355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Гавриил Троепольский » Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке) » Текст книги (страница 7)
Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 21 октября 2016, 21:06

Текст книги "Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)"


Автор книги: Гавриил Троепольский



сообщить о нарушении

Текущая страница: 7 (всего у книги 11 страниц)

За доўгiя чатыры гады свайго жыцця ён, на жаль, так нi разу i не бачыў, як дояць кароў. А малако пахне ўсё-такi кароваю. Нейкая няяснасць так i засталася ў Бiма: ён сяго-таго не ведаў. Памiж iншым, цi мала чаго не ведае кожны сабака? У гэтым нiчога брыдкага няма. А калi якi-небудзь сабака i скажа, дапусцiм, што ён усё ведае i ўпэўнены ў тым, што можа вучыць, што i як рабiць i куды бегчы, то нават i курыца яму не паверыць; мала што ён здароўшы за курыцу – не паверыць. А такiя сабакi бываюць, мушу сказаць вам. Напрыклад, скоч-тэр'ер, возьмем яго: ён прытвараецца, што яго галава-цаглiна напхана рознымi iдэямi (барада, доўгiя вусы i бровы – фiлосаф!), а сапраўды бяспутны, камандуе, лаецца на гаспадара штодня, як нервовы, круцiцца бесперастанна. А толку? Нiякага! Адзiн выгляд. А ўсярэдзiне пух або зусiм пуста.

Бiм – iншая справа: ён шчыры i прамадушны. Калi чаго не ведае, то так i з выгляду: што не ведаю, тое не ведаю. Калi не любiць каго, то так i скажа: "Нядобры ты чалавек. Iдзi адсюль! Гаў!" I забрэша часам так, што дай бог!

Жанчыну, якая дастае недзе такое цудоўнае малако, ён не мог не паважаць. Таму ён усё глядзеў i глядзеў на тыя дзверы, куды яна пайшла з вядром.

Але нехта падышоў з вулiцы i рашуча расчынiў дзверы.

"Хто? – адным словам запытаўся Бiм. – Гаў!"

Чалавек шарахнуўся назад. З дому выбег Тата, уключыў у сенцах святло i запытаўся:

– Хто тут?

– Я, брыгадзiр, – адказаў незнаёмы.

Потым ён зайшоў у сенцы, яны пацiснулi адзiн аднаму рукi (значыцца, сябры – брахаць нельга) i падышлi да Бiма. Тата прысеў на кукiшкi, гладзiў Бiма i гаварыў:

– А ты маладзец, Чарнавух. Маладзец – службу ведаеш. Харошы сабака. Адвязаў яго i ўпусцiў у пакой.

Самiае галоўнае – у хаце была i кульгавая курыца. Бiм прыцэлiўся на яе, зрабiў стойку, прыпадняўшы пярэднюю лапу, але неяк няўпэўнена, а гэта азначала, што ён гаварыў прысутным: "Што гэта за птушка? Нешта не даводзiлася..."

– Глядзi, брыгадзiр! – крыкнуў Тата. – Гэта ж залаты сабака, Чарнавух, на ўсе рукi!

Але паколькi курыца не звярнула на Бiма ўвагi, то ён сеў, усё ж скоса пазiраючы на яе, што па-сабачы абазначала: "От мне... Знайшлася!.. Яшчэ i ты!" I зiрнуў на прысутных.

– I курэй не зачэпiць! – захапляўся Алёшка.

Бiм уважлiва глядзеў на яго.

– А вочы! Мама, а вочы! Як у чалавека, – радаваўся Алёшка. – Чарнавух, iдзi да мяне... да мяне!

Хiба Бiм маўчаў у адказ на шчырую радасць? Ён падышоў да Алёшы i сеў побач.

За сталом пайшла гаворка. Тата адкаркаваў бутэльку, Мама падала ежу. Брыгадзiр выпiў усё са шклянкi, Тата таксама. Мама – таксама. Алёша чамусьцi не пiў, а еў вяндлiну i хлеб. Ён кiнуў кавалачак пасярод падлогi, але Бiм не скрануўся з месца (трэба ж было сказаць: "Вазьмi!").

– Iнтэлiгент, мабыць, – заўважыў брыгадзiр, – хлеба не есць.

Курыца прыкульгала i забрала той кавалачак, якi належаў Бiму. Усе смяялiся, а Бiм уважлiва-ўважлiва глядзеў на Алёшку: смеху мала, калi не разумееш адзiн аднаго, хоць i сябруеш.

– Пачакай, Алёша, – сказаў Тата. Ён паклаў кавалачак хлеба на падлогу, адагнаў куру i сказаў Бiму: – Вазьмi, Чарнавух, вазьмi!

Бiм з задавальненнем пракаўтнуў смачны кавалачак хлеба, хаця i быў пад'еўшы.

Брыгадзiр таксама паклаў на падлогу кавалачак вяндлiны.

– Нельга! – папярэдзiў ён.

Бiм сядзеў. Кура бачком-бачком пакульгала да вяндлiны, але толькi-толькi сабралася клюнуць, Бiм фыркнуў, чуць не штурхануў яе носам. Адным словам, цырк, дый годзе.

– Чарнавух, вазьмi! – дазволiў брыгадзiр.

Бiм акуратна з'еў i гэты кавалачак.

– Усё! – крычаў Тата. Ён i так гаварыў моцна, а пачырванеўшы, стаў яшчэ дабрэй. – Чарнавух – цуд цудам што нi на ёсць! – I нават абняў яго.

"Харошыя людзi", – падумаў Бiм. Яшчэ яму спадабалiся вусы ў Таты, мяккiя, далiкатныя, гэта ён адчуў, калi той абдымаў.

А потым пачалася такая размова, з якое Бiм зразумеў толькi адно слова "авечкi", але затое дакладна вызначыў, што абодва мужчыны спачатку пачалi спрачацца.

– Ну, Хрысан Андрэевiч, давай пра справу. – Брыгадзiр паклаў руку на плячо Таты. – Авечкi есцi хочуць цi не хочуць?

– Хочуць, – адказаў Тата. – Толькi мой тэрмiн кончыўся, мне – да пакроў, а пакровы прайшлi.

– Авечкi людскiя, асабiстыя, а не калгасныя, i яны таксама хочуць кармiцца. Мне калгаснiкi вушы пратрубiлi: снегу няма, паша пад нагамi, авечкi да снегу павiнны быць на падножным. I праўду кажуць.

– "Авечкi – да снегу..." А я жалезны? А Алёшка табе – жалезны?

– Пакуль снег, Хрысан Андрэевiч – угаворваў брыгадзiр, – удвая плацiць будзем. Зразумеў?

– Не буду, – спакойна, але настойлiва паўтараў Тата. – Баба мая на бураках закiсла – трэба дапамагаць, а ты – "пакуль снег".

Але ўсё-такi яны паляпалi адзiн аднаго па руках са згодаю i перасталi далдонiць "авечкi да снегу". Потым брыгадзiра правялi на ганак усе ўтраiх, забыўшыся пра Бiма.

Ну i што ж, ён таксама выйшаў на ганак, абабег навокал двара, пастаяў за тынам, пастаяў, удыхнуў пах авечак, з якiмi звязан адзiн з успамiнаў пра любiмага адзiнага чалавека, i нерашуча прысеў.

Ноч. Восеньская чорная ноч у вёсцы, цiхая, затоеная ад зiмы, хоць i гатовая сустрэць яе. Усё ў гэтай ночы невядома Бiму. Сабакi наогул не любяць падарожнiчаць уночы (хiба толькi бяздомныя, якiя не вераць людзям i абмiнаюць iх), а Бiм... Што тут казаць! Бiм пакуль што сумняваўся. Ды i Алёша – такi харошы маленькi чалавек.

Сумненнi перапынiў Алёшкаў голас. Ён трывожна, на ўсю моц закрычаў:

– Чарнаву-ух!

Бiм падбег i ўвайшоў следам за iм у сенцы. Алёша паклаў яго на месца, падаткнуў з бакоў сена, палашчыў i пайшоў спаць.

Усё зацiхла. Не чуваць нi трамвая, нi тралейбуса, нi гудкоў – нiчога звыклага.

Новае жыццё пачалося.

Сягоння Бiм даведаўся, што Тата – яшчэ i Хрысан Андрэевiч, а Мама – яшчэ i Пятроўна, Алёша ж – так Алёша i ёсць. Акрамя таго, да курыцы ён не меў пагарды, але i не паважаў: на яго сабачы розум, птушка павiнна лятаць, а гэтая толькi ходзiць, а таму i не варта, каб яе, бяскрылую, паважалi. Але вось авечкi – яны напамiнаюць пра Iвана Iванавiча; Алёша таксама пахне авечкамi... Пятроўна – зямлёй i буракамi... А такi земляны пах заўсёды турбаваў Бiма. Магчыма, i Iван Iванавiч сюды прыйдзе...

Бiм заснуў, сагрэўшыся ў цёплым сене. У такiм сене, ад водару якога мiжволi хочацца ўсмiхнуцца, нават чалавек засынае адразу, i ад гэтага паху свежага сена ў яго ўзнiкае ўваччу блакiтны колер перад сном. Бiму ж намнога лепш было чуваць усе самыя тонкiя адценнi гэтага водару, якi заспакойваў, унiмаў яго сум.

Пабудзiў Бiма пеўнеў крык. Некалi ён яго чуў неаднойчы, але не так блiзка, а гэты – проста за сцяною, гучна, працяжна i з гонарам: "Кука-рэ-ку-у-у!" Яму адгукнулiся ўсе вясковыя пеўнi. (Крыху пазней Бiм даведаўся, што гэты певень запявала i што такiя пеўнi сярдзiтыя.) Бiм сядзеў i слухаў дзiўную музыку; далей яна кацiлася па вёсцы хвалямi – то блiжэй, то далей, у залежнасцi ад таго, чыя была чарга, а апошнi, адзiн пракукарэкаў нейкi немагушчы пеўнiк, хрыпла, коратка i непадобна да пеўня, вартага павагi. Потым, праз некаторы час, Бiм разабраўся, што такiя пеўнi – баязлiўцы, уцякаюць ад чужога пеўня, якi ўрываецца на iх двор, хоць па ўсiх правiлах курынага жыцця гэты баязлiвец павiнен абараняць спакой падпарадкаваных яму курэй. А ён, iдал, уцякае. Затое менавiта такi певень бязлiтасны да чужых куранят – клюе, такая падла, а мiж iншым нi адзiн певень, калi ён паважае сам сябе, нiколi не клюне кураня, якое прыбiлася невядома адкуль. Такi вось i заспяваў апошнi, i толькi тады, калi, вiдаць, пераканаўся, што не памылiўся наконт часу. Людзi б назвалi такога пеўня кан'юнктуршчыкам, але Бiму ўсяго-наўсяго было толькi смешна. Дарэчы, Бiм зусiм не ўяўляў, што па такiм здохлым пеўню нiхто нiколi не правярае час.

Бiм прылёг i задрамаў. Раптам зноў з канца ў канец пракацiўся па вёсцы спеў. I Бiм зноў сеў i зноў слухаў з вялiкiм задавальненнем. Потым трэцi раз, яшчэ мацней, галасiста, нават урачыста! Ах, цудоўна спяваюць! Во дзе сiла! А што яны вытваралi недзе далёка – i ўявiць нельга! Бiм пакуль што не ведаў, што гэта раскашавалi хорам на калгаснай птушкаферме, па няпiсаных нотах, белыя, як кiпень, самаўпэўненыя пеўнi-прыгажуны, i таго разу, каб не быў ён запёрты ў сенцах, ён абавязкова збегаў бы i паглядзеў i паслухаў такое дзiва. Але сенцы былi яму за клетку.

Праз шчылiну ў дзвярах i ў сенцы пакрысе запаўзаў шэранькi восеньскi досвiтак. Бiм устаў, агледзеў сенцы: стаiць дзежка са збажыною, у адным кутку – засек з кукурузнымi пачаткамi, у другiм – качаны капусты. Вось i ўсё.

Выйшла з вядром Пятроўна. Бiм прывiтаў яе. Яна – на двор, i Бiм – на двор, следам. Яна села пад карову. Бiм – непадалёку. Струменьчыкi зазвiнелi аб вядро, а Бiм затупацеў пярэднiмi лапамi ад здзiўлення: малако! Карова стаяла спакойна i жавала сабе, без нiчога ў роце, – быццам шаптала i булькала сiмпатычная жывая цыстэрна з адкрытымi кранiкамi.

Пятроўна скончыла даiць, паклiкала Бiма ("Чарнавух"), налiла яму ў мiску малака, сказала: "Нельга", чуць пастаяла, сказала: "Вазьмi", добра засмяялася i заспяшала ў хату.

Ах, божа мой, якое гэта было малако! Цёпленькае, духмянас, тут табе i травою пахне, i кветкамi, полем – усiм разам, а яшчэ (гэта цяпер дакладна), яшчэ – рукамi Пятроўны, а не проста чалавечымi рукамi наогул, як здалося гэта Бiму ўчора здалёку. Бiм выхлебтаў усё, вылiзаў, справiў ранiшнiя патрэбы i скоранька агледзеў двор. Карова сустрэла яго зусiм даверлiва, нават лiзнула ў галаву, за што Бiм дакрануўся языком да яе шурпатае, малочна-пахучае пысы; авечкi з-за перагародкi патупалi на яго капытцамi, быццам бы пагражалi, i тут жа супакоiлiся, бо ўбачылi, што Бiм не ўсчынае нiякае агрэсii; свiння i двое парасят на першы раз i не паглядзелi на Бiма, а проста пахрукалi мiж сабою i нават не варухнулiся, хаця i ляжалi галовамi да Бiма, ля плоцiка. Так сустрэлi яго чатырохногiя, але куры – гэта та-абе! Уласна, не самi куры, а чырвоны певень. Ён, як толькi зляцеў з седала, залопаў крыллем i злосна забурчаў: "Ко-ко-ко-ко-ко!" Ды i кiнуўся на Бiма, як коршак. Чырвоны певень з чырвоным грэбенем ударыў сабаку грудзьмi i кiпцямi. (Вось якiя пеўнi бываюць!) Бiм гыркануў на яго ў адказ i ўдарыў лапаю. I адразу ж, у тое самае iмгненне, певень звесiў крылле i прыгнуўся, пабег у куток двара да курэй, што сабралiся чародкаю, як зацiкаўленыя гледачы; уцякаў ад Бiма зусiм перапалоханы, а падбег да iх ужо як герой. Ды яшчэ i закрычаў: "Вось як я яму! Вось як, вось як!" Куры дружна хвалiлi пеўня на ўсю сваю курыную моц. I што вы думаеце? Бiм пiльна паглядзеў на пеўня з павагаю. Што нi кажы, а Бiм нi разу не бачыў, каб птушка кiдалася на сабаку. А гэта ўсё-такi месца мае.

– Што тут за вэрхал? – спытаў Хрысан Андрэевiч, выходзячы з сянец на двор. I на курэй: – Кыш, вы! Сабакi напужалiся, дурныя. – Узяў Бiма за аброжак i падвёў да курэй, пастаяў так з iм i адпусцiў.

Бiм адышоў i адвярнуўся: ну iх! З тае пары певень i куры не падыходзiлi да сабакi, але не надта i баялiся, а так – пасакоча каторая – i з дарогi. А яму што? Ходзяць куры– не лятаюць, не плаваюць; зноў жа, нiхто ў iх не страляе значыцца, не птушка, а так сабе – самаходная iстота. Певень, гэты, вядома, не тое: i на страху ўзляцiць, i папярэдзiць пра чужога не пазней, чым Бiм, ды i кiруе салiдна – сам чарвяка не есць, а падначаленых клiча i, здараецца нават падзелiць. Так што певень заслугоўвае павагi.

З-за таго, што Бiма пакуль што не выпускалi з двара на вулiцу яшчэ з тыдзень, ён неяк сам па сабе стаў тут галоўны: ляжаў пасярод двара i сачыў. Курэй ён ужо на чацвёрты дзень ведаў усiх у твар, а калi залятала цераз тын чужая, то ён яе так наганяў, так наганяў, што яна яшчэ доўга тараторыла, то некуды ўцякаючы, то вяртаючыся назад i топчучыся на адным месцы. Смех, дый годзе!

Парася, тое, напрыклад, само прапанавала пазнаёмiцца блiжэй: падышло да Бiма, хрукнула, чуць-чуць штурханула яго вiльготным пятачком у шыю i глядзела дурненькiмi бялявымi вачанятамi. Бiм лiзнуў яго ў пятак. Таму бог як спадабалася: яно аж падскочыла ад задавальнення – i пачало рыцца каля Бiма. Бiм паблажлiва перайшоў на другое месца, а парася зноў да яго: пабурчала нешта на сваёй незразумелай мове (свiннi i сабакi не разумеюць адзiн аднаго гэтаксама, як i людзi з розных краiн) ды i ўклалася побач з Бiмам, прытулiўшыся да цёплае Бiмавай спiны. Таму калi аднаго халоднага асенняга дня Бiму зрабiлася не па сабе (дзверы ў сенцы зачынены на ўвесь дзень), то нiхто на двары не дзiвiўся з таго, што Бiм спаў на мяккай падсцiлцы, сагрэты парасятамi з двух бакоў. Супроць гэтага сяброўства i парасяткава мацi нiчога не мела супраць, нават наадварот, кожны раз, як Бiм заходзiў да iх у жыллё, яна энергiчна стагнала ад наплыву прыязнасцi, а зусiм не ад болю. Мiж iншым, гэту адметнасць свiное гаворкi Бiм заўважыў адразу, хоць болей у гэтым мовазнаўстве нiчога не зразумеў. Мабыць, гэта не так i важна – ведаць мову. Сабака i свiння – розныя ва ўсiм, але гэта не перашкаджае iм жыць мiрна i згодна.

Кармiлi Бiма вельмi добра, а акрамя таго, i парасяты – ужо рослыя, Бiму напаўросту – не пярэчылi, калi ён здымаў пробу ў iхнiм карыце. Кожнай ранiцай ён меў амаль лiтр малака, якое тут не лiчылi дарагiм. Здавалася, што б яшчэ трэба сабаку? Але двор гэта двор – клетка, лагер, адгароджаны тынам i заўсёды зачыненымi варотамi i веснiчкамi. Не паляўнiчага гэта сабакi занятак – ляжаць, пiльнаваць курэй, гадаваць парасят, – не i не, ды яшчэ з такiм выдатным нюхам, якi – мы ўжо ведаем – меў наш Бiм.

Ён ужо прывык да свайго двара, да яго жыхароў, не дзiвiўся сытаму жыццю. Але калi з лугу цягнула вецярком, Бiм неспакойна хадзiў ад плота да плота цi станавiўся на заднiя лапы перад тынам, быццам хацеў хоць крышку блiжэй быць да вышынi, i глядзеў угару, у неба, дзе ляталi галубы – лёгкiя, вольныя. Нешта смактала ўсярэдзiне, i ён невыразна адчуваў, што i пры такiм сытым жыццi i добрым доглядзе не хапае нечага самага галоўнага.

...Ах, галубы вы, галубы, нiчога вы не ведаеце пра сытага сабаку ў няволi!

Бiм адчуў яшчэ i тое, што не цалкам яму давяраюць, калi не выпускаюць. Кожнай ранiцай Хрысан Андрэевiч i Алёшка выганялi сваiх авечак з двара i iшлi за iмi на ўвесь дзень, у плашчах, з палкамi. А Бiма, як ён нi прасiўся, пакiдалi на двары.

I вось аднойчы Бiм ляжаў, уткнуўшыся носам у тын, а вецер прыносiў весткi: луг ёсць, дзесьцi непадалёку ёсць лес. Воля побач! Убачыў у шчылiну – прабег сабака. Тады яму i стала неўмагату. Ён грабянуў лапаю зямлю пад тынам раз, другi, грабянуў яшчэ раз i давай працаваць на ўсю сiлу: пярэднiмi гроб зямлю пад сябе, а заднiмi адпiхаў далей; нават i разлапiстаю можна працаваць, хоць i не на ўсю сiлу.

Невядома, што было б пасля таго, але калi Бiм ужо канчаў падкоп, увайшлi на двор авечкi. Яны ўбачылi, як ляцiць зямля з-пад тыну, i шарахнулiся назад у веснiчкi, дзе стаяў Алёшка. Авечкi павалiлi Алёшу i шуганулi па вулiцы, як дурныя. Алёша пабег за iмi, а Бiм не звяртаў увагi нi на каго: гроб i гроб!

Але падышоў Хрысан Андрэевiч, узяў яго за хвост. Бiм затаiўся ў сваёй нары, быццам нежывы.

– Занудзiўся, Чарнавух? – спытаў Хрысан Андрэевiч, чуць пашморгваючы за хвост, запрашаючы Бiма назад.

Бiм вылез. Што зробiш, калi цябе цягнуць за хвост!

– Што з табою, Чарнавух?! – здзiвiўся Хрысан Андрэевiч i адступiўся, утрапёны: – Ты хоць не ўскруцiўся?

Вочы ў Бiма набеглi крывёю, ён нервова перасмыкаўся, вадзiў носам у бакi, часта-часта дыхаў, быццам толькi што кончыў цяжкае паляванне. Ён неспакойна забегаў па двары i нарэшце пачаў драпаць за варотцы, азiраючыся на Хрысана Андрэевiча.

Той стаяў пасярод двара i моцна задумаўся. Бiм падышоў да яго, сеў i гаварыў позiркам зусiм зразумела: "Мне трэба туды, на прыволле. Пусцi мяне, пусцi!" Ён, просячы, выпрастаўся на жываце i заскуголiў так цiха i жаласна, што Хрысан Андрэевiч нагнуўся i пачаў яго лашчыць.

– Эх, Чарнавух, Чарнавух... I сабаку хочацца волi. Ку-ды-ы там! – Затым паклiкаў Бiма ў сенцы, паклаў на сена, прывязаў за вяроўку i прынёс мiску з мясам.

Вось i ўсё. Сумна. Сытае жыццё без волi апрацiвела Бiму.

Мяса ён не зачапiў.

Раздзел 12

НА ПАЛЯВЫМ ПРЫВОЛЛI. НЕЗВЫЧАЙНАЕ ПАЛЯВАННЕ. УЦЁКI

Ранiцою, як i кожнага дня, у доме Хрысана Андрэевiча ўсё паўтаралася па заведзенаму парадку: спружына працоўнага дня пачала раскручвацца пасля апошнiх, трэцiх пеўняў, потым абазвалася карова, Пятроўна падаiла яе i запалiла ў печы; Алёша выйшаў палашчыць свайго, цяпер ужо любiмага, Чарнавуха, Тата пакармiў карову i свiней, пасыпаў курам, потым усе селi да стала снедаць. Бiм тае ранiцы не ўзяў нават пахучага малака, хоць Алёша прасiў i ўгаворваў. Потым, пакуль бацькi ўходжвалiся на двары, Алёша схадзiў па ваду, i вычысцiў каровiн катух, i яшчэ раз прасiў Бiма, каб пад'еў, соваў нос у мiску, але, маеш, Чарнавух нечакана амаль счужэў. Пад канец збораў на работу Хрысан Андрэевiч натачыў вялiкi нож i запхнуў яго ў шчылiну над дзвярыма.

Зацемна Пятроўна ўшушкалася ў сваё тоўстае адзенне i хусткi, узяла сумку i той вялiкi нож, што тачыў Тата, i пайшла. Следам, апрануўшы плашчы, выйшлi на двор Алёша з бацькам i, чуваць, выпусцiлi авечак на вулiцу.

Няўжо пакiнулi Бiма аднаго, ды яшчэ на прывязi ў цёмных сенцах? Бiм не вытрымаў – завыў горка i безнадзейна.

I тут адчынiлiся дзверы, увайшоў Хрысан Андрэевiч, адвязаў Бiма i вывеў на ганак, потым замкнуў дзверы, пакiраваў да чародкi авечак, ля якiх стаяў Алёша, перадаў яму з рук у рукi Бiма на вяроўцы, а сам зайшоў спераду авечкам i крыкнуў:

– Пайшлi, пайшлi-i!

Авечкi рушылi за iм па вулiцы. З кожнага двара да iх далучалася то пяць, то дзесяць, так што ў канец вёскi сабралася добрая чарада. Папераду ўсё гэтак жа iшоў Хрысан Андрэевiч, ззаду Алёша з сабакам.

Дзень выпаў марозны, сухi, зямля пад нагамi цвёрдая, амаль гэтакая ж, як асфальт у горадзе, толькi не такая роўная; нават заляталi густа сняжынкi, закрыўшы на некаторы час i без таго халоднае сонца, але зараз жа i скончылiся. Гэта была ўжо не восень, але яшчэ i не зiма, а проста-напраста пазначассе, нi то нi сё, калi вось-вось акажацца зiма, жаданая, але заўсёды нечаканая.

Авечкi бадзёра пастуквалi капыцiкамi i бляялi, перагаворвалiся на сваёй напеўнай авечай мове, зразумець якую няма нiякага розуму. Прыгледзеўшыся, Бiм заўважаў, што паперадзе чарады, нага ў нагу з Хрысанам Андрэевiчам, iшоў баран з закручанымi рагамi, а ззаду за ўсiмi, проста перад Алёшам, кульгавенькая авечка. Алёша зрэдку памаленьку падпiхаў яе кручком палкi, каб не адставала, i тады крычаў:

– Тата, цiшэй крыху! Кульгавенькая не можа!

Той iшоў цiшэй, не аглядваўся, а разам з iм цiшэй iшла i ўся чарада.

Бiм iшоў на вяроўцы. Ён бачыў, як спаважна тупаў Тата перад авечкамi, як яны падпарадкавалiся кожнаму яго руху, як Алёша дзелавiта, засяроджана пiльнаваў авечак ззаду i з бакоў. Вось адна з iх адбiлася i, пашчыпваючы жаўтаватыя травiнкi, пакiравала ў бок ад чарады. Алёша пабег з Бiмам i крыкнуў:

– Куды пайшла-а?! – i кiнуў паперад яе сваю палку.

Авечка вярнулася. Злева адразу тры захацелi адасобiцца i пасунулiся сабе да зеленаватае плямы, але Алёша зноў пабег i гэтаксама паказаў iм сваё месца. Бiм скора скемiў, што нi адна авечка не мае права адбiвацца ад чарады, а калi зноў пабег разам з Алёшам, гаўкнуў на тую авечку, якая парушыла парадак i дысцыплiну: "Гаў-гаў-гаў!" – гэтак жа нязлосна, як i Алёша, папярэдзiў ён самавольнiцу: – "Куды пайшла-а?!"

– Тата! Чуеш? – крыкнуў Алёша.

Хрысан Андрэевiч аглянуўся i крыкнуў з адабрэннем:

– Маладзец, Чарнавух!

На схiле яра ён падняў над галавою палку i яшчэ закрычаў гэтак жа моцна:

– Распуска-ай! – А сам запаволiў крок, iшоў поперак ходу чарады.

Алёша пачаў рабiць тое ж самае, але тут, ззаду, ён крочыў хутка, нават падбягаў, наганяў авечак на Хрысана Андрэевiча. I тады чарада пакрысе разыходзiлася ўсё шырэй i шырэй, i нарэшце, не перастаючы шчыпаць траву, выстраiлася ў шнурок, па тры-чатыры авечкi. Цяпер Хрысан Андрэевiч спынiўся, акiнуў позiркам строй, а побач з iм спынiўся i баран-важак. Пастух дастаў з сумкi буханку хлеба, адрэзаў акрайчык – чамусьцi аддаў яго барану. Бiм не мог ведаць, што баран-важак абавязкова павiнен не толькi не баяцца пастуха, а нават любiць яго, а таму, ад свайго няведання, ён бачыў проста пацвярджэнне таго, што Тата – добры чалавек, – i толькi. А Тата, калi начыстату, быў яшчэ чалавек i хiтры – баран хадзiў за iм, як сабака, i заўсёды адзываўся на клiч. Не, Бiму, вядома, нельга было спасцiгнуць усю пастухову мудрасць. А Хрысан Андрэевiч ведаў, што дурны баран, якi адбiўся ад чарады, ды яшчэ калi няма сабакi, завядзе чараду чортведама куды – толькi прамаргай, заснi ад стомы i разморанасцi на сонечным прыгрэве. Не, тут баран-важак быў незвычайны, вучаны баран, таму i Бiма ён прыняў з адкрытаю душою.

Хрысан Андрэевiч закурыў люльку i сказаў Алёшу:

– Ты не табунуй, не табунуй – тут ёсць чым пажывiцца.

А што ты думаеш, дарагi мой чытач? Накармiць авечку позняй восенню работа не такая i простая: калi не ўмееш, то праз тыдзень палавiна чарады здохне, i там, дзе добрая кармёжка, стопчуць яе, i ўся тут марока, а калi разумна будзеш пасвiць, то i на беднаватай пашы авечка будзе i сытая, i накормленая. Ухiтраецца Хрысан Андрэевiч накармiць чараду на пустках ды на ўскрайках, перад самымi трактарамi, калi яны аруць на восень, а для гэтага патрэбен талент, i прызванне, i любоў да жывёлы. Вялiкая работа – пасвiць авечак, а наогул-то, i прыгожая, таму што чалавек-пастух, часам i не задумваючыся пра тое, адчувае сябе неадлучнаю частачкаю прыроды i яе гаспадаром i дабрадзеем. Вось у чым цымус. Чытач даруе, што я да часу забыўся пра нашага Бiма i загаварыў пра чалавека на прыволлi позняй восенi.

Такiм чынам, авечкi з дружным патрэскваннем шчыпалi кароткую траву i хрумсталi так дружна, што ўсё гэта сплывалася ў адзiн суцэльны гук, спакойны i роўны, заспакойваючы. Цяпер Тата i Алёша былi блiзка адзiн ад аднаго i гаварылi ўжо цiха, не крычалi, як раней, здалёку.

Алёша запытаў:

– Тата, спусцiць Чарнавуха?

– Давай паспрабуем. Не павiнен ён уцячы зараз: ад волi на волю не ўцякаюць. Спушчай, але спачатку адстань з iм, пагуляй, не табунуй авечак.

Алёша пачакаў, пакуль чарада адышла далей, адвязаў вяроўку i весела крыкнуў:

– Чарнавух! Пабеглi! – Тут ён кiнуўся бегчы з узгорка ў яр, топчучы ботамi траву i падскокваючы.

Бiм узрадаваўся немаведама як. Ён таксама падскокваў, стараўся лiзнуць Алёшу ў шчаку, адбягаўся ўбок i стралою iмчаў назад у захапленнi ад поўнае волi; потым схапiў нейкую палку i памчаў да Алёшы, сеў перад iм. Алёша ўзяў тую палку, кiнуў i загадаў:

– Падай, Чарнавух!

Бiм прынёс яе i аддаў. Алёша яшчэ раз кiнуў, але цяпер не ўзяў з рота ў Бiма, а пайшоў з яра да чарады i загадаў:

– Чарнавух, трымай! Нясi!

Бiм пайшоў за iм з ношкаю. Калi ўзышлi, Алёша замест палкi даў яму сваю шапку. Бiм з задавальненнем панёс яе. Алёша ж бег падскакваючы i паўтараў:

– Нясi, Чарнавух. Нясi, мой маладзец. Вось добра! Вось добра! – Але да чарады яны падыходзiлi цiха ("не ганяй авечак"). Алёша загадаў:

– Аддай Тату.

Хрысан Андрэевiч выставiў руку. Бiм аддаў. Новая яго вартасць стала вядома пастухам нечакана. Усе ўтрох былi ў захапленнi.

А не болей чым праз тыдзень Бiм сваiм розумам дайшоў, што ў яго ёсць абавязак: закiроўваць самавольных авечак да чарады, пiльнаваць iх, калi яны распушчаны шнурком, але не пярэчыць, калi, зайшоўшы вечарам у вёску, яны разыходзяцца дадому.

Бiм пазнаёмiўся з двума сабакамi, якiя пiльнавалi калгасную чараду, дзе было трое пастухоў, усе дарослыя, i ўсе таксама ў плашчах. Хоць чароды калгасныя i калгаснiкаў нiколi не падпускалiся блiзка адна да аднае i не мяшалiся, але ў час кароткiх асеннiх прыпынкаў на тырлiшчах Алёша бегаў да калгасных пастухоў, а Бiм разам з iм да калгасных сабак. Добрыя сабакi, паджарыя, шарсцiстыя, вялiкiя, але спакойныя, паслухмяныя; яны нават гулялi з Бiмам спакойна i паблажлiва, а вакол чарады хадзiлi паволi, пяшком, а не так, як Бiм, падскокам альбо галопам: з адчуваннем сваёй вартасцi сабакi. Падабалiся яны Бiму. I авечкi таксама харошыя.

Пачалося вольнае працоўнае жыццё i ў Бiма. Хаця яны ўсе ўтрох вярталiся стомленыя i таму прыцiхлыя, але то была воля i давер адзiн да аднаго. Ад такога жыцця сабака не ўцякае.

Але аднойчы, неяк нечакана, пасыпаўся снег, закруцiўся вецер, захадзiў, замяцелiў. Хрысан Андрэевiч, Алёша i Бiм збiлi авечак у чараду, пастаялi крыху ды i павялi ў вёску. На авечках быў белы снег, на плячах у людзей снег, на зямлi таксама снег. Усюды белы снег, толькi снег у полi – больш нiчога. Завiтала зiма, упала з неба.

Цi то Хрысан Андрэевiч вырашыў, што такому сабаку, як Бiм, нельга спаць з падсвiнкамi або сядзець на прывязi, цi з-за чаго iншага, але Бiм перайшоў цяпер начаваць у цёплую будку, збiтую ў кутку ў тых самых сенцах i напханую мяккiм сенам.

А вечарам ён хадзiў у хату як раўнапраўны сем'янiн i быў там, пакуль не павячэраюць.

– Не можа таго быць, каб зiма. Рана, – сказаў неяк Хрысан Андрэевiч Пятроўне.

Слова "зiма" паўтаралi яны пры размове часта, пра нешта турбавалiся; памiж iншым, Бiм ведаў: зiма – гэта белы халодны снег.

У той вечар Пятроўна прыйшла ўся запарушаная снегам, мокрая, з абветраным i падпухлым тварам. Бiм бачыў, як яна, распрануўшыся, трэсла рукамi i стагнала. Рукi яе былi ў чырванаватых трэшчынах i зямлiстых плямах, быццам бы з падушачкамi, такiмi, як на падэшвах у Бiма. Потым яна апускала рукi ў цёплую ваду, адмывала iх, доўга-доўга расцiрала маззю i вохкала. А Хрысан Андрэевiч глядзеў на Пятроўну i быццам гараваў (гэтага Бiм не мог не заўважыць па яго твары).

А наступным ранкам ён натачыў нажы i ўсе ўчатырох пайшлi з дому: Пятроўна, Хрысан Андрэевiч, Алёша i Бiм. Спачатку iшлi па роўным белым полi, накрытым неглыбокiм сняжком – на палавiну лапы, не глыбей, так што iсцi было лёгка. Вакол цiха, не холадна. Потым яны аказалiся на полi, дзе побач раскiданы кучы – копчыкi буракоў, складзеных лiстамi вонкi i прыкрытыя зверху нацiннем. Ля кожнае кучы сядзелi жанчыны, апранутыя гэтак жа, як i Пятроўна, i нешта рабiлi моўчкi i засяроджана.

Усе ўчатырох падышлi да аднае такое кучкi, селi вакол яе, i Бiм пачаў уважлiва глядзець, што ж тут робiцца. Пятроўна ўзялася за нацiнне, выцягнула бурак з кучы, спрытна перакруцiла яго коранем да сябе i – чык! – нажом: лiсты адпалi. Яшчэ чык-чык – па галоўцы бураку: галоўка чыстая. I адкiнула ўбок. Алёша – таксама, нават спрытней за Тату. I пайшло! Чык-чык! – i прэч нацiнне. Чык-чык! – чыстая галава. Трах! – бурак ляжыць збоку.

Непадалёку, ля такое ж самае кучкi сядзела жанчына, адна, i рабiла тое ж самае. Ля наступнае – таксама, але ўжо два-тры чалавекi разам. I так па ўсiм полi: буракi, як шалашыкi, захутаныя жанчыны з патрэсканымi далонямi i прыпухлымi ад холаду тварамi. Усе працавалi або ў рукавiцах або голымi рукамi. Чык-чык! – няма нацiння. Чык-чык! – няма нацiння. Чык-чык! – чалавек кiдае нож i хукае на рукi, трэ iх i зноў: чык-чык! – чыстая галоўка. Як часы!

I холадна. Сочачы за нажамi, Бiм пачаў мерзнуць, а таму страсянуўся i стаў даследаваць мясцовасць паблiзу, не адбiваючыся далёка.

Сагрэўся i вярнуўся назад да сваiх, хоць яго запрашалi i астатнiя жанчыны (усе на вёсцы ўжо ведалi, што такое Чарнавух!)

Потым да iх падышла тая жанчына, што сядзела i працавала адна-адзiнокая, маладая, але худая. Яна на нешта крыўдзiлася, смаркалася на зямлю, потым села побач з Пятроўнаю i паказала ёй рукi. Пятроўна таксама працягнула ёй свае далонi. Жанчына прыгнулася, закашлялася, прыцiскаючы брызентаваю рукавiцаю грудзi i змоўкла. А звалi яе Наталля.

Пятроўна – чык-чык! Хрысан Андрэевiч – чык-чык! Алёша – чык-чык! I хукаюць на рукi, труць шчокi. Пятроўна – чык-чык!.. I раптам – блюмк!.. У тае жанчыны-гаротнiцы ўпала на лiст кропля. Яна захiлiлася рукавом i пайшла назад, да сваiх буракоў.

– Упасi госпадзi, яшчэ i ты прастудзiшся, – сказала Пятроўна Алёшу, падышла, паправiла яму цёплую хустку пад шапкаю, зняла з сябе палатняны ручнiк i падперазала Алёшаў кажушок.

Бiм таксама тыкаўся носам у Алёшаў кажушок, дапамагаў Пятроўне. Але Алёша, як вызначыў Бiм, не зусiм i змёрз, як здавалася; наадварот, яму было намнога цяплей, чым Тату i Пятроўне (Бiм жа адчуваў гэта лепей за людзей).

– Чуеш, Алёша, – сказаў Хрысан Андрэевiч, увiхаючыся нажом за дваiх. (Бiм навастрыў вушы.) – Схадзi пабегай з Чарнавухам, пагрэйся крышку.

I Бiм пабег побач з хлопчыкам па бурачным полi, закамянелым ад марозу. Перасеклi яны поле ўпоперак, Алёшу стала горача, i ён зняў шапку, развязаў хустку, сунуў яе за пазуху, шапку надзеў, прыпадняўшы вушы. Побач з лясною паласою, у густой жоўтай траве Бiм прыпынiўся, нюхнуўшы паветра, заснаваў чаўнаком i нечакана для Алёшы стаў як статуя.

Алёша падбег да яго.

– Што тут, Чарнавух? – Бiм стаяў нерухома i чакаў загаду. Алёша здагадаўся, у чым справа: – Пужай! Пужай!

Бiм чакаў магiчнага слова "Наперад!" Але Алёша крыкнуў яшчэ мацней:

– Пужай!

Бiм пайшоў паводкаю i падняў на крыло чародку курапатак.

Нядоўга думаючы, Алёша пабег назад разам з Бiмам. Бiм адчуў, што зноў яны не разумеюць адзiн аднаго (Алёша не ведае слоў Iвана Iванавiча), але ўсё ж бег побач з Алёшам. А той, засопшыся, зачырванелы, расказаў бацькам, як Чарнавух знайшоў курапатак i "пужнуў" iх.

– Паляўнiцкi сабака Чарнавух, вучаны, – адобрыў Хрысан Андрэевiч. – Каб стрэльбу нам, Алёша! I на паляванне. Га?

Стрэльба? Паляванне? Якiя знаёмыя i дарагiя Бiму словы! Ён ведае, што гэта абазначае.

Бiм завiляў хвастом, залашчыўся да Алёшы, да Хрысана Андрэевiча, да Пятроўны, ён гаварыў на сваёй мове разборлiва i дакладна. Але тут яго нiхто не зразумеў, не пайшоў па стрэльбу, нiхто не пайшоў на паляванне i без стрэльбы. Бiм сеў за плячыма ў Алёшы, прытулiўся да кажуха i задумаўся, прынамсi, такi быў у яго выгляд.

Ужо прыцемкамi яны вярталiся дадому, стомленыя i схаладнелыя. А праз некалькi дзён i зусiм перасталi хадзiць на буракi – скончылi сваю норму.

Цяпер Пятроўна нiкуды не хадзiла i была рада гэтаму. Цэлыя днi яна што-небудзь гаспадарыла: чысцiла карову, мыла бялiзну, падлогу, шынкавала капусту, бiла масла, палiла ў печы, варыла, шыла на машыне, латала адзенне, выносiла карове цэбар – усяго i не пералiчыць. Бiм назiраў за яе работай.

Па Алёшу прыходзiла чыста адзетая жанчына з кнiжкамi, ушчувала Пятроўну (але не сярдзiта, як прыкмецiў Бiм), абедзве яны паўтаралi словы: "Алёша", "авечкi", "буракi". На наступны дзень Алёша пайшоў ранiцаю з кнiжкамi, так i знiкаў на кожны дзень. Хрысан Андрэевiч таксама хадзiў кудысьцi ў свой час з сахаром, а калi вяртаўся, то ад яго пахла гноем.

Аднаго звычайнага вечара, калi сабралiся ўсе i снедалi, увайшоў чалавек высокi, шырокi, касцiсты, велiкатвары, але з маленькiмi лiсiнымi вочкамi i ў лiсiнай шапцы. Бiм прыкмецiў, што Хрысан Андрэевiч зiрнуў на чалавека хмура i з-за стала не ўстаў, як звычайна, не падаў рукi.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю