355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Василий Хомченко » Крэсла з гербам i розныя крымiнальныя гiсторыi (на белорусском языке) » Текст книги (страница 1)
Крэсла з гербам i розныя крымiнальныя гiсторыi (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 26 сентября 2016, 17:17

Текст книги "Крэсла з гербам i розныя крымiнальныя гiсторыi (на белорусском языке)"


Автор книги: Василий Хомченко



сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 8 страниц)

Хомченко Василий
Крэсла з гербам i розныя крымiнальныя гiсторыi (на белорусском языке)

Васiль Хомчанка

Крэсла з гербам i розныя крымiнальныя гiсторыi

Аповесць у навелах

Не дай Бог нарадзiцца ў час вялiкiх перамен.

Японская прымаўка

Цi нельга, не трапiўшы цэлае жыццё нiкуды,

усё-такi быць карысным для сваiх i чужых

хоць чым-небудзь на свеце.

А.П.Баласогла, забыты расейскi лiтаратар i фiлосаф

Жыццё маё было з такiмi нечаканымi паваротамi i з такiмi зiгзагамi, што i цяпер здзiўляюся, як я ўцалеў пры тых рэзкiх зiгзагах, як не апынуўся за бортам жыцця, бо ўсе ўдары па мне прыйшлiся на самую кволую, крохкую пару дзяцiнства i юнацтва. А ў гэтую ж пару i ламаюцца якраз нават не самыя слабыя духам.

Многiя, калi ў iх пытаюць, асаблiва публiчна, на людзях, цi хацелi б яны зноў паўтарыць свой жыццёвы шлях, адказваюць з гонарам: "Якое б жыццё нi было цяжкое, не стаў бы яго мяняць, прайшоў бы ўсё спачатку". Не веру гэтым людзям. Яны або становяцца ў позу, або ў iх жыццi не было тых драматычных сiтуацый, калi чалавек ратаваўся ад гiбелi цудам... Што да мяне, то я не хацеў бы паўтарыць тую сваю раннюю жыццёвую дарогу, перажыць тое, што давялося. Не, не хацеў бы...

Маё пакаленне, выбiтае даваенным тэрорам i вайной, самае няшчаснае i такое парадзелае, што вельмi рэдка сустрэнеш сваiх равеснiкаў.

Дзяцiнства маё супала з так званым вялiкiм пераломам – прымусовай калектывiзацыяй i раскулачваннем. Я – сын селянiна, не дужа беднага, але i не багатага, а, як лiчылi тады, серадняка, быў сведкам знiшчэння вёскi, знiшчэння селянiна як гаспадара зямлi, аднаўлення самага сапраўднага прыгону. I, будучы пiянерам, нават памагаў учыняць гвалт над сялянамi.

Аднойчы нас, групу пiянераў, павялi выграбаць з пограба бульбу ў раскулачанага аднасяльчанiна. Раскулачвалi яго, амаль бедняка, за адмову ўступiць у калгас. Залезлi мы ў пограб, пачалi насыпаць бульбу ў мяхi. I раптам гаспадар выбег з хаты, у белых портках i кашулi, сiвы, барадаты, i з нейкiм адчайным крыкам пачаў скакаць на тым пограбе, каб абвалiць яго перакрыцце i прыдушыць нас. З пiскам, плачам шмыгнулi мы адтуль, як мышы.

З таго года, калi сялянскiя гаспадаркi былi разбураны, а "шчаслiвае" калгаснае жыццё кiнула сялян у паднявольную працу i голад, галадала i наша сям'я. На працаднi нiчога не давалi, дралi падатак з кожнай курыцы, яблынi i грашыма i натурай – мяса здай, малако здай, воўну здай, плацi i грашовы падатак. Ды яшчэ падпiшыся на пазыку. Бадай нiводны прыгонны не плацiў такi аброк свайму пану. Голад на Ўкраiне прыгнаў тысячы апухлых людзей у Беларусь шукаць паратунку. Колькi ж iх, няшчасных, памерла на дарогах, колькi безыменных магiл яны пакiнулi на зямлi!.. Такой злачыннай сiлы быў той славуты сталiнскi пералом, што i цяпер не ведаем, што рабiць, каб выкараскацца ад яго страшных вынiкаў...

Да рэвалюцыi маё роднае сяло Канiчы было вялiкiм, ажыўленым цэнтрам воласцi, а пасля i – сельсавета. У iм былi школа, маёнтак з броварам i млыном на рэчцы, царква i касцёл. Мелiся цагельня i печ для абпальвання вапны. Цяпер усяго гэтага няма. Iснуе саўгас з мiльённымi стратамi. Царкве i касцёлу знялi галовы, маёнтак, бровар, млын, вялiкi сад знiшчаны, i сяло гiбее. Зямля, адчужаная ад гаспадара, не можа даць столькi багацця, колькi давала да калгаса.

Добра вядома, як нас выхоўвалi, каго з нас рыхтавалi – актыўных "сталiнскiх штыкоў, адданых бацьку ўсiх народаў". Мы будавалi нiбыта шчаслiвае будучае – сацыялiзм, не ведаючы, што гэта такое. Нам загадвалi радавацца таму, што мы жывём у самай свабоднай краiне i мы – самыя шчаслiвыя, багатыя, культурныя. I мы верылi... Бяда наша якраз i была ў тым, што мы на працягу многiх гадоў верылi дзяржаўнай хлуснi. А чым больш верылi, тым нам больш хлусiлi. I не толькi пры Сталiне. "Я другой такой страны не знаю, где так вольно дышит человек..." – прымушалi спяваць нават зэкаў, ведучы iх на катаржныя работы.

Я – дзiця часу – быў абалванены нашай фальшывай iдэалогiяй нароўнi з мiльёнамi iншых равеснiкаў. Я верыў, што жыву хоць i бедна, затое ў самай справядлiвай краiне.

З чацвёртага класа цi нават раней я пiсаў вершы, апавяданнi, п'есы. Слаў допiсы ў газеты, iх друкавалi, асаблiва часта ў "Пiянеры Беларусi". Па гэтай прычыне мяне выбiралi рэдактарам класнай насценнай газеты, якую я адзiн i выпускаў, запаўняючы яе сваiмi ж допiсамi i вершамi.

Здаецца, у шостым класе, а гэта было ўжо ў Бялынкавiчах, бо ў нашых Канiчах мелася толькi чатырохкласная школа, мяне таксама прызначылi рэдактарам класнай газеты. Я ўзяўся за яе выпуск з вялiкiм жаданнем i натхненнем. Як i заўсёды, сам напiсаў тэкст, зрабiў малюнкi. Паколькi класны кiраўнiк, настаўнiк Герасiмовiч, не сказаў, як назваць газету, назву прыдумаў я. Прыдумалася лёгка: раз мы будуем сацыялiзм, то хто мы? Сацыялiсты. Так я i назваў газету. Гатовы нумар газеты я павесiў у класе да пачатку заняткаў. Вучнi чыталi, смяялiся з карыкатур, хвалiлi вершы. Я думаў, што гэтак жа пахвалiць i настаўнiк Герасiмовiч, урок якога быў першы. Я помню яго чалавекам спакойным, акуратным, педантычным. Адзяваўся ён заўсёды ў галiфэ i гiмнасцёрку, пашытыя з нейкага шэрага матэрыялу, i хромавыя боты. Ваенны рэмень перахоплiваў яго гiмнасцёрку. Хадзiў ён павольна, асцярожна, як бы баяўся наступiць на нешта вострае. Я лiчыў, што ён проста бярог свае боты, таму i ступаў эканомна. Герасiмовiч зайшоў у клас, паклаў на стол класны журнал, канспекты i ўбачыў насценгазету. Я чакаў яго ўсмешкi, пахвалы, а ўбачыў перапалоханы твар. Амаль подбегам кiнуўся ён да газеты, сарваў яе, парваў на шматкi i кiнуў у сметнiцу.

– Хто табе даў такую назву газеты? – спытаў ён у мяне.

– Сам прыдумаў.

– А ты ведаеш, хто такiя сацыялiсты?

– Тыя, хто будуе сацыялiзм. Мы ўсе – сацыялiсты.

– Сацыялiсты – гэта здраднiкi рабочага класа, апартунiсты, ворагi Трэцяга Iнтэрнацыянала. Ты даў газеце варожую назву.

Я адразу зразумеў, якая небяспека навiсла нада мной. Усё, канец маёй вучобе, пiянерыi, i мяне пасадзяць у турму. Нiчога не прыбаўляю, я забаяўся турмы па-сапраўднаму, асаблiва калi нейкi раённы энкавэдыст выклiкаў мяне ў кантору сельсавета i ўсё дапытваўся, хто мяне навучыў назваць так газету. Ён мне тады i растлумачыў, што за антысавецкую дзейнасць нясуць крымiнальную адказнасць з чатырнаццацi гадоў. А мне ўжо было столькi.

Абышлося, на шчасце, лёгка. Абмеркавалi мяне на класным сходзе i занеслi маё прозвiшча на ганебную чорную дошку, дзе яно красавалася тыднi два. Былi тады такiя метады выхавання – чырвоная i чорная дошкi. Перадавiкоў заносiлi на першую, адстаючых або тых, хто правiнiўся, – на чорную.

Турму я на гэты раз абмiнуў.

У турму я трапiў праз чатыры гады, у той страшны, невядомы дагэтуль у цывiлiзаваным свеце тэрор – у трыццаць сёмым годзе. Сталiнскi тэрор знiшчаў мiльёны людзей сумленных, працаздольных, творчых. Знiшчаў фiзiчна i душыў маральна ўсё жывое, iнiцыятыўнае, разумнае. Прыкрываўся гэты тэрор шырмай Канстытуцыi, якая па вонкавых прыкметах была бадай цi не самай дэмакратычнай Канстытуцыяй у свеце. I за яе шырмай, за яе частаколам з калючага дроту пакутавалi i гiнулi мiльёны бяспраўных.

Я вучыўся на чацвёртым курсе рабфака пры Беларускiм унiверсiтэце. Жыў у iнтэрнаце на Нямiзе, 21. Жыў па-студэнцку ў нястачах, не кожны вечар клаўся спаць павячэраўшы. З дому дапамогi не было. Ды i адкуль яна магла быць, калi бацькi-калгаснiкi, лiчы, прыгонныя, нiчога з калгаса не атрымоўвалi, працаднi iх былi пустыя. I калгас не кiнеш, не паедзеш на заробкi, бо пашпартоў калгаснiкам не давалi.

Аднойчы атрымаў ад бацькi лiст. Ён скардзiўся, што зноў у калгасе атрымалi на працаднi грамы. З грашовым падаткам не разлiчыўся, здаў толькi мяса, малако, воўну. "Можа б, ты, сынок, памог мне грашыма, каб той падатак заплацiць", – папрасiў бацька. Значыць, у яго ўжо не было нiякага выхаду, раз звярнуўся да мяне з такой просьбай-мальбой. Гэта была адчайная просьба.

Не пераставаў я пiсаць апавяданнi i вершы i ў час вучобы на рабфаку. Напiсанае заносiў у розныя рэдакцыi, сачыў за лiтаратурным жыццём рэспублiкi, наведваў i сходы ў Саюзе пiсьменнiкаў. Пазнаёмiўся з Эдуардам Самуйлёнкам, Пятром Глебкам, Алесем Якiмовiчам, супрацоўнiкам газеты "Лiтаратура i мастацтва" Пятром Хатулёвым. Меў добрую гаворку аднойчы са мной Мiхась Лынькоў. I вёў дзённiк, куды запiсваў пра ўсе гэтыя сустрэчы i гаворкi.

Запiсаў у той дзённiк i пра бацькаў лiст. Апiсаў яго змест i ад сябе дадаў заключную фразу: "I ўсё гэта адбываецца пад шчаслiвым сталiнскiм сонцам". Фразу для сябе пагiбельную.

Ва ўсе часы тэрору быў разгул даносчыкаў, паклёпнiкаў, калi адной заявы-даносу хапала, каб доля чалавека была вырашана – яго арыштоўвалi. Сталiнскi тэрор i яго законы былi страшней нават тэрору iнквiзiцыi. Тады для асуджэння чалавека было мала заявы аднаго сведкi-даносчыка, а патрабавалася тры сведкi. Даносчыкi i сексоты пры Сталiне мелiся ў кожнай арганiзацыi, брыгадзе, класе, у ротах, узводах, на кафедрах, ва ўсiх аддзелах, камiтэтах. Даносчыкi i старалiся, бо за iмi назiралi iншыя даносчыкi. Якi жах панаваў тады сярод людзей, як баялiся начэй – часу арыштаў! Пра гэта напiсана i расказана нямала.

Мелiся такiя даносчыкi i ў нашым iнтэрнаце, у тым лiку i ў нашым пакоi, дзе месцiлася пяць студэнтаў. Ён, той даносчык, залез у мой чамадан, прачытаў дзённiк, знайшоў пра тое "шчаслiвае сталiнскае сонца" i паслаў заяву-данос у так званыя органы.

Нiколi не забуду вечара i ночы з чацвёртага на пятага красавiка трыццаць сёмага года. Я прыйшоў з заняткаў нейкi прыгнечаны, як бы адчуваў бяду. Прылёг на ложак i ўзяўся дачытваць раман Мiкалая Вiрты "Адзiноцтва" пра сялянскае паўстанне супраць ваеннага камунiзму на Тамбоўшчыне. Заставалася прачытаць да канца старонак пяць, i я заснуў iмгненна i глыбока, выпусцiўшы з рук кнiгу сабе на грудзi. Разбудзiў мяне штуршок у плячо. Я расплюшчыў вочы i застыў ад страху: перада мной стаялi два энкавэдысты. Адзiн адразу ж палез у споднюю кiшэню майго пiнжака, дастаў адтуль мой пашпарт, студэнцкi бiлет, другi энкавэдыст паляпаў па кiшэнях штаноў – праверыў, цi няма зброi. Энкавэдысты паказалi мне ордэр на вобыск i арышт i ўзялiся правяраць усё ў маiм чамадане i ў тумбачцы. Вобыск скончылi адразу, як толькi знайшлi дзённiк. Больш шукаць нiчога не сталi. Я ўспомнiў запiс у дзённiку пра бацькаў лiст i пра "шчаслiвае сталiнскае сонца" i зразумеў, што гэта i будзе маёй вiной i маёй бядой.

Усе насельнiкi пакоя сядзелi на сваiх ложках. Я зiрнуў на кожнага i зразумеў, хто з iх данёс на мяне. I, як потым выявiлася, я не памылiўся.

Уражаны, узрушаны такой нечаканай бядой, я ўсё яшчэ не верыў, што гэта адбываецца са мной, што мяне зараз павядуць у турму. Мяне пачалi бiць нервовыя дрыжыкi, трэслася нага. Каб схаваць гэта i ўцiшыць дрыжыкi, я паклаў нагу на нагу i сцiскаў iх, сцiскаў... Хоць не курыў, папрасiў у каменданта iнтэрната, якi там жа прысутнiчаў, закурыць. Той спытаў дазволу ў сяржанта-энкавэдыста, працягнуў мне "беламорыну" i чыркнуў запалкай. Я зацягнуўся дымам на поўныя грудзi, задыхнуўся, закашляўся, але курыць не кiнуў. Ад курэння дрыжыкi спынiлiся. Я крыху паспакайнеў, спакойна распiсаўся ў пратаколе вобыску, спакойна сабраўся – узяў ручнiк, мыла, зубную шчотку, парашок. Усё астатняе кнiгi, канспекты, рукапiсы апавяданняў – засталося ў iнтэрнаце.

Вялi мяне з Нямiгi на вулiцу Ўрыцкага пехатой – шлях недалёкi. Была ноч зорная, на зямлю прыпаў марозiк, лёгкi, прыемны, вясеннi, дыхалася лёгка, пахла вясной – тымi самымi пахамi, якiя адчувальныя ў любым стане i настроi, у любым месцы, нават у горадзе: размоклай карой дрэў, леташняй апалай лiстотай, расталым снегам. Адзiн сяржант iшоў уперадзе, другi – ззаду мяне. Той заднi i загадаў трымаць рукi за спiной; я i трымаў iх так, сашчапiўшы пальцы. Марозiк зацягнуў лужынкi, яны трашчалi пад нагамi ледзянымi асколачкамi, разляталiся, як шкельцы, ззяючы ад святла вулiчных лiхтароў i зорак на небе. Звон лядку напомнiў мне дзяцiнства, калi я любiў вось так трушчыць са звонам замёрзлыя лужынкi.

Праз жалезныя вароты вялiкага дома камiсарыята ўнутраных спраў (ён i цяпер стаiць на тым месцы) завялi мяне ў двор, потым у нейкi пакой, дзе абшукалi ўжо ўсяго, старанна прамацаўшы кожны шоў у адзеннi, адтуль уштурхнулi ў падвальную камеру з акенцам пад самай столлю, якое выходзiла на вулiцу Ўрыцкага на ўзроўнi тратуара. Усцяж тых закратаваных вокнаў дзень i ноч хадзiў вартавы з вiнтоўкай – круглыя суткi былi чуваць яго крокi i стук прыклада аб тратуар.

У камеры было, здаецца, дзесяць чалавек, сярод iх паэт-маладняковец Янка Тумiловiч, Масей Сяднёў – студэнт педiнстытута, таксама паэт i мой зямляк з Касцюковiцкага раёна. Былi там яшчэ iнжынер Блохман, прафесар-географ, здаецца, прозвiшча яго Лойка. Пазней завялi Янку Нёманскага – пiсьменнiка, акадэмiка.

Пра ўсiх iх я пiсаў у сваiх успамiнах раней i цяпер асаблiва не затрымаюся. Адно скажу, што ў гэтых людзей я быў проста ўлюблёны, у людзей эрудыраваных, адукаваных. Я слухаў iх, як кажуць, з разяўленым ротам, запамiнаў кожнае слова, асаблiва Нёманскага. I многiя вершы Сяднёва i Тумiловiча запомнiў. Масей Сяднёў жыве цяпер у ЗША. Летась ён гасцiў у мяне. З яго творчасцю нашых чытачоў пазнаёмiлi "Маладосць", "Полымя", "Лiтаратура i мастацтва" i iншыя выданнi. У Менску запланавана выдаць яго кнiгу вершаў i прозы. Пры сустрэчы мы прыпомнiлi яго вершы, жарты, эпiграмы на аднакамернiкаў, напiсаныя там жа, у турме. Вось, напрыклад, яго эпiграма на Блохмана:

И говорю я без укора

Не посади тебя в подвал.

Из исторической Дукоры

Ты всем бы миром управлял.

Блохман быў родам з мястэчка Дукоры.

Як дапытвалi нас, а допыты былi толькi начамi, як каго катавалi, я раскажу нiжэй у асобных абразках-успамiнах. Больш за ўсiх у той час даставалася Нёманскаму. Пры мне яго аднойчы з допыту прывялi пад рукi – сам ён дайсцi не мог.

Прыгадваючы цяпер, якi лёс каго напаткаў з тых насельнiкаў камеры, я з жахам хапаюся за галаву: засталiся жывымi толькi мы двое – я i Масей Сяднёў. Астатнiх каго расстралялi, а хто застаўся ў вечнай калымскай мерзлаце.

У мяне было некалькi следчых. Запомнiўся Слукiн. Хто ведае, можа, у пэўных нармальных абставiнах ён i быў бы справядлiвым чалавекам. Але ж у яго была страшная па тым часе служба – следчы НКУС. Ад яго патрабавалi тэмпаў следства i як можна больш скончыць спраў. Мяне ён не бiў, не мучыў, не здзекаваўся, я быў для яго дробнай сошкай, мальком, як тады называлi нязначных падследных. Ён, канечне, вёў справы адначасова i на iншых арыштаваных, i, кажуць, iм ад яго даставалася. Як i ўсiх, мяне ён выклiкаў толькi ноччу. Увесь допыт круцiўся вакол запiсу ў дзённiку. Слукiн лiчыў, што гэта паклёп на савецкую ўладу i на калгасны лад, i прымушаў мяне прызнацца, што я наўмысна гэта рабiў. Я спрабаваў растлумачыць сэнс запiсанага iнакш i гаварыў Слукiну, што мы сапраўды жывем пад шчаслiвым сталiнскiм сонцам, але ж сям-там, дзе кiруюць калгасамi розныя п'янiцы, ёсць i беспарадак i беднасць. I вось каб таварыш Сталiн даведаўся пра тых кiраўнiкоў, iм бы непаздаровiлася. Слукiн мае тлумачэннi не запiсваў i ўсё паўтараў: "Ты махровы контрык, антысаветчык, хоць i малады, не хочаш перад органамi раззброiцца..." Гаварыў ён гэта хутчэй механiчна, бо трэба ж было ў час допыту нешта гаварыць.

Ах, Слукiн, Слукiн, цi мог ты тады ведаць, чым твая служба скончыцца? Праз два гады цябе самога арыштуюць, будуць гэтак жа называць антысаветчыкам, а потым павязуць у лес i расстраляюць.

Мой арышт i знаходжанне ў турме выпалi на самы пiк тэрору. Колькi сумленных людзей сядзела ў падвалах i знiшчалася! Цi ж можна iх усiх успомнiць? Дзе дастаць дакладныя лiчбы расстраляных? "Хотелось бы всех поименно назвать, да отняли список и негде узнать..." – напiсала некалi Ганна Ахматава.

Iнтэлектуалы – вучоныя, пiсьменнiкi, iнжынеры – самая "выбiтая" катэгорыя прафесiй. Думаю, што разгадка гэтаму простая – вярхоўнаму кату i яго падручным важна было ў першую чаргу пазбавiць народ яго самасвядомасцi, яго розуму. "Мы дурных не бяром, – гаварылi следчыя, – разумных бяром, яны самыя небяспечныя".

Наркомам унутраных спраў Беларусi, калi я знаходзiўся пад арыштам i следствам, быў знакамiты Берман Барыс Давыдавiч. Ён i яго брат Берман Мацвей, начальнiк Гулага, намеснiк наркома ўнутраных спраў СССР, пакiнулi ў гiсторыi нашай дзяржавы страшны след.

Не магу не прывесцi паказаннi Наседкiна – наркома ўнутраных спраў Беларусi, якi замянiў Бермана, арыштаванага i расстралянага.

Наседкiн назваў Бермана самым лютым наркомам. "За якi год яго работы, сведчыў Наседкiн, – Берман расстраляў звыш васьмiдзесяцi тысяч чалавек. Ён забiў усiх лепшых камунiстаў рэспублiкi, абезгаловiў савецкi i партыйны апарат, знiшчыў цвет iнтэлiгенцыi, вышукваў, знаходзiў i знiшчаў усiх мала-мальскi разумных i адданых народу людзей. Восемдзесят тысяч бязвiнных ахвяр, гара трупаў!.."

Далей Наседкiн расказваў пра метады кiраўнiцтва Бермана падначаленымi.

"Па суботах Берман праводзiў вытворчыя нарады. Выклiкалiся на сцэну па зараней падрыхтаваным спiсе трое лепшых следчых i трое горшых. Берман пачынаў:

– Вось лепшыя з лепшых нашых работнiкаў, – называў ён прозвiшча следчага. – Устаньце, таварыш. Няхай астатнiя вас бачаць. За тыдзень ён скончыў сто спраў, з iх сорак – на вышэйшую меру, а шэсцьдзесят на агульны тэрмiн у тысячу гадоў. Павiншуем таварыша. Сталiн пра вас ведае i помнiць. Вас прадстаўляем да ўзнагароды ордэнам. А зараз атрымайце грашовую прэмiю ў суме пяцi тысяч рублёў. А вось следчы, – называлася прозвiшча, – за тыдзень скончыў усяго толькi тры справы, i нiводнага на расстрэл, а прапаноўвае падследным тэрмiны ад пяцi да васьмi гадоў. Выведзiце яго.

Бледнага ад страху следчага выводзiлi.

– Выявiлася, – голасна чаканiў Берман, – што гэты следчы завербаваны нашымi ворагамi, якiя паставiлi задачу органам сарваць выкананне асабiстых заданняў таварыша Сталiна. Гэты здраднiк следчы будзе расстраляны".

Так тэрарызаваў сваiх падначаленых Берман, i падначаленыя старалiся.

Ад Слукiна маю справу перадалi следчаму-навiчку, маладому хлопцу. На мяне ён не крычаў, па натуры быў спакойны, амаль флегматык.

– У цябе што, ерунда, – гаварыў ён мне, – адна АА (антысавецкая агiтацыя). Групу табе не вяжуць. За тваю вiну больш пяцi не павiнны даць. Так што не бойся. Давай хутчэй усё запiшам, аформiм, i справа ў суд пойдзе.

Ён i скончыў следства, напiсаў абвiнаваўчае заключэнне, i справа пайшла ў Спецыяльную калегiю Вярхоўнага суда БССР.

Чакаў я суда доўга. Пра навiны мы, арыштаваныя, даведвалiся ад навiчкоў i яшчэ з дапамогай аднаго iнфармацыйнага канала. Турэмнай прыбiральняй карысталiся i арыштаваныя, i супрацоўнiкi турмы, камiсарыята. Пасля,сябе яны пакiдалi ў кошыках шматкi газет. Калi нас заводзiлi ў прыбiральню, мы адразу ж хапалi тыя шматкi, абмывалi пад кранам i тайком прыносiлi ў камеру. Навiны былi адны: лiсты калгаснiкаў аб шчаслiвым жыццi, заклiкi выкрываць ворагаў народа. З тых газет ведалi, каго пасадзiлi, каго выкрылi.

З падвальнай камеры на вулiцы Ўрыцкага мяне перавялi ў турму на вулiцу Валадарскага. Там сядзела розная шпана. блатары, але больш -палiтычных. Там я таксама сустрэў цiкавых людзей – вучоных, студэнтаў, настаўнiкаў. Пазнаёмiўся я з былым мiнiстрам – старшынёй рады Беларускай народнай рэспублiкi Цвiкевiчам Аляксандрам Iванавiчам, высланым з Беларусi пры разгроме нацыянальнай iнтэлiгенцыi ў трыццатыя гады i вернутым у Менск з высылкi для канчатковай расправы.

Хачу прывесцi ягоныя словы, якiя ён аднойчы сказаў, як малiтву:

"Матка боская, завошта такi лёс краiне? Такiя беды пасланы народу: крывавы Кастрычнiк, самазнiшчэнне нацыi ў грамадзянскую вайну, голад i высылкi, раскулачванне, а цяпер яшчэ i гэты тэрор. I што б засталося ад Англii, Францыi, ад эўрапейскай цывiлiзацыi, калi б i там быў знiшчаны такi ж слой лепшых розумаў?.."

Сапраўды, што б засталося? А наша краiна жыве. Жывучыя, значыць, мы.

Паколькi менскiя турмы былi перапоўнены, iх пачалi разгружаць i адпраўляць арыштаваных у iншыя гарады. Я трапiў у вiцебскую турму, таксама перапоўненую. У нашай вялiкай камеры сядзелi вайскоўцы, выкладчыкi з ветэрынарнага iнстытута i вядомы ў свой час драматург Курдзiн Дзiмiтры Iванавiч. Яго п'еса "Мiжбур'е" ставiлася ў многiх тэатрах краiны. Курдзiн i ў камеры пiсаў агрызкам алоўка ў кнiжачцы курыцельнай паперы сваю новую п'есу.

Не так даўно я зрабiў праз ваенны трыбунал Беларускай ваеннай акругi запыт у КДБ пра лёс Курдзiна. Паведамiлi, што ён быў расстраляны 12 снежня трыцдаць сёмага года.

У кастрычнiку мяне судзiлi. З Менска прыехала выязная сесiя Спецыяльнай калегii Вярхоўнага суда БССР з сотнямi спраў. Засядала яна ў памяшканнi народнага суда, куды з турмы прывозiлi падсудных. Мяне прывезлi ў групе дваццацi чалавек, не знаёмых мне. Усе яны таксама абвiнавачвалiся па "лёгкiм" артыкуле – у антысавецкай агiтацыi. На тым судзе на кожнага адпускалася не больш дваццацi хвiлiн. Заходзiлi ў пакой, дзе засядаў суд, неўзабаве выходзiлi, i мера пакарання аб'яўлялася адна – дзесяць гадоў лагера.

Мяне выклiкалi апошнiм. Я зайшоў у пакой, прымiрыўшыся з тым, што атрымаю таксама дзесяць гадоў. Стаў перад судом па турэмнай прывычцы, заклаўшы рукi за спiну. Больш за паўгода я жыў толькi на турэмным пайку, згаладаў, схуднеў, збляднеў, i, вядома ж, грузнаму пажылому старшынi, засядацелям – жынчыне i мужчыну – я здаўся дахадзягам, вартым жалю. Я адчуў i зразумеў, што суддзi глядзелi на мяне з жаласцю. Па ўзросту кожнаму з iх я гадзiўся ў сыны. Можа, у iх i былi такiя ж, як i я, сыны i суддзi ўяўлялi iх на маiм месцы.

Старшынствуючы, праверыўшы мае бiяграфiчныя дадзеныя, спытаў, цi прызнаю я сябе вiнаватым.

Яшчэ задоўга да суда я падрыхтаваў у сваё апраўданне цэлую прамову. Я дзесяткi разоў рэпецiраваў яе, раiўся з аднакамернiкамi, што яшчэ трэба дапоўнiць да той прамовы, дапаўняў i быў гатовы ў любы момант выступiць з ёю. А ў судзе я раптам як анямеў, не змог напачатку вымавiць i слова. А потым i заплакаў, ненавiдзячы сябе за гэты плач, злосна выцiраючы рукавом слёзы, сцiскаючы зубы, намагаючыся не плакаць, супакоiцца i не могучы гэта зрабiць. Суддзi апусцiлi галовы, на мяне не глядзелi. I ўсё ж у рэшце рэшт я здолеў сказаць, што нiякi я не антысаветчык, не вораг савецкай улады, а запiс у дзённiку зрабiў пад уплывам прыгнечанага настрою.

– Хопiць, добра. Выйдзiце, калi ласка, – сказаў старшынствуючы.

Я выйшаў з такiм цяжкiм паганым настроем, так сябе лаяў за сваю слязлiвасць, што гатоў быў ударыцца галавой аб сценку.

Праз хвiлiн дзесяць мяне паклiкалi. Зайшоў, стаў, слухаю прыгавор. Яго прачыталi не ўвесь, а толькi рэзалюцыйную частку. "Хомчанку Васiля Фёдаравiча на аснове арт. 72 пункта А Крымiнальнага кодэкса БССР пазбавiць волi ў папраўча-працоўным лагеры тэрмiнам на чатыры гады i на тры гады паражэння ў правах пасля адбыцця пакарання".

– Колькi, чатыры гады? – не паверыў я пачутаму.

– Чатыры, – кiўнуў галавой старшынствуючы. – Прыгавор канчатковы i касацыi не падлягае.

– А я i не буду скардзiцца, – паспяшыў я запэўнiць суд.

Я быў рады i шчаслiвы, i радасць гэта, вядома ж, адбiвалася на маiм твары. Я адыходзiў i ўсмiхаўся, на развiтанне падзякаваў суддзям.

Усяго толькi чатыры гады! А не восем, не дзесяць. У мяне пела душа. Я пахвалiўся мiлiцыянеру, якi павiнен быў адвесцi мяне ў турму, пра гэтыя чатыры гады i гатоў быў хвалiцца ўсiм стрэчным.

– Пашанцавала, – згадзiўся мiлiцыянер.

Iшлi мы з гэтым мiлiцыянерам, маладым вясковым хлопцам, пешшу i не так, як патрабуецца iнструкцыяй: ён – ззаду, а я ўперадзе, а побач, плячо ў плячо. Нiхто са стрэчных i не здагадваўся, што мiлiцыянер канваiруе мяне.

Праходзячы мiма хлебнай крамы, я мiжволi прыпынiўся – хлебны дух ударыў мне, галоднаму, у ноздры так, што галава закружылася.

– Там хлеб, – паказаў я на вiтрыну, – хлеб.

– Зойдзем, – сказаў мiлiцыянер.

Мы зайшлi. Ён купiў за свае грошы фармавую буханку i даў мне. Я адразу ж упiўся ў яе зубамi, i, пакуль дайшлi да турмы, ад буханкi застаўся невялiкi акрайчык.

Развiталiся мы па-сяброўску – поцiскам рукi.

"Вось жа, – думаў я пра яго з удзячнасцю, – ёсць добрыя людзi i сярод канваiраў".

Перапыняючы гэты аповяд, адзначу, што на добрых людзях трымаецца свет. Сустракалiся мне такiя людзi i ў лагеры, i пасля лагера. Былi яны ў судах, у тым жа НКУС. I калi б кожны, ад каго залежалi лёсы людзей, няхай сабе i ў тыя страшныя гады тэрору, стараўся рабiць як можна меншае зло, а не iмкнуўся выбiцца ў перадавiкi, вызначыцца актыўным "баявым штыком партыi" – так называлi сябе сталiнскiя карнiкi, – то цi было б столькi ахвяр?

У камеры яшчэ на парозе я паказаў чатыры пальцы i крыкнуў, што далi чатыры гады. Сусед па нарах пацiснуў мне руку, вiншуючы з "толькi чатырма гадамi". А драматург Курдзiн уздыхнуў: "Вось бы i мне так пашанцавала". Яму не пашанцавала, яго расстралялi.

Ну а потым быў доўгi, цяжкi этап праз усю Расею, Сiбiр аж да станцыi Ўсуры ў Бамлаг, дзе я апынуўся перад самай зiмою.

Пра лагер пiсаць цяжэй, чым пра турму, следства, суд. Пра яго ўжо расказана шмат, i ў кожнага зэка быў свой лагер, са сваiмi пакутамi i маленькiмi радасцямi. Гэтыя маленькiя радасцi i ратавалi чалавека ад самагубства.

Сталiн, стварыўшы такое пекла, як лагеры, меў мэту не толькi пакараць чалавека фiзiчна невыноснымi ўмовамi, але i пазбавiць уласцiвай чалавеку чалавечнасцi. Лагер, акрамя фiзiчных пакут, – яшчэ i пазбаўленне чалавечага "я". У сталiнскага зэка такая бяспраўнасць, ён так унiжаны, што яго становiшча можна параўнаць са становiшчам старажытных рабоў. Лагеры, якiя, як ракавыя пухлiны, усеялi ўсю краiну, наклалi цяжкi змрочны адбiтак i на ўвесь уклад жыцця ў СССР. Жыць у "лагернай" краiне i не мець нiякага дачынення да лагернага вопыту, яго парадкаў, маралi нельга было. Кожны савецкi чалавек так цi iнакш звязаны з гэтым лагерным вопытам. Калi ты не сядзеў сам, то ўсё адно меў дачыненне да яго: нехта сядзеў з блiзкiх, знаёмых. Быт, лагерная псiхалогiя, лад жыцця перайшлi з лагера на "волю", заразiлi яе. Ён, гэты дух сталiнскага лагера, яшчэ i цяпер не выветрываецца са свядомасцi народа. Жорсткасць, права моцнага, падман, хлусня, несправядлiвасць – законы i мараль лагера яшчэ жывуць у грамадстве, маюць сiлу вялiкую.

У лагеры жыў у лепшых умовах не той зэк, хто быў значны на волi, хто валодаў вопытам высокай прафесii, хто разумны, адукаваны, а, як i задумана вярхоўным i яго хаўруснiкамi, розная крымiнальная нечысць, "сябры народа", якiх i ставiлi камандаваць i ўнiжаць людзей адукаваных i разумных, сумленных так званых ворагаў народа.

Колькi прыходзiлася бачыць такiх сцэн, калi былыя вядомыя вучоныя, пiсьменнiкi, военачальнiкi ўнiжалiся перад блатаром поварам, вымольваючы ў яго лiшнi чарпак баланды. Колькi iх корпалася ў кухонных памыйках, вышукваючы нешта ядомае. Не магу забыць, як былы нарком асветы адной сярэднеазiяцкай рэспублiкi збiраў бульбяныя ашкрэбкi i, каб не перахапiлi iншыя зэкi, таропка запiхваў iх у кiшэнi. Голад чалавека ўнiжаў.

Тыя, хто заганяў у лагеры мiльёны невiнаватых, мелi задачу не проста iзаляваць iх, але i вытравiць у iх усё чалавечае, маральнае: любоў, мiласэрнасць, дружбу, сумленне. Для гэтага i стваралiся такiя ўмовы нявольнiкам, каб узмацнiць у iх самыя нiзкiя iнстынкты. Калi маса галадае, чэзне ад холаду i непасiльнай працы, разута i раздзета, тады i пачынае знiкаць чалавечая мараль, а замест яе не любоў да блiжняга – такога ж пакутнiка, як сам, а варожасць, як да канкурэнта на лепшае месца на нарах, на лёгкую работу, большую пайку.

Вядомы пiсьменнiк Варлам Шаламаў, вязень сталiнскiх лагераў з семнаццацiгадовым стажам, лiчыць, што жыццё ў лагеры – гэта ганебны i адмоўны вопыт чалавека, i чалавек не павiнен нават чуць пра лагер. Нiводзiн чалавек не становiцца нi лепшым, нi мацнейшым пасля яго. Лагер, сцвярджае Шаламаў, адмоўная школа, адмоўны вопыт, разбэшчванне для ўсiх – як для зняволеных, так i для начальнiкаў, канваiраў, усёй лагернай абслугi. I нават для тых, хто проста назiраў за лагерным жыццём, быў сведкам збоку.

Адбываў я свой тэрмiн у двух лагерах – спачатку ў Бамлагу, потым у Нiжне-Амурскiм лагеры. У Бамлагу працаваў на пагрузцы гравiю i пяску на чыгуначныя платформы. Якая ж гэта была цяжкая праца! Рабочая змена доўжылася дзесяць гадзiн.

Помню адзiн адчайны вечар, калi мяне раптам ахапiла нейкае вар'яцкае жаданне развiтацца з жыццём, засела думка, як бы яе ўкалацiлi ў галаву, што, працуючы так i знясiльваючы сябе, свой тэрмiн я не адбуду, загнуся, дык навошта мучыцца. Памятаю, свяцiла поўня, яркая i зялёная, а зямля, выпучаная аграмадзiнамi сопак, была па-мярцвецку бледная. I зоркi былi яркiя i надзвычай буйныя. Яны здавалiся такiмi нiзкiмi, што калi б кiнуў з добрай сiлай угору камень, то трапiў бы ў зорку. Зоркi нiбы дыхалi, як загнаны чалавек, рабiлiся то вялiкiя, то маленькiя. Потым яны быццам пачалi ўсхлiпваць, i iх усхлiпы i дрыжанне я ўбачыў на маiм адшараваным гравiем шуфлi. У адчайным прыпадку я гакнуў цаўём лапаты па борце платформы. Яно трэснула, канец яго застаўся ў мяне ў руках. Я сеў на кучу гравiю, скурчыўся i думаў, як i чым я скончу жыццё сваё. Думаў спакойна, як аб нечым звычайным, скажам, аб той жа платформе, якую трэба пагрузiць, або пра заўтрашнюю пайку.

Падышоў брыгадзiр, убачыў зламанае цаўё, прынёс новае, набiў на яго шуфлю, аддаў мне.

– Папрацуй змену, – сказаў ён, – заўтра цябе ў кантору бяруць.

Вось гэта радасная навiна i адмянiла маю задуму развiтацца з жыццём.

Нейкi час я працаваў у канторы калоны на селектары начным тэлефанiстам. Лафа, лепшай для зэка i не прыдумаеш. Сядзiш у цяпле, пайку i норму маеш сытную. Я прагнаў голад, адхляў, паздаравеў i духам. Папрацаваў я i на пякарнi памочнiкам пекара.

Наступны лагер мой быў Нiжне-Амурскi, зэкi якога пачалi будаваць чыгунку на Нiкалаеўск-на-Амуры. Да сваёй калоны мы iшлi пешшу па тайзе ад станцыi Камсамольск-на-Амуры двое сутак, з начным перадыхам каля вогнiшча. Хоць i быў сакавiк i марозы ўпалi, а сёй-той дарогай абмарозiўся.

Спынiлiся ў тайзе каля лiстоўнiцы, на якой была прыбiта дошчачка з нумарам нашай калоны. Жылi ў палатках i будавалi ляжнёўку – часовую дарогу для машын. Прыходзiлася насiць бярвёны па вадзе, бо растаў снег i тайга была ўся ў лужынах.

Я лiчу, што лагер, акрамя таго страшнага адмоўнага, пра што я ўжо пiсаў, яшчэ i самая вялiкая школа, дзе чалавека вучаць, як трэба ненавiдзець фiзiчную працу. Паднявольная праца – такая ж кара, як i пазбаўленне волi. Таму зэкi ёй супрацiўляюцца, вынiкамi зробленага не цiкавяцца, стараюцца як менш затрацiць сiлы ў час працы. На сваю працу зэк глядзiць з агiдай i пракляццем. Асаблiва ў яго выклiкае нянавiсць, калi бачыць непатрэбнасць таго, што сiлком прымушаюць рабiць. Думаю, што з лагера i прыйшла ў наша грамадства нелюбоў да фiзiчнай працы, яна стала непрэстыжнай.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю