355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Бернар Клавель » Бацькава падарожжа (на белорусском языке) » Текст книги (страница 1)
Бацькава падарожжа (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 28 сентября 2016, 22:37

Текст книги "Бацькава падарожжа (на белорусском языке)"


Автор книги: Бернар Клавель


Жанр:

   

Прочая проза


сообщить о нарушении

Текущая страница: 1 (всего у книги 8 страниц)

Клавель Бернар
Бацькава падарожжа (на белорусском языке)

Бэрнар Клавэль

Бацькава падарожжа

Прысвячаю Гансу Бальзэру, брату, якi знайшоўся цудам,

на ўспамiн аб Каркасоне 1942 i аб Ваймары 1965

СНЕЖАНЬСКI РАНАК

1

Ужо больш як тыдзень зямля чакала снегу. Над ёю няспынна цягнулiся калматыя шэрыя хмары, якiя нечакана з'яўлялiся то з поўначы, то з захаду. Знiзу ўсё гэта нагадвала плынь вялiкай самотнай ракi, якая несла няведама куды свае неспакойныя вiры. Вiдаць, сёлета ад зiмы не было чаго чакаць, акрамя бесперастаннай жальбы ветру.

Аднак пад вечар 22 снежня, за нейкую гадзiну да змяркання, паўночны вецер прынёс першыя сняжынкi. Яны былi дробныя, кволыя i хутчэй нагадвалi веснавыя градзiны, якiя добра выкачалiся ў брудзе, перш чым залегчы на дно разораў. Пад ноч сняжынкi павялiчылiся ў памерах, i ўрэшце за шчыльным палатном завеi паступова знiк суседскi вiнаграднiк, да блiжэйшых лозаў якога было крокаў сто. Даўжэзныя бледныя стужкi працягнулiся да самай зямлi i пазначылi абрысы будучых сувеяў.

А потым на белы сусвет апусцiлася ноч, сярод якой ажно да ранiцы чулiся завываннi i ўсхлiпы ветру.

Гэтай ноччу Кантэн так i не змог заснуць. Стары ўздыхаў, варочаўся, прыслухоўваўся да гукаў на дварэ. Падняўся ён рана, на досвiтку i адразу выйшаў з дому. Спачатку падмёў сцежкi, пасля выкiнуў гной з канюшнi.

Цяпер усё было пароблена. Жывёла дагледжаная, дровы нарыхтаваныя за плiтой на ўвесь дзень. Раз ужо лёг снег, можна сядзець у цяпле i чакаць вясны.

Кантэн працёр далоняй запацелую шыбiну i пачаў глядзець на вулiцу. Кухня напоўнiлася пахам зваранай бульбы, рознымi гукамi. Кантэн чуў, як за спiной завiхалася жонка, рыхтуючы корм свiнням i трусам. Бразгалi чыгуны. Па своеасаблiвым гуку стары пазнаў сама большы з iх. Ён трэснуў у час збору вiнаграду, i Кантэн вымушаны быў абкруцiць яго тоўстым дротам. Дэнiзы не было чуваць, хоць стары ведаў, што яна тут.

Дачка сядзела за сталом. Яна нават не дакранулася да кубка з цёплым малаком, куды накрышыла пячэння. Дэнiза засяроджана глядзела на прыпечак старой печы, у якой раней пяклi хлеб. Там стаялi калядныя яселькi*.

* Паводле бiблейскага сюжэту, яслi, у якiя быў пакладзены Iсус пасля свайго нараджэння.

Ад снегу, якi ляжаў за акном, кухня з нiзкаю столлю неяк пасвятлела, хоць дзень быў вельмi пахмурны. Кантэн ведаў, што так будзе да вечара. У такое надвор'е iнакш не бывае. Яму добра былi знаёмыя гэтыя навiслыя над зямлёю нябёсы, якiя заўсёды наблiжалi лiнiю гарызонту да самага лесу Мулатаў. Тады ён, быццам прысыпаны попелам, быў ледзь бачны ўдалечынi.

Так было i сёння. Усё пачынала злiвацца ў адно адразу ж за вялiкай гурбай, якая перагарадзiла дарогу, што вяла да вёскi.

Ад нечаканасцi Кантэн уздрыгнуў: з даху на снег звалiлiся два вераб'i. Нейкi час яны сварылiся, потым большы знiк за гумном, у якiм хавалi кукурузу. Вiдаць, снег iшоў усю ноч, бо на перакладзiнах ляжалi важкiя белыя карункi. Вецер супакоiўся толькi на золку, а разам з iм перастаў падаць i снег. Цяпер усё было шызае, акрамя сцежак, якiя адбiў Кантэн, ды кучы гною, над якой падымаўся слуп пары. Пара была добра вiдаць на фоне зацягнутага хмарамi неба.

Кантэн доўга i неадрыўна глядзеў на палоску лесу, пакуль яго ўвагу не прыцягнулi вераб'i, якiя цяпер сварылiся з-за некалькiх зярнят, што высыпалiся на снег праз шчылiны ў гумне. Урэшце вераб'i паляцелi прэч, i калi Кантэн зноў перавёў позiрк на лес, то ён заўважыў чорную кропку, якая, здавалася, не рухалася, а матлялася памiж небам i зямлёй. Кантэн падышоў блiжэй да акна i прыгледзеўся.

Пазнаць чалавека, якi iшоў сюды, было цяжка, аднак стары адразу здагадаўся, што гэта настаўнiк. Так, настаўнiк, бо паштальёну было яшчэ занадта рана. Кантэн сачыў за iм некалькi хвiлiн. Вось ужо можна было пазнаць доўгую вузкаплечую постаць хлопца. I тут стары не вытрымаў, сам не ведаючы чаму, павольна павярнуўся i адступiў ад акна.

Дэнiза нават не зварухнулася. Над яе кубкам яшчэ падымалася пара. Стары наблiзiўся да яе i цiха сказаў:

– Паспяшайся, дачушка.

Яму здавалася, што Iзабэла не пачуе яго, але дзе там. Не спыняючы работы, тая забурчала:

– Няўжо ты не ведаеш, што з ёю гаварыць – толькi марна час трацiць? Пустое гэта! Яе не проймеш. Нiколечкi! Яна i есцi не спяшаецца. Лянота ў яе ў крывi, як хвароба. I ты добра ведаеш гэта. Не горш, чым я.

Сапраўды, Кантэн усё гэта добра ведаў, як ведаў i тое, што скажа яму жонка, калi ён паспрабуе абаранiць малую. I ўсё ж такi ён павольна вымавiў:

– Не, гэта не лянота. Трэба дазволiць ёй...

Iзабэла не дала яму дагаварыць:

– Вядома, ты апраўдваеш яе! Ты так робiш заўсёды. I ты хочаш, каб я нешта значыла для яе! Ты думаеш, я не шкадую яе, не жадаю ёй дабра?! Але ж трэба ёй рухавейшай быць. Пэўна, у бацьку ўдалася. Ты i сам працуеш як мокрае гарыць... – Яна перастала на момант займацца работай, павярнулася тварам да мужа з дачкой. Правую руку Iзабэла трымала ў гаршку, а левай, запэцканай кормам, энергiчна жэстыкулявала, пакiдаючы ў паветры зiгзагi пары. Аднак разупэўненая маўчаннем Кантэна, яна рэзка адвярнулася, пацiснула плячыма i з яшчэ большым iмпэтам узялася за работу. Яе хударлявая спiна быццам выконвала нейкi дзiўны няроўны танец. Галава з закручанымi ззаду валасамi, поўнымi сiвiзны, матлялася з боку ў бок, на тонкай шыi пад загарэлай скурай выступаў востры пазванок.

Дэнiза пiла доўгiмi глыткамi, напалову хаваючы твар у белым з чырвонымi кветкамi кубку, якi яна аберуч трымала перад сабой. Нарэшце яна паставiла кубак на стол, выцерла вусны ражком свайго фартушка i зiрнула на бацьку. Кантэн усмiхнуўся, i твар у дачкi пасвятлеў.

Кантэн думаў пра настаўнiка. Ён уяўляў, як той крочыць, высока падымаючы свае тонкiя ногi, нерашуча топчацца перад кожным сувеем, далёка абыходзiць адхоны. У нейкi момант стары хацеў павярнуцца да акна, але стрымаў сябе. Ён так i застаўся стаяць ля стала, адвярнуўшыся спiною да старой печы. Кiнуўшы позiрк на Дэнiзу, ён заўважыў, што тая ўсё яшчэ глядзiць на яго з шырокаю ўсмешкай. Кантэн зрабiў ёй знак, каб паспяшалася. Дзяўчынка павольна паднялася з-за стала, аднесла ў ракавiну кубак i лыжку, прыбрала хлеб i вярнулася з рушнiком. Кантэн сачыў за кожным яе рухам. Калi яна пачала выцiраць цырату, гэтыя рухi былi раўнамерныя i хуткiя, але паступова яны запаволiлiся, бо Дэнiза пачала разглядаць намаляваныя на цыраце букеты пiвоняў. Нарэшце яна сабрала крошкi хлеба ў невялiкую кучку, ссыпала iх на далонь i аднесла ў чыгун, у якiм мацi канчала мяшаць скацiне.

– Ну, калi ты ўжо гатова, – прабурчала Iзабэла, – дык прынясi два кошыкi буракоў. Я прырыхтавала iх у склепе, глядзi пад палiцаю з садавiной... I накiнь хустку! Не лета!

Дэнiза подбегам кiнулася на двор, але перад акном нечакана спынiлася. Устаўшы на дыбачкi, паглядзела праз шыбiну, якую працёр бацька, i сказала:

– Сюды нехта iдзе.

Хвiлiну памаўчала i дадала менш упэўненым голасам:

– Гэта не Марыя-Луiза, гэта настаўнiк...

Пачуўся пранiзлiвы жончын смех, i Кантэн зразумеў, што яна распачне сварку.

– Вядома, – залямантавала яна, – гэта настаўнiк! А ты хацела, каб хто гэта быў? Твая сястра не будзе iсцi ў дзевяць гадзiн ранiцы. Ты добра ведаеш, што няма цягнiка ў гэтую пару... Ну, хутчэй iдзi па кошыкi!

Дачка з неахвотаю адступiла ад акна i выйшла праз дзверы, якiя вялi проста ў склеп. Спiной да Кантэна, жонка не сцiхала:

– А гэты – нешта нейкае! Ён, можа, тады не пайшоў бы, калi б дарога была ўсланая метровым слоем гною! I то я не ўпэўнена...

Яна толькi што вымыла свае худыя, ружовыя ад гарачай мяшанкi рукi i цяпер выцiрала iх аб рушнiк, якi вiсеў побач з плiтою. Паказваючы падбародкам на дзверы, яна працягвала:

– Цяпер вакацыi, дык ён цэлымi днямi будзе вiсець над душой. Асаблiва калi тут з'явiцца Марыя-Луiза. Я гэта прадбачу, але не жадаю гэтага.

Яна паглядзела на Кантэна.

– Ты чуеш цi не? Не жадаю! Як толькi яна прыедзе, я хачу, каб у доме былi адны свае. Выкручвайся як хочаш, але давядзi яму гэта. Чуеш? А калi не захочаш, дык я сама яму растлумачу! Я саромецца не буду!

Кантэн наблiзiўся да акна. Настаўнiк яшчэ не дайшоў да павароту. Ён размашыста крочыў па дарозе, а перад яго тварам плыло невялiчкае воблачка пары, якое ўтваралася ад частага дыхання. За спiною Кантэна зноў чулiся жончыны кпiны:

– Ты можаш глядзець, колькi табе ўлезе, але я не пабаюся сказаць тое, што думаю, нават калi ён будзе тут!

Амаль з бояззю Кантэн вымавiў:

– Ты ж павiнна зразумець...

Ужо каторы раз яна перапынiла яго:

– Зразумець? Гэта ён павiнен быў ужо даўно зразумець, калi ў яго трохi варыць галава! I як такi абмежаваны хлопец змог вывучыцца на настаўнiка?!

Яна схапiла вязаную кофту i пачала хутка надзяваць яе. Рухi Iзабэлы былi нервовыя, цела выгiналася, быццам наэлектрызаванае злосцю.

– Ва ўсякiм разе, – дадала яна, – нiхто не скажа, што я прынаджваю яго.

– Ды ўжо ж, чаго не скажаш, таго не скажаш, – прамармытаў у адказ з горкай усмешкай Кантэн i пакiваў галавою.

Iзабэла, якая ўжо накiроўвалася да дзвярэй, нечакана развярнулася. Гэтай простай фразы было дастаткова, каб яна скiравала ўсю сваю злосць на Кантэна. Яна сказала з прысвiстам:

– Калi б ты з самага пачатку рабiў, як я, мы б ужо даўно пазбавiлiся ад яго!

Настаўнiк ужо заходзiў у двор, i Кантэн хуценька адказаў:

– Вельмi прашу, не крычы пры iм. Я сам скажу яму. Я абяцаю табе, толькi памаўчы.

Увайшла Дэнiза, несучы два вялiзныя кашы. Ад iх цяжару даволi развiтыя грудзi дзяўчынкi ажно распiралi спераду блузку ў сiнiя i белыя клетачкi. Дэнiза паставiла кошыкi на падлогу, ускiнула на галаву вялiкую суконную хустку i прыхапiла яе шпiлькай пад барадою. Цяпер яе твар зрабiўся круглейшым i паўнейшым. Пасвятлелi блакiтныя вочы, якiя неадрыўна сачылi за дзвярмi. Iзабэла збiралася адчынiць iх, як на ганку пачулiся крокi настаўнiка. Хвiлiна маўчання, потым пачулiся чатыры ўдары. Дэнiза ажно падалася галавой i грудзьмi наперад, але так i засталася стаяць на месцы з разяўленым ротам. Iзабэла, сцяўшы ад злосцi вусны, глядзела на мужа, якi павагаўся некалькi хвiлiн, а пасля выгукнуў:

– Заходзьце!

Дзверы павольна расчынiлiся, але не паспеў настаўнiк i кроку ступiць, як Iзабэла прасакатала:

– А цi добра вы ногi выцерлi, га?

Паколькi хлопец вагаўся i нерашуча стаяў на парозе, яна раздражнёна прадоўжыла:

– Ды ўжо ж заходзьце, толькi хутчэй, а то ўсю кухню мне выстудзiце. Хоць мы i не плацiм за дровы, але ж нарыхтоўваць iх нялёгка. Вам, пэўна, невядома, што гэта такое. Вас камуна забяспечвае палiвам, дык вам няма чаго баяцца.

Настаўнiк зайшоў i разгублена спынiўся ля самых дзвярэй. Кантэн пайшоў яму насустрач, каб падаць руку. Дэнiза таксама падышла блiжэй. Настаўнiк усмiхнуўся ёй i спытаўся:

– Ну, як справы, малая?

Дзяўчынка моцна пачырванела, i ўвесь яе твар напружыўся ад намагання адолець хваляванне i знайсцi адказ. Бацька ведаў, што яна вось-вось адкажа, але яе апярэдзiла мацi.

– У Дэнiзы ўсё добра, – адрэзала яна. – У нас тут ва ўсiх справы iдуць добра, нават у скацiны. Толькi скацiна есцi хоча, i ў нас няма часу, каб тачыць лясы. Мы займаемся гаспадаркай, i ў нас не бывае вакацый. Мы толькi чулi пра iх. Пойдзем, Дэнiза! Ды паварочвайся ты!

Не змаўкаючы, Iзабэла падхапiла свае гаршкi, з якiх усё падымалася пара, пiхнула нагой дзверы i апынулася на двары. Дэнiза панесла ўслед кошыкi. Кантэн моўчкi назiраў у акно, як яны iшлi да хлява.

2

Мужчыны доўга стаялi i глядзелi цяпер адзiн аднаму ў вочы. Настаўнiк, якi быў значна вышэйшы за Кантэна, ажно нахiлiўся ўперад, i яго постаць нагадвала пытальнiк: галава павольна гойдалася на тонкай шыi, напаўсагнутыя каленi ледзь трымалi цела. Белыя i занадта тонкiя для мужчыны рукi рабiлi нейкiя няўпэўненыя рухi. Светлыя вочы настаўнiка слязiлiся, i ён, дастаўшы насоўку, нарэшце сказаў:

– Калi з холаду трапляю ў цяпло, заўсёды плачу.

– Я таксама, – падтрымаў яго Кантэн.

Ён назiраў, як настаўнiк выцiраў свае вострыя скулы i доўгi тонкi нос, якi расчырванеўся ад марозу. Настаўнiк нягучна высмаркаўся, выцер яшчэ раз твар i стаў глядзець на Кантэна. Рукi настаўнiка то ўзнiмалiся, то ападалi ўздоўж цела, быццам ён яшчэ працягваў хаду.

Цягнулiся хвiлiны. Кантэн пачуў, як зачынiлiся дзверы ў хляве. Усюды панавала цiшыня: тут, памiж iмi, звонку, вакол дома i, напэўна, на ўсёй раўнiне, якой не было канца-краю. Сумнае святло ледзь прабiвалася ў кухню праз запацелыя шыбы.

– Прысядзьце на хвiлiнку да агню, – сказаў нарэшце Кантэн.

Настаўнiк кашлянуў, не ведаючы, што адказаць старому. Яго рукi ўзнялiся на ўзровень грудзей, раскiнулiся ў бакi i зноў апусцiлiся, быццам апалыя лiсты.

– Я не хацеў бы замiнаць вам, – сцiпла прамовiў ён. – Можа, вам трэба нешта рабiць...

– У такую пару, ведаеце... – хацеў адказаць Кантэн, але настаўнiк перапынiў яго:

– I сапраўды, для гэтай пары года...

Але тут Кантэн крыху ажывiўся i загаварыў сам:

– Бывае, што надвор'е не адпавядае пары года, але сёлета ўсё iначай. Халады насталi рана, а ў лiстападзе нават снег выпаў. Але праляжаў толькi дзесяць дзён.

– Так-так, вы маеце рацыю, – падхапiў размову настаўнiк. – Цяпер снег лёг надоўга, паверце мне. Бачыце, як неба зацягнула. Яшчэ навалiць снегу.

Яны селi насупраць памiж сталом i плiтой. Нейкую хвiлiну моўчкi глядзелi адзiн на аднаго. У плiце нягучна гудзела полымя, зрэдку праз каласнiк з сухiм трэскам выляталi iскры. Кантэн адчуваў, што iх размова аб зiме распачнецца зноў i будзе працягвацца паўдня. Яму карцела пагутарыць яшчэ пра што-небудзь, але ён паважна зазначыў:

– Ведаеце, калi надвор'е адпавядае пары года, тады ўсё проста.

– Канечне, – згадзiўся настаўнiк, – тут нiчога не зробiш, каб i хацеў, бо гэта ж прырода.

Тут хлопец змоўк. Па нахiле яго галавы Кантэн здагадаўся, што ён разглядваў рудую падпалiну, якую некалi пакiнуў на цыраце прас. Здавалася, у яго вачах Кантэн паспеў прачытаць амаль адчай. Настаўнiк не змог бы растлумачыць, што прывяло яго сюды. Калi Кантэн не дапаможа яму, ён так i пойдзе, як прыйшоў. I зноў будзе бясконцым яго шлях па заваленай сумётамi дарозе. Кантэн звярнуў увагу на настаўнiкавы ногi. Яны былi худыя, з вострымi каленямi. З шырокiх мокрых калашын падымалася пара. На сцiснутых разам каленях не знаходзiлi сабе спакою рукi. То адзiн палец нервова падымаўся ўгору, то другi, то трэцi... Часам падымалася ўся рука, потым зноў бязвольна ападала. Кантэн глыбока ўздыхнуў i спытаўся:

– Вы прыйшлi па кнiжку?

Настаўнiк страпянуўся:

– Гэта... Не зусiм. Я прыйшоў папярэдзiць вас, што на гэтым тыднi бiблiёбус не прыедзе.

– I не дзiва, з гэткiмi дарогамi.

– Справа не толькi ў дарогах. Цяпер жа калядныя вакацыi. Я застаюся тут, а вось многiя з мясцовых чытачоў паедуць.

Настаўнiк памаўчаў хвiлiну, потым зноў заварушыў рукамi i хуценька дадаў:

– Але калi вам няма чаго чытаць, я што-небудзь для вас знайду.

– Дзякуй. Я не прачытаў яшчэ той кнiжкi, якую вы прынеслi мiнулы раз... А потым, ведаеце, калi Марыя-Луiза будзе дома, у мяне тым больш не знойдзецца часу, каб дачытаць. Мы павiнны будзем многа чаго сказаць адно аднаму.

Спачатку Кантэн гаварыў павольна, з цяжкасцю падбiраючы кожнае слова. Паступова хуткасць яго мовы паскорылася. У думках ён не пераставаў сачыць за Iзабэлай. Вiдаць, яна ўжо скончыла даваць свiнням i перайшла да дачкi далей у хлеў, туды, дзе стаялi клеткi з трусамi. Напэўна, яна дагледзела тых, што ў верхнiм радзе. Там сядзiць шэрая труска, якая вельмi позна прывяла малых... Зараз жанчыны вернуцца ў дом са сваiмi пустымi кошыкамi i гаршкамi, таму Кантэн спяшаўся дагаварыць. Але тут настаўнiк сумна i цiха сказаў:

– Урэшце, калi вам спатрэбiцца кнiга, накажыце. Я нешта вам знайду i прынясу.

Кантэн ведаў, што ён павiнен быў адказаць. Патрэбныя словы, незалежна ад яго волi, былi падрыхтаваныя ў яго свядомасцi яшчэ тады, калi на фоне зацягнутага туманам лесу Мулатаў узнiкла невялiкая чорная кропка.

Яны сустрэлiся позiркамi, i абодва амаль адначасова заўсмiхалiся. Стары сказаў:

– Добра, няхай сабе будзе так. Падбярыце мне што-небудзь, што я не чытаў. Можаце прынесцi паслязаўтра, у другой палове дня.

На настаўнiкавым твары з'явiлася яшчэ большая ўсмешка, але раптам ён нахмурыў лоб, зiрнуў на дзверы, прыслухаўся i цiха вымавiў:

– Здаецца, мадам Кантэн не ў гуморы.

– Нiчога не зробiш. Яе таксама трэба зразумець. Гэта яшчэ дробязi. На мяне яна не так бурчыць, усё жыццё бурчыць... Але я да ўсяго прывык. Гэта стала часцiнай майго iснавання – слухаць яе бурчанне.

Гаварыў гэта Кантэн жартаўлiвым тонам, i настаўнiк, якi ўжо пачаў непакоiцца, заўсмiхаўся зноў. Ён расслабiўся, абапёрся локцямi на стол i стаў глядзець на водблiскi агню ў замёрзлым акне.

Цiшыня ўжо не здавалася такой шчыльнай, як некалькi хвiлiн назад. Побач з агнём не адчувалася, што на дварэ зiма. Кантэну прыемна было сядзець насупраць гэтага рослага i незвычайнага хлопца. Яны не першы раз бавiлi гэтак час, моўчкi паглядаючы адзiн на аднаго. Кожны думаў пра сваё. Час ад часу перакiдвалiся словам. Гэта слова магло азначаць назву кнiгi, гiстарычную альбо сучасную падзею... Пасля пачыналася размова. Кантэну падабалiся гэтыя размовы, як i доўгiя маўчаннi перад iмi. Ён любiў iх неяк своеасаблiва, як, скажам, адначасова любяць цень i сонца. Яму патрэбен быў гэты абмен думкамi, як патрэбная была i гэтая цiшыня, сярод якой ён быў не адзiн. Не ўсё ў ёй было зразумелае, але Кантэн адчуваў, што гэтая цiшыня зблiжае iх. Каб пераканацца, што гэта менавiта так, стары iмкнуўся ўявiць на месцы настаўнiка каго-небудзь iншага з мужчын, але гэта было не тое. Ён не стараўся адгадаць настаўнiкавы думкi. Для яго гэта не мела нiякага сэнсу. Галоўнае, што настаўнiк сядзеў тут, насупраць, што ён быў часцiнай таго моманту жыцця, калi Кантэн адчуваў сябе шчаслiвым, моманту, у якiм кожны з iх займаў сваё месца.

Дзень заставаўся такiм жа шэрым, хоць за акном крыху пацяплела.

Кантэн прыкмецiў, што цяпер настаўнiк глядзiць на буфет, дзе стаiць фотакартка Марыi-Луiзы. Напэўна, ён думае аб ёй i ўяўляе, што яна дома. Вось яна заходзiць. Усе радуюцца. Потым сям'я сядзе за стол i будзе сустракаць шчаслiвыя i цёплыя Каляды. А настаўнiк застанецца адзiн у сваiм пустым пакоi, якi размешчаны над такiмi ж пустымi класамi. Ён будзе далёка ад гэтага дома, з усiх бакоў атуленага зiмой, у якiм адчувалася сапраўдная цеплыня.

Кантэну карцела зноў распачаць размову i пагаварыць пра Марыю-Луiзу. Яму толькi што здалося, што сёння iм больш няма чаго сказаць адзiн аднаму. Стары падумаў, што раздзеленая на абодвух цiшыня дасць iм больш, чым словы, аднак заўважыў сам сабе, што пра старэйшую дачку яны яшчэ не сказалi нi слова, нават iмя яе не прамовiлi. Хацелася пагутарыць пра яе, але Кантэн не ведаў, з чаго пачаць. Ён сустрэўся позiркам з настаўнiкам, i ў яго зноў з'явiлася ўпэўненасць, што яны знайшлi адзiн аднаго. Абодва з цяжкасцю шукалi патрэбных слоў. I ўсё-такi першы быў настаўнiк. Ён спытаўся:

– Цi пойдзеце вы сёння вечарам на вакзал сустракаць Марыю-Луiзу?

Пачатак гэтай фразы ён вымавiў занадта гучна, таму ажно сумеўся, што так груба парушыў спакой, i знiзiў у канцы голас амаль да шэпту.

Кантэн таксама адказаў цiха:

– Вядома, з такiмi дарогамi яна не зможа дайсцi адна. Я аднясу ёй боты, бо ў яе ж – гарадскi абутак.

– Калi можна, месьё Кантэн... Калi можна...

Ён змоўк, стары засмяяўся i скончыў за яго:

– Калi можна, я пайду з вамi.

Настаўнiкаў твар, якi ўжо набыў сваю звычайную бледнасць, зноў расчырванеўся, i ён прамармытаў:

– Урэшце, вам лепш пайсцi аднаму.

Кантэн не звярнуў увагi на гэтыя словы i цвёрда сказаў:

– Дамовiмся так: вы прыйдзеце на вакзал, а потым крыху праведзяце нас.

Настаўнiк захваляваўся яшчэ больш:

– Месьё Кантэн, вы... Я вам вельмi ўдзячны...

Ён не паспеў скончыць. Звонку бразнулi дзверы, i Кантэн, быццам падпарадкоўваючыся нейкаму сiгналу, падняўся, каб узяць у рукi кнiгу, якая ляжала на столiку побач з печчу.

– Сядзiце, – сказаў ён настаўнiку, якi памкнуўся ўстаць з крэсла.

Стары сеў зноў, паклаў на каленi кнiгу i, паколькi жанчыны ўжо заходзiлi ў дом, загаварыў ненатуральным голасам:

– Я хацеў вярнуць яе вам у мiнулы чацвер, як ездзiў на рынак, але не захапiў з сабою. Па дарозе ўспомнiў, ды позна было вяртацца.

– Нiчога страшнага, – ва ўнiсон яму адказаў настаўнiк.

– Аднак я прымусiў вас iсцi сюды, – прадаўжаў Кантэн. – А гэтакiм снегам дарога не вельмi прыемная.

Па позiрку, якi Iзабэла кiнула ў яго бок, Кантэн зразумеў, што яе не падманеш. Ён баяўся, каб жонка не зазлавала, але тая толькi пацiснула плячыма i пайшла да ракавiны. Настаўнiк нiчога не заўважыў. Ён гаварыў пра тое, якую вялiкую асалоду ён атрымаў, iдучы сюды па снезе. Не паварачваючыся, Iзабэла кiнула:

– Дзякуй богу, хоць здаволiўся хлопец!

Яна дадала яшчэ нешта, але мужчыны не разабралi з-за бразгання чыгуна, якi яна цяпер мыла. Кантэн спрабаваў усмiхнуцца.

Дэнiза спынiлася за чатыры крокi ад мужчын i, схаваўшы за спiну рукi i апусцiўшы галаву, глядзела з-пад iлба на настаўнiка. Убачыўшы гэта, Кантэн адчуў сябе няёмка. Ён i раней заўважаў такi позiрк у малой, але не задумваўся над гэтым. Магчыма, дзяўчынку ўражвала тое, што гэты хлопец быў настаўнiкам. У яе заўсёды былi цяжкасцi ў вучобе, у асноўным з-за сарамлiвасцi. Настаўнiк здаваўся ёй нейкай незвычайнай iстотай, асаблiва тут, у iх доме. Цяпер твар у яго быў зусiм не такi, як у школе. Кантэну таксама гэта падумалася. Але тое, як Дэнiза глядзела на настаўнiка, было для яго невытлумачальнай рэччу.

За спiной у Кантэна не сцiхала грукатанне. Яно нагадвала яму душны летнi дзень, калi над раўнiнай недзе далёка збiраецца навальнiца. Але яшчэ невядома, куды яе пагонiць вецер.

Раптам грукатанне спынiлася. Iзабэла iмклiва перасекла кухню, несучы ў руках конаўку з цёплай вадой i кашолку з-пад яек. Перад тым як выйсцi за дзверы, яна крыкнула:

– Дэнiза, чаго стаiш як слуп! Iдзi памый сподкi, а пасля накрышы яблыкаў на кампот.

Павярнуўшыся ўсiм целам да гаспадынi, настаўнiк прыўзняўся з крэсла i сказаў:

– Пара ўжо мне...

Але дзверы грукнулi якраз пасярэдзiне яго фразы. Настаўнiк завагаўся. Яго рука ўзнялася ў напрамку Кантэна, пакалыхалася i апусцiлася ўнiз. Ён павярнуўся да печы i спытаўся ў Дэнiзы:

– Гэта вы зрабiлi такiя яселькi?

– Ага, разам з мамай, пан настаўнiк.

Твар у малой засвяцiўся. Яна заўсмiхалася i наблiзiлася да настаўнiка. Той, сагнуўшыся ў дугу, доўга глядзеў на прыпечак, потым падняў яловую галiнку i ўздыхнуў:

– Прыгожа... Сапраўды, вельмi прыгожа.

Дэнiза маўчала, i бацька падышоў блiжэй, стаў тлумачыць:

– Яны хацелi зрабiць Марыi-Луiзе сюрпрыз. Калi яна яшчэ жыла дома, для яе сама вялiкай радасцю было рабiць яселькi. Яна пачынала гаварыць пра iх за два месяцы да Каляд. А я якраз нядаўна быў на лесанарыхтоўках у ваколiцах Рубо i ссек там гэтыя дзве лапкi.

Настаўнiк выпрастаўся. Ён глядзеў шчаслiвымi вачыма то на яселькi, то на Дэнiзу. Потым кiнуў позiрк на партрэт Марыi-Луiзы.

– Якая цудоўная думка, – сказаў ён нарэшце, – размясцiць яселькi на прыпечку.

Тут i ў Дэнiзы развязаўся язык. Яна з захапленнем прагаварыла:

– А яны яшчэ свецяцца ўсярэдзiне. Толькi трэба ўключыць.

Малая нахiлiлася, шчоўкнула выключальнiкам. Загарэлася абгорнутая ружовай паперай лямпачка, якая асвятляла знутры яселькi, змайстраваныя з двух ясеневых паленаў. Настаўнiк нахiлiўся яшчэ раз i стаў разглядваць усё спачатку. Пры гэтым ён ахаў ад захаплення. Кантэн адышоўся, бо яму зрабiлася прыкра ад таго, што настаўнiк абыходзiўся з дачкой як з дзесяцiгадовай дзяўчынкай. А ёй ужо споўнiлася семнаццаць. Яна была настолькi сарамлiвай, што губляла мову, але гэта не было падставай, каб лiчыць яе прасцячкай. Кантэн хацеў сказаць гэта настаўнiку, але стрымаўся. Па-першае, тут знаходзiлася сама Дэнiза, а па-другое, iснуюць такiя рэчы, пра якiя гаварыць вельмi цяжка. Кантэн паглядзеў на вузкую сагнутую спiну хлопца i падумаў, што, нават калi б яны былi ў нязгодзе, нават калi б настаўнiк раздражняў яго, ён i тады не змог бы пакрыўдзiць яго. Гэта была праўда. I стары не змог бы растлумачыць чаму. Можа, з-за Марыi-Луiзы, а можа, з-за таго, што ён вельмi шкадаваў гэтага хлопца. Цяжка разабрацца. Хутчэй гэта было апошняе.

Настаўнiк павольна разагнуўся. Яго рукi зноў свабодна матлялiся ў шырокiх рукавах. Ён сказаў:

– Панi Марыя-Луiза вельмi чуллiвая да гэтакiх рэчаў.

– Была, – не стрымаўся Кантэн, але тут жа замаўчаў.

Настаўнiкаў твар спахмурнеў.

– Вы хочаце сказаць... – ледзь вымавiў ён.

Ён вагаўся, таму Кантэн не даў яму прадоўжыць i растлумачыў:

– Што я хачу сказаць... Урэшце, я спадзяюся, што яна такой i засталася. Проста мы так рэдка бачымся. Калi яна была малая, мы не рабiлi яшчэ ясельцаў на прыпечку. Мы бралi кардонны карабок, абразалi яго нажнiцамi, прымацоўвалi саламяную страху. Выходзiла дужа прыгожая маленькая хатка. Марыя-Луiза казала, што яна хацела б сядзець у такiм дамку ля акенца i глядзець, як падае снег. I сапраўды, яна гэта любiла. Бывала, iдзе снег, а яна сядзiць i глядзiць праз акно, як ён падае. Цэлымi днямi сядзiць i маўчыць...

Кантэн скончыў гаварыць, i зноў настала цiшыня. Але цяпер яна не была падобная на тую цiшыню, якая звычайна ўсталёўвалася, калi абодва мужчыны маўчалi. Здавалася, што да яе далучылася нешта ад той, даўнейшай цiшынi, калi тут яшчэ жыла Марыя-Луiза. Яна таксама была зiмовай, з такiм жа снегам i такiм жа небам, але ў ёй было i яшчэ нешта.

Марудна цягнулiся хвiлiны, на працягу якiх абодва мужчыны саромелiся ўзняць адзiн на аднаго вочы. Настаўнiк спытаў амаль шэптам:

– Вы сапраўды лiчыце, што яна ўжо не такая?

Кантэн збянтэжыўся. Адкуль ён ведаў? Хiба можна было зразумець, што з ёй сталася, па звычайных лiстах, якiя Марыя-Луiза пiсала дадому?

– Па яе лiстах, – спрабаваў ён давесцi настаўнiку, – вельмi цяжка даведацца, што яна цяпер думае пра гэта. Яна часта пiша нам пра сябе, пiша, што, магчыма, пераедзе ў Парыж.

Стары гаварыў гэта павольна, рабiў паўзы, у час якiх настаўнiк кiваў галавою, быццам згаджаючыся, i цвярдзiў адно:

– А як жа, а як жа...

I толькi калi Кантэн нарэшце замаўчаў, хлопец глыбока ўздыхнуў, быццам збiраўся сказаць нешта вельмi цяжкае. Але загаварыў ён голасам упэўненым, нават цвёрдым:

– Ведаеце, я некалькi разоў пасылаў ёй лiсты пасля вакацый... Яна мне адказвала... Нядоўга, праўда, але адказвала...

Ён апусцiў вочы i зноў уздыхнуў.

– I што, – спытаў Кантэн, – яна вам больш не пiша?

– За апошнiя два месяцы я нiчога ад яе не атрымлiваў, – панура адказаў настаўнiк.

Дэнiза слухала iх размову з вялiкай увагай. Твар яе быў напружаны, вочы блiшчалi, аднак гэты бляск патух адразу, калi на парозе з'явiлася мацi.

Кантэн моцна закашляўся, а настаўнiк ступiў да дзвярэй i сказаў:

– Пайду... Не хачу вас больш турбаваць... Да пабачэння, пан Кантэн... Да пабачэння...

Iзабэла ўжо ўвайшла ў дом, але трымала дзверы прачыненымi. I як толькi настаўнiк параўняўся з ёю, яна шырока расхiнула дзверы перад яго носам. Настаўнiк яшчэ раз няскладна павярнуўся i, звяртаючыся да ўсiх, сказаў:

– Да пабачэння... Зычу вам добрых Каляд!

3

– Добрых Каляд i добрай дарогi! Каб мароз вас памарозiў, каб ажно ў вас аблупiўся зад!

Iзабэла сказала гэта даволi гучна, гледзячы на дзверы, за якiмi толькi што знiк настаўнiк.

Кантэну карцела сказаць ёй, што яна пераходзiць мяжу, але ён стрымаўся, бо ведаў: адно яго слова – i яна завядзецца яшчэ горш. Ён спадзяваўся, што жонка спынiлася на гэтым, ён нават быў упэўнены, калi ўбачыў, што тая паклала ў ракавiну пусты збанок, а потым панесла ў склеп кошык з яйкамi. Але калi яна зноў вярнулася, яму не трэба было падымаць на яе вочы, бо яна магла прачытаць там усе яго думкi да адной. Кантэн пашкадаваў аб гэтым i адразу павярнуўся спiной да жонкi, хацеў падысцi да акна. Але не паспеў ён зрабiць i двух крокаў, як пачулася бурчанне Iзабэлы. Перадражнiваючы настаўнiка, тая пачала гаварыць:

– Я вельмi люблю снег... Гэта так прыемна, калi iдзе снег... Я люблю хадзiць па iм... Ой, людцы, вы бачылi гэткага дурня?!. Можа, ён i па гаўне хадзiў бы з такою асалодаю?!. Калi б ён папрацаваў, як мы, дык не гаварыў бы такога глупства! Ён – лайдак, ды яшчэ пыльным мяшком прыбiты...

Кантэн сцяў зубы. Гэтак далёка яго жонка зайшла ўпершыню. Стары прадчуваў скандал яшчэ тады, калi настаўнiк толькi заходзiў у дом. Сапраўды, хлопец меў добрае цярпенне, каб вытрымаць усё гэта. Не кожны дазволiць так з сабою абысцiся. Ён жа не глухi. Усё чуў, гэта факт! Канечне, каб не Марыя-Луiза... З-за яе ён мог вытрымаць усё. Ён не быў баязлiўцам. Гэта было вiдаць па яго пагляду. У настаўнiкавых вачах свяцiўся гонар, але там яшчэ было i нешта пакутнiцкае, як у ахвяр на бiблейскiх малюнках. Кантэн не стрымаўся на гэты раз. Ён рэзка павярнуўся да жонкi i крыкнуў ёй злосна:

– Сцiхнi! Ты ўжо занадта!..

Гэта прымусiла Iзабэлу замаўчаць на нейкую хвiлiну, але не больш. Яе худы твар напружыўся, левае павека прыкрыла напалову карычневае вока, ад чаго жончын погляд зрабiўся яшчэ больш жорсткiм. Неўзабаве на твары з'явiлася фальшывая ўсмешка. Тонкiя вусны выгнулiся i адкрылi чорную дзiрку на месцы, дзе выпаў клык. Увесь выгляд Iзабэлы сведчыў пра тое, што яна асмялела.

– А як жа, – зашыпела яна, – ён жа настаўнiк. На-стаў-нiк! Гэтага дастаткова, каб нiхто не меў права зачапiць яго. Гэтага дастаткова таксама, каб лiчыць яго разумным. – Яна павысiла голас. – Ды ўжо ж! Са мной гэты нумар не пройдзе! Досыць мне твайго глупства! Ты нiкога лепшага не бачыш вакол сябе, бо сам некалi марыў стаць настаўнiкам! Ты звар'яцеў пад старасць! Гэты чалавек адняў у цябе розум! Падумаеш, настаўнiк! А калi б твая дачка выйшла замуж за сама дурнога з настаўнiкаў, ты, мусiць, быў бы на сёмым небе ад шчасця?!

Кантэн ведаў, што яна можа гаварыць гэтак доўга. Ён не адзiн раз выпрабаваў гэта на сабе. Словы сыпалiся i сыпалiся з яе без перапынку. Але яны яго не краналi, бо датычылiся толькi яго аднаго. Яны былi адны i тыя. Ён чуў iх, можа, сотню разоў, таму ўзяў за звычку не спрачацца. Але сёння жонка пачала ганьбiць настаўнiка i здзекавацца з яго пачуццяў да Марыi-Луiзы, i Кантэн не змог стрымацца:

– Можаш гаварыць што хочаш, але iх жанiцьба – найлепшы сродак вярнуць да нас дачку.

Гэтыя простыя словы Кантэна быццам сцебанулi Iзабэлу. Яна кiнула сваю работу i з пагрозлiвым выглядам пачала наступаць на мужа. Яе голас ажно трымцеў ад гневу:

– I як толькi табе не сорамна! Пахаваць нашу дзяўчынку ў гэтай яме Кантэнаў?! Жукамi-гнаевiкамi жылi яны тут няведама колькi пакаленняў, а ты жадаеш такога лёсу сваёй роднай дачцэ?! Яна ж ледзь выдралася з гэтага бруду! А табе найвышэйшае шчасце – пасада настаўнiка! Ды яшчэ тут!

Кантэн скарыстаў момант, пакуль жонка пераводзiла дыханне, i ўставiў слова:

– Так будзе лепш усiм нам. А то можна падумаць, што наша дачка ў Амерыцы. Што гэта значыць: адзiн тыдзень вакацый за два гады! Цi не занадта мала!


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю