Текст книги "Крэсла з гербам i розныя крымiнальныя гiсторыi (на белорусском языке)"
Автор книги: Василий Хомченко
Жанр:
Прочие детективы
сообщить о нарушении
Текущая страница: 6 (всего у книги 8 страниц)
У адзiн з прыходаў Ахмет пачаставаў Моцнага карамелькамi – поўным мяшэчкам. А Моцны падзялiўся ўжо i з намi тымi цукеркамi.
– Вы ўжо добры сталi на твар, – сказаў Ахмет Моцнаму. – Паправiлiся.
– Трохi паправiўся, – ахвотна падтрымаў з iм гаворку Моцны.
– Вызвалiцеся, дамоў паедзеце, горад ваш харошы.
– Калi асобая нарада не дабавiць.
– Усё адно трэба цярпець.
– Буду цярпець, у пельку ж не палезу. Я – чалавек бiты.
– А за аднаго бiтага даюць двух нябiтых, – сказаў Ахмет i засмяяўся.
– Ахмет, – улез у гаворку Лёха Мошкiн, – ты не так гаворыш. За бiтага даюць ад двух да пяцi годзiкаў. Дайшло?
Пасмяялiся ўсе, i асаблiва хохма гэта спадабалася Ахмету.
Той дзень, калi здарылася гiсторыя, з-за якой i напiсаны гэтыя ўспамiны, быў ужо цёплы, вясеннi. Сонца плавiла снег, ён пад яго цяплом асядаў з шоргатам, пакрываючыся кропелькамi поту. Знiклi белыя шапкi з валуноў i пнёў. З тайгi цягнула подыхам вясны – хвояй, карой i нечым неразгаданым, ледзь улоўным – заўсёдным пахам гэтай пары. Неба блiшчала яркай сiнню, i на схiле дня яго сiнь клалася на заснежаную зямлю.
У гэты прыгожы дзень працавалася неяк спорна, без таго гнятлiвага адчування цяжару няволi, якi трывала сядзiць у душы зэкаў. У час перадыху хто курыў, хто так сядзеў, а хто i драмаў. Моцны прылёг на дашчаны трап, па якiм ганялi тачкi, i падставiў сонцу i небу твар i шыю, агалiўшы яе.
– Госпадзi божа мой, – сказаў ён, глыбока ўздыхнуўшы, – дзякуй табе, што ты стварыў такi цудоўны свет, цудоўную прыроду, зямлю. Дзякуй.
– А за парадкi на зямлi таксама дзякаваць богу трэба? – падаў голас брыгадзiр. Ён сядзеў на тачцы, таксама падставiўшы твар сонцу i шырока расшпiлiўшы каўнер.
– Парадак людзi самi ўстанавiлi, – адказаў яму Моцны. – Тут не ад бога залежыць. Бяда, калi наводзiць парадак чалавек антымаральны, кат i дыктатар.
Размова наблiзiлася да небяспечнага кiрунку, таму брыгадзiр штурхнуў яе ў iншым напрамку, загаварыў пра вясну. Але гаворку Моцнага падтрымаў Лёха.
– Правiльна, Сямён Якаўлевiч, не бог, а людзi нас сюды загналi. А вы верыце ў бога?
– Бога я прыняў тут, у няволi. I веру ў замагiльнае жыццё. I ў замагiльны суд веру. Вось паўстануць там па клiку трубы архангела ўсе замучаныя, забiтыя i тыя, хто iх мучыў i забiваў. Суд i дасць кожнаму тое, што заслужыў пры жыццi на зямлi.
– Я, канечне, траплю ў кацёл з гарачай смалой, – сказаў Лёха, – а вас у рай пашлюць.
– Не ведаю, куды мяне пашлюць, а вось паглядзець бы, як тых катаў энкавэдыстаў будуць смажыць у смале. Я б сам iх засмажыў. – Ён сеў, схапiўся за галаву. – Божа мой, а чым усё-такi стукне мне па галаве АСО? Асобая нарада. А калi расстрэл?
Ён вельмi спалохаўся гэтай здагадкi, збялеў нават, знерухомеў, нiбы ўжо гэту кару яму аб'явiлi.
Чым стукнула АСО Моцнага, даведалiся ў той жа дзень. Прыехаў наш кум, лейтэнант, губасты i такi худзючы, што галiфэ яго здавалiся пустыя, i аб'явiў Моцнаму рашэнне АСО. Далi яму дзесяць гадоў i пачатак адбывання пакарання залiчылi з дня пасадкi ў шызо. Чатыры адбытыя гады прапалi, тэрмiн пацёк новы. Яму да ПШ прыбавiлi яшчэ адну абрэвiятуру, даўжэйшую на дзве лiтары – КРТД, што азначае контррэвалюцыйна-тэрарыстычная дзейнасць.
Вестку гэту, на дзiва, Сямён Якаўлевiч прыняў знешне спакойна. Выслухаў кума моўчкi, узяў кiрку i пачаў разбiваць грунт, таксама моўчкi.
Кум пайшоў, а Лёха, уражаны, здаецца, больш за Моцнага, пачаў абурацца i лаяцца.
– Жывадзёры, гнiды, на вяровачку б iх усiх павесiць. – Ён пхнуў што было сiлы нагой тачку. – Во яно АСО – дзве ручкi, адно калясо. Гэта ж яшчэ столькi дабавiць, гады!
Набiты Моцным грунт я пагрузiў у тачку, вывез у адвал. А Моцны ўсё ўбiваў i ўбiваў кiрку ў грунт, не прыпыняўся i тады, калi брыгада рабiла перакур. Я хацеў адабраць у яго кiрку, але брыгадзiр спынiў мяне, сказаў, каб не чапаў, няхай прыйдзе ў сябе.
У сябе ён не прыйшоў. Сабраўшы ўсе сiлы, загнаў кiрку ў зямлю да самага дрэўка, пакiнуў яе там ды яшчэ i нагой па ёй прыстукнуў.
– Усё, будзь ты праклятая, зямля. Я цябе не марозiў, не буду i калупаць. Брыгада, я пайшоў на волю.
Мы не зразумелi, пра якую гэта ён волю сказаў. А ён зняў рукавiцы, сунуў iх у кiшэню бушлата, узяў сваю торбачку, дзе былi пайка i мiска з лыжкай, зiрнуў на неба, сонца, перахрысцiўся – гэта мы ўбачылi ўпершыню – i пайшоў. Пайшоў па трасе па напрамку горада. Пакуль ён iшоў па дазволенай зоне, мы маўчалi. Але вось ён пераступiў тую мяжу, пераход цераз якую ўжо лiчыцца спробай уцёкаў.
– Сямён Якаўлевiч, – крыкнуў яму брыгадзiр, – куды? Вярнiся!
Той участак гранiцы ахоўваў Ахмет. Яшчэ калi Моцны падыходзiў да мяжы, Ахмет насцярожыўся, стаў у баявую паставу... А калi пераступiў мяжу, Ахмет накiраваў вiнтоўку на яго.
– Куды? Куды вы? Стой! – крыкнуў ён не пагрозлiва.
А Моцны iшоў ужо за мяжою, аддаляўся ад яе.
– Эй, стой! – Ахмет клацнуў затворам. – Стой, гавару, страляць буду!
Моцны iшоў не азiраючыся. Iшоў мерным ходам, спакойна, нiбы ён сапраўды быў ужо на волi. Глыбокiя сляды на снезе-цалiку цягнулiся ўслед яму i былi падобны на ланцуг, якi зэк Моцны размотваў з сябе.
– Эй, страляю зараз, стой! – крычаў Ахмет яму ўжо ўслед i двойчы цi тройчы прыкладваўся да стрэльбы, але не страляў.
Усё гэта бачыў другi ахоўнiк – таўсматы сяржант. Той быў па другi бок трасы i таксама насцярожыўся, ускiнуў вiнтоўку гатовы стрэлiць.
Калi Моцны адышоў ад дазволенай гранiцы ўжо крокаў трыццаць, Ахмет стрэлiў угору. Другi раз, як i належыць па iнструкцыi, павiнен стрэлiць у Моцнага.
– Стой!
Моцны iшоў, падставiўшы стралку спiну i патылiцу.
Тады Ахмет закрычаў ужо брыгадзiру:
– Брыгадзiр, даганяй, затрымай! А то заб'ю яго. Даганяй!
Брыгадзiр, Лёха i я пабеглi ўслед за Моцным. Мы беглi па яго глыбокiх слядах, умiнаючы iх яшчэ глыбей, уперадзе – Лёха, я – за iм, брыгадзiр, старэйшы за нас i з паламанымi рэбрамi, – ззаду. Беглi моўчкi, без крыку, каб не спужаць яго, каб не азiрнуўся i не джгануў ад нас. Лёха першы дагнаў Моцнага, стаў перад iм.
– Ты што, – закрычаў ён, – знарок пад кулю iдзеш? Жыць не хочаш, а на Ахмета хочаш смерць сваю ўзвалiць? – Размахнуўся, але ляпнуў па твары лёгка, хутчэй дэманстратыўна. – Ёўбала ты.
Мы ўзялi Моцнага за рукi i павялi на ўчастак. Ён не супрацiўляўся. Калi праходзiлi мiма Ахмета, то ўбачылi, як у таго дрыжалi губы. I рукi дрыжалi, антабка на вiнтоўцы ляскала.
– Ахмет, – сказаў яму брыгадзiр Iваноўскi, – дзякуй табе. Няхай дзецi твае будуць шчаслiвыя.
Ахмет у адказ усмiхнуўся жаласна i радасна, шчаслiвы ад таго, што вось жа не забiў чалавека, а павiнен быў забiць, не ўзяў на сябе чужую смерць.
Моцны ў той дзень больш працаваць не стаў, i мы яго не прымушалi. Ён сядзеў на зямлi на дошцы ў паставе бога Буды, няўцямны да ўсяго, глядзеў некуды паверх сопак, i што ён думаў у гэты час, бог адзiн ведае.
Старшы ахоўнiк-сяржант далажыў пра спробу Моцнага ўцячы, i яго зноў забралi ў шызо, а адтуль у калонiю з больш строгiм рэжымам. Думаю, што Моцны там не выжыў.
Ну а стралка Ахмета мы сталi яшчэ больш паважаць i хацелi, каб ён застаўся такiм жа нармальным хлопцам, каб не агрубела яго душа на такой службе, не змянiўся характар i не ператварыўся ён у сапраўднага вертухая.
"Госпадзi божа мой, – увесь час успамiнаўся балючы ўскрык Сямёна Якаўлевiча, – навошта ты дазволiў зрабiць такi на зямлi парадак, калi адзiн чалавек можа прычыняць смерць i гора мiльёнам? Навошта?"
САЛДАЦКI ЛIСТ
Мой мiнамётны ўзвод папоўнiўся двума салдатамi – Iванам Дробатам i Яраславам Бычыкам – летам сорак чацвёртага, калi былi вызвалены iх прыгранiчныя з Малдавiяй вёскi. Яраславу яшчэ i васемнаццаць не споўнiлася. А Дробату было ўжо за сорак, i яго, як самага старэйшага ў роце, мы называлi дзядзькам Iванам. Шчыры, непасрэдны Яраслаў адразу ж стаў любiмцам узвода. Па-хлапчукоўску нявопытны, неасцярожны Яраслаў часам паводзiў сябе неабдумана адчайна, што на вайне сярод салдат не ўхвалялася. Каб быў ён пад пастаянным наглядам, я ўзяў Яраслава да сябе ардынарцам.
Гаворка, аднак, пойдзе не пра Яраслава, якi шчаслiва скончыў вайну, а пра Iвана Дробата. Яго марудлiвасць, празмерны спакой – не паспяшаецца, не пабяжыць, дзе трэба, – мяне часам раздражнялi, i прыходзiлася, каб падагнаць, хрысцiць мацюком. Мужчына ён быў дужы, лёгка ўскiдваў сабе за спiну больш чым дваццацiкiлаграмовую плiту ды яшчэ браў пад пахi скрынку з мiнамi. Старанней за ўсiх байцоў узвода капаў яму для агнявых пазiцый мiнамётаў, акопы для схованкi на выпадак бамбёжак i артабстрэлаў.
Раней у армii Дробат не служыў па стану здароўя – быў трохi глухi. Мабiлiзацыя ў армiю ў сорак чацвёртым для яго была нечаканай, думалася, што i на гэты раз яна абмiне яго. На медыцынскiм аглядзе паказаўся зусiм глухiм, але яго назвалi сiмулянтам, у глухату не паверылi i залiчылi ў часць, не даўшы нават забегчы дамоў развiтацца з сям'ёй – жонкай, цешчай, маткай i пяцярыма дзецьмi. Вось так ён i апынуўся ў маiм узводзе трэцiм нумарам мiнамётнага разлiку. На гэтай пасадзе – насiць плiту i падносiць у час стральбы мiны чуйныя вушы не патрэбны.
Сялянская практычнасць Дробата вельмi прыйшлася на карысць узводу. Ён умеў адрамантаваць калёсы, колы, збрую i рабiў гэта з ахвотаю i ўмела. Знаходзiў i далучаў да ротнай гаспадаркi ўсё, што потым аказвалася патрэбным.
Ужо праз якi тыдзень мы ведалi амаль усё пра яго сям'ю, бо ён толькi i гаварыў аб сваiх дзецях, iншых родзiчах. Яго салдацкiя лiсты-трохкутнiкi амаль штодзень выпырхвалi з яго рук i ляцелi вестачкай дамоў. Дробат пiсаў i ўсiм родным адразу, i кожнаму паасобку, у тым лiку i самаму малому шасцiгадоваму Панасiку. Лiсты яго былi кароткiя i неслi, як кажуць, самую неабходную iнфармацыю: жывы, здаровы, рухаемся ўперад, ужо вызваляем мадзьяр, а там на чарзе i Аўстрыя. Пасылаў ён i пасылкi праз кожныя чатыры-пяць дзён. Так часта аднаму не дазвалялася слаць, але Дробат афармляў iх на iмя iншых салдат, якiм не было куды пасылаць. Усё iшло ў тыя пасылкi: адзенне, цацкi, iнструмент, нават посуд. Асаблiва цанiлiся тады iголкi для швейных машын i каменьчыкi для запальнiчак. На радзiме яны мелi вялiкi попыт. Дробату ўдалося раздабыць некалькi карабочкаў гэтай каштоўнасцi. "Жонка прадасць на рынку iголкi i дзецям нешта купiць", – хвалiўся ён.
Меў Дробат i поўны сiдар усякiх рэчаў, таксама прыпасеных для сям'i, спадзяваўся прывезцi яго дамоў пасля вайны.
Як ужо гаварылася, лiсты Дробат слаў часта, а калi пайшлi пасылкi, стаў пiсаць яшчэ часцей – паведамляў, у якую пасылку ён што паклаў i што трэба зрабiць з кожнай рэччу. Лiсты пiсаў на любой паперы, якая траплялася пад рукi: на аркушах з вучнёўскiх сшыткаў, на чыстых вырваных з кнiг аркушах, на розных бланках, нават на нямецкiх загадах, сарваных са сцен дамоў. А аднойчы напiсаў на нямецкай лiстоўцы, з чаго i пачалася гэта непрыемная для роты i драматычная для Дробата гiсторыя.
Лiстоўкамi закiдвалi як немцы нас, так i мы немцаў. У апошнiя месяцы вайны нямецкiя лiстоўкi скiдвалiся на нашы пазiцыi радзей i менш. А нашы тысячы белых аркушаў амаль кожны дзень падалi з неба на галовы немцаў, заклiкаючы iх здавацца ў палон, бо вайна для iх прайграна. Ну гэтак жа сама, як у сорак першым – сорак другiм гадах заклiкалi ў сваiх лiстоўках нас: расейцы, саветам капут, пераходзьце да нас... Кожная фашысцкая лiстоўка тады лiчылася пропускам для здачы ў палон, таму сурова караўся той, хто падняў лiстоўку i трымаў у сябе. Камiсары, палiтрукi асабiсты-смершнiкi адразу, як толькi лiстоўкi асыпалiся на зямлю, выдзялялi людзей для iх збору i знiшчэння. Часта i, вядома, знянацку рабiлiся праверкi кiшэняў у байцоў – цi не хавае хто лiстоўку. А калi ў каго знаходзiлi, то лiчылi, што баец сабраўся перайсцi да немцаў, яго забiралi ў асобы аддзел i арыштоўвалi за намер здрадзiць Радзiме. Той кляўся, што не збiраўся перабягаць да немцаў, а ўзяў на курыва, каб скручваць з яе цыгаркi. Яму, канечне, не верылi.
Не помню дакладна, здаецца, у канцы сорак другога, Пленум Вярхоўнага суда СССР вымушаны быў растлумачыць, што баец, у якога знайшлi лiстоўку, не абавязкова злачынец, ён мог яе ўзяць для нейкай патрэбы. Вярхоўныя ўлады пайшлi на гэта тлумачэнне, бо вельмi ўжо багата аказалася такiх "здраднiкаў".
Нiколi не забуду паказны суд i расстрэл аднаго лейтэнанта, камандзiра сапёрнай роты, глыбокай восенню сорак першага. I суд, i расстрэл былi праведзены ў прысутнасцi ваеннаслужачых палка, канечне ж, для прафiлактыкi на будучае. Хоць судзiлi лейтэнанта, але прысутнiчаў i я, радавы.
Што ж небяспечнага ўчынiў той лейтэнант?
Франтавiкi помняць, колькi тых нямецкiх лiстовак валялася на дарогах. Ну як апалае лiсце з дрэў. А кожны чалавек па натуры сваёй цiкаўны. Як бы нi забаранялася падымаць i чытаць варожыя лiстоўкi, цiкавасць усё ж перамагае. Бралi i чыталi, а прачытаўшы, хто рваў на кавалкi для цыгарак, хто падпальваў запалкай, а хто браў, каб з ёю прысесцi пад куст. I я тых лiстовак прачытаў нямала, нямала i скурыў.
Падняў i прачытаў варожую лiстоўку i той камандзiр сапёрнай роты, лейтэнант. Але прачытаў не сам для сябе, а ўголас перад сваiмi байцамi. Рота была якраз на прывале, байцы сядзелi, перакусвалi. Месца, дзе размясцiлася на прывал рота, i было засыпана лiстоўкамi.
– Ну што там фрыцы пiшуць? – сказаў лейтэнант, беручы каля сябе з зямлi лiстоўку. – Зноў клiчуць у палон здавацца? – I пачаў чытаць уголас са сваiмi каментарыямi. Прачытае, пакруцiць галавой, скажа: – Ну i дурнi ж, якую лухту пiшуць, паслухайце: "Чырвоная Армiя разбiта, у Маскве панiка, начальства бяжыць за Ўрал..." А хто ж тады з вамi, фрыцы, ваюе? – I чытаў далей: "Сталiн дамовiўся з амерыканцамi, каб уцячы да iх на самалёце". – I каменцiруе: – Ёлупнi, Сталiн у Крамлi знаходзiцца.
Вось у такiм парадку i iшла галосная чытка лейтэнантам варожай лiстоўкi. Лiстоўку тую парвалi на цыгаркi, скурылi.
А лейтэнанта абвiнавацiлi ў антысавецкай агiтацыi – галосная чытка варожай лiстоўкi перад байцамi сваёй роты.
Судзiлi лейтэнанта ў лесе на паляне. Замест сталоў i лавак для суда былi пастаўлены снарадныя скрынкi. На такой жа скрынцы сядзеў i лейтэнант. Абвiнавачвалi яго па артыкуле 58 – 10 частка другая – антысавецкая агiтацыя ў час вайны. Падсудны без пятлiц, рэменя, аброслы, як мне здалося, усё яшчэ не верыў, што яму ставяць у вiну такое цяжкае злачынства, за якое пагражае расстрэл. Адказваючы суду на пытаннi, ён спрабаваў кожны раз пераканаць суд, што чытаў ён лiстоўку без нiякай шкоднай мэты, чытаў i лаяў фашыстаў, пра што ўся рота пацвердзiць, i што лiстоўку тую ён адразу ж i парваў. Старшыня суда ваенюрыст першага рангу, нiбы глухар, зусiм не зважаў на лейтэнантавы апраўданнi. Бог ты мой, што за суддзя той быў! За дваццаць гадоў сваёй пасляваеннай службы ў ваенных трыбуналах я пабачыў многа суддзяў, але такога малапiсьменнага тупога ёлупня, як той ваенюрыст першага рангу, не сустракаў. Казалi, што ён i ў грамадзянскую быў старшынёй рэвалюцыйнага ваеннага трыбунала. Вось дзе ён судзiў дык судзiў! Адукацыя ў яго была ну не вышэй трохкласнай прыхадской школы. Ён не мог пiсьменна звязаць у адзiн сказ нават некалькi слоў. Гаварыў: тваё фамiлее, што хацiш сказаць, прыгавор... Калi дапытвалi сведак, то адно яго цiкавiла – чытаў лейтэнант уголас лiстоўку перад байцамi цi не чытаў. Што пры гэтым лейтэнант гаварыў, старшыню суда не цiкавiла. Сведку-сяржанта, калi той, абараняючы падсуднага, пачаў сцвярджаць, што лейтэнант, чытаючы лiстоўку, выкрываў фашысцкую хлусню, а не агiтаваў супраць радзiмы, старшыня суда груба i злосна абарваў: "Ты тут не фiласофнiчай, хацiш суд у зман увесцi?"
Прыгавор пiсаўся не больш дзесяцi хвiлiн i быў кароткi, як стрэл, лейтэнанта расстраляць.
Не ведаю, як узгаднялi i зацвярджалi тады прыгаворы, але прывялi яго ў выкананне праз гадзiну. Нiколi не забуду твар i вочы смяротнiка лейтэнанта. Далiбог жа, ён да апошнiх хвiлiн усё яшчэ сумняваўся ў рэальнасцi таго, што з iм адбываецца, што гэта ўсё ўсур'ёз, а не разыгрываецца нейкi павучальна-выхаваўчы спектакль. Не верыў, калi пачуў прыгавор, не верыў, i калi падвялi да свежавыкапанай ямы. На судзе я блiзка сядзеў да падсуднага i бачыў, як дрыжалi яго губы пасля пачутага iм прыгавору: "А як жа сыночак мой, як мама без мяне?"
Страшна было такое бачыць i слухаць. Тады ж я на ўсё жыццё ўпэўнiўся, што такi паказальны суд, якому начальства надавала, канечне ж, вялiкую прафiлактычную ролю ва ўмацаваннi дысцыплiны, наадварот, паслужыў прыкладам бесчалавечнай несправядлiвасцi. Усе прысутныя на судзе, можа, i тыя ж стукачы, што данеслi на лейтэнанта, шкадавалi яго, спачувалi яму, а трыбунальцаў i смяршыстаў ненавiдзелi.
Да ямы лейтэнанта падвялi два сяржанты i старшы лейтэнант з асобага аддзела. Падвялi без шыняля, з завязанымi назад рукамi. Полк пастроiлi вакол ямы ў карэ, каб усiм быў бачны працэс расстрэлу. Выйшаў пракурор, ваенюрыст другога рангу, вiсклiва-напружаным голасам прачытаў прыгавор i даў дазвол для яго выканання. А сам хуценькай падбежкай паспяшаўся ў строй. Старшы лейтэнант – выканаўца прыгавору – нешта пачаў гаварыць сваiм двум сяржантам i гаварыў, як мне здалося, доўга. Няўжо старшы лейтэнант адцягваў гэтыя непрыемныя секунды, у якiя ён павiнен пралiць чужую кроў?
На паляне стаяла такая цiшыня, што здавалася, я аглух – ну хоць бы хто кашлянуў, бразнуў чым-небудзь, ускрыкнуў, усе маўчалi. Асуджаны на смерць стаяў тварам на захад сонца, асветлены яго чырвоным святлом, нiбы ўжо апырсканы сваёй крывёю. Вечар быў цiхi, з чыстым небам i празрыстым асеннiм прымарожаным паветрам. Лес, якi акружаў нас, таксама замёр, не варушылася нiводная галiнка, i дрэвы глядзелi на паляну са страхам, таксама як i людзi. Старшы лейтэнант ступiў да смяротнiка, узяў яго за локаць, падвёў блiжэй да ямы i загадаў стаць на каленi. Той пакорлiва стаў – упаў грузна, усiм цяжарам цела. Чамусьцi пачаў тузаць рукамi, вiдаць, спрабуючы iх вызвалiць ад вяроўкi. Нешта ўскрыкнуў, ускрык той быў як енк, стогн, выцiснуты ўсiм нутром. I ў гэты момант ляснуў сухi стрэл, i асуджаны бокам павалiўся ў яму...
Пачулiся каманды, i роты пачалi разыходзiцца з паляны. У той жа дзень ротным палiтрукам было загадана правесцi гутаркi з байцамi наконт гэтага суда. Але, як я чуў, нiдзе такiя гутаркi не былi праведзены, у тым лiку i ў нашай роце.
Наш ротны расказаў, што ён на такiх паказальных расстрэлах прысутнiчаў ужо двойчы. На папярэднiм расстрэле дэзерцiра – той адсутнiчаў у часцi больш за суткi i сам жа вярнуўся – куля зрыкашэцiла i забiла не толькi асуджанага, але i байца, якi стаяў у страi. Мой памкамўзвода пажадаў: "Няхай бы i цяпер куля зрыкашэцiла ў старшыню трыбунала". Камандзiр роты зрабiў выгляд, што не пачуў.
Вось так каралiся ў першыя месяцы вайны тыя, хто чытаў варожыя лiстоўкi. У сорак чацвёртым i тым больш у сорак пятым за гэта ўжо не расстрэльвалi, i я думаў, што i ўвогуле не судзiлi.
Але памыляўся. Дробата нашага асудзiлi i ў сорак пятым. За той лiст, якi ён напiсаў на адваротным чыстым баку нямецкай лiстоўкi i паслаў дамоў. Па сваёй мужыцкай прастаце i абмежаванасцi ён нiяк не мог падумаць, калi пiсаў лiст на лiстоўцы, што ўчыняе злачынства. Папера была добрая, на ёй Дробат i напiсаў дарагой жонцы i дзеткам, што па-ранейшаму жывы i здаровы i што паслаў iм яшчэ адну пасылку. Друкаваны тэкст лiстоўкi ён перакрэслiў, сунуў аркушык у капэрту i аддаў паштальёну. Дайшоў б лiст дамоў, яму б узрадавалiся, прачыталi i выкiнулi б у качарэжнiк на распал печкi.
Але ж была ваенная цэнзура, працавалi там дзяўчаты-цэнзары. I вось нейкая дзяўчына адкрыла капэрту, прачытала лiст i ўбачыла, на якой паперы ён напiсаны, – на лiстоўцы! Ну што б той пiльнай дурнiцы парваць лiст, i ўсё было б добра, цiха. Дык не, яна пабегла да начальнiцы, а пiльная начальнiца здала яго ў асобы аддзел. Там расцанiлi пасылку лiстоўкi як метад антысавецкай агiтацыi – маўляў, спецыяльна паслаў, каб яе чыталi нашы савецкiя людзi ў тыле.
Дробат быў арыштаваны нашым палкавым смяршыстам, калi мы ваявалi ўжо ў Аўстрыi. Мяне i камандзiра роты следчы асобага аддзела дапытваў як сведак: што за Дробат, якая ў яго душа, што гаварыў супраць савецкай улады. Мы сказалi пра Дробата толькi добрае i спадзявалiся, што яго выпусцяць, бо вось-вось вайна павiнна скончыцца.
Вайна скончылася, а Дробат да нас не вярнуўся. У сярэдзiне мая ў полк прыйшла копiя прыгавору на Дробата, асуджанага на сем гадоў.
Паўздыхалi мы, пашкадавалi чалавека, а памагчы яму ўжо не змаглi. Адно зрабiлi – усе рэчы, што ён збiраў, запакавалi ў пасылкi i паслалi сям'i.
Пасля перамогi на ўсход рушылi эшалоны з байцамi-пераможцамi, немцамi-ваеннапалоннымi i вызваленымi з палону нашымi ваеннаслужачымi. Да эшалонаў з палоннымi былi прычэплены i вагоны з асуджанымi. Сярод iх недзе ехаў на Калыму i наш Iван Дробат, трэцi нумар мiнамётнага разлiку.
I ПЛАКАЎ ГЕНЕРАЛ...
Ёсць такое фiласофскае сцвярджэнне: як можа з годнасцю пражытае жыццё напоўнiць сэнсам i цаной смерць, так i сумленная ўзвышаная смерць можа апраўдаць увогуле пустое i не зусiм прыстойнае жыццё.
Не ведаю, як адпавядае гэтаму сцвярджэнню жыццё генерала Рускага-Кавалеўскага, якiм трэба лiчыць яго доўгае, багатае на зломы жыццё i як ацанiць смерць. Паспрабую проста расказаць пра яго самога.
Даўно не магу сабе дараваць, што ў свой час не запiсваў цiкавыя гiсторыi, прозвiшчы людзей, не здымаў копii з цiкавых дакументаў, не захоўваў лiтаратуру, якой цяпер цаны не было б. Цi ж можна было спадзявацца, што некалi будзе магчымасць пра гэта расказаць, напiсаць? Думалася, што маладая памяць утрымае ўсё ўбачанае, пачутае да канца жыцця. Яна i трымала ўсё цi амаль усё доўгi час, а потым неяк незаўважна страцiла многае з таго, што раней помнiлася. Сцерлiся з памяцi прозвiшчы, даты, факты, i цяпер, стараючыся прыгадаць нешта для аповяду, хоць локаць кусай, па лбе сабе стукай, – не ўспамiнаецца.
Расказаць пра лёс генерала Рускага-Кавалеўскага, якога ў сорак шостым годзе ў румынскiм горадзе Канстанца асудзiў ваенны трыбунал Паўднёвай групы войск (былы Трэцi Ўкраiнскi фронт), мне хацелася даўно.
Жыў гэты генерал да арышту ў Югаславii, куды эмiгрыраваў з Расеi пасля грамадзянскай вайны. Паходзiў ён з дваран, усё жыццё аддаў вайсковай службе. У першую сусветную вайну храбра ваяваў, меў узнагароды, тройчы лячыўся ў шпiталi пасля ранення. На судзе гаварыў, што ў яго i цяпер баляць раны ад нямецкiх куль i асколкаў. Як i пераважная большасць афiцэраў, стаяў за вайну да пераможнага канца над кайзераўскай Германiяй i верыў у перамогу Расеi. Гэта ж сцвярджаў i на судзе. "Так, так, – гаварыў ён, – Расея выйшла б пераможцай, калi б бальшавiкi не захапiлi ўладу".
На гэтым судзе я прысутнiчаў проста як глядач, а справу генерала я чытаў да суда. Асаблiва мяне цiкавiлi так званыя рэчавыя доказы да справы генералавы ўспамiны пра рэвалюцыю, вайну, артыкулы ў розных эмiгранцкiх газетах. Тое, што я прачытаў у тых мемуарах i артыкулах, было для мяне адкрыццём. Рускi-Кавалеўскi аналiзаваў факты i падзеi зусiм не па "Краткому курсу истории ВКП(б)". Ну, напрыклад, Берасцейскi мiр, заключаны бальшавiкамi з Германiяй, ён лiчыў ганебным для Расеi.
Народны засядацель, афiцэр з палiтаддзела, сказаў генералу: "Ужо за гэту контррэвалюцыйную пiсанiну i тое, што вы цяпер гаворыце тут, вас трэба строга асудзiць. Ды нiколi б Расея не перамагла Германiю. Армiя была небаяздольная".
Генерал адказаў цвёрда:
"Дык гэта ж зрабiлi бальшавiкi. Якая была ў iх тактыка? Рабiць усё для паражэння сваёй дзяржавы. Ну i дабiлiся свайго – армiю развалiлi".
У сваiх мемуарах Рускi-Кавалеўскi, спасылаючыся на розныя нямецкiя дакументы, мемуары нямецкiх генералаў i дзяржаўных дзеячаў, падводзiў вывад, што Германiя ў семнаццатым годзе аслабла яшчэ больш, чым Расея, i кайзер Вiльгельм гатоў быў весцi перагаворы аб мiры i капiтуляцыi. Вайна скончылася б праз два-тры месяцы паражэннем Германii. Але бальшавiкi памаглi Германii яшчэ цэлы год весцi вайну. Берасцейскi мiр даў ёй перадышку, умацаваў яе. З тэрыторый, якiя па гэтаму мiру адышлi да Германii, пайшлi бясконцыя эшалоны з хлебам, жывёлай, вугалем, рудой, лесам. Германiя, якую голад сцiскаў за горла, ажыла, украiнская пшанiца падкармiла яе. Як пiсалi пасля генералы з германскага генштаба, Германiя, каб не капiтуляцыя Расеi, запрасiла б мiру ў студзенi васемнаццатага, а то i раней. А было б так, то не ўспыхнула б потым i другая сусветная вайна.
У тых рэчавых доказах вiны Рускага-Кавалеўскага былi артыкулы i пра гвалт i тэрор, якi праводзiўся пасля Кастрычнiцкай рэвалюцыi. Рускi-Кавалеўскi быў сам сведкам таго тэрору, жыў у Петраградзе, Маскве, iншых гарадах Расеi. Ён называў iмёны i лiчбы ахвяр, iх – мiльёны. Факты i лiчбы ўражвалi. Асаблiва ўзрушвалi факты масавых расстрэлаў заложнiкаў. Пра заложнiкаў нам на лекцыях па гiсторыi, ды i ў тым жа "Кратком курсе", не было нi слова. Закон аб чырвоным тэроры, выдадзены ў пачатку верасня васемнаццатага года, быў страшны. Расстрэльвалi не за канкрэтную вiну чалавека, а за тое, што належаў ён не да класа пралетарыяту, а, як тады казалi, да белых ручак.
Органы Чэка – карныя органы савецкай улады – атрымалi неабмежаваныя правы. Чэкiстам дазвалялася браць i арыштоўваць заложнiкамi каго хацелi. Яны самi вялi следства, судзiлi i самi выконвалi свой прысуд. Скардзiцца на iх не было каму. Спiсы некаторых ахвяр развешвалiся на вулiцах. У Маскве Чэка выпускала газеты "Красный террор", "Вестник ВЧК" i бюлетэнь-штотыднёвiк, у якiх друкавалiся спiсы расстраляных. Гэтыя газеты i бюлетэнь прадавалiся на вулiцах разам з усiмi газетамi.
Пазней, калi па службе я меў доступ да архiўных дакументаў, я бачыў цэлы стос гэтых чэкiсцкiх штотыднёвiкаў. Цяжка было гартаць тыя старонкi, здавалася, сцiснi iх, i выльецца кроў невiнаватых заложнiкаў. Пра расстраляных нават не знаходзiлi патрэбы напiсаць прозвiшча з iмем i iмем па бацьку, не кажучы ўжо, хто ён i якая яго вiна. Вось, напрыклад, некалькi прозвiшчаў расстраляных людзей, пералiчаных у штотыднёвiку No 6 за кастрычнiк васемнаццатага года:
"...Жылiнскi, Енчароў, Iваноў, Карыцкi, Катамазаў, былы студэнт, афiцэр, Касаротаў, Камiнскi, Крывiцкi, Керсiч, Кiкiн, Кiлярскi, Курашвiлi, Крыцкi Якаў Альбертавiч, падпалкоўнiк; Лашчык, Людко, Лютаслаўскi I., Лютаслаўскi М., Львоў, Лапухiн". I гэтак далей. Некалькi соцень забiтых.
Усё гэта – "белыя ручкi", заложнiкi. Хто яны, без iмёнаў i адрасоў? Толькi пра двух напiсалi, што яны афiцэры.
Гэта спiсы расстраляных адной Маскоўскай Чэка i толькi ў адным нумары бюлетэня. У iншых гарадах штотыднёвiкi не выходзiлi. У Петраградзе, дзе лютавалi Зiноўеў i Ўрыцкi, па прыблiзных падлiках гiсторыкаў былi падвергнуты чырвонаму тэрору – расстрэлу дзесяткi тысяч людзей. Толькi за аднаго Ўрыцкага, якi мог бы плаваць у крывi, iм пралiтай, было расстраляна больш пяцiсот заложнiкаў. Гэта афiцыйнае паведамленне, пра гэта пiсалася ў газетах, а спiсы былi развешаны па горадзе. А колькi не трапiла ў тыя спiсы? Даследчыкi лiчаць, што за забойства Ўрыцкага паплацiлiся жыццём тысячы.
Рускi-Кавалеўскi, ацэньваючы падзеi таго часу, заключае: "Урыцкага забiў такi ж рэвалюцыянер, як i ён, Канегiсер. У Ленiна страляла рэвалюцыянерка, палiтычная катаржанка эсэрка Каплан, Валадарскага забiў таксама былы рэвалюцыянер, эсэр. А страшны па сваiх маштабах тэрор абрушыўся на людзей невiнаватых, далёкiх ад рэвалюцыйных падзей. Такая была дзяржаўная палiтыка тых, хто прыйшоў да ўлады ў кастрычнiку семнаццатага". У тым жа артыкуле Рускi-Кавалеўскi цытуе iнструкцыю чэкiстам, дадзеную адным з начальнiкаў Усесаюзнай Чэка Лацiсам, надрукаваную ў газеце "Красный террор" 1 лiстапада 1918 года. Лацiс пiсаў: "Мы не вядзём вайны супраць асобных людзей, мы знiшчаем буржуазiю як клас. Не шукайце на следстве матэрыялаў i доказаў таго, што абвiнавачваемы дзейнiчаў словамi цi справай супраць савецкай улады. Першае пытанне, якое вы павiнны яму прапанаваць, да якога класа ён належыць, якога ён паходжання, выхавання, адукацыi цi прафесii. Гэтыя пытаннi i павiнны вызначыць лёс абвiнавачваемага. У гэтым сэнсе i сутнасць чырвонага тэрору".
У сорак шостым, калi я чытаў гэты дакумент, ён ад шырокай публiкi хаваўся, быў засакрэчаны. Цяпер – вось жа, як мяняецца час, – артыкул Лацiса часта цытуецца.
Вялiкiм прыхiльнiкам масавага чырвонага тэрору быў i Ленiн. У канцы чэрвеня васемнаццатага года ён тэлеграфуе ў Петраград Зiноўеву ў сувязi з забойствам эсэрам рэдактара "Красной газеты" В.Валадарскага: "Тав. Зiноўеў! Толькi сёння мы пачулi ў ЦК, што ў Пiцеры рабочыя хацелi адказаць на забойства Валадарскага масавым тэрорам i што вы (не Вы асабiста, а пiцерскiя цэкiсты цi пекiсты) утрымалi. Пратэстую рашуча! Мы кампраметуем сябе: пагражаем нават у рэзалюцыях Саўдэпа масавым тэрорам, а калi да справы, тармозiм рэвалюцыйную iнiцыятыву мас, цалкам правiльную. Гэта немагчыма! Тэрарысты будуць лiчыць нас анучамi. Час архiваенны. Трэба заахвочваць энергiю i масавiднасць тэрору супраць контррэвалюцыянераў i асаблiва ў Пiцеры, прыклад якога вырашае. Прывет. Ленiн".
Заахвочваць масавiднасць тэрору? Не ўтрымлiваць рабочых ад масавага тэрору? Што гэта, як не заклiк да тэрору натоўпу.
А цяпер можна ўявiць, што адбывалася ў Пiцеры пасля гэтай тэлеграмы.
Былi ў справе Рускага-Кавалеўскага яго артыкулы пра гвалтоўную калектывiзацыю, раскулачванне, пра лагеры, расстрэлы трыццатых гадоў, пра ўсё тое, што мы цяпер рашуча асуджаем i лiчым вялiкiм злачынствам Сталiна.
Абвiнавачваўся Рускi-Кавалеўскi ў здрадзе радзiме.
Бiяграфiя яго такая. Пасля рэвалюцыi, калi была распушчана старая армiя, Рускага-Кавалеўскага як ваеннага спецыялiста мабiлiзавалi ў Чырвоную Армiю. Нейкi час служыў у Петраградзе, Маскве, потым ваяваў на франтах супраць белых, займаючы высокiя штабныя пасады.
На Ўсходнiм фронце яго штаб трапiў у палон да калчакоўцаў. Калi ўсiм былым афiцэрам, у тым лiку i Рускаму-Кавалеўскаму, прапанавалi перайсцi на службу ў белую армiю, ён перайшоў. Сапраўдную прычыну гэтага пераходу следчыя "Смерша" i не старалiся выяснiць, iм дастаткова было проста зафiксаваць гэты факт. Прычынай жа згоды на службу ў Калчака магла быць боязь расстрэлу, хiтрасць, каб потым пры зручным моманце зноў вярнуцца да чырвоных.
У Калчака ён атрымаў таксама высокую штабную пасаду, генеральскае званне i ваяваў на баку белых да самага паражэння, а потым эмiгрыраваў у Югаславiю, дзе i жыў усе гады да арышту.
З генералам я меў гутарку яшчэ да суда. З трыбунала мяне паслалi ў палявую турму (яна была пры асобым аддзеле "Смерш") уручыць Рускаму-Кавалеўскаму абвiнаваўчае заключэнне. Я туды i скiраваў. Яго з агульнай камеры завялi ў маленькi пакойчык, куды i я зайшоў. Генерал хударлявы, вышэй сярэдняга росту, з тыповым расейскiм аблiччам i добрай расейскай мовай. Мяне здзiвiла, як мне здалося напачатку, яго ўнiзлiвасць перада мною, нiбы ад мяне нешта залежала ў вырашэннi яго лёсу. Ён ускочыў, выцягнуўся ў струнку, шмякнуў па-ваеннаму чаравiкам аб чаравiк i гучна назваўся: "Генерал-маёр Рускi-Кавалеўскi". Ад пачутага "генерал" я таксама аўтаматычна стаў па стойцы смiрна, казырнуў. Калi ачомаўся, хто я i хто перада мной, то сеў, прапанаваў сесцi i генералу, даў яму копiю абвiнаваўчага заключэння. Яно было кароткае, як тады i пiсалi падобныя дакументы. Тэкст яго прыблiзна такi: