Текст книги "Бацькава падарожжа (на белорусском языке)"
Автор книги: Бернар Клавель
Жанр:
Прочая проза
сообщить о нарушении
Текущая страница: 5 (всего у книги 8 страниц)
Ён ажно ўскочыў з месца, паклаў свой пакунак пад паху i хуценька выйшаў. Калi яго дачушка ўжо вярнулася, ён разбудзiць яе. Яму не трэба губляць нi хвiлiны.
Эспланада вакзала была занятая ўжо менш, аднак там стаяла яшчэ шмат таксi. Упэўнена, быццам чалавек, якi робiць гэта кожны дзень, Кантэн падышоў да першай машыны i спытаўся ў першага шафёра, цi можа той завезцi яго на вулiцу Сухога Дрэва.
– Сядайце, завязу, – адказаў шафёр.
Кантэна здзiвiла, што яму адчынiлi заднiя дзверцы, але ён хуценька сеў, зачапiўшыся сваiм шыракаполым капелюшом, якi напалову прыпляскаўся i апынуўся ажно на плячы. Таксi кранулася з месца. Горад быў амаль пусты, пад коламi шаргацеў лёд. Кантэн уважлiва глядзеў на дарогу. Машына ехала вулiцай, паралельнай вулiцы Вiктора Гюго, якая была значна вузейшая, спынiлася перад святлафорам, кранулася, аб'ехала плошчу Бэлькур i выехала на вулiцу Рэспублiкi. Усё гэта рабiлася вельмi хутка, а шафёр запрасiў пяцьсот франкаў. Кантэн заплацiў i апынуўся на ходнiках, перад зачыненымi дзвярамi. Ён намагаўся адчынiць iх, шукаў званка, але нiчога не знайшоў. Тады ён зняў капялюш, выцер пот i гучна засмяяўся.
Стары дурань! Пакуль ён бадзяўся недзе па вакзалах, дачка, напэўна, ужо вярнулася i нават не ведае, што яе бацька побач! Тут, унiзе, зусiм блiзка ад яе, на вулiцы, па якой плыў ракою туман.
Ды ў гэтага няўклюднага селянiна ў мазгах больш туману, чым у паветры гэтага гнiлога горада! Смех, якi раптоўна разабраў Кантэна, атручваў яму душу. Усё ў iм бурлiла, быццам дрэннае вiнаграднае вiно.
Што цяпер рабiць? Зноў iсцi на вакзал? Пасядзець у бiстро? А калi раптам з'явiцца Марыя-Луiза?
Кантэн стаў хадзiць узад-уперад, намагаючыся нешта разгледзець за шыбамi вакон, у якiх яшчэ гарэла святло. Кансьержка казала, што Марыя-Луiза можа вярнуцца ў дзве гадзiны. Але цi можна верыць кансьержцы? Можа, у гэтай жанчыны злы язык, i ёй прыносiць задавальненне шкодзiць Марыi-Луiзе? Марыя-Луiза мае шмат якасцей, якiя могуць выклiкаць зайздрасць. А пасрэднасцi заўсёды iмкнуцца нашкодзiць тым людзям, якiм зайздросцяць. Кантэн упэўнены: дачка вярнулася i ўжо даўно спiць, нават не падазрае, што яе бацька ледзь не скруцiў галавы праз гэтую заразу-кансьержку.
Узлаваўшыся, Кантэн падышоў да дзвярэй i хацеў ударыць па iх нагою, каб пабудзiць гэту тоўстую бабу. Аднак стрымаўся. Ён не мог гэтага зрабiць. Марыя-Луiза не даруе яму.
Ён павiнен чакаць тут да ранiцы. Тупаць узад-уперад i чакаць. Кантэн ажно затросся ад злосцi на самога сябе, на сваю дурную галаву, у якую заўсёды прыходзяць адны вар'яцкiя думкi.
Што ж, ён зрабiў глупства i павiнен расплочвацца цяпер. Замест таго каб чакаць Марыю-Луiзу дзесьцi ў кафэ, ён будзе стаяць тут, пад яе вокнамi. Дарэчы, усе кафэ, канечне, зачыняюцца апоўначы. Усё па закону подласцi. Кантэн стамiўся шукаць выйсця са свайго недарэчнага становiшча. Цяпер яму засталося толькi адно: чакаць. Ужо за поўнач. Ён пачакае да дзвюх гадзiн. Час цягнецца доўга, але аднолькава: i тут, i на вакзале.
Кантэну стала горача. Ён нават перастаў хадзiць узад-уперад. Пот лiўся з яго цурком, i ён ведаў, што гэта небяспечна ў такое надвор'е.
Туман то наплываў, то сплываў хвалямi, быццам вада, якую несла то з Рэйна, то з Соны. Вакол лiхтароў i на рагах вулiц утваралiся завiхрэннi, узнiкалi доўгiя светлыя калiдоры, якiя тут жа знiкалi. Мiнакоў было нямнога. Машыны праязджалi рэдка.
Кантэнаў гнеў то мацнеў, то слабеў, як гэты туман. Толькi ўспышкi гневу былi больш рэзкiмi. Яго ўвесь час разрывала супярэчнасць: заставацца тут або вярнуцца на вакзал, дзе хоць крыху цяплей. Бо цяпер ён замярзаў. Найбольш стылi ногi. Кантэн тупаў на месцы, але холад падымаўся па целе вышэй.
Так, ён дурань, што застаўся тут. Марыя-Луiза вярнулася. А можа, не вярнулася. I не вернецца наогул. Бо ў яе нехта ёсць. Такая прыгожая i маладая дзяўчына павiнна некага мець.
Гэта думка чамусьцi не ўзрушыла Кантэна. Ён толькi падумаў, што будзе з настаўнiкам. А яшчэ ён баяўся, каб Марыя-Луiза не зазнала горшага ў гэтым разбэшчаным салоне Трыанон. Ды што ён мог ведаць? Ён толькi мог здагадвацца. Як яму ўрэшце абрыдлi гэтае чаканне, гэтая вулiца, гэты туман i гэты холад!
Раптам Кантэн скрануўся з месца i пайшоў да вакзала, нават не паглядзеўшы на зачыненыя дзверы ў апошнi раз. Была ўжо палова другой, вулiцы зусiм апусцелi.
На рагу вулiцы Лучнiкаў Кантэн заўважыў некалькi прастытутак. Яны стаялi, захутаўшыся ў футры, як i ён у сваё палiто. Адна з iх паклiкала яго, але Кантэн адвярнуўся. Крыху далей стаялi яшчэ дзве, адна здалася яму вельмi маладзенькай. Яны таксама паклiкалi яго, але стары нават вухам не павёў.
Але крокаў праз дзесяць Кантэн рэзка спынiўся, павярнуўся i пайшоў назад. Ён яшчэ не ведаў, што ён зробiць. Яму проста хацелася яшчэ раз прайсцi каля гэтых дзяўчат i як след iх разгледзець.
Калi ён параўняўся з iмi, старэйшая спыталася:
– Ты нешта забыўся, дарагi?
Кантэн запаволiў крок.
– Хадзi, не бойся, – зноў прамовiла дзяўчына.
Другая адышлася недалёка, на некалькi крокаў. Кантэн спынiўся, i прастытутка падышла да яго.
– Гэта ты з-за мяне вярнуўся? – спыталася яна.
Кантэну быццам адняло мову.
– Ты змерз, – сказала дзяўчына. – Ну, пойдзем!
Ён прайшоў поруч з ёй некалькi крокаў, але раптам спынiўся i прамармытаў:
– Не... Я толькi хацеў у вас папытацца нешта.
– Ты хочаш ведаць цану?
– Не, не... Я хацеў бы папытацца ў вас...
Ён змоўк. Дзяўчына злосна глядзела на яго. У яе былi жорсткiя валасы, якiя падалi на бровы. Твар дзяўчыны быў худы, вуглаваты, з вялiкiм тонкiм ротам.
– Ну, – кiнула яна, – ты надумаў?
Кантэн апусцiў галаву. Ён адчуваў сябе смешным.
– Не, не, – сказаў паспешлiва. – Даруйце мне!
– Што табе не падабаецца? Мая фiзiяномiя? Цябе самога трэба выставiць у музеi, дзядуля, з тваёй мядзведжаю шкураю.
Яна пайшла да сяброўкi, i Кантэн пачуў, як яна яшчэ крыкнула ў яго адрас:
– Не, ну ты бачыла дурня! Гэта ўжо другi за сённяшнi вечар. Ён таксама хоча, каб я расказала яму сваё жыццё. Што з iмi зрабiлася на Каляды, падумаць толькi!
Кантэн стомлена крочыў далей па пустых вулiцах горада. Думак i жаданняў больш не было.
14
На вакзале ля бiлетных касаў людзей было мала. Кантэн зноў купiў бiлет на перон i прайшоў у чакальную залу. Цяпер там пасажыраў было значна менш. Ён адшукаў свабоднае месца, зняў сваё палiто i паклаў яго побач з пакункам.
Перад яго вачыма ўсё яшчэ стаяў твар прастытуткi. З-пад пасмы чорных валасоў на яго глядзелi злосныя вочы, аднак ён не стараўся пазбавiцца iх. Наадварот, Кантэну хацелася затрымаць гэта аблiчча надоўга. Так, яна была прастытутка! I яго спрабавалi пераканаць, што яго Марыя-Луiза таксама стала такою! Сама горшае тое, што ён ледзь не паверыў у гэта. Цяпер адна палова ў iм ажно крычала ад роспачы з-за таго, што ён мог несправядлiва падазраваць сваю дачку, другая ж даводзiла, што нiчога такога не было. Бедная дзяўчынка! Ёй нiхто не дапамагаў, яна толькi i думала аб тым, каб шчыра працаваць. А яшчэ, цi магла б шлюха пiсаць такiя лiсты сваiм бацькам, цалаваць мацi i сястру? Цi змагла б яна трацiць грошы на падарункi нявiннай Дэнiзе, грошы, заробленыя гэткiм шляхам? Вядома, не! Трэба быць вар'ятам, каб паверыць у такое. Кантэн не мог сабе адказаць, што прымусiла яго загаварыць з гэтай вулiчнай дзеўкай, стома або знерваванасць, толькi ён лiчыў, што зрабiў правiльна. Цяпер ён адчуваў сябе спакайней. Утульна ўладкаваўшыся на драўлянай лаўцы, Кантэн вырашыў паспаць пару гадзiн.
Ён доўга змагаўся з дрымотаю, але ўрэшце пачаў кляваць носам. Насунуўшы капялюш на вочы i паклаўшы галаву на рукаў футра, ён задрамаў на хвiлiнку, як раптам быў разбуджаны голасам з гучнагаварыцеля, якi абвясцiў, што адыходзiць цягнiк на Страсбург. Праз гадзiну гэты цягнiк пройдзе ў яго родных мясцiнах. Яго грукат, якi Кантэн цяпер чуе, неўзабаве пачуе Iзабэла. Яна таксама не будзе спаць. Яна будзе ляжаць на ложку, выцягнуўшыся, быццам нябожчык, нават рукi зложыць на жываце. Яна будзе чакаць. Яна ведае, што гэтым цягнiком нiхто не прыедзе, аднак будзе яшчэ доўга прыслухоўвацца да начных гукаў.
Тут жа ноч была не такая, каб яе можна было слухаць. Яна была напоўненая гоманам i грукатам. Там Iзабэла магла яе слухаць. Ноч гучна дыхала вакол дома. Яна ўзнiмалася з нябачнай далiны i, быццам вялiкая рака, цякла мiж узгоркаў. Пад яе цяжарам крактала бярвенне, рыпелi аканiцы. Ноч непакоiла жывёлу, якая тузала ланцуг i стукала капытамi. Ноч прыносiла з лесу пах дзiчыны, ад якога трусы вар'яцелi i шалёна насiлiся па сваiх гулкiх домiках. Усё гэта там было, адна толькi Дэнiза спала па-сапраўднаму.
А настаўнiк, адзiн у сваiм халасцяцкiм пакоi, чытаў нешта перад сном.
Кантэн варочаўся, каб улегчыся ямчэй. Аднак не спалася. Лоб налiўся свiнцом, кроў моцна стукала ў скронях, па спiне прабягалi хвалi то цяпла, то холаду. Усё зрабiлася пакутай: гэты бясконцы гоман, грукат, нязручная лаўка i гэта пастава, у якой ён не прывык спаць. Аднак ён паступова змiрыўся з усiм гэтым i цярплiва чакаў прыходу ранiцы, хоць i баяўся яе. Сам не ведаў чаму, але баяўся ранiцы i той хвiлiны, калi ён павiнен будзе пакiнуць вакзал.
А пакiнуў ён вакзал яшчэ досвiткам. Разбудзiў яго кашмарны сон: на вулiцы да яго падышла шлюха, падобная на тую, з якой ён размаўляў, i яны пайшлi разам. Кантэн падняўся з ёй у пакой. Выходзячы ад яе, ён пазнаў у ёй сваю дачку. А на вулiцы яго чакаў настаўнiк. Кантэн прачнуўся i заўважыў, што ўсе навокал здзiўлена глядзяць на яго. Ён хуценька апрануў футра, узяў пакунак i пайшоў прэч.
Толькi на пустэльнай эспланадзе Кантэн сцямiў, што яму саснiлася. Дзякуй богу, што гэта толькi сон.
Было вельмi холадна, i ён пакрочыў шпарчэй. Па вулiцах спяшалiся адзiнокiя прахожыя. На невялiкай плошчы Кантэн знайшоў маленькае кафэ, дзе стаяў толькi адзiн рад сталоў. Зайшоў.
Гаспадар кафэ, тоўсты мужчына ў свiтэры з закасанымi рукавамi, размаўляў з адзiным клiентам, перад якiм стаяла шклянка белага вiна. Кантэн сеў за пусты стол i заказаў кавы. Не выходзячы з-за прылаўка, мужчына папытаўся:
– Натуральнай? З вяршкамi? Вялiкi кубак? Малы?
– Вялiкi кубак, натуральнай, – падумаўшы, адказаў Кантэн.
Увайшла маладая жанчына i кiнула:
– Дзень добры, месьё Жэром!
– Салют, Жынэта! – адказаў гаспадар.
– Добры мароз сёння ранiцай цiсне!
– Але. Я адчуў гэта, калi адчыняў кафэ.
– А вы збiраецеся калядаваць, месьё Жэром?
– Хто яго ведае. У мяне ж адчынена да поўначы. З нашай прафесiяй, самi ведаеце, няма калi павесялiцца.
– У нас тое самае, – тлумачыла жанчына. – Вось i ўчора ледзь управiлiся да дзесяцi гадзiн вечара. Перад святам шмат клiентаў.
– А як сёння ўвечары, – спытаўся гаспадар, – будзеце вольныя?
– Дзе там! Добра, калi скончым у восем гадзiн.
Кантэн ледзь не папытаўся ў гэтай жанчыны, кiм яна працуе. Вiдаць, у цырульнi. Гаспадар прынёс яму вялiкi тоўсты кубак белага колеру, у якiм дымiлася кава. Кантэн удыхнуў з асалодаю цёплы пах.
Дзверы зноў расчынiлiся. Увайшоў сабака, якi цягнуў за сабою на шлейцы чалавека. Чалавек загаварыў, звяртаючыся да ўсiх:
– Ну i далiкатны! Баiцца холаду, як старая дзеўка. Прабяжыць два кругi па плошчы i цягне да тваiх дзвярэй, Жэром!
Усе засмяялiся. Гаспадар кiнуў сабаку драбок цукру i сказаў:
– Каб у кожнага майго клiента быў такi цюцька, як твой, было б цудоўна. Яны б нiколi не хадзiлi ў iншыя месцы.
Клiент пачаў расказваць пра гэтага сабаку i пра ўсiх тых, якiя былi ў яго раней. У кожнага з прысутных была свая гiсторыя пра сабаку. Кантэн крыху паслухаў iх i падумаў пра сваю Белону, якая здохла год назад, а яе шчанё праз месяц трапiла пад кола. Без сабакi жанчынам, яно i праўда, было адзiнока ў гэтым пакiнутым iм доме. Але якi злачынца пойдзе туды ў гэткае надвор'е? Тым больш нiхто не ведае, што Кантэна няма дома.
Кава была гарачая i вельмi смачная. Кантэн пiў яе невялiкiмi глыткамi. Пасля ён выняў свой гадзiннiк i ключ, каб накруцiць яго. Было шэсць гадзiн з паловай. Iзабэла з малой у гэты час даiлi кароў. Калi яны скончаць даiць, жонка будзе чысцiць канюшню. Адна на кухнi, Дэнiза будзе рыхтаваць сняданак i запалiць на хвiлiнку свае яселькi.
I абедзве будуць думаць, што ён спiць у Марыi-Луiзы на канапе!
Яшчэ не было сем гадзiн, калi Кантэн выйшаў з маленькага кафэ. Ён не мог так рана пайсцi да Марыi-Луiзы, але i не мог больш заставацца на адным месцы. Было ўжо не так холадна. Ён адчуваў сябе бадзёрым. Яму хацелася дыхаць, нешта рабiць. I ён пайшоў па пустых вулiцах, па набярэжных, тым крокам, якiм звычайна хадзiў па дарогах у сваёй мясцовасцi. Ён з асалодай удыхаў свежае паветра, i яму здавалася, што ўсё мяняецца. Ноч выходзiла з яго, а ранiца прагонiць тое, што засталося ад кепскага сну.
Зрэшты, ён страцiў некалькi гадзiн. Ён убачыць Марыю-Луiзу, паглядзiць, якое жыццё яна змагла пабудаваць адна, далёка ад сваiх i без дапамогi. Яны нагаворацца, а вечарам яна паедзе разам з iм. Так трэба. Яна зразумее, што павiнна падарыць iм хоць бы свой калядны вечар.
СУР'ЁЗНАЯ ДЗЯЎЧЫНА
15
Бледнае святло ў канцы вузкай вулiцы абвяшчала надыход ранiцы. Гэтаму не маглi перашкодзiць нi туман, нi бляск лiхтароў, нi асветленыя вокны.
Кантэна прыцягвала гэтае святло. Ён пайшоў яму насустрач. Па меры таго як ён iшоў наперад, пакiдаючы за сабою лiхтары, яму здавалася, што паветра рабiлася лягчэйшым i ўсё быццам ачышчалася пад гэтым ледзь прыкметным святлом.
Кантэн дайшоў да канца вулiцы, перайшоў шырокую аўтастраду, якая праходзiла побач з будоўляй. Яна закрывала выхад на мост цераз Рэйн.
Туман яшчэ быў густы. Аднак паступова ён змяняў свой колер, быццам яго разганяў слабы ветрык. За туманам суцэльнай масай праступалi дамы. Iх колер быў невыразны, яны ўяўлялi сабой сумесь дня i ночы. Крыху далей нiзка вiсела малочна-жоўтае сонца, якое толькi пачало праганяць прыцемкi.
За спiной праязджалi машыны. Iх уключаныя фары, быццам нажамi, разразалi хвалепадобны туман. Машыны ехалi хутка, шаша ажно блiшчала, пакрытая слядамi ад iх колаў.
Сёння горад здаваўся яму не такiм агiдным, як учора ўвечары. Кантэн разглядаў яго амаль з асалодаю.
Больш за ўсё яго вабiла рака. Можа, таму, што, як ён казаў сабе, рака не з'яўляецца часткай горада. Яна тут прахожая, як i ён. Яна дзелiць горад Лiён на два падобныя да турэмных сценаў берагi, з якiх iмкнецца вырвацца на прастору. I тут Кантэну прыгадалася фраза з адной кнiгi: "...i рэкi, што цякуць да нябачных гарызонтаў святла".
Гэта быў толькi канец фразы, якi чамусьцi прыгадаўся Кантэну i выклiкаў у яго душы хваляванне.
Некалькi хвiлiн ён не думаў нi аб чым, а толькi паўтараў уголас гэтыя словы, ад якiх яму рабiлася прыемна. Кантэн заўсёды лiчыў гэтыя словы вельмi прыгожымi i таямнiчымi. Яны былi ўзятыя з кнiгi, якая вельмi моцна зблiзiла яго з настаўнiкам, бо, абмяркоўваючы яе, яны ўпершыню гутарылi пра смерць. Выявiлася, што настаўнiк таксама часта пра яе думаў i, як i Кантэн, рабiў гэта без асаблiвага страху i смутку, мабыць, з той простай прычыны, што смерць здавалася яму вельмi далёкай.
Паступова рака вызвалялася ад туману. Вада яшчэ не мела колеру, яна была быццам працягам туману, але дзе-нiдзе на паверхнi ўзнiкалi iскрынкi. I гэтага ўжо было дастаткова, каб адчуць прысутнасць ракi.
Кантэн падаўся ўздоўж берага да зусiм новага металiчнага моста, якi стралой перакiнуўся цераз раку i пранiзаў сабою сырадой туманнай ранiцы. Па мосце праходзiла аўтастрада, якая нырала ў чатырохвугольную арку, падобную на ўваход у склеп. Машыны збiвалiся тут у гуле, ад якога павявала смерцю, той смерцю, якую Кантэн лiчыў сама абсурднай i якая часта здаралася на дарогах у выхадныя днi. У гэтым месцы было вельмi цяжка перайсцi праезную частку, таму Кантэн пачакаў iншых мiнакоў, каб разам з iмi трапiць на другi бок.
Чым далей Кантэн адыходзiў ад ракi, тым больш у яго сэрцы нарастала трывога. Тут, у горадзе, зноў усё рабiлася самотным, цёмным, тут яшчэ гаспадарыла ноч. Кантэн не памятаў, якi быў гэты горад раней. Адно ведаў: рытм гарадскога жыцця – вар'яцкi. А можа, Кантэн ужо застары, каб зразумець сэнс усёй гэтай таўкатнi? Цi зможа чалавечая iстота, захопленая гэтым вiрам, заставацца самой сабою, гаспадаром сваiх рухаў, думак, слоў?
Марыя-Луiза сама выбрала свой шлях, яе нiхто не прымушаў. Iзабэла казала, што яе дачка будзе шчаслiвая ў горадзе. А што Iзабэла ведала пра гэты горад? Яна нiколi яго не бачыла.
Настаўнiк нямала расказваў яму пра "пачвару-горад". Ён добра ведаў яго i ўцёк адтуль. I вось цяпер Кантэн прысутнiчае пры абуджэннi гэтай пачвары, якая, вiдаць, поўнасцю нiколi не засынае. Яна бурчэла, пагражала, яе дыханне было напоўнена пахамi вугалю, бензiну i дрэннай кухнi.
Чым далей ад ракi, тым больш пахла гнiллю, паветра ператваралася ў дым. Але Кантэн iшоў i iшоў. Ён разумеў, што пранiкае ўсё глыбей усярэдзiну велiзарнай машыны, спынiць якую нiчога не зможа.
Толькi сёння ён пачынаў разумець жах настаўнiка, калi той шукаў патрэбных слоў, каб расказаць пра горад-пачвару. Горкi смех апанаваў Кантэна, калi ён паспрабаваў уявiць настаўнiка ў горадзе, яго высокую постаць з доўгiмi рукамi, якiя ён не ведаў, куды падзець. Цi змогуць паладзiць гэтыя дзве iстоты, адна з якiх нарадзiлася ў горадзе, а другая там, дзе жыў Кантэн? Няўжо яго дачка прывыкла да ўсяго гэтага? Няўжо яна так хутка змянiлася?
Кантэн успомнiў яе апошнiя вакацыi. Вядома, яна змянiлася. Яна насiла сучасную прычоску. Як i ўсе жанчыны, яна хацела быць элегантнай. Кантэн нiчога не меў супраць гэтага. Ён не быў рэтраградам, хоць Iзабэла i лiчыла яго старамодным. Сёння ён пераканаўся ў тым, што Марыя-Луiза не прывезла дадому нiчога, чым пахла тут. Яна ўпэўнена стаяла на зямлi. Яна расказвала пра горад зусiм iншае. З яе расказаў горад цяжка было ўявiць. Але, па праўдзе кажучы, Кантэн i не стараўся гэта зрабiць. Ён толькi шмат чытаў i гутарыў з настаўнiкам. Горад яго мала цiкавiў. Кантэн кожны дзень бачыў перад сабою бясконцую раўнiну, у глыбiнi якой гэты горад знаходзiўся. I заўважаў шэры дым над гарызонтам.
Кантэн рашуча крочыў наперад. Ён вяртаўся ў самае сэрца горада, у тое месца, дзе няспынна вiравала жыццё. Ён крочыў ужо тры чвэрцi гадзiны i раптам падумаў, якую б адлегласць прайшоў ён за гэткi самы час у сваёй мясцовасцi. Пэўна, яму спатрэбiлася б менш часу, каб дайсцi да лесасекi, што знаходзiлася на вяршынях гор Сэн-Жульена. Тут, на вулiцах горада, яму здавалася, што ён амаль не рухаецца ўперад. Увесь час вакол яго былi адны i тыя шэрыя сцены, адны i тыя вiтрыны, адны i тыя сiлуэты людзей, якiя ўсе некуды спяшалiся. Вось дарога на лесасеку – iншая справа. Яна нiколi не стамляла, нават калi ён хадзiў туды кожны дзень на працягу многiх тыдняў. Там усё было жывое: зямля, дрэвы, неба. Толькi сёння, тут, у горадзе, Кантэн па-сапраўднаму адчуў моц прыроды i сваю сувязь з ёю. Там нiколi не адчуваеш сябе адзiнокiм, нават калi пражывеш увесь век адзiн, а побач не будзе нiводнай жывой душы.
Выраз "жывая душа" перайшоў да яго ад мацi. Звычайна Кантэн ужываў яго пры тых самых абставiнах, пры якiх яго ўжыла б мацi. Ён ведаў, што выраз не зусiм дакладна перадае тое, што ён сёння адчуваў. Кантэн адчуваў на сабе цяжар жыцця толькi тады, калi заставаўся сам-насам з зямлёю. А цi змагла б гэта "жывая душа" iснаваць тут, у гэтай пякельнай машыне пачварнага горада?
Не, здаецца, не змагла б. Калi што i мае душу, дык гэта зямля. Але якая яна, што сабой уяўляе? Мабыць, гэта тое, што iснуе па-за межамi яго ўспрымання, тое, што ўгадваецца ў маўчаннi вiнаграднiку перад самым усходам сонца? Цяжка сказаць.
Калi ён заводзiў гутарку пра гэта нябачнае i неадчувальнае з настаўнiкам, той заўсёды пачынаў смяяцца. I пераставаў смяяцца толькi тады, калi прыводзiў цытаты славутых фiлосафаў, якiх Кантэн зусiм не ведаў. Такiм чынам, Кантэн нiяк не мог растлумачыць таго, што так займала яго розум.
16
Кантэн зноў захваляваўся. Праз некалькi хвiлiн ён убачыць дачку. Ён ужо быў перакананы ў тым, што кансьержка сказала яму няпраўду. Сказала знарок, што Марыя-Луiза ўстае апоўднi, каб абгаварыць яе. Але Кантэну напляваць на гэту зайздроснiцу. Хутка ён i не ўспомнiць пра яе, калi будзе размаўляць з Марыяй-Луiзай. А iм будзе пра што пагутарыць.
Кантэн больш не глядзеў з агiдаю на горад. Што яму? Ён жа тут праездам. Ён тут выпадковы глядач, якога гэты свет мала кранае. Праз некалькi гадзiн ён пакiне яго i забярэ з сабою Марыю-Луiзу. Кантэн вернецца да сваёй зямлi, да свайго дому, да свайго спакою, i, успамiнаючы пра горад, ён будзе помнiць, як кепска яму там было. А калi Кантэну не пашанцуе з надвор'ем цi з ураджаем, ён скажа сабе: "Кантэн, успомнi Лiён" i адразу адчуе сябе сама шчаслiвым чалавекам на свеце.
Яму раптам моцна захацелася есцi. Кантэн зайшоў у булачную i купiў дзве мяккiя цёплыя булачкi. Яны былi вельмi смачныя, але адрознiвалiся ад сапраўднага хлеба, якi трэба есцi кожны дзень, калi многа працуеш фiзiчна.
Тут ён заўважыў, што заблудзiўся. Побач стаяў палiцэйскi, i Кантэн спытаўся ў яго, дзе знаходзiцца вулiца Сухога Дрэва. Вулiца Сухога Дрэва была недалёка. Аказваецца, сам таго не ведаючы, Кантэн iшоў у правiльным кiрунку.
– Кантэн, – сказаў ён, смеючыся, сам сабе, – хутка ты станеш сапраўдным гараджанiнам. Табе трэба прадаць свой дом i зямлю i пераехаць на вулiцу Сухога Дрэва. Твае дочкi i жонка будуць радыя.
Кантэн выйшаў на патрэбную вулiцу i тут убачыў кансьержку, якая выходзiла з бакалейнай крамы. Яна не звярнула на старога нiякай увагi, i Кантэн нават узрадаваўся, што яна зайшла ў другую краму. Цяпер ён быў упэўнены, што не спаткае яе на лесвiцы.
Удзень пад'езд выглядаў iнакш. Вiдаць, з той прычыны, што сюды цадзiлася праз шкляны дах бледнае святло. Кантэн павольна адольваў паверх за паверхам. Ён хацеў так разлiчыць сiлу, каб нiдзе не спыняцца i ў той жа час не збiцца з дыхання. Яму не было чаго спяшацца. Нават калi Марыя-Луiза выйдзе раней, ён спаткае яе на лесвiцы.
Калi ён падняўся на апошнюю пляцоўку i выняў свой гадзiннiк, на iм было амаль дзевяць гадзiн. Яго сэрца шалёна бiлася, але, мабыць, не толькi ад таго, што ён так доўга падымаўся. Насустрач яму выйшла дама ў гадах, яна збiралася спускацца ўнiз разам з маленькiм хлапчуком, якi адразу ўхапiўся за парэнчы. Кантэн ветлiва павiтаўся з ёю, а дама папрасiла прабачэння за тое, што хлопчык ледзь не збiў яго з ног.
Кантэн вырашыў пастаяць крыху. Ён будзе чакаць Марыю-Луiзу тут. Цяпер яна нiкуды не дзенецца. Рана цi позна яна выйдзе яму насустрач. Кантэна ахапiла вялiкае хваляванне, але ён стрымлiваў яго. Паступова сэрца пачало бiцца ў нармальным рытме. Кантэн набраўся рашучасцi i стараўся асвойтацца ў гэтым доўгiм калiдоры з паадставанымi плiткамi на падлозе.
Раптам яму прыйшла думка пастукаць у дзверы. Ён пастаяў з хвiлiну, чуйна прыслухоўваючыся да гукаў у вялiзнай будынiне. Сюды даходзiў толькi прыглушаны гарадскi гул.
Яго сэрца зноў шалёна забiлася. Кантэн глыбока ўздыхнуў, быццам збiраўся нырнуць пад ваду, затрымаў дыханне i нерашуча пастукаў.
Цiшыня.
Горад таксама маўчаў.
За дзвярыма нiкога не чуваць. Было нешта трывожнае ў гэтым маўчаннi, якое панавала ва ўсiм будынку. Можа, пастукаць яшчэ раз, ды мацней? Раз ён тут, ён ужо не будзе спускацца. Яму здалося, што ён пастукаў моцна, а на самай справе ён зрабiў гэта вельмi цiха, i калi Марыя-Луiза яшчэ спiць... Калi яна яшчэ спiць, цi мае ён права будзiць яе? Не даць ёй адпачыць, бо яна працуе так позна вечарам? Вiдаць, яна не забылася сваёй добрай звычкi спаць з шырока адчыненым акном, схаваўшы нос пад коўдру?
Кантэн не адважыўся пастукаць яшчэ раз. Ён вярнуўся на лесвiчную пляцоўку i чакаў, гатовы спускацца ўнiз, калi хто-небудзь будзе падымацца альбо выйдзе з пакоя. Ён пачакае яшчэ паўгадзiны. Ён так вырашыў. Ён дасць малой паспаць яшчэ паўгадзiны.
Прайшло, можа, з чвэрць гадзiны. Кантэн чуў крокi ўзад-уперад па лесвiцы, грукат дзвярэй, галасы, i кожны раз ён падскокваў, быццам яго маглi застаць на месцы злачынства.
Цяпер зноў нехта падымаецца. Ён чуе крокi жанчыны. Жанчына падымаецца павольна, спыняецца, iдзе далей. Гэта не Марыя-Луiза. Яна не магла яшчэ выйсцi. I потым, у гэтых кроках адчуваецца занадта многа стомы i ляноты. Перавесiўшыся цераз парэнчы, Кантэн заўважае футравае палiто, бледную руку на дрэве i нават вельмi светлыя валасы.
Не, гэта не Марыя-Луiза. Гэта не можа быць яна. Кантэн чакае яшчэ, каб упэўнiцца, што гэта жанчына iдзе сюды. Яна спыняецца на чацвертым паверсе, яе рука застаецца на парэнчы. Потым яна iдзе вышэй. Кантэн трацiць галаву. Ён думае спускацца, пасля раптам паварочваецца i бяжыць да дзвярэй Марыi-Луiзы.
Кантэн стукае. Маўчанне. Крокi на лесвiцы ўсё блiжэй i блiжэй. Ён стукае мацней. Зноў няма адказу. У гэты момант на пляцоўцы паўстае жанчына ў футравым палiце. Валасы яе i праўда вельмi светлыя.
Жанчына спыняецца i моўчкi глядзiць на Кантэна. Той нерухома стаiць ля дзвярэй, трымаючы руку ў паветры, i нагадвае вучня, якi просiцца адказаць урок.
Жанчына вагаецца нейкi момант, потым робiць два крокi да Кантэна, моцна прыцiскаючы да грудзей сумку, якую дагэтуль яна несла ў руках. Стук яе абцасаў аб плiтачную падлогу нагадвае грымоты ў цiшынi калiдора.
– Вы шукаеце Марыю-Луiзу?
Голас жанчыны сур'ёзны i хрыплаваты.
– Але, мадам.
Жанчына стомлена ўсмiхаецца i перапытвае:
– Вы ўпэўнены, што вам трэба яна?
Кантэн не ведае, што адказаць. Жанчына робiць яшчэ два крокi. Яе абганяе моцны пах духоў. Кантэн усё маўчыць. Ён толькi машынальна перакладае пакунак з адной рукi ў другую.
Жанчына падыходзiць яшчэ блiжэй. Яе моцна нафарбаваны твар мае выраз вялiкай стомы. Яна ўважлiва аглядае Кантэна з ног да галавы, затрымаўшы позiрк на пакунку, i, змянiўшы тон, гаворыць:
– Дык вы кажаце, вам патрэбна Марыя-Луiза? Мне здаецца, што сёння яе не будзе.
Гэтыя словы аглушваюць Кантэна. Ледзь чутным голасам ён пытаецца:
– Яна ўжо выйшла?
Жанчына смяецца. Але яе смех не звiнiць, а рыпiць, як нямазаныя колы.
– Так, яна выйшла, толькi не сёння.
– Вы хочаце сказаць, што яна яшчэ не вярнулася?
– Калi вам так падабаецца.
Кантэн кусае вусны. Нават цяпер ён нiчога не разумее. Яму карцiць зноў пастукаць у дзверы, за якiмi знаходзiцца яго дачка, але гэта жанчына ўсё глядзiць на яго, i ён пытаецца:
– Вы не ведаеце, дзе я магу знайсцi яе?
– Вам трэба нешта перадаць ёй?
Кантэн маўчыць. Ён не ведае, што ёй адказаць.
Жанчына працягвае:
– Вы ведаеце, я вельмi спужалася, калi ўбачыла вас тут, ля дзвярэй. Я не баязлiўка, аднак... На тым тыднi ў адной маёй сяброўкi вось так ранiцай вырвалi з рук сумку, калi яна вярталася дадому. У такiм жа недарэчным будынку, як гэты. Уявiце самi, ёсць тыпы, якiя забiраюць усё, што iм трапляе пад руку.
Кантэн не адказвае. Ён быццам прырос да падлогi. Стаiць па-ранейшаму насупраць дзвярэй i слухае гэту жанчыну.
– Разумееце, – тлумачыла тая, – не вельмi прыемна, калi ноччу выбiваешся з сiл, а ранiцай у цябе адбiраюць заробленыя грошы.
Цяпер Кантэн зразумеў, чым займалася гэта жанчына, i ў яго адразу прапала жаданне гаварыць або нешта рабiць.
– Дык што, вы пакiнеце ў мяне што-небудзь Марыi-Луiзе?
– Не, – глуха прамармытаў Кантэн. – Я павiнен убачыць яе.
– Ну, гэта будзе нялёгка. Яна збiраецца ехаць у Парыж. Бо тут, не ведаю, дзе яна зможа ўладкавацца, хоць яна марна часу не трацiць. Яна працаўнiца! Гэта не тая дзяўчына, якая бавiцца!.. Дарэчы, яна мае рацыю. Напрыклад, я толькi дабра жадаю ёй. Чым хутчэй яна паедзе адсюль, тым лепш будзе для яе. Але мне шкада яе будзе. Яна добрая сяброўка. Такiх мала.
Жанчына замоўкла, i Кантэн адчуў, як у яго задрыжалi ногi. Галава зрабiлася цяжкай, але ён не звяртаў на гэта ўвагi. Кантэн адчуваў, што яму робiцца вельмi горача. Пот з яго кацiўся градам. I калi жанчына адчыняла свае дзверы, ён хуценька, быццам падаючы сiгнал няшчасця, прагаварыў:
– Мне вельмi трэба пабачыць яе! Мне трэба абавязкова знайсцi яе сёння!
– Схадзiце да Фернана. Яна там сталуецца, калi бывае адна. Я вам нiчога не гарантую, але паспрабуйце. Можа, вам пашанцуе ўбачыць там яе апоўднi.
– У Фернана?
– Вы не ведаеце, дзе гэта?
Кантэн адмоўна круцiць галавой. Ён адчуў у горле камяк ваты. Жанчына сказала яму адрас.
– Дзякуй вам, – ледзь змог ён выцiснуць з сябе.
I пайшоў прэч. Ён дайшоў да пляцоўкi i тут пачуў, як у замку павярнуўся ключ, адчынiлiся i зачынiлiся дзверы.
Кантэн азiрнуўся. Калiдор быў пусты.
17
Кантэну здавалася, што ён вельмi доўга спускаецца ўнiз. Ён не чуў ног пад сабою. Правая рука чаплялася за парэнчы. Пот цёк цурком па твары. Кантэн адчуваў, як ён цячэ i па спiне. Ад гэтага Кантэну раптам зрабiлася вельмi холадна: ажно заляскалi зубы, ажно замуцiла.
Нарэшце ён сышоў унiз, выйшаў на вулiцу, увесь час паўтараючы сам сабе адрас рэстарацыi, у якой, дасць бог, ён спаткае сваю дачку. Тут Кантэн спынiўся, абапёрся спiною на дзверы, каб крыху перадыхнуць.
Божа мой! Чаго ён так раскiс, быццам нейкi слабак?
Кантэн выпрастаўся i паглядзеў вакол сябе. На другiм баку вулiцы ён заўважыў кафэ i накiраваўся туды рашучай хадою.
Кантэн ажно падскочыў, калi побач прасiгналiла машына. У руку павеяла холадам, i хтосьцi крыкнуў:
– Куды прэш, вёска! Глядзi пад ногi!
I машына паехала далей.
– Вёска! Вёска! Ну i што з таго?
Кантэн зайшоў у кафэ, сеў за першы столiк i заказаў шклянку гарэлкi. Ён выпiў яе залпам, расплацiўся i адразу выйшаў на вулiцу. У iм толькi што прачнуўся незнаёмы яму дагэтуль чалавек, якi вымушаў яго рухацца, дзейнiчаць.
Марыя-Луiза... Яго дачка Марыя-Луiза, аказваецца, шлюха! Божа мой, цi можа такое быць? Тут нешта не так... I ўсё ж такi! А можа, iснуюць дзве Марыi-Луiзы Кантэн? Але ж яны не могуць жыць па адным адрасе.
Дык што, ён з'яўляецца бацькам такой самай шлюхi, такой самай подсцiлкi, як тая, якую ён бачыў учора вечарам або сёння ранiцай? Ну гэта, чорт вазьмi, мы яшчэ паглядзiм! Кантэн – вёска! Кантэн – недарэка! Кантэн – слабак, якi ўсё сцерпiць ад сваiх дзяцей!
Ён раптам успомнiў, як жонка некалi сказала яму:
– Твая Марыя-Луiза наробiць табе ў рот, i ты скажаш дзякуй.
Ён сцiскаў кулакi. Хай толькi ён знойдзе яе! Хай толькi яна трапiць яму ў рукi! Можа, у яе знойдзецца абаронца, але Кантэн яшчэ не стары. А потым, яшчэ ёсць палiцыя. Палiцыя? Як ён пра гэта раней не падумаў? Туды трэба было звярнуцца адразу. Там гэтых дзевак павiнны добра ведаць. Прынамсi, ён зможа атрымаць даведку. Ён будзе ведаць праўду. Яму вернуць яго дачку або пасадзяць яе ў папраўчы дом.
Дзе ён бачыў палiцэйскi пост? Гэта было ўчора вечарам. Кантэн успомнiў блакiтную светлавую шыльду з белымi лiтарамi "Палiцыя". Там стаяў паставы з аўтаматам. Але дзе гэта было? Кантэн цяпер не мог успомнiць. Дарэчы, а дзе цяпер ён знаходзiцца?
Кантэн прачытаў на шыльдачцы "Вулiца Бiржавая". Гэта яму нiчога не гаварыла, i Кантэн вырашыў пашукаць палiцэйскага. Ён прайшоў яшчэ крыху ўперад i ўбачыў ля скрыжавання паставога. Кантэн спытаўся ў яго, дзе знаходзiцца камiсарыят палiцыi.