355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Жорж Сименон » Чалавек на лаўцы (на белорусском языке) » Текст книги (страница 6)
Чалавек на лаўцы (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 9 октября 2016, 03:38

Текст книги "Чалавек на лаўцы (на белорусском языке)"


Автор книги: Жорж Сименон



сообщить о нарушении

Текущая страница: 6 (всего у книги 6 страниц)

– Тады вы ўсё ведаеце.

– Я хачу ведаць i тое, што ведаеш ты.

– А я нiчога i не ведаю.

– Дык чым, ты думаеш, яны б маглi займацца?

– Можа, выцiскаюць з каго-небудзь грошы.

– Дык ты i сам вырашыў выцiснуць iх з яго?

– Грошы патрэбныя нам на дзiця.

Мэгрэ зняў слухаўку:

– Люка? Зайдзi да мяне на хвiлiнку.

Калi Люка прыйшоў, Мэгрэ сказаў:

– Пазнаёмся: Альбэр Жарыс. Ведаеш, ён i Монiка Турэ чакаюць дзiця. Ты зараз заедзеш па яе i зводзiш да доктара. Да якога яна сама захоча. Калi не ведае, да якога, звадзi да доктара прэфектуры. Я б хацеў ведаць, колькi месяцаў яна цяжарная.

– А калi яна адмовiцца?

– Тады скажы, што я буду вымушаны арыштаваць яе разам з дружком. Вазьмi машыну i адразу ж, як толькi доктар агледзiць яе, патэлефануй мне.

– Навошта вы гэта робiце? – запытаўся Жарыс, як толькi iнспектар выйшаў.

– Таму што я павiнен усё праверыць.

– Вы мне не верыце?

– Веру.

– Значыць, ёй не верыце?

Тут, якраз у час, пачуўся тэлефонны званок, i Мэгрэ змог ухiлiцца ад адказу. Тэлефонная размова не мела нiякага дачынення да справы Турэ, але камiсар расцягнуў яе як мог, замест таго каб адказаць, як зазвычай, коратка.

Калi ён нарэшце павесiў слухаўку, то, нiбыта забыўся, на чым яны спынiлiся, пачаў задаваць Жарысу новыя пытаннi.

– Што ж вы збiраецеся рабiць?

– Калi вы ўпэўнены ў тым, што я нiкога не забiваў...

– Я заўсёды быў у гэтым упэўнены. Бачыш, забiць чалавека не так ужо проста. Ды яшчэ нажом у спiну. I зусiм ужо цяжка зрабiць гэта так, каб ён нават не крыкнуў.

– Я няздольны на гэта?

– Вядома.

Хлопец амаль што пакрыўдзiўся. Ведама ж, ён лiчыў сябе здатным стаць каўбоем цi золатакапальнiкам!

– Ты паедзеш да панi Турэ?

– Думаю, што прыйдзецца.

Мэгрэ сам сабе ўсмiхнуўся: уявiў, як гэты маладзён, дранцвеючы ад страху, уваходзiць у дом да панi Турэ i ўсё ёй выкладвае.

– Думаеш, яна згодзiцца мець такога зяця?

– Не ведаю.

– Ну, а цяпер прызнавайся, у чым яшчэ ты падманваў пана Турэ?

– Што вы маеце на ўвазе?

– Ты прасiў грошы на параход у Амерыку, а выдаткоўваў iх у Парыжы. Аплачваў мэблiраваныя пакоi, у якiх вы з Монiкай сустракалiся. А яны ж не бясплатныя. Ты ж i працаваць перастаў пасля абеду, каб з ёй сустракацца.

– Мы мала расходвалi...

– Ты ведаеш, дзе Турэ хаваў грошы?

– На версе шафы, – адказаў Жарыс без ваганняў.

– Менавiта там ён i браў грошы, якiя даваў табе?

– Там. Але я ведаў, куды ён iх хавае, яшчэ раней, ад Монiкi.

– У панядзелак ты не хадзiў на вулiцу Ангулем?

– Не. Гэта лёгка праверыць. Спытайцеся ў гаспадынi. Я мусiў прыйсцi да яго ў аўторак у пяць гадзiн вечара.

– Калi ж вы думалi знiкнуць?

– Параход адплывае праз тры днi. За гэты час мы б атрымалi вiзы. Я ўжо падаў прашэнне.

– Я заўсёды думаў, што непаўналетнiм патрэбны дазвол бацькоў.

– Я падрабiў бацькаў подпiс.

Запала маўчанне. Першы раз за ўвесь час Жарыс папрасiў:

– Можна мне запалiць?

Мэгрэ кiўнуў.

Цяпер, пасля кавы, камiсару раптам вельмi захацелася глынуць каньяку, але ж цi мог ён пайсцi ды зноў дастаць гэтую пляшку з шафы?..

– Вы мяне па-ранейшаму лiчыце прахiндзеем?

– А ты сам як думаеш?

– Я не мог не зрабiць гэтага.

– Табе было б прыемна, калi б такое зрабiў твой сын?

– Я выхаваю свайго сына iнакш, i яму не прыйдзецца...

Тэлефонны званок зноў перапынiў iхнюю размову.

– Гэта вы, шэф?

Мэгрэ нахмурыўся, пачуўся голас Нэвэ, якому ён нiчога не даручаў.

– Я знайшоў усю iхнюю скарбнiцу!

– Што ты кажаш? – Камiсар паглядзеў на Жарыса. – Чакай. Я перайду на другi апарат. – Ён прайшоў у суседнi пакой, папрасiўшы на ўсякi выпадак паглядзець за Жарысам. – Ну што там у цябе? Дзе ты?

– У бiстро на набярэжнай Вальмi. Я заходзiў у дом да Франсуазы.

– Навошта?

– Захацеў паглядзець, што там у яе робiцца ў доме. Вырашыў праверыць: як жа гэта так – Акрабат iдзе на пасадку i пакiдае яе нi з чым?.. Ён жа жыве з ёю ўжо дзесяць гадоў i, як мне казалi, дужа яе цэнiць. Мне пашэнцiла, Франсуаза была дома.

Мэгрэ слухаў, чакаючы навiны, але незадаволены. Ён вельмi не любiў, калi iнспектары занадта ўжо "бралi на сябе", асаблiва калi яны былi, як Нэвэ, не з ягонай брыгады.

– Ты сказаў ёй, што Шрамэк арыштаваны?

– Нельга было?

– Працягвай.

– Кабета вырашыла, што яго злавiлi, калi ён выцягваў кашалёк. Яна ўсчала гвалт, але я абшукаў кватэру. Нiчога не знайшоў, пакуль не прыгледзеўся да вялiкага жалезнага ложка ў спальнi, з такiмi меднымi шарамi на сценках. Адкруцiў гэтыя шары i знайшоў у адной спiнцы дзвесце тысяч франкаў, згорнутых у трубачкi! Франсуаза вачам не паверыла. Як залямантуе: "Мець такiя грошы i прымушаць мяне прыбiраць пад'езды! У рай ён ужо пэўна не трапiць. Няхай толькi вернецца!" Кляла як магла. Я пераканаў яе, што ён хаваў гэтыя грошы на той выпадак, калi з iм што здарыцца... Дык вось, ён не мог спусцiць адразу такую буйную суму, паспеў прайграць толькi частку. А ў мiнулую суботу яны дзялiлi, мабыць, здабычу. I, калi падзялiлi яе пароўну, то ў Турэ таксама былi вялiкiя грошы. Усё.

– Дзякую.

– Што мне рабiць з грашыма?

– Ты iх забраў?

– На ўсякi выпадак. Не мог жа я iх там пакiнуць.

– Звярнiся да свайго камiсара. Трэба абшукаць кватэру згодна з парадкам.

– Я ж...

– Не хапала яшчэ, каб нас абвiнавацiлi, што мы самi падкiнулi грошы!

– Выбачайце, я ж хацеў...

Мэгрэ кiнуў слухаўку i звярнуўся да iнспектара Таранса, якi сядзеў у гэтым, куды камiсар перайшоў, пакоi:

– Ты цяпер заняты?

– Нiчога тэрмiновага.

– Тады зайдзi да камiсара Антуана. Папрасi яго праверыць даныя па ўсiх крадзяжах у крамах на Вялiкiх бульварах прыкладна за два апошнiя гады, крадзяжах у час абедзеннага перапынку.

Мэгрэ вярнуўся ў свой кабiнет i адпусцiў iнспектара, якi пiльнаваў юнака.

– Я б не ўцёк, – з крыўдаю сказаў Жарыс.

– Магчыма. Але ты мог бы зазiрнуць у папкi. Мог бы?

– Мог. Але што вы збiраецеся рабiць са мною?

– Чакай.

Мэгрэ зiрнуў на гадзiннiк i прыкiнуў, што Монiка з Люка павiнны ўжо быць у чакальнi ў доктара.

– Вы пагарджаеце мною?

Камiсар пацiснуў плячыма.

– Мне нi разу не пашанцавала ў жыццi.

– У чым?

– Нi разу не ўдалося вырвацца.

– Адкуль?

– Я бачу, вы мяне не разумееце. – У голасе ў Жарыса нарастала раздражненне. – Калi б вам давялося вырасцi ў доме, дзе толькi i гаварылi што пра грошы... А мацi трэсцiся пачынала пад канец месяца...

– У мяне не было мацi...

Хлопец змоўк.

Мэгрэ пастаяў ля акна, спiнаю да затрыманага, пазiраючы на кроплi дажджу, што сцякалi па шкле. Потым, пахадзiўшы па пакоi, рашуча адчынiў шафу. Спаласнуўшы шклянку, налiў каньяку.

– Ты, я думаю, – запытаўся ён у Жарыса, – не хочаш пiць?

– Дзякую. Не.

Аднак Мэгрэ i сам не стаў пiць, паставiў шклянку назад у шафу.

Хлопец ледзь трымаўся, каб не заснуць. Шчокi ў яго пачырванелi, павекi прыпухлi. Ён пачынаў ужо пагойдвацца.

– Калi-небудзь, можа, з цябе ўсё-такi выйдзе чалавек, – задуменна сказаў ён, гледзячы на Жарыса.

Пачулiся крокi ў калiдоры. Два чалавекi: мужчына i жанчына.

Мэгрэ адразу здагадаўся, што гэта Люка i Монiка. Трэба было вырашыць: прымаць дзяўчыну ў кабiнеце або ў суседнiм пакоi.

Убачыўшы Жарыса, Монiка сутаргава прыцiснула да сябе сумку, застыла i раз'ятрана зiрнула на камiсара.

– Ты звадзiў яе да доктара? – спытаўся Мэгрэ.

– Спачатку яна не хацела, але я...

– Вынiкi?

Жарыс адразу ўскочыў, гатовы кiнуцца дзяўчыне ў ногi i прасiць прабачэння.

– Зусiм яна не цяжарная. I нiколi ёю не была.

Жарыс не верыў сваiм вушам. Напэўна, цяпер ён лiчыў камiсара сама жорсткiм з людзей.

Тым часам Мэгрэ зачынiў дзверы i прапанаваў дзяўчыне сесцi.

– Што вы можаце на гэта сказаць?

– Я думала...

– Вы думалi...

– А што вы пра гэта можаце сказаць. Вы ж не жанчына.

Павярнуўшыся да Жарыса, яна сказала:

– Клянуся табе, я сапраўды думала, што зацяжарала.

Мэгрэ запытаўся як мага спакайней:

– I як доўга вы так думалi?

– Некалькi дзён.

– А потым?

– А потым не хацела расчароўваць Альбэра.

– Расчароўваць?

Камiсар падмiргнуў Люка, i яны выйшлi ўдвух з кабiнета, пакiнуўшы Монiку i Жарыса сам-насам.

– Як толькi я сказаў, – пачаў Люка, – што нам трэба схадзiць да доктара, яна адразу ж закруцiлася... Але я перадаў ёй тое, што вы сказалi...

Мэгрэ не слухаў: ён ужо ўсё зразумеў.

Вярнуўся Таранс.

– Даныя яшчэ зводзяць. Спiс будзе доўгi. А Антуан са сваёй брыгадаю якраз два гады шукае, хто ж гэта так спраўна абчышчае крамы...

Мэгрэ падышоў да дзвярэй свайго кабiнета, прыслухаўся. Жарыс i Монiка маўчалi.

Камiсар зайшоў да свайго начальнiка i далажыў яму ўсе навiны, пабываў у iншых кабiнетах, пагаманiў з калегамi.

Калi ён вярнуўся ў свой кабiнет, Жарыс i Монiка сядзелi на тых самых крэслах i на той самай адлегласцi. Твар у дзяўчыны быў такi ж суровы, як у мацi i яе цётак. Калi яе позiрк спыняўся на Жарысе, вочы напаўнялiся нянавiсцю i пагардаю.

Жарыс выглядаў прыгнечаным. Вочы ў яго яшчэ больш пачырванелi.

– Я адпускаю вас, – сказаў Мэгрэ, сядаючы ў крэсла.

– У газетах пра ўсё гэта будзе? – спыталася Монiка.

– Я iм нiчога такога паведамляць не збiраюся.

– А мацi раскажаце?

– Можна абысцiся i без мацi.

– А майму начальству?

Калi Мэгрэ адказаў, што не, яна рэзка ўстала i накiравалася да дзвярэй, не зважаючы ўжо на Жарыса. Узяўшыся за ручку, спыталася ў камiсара:

– Вы ўсё гэта наўмысна зрабiлi?

– Наўмысна. Ты, Альбэр, таксама вольны.

Але Жарыс нават не зварухнуўся.

– Што ж ты не бяжыш за ёю?

Монiка была ўжо на лесвiцы.

– Вы думаеце, трэба бегчы?

– Што яна табе сказала?

– Назвала мяне iдыётам.

– I ўсё?

– Яшчэ забаранiла мне размаўляць з ёю.

– Ну, а ты?

– Я не ведаю.

– Можаш iсцi.

– Што мне сказаць бацькам?

– Што хочаш. Яны i так будуць рады, што ты знайшоўся.

– Вы думаеце?

Прыйшлося яго крыху падштурхнуць.

– Ну, iдзi, iдзi...

– Скажыце, я не прахiндзей?.. – Жарыс з наiўнасцю маладзёна зазiраў камiсару ў самыя вочы.

– Ты дурань. Яна сказала праўду.

– Дзякую, – разгублена прамармытаў хлопец, азiраючыся.

Толькi цяпер, застаўшыся адзiн, Мэгрэ змог урэшце выпiць даўно налiты каньяк.

9. СУДДЗЯ КАМЕЛЬЁ НЕРВУЕЦЦА

– Гэта вы, Мэгрэ?

– Я, пан суддзя.

Так звычайна пачыналася штодзённая размова па тэлефоне, i, калi побач быў якi-небудзь супрацоўнiк, Мэгрэ па-змоўнiцку падмiргваў яму. З суддзёй камiсар заўсёды гаварыў мякчэй.

– Як справа Турэ?

– Усё выдатна.

– А вам не здаецца, што яна зацягнулася?

– Забойствы з абрабаваннем – гiсторыi заўсёды заблытаныя.

– А вы ўпэўнены, што Турэ забiлi менавiта з гэтай мэтаю?

– Вы ж самi казалi, што ўсё вiдаць голым вокам.

– Вы верыце паказанням Шрамэка?

– Я ўпэўнены, што ён сказаў праўду.

– Хто ж тады, па-вашаму, забойца?

– Той, каму былi патрэбны ягоныя грошы.

– Пастарайцеся, аднак, не зацягваць расследавання.

– Абавязкова, пан суддзя.

Але камiсар, здавалася, зусiм не спяшаўся закончыць справу, а больш займаўся дзвюма iншымi.

Панi Турэ, Монiка, Жарыс, якi цяпер па-ранейшаму працаваў поўны дзень у кнiгарнi, цяпер былi нiбыта забытыя. Можна было падумаць, што камiсар iх нiколi i не ведаў.

Справу Шрамэка аб абрабаваннi крамаў ён перадаў камiсару Антуану, i той дапытваў Акрабата амаль штодня.

Праўда, у Марселi працягвалi пошукi, i не толькi ў горадзе, але i ў наваколлi. Правяралi крымiнальнiкаў, асаблiва тых, хто наведваў апошнiм часам Парыж.

Тры чалавекi i ўдзень, i ўначы назiралi за домам на вулiцы Ангулем. Пастаянна праслухоўваўся тэлефон.

Аднак вынiкаў не было.

Праязджаючы неяк па вулiцы Клiн'янкур, Мэгрэ зноў зайшоў да панны Леон, узяўшы яе мацi торт. Але казаць закаханай у Турэ жанчыне, чым жа займаўся апошнiя гады нябожчык, не стаў.

Аднак калi панна Леон запыталася, цi ведае ўжо камiсар хоць тое, чаму забiлi Турэ, Мэгрэ адказаў:

– За грошы.

– У яго iх было так шмат? – здзiвiлася жанчына.

– Аж вельмi.

– Гаротны чалавек!.. Загiнуць тады, калi ўрэшце зажыў па-людску...

Да пана Сэмброна, старога бухгалтара, саслужыўца Турэ, Мэгрэ не заходзiў, але сустрэў яго неяк выпадкова каля кветкавага базара, i яны абмянялiся пачцiвымi паклонамi.

Насталi халады, скончылiся дажджы. Панi Жыбон, гаспадыня дома на вулiцы Ангулем, новых жыльцоў не знайшла, i пакой Турэ заставаўся пусты. Тры жанчыны, пастаянныя жыхаркi дома, заўважыўшы, што за домам сочаць, выходзiлi цяпер толькi ў рэстарацыю цi краму.

– Чым жа тады яны займаюцца? – спытаўся Мэгрэ ў Жанв'е.

– Спяць, гуляюць у карты, раскладваюць пасьянс, – адказаў Жанв'е. – Адна, як угледзiць мяне з акна, дык язык паказвае. А ўчора ўзяла, павярнулася да мяне заднiцай ды падняла халат!

Аднойчы ўранку камiсару патэлефанавалi з Марселя. Размова была доўгая. Пасля яе Мэгрэ адразу ж падняўся ў картатэку i прабыў там прыкладна гадзiну. Потым спусцiўся ў архiў – i там затрымаўся на добрую гадзiну.

Было прыблiзна адзiнаццаць, калi камiсар сеў у машыну.

– Ну вулiцу Ангулем.

За домам назiраў Лапуэнт.

– Усе там?

– Не, адна выйшла. Вiдаць, у краму.

Камiсар нацiснуў на званок у дзвярах. Зварухнулася фiранка. Неўзабаве гаспадыня адчынiла дзверы. Як заўсёды, яна была ў халаце i ў пантофлях.

– Што гэта? Сам шэф уласнай персонаю? Вашым малойчыкам яшчэ не надакучыла бадзяцца ў нас пад вокнамi?

– Арлета дома?

– Паклiкаць яе?

– Не, дзякую. Я лепш сам падымуся.

Гаспадыня засталася ў калiдоры – усхваляваная, глядзела ўслед камiсару.

Падняўшыся на другi паверх, Мэгрэ пастукаў у дзверы.

– Калi ласка!

Арлета, як i ўсе тут заўсёды, ляжала ў халаце на непрыбраным ложку i чытала нейкi танны раманчык.

– Гэта вы?

– Я. – Мэгрэ паклаў капялюш на куфар i прысеў на крэсла.

– Хiба гэтая гiсторыя яшчэ не скончылася? – здзiвiлася Арлета.

– Яна скончыцца, калi мы знойдзем забойцу.

– А вы ўсё яшчэ не знайшлi? Думала, вы хiтрэйшыя. Спадзяюся, нiчога страшнага, што я ў халаце?

– Нiчога.

– Вы да ўсяго павiнны былi прывыкнуць, – усмiхнулася дзяўчына. Не падымаючыся з ложка, яна пасунулася блiжэй да камiсара, i ў яе агалiлiся грудзi. Мэгрэ зрабiў выгляд, што нiчога не заўважае.

– Гэта ўсё, чым вы можаце адказаць? – стрэлiла Арлета.

– На што?

– На тое, што бачыце.

Мэгрэ змаўчаў.

– Хочаце? – Дзяўчына паднесла руку да крыса халата.

– Дзякую.

– Дзякую – хочаце?

– Дзякую – не.

– Што з вас возьмеш: пенсiянер...

– Табе не абрыдла замалёўвацца?

Яна закрыла халатам грудзi i прысела.

– Што вы ад мяне хочаце?

– Твае бацькi ўсё яшчэ думаюць, што ты працуеш у краме?

– Вас гэта хвалюе?

– Ведалi б яны, чым ты займаешся...

– Вы iм гэта хочаце распавесцi?

– Мажлiва.

Цяпер яна ўжо занепакоiлася.

– Вы што, ездзiлi ў Клермон-Феран? Бачылi бацькоў?

– Яшчэ не.

Раптам Арлета ўскочыла з ложка, кiнулася да дзвярэй i адчынiла iх. Там стаяла гаспадыня.

– Дык ты падслухоўваеш?

– Я хацела ўвайсцi.

– Пакiнь мяне ў спакоi! Не стой тут, чуеш?

Мэгрэ i не паварушыўся.

Дзяўчына вярнулася i села на ложак.

– Вы жывяце тут ужо год, – распачаў Мэгрэ. – Бавiце ў гэтым доме амаль увесь час i ведаеце пра ўсё, што тут адбываецца. Цi бываў тут адзiн чалавек, якi прыходзiў раней досыць часта, але пасля смерцi пана Луi нагою сюды не ступiў?

Зрэнкi ў дзяўчыны, здавалася, звузiлiся. Яна яшчэ раз падышла да дзвярэй, прыслухалася. Але за дзвярыма нiкога не было.

– Ва ўсякiм разе, ён прыходзiў не да мяне.

– А да каго?

– Самi ведаеце. Думаю, мне трэба апрануцца.

– Навошта?

– Пасля гэтай размовы мне лепш тут не затрымлiвацца.

Яна скiнула з сябе халат, гэтым разам ужо не думаючы спакушаць камiсара, надзела трусы, лiфчык i падышла да шафы.

– Мне трэба было ведаць, што скончыцца гэтым... А вы, напэўна, вялiкi спец?

– Гэта мой хлеб – знаходзiць злачынцаў.

– Дык вы яго знайшлi?

Яна надзела сукенку i цяпер хуткiмi рухамi фарбавала вусны.

– Не яшчэ.

– Вы ведаеце, хто ён?

– Вы мне скажаце гэта.

– Вы ўпэўнены?

Мэгрэ выняў з кiшэнi партманет i дастаў з яго фатаграфiю чалавека гадоў трыццацi, са шрамам на левай скронi.

Арлета зiрнула на фатаграфiю, аднак нiчога не сказала.

– Гэта ён?

– Вы ж ведаеце.

– Я памыляюся?

– Куды мне дзецца, пакуль вы яго арыштуеце?

– Наш iнспектар знойдзе вам надзейнае месца. Што вы ведаеце пра Марка?

– Каханак гаспадынi. Можа, тут не трэба гаварыць пра гэта?

– Дзе ён цяпер?

Не адказаўшы, яна згэмтала рэчы ў валiзу. Вiдаць было, што яна дужа спяшаецца выйсцi з гэтага дома.

– Мы прадоўжым гаворку на вулiцы, – сказала яна, сабраўшыся.

Камiсар узяў валiзу.

– А вы галантны кавалер!

Яны спусцiлiся ўнiз. Дзверы ў гасцёўню былi адчыненыя. Гаспадыня замерла на парозе.

– Ты куды? – з трывогаю запыталася яна ў Арлеты.

– Туды, куды павядзе камiсар.

– Вы яе арыштавалi?

Больш гаспадыня нi пра што не запыталася. Праводзiўшы Мэгрэ з Арлетаю позiркам, яна падышла да акна i адсунула штору.

Мэгрэ ўпiхнуў валiзу ў машыну i сказаў Лапуэнту:

– Я прышлю каго-небудзь на змену. Прыходзь адразу ў бар на плошчы Рэспублiкi.

– Добра, шэф.

Потым Мэгрэ аддаў загад шафёру i пайшоў з Арлетаю.

– Дзе цяпер Марка? – запытаўся камiсар у яе ўжо ў бары, заказаўшы два аперытывы.

– Не ведаю. Калi вы прыйшлi да нас упершыню, гаспадыня папрасiла мяне пазванiць яму i сказаць, каб ён болей не прыходзiў i не званiў ёй, пакуль яна сама не акажацца.

– Калi i адкуль вы яму званiлi?

– Праз паўгадзiны пасля таго, як вы пайшлi, з рэстарацыi на бульвары Вальтэра.

– Вы гаварылi з iм асабiста?

– Не. Я патэлефанавала Фелiксу, афiцыянту з бара "Покер Дас" на вулiцы Дуэ.

– Марка не аказваўся?

– Не. Яна страшэнна нервуецца. Яна старэйшая за яго гадоў на дваццаць i падазрае, што ён падгульвае.

– Грошы ў яго?

– Не ведаю. Але ён прыходзiў таго дня, калi забiлi пана Луi.

– А якой гадзiне?

– Каля пяцi. Яны зачынiлiся ў яе ў пакоi.

– А гаспадыня заходзiла ў пакой Турэ?

– Магчыма. Я не звярнула ўвагi. Ён прабыў у яе прыкладна гадзiну i пайшоў, я чула.

– Хто-небудзь з вас звязваўся з iм пасля па просьбе гаспадынi?

– Не. Яна чакала, што за намi будуць сачыць.

– I што тэлефон могуць праслухоўваць, таксама падазравала?

– Яна аб усiм здагадалася, калi вы пакiнулi люльку. Ёй палец у рот не кладзi. Я яе не надта люблю, але ўсё-такi мне яе шкада. Яна шалее праз яго. Гэта ўжо хвароба.

Калi прыйшоў Лапуэнт, яны ўжо спакойна гаманiлi аб нейкiх драбнiцах. Ён сеў, не падымаючы вачэй на дзяўчыну, – яна ж разглядвала яго, усмiхаючыся.

– Зараз ты адвядзеш гэтую прыгажуню ў якi-небудзь цiхi гатэль i здымеш два сумежныя пакоi. Шукай непадалёк. Калi ўладкуешся, патэлефануй. Глядзi, каб яна нi з кiм не сустракалася i не выходзiла з нумара.

Калi Лапуэнт з Арлетаю выйшлi з бара, камiсар усмiхнуўся: нельга было зразумець, хто каго вядзе, гэтак Лапуэнт заглядваўся на дзяўчыну.

Мiнулi два днi.

Афiцыянт Фелiкс з бара на вулiцы Дуэ раптам знiк. Знайшлi яго на кватэры ў сябра. Ён вытрымаў доўгi начны допыт, але ўранку прызнаўся, што ведае Марка, i сказаў, дзе яго шукаць.

Марка ўцёк з Парыжа i хаваўся ў начлежным рыбацкiм доме.

Ён двойчы стрэлiў, перш чым яго схапiлi, але нiкога не паранiў. Грошы Турэ ён хаваў у поясе, якi яму пашыла Марыета Жыбон.

Ужо ўвечары таго дня, напiсаўшы рапарт суддзю Камельё, Мэгрэ згадаў дома пра Арлету з Лапуэнтам i ляпнуў сябе па лобе.

– От чорт, забыўся!

– Што-небудзь важнае? – запыталася панi Мэгрэ.

– А, думаю, што не. Ужо позна, i лепей паправiць гэтую справу ўранку, усмiхнуўся ён.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю