасцю зрабiць усё, што ад iх патрабуюць. Нiхто з iх нi разу не зiрнуў на падсуднага, не адклiкнуўся на яго позiрк. А Майсееў не зводзiў з кожнага вачэй, чакаў з прыгатаванай усмешкай на вуснах прывiтання, а сябры не вiталiся.

Я стараўся ўгадаць, хто ж з тых трох сведак прадаў Майсеева, пабег з даносам у асобы аддзел, накляпаў на таварыша. Так i не ўгадаў, бо ўсе паводзiлi сябе аднолькава, нiхто не выдаў сябе хоць якой дробяззю.

Майсеева было шкада, а яго спакой, поўная даверлiвасць суду яшчэ больш выклiкалi спагаду i сiмпатыю. Спачувалi яму i суддзi, i пракурор, i асаблiва жанчына-адвакат.

У перапынку судовага пасяджэння маёр, якi старшынстваваў у судзе, сказаў:

– I трэба ж было яму, дурню, Сталiна ўпамянуць. Ну гаварыў бы пра Чэрчыля, Трумэна, японскага iмператара. Дык не, Сталiна ўспомнiў.

Па так званых палiтычных справах у той час у суддзяў не было выбару нi пры вызначэннi меры пакарання, нi ў квалiфiкацыi дзеянняў падсуднага. Па любых iншых справах, нават аб забойствах, суды мелi большую свабоду – маглi апраўдаць падсуднага, вызвалiць з-пад варты адразу ж у зале суда. А па палiтычным абвiнавачваннi нават пры апраўдальным прыгаворы, якiх, дарэчы, амаль не было, суды такога права – вызваляць з-пад варты – не мелi. Апраўданага вялi назад у турму, дзе лёс яго вырашалi тыя ж следчыя бяспекi.

У той час за такое злачынства, напрыклад, як забойства, закон прадугледжваў да дзесяцi гадоў, гэтак жа як i за антысавецкую агiтацыю – за нейкi расказаны анекдот, частушку прапетую. Калi ў выбары меры пакарання за любое крымiнальнае злачынства суддзi маглi прымянiць i нiжэйшую санкцыю адпаведнага артыкула кодэкса, то за палiтычныя злачынствы, тую ж самую антысавецкую агiтацыю, такой магчымасцi суддзi не мелi. Паспрабаваў бы якi суддзя апраўдаць падсуднага па палiтычных справах цi вызначыў бы пакаранне па нiжэйшай санкцыi, на другi дзень яго ўжо на пасадзе суддзi не было б. У тыя часы апраўдальны прыгавор па палiтычных справах на некага мог стаць абвiнаваўчымна самога суддзю.

Прыгавор Майсееву быў вынесены строгi – звычайны прыгавор тых часоў восем гадоў лагераў.

Майсееў не паверыў пачутаму, спытаў:

– Колькi, восем месяцаў?

– Восем гадоў.

Майсееў збялеў, апусцiўся на лаву i сядзеў, заплюшчыўшы вочы.

Пасля суда я спытаў у маёра, хто, на яго думку, з тых трох сведак-салдат мог данесцi на Майсеева.

– Усе тры маглi, – адказаў маёр. – Кожны баяўся, каб самога не пасадзiлi за неданясенне. А за прыгавор я баюся – могуць адмянiць за мяккасцю.

– Нiчога сабе – мяккасць, восем гадоў, – здзiвiўся я.

– I могуць не згадзiцца з квалiфiкацыяй злачынства. I прыгавор адменяць.

Так i выйшла. Праз якi тыдзень з трыбунала акругi пазванiлi i сказалi, што пракуратура палiчыла прыгавор памылковым i прынесла на яго пратэст. Не згодны i з мерай пакарання – мяккая, i з квалiфiкацыяй – тое, што сказаў Майсееў пра Сталiна, ёсць не антысавецкая агiтацыя, а падбухторванне, заклiк да тэрарыстычнага акта супраць правадыра.

Пратэст пракурора быў задаволены. Прыгавор адмянiлi, справу перадалi на дарасследаванне i на новы суд. Ваенны трыбунал ужо ў iншым складзе асудзiў Майсеева як тэрарыста на дваццаць пяць гадоў.

Вось i набыў сабе славу, бедалага.

Было гэта на пачатку пяцьдзесят першага года, нямнога заставалася тырану да смерцi. Цi выжыў Майсееў у тых сталiнскiх лагерах – яго на Калыму адправiлi, – не ведаю. А калi Бог мiлаваў яго i Майсееў выжыў, то вярнуўся ён дамоў недзе ў пяцьдзесят пятым. Шкада, што пацярпеў за тырана дарэмна. Няхай бы на самай справе забiў яго. Вось тады i праславiўся б. А забiць Сталiна, на жаль, героя не знайшлося.

ГЕНЕРАЛIСIМУС

Аднойчы я быў запрошаны на адну сямейную ўрачыстасць. Гасцей сабралася чалавек пятнаццаць, пераважна саслужыўцы гаспадара. Быў i яго сусед па лесвiчнай пляцоўцы.

Вячэра iшла па заведзеным парадку. Тосты за гаспадара-юбiляра – яму споўнiлася пяцьдзесят гадоў, – за яго жонку, дзяцей перамешвалiся анекдотамi, размовамi аб рабоце, танцамi басанож, каб не пашкодзiць дываны на падлозе. Адным словам, было п'яна-весела, для чаго i сабралi гасцей.

Я сядзеў побач з суседам гаспадара, якога звалi Аляксеем Максiмавiчам.

– Мяне запомнiць лёгка, – сказаў ён пры знаёмстве, – я цёзка вялiкага пралетарскага пiсьменнiка Горкага.

Яму было за семдзесят – сам пра гэта некалькi разоў напамiнаў, падкрэслiваючы, што, нягледзячы на свой паважаны ўзрост, ён здаровы i на выгляд маладжавы. Ён i сапраўды выглядаў маладзей за свае гады. Валасы яго густа кучомiлiся i зусiм мала пасiвелi. Гладкiя, пульхненькiя шчочкi па-дзiцячы ружавелi. Вочы, глыбока захаваныя пад густымi брывамi, надавалi яму выраз строгасцi i недаступнасцi, хоць ён i стараўся быць у застоллi гэткiм вясёлым кампанейскiм чалавекам. Бачылася ў iм упартая зададзенасць падабацца, быць у цэнтры ўвагi ўсiх застольнiкаў. I вось гэтая зададзенасць, iмкненне вылучыцца i падпарадкаваць увагу ўсiх у мяне выклiкала да яго непрыязнасць i недавер. Несцiханая бясконцая балбатня нават прыемнага табе чалавека выклiкае раздражненне, а тым больш нясцерпна слухаць балбатню чалавека, табе непрыемнага. Самазвана, без згоды i выбару ўсiх застольнiкаў, Аляксей Максiмавiч стаў тамадой, узяўшы на сябе функцыi распарадчыка застолля. Перад тым як штосьцi сказаць, Аляксей Максiмавiч уставаў, гучна ляпаў у далонi, усе сцiхалi, i ён тады нешта гаварыў – анекдот, тост або якое-небудзь павучанне, натацыю. Прапанаваў i гасцям нешта смешнае расказаць, паказваў на некага пальцам, гаварыў: "Давай, пасмяшы нас, раскажы нешта вясёленькае". Госць уставаў i, калi ўмеў, смяшыў. Нацэлiў ён пальцам i на мяне.

– Чарга ваша, сусед. Анекдот цi хохмачку на-гара.

Я аднекваўся, гаварыў, што анекдотаў не ведаю, а смешных гiсторый са мною не адбывалася. Аднак ён не адступiўся i ў рэшце рэшт прымусiў мяне прачытаць адну эпiграму вядомага паэта на другога, такога ж вядомага.

Я ды i ўсе, вiдаць, госцi зразумелi, што Аляксей Максiмавiч – чалавек упарты, з моцным характарам i не пераносiць пярэчанняў. Гэта пацвярджалi i яго ўладарныя жэсты, бесцырымоннасць, з якой ён камандаваў застоллем.

Антыпатыя да чалавека можа ўзнiкнуць адразу ж пры першым знаёмстве. Iнстынкт цi нейкае падсвядомае пачуццё дае табе сiгнал – будзь асцярожны з гэтым чалавекам, ён кепскi, небяспечны, над яго галавой чорны нiмб, што азначае чорныя думкi, чорную душу. Кажуць, ды i я чытаў пра гэта, што ёсць празорцы, якiя бачаць гэтыя нiмбы над галавой чалавека: нiмб светлы – чалавек добры, нiмб чорны – чалавек дрэнны. Трэба сказаць, што я рэдка памыляўся ў людзях, iнстынкт мяне не падводзiў. Таму я i незалюбiў гэтага цёзку вялiкага пралетарскага пiсьменнiка, мне здавалася, што я бачу над галавой яго той самы чорны нiмб.

У адным з перапынкаў, калi курачы выйшлi падымiць на лесвiчную пляцоўку, выйшаў туды i я, хоць i не курыў. Выйшаў пазней за ўсiх i пачуў гучны голас Аляксея Максiмавiча. Ён спрачаўся з маладым чалавекам – рэдактарам заводскай шматтыражкi. Чым больш упарта яны даказвалi адзiн аднаму сваю правату, тым больш абвастралася непрымiрымасць пазiцый спрачальнiкаў. Вядома, што калi людзi спрачаюцца i iмкнуцца да iсцiны, спрэчка гэта немiнуча спыняецца, бо iсцiна бывае адна. Калi ж спрачальнiкi iмкнуцца не да iсцiны, а да перамогi, то спрэчка разгараецца, i нiводзiн не можа выйсцi пераможцам.

– А вы лiчыце, што ў нас цяпер парадак? Дысцыплiна? – гаварыў Аляксей Максiмавiч. – Развал, нiхто нiкога не баiцца.

– А навошта баяцца? Хопiць, гадоў пяцьдзесят баялiся, дрыжалi. Баялiся лагераў, расстрэлаў.

– Гэта не ўлада, калi яе не баяцца. Без моцнай рукi, якая б вось так трымала, – Аляксей Максiмавiч сцiснуў кулак i патрос iм, – не будзе нiякага парадку.

– Цiкава: якую ж вы хочаце мець моцную руку? – зласлiва спытаў рэдактар. Можа, руку генералiсiмуса?

– Вось ён бы i навёў парадак.

Плакальшчыкаў па "бацьку ўсiх народаў" сустракаецца нямала. Але многiя, заступаючыся за генералiсiмуса, усё ж прызнавалi i яго злачынствы. Гэты ж Аляксей Максiмавiч не прызнаваў за iм нават i памылак.

– Былi арышты? Былi. Былi расстрэлы? I яны былi, – даказваў, трасучы кулаком, Аляксей Максiмавiч. – Значыць, трэба было для справы сацыялiзму. I сацыялiзм мы збудавалi. Таму i ў вайне перамаглi.

У спрэчкi ўлезлi i iншыя, сталi, канечне, на бок рэдактара, успыхнулi такiя страсцi, што было невядома, чым яны скончацца. Пагасiла iх гаспадыня, яна стала ўсiх заганяць за стол, выступiла з тостам, расказала нешта вясёлае i як бы ўсiх прымiрыла.

Я на гэты раз сеў не на сваё месца, побач з Аляксеем Максiмавiчам, а насупраць. Яшчэ ў пачатку застолля пры першым знаёмстве ён кагосьцi мне напомнiў. I цяпер, разглядаючы яго, я стараўся прыгадаць, хто ж ён, калi з iм сустракаўся. У памяцi прамчаўся, пракруцiўся цэлы калейдаскоп з'яў, падзей, людзей, i я нарэшце ўспомнiў, хто ён, i яго прозвiшча – Калiбераў.

Было гэта ў адным расейскiм абласным горадзе, дзе я служыў у ваенным трыбунале. Час – самы пачатак пяцьдзесят трэцяга года. У трыбунал тады паступiла справа на капiтана Сямёнава па абвiнавачванню ў правядзеннi iм антысавецкай агiтацыi. Справа, падобная на дзесяткi тысяч спраў таго часу: Сямёнаў праводзiў антысавецкiя размовы, дыскрэдытаваў i абражаў кiраўнiкоў нашай партыi i ўрада.

Старшыня трыбунала палкоўнiк юстыцыi Фамянкоў даручыў гэту справу разгледзець мне, маладому суддзю. Праўда, я ўжо дагэтуль разгледзеў з дзесятак спраў, але справа Сямёнава – першая аб так званым дзяржаўным злачынстве. Раней такiя справы разглядаў сам старшыня трыбунала.

I вось пачаўся судовы працэс.

Падсудны Сямёнаў – удзельнiк вайны, баявы афiцэр, меў два раненнi, узнагароджаны трыма ордэнамi i медалямi, – узнагароды былi ў яго адабраны i далучаны да справы.

Сведак двое: сусед Сямёнава маёр Калiбераў i жанчына-паштальёнка.

Пачаўся судовы разбор.

Сямёнаў вiнаватым сябе ў антысавецкай агiтацыi не прызнаў, сказаў, што ён нiколi не меў i не мае варожых намераў супраць савецкай улады, ваяваў за яе тры гады на фронце.

Допыт сведак пачалi з Калiберава.

У пакой зайшоў маёр, упэўнена, смела, строгi, з выразам на твары значнасцi сваёй асобы i радаснай гатоўнасцi памагчы суду. Ляснуў абцасамi хромавых блiскучых ботаў, застыў. Служыў ён намеснiкам начальнiка ваеннай базы, забыў ужо якой, i быў там адначасова сакратаром партарганiзацыi. На кiцелi пунсавелi два ордэны Чырвонай Зоркi.

Сутнасць вiны Сямёнава, паводле паказання Калiберава, заключалася ў наступным. Я прывяду расказ яго ў судзе. Вось ён.

– Мы жылi з капiтанам Сямёнавым у адной кватэры, займалi кожны з сям'ёй па два пакоi. Я, калi ён усялiўся туды, адразу заўважыў, што паводзiны Сямёнава i яго размовы былi не нашы. У iх праступалi элементы варожасцi. Так, у гутарцы са сваёй жонкай на кухнi Сямёнаў сцвярджаў, што калгаснiкi, нiбы прыгонныя, не маюць права нiкуды выехаць, iм i пашпарты не выдаюць. А гэта, як бачыце, варожы паклёп на наш лад.

Далей, я нi разу не чуў, каб ён пахвалiў таварыша Сталiна цi iншых нашых кiраўнiкоў. Пра легендарнага нашага героя таварыша Варашылава Сямёнаў сказаў, што маршал мог бы самае большае камандаваць палком пры разумным камандзiры дывiзii.

У кватэры Сямёнава няма нiводнага партрэта нашых кiраўнiкоў.

Сапраўдны савецкi чалавек– грамадзянiн актыўны, а Сямёнаў, як я заўважыў, такой актыўнасцi не меў i не паказваў. Вось вам прыклад. У час апошнiх выбараў я прагаласаваў у шэсць трыццаць. А Сямёнаў адправiўся на ўчастак толькi пасля абеду. Калi я зрабiў яму заўвагу на гэта, ён адказаў з ухмылкай: "А каго выбiраць, там жа ўсяго адзiн кандыдат?" Такiм чынам, Сямёнаў паклёпнiчаў на нашы выбары.

Або вось яшчэ яго разгаворчыкi, – працягваў гаварыць Калiбераў. – Жонка яго нарэзала яму хлеба, а ён ёй: "Многа даеш. Чым менш мы з'ядзiм хлеба, тым больш на працаднi калгаснiкам застанецца".

Далей, Сямёнаў злосна i нахабна абразiў нашага правадыра таварыша Сталiна. За генiяльныя палкаводскiя заслугi яму народ прысвоiў званне генералiсiмуса. А Сямёнаў на здзек i насмешку з таварыша Сталiна назваў свайго ката, прабачце, таварышы суддзi, Генералiсiмусам. Я зрабiў Сямёнаву адразу ж катэгарычную заўвагу, але ён знарок пры мне пачаў часцей клiкаць ката гэтым словам.

Вось такiя паказаннi на свайго суседа даў у судзе Калiбераў. Яны i былi асновай абвiнавачання Сямёнава.

Сведка жанчына-паштальёнка толькi дапоўнiла паказаннi Калiберава: пацвердзiла, што калi прыносiла Калiбераву грашовы перавод, то чула, як Сямёнаў гаварыў свайму кату: "Эй ты, вусаты Генералiсiмус, iдзi пахлябчы малака".

Цяпер усе разумныя i смелыя пры ацэнцы падзей таго часу. Для мяне ж, скажу шчыра, i тады Сталiн быў лiхадзеем, тыранам, прычынай усiх нашых няшчасцяў. Адпакутаваўшы ў лагеры чатыры гады, пазнаўшы на сабе, што такое шчаслiвае дзяцiнства – ледзь з голаду не апух у трыццатым, я ненавiдзеў яго i марыў усё ж дачакацца смерцi тырана. Таму слухаць iдыёцка-прымiтыўныя паказаннi Калiберава было непрыемна да агiды. Гэта ж ён i данёс на Сямёнава ў асобы аддзел.

Факты, прыведзеныя Калiберавым, Сямёнаў пацвердзiў, але даў iм зусiм iншае тлумачэнне. Так, свайго ката ён сапраўды назваў Генералiсiмусам, толькi ж меў на ўвазе не Сталiна, а Чан Кайшы. "У майго ката ж вусы белыя, як у Чан Кайшы, а не чорныя, як у генсека", – сказаў Сямёнаў.

Судовае следства падышло да канца, i пара было пераходзiць да судовых спрэчак. Але я цягнуў са следствам, усё яшчэ што-небудзь распытваў то ў падсуднага, то ў Калiберава. Мне, як i пракурору з адвакатам, Калiбераў быў непрыемны, нiхто з нас i не хаваў да яго непрыязнасцi. Сваiмi пытаннямi я, канечне, асцярожна стараўся ўкалоць яго самалюбства, падкрэслiць яго подласць, паказаць, што данос на суседа ёсць не доблесць, не праява патрыятызму, а нiзкi ўчынак. Калiбераў, вядома ж, зразумеў гэтыя намёкi, твар яго запунсавеў, не ад сораму, канечне, а ад пратэсту i абурэння за такiя да яго адносiны.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю