355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Василий Хомченко » Крэсла з гербам i розныя крымiнальныя гiсторыi (на белорусском языке) » Текст книги (страница 5)
Крэсла з гербам i розныя крымiнальныя гiсторыi (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 26 сентября 2016, 17:17

Текст книги "Крэсла з гербам i розныя крымiнальныя гiсторыi (на белорусском языке)"


Автор книги: Василий Хомченко



сообщить о нарушении

Текущая страница: 5 (всего у книги 8 страниц)

Наталля, хоць i не была расканваiраваная, але часам магла выходзiць за зону то прыбiраць у домiку стралкоў-ахоўнiкаў, то на азярцо па ваду для пральнi. I заўсёды вярталася ў зону, нiдзе не затрымлiвалася.

А аднойчы ў нядзелю на вячэрняй паверцы яе не ўбачылi. Шукалi ўсюды – у мужчынскiх бараках, у пральнi, лазнi, у стралкоў агледзелi – можа, якi ахоўнiк галубiўся з ёю, нiдзе не знайшлi. Нiхто нават не западозрыў, што Наталля магла ўцячы. I ўсё ж на другi дзень зб'явiлi яе ва ўцёках. У размовах памiж зэкамi нехта ўспомнiў, што яна сушыла сухары, збiрала iншыя прадукты. Значыць, рызыкнула на такi адчайны крок.

Толькi ж куды яна кiнулася, у якую старану? У Маскву? Да кiтайскай гранiцы з надзеяй дабрацца дамоў, мацi, братоў убачыць, любiмую плюшавую кошачку пагладзiць?

Наталлю не знайшлi i не злавiлi.

Наступiла зiма, якая заўсёды здавалася задужа доўгай, а потым i вясну дачакалiся. Вясенняе сонца расплавiла сваiм цяплом снег, размарозiла зямлю, i на праталiнах засiнелi падснежнiкi.

Аднойчы ў такi вясеннi нядзельны дзень, калi я быў паблiзу вахты, мяне гукнуў дзяжурны вахцёр, i я зайшоў да яго ў будку. Там ужо сядзелi тры зэкi i стралок. Гэты стралок i павёў нас у тайгу.

– "Падснежнiк" узышоў, прынесцi трэба, – весела паведамiў ён.

Зусiм блiзка ад калоны, можа, якога паўкiламетра, убачылi мы пад елкай некага скручанага ў лагерным бушлаце i ў бардовай у клетку хустцы. Яшчэ не разгледзеўшы твар, я здагадаўся, хто гэта. Не памылiўся, то была Наталля. Сядзела, прытулiўшыся спiной да камля елкi i падцiснуўшы пад сябе ногi. Рукi ляжалi на каленях. Твар i рукi снежна-белыя, вочы адплюшчаныя, таму здалiся напачатку жывыя. Побач ляжала торбачка, пустая. А грубыя зэкаўскiя чаравiкi абшарпалiся да белiзны i размачалiлiся так, нiбы iх малацiлi пранiкам.

Колькi ж яна паблукала па тайзе, галодная, знясiленая, з надзеяй дабрацца да людзей!.. Ясна было, што вярталася назад, у калону, можа, ужо паўзла, пакуль яшчэ была сiла. Не дайшла мала...

Мы прынеслi яе ў санчасць. Там дасталi са сподняй кiшэнi бушлата паперку з адрасам Хабараўскага спецыяльнага дзiцячага дома i лiст малодшай дачушкi, той, якi Наталля нам калiсьцi чытала.

Значыць, не ў Кiтай, не ў Маскву кiнулася яна шукаць праўду, а да сваiх дачушак, каб толькi пабачыць iх, абняць, па галоўцы пагладзiць. А там будзь, што будзе. Хвала Богу, што ёсць такiя мацеркi!

Наталлю пахавалi на зэкаўскiх могiлках побач з калонай. Застаўся пасля яе толькi сасновы слупок з лiчбай, без iмя i прозвiшча.

Хавалi яе iншыя зэкi, не я.

АДУВАНЧЫК

Яго так ўсе i звалi – Адуванчык. Ён i быў падобны на адуванчык-кветку залацiста-рыжы, асаблiва калi валасы адрасталi пасля абавязковай стрыжкi. Звычайна ў рыжых валасы пругкiя, а ў яго былi мякенькiя, як пушок.

Арыштавалi Адуванчыка на пачатку трыццаць сёмага, неўзабаве пасля Новага года, яму яшчэ i пятнаццацi не было, за так званую антысавецкую агiтацыю, i асудзiлi на шэсць гадоў. Ды яшчэ дадалi тры гады паражэння ў правах. Да васемнаццацi гадоў ён адбываў кару ў калонii непаўналетнiх, а потым яго перавялi ў нашу калону i ў нашу брыгаду.

Ён быў худзенькi i ростам не ўдаўся – вiдаць, затрымала рост турма i калонiя. Калi нарадчык прывёў Адуванчыка ў брыгаду, брыгадзiр абурыўся:

– Што ты мне гэтае кураня прывёў? Ён жа пiлу не пацягне. Я за яго буду даваць кубiкi?

– А куды яго дзець? Яму ў фармуляры запiсалi ЦФП – цяжкая фiзiчная праца.

Пра сябе Адуванчык усё расказаў у той жа вечар. Ён – сын настаўнiкаў, жыў у горадзе, вучыўся ў школе, быў пiянерам, уступiў у камсамол перад самым арыштам. Нас, вядома, зацiкавiла, якую ж ён праводзiў антысавецкую агiтацыю, бо адвалiлi яму нямала – шэсць гадоў няволi.

Адуванчык, калi ў яго спыталi пра гэта, развёў рукамi, пацiснуў плячамi i неяк бездапаможна-жаласна ўсмiхнуўся. Адбыўшы больш трох гадоў няволi, ён усё яшчэ i сам не змог зразумець, што ж гэта такое – варожая агiтацыя.

Адуванчык марыў стаць артыстам i, як потым мы самi ўбачылi, меў артыстычныя здольнасцi. У школьнай самадзейнасцi быў галоўным завадатарам, выдумшчыкам, чым i стаў знакамiты ў сваёй школе i на сваiм двары. Сам пiсаў п'ескi, прыдумваў рэпрызы, жарты, сам спяваў i дакламаваў, выконваў галоўныя ролi ў спектаклях. Як правiла, усе гэтыя самадзейныя паказы былi на школьную тэму. Але ж самадзейнасцю кiравалi настаўнiкi, i яны патрабавалi браць тэмы высокiя, палiтычна надзённыя. Ну, каб была ў тых паказах i класавая барацьба, ворагi народа, якiя шкодзяць сацыялiзму, а чэкiсты iх выкрываюць.

Адуванчык i напiсаў такую п'есу. У ёй дзейнiчаў кулак, якi пад выглядам жабрака хадзiў па вёсках, па кiрмашах i праводзiў варожую агiтацыю, пакуль яго не затрымалi пiянеры i не прывялi ў мiлiцыю. Ролю кулака ўзяўся выканаць сам аўтар Адуванчык. Напiсаная iм п'еса, вядома ж, прайшла строгую цэнзурную праверку школьнага начальства, i яе пачалi рэпецiраваць. У той п'есе была сцэна, калi кулак, пераадзеты ў жабрака, iграючы на леры, спявае розныя прыпеўкi. Адуванчык тыя прыпеўкi не напiсаў, вырашыў прыдумаць iх у час рэпетыцый. Некалькi прыпевак падказала настаўнiца – кiраўнiца самадзейнасцi. То былi вядомыя бяскрыўдныя песенькi. Але ж iх павiнен спяваць вораг, значыць, i песнi павiнны быць варожыя.

Гэткая думка прыйшла Адуванчыку ўжо ў час спектакля. Вось ён у дранай свiтцы, з падвязанай ваўнянай барадой сярод людзей на рынку круцiць за ручку барабанчык леры i спявае песенькi, тыя, бяскрыўдныя. У зале песенькi падабаюцца, крычаць, каб яшчэ спяваў. I Адуванчык успомнiў раптам пачутыя iм частушкi, ужо не такiя бяскрыўдныя, якiя яму належала выканаць. Спявае вораг, то павiнны быць i варожыя яго песенькi. I ён заспяваў пра калгас, у якiм добра жыць, бо адзiн робiць, а сем ляжыць.

"Жабрака" пачынаюць акружаць пiянеры, яны западозрылi ў iм ворага i збiраюцца яго затрымаць. Але яшчэ вагаюцца. I каб пiянеры канчаткова паверылi, што перад iмi вораг, Адуванчык – кулак пераадзеты – спявае яшчэ адну частушку.

Вось яна, тая злашчасная частушка.

Як быў Ленiн-Троцкi,

То была мука на клёцкi.

А як стаў таварыш Сталiн,

Галадаць усе мы сталi.

Праспяваў Адуванчык гэта i даў сiгнал пiянерам хапаць яго. Пiянеры i схапiлi, павялi.

Можна цяпер уявiць, як успрыняло начальства гэту частушку. На самадзейным канцэрце прысутнiчалi акрамя дырэктара школы i настаўнiкаў яшчэ i прадстаўнiкi райкома камсамола i раённага аддзела адукацыi. Настаўнiцу, кiраўнiцу самадзейнасцi, ледзь паралiч не разбiў. А школьнiкам спектакль спадабаўся, яны пачалi бурна пляскаць i выклiкаць артыстаў на сцэну. Выйшлi на выклiк усе, але без Адуванчыка. Яго ж адразу завялi да дырэктара i пачалi дапытваць, хто перадаў яму гэту частушку.

Наiўны Адуванчык, зусiм не разумеючы, якая павiсла над iм бяда, шчыра прызнаўся, што частушку прыдумаў сам спецыяльна для спектакля толькi ўчора. Ён лiчыць, што вораг i павiнен агiтаваць супраць калгасаў варожымi словамi i песнямi.

На гэтым артыстычная дзейнасць Адуванчыка i скончылася, праз пяць дзён яго забралi.

Брыгадзiр, былы настаўнiк, выслухаўшы гэту гiсторыю, вылаяўся, абурыўся. Адуванчыка паклаў на нарах памiж сабою i Крачкоўскiм, былым свяшчэннiкам Алексiем.

На працу Адуванчык выходзiў з брыгадай штодня, але на лесасецы рабiў самае лёгкае: палiў сучча, хадзiў да ручая па ваду для брыгады. Часам i падмяняў каго з пiльшчыкаў, калi хто прыхварэў цi дужа стамiўся.

Калона наша была новая i яшчэ толькi абсталёўвалася. Не было да яе ад цэнтра дарогi для машын, толькi яшчэ цягнулi ляжнёўку – бярвенчатую часовую дарогу. Таму i выклiкаў здзiўленне сваёй недарэчнасцю гэты актыўны лесапавал даць як можна больш кубiкаў спiлаванага лесу. Мноства штабеляў (там iх называлi ставежы) стаяла на высечаных участках тайгi, i невядома было, калi i на чым будуць iх вывозiць. Але ўсё адно кожнай ранiцай брыгады выганялiся ў тайгу, i валiлiся пад пiламi i тапарамi жывыя хвоi, лiстоўнiцы, раслi i доўжылiся ўсё новыя ставежы, каб ляжаць там гадамi i гнiсцi, з'ядацца шашалем i караедам. Так яно i было потым: вывезцi лесаматэрыялы з тайгi не ўдалося.

Нашу брыгаду з лесапавалу перавялi працаваць у зону. Мы будавалi лазню i заканчвалi новы барак.

Брыгадзiр па-ранейшаму спрыяў Адуванчыку, даваў яму працу па яго сiле. Спрабаваў уладкаваць хлопца ў КВЧ – культурна-выхаваўчую часць, ды там не ўзялi, хоць i прыцягвалi яго ўдзельнiчаць у самадзейных канцэртах. Трэба сказаць, што поспех у гледачоў Адуванчык меў вялiкi. Ён чытаў вершы, гумарэскi, пацяшаў прыдуманымi iм самiм частушкамi, сцэнкамi з лагернага жыцця. I мы ўсё больш пераконвалiся, што ў Адуванчыка добры артыстычны талент i што, калi выжыве ў лагеры, яго чакае славутае будучае.

Вельмi нудзiўся Адуванчык, што не было чаго чытаць. Бiблiятэкi ў калоне не было, у КВЧ кнiг таксама не вадзiлася. Калi ж у зону трапляла якая кнiга, то доўга не жыла, яе блатары раздзiралi на карты.

Брыгадзiр i свяшчэннiк Алексiй узялi Адуванчыка i пад сваё асветнiцтва, нейкiм чынам замянiлi яму i кнiгi, i школу. Брыгадзiр быў моцны ў матэматыцы, а Алексiй добра ведаў лiтаратуру, гiсторыю, гэтаму яны i вучылi Адуванчыка. А Алексiй вучыў хлопца яшчэ i маральнасцi, суцяшаў яго, настаўляў радавацца жыццю, у якiя б умовы чалавек нi трапляў.

– Жыццё – вялiкi неацэнны падарунак чалавеку, i трэба iм даражыць i радавацца, што жывеш, – паўтараў не раз Алексiй.

– Радавацца i гэтаму нашаму жыццю? – здзiўляўся Адуванчык, утаропiўшы ў Алексiя шырокiя шэрыя вочы.

– Так, сын мой, i яму. Умовы жыцця мяняюцца: сёння ты ў няволi, раб, а заўтра ў iншых умовах будзеш, добрых. Галоўнае, ты жывеш, i гэтым ужо шчаслiвы.

Аднак Адуванчык, як i ўсе мы, не радаваўся такому жыццю. Ён усё больш i больш нудзiўся, цiшэў, зусiм рэдка стаў пацяшаць барак i брыгаду, хоць зэкi штовечар прасiлi яго нешта паказаць iм.

З дому яму iшлi лiсты. Бацькi старалiся як можна больш расказаць пра сяброў, iх справы, вучобу i гэтым самым хлопца толькi засмучалi, а не суцяшалi. Прачытаўшы, што яго сябры Коля i Эма вучацца ўжо ў тэатральнай студыi – паступiлi туды ажно з трэцяга заходу, – Адуванчык зусiм упаў духам, i я некалькi разоў бачыў, як ён плакаў. Ён зайздросцiў сябрам i нiяк не мог змiрыцца са сваёй доляй.

– Слухай, – сказаў аднойчы мне Адуванчык, – давай уцячом.

– I дакуль мы дойдзем? Без прадуктаў, грошай, дакументаў?

– А мы пажывём у тайзе. Там жа ягады, грыбы, рыбу будзем лавiць. I iсцi, iсцi.

Калi на зэка нападае адчай, ён рашаецца на адно з двух: цi ўцякае, цi накладвае на сябе рукi. Самагубства – гэта ўжо апошняя ступень адчаю. У Адуванчыка, значыць, апошняя яшчэ не паспела. А намыслiўшы ўцячы, ён па сваёй наiўнасцi не мог уявiць усю безвынiковасць уцёкаў. Не такiх вопытных зэкаў лавiлi, прыводзiлi назад або стралялi на месцы, каб не важдацца з iмi, не весцi ў зону.

Некалькi заяў-скаргаў пiсаў Адуванчык Вярхоўнаму суду, у пракуратуру, Сталiну, прасiў скасцiць яму тэрмiн або вызвалiць зусiм. Адказаў на заявы не атрымоўваў.

Скончылася лета з яго невыноснай заеддзю – ад камароў i мошак не было нiдзе паратунку, не ратавалi нi дым, нi накамарнiкi.

Адуванчык кожны вечар аб'яўляў, колькi яму засталося часу да волi. Нейкiм агрызкам алоўка пiсаў на стойцы нар, колькi дзён яму яшчэ трэба адбыць. I чым менш заставалася Адуванчыку да волi, тым больш маркоцiўся, замыкаўся, заставаўся сам-насам, i мы ўжо амаль не чулi ад яго нi дасцiпнай частушкi, нi якога расказiка. Перастаў хiлiцца да Алексiя, адчужыўся ад мяне i брыгадзiра. Пасля работы як залезе на нары, дык i не злезе да пад'ёму – вечарам цi спаў, цi таiўся, што спiць. Ён як бы нiкога i не заўважаў побач з сабою. Свет для яго здаўся абязлюдзелым, нiбы не iснавала на iм нi добрых людзей, нi ўвогуле нiчога добрага, апроч гэтага лагера, бяспраўных зэкаў, не было i будучынi, а цяперашняя рэальнасць iм не прымалася.

Неяк ён мне сказаў:

– Скажы, навошта чалавек жыве? Ён жа ведае, што ўсё адно памрэ. Дык навошта пакутаваць чалавеку, калi ён можа скончыць гэтыя пакуты?

– Як скончыць?

– Памерцi, i не будзеш пакутаваць.

– Дурань, – засмяяўся я, – памерцi заўсёды паспееш. Ты паспрабуй доўга пражыць.

Я не звярнуў тады сур'ёзна ўвагi на сказанае Адуванчыкам, мала чаго гаворыць чалавек пры паганым настроi, i нiкому, нават Алексiю, не сказаў пра гэта.

Але Алексiй сам заўважыў, што з хлопцам нешта робiцца. Ён спрабаваў выклiкаць яго на шчырасць, вярнуць да ранейшых паводзiн, настрою, вывесцi з прыгнечанага стану. Алексiй ведаў, што ў такiм стане людзi i робяць адчайныя ўчынкi. Я чуў, як Алексiй гаварыў Адуванчыку:

– Ведаеш, дзiця маё, жыццё – не рака, яно як вада ў кубку, яе можна выпiць у адзiн момант. Але ж зноў гэты кубак ужо нiколi не напоўнiцца. Трэба жыць, цярпець, i – сатрэцца сляза з вачэй тваiх.

У чарговым лiсце Адуванчыку бацькi паведамiлi, што на iх скаргу прыйшоў адказ ад пракурора аб адмове перагляду справы. Напiсалi таксама i навiны пра сяброў: Пеця ажанiўся, Эма i Коля ўжо знялiся ў фiльме, праўда ў эпiзадычнай ролi. Былi i яшчэ нейкiя навiны. I лепш бы не пiсалi i лiста таго не прысылалi. Адуванчыку ён быў як соль на рану. Гэта тое ж самае, як галоднаму расказваць пра смачную ежу, так i зняволенаму – пiсаць пра волю i шчасце вольных людзей.

Над Адуванчыкам усё больш i больш брала ўладу чорная туга, яго адолеў псiхiчны зрух, якi псiхiятры называюць, здаецца, манiяй сваёй нiкчэмнасцi. З гэтай манiяй ён i жыў апошнiя тыднi. Яна, манiя, i штурхнула ў рэшце рэшт на самы адчайны ўчынак.

У выхадны дзень, адразу ж пасля снядання Адуванчык аддаў мне сваю недаедзеную пайку хлеба. Я не здзiвiўся такой шчодрасцi, хлеб узяў. Я падумаў, што Адуванчык дастаў сабе нейкiя дадатковыя харчы. Аддаўшы мне хлеб, ён пайшоў з барака. Каля дзвярэй азiрнуўся на мяне таропка i неяк палахлiва. Я хацеў у яго нешта спытаць, але ён зачынiў дзверы.

Паўдня Адуванчыка нiдзе не было вiдаць. Не з'явiўся ён i ў абед. А пасля абеду прывезлi пошту. У барак зайшоў зэк-канторшчык i, махаючы над галавой тэлеграмай, закрычаў:

– Эй, Адуванчык, скачы на галаве! Табе воля! Воля табе!

Тэлеграму тую канторшчык уголас i прачытаў:

"Дарагi сынок. Вярхоўны суд табе скарацiў тэрмiн да трох гадоў. Папера аб вызваленнi прыйдзе пасля. Чакаем сустрэчы. Шчаслiвыя тата i мама".

Пачалi шукаць Адуванчыка, заглянулi ў iншыя баракi, сталовую, у КВЧ нiдзе яго не было.

Толькi пад вечар нехта ўбег у барак i сказаў, што Адуванчык– у пятлi, у недабудаваным бараку.

Я, брыгадзiр i Алексiй паспяшалiся туды. На бэльцы ў пятлi з электрычнага провада вiсеў наш Адуванчык. Каля ног ляжала паваленая калода, на якую ён станавiўся, каб улезцi ў пятлю.

Брыгадзiр выняў Адуванчыка з пятлi, паклаў на падлогу, твар з высалапленым языком прыкрыў насоўкай.

Быў ён без шапкi. Сонечныя промнi падалi на галаву i валасы, што паспелi адрасцi пасля стрыжкi i здавалiся яшчэ больш залацiстымi i пушыстымi i сапраўды былi падобны на кветку адуванчыка.

Забiў усё-такi сябе хлопец, спынiў пакуты, абарваў даўжэзны ланцуг радаслоўнай, што цягнулася тысячагоддзi, i канцом яе стаў ён, Адуванчык, iмя i прозвiшча якога я забыў.

Ну што б табе, хлопец, пачакаць паўдня! Да гэтай тэлеграмы. Можа, i стаў бы ты знакамiтым артыстам, i я радаваўся б, убачыўшы цябе на экране цi на сцэне. Талент у цябе ўсё-такi быў.

КАНДЫДАТ НАВУК I СТРАЛОК АХМЕТ

Была вясна, пачатак сакавiка, але снег, як ляжаў на сопках, на дрэвах, так нiколечкi i не ўбавiўся, не змянiўся нi колерам, нi пахам, – пах гэтак жа як i ў сцюжу, – зiмою. Можа, толькi крыху пацяжэў i пагрубеў, бо ўсё-такi шлях сонца па небе падоўжыўся i яно мацней прыгравала. Апоўднi, у самы сонечны час, снег запальваўся ад промняў такiм бляскам, што доўга на яго не паглядзiш, аслепнуць можна.

Наша калонiя, як i ўсе калонii Нiжне-Амурскага лагера, будавала чыгунку на Саўгавань. Уздоўж усёй трасы – ад Амура да Ахоцкага мора – была ўжо прабiта для машын i пешаходных этапаў дарога, паралельна якой i будавалася чыгунка. У адных месцах палатно насыпалi, у другiх – наадварот, зямлю для пуцi зразалi, углыблялi. Уздоўж трасы стаялi калонii з тысячамi зэкаў. Траса прыкавала iх да сябе, як прыкоўвалi да аднаго доўгага ланцуга катаржнiкаў i палонных.

Калонiя, у якой я дабiваў свой тэрмiн, знаходзiлася амаль на пачатку трасы, блiзка да Камсамольска-на-Амуры. Брыгада наша, як i ўсе брыгады калонii, рабiла выемку для пуцi, даўжыня якой была з кiламетр. Механiзацыя мускульная: дзяўблi мёрзлы грунт ламамi, кiркамi, грузiлi на тачкi i вывозiлi з выемкi ў адвалы. Мёрзлы грунт адтайвалi вогнiшчамi, якiя палалi папераменна то ў адным канцы брыгаднага ўчастка, то ў другiм.

Дахадзяг у брыгадзе не было, норму мы выконвалi i атрымоўвалi поўны паёк. Нейкi час брыгада нават уваходзiла ў лiк ударных. У ёй былi сабраны здаровыя працавiтыя людзi, ў большасцi калгаснiкi, амаль усе "контрыкi". Мантулiў кожны без туфты, нароўнi з усiмi, фiлонiць не стараўся. Падбор у брыгаду рабiў брыгадзiр, таксама контрык, былы падпалкоўнiк, камандзiр артылерыйскага палка Iваноўскi, чалавек рашучы i моцны фiзiчна, аўтарытэтны не толькi ў брыгадзе, але i ў калонii. Нават адпетыя блацюкi з iм лiчылiся, не задзiралiся. Iваноўскi неяк пра сябе пажартаваў: "Раней я камандаваў палком, а цяпер пайшоў на павышэнне, стаў брыгадай камандаваць".

Сказаць праўду, то норму сваю па-сапраўднаму мы рэдка калi выконвалi. Паднявольная праца – яна i ёсць рабская, якую рабы заўсёды не любiлi. Брыгадзiр меў дружбу з дзесятнiкам, таксама былым вайскоўцам, iнжынер-маёрам, i той павышаў нам цвёрдасць грунту, круцiзну пад'ёму i адлегласць, на якую нам трэба ганяць тачкi ў адвал. Прыпiсваў нам i колькасць вывезенага грунту.

На працу i назад у зону нас вадзiлi пад канвоем. На ўчастку былi абазначаны гранiцы, за якiя зэкi не маглi пераступаць. Стралкi-ахоўнiкi мелi права ў парушальнiкаў гранiцы страляць без папярэджання.

Дзве брыгады – нашу i яшчэ адну – ахоўвалi месяцы тры запар два стралкi. Адзiн таўсматы саракагадовы сяржант прыехаў сюды з Украiны, дзе служыў наглядчыкам у турме. У гэты край прыехаў, вiдаць, з-за большага заробку цi, можа, яшчэ па якой прычыне. Гэты сяржант (нi iмя, нi прозвiшча яго не захавалiся ў памяцi) двойчы на дзень – перад выхадам з зоны i калi збiралiся iсцi з работы назад – папярэджваў: "Крок управа, крок улева лiчыцца спробай уцячы, прымяняецца зброя". Аб'яўляў гучна, як дзе-небудзь на пляцы перад вялiкiм строем. I пры гэтым яго мясiсты твар чырванеў i двайны падбародак дрыжаў, як студзiна. Не ведаю, якi ў яго быў запас слоў, думаю, не больш лексiкону абiсiнца, якi нядаўна ўзяўся вывучаць расейскую мову. За ўвесь час, пакуль ён нас ахоўваў, я пачуў ад яго не больш трох-чатырох дзесяткаў слоў: стой, слухай, маўчаць, пакладу мордай на снег... Ну i – крок управа, крок улева...

Другi стралок быў татарын Ахмет, малады i па ўзросту, i па тэрмiну службы ў лагернай ахове, усмешлiвы i нават сарамлiвы, ён звяртаўся да нас на "вы", i ў адказ мы таксама звярталiся гэтак жа да яго. Ён нядаўна скончыў чырвонаармейскую службу, дамоў у Татарыю не паехаў, а завербаваўся ў лагерную ахову. "Што мне там рабiць у калгасе, – прызнаўся ён нам. – Туды прыедзеш i назад ужо нiколi не выедзеш. Там – во палучаюць на працаднi, – паказаў ён кукiш. – Голадна жывуць. Чаго мне ехаць".

Наiўны быў Ахмет, гаворачы гэта, ён не разумеў, што за такiя словы тут сядзяць тысячы.

Гранiцы, якiя нам не дазвалялася пераходзiць, былi абазначаны вехамi абчасанымi i ўбiтымi ў зямлю слупкамi. Стралкi знаходзiлiся ў пэўных месцах, крыху далей ад гранiцы.

Працавалi мы парамi, па два зэкi на адну тачку. Спачатку надзяўбём грунту, потым пагрузiм у тачку i па чарзе вязём яе ў адвал.

Маiм напарнiкам быў мой равеснiк з падобным лёсам ленiнградскi студэнт Бацюхноў, якi пры знаёмстве называў сябе Бацюшковым. Я некалькi разоў спрабаваў у яго дапытацца, чаму ён здраджвае свайму роду Бацюхновых, ды так i не выпытаў. Адкрыўся ён мне толькi перад расставаннем – яго перавялi па невядомай i для яго самога прычыне ў iншую калонiю, дзе работа i ўмовы жыцця былi лягчэйшыя.

– А мы i належым да дваранскага роду Бацюшковых, – сказаў ён. – У нашай раднi быў i паэт Бацюшкоў. А змянiлi прозвiшча i сацыяльнае паходжанне ў семнаццатым. А то б даўно трапiлi ў Чэка заложнiкамi рэвалюцыi.

Загналi яго ў лагер за напiсаныя iм пяць нейкiх вершаў, атрымаў за кожны верш па году.

Паехаў ад нас гэты дваранiн Бацюшкоў з радасцю, абяцаў напiсаць з новага месца, ды так i не напiсаў. I што з iм, не ведаю.

Замест яго ў брыгаду далi новага зэка, якi i стаў маiм напарнiкам. Я адразу яго i неўзлюбiў, i пашкадаваў.

Неўзлюбiў, бо ўбачыў, што напарнiк ён нiкудышны, дахадзяга, i ўзрост паважны, у бацькi мне гадзiўся. Тачку ён, канечне, не мог усцягнуць наверх, i цягаць яе прыйдзецца мне аднаму.

Здзiвiў ён i сваiм выглядам. Усё ў iм паасобку было вялiкiм, большым, чым трэба для правiльнай прапорцыi чалавеку: вялiкая галава, рот, тоўстая шыя, шырокае тулава... Аднак зiрнеш на яго ўсяго, дык ён жа нейкi як недарослы. А гэта таму, што меў ён карацейшыя, чым трэба для такога тулава, ногi. Чалавек-кубiк, калабок. Яго гэтым словам i сустрэў наш зэк Лёха Мошкiн: "Калабок, калабок, куды коцiшся, пад тачку пападзеш, не вароцiшся".

Моцны з выгляду, ён быў сапраўды дахадзягам. Шырокi плоскi твар яго меў нездаровы бледна-зялёны колер i туга абцягваўся скурай, быццам пад ёю не было нiякiх цяглiц, а толькi косцi.

Як i водзiцца, навiчка пачалi распытваць, адкуль ён, якi артыкул мае, тэрмiн, з якой калонii сюды перавялi. Адказваў неахвотна, марудлiва, i калi гаварыў, то ў роце яго, як у грымасе, выскалялiся рэдкiя зубы, – канечне ж, павылазiлi ад цынгi. Назваўся ён Сямёнам Якаўлевiчам Моцным. Я быў ухапiўся за гэта беларускае прозвiшча – нi не зямляк ён, але быў ён з Сiбiры, з забайкальскiх казакоў. У калонiю нашу ён прыбыў з упраўлення лагера, дзе працаваў у iнжынерна-праектным аддзеле.

– Ты што, iнжынер? – здзiвiўся Лёха.

– Iнжынер. На волi быў кандыдатам навук.

Лёха прысвiснуў.

– I чаго ж цябе загналi ў брыгаду да тачкi i кайла?

– Я сюды з шызо.

Шызо – гэта штрафны iзалятар, дзе зэкаў трымаюць за нейкiя грубыя парушэннi цi новыя злачынствы.

– А завошта цябе туды ўперлi?

– Уперлi вось.

– А судзiлi завошта?

Моцны раззлаваўся такому допыту:

– Хто ты, што так прычапiўся да мяне?

Лёха, маскоўскi кiшэннiк, адказаў, як i ўсiм гаварыў пра сябе, што ён вядзе замкнуты лад жыцця – рэдка выходзiць на волю. Гэта рассмяшыла Моцнага, i ён таксама адказаў хохмай:

– Разумееш, хацеў залезцi да суседа ў дом i цэлы месяц прыручаў яго сабаку, кармiў каўбасой. Прывучыў. Ноччу палез у дом i наступiў кату на хвост. Кот завiшчаў, мяне i схапiлi.

Жарту гэтаму мы не паверылi. Як потым даведалiся, загналi кандыдата навук у лагер на восем гадоў за падазрэнне ў шпiянажы – ПШ. Выдуманая гэта абрэвiятура энкавэдыстамi прышывалася звычайна тым, калi ў следчых не было нiякiх канкрэтных фактаў, каб абвiнавацiць чалавека. Тады яны i пасылалi на яго матэрыялы з гэтым ПШ у асобую нараду, якая i выносiла прысуд завочна.

– Вiдаць, вам трапiлiся мяккацелыя следчыя, добрыя, – пазайздросцiў Моцнаму брыгадзiр, якому на следстве ламалi рэбры.

– Мяккацелыя? Добрыя? – узарваўся Моцны. – Дзе гэта вы бачылi такiх добрых у нашых савецкiх органах? Там жа адны бандыты, падонкi, каты. Iнквiзiтарам трэба павучыцца ў нашых катаў. Ды i гестапаўцы маглi пераняць многае ў гэтага баявога атрада партыi.

Словы гэтыя былi правiльныя, смелыя, але ж якую яны мелi страшную цану: варта толькi дайсцi iм да пiльных вушэй, i мог заплацiць кандыдат навук яшчэ адным тэрмiнам.

– Ты партыю не чапай, – асцярожна папрасiў яго брыгадзiр Iваноўскi. Партыя нi пры чым.

– Нi пры чым? А следчыя, пракуроры – не члены партыi? Не iмi партыя кiруе? А ўсiм гэтым страшным апаратам не галоўны партыец кiруе? Нi пры чым... – Моцны быў на вышынi свайго гневу, у яго дрыжаў голас i рукi дрыжалi. – А мы ўсё баiмся, ад страху дрыжым, як мухi ў павуцiне. За дротам i то баiмся. Чаго, каго баiмся?

– Шызо, новага тэрмiну, а то i шлёпкi баiмся, – сумна сказаў Iваноўскi.

Не ў гэты першы дзень знаёмства з Моцным, а пазней мы даведалiся пра яго ўсё. Сямён Якаўлевiч сам i расказаў, што з iм адбылося ўжо тут, у лагеры.

Да арышту ён праектаваў чыгункi i быў заслужана ацэнены як добры спецыялiст. А вядома ж, што ў тыя трыццатыя шызафрэнiчна-крывавыя гады ўдары сталiнскага мяча i абрушвалiся на лепшых. Моцнага i ўзялi як вучонага спецыялiста i абвiнавачвалi спачатку ў шкоднiцтве, а потым у шпiянажы. Паколькi доказаў нi шкоднiцтва, нi шпiянажу не было, то следчыя старалiся выбiць у яго прызнаннi. Моцны, аднак, быў характару моцнага, упарты i няўступлiвы, уступiў у люты канфлiкт са следчымi i быў бiты, прапускаўся праз канвеер, калi запар дапытвалi па некалькi сутак, двойчы кiдалi ў карцэр. Моцны не агаварыў сябе, не падпiсаў пратаколы, i тады далi яму гэта ПШ – падазрэнне ў шпiянажы.

– Iх, гэтых следчых, аказваецца, вучаць, як бiць i мучыць падследных. Прыёмам вучаць. I хто вучыць? Дактары, медыкi. Бандыты ў белых халатах, расказваў Моцны. – Вучаць анатомii, паказваюць, дзе ў чалавека самыя балючыя месцы. Вучаць бiць так, каб звонку слядоў не заставалася, а было б адбiта ўсярэдзiне...

Сам ён да арышту быў у партыi, верыў ёй, а Сталiну, як прызнаўся, не верыў з трыццатага года – пасля прымусовай калектывiзацыi i раскулачвання. Тады ж ён напiсаў лiст-пратэст Сталiну i Калiнiну, што такая гвалтоўная калектывiзацыя i раскулачванне самых працавiтых сялян горш за прыгон i прывядзе да разбурэння вёскi i сялянскай гаспадаркi.

Калi б ён напiсаў такi лiст пазней на шэсць гадоў, не мiнаваць бы яму лагера. А тады з iм нiчога не было. Тады былi яшчэ сярод энкавэдыстаў нямала людзей сумленных. Лiст Моцнага да Масквы не дайшоў, яго перахапiлi мясцовыя чэкiсты. Начальнiк раённага аддзела ўнутраных спраў выклiкаў Моцнага да сябе, моўчкi вярнуў лiст. Нi пагрозы, нi крыку не было, а была парада – такiя лiсты больш не пiсаць i не пасылаць. Вiдаць, той раённы начальнiк i сам быў такой жа думкi пра злачынную калектывiзацыю.

Моцнага, як спецыялiста, у лагеры скарысталi па яго ж прафесii. Ён працаваў у лагернай праектнай канторы, жыў у параўнаннi з зэкамi, занятымi на земляных работах, даволi няблага. Сядзеў у цяпле, быў сыты, тачкi не ганяў. I сядзеў бы там Сямён Якаўлевiч да канца свайго тэрмiну, вычэрчваў бы планы, схемы, вылiчваў пад'ёмы i спускi пуцi, выгiбы. А ён нiяк не мог дараваць следству за тыя мукi, што яны яму прычынiлi, – у яго ад тых пабояў i цяпер балiць пазваночнiк. Не згаджаўся i з тэрмiнам, дадзеным асобай нарадай. Ён пачаў пiсаць скаргi на сваiх былых следчых i на парадкi ў органах бяспекi, абвiнавачваў iх у свядомым тэроры, называючы гэтыя органы засценкамi катаванняў i забойстваў. Пiсаў у ЦК партыi, у пракуратуру, Вярхоўнаму суду, Калiнiну. Сталiну не пiсаў, бо лiчыў яго галоўным вiноўнiкам тэрору. Атрымлiваў ад усiх шаблонны адказ: "Падстаў для перагляду справы няма, вы асуджаны правiльна". На такiя штампы-адказы ён пасылаў больш рэзкiя заявы: "Я не быў асуджаны, мяне загналi ў лагер без суда. У канстытуцыi якой краiны запiсана, што можна заключаць у лагер без суда?"

Аднойчы яго выклiкаў кум – так у лагеры называюць аператыўных упаўнаважаных НКУС. Яны сочаць за палiтычнымi настроямi зэкаў, вядуць следства, вярбуюць сексотаў. Кум сказаў Моцнаму: "Чаго ты, вумнiк, дабiваешся? Што ты шукаеш прыгод на свой лоб? Мала табе васьмi гадоў, дык дабавяць. Чатыры адседзеў, чатыры засталося. Вытрымаеш, сядзiш у канторы, кайлом не б'еш".

Паслухацца б Моцнаму гэтай хоць i пагрозлiвай, але разумнай парады. Дык не, упарты няўрымслiвы Моцны не змiрыўся, па-ранейшаму скардзiўся ва ўсе iнстанцыi, патрабуючы перагледзець яго справу. Пасылаў праз лагерную пошту, перадаваў тым, хто вызвалiўся i ехаў дамоў, каб кiнулi ў гарадскую паштовую скрынку. А вынiк быў адзiн – падстаў для перагляду справы не знаходзiлi.

Тады Моцны напiсаў лiст Берыi, наркому НКУС.

"Дарагi Лаўрэнцiй Паўлавiч, – такi быў тэкст лiста, – мяне трымаюць невiнаватага ўжо чатыры гады, загналi сюды без суда. Пры допытах мяне бiлi, мучылi, так i ў гестапа не мучаць людзей. Правiльна, што ката Яжова расстралялi. Iх, гэтых энкавэдыстаў-катаў, трэба расстраляць усiх. Яны забойцы, бандыты. Гэта яны забiлi мiльёны невiнаватых людзей i загналi ў лагеры столькi ж. Я таксама iх ахвяра. Прашу адмянiць пастанову асобай нарады i вызвалiць мяне..."

Вось такога прыблiзна зместу была яго заява Берыi.

Ах, Сямён Якаўлевiч, разумны чалавек, вучоны, кандыдат навук, якi ж ты наiўны! Так напiсаць пра НКУС – баявы атрад партыi, параўнаць энкавэдыстаў з гестапаўцамi, патрабаваць iх усiх расстраляць... Цi ж можна такое ляпнуць?!

Адказ прыйшоў хутка, намнога хутчэй, чым ад судоў, пракуратуры, Калiнiна. I не ў пiсьмовым выглядзе. Завёў яго да сябе кум i ўчынiў допыт.

– Ты што, мацi твая-перамацi, уражына праклятая, прастытутка, нашы органы i гестапа на адну дошку ставiш? Нас, слаўных чэкiстаў, патрабуеш расстраляць? Ты морда антысавецкая, шпiён, што заслужыў цяпер? Што? Дзевяць грамаў свiнцу. I палучыш. Дзяржава наша багата на свiнец, не пабяднее, калi табе адну кулю пусцяць у твой медны лоб.

– Кум той, – расказваў Сямён Якаўлевiч, – здаравенны буйвал, яму б малатком махаць, у забоi вугаль рубаць. Кулакi пудовыя. Дык ён, мяснiк, мяне пачаў душыць. Схопiць за горла i душыць, пакуль я страчу прытомнасць. Адпусцiць, я аддыхаюся, ён зноў душыць... Ён i загнаў мяне ў шызо. Сядзеў там месяц, а адтуль сюды, у брыгаду, кiнулi. Аформiлi новы на мяне матэрыял i паслалi ў тую ж асобую нараду. Вось цяпер чакаю прысуду.

– Могуць табе, пахан, i шлёпку даць, – выказаў яму спачуванне Лёха.

– Цiкава, – крутнуў галавой брыгадзiр. – Штосьцi не тое... Калi паслалi на асобую нараду, то чаму ж цябе выпусцiлi з шызо? Ты ж падследным лiчышся.

Моцны скрывiў ва ўсмешцы рот.

– А каб дарэмна не еў хлеб. У брыгадзе хоць кубiкi буду даваць.

Мы ўсе яму спачувалi, падкормлiвалi. Работнiк ён быў у першыя днi пасля шызо нулявы, пустое месца. Толькi i мог кiрку падняць i махнуць ёю. Норму яму брыгадзiр усё ж выстаўляў, каб той змог атрымоўваць поўную пайку. Тыднi праз два Моцны ўжо акрэп i нароўнi са мной ганяў тачку.

Спачувалi Сямёну Якаўлевiчу не толькi зэкi, але пранiкся да яго сiмпатыяй i стралок Ахмет. Вiдаць, таму, што праходзiў вайсковую службу ў тых месцах, дзе да арышту жыў Моцны. Яны часта i гаварылi пра той горад у Забайкаллi. I Ахмет гэтак жа, як i ўся брыгада, занепакоена чакаў, што ж прышле тая асобая нарада. Ахмет здружыўся i з брыгадай, ён часам увечары заходзiў у барак, слухаў нашы размовы, спрэчкi. Прыносiў курыва, якое яму выдавалi, бо сам не курыў.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю