Текст книги "Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)"
Автор книги: Гавриил Троепольский
сообщить о нарушении
Текущая страница: 6 (всего у книги 11 страниц)
– З трэцяе суботы перад тым, як быў пакусаны. Баяўся, каб не загразнiць, як бы антонаў агонь не падкiнуўся. Месца-то сур'ёзнае.
Умяшаўся ветдоктар:
– Месца ў вас сапраўды сур'ёзнае. Як тэлевiзар. (Штукар быў гэты сiмпатычны ветдоктар.)
– Што ж вы нарабiлi! – закрычала жанчына-доктар, яшчэ раз паглядзеўшы на рану. – На пункт, на пункт, на пункт! Неадкладна ўколы ад шаленства... у жывот... шэсць месяцаў.
– Вы што, пасатанелi! – зароў Шэры дзядзька.
– Мы не пасатанелi, – спакойна ўняў яго ветдоктар. – Не паслухаеце – сiлаю прымусiм, цераз мiлiцыю, калi вы такi цёмны чалавек.
– Я? Цёмны чалавек?! – зароў Шэры. – Ды вы ведаеце, дзе я ў свой час рабiў?
– Мяне гэта не датычыць, – адказала доктар. – На пункт! – дадала яна яшчэ стражэй, чым дагэтуль.
Цяпер даносчык рэгулярна павiнен быў хадзiць на ўколы ў вызначаныя днi i гадзiны. Мала прыемнага, улiп як муха ў мёд: сабака – за азадак, а дактары – у жывот.
А далей было так.
Як iх звяло з Цёткаю тою – невядома, але звяло. Магчыма, яны былi знаёмыя даўно (мабыць, так яно i было), але таго дня яны спаткалiся на вулiцы. Такiя чуюць адно аднаго, як рыбак рыбака, дурань дурнога, а сплетнiк сплетнiка. Сышлiся, значыцца, разгаварылiся. Высветлiлася, што ходзiць ён рубам пасля ўкусу сабакi з чорным вухам.
– Дык я ж яго ведаю! Дальбог, ведаю! – усхрапянула Цётка. – I мяне пакусаў.
Шэры ж ведаў, што хлусiць яна, аднак сказаў так:
– Я асабiста напiсаў заяву, каб яго ўлавiлi i знiшчылi. Так мне сумленне падказвае.
– I правiльна падказвае, – акрыяла Цётка.
– А вы таксама напiшыце... калi, вядома, вы чэсны чалавек.
– Я? Я не адступлюся!
I яна таго ж дня занесла заяву на той самы ветэрынарны пункт. Сам сабе Шэры думаў (моўчкi думаў): "Калi нахлусiла, то хай i табе дактары -у жывоцiк". Ён не любiў, калi яму казалi няпраўду, i ганарыўся гэтым. Ну, Цётка таксама ўлiпла як муха ў мёд: крычала, лаялася, хлусiла, колькi магла, у прыватнасцi, што ранка была маленькая i ўжо загаiлася, тыцкала пальцам у стары шрамiк на руцэ i яшчэ крычала, што яна, як чэсная савецкая жанчына, напiсала, каб была карысць, а яе за гэта караюць у жывот.
Дзiўна, але яе чамусьцi адпусцiлi, запiсаўшы адрас, i сказалi, маўляў, заедзем заўтра дадому, высветлiм. Як бы там нi было, але Цётка ўзненавiдзела Бiма лютаю нянавiсцю. Шэрага – таксама, але крышку менш, хоць ён i падвёў яе пад дурнога хату.
У сувязi з дзвюма такiмi заявамi праз два днi ў абласной газеце з'явiлася аб'ява:
"Ёсць прычына думаць: сабака, беспародны сетэр, вуха чорнае, кусае прахожых. Хто ведае месцазнаходжанне таго, а таксама ўкушаных просiм паведамiць на адрас... для таго, каб злавiць на аналiз i лiквiдаваць магчымыя непрыемнасцi. Грамадзяне! Беражыце сваё здароўе i здароўе другiх – не маўчыце..." i г.д.
За некалькi дзён пасыпалiся лiсты ад чытачоў. У адным з iх паведамлялася:
"...(пэўнага чысла i месяца гэтага года)... бег сабака да вакзала (беспародны сетэр, вуха чорнае), ён не разбiраў нiчога i пёр напрасцякi; так здаровыя сабакi не бегаюць – напрамкi цi наўскасяк цераз плошчу, а абмiнаюць тое, што сустракаецца з перашкод на iх дарозе. Хвост быў апушчаны ўнiз. Названы сабака (беспародны сабака, сетэр, чорнае вуха) рэальна небяспечны, можа ўкусiць любога грамадзянiна Савецкага Саюза i нават замежнага турыста, якiя бываюць, а таму патрэбна лавiць i знiшчаць сабак без усякага там даследавання, пра якое ўпамiнаецца ў аб'яве вашае паважанае газеты".
Пад пасланнем стаяла дванаццаць подпiсаў.
Былi i яшчэ лiсты (усiх не пералiчыць). Ну, напрыклад, такое: "...Гэтакi ж самы сабака, толькi без чорнага вуха, таксама бег напрасткi..." Або: "У горадзе поўна сабак, а якi з iх шалёны, нiяк не разбярэшся". Або: "I зусiм той сабака не шалёны, самi вы шалёныя вiцiнары". Або: "Калi аблвыканком не можа паставiць на шырокую нагу арганiзацыю планамернага, разлiчанага на гады, знiшчэння сабак, то да чаго мы iдзём, таварыш рэдактар? Дзе план? Дзе карысная крытыка i чаму вы да яе не прыслухоўваецеся? Хлеб жа пячы мы ўмеем, а вось ахоўваць здароўе працоўнага грамадзянiна – кiшка тонкая. Я – чэсны чалавек i гавару заўсёды праўду-матку ў вочы. I не баюся я нiкога, дарэчы. А вы падумайце пра тое, што я вам напiсаў. У мяне ўжо сiлы нестае цярпець: пiшаш, пiшаш, а толку мала".
Наогул, пiсем было так многа, што разгарнулася дыскусiя, у вынiку якое з'явiўся рэдакцыйны артыкул "Том у кватэры", дзе прыводзiлiся вытрымкi з лiста дацэнта педiнстытута. Той дацэнт быў вiдавочны сабаканенавiснiк. Чаму гэта так, цяжка здагадацца, але выхаваўчае значэнне для дзяцей i юнакоў яго выступленне мела гiганцкае: калi яны яго зразумеюць правiльна, то з маленства будуць душыць сабак, клапоцячыся пра здароўе працоўных, а на чалавека, якi трымае сабаку дома, будуць калектыўна i дружна крычаць на вулiцы: "Гультай!" (так дацэнт аблаяў людзей, якiя трымаюць сабак), "Гразнуля!" (таксама творчасць таго ж самага дацэнта).
Ужо гаварылася, што ўсiх пiсем нельга пералiчыць, але адно прачытаем усё ж, апошняе. У iм было толькi два радкi. Чытач проста пытаўся: "А калi на абодвух вухах чорнае – бiць?" То чытач быў практычны, далёкi ад таго, каб абстрактна глядзець на свет. Але, тым не меней, лiст гэты нi ў артыкул, нi наогул на старонкi друку не трапiла i нават засталося без адказу. Падумаць толькi! Якая непавага да чалавечых запатрабаванняў!
Ёсць яшчэ, ёсць чытач актыўны, не звёўся-такi, дзякуй богу. Такi чытач не прамiне, каб не выказацца i не закляймiць. Так вось i ў нашай гiсторыi: Бiма ўжо шукалi па ўсiм горадзе, зганьбiлi добрага сабаку. А за што: хай ён укусiў, скажам, – гэта праўда, а тое, як ён укусiў i тое, што шалёны, – гэта чыстае вады хлусня. Клапатлiвы чытач перамяшаў усё гэта па сваёй ахвоце: ён i не думаў пра нагавор, а ў сплетнi хоць i кароткiя, але моцныя ногi.
Але рэдактар у час заўважыў, што дыскусiя гэтая стыхiйная, якую пачаў, мабыць, чалавек укушаны, дыскусiя нiяк не арганiзаваная, самацёчная. I ён зрабiў разумна – даў аб'яву нонпарэллю (тым шрыфтам, якi не прамiне пастаянны чытач): "Сабака Чорнае вуха злоўлены. Рэдакцыя спыняе дыскусiю на гэту тэму. Рукапiсы не вяртаюцца".
Рэдактар быў гумарыст, чаго "чытач-змагар" не можа цярпець.
Але то была няпраўда: Бiма нiхто не ўлавiў. Проста-напраста Толiк, даведаўшыся ў школе пра аб'яву, зайшоў адвячоркам да ветдоктара, пазванiў, а калi адчынiлi, сказаў:
– Я ад Чорнага вуха, ад Бiма.
Пытанне вырашылася тут жа: на наступны дзень Толiк паехаў да Бiма i завёў яго, трохногага, на ветпункт, да доктара. Той агледзеў яго i сказаў:
– Хлусня – уся гэтая дыскусiя. Сабака не шалёны, а хворы. Збiты i скалечаны. Эх, людзi! – неяк неканкрэтна ўздыхнуў ён.
Затым агледзеў скалечаную лапу, паслухаў, што ўсярэдзiне, выпiсаў мазь на лапу, лякарства пiць i, праводзячы сяброў, хлопчыка i сабаку, спытаў на развiтанне:
– Як жа завуць цябе, герой?
– Толiк.
– Добры ты мужчына, Толiк. Маладзец.
Бiм, адыходзячы, таксама падзякаваў доктару на развiтанне. Ён пах лякарствам, але ён нiякi не хворы, а, наадварот, высокi, мужны чалавек з добрымi вачыма.
"Добры чалавек, – сказаў яму Бiм хвастом i позiркам. – Вельмi добры вы чалавек!"
...Сябар-чытач! Не той чытач, што думае, быццам без яго пiсем, якiя "кляймяць", сабакi паядуць усiх грамадзян i грамадзянак, не, не той. Другi мой чытач, да цябе гавару. Прабач, што ў лiрычна-аптымiстычнай аповесцi пра сабаку я часам напiшу адну-дзве сатырычныя староначкi. Не вiнаваць за тое, што парушаю законы творчасцi, бо ў кожнага пiсьменнiка свае "законы". Не вiнаваць, дарагi, i ў тым, што змешваю жанры, бо само жыццё – змяшэнне: дабро i лiха, шчасце – няшчасце, смех i гора, праўда i хлусня жывуць побач, i так блiзка, што часам цяжка адрознiць адно ад другога. Горш было б, каб ты прыкмецiў у мяне напалову праўду. Яна падобна да напалову поўнае бочкi. А даказваць, што не адно i тое ж паўпустая i паўпоўная бочка, не мае сэнсу.
Галоўнае, я за тое, каб пiсаць пра ўсё, а не пра адно i тое ж. Апошняе шкодна. Ты падумай! Калi пiсаць толькi пра дабро, то для недабра гэта шчасце; калi пiсаць толькi пра шчасце, то людзi перастануць бачыць няшчасных i ў рэшце рэшт не будуць iх заўважаць, але калi пiсаць толькi пра сур'ёзна-прыгожае, то людзi перастануць смяяцца з пачварнага.
Раздзел 10
ЗА ГРОШЫ
Дзякуючы клопату Толiка i Сцяпанаўны, Бiм папраўляўся. А праз тыднi два лапа пачала гаiцца, хоць i засталася кляшнятая, нязграбная супраць астатнiх; Бiм ужо спрабаваў на яе ступаць, але пакуль што яшчэ так, крышку, – толькi спрабаваў. Расчасаная Толiкам шэрсць надавала Бiму зусiм прыстойны выгляд. А вось галава пачала балець не перастаючы: пасля ўдараў Шэрага нешта там змянiлася. Часам галава пачынала кружыцца, тады ён спыняўся i здзiўлена чакаў, што ж з iм будзе далей, але потым, дзякуй богу, усё праходзiла, да наступнага прыступу. Так i ў чалавека, якi панёс траўму цi якога ашаламiлi несправядлiвасцю, нечакана, не адразу, а праз некаторы час раптам зашумiць увушшу, закружыцца галава, упадзе некуды сэрца, i ён, хiстаючыся, спыняецца i чакае, што ж з iм будзе; потым сапраўды праходзiць, а часам нават i не паўтараецца. Усё бывае i ўсё мiнае. Чалавек таксама жывёлiна – толькi больш адчувальная.
Толькi позняю восенню, па ўжо цвёрдаму марозiку, Бiм пайшоў на чатырох лапах, але такi накульгваў – чамусьцi стала карацейшая нага. Так, Бiм застаўся калека, хаця галава быццам i наладзiлася. Сапраўды: усё бывае i ўсё мiнае.
Гэта б яшчэ нiчога, але гаспадара няма i няма. I аркуш лiста нiчым не пахне, а ляжыць у кутку як звычайная паперка, нiкому не патрэбная. Бiм ужо б мог шукаць сябра, але Толiк не пускаў яго з павадка, калi выводзiў гуляць. Толiк усё яшчэ баяўся з-за тае аб'явы ў газеце i Шэрага дзядзьку, ды i прахожыя часам пыталiся: "А гэта цi не той шалёны сабака з чорным вухам?" Толiк нiчога не адказваў i скоранька iшоў, не азiраючыся, прэч. Ён мог бы сказаць: "Не, не той сабака", – i на гэтым канцы ў воду. Але ён не ўмеў хлусiць i таiць свае пачуццi – страх, насцярожанасць, сумненне i ўсё астатняе; нават наадварот: на хлусню ён казаў, што гэта хлусня, на праўду – праўда. I не толькi гэта, у яго пачынала развiвацца адчуванне гумару, як адна з магчымасцей выражаць справядлiвасць, сапраўднага гумару, калi пра смешнае гаворыцца без адзiнае ўсмешкi, хоць чалавеку з гэтым пачуццём, можа, хочацца i плакаць. Першаю праяваю гэтага было тое самае сачыненне, сутнасцi якога ён i сам яшчэ не разумеў як след, а толькi цьмяна пачаў здагадвацца пра тое-сёе.
Такiм чынам, хлопчык у спартыўных асеннiх штонiках i жоўтых чаравiках, у светла карычневым пiнжачку i асенняй з ворсам шапачцы кожны дзень, адвячоркам, iшоў з кульгавым сабакам па аднаму i таму ж маршруту. Ён заўсёды быў такi чысценькi i акуратны, што кожны сустрэчны думаў: "Адразу бачыш – з культурнае сям'i хлопчык". Да Толiка пачалi ўжо прывыкаць блiжэйшыя да яго маршруту жыхары, а некаторыя нават пыталiся адно ў аднаго: "Чый жа гэта такi харошы i спакойны хлопчык?"
З унучкаю Сцяпанаўны, Люсяю, беленькаю равеснiцаю, цiхаю i сцiплаю, Толiк моцна пасябраваў, хоць чамусьцi i саромеўся браць яе на прагулкi. Затое ў кватэры ў Iвана Iванавiча яны, здаралася, забаўлялiся з Бiмам, а той плацiў iм адданаю любоўю i неадступнаю ўвагаю. Сцяпанаўна сядзела тут жа з вязаннем i радавалася дзецям.
Аднойчы яны раўнялi Бiму ачосы на нагах i падвесак на хвасце, i Люся запыталася:
– Твой тата тут, у горадзе?
– Тут. Толькi яго ранiцаю забiраюць, а вечарам прывозяць на машыне, ужо зусiм позна. Стамляецца страшэнна! Гаворыць: "Нервы ўзвiнчаны да адказу".
– А мама?
– Маме заўсёды няма часу. Заўсёды. То прачка прыходзiць, то падлогу нацiраць, то швачка, то тэлефон звонiць бясконца – нiколi няма ёй спакою. Нават на бацькоўскi сход не можа вырвацца.
– Цяжка, – уздыхнуўшы, пацвердзiла Люся ад чыстага сэрца, з сумам у вачах. Яна ж i папыталася ў Толiка толькi таму, што ўвесь час думала пра свайго тату i маму. Таму i сказала: – А мае тата-мама далёка. На самалёце паляцелi. А мы з бабулькаю ўдзвюх... – I зусiм весела дадала: – У нас два рублi на дзень, во колькi!
– Хапае, слава богу, – падтрымала Сцяпанаўна. – Дзесяць булак белага хлеба можна купiць. Куды та-ам! А бывала ж, даўно – успамiнаеш... Чаго та-ам! Аж млосна: боты гаспадаровы, твайго дзядулi, Люся, аддала за булку...
– А калi гэта было? – спытаўся Толiк, здзiўлена ўскiнуўшы бровы.
– У грамадзянскую вайну. Даўно. Вас i на свеце яшчэ не было. Не давядзi госпадзь вам такога.
Толiк са здзiўленнем глядзеў на Сцяпанаўну i на Люсю: яму было зусiм незразумела, як гэта так, каб таты i мамы не жылi з дзецьмi i каб некалi хлеб куплялi за боты.
Сцяпанаўна ўгадала пра яго думкi па позiрку:
– Ды i паехаць жа нам нельга: кватэру трэба пiльнаваць, а то адбяруць... Цяпер вось i гэту таксама трэба пiльнаваць, пакуль прыедзе Iван Iванавiч. А як жа! Само сабою: мы ж суседы з Iванам Iванавiчам.
Бiм прыгледзеўся да Сцяпанаўны i здагадаўся: Iван Iванавiч ёсць! Але дзе ён? Шукаць, трэба шукаць. I ён пачаў прасiцца, каб яго выпусцiлi. Жаданне аказалася нездзяйсняльнае. Ён лёг ля дзвярэй i пачаў чакаць. Здавалася, нiхто з прысутных яму не патрэбен. Чакаць! – вось мэта яго iснавання. Шукаць i чакаць.
Толiк заўважыў, што бабулька Сцяпанаўна сказала няправiльна – "суседы", але зараз, не так, як пры першай сустрэчы, прамаўчаў, таму што паважаў бабульку, хоць i не мог бы сказаць за што, каб у яго пра гэта папыталiся. Так проста – Люсiна добрая бабулька. Вось Бiм, любiць жа ён Сцяпанаўну. Толiк так i запытаўся:
– Бiмка, ты любiш Сцяпанаўну?
Бiмка не толькi ведаў усiх прозвiшчы, не толькi ведаў, што безымяннае няма нi аднае iстоты, нават самага задрыпанага сабакi, але ён абавязкова выконваў, калi дзецi загадвалi, чые трэба прынесцi пантофлi. Ён i зараз, па Толiкавых i Сцяпанаўны позiрках, па тым, як яна ўсмiхалася, зразумеў, пра каго менавiта гавораць, таму падышоў i паклаў ёй галаву на каленi.
Сцяпанаўна раней была абыякавая да сабак (сабака i сабака, што тут!), а Бiм яе прымусiў любiць, прымусiў сваёю дабратою, даверлiвасцю i адданасцю свайму сябру-чалавеку.
Добрыя i мiлыя чатыры гэтыя iстоты ў чужой кватэры – тры чалавекi i адзiн сабака.
У Сцяпанаўны на душы было таксама цёпла i спакойна. Што яшчэ трэба пад старасць!
Потым, пасля, праз многа год, Толiк будзе ўспамiнаць гэты надвячоркавы час са светла-бэзавым акном. Будзе. Вядома, будзе, калi яго сэрца застанецца шчырым да людзей i калi п'яўка недаверу не прыссецца да ягонага сэрца... Але таго разу ён спахапiўся:
– Да дзевяцi мне трэба дадому. У дзевяць – спаць. Заўтра я табе, Люся, прынясу альбом для малявання i чэшскiя каляровыя алоўкi – нi ў адным магазiне такiх не купiш, не бывае нават. Замежныя!
– Праўда? – узрадавалася Люся.
– А ты тату хоць сказаў, куды ходзiш? – запытала Сцяпанаўна.
– Не-е. А што?
– Трэба сказаць. А як жа, Толiк? Абавязкова.
– Ён жа не пытаецца i мама не пытаецца. У дзевяць гадзiн каб дома...
Калi Толiк адыходзiў, Бiм вельмi, вельмi прасiўся, каб выпусцiў, але марная была яго просьба. Яго бераглi i шкадавалi, не зважаючы на тое, што ён мучыўся i сумаваў па сябры, хаця i любiў iх.
На наступны дзень Толiк не прыйшоў. А Люся так чакала яго з альбомам i алоўкамi, такiмi, якiх не бывае ў магазiнах i якiя нельга купiць i за грошы. Так чакала! Яна i Бiму паўтарала некалькi разоў:
– А Толiка няма. Не iдзе Толiк.
Бiм, вядома ж, зразумеў яе неспакой, ды i час, калi павiнен быў прыйсцi Толiк, мiнуў, таму ён разам з Люсяй пазiраў праз акно на вулiцу i нецярплiва чакаў яго. Але Толiк не прыйшоў.
"Сказаў бацьку", – падумала Сцяпанаўна, а ўслых сказала:
– Вось табе i сабака... Дрэнна будзе нам без Толiка. Хто ж будзе вадзiць Бiма?
У Люсi сцялася сэрца ад прадчування чагосьцi нядобрага.
– Дрэнна, – сказала яна дрыготкiм голасам.
Бiм падышоў да яе, глядзеў на далонi, якiя закрылi тварык, i чуць заскуголiў (не трэба, маўляў, Люся, не трэба). Ён памятаў, як некалi Iван Iванавiч, седзячы за сталом i абапёршыся локцямi, гэтаксама часам закрываў твар далонямi. Гэта было дрэнна – Бiм ведаў. Бiм заўсёды ў такiм выпадку падыходзiў да гаспадара, а гаспадар гладзiў яго па галаве i гаварыў: "Дзякуй, Бiм, дзякуй". Вось i Люся таксама, адняла далонь ад твару i пагладзiла Бiма па галаве.
– Ну, вось i ўсё, Люська, вось i ўсё. Нашто плакаць? Прыйдзе Толiк. Прыйдзе-е, не турбуйся, дзiцятка. Толiк прыйдзе, – суцяшала бабулька.
Бiм пакульгаў да дзвярэй, быццам хацеў сказаць: "Толiк прыйдзе. Пайшлi пашукаем яго".
– Просiццiа, – сказала Сцяпанаўна. – Мне ўжо надакучыла яго слухаць. I не выводзiць нельга – жывое...
Люся чуць падняла галаву i неяк незнаёма цвёрда сказала:
– Я павяду сама.
Сцяпанаўна раптам заўважыла: сталее дзяўчынка не па днях, а па гадзiнах. I ёй таксама стала горка ад таго, што не прыйшоў Толiк.
...Дзяўчынка з сабакам iшлi па вулiцы. Насустрач – тры хлопчыкi.
– Дзяўчынка, дзяўчынка, – застракатаў адзiн з iх, рыжы i ў рабацiннi, твой сабачка мужычок цi бабка?
– Дурань! – коратка адказала Люся.
Усе ўтрох акружылi Люсю з Бiмам, а яна была гатова заплакаць ад першага ў жыццi хамства. Але, убачыўшы, што шэрсць у Бiма на загрыўку ўздыбiлася i ён нагнуў галаву, раптам асмелiлася i крыкнула рэзка:
– Пайшлi вон!
Бiм так гаўкнуў, так iрвануўся, што ўсе ўтрох пасыпалiся ў розныя бакi. А Рабенькi, адбегшыся i пакрыўдзiўшыся за свой спалох, закрычаў, як кнiгаўка:
– Э! Э! Дзяўчынка з сабакам! Э! Бясстыжая! Э!
Люся пабегла як магла дадому, Бiм, вядома, пабег следам. Упершыню ў жыццi ён сустрэў дрэннага маленькага чалавека – Рабенькага.
Пасля такога выпадку зноў пачалi выпускаць Бiма аднаго, як i раней. Спачатку Люся выходзiла ўслед i стаяла за вуглом, пасвiствала, як хлопчык, каб не адыходзiў далёка. Потым Сцяпанаўна выпусцiла досвiткам яго аднаго. Ад гэтага разу ён i заўсёды гуляў адзiн, а вечарам вяртаўся i з ахвотаю еў.
I трэба ж такому здарыцца! Неяк на перакрыжаваннi, на пераходзе цераз трамвайныя пуцi, яго паклiкалi:
– Бiм!
Ён азiрнуўся. З дзвярэй вагона паказалася знаёмая вагонаважатая.
– Добры дзень, Бiм!
Бiм падбег i падаў лапу. Гэта ж тая самая добрая жанчына, што вазiла Бiма з гаспадаром на паляванне да аўтобуснага прыпынку. Яна!
– Нешта даўно не вiдаць гаспадара? Цi захварэў Iван Iванавiч?
Бiм здрыгануўся: яна ведае, яна, магчыма, едзе да яго!
Калi ж вагон рушыў, ён ускочыў у яго цераз прыступкi. Жанчына-пасажырка дзiка крыкнула, мужчына закрычаў ("Пайшо-оў!"), некаторыя смяялiся, спачуваючы Бiму. Вагонаважатая спынiла трамвай, выйшла з кабiны, супакоiла пасажыраў (Бiм дакладна гэта заўважыў) i сказала Бiму:
– Iдзi, Бiм, iдзi. Нельга. – Лёгенька падштурхнула яго i дадала: – Без гаспадара нельга. Без Iвана Iванавiча нельга.
Што ж зробiш, калi нельга то нельга. Бiм сеў, пасядзеў i затрухаўся туды, куды паехаў трамвай. Тут яны ездзiлi з гаспадаром, тут – гэта дакладна: вось паварот ля вежы, вось паставы мiлiцыянер, – тут!
Бiм бег па трамвайных пуцях, не перасякаючы iх нават на паваротах. Мiлiцыянер свiснуў. Бiм на хаду азiрнуўся i пабег сваёй дарогаю. Ён паважаў мiлiцыянераў: гэтыя людзi нi разу яго не крыўдзiлi, нiколi; ён памятаў свой першы прывод у мiлiцыю, усё памятаў, разумны сабака, адтуль яны пайшлi з Дашаю дадому, i ўсё было добра. Больш таго, ён не раз бачыў мiлiцыянера з сабакам чорны такi, вельмi сур'ёзны, на першы погляд; з iм ён нават пазнаёмiўся на тратуары: Iван Iванавiч i мiлiцыянер падпусцiлi iх адзiн да аднаго i далi магчымасць нагаварыцца ўволю.
"Ад яго пахне лесам", – сказаў чорны сабака, гледзячы на мiлiцыянера.
– Былi ўчора на паляваннi, – пацвердзiў Iван Iванавiч.
"Якi ты чысцюля", – сказаў Бiм чорнаму, канчаючы законны абрад абнюхвання.
"А як жа iнакш! Работа такая", – вiляў кароткiм хвастом чорны.
У знак сяброўства, якое намячалася, яны нават распiсалiся на адным i тым жа дрэве, знiзу.
Не, мiлiцыянер чалавек добры, ён сабак любiць, тут Бiма не абхiтрыш i не абманеш.
I ён сабе бег i бег цiхенька ўздоўж трамвайнага пуцi, але збоку, бо памятаў, што наступаць на жалезныя палосы нельга – прышчэмяць нагу.
На канцавым кальцы ён даў кругаля па ходу трамвая i затрымаўся ля прыпынку. Пасядзеў, паглядзеў: людзi навокал усе добрыя. Так. Гэта ўжо добра. Адсюль яны пераходзiлi з Iванам Iванавiчам вулiцу – вунь да таго месца з дошчачкаю на слупе. Бiм пайшоў туды не спяшаючыся i сеў побач з чаргою, якая чакала аўтобуса. Прыгледзеўся: зноў дрэнных людзей не вiдаць.
Калi падышоў аўтобус, чарга папаўзла ў дзверы, а Бiм патупаў апошнi, як i трэба кожнаму сцiпламу сабаку.
– Ты куды? – закрычаў шафёр. Раптам ён азiрнуўся яшчэ раз на Бiма i праспяваў: – Пачакай, пачакай. Ды я ж цябе ведаю.
Бiм таксама зразумеў, што гэта той сябар, якi ўзяў з рук гаспадара паперку. I завiляў хвастом.
– Памятае, сабачая душа! – усклiкнуў шафёр. Потым падумаў i паклiкаў Бiма ў кабiнку: – Да мяне!
Бiм умасцiўся там, прыцiснуўшыся да сценкi, каб не перашкаджаць, умасцiўся хвалюючыся: менавiта ж гэты шафёр вёз некалi iх з Iванам Iванавiчам на паляванне, у лес.
Аўтобус гырчаў i гырчаў, ехаў i ехаў. Сцiх ён на тым прыпынку, дзе Бiм заўсёды выходзiў з Iванам Iванавiчам у лес. Вось тут-то Бiм i захадзiўся. Ён драпаў за дзверы, скуголiў, прасiўся са слязамi: "Выпусцi. Мне сюды i трэба".
– Сядзець! – строга прыкрыкнуў шафёр. Бiм паслухаўся. Аўтобус зноў загырчаў. Адзiн пасажыр падышоў да шафёра i спытаўся, паказваючы на Бiма:
– Твой сабака?
– Мой, – адказаў той.
– Вучаны?
– Не вельмi... Але разумны. Бачыш? Глядзi: ляжаць!
Бiм лёг.
– Можа, прадасi сабачку? Мой памёр, а я чараду авечак пасу.
– Прадам.
– Колькi?
– Чацвярцiнку.
– Ого! – вымавiў пасажыр i адышоў, палашчыўшы Бiма за вуха, праказваючы: Харошы сабачка, харошы.
Добра вядомы Бiму гэтыя ласкавыя словы, словы гаспадара. I ён вiльнуў хвастом чужому.
Бiм цяпер зусiм не ведаў, куды едзе. Але зараз, гледзячы ў ветравое шкло, ён запамiнаў дарогу, як запамiнае кожны сабака, калi ўпершыню едзе па новым месцы: так ужо ў сабак вядзецца – нiколi не забываць дарогу назад. У людзей гэты iнстынкт з вякамi знiкаў i знiк амаль. А дарэмна. Вельмi патрэбна ведаць дарогу назад.
На адным з прыпынкаў той добры чалавек, ад якога пахла травою, выйшаў з аўтобуса. Шафёр таксама выйшаў, пакiнуўшы Бiма ў кабiне. Бiм сачыў за iм, не адрываючы позiрку. Вось шафёр паказаў на Бiма, вось ён узяў за плячо Добрага чалавека, а той, усмiхнуўшыся, дастаў паперкi i аддаў iх, потым закiнуў за плечы рукзак, зайшоў у кабiну, зняў з сябе папругу, прычапiў за Бiмаў аброжак i сказаў:
– Ну, пайшлi. – А за некалькi крокаў ад аўтобуса азiрнуўся i запытаўся: Зваць яго як?
Шафёр запытальна паглядзеў на Бiма, потым на пакупнiка i ўпэўнена адказаў:
– Чорнае вуха.
– А не твой жа сабака? Прызнавайся.
– Мой, мой. Чорнае вуха, праўда. – I паехаў.
Такiм чынам, Бiма прадалi за грошы.
Ён разумеў, што робiцца нешта не так. Але чалавек, якi пах травою, быў вiдавочна добры, i Бiм пайшоў побач з iм, засмучаны i журботны.
Iшлi, iшлi яны моўчкi, а тут раптам чалавек загаварыў да самога Бiма:
– Не, ты не Чорнае вуха: так сабак не клiчуць. А знойдзецца твой гаспадар – аддасць мае пятнаццаць рублёў? Чаго пытацца?
Бiм паглядзеў на яго, нахiлiўшы галаву набок, быццам хацеў сказаць: не разумею цябе, чалавек.
– А ты, брат, вiдаць, сабака разумны, добры. Вось i яшчэ ён сказаў словы, якiя так часта паўтараў гаспадар. Цяпер Бiм завiляў хвастом у аддзяку за спагаду i ласку.
– Ну, калi так, жывi са мною, – скончыў чалавек.
I пайшлi яны далей. Разы са два за дарогу Бiм усё ж спрабаваў упiрацца, нацягваў павадок i паказваў вачыма назад. (Адпусцi, маўляў, мне – не туды).
Чалавек прыпыняўся, гладзiў сабаку, гаварыў:
– Мала цi што... Мала цi што.
Тут бы i клопату мала: хватануць за папружку раз-другi – i напал. Але Бiм ведаў: павадок на тое, каб за яго вадзiлi, каб сабака не iшоў далей i блiжэй, чым патрэбна. I перастаў прасiцца.
Iшлi яны спачатку па лесе. Дрэвы былi задумёныя i маўклiвыя – голыя, халодныя, заспакоеныя марозiкам; трава ў лесе пажухла, слабенькая i зблытаная, сумная. Нудота Бiму – i ўсё.
Потым пацягнулася рунь, дываном закрыўшая зямлю, мяккая i вясёлая. Зрабiлася тут Бiму крышку лягчэй: прастора, неймаверна многа неба, вясёлае пасвiстванне чалавека побач – усё гэта добра было з Iванам Iванавiчам. Але, калi дарога пайшла па ворыве – зноў вясёлага мала: зямля чарнавата-шэрая з кропелькамi ад мелу, а камячкоў на ёй нiякiх; здавалася, яна нежывая, месцамi напаўжывая – распыленая, спустошаная зямля.
Чалавек сышоў з дарогi, памацаў абцасам ворыва i ўздыхнуў.
– Дрэнна, брат, – сказаў ён Бiму. – Чорная бура. Дрэнна, брат... Яшчэ адна-дзве чорныя буры – i канец зямельцы. Дрэнна, браце...
Словы "дрэнна, брат" Бiму вельмi знаёмыя ад гаспадара, i ён ведаў, што гэта абазначае смутак, нуду або "нешта не так", а словы "чорная бура" ён зразумеў як "чорнае вуха" у невядомай яму iнтэрпрэтацыi. Аднак тое, што сказанае датычылася зямлi, Бiму не зразумець. Чалавек здагадаўся пра гэта:
– Вядома, ты – сабака, i ты нiчога не кемiш. А каму сказаць? Вось я табе, чарнавух, i скарджуся... Пачакай жа!.. – Ён паглядзеў на Бiма i дадаў: – А i будзь ты Чарнавухам. Гэта па-сабачаму – Чарнавух. Само вырвалася, то так таму i быць.
Ну i што? Не даходзячы яшчэ за вёскi, Бiм ужо ведаў, што цяпер ён Чарнавух: чалавек жа многа разоў ласкава паўтараў:
– Чарнавух – гэта добра. – Альбо так: – Маладзец, Чарнавух, добра iдзеш. Або яшчэ нешта такое, але абавязкова "Чарнавух".
Так за грошы людзi прадалi добрае iмя Бiма. Добра, што хоць гэтага не ведаў Бiм, як i таго, што за паперкi некаторыя людзi могуць прадаць i гонар, адданасць i сэрца. Добра сабаку, якi не можа пра гэта ведаць!
Але Бiм цяпер павiнен забыць сваё iмя. Што ж рабiць – так, выходзiць, i павiнна быць. Толькi не забудзе ён свайго сябра Iвана Iванавiча. Хоць жыццё пачалося зусiм iнакшае, нiяк не падобнае да таго, што было некалi, але тое забыць ён не мог.
Раздзел 11
ЧАРНАВУХ У ВЁСЦЫ
Вёска, куды прывялi Бiма, зусiм-такi здзiвiла яго. Тут таксама жылi людзi, але ўсё было не так, як там, дзе ён нарадзiўся i выгадаваўся. Домiкi маленькiя – проста на зямлi, без усякiх там лесвiчных пляцовак, без шматлiкiх парогаў, дзверы не пстрыкаюць замкамi. На ноч, праўда, дзверы зачыняюць на засаўку. Усе домiкi накрыты рабрыстымi шэравата-белымi лiстамi. Ранiцаю, у адзiн i той жа час, з кожнага домiка iдзе ўгору дым, але домiкi ўсё ж не едуць i не ляцяць некуды, а стаяць сабе роўненька радочкамi i дымяць цiха i мiрна, без усякага там скрыгатання. Але больш за ўсё ўразiла Бiма (зараз ужо Чарнавуха) тое, што разам з людзьмi тут жывуць i розныя жывёлiны i птушкi: каровы, куры, гусi, авечкi, свiннi, знаёмства з якiмi адбылося не адразу. У жывёлiн за кожным чалавечым домiкам былi свае хаткi, накрытыя часам саломаю, а мясцiнамi i чаротам, i адгароджаныя невысокiм рэдкаватым тынам. I нiхто нiкога не чапае нi людзi жывелiн i птушак, нi жывёлiны людзей, i нiхто нi па кiм не страляе са стрэльбы.
Першы дзень Бiму паслалi сена ў кутку ў сенцах. Чалавек прывязаў яго за вяроўку, добра накармiў i некуды пайшоў, апрануўшы плашч. Астатак дня Бiм правёў адзiнока, у цiшынi i маўклiвасцi. Адвячоркам ён пачуў, як зашорхалi капытцамi авечкi, як яны зайшлi на двор, як прамыкала карова ў хляве (нечага прасiла). А скора прыйшоў i той чалавек, але з хлопчыкам у плашчы, у ботах, на галаве шапка, а ў руках доўгая палка. Твар у яго быў гэтакi ж карычневы, як у добрага чалавека, а пах хлопчык авечкамi.
– Ну, Алёшка, глядзi новага сябра, – сказаў дарослы хлопчыку.
Яны падышлi да самага Бiма.
– Тата, а не ўкусiць?
– Не, Алёшка, такiя не кусаюцца... Ух ты, Чарнавух... Чарнавух – харошы сабака. – I чуць паляпаў яго па баку.
Бiм ляжаў i насцярожана глядзеў на хлопчыка. Той таксама пагладзiў:
– Чарнавух... Чарнаву-ух... – I сказаў да дарослага: – Тата, а калi адвяжам – не ўцячэ?
– Трохi пачакаем. – Ён пайшоў у дом.
Бiм устаў, прысеў, падаў хлопчыку лапу, гэта значыць сказаў: "Добры дзень. Ты харошы".
– Тата! – крыкнуў хлопчык. – Тата, хадзi!
Той вярнуўся.
– Добры дзень, Чарнавух! – падаў хлопчык руку.
Бiм яшчэ раз павiтаўся. Абодва чалавекi вiдавочна ўпадобалi ягоную ветлiвасць. Гэтыя першыя хвiлiны знаёмства былi вельмi важныя Бiму: ён даведаўся, што таго, хто прывёў яго сюды, завуць Тата, а хлопчыка Алёша. Нават звычайныя, нiчым не адметныя дварняжкi скора даведваюцца пра iмёны людзей, а Бiм... Ды што там казаць! Мы ўжо ведаем, якi гэта сабака.
Потым, ужо прыцемкамi, прыйшла i жанчына. Апранута яна была дзiўна: галава закручана ў дзве хусткi, куфайка на ёй нацягнута, як барабан, штаны гэтакiя ж самыя, як у тае добрае жанчыны, якая заганяла кастылi. Але гэтая пахла зямлёю i буракамi (салодкi такi корань, якога некалi Бiм не мiнаў). Яна зайшла ў хату, пра нешта гаварыла з мужчынамi, адразу ж патупала з сянец на двор з вядром у руках. Цяпер Бiм вызначыў, не сыходзячы з месца, што адны дзверы з сянец – на вулiцу, другiя – да жывёлiн, а трэцiя – у хату. Але да iх не дастаць – не пускае вяроўка. Вось пакуль што i ўсё, пра што даведаўся Бiм.
Ён зноў лёг.
Пахне авечкамi, моцна пахне з двара. Што такое авечкi, Бiм ведаў даўно. Яны жывуць, думалася некалi, чарадою, ходзяць па полi i нiчога не робяць, толькi ядуць i крычаць. А каля iх заўсёды чалавек у брызентавым плашчы i з доўгаю палкаю з кручком на канцы; адзiн такi падыходзiў да Бiма i Iвана Iванавiча, калi яны адпачывалi пад стогам сена, цiснуў гаспадару руку; яшчэ з iм быў вялiкi кудлаты сабака. З iм пазнаёмiўся Бiм незвычайна. Спачатку Кудлаты пёр на яго з налёту i жудасна брахаў, але Бiм тады лёг на спiну, падняў угору лапы i сказаў: "Што такое? Хiба я з-за чаго вiнаваты?"
Далiкатнасць узяла верх над нахабствам, а Кудлаты сабака, абнюхаўшы Бiма, палiзаў жывот, крыху адышоў i распiсаўся на каменi. Бiм зрабiў тое ж самае. А наогул, гэта абазначала: мiру – мiр. А пакуль гаспадар Бiма гаварыў з гаспадаром Кудлатага, яны пагулялi ў даганялкi, i, аказалася, Бiм i быстрэйшы i вёрткi, што нават заслужыў павагу новага знаёмага. Калi яны развiтвалiся (трэба ж iсцi за гаспадарамi!), то панюхалi камень i пераглянулiся так: "Ты прыходзь калi-небудзь сюды", – сказаў Бiм i паскакаў далей.
"Эх, работа..." – сказаў Кудлаты i паплёўся да чарады, угнуўшы галаву.
Так было. Вось i цяпер пахне авечкамi. Бiм не мог не ўспомнiць пра Iвана Iванавiча ад гэтага паху, якi трывожыў памяць: у чужых сенцах, у чужым доме, у сутоннi вечара, без людзей яму стала сумна-сумна.
Потым ён чуў, як па жалезе роўна гудзелi нейкiя струменьчыкi: жжых-жжых! жжых-жжых! Бiм не ведаў, што гэта такое – жжых! жжых-жжых! Незнаёмыя гукi сцiхлi, i адразу ж з двара з тым вядром увайшла жанчына. А з вядра пахла малако. Цудоўна пахла! У горадзе каб так пахла малако, Бiм нi разу не чуў, нi разу, а гэта – iншае, але ўсё роўна малако – гэта так. У горадзе малако не пахне чалавечымi рукамi, рознымi прыемнымi травамi i зусiм не пахне кароваю вось што дзiўна. А тут усё гэта перамяшалася ў чароўны водар, якi дзiвiў сваёй абаяльнаю, нейкаю ружаваю пахучасцю. Не будзем спрачацца: калi ўжо чалавек нiколi не адрознiць малако ад малака, то як гэтага не заўважыць нашаму Бiму, якi мае надзвычайны нюх, як не дзiвiцца паху, у якiм чалавечыя рукi змяшалiся з кветкамi i травою. Таму ён i падхапiўся хуценька, i павiляў жанчыне хвастом. Але наўрад цi яна магла зразумець Бiмава захапленне.