355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Бернар Клавель » Бацькава падарожжа (на белорусском языке) » Текст книги (страница 8)
Бацькава падарожжа (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 28 сентября 2016, 22:37

Текст книги "Бацькава падарожжа (на белорусском языке)"


Автор книги: Бернар Клавель


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 8 (всего у книги 8 страниц)

– Тата! Тата!

Кантэн доўга не падымаў галавы, быццам глядзеў, цi застаўся яшчэ снег на яго абутку. Дэнiза паўтарыла:

– Тата!

– Мая маленькая, – нарэшце прамармытаў ён.

– А дзе Марыя-Луiза, тата?

Кантэн заўважыў, як па падлозе рухаўся цень Iзабэлы. Потым з'явiлiся яе рудыя тапкi i худыя ногi ў чорных вязаных панчохах. Кантэн увайшоў, узняў на яе вочы i адразу адвёў позiрк. Павольна наблiзiўся да плiты.

Было вельмi цiха. Кантэн адчуваў на сваёй патылiцы позiркi дзвюх жанчын. Ён прыслухоўваўся да iх дыхання, да дыхання агню ў печцы, якое супадала з завываннямi ветру ў начы.

Нарэшце Кантэн дома. Ён столькi марыў аб гэтым. Марыў пра цяпло i спакой свайго дома, а цяпер зноў адчуў трывогу, якая не пакiдала яго ўвесь час, пакуль ён iшоў сюды.

Кантэн быў тут з Iзабэлай i Дэнiзай, аднак адчуваў сябе адзiнокiм. Няўжо ён так i застанецца адзiн? Да апошняй хвiлiны ён адганяў гэту думку, але цяпер адчуў, што яна iшла за iм на працягу ўсёй гэтай снежаньскай ночы i ўвайшла ў яго дом, быццам вялiкi верны сабака.

– Што здарылася?

Голас Iзабэлы прагучаў аднекуль здалёк. З глыбiнi гэтай хатняй цiшынi. Кантэн спакваля павёў плячыма, прыўзняў рукi, якiя адразу ж апусцiлiся. Ён не мог адарваць позiрку ад маленькага кружка агню, якi быццам жывы калацiўся ў сярэдзiне чыгуннай плiты.

Голас Iзабэлы павысiўся на тон:

– Чаму ты вярнуўся без яе? Чаму?

Цяпло, якое падымалася ад плiты, апякло Кантэнаў твар. Ён павольна вымавiў:

– Яна не можа прыехаць.

– Яны не захацелi адпусцiць яе... I ты нiчога не зрабiў!.. Зусiм нiчога!

– Не... Нiчога.

Цяпер Iзабэла стаяла ля плiты. Яна нахiлiлася, каб разгледзець, што напiсана на яго твары. Кантэн крутнуўся ўправа, падышоў да крэсла i грузна апусцiўся ў яго.

– Ну, расказвай, чаго замаўчаў!

Кантэн нахiлiўся, каб расшнураваць чаравiкi. Пальцы не гнулiся, а скураныя вузлы яшчэ не адышлi ад марозу. Тут голас Iзабэлы зноў разануў яму вуха:

– Дык ты будзеш гаварыць цi не? Я, напэўна, маю права, каб нешта ведаць!

– Не злуй. Я прашу цябе, не злуй.

Кантэн гаварыў цiха. Голас яго дрыжаў. Трошкi цiшэй, але на гэткай жа вострай ноце жонка зноў настойлiва запыталася:

– Што здарылася?.. Яна захварэла?

– Не, яна добра сябе адчувае.

– Дык што такое?

Кантэн урэшце разуўся, уссунуў на ногi свае мяккiя туфлi i павольна ўстаў з крэсла. Гатовая вось-вось заплакаць, Дэнiза спыталася:

– Яна не прыедзе?

– Не... Не цяпер.

Iзабэла падышла да яго i зноў угледзелася ў твар. Потым сказала:

– Ты дзiўна выглядаеш. Дык гавары нарэшце! Што ты хаваеш ад нас? Гавары!

Яна ўся напружылася, ахопленая хутчэй болем, чым гневам. У яе вачах застыў моцны жах.

– Ты праўду казала, – прамармытаў ён, – трэба было больш думаць пра яе, чым пра сябе...

Ён сказаў гэта не падумаўшы i цяпер адчуў, што прыйдзецца расказаць усё, хоць ён не быў падрыхтаваны да гэтага. Iзабэла нахмурыла бровы i закрычала:

– Калi я добра зразумела, нам няма чаго спадзявацца на яе прыезд!

Кантэн баяўся жончынага гневу. Ён не ведаў, як сябе паводзiць, каб не раззлаваць яе яшчэ больш. Ён злаваў на самога сябе, што не мог знайсцi патрэбных слоў, i сказаў неўпапад:

– Мы не маем права быць эгаiстамi.

Iзабэла ажно падскочыла ад гэтых яго слоў.

– Табе лёгка гаварыць! Ты бачыў яе! Бачыў, i цяпер табе напляваць на нас! Ты заўсёды думаў толькi пра сябе. Пра сябе аднаго... А мне давядзецца яшчэ чакаць i чакаць... I ў цябе хапiла сумлення сказаць пра эгаiзм!

Пачала румзаць Дэнiза. Гатовая вось-вось расплакацца, яна прамовiла тоненькiм голасам:

– Табе пашанцавала, татка. Ты ўбачыў яе.

Кантэн глядзеў на iх. А ўжо ж! У параўнаннi з iмi яму вельмi пашанцавала! Вельмi! Яны нават уявiць сабе не маглi, як яму пашанцавала. Чым больш ён глядзеў на iх, тым больш яму здавалася, што ён бачыць iх такiмi ўпершыню. Яны не змянiлiся, кухня не змянiлася, ноч не змянiлася, i нават яго дом уначы не змянiўся. Змянiўся ён, Кантэн, бо пачаў глядзець на ўсё iншымi вачыма.

– Няўжо яна не прыедзе абняць нас перад тым, як выправiцца ў Парыж? спыталася Iзабэла.

Не раздумваючы, Кантэн адказаў:

– Яна паехала сёння вечарам, за некалькi хвiлiн перад маiм ад'ездам.

– Добра, што ты паехаў раней i паспеў развiтацца з ёю.

– Але, праўда.

Жанчыны ўсё падрыхтавалi да сустрэчы Новага года. Стол быў накрыты на чатырох. У вялiкай салатнiцы горкай ляжалi пасечаныя каштаны, на бярэмi дроў стаяла патэльня з дзiркамi.

Кантэн падышоў да малой, якая горка плакала, стоячы ля запаленых ясельцаў. Ён абняў яе за шыю, i калi яна падняла на яго пачырванелыя вочы, Кантэн заўважыў у iх папрок. Ён стаў тлумачыць:

– Яна ж цябе вельмi любiць, твая Марыя-Луiза. Ты сама гэта добра ведаеш. Яна заўсёды думае пра цябе... I я сказаў ёй, што ты змайстравала яселькi... Ты ведаеш, яна вельмi з гэтага ўзрадавалася... Яна так хацела прыехаць... Але нельга было...

Ён вымушаны быў замаўчаць i адвярнуць галаву, бо на вочы нагарнулiся слёзы, а ён не жадаў, каб убачылi, што ён плача.

– Няўжо ж мы не людзi тут! – крыкнула Iзабэла. – Няўжо цяжка было даць ёй хоць адзiн дзень, каб яна магла развiтацца з намi? Што там за гаспадары такiя? Што гэта за прафесiя? А ты, пэўна ж, не знайшоў, што сказаць iм. Ты нават не паспрабаваў сказаць, што я хворая. Няўжо ж табе мову адняло б, каб ты хоць разок зманiў? Ты манiць не ўмееш... Не можаш... У цябе свае прынцыпы... Ты толькi можаш важдацца са сваёй зямлёю, са сваёй жывёлай, са сваiмi кнiжкамi!

Iзабэла гаварыла i гаварыла. Яна ўсё вярнула на Кантэна. Толькi ён адзiн быў ва ўсiм вiнаваты. Яна называла яго эгаiстычнай i ганарыстай пачварай, яна абражала яго, як толькi магла.

Кантэн слухаў моўчкi. Ды яму не было чаго i сказаць. Яму здавалася, што ад гэтага жончынага гневу iм абаiм стане лягчэй. Яна абзывала яго такiмi словамi, якiх ён не асмелiўся б нават прашаптаць. У той жа час ён ведаў наперад, што яна скажа. Бо так i павiнна было быць.

Паклаўшы локцi на каленi, Кантэн глядзеў на чырвоныя вугольчыкi на каласнiку, якiя нагадвалi яму вязняў за кратамi.

25

Паступова гнеў Iзабэлы перайшоў у плач, якi цягнуўся вельмi доўга.

Кантэн нерухома сядзеў i глядзеў на вуголле, якое раз-пораз успыхвала ўслед за парывамi ветру на дварэ. За яго спiною плакалi дзве жанчыны, i iх плач пераклiкаўся з працяглымi завываннямi зiмовай ночы.

Котка павольна вылезла з падпечка, некалькi разоў пацягнулася, аблiзала поўсць i ўскочыла Кантэну на каленi. Яна доўга прынюхвалася да яго курткi, штаноў, твару. Потым пацерлася пыскай аб калючы падбародак старога, разы са тры крутнулася на месцы i ўлеглася абараначкам.

Памалу жанчыны пачалi супакойвацца. Гэта нагадвала навальнiцу ўлетку, калi яна непрыкметна аддаляецца з кароткiмi парывамi ветру, падобнымi на ўсхлiпы. На дварэ таксама прыцiхла. Кантэн заплюшчыў вочы. Ён намагаўся прагнаць тое, што зноў варушылася ў яго душы.

Няўжо час спынiўся? Няўжо ўсё раптоўна ператварылася ў доўгую бясконцую ноч без свiтання?

Пасля нейкага нязвыклага маўчання зарыпела крэсла, на якiм сядзела Iзабэла. Гэта яна ўстала i ззаду падышла да Кантэна.

– Есцi хочаш? – спыталася спакойным голасам.

– Не, я не галодны.

– Усё-такi з'еш гарачага.

– Не, дзякую.

Кантэн адказваў не думаючы. Яму шкада было той цiшынi, якая ўсталявалася толькi на некалькi хвiлiн.

– Ва ўсякiм разе, талерка супу табе не пашкодзiць.

Жончын голас зноў набываў аўтарытэт. Кантэн падняў галаву. Жонка падкладала дровы ў плiту i не заўважыла гэтага. Полымя пад гаршком загуло, i калi Iзабэла зняла накрыўку, па кухнi разнёсся прыемны пах тушанай свiнiны. Кантэну адразу захацелася есцi.

– Ну, iдзi за стол, – паклiкала жонка.

Калi ён сеў за стол, суп ужо быў налiты ў талеркi. Яны пачалi моўчкi есцi, потым Iзабэла спыталася, амаль зусiм спакойным голасам:

– Дык раскажы хоць нам, як ты знайшоў яе. Дзе яна жыве? Цi праўда, што ў яе такi прыгожы пакой, як яна нам расказвала?

– Ага, праўда. Пакой вельмi добры.

– Ты спаў на яе канапе?

– На канапе.

– Гэты пакой застанецца за ёй? Цi доўга яна прабудзе ў Парыжы?

Кантэн крыху павагаўся, потым адказаў:

– Яна заплацiла за пакой да канца студзеня. А далей будзе вiдаць.

– Але ж яна не ведае, колькi часу прабудзе ў Парыжы?

– Не, яшчэ не ведае.

Iзабэла ўздыхнула, з'ела дзве лыжкi супу i зноў прадоўжыла свой допыт:

– Вы харчавалiся разам?

– Але.

– Дзе, у рэстарацыi?

– Ага.

Раптам Iзабэла павысiла голас:

– Ды гавары ты нарэшце! А то з цябе слова не выцягнеш.

– Ведаеш, Iзабэла, я вельмi стамiўся. Вельмi.

– Ты часам не прастудзiўся?

– Не.

– Ты не прывык да дамоў з гэткiм ацяпленнем. Вiдаць, было вельмi горача.

– Ага, вельмi.

– А ў цягнiку ўсё было добра?

– Вельмi добра.

Iзабэла замаўчала. Разы са тры iх позiркi сустрэлiся, але кожны раз Кантэн апускаў галаву. Дэнiза спыталася:

– Дом у Марыi-Луiзы такi маленькi, як яна хацела, цi не?

– Але, такi маленькi.

– I ў Парыжы ў яе таксама гэткi будзе?

– Але, гэткi самы.

Кантэн даеў свой суп. Потым адсунуў крэсла i сказаў, што хоча паглядзець скацiну.

– Ды ўжо сядзi ты, – кiнула Iзабэла, – скацiна дагледжаная. Нiчога з ёй не зробiцца. Убачыш заўтра ранiцай.

Кантэн падняўся з-за стала i сеў ля печкi. На нейкi час у пакоi стала цiха. Потым Iзабэла прамовiла з пакутлiвым уздыхам:

– Невядома, як там у яе будзе, толькi мне будзе вельмi цяжка перажыць усё гэта... Ведаеш, вельмi цяжка...

Смутак нiяк не пакiдаў яе. Голас падазрона дрыжаў, i Кантэн баяўся, што яна заплача зноў. Ён адчуваў, што трэба прыйсцi ёй на дапамогу, але гэта было вельмi нялёгка.

– Разумееш, – спрабаваў тлумачыць ён, – там жыццё зусiм не такое, як тут... Там усё па гадзiннiку... Горад, ведаеш, гэта табе не вёска...

Котка зноў узабралася яму на каленi. Iзабэла кiнула ў печку палена, полымя ярка ўспыхнула i на нейкi час ажывiла начны спакой.

– А як з настаўнiкам, – спыталася Iзабэла спакайнейшым голасам, – цi гаварыла яна з табою пра яго?

– Гаварыла.

– Ну i?..

– Ды, як гэта... Казала, што ў яе iншыя планы.

Кантэн зразумеў, што гэтыя яго простыя словы дапамагаюць жонцы крыху забыцца пра свой смутак. Яму нават здалося, што i вочы ў Дэнiзы таксама пасвятлелi.

– Дык вось, калi ўбачыш яго, – ужо ўпэўнена казала Iзабэла, – скажы яму раз i назаўжды: хай не турбуе нас са сваiмi недарэчнымi думкамi. У госцi няхай прыходзiць, ён хлопец неблагi, але пра Марыю-Луiзу каб забыўся!

Кантэн уздыхнуў, адкашляўся i павольна прагаварыў:

– Я спаткаўся з iм, як вяртаўся з вакзала, i ўсё яму растлумачыў.

– I як ён?

– Што ты хочаш, бедны хлопец. Мне так шкада яго.

– Нiчога, суцешыцца! Ад гэтага яшчэ нiхто не памiраў.

Голас Iзабэлы паступова набываў сваю цвёрдасць. Кантэн паглыбiўся ў сябе. Аднак i там перад iм стаяў пабляклы жончын твар. Вядома, з цягам часу яна суцешыцца. Бо жыццё прадаўжаецца, жыццё з яго штодзённымi турботамi i маленькiмi радасцямi. Жыццё, якое можа засланiць сабою многае.

– Ведаеш, – цiха прамовiў ён, – яна, здаецца мне, да нас не прыедзе... Яна не зможа сюды вярнуцца...

I змоўк, бо адразу пасля яго слоў горка заплакала Дэнiза. Кранулi гэтыя словы за жывое i жонку, але яна стрымалася, падышла да малой i пачала яе суцяшаць:

– Не плач, дурненькая. Яна прыедзе да нас, прыедзе летам... Ёй будзе добра ў Парыжы. А потым, некалi яна возьме цябе з сабою i ўсё пакажа.

Кантэн таксама хацеў суцешыць дачку, але тая паглядала на яго з папрокам. Ён разумеў, што цяпер яна будзе плакаць доўга i зусiм не з таго, што яе сястра сёння не прыедзе.

Кантэн прыгарнуў дачку да сябе, пасадзiў яе на каленi, але яна сядзела напружана. Ён даўно не трымаў яе гэтак. Яна была ўжо вялiкая, i Кантэн адчуваў сябе няёмка з ёю. Нягледзячы на гэта, ён пачаў расказваць дачцэ пра сястру. Ён асцярожна падбiраў словы, каб апiсаць Дэнiзе той свет, у якiм ён толькi што пабыў. Яму гэта доўга не ўдавалася, але паступова расказваць яму рабiлася ўсё лягчэй i лягчэй, i шматлiкiя падрабязнасцi ўсплывалi ў памяцi самi.

Кантэн апiсаў салон, у якiм працавала Марыя-Луiза, апiсаў яе дом, яе пакой, вулiцы горада, упрыгожаныя святочнай iлюмiнацыяй. Чым далей ён расказваў, яго голас набываў усё большую ўпэўненасць. Кантэн ужо гаварыў без намагання, быццам распавядаў пра цiкавае падарожжа. А жанчыны слухалi яго. Час ад часу Iзабэла падбадзёрвала Кантэна. У яе вачах засвяцiўся гонар за сваю дачку. Памаўчаўшы, яна сказала:

– Ведаеш, усё-такi хоць i любiм мы скардзiцца, але ж вельмi прыемна мець такую дачку... Працаўнiца... Разумнiца... Яна праб'е сабе дарогу ў жыццi...

Кантэн глыбока ўздыхнуў. Ён падняў на жонку вочы i зразумеў, што тая далёка адсюль: яна са старэйшай дачкой знаходзiцца ў iншым свеце, якi ўяўляецца ёй такiм цудоўным.

26

Назаўтра Кантэн падняўся рана i пайшоў глядзець гаспадарку. Усё было ў парадку. Сваю работу Кантэн рабiў механiчна, бо рукi самi ўсё ведалi. Ён выкiнуў гной, падаслаў скацiну, даў сена, вады.

Ён быў апрануты ў звыклую вопратку, выцвiлую i прапахлую тысячамi пахаў, якiя толькi могуць iснаваць на ферме. У хляве было цёпла, пахла жывёламi i жыццём.

Скончыўшы са скацiнаю, Кантэн запалiў на двары лiхтар i пачаў чысцiць сцежкi, якiя вялi да кучы гною i да гумна з кукурузай. На вулiцы ледзь-ледзь свiтала. Ахутаная ноччу раўнiна яшчэ спала. Але на ўсходзе ўжо нараджалася зара. Яна нагадвала крынiцу, што пачыналася на вяршынi ўзгорка i цякла памiж лесам i нiзкiм небам, якое навiсала суцэльнай шэрай хмарай.

Памалу вiднела, аднак здавалася, што ад снегу iдзе больш святла, чым ад неба. Кантэн як нiколi ўважлiва сачыў сёння за гэтым змаганнем памiж днём i ноччу. Яму здавалася, што новы дзень пракладвае дарогу да яго дому, скаванага зiмою, быццам карабель iльдом.

Як толькi развiднела, Кантэн вярнуўся ў дом i пайшоў на кухню. Там ён сеў ля акна i стаў глядзець на дарогу, на якой ноч знiшчыла ўсе сляды.

Знiклi сляды паштальёна, настаўнiка, сляды, якiя пакiнуў сам Кантэн, калi ад'язджаў i калi вяртаўся. Гэта зiмовая ноч знiшчыла ўсё мiнулае i пасялiла ў гэтым кутку холад i адзiноту.

– Калi вецер са снегам, чакай адлiгi!

I сапраўды, за ноч усё замяло. Кантэн уздыхнуў. Няўжо вось так i час, як гэты вецер са снегам, зможа сцерцi некаторыя ўспамiны?..

Думаць не хацелася. Кантэн глядзеў на заснежаную дарогу, на бялюткi луг, на зусiм шэры лес удалечынi, на неба, якое, здавалася, ляжала сёння на вяршынях далёкiх пагоркаў, якраз там, дзе пачыналася бясконцая раўнiна. У яе глыбiнi знаходзiўся горад... Але ён быў нябачны з гэтага акна.

За спiною ўзад-уперад снавалi жанчыны. Адчынялiся i зачынялiся дзверы, i тады ў пакой трапляла халоднае паветра. Быццам калматы сабака, яно праходзiла ў Кантэна мiж ног i прымушала мiтусiцца полымя ў печцы. Дзiўна, як упэўнена паводзiць сябе зiма: заходзiць сюды i адразу выказвае свой гнеў, як толькi ўчуе пах гарачых вугалёў.

Iзабэла толькi што выйшла на двор з двума гарачымi чыгункамi, i пакой напоўнiўся добрым пахам варанай бульбы i вотруб'я. Кантэн удыхнуў гэты пах з асалодаю, i адразу прыпомнiўся яму горад, яго смярдзючыя вулiцы, выхлапныя газы, ад якiх рэзала ў вачах i пякло ў горле. Там нават вецер быў брудны. Ажно непрыемна было слухаць, як ён свiстаў у металiчнай сетцы.

Пасля таго як Iзабэла выйшла, на кухнi ўсталявалася цiшыня. Толькi было чуваць, як гудзе полымя. Дэнiза сядзела за бацькавай спiной. Кантэн здагадаўся, што яна глядзела на ясельцы. Яму карцела павярнуцца да яе, але ён быў настолькi моцна працяты спакоем, якi лiўся звонку, што не змог гэтага зрабiць. У такое ранне ён не жадаў больш вяртацца ў думках да таго, што адбывалася з iм два днi запар. Ён быў зачараваны гэтым неадчувальным святлом, гэтай цiшынёй, i яго больш нiчога не займала.

Нарэшце Кантэн устае i павольна iдзе да Дэнiзы. Тая падымае на яго вочы, i Кантэн адразу чытае ў iх тое, што яна збiраецца папытацца. Ён разумее, як цяжка ёй знайсцi патрэбныя словы.

– Тата, – гаворыць яна няўпэўненым голасам, – праўда, наша Марыя-Луiза прыедзе сёлетнiм летам?..

– А як жа, прыедзе, на вакацыi, як i мiнулым летам.

– А мы пакiнем яселькi, каб яна змагла ўбачыць iх?

Кантэн кiвае галавою ў знак згоды. Пагляд у малой загараецца, але адразу хмурнее ад нейкай новай думкi. Пасля доўгiх ваганняў яна цiха пытаецца ў бацькi:

– А праўда, што настаўнiк больш да нас не прыйдзе?

Кантэн добра ведае, што хлопец больш не прыйдзе сюды нiколi. Ад гэтай думкi яму становiцца адначасова i цяжка, i лёгка. У вачах у Дэнiзы ён бачыць вялiкую надзею i не можа адным словам разбiць яе. Ён ведае, што час загоiць любую рану, таму весела адказвае:

– Вядома, ён да нас прыйдзе! Толькi гэта будзе праз некалькi дзён, а можа, i тыдняў.

Вочы ў дзяўчынкi заблiшчалi. На твары з'явiлася шчырая ўсмешка, ад якой Кантэну спачатку зрабiлася цёпла, а праз хвiлiну – кепска. Але ён падышоў да дачкi, стаў гладзiць яе прамыя валасы, потым лёгенька папхнуў да стала:

– Дэнiза, дачушка, ты яшчэ не прыбрала свайго кубка. Спяшайся, i выцеры стол, пакуль мацi не вярнулася з хлява.

Дэнiза ўзяла кубак i аднесла яго да каменнай мыйкi. Вярнулася з анучай i спыталася:

– Тата, раскажы мне яшчэ, што вы рабiлi ўчора з Марыяй-Луiзай?

Кантэн павярнуўся да акна. Шыба, якую ён нядаўна працiраў, зноў запацела. Ён працёр яе яшчэ раз.

Дзень перастаў наступаць. Ён спынiўся, быццам скаваны марозам. Толькi паўночны вецер не супыняўся. Час ад часу ён прыносiў адзiнокiя сняжынкi, якiя ашалела кружылiся ў паветры. Адкуль яны сарвалiся, з зямлi цi з неба? Яны праляталi за акном, нерашуча пырхаючы, быццам аслепленыя матылькi, а потым адляталi некуды далей, у бок вёскi.

Кантэн сеў на сваё крэсла ля плiты. Паварушыў вуголле, агонь успыхнуў. На каленi скокнула котка. Дэнiза выцерла палову стала i замерла з крошкамi ў левай руцэ, якую прыцiскала да грудзей з настаўленай далоняй, быццам збiралася жабраваць.

– Тата, – прашаптала яна яшчэ раз, – раскажы мне пра Марыю-Луiзу.

Кантэн неадрыўна глядзiць на полымя. Ён вагаецца, бо думае, з чаго пачаць. Яму цяжка гэта зрабiць, але ён ведае, што пасля будзе лягчэй.

Кантэн робiць дачцэ знак, каб яна хутчэй канчала свой занятак, i адразу пачынае расказваць.

Ён расказвае, а сам сочыць, як павольна i старанна ссоўвае дзяўчынка крошкi па цыраце i абводзiць анучай кожны намаляваны на ёй букет кветак.

Урэшце яна канчае выцiраць, кладзе анучу на месца, ссыпае крошкi ў гаршчок i iдзе да буфета. Кантэн ведае, што яна спынiцца перад партрэтам Марыi-Луiзы, якога ён пазбягаў увесь гэты ранак, аднак заўсёды яго погляд натыкаўся на ўсмешку i крыху сумныя вочы старэйшай дачкi.

Шэль, 17 чэрвеня 1965 года


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю