412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Джанесса Биар » Тяжелое сердцебиение (ЛП) » Текст книги (страница 2)
Тяжелое сердцебиение (ЛП)
  • Текст добавлен: 26 июня 2025, 02:19

Текст книги "Тяжелое сердцебиение (ЛП)"


Автор книги: Джанесса Биар



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 13 страниц)

Пасля ён звычайна прасіў гаспадыню пакінуць яго аднаго, сядзеў трохі, выходзіў з хаты і, калі лічыў патрэбным, капаў ля прадушыны ў падмурку глыбокую яму і наліваў яе вадою. Дзіўна, але пацукі сапраўды ўцякалі з хаты, і раніцою ў яме можна было пабачыць да дзесятка вялізных шэрых пацукоў або рудых шчуроў.

Нам ён здаваўся ўсемагутным. У той час бацька купіў мне вядомую кнігу пра клятчастага флейтыста з горада Хэмліна, які знішчыў у горадзе пацукоў сваёй цудоўнай жалейкай, а пасля, калі яму не далі за гэта грошай, зачараваў спевам гэтай жалейкі ўсіх гарадскіх дзяцей і завёў іх у нетры гары ля горада. Наш пацукалоў здаваўся мне менавіта такім: і пацукоў знішчае, і куртка на ім клятчастая ад лапікаў, і дзеці за ім натоўпам ходзяць.

А наогул гэта быў варты жалю чалавек, які, акрамя гэтай сваёй няпэўнай работы, нічога не ведаў і не ўмеў. З яго смяяліся. І нічога дзіўнага тут не было. І толькі дзеці любілі яго, як яны заўсёды любяць тое, што непадобна на звычайнае жыццё.

Мне, памятаю, вельмі хацелася насіць стракатую куртку і мармытаць прыгожыя і незразумелыя словы, зусім непадобныя на будзённыя і нудныя словы, як “хлеб”, “боты”.

Бацька мой, якому я гэта сказаў і які з трывогай глядзеў на маю схільнасць да нябесных мігдалаў, аднойчы не на жарт здзівіў мяне.

Калі пацукалоў, зайшоўшы да нас, прамармытаў, як заўсёды, сваю дзіўную замову і папрасіў каб яго пакінулі на хвіліну сам-насам, бацька раптам усміхнуўся і сказаў ляніва:

– І не сорамна табе, Карней, людзей дурыць? Я ж ведаю, што ты будзеш рабіць, ведаю нават, што сам ты ў свае замовы не верыш.

Вочы пацукалова апусціліся.

– Што вы, гаспадар, замовы – рэч карысная. І я, калі буду адзін, яшчэ мацней прачытаю.

– Не дуры, кажу, – пераканальна сказаў бацька. – Ты проста ў пацуковыя дзіркі касталом-травы напхаеш.

– Якой травы? – разгубіўся чалавек.

– А той, што ў нас яшчэ сабачнікам завуць, кветкі такія ў яе... цёмна-барвяныя, а лісты як шэрым лямцам абцягнутыя. На засмечаных пустках ля дарог і па ўзгорках расце. Мяккая такая, пушыстая.

І тут пацукалоў часта залыпаў вачыма.

– Пашкадуйце мяне, не выдавайце беднага чалавека... Усе самі... пачнуць. Што я тады есці буду?!.

Бацька, які чула ставіўся да чалавечага гора, замахаў рукой:

– Што ты, Карней, вядома не скажу. Жыві сабе... Хіба я што...

Фарба з’явілася на твары пацукалова.

– Хай вас благаславіць бог.

Да гэтага не хапала яшчэ звароту “гаспадар”.

А бацька пасля паказаў мне гэтую расліну з ланцэтападобнымі пушыстымі лісцямі і мяцельчатай верхавінай сцябла.

– Cinoglossum officinale. Я чуў і раней, што гэта моцны рацы-фіцыд. А ты кажаш “таямніцы”, “мармытанне”. Эх ты!

Пацукалоў, аднак, з таго часу паглядаў на бацьку заўсёды са страхам.

Так ён і хадзіў па нашым ціхім гарадку: непрыкметны, непрыстасаваны да жыцця чалавечак, жорсткі вораг пацукоў, які, аднак, не мог бы пакрыўдзіць і мухі.

У маленькіх гарадках, напэўна, да другога прышэсця будуць вадзіцца плёткі. Адна такая плётка звязвала пацукалова з імем удавы Стучэўскай, што жыла наводшыбе, ля Старых Валоў, і з яе сынам, высокім, худзенькім юнаком.

Ці была тут праўда? Я думаю, не, хоць хлопчык меў, як казалі вулічныя “бабы багамерзкія”, нейкае падабенства з Карнеем. Рэдка бывае так, каб з плётак атрымлівалася што-небудзь вартае. Гэты выпадак быў шчаслівым выключэннем. Балачкі баб ля студні дайшлі да вушэй клятчастага чалавека, і той стаў наглядаць на хлопца з пяшчотай, якая ўсё ўзрастала. Такія чуткі, што ні кажы, прыемная рэч для самотнага мужчыны, у якога не за гарамі старасць і якому прафесія прынесла незайздросную славу дзівака.

Хлопец якраз скончыў школу. Жыццё ў хаце ўдавы было не такое і лёгкае. Усе думалі, што Янку Стучэўскаму давядзецца працаваць. Але тут здарылася нечаканае: хлопец паступіў у інстытут, а пацукалоў пасяліўся ва ўдавы. Як выявілася пазней, пацукалоў некалькі дзён хадзіў паўз яе вялікую запушчаную хату з зарослым садам, пры сустрэчах намагаўся нешта сказаць і нарэшце з’явіўся да гаспадыні ўвечары і са звычайнай сваёй прыдуркавата-хітрай усмешкай сказаў:

– Прабачце мне за тое, што я скажу. Але, мне здаецца, хлопчык павінен вучыцца. У яго светлая галоўка. Вы ведаеце, ходзяць плёткі, у якія я, вядома, ні сном ні духам не вінен. Жанчыны – гэта глупства, прабачце. Але рота людзям не замажаш. І я неяк палюбіў хлопца. Няхай здае экзамены, мне хочацца, каб ён быў інжынерам... Стыпендыя ж, кажуць, невялікая, дык няхай ён вучыцца і клопату не мае. Вы пытаеце, чаму я так хачу? Эх, пані, у мяне не было дзяцей, трэба думаць, што і не будзе. А ў хлопца, бачыце, мае вочы... І нос таксама. Так усе кажуць. Мог бы ён быць і сапраўда маім. І потым, калі гавораць, дык няхай ужо гавораць недарэмна. У мяне ёсць такія-сякія грошы. Толькі я хітры. І мне гэта будзе зручна, бо калі вы дазволіце я пасялюся ў вашай садовай лазні.

Не ведаю, як ён угаварыў яе. Але ён сапраўды пасяліўся ў лазні, што схавалася ля яра ў бузіне і крушыне, а пасля, з восенню, перайшоў у дом. Жаночае сэрца схільна шкадаваць, іншым нават здаецца, што менавіта гэта галоўнае ў ім.

Яна прала на яго, карміла, цыравала яго шкарпэткі. Купіла нават аднойчы яму гарнітур, але ён паслаў яго хлопцу, “сыну”, і з упартасцю вала хадзіў у тым самым клятчастым строі, на якім жывога месца не было ад лапікаў. Калі ў яго пыталіся, нашто ён, маючы грошы, так ходзіць, ён адмоўчваўся, але бацьку майму аднойчы сказаў:

– Не той цяпер час, як тады, калі я быў хлапчуком. Але я не хачу, каб Янка хоць на волас зазнаў таго, што зазнаў я. Мы жылі бедна, маці мая была таксама ўдава. Таму, напэўна, я і атрымаўся такі: сухі, кашчавы, п’янею ад першай чаркі. Таму я і стаў такі слабы і, што казаць, дурнаваты, няздатны ні на што. Мазгі ў мяне не працуюць як трэба. Самыя простыя рэчы я не разумею. А ў мяне ж ёсць сэрца, я таксама хачу быць чалавекам. Гэта, напэўна, вельмі добра – сядзець з жонкаю дзе-небудзь пад грушаю і піць чай... А ў нас, дзяцей, нават портак даўжэй, чым у каго на вёсцы, не было. Аднойчы маці са свае старой спадніцы зрабіла нам, чацвярым, порткі. Мне, малодшаму, яны атрымаліся вельмі вузенькія. Але ж затое сапраўдныя крамныя порткі! Быў вялікдзень. І вось пайшлі мы, дзеці, гуляць. Прыдумалі гульню: хто скокне цераз агароджу, таму фарбаванку. У нас і курэй не было, а скакаў я добра. Хочацца мне фарбаванку. Вось я разагнаўся і – цыб! Пераскочыў і з разгону аж прысеў. Глянуў на порткі, а яны на каленях луснулі і між нагамі луснулі, так што атрымалася двое портак, па адной калошыне на кожнай назе, – і ззаду луснулі.

А зашываць няможна, свята. Так я і прасядзеў увесь вялікдзень у хаце ды горка плакаў. Не дай божа, калі дзецям чаго-небудзь не стае.

Ён зноў усміхнуўся прыдуркаватай усмешкаю:

– Так, атрымаў фарбаванку. Карычневая... Ад цыбульнага лушпіння.

Карней усе апошнія гады перад вайною працаваў, як пчала. Удзень – па хатах, увечары – з рыдлёўкаю ў садзе ўдавы. Ён абшаляваў дом і перакрыў яго новымі гонтамі, пабудаваў уласнымі рукамі веранду, зрабіў у гушчары альтанку і нават “упрыгожыў” яе слупкі вельмі непрыгожай разьбой. Разжыўся недзе саджанцамі добрых яблынь. І калі яго пыталі, нашто гэта, ён адказваў кожнаму адно:

– Тут ён можа спаць улетку... А тут чай піць... Ведаеце, маладому вельмі карысна піць чай, ды яшчэ калі вакол такі вольны дух... А белы наліў, думаеце, не карысны маладому? У-га!

У яго бедных мазгах шчасце атаясамлівалася менавіта з тым, каб сесці пад дрэвам і піць смачны чай. Ды яшчэ калі з варэннем -ого-го!

Гэта былі гады яго залатога шчасця. Карміўся ён добра, нават папаўнеў. Янка, прыязджаючы на канікулы, часта хадзіў з Карнеем у кіно (ісці ўтраіх пацукалоў не згаджаўся, і сын пасля ішоў у кіно з маткай). Мне асабліва падабалася, што юнак не саромеецца гэтага чалавека, што яны пасля кіно разам п’юць па куфлю піва і адукаваны хлопец пачціва слухае блытаныя фразы Карнея.

– Бач ты, як ён яго... закруціў. А той яму на бульбе, значыцца, паказваў, як яно там... ваююць... А гэты, значыцца, вельмі прасіўся. А што ты думаеш, кожнаму стварэнню жыць хочацца. Вось яно, значыцца, і так. Але...

Аднойчы я разрагатаўся, пачуўшы яго тлумачэнні, і тата ўпершыню ў жыцці даў мне па карку. Мне было ўжо дзесяць год, і гэта было вельмі крыўдна.

А бацька сказаў:

– Пабачу я, колькі ты на сваім шляху знойдзеш людзей накшталт гэтага прыдуркаватага Карнея, ёлуп хвашчоўскі!

Але я не зусім паверыў яму. Не толькі я лічыў, што гэта глупства. Сапраўды, якія вялікія пачуці маглі жыць у гэтых грудзях? Ніякія.

Вось на полюс ісці, у нетрах цэнтральнай Афрыкі гінуць у ба-лотах, дзе архідэі і недзе далёка дзікуны б^ць у там-тамы – гэта так.

А тут... пацукоў выганяе чалавек.

Усе былі так упэўнены ў гэтым, што не здзівіліся, калі ён з’явіўся і пры немцах з той самай торбай і ў той самай вопратцы. “Сын” быў адрэзаны фронтам, удаву Карней адправіў кудысьці на вёску і застаўся ў доме адзін.

– Гэта мой дом, – пяшчотна казаў ён, пагладжваючы абсаду акна. – Бачыш, як я адгабляваў!.. І сад пачаў цвісці. Сын ужо інжынер, разумны хлопчык. Іх хутка прагоняць, а ў яго – дом. Прыедзе ён з жонкаю, будзе піць чай пад дрэвам. А калі я кіну дом -яго ж парасцягаюць... Якія ж гэта людзі, яны нічога не пабудавалі. І пацукоў усюды развялося... Хіба гэта гаспадары? Яны дрэнныя людзі, яны нічога не будуюць. А чалавека павінен быць, як пчала... Іначай, што ж застанецца дзецям?

Але хутка “дрэнныя людзі” пачалі і будаваць. Надта ўжо выгаднае, наводшыбе, месца было ля хаты Карнея. Тут табе густы сад, далей – яр, які падыходзіў да рэчкі і густа зарос дрэвамі і хмызняком. Поруч толькі адзін будынак, былы рыбны склад з каменнымі сутарэннямі.

Склад абгарадзілі, накруцілі шмат дроту. Пасля з’явілася ля самага саду Карнея незразумелая рэч, падобная на літару “П”. Гаспадар установы, што пасяліўся ў Карнеевай хаце, быў пажылы, змучаны бяссонніцаю чалавек у акулярах, які сяк-так размаўляў паруску. Прыязджалі сюды і другія, часцей за ўсё па начах.

Карнея выгналі. Ён суцяшаў сябе тым, што цяпер хаты ніхто ўжо не кране. Будзе стаяць цалюткая, як рэпка. Але ён кожны дзень хадзіў туды, пакуль яго не ўзяў нейкі падазроны вартавы. Афіцэр, даведаўшыся, у чым справа, доўга рагатаў і дазволіў Карнею жыць у старой лазні. Яму нават выдалі “аўсвайс”.

Жылося яму голадна: было не да пацукоў. Але ён быў задаволены, што жыве ля сваёй хаты, што пан не псуе яе, што яна застанецца цэлай. Аднойчы яго паклікалі да ганка, і там новы гаспадар паказаў яго гасцям.

– Бачыце, тубылец. Галава, як стаўбун. Рад, што я тут – бо хату не запаскудзяць. Сказаў, што цяпер горш, бо пацукоў не ловяць. Разбіраецца, бачыце, у палітыцы. Што ў гэтых пячорных мазгах можа быць?! І гэта называецца чалавек. Дэгенерат! Добра што хоць не шкодны... Ну ідзі, ідзі...

Карней пайшоў. Ён не пакрыўдзіўся. Ён не ведаў, што такое “дэгенерат”. Так ён хадзіў па горадзе. Бачыў надпіс “Зараза!” вакол лагера. Бачыў, што ў горадзе мала людзей, што з яўрэйскіх кладоў часам нясе тлустым дымам. Але ўсё гэта праходзіла паўз яго. Мазгі Карнея здатныя былі рэагаваць толькі на тое, што адбываецца вось тут, на яго вачах.

Пачынаўся зазімак. У лазні рабілася холадна.

Аднойчы на світанні нешта штурхнула яго ў сэрца. Сам не ведаючы чаму, ён занепакоіўся. Потым гэта невядомае прымусіла яго апрануцца і выйсці з лазні. Ніхто чамусьці не затрымаў яго, і ён дайшоў да самай ускраіны саду і ўбачыў там вялізную літару “П”, а ля яе людзей. Людзі рабілі нейкую звычайную сваю работу. Гаспадар хаты стаяў, пазяхаючы, непадалёку ад другога афіцэра, які чытаў з маленькага лістка. Было яшчэ некалькі людзей у зялёным і жанчына, якой толькі што абрэзалі косы ў вялікі папяровы пакет. Жанчына стаяла і нібы нешта глытала, хоць ежы ў яе не было відаць.

Афіцэр павярнуўся і заўважыў Карнея.

– А-а, аўтахтон. Ну-ну, падыходзь. Бачыце, панове, вось і паняты з’явіўся.

Ён амаль любіў гэтага недапечанага чалавека (дрэнныя людзі любяць таго, хто ніжэй за іх) і размаўляў з ім заўсёды паблажліва і ласкава. Але другі афіцэр, той, што чытаў, сказаў яму нешта, і гаспадар занепакоіўся.

– І сапраўды, хадзем адсюль. Давай, давай.

Яму, відаць, вельмі хацелася дадому. Ён хранічна недасыпаў, гэты чалавек. Таму ён з радасцю пакінуў свой пост і павёў Карнея прэч.

– Што гэта тут робяць гэтыя людзі? – спытаў пацукалоў.

– Вешаць будуць. Злачынцаў, – ляніва адказаў афіцэр.

– Як вешаць? – здзівіўся Карней.

– А так, за шыю.

– Вешаць? За што? – Карней занепакоіўся. – І дыхаць нельга?

– Чаму нельга? Льга. Т олькі не ротам.

І раптам пацукалоў загаварыў разважліва і павучальна:

– Няможна вешаць людзей за шыю, пан. Шыя дадзена, каб дыхаць. Іначай нельга дыхаць... Хіба можна так, за шыю? Няможна вешаць людзей. Яны людзі. Яны хочуць есці, піць ваду і піва, плаціць мне грошы, что я выганяю пацукоў. Нашто ж, замест таго каб шкадаваць людзей, раптам – за шыю? Шыя чалавеку не дзеля гэтага дадзена.

Афіцэр з цікавасцю паглядзеў на яго.

– Што гэта ты вярзеш, дурань? Марш адсюль!

Але Карней не пайшоў. Ён стаў ля афіцэра і пранікнёным, вельмі цвёрдым тонам сказаў:

– Яна ж памрэ, праўда? Пане, злпуйцеся над ёю, пашкадуйце яе. Яна ж чалавек, як і вы...

Афіцэр маўчаў. Напэўна, думкі яго былі ў гэты момант далёкімі ад устава. Вялізная вайсковая машына – і тут прыдурак. Урэшце ён паўтарыў яшчэ раз:

– Марш, дурань!

Пацукалоў глянуў назад. Жанчына ўжа вісела, а адзін салдат, абхапіўшы яе ногі, цягнуў уніз.

Карней жаласна застагнаў і пайшоў прэч. Сэрца яго аблілося крывёй.

У тую ноч абурыўся ўвесь яго маленькі свет, дзе людзі жывуць, смяюцца над ім, плацяць яму грошы, дзе дзеці любяць яго, дзе пацукі баяцца касталом-травы.

Ён пачаў унікаць афіцэра, але хутка яго паклікалі ва ўласны

дом.

Справа была ў тым, што пацукі з разбуранага бровара, дзе яны раней жывіліся, кінуліся ў суседнія дамы, асабліва ў тыя, дзе была ежа. Атрута не памагла. Тады звярнуліся да яго, і “тубылец” нечакана згадзіўся, толькі папрасіў тры дні, да суботы.

– У суботу пан будзе гуляць у карты спакойна, пад падлогай ніхто не будзе шарудзець. А што доўгі тэрмін, дык шаптаць такому пану – не простая справа... У простага мужыка і пацук, значыцца, просты і выгнець яго проста... А тут пацук адгадаваны і шкодны.

Пасля многа гутарылі пра тое, што нехта бачыў пацукалова за горадам, на дарозе, у кампаніі з нейкай кабетай, якая вельмі нагадвала ўдаву Стучэўскую. Яна штосьці гаварыла, а пацукалоў адказаў толькі раз:

– Не ведаю. Галава ў мяне такая... Самыя простыя рэчы не разумее.

Пасля яны пастукалі ў нейкі домік на ўскраіне і доўгі час сядзелі там. Пацукалоў пабываў там яшчэ раз і выйшаў адтуль, моршчачы лоб.

Таго самага дня ён пабываў ва ўласнай хаце, стаяў там на ка-ленях і шаптаў тое, што шаптаў тысячу разоў: “Цар пацучыны, вета-хавы, цёмны, выходзь... на балаты... там... на пясок рассыпайся...”

Ён папрасіў дазволу прыйсці ў суботу ў шэсць гадзін для канчатковай замовы.

У той дзень выпаў першы сталы снег. Дом і сад выглядалі такімі прыгожымі пад белымі, мяккімі падушкамі.

І калі пацукалоў у суботу прыйшоў другі раз, ён доўга стаяў ля хаты, гледзячы на яе прагнымі вачыма. Торба вісела ў яго цераз плячо, стуль выглядалі сцябліны травы. А вусны ўсё шапталі нешта.

Пасля ён выцер кулаком сухія вочы і хутка пайшоў да ганка. Салдат і паліцай з мясцовых адвялі яго ў сталовую.

– Зараз папросіць пакінуць аднаго, – сказаў паліцай. – Гэта ўжо заўсёды так.

Ён, сапраўда, папрасіў і, калі яго пакінулі, стаў на калені ў кут, да вялікай пацучынай пары. Вусны яго шапталі. Ён дастаў з торбы вялізны пучок касталом-травы, залез у яго пальцамі і, да болю моршчачы лоб, на невялічкім металічным прадмеце перавёў невялічкую стрэлку на лічбу дзевяць. Пасля апусціў усё гэта ў знарок пашыраную дзірку і забіў яе дошчачкай. Перайшоў да наступнай дзіркі – і там паклаў пучок травы. Затым паклаў яшчэ ва ўсе норы. Ён прабавіўся так з гадзіну.

Пасля, ля выхаду, яго затрымалі і павялі ў кухню. Ён пава-гаўся, але пайшоў. Тут яго не пакінулі аднаго, бо так патрабаваў парадак. Усе з цікавасцю глядзелі, як ён піхаў траву ў норкі і шаптаў свае дзікунскія замовы.

Кухар нават панюхаў траву, і пацукалоў спытаў, ці добра яна

пахне.

Спяшацца было нельга.

Ля дзвярэй яго зноў затрымалі, бо ён павінен быў адчытацца перад самім гаспадаром, а той яшчэ не прыехаў. Пасля ён прыехаў, а з ім яшчэ шэсць чалавек, сярод іх дзве дзяўчыны.

– Я ўсё зрабіў, пане ласкавы, – сказаў пацукалоў. – Вы будзеце вельмі спакойна спаць... І вашы цнатлівыя паненкі таксама.

Яны засмяяліся, а новы гаспадар даў яму каляровую паперку. Пацукалоў узяў яе і скамячыў у далоні. Т олькі выходзячы, ён зірнуў на насценны гадзіннік. Маленькая стрэлка прайшла палову дарогі ад лічбы, падобнай да парсюковага хвосціка.

Ён выйшаў і пабрыў па снезе, не аглядаючыся назад. Ён ведаў, калі азірнецца і пабачыць веранду, дзе хлопчык піў чай, і акно таго пакоя, дзе хлопчык спаў, то можа вярнуцца. Каб разам... У хлопчыка быў такі неспакойны сон.

Пацукалоў пайшоў напрасткі. Ён спусціўся на лёд рачулкі паўз сваю лазню, пасля выбраўся на стромы супрацьлеглы бераг, чапля-ючыся за голы хмызняк. Т ам ён спыніўся на ўзгорку і стаў чакаць пад халоднымі зорамі. За спіною ў яго чарнеў недалёкі лес, куды цяпер ляжаў яго шлях.

Час цягнуўся надта-надта доўга.

І раптам за рачулкай нешта грымнула, ірвануліся ў паветра языкі полымя. Дом яго, лепшы на свеце, свой дом, палаў як свечка. Зарыва клалася на снягі. Яны сталі ружовымі. Ад складаў беглі маленькія чорныя фігурку, але трапіць у дом яны не маглі. Мітусіліся вакол, сутыкаліся, беглі назад.

Чалавек на высокім беразе ўпаў на калені ў снег, заплакаў, выціраючы вочы лапленым рукавом, пасля засмяяўся:

– Пацукі! Дальбог, пацукі. Я яшчэ ніколі не бачыў такіх тлустых.

Як звяргаюцца ідалы


Алёнцы год і дзевяць месяцаў.

Але яна ўжо зусім вялікая дзяўчынка. Лічыць жа ж трэба не па ўзросту, а па тым, што ты паспеў зрабіць. А яна ўжо чалавек, таму што даўно навучылася прама хадзіць. І яшчэ навучылася так-сяк выказвацца, і сваякі, ва ўсякім разе, яе разумеюць.

І яшчэ адно, самае галоўнае: варта каму-небудзь зрабіць выгляд, што ён замахваецца на ката, сабаку альбо чалавека, – і адразу гучыць адчайдушна-ўмольны віск:

– І цеба.

Гэта азначае “не трэба”. Значыць, галоўнае, з чаго складаецца чалавек, ужо ёсць.

У Алёнкі вялізныя, як сподкі, сінія вочы, ніжняя губка чапялою (адразу бачна, што характар будзе злёгку фанабэрысты і самастойны), тугое, як мячык, цельца і ножкі, якія цэлы дзень тупаюць па доме, садзе і гародзе.

Гэта тып дзіцёнка-шкодніка. І гэта вельмі добра, таму што менавіта з такіх атрымліваюцца потым вартыя чагосьці людзі.

У Алёны ёсць мама, прыгожая распаўнелая жанчына, бацька, які застаўся ў іх горадзе, каб лётаць на “малётах”, дзед і бабуля, якія душы ў ёй не чуюць.

Акрамя таго, у яе ёсць яшчэ дзядзька, які зашмат думае над светавымі праблемамі.

Гэты дзядзька больш за ўсё любіць важдацца і няньчыцца з ёю і, адчуваючы на каленях яе цеплыню, шмат успамінае.

І тады твар яго робіцца змарнелым і пяшчотна сумным. А бабуля, пабачыўшы гэта, спяшаецца прайсці паўз яго, быццам не бачыць, і аб нечым размаўляе з дачкою, маткай Алёнкі. Часам маці Алёнкі не вытрымлівае і адбірае ў дзядзькі дачку.

– Чаго ты тут век з ёй сядзіш?

– Бо сваіх няма.

Дзед, дзядзькаў бацька, сядзіць пад бэзам у крэсле, і па яго аб-ліччы прабягае цень. На яго тонкіх вуснах з'яўляецца гумарыстычная складка:

– А ты б зрабіў, як адзін сялянскі Рамэа: “Я за ёю ўпадаў, а яна на мяне і пляваць не хацела. Дык я ў царкву прыйшоў і ёй у кішэнь мёрзлых конскіх каўцюшкоў наклаў”. Вы ж, цяперашнія, усе такія.

У Алёнкі ўжо ёсць усе задаткі будучай жанчыны.

Вось яна сядзіць на руках у мамы, а дзядзька цягне да яе рукі і варушыць пальцамі. Яна нерашуча адрывае ад мамы цельца і, выгнуўшы спіну, цягнецца да яго. І раптам – шырокая ўсмешка на твары, і дзіця зноў кідаецца на шыю маці, хаваецца. З-за пляча выглядае толькі гарэзлівае, круцельскае сіняе вока. Яно з радасцю назірае за выцягнутым абліччам дзядзькі.

І так без канца.

0 Божа літасцівы, пакутаваць вам, мужчыны, ныня і прысна і давеку!..

Тупае яна па кветніку, а дзядзька сядзіць і думае. Шмат што прыпамінаецца яму. І галоўнае, вайна.

Дзядзька не без падставы лічыць, што людзі зямнога шара пакутуюць толькі з-за страху. З-за страху бяжыць у атаку каланіяльны салдат, з-за страху адрываюць з рота ў галоднага дзіцяці хлеб і нясуць яго на алтар бога, які ў гэтым зусім не жадзён.

Дзеля страху кленчаць, дзеля страху тысячы такіх вось дзяцей па ўсёй зямлі ператвараюцца ў ваўкоў і гадзюк.

Над светам стаіць “Нешта”. І палова людства баіцца яго, хоць варта было б толькі ўсім людзям як адзін сказаць “не хачу”, і гэтае ідалішча развеялася б дымам.

У дзядзькі ад гэтых думак баліць галава, нараджаецца нявер'е ў сябе і ў род чалавечы.

У Алёнкі таксама ёсць свае страхі. Яны, праўда, – маленькія, але хіба для такога кураняці шмат трэба?

Гэты страх – Пыласос!

Даўно, да прыезду ў гэты дом на адпачынак, ім на кватэру прынеслі падобнае на чарапаху страшыдла. І з таго часу яно напаўняла сваім трэскам пакоі.

Яно бурчала і паўзло, як жывое.

1 дзікі, нечалавечы жах апаноўваў Алёнку. Яна нават не крычала, яна глядзела ў адну кропку і дрыжала ўсёй скурай.

Нарэшце дарослыя заўважылі гэта і сталі выносіць малое на вуліцу пад час работы страхоцця, але адразу, з усёй жорсткасцю дарослых, выкарысталі гэты страх.

Прывід Пыласоса вісеў над Алёнкай і тут.

Захочацца пайсці ў кусты і надзерці там поўныя жмені зялёных парэчак – і адразу ж гучыць грозны голас:

– Нельга. Пыласос!!!

Вочы яе адразу акругляюцца і застываюць. Рукі з ружовымі танюсенькімі пальцамі закладваюцца за спіну і там шаруюцца адна аб адну. Яна паварочваецца і непаслухмянымі губамі паўтарае:

– Там... пасёсь.

І глядзіць на маці вялізнымі вачыма.

Гэтыя вочы так нагадваюць дзядзьку другія вочы, што ён увесь уздрыгвае ад глыбокага і цёпляга прыліву пяшчоты. Потым адбываецца размова з сястрой:

– Не смей яе палохаць.

– А ты сам тады глядзі за ёю ўвесь дзень. На ёй скура гарыць.

– Ну і дзякуй Богу. Можа, я гэтых парэчак не еў у дзяцінстве? Або ты? Усе гэтыя твае стрэптакокі – у стэрыльных бальніцах. А там, дзе бабы на полі бульбу капаюць, – аб іх і не чулі.

– Не ты ёй маці, а я. Мне і меркаваць.

Дзядзька маўкліва згаджаецца з бясспрэчнай ісцінай.

І зноў цэлымі днямі гучыць над дзіцёнкам імя страхоцця.

– Не хадзі туды, не рабі гэтага, не рві таго!

– Пыласос! Пыласос!! Пыласос!!!

Проста невыносна. Дарослы – і той бы з'ехаў з глузду ад такога, а тут жа маляўка.

Дзядзька сядзіць і думае. У кожнага ёсць свой Пыласос. І гэты Пыласос робіць з разумнай, гордай, прыгожяй істоты, створанай для радасці і мастацтва, – пакорлівую жывёліну.

А сад такі гожы, столькі ў ім нябачных пладоў, столькі хмызня-коў і травяных зараснікаў. Ідзі па ім, тупай пакуль яшчэ слабымі нагамі. А ягады такія празрыстыя, такія сагрэтыя сонцам. Сонца пранізвае іх навылёт, нараджаючы ў каламутнай глыбіні невыразныя контуры семачак. Куст кліча да сябе, як дрэва пазнання. Ідзі ж, ідзі!

– Пыласос!!!

І закладваюцца назад рукі. А родныя вочы, сінія – як у той -застываюць. Напэўна, і тую, іншую, многа палохалі. Якіх жа намаганняў каштавала ёй вырасці такой, як яна ёсць!

І вось аднойчы, калі брат і сястра сядзяць поруч і брат выказвае свае невясёлыя думкі, з-за вугла дома выплывае касалапым упэўненым крокам круглая Алёнка.

Жывот – наперад, рукі за спіною, на тварыку стрыманы і прытворна раўнадушны выраз.

Яна тупае гаспадарскім, паважным крокам.

Вось падышла зусім блізка да маці, паклала ёй на калені кулачкі, расшчапіла іх.

На яе далонях ляжыць дзесятак зялёных парэчак.

І адразу яе мордачка робіцца круцельская, хітрая.

– Мама. Пасёсь.

І тут дзядзька не вытрымлівае. Ён хапае яе на рукі і шалёна цалуе ў брудныя лапкі, у шчокі, у хітрыя вочы.

– Дачушка ты мая! Дзіця ты маё чалавечае!

Блакіт і золата дня


Вясною палескія рэкі пачынаюць цячы назад, да вытокаў.

Толькі адна Прыпяць з цяжкасцю гоніць да Дняпра талыя воды, заліваючы на дзесяткі кіламетраў палі і лясы.

Застаюцца толькі вёскі на выспах ды рэдкія барліны са стагамі сена ці шумлівым вяселлем. Часам – кірмаш на чаўнах, з'яднаных масткамі, плывучы кірмаш, што павольна набліжаецца да далёкага сяла.

Пахнуць добрым малаком каровы, коні баязліва касавурацца за борт фіялетавым, напружана-разумным вокам.

– Ну вас да д'ябла. Яшчэ патонеш тут з вамі.

Адзін такі кірмаш, па-палеску стрыманы, жартаўлівы і трохі п'яны, спазняўся з прыбыццём у сяло на цэлыя два дні.

Бяда была ў тым, што па дарозе, у вёсцы Разбіты Рог, старшы загуляў і зманіў з сабою на бераг усіх мужчын, усіх стырнавых.

Бабы паспрабавалі плысці далей адны, але мужыкі, раззлаваўшыся, дагналі іх і зноў паставілі ўвесь кірмаш – сто пяць чаўноў – на прыкол да сыпучай выспы, на якой стаяла вёска.

– Падумаеш, вельмі ім трэба спяшацца. На вялікдзень яны, бачыце, у Карпілавічы не паспеюць. А нам і тут добра.

Бабы хацелі былі пратэставаць, але з чаўноў узнялі такую катавасію, што яны толькі плюнулі.

– Няма на вас, нячысцікаў, управы.

– А што ўправа? Можа на тое, каб вы фарбаванкі свянцілі?

Цяпер мужыкі і самі разумелі, што ўчынілі дрэннае, але гонар

перашкаджаў ім прызнацца ў гэтым. І таму яны, даволі пахмурныя, налягалі на шасты і вёслы, спяшаліся, хоць усім было зразумела: спазніліся.

Усе былі не ў гуморы: мужчыны – з пахмелу, жанчыны – ад крыўды. Т олькі адной дзяўчыне – а было ёй год васемнаццаць – усё было хоць бы што. Яна сядзела на носе аднаго з пярэдніх чаўноў і ўсміхалася такой светлай усмешкай, што і сляпы ўсміхнуўся б ёй у адказ.

Празрыстыя славянскія вочы, – быццам майскае неба ў ранішнім тумане, – тупы носік, румяны рот з мяккімі ямачкамі ў куточках вуснаў. І лепей за ўсё была каса. Т аўшчынёю з руку, залацістая, як сухі ліст каштана.

Хустку дзяўчына скінула і разаслала на каленях, бо сонца ў гэты дзень нечакана прыгрэла, і па вадзе скакалі залатыя іскры, ад якіх моршчыўся нос і хацелася чхаць.

З-пад хусткі была відаць клятчастая спадніца, пад ёю другая

– белая. І ўсё на гэтым дзеўчаняці ляжала так ладна. І так забаўна жмурыліся ад сонца і ленай млявасці яе вочы, што кожны сказаў бы:

– Вось каму жыць добра.

А жыць было на самай справе добра! Наперадзе далёкая дарога сярод затопленых лясоў; верхавіны дрэў, што плаваюць у блакітнай смузе; дрымотныя крыкі пеўняў над вадою.

Куды было спяшацца? Наперадзе – жыццё. Аднаго не хапала: каб падышоў нехта ззаду, вялікі, цёплы, як сон, абняў за плечы і прынік шчакою да скроні.

Раней і думаць аб гэтым было страшна. І мужа яна ўяўляла сабе не іначай, як чужога хлопца, з якім трэба сядзець на покуце і, немаведама чаму, цалавацца.

А вакол зялёныя шклянкі і чырвоныя твары.

Але адышло насланнё, прыгрэлі промні, заказыталі ў носе. Захацелася скруціцца ў іх цеплыні, як котка.

І каб нехта гладзіў.

Вясна ўсё ж прыйшла, першая і апошняя такая. А можа і не апошняя. А дарога па разводдзі, сена, што плыве поруч з вялікімі чаўнамі, вячэрнія песні дапамаглі вясне.

І ніхто, нават маці, не разумела, што здарылася за гэтыя дні дзіва: узышла на бацькоўскую байду калючы і рэзкі падлетак, а цяпер плыве дарослая дзяўчына, што ўсё зразумела нейкімі глыбінямі душы.

Быццам зямля.

Драмала яна пад расталай вадой, была вязкая і спакойная. І раптам, сагрэтая сонцам, стала мяккай і цёплай, разварушыла ў сабе парасткі і толькі таго і чакае, каб прайшоў нехта, са свістам шпурнуў з сявенькі васковыя зярняты, – і песня жаўрука прывітае яго прыход.

І цеплыня. І знямога. І крыкі пеўняў.

– Прыйдзі, сейбіт!

Нічога такога яна не магла б расказаць. Яна магла толькі ўсміхацца, склаўшы рукі на каленях.

Нават маці не зразумела б гэтага. Як поле, якое ўсё аддало, не можа зразумець поля, якое чакае.

Яна і не разумела, а толькі бурчала на жаўтавусага мужа, лічыла грошы ў хусцінцы, пераклікалася з суседкамі на другіх чаўнах.

І, як заўсёды вядзецца ў вельмі занятых жанчын, першай прыкмячала, што трэба і што не трэба.

Яна першая заўважыла лёгкі доўблены човен, вельмі вялікі і вёрткі. Човен выслізнуў з гаю, што стаяў па пояс у вадзе, і лёгка стаў даганяць непаваротлівую флатылію.

На карме сядзеў чалавек у шэрай ваўчынай шапцы і спрытна арудаваў адным вяслом.

– Хто ж гэта такі? Наталька! Наталька! Ну, зірні сваімі вачыма...

Дзяўчына павярнулася і з усмешкай, што ўсё яшчэ гуляла на яе вуснах, нездаволена сказала:

– Юрка з Выселкаў вяслуе.

І зноў адвярнулася. Т аму што гэты Юрка зусім ёй не падабаўся. Увесь нейкі тугі, як спружына, вочы гарэзлівыя. І заўсёды скаромныя жарты на языку. І заўжды на бойку лезе. Без дай прычыны, проста так: пабачыць, што дзве кампаніі б'юцца, абярэ тую, у якой аднаго чалавека не хапае, – і давай.

Ды і не гэта ў ім самае дрэннае. Вочы ў яго трывогу наводзяць. Няладныя яны, не такія, як у астатніх.

Гэтай зімой ён паспрабаваў быў у сенцах абняць яе. Ёй было смешна, што ў яго дрыжаць рукі, што ён так няроўна дыхае.

І ўсё ж яна ўзвілася на дыбкі, як неаб'езджаны конь.

Людзі ў хаце чулі толькі, як грымнулі вёдры і ўпаў каромысел.

Калі яна ўвайшла ў хату, дзе сустрэлі яе песні скрыпкі, пералівы гармоніка і ўздыхі бубна, нехта спытаў яе:

– Што гэта там упала?

– Юрка вёдры зваліў. П'яны прыцягнуўся. – І прыбавіла: – Угаварыла, каб дадому ішоў.

Яе твар быў такі непранікнёна спакойны, што ўсе паверылі.

І вось цяпер яна злавала, што новы чалавек парушыць гэты сонны, гэты бяздумны і лянівы спакой.

А Юрка тым часам стаў на ногі і ўхапіўся за борт бліжэйшай байды карычневай ад загару рукою.

Човен глуха стукнуўся аб байду. Яго прывязалі. І тады Юрка нахіліўся і лянівым рыўком ускінуў на плечы двухгадовага секача, ашчаціненага, брудна-бурага, са злосна ашчэранай мордай.

Гуляючы, кінуў яго на байду.

– Ану, наваліся, таечкі. Разабраць адразу ж. Мужыкоў накарміць. Усё адно да горада сапсавацца можа.

Бабы з захапленнем загалёкалі над тушай. А Юрка глядзеў на іх падазрона-спакойнымі вачыма.

– Нашто ж квахтаць? – сказаў ён нарэшце. – Добра каб япрук, а то ж так, нядаўна з галавасцікаў выйшаў.

Галавасцікамі ён называў галавастых дзікіх парсюкоў.

– Ну, гэта ты не кажы, – сказаў Наталін бацька, – добры дзік. Бач, іклы ўжо якія!

– Добра, давайце, бабы. Т ады ўжо і мне адваліце смажанага. Бо ў мяне ўвесь хлеб скончыўся, паміраю з голаду.

Ён нагнуўся ў чаўне. І раптам бабы з віскам кінуліся ў бакі.

Над бортам байды з'явілася круглая галава рысі з грэбліва адкрытай пашчай, белазубай і крывава-чырвонай.

Вушы на галаве былі шчыльна прыціснуты, вочы – прымружаныя. У тую ж хвіліну паказаліся грудзі, моцныя лапы.

Рысь, здавалася, упаўзала ў байду.

І адразу ж над ёй вырасла галава Юркі. Ён рагатаў. У шэрых вачах хітрыкі, рудаватыя валасы хвалямі падаюць на лоб.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю