355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Бернар Клавель » Бацькава падарожжа (на белорусском языке) » Текст книги (страница 6)
Бацькава падарожжа (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 28 сентября 2016, 22:37

Текст книги "Бацькава падарожжа (на белорусском языке)"


Автор книги: Бернар Клавель


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 6 (всего у книги 8 страниц)

– А якi вам патрэбен?

Кантэн не ведаў, што адказаць. Тады мужчына ў белым кепi сказаў:

– Гэта залежыць ад таго, якi вам патрэбен. Напрыклад, вы згубiлi рэч, то вам трэба iсцi на вулiцу Сэн-Жан.

– Не, – прамовiў Кантэн, – гэта справа асабiстая i тэрмiновая.

– Вы не адсюль? Нетутэйшы?

– Але.

– Значыць, вам трэба iсцi ва ўчастак. Плошча Антанэн Пансэ. Вы ўбачыце самi, гэта побач з паштамтам, калi iдзеш у бок Рэйна.

Паставы вызвалiў руку з-пад пелерыны i паказаў Кантэну кiрунак, у якiм трэба iсцi. Кантэн выслухаў яго тлумачэннi, падзякаваў i пайшоў.

Цяпер на вулiцах народу было менш, i ён мог крочыць шпарчэй. Кантэн ступаў шырока, часта перахоплiваў пакунак то адной, то другою рукой, раз-пораз папраўляў капялюш, якi спаўзаў з мокрай галавы. Iдучы, ён ледзь стрымлiваў у сабе гнеў. Гэты гнеў надасць яму сiлы, калi ён скажа палiцэйскаму: "Я шукаю сваю дачку-прастытутку". I ён ведаў, як нялёгка будзе сказаць гэта. Ён зразумеў гэта яшчэ тады, калi звярнуўся да паставога i не змог растлумачыць, чаго ён хоча.

Чаго ён хоча? Ён хоча знайсцi сваю дачку Марыю-Луiзу. Дзяўчынку, якую ён адну адпусцiў у гэты вялiкi горад, а яна згубiлася. Што з ёй тут здарылася? Невядома! Хто вiнаваты? Можа, гэты агiдны Раберцi альбо гэта жанчына з блакiтнымi валасамi? Трэба iх арыштаваць? Кiнуць у турму? А разам з iмi i гэту шлюху, што жыве на адной лесвiчнай пляцоўцы з Марыяй-Луiзай? Можа, якраз яна i сапсавала малую?

– Добрая сяброўка... Мне будзе не хапаць яе...

Яна сама, вiдаць, не раз абкрадала яго дачку. А выдумала пра нейкага злодзея. Кантэну карцела пабiцца з кiм-небудзь. За некалькi хвiлiн ён ператварыўся ў зусiм iншага чалавека. Цяпер ён глядзеў на сустрэчных з нянавiсцю. Кантэн спадзяваўся ўгадаць на iх тварах нейкую вiну. Усе маладыя хлопцы здавалiся яму злодзеямi i мелi звычкi сутэнёраў. Чаму фараоны не арыштуюць усю гэту сволач? Чаму гэтыя падонкi гуляюць на волi? Каб псаваць сумленных дзяўчат? А фараоны не звяртаюць нават увагi на iх. Яны стаяць побач па двое, па трое на рагу вулiц i толькi перашкаджаюць вам пераходзiць там, дзе вам пажадаецца. А ў гэты час, замест таго каб займацца справай, дзяўчаткi гандлююць сваiм целам. Кажуць, што i сярод палiцэйскiх ёсць сутэнёры. Цяпер Кантэну няцяжка ў гэта паверыць. Але калi яно сапраўды гэтак, цi можа ён тады спадзявацца на дапамогу камiсара палiцыi?

Па меры таго як Кантэн наблiжаўся да плошчы Пансэ, у яго галаве ўзнiкала тысяча довадаў наконт таго, каб не ўблытваць у гэту справу палiцыю.

А што, калi ён памылiўся? Калi яго ашукалi? Можа, Марыя-Луiза ўжо адумалася? Можа, яе трэба вылаяць як след? Можа, турма гэта ўжо занадта?

Ён раптоўна спынiўся. Яго позiрк слiзгануў па вулiцы, па незнаёмых тварах прахожых. Кантэн доўга глядзеў на ўсё гэта, потым апусцiў голаў. Яго палiто было расшпiленае. Пад iм быў вiдаць жылет, спераду якога матляўся тоўсты срэбны ланцужок гадзiннiка. Штаны былi пакамечаныя. На чаравiках выступiлi шэрыя плямы солi.

А калi камiсар палiцыi папытаецца, што ён, Кантэн, зрабiў дзеля таго, каб абаранiць сваю дачку? Уберагчы яе ад горада? Ад гэтай пачвары?

Слова "пачвара" зноў навяло яго на роздум аб настаўнiку. Цяпер усё скончана. Нават калi яна i вернецца з бацькам дадому, яна нiколi не выйдзе замуж за настаўнiка. Навошта шлюха сумленнаму хлопцу? Калi яна вернецца, яна будзе...

Кантэн не ведаў, што яна будзе рабiць. Ён не ведаў нiчога. Больш нiчога. Як толькi ён перавёў позiрк з iншых на сябе, яго гнеў растаў вокамгненна. У галаве было пуста, ногi дрыжалi, як i тады, калi ён стаяў перад дзвярыма Марыi-Луiзы. У грудзях халадзела. I гэты холад быў мацнейшы, чым на вулiцы.

Кантэн павольна павярнуўся i пайшоў у другi бок.

Горад быў далёка. Ён згубiўся за бясколерным экранам, якi схаваў усё: фарбы i пякельны грукат, што нагадваў дыханне магутнай пачвары.

18

Ён доўга крочыў проста так, без мэты. Нарэшце выйшаў да ракi, пайшоў уздоўж яе, але яго нiчога не займала. Позiрк не спыняўся нi на чым, i нiчога не знаходзiла водгуку ў яго сэрцы.

Толькi ўвесь час прыходзiла ў галаву фраза:

– Марыя-Луiза – працаўнiца... Гэта не тая дзяўчына, якая бавiцца.

Гэтыя словы паўтаралi розныя людзi. Хто сказаў iх першы, прастытутка з пятага паверха цi родная мацi Марыi-Луiзы?

Iзабэла таксама часта казала, што яе старэйшая дачка вельмi працавiтая, вельмi ўпартая ў дасягненнi сваёй мэты. Яна сама надумала паехаць у горад. Мацi лiчыла, што так будзе для яе лепш. Марыя-Луiза сама адштурхнула ад сябе настаўнiка. Яна паставiла сабе вышэйшую мэту. Бо яна ж гэткая ўпартая! Яна не будзе марна трацiць гэтулькi часу, каб зноў вярнуцца ў глуш! Навошта ёй дабiвацца становiшча, каб потым скончыць жыццё на кухнi вясковага настаўнiка? Навошта атрымлiваць прафесiю артыста, каб потым латаць шкарпэткi? Варта толькi паглядзець на падарункi, якiя яна прысылала сваёй сястры, каб уявiць, якога становiшча яна дамаглася. I ўсё адна! Простая сялянская дзяўчына! Яе бацька нават пальцам не варухнуў, каб дапамагчы.

Кантэн паўтараў гэтыя словы, жаваў iх, быццам кавалак кары, набраклы горкiм сокам. I чым больш ён жаваў iх, тым больш яны атручвалi яго, быццам былi ядам.

Гэта ён вiнаваты ва ўсiм, раз такое дапусцiў. Ён нiводнага разу не наведаў сваё дзiця. Цяпер што, бiць яе? Лаяць? Забраць адсюль сiлай i завезцi дадому? А можа, яна засмяецца яму ў твар? Бо ён жа нiколi не патурбаваўся нават, каб даведацца, як яна жыла з таго часу, як пакiнула бацькоўскi дом.

У яго галаве ўсё перамяшалася: i словы прастытуткi, i словы яго жонкi, i словы кансьержкi, i словы жанчыны з блакiтнымi валасамi, i словы дзяўчыны з салона Раберцi. Яны ўсё больш i больш пераконвалi яго, што Марыя-Луiза загубiла сябе.

Ён марна шукаў слоў, якiя б маглi суцешыць яго, даць хоць невялiчкую надзею. Такiх слоў не было.

– У Фернана... Апоўднi... Часам яна там бывае. Магчыма, вам пашанцуе.

Гэтыя словы сказала светлавалосая прастытутка. Цяпер яны ўсхвалявалi Кантэна.

– Мне будзе не хапаць Марыi-Луiзы... Яна добрая сяброўка.

А што, калi гэтая шлюха была толькi суседкай яго дачкi на лесвiчнай пляцоўцы або проста клiенткай, якой Марыя-Луiза рабiла прычоску? I не брала грошай. Таму яна шкадуе Марыю-Луiзу. Шкадуе, што тая паедзе. Значыць, Марыя-Луiза не адчынiла свайго салона. Але калi яна стала прастытуткай, дык навошта ёй пакiдаць Лiён? Тым больш навошта ехаць у Парыж?

Небарака! Няўжо прастытутка будзе гэтак гаварыць пра звычайную суседку?! Няўжо недастаткова таго, як глядзеў на Кантэна гэты малакасос з салона Раберцi? Можа, якраз ён ва ўсiм i вiнаваты, гэты смоўж? З якой асалодаю размазаў бы Кантэн яго агiдную фiзiяномiю!

Кантэн спынiўся. Яму здавалася, што ён зараз звар'яцее, што зараз яго галава лопне, як бурбалка, i ўсё будзе скончана.

I сапраўды, якi ён вар'ят! Пакiнуць родныя мясцiны, каб за адну ноч згубiцца тут, забiць у сабе чалавека, якiм ён быў ад нараджэння. Горад выбiў яго з раўнавагi, i цяпер Кантэн быў гатовы нават забiць чалавека за тое, што той не так на яго паглядзеў. Вось што зрабiлася з iм. I ўсё за тое, што ён палiчыў сваю дачку загубленай. Ледзь усю палiцыю на ногi не падняў.

Як знайсцi ў сабе сiлы, каб супакоiцца?

Кантэн паглядзеў навокал, каб вызначыць, дзе ён знаходзiцца. Невялiкая царква на ўзгорку дазваляла яму лёгка арыентавацца тут. Ён зразумеў, што iшоў у напрамку Пераша, а яму патрэбна была рэстарацыя, якая знаходзiцца побач з тэатрам. Кантэн бачыў тэатр учора вечарам, а таксама зусiм нядаўна. Ён вернецца, ён шпарка пойдзе туды, хоць ведае, што ў яго вельмi мала шанцаў спаткаць дачку ў рэстарацыi ў гэты час. Але гаспадар павiнен ведаць яе, i, магчыма, ён скажа Кантэну, дзе Марыя-Луiза працуе. Кантэн успомнiў, як дачка расказвала, што яна харчуецца ў адным i тым жа месцы. Вiдаць, так яно i ёсць. Як ён пра гэта раней не падумаў.

Чым блiжэй падыходзiў ён да рэстарацыi, тым больш спакайнеў. Апынуўшыся перад шыльдаю "У Фернана", Кантэн зусiм супакоiўся.

Вузенькi ўваход быў зроблены з цёмна-чырвонага дрэва, акенца было напалову завешанае фiранкамi, i калi б Кантэн устаў нават на дыбачкi, ён не ўбачыў бы, што там робiцца ўсярэдзiне.

Раптам у грудзях прачнуўся боль, якi нагадваў маленькага грызуна, што распачынаў сваю работу. Няўжо спакой пакiне яго зноў?

Не разважаючы больш, Кантэн паклаў руку на клямку. Нават вагi яго рукi было досыць, каб дзверы расчынiлiся. Невялiкае памяшканне было пустое. Сталы, засланыя папяровымi абрусамi, стаялi шчыльна, зверху былi раскладзены прыборы. Адразу налева ад дзвярэй знаходзiўся бар.

У зале панавала цiшыня. З дзвярэй, якiя былi ў глыбiнi бара, iшоў пах смажанага мяса.

Кантэн паглядзеў у бок вулiцы. Яму хацелася ўцячы адсюль. Аднак ён не варухнуўся. Дзесьцi нешта грукнула. Потым адчынiлiся i зачынiлiся дзверы. Пачулiся павольныя крокi. З'явiўся дужы чырванатвары мужчына гадоў пад пяцьдзесят, у блакiтным, як у садоўнiка, фартуху. Стаўшы за прылаўкам, ён спытаўся, гледзячы на Кантэна:

– Што, не горача?

– Не.

– Зранку здавалася, што будзе сонечна, але вось зноў хмарыцца.

Чалавек змоўк. Ён абапёрся рукамi на край прылаўка i чакаў.

Кантэн зразумеў, што трэба нечага выпiць.

– Дайце мне шклянку вiна, – прамовiў ён.

– Белага?

– Але, белага.

Чалавек выняў з невялiкага цынкавага бака лiтр белага вiна i налiў шклянку на высакаватай ножцы.

– Не здзiўлюся, калi заўтра пойдзе снег, – дадаў ён, ставячы бутэльку на месца.

Кантэн згаджаецца i падымае шклянку. Яго рука дрыжыць, халоднае вiно цячэ па пальцах. Ён робiць пару глыткоў. Вiно здаецца яму крыху даўкiм. Пэўна, не натуральнае. Лепш трэба было заказаць кубачак кавы. Ён папрасiў вiна, бо гэта было першае, што адразу прыйшло яму ў галаву.

Чалавек зноў абапёрся на свой прылавак. Цяпер ён глядзеў на вулiцу. Ён быў вышэйшы за Кантэна, таму бачыў, што там рабiлася. Але Кантэну было на гэта напляваць. Ён адпiў яшчэ глыток, паставiў шклянку i раптам спытаўся:

– Мадэмуазель Кантэн будзе сёння абедаць у вас?

Чалавек пацёр свой нiзкi лоб i спытаўся ў сваю чаргу:

– Мадэмуазель Кантэн, кажаце вы?

– Але. Марыя-Луiза Кантэн.

Твар чалавека раптам пасвятлеў. Падняўшы руку, ён усклiкнуў:

– Вы маеце на ўвазе маленькую Марыю-Луiзу?!

Кантэн згодна кiўнуў галавою. Чалавек зноў перамянiўся ў твары, неяк дзiўна ўсмiхнуўся, падмiргнуўшы Кантэну адным вокам, потым нахiлiўся да яго i па-змоўнiцку растлумачыў:

– Сказаць па праўдзе, гэта здзiвiла б мяне. Здаецца, яна вельмi занятая цяпер. Па-мойму, на яе ўжо нельга разлiчваць.

Кантэн хацеў нешта сказаць, але ў яго перахапiла дыханне. Выгляд у яго быў прыгнечаны. Чалавек заўважыў гэта i супакоiў яго:

– Нiчога, бацька, не перажывай. З кiм не бывае. Я параiў бы не трацiць марна часу. Я даўно зразумеў, што гэта малая створана не для такога жыцця. Яна заўсёды мела нейкую сваю думку ў галаве. Толькi шукала выпадку. Як кажуць, чакала свайго часу. Мы з жонкай заўсёды казалi, што яна зусiм не такая, як iншыя.

Кантэн паглядзеў на гэтага чалавека, потым на шклянку вiна, пасля зноў на чалавека, якi пачаў расказваць яму пра шматлiкiя якасцi Марыi-Луiзы, якiя дапамагалi ёй выкручвацца ў жыццi.

– Вы ведаеце, многiя жадалi б пакончыць з гэтым. Але iм не хапае таго, што ёсць у яе. Менавiта гэтага iм усiм не хапае.

Чалавек ажно стукнуў сябе па лобе ад захаплення.

Дык, значыць, гэта праўда. Марыя-Луiза дасягнула большага, чым iншыя. Але, Божа мой, у чым? Няўжо i цяпер ён мае на гэты конт нейкiя сумненнi?

Чалавек усё гаварыў.

– Ведаеце, мы бачым тут многiх. Але, паверце мне, такiя, як яна, сустракаюцца рэдка. А потым, гэта яшчэ звязана з узростам. Для большасцi, калi яны пачынаюць думаць, ужо вельмi позна.

Кантэн быццам прырос да крэсла. Кожнае слова чалавека падае ў яго, быццам камень на дно калодзежа. I гэты камень застанецца ў яго душы назаўсёды. Яго цела памёрла. Яно паралiзавана, яно загублена нейкай невядомай гангрэнай. Адзiн толькi розум яшчэ жыве.

Гаспадар кафэ расказваў цяпер пра сяброўства, якое ўзнiкла памiж яго жонкай i Марыяй-Луiзай. Iх адносiны нагадвалi адносiны мацi з дачкой. У гэты момант увайшла гаспадыня. Яна была тоўстая i круглатварая, маленькiя вочкi, быццам свярдзёлкi, упiлiся ў Кантэна.

– Я вось толькi што расказваў пра Марыю-Луiзу, – павярнуўся да яе муж.

Жанчына закiвала галавою. На тлустым падбароддзi ўзнiклi складкi. Яна залапатала:

– Ой, як шкада, што яна паехала ад нас. Але што зробiш... Ёй выпаў шанс. Яна сарвала вялiкi куш. Яе забiрае да сябе важны тып. Яны ўсе, па сутнасцi, мараць аб гэтым, але шанцуе далёка не кожнай.

Зноў умяшаўся гаспадар:

– Кожны будуе сваё жыццё, як можа, толькi не ўва ўсiх атрымлiваецца. А вось за яе я спакойны, яна малайчына.

Яны так гавораць мiж сабою, быццам Кантэна няма тут. Яны ўспамiнаюць першы прыход Марыi-Луiзы, яе расказы пра родную вёску, пра першага гаспадара, якi абыходзiўся па-свiнску з усiмi новенькiмi. Ах, прастытуцыя, прастытуцыя... Каб жа хто ведаў, дзе яна часам хаваецца. Тое, што гэтыя дзяўчаты вымушаны спаць са сваiмi гаспадарамi, цi ж гэта лепш, чым ходнiкi? I нiхто слова не скажа. Вось якая крывадушнасць! Усе гэта ведаюць, толькi выгляду не паказваюць. Але ў Марыi-Луiзы моцны характар. Яна – адчайная галава. У яе хапае розуму, каб абаранiць сябе. Яна нiколi не жадала працаваць на мужчыну. О, гэта патрабуе вялiкай смеласцi!

Кантэн не можа зварухнуцца. Ён прыгiнаецца ўсё нiжэй i нiжэй, быццам трапiў пад моцны лiвень.

Мужчына гаворыць пра гандаль, пра палiтыку i называе ўсё гэта горшай з прастытуцый. Сама вялiкай на свеце. Усе высокiя начальнiкi – хабарнiкi! Дастаткова толькi паглядзець на справы мэрыi або прэфектуры. Там усё нячыста, ён гэта добра ведае.

– Але Марыя-Луiза сапраўды вельмi добрая дзяўчына, – заканчвае гаспадар сваю доўгую прамову.

– Канечне, яна вельмi разумна робiць, – дадае тоўстая жанчына. – Многiя крытыкуюць яе, але я лiчу, што яна мае рацыю.

I яна паўтарае зноў i зноў, як ёй шкада, што Марыя-Луiза паехала.

Заходзiць наведвальнiк. Кантэн машынальна асушае сваю шклянку. Ад вiна ў страўнiку адчуваецца холад.

Цяпер гаспадары размаўляюць з новым наведвальнiкам. Кантэн развiтваецца, дзякуе i накiроўваецца да дзвярэй. Ён ужо кладзе руку на клямку, як чуе воклiч гаспадара:

– Гэй, бацька, гэта будзе трыццаць франкаў!

Кантэн вяртаецца, дастае з кiшэнi свой партаманет, сарамлiва кажа словы прабачэння. Перад тым як выйсцi з кафэ, ён яшчэ раз пытаецца:

– Дык яна апоўднi не прыйдзе, вы ўпэўнены?

Яму адказвае тоўстая гаспадыня:

– Не, не прыйдзе. Яна развiталася з намi ўчора.

Кантэн адчыняе дзверы. Ужо на парозе ён чуе, як гаспадар пасмейваецца з яго:

– Во дае, стары корч! Тут сапраўды паверыш у Дзеда Мароза... Ажно ў галаве не ўкладваецца!

19

Неўзабаве Кантэн зноў апынуўся ля вакзала Пераш. Пот цурком лiўся з яго, зубы ляскалi ад холаду. Як ён прыйшоў сюды? Чаму?

Пад пахай у яго па-ранейшаму быў пакунак для Марыi-Луiзы, толькi цяпер папера крыху падралася з аднаго боку. Кантэн успомнiў, што ён паслiзнуўся на каналiзацыйным люку i павалiўся. Нейкiя мужчына з жанчынай дапамаглi яму падняцца. Ён нават успомнiў, як жанчына сказала, спачуваючы:

– Бедны чалавеча, добра, што ў вас тоўстае палiто.

Кантэн не ведаў, падзякаваў ён гэтым добрым людзям цi не. Ён нават не запомнiў iхнiх твараў.

Кантэн папытаўся ў даведачным акенцы пра расклад цягнiкоў. Раней як у 18 гадзiн 59 хвiлiн нiчога не было. Яму гэта было даўно вядома, але ён забыўся, бо галава яго апусцела. Яна вызвалiлася ад усяго, што было ў ёй перад прыездам сюды, i напоўнiлася горадам, тварамi, гукамi, галасамi... Асаблiва галасамi. Яны гучалi бесперапынна, але нельга было разабраць асобных слоў. Ды i словы гэтыя не мелi больш нiякага сэнсу. З iх утваралася глухое бурчанне пачвары, якая сядзела перад гэтым вакзалам i называлася горадам.

Кантэн сядзеў некалькi хвiлiн на багажнай лаўцы перад зачыненым акенцам, дзе прымаюць багаж. За дзвярыма, якiя вялi ў галерэю грузавых i паштовых перавозак, проста на падлозе спалi два няшчасныя, закруцiўшыся ў брудныя палiто. Аб iх увесь час спатыкалiся служачыя вакзала, пасажыры i насiльшчыкi, але нiхто не звяртаў на гэта ўвагi. Яны ляжалi сярод натоўпу i былi яму чужыя.

Калi Кантэн зiрнуў на насценны гадзiннiк, было ўжо крыху больш чым апоўднi. Ён падлiчыў, што да адыходу цягнiка яшчэ заставалася шэсць гадзiн, i тут раптоўна яго ахапiў такi жах, што ён ускочыў з месца.

I ён збiраўся паехаць адсюль, нават не пабачыўшы сваёй дачкi? Ён жа ўцёк ад яе! Пасля кафэ ён не пайшоў на вулiцу Сухога Дрэва, каб яшчэ раз пашукаць Марыю-Луiзу, а пабег сюды! Ён сядзеў тут, ахоплены панiкай, гатовы адмовiцца ад усяго, абы толькi сесцi на першы цягнiк, якi адвязе яго да свайго дому, да сваёй зямлi, да спакойнага жыцця. Ён нiчога не зрабiў, каб перашкодзiць сваёй дачцэ застацца тут, ён проста пакiдаў яе.

А Iзабэла i Дэнiза чакаюць Марыю-Луiзу. Яны ўпэўненыя, што ён прывязе яе дадому сёння вечарам. Яны будуць сядзець удзвюх за сталом, перад iмi будуць стаяць талеркi гарачага супу... I тут ён з'явiцца на парозе адзiн. Цi хопiць у яго смеласцi? Няўжо ён сцерпiць, каб яму плюнулi ў твар? Ён прыедзе да iх i нiчога не скажа...

А што, калi ўсё гэта, аб чым ён даведаўся, няпраўда, паклёп? Можа, з небаракi-селянiна тут проста пасмяялiся?

Кантэн зноў ускочыў з месца i пачаў хадзiць узад-уперад па агромнiстай зале. Ён хацеў крыху прывесцi свае думкi ў парадак.

Сапраўды, усё сыходзiлася. Усё было супраць Марыi-Луiзы. Усё гэта было невыпадкова. Людская злосць тут нi пры чым. Трэба быць вар'ятам, каб яшчэ на нешта спадзявацца. Але калi ён думаў аб надзеi, яму хацелася смяяцца з сябе. Смяяцца з сваёй жонкi, з настаўнiка, з iх захаплення ад Марыi-Луiзы. Яму здавалася, што ён чуе, як усе яны паўтараюць хорам прыпеў гаспадара кафэ i яго жонкi. Гэты прыпеў быў працягам прыпеву Iзабэлы.

– Гэткае становiшча! Гэткая працавiтая дзяўчына! Сур'ёзная, i ўсё тут. Не такая, як iншыя... З характарам, не проста так! Столькi працаваць, каб потым цыраваць настаўнiкавы шкарпэткi! Вярнуцца ў сваю вёску? Ды як вы маглi падумаць такое?!

Што яна працавала добра, з гэтым згаджалiся ўсе. Нават яе суседка па лесвiчнай пляцоўцы, гэта курва, шлюха, сучка!

Божа лiтасцiвы! Што ён, Кантэн, такое зрабiў?!

Навошта яны хвалiлi яе? Для дзяўчыны, якая так нiзка ўпала, гэта ўжо занадта. Было б, здаецца, лягчэй, калi б яна адправiлася на другi канец свету, каб там даглядаць пракажоных!

Бач ты: яна ведала, як сябе паводзiць. Адмовiлася спаць з Раберцi. Падумаць толькi! А гэты Раберцi? Можа, якраз з яго ўсё i пачалося? Гэта подлая душа вiнаватая ва ўсiм! Можа, гэта i быў той малакасос? Не, Кантэн добра ведаў, што гаспадару было не менш за пяцьдзесят. Але ж усё роўна падонак! Цi ж Кантэн не мае права пайсцi i разлiчыцца з iм за ўсё? Набiць яму морду сярод яго смярдзючых флаконаў? I сказаць, што ён крыху спазнiўся, аднак ён бацька i можа заступiцца за сваю дачку.

Кантэн машынальна пакрочыў у бок салона, але раптам у яго галаве загучалi словы Iзабэлы:

– Калi табе давядзецца пайсцi туды, то ты павiнен знайсцi патрэбныя словы.

I ён ужо сабраўся вяртацца, каб растлумачыць Iзабэле, што здарылася з яе дачкой... Што яе дачка...

На гэтым слове ён быццам спатыкнуўся. Кожны раз, калi ён хацеў прамовiць яго, думаючы пры гэтым аб сваёй жонцы, аб сваiм доме, аб Дэнiзе, у яго раптоўна сцiскалася горла. Гэта слова там не падыходзiла, яно падыходзiла толькi тут.

Ён крочыў шпарка. Час ад часу на яго нападала iкаўка: страўнiк не хацеў прымаць халоднае i кiслае вiно, якое Кантэн нядаўна выпiў.

Калi ён выйшаў на вулiцу Сухога Дрэва, то зноў завагаўся. Яго рукi дрыжалi. Кантэн бачыў гэта, але нiяк не мог авалодаць сабою.

Ён борздзенька ўзбег на пяты паверх. У грудзях пякло, у горле сiпела. Цяпер ён усё добра ўсведамляў, i, нягледзячы на тое, што ў яго трэслiся рукi, ён адчуваў у iх нейкую моц.

Кантэн больш не вагаўся. Ён моцна пастукаў у дзверы i крыкнуў:

– Марыя-Луiза! Гэта я... Адчынi!

Цiшыня. Здаецца, прайшла цэлая вечнасць. Кантэн пастукаў мацней i крыкнуў яшчэ раз:

– Марыя-Луiза! Адчынi! Гэта твой...

У той момант, калi ён хацеў сказаць "бацька", яму прыгадалiся словы гаспадара кафэ: "Ну, бацька, з гэтым прыходзiцца мiрыцца".

Кантэн ледзь не закрычаў ад болю, так яму балела. Балела ўсюды, як быццам яго моцна збiлi.

Ён пастукаў яшчэ раз i крыкнуў. З суседнiх дзвярэй пачуўся мужчынскi голас:

– Яе няма дома! Ды i глухой гэта лялька нiколi не была. Што ён сабе думае?

Пачуўся смех жанчыны. Смех чысты i вельмi высокi. Кантэн пачаў спускацца ўнiз. Насустрач яму траплялiся людзi. Ён падыходзiў да пакоя кансьержкi. Шкляныя дзверы адчынiлiся з тонкiм бразгатаннем, якое нагадвала смех той жанчыны.

– Вы ўсё шукаеце мадэмуазель Кантэн? – спыталася кансьержка.

Ён кiўнуў галавою ў адказ.

– Вы крышачку спазнiлiся. Я павiнна сказаць, што яна прыходзiла, але доўга не пабыла. Узяла два чамаданы i пайшла. Сказала, што астатняе забярэ потым цi прышле каго. Кватэра застаецца за ёю да канца студзеня.

Кантэн зразумеў, што ён спазнiўся. Але ў яго хапiла сiлы, каб спытацца:

– Дык што, яна паехала ў Парыж?

– Вядома, у Парыж...

Жанчына вагалася. Яе твар нiчога не выказваў, аднак можна было здагадацца, што яна нешта думае. Нарэшце яна сказала:

– Калi я добра зразумела, яна, як кажуць на тэлебачаннi, выцягнула шчаслiвы бiлет.

– Яна пакiнула вам адрас?

Кантэн гаварыў упэўнена, але аўтаматычна. Кансьержка паглядзела на яго пакунак i адказала:

– Я павiнна забiраць яе пошту.

– Дык ёсць у вас яе адрас цi не?

Жанчына незадаволена выцягнула ўперад вусны. Кантэн глядзеў ёй проста ў вочы i заўважыў, што яна крыху баiцца яго позiрку. Нарэшце яна зрабiла няпэўны жэст i прабурчала:

– Ай, ды што там! Яна ж не забараняла мне даваць камусьцi гэты адрас...

Яна зайшла ў пакой i адразу вярнулася да Кантэна з кавалачкам блакiтнай паперы, якраз на такой Марыя-Луiза пiсала iм лiсты. Яна паглядзела на гэты шматок паперы i, смеючыся, сказала:

– Я яго нават не чытала сама. Калi вы жадаеце паслаць ёй ваш пакунак, гэтага адраса, можа, i дастаткова. Але каб убачыць... Яна напiсала тут: Да запатрабавання. Паштовае аддзяленне, 57, вулiца Дзiжон.

Кантэн машынальна паўтарыў:

– Вулiца Дзiжон...

I змоўк. Жанчына пачакала хвiлiну, пасля сказала:

– Вам няма чаго крыўдзiцца. Ва ўсякiм разе, вы атрымалi ад мяне даведку.

Кантэн расшпiлiў футра, дастаў партаманет, адлiчыў сто франкаў. Жанчына падзякавала яму, збiралася ўжо пайсцi, але павярнулася i паведамiла:

– Я вось што думаю. Раз яна пайшла адсюль нядаўна, вы можаце зазiрнуць у "Там-Там". Гэта начны клуб, якi знаходзiцца на рагу Тэатральнай вулiцы. Яна павiнна зайсцi туды, каб развiтацца з сяброўкамi. Можа, вам пашанцуе. Гэта ж яе ўчастак, квартал "Там-Тама".

Выходзячы з будынка, Кантэн адчуў, што сiлы зусiм пакiнулi яго. Да гэтага часу яго падтрымлiвалi то гнеў, то надзея. Цяпер у яго не было нiчога. Ён адчуваў, што можа вось-вось павалiцца на ходнiкi. Бялiзна яго змакрэла ад поту, i Кантэну зрабiлася вельмi холадна на вулiцы. Ён увесь дрыжаў, яму карцела легчы проста тут, на дол, пад сцяну, як тыя бадзягi, якiх ён бачыў пры ўваходзе на вакзал.

Калi ён ляжа так, яго падбяруць, адвязуць у турму цi ў бальнiцу, дзе ён зможа нарэшце выспацца.

Ад слабасцi задрыжалi ногi, i Кантэн вырашыў зайсцi ў кафэ. Паветра ў памяшканнi было цёплае, густое, пахла смажанай ежай. У глыбiнi залы Кантэн прыкмецiў пустую лаўку. Яна вабiла да сябе, бо стаяла ў ценi i была адгароджаная ад астатняй часткi залы невялiкiм зэдлiкам, на якiм стаяў вазон з шырокiм лiсцем. Там можна было добра прымасцiцца, паклаўшы локцi на мармуровы стол, i нейкi час падрамаць за шклянкай. I нiхто не будзе табе перашкаджаць. Кантэн доўга змагаўся з жаданнем пайсцi i прысесцi там. Стоячы ля прылаўка, ён абапёрся на яго ўсiм целам i залпам выпiў чарку гарэлкi, якая не мела нi смаку, нi паху, бо была зроблена не з чыстага вiнаграду i нiколi не захоўвалася ў бочцы. Але гэта мала яго хвалявала. Чарка была маленькая, i Кантэн папрасiў яшчэ адну.

Побач мужчыны вялi размову пра скачкi. Яны казалi, што скачкi адмененыя з-за снегу, i гэта iх прыводзiць у адчай. Яны лiчылi гэту справу такой сур'ёзнай, быццам ад яе залежала iх iснаванне, i Кантэну карцела крыкнуць: мне б вашы турботы!

Выпiтая гарэлка i дурнота гэтых мужчын абудзiлi ў Кантэне злосць. Яна надала яму сiлы, i ён выйшаў на вулiцу.

Цяпер холад здаваўся яму не такiм моцным, як раней, i Кантэн адчуў, што пратрымаецца яшчэ некалькi гадзiн.

Ён павiнен зрабiць усё, каб знайсцi Марыю-Луiзу i забраць яе з сабою. Забраць так, каб яна нават не змагла западозрыць, што ён пра яе даведаўся тут. I ён не будзе дома прыспешваць яе, будзе чакаць, пакуль яна сама не паспрабуе сябе выратаваць.

Кантэн намагаўся ўспомнiць, што адбывалася ў яго на вачах з таго моманту, як ён прыехаў сюды. Намагаўся ўзгадаць, што яму казалi. Ён iмкнуўся зразумець, як гэта ўсё магло здарыцца з яго дачкой, якая ж яна ўсё-такi на самай справе i што змагло яе так хутка адарваць ад сваiх, ад усяго таго, што рабiла iх жыццё простым i прыгожым.

Калi ён збiраў усё гэта ў адно, каб атрымаць поўнае ўяўленне пра Марыю-Луiзу, у яго было такое пачуццё, што гэты вобраз зусiм не падобны на Марыю-Луiзу.

Кожны раз ён прыходзiў да высновы, што яна не магла перамянiцца поўнасцю. Канечне, яна змянiлася пад уплывам дрэннага асяроддзя, у якое трапiла з вёскi, але досыць яму спаткацца з ёю, як яна стане ранейшай.

Кантэн успомнiў, як яны разумелi адно аднаго, як пераглядалiся, калi мацi пачынала сварыцца. Гэта маўклiвая згода надавала iм абаiм сiлы, дазваляла адчуваць сябе шчаслiвымi.

Калi ён убачыць Марыю-Луiзу, яму не трэба крычаць. Трэба знайсцi сiлы ўсмiхнуцца, прыняць змоўнiцкi выгляд. Раней гэта прыносiла iм столькi таямнiчай радасцi! А калi ён закрычыць, яна адразу выпрастаецца, як гэта было ў дзяцiнстве, пачне агрызацца, яе позiрк зробiцца непранiклiвым.

Нiхто i нiколi не мог нiчога дабiцца ад яе крыкам. Ад грубасцi яна рабiлася нерухомай, быццам камянела. Кантэн ведаў, што гэта найгорш.

Тут Кантэн успомнiў раптам жончыны словы:

– Калi яны не захочуць адпусцiць яе, ты скажы iм, што я захварэла i вельмi хачу яе ўбачыць.

Цi ж мог ён прадбачыць, што няпраўду давядзецца казаць не гаспадарам, а дачцэ? Ён ведаў, што Марыя-Луiза будзе падрабязна распытваць яго пра матчыну хваробу. Ён шукаў патрэбных слоў, але нiчога не мог прыдумаць.

А што, калi Марыя-Луiза скажа "не"? Калi яна скажа, што гэта немагчыма, што яна не зможа паехаць з iм, каб нават наведаць сваю хворую мацi?

Такая акалiчнасць палохала яго, але ён адчуваў, што можа быць i такое. Тут ён крыху падумаў i раптам успомнiў пра Дэнiзу. Вось пра каго павiнен ён сказаць!

I Кантэн павольна вымавiў уголас словы, якiя ён скажа ёй:

– Дэнiза моцна захварэла... Трэба, каб ты паехала са мною... Яна вельмi хоча бачыць цябе...

Ён сказаў гэта, i яму адразу ўспомнiлася iх дзяцiнства. Кантэн бачыў вочы дзяўчатак, у якiх ён мог заўсёды прачытаць радасць i нягоды. Ён чуў iх вясёлы бесперапынны смех. Ён памятаў слёзы Марыi-Луiзы, калi Iзабэла павезла Дэнiзу ў бальнiцу. Той ранiцай ён супакойваў яе цэлую гадзiну.

Толькi цяпер Кантэн зразумеў, што апошнi раз, мiнулым летам, Марыя-Луiза прыязджала, каб наведаць не столькi бацьку з маткай, як сястрычку, яе Дэнiзу.

Каб жа яму ўдалося пагаварыць з ёю! Ён бы пераканаў яе, што трэба ехаць дамоў, бо Дэнiза захварэла. Ён расказаў бы пра яселькi, якiя яны рабiлi перад Калядамi ў дзяцiнстве... Толькi каб хапiла мужнасцi зманiць...

Зманiць. Адно гэта слова нагадала яго колiшнюю размову з жонкай. Яна казала:

– Ты напiшаш яе гаспадарам... Ты скажаш iм аб сваiх прынцыпах... Скажаш, што ты сумленны чалавек i нiколi нiкому не хлусiў!

Яна мела рацыю: сапраўды, ён мог пахвалiцца, што нiколi нiкому не схлусiў. I цяпер ён адчуваў сябе няёмка ад таго, што яму давядзецца iлгаць дачцэ.

Яны разам паедуць адсюль. Яны будуць iсцi заснежанай дарогай. Потым яны трапяць у дамашняе цяпло. Iх сустрэне шчаслiвая Дэнiза. Ад радасцi яна будзе яшчэ прыгажэйшай.

Кантэн запаволiў крок. Ён лёгка ўяўляў сабе ўсё гэта, вось толькi не мог уявiць рэакцыi Марыi-Луiзы на тое, што бацька ёй схлусiў. Яна ж таксама нiколi не чула, каб ён казаў няпраўду.

Апынуўшыся ля тэатра, Кантэн лёгка знайшоў "Там-Там", але надпiс на дзвярах установы папярэджваў, што яна адчыняецца ажно ў 15 гадзiн.

У 15 гадзiн Марыя-Луiза будзе далёка адсюль. Кантэн быў на вакзале, але нават не пацiкавiўся раскладам цягнiкоў на Парыж. Пэўна, у яго было больш шанцаў убачыць дачку на вакзале, але ж ён там не застаўся. Ён таксама не змог дачакацца яе на кватэры, а цяпер вось трацiў апошнi шанц спаткаць яе. Можа, трэба хутчэй iсцi на вакзал i шукаць яе там? Не стаяць жа тут цэлыя дзве гадзiны, ля гэтых маленькiх вiтрынаў, у глыбiнi якiх на чырвонай тканiне прышпiлены фотакарткi напалову раздзетых жанчын? Ён разглядаў iх нейкую хвiлiну, баючыся сустрэць сярод iх сваю дачку, але хутка зразумеў, што ўсе яны – артысткi кабарэ. Яны спяваюць i адначасова распранаюцца.

– Прафесiя называецца!

Сярод дзяўчат, якiя займалiся гэтай прафесiяй, вiдаць, таксама былi смелыя, працавiтыя i сумленныя. Калi б два днi назад яму сказалi, што ў яго дачкi будзе такая прафесiя, ён засмяяўся б. Цяпер жа яму здавалася, што гэта прафесiя не горшая за iншыя...

Кантэн перайшоў на другi бок вулiцы. Не, ён тут не застанецца. Але i на вакзал не пойдзе. Досыць. Добра набегаўся, прапусцiў гэтулькi шанцаў, бо шукаў без пэўнага плана.

Насупраць дзвярэй "Там-Тама" было кафэ. Кантэн зайшоў. Ён сеў ля акна за невялiкi квадратны столiк, з пластмасы чорнага колеру. У яго гладкай паверхнi адлюстроўваўся кавалачак шэрага неба. Кантэн замовiў кавы. Яму прынеслi невялiчкi кубак i загорнуты ў паперу драбочак цукру. Кантэн агледзеўся. Бармен сварыўся з высокай доўгавалосай бландзiнкай, на якой была зялёная шарсцяная майка, якая шчыльна аблягала яе грудзi i клубы. Яе цёмнаскурая сяброўка, з пляскатым носам, узад-уперад хадзiла ля прылаўка i глядзелася ў люстэрка, якое стаяла ў глыбiнi залы. Кантэн пачуў, як яна сказала бармену:

– А мне ўжо стукнула пятнаццаць...

Кантэн прыгледзеўся да яе. Гэтаму дзяўчацi з жаночым целам было пятнаццаць гадоў. Яна палiла. Яна бавiла свой час у бары.

– Цэлых шэсць месяцаў, – расказвала яна, – лягавыя праводзiлi мяне штовечар дадому. Цяпер iм гэта надакучыла. Бо ў мяне з'явiўся пашпарт... Чхала я на iх!

Гэтыя словы патанулi ў агульным тлуме, якi стаяў у бары. Дзяўчына, апранутая ў белы свiтэр i ў чырвоныя штаны з аксамiту, паставiла на прайгравальнiку пласцiнку. Кантэн быў моцна ўзрушаны гэтым новым, незразумелым яму светам. Побач сядзеў хударлявы хлопец з тварам Хрыста, валасы ў яго былi даўжэйшыя, чым у дзяўчат. Яму саставiў кампанiю здаровы дзяцюк з гальскiмi вусамi. Далей сядзеў адзiн за сталом нерухомы бледнатвары юнак. Яго пустыя зрэнкi не адрываючыся глядзелi ў адну кропку. Здавалася, ён адсутнiчаў. Была тут яшчэ дзяўчына з тварам мадонны. Ён быў закрыты чорным вэлюмам. Кантэн падумаў, цi не снiцца яму ўсё гэта, настолькi гэты свет быў далёкi ад жыцця. На ўсiх прысутных ляжала адзнака сумнай дрымоты, твары скрывiлiся ад жаху ў чаканнi весялосцi.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю