Текст книги "Бацькава падарожжа (на белорусском языке)"
Автор книги: Бернар Клавель
Жанр:
Прочая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 3 (всего у книги 8 страниц)
А тут стаiць цiшыня.
Раней яму нiколi не прыходзiлi ў галаву такiя думкi. Звычайна ён не заўважаў гэтай цiшынi, не звяртаў увагi на гэту бясконцасць раўнiны i неба. Калi ён i глядзеў на iх, дык толькi каб вызначыць па напрамку ветру i руху аблокаў, якое заўтра будзе надвор'е. Сягоння надвор'е не займала Кантэна, яго цiкавiла больш гэта цiшыня i неабсяжнасць раўнiны. Ён адчуваў, што ён навечна злiты з гэтай зямлёю. Як селянiн, як працаўнiк, ён з'яўляўся часцiнкай гэтага сусвету. Гэтыя думкi настолькi ўсхвалявалi яго, што ён не мог скрануцца з месца, так i стаяў у снезе, а яго вушы, вочы i лёгкiя пранiзваў вецер.
Кантэну здавалася, што патрэба глядзець i слухаць зрабiлася для яго такой жа неабходнай, як патрэба дыхаць. Яна стала для яго пытаннем жыцця i смерцi.
Каб вызвалiцца ад гэтых думак, стары сканцэнтраваў сваю ўвагу на горадзе, куды ён павiнен быў ехаць. Але ён не мог уявiць сабе вулiц i плошчаў, якiх не бачыў, можа, гадоў дваццаць. Яны даўно выпалi з яго памяцi i не жадалi больш туды вяртацца. Наадварот, насуперак яго волi, перад вачыма ўвесь час узнiкала акно, два твары, прыцiснутыя да запацелага шкла, котка, якая сядзела на двары i глядзела яму ўслед.
У нейкi момант яму нават здалося, што вецер данёс да яго пах дыму i мяшанкi, якую Iзабэла рыхтавала скацiне. Кантэн павёў плячыма i з усмешкаю пакрочыў далей.
ПАД ВЕЦЕР
7
Было чатыры гадзiны дня, калi Кантэн выйшаў з вагона на вакзале дэ Пераш, але з-за пахмурнага надвор'я здавалася, што надыходзiць ноч. Кантэн звярнуў на гэта ўвагу, як толькi выйшаў на перон. Тут ён на хвiлiну спынiўся. Дагэтуль чалавечая плынь некуды цягнула яго, а цяпер ён застаўся адзiн. Кантэн бачыў незнаёмыя твары мiнакоў, якiя крочылi мiма i не звярталi на старога нiякай увагi, чуў грукат i сiгналы аўтамабiляў, якiя праляталi па вулiцы. Гэта быў горад.
Кантэн сцiснуў пад пахай пакунак Марыi-Луiзы i пайшоў.
Снегу ў Лiёне было менш, чым там, адкуль ён прыехаў. Ён быў белы толькi на плошчы перад вакзалам i ў садах, абнесеных рашоткамi. У iншых жа месцах ён быў бруднага, амаль чорнага колеру. Гэта быў ужо не снег, а гразь, i дворнiкi ссоўвалi яго ўздоўж ходнiкаў шырокiмi драўлянымi шуфлямi. Адны зграбалi яго ў кучы побач з каналiзацыйнымi люкамi, другiя крышылi i размывалi яго, палiваючы моцнымi струменямi вады. Гэта нагадвала Кантэну шоргат скрабкоў у канюшнi i гоман ручая на веснавым полi. Дарожныя рабочыя працавалi павольна, часта адпачывалi, i калi пераходзiлi на iншае месца, то цягнулi шуфлi за сабою. Мiнакi, наадварот жа, некуды вельмi спяшалiся i нават штурхалi адзiн аднаго. У некаторых месцах снег забiваў вадасцёк, i тады вада разлiвалася на ўсю шырыню вулiцы, нават падымалася на ходнiкi. Праязджаючы на вялiкай хуткасцi, аўтамабiлi ўздымалi там брудныя пырскi, а мiнакi прыцiскалiся да сцяны. Чулiся ўскрыкi, лаянка, смех.
Кантэн глядзеў на гэты гармiдар i не знаходзiў у iм нiчога агульнага з тым горадам, якi быў у яго думках. У вёсцы так са снегам не абыходзiлiся, хоць бульдозер трапляў да iх не часта. Там умелi прыстасавацца да зiмы.
Свяцiлiся вiтрыны крамаў. Упоперак вулiцы Вiктора Гюго на вышынi другога паверха былi развешаны гiрлянды жоўтых i чырвоных лямпачак. Гэтыя гiрлянды цягнулiся ажно да плошчы Бэлькур, i дзякуючы iм вулiца нагадвала доўгi калiдор святла. Кантэн увайшоў у яго. Як i раней, у яго сэрцы жыла трывога, але цяпер яна была крыху слабейшая. Ад яркага святла i высокiх дамоў у яго закружылася галава, i яму зноў успомнiлася бязмежная белая раўнiна.
Па дарозе ён увесь час думаў пра Марыю-Луiзу. Ён стараўся ўявiць сабе яе пакой, яе работу. Дачка шмат расказвала пра гэта, але цяпер у памяцi старога ўсплывалi толькi дэталi. Яму здавалася, што галоўнае заставалася не расказанае. Пасля апошняга прыезду Марыi-Луiзы ён часта думаў аб ёй, але яму нiколi не прыходзiла ў галаву ўявiць, як жа яна жыве. Ён зразумеў гэта яшчэ ў вагоне, i цяпер яму было сорамна.
Усё лепшае ў Марыi-Луiзе было звязана з яе дзяцiнствам. Кантэн перабiраў у памяцi кожныя Каляды, асаблiва тыя, калi яшчэ былi жывыя яго бацькi. Гэта было ў час гiтлераўскай акупацыi. Тады некалькi апельсiнаў або торбачку цукерак можна было выменяць на масла, яйкi або на гарэлку. Кантэну згадалася вялiзная лялька, якую яго мацi зрабiла з рыззя i саломы, згадаўся дзiцячы сталовы набор, якi вельмi падабаўся Марыi-Луiзе. А потым быў 1947 год. Ёй споўнiлася шэсць гадоў. Яна яшчэ верыла ў Дзеда Мароза, якi прыйшоў у той год крыху раней, чым звычайна, i прынёс у кашы маленькую сястрычку, якая вельмi моцна плакала. Марыя-Луiза радасна смяялася i паўтарала, што Дзед Мароз вымушаны абыходзiць зямлю, пачынаючы з iхняга дому, бо ён жадае хутчэй пазбавiцца ад гэтай румзы, якая можа разбудзiць не толькi дзяцей, але i лялек.
Кантэн думаў аб гэтым у цягнiку, думаў цяпер, iдучы па вулiцы, i пытаўся ў сябе, што захавалася ў Марыi-Луiзе ад таго далёкага часу. Цi будзе яна па-сапраўднаму шчаслiвай, калi ён забярэ яе з сабою? Цi кране яе тое, што Дэнiза падрыхтавала яселькi ёй?
Усё навокал было ў святочным убраннi. Слова "Каляды" было выведзена на кожнай вiтрыне святлом, фарбай, штучным снегам, якi здаваўся бялейшым за сапраўдны. Але гэта былi не яго Каляды. Яго Каляды нельга было ўявiць без яселькаў Марыi-Луiзы i Дэнiзы, без хатняй цеплынi, ад якой ён адчуў сябе адарваным, як толькi выйшаў за парог. На Каляды яны заўсёды клалiся спаць крыху пазней, чым звычайна, а назаўтра ўставалi раней, каб паслухаць, як радуюцца дзецi, знайшоўшы ў абутку падарункi. Цi ўбачыць ён гэта тут, у горадзе? На асветленай лямпачкамi вулiцы цяжка было заўважыць, што ўжо добра сцямнела. Толькi на плошчы Бэлькур, дзе асвятленне было слабейшае, Кантэн заўважыў, што настала ноч. Падзьмуў паўночны вецер, i стары адчуў холад нават праз футравае палiто.
Пераходзячы плошчу, ён паглядзеў на конную статую, якая здавалася чорнай на фоне снегу. Кантэн намагаўся ўспомнiць некалькi фразаў з кнiгi, якая аднойчы вельмi ўразiла яго, i ён часта гутарыў аб ёй з настаўнiкам. Аўтар, лекар па прафесii, яго iмя Кантэн не памятаў, называў гэта месца Плошчай Трывог. Стары не мог прыгадаць, якiя канкрэтна словы былi там, але пачуццё сапраўды было такое. Аўтар звязваў плошчу з iдэяй смерцi. Кантэн чамусьцi адразу ўспомнiў пра свой чорны гарнiтур, якi яго жонка паклала на чырвоную канапу перад яго адыходам. Гэты гарнiтур ён апранаў на пахаваннi, у яго Кантэна апрануць, калi ён памрэ сам. Кантэну карцела ведаць, чаму раптам яму прыйшла думка пра ўласную смерць, але ён не знаходзiў адказу. Ён падумаў, што гэта можа быць звязана з яго ад'ездам. Тут, у горадзе, ён не адчуваў сябе на трывалай зямлi. Яму нечага не хапала, а гэта нешта было неадрыўнай часцiнай яго жыцця.
Яму карцела прайсцi хутчэй праз гэту мала асветленую частку плошчы. Ён ведаў, што насупраць знаходзiцца вулiца Ратушы. Яна таксама была вельмi добра асветленая, i Кантэн спадзяваўся, што там ён не будзе адчуваць сябе такiм адзiнокiм. Але яму было нязвыкла на ходнiках, па якiх шпарка крочылi мiнакi. Ён нiяк не мог падладзiцца пад iх крок, для яго гэта было пакутлiвай справай. Ён часта спыняўся, баючыся сутыкнуцца з кiм-небудзь, прыцiскаўся да сцяны або да вiтрыны, прапускаючы мiнакоў.
Яшчэ ў цягнiку ён падумаў, што рабiць з капелюшом. Той быў чорнага колеру, з высокiм верхам i шырокiмi палямi. Мужчыны яго ўзросту, якiя прысутнiчалi на пахаваннях, насiлi такiя капелюшы. Тут, у горадзе, такiх капелюшоў не было. Яны былi значна меншыя, з вузкiмi палямi, вельмi розныя па форме. Кантэн даўно прыкмецiў iх на базары ў Лоне, але працягваў ездзiць туды ў шапцы. Вядома, Кантэн не звяртаў на гэта ўвагi, якi ў яго капялюш, але яму здалося, што мiнакi запыняюць на iм свае позiркi. Стары сказаў сабе, што пры ўваходзе ў салон, дзе працуе Марыя-Луiза, ён здыме свой капялюш i будзе трымаць яго за спiною.
Тут стары яшчэ раз паспрабаваў уявiць сабе салон i падумаў, што там павiнна быць вешалка, на якую яму прапануюць павесiць капялюш i футравае палiто. Такога палiта ён яшчэ не бачыў у горадзе, таму быў спакойны на гэты конт, а вось капялюш не хацелася паказваць пры Марыi-Луiзе.
Усе вулiцы нагадвалi доўгiя тунелi святла. Над вулiцай Ратушы ззяла арка, утвораная трыма дугамi: большая пасярэдзiне, а дзве меншыя з бакоў.
Чым далей стары крочыў па гэтай вулiцы, тым натоўп рабiўся ўсё шчыльнейшы i шчыльнейшы. Часам навокал усчыналася такая таўкатня, што ён вымушаны быў узяць пакунак у абедзве рукi.
Прахожыя тоўпiлiся перад некаторымi вiтрынамi, займаючы ходнiкi i нават частку вулiцы. Машыны сiгналiлi i апырсквалi разявак гразёю. Тыя лаялiся, ляскалi далонямi па кузавах машын. У гэтым было нешта вар'яцкае, i Кантэн здзiўляўся, чаму ён не бачыць няшчасных выпадкаў цi боек. Некаторыя людзi смяялiся, але на большасцi твараў Кантэн бачыў раздражнёнасць, халодную злосць, якiя вельмi кантраставалi з яркiм асвятленнем. Нават не верылася, што гэта было напярэдаднi святкавання Каляд.
Не звяртаючы ўвагi на гразь, холад, злосць, заднiя напiралi на пярэднiх, прыцiскалiся да iх спiнаў, каб разгледзець, што там цiкавае ляжыць на вiтрыне.
Бачачы гэты натоўп, Кантэн зноў успомнiў свой дом, якi стаяў адзiн сярод чыстага поля, усланага бялюткiм снегам. Аканiцы, напэўна, ужо зачыненыя, перад дзвярыма вiсiць посцiлка, якая не дае дзьмуць холаду ў пакой. Але ўсё адно стынуць ногi, хоць плiту палiлi ўвесь дзень. Вiдаць, Дэнiза запалiла лямпачку ў ясельках i разглядае iх. Мацi варыць суп. Ад гэтых думак на душы ў старога крыху пацяплела. Гэты маленькi проблiск успамiну быў мацнейшы за бачанае iм цяпер гарадское вар'яцтва. Кантэн баяўся горада заўсёды, добра не ведаючы чаму, а сёння гэты страх вярнуўся да яго з новай сiлай, i старому так захацелася дадому!
Перад вачыма з'явiўся настаўнiк. Што ён робiць у гэты час? Сядзiць адзiн у сваiм пакоi або пайшоў у госцi да свайго жанатага калегi? Той таксама жыве ў школе i, мабыць, запрасiў хлопца адсвяткаваць Каляды разам. Але што ён палiчыць за лепшае: застацца аднаму ў пустым пакоi цi правесцi час у кампанii шчаслiвай пары? Пара была сапраўды шчаслiваю, гэтага ад людзей не схаваеш. Кантэн амаль не бачыў, каб яны былi адно без аднаго, заўсёды хадзiлi разам, узяўшыся за рукi, як дарослыя дзецi. Будынак школы стаяў у спакойным месцы, з бакоў яго ахiналi старыя каштаны, i тут можна было жыць вечна ў мiры i шчасцi. Не тое, што гэты горад.
Выбiраючыся з натоўпу i абыходзячы машыны, Кантэн паспрабаваў уявiць на гэтых вулiцах цыбатую постаць настаўнiка. Занадта доўгiя канечнасцi перашкаджалi хлопцу рухацца, нават калi хапала месца, i тут ён проста не змог бы iснаваць. А вось Марыя-Луiза – iншая справа. Кантэн успомнiў пра яе, калi звярнуў увагу, як лёгка сноўдаюць дзяўчаты памiж групамi прахожых. Быццам стронгi сярод скалаў у бурлiвай плынi. Напэўна, Марыя-Луiза рухаецца тут без цяжкасцей i, вiдаць, з пагардай глядзiць на гэты натоўп.
Але цi адчувае яна сябе шчаслiвай? Кантэн гэтага не ведаў.
I, быццам ап'янелы ад бесперапыннага руху, ад гучнага гоману, Кантэн крочыў далей, ужо не ўзiраючыся больш у падобныя адзiн да аднаго твары.
Ён крочыў па гэтай ярка асветленай гарадской вулiцы i думаў пра дачку, якая марыла некалi сядзець у маленькiм цёплым дамку i пазiраць праз акно, як падае бялюткi снег.
8
Адшукаць салон Раберцi было няцяжка. Кантэн доўга стаяў перад вiтрынай, за якой былi выстаўлены касметычныя прылады, фотакарткi прыгожых жанчын. Усё гэта было раскладзена на чырвоным аксамiце, прысыпаным штучным снегам. Памiж фотакартак ляжала некалькi яловых лапак, падобных на тыя, якiя Кантэн прывёз Дэнiзе для ясельцаў. I старому было дзiўна, што ў гэтай перапоўненай яркiм святлом вiтрыне жывыя лапкi знаходзяцца побач з нежывымi блiскучымi прадметамi. Гледзячы на сфатаграфаваныя прычоскi, Кантэн падумаў, што гэта, мабыць, i ёсць яе работа, i нечакана засмяяўся. Ён успомнiў, як Марыя-Луiза, калi ёй было восем цi дзевяць гадоў, абстрыгла сваю сястрычку. Цяпер ён смяяўся, спрабуючы ўявiць партрэт маленькай Дэнiзы сярод гэтых дам з высокiмi прычоскамi.
Потым Кантэн зрабiў яшчэ два крокi i апынуўся перад дзвярыма. Дзверы былi зроблены ў выглядзе вялiзнага люстэрка, чорная ручка нагадвала доўгую тонкую руку з тонкiмi пальцамi. Дзверы вялi ў невялiчкi калiдор, сцены якога былi з рыфленага шкла. Калiдор быў пусты, а за шклянымi перагародкамi рухалiся ценi. Кантэн паназiраў хвiлiну. Прахожыя штурхалi яго то з аднаго боку, то з другога, i ён вымушаны быў супрацiўляцца, каб натоўп не пацягнуў яго за сабою. Ён яшчэ раз паглядзеў на нумар будынка, на шыльдачку з назвай i пiхнуў рукою дзверы.
Адразу перахапiла дыханне ад цёплага паветра, моцна насычанага духамi. Кантэн аддыхаўся. Свой капялюш ён схаваў спачатку за спiною, а пасля падумаў, што яго можна пакiнуць тут, у калiдоры. Яму не верылася, што Марыя-Луiза зусiм побач. Мабыць, яна пачула, як ён увайшоў, i зараз выйдзе яму насустрач праз адны з гэтых трох дзвярэй, якiя зроблены ў шкляных перагародках. Стары адчуваў, што яна вось-вось з'явiцца перад iм, загаворыць, абдыме... Ён увесь быў ахоплены чаканнем, як раптам у галаву яму прыйшла недарэчная думка, што ён павiнен пайсцi адсюль, павiнен знiкнуць да таго, як увойдзе Марыя-Луiза, бо яна не даруе яму таго, што ён сам прыйшоў сюды, у гэты салон, апрануты ў нямоднае футравае палiто i ў старадаўнi капялюш. Ад хвалявання стары пацёр сваiмi тоўстымi пальцамi, уражанне было такое, быццам скрабянулi рашпiлем па дрэве. Цi ж месца селянiну з гэткiмi рукамi ў такiм салоне? Каму ён тут патрэбны? Магчыма, Марыя-Луiза i не расказвала нiкому, хто яе бацькi. Можа, яна нават саромелася iх i таму так рэдка прыязджала дадому?
Прайшла хвiлiна, другая, пакуль на парозе адных дзвярэй не з'явiлася чарнявая дзяўчына, апранутая ў дзiўны, вельмi кароткi халат са светлай тканiны. Яна ўсмiхнулася Кантэну i проста сказала:
– Мсьё?
Кантэн кашлянуў. У горле казытала ад цёплага i перасычанага духамi паветра. Яму трэба было спытацца пра Марыю-Луiзу, але ён не мог нi слова вымавiць, быццам на нейкi час адняло мову. Калi ён нарэшце спытаўся, дзяўчына здзiўлена паглядзела на яго i перапытала:
– Мадэмуазель Кантэн, кажаце вы?
– Але, Кантэн, – адказаў стары.
– У яе спатканне на гэты вечар?
Кантэн вагаўся. Ён не разумеў, што яна мела на ўвазе. Машынальна паўтарыў:
– Спатканне...
– Вы ведаеце, у якой гадзiне яна павiнна прыйсцi?
Кантэн задумаўся. Яму здалося, што дзяўчына не разумее яго вясковай гаворкi. Ён маўчаў, i дзяўчына паўтарыла:
– Гэта асоба павiнна была назначыць спатканне. Вы ведаеце, у якой гадзiне яна павiнна прыйсцi сюды?
Яна размаўляла з iм, як з малым, як з прасцячком. Паўтарала адно i тое па два разы, добра вымаўляла словы, мяняла iх месцамi. Ён выпрастаўся, каб надаць сабе больш важны выгляд, распрастаў плечы, якiя стулiлiся пад цяжарам футравага палiто. У яго галаве мiльганула думка, што дзяўчына працуе тут нядаўна, што яе ўзялi часова, на перыяд святаў. Раз яны бяруць дадатковы персанал, значыць, у iх вельмi шмат работы. Тады Марыi-Луiзе будзе нялёгка адпрасiцца. Ён вырашыў быць настойлiвым i сказаў упэўненым голасам, што Марыя-Луiза не клiентка, што яна тут працуе. Дзяўчына здзiвiлася i спыталася яшчэ раз:
– Вы сказалi: Марыя-Луiза Кантэн?
– Але, мадэмуазель.
– Тады вы памылiлiся. У нас няма работнiцы з такiм прозвiшчам.
Кантэн адчуў, што ў яго пачынаюць дрыжаць рукi. Былы спакой амаль рассеяўся. Хваляванне нарастала.
Дзяўчына жэстам папрасiла ў яго прабачэння, хвiлiну падумала i сказала:
– Вы можаце крышку пачакаць?
Кантэн кiўнуў галавою, i дзяўчына знiкла. Паветра было настолькi густое, што дыхаць iм было немагчыма. Кантэн адчуваў сябе кепска i баяўся, што зараз це вытрымае i выйдзе адсюль. Яго думкi пераблыталiся. Ён пытаўся ў сябе, як тут могуць жыць падобныя на яго чалавечыя iстоты. Мiж тым за шклом увесь час рухалiся фiгуры, якiя, здавалася, адчувалi сябе добра. Галасоў не было чуваць. Толькi ў адным пакоi нехта шаптаўся.
Праз некалькi хвiлiн дзяўчына вярнулася з маладым чалавекам гадоў трыццацi. Яны спынiлiся далекавата ад Кантэна, i ён не мог разабраць, аб чым яны гутарылi. Чалавек некалькi разоў паглядзеў у яго бок, i Кантэну здалося, што яны абое смяюцца з яго. Яму зноў прыйшла ў галаву думка, што ён можа прынесцi шкоду сваёй дачцэ, i адразу ён адчуў, як яго распiрае глухая злосць. Чаго яны ўмешваюцца ў яго справы? Чаму яны адразу не паклiчуць Марыю-Луiзу? Можа, яны потым будуць пасмейвацца з яе, абзываць сялянкай? I ўсё з-за бацькi. Малады чалавек быў апрануты ў такi ж смешны халат, як i дзяўчына. Бледны твар i тонкая шыя надавалi яму выгляд хлапчука, якога дрэнна кармiлi. Кантэн мяў свой капялюш у тоўстых руках. Яму карцела падысцi да гэтага хлопца i накруцiць яму вушы.
Нарэшце дзяўчына наблiзiлася да старога. Яму здавалася, што яна ледзь стрымлiвае смех. Хуценька загаварыла:
– Я спыталася ў калегi, якi працуе тут больш, чым я. Ён сказаў мне, што мадэмуазель Кантэн сапраўды працавала тут, але больш як год назад звольнiлася.
– Больш як год назад? – перапытаў Кантэн i нахмурыўся.
Цяпер ён быў перакананы, што яны смяюцца з яго. Але што гэта дзяўчына i той малакасос з дзявочай шыяй маюць супраць яго дачкi? Што яна iм зрабiла?
– Вы кажаце, больш як год назад...
Гэта ўсё, што ён змог прашаптаць.
– Але, – сказала дзяўчына i тут жа дадала: – Яна павiнна быць у салоне Трыанон... Ведаеце, дзе гэта?
– Не, – адказаў Кантэн, – я не жыву ў Лiёне.
Дзяўчына ўсмiхнулася, агледзеўшы яго з ног да галавы. Кантэну карцела сказаць ёй, што лепш быць селянiнам, чым такой лялькай, як яна, яму хацелася паказаць ёй свае працавiтыя рукi. Але ён моцна сцяў зубы i паспрабаваў уявiць на месцы гэтай дзяўчыны сваю дачку. Няўжо Марыя-Луiза таксама вось такою зрабiлася?
Дзяўчына двойчы паўтарыла адрас i растлумачыла, як яму iсцi. Кантэн ужо павярнуўся да выхаду, калi яна дадала:
– Вы лёгка знойдзеце, здаецца, гэта на другiм паверсе.
Стары падзякаваў i выйшаў на вулiцу. Дзяўчына нейкi час стаяла на парозе i глядзела яму ўслед.
Па ходнiках бясконцай плынню цёк чалавечы натоўп. Кантэн спынiўся i ўздыхнуў на поўныя грудзi. Ад свежага ледзянога паветра яму рабiлася лепш.
9
Стаяў Кантэн доўга. Яму здавалася, што ён толькi што пабыў у нейкiм нерэальным свеце. Ён адчуваў на сабе гэты невыносны пах, якiм прапахла яго адзенне i ад якога сушыла ў горле. Гэты свет быў незнаёмы яму, але Кантэн нiяк не мог пазбавiцца ад уражання, што некалi ён ужо перажыў гэткую сустрэчу, што ён ужо быў у гэтым салоне, бачыў занадта маляваны твар гэтай малой i слабую шыю малакасоса, апранутага ў занадта кароткi халат. Яму было пагана ад той душнай атмасферы, якая была ў салоне, аднак яго чамусьцi мала здзiвiла тое, што яму там сказалi. Ён нават не здзiвiўся, калi даведаўся, што Марыя-Луiза больш як год там не працуе. Гэта азначала, што ў лiпенi, калi яна прыязджала дадому, Марыя-Луiза казала iм няпраўду.
Цяпер ён крочыў у адваротным напрамку, шукаючы вулiцу, пра якую яму гаварыла дзяўчына. Думкi раiлiся ў галаве.
Чаму Марыя-Луiза не сказала iм, што перайшла на iншае месца? А можа, гэты малакасос зманiў? У яго такi непрыемны твар. Можа, ён пасмяяўся з Кантэна? Можа, гэта з-за яго звольнiлася Марыя-Луiза? Бо ён здзекаваўся з яе сялянскага паходжання. Ён i з Кантэна смяяўся. Гэта было вiдаць па тым, як ён глядзеў на яго футравае палiто. А ўсмешка дзяўчыны, калi яна вярнулася, каб прадоўжыць размову! Цi ж яна не вiнаватая хоць крышачку ў тым, што Марыя-Луiза паехала адсюль? Цi ж яна не разносiла плёткi разам з гэтым малакасосам, каб дамагчыся звальнення Марыi-Луiзы? А потым заняла яе месца. Але спачатку трэба даведацца, цi звольнiлi Марыю-Луiзу. Можа, усё гэта выдумкi. Бо не магла яна сказаць бацькам няпраўду.
А што, калi дапусцiць, што яна сапраўды звольнiлася? Яна ж такая гордая! Магла i не сказаць пра гэта. Мучылася, галадала, пакуль шукала новае месца, але трывала. А гонар не дазваляў ёй папрасiць у бацькоў дапамогi. А яны злавалi на яе, што так рэдка прыязджае. Нават настаўнiк. Каб жа ён ведаў!
Ад гневу, якi змяшаўся з пачуццём гонару за дачку, Кантэн сцяў вусны так моцна, што на падбароддзi з'явiлiся складкi.
Ён абыходзiў больш-менш удала групы прахожых i няспынна паўтараў адрас салона Трыанон. Вулiца павiнна быць вузейшай. Салон знаходзiцца на другiм паверсе. Вiдаць, ён бяднейшы, i Марыi-Луiзе плацяць менш, таму ёй даводзiцца быць вельмi ашчаднай, каб па-ранейшаму высылаць падарункi сястры i рабiць выгляд, што яе становiшча паляпшаецца.
Чым больш Кантэн думаў пра гэта, тым больш яго гнеў узрастаў, набываў форму i напрамак. Успомнiлася жонка, якая ўвесь час папракала яго за тое, што ён нi разу не наважыўся наведаць дачку.
– Яны яе эксплуатуюць. Яна адна... Дзяўчынка зусiм адна, а табе напляваць. Толькi думаеш пра свае землi, пра свае кнiгi ды як пагутарыць з гэтым iдыётам-настаўнiкам.
Дык гэта па яго вiне пакутавала Марыя-Луiза; каб ён паслухаў Iзабэлу, гэты Раберцi не пасмеў бы так зрабiць. I малакасос таксама. Пачуццё не падманула Iзабэлу. Яна прадчувала, што рабiлася з дачкой, добрае цi кепскае. I казала гэта. Апошнiм часам яна не пераставала цвярдзiць:
– Я прадчуваю, што нешта з ёй не так. А ты сядзiш тут! Цябе нiчога не кранае, быццам яна чужая табе!
Кантэн чуў гэта сотню разоў, таму не звяртаў на гэта больш увагi. А сёння ён раптоўна адчуў, што яго жонка мела рацыю.
Ён нечакана спынiўся на рагу вулiцы. Дагэтуль ён iшоў i думаў, таму не звяртаў увагi на дарогу. Ён фантазiраваў. Ён пабудаваў усю гэту гiсторыю нi з чога i цяпер, мабыць, быў далёка ад праўды.
Ён скалануўся, каб вызвалiцца ад сваiх думак. Урэшце, у яе маглi быць свае прычыны, раз яна змянiла месца. Ён нiчога аб гэтым не ведае. Яму нiчога не застаецца, як шукаць гэты салон Трыанон.
Кантэн спытаўся, дзе знаходзiцца вулiца Лучнiкаў, i пакрочыў далей.
Гэты павярховы салон павiнен быць значны. Цi няхай ён будзе меншы, але больш сур'ёзны. Лягчэй будзе пабачыць гаспадароў.
Кантэн намагаўся ўявiць сабе цырульны салон на паверсе. Ён ведаў толькi адну цырульню, там, у Лонсе. Гэта была змрочная i шэрая старая халупа бацькi Адрыена. На жаль, нiчога лепшага, чым гэта чорнае i закуранае памяшканне, ён не мог сабе ўявiць.
Ён лёгка адшукаў вулiцу Лучнiкаў i пакрочыў уздоўж яе, узiраючыся ў нумары дамоў. Некаторыя нумары нельга было разабраць, бо яго асляплялi яркiя светлавыя надпiсы, iншыя былi закрыты брызентам. Разы са два да яго падыходзiлi прастытуткi, i Кантэн быў вельмi здзiўлены, што бачыць iх у цэнтры горада ў такi час, калi на вулiцах поўна людзей. Гэта быў адзiн з сама фешэнебельных кварталаў. Тут знаходзiлася шмат багатых крамаў. Кантэн чамусьцi ўспомнiў, як некалi да яго суседа прыязджаў на адпачынак адзiн чалавек. Ён расказваў, што сама галоўны зводнiк Лiёна – вельмi багаты i паважаны камерсант. Стары са злосцю прагнаў гэты ўспамiн, якi прыйшоў яму ў галаву якраз у той момант, калi ён збiраўся ўбачыць сваю дачку. Ён намагаўся ўспомнiць усё тое, што некалi прачытаў аб гэтым або iншым горадзе. Гэтыя ўспамiны ўтварылi нейкую дзiўную мешанiну, i цяпер Кантэн бачыў у кожнай вулiцы, у кожным будынку добрае i кепскае.
Патрэбны нумар ён заўважыў непадалёку ад Рэспублiканскай вулiцы, якая была шырэйшай, больш асветленай i больш люднай, чым iншыя.
Над уваходам вiсеў вялiзны брыль, адна створка цяжкiх драўляных дзвярэй была расчынена насцеж. Кантэн адразу заўважыў чорную пластмасавую шыльдачку, на якой было напiсана белай фарбай: "Салон Трыанон. Другi паверх. Запiс на прыём". Побач вiсела яшчэ адна шыльдачка, медная, на якой значылася прозвiшча адваката. Кантэн адчуў сябе няёмка: у доме, дзе жыве адвакат, не можа быць значнага цырульнага салона.
Кантэн увайшоў. Калiдор i каменныя прыступкi былi слаба асветлены. Афарбоўка сцен выцвiла, тынкоўка была падрапаная. Кантэн агледзеўся i асцярожна ўдыхнуў вiльготнае паветра, якое пахла прэллю i дымам. Вiдаць, гэты пах даходзiў сюды праз шчылiны ў дзвярах, якiя знаходзiлiся пад прыступкамi i вялi ў склеп. Кантэну не падабаўся люкс, аднак цяпер яму чамусьцi стала шкада салона Раберцi. Але ён тут жа сказаў сабе, што нельга меркаваць аб доме толькi па тым, якiя ў яго прыступкi. I потым, гэта пераканаўчая шыльдачка з прозвiшчам адваката...
На дзвярах, якiя вялi на лесвiчную пляцоўку другога паверха, таксама была прыбiта шыльдачка, на якой, акрамя назвы салона, было надрукавана яшчэ: "Манiкюр. Толькi для мужчын".
Гэта крыху ўразiла Кантэна. Ён ведаў, што Марыя-Луiза пачала знаёмiцца з прафесiяй манiкюршчыцы, але яму здавалася, што яна больш працуе цырульнiцай, паколькi сама ўвесь час гаварыла пра гэта. Яна часта прысылала ў канвертах невялiчкiя цiкавыя малюнкi, каб растлумачыць сваёй сястрычцы, як яна рабiла тую цi iншую прычоску. Яна называла гэта завiўкай.
Кантэн пачуў наверсе крокi i, баючыся, каб яго не засталi перад гэтымi дзвярамi, хуценька пазванiў. Прайшла нейкая хвiлiна, пакуль нарэшце дзверы адчынiлiся.
На парозе стаяла жанчына сярэднiх гадоў. Яна прывiтала Кантэна лёгкiм кiўком галавы i саступiла ўбок, каб прапусцiць яго ў пакой. Невялiчкi пакой меў квадратную форму. Пасярод яго стаяў круглы столiк на адной ножцы. Яшчэ з мэблi было: два крэслы, стул i трохвугольны столiк у куце, на якiм стаяў тэлефонны апарат.
Жанчына разглядала Кантэна са здзiўленнем, нават з непакоем. Яна была невысокага росту, даволi моцная, з маршчынiстым, вiдаць, ад частага ўжывання касметыкi, тварам. Кантэн звярнуў асаблiвую ўвагу на яе валасы. Яны былi вельмi блiскучыя, з выразным блакiтным адценнем. Нарэшце жанчына спыталася:
– Вы прыйшлi, каб прызначыць спатканне?
Кантэн палiчыў пытанне зусiм нармальным, таму адказаў з усмешкай:
– Не, мадам. Я толькi прыйшоў пабачыць Марыю-Луiзу Кантэн.
Завiткi з блакiтным адлiвам уздрыгнулi на лобе жанчыны, яна адразу зрабiла выгляд, што ўсё разумее.
– О, мой дарагi месьё! Яна ўжо даўно не працуе ў мяне. Але гэта не мае значэння, у нас ёсць iншыя... Сядайце, калi ласка.
Але тут Кантэн перапынiў яе:
– Ды не, кажу я вам, мне трэба пабачыць толькi Марыю-Луiзу!
Ён прамовiў гэта так гучна, жорсткiм голасам, што твар жанчыны раптоўна пацямнеў. Але калi ён змоўк, на яе твары зноў з'явiлася ўсмешка, яна падмiргнула Кантэну i сказала:
– Ну, так усе кажуць спачатку, а пасля задаволены. Вось убачыце...
Тут жанчына замаўчала, бо звярнула ўвагу на пакунак, якi Кантэн трымаў пад пахай. Яна з цiкаўнасцю спыталася:
– А-а-а, я разумею, вы хочаце нешта перадаць ёй?
– Я... Я, значыць, гэта самае...
Кантэн ледзь не сказаў: "Я яе бацька", але стрымаўся. Нешта прымусiла яго не вымавiць гэтых слоў.
У сваю чаргу жанчына пачала фразу, якой таксама не скончыла:
– Вы, мабыць...
Яны стаялi адно супраць аднаго i не ведалi, што рабiць i што казаць. Кантэн гайдаў сваёю рукой вялiкi чорны капялюш i пакусваў нiжнюю губу i свае шэрыя вусы. Твар жанчыны быў напалову ўсмешлiвы, напалову варожы, быццам адна маршчына выкрывала тое, што хавала другая. Кантэн урэшце сцiпла сказаў:
– Я ад яе сям'i.
Здаецца, жанчыне стала крыху лягчэй. Яна растлумачыла ўпэўненым голасам:
– Дык вось. Мадэмуазель Кантэн больш у нас не працуе. Амаль тры месяцы прайшло, як яна пайшла ад нас.
– Тры месяцы?
– Але. Можа, нават болей.
Кантэн паглядзеў вакол сябе. Усе прадметы мелi няясныя абрысы, быццам у тумане. Яму здалося, што ён знаходзiцца далёка ад гэтага пакоя. Кантэн авалодаў сабой i спытаўся:
– А дзе яе можна знайсцi, вы не скажаце?
– Ну, ведаеце... Калi мяне пакiдае работнiца, я не маю звычкi...
Тут яна замаўчала, адвярнулася i крыкнула ў калiдор:
– Жазэта!
– Што? – адазваўся нехта ў глыбiнi.
– Ты не ведаеш, дзе цяпер Марыя-Луiза?
– Яна не казала мне, але думаю, што перабiваецца адна. Дзе, гэта ўжо iншая справа. А жыве яна, здаецца, на той самай кватэры.
Голас змоўк, i Кантэн пачуў, як дзесьцi зарыпелi дзверы. Жанчына спытала ў яго, цi ведае ён адрас Марыi-Луiзы, i Кантэн падумаў, што ён павiнен папрасiць у яе прабачэння.
– Ведаю, – адказаў ён. – Але ў гэткi час я разлiчваў убачыць яе тут...
– Сапраўды. Тады iдзiце на яе кватэру, там вы зможаце пакiнуць свой пакунак у кансьержкi.
На яе твары зноў з'явiлася ўсмешка. Жанчына павярнулася да дзвярэй, але тут Кантэн пачаў дзякаваць ёй.
– Няма за што, – проста адказала яна.
10
Кантэн не заўважаў, што крочыць па вулiцы. Ён не памятаў, як спусцiўся па бруднай лесвiцы салона Трыанон. Цяпер ён спынiўся ля ярка асветленай вiтрыны, расшпiлiў палiто i паглядзеў на гадзiннiк. Было шэсць гадзiн з паловаю. У глыбiнi вiтрыны было вялiкае люстэрка, i Кантэн здзiвiўся, калi ўбачыў у iм свой твар, свой капялюш, сваё футра, пакунак рудога колеру, перавязаны белым матузком. Доўгiя водсветы драбнiлi яго воблiк. Лямпы надавалi яго твару своеасаблiвы, незнаёмы колер. Такога колеру не бывае ў прыродзе. I Кантэн стаяў, быццам палонны ў гэтым люстры, быццам прывязаны да свайго двайнiка, якi так мала быў падобны да яго.
За спiною двайнiка крочылi людзi, а iх галасы i крокi Кантэн чуў за сабою. Нейкi момант ён глядзеў на iх. Яму быў незнаёмы гэты рухлiвы свет, яму было чужое ўсё гэта, што не адбывалася ў iм самiм.
– Марыя-Луiза...
Ён некалькi разоў паўтарыў гэта iмя, назiраючы ў люстры, як варушацца яго вусны. Ён глядзеўся ў люстэрка толькi тады, калi галiўся. Але ён не звяртаў нiколi ўвагi нi на свае вочы, нi на рот. Ён сачыў, як мыльная пена пакрывае яго бараду, вусы, нос, сачыў за рукою i брытвай.
Няўжо ён сапраўды бачыў сябе першы раз? Няўжо ён быў такi на самай справе? Няўжо гэта быў яго твар, схаваны ў футры i напалову закрыты занадта шыракаполым капелюшом?
Кантэн раптоўна сарваўся з месца i пакрочыў далей.
Марыя-Луiза! Так, Марыя-Луiза! Ён павiнен знайсцi яе. Знайсцi, што б там нi было. Што яму было вядома? Што яна два разы за год памяняла работу i не паведамiла аб гэтым. Салон Раберцi яна, вядома, пакiнула з-за гэтага малакасоса i з-за яго занадта размаляванай сяброўкi. Марыя-Луiза нiчога пра гэта не пiсала. А што думаць пра другое месца яе работы? Кантэн ведаў, што яшчэ iснуюць месцы спатканняў, нейкiм чынам замаскiраваныя дамы распусты. Аднойчы яны нават размаўлялi на гэту тэму з настаўнiкам, калi той даў яму прачытаць цiкавую кнiжку "Бубу з Монпарнаса". Кантэн добра памятаў тую iхнюю размову. Яны з настаўнiкам зрабiлi вывад, што напалову падпольная прастытуцыя з'яўляецца прыкладам вялiкай крывадушнасцi. Тут жа было нешта iншае. Гэта шыльда, дом, жанчына з блакiтнымi валасамi, яе дзiўны прыём. Няўжо Марыя-Луiза прыходзiла сюды? Няўжо маладых дзяўчат сапраўды наймаюць як манiкюршчыц i не гавораць iм, што ад iх патрабуецца? Урэшце, Марыя-Луiза проста не змагла б...