Текст книги "Крэсла з гербам i розныя крымiнальныя гiсторыi (на белорусском языке)"
Автор книги: Василий Хомченко
Жанр:
Прочие детективы
сообщить о нарушении
Текущая страница: 4 (всего у книги 8 страниц)
Да опера i не дайшло. Калi якi цiхушнiк i чуў Казiмiрава прызнанне, то палiчыў за балбатню.
Надышла вясна, i тайга ачысцiлася ад снегу.
Калона насыпала палатно для будучай чыгункi. Норму брыгада выконвала, i ўсе атрымлiвалi поўныя пайкi. Разам з усiмi такую пайку атрымлiваў i Казiмiр, але як нiколi ён чамусьцi штовечар тырчаў каля кухнi, клянчыў дабаўку, набiваўся памагаць хлебарэзу. I што яшчэ больш здзiвiла – называючы сябе чалавекам слабым, усяляк дэманстраваў сваю слабасць, асаблiва перад канвоем i перад начальствам. Заўсёды плёўся ззаду ў страi, i яго ахоўнiк падганяў мацюком. На пастраеннi таксама выходзiў апошнi, што злавала i нас, бо даводзiлася чакаць, стоячы на холадзе, на ветры. Пачаў скардзiцца начальству, што ў яго баляць ногi, i брыгадзiр – iм цяпер стаў журналiст – ставiў Казiмiра на падсобныя работы, там, дзе было лягчэй.
Казiмiру дагэтуль вельмi рэдка прыходзiлi лiсты. А тут – лiст за лiстом, а потым i пасылка прыйшла, у якой быў вязаны швэдар, штаны i чаравiкi з камбiнацыяй скуры i гумы. З прадуктаў былi сухары i сала. Пасылку, вядома, у бараку пакiдаць нельга было, яе б укралi, i Казiмiр, якi паспеў здружыцца з хлебарэзам, аддаў яму на схову.
– Хлопцы, – сказаў ён брыгадзе, – сала i сухары мы потым з'ядзiм, у мой дзень ангела. Тады пачастую ўсiх.
А калi яго той дзень, не сказаў. Мы думалi, што недзе хутка.
На трасу ў той ранак Казiмiр выйшаў у сваiх прысланых з дому чаравiках, у швэдарку, паддзетым пад лагерную кашулю, i з торбай. Наконт яе растлумачыў, што начальства загадала хлебарэзу выкiнуць з хлебарэзкi ўсё лiшняе, таму ён i ўзяў торбу з сабой.
На трасе апошнiя некалькi дзён працавалi самазвалы. Наша брыгада грузiла ў iх шчэбень з забою, дзе ўзарвалi пароду падрыўнiкi. Забой меў некалькi асобных рукавоў, куды заганялiся задам самазвалы. Сярод пагрузчыкаў працаваў i Казiмiр. Быў там i я. Працавалi няспешна, бераглi сiлы, бо пэўнай нормы, колькi трэба пагрузiць машын, яшчэ не было. Таму i бераглi сiлу, жылы не рвалi. Ну а Казiмiр асаблiва стараўся сачкануць.
Скончыўся рабочы дзень лёгка. Машыны пайшлi з трасы ў свой аўтапарк, а брыгада прылегла перад паходам у калону адпачыць i перакурыць.
Калi пастроiлiся, канваiры нас палiчылi.
– Аднаго не хапае! – крыкнуў усхваляваны канваiр.
Пачаў яшчэ лiчыць – сапраўды аднаго не хапала. Каго? Праверылi – не было Казiмiра.
– Казiмiр, сякi-такi, дзе ты? – пачалi мы гукаць яго i абурацца. – Кожны раз цябе чакай.
– Ён у забоi, вiдаць, заснуў, – падказаў нехта.
Праверылi забой, усе рукавы яго – нiдзе не было. Стралок даў два стрэлы ўгору, нас пасадзiў на зямлю, i мы сядзелi, пакуль не прыбыў дзяжурны. Сядзелi, лаялi Казiмiра злой, адборнай лагернай лаянкай. Мы ўсё яшчэ думалi, што ён недзе заснуў.
Дзяжурны прыйшоў з сабакам, абшукалi забоi, увесь аб'ект працы – нi Казiмiра, нi яго слядоў. Знiк Казiмiр.
Прыйшлi ў калону на дзве гадзiны пазней i елi вячэру халодную.
Днi праз два артыст сказаў:
– Я ведаю, як ён уцёк. Ён на самазвале паехаў. Лёг ў кузаў i выехаў за ахоўную зону.
След Казiмiра адшукаўся зусiм незвычайна. Месяцы праз тры, ужо ў канцы лета, артыст атрымаў лiст, на капэрце якога быў маскоўскi штэмпель. Я чытаў той лiст.
"Прывет, Барыс Iсакавiч, – пiсаў Казiмiр, – я, вось бачыш, усё ж вызвалiўся. Прашу цябе зрабiць ласку. У бараку на маiм былым месцы, пад дошкай, дзе ўзгалоўе, ляжыць фотакартка маёй дачушкi. Будзь другам, вазьмi яе i перашлi, бо такой фотакарткi ў мяне больш няма".
Ён указаў маскоўскi адрас нейкай жанчыны.
У лiсце перадаваў прывiтаннi ўсёй брыгадзе, у тым лiку i мне.
– Глядзi ты, – здзiўляўся артыст, – вызвалiўся, а? Уцёк. Да Масквы дабраўся. Вось табе i слабы чалавек. Яму ж для гэтага i адзенне прыслалi. Можа, i пашпарт быў у той пасылцы?
Фотакартку артыст знайшоў i выслаў. Мы яе бачылi. Там была бялявая, з дзвюма коскамi дзяўчынка, вельмi падобная на Казiмiра.
ТАНЯ
Каханне – страсць неадольная. У самых цяжкiх абставiнах, нечалавечых нават, яно нараджаецца, iснуе, змагаецца, часам чалавек ставiць яго на карту разам з жыццём. Для кахання не iснуе нi межаў, нi часу. Ёсць двое закаханых, значыць, яны неразлучныя, як бы нi былi аддалены адно ад аднаго.
Апiсаны такi выпадак пра каханне ў сярэднявеччы. У закрытай карэце на плошчу везлi з турмы для пакарання смерцю мужчыну i жанчыну, дагэтуль памiж сабою не знаёмых, асуджаных iнквiзiтарскiм судом па розных справах. Iх абаiх чакала пятля. У карэце яны сядзелi насупраць адно аднаго. I вось дарогай да эшафота – ну колькi там было часу, можа, гадзiна, а можа, i менш, – яны закахалiся. Душэўныя парываннi ўспыхнулi такой сiлы i такой страсцi, што абое, хоць iх чакала блiзкая смерць, адчулi сябе самымi шчаслiвымi ў свеце. Яны набылi веру ў сваё бяссмерце, паверылi, што iх, такiх шчаслiвых i закаханых, забiць нельга. На эшафот узышлi з натхнёнымi тварамi, шчаслiвыя, вясёлыя. I калi святар падышоў iх паспавядаць перад смерцю i спытаў, якiя яны маюць апошнiя просьбы, тыя папрасiлi абвянчаць iх. Святар вагаўся, але народ, што сабраўся на плошчы, зашумеў, патрабаваў задаволiць просьбу асуджаных на смерць. I святар злучыў iх рукi. Яны абнялiся, пацалавалiся i з усмешкамi на тварах самi надзелi сабе на шыю пятлю... Каханне падняло iх на вышынi шчасця.
А якое каханне i якiя страсцi часам кiпелi ў зэкаў там, дзе былi разам мужчыны i жанчыны.
Прыкладна за дзесяць месяцаў да майго вызвалення я быў пераведзены ў калону на ўскраiне горада Камсамольска-на-Амуры. Гэты новы горад пабудавалi не камсамольцы, а вязнi, калоны якiх акружалi горад з усiх бакоў. Ды i ў самiм горадзе iх хапала.
У гэтай калоне я працаваў на прадуктовай базе грузчыкам i быў расканваiраваны.
У ёй знаходзiлiся i жанчыны. Iх барак стаяў асобна ад мужчынскiх i не меў нiякай ад нас iзаляцыi. У яго можна было зайсцi любому мужчыну, гэтак жа як i жанчына магла зайсцi ў любы мужчынскi барак.
Сярод жанчын-зэчак пераважна былi чамусьцi пажылыя калгаснiцы з Казахстана – расейкi i казашкi, асуджаныя па закону ад сёмага жнiўня трыццаць другога года. Як расказвалi самi жанчыны, яны ўкралi з поля хто каласы, хто снапы ратавалiся ад галоднай смерцi. Так што асаблiвай увагi мы на iх, пажылых, не звярталi.
Былi i масквiчкi, маладыя i сiмпатычныя, па якiх мы, навiчкi ў калоне, маглi толькi ўздыхаць, бо яны былi ўжо занятыя ўплывовымi блатарамi-лiдэрамi i тымi, хто займаў начальнiцкiя пасады.
Я закахаўся ў масквiчку Таню, якую звалi Зубны Парашок. Калi хто помнiць, да вайны выпускалi зубны парашок ў круглых каробачках, на якiх быў намаляваны сiмпатычны тварык дзяўчыны з залацiстымi кудзеркамi. Шырокая вясёлая ўсмешка адкрывала яе роўненькiя зубы. Вось такая ж i была гэта зэчка Таня, невялiкага росту, зграбненькая, мiлавiдная, ветлiвая i вясёлая.
Упершыню я ўбачыў яе на базе, куды партыю жанчын прывялi перабiраць бульбу. А я тады палiў печы ў сховiшчы для агароднiны, ну i загаварыў з ёю, калi яна прысела каля печы пагрэцца. Хто яна, адкуль, я не пытаўся, а стараўся гаварыць больш пра сябе, паказаць сябе кавалерам, вартым увагi. Чытаў ёй вершы, пераважна Ясенiна, свае. Яна слухала ўважлiва, усяму верыла, лёгка ўсё ўспрымала, смяялася. Мяне захапляла яе прыгожая прапарцыянальнасць. Пад яе малы рост падыходзiла ўсё: зграбныя рукi, ногi, твар, прыгожая галоўка з белымi кудзеркамi. Пра такiх малых гавораць – пад бярозавы лiсцiк схаваецца. Але чым больш я перад ёю рысаваўся, тым больш пераконваўся, цi мне так здавалася, што да мяне ў яе не было нiякай цiкаўнасцi.
Лёгкая душа цi, як пiшуць пра такiх, -лёгкае дыханне было ў яе, i, вiдаць, ёй лёгка жылося i ў лагеры.
Нi пры першым знаёмстве, нi пры пазнейшых сустрэчах i размовах мне няёмка было пытаць, завошта яе асудзiлi. Ведаў, што тэрмiн у яе – дзесяць гадоў, чуў, што яна нiбыта – зладзейка-дамушнiца, залазiла з хаўруснiкамi ў кватэры. Але ж за крадзеж столькi не даюць, значыць, яе прапусцiлi праз "тройку", далi замест пэўнага артыкула – СВЭ – социально-вредный элемент, – i адмералi такi тэрмiн. Сээвэшнiкаў тады ў лагеры было многа.
Выбраў яе для сябе экспедытар базы Шам, адчайны ва ўчынках, асуджаны за забойства жонкi на восем гадоў. Быў Шам расканваiраваны, жыў, вядома, багацей за нас, хадзiў у добрым адзеннi, не зэкаўскiм. Ён развозiў прадукты з базы ў калоны i лагпункты, вядома ж, махляваў, краў i меў добрыя грошы. Шам i быў лiдэрам у нашай калоне, i меў уладу над намi, зэкамi, не меншую, чым начальства. Ён мог i абаранiць каго ад начальства, мог i пакараць сваёй уладай, лёгка пераступiўшы мяжу чалавечай маралi.
Вось Таня i была яго палюбоўнiцай, i нiхто не адважваўся пасапернiчаць з iм, стаць трэцiм, пасягнуць на Таню.
Я жыў у адным бараку з Шамам. Кожны вечар, калi Шам не быў у рэйсе, ён прыводзiў Таню ў свой куток, якi быў адгароджаны ад чужых вачэй занавескай, i праводзiў назад перад адбоем i паверкай.
Як я ненавiдзеў у гэты час i Шама, i Таню, як жадаў iм усяго самага горшага. Я абураўся: Шам, не раз судзiмы, атрымаў за забойства чалавека толькi восем гадоў i ходзiць без канвою, мае прывiлеi i мае палюбоўнiцу. Ён жыве ў лагеры не горш, чым на волi, тады як мноства людзей маюць за нейкi анекдот па дзесяць, а то i больш гадоў i даходзяць ад цяжкай працы на лесапавалах i ў катлаванах.
У калоне часам наладжвалiся самадзейныя канцэрты. Зэкi паказвалi хто што мог – спявалi, танцавалi, выступалi з фокусамi. Больш чым за тры гады зняволення я нi разу i нiдзе не ўдзельнiчаў у самадзейнасцi. А тут вырашыў i я выступiць. А матыў быў адзiн – блiснуць перад Таняй. Я ўсё ж не пакiдаў надзеi выклiкаць да сябе яе сiмпатыю. Я прачытаў два вершы Блока, чытаў пафасна, узнёсла i асаблiва спадзяваўся прыцягнуць увагу да гэтых страсных радкоў:
Вползи ко мне змеей ползучей,
В глухую полночь оглуши,
Устами томными замучай,
Косою черной задуши.
Аднак жаданай рэакцыi ў Танi на гэта маё выступленне я не ўбачыў. Яна толькi разы са два пляснула, i ўсё. I я пакрыўдзiўся, дэманстратыўна сышоў са сцэны i выйшаў са сталовай, дзе праходзiў гэты самадзейны канцэрт.
"Шалашоўкi чортавы, сцервы, раскладушкi, – лаяў я iх, у тым лiку i Таню, iм блатары трэба i пасцель, а не Блок i паэзiя..." I сумна мне было, i крыўдна. Праўда, супакоiўся я хутка. Што на iх, непiсьменных крымiнальнiц, крыўдаваць, гэта ж не палiтычныя iнтэлiгенткi, а iх тут няма, яны ў тайзе на лесапавале. Вось каму Блок патрэбны i зразумелы...
I ўсё ж мне, дваццацiгадоваму хлопцу, хацелася кахання. Я разумеў, што спаборнiчаць з блатарамi не змагу. Хто я, стрыжаны, цыбаты, ва ўсiм лагерным? Хто з жанчын зверне на мяне такога ўвагу? Чым я магу пачаставаць тую ж Таню, як частуе яе экспедытар Шам? Ёй ён нават i духмяны дорыць, лак для пазногцяў, панчохi. А я?
Помню, як я ляжаў на штабелi мяхоў мукi пад навесам i шкадаваў сябе.
Была ранняя вясна, i сонца ласкава грэла. Унiзе на сонейку прыгрэлiся хлопцы-грузчыкi i жанчыны. Гамана, смех, анекдоты самыя што нi ёсць вострыя, з якiх нiводнага слова не выкiдвалася, не замянялася. I я падумаў: чорт пабяры, я згадзiўся б пажыць толькi дзесяць гадоў (тады здавалася гэта вельмi многа), але так, як я захачу, – багатым i ў славе.
Я ўявiў сябе ў шыкоўным каверкотавым касцюме, у бобрыкавым палiто, канечне, у капелюшы i пры гальштуку, з гадзiннiкам на руцэ – мой вышэйшы тагачасны iдэал, бо такога ў мяне яшчэ нiчога не было. I вось я такiм франтам з поўным кашальком грошай прыязджаю на легкавушцы "эмка" на гэтую базу, вылажу з машыны, дастаю з кiшэнi пачак "Казбека", закурваю. "Ну што, шалавы, пазналi, хто я?" – кажу i кладу перад iмi каробку шакаладных цукерак. Яны б, канечне, заахалi, заохалi: "Дурнiцы мы, курыцы мы, такога франта ўпусцiлi..." Вось i пакусалi б сабе тады локцi. А я б дэманстратыўна паглядзеў на свой гадзiннiк i сказаў бы: "Ну, дзеўкi, можа, хто хоча на "эмцы" пракацiцца? У рэстарацыi са мной бутэлечку шампанскага выпiць? Запрашаю". I ўсе б яны, гэтыя шалашоўкi, навыперадкi кiнулiся б да мяне. Усе, i першая – Таня.
Такiм багатым, раскошным жыццём я гатоў быў пажыць толькi дзесяць гадоў. Бясспрэчна, цяпер успамiнаць тое жаданне смешна, бо жыву намнога багацей, чым тады ў марах, i не дзесяць ужо гадоў, дзякуй Богу.
Ад Танi я ўсё ж не алхiляўся i па-ранейшаму стараўся з ёю пабыць, пагаварыць i ўвесь час чытаў ёй вершы. Як бы часам яна нi была мне знявiднай, мяне цягнула да яе. Я адчуў, што ёй усё ж было са мной прыемней, чым з тымi, хто там, на базе, да яе падлашчваўся. I вельмi ўзрадавала мяне, калi яна, паслухаўшы мае вершы, сказала:
– А ты – паэт. – Памаўчаўшы, дадала: – Будзеш iм.
– Буду, – упэўнена паверыў я сам сабе.
Бог мой, як я ёй хлусiў пра сваё мiнулае, пра сябе, бацькоў, i для адной i той жа мэты – спадабацца. Вось так, напрыклад, я хлусiў ёй:
– Дома ў нас аднойчы быў перапалох. На сцяне вiсела татава нямецкая стрэльба. Аднойчы, калi я iграў на пiянiна, стрэльба ўпала на яго, разбiла крыштальную вазу i цыферблат татавага залатога гадзiннiка...
Сорамна ўспамiнаць цяпер такую хлусню. Якое пiянiна, крыштальная ваза, залаты гадзiннiк у сямл жабрацкага прыгоннага мужыка-калгаснiка? А я не толькi не ўмеў iграць, а нi разу ў жыццi да пiянiна i пальцам не дакранаўся.
Яна паверыла гэтай маёй хлуснi i раптам спытала, цi люблю я iграць "Баркаролу" Чайкоўскага. Што такое баркарола, я не ведаў, але нахабна сказаў, што люблю i граю яе.
Калi я спрабаваў распытаць у яе пра мiнулае, пра бацькоў, яна ўхiлялася i пра сябе нiчога не расказвала. Адно выпытаў, што яна скончыла дзесяць класаў.
Размова гэта была на базе днём. Тады ж я ўсё-такi выбраў момант i Таню пацалаваў, тайком ад людзей. Апынуўшыся памiж штабялямi мяхоў i скрынак, я абхапiў яе, прыцягнуў да сябе i пацалаваў. Яна адказала пацалункам, узаемным, доўгiм, упершыню мною пазнаным. Пацалавала, нагнуўшы маю галаву ўнiз, бо Таня ж была мне па плячо, i сказала:
– Ён жа, калi даведаецца, цябе i мяне зарэжа.
Хто ён, здагадаўся, – Шам.
Але мяне не страх апанаваў, а шчасце, радасць, i ўвесь той дзень i наступны я хадзiў пад уражаннем гэтых пацалункаў, i ў душы гучалi радкi гётэўскага верша:
Да, она была, была!
Да, была! Всё это было:
Мимоходом обняла
И всю жизнь переменила.
Я цяпер зноў чакаў такой жа патаемнай сустрэчы, а такога не надаралася некалькi дзён. Але бог закаханым памагае. Аднойчы загадчык склада, калi мы грузчыкi i жанчыны – разгружалi вагоны з бульбай, падышоў, паказаў на мяне i Таню i сказаў, каб памаглi яму разабрацца з накладнымi. Мы пайшлi ўслед за iм. На складзе загадчык даў нам цэлы стос папер, сказаў, што iх трэба раскласцi па днях i кожную запiсаць у журнал. Мы ўзялiся за працу, а ён пайшоў.
Застаўшыся ўдваiх, мы i цалавалiся, i абдымалiся, i ў любовi прызнавалiся. I проста маўчалi, i маўчанне наша было прыемнае, радаснае. Не спатрэбiлася нi чытаць ёй вершы, нi мая хлусня, як я iграў на пiянiна дома.
Я спытаў:
– Таня, вось вызвалiцеся ты i Шам i пажэнiцеся?
Яна рэзкiм рухам рукi адсунула ад сябе паперы, зiрнула на мяне злосна i нават варожа.
– Ды я яго тапаром засяку.
– А чаму ж ты з iм... гэта самае?
– Бо я хачу яшчэ жыць. Я баюся яго нажа.
Яна прыкрыла рукою твар i заплакала. Паплакала, выцерла вочы, спытала:
– Ты застаў тут Валю з Кастрамы?
– Гэта тую, якую нехта задушыў у лазнi?
– Задушыў яе Шам, бо яна з iм не хацела жыць.
– Шам?
– Ён мне сам i прызнаўся i сказаў, што зробiць гэтак жа i са мной.
– Дык... Дык трэба ж заявiць пра гэта оперу, – пачаў быў я, але апомнiўся: цяпер не дакажаш, што Шам – забойца Валi. Яго словы – яшчэ не доказы. А помста ад яго будзе страшная.
– Ты папрасiся, каб цябе перавялi ў iншую калону, – параiў я i спахапiўся, што глупства сказаў – тады ж я Таню не ўбачу.
– А ты думаеш, там не знойдзецца такi ж бандыт, як Шам? Божа мой, навошта ты мяне стварыў жанчынай? – Яна iзноў усхлiпнула.
– Не плач, – пачаў я супакойваць яе. – Ведаеш што, я заб'ю Шама, -зусiм нечакана i для сябе прапанаваў я. – Ты хочаш гэтага?
Таня паглядзела на мяне працягла, уважлiва, вiдаць, стараючыся зразумець, цi здольны я на гэта. Можа, i паверыла, умiхнулася, выцерла слёзы.
– Не трэба, заробiш новы тэрмiн, – пашкадавала яна мяне. А я сапраўды пачаў думаць, як вызвалiць Таню ад Шама. Лепш за ўсё было б яго, канечне, забiць, або загнаць у штрафны iзалятар, або ў якую дальнюю калону на агульныя работы. Толькi ж як зрабiць гэта? Хто яго i за што адсюль перавядзе? Да таго ж Шам падкупiў начальства i знаходзiцца з iм ў хаўрусе. Значыць, толькi адзiн спосаб пазбавiцца ад яго – забiць. Забiць так, каб забойцу не маглi потым знайсцi.
Я псiхалагiчна падрыхтаваў сябе да такога ўчынку, апраўдваў яго, бо забiць трэба забойцу, крымiнальнiка, на сумленнi якога жыццё жонкi, Валi i, можа, яшчэ каго. Шам заслугоўвае толькi смерцi, i я павiнен выканаць прыгавор, якi вынес бы яму суд, калi б ведаў усе яго злачынствы. Я захапiўся гэтай думкай так, што i ў сне мне снiлася, як я Шама забiваю. Жудасная карцiна снiлася: нiбы я калю яго вiламi, калю, а ён жывы i толькi ўхмыляецца, а крывi на вiлах няма...
У гэтыя днi, калi Шам мне снiўся, у калоне яго не было, ён бавiўся недзе ў рэйсе. I я чакаў яго з нецярпеннем, "горя жаждой мести", як напiсаў адзiн паэт, i яшчэ не ведаў, як i пры якiх абставiнах я буду ажыццяўляць свой план. Адступаць, думаў я, мне няма куды, бо з Таняй мы сталi блiзкiя, Таня цяпер мая. Добра было б мець саўдзельнiка забойства, але ж двое – гэта ўжо не тайна.
Прыкладны план я ўсё ж намецiў. Забiць Шама лепш за ўсё на базе. Паклiкаць яго ў нейкае пустэльнае месца, быццам для паказу нечага, i там гахнуць па галаве схаваным тапаром цi ломам. Я ўжо i месца такое выбраў пад паветкай, дзе звалены пустыя скрынкi. Занёс туды i цяжкi малаток.
Чакаў вяртання Шама з рэйса ў нядзелю, а ён прыехаў позна ноччу ў суботу, калi я спаў. Прыехаў п'яны i адразу ж паслаў нейкага шчыпача па Таню. Таня не выйшла, захварэла... Пакрыўджаны Шам пайшоў сам у жаночы барак. I што там адбылося, я ўжо апiсваю з расказаў сведак.
Шам зайшоў у барак, груба сцягнуў Таню з нар i даў ёй па шчацэ за непаслухмянства дзве аплявухi. Таня дайшла да печкi i прысела. Яе калацiла так, што зуб на зуб не трапляў, – i ад гарачкi, i ад абразы Шама. Печка напалiлася да чырванi, а Таня мерзла i ледзь не лажылася на яе.
Шам таксама прысеў каля печкi. Каб прыкурыць, ён адчынiў дзверцы i пачаў даставаць жарынку. Святло ад печкi ўпала на блiскучае лязо тапара, якiм днявальная барака секла на распал смалякi. I хто можа ведаць, што раптам кiнула Таню на такi ўчынак? Яна схапiла тапор i вострым лязом ударыла Шама па шыi, калi той нiзка нагнуўся, прыкурваў ад жарынкi "беламорыну". Шам расцягнуўся на падлозе, падрыгаў i зацiх.
Таню ў тую ж ранiцу забралi ў следчы iзалятар, гаварылi, што яе судзiлi, а колькi далi, не ведаю.
Нарадчык Лёва, калi я аднойчы загаварыў з iм пра Таню, ляпнуў сябе па тоўстых ляжках, ускрыкнуў:
– Во малая! Такога бугая забiла. Во бабы!
Я спытаў, завошта Таня сядзела, бо яна мне так i не сказала.
– Ды яна ж чэсiрка. Ну, член сям'i iзменнiка радзiмы. Дачка гэтага... – Ён назваў прозвiшча даволi вядомага бальшавiка, якi займаў высокую дзяржаўную пасаду. – Бацьку расстралялi, а сям'ю – у лагеры.
Я быў у такiм стане, што больш нi распытваць, нi слухаць не мог. Я дайшоў да першай лавачкi, прысеў... Як горка было ў мяне на душы! Я не разумеў i здзiўляўся, чаму яна ўтойвала ад мяне праўду пра сябе. Цяжка ёй было гаварыць пра гэта цi ў блатным злачынным свеце не хацелася выглядаць белай варонай? Нагаворвала ж на сябе, быццам дамушнiца яна, па кватэрах лазiла.
Для мяне Таня знiкла назаўсёды. Але я помню яе, i мiжволi, як толькi ўзнiкае ў памяцi яе вобраз, гучаць у душы радкi гётэўскага верша:
Да, она была, была!
Да, была! Всё это было;
Мимоходом обняла
И всю жизнь переменила.
"ПАДСНЕЖНIК"
Што такое падснежнiк, ведаюць i дзецi – гэта першая вясенняя лясная кветка, якая зацвiтае на праталiне, калi яшчэ не сышоў увесь снег.
На лагерным жаргоне "падснежнiкамi" называлiся зэкi, якiя спрабавалi ўцячы восенню або зiмой i замерзлi ў тайзе. Вясной, як толькi раставаў снег, тыя ўцекачы-зэкi i паказвалiся з-пад яго разам з кветкамi падснежнiкамi. Так i гаварылi: прывезлi з тайгi двух "падснежнiкаў", каб iх заактаваць.
Я хачу расказаць пра гiсторыю аднаго такога "падснежнiка".
Калi савецкi ўрад прадаў Японii нашу чыгунку, што праходзiла па кiтайскай тэрыторыi, захопленай японцамi, то ўсе падданыя СССР, якiя абслугоўвалi тую чыгунку, вярнулiся на Радзiму. Разам з iмi прыехалi i многiя эмiгранты, што пакiнулi Расею яшчэ да рэвалюцыi. Амаль усе яны – i савецкiя грамадзяне, i эмiгранты – былi арыштаваны як "японскiя шпiёны". Многiх з iх расстралялi, а астатнi, уцалелых, загналi ў лагеры.
Iх называлi кавэдэдэўцамi, ад абрэвiятуры КВЖД, што азначае па-расейску Китайско-восточная железная дорога.
Трапiла адна кавэдэжэўка i ў нашу калону. Я помню яе iмя i цяпер Наталля, i, прызнаюся, быў у яе закаханы. Калона наша – мужчынская, але жылi ў ёй некалькi дзесяткаў жанчын, якiя працавалi на кухнi, у лазнi, пральнi, санчасцi, у канторы. Наталля была прачкай.
На яе, вядома ж, меў вока i надзею не толькi я. I не дзiва – мужчыны-зэкi гадамi жанчын не бачылi, i калi iх месяцы тры назад прыгналi ў нашу мужчынскую калону, гэта быў фурор, падарунак, можа, самы жаданы ў лагерным аднастайна шэрым жыццi.
Як сцвярджала начальства, нават норма выпрацоўкi ў зэкаў павысiлася – так станоўча-эмацыянальна ўздзейнiчала на мужчын iх з'яўленне.
А пра жанчын зэкi мараць, як бы iм нi было цяжка. Помню, як усхвалявала мяне сустрэча з жанчынай, старшым лейтэнантам-медыкам, якая прыехала з санупраўлення лагера правяраць санiтарны стан калоны. Я зайшоў тады ў санчасць па нейкую дробязь – цi не па соду – i твар у твар у калiдоры сутыкнуўся з ёю. Яна – пышнацелая, з дагледжаным тварам, яркiмi напамаджанымi губамi i нафарбаванымi пазногцямi, – паглядзела на мяне неяк працягла i, як мне здалося, з цiкаўнасцю. Я прапусцiў яе, прыцiснуўшыся да сцяны спiною, калiдор быў вузкi. Яна прайшла, цокаючы падкаванымi абцасамi ботаў, адчынiла дзверы пакоя i, ужо ступiўшы за парог, зноў паглядзела на мяне на гэты раз ужо са спачуваннем. Я засаромеўся свайго выгляду – нагала стрыжанай галавы, грубых ад пiлы i тапара рук, абцёртых ватных штаноў i бурак з мешкавiны. Яна зайшла ў пакой, пакiнуўшы ў калiдоры пах духмянаў, якiя я ўцягваў у сябе, удыхаў, а надыхаўшыся, панёс той пах з сабою ў барак. Доўга потым кружыла галаву мара пра тую пышнацелую жанчыну...
Прыгадваю на гэту тэму i яшчэ адну дэталь з нашага зэкаўскага жыцця. Адным ранкам брыгада iшла па дарозе на лесапавал, i нехта ў калоне крыкнуў:
– Браткi, баба!
Мы азiрнулiся ў бакi i нiдзе жанчыны не ўбачылi. Дарога, выбiтая тысячамi зэкаўскiх ног, была пустэльная.
А зэк той не сцiхаў, крычаў:
– Ды куды вы гледзiце? Вунь збоч дарогi ляжыць. На зямлi.
I мы ўбачылi акурак папяросы, гiльза якой была ў чырвонай памадзе. Значыць, курыла жанчына, i акурак яе. Пунсавела тая памадная папяроса, як жарынка, i адразу ж напомнiла кожнаму далёкi недасягальны свет i ў iм нешта патаемнае, можа, самае дарагое. Уявiлася i тая незнаёмка, што прайшла тут i кiнула недакураную папяросу ў снег. Хто яна, якая яна, чаму тут з'явiлася, можна было толькi фантазiраваць. У тых сваiх фантазiях кожнаму i бачылася такая жанчына, пра якую ён марыў.
Калi б той акурак ляжаў прама на дарозе, а не збоч, яго б, канечне, схапiлi. А так не сунешся туды, стралок палiчыць за спробу ўцёкаў i ўлупiць кулю ў спiну.
Днi тры ляжаў той акурак, пакуль яго не занесла снегам, i заўсёды, падыходзячы да таго месца, усе паварочвалi галовы на яго i прыцiхалi.
Наталлi было гадоў сорак, да арышту мела мужа i дзвюх дачушак. Муж, як i яна, сядзеў таксама недзе ў лагеры, а дзецi знаходзiлiся ў спецыяльным дзiцячым доме. Мацi, браты i сёстры засталiся ў Харбiне. Наталля больш за ўсё гаравала па дачушках. Яна не ведала, што гэта за такiя ў нашай краiне спецыяльныя дзiцячыя дамы, усё распытвала пра iх. Хто ведаў, расказваў, супакойваў: там кормяць, адзяваюць i вучаць, як у звычайнай школе. Яна верыла, хацела верыць i радавалася: калi вучаць, то iм жывецца нармальна.
Не ведаю, як удалося Наталлi, хто дапамог, але яна адшукала адрас таго дзiцячага спецдома, напiсала туды лiст i – во дзiва! – атрымала адказ. Напiсала малодшая дачушка: сыты, адзеты, ёсць пiянiна ў доме, дзецi добрыя, не крыўдзяць, толькi вось сумна без мацi i бацькi. Яна ж напiсала аб прыгодзе старэйшай сястры. Тая з групай сябровак спрабавала ўцячы ў Маскву, каб папрасiць Сталiна вызвалiць бацькоў з лагераў. Iх, канечне, на першай жа станцыi злавiлi i за ўцёкi пакаралi – кожнай уцякачцы на галаве прастрыглi машынкай палосы: калi яшчэ ўцякуць, дык адразу распазнаюць, што яны з дзетдома.
Наталля, як мяркую цяпер, была звычайная, без кiдкай прыгажосцi жанчына, на якую на волi ў шматлюддзi i не звярнуў бы ўвагi. Бялявая, высакаватая, тонкая, з цяжкай фiзiчнай працай да лагера не знаёмая. Там, на волi, вучыла дзяцей у школе музыцы. Ад штодзённага мыцця зэкаўскай бялiзны рукi яе былi чырвоныя, прыпухлыя, раз'едзеныя мылам i содай.
Большасць тых жанчын, што жылi разам з Наталляй у асобным невялiчкiм бараку, былi звычайнымi лагернымi шалавамi, i кожны, хто мог расплацiцца, меў да iх доступ.
Наталлю таксама спрабавалi спакусiць рознымi падарункамi, але яна не паддавалася i не прадавалася. Была недаступная, хоць вакол яе заўсёды збiралася кампанiя паклоннiкаў i ўздыхацеляў.
Неяк седзячы вось у такой кампанii, яна i расказала больш падрабязна пра сваё жыццё ў Харбiне. Бацька яе, iнжынер-пуцеец, перавёз сям'ю ў Харбiн з Расеi яшчэ да рэвалюцыi. Горад Харбiн быў фактычна пабудаваны расейцамi, i жылi там пераважна расейцы. Там Наталля вучылася, выйшла замуж за расейца, таксама, як i бацька, iнжынера-пуцейца. Жылi ў дастатку, мелi свой прасторны дом. Старэйшы брат займеў тэкстыльную фабрыку, малодшы – аптэку. Там бы Наталлi i жыць, як жывуць цяпер яе браты, мацi, сёстры (бацька памёр ужо), дык не, патрыятычны клiч крывi пацягнуў яе i мужа ў Расею. Спачатку муж, потым i Наталля прынялi савецкае падданства i на Радзiму прыехалi ўжо савецкiмi грамадзянамi. Прыехалi i трапiлi ў лагер.
Паслухаўшы, як Наталля жыла ў Харбiне, зэк-масквiч свiснуў ад здзiўлення i не ўтрымаўся, вылаяўся.
– I ты, дурная, ад такой жытухi сюды прыпёрлася? Во ў цябе, – пакруцiў ён пальцам каля сваёй скронi.
– Дурная, – згадзiлася яна. – Але ж мы, расейцы, сумавалi па Расеi.
– Вунь яна, твая Расея, – паказаў масквiч на драцяную агароджу, – любуйся.
– Цi ж мы маглi думаць, што з намi так зробяць? – голас яе ўздрыгнуў, i яна ледзь не заплакала, але ўстрымалася.
Шкада яе было нам, як шкада i сваёй долi.
Я параiў ёй напiсаць скаргу ў Маскву Сталiну. Грузiн з Кутаiсi пацокаў языком, сказаў мне:
– Слухай, кацо, такую разумную параду даваў сусед суседу. Каб прыдушыць мыш, якая схавалася пад шафу, ён параiў абрэзаць ножкi ў шафы. Шафа i прыдушыць мыш... Такiх скаргаў Сталiну мiльёны пiшуць. I што?
– Дык мяне ж не судзiлi, – расказвала Наталля. – На допыт выклiкалi толькi раз i прачыталi, што мы быццам японскiя шпiёны i за гэта нас пасылаюць у лагер на дзесяць гадоў. У мяне ў фармуляры – ПШ – падазрэнне ў шпiянажы. Як жа можна асудзiць без суда?
Наiўная Наталля нiчагусенькi не ведала пра нашы парадкi, тройкi, асобыя нарады, расстрэлы без суда, пра нашы законы, якiя ўстанаўлiвалi беззаконне.
Так мы часценька збiралiся сваёй кампанiяй, гаварылi, успамiналi мiнулае, старалiся ўгадаць будучае, i нам было неяк хораша ад узаемнага спачування. А гэта вельмi аблягчала наша жыццё. Суцяшэнне i спагада блiжняга – лекi гаючыя. Паспагадай i пашкадуй пакутнiка, вучыў Хрыстос.
Падышла тады да нас зэкаўка Надзька, з пракураным грубым, але гулкiм моцным голасам, папрасiла закурыць. Ёй далi бычок – недакурак. Яна зацягнулася глыбока, з асалодай, сказала грузiну:
– Кацо, дарэмная работка, Наташа не распячатаеццi. Купi мяне, калi ў цябе грошы ёсць.
Грузiн пакрыўдзiўся.
– Слухай, Надзька, за грошы я i сам сябе купiў бы. Iдзi ты...
Надзька i была той самай даступнай шалавай. Таўставатая, невысокага росту, з круглым задам i аб'ёмнымi грудзямi, якiя, не падцягнутыя лiфчыкам, дрыжалi пры рухах, як кiсель у мiсцы, яна была некалi цiхай вясковай дзяўчынай. У пачатку трыццатых гадоў, калi пасля "вялiкага пералому" ўспыхнуў голад i зямлю Ўкраiны ўсеялi апухлыя мерцвякi, Надзька ўкрала з поля паўпуда збожжа. Яе, шаснаццацiгадовую, i запяклi ў лагер на дзесяць гадоў. Будавала трагiчна знакамiты Беламорканал. Як ударнiцу-каналаармейку яе разам з многiмi вызвалiлi датэрмiнова. Але лагер Надзьку не выправiў, а, наадварот, сапсаваў, яна ўвабрала ў сябе самае горшае са злачыннага асяроддзя, i на волi ёй ужо месца ў жыццi не знайшлося. Цяпер яна сядзела ўжо трэцi раз за крадзяжы i, як прызнавалася, волi не хоча. "А што мне там рабiць, на волi, – гаварыла яна. У свой калгас iсцi? Ды няхай ён згарыць сiнiм полымем".
Надзька выцыганiла ў масквiча папяросу, сказала яму, што расплоцiцца за яе натурай, зарагатала. Смех яе быў гулкi, абрывiсты, падобны на смех у пустой бочцы.
Цягнулiся днi, тыднi, i былi яны падобныя адзiн на адзiн, як бы злiлiся ў адну суцэльную плынь часу, часу тугi, цярпення i адчаю. I чым больш канала ў вечнасць гэтых дзён, тым больш свет здаваўся мне i многiм зэкам абязлюдзелым, хоць людзi жылi ў цеснаце, упрытык. Толькi ж яны былi адно аднаму чужыя i не бачылi паблiзу сябе душ родных – бацькоў, дзяцей, братоў, мужоў, жонак...
Наталля пачала ну проста на вачах старэць, марнець, асунулася, ужо чужалася мужчынскiх кампанiй, ранейшых размоў, расказаў пра сябе. Калi ж часам i сядзiць з намi, то маўчыць, безуважная да нашай гаворкi, i раптам пачынае кусаць губы, у зеленаватых, як iльдзiнкi, вачах яе ўспыхвае трывога, спалох, i яны, вочы, застываюць на нейкi час, нiбы перад ёй паўстала нешта страшнае.
Убачыўшы яе такой у першы раз, я занепакоена спытаў, што з ёю, цi не трэба яе завесцi ў санчасць. Яна адмоўна пакруцiла галавой i нiчога не сказала. Потым я не зважаў на яе такiя змены ў паводзiнах.
Аднойчы пры такой вось нашай цiхай гаворцы Наталля раптам загаварыла зусiм не па тэме размовы:
– А там жывуць. Там ёсць тэатр. Канцэрты наладжваюцца... Там музыка. Твар яе пасвятлеў, сухiя губы, якiя даўно не ведалi памады, кранула ўсмешка. Там, у мамы, засталася мая любiмая ў дзяцiнстве плюшавая кошачка. Я любiла спаць з ёю. Кiцi звалi кошачку. З такой пацешнай мордачкай... Госпадзi божа мой, хоць бы мама яе не выкiнула, захавала... Я хачу тую кошачку.
Мы разам з ёю паўсмiхалiся i змоўклi.
Канчаўся верасень. Пажоўклi бярозы, кусты, пагрубела трава. З тайгi цягнула пахам грыбоў, iх неслi торбамi бесканвойныя зэкi, варылi, смажылi на алаўцах, сушылi.