Текст книги "Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)"
Автор книги: Гавриил Троепольский
сообщить о нарушении
Текущая страница: 2 (всего у книги 11 страниц)
Усё гэта можна было стрываць, каб не яшчэ адна крыўда: Бiм у гэты раз уведаў пра новы недахоп у гаспадара – сапсаванае чуццё: i без таго бясчутны, ды яшчэ... А было гэта так.
Спынiўся Iван Iванавiч, i глядзiць вакол, i нюхае (куды там!). Потым ступiў да дрэва, прысеў i цiхенька, адным пальцам, пагладзiў кветачку, малюсенькую такую (Iвану Iванавiчу яна амаль не пахне, а Бiму такая смярдзючая). I навошта яму тая кветачка? Але гаспадар сядзеў, усмiхаўся. Бiм, вядома, зрабiў выгляд, што яму таксама быццам бы добра, але гэта толькi з-за павагi да гаспадара, а сам ён быў моцна здзiўлены.
– Ты паглядзi, паглядзi ж, Бiм! – усклiкнуў Iван Iванавiч i нахiлiў сабаку носам да кветкi.
Такога Бiм не мог стрываць, ён адвярнуўся. Потым незадаволена адышоў i лёг на палянцы, быццам хацеў сказаць: "Ну i нюхай сваю кветачку!" Рознагалоссi патрабавалi высвятлення адносiн неадкладна, але гаспадар смяяўся ў вочы Бiму шчаслiвым смехам. I гэта было крыўдна. "Яшчэ мне i рагоча!"
А той зноў да кветкi:
– Дзень добры, першанькая!
Бiм зразумеў, што "дзень добры" сказана не яму.
Рэўнасць пракралася ў сабачую душу, калi можна так сказаць, вось што здарылася таго дня. Толькi дома адносiны быццам наладзiлiся. Але дзень у Бiма выйшаў няўдалы: была дзiчына – не стралялi, пабег сам па птушку – пакаралi, ды яшчэ i кветка тая. Не, усё ж i ў сабакi бывае сабачае жыццё, бо жыве ён загiпнатызаваны трыма словамi-"кiтамi": "Нельга", "Назад", "Добра".
Толькi не ведалi яны – нi Бiм, нi Iван Iванавiч, – што некалi гэты дзень, калi б яны ўспомнiлi яго, здаўся б iм вялiкiм шчасцем.
ЗАПIСКI ГАСПАДАРА
У стомленым ад зiмовага палону лесе, калi яшчэ не распусцiлiся пупышкi, але ўжо прачнулiся, калi горкiя пнi зiмовае высечкi яшчэ не пусцiлi пасынкаў, але заплакалi ўжо, калi мёртвы шэры лiст ляжыць навокал пластом, калi голае галлё яшчэ не шумiць, а толькi цiхенька кранаецца адно аднаго, неспадзявана адчуецца пралескавы пах! Ледзь-ледзь улоўны, але гэта пах жыцця, якое ачнулася, i таму ён чуллiва-радасны, хоць амаль i нячутны. Гляджу навокал аказалася, яна побач. Стаiць на зямлi кветка, малюсенькая кропелька блакiтнага неба, такая простая i шчырая вястуння радасцi i шчасця, каму яно суджана i наканавана. Але для кожнага – i шчаслiвага, i няшчаснага – зараз яна жыццёвая прыгажосць.
Вось так i сярод нас, чалавекаў: ёсць людзi сцiплыя, з чыстым сэрцам, "непрыкметныя" i "маленькiя", але з вялiкай душою. Яны ж i ўпрыгожваюць жыццё, нясуць у сабе ўсё лепшае, што толькi мае чалавецтва, – дабрату, прастату, даверлiвасць. Так i пралеска здаецца кропелькаю неба на зямлi...
А праз некалькi дзён (учора) мы былi з Бiмам на тым самым месцы. Неба пакрапiла лес ужо тысячамi блакiтных кропелек. Шукаю, вызiраю: дзе ж яна, тая самая першая, самая смелая? Здаецца, вось яна. Яна цi не? Не ведаю. Iх так многа, што тае ўжо не заўважыць, не адшукаць: згубiлася мiж астатнiх, зраўнялася з iмi. А яна ж такая маленькая, але геройская, такая цiхая, але настырная, што пачынае здавацца, быццам гэта яе спалохалiся апошнiя замаразкi, здалiся, вывесiлi перад досвiткам белы сцяг апошняе шэранi на ўзлеску. Iдзе жыццё.
...А Бiму нiчога гэтага не зразумець. Нават пакрыўдзiўся першы раз, прыраўнаваў. Дарэчы, як было ўжо i многа кветак, ён i тады не зважаў на iх. Калi пачаў настаўляць яго, паводзiў сябе не вельмi: пакрыўдзiўся без стрэльбы. З iм мы на розным узроўнi развiцця, але вельмi i вельмi блiзкiя. Прырода стварае па ўстойлiваму закону: неабходнасцi аднаго другому, пачынаючы ад самых прымiтыўных i канчаючы самым высокаразвiтым жыццём, усюды гэты закон... Хiба мог бы я перажыць такую жудасную адзiноту, каб не было Бiма?
...Як яна была патрэбна мне! Яна таксама любiла пралескi. Мiнулае, нiбыта сон...
А цi не сон i цяперашняе? Цi не сон гэта, учарашнi лес з блакiтам на зямлi? Што ж: блакiтныя сны – незямное гаючае лякарства, хоць i часовае. Вядома, часовае. Бо каб нават i пiсьменнiкi прапаведавалi толькi блакiтныя сны, забываючы пра шэры колер, то чалавецтва перастала б клапацiцца пра будучыню, прыняло б цяперашняе за вечнае i ў будучым. Асуджанасць у часе i складаецца з таго, што цяперашняе павiнна стаць толькi мiнулым. Няма ў чалавека ўлады, каб загадаць: "Спынiся, сонца!" Час несупынны, нястрыманы i няўмольны. Усё – гэта час i рух. А той, хто шукае толькi вечна нязменнага блакiтнага спакою, той ужо – мiнулае, цi гэта малады i клапатлiвы пра сябе цi састарэлы – гады не маюць значэння. Блакiтнае мае свой голас, яно гучыць, як супакоенасць, забыццё, але толькi на часiну, каб толькi адпачыць; такiя хвiлiны нельга марнаваць.
Каб быў я пiсьменнiк, то я абавязкова сказаў бы так:
"О неспакойны Чалавек! За тое, што думаеш, пакутуеш дзеля будучынi, слава табе! Калi захочацца табе даць адпачынак душы, iдзi напрадвеснi ў лес да пралесак, i ты ўбачыш цудоўны сон-яву. Iдзi хутчэй: праз некалькi дзён пралесак можа i не стаць, а ты не зможаш запомнiць чароўнага вiдовiшча, падараванага прыродаю. Iдзi, адпачнi. Пралескi – на шчасце, гавораць людзi".
...А Бiм храпе. I снiць: перабiрае нагамi – бяжыць спрасонку. Яму пралескi як пятая нага: што блакiтнае, тое бачыцца яму шэрым (такi ўжо бясколерны ў сабакi зрок). Прырода стварыла быццам ачарнiцеля рэчаiснасцi. Паспрабуй угавары яго, мiлага сябра, каб ён паглядзеў вачыма чалавека. Хоць голаў яму адкруцi, а будзе бачыць ён па-свойму. Зусiм самастойны сабака.
Раздзел 3
ПЕРШЫ ВОРАГ БIМА
Мiнула лета, вясёлае Бiму, радаснае, поўнае сяброўства з Iванам Iванавiчам. Выхады на лугi i балоты (без стрэльбы), сонечныя днi, купанне, цiхiя вечары на беразе рэчкi – што яшчэ патрэбна кожнаму сабаку? Нiчога не трэба – гэта вядома.
На трэнiроўках i настаўленнi яны сустракалiся з паляўнiчымi. З гэтымi знаёмства адбывалася адразу ж, таму што з кожным такiм чалавекам быў сабака. Яшчэ да таго, як сыходзiлiся гаспадары, сабакi беглi адзiн да аднаго i коратка перагаворвалiся сабачаю моваю рухаў i позiркаў:
"Ты хто: ён цi яна?" – пытаўся Бiм, абнюхваў адпаведныя месцы (толькi для блiзiру, вядома).
"Сам бачыш, чаго пытаешся", – адказвала яна.
"Як жывецца?" – весела пытаўся Бiм.
"Працуем!" – вiскнуўшы, адказвала субяседнiца, гуллiва падскочыўшы на ўсiх чатырох нагах.
Пасля гэтага яны курэлi да гаспадароў i то аднаму, то другому дакладвалi пра знаёмства. Калi абодва паляўнiчыя садзiлiся ў цень пад кусты цi дрэва, каб пагаварыць, сабакi нагульвалiся так, што язык не ўлазiў у рот. Тады яны клалiся каля гаспадароў i слухалi цiхую шчырую гаворку.
Астатнiя людзi, акрамя паляўнiчых, мала цiкавiлi Бiма: людзi, i ўсё там. Усе яны добрыя. Але ж не паляўнiчыя!
А вось сабакi, гэтыя – розныя.
Аднойчы на лузе спаткаўся ён з кудлаценькiм сабачкам, удвая меншым за яго, чорненькiм такiм. Павiталiся халаднавата, без гуллiвасцi. Ды якiя там смешачкi, калi новенькi на звычайны ў такiх выпадках кодэкс пытанняў адказваў, лянiва махаючы хвастом.
"Я есцi хачу".
Пахла ў яго з рота мышанём. I Бiм спытаўся здзiўлена, абнюхаўшы яго губы:
"Ты з'еў мыш?"
"З'еў мыш, – адказаў той. – Я хачу есцi". – I ўзяўся грызцi белы вузлаваты корань чароту.
Бiм хацеў таксама паспытаць чаротавага кораня, але Кудлатка запратэставаў, сказаў усё тое ж:
"Я есцi хачу".
Бiм пасядзеў, пачакаў, пакуль ён дагрыз усё, i запрасiў яго з сабою. Той пайшоў без пярэчанняў, патрухваючыся ўслед, ускудлачаны, але чысты: вiдаць, любiў купацца, як i большасць сабак, таму летам яны i не бываюць гразныя, нават валацугi. Бiм прывёў яго да гаспадара, якi здалёку сачыў за знаёмствам свайго сябра. Але Кудлатка не паверыў адразу чужому чалавеку, сеў наводдаль, не гледзячы на тое, што Бiм увесь час бегаў ад гаспадара да яго i назад, клiкаў, пераконваў. Iван Iванавiч зняў рукзак, дастаў адтуль каўбасу, адрэзаў маленькi кавалачак i кiнуў Кудлатку:
– Iдзi ка мне, Кудлатка. Iдзi.
Кавалачак упаў за тры метры ад яго. Ён, асцярожна пераступаючы, дастаў да яго, з'еў адразу. Па другi кавалачак падышоў блiжэй. А пасля сеў ля самых ног чалавека, нават даўся пагладзiць сябе, хоць i з аглядкаю. Бiм i Iван Iванавiч аддалi яму ўсё кольца каўбасы: гаспадар кiдаў кавалачкi, а Бiм не замiнаў Кудлатку есцi. Усё не новае: кiнь кавалачак – падыдзе блiжэй, кiнь другi яшчэ блiжэй, разам з трэцiм, чацвёртым – будзе ля самых ног i стане служыць вераю i праўдаю. Так думаў Iван Iванавiч. Ён абмацаў Кудлатку, паляпаў па загрыўку i сказаў:
– Нос халодны – здаровы. Гэта добра. – I загадаў абодвум: – Пайшлi, пайшлi!
Кудлатка не разумеў такiх слоў, але калi ўбачыў, як Бiм заснаваў чаўнаком па траве, скемiў: трэба бегаць. I, вядома, яны загулялi зусiм па-сабачы, так, што Бiм нават забыўся, чаго ён тут. Iван Iванавiч не пярэчыў, а iшоў сабе, пасвiстваў.
Да горада Кудлатка правёў без усяго, але на ўскраiне нечакана сеў збоч дарогi – i нi з месца. Клiкалi, запрашалi – не iдзе. Так i застаўся сядзець, праводзiў iх вачыма. Памылiўся Iван Iванавiч – не кожнага сабаку можна купiць за хлеб.
Бiм не ведаў i не мог ведаць, што ў Кудлаткi таксама былi гаспадары, што жылi яны ў сваiм маленькiм домiку, што тую вулiцу, дзе быў дамок, знеслi, а гаспадарам Кудлаткi далi кватэру на пятым паверсе, з выгодамi.
Адным словам, кiнулi Кудлатку на волю бога. Але ён знайшоў i новы дом, i дзверы гаспадара, а там яго набiлi i прагналi. Вось i жыве ён адзiн. Ходзiць па горадзе толькi ноччу, як i многiя бяздомныя сабакi. Iван Iванавiч дагадаўся пра ўсё, але расказаць Бiму немагчыма. Бiм проста не хацеў пакiдаць яго: азiраўся, прыпыняўся i пазiраў на Iвана Iванавiча. А той iшоў сабе.
Каб толькi ведаў ён, якi горкi лёс звядзе Бiма i Кудлатку, каб ведаў, дзе i калi сустрэнуцца яны, не iшоў бы цяпер так спакойна. Але будучыня невядома i чалавеку.
...Мiнула трэцяе лета. Добрае Бiму лета, нядрэннае i Iвану Iванавiчу. Аднае ночы гаспадар зачынiў акно i сказаў:
– Марозiк, Бiмка, першы марозiк.
Бiм не зразумеў. Ён устаў i тыцнуўся носам у калена Iвану Iванавiчу, быццам сказаў: "Не разумею".
Iван Iванавiч ведаў сабачую мову добра – мову вачэй i рухаў. Ён запалiў святло i спытаў:
– Не разумееш, дурненькi? – Потым растлумачыў дакладна: – На слонак заўтра. Слонка.
Во, гэта слова Бiм ведаў! Ён падскочыў i ўсё-такi лiзнуў свайго гаспадара ў падбародак.
– На паляванне заўтра, на паляванне, Бiм!
Куды там! Бiм закруцiўся, як юла, ловячы свой хвост, вiскнуў, потым сеў i ўпiўся вачыма ў твар Iвана Iванавiча, уздрыгваючы ачосамi пярэднiх лап. Гэта чаруючае слова "паляванне" вядома Бiму як сiгнал на шчасце.
Але гаспадар загадаў:
– А пакуль што спаць. – Выключыў святло i лёг.
Да канца ночы Бiм пралежаў ля ложка сябра. Якi там сон! Ён i сам, Iван Iванавiч, то драмаў, то прачынаўся ў чаканнi свiтання.
Ранiцаю яны разам склалi рукзак, выцерлi ад масла ствалы стрэльбы, крыху пад'елi (на паляванне iсцi нельга наеўшыся), праверылi патранташ, перакладваючы набоi з гнязда ў гняздо. Работы было многа на гэты кароткi час збораў: гаспадар на кухню – Бiм на кухню, гаспадар у кладоўку – Бiм туды, гаспадар вымае кансерву з рукзака (нядобра легла) – Бiм бярэ яе i пхае назад, гаспадар правярае патроны – Бiм сочыць (каб не памылiўся); i ў футарал ад стрэльбы трэба не раз тыцнуцца носам (цi тут?); а тут якраз свярбiць за вухам ад хвалявання – толькi i ведай, што падымай лапу i чухай, прападзi яно пропадам, калi без таго клопату – не прадыхнуць.
Ну, сабралiся. Бiм быў у захапленнi. Як жа! На гаспадару паляўнiчая куртка, закiнута за плечы паляўнiчая сумка, знята стрэльба.
– На паляванне, Бiм! На паляванне, – паўтарыў ён.
"На паляванне, на паляванне!" – гаварылi Бiмавы вочы ад захаплення. Ён нават павiскваў, перапоўнены ўдзячнасцю i любоўю да свайго адзiнага на свеце сябра.
У гэты момант i ўвайшоў чалавек. Бiм ведаў яго – сустракаў на дварэ, – але лiчыў нецiкавым, якi не заслугоўвае асаблiвае ўвагi. Каратканогi, тоўсты, шыракаплечы, шыракатвары, ён сказаў чуць скрыпучым баском:
– Значыцца, прывiтанне! – I сеў на крэсла, выцiраючы твар хусцiнкаю. Та-ак... На паляванне, значыцца?
– На паляванне, – незадаволена буркнуў Iван Iванавiч, – на слонак. Ды вы заходзьце – будзеце госцем.
– Вось та-ак... на паляванне... Давядзецца адкласцi, значыцца.
Бiм перавёў позiрк з гаспадара на госця, здзiўлена i ўважлiва. Iван Iванавiч сказаў амаль сярдзiта:
– Я не разумею. Растлумачце.
I тут Бiм, наш ласкавы Бiм, спачатку чуць загырчаў i неспадзеўкi гаўкнуў. Зроду такога не здаралася, каб дома – i на госця. Госць не спалохаўся, яму, здавалася, было ўсё роўна.
– На месца! – гэтак жа сярдзiта загадаў Iван Iванавiч.
Бiм пакарыўся: лёг на ляжак, паклаўшы галаву на лапы, i глядзеў на госця.
– Бач ты! Слухае, значыцца. Та-ак... Значыцца, ён i на жыхароў у пад'ездзе брэша, напрыклад, як на лiсу?
– Нiколi. Нiколi i нi на кога. Гэта першы раз. Слова гонару! – хваляваўся Iван Iванавiч i сердаваў: – Дарэчы, да лiсiц ён нiчога не мае.
– Та-ак, – зноў завёў госць. – Давайце па парадку.
Iван Iванавiч скiнуў куртку i сумку.
– Я слухаю вас.
– У вас, значыцца, сабака, – пачаў госць. – А ў мяне, – ён выняў з кiшэнi паперку, – скарга на яго. – I падаў гаспадару.
Iван Iванавiч чытаў i хваляваўся. Бiм прыкмецiў гэта, самохаць сышоў са свайго месца i сеў ля ног сябра, быццам баронячы яго, але на госця больш не глядзеў, хоць i быў напагатове.
– Глупства ўсё, – сказаў Iван Iванавiч спакайней. – Глупства. Бiм ласкавы сабака, нiкога не кусаў i не ўкусiць, нiкога не пакрыўдзiць. Сабака iнтэлiгентны.
– Хэ-хэ-хэ! – пакалыхаў жыватом госць. I недарэчна чыхнуў. – О-о, скацiна! – бяскрыўдна сказаў ён да Бiма.
Бiм яшчэ больш адвярнуўся ўбок, але зразумеў, што гавораць пра яго. I ўздыхнуў.
– Як гэта вы разбiраеце скаргi? – спытаў Iван Iванавiч ужо спакойна, усмешлiва. – На каго скарга, таму даяце яе чытаць. Я i так паверыў бы вам, каб пераказалi.
Бiм заўважыў у вачах у госця смяшынку. А той прама сказаў:
– Перш-наперш, так i патрабуецца. Па-другое, скарга не на вас, а на сабаку. А сабаку мы чытаць не дадзiм... – I засмяяўся.
Гаспадар таксама слаба ўсмiхнуўся. Бiм нават i не падумаў: ведаў, што гаворка пра яго, а што да чаго, не мог уцямiць – вельмi ж незразумелы госць. Той тыцнуў пальцам на Бiма i сказаў:
– Сабаку звальняць трэба. – I махнуў рукою да дзвярэй.
Бiм зразумеў, што патрэбна ад яго: пайсцi. Але ад гаспадара не адступiў i на сантыметр.
– А вы паклiчце тую, што скардзiцца, – пагаворым, уладзiм усё, магчыма, папрасiў Iван Iванавiч.
Госць, зусiм нечакана, пайшоў i скора вярнуўся з жанчынаю:
– Вось прывёў да цябе цётку, значыцца.
Бiм яе таксама ведаў: невялiчкая, крыклiвенькая i тлустая, яна, аднак, цэлыя днi сядзела на лаўцы на двары з iншымi вольнымi жанчынамi. Аднойчы Бiм нават лiзнуў яе ў руку (не ад залiшняе павагi да яе, а да чалавецтва наогул), ад чаго яна завiшчала i пачала крычаць нешта на ўвесь двор, да адчыненых акон. Што яна там крычала, Бiм не зразумеў, але напалохаўся, даў дзёру i задрапаў дома ў дзверы. Больш ён нi ў чым вiны перад цёткаю не меў. I вось яна ўвайшла. Што з iм зрабiлася! Ён пачаў тулiцца да ног гаспадара, а калi той пагладзiў яго, то падцiснуў хвост, пайшоў на ляжак i спадылба глядзеў на яе. Ён нiчога не разумеў, што гаварыла цётка, а яна трашчала як сарока i ўсё паказвала на сваю руку. Але па яе рухах, па сярдзiтых позiрках, Бiм зразумеў: гэта за тое, што лiзнуў не таму, каму трэба. Малады-малады быў Бiм, таму i не ўсё мог дакумекаць. Магчыма, ён думаў i так: "Вiнаваты, вядома, але што цяпер зробiш". Ва ўсякiм выпадку нешта накшталт гэтага было ў яго вачах.
Толькi няўцям было Бiму, што вiнавацяць яго несправядлiва.
– Укусiць хацеў! Укусi-iць! Амаль што ўкусi-iў!
Iван Iванавiч, перабiўшы цётчыну траскатню, загаварыў да самога Бiма:
– Бiм! А прынясi мне пантофлi.
Бiм споўнiў гэта з ахвотаю i лёг перад гаспадаром. Той зняў паляўнiчыя чаравiкi i ўсунуў ногi ў пантофлi.
– Цяпер занясi пастаў чаравiкi.
Бiм зрабiў i гэта: па аднаму занёс iх пад вешалку.
Цётка прымоўкла, вылупiла вочы. Госць сказаў з пахвалою:
– Маладзе-ец! Ты бач, умее, значыцца. – Неяк крышку, здаецца, непрыязна паглядзеў на цётку. – А яшчэ ўмее што-небудзь?
– Ды вы сядайце, сядайце, – запрасiў Iван Iванавiч цётку.
Яна села, схавала рукi пад фартух. Гаспадар паставiў Бiму крэсла i загадаў:
– Бiм! На крэсла!
Паўтараць Бiму не трэба было. Цяпер усе сядзелi на крэслах. Цётка прыкусiла язык. Госць задаволена пакiваў нагою, прыказваў:
– Добра выходзiць, добра, добра.
Гаспадар хiтравата прыплюшчыў вочы да Бiма:
– А ну дай лапу. – I падаў руку.
Прывiталiся.
– Цяпер, дурненькi, павiтайся з госцем, – i паказаў на таго пальцам.
Госць падаў руку:
– Здароў, браток, здароў, значыцца.
Бiм зрабiў усё далiкатна, як i патрэбна было.
– А не ўкусiць? – асцярожна запыталася цётка.
– Ну што вы! – здзiвiўся Iван Iванавiч. – Падайце руку i скажыце: "Лапку!"
Тая i сапраўды выцягнула руку з-пад фартуха i падала Бiму:
– Толькi не ўкусi, – папярэдзiла яна.
Ну, а тут няма як i расказаць, што зрабiлася. Бiм шарахнуўся на ляжак, падрыхтаваўся баранiцца, прыцiснуўшыся задам у куток, глядзеў у вочы гаспадару. Iван Iванавiч падышоў да яго, узяў за аброжак i падвёў да пакрыўджанае:
– Дай лапку, дай...
Не, не падаў лапу Бiм. Адвярнуўся i глядзеў на падлогу. Першы раз не паслухаў. I панура паплёўся ў свой куток, паволi, вiнавата i засмучана.
Вой, што тут зрабiлася! Цётка затараторыла, як сухая трашчотка:
– Ты ж мяне збэсцiў! – крычала яна на Iвана Iванавiча. – Нейкi задрыпаны сабака на мяне, савецкую жанчыну, увагi не мае! – I тыцкала пальцам на Бiма. Ды я... ды я... Пачака-ай!
– Даволi! – неспадзявана раўнуў на яе госць. – Брэшаш ты, значыцца. Не кусаў ён цябе i не збiраўся. Ён жа цябе баiцца, як чорт кадзiла.
– Ты не крычы, – прабавала яна абаранiцца.
Тады госць сказаў коратка:
– Кыш! – I загаварыў да гаспадара: – З такiмi iначай нельга. – I зноў цётцы: – Бач ты! "Савецкая жанчына" яшчэ мне... Iдзi адсюль! – рыкнуў ён. Яшчэ раз накаламуць – асмяю! Iдзi! – Скаргу ён парваў перад ёю.
Апошнi сказ госця Бiм зразумеў выдатна. А цётка пайшла маўчком, ганарлiва задраўшы голаў i нi на кога не гледзячы, хоць Бiм цяпер не зводзiў з яе вачэй i нават глядзеў яшчэ на дзверы пасля таго, як яна выйшла, а крокi яе зацiхлi.
– Вельмi ж вы з ёю... грубавата, – сказаў Iван Iванавiч.
– Iнакш няма як, кажу вам: увесь двор скаламуцiць – ведаю. Калi гавару, то ведаю. Во дзе яны ў мяне, гэтыя сплетнiцы i буяны, – ён паляпаў сябе па зашыйку. – Рабiць ёй няма чаго, яна i цаляе, каб куснуць каго. Дай такiм волю, увесь дом пойдзе цераз пень-калоду.
Бiм увесь час сачыў за тварам, за рухамi, iнтанацыяй i зразумеў выдатна: госць i гаспадар нiяк не ворагi, а нават, як здаецца, паважаюць адзiн аднаго. Назiраў ён доўга яшчэ, пакуль яны пра нешта гаварылi. Але калi даведаўся пра асноўнае, то астатняе яго мала цiкавiла. Ён падышоў да ног госця i ўлёгся, быццам хацеў гэтым сказаць: "Прабачце".
ЗАПIСКI ГАСПАДАРА
Сёння быў старшыня дамавога камiтэта, разбiраўся са скаргаю на сабаку. Выйграў Бiм. Мiж iншым, госць мой судзiў, як Саламон. Самародак!
Чаму ж Бiм загырчаў на яго спачатку? А, зразумеў! Я ж не падаў руку, сустрэў прышэльца сурова (давялося ж адкласцi паляванне), а Бiм рабiў усё па сабачай сваёй натуры: вораг гаспадара – i мой вораг. I тут павiнна быць сорамна мне, а не Бiму. Дзiва, якое тонкае ў яго адчуванне iнтанацыi, выразу твару, рухаў! Пра гэта абавязкова трэба памятаць.
Пасля была ў нас цiкавая гаворка са старшынёй дамавога камiтэта. Ён канчаткова перайшоў на "ты".
– Ты, – кажа, – толькi падумай: сто пяцьдзесят кватэр у мяне ў доме. А чатыры-пяць баламутак-гультаек могуць такога нарабiць, што жыць людзям не будзе як. I ўсiх я iх ведаю, i ўсе баяцца, а цiшком клянуць. На дурнога ж жыхара нават i ўнiтаз бурчыць. Дальбо!.. Самы мой страшны вораг хто? Ды той, хто не працуе. У нас можна i так, брат: не працаваць, а есцi, што аж жывот трэскаецца. Тут нешта не тое, скажу я табе шчыра. Нешта не так, значыцца... Можна, можна не працаваць. Бач ты! Вось ты, напрыклад, што робiш?
– Пiшу, – спакойна адказваю яму, хоць не зразумеў жартуе ён цi сур'ёзна гаворыць (вясёлыя людзi часта так могуць).
– Ды цi ж гэта работа! Сядзiш – нiчога не робiш, а грошы, нябось, плацяць?
– Плацяць, – адказваю. – Але ж я мала палучаю – стараваты стаў, за пенсiю жыву.
– А да пенсii – хто?
– Журналiст я. У газетах рабiў. А цяпер патроху пiшу пра тое-сёе дома.
– Пiшаш? – паблажлiва перапытаў ён.
– Пiшу.
– Ну давай, калi на тое пайшло... Вядома, ты чалавек, вiдаць, нядрэнны, а тут бачыш... Вось яно то i ёсць. Я таксама на пенсii, сто рублёў, а працую старшынёй дамкама. Я прывык працаваць, усё жыццё кiрую, i з наменклатуры не выцiснулi, i на другi захад не iшоў... Пад канец ужо зацерлi: нiжэй, нiжэй. Апошняе месца – маленькi заводзiк. Там i пенсiю далi: замiнка крыху выйшла... Працаваць павiнен кожны. Я так думаю.
– Але ж у мяне работа таксама цяжкая, – спрабаваў я апраўдвацца.
– Гэта пiсаць? Глупства. Каб быў ты малады – дабраўся б я i да цябе. Ну, а калi пенсiя... А так, калi маладыя ды не робяць, выкурваю з дома: iдзi на работу, а не – кацiся абаранкам.
Ён i сапраўды насланнё на гультаёў у доме. Здаецца, галоўнае цяпер у яго ў жыццi – даканаць гультаёў, сплетнiкаў i дармаедаў, але затое – i павучаць усiх па парадку, што ён i робiць ахвотна. Даказаць яму, што пiсаць – таксама работа, аказалася немагчыма: тут ён цi хiтрыў з падводным гумарком, цi быў проста паблажлiвы (няхай, як гаворыцца, пiшуць пакуль што – гультаi ёсць i не такiя).
Пайшоў ён добры, без хiтрыкаў, пагладзiў Бiма i сказаў:
– А ты жывi, значыцца. Але з Цёткаю не займайся. – I да мяне: – Ну, бывай. Пiшы, вiдаць, што зробiш, калi такая справа.
Мы пацiснулi адзiн аднаму рукi. Бiм правёў яго да дзвярэй, вiляў хвастом i зазiраў у твар. У Бiма з'явiўся новы знаёмы: Павел Цiтавiч Рыдаеў, у абыходзе: "Палцiтыч".
Затое ў Бiма з'явiўся i вораг: Цётка, адзiны чалавек з усiх людзей, якiя яму не вераць. Сабака спазнаў паклёпнiка. Але паляванне прапала. Бывае так: чакае чалавек добрага дня, а мае адны непрыемнасцi. Бывае.
Раздзел 4
ЖОЎТЫ ЛЕС
У адзiн з наступных дзён досвета яны ўдвух выйшлi з дому. Спачатку ехалi на трамваi, стоячы на пляцоўцы. Вагонаважатая аказалася знаёмая Iвану Iванавiчу i Бiму. Вядома ж, Бiм прывiтаў яе, калi яна выходзiла перакiнуць стрэлку. Важатая пацерабiла яго за вуха, але Бiм не лiзнуў у руку, а проста патупаў лапамi, седзячы, i адстукаў хвастом адпаведнае прывiтанне.
Потым, ужо за горадам, ехалi на аўтобусе, у якiм было толькi пяць-шэсць чалавек у такую рань. Калi садзiлiся, шафёр нешта прабурчаў, паўтараючы "сабака" i "няма дазволу". Бiм лёгка ва ўсiм разабраўся: шафёр не хоча iх везцi, i гэта дрэнна, – гледзячы на твары зразумеў. Адзiн пасажыр заступiўся за iх, другi, наадварот, паддакнуў шафёру. Бiм зацiкаўлена глядзеў на спрэчку. Нарэшце шафёр выйшаў з аўтобуса. На парозе гаспадар даў яму жоўценькую паперку, узышоў па прыступках разам з Бiмам, сеў на сядзенне i журботна ўздыхнуў: "Эх-хэ-хэ!"
Бiм даўно прыкмецiў, што людзi мяняюцца нейкiмi паперкамi, якiя пахнуць бог ведае чым. Аднаго разу ён пачуў, што адна з тых, што ляжалi на стале, пахне крывёю, патыкаў у яе носам, каб заўважыў гаспадар, але той i ў вус не дзьмуў – бясчутны! – а толькi паўтараў сваё "нельга". Ды яшчэ i замкнуў паперкi ў шуфлядзе. Некаторыя, пакуль чыстыя, пахнуць хлебам, каўбасою, наогул, магазiнам, але амаль усе – безлiччу рук. Людзi любяць iх, гэтыя паперкi, хаваюць у кiшэнi, у шуфляды, як гаспадар. Хоць у гэтым Бiм мала петрыў, аднак сцямiў: як толькi гаспадар даў шафёру паперку, яны пасябравалi. Але чаму ўздыхнуў Iван Iванавiч, Бiм не разумеў, i было гэта прыкметна па яго пiльнаму позiрку ў вочы свайму сябру. Наогул, пра магiчную сiлу паперак ён i прыблiзна не здагадваўся – недаступна гэта сабачаму розуму, не ведаў ён, што яму яны некалi саслужаць пагiбельную службу.
Ад шашы да лесу iшлi пяшком.
Iван Iванавiч спынiўся на ўзлеску адпачыць, а Бiм паблiзу аблазiў мясцовасць. Такога лесу ён яшчэ не бачыў нiколi. Лес-то, прынамсi, той самы яны былi тут вясною, прыходзiлi i летам (так, пагуляць), але цяпер усё тут навокал было жоўтае i барвовае, здавалася, што ўсё гарыць i свецiць разам з сонцам.
Дрэвы толькi-толькi пачалi распранацца, i лiсце падала, пагойдвалася ў паветры, нячутна i павольна. Было халаднавата i лёгка, а таму i весела. Пах восеньскага лесу – незвычайны, непаўторны, моцны i чысты такi, што за дзесяткi метраў Бiм чуў, дзе гаспадар. Лясную мыш ён "прыхапiў" здалёку, але не пайшоў за ёю (яна вядомая драбяза), а вось нешта жывое так шыбанула ў нос, што Бiм прыпынiўся. А як падышоў, забрахаў на калючы мячык.
Iван Iванавiч устаў з пянька i падышоў да Бiма.
– Нельга, Бiм! Нельга, дурненькi! Вожык гэта. Назад! – i павёў Бiма за сабою.
Выходзiць, вожык – добры звярок, а чапаць яго нельга...
Цяпер Iван Iванавiч зноў сеў на пянёк, загадаў Бiму таксама сядзець, а сам зняў шапку, паклаў яе побач на зямлю i глядзеў на лiсце. I слухаў лясную цiшыню. I, вядома ж, усмiхаўся! Ён быў цяпер як i заўсёды перад паляваннем.
Бiм таксама слухаў.
Прыляцела сарока, патрашчала нахабна i паляцела. Пераскокваючы з галiнкi на галiнку, наблiзiлася сойка, пакрычала з кашэчым надрывам i таксама паскакала прэч, па галiнках. А вось i каралёк-матылёк-малютка, гэты зусiм-зусiм побач: "Свiць, свiць! Свiць, свiць!" Ну што ты яму зробiш? Сам з жучка, а i ён табе: "Свiсць, свiсць!" Быццам вiтаецца.
А ўсё астатняе – цiшыня.
I вось гаспадар устаў, дастаў з футарала стрэльбу, заклаў у ствалы набоi. Бiм затрымцеў ад хвалявання. Iван Iванавiч ласкава пакудлацiў яму загрывак, i Бiм яшчэ больш захваляваўся.
– Ну, хлопчык, шукай!
Бiм пайшоў! Малым чаўнаком пайшоў, лавiруючы мiж дрэў, прысеўшы, прыгнуўшыся, напружыўшыся i амаль нячутна. Iван Iванавiч пакрысе рушыў услед, любуючыся на работу сябра. Цяпер лес з усёю прыгажосцю астаўся на другiм плане: галоўнае – Бiм, зграбны, азартны, лёгкi на нагу. Зрэдку Iван Iванавiч клiкаў яго да сябе, загадваў ляжаць, каб даць супакоiцца, прызвычаiцца. А скора Бiм пайшоў ужо роўна, па-гаспадарску. Вялiкае майстэрства – работа сетэра! Вось iдзе ён лёгкiм галопам, падняўшы галаву, яму не трэба апускаць яе i шукаць панiзе, ён чуе пах зверху, i шаўкавiстая шэрсць аблягае яго быццам вытачаную шыю; таму такi i прыгожы ён, што нясе галаву высока, з гонарам, упэўненасцю i азартам.
Гэтыя часiны Iвану Iванавiчу былi часiнамi забыцця. Ён забываўся пра вайну, забываўся пра нягоды мiнулага жыцця i пра сваю адзiноту. Нават сын Коля, яго роднае дзiця, якога забрала бязлiтасная вайна, быццам быў побач, быццам ён, бацька, прыносiў радасць яму, нават мёртваму. Ён жа таксама быў паляўнiчы! Мёртвыя не выходзяць з жыцця тых, хто любiў iх, мёртвыя толькi не старэюць, застаюцца ў сэрцах жывых навек маладымi. Так i ў Iвана Iванавiча: рана зацягнулася шрамам на душы, але неадступна балiць. На паляваннi ж усякi боль душы робiцца хоць крышку слабейшы, лягчэйшы. Шчасце таму, хто нарадзiўся паляўнiчым!
I вось Бiм пайшоў павальней, звузiў чаўнок, прыпынiўся на секунду i пайшоў цiха, крадком. Нешта кашачае было цяпер ва ўсiх яго рухах, мяккiх, асцярожных, плаўных. Цяпер ён ужо выцягнуў галаву на ўзроўнi з тулавам. Кожнаю часцiнкаю цела, i нават выцягнутым хвастом, апераным доўгаю шэрсцю, ён быў засяроджаны на струменi паху. Крок... I паднiмаецца толькi адна лапа. Крок – i другая лапа гэтак жа на долю секунды застыне ў паветры i нячутна апускаецца. Нарэшце пярэдняя правая, як амаль i заўсёды, застыла, не дакранулася да зямлi.
Ззаду, узяўшы напагатове стрэльбу, цiха падышоў Iван Iванавiч. Цяпер дзве статуi: чалавек i сабака.
Лес маўчыць. Толькi ледзь-ледзь хвалюецца залатое лiсце бяроз, купаецца ў сонечным бляску. Зацiхлi маладыя дубкi побач з велiчным асiлкам дубам, бацькам i прародзiчам. Бязгучна трапяталiся на асiне срабрыста-шэранькiя лiсцiкi.
А на апалым жоўтым лiсцi стаяў сабака – адно з лепшых тварэнняў прыроды i чалавечага цярпення. Не варухнецца нi адзiн мускул! У такiя хвiлiны Бiм здаецца паўмёртвым, быццам у трансе ад захаплення i азарту. Вось што такое класiчная стойка ў жоўтым лесе.
– Наперад, хлопчык...
Бiм падняў слонку на крыло.
Стрэл!
Лес здрыгануўся, адгукнуўся незадаволеным, пакрыўджаным рэхам. Здалося, што бярозка, якая зайшла да мяжы дубняку i асiннiку, спалохалася, здрыганулася. Дубы вухнулi, як вiцязi. Асiна, што побач, паспешна пасыпала лiсце.
Слонка ўпала, як камячок. Бiм падаў яе як належыць. Але гаспадар, пагладзiўшы Бiма i падзякаваўшы за прыгожую работу, патрымаў птушку на далонi, паглядзеў на яе i задумёна сказаў:
– Эх, не трэба было б...
Бiм не зразумеў, паглядзеў у твар Iвану Iванавiчу, а той гаварыў:
– Толькi з-за цябе, Бiм, толькi з-за цябе, дурненькi. А так – не варта.
I зноў Бiм не зразумеў – не дазволена яму такое зразумець. Але ўсё паляванне гаспадар "пудлаваў", быццам сляпы. Зусiм засердаваў сабака, калi гаспадар у адну слонку зусiм не стрэлiў. Затое апошнюю зрэзаў чыста.
Дадому яны вярталiся ўжо прыцемкамi, абодва стомленыя i абодва добрыя, ласкавыя адзiн да аднаго. Бiм, напрыклад, не захацеў начаваць на сваiм лежаку, а прыцягнуў з яго падсцiлку да ложка Iвана Iванавiча i ўклаўся побач з iм, на падлозе. Гэта было неспраста: яго нельга было прагнаць на месца, таму што "месца" ён прынёс з сабою. Iван Iванавiч пакратаў яго за вуха, пагладзiў па хiбу. Сяброўства, здавалася, будзе навек.
Тае ночы Iван Iванавiч чамусьцi цiхенька стагнаў, уставаў, каўтаў таблеткi i зноў лажыўся. Бiм спачатку насцярожана прыслухоўваўся, прыглядаўся да сябра, потым устаў i лiзнуў працягнутую з ложка руку.
– Асколак... Асколак, Бiмка... паўзе. Дрэнна, хлопчык, – сказаў Iван Iванавiч i трымаў руку ля сэрца.
Слова "дрэнна" Бiм ведаў выдатна i ўжо даўно. I вось ужо некалькi разоў ён чуў слова "асколак", ён не разумеў яго, але сабачым нутром здагадваўся, што яно трывожнае, нядобрае слова, жудаснае.
Але ўсё абышлося добра: ранiцаю, пасля праходкi, Iван Iванавiч сеў за стол, як i заўсёды, паклаў перад сабою белы аркуш i зашаптаў па iм палачкаю.
ЗАПIСКI ГАСПАДАРА
Учора быў шчаслiвы дзень. Усё як мае быць: восень, сонца, жоўты лес, артыстычная работа Бiма. Чаго ж яшчэ?
У аўтобусе Бiм, быць не можа iнакш, заўважыў, як я ўздыхнуў, i, вiдавочна, не зразумеў пра ўсё. Адкуль дадумацца сабаку, што я магу даць хабар шафёру. Сабаку начхаць на гэта. А мне? Якая там рознiца – даў рубель я за "малое", цi дваццаць за "большае", цi тысячу за "вялiкае"? А ўсё роўна брыдка. Быццам прадаеш сумленне па кавалачках. Вядома ж, Бiм стаiць непараўнальна нiжэй за чалавека, таму i нiколi не здагадваецца пра гэта.
Не зразумець гэтага Бiму, што сумленне i паперкi гэтыя, як нiтка з iголкаю. Але што я за дзiвак! Цi можна ж хацець ад сабакi больш, чым ён можа: ачалавечыць сабаку нельга.