Текст книги "Белы Бiм Чорнае вуха (на белорусском языке)"
Автор книги: Гавриил Троепольский
сообщить о нарушении
Текущая страница: 11 (всего у книги 11 страниц)
– Ты прыязджай да мяне, пакажу: Мiлка ў нас – залатая карова, пад пуза лезь – i нагою не варухне. Шапку лiжа таксама i далонi. Певень у нас – над усiмi пеўнямi певень, завадзiлам завуць, першы крычыць ранiцаю, а астатнiя ўжо за iм. Такi певень – рэдкасць... А вось сабакi няма. Быў – памёр. Чарнавух быў – уцёк. – Алёша ўздыхнуў. – Шкада, такi ласкавы...
Iван Iванавiч пазванiў да Сцяпанаўны. Яна выйшла разам з Люсяю i запрыказвала:
– Ой, Iван Iванавiч! Што ж я цяпер казаць буду? Няма Бiма. Вось быў у Толiка тры днi таму, а дадому не прыйшоў.
– Не прыйшоў, – задумёна паўтарыў Iван Iванавiч, але падбадзёрыў хлопчыкаў, дадаў: – Знойдзем, абавязкова знойдзем.
Сцяпанаўна аддала ключы гаспадару i ўсе ўпяцёх зайшлi да яго. У пакоi было ўсё так, як i пакiнуў Iван Iванавiч: тая ж сценка з кнiгамi, якая здзiвiла цяпер Алёшу, той жа пiсьмовы стол, нават стала чысцей (Сцяпанаўны работа), але пуста-пуста – неставала Бiма. На яго лежаку – чысты аркуш паперы, лiст ад Iвана Iванавiча; Сцяпанаўна захавала нават гэта. Iван Iванавiч стаў плячыма да гасцей i панурыўшыся глядзеў у акно. Сцяпанаўне здалося, што ён цiхенька застагнаў:
– Прылёг бы, Iван Iванавiч, пасля дарогi, – параiла яна.
Той прылёг на ложак, паляжаў пры агульным маўчаннi, гледзячы ў столь, а Сцяпанаўна спрабавала загаварыць яму боль:
– Выходзiць, добра аперацыя прайшла? Калi ўжо самi прыехалi, то ўсё павiнна быць добра.
– Усё добра, усё добра, Сцяпанаўна. Дзякуй вам, мiлая, за ўсё. Дай бог, каб родныя так адносiлiся да сваiх, як вы да чужых.
– Унё! Пра што пачаў! Глупства адно гаварыш. Цi ж цяжка дапамагчы суседу. Каб толькi ўсё было па-добраму. (Сцяпанаўна неяк саромелася крыху, калi яе хвалiлi.)
Праз тры хвiлiны Iван Iванавiч устаў, паглядзеў на хлопчыкаў i сказаў:
– Такi план, хлопчыкi: вы шукайце тут, у нашым раёне, смялей пытайцеся: Бiм павiнен быць недзе непадалёку. А я... – Ён крышку падумаў. – Я паеду ў адно месца... цi не прыбiўся ён да вартаўнiчых сабак дзе-небудзь.
На выхадзе Люся перадала Толiку карцiну "Наш Бiм".
Толiк паказаў яе Алёшу, а той здзiвiўся:
– Сама?
– Сама, – адказала Люся.
– Ты мастачка?
– Не, – засмяялася Люся. – Я ў пяты перайшла.
На карцiне быў Бiм вельмi падобны: чорнае вуха, чорная нага, жаўтаватыя крапiнкi на белым i вялiкiя вочы; толькi адно вуха, мабыць, даўжэйшае за другое, але гэта не так важна.
Такiм чынам, Алёша i Толiк адправiлiся зноў на пошукi. Яны гэтаксама выбiралi прахожага, гледзячы ў твар (цяпер ужо раiлiся грунтоўна), гэтаксама пыталiся толькi пра адно i расказвалi Бiмавы прыкметы.
А Iван Iванавiч яшчэ на ложку вырашыў: скарэй у каранцiнны ўчастак! Папярэдзiць сабакаловаў, расказаць прыкметы, даць грошай, каб паведамiлi яму, калi ўбачаць. А магчыма, Бiм ужо там. Пайшоў ён ад Толiка ў ноч на чацвер... тры днi. Хутчэй, хутчэй!
Ён узяў таксi i скора быў ля варот каранцiннага ўчастка. Акрамя вартаўнiка, нiкога не аказалася (выхадны). Але ён на пытаннi Iвана Iванавiча ахвотна i мнагаслоўна адказваў:
– У чацвер i ў пятнiцу сабак не лавiлi, а ўчарашнiя ёсць, сядзяць у фургоне. Сколькi iх, нячысцiк iх ведае, але ведаю, што ёсць. Заўтра прыйдзе доктар i скажа: якога – у навуку, якому – укол мярцвяцкi i на шкуру, а бывае, закопваюць i са шкураю. На тое i дактары. А як жа! Бывае i паляць падчыстую.
– А паляўнiчыя трапляюцца? – спытаў Iван Iванавiч.
– Рэдка. Такiх не расходуюць i ў навуку не аддаюць на расцярзанне, а спачатку пачакаюць гаспадара цi звоняць у Таварыства паляўнiчых – так i так, маўляў, разбярыцеся. А як жа! На тое i дактары. Адзiн ёсць там такi паляўнiчы, Iван гаварыў, белы, паршывы, безгаспадарны, гаворыць, сама гаспадыня аддала. А як жа! Можа, у яе мужык памёр.
"Ён цi не ён?" – думаў Iван Iванавiч.
– Пусцiце да фургона, калi ласка. Шукаю свайго сабаку, выдатнага. Магчыма, ён сядзiць там. Прапусцiце.
Вартаўнiк быў няўмольны:
– Выдатных не саджаюць. Садзяць шкодных, каб не заражалi, – безапеляцыйна сцвярджаў ён пераконана. I тут жа твар яго перамянiўся: ён падняў падбародак i адмахнуўся рукою, як бы адхiлiў таго, хто прасiў, ад варот, з другога боку якiх той стаяў, засмучаны i бяссiльны што-небудзь зрабiць. Нават вартаўнiк не мог не ўтрымацца, каб не спакусiцца i не пацешыцца сваёю ўладаю, таму ён i сказаў строга: – Бачыш? "Уваход забаронены". Чытай i разумей, – паказаў ён на рамку пад шклом, дзе залатымi лiтарамi было напiсана: "Уваход забаронены небяспечна здароўю".
Iван Iванавiч ужо страцiў надзею трапiць на двор, але ўсё ж сказаў:
– Эх ты! Чалавек, чалавек!.. Аперацыя была. Ад вайны асколак насiў вось тут. Прыехаў, а Бiм прапаў.
– Як гэта? Больш за дваццаць год насiў асколак? – Вартаўнiк нечакана стаў сам сабою, такiм як быў у пачатку сустрэчы. – Ты глядзi! Раскажы каму – не паверыць. То-та ты... – Ён не дагаварыў да канца i мiрна запрасiў, адкiдваючы завалу: – Заходзь. Ды толькi нiкому не кажы.
Iван Iванавiч адпусцiў таксi, спадзеючыся, што павядзе Бiма на павадку, i пайшоў да фургона. Iшоў ён сапраўды з вялiкiм спадзяваннем: калi Бiм тут, то ён зараз яго ўгледзiць, прылашчыць, калi ж Бiма няма, то, значыць, ён жывы, знойдзецца.
– Бiм, мой мiлы Бiмка... Хлопчык... Дурненькi мой Бiмка, – шаптаў ён, iдучы па двары.
I вось вартаўнiк расчынiў дзверы фургона.
Iван Iванавiч адхiснуўся i акамянеў...
Бiм ляжаў носам да дзвярэй. Губы i дзясны параздзiраны аб вострыя бляшаныя краi. Пярэднiя лапы ў крывi.
Ён драпаўся ў апошнiя свае дзверы доўга. Драпаўся, пакуль мог дыхаць. I так мала ён прасiў! Волi i даверу – больш нiчога.
Кудлатка, прытулiўшыся ў кутку, заскуголiў.
Iван Iванавiч паклаў руку на галаву Бiма – адданага, вернага сябра, якi любiў.
Закружылiся рэдкiя сняжынкi. Дзве ўпалi на нос Бiму i... не расталi.
...А тым часам Алёша i Толiк, яшчэ мацней пасябраваўшы, iшлi па горадзе. Пыталiся яны, пыталiся ды i трапiлi на той ветэрынарны ўчастак, куды Толiк калiсьцi вадзiў Бiма. Там яны даведалiся ў дзяжурнага, што нiякiх сабак тут няма i што калi сабака прапаў, то яго перш за ўсё трэба шукаць на каранцiнным участку, таму што там сабакаловы.
Нашы два хлопчыкi былi зусiм не тыя, што могуць напiсаць адрас "дзядулю ў вёску". Таму праз гадзiну, не болей, спяшалiся ад аўтобуснага прыпынку па пустцы на каранцiнны двор.
Насустрач iм выйшаў з варот Iван Iванавiч. Убачыўшы хлопчыкаў, ён заспяшаўся, а калi падышоў, сказаў:
– I вы сюды?
– Накiравалi нас, – сказаў Алёша.
– Няма тут Бiма? – спытаўся Алёша.
– Не было яго тут? – перапытаў Алёша.
– Не, хлопчыкi... Бiма тут няма... i не было. – Iван Iванавiч стараўся схаваць цяжар на душы i боль у сэрцы; яму гэта было вельмi цяжка.
I тады Толiк, прыпадняўшы густыя чорныя бровы i сабраўшы на лбе маршчынкi, сказаў:
– Iван Iванавiч... не абманвайце нас... калi ласка.
– Бiма няма тут, хлопчыкi, – паўтарыў Iван Iванавiч цвярдзей i ўпэўнена. Шукаць яго трэба. Шукаць.
Снег церусiўся.
Цiхi снег.
Белы снег.
Халодны снег, якi штогод прыкрывае зямлю да наступнага, штогодна паўтараючагася пачатку жыцця, да вясны.
Сiвы, як снег, чалавек iшоў па белай пустцы. Побач з iм, узяўшыся за рукi, два хлопчыкi iшлi шукаць свайго агульнага сябра. I ў iх было спадзяванне.
I абман бывае святы, як i праўда. Так чалавек, якi памiрае, гаворыць любiмым: "Мне стала зусiм добра". Так мацi спявае безнадзейна хвораму дзiцяцi вясёлую песеньку i ўсмiхаецца.
А жыццё працягваецца.
Працягваецца таму, што ёсць надзея, без якое адчай знiшчыў бы жыццё.
Увесь дзень хлопчыкi працягвалi шукаць Бiма. А вечарам, ужо прыцемкамi, Толiк правёў Алёшу да трамвая i да "нашага" аўтобуснага прыпынку.
– А гэта – мой тата, – пазнаёмiў Толiка Алёша.
Хрысан Андрэевiч падаў Толiку руку:
– Зразумела: сябра, значыцца, знайшоў. Ты што ж, да Алёшы ў госцi? Калi ласка!
За Толiка адказаў Алёша:
– Ён пасля прыедзе. I я прыеду да Iвана Iванавiча. Мы яшчэ будзем шукаць.
– Ну, ладна. Добра. Дома раскажаш усё чын-чынам, а зараз – вунь ён! – iдзе наш аўтобус.
Перад пасадкаю Алёша аддаў тату пятнаццаць рублёў.
– Усе цэлыя. Не спатрэбiлiся.
– Таксама зразумела, – сумнавата сказаў бацька.
Толiк памахаў услед аўтобусу. Было i сумна развiтвацца з новым сябрам i радасна таму, што ён ёсць. Цяпер Толiк будзе яшчэ жыць i ў чаканнi сустрэчы з Алёшам. А гэта ж Бiм пакiнуў такi выразны след на зямлi.
Дома Толiк сказаў упэўнена:
– Бiм жа недзе ў горадзе. Абавязкова знойдзем. Мы знойдзем.
– Хто гэта "мы"?
– Алёша, Iван Iванавiч i я... Знойдзем, вось паглядзiш.
– Хто Алёша, хто Iван Iванавiч? – спыталася мама.
– Алёша – хлопчык з вёскi, бацька яго – дзядзька Хрысан, а Iван Iванавiч не знаю хто... добры ён... гаспадар Бiма.
– А нашто ж табе Бiм, калi знайшоўся гаспадар? – спытаўся тата.
Толiк не мог адказаць, ён не разумеў пытання з-за таго, што яно было зусiм незвычайнае, катэгарычнае i складанае.
– Не ведаю, – цiха адказаў ён.
А позна вечарам, калi Толiк спаў i снiў, як Алёшава карова лiзала яго шапку, тата i мама спрачалiся ў дальнiм пакоi.
– Безнадзорны расце ў цябе сын, – строга гаварыў тата.
– А ты дзе? – адбiлася мама.
– Я на службе.
– А я горш, чым на службе. Ты пайшоў з дому, i ўсё... А мне... мне адна чысцiня ўсю душу з'ела.
– Хто б дзе нi служыў, ён мае абавязкi, якiя павiнен выконваць чэсна. Я гавару пра другое: хто ж будзе выхоўваць Толiка? Ты цi я? Цi абое? Тады нам трэба прыйсцi да аднаго.
– Мабыць, не ты i не я.
– Хто ж? – нацiскаў тата.
– Усе спадзяваннi на школу, – адказала мама ўжо больш мiрна.
– А вулiца? – не адступаўся тата.
– Хоць бы i вулiца. Што там? Усе дзецi на вулiцы.
– А чэснасць, я пытаюся, чэснасць хто будзе выхоўваць? – павысiў цяпер голас тата.
– На вось, чытай. Дарэчы, я сама. Слухай. – Мама чытала, выхоплiваючы асобныя сказы з газеты: – "Арганiзаванасць, пiльны нагляд, строгi ўлiк, патрабавальнасць – вось чым выхоўваецца ў людзях чэснасць..." "Чэснага чалавека трэба падымаць на шчыт..." Чуеш, на шчыт! Ды ну вас к чорту! – Мама ўпала на кушэтку тварам унiз.
Тата зусiм не хацеў паглыбляць спрэчку, ён любiў маму, а яна любiла яго, i мiрыўся ён заўсёды першы. Ды i доўгага гневу ў iх не здаралася. I гэты раз ён памяркоўна i мiрна сказаў:
– Што ж, трэба будзе разабрацца. Паспрабую я знайсцi Бiма. Паспрабую. Гаспадар знайшоўся, сюды Толiк ужо не прывалачэ сабаку, а калi мы з табою знойдзем яго, то наш аўтарытэт у вачах Толiка стане большы.
Не, не тыя словы сказаў ён, што прыкiпелi на языку, не тыя. У той вечар Сямён Пятровiч ужо не быў спакойны i ўпэўнены: сын падрастаў i абмiнаў бацьку, а ён, родны бацька, не заўважаў гэтага з-за цякучкi. Сямён Пятровiч думаў. Сямён Пятровiч успамiнаў, як ён аднойчы бачыў у пiўной на беразе рэчкi юнака, яшчэ бязвусага: той стаяў ля сцяны, хiстаючыся i заплятаючыся нагамi, i крычаў, i плакаў з надрывам... Жудасна стала ад такога ўспамiну. Сямён Пятровiч з жахам уявiў ля пiўное свайго Толiка гадоў праз пяць, i ад гэтага схлупiла ў грудзях. Ён падышоў да жонкi, сеў каля яе i спытаўся цiха, мiрна i нечакана:
– А можа, купiм мы Толiку харошага сабаку?.. Цi выпрасiм Бiма ў гаспадара, га? Добра заплоцiм. Як ты думаеш?
– Ох, не ведаю, Сямён, не ведаю. Давай купiм, цi што?
Вядома, Сямён Пятровiч не ўлiчыў аднае драбнiцы, што сяброўства i давер не купляюцца i не прадаюцца. Не ведаў ён i таго, што Бiма ўжо не знайсцi, каб ён i захацеў. Але Бiм, наш добры Бiм пакiнуў след i ў душы Толiкавага таты. Магчыма, гэта дакор сумлення. Ад яго нiколi i нiкому не схавацца, калi яно не падобна на iдэальна просты дубец: такое можна сагнуць дугою i, адпусцiўшы, калi зажадаецца, выпрастаць – як сабе хочаце. Але Бiм трывожыў Сямёна Пятровiча i ноччу.
А тае ночы Бiм усё яшчэ ляжаў там, у фургоне, абабiтым бляхаю. Заўтра ж Толiкаў тата арганiзуе пошукi Бiма. Цi знойдзе ён, цi спасцiгне таямнiцу жалезнага фургона, зразумее цi не ўсю сiлу i непераможнасць Бiмавага iмкнення да святла, волi, сяброўства i даверу?
Не, гэтага не здарылася з-за самае простае прычыны. Ранiцаю наступнага дня, у панядзелак, Iван Iванавiч узяў стрэльбу ў чахле i паехаў на каранцiнны ўчастак. Там сустрэўся з тымi двума сабакаловамi, з горыччу i болем даведаўся, што злавiлi яны Бiма каля дома. Абодва яны абуралiся на тую Цётку i лаялiся на яе няшчадна, абзывалi ўсякiмi словамi. Цяжка было Iвану Iванавiчу таму, што Бiм загiнуў як ахвяра здрады i нагавораў. I ён не вiнавацiў гэтых двух работнiкаў, якiя выконвалi свае абавязкi, хоць малады хлопец, вiдаць, адчуваў сябе вiноўнiкам нават ужо таму, што паверыў Цётцы.
– Ды каб я ведаў... – Ён не дагаварыў i стукнуў кулаком па капоце аўтафургона. – Вось i павер такой гадзiне.
Iван Iванавiч папрасiў iх завезцi Бiма ў лес i прапанаваў за гэта пяць рублёў. Абодва ахвотна згадзiлiся. Паехалi ўтрох у кабiне таго ж фургона.
На палянцы, дзе перад кожным паляваннем сядзеў Iван Iванавiч на пянёчку i слухаў лес, на палянцы, дзе ў сумным чаканнi Бiм цёрся пысаю аб апалае лiсце, у некалькi метрах ад пянька, закапалi Бiма. А зверху пасыпалi чуць, тоненька, жоўценькага лiсця, перамешанага са сняжком.
Лес шумеў роўна i нямоцна. Iван Iванавiч расчахлiў стрэльбу, уклаў патроны i, быццам задумаўшыся крышку, выстралiў угору.
Лес з-за шуму глуха, пакорлiва, па-восеньску адазваўся журботным рэхам. Удалечынi яно зацiхла кароткiм, абарваўшымся стогнам.
I яшчэ раз выстралiў гаспадар, i чакаў, калi прастогне лес.
Абодва яго спадарожнiкi недаўменна глядзелi на Iвана Iванавiча. Але ён, не сыходзячы з месца, уклаў яшчэ два набоi i гэтак жа размерана, з зусiм роўнымi прамежкамi, якiя вызначаў па тым, як зацiхае ўдалечынi гук, выстралiў яшчэ два разы. Потым зачахлiў стрэльбу i пайшоў да пянька.
Старэйшы спытаў:
– Гэта ж навошта, чатыры разы?
– Так трэба, – адказаў Iван Iванавiч. – Колькi год было сабаку, столькi разоў i страляць. Бiму было... чатыры гады. Кожны паляўнiчы ў такую хвiлiну здыме шапку i пастаiць моўчкi.
– Ты глядзi! – цiха здзiвiўся малады. – Як пры напасцi... як у бядзе... Ён падышоў да фургона, сеў у кабiну i зачынiў за сабою дзверцы.
Лес шумеў, шуме-еў, шуме-еў аднатонна, амаль па-зiмоваму, шумеў холадна, гола i няўтульна. Снегу было толькi крышку. Даўно пара б быць яму, а спазнiўся намнога. Можа, таму i шум стаў цяпер нудна-незадаволены, санлiвы, здавалася, такi безнадзейны, што быццам бы i зiмы не будзе, i вясны не будзе.
Але раптам Iван Iванавiч адчуў у сабе, у душэўнай той пустэчы, што засталася пасля апошняга сябра, цеплыню. Ён не адразу здагадаўся, што гэта такое. А гэта былi два хлопчыкi, iх прывёў да яго, сам таго не ведаючы, Бiм. I яны зноў прыйдуць, прыйдуць яшчэ не раз.
Дзiваком, вялiкiм дзiваком здаўся Iван Iванавiч двум прасцецкiм сабакаловам, калi, сядаючы ў кабiну, ён сказаў, быццам бы да самога сябе:
– Няпраўда. I снег будзе. I вясна абавязкова будзе. I будуць падснежнiкi... У Расеi бываюць зiмы i вёсны. Вось якая яна, наша Расея, – i зiмы i вёсны абавязкова.
Па дарозе назад малады хлопец нечакана спынiў машыну насупраць невялiкае вёскi, непадалёку ад шашы, адчынiў дзверы фургона i выпусцiў Кудлатку.
– Не жадаю! Не хачу – усклiкнуў ён. – Бяжы, сабака, у вёску, ратуйся – там будзеш цэлы.
– Што ты? Што ты? Ведаюць жа, было два сабакi! – крыкнуў з кабiны старэйшы.
– Адзiн сам сябе кончыў, другi ўцёк – i ўся гаворка. Не хачу. Нiчога не хачу. Не жадаю! I ўся гаворка!
Кудлатка адбег ад шашы, сеў i здзiўлена праводзiў позiркам фургон, потым агледзеўся i пабег сам па сабе, пабег у вёску, да людзей. Здагадлiвы сабака.
Яшчэ ў лесе Iван Iванавiч даведаўся, што маладога хлопца зваць Iван, а старэйшага – таксама Iван. Усе ўтрох Iваны, рэдкае супадзенне. Гэта зблiзiла iх яшчэ больш, i развiтвалiся яны як добрыя знаёмыя. А ўсяго i было мiж iмi адно: утрох закапалi сабаку, якi не вытрываў у сабачай турме. Бывае, людзi падружацца на вялiкай справе i разыходзяцца, а бывае, пасябруюць з-за малое справы, i назаўсёды, на ўсё жыццё.
Калi Iван Iванавiч выйшаў з кабiны i падаў пяць рублёў, якiя абяцаў маладому Iвану, той адхiлiў руку i сказаў тыя самыя словы:
– Не жадаю! Не хачу. I ўся гаворка!
Стала зусiм ясна, што ён лiчыць сябе вiноўнiкам гiбелi Бiма; вiдаць, ён адчуў дакор мёртвага. Што ж, дакор мёртвых – самы страшны дакор, таму што ад iх не дачакацца нi даравання, нi спачування, нi спагады да таго, хто зрабiў зло. Але малады Iван блiзка да сэрца прыняў сваю маленькую памылку. I гэта робiць яму гонар. Вось i яшчэ адзiн след на зямлi добрага, адданага i вернага сабакi. Дарэчы, старэйшы Iван не адчуваў такое ўжо душэўнае няёмкасцi – ён узяў пяцёрку з рук у Iвана Iванавiча i паклаў у бакавую кiшэню з удзячнасцю. Вiнавацiць яго зусiм няма за што: ён атрымаў абзадачаную плату за работу, а ловячы Бiма, толькi ўсяго выконваў свой абавязак.
...Таго ж дня Сямён Пятровiч арганiзаваў пошукi. Па-першае, у газеце з'явiлася аб'ява: "Прапаў сабака – сетэр, белы з чорным вухам, клiчка Бiм, выдатнага розуму, вучаны сабака. Дзе знаходзiцца, просiм паведамiць за добрую ўзнагароду на адрас..."
Вялiкi горад загаварыў пра Бiма. Трашчалi тэлефонныя званкi, iшлi спачувальныя лiсты ад чытачоў, снавалi ў пошуку ганцы.
Так Бiм праславiўся двойчы: адзiн раз, калi быў жывы, – як шалёны; другi раз пасля смерцi – як "выдатнага розуму сабака". У апошняй славе Бiма заслуга Сямёна Пятровiча несумненная.
Але слядоў Бiма ўсё ж не знайшлi нi ў тую зiму, нi пасля. Ды i хто мог ведаць? Малады Iван кiнуў работу на каранцiнным двары, i зразумела чаму маўчаў; Iвана-старэйшага папярэдзiў Iван Iванавiч – каб нi гугу! А больш нiводзiн чалавек не бачыў, не ведаў, што Бiм ляжыць у лесе, у свежай прамёрзлай зямлi, зацярушаны снегам, i што яго ўжо нiхто нiколi не ўбачыць.
Зiма таго года была суровая, з двума чорнымi буранамi. Пасля iх белы снег у палях стаў чорны-чорны. Але на той, знаёмай нам палянцы ў лесе ён заставаўся чысты i белы. Яе засланiў лес.
Раздзел 17
ЛЕС УЗДЫХНУЎ
(Замест пасляслоўя)
I зноў прыйшла вясна. Сонца выпiхала зiму вон. Яна ўцякала на амаль растаўшых немагушчых нагах, а следам за ёю, памаленьку, але не адстаючы прыбывалi цёплыя днi, падпальвалi старую плямамi, iрвалi на гразна-белыя кавалкi. Вясна заўсёды бязлiтасная да памiраючае зiмы.
I вось ручаi ўжо супакоiлiся, не спяшаюцца, робяцца ўсё меншыя i меншыя, усё танчэйшыя i танчэйшыя, а ноччу амаль зусiм замiраюць. Вясна прыйшла позняя, роўная.
– Такая вясна – на ўраджай, – сказаў Хрысан Андрэевiч на днях, калi начаваў з Алёшам у Iвана Iванавiча.
Скора яны выганяць авечак на пашу, але Алёша цяпер да самых вакацый будзе толькi "выправаджваць" з бацькам чараду ранiцаю i "сустракаць" за вёскаю вечарам.
Алёша i адзiн прыязджаў некалькi разоў. У такiя днi яны з Толiкам не разлучалiся i пачыналi зноў шукаць Бiма, мiлыя хлапчукi. Але аднойчы, калi ўсе разам пiлi гарбату ў Iвана Iванавiча, Хрысан Андрэевiч памеркаваў так:
– Калi ўжо ў газетах надрукавалi ды не аб'явiўся, то, выходзiць, яго нехта звёз далёка. Расея вялiкая, матухна, паспрабуй знайдзi. Калi б ён загiнуў, то абавязкова нехта б заявiў па аб'яве: так, маўляў, i так – памёр ваш сабачка, бачыў яго там-та. Галоўнае тут – жывы, вось што. Не кожны знаходзiць свайго сабаку. I тут фактычна нiчога не зробiш.
З таго дня пошук спынiўся. Засталася толькi памяць, i засталася яна хлопчыкам на ўсё жыццё, да сканчэння дзён. Магчыма, праз многа год, яны, нашы хлопчыкi, раскажуць сваiм дзецям пра Бiма. Таму што кожны тата цi дзядуля, калi ў яго быў сябар сабака, не прамiне, каб не расказаць пра забаўныя цi сумныя гiсторыi, якiя здаралiся з iм. I тады падлетку захочацца мець свайго сабаку. Адыходзячы, Хрысан Андрэевiч паклаў за пазуху месячнага шчанюка аўчаркi – падарунак Iвана Iванавiча. Алёшка быў у захапленнi.
...У кватэры забаўляўся са старым чаравiкам новы шчанюк, таксама Бiм, пародзiсты, тыповага акрасу ангельскi сетэр. Гэтага Iван Iванавiч дастаў на дваiх – сабе i Толiку.
Але старога сябра ён ужо нiколi не забудзе. Не забыць яму паляўнiчых досвiткаў, падараваных Бiмам, не забыць яго дабраты i ўсёдаруючага сяброўства. Памяць пра вернага сябра, пра яго невясёлы лёс трывожыла старога чалавека. Менавiта таму ён i апынуўся на той самай палянцы i сеў на той жа пянёк. Агледзеўся. Ён прыйшоў паслухаць лес.
Быў неймаверна цiхi вясновы дзень.
Неба густа апырскала палянку пралескамi (кропелькi неба на зямлi!). Многа разоў у жыццi Iвана Iванавiча паўтараўся гэты цуд. I вось ён прыйшоў зноў, цiхi, але магутны сваёю шчыраю прастатою i кожны раз дзiўны i непаўторны ад навiзны нараджэння жыцця – вясна.
Лес маўчаў, толькi-толькi ачынаючыся ад сну, пакрэплены небам i патрывожаны ўжо цёплымi сонечнымi зайчыкамi на блiскучых i такiх млява пяшчотных язычках яшчэ нявыгарнуўшагася лiсця. Iвану Iванавiчу здалося, што сядзiць ён у велiчным палацы з блакiтнаю падлогаю, блакiтным купалам, з калонамi з жывых дубоў. Гэта было падобна на сон.
Але раптам... Што б гэта магло абазначаць? Па лесе пракацiўся глухi кароткi шум – глыбокi ўздых. Было вельмi падобна на ўздых палёгкi ад таго, што пасля доўгага чакання жыццё абуджаецца зноў, ужо азначылася язычкамi раскрыўшыхся пупышак. Iнакш чаму ж варухнулiся галiнкi i ўслед за гэтым засвiсталi сiнiцы, а дзяцел бадзёра застрачыў музычным барабанным россыпам, клiчучы сяброўку, апавяшчаючы лес пра пачатак кахання? Ён жа адзiн з першых, як i слонка, падае сiгнал да ўрачыстае вясновае сiмфонii, але толькi слонка клiча цiха, у прыцемках, асцярожна, клiча зверху: "Хор-хор! Хор-хор!" – гэта значыць, добра-добра! А дзяцел, знайшоўшы сваё дупельца на запаветным суку, неўтаймавана, смела, рашуча абвяшчае на спрадвечным iнструменце радасцi: "Пр-р-р-р-р-р-р-р-р-рыгажосць!"
Таму i ўздыхнуў лес з палёгкаю, што цуд пачаўся i прыйшоў час здзяйснення надзеi. I птушкi адгукнулiся яму, магутнаму велiкану i выратавальнiку. Iван Iванавiч чуў гэта выразна. Ён жа i прыйшоў сюды, каб паслухаць лес.
I ён быў бы шчаслiвы, як i кожны год, у такiя часiны, калi б на краю палянкi не адрознiваўся пятняк, абазначаны толькi свежаю зямлёю, змешанаю з апалым мiнулагоднiм лiсцем. Сумна глядзець на такi пятняк вясною, ды яшчэ ў самым пачатку агульнай радасцi ў прыродзе.
Але затое знiзу ўгору добрымi, наiўнымi, ласкавымi i невiноўнымi вачаняткамi глядзеў на Iвана Iванавiча новы маленькi Бiм. Ён паспеў пакарыць ужо Толiка, ён так i пачаў жыць з дабраты, маленькi Бiмка.
"Якi ж будзе ў яго лёс? – падумаў Iван Iванавiч. – Не трэба, не, не трэба, каб у новага Бiма, якi пачынае жыццё, паўтарыўся лёс майго сябра. Не хачу гэтага. Не трэба".
Iван Iванавiч устаў, выпрастаўся i амаль што ўскрыкнуў:
– Не трэба!
Лес кароткiм рэхам паўтарыў некалькi разоў: "Не трэба... не трэба... не трэба..." I зацiх.
А была вясна. I кропелькi неба на зямлi. I было цiха-цiха.
Так цiха, быццам i няма нiдзе нiякае бяды.
Але ўсё-такi ў лесе нехта... стрэлiў! Тройчы стрэлiў!
Хто? Нашто? У каго?
Магчыма, нядобры чалавек паранiў таго прыгажуна дзятла i двума набоямi дабiваў яго... А магчыма, нехта з паляўнiчых закапаў сабаку, i было яму тры гады...
"Не, не спакойна ў гэтым блакiтным палацы з калонамi з жывых дубоў", – так падумаў Iван Iванавiч, стоячы з непакрытаю белаю галавою i гледзячы ў неба. I гэта было падобна да вясновае малiтвы.
Лес маўчаў.