412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Жорж Сименон » Чалавек на лаўцы (на белорусском языке) » Текст книги (страница 2)
Чалавек на лаўцы (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 9 октября 2016, 03:38

Текст книги "Чалавек на лаўцы (на белорусском языке)"


Автор книги: Жорж Сименон



сообщить о нарушении

Текущая страница: 2 (всего у книги 6 страниц)

Але вялiкай горычы ў голасе ў кансьержкi не чулася. Мяркуючы па ўсiм, яна збiралася з'ехаць з гэтага дома апошняя.

– Як гэта здарылася? – спыталася кансьержка. – Ён мучыўся?

Нi панi Турэ, нi Монiка не спыталiся пра гэта.

– Доктар кажа, што не, памёр iмгненна.

– I дзе ж яго забiлi, нябогу?

– Ды зусiм побач. У тупiчку на бульвары Сэн-Мартэн.

– Каля ювелiрнага?

– Так. Нехта падлавiў яго там i ўсадзiў нож у спiну.

Наконт нажа Мэгрэ тэлефанаваў у экспертызу, i яму сказалi, што нож сама звычайны, шырока распаўсюджанай маркi, якi можна купiць практычна ў любой краме. Ён быў новы, адбiткаў пальцаў на iм не выявiлi.

– Бедны пан Луi! Ён так любiў жыццё!

– Ён быў вясёлы чалавек?

– Ва ўсякiм разе, сумным яго назваць было нельга. Не ведаю, як вам растлумачыць. Ён з усiмi быў ветлiвы i ўважлiвы, кожнаму стараўся сказаць што-небудзь прыемнае. I нiколi не iмкнуўся набiць сабе цану.

– А жанчынамi ён цiкавiўся?

– О не, што вы! Хоць мог iх мець колькi хацеў бы. За вылiкам пана Макса i старога бухгалтара ён быў адзiны мужчына ў краме, а нашыя ўпакоўшчыцы дужа цнатлiвымi не выдавалi.

– Ён пiў?

– Шклянку вiна ў дзень, як i ўсе мы. Зрэдку кiлiшак лiкёру.

– А дзе ён абедаў у час перапынку?

– Ён заўсёды палуднаваў на працы. Пакладзе на край стала свой "тармазок", – ён яго ў кавалачак цыраты загортваў, я гэтую цырату як цяпер памятаю, – i есць стоячы. А потым iшоў на двор выпалiць люльку. I зноў за працу. Праўда, iншы раз некуды выходзiў, казаў тады, што ў яго спатканне з дачкою. Але гэта было вельмi рэдка, у самым канцы, калi дачка стала ўжо паненкаю i працавала ў Парыжы. Я пыталася ў яго: "Чаму вы яе нiколi нам не пакажаце? Я б так хацела зiрнуць на яе!" Ён усё абяцаў, што неяк на днях пакажа. Але так i не паказаў. Не ведаю чаму.

– А вы ведаеце, дзе цяпер сакратарка, панна Леон?

– А як жа! У мяне ёсць яе адрас. Яна жыве са сваёй мацi, у яе цяпер свая крамка на вулiцы Клiн'янкур, на Манмартры. Яна, мабыць, зможа расказаць вам больш за мяне. Пан Луi заходзiў i да яе. Неяк мы загаварылi з iм пра яе, i ён сказаў, што яна прадае розныя рэчы для немаўлят. Смешна.

– Што смешна?

– Што яна, старая дзеўка, такое прадае.

Мiма праходзiлi жыльцы i, выбiраючы пошту са скрынак, падазрона пазiралi на Мэгрэ, мяркуючы, мабыць, што гэты таксама прыйшоў з нагоды iхняга высялення.

– Ну, дзякую. Я яшчэ зайду да вас.

– У вас ёсць якая-небудзь здагадка наконт забойцы?

– Нiякай, – прызнаўся камiсар.

– Кашалёк у яго ўкралi?

– Не. I гадзiннiк не ўзялi.

– Ну, тады яго, мабыць, пераблыталi з кiмсьцi iншым.

Каб трапiць на вулiцу Клiн'янкур, Мэгрэ трэба было прайсцi праз увесь горад. Ён зайшоў у бар i патэлефанаваў у камiсарыят.

– Жанв'е слухае.

– Нiчога новага?

– Хлопцы ўсе разышлiся згодна з вашымi загадамi.

Уранку Мэгрэ загадаў сваiм пяцi iнспектарам размеркаваць мiж сабою кварталы Парыжа i абысцi ўсе крамы, каб высветлiць, дзе забойца або ягоны памагаты мог купiць нож. Сантонi атрымаў заданне сабраць iнфармацыю аб Монiцы Турэ.

Калi б у панi Турэ быў тэлефон, Мэгрэ неадкладна пазванiў бы ёй, каб даведацца, цi браў нябожчык з сабою апошнiя тры гады абед, загорнуты ў цырату.

– Жанв'е, прышлi па мяне машыну. Я на вулiцы Бондзi. Буду чакаць насупраць кiнатэатра "Адраджэнне".

Потым камiсар даручыў Жанв'е распытаць у крамах на бульвары Сэн-Мартэн, цi ведаюць там Луi Турэ. Праўда, такое заданне ўжо атрымаў iнспектар Нэвэ, але ў такiх справах, дзе прыходзiцца спадзявацца на шчаслiвы выпадак, лiшняя праверка нiколi не зашкодзiць.

– I дай фота ў газеты. Няхай яны i далей паведамляюць аб справе Турэ як аб сама банальным забойстве.

– Зразумеў. Высылаю машыну.

Было холадна, i, згадаўшы, як кансьержка з нагоды вiзiту Турэ бегала ў краму па кальвадос, Мэгрэ выпiў кiлiшак. Потым, засунуўшы рукi ў кiшэнi, перайшоў цераз бульвар i зазiрнуў у тупiк, дзе забiлi Турэ.

Мабыць, нiхто не звярнуў асаблiвай увагi на газетныя паведамленнi аб забойстве: Мэгрэ вельмi доўга стаяў ля вiтрын ювелiрнай крамы, але нiводны чалавек так i не зазiрнуў у тупiчок пацiкавiцца.

У краме працавалi пяць цi шэсць прадаўцоў. Надта дарагiх вырабаў не было. На большасцi тавараў вiселi этыкеткi "Рэкламная цана". Было багата брыльянтаў, пераважна фальшывых, сустракалiся, напэўна, i сапраўдныя. Заручальныя пярсцёнкi, будзiльнiкi, насценныя гадзiннiкi, не вельмi густоўныя.

Звярнуўшы на камiсара ўвагу, да дзвярэй з ветлiвай усмешкаю падышоў прадавец, збiраючыся запрасiць нерашучага, як ён, напэўна, падумаў, пакупнiка ў краму, але Мэгрэ рушыў далей.

Праз некалькi хвiлiн ён ужо ехаў у службовай машыне на вулiцу Клiн'янкур.

Раён быў цiхi, небагаты. Крама панны Леон, пад шыльдаю "Усё для сама маленькiх", ледзь вiднелася, зацiснутая памiж мясной крамаю i шынком для шафёраў.

Увайшоўшы ў краму, Мэгрэ адразу ж сумеўся: нi тая старая жанчына, што сядзела ў фатэлi з кошкаю на каленях у суседнiм з крамным пакоi, нi гэтая, маладзейшая, што цiха выслiзнула насустрач яму, нiяк не адпавядалi ягонаму ўяўленню аб Капланавай сакратарцы, уяўленню, якое ён паспеў скласцi, пагутарыўшы з кансьержкаю. Вядома, камiсар разумеў, калi кiраваўся сюды, што сустрэне старую панну, аднак не настолькi ж ужо "кiдкую" – сакратаркаю ўсё ж такi жанчына колiсь была.

Але, канечне, гадаць не прыходзiлася: панна Леон – гэтая, маладзейшая.

Яна дужа нагадвала мнiшку. Вельмi ўжо строгая, як на любы погляд, чорная сукенка, твар i рукi здавалiся зусiм бясколернымi, абяскроўленымi. Праўда, на тонкiх вуснах вiднелася нешта накшталт слабенькай усмешкi, якая хоць трохi ажыўляла невыразны твар.

Рысы ўсе былi вельмi незаўважныя, так бы мовiць, нават нейкiя сцёртыя, але за выняткам адной – тоўстага носа, якi так i кiдаўся ў вочы.

Як смешна, падумаў Мэгрэ, што яе завуць Леон*.

* Leonne – iльвiца (фр.).

Вялiкi мясiсты нос рабiў жанчыну i праўда падобнай да iльвiцы ў заапарку у час сну. Але ж якая только гэта iльвiца...

З суседняга пакоя iшло цяпло ад грубкi. Адчувалася адразу, што палiлi тут не шкадуючы. На прылаўку i на палiцах раскладзены пушыстыя распашонкi, пiнеткi з ружовымi цi блакiтнымi банцiкамi, каптурыкi, сукеначкi...

– Што пану трэба?

– Камiсар Мэгрэ, крымiнальны вышук.

Жанчына сумелася.

– Учора забiлi аднаго з вашых былых саслужыўцаў, Луi Турэ...

З усiх жанчын, з якiмi камiсар паспеў сустрэцца па справе Турэ, гэтую раптоўнае паведамленне ўразiла найбольш: яна знерухомела, вусны збялелi.

– Даруйце, што я так знянацку...

Панна Леон моўчкi пакруцiла галавою, паказваючы, што камiсару няма чаго прасiць прабачэння.

У суседнiм пакоi рыпнуў фатэль.

– Каб знайсцi злачынцу, нам трэба сабраць як мага больш звестак аб забiтым...

Панна Леон зноў моўчкi кiўнула.

– Я думаю, вы добра ведалi нябожчыка.

Яе твар нiбыта прасвятлеў.

– Як гэта здарылася? – спыталася яна нарэшце, з цяжкасцю выгаварыўшы словы. Зазiрнуўшы ў суседнi пакой, запыталася: – Не хочаце сесцi?

– А мы не патрывожым вашу мацi?

– Яна зусiм глухая. Ёй будзе нават прыемна паглядзець на iншага чалавека.

Мэгрэ не стаў казаць, што яму не надта хочацца ў перагрэты пакой, i прыняў прапанову.

Цяжка было вызначыць узрост панны Леон. Напэўна, ёй было больш як пяцьдзесят. Мацi выглядала гадоў на восемдзесят. Свой тоўсты нос дачка, напэўна, займела ад бацькi: на сцяне вiсела фатаграфiя мужчыны з такой самай "бульбiнай". Жанчына, бадай, усведамляла сваю непрыгожасць з самага дзяцiнства.

– Я толькi што быў у кансьержкi на вулiцы Бондзi.

– Яна, канечне, не магла паверыць?..

– Не магла. Вiдаць, што яна яго любiла.

– Яго ўсе любiлi. – Панна Леон пачырванела. – Якi ён быў добры! – таропка дадала яна.

– Вы яго часта бачылi?

– Ён прыходзiў да мяне... Нячаста, вядома. Я жыву далёка ад цэнтра, а ён чалавек заняты.

– Вы ведаеце, чым ён займаўся апошнiм часам?

– Я ў яго пра гэта нiколi не пыталася. Па-мойму, ён жыў нябедна. Думаю, пан Луi меў уласную справу – ён мог заявiцца да мяне ў любы час дня.

– А ён не расказваў пра людзей, з якiмi кантактваў?

– Мы пераважна ўспамiналi нашае жыццё ў Капланаў, пана Макса... А жонку яго вы бачылi? – неяк нерашуча запыталася яна.

– Учора ўвечары.

– I што яна вам сказала?

– Яна не разумее, чаму ў яго ў момант смерцi былi нагах жоўтыя чаравiкi. Яна лiчыць, што iх надзеў забойца.

Але панна Леон, як i кансьержка, таксама бачыла яго ў жоўтых чаравiках.

– Ён iх часта надзяваў.

– Ужо тады, калi яшчэ працаваў у Каплана?

– Не, толькi пазней. Прайшло досыць шмат часу, як яго першы раз у iх убачыла.

– А колькi прыблiзна, не скажаце?

– Прыблiзна год.

– Вас здзiвiла, што ён быў у жоўтых чаравiках?

– Здзiвiла. Гэта было не ў яго стылi.

– Што вы тады падумалi?

– Што ён змянiўся.

– Ён i праўда змянiўся?

– Ва ўсякiм разе, ён быў ужо не такi, як раней. Жартаваў iнакш. Нават рагатаў.

– А раней ён смяяўся?

– Цiшэй. У ягоным жыццi з'явiлася штосьцi новае.

– Жанчына?

Мэгрэ разумеў, што пытанне жорсткае, аднак яго трэба было задаць.

– Магчыма.

– Ён дзялiўся з вамi сваёй тайнай?

– Не.

– А за вамi ён нiколi...

– Нiколi! – пачырванеўшы, таропка перапынiла яна. – Клянуся! Я ўпэўнена, што яму гэта нават у галаву не прыйшло б.

Кошка, якая сядзела на каленях у старой, пераскочыла на каленi да Мэгрэ.

– Няхай сядзiць, – сказаў ён панне Леон, калi тая хацела сагнаць кошку.

Старая расчаравана пазiрала на яго. Камiсару захацелася запалiць люльку, але дзе тут запалiш!

– Закрыццё фiрмы Капланаў для вас усiх было цяжкiм ударам?

– Вельмi цяжкiм.

– А для пана Турэ асаблiва?

– Пан Луi быў больш за ўсiх прывязаны да гэтага дома. Там яму ўсё было роднае. Ён жа, зразумейце, пачаў працаваць там кур'ерам з чатырнаццацi гадоў!

– Адкуль ён прыехаў?

– З Бэльвiля. Ён расказваў мне: калi памёр яго бацька, мацi пераехала ў Парыж. Гэта яна прывяла яго да старога Каплана.

– Мацi памерла?

– Даўно ўжо.

Мэгрэ чамусьцi здавалася, што жанчына нешта ўтойвала. Яна глядзела яму ў самыя вочы, аднак камiсар адчуваў у iх нейкi няўлоўны рух.

– Я чуў, што яму было цяжка знайсцi новае месца.

– Хто гэта вам сказаў?

– Мне так здалося са слоў кансьержкi.

– Самi разумееце, як гэта цяжка – знайсцi працу, калi табе ўжо за сорак i няма спецыяльнасцi. Мне самой...

– Прыйшлося шукаць працу?

– Толькi некалькi тыдняў.

– А пан Луi як?

– Ён шукаў нашмат больш.

– Вы гэта дакладна ведаеце?

– Дакладна.

– Ён заходзiў да вас тады?

– Заходзiў.

– Вы яму чым-небудзь дапамаглi?

Цяпер камiсар ужо не сумняваўся, што панна Леон сабрала на чорны дзень сякiя-такiя грошы.

– Чаму вы ў мяне пытаецеся пра гэта?

– Таму, што пакуль я не буду ведаць, якi гэта быў чалавек у апошнiя гады, у мяне няма анiякага шанцу натрапiць на след забойцы.

– Я раскажу вам усё, – сказала яна, падумаўшы. – Але прашу вас, каб усё засталося памiж намi. Галоўнае, каб пра гэта не даведалася жонка.

– Вы яе ведаеце?

– Ён расказваў мне пра яе. Яе швагры ўсе добра ўладкаваныя, у кожнага свой дом.

– У яго таксама.

– Гэта яна прымусiла яго купiць дом i пасялiцца ў Жувiзi, побач з яе сёстрамi.

Голас у панны Леон задрыжаў.

– Ён баяўся сваёй жонкi?

– Проста ён нiкому не мог зрабiць балюча. Калi за некалькi тыдняў да Новага года мы засталiся без працы, ён не захацеў псаваць сваiм родным настрой пад канец года.

– I нiчога iм не сказаў, каб яны па-ранейшаму думалi, што ён у Каплана?

– Ён спадзяваўся знайсцi працу праз некалькi дзён, потым – праз некалькi тыдняў. Але ж гэты дом... Ён купiў яго ў крэдыт i павiнен быў плацiць за яго штогод. Самi разумееце, у якое становiшча трапiў бы ён, калi б не заплацiў тады.

– У каго ён пазычыў?

– У мяне i пана Сэмброна. Гэта наш бухгалтар. Ён ужо не працуе. Жыве адзiн, на набярэжнай Межысэры.

– Як у яго з грашыма?

– Ён ледзьве зводзiць канцы з канцамi.

– Чаму пан Луi не звярнуўся да пана Каплана?

– Той нiчога не даў бы. Такi ўжо ў яго характар. Дарэчы, у дзень закрыцця фiрмы ён выдаў кожнаму канверт з трохмесячнай зарплатай, дык пан Луi пабаяўся з-за жонкi пакiнуць гэтыя грошы пры сабе.

– Яна правярала яго кашалёк?

– Напэўна. Я захоўвала яго грошы ў сябе. Тры месяцы забiраў iх у мяне па частцы, усё роўна як зарплату. Калi гэтыя грошы кончылiся, тады i пазычыў у мяне. Але ён мне ўсё аддаў.

– Калi?

– Месяцаў праз восем-дзевяць.

– Вы доўга яго не бачылi пасля таго, як ён узяў у вас грошы?

– З лютага па жнiвень.

– Вы тады не хвалявалiся?

– Я ведала, што ён прыйдзе. Нават калi i не зможа iх аддаць...

– Ён сказаў вам, што знайшоў новую працу?

– Сказаў.

– Ён быў ужо ў жоўтых чаравiках?

– Угу. Потым ён зрэдку заходзiў да мяне. I кожны раз прыносiў якi-небудзь падарунак, цукеркi маме.

Толькi цяпер Мэгрэ здагадаўся, чаму старая ўвесь час глядзела на яго з расчараваннем. Госцi, напэўна, прыносiлi ёй салодкае, а ён прыйшоў з пустымi рукамi. Наступным разам трэба будзе прыйсцi з цукеркамi, падумаў ён.

– Ён не гаварыў пра сваiх новых знаёмых?

– Якiх новых знаёмых?

– Па працы.

– Не.

– А не казаў, у якiм квартале працуе?

– З усiх вулiц ён згадваў толькi адну – Бондзi. Ён туды часта заходзiў. Паглядзець, цi не разбурылi яшчэ наш дом. Дом стаяў, як i раней, i пан Луi ўсё шкадаваў: мы маглi б яшчэ й дагэтуль працаваць там.

Пазванiлi. У краму ўвайшла жанчына. Панна Леон, выцягнуўшы шыю, паглядзела на яе.

– Не хачу вас болей затрымлiваць, – узняўся Мэгрэ.

– Заўсёды буду вам радая.

– Дзякую.

Мэгрэ ўзяў з прылаўка свой капялюш i выйшаў.

– Куды паедзем, шэф? – спытаўся вадзiцель.

– У блiжэйшы бар.

– Дык тут зусiм побач, насупраць крамы.

Але Мэгрэ было б няёмка, калi б ён адразу ж пасля сустрэчы зайшоў у бар на вачах у панны Леон.

– Праедзем куды-небудзь далей.

Цяпер яму трэба было патэлефанаваць пану Каплан i знайсцi па адраснай кнiзе пана Сэмброна.

А раз ужо дзень пачаўся з кальвадосу, то ён вырашыў выпiць яшчэ кiлiшак.

3. ЯНКА ЎСМЯТКУ

Мэгрэ паабедаў у пiўной "Дэльфiн", за сваiм улюбёным кутнiм столiкам. У яго не было нiякай тэрмiновай справы, i ён мог бы паесцi дома, але хацелася пабыць аднаму. Як заўсёды ў гэты час тут пацягвалi аперытыў iнспектары з набярэжнай Арфэўр. Яны скосу пазiралi на камiсара, а ён глядзеў праз акно на Сену.

Iнспектары моўчкi пераглянулiся. Яны былi з iншага аддзела, але добра ведалi камiсара. Калi паходка ў Мэгрэ рабiлася цяжкая, позiрк – туманны, а выгляд – пануры, усе разумелi, што ён разгадвае нейкую галаваломку. Нехта мог усмiхнуцца, але кожны паважаў яго, бо ведаў: рана цi позна злачынца будзе знойдзены i прызнае сваю вiну.

– Цяляцiна ў вас сёння добрая?

– Вядома, пан Мэгрэ. Хочаце пiва?

– Не. Паўбутэлькi чырвонага бардо.

Ён заказаў вiно толькi таму, што прапанавалi пiва. Калi б яму прапанавалi вiно, ён пэўна папрасiў бы пiва. Мэгрэ быў раздражнёны пасля наведвання Сэмброна.

А было ўсё так.

Спачатку ён патэлефанаваў Максу Каплану, але яму адказалi, што той паехаў у Анцiб, на сваю прыморскую вiлу, i калi вернецца ў Парыж, невядома. Тады Мэгрэ i накiраваўся да Сэмброна, на набярэжную Межысэры. Каб прайсцi ў дом, дзе жыў стары бухгалтар, камiсару прыйшлося працiснуцца памiж клеткамi з выстаўленымi на продаж птушкамi, што займалi амаль усе ходнiкi.

– Дзе жыве пан Сэмброн? – запытаўся ён у кансьержкi.

– На самым версе. Вы не памылiцеся.

Дарэмна ён шукаў лiфт. Яго не было. Прыйшлося ўздымацца пешшу. Дом быў стары i брудны. На апошнiм, сёмым паверсе слаба свяцiла лямпачка. Побач з адзiнымi на пляцоўцы дзвярыма вiсеў шнур. Мэгрэ пацягнуў за яго, i з кватэры пачулася слабае дзiньканне званочка, потым – крокi. Дзверы адчынiлiся, i камiсар убачыў амаль прывiдны твар – неверагодна худы i бледны, зарослы белым шчацiннем. Вочы ў старога слязiлiся.

– Пан Сэмброн?

– Ён самы. Будзьце ласкавы, заходзьце.

Нават такую кароткую фразу ён не змог прамовiць як след: пачаўся прыступ кашлю, якi глуха аддаваўся ў яго ў грудзях.

– Выбачайце. У мяне бранхiт...

У кватэры стаяў нейкi непрыемны саладжавы пах. Чулася, як шыпiць газавая гарэлка, кiпела вада.

– Камiсар Мэгрэ. Крымiнальны вышук.

– Я ведаў, што вы прыйдзеце да мяне. Вы цi хто-небудзь з вашых iнспектараў.

Пасярод стала, накрытага стракатым абрусам, якi цяпер можна было купiць хiба што ў барахольшчыка, ляжала газета, разгорнутая на той самай старонцы, дзе было кароткае паведамленне аб смерцi Турэ. Побач з газетаю стаялi талерка, шклянка з вадою, трохi падфарбаванай вiном, ляжаў невялiкi кавалак хлеба.

– Вы, здаецца, збiралiся абедаць?

– Нiчога, я не спяшаюся.

– Я вас прашу, не звяртайце на мяне ўвагi.

– Цяпер ужо ўсё роўна: маё яйка зварылася ўкрутую.

Усё ж стары пайшоў па яго на кухню. Гарэлка перастала шыпець.

– Сядайце, пан камiсар. Толькi лепш распранiцеся. З-за свайго бранхiту, ён у мяне застарэлы, я мушу залiшне палiць грубку.

Напэўна, ён быў таго ж узросту, што i мацi панны Леон, да таго ж яго нiхто не даглядаў. Можа, сюды нiхто i не заходзiў. Адзiнай радасцю старога ў гэтым жытле мусiў быць вiд з акна на Сену i на кветкавы базар.

З-за прыступаў кашлю, дый з-за таго нават, што стары еў сваё яйка неверагодна марудна, размова з iм доўжылася сама меней паўгадзiны.

Але пра што новае даведаўся ўрэшце Мэгрэ? Стары паўтарыў усё тое, што сказалi ўжо кансьержка i панна Леон.|

Закрыццё фiрмы Капланаў для яго таксама стала катастрофаю, ён нават не стаў шукаць новае месца працы. Праўда, у яго былi сякiя-такiя грошы. Ён збiраў iх гадамi i думаў, гэтага хопiць, каб забяспечыць сабе адзiнокую старасць. Але з-за iнфляцыi яму iх цяпер хапала толькi на тое, каб не памерцi з голаду.

– Добра яшчэ, – сказаў стары, – што ў мяне ёсць дах над галавою. Я жыву тут ужо сорак гадоў.

Ён быў удаўцом, дзяцей не меў, родных не засталося.

Яйка было, магчыма, падумаў Мэгрэ, ягонай адзiнай штодзённай ежаю.

Аднак, калi пан Турэ прыйшоў да яго, ён не вагаючыся пазычыў яму грошы.

– Ён сказаў мне, што для яго гэта пытанне жыцця i смерцi, i я зразумеў, што гэта сапраўды так. Праз некалькi месяцаў ён мне ўсё аддаў.

А калi б Турэ не вярнуўся? На якiя грошы купляў бы тады стары сваё штодзённае яйка? Цi ж не баяўся ён гэтага?..

– Пан Луi да вас часта заходзiў?

– Два цi тры разы. Першы раз, калi прынёс грошы. Ён падарыў мне тады пенкавую люльку.

Стары ўзняўся, каб узяць люльку з палiцы i паказаць яе. Тытунь ён, мабыць, таксама эканомiў.

– А калi вы яго бачылi апошнi раз?

– Тыднi тры назад, на лаўцы на бульвары Бон-Нувэль.

Мабыць, стары бухгалтар прыходзiў у гэты квартал таксама як паломнiк паўспамiнаць мiнулае.

– Вы з iм тады гаварылi?

– Я прысеў побач. Ён хацеў пачаставаць мяне шкляначкай у суседняй кавярне, але я адмовiўся. Памятаю, быў сонечны дзень. Мы пагаманiлi з iм не ўстаючы.

– Скажыце, а на iм былi жоўтыя чаравiкi?

– Не звярнуў увагi.

– Ён не казаў вам, чым займаецца?

Сэмброн пакруцiў галавою. Мэгрэ адчуваў, што стары, як i панна Леон, меў да нябожчыка вельмi цёплае пачуццё. Сiмпатычны, вiдаць, быў чалавек гэты Луi Турэ, – камiсар мiжволi пачынаў шчыра яго шкадаваць, нiбыта ведаў раней, а бачыў жа толькi застылы твар, здзiўлены смерцю.

– Як жа вы развiталiся?

– Мне здалося, што нехта ходзiць вакол крамы i робiць пану Турэ нейкiя знакi.

– Мужчына?

– Мужчына. Сярэднiх гадоў.

– Што ён з сябе ўяўляў?

– Такiя звычайна сядзяць на бульварах на лаўках. Нарэшце ён падсеў да нас, але не загаварыў. Тады я пайшоў. Калi я азiрнуўся, яны гаварылi.

– Па-сяброўску?

– Ва ўсякiм разе, мне здалося, яны не спрачалiся.

Вось i ўсё, пра што даведаўся Мэгрэ.

Калi ён вярнуўся ў камiсарыят, яму пазванiў суддзя Камельё:

– Сёння ўранку пракурор перадаў мне справу Турэ i сказаў, што расследаваннем займаецеся вы. За што-небудзь ужо зачапiлiся? Рабаўнiцтва, я мяркую?

– Магчыма.

– Сям'я патрабуе выдачы цела. Я не магу гэтага дазволiць без вашай згоды.

– Доктар Поль ужо агледзеў труп?

– Я толькi што гаварыў з iм. Нож прайшоў наскрозь i прабiў левы жалудачак сэрца. Смерць была iмгненная.

– Нiякiх iншых раненняў цi слядоў ад удараў?

– Нiякiх.

– Не бачу неабходнасцi замiнаць таму, каб сям'я атрымала цела. Толькi няхай адзежу забiтага адправяць у лабараторыю.

– Добра. Трымайце мяне ў курсе.

Камельё рэдка быў такi мяккi. Прэса амаль нiчога не паведамiла пра забойства, i суддзя меркаваў, што гэта простае рабаўнiцтва. Справа не выклiкала ў яго цiкавасцi, як, вiдаць, не выклiкала i ў iншых.

Мэгрэ падышоў да камiна, дастаў абцугамi вугалёк, запалiў люльку i з гадзiну займаўся нуднай канцыляршчынай: падпiсваў акты, рабiў на iх заўвагi.

– Можна, шэф?

Гэта быў, як заўсёды расфранчаны, наадэкалонены, быццам толькi што выйшаў з цырульнi, Сантонi. "Ад цябе парфумаю, як ад бабы нясе", – казалi яму таварышы.

Сантонi ззяў:

– Я, здаецца, напаў на след.

Мэгрэ паглядзеў на яго затуманенымi вачыма.

– Спачатку хачу далажыць вам, што кантора "Жэбер i Башэлье", дзе служыць наша панна, займаецца перапродажам акцый. Справы там дробязныя. Яны за бясцэнак скупляюць безнадзейныя акцыi, а потым прадаюць iх крыху даражэй. Уся iхняя праца – бадзяцца па дамах, шукаючы дурняў-пакупнiкоў. Панна Турэ сядзiць у канторы толькi ўранку, а пасля абеду шукае клiентаў.

– Зразумела.

– Iх клiенты – пераважна дробныя службоўцы. Iх трэба чым-небудзь уразiць, i тады яны раскашэльваюцца. Сур'ёзных дзялкоў я не бачыў. У абедзенны перапынак я пачакаў, пакуль усе выйдуць, i непрыкметна падышоў да адной сакратаркi не першай маладосцi. Я не памылiўся ў выбары: яна не любiць сваю маладую каляжанку i расказала мне ўсё.

– Ну i што?

– У Монiкi ёсць сябар.

– Хто ён?

– Усё па парадку, шэф. Яны знаёмыя прыблiзна чатыры месяцы. Штодня абедаюць разам у рэстаранчыку на Севастопальскiм бульвары. Ён зусiм малады, яму дзевятнаццаць гадоў, працуе прадаўцом у кнiгарнi на бульвары Сэн-Мiшэль.

Мэгрэ перабiраў свае люлькi, раскладзеныя на стале. Не заўважыўшы, што адна з iх недапаленая, пачаў набiваць iншую.

– Хлопца завуць Альбэр Жарыс. Я вырашыў зiрнуць на яго i пайшоў у рэстаранчык. Там была процьма народу. Нарэшце знайшоў Монiку, яна сядзела за столiкам адна. Сам я сеў насупраць у куце i паабедаў, скажу шчыра, вельмi блага. Дзяўчына здалася мне ўзнерваванай, увесь час паглядала на дзверы.

– Ён так i не прыйшоў?

– Не. Яна расцягвала свой абед, як толькi магла. У такiх установах абслугоўваюць хутка i не любяць марудлiвых наведнiкаў. Урэшце яна выйшла i хвiлiн пятнаццаць чакала яго на вулiцы.

– А потым?

– Яна так выглядала сябра, што нават не заўважыла мяне. Потым пайшла да бульвара Сэн-Мiшэль. Вы ведаеце вялiкую кнiгарню на рагу?

– Ведаю.

– Яна зайшла туды, загаварыла з прадаўцом, пасля падышла да касiра. Выгляд у яе быў расчараваны, i яна пайшла з крамы.

– Ты зноў пайшоў за ёю?

– Я вырашыў, што лепш заняцца яе сябрам. У кнiгарнi я спытаўся ў адмiнiстратара, цi ведае ён пана Альбэра Жарыса. Ён адказаў, што ведае, але Жарыс працуе толькi да абеду. Я быў здзiўлены, i адмiнiстратар растлумачыў мне, што ў iх працуюць пераважна студэнты, а яны не могуць стаяць за прылаўкам увесь дзень.

– Дык ён – студэнт?

– Чакайце. Я пацiкавiўся, цi даўно працуе ён у кнiгарнi. Выявiлася, трохi больш як год. Спачатку ён працаваў поўны дзень. А месяцы тры назад аб'явiў, што слухае лекцыi на юрыдычным факультэце, i перайшоў на паўдня.

– У цябе ёсць яго адрас?

– Ён жыве са сваiмi бацькамi на вулiцы Шацiён, насупраць царквы Монруж. Але я яшчэ не кончыў. Сёння Жарыс не прыйшоў на працу. За ўвесь час, што ён працуе, гэта здарылася з iм два цi тры разы, i кожны раз ён папярэджваў па тэлефоне. А сёння – не.

– А ўчора ён працаваў?

– Працаваў. Я падумаў, што вас зацiкавiць, дзе ён жыве, i паехаў на вулiцу Шацiён. Кватэра дагледжаная. Дома была мацi. Вельмi прыстойная кабета.

– Ты сказаў ёй, што ты з палiцыi?

– Вядома, не. Я сказаў, што я ягоны сябра i што мне трэба тэрмiнова яго знайсцi.

– I яна адаслала цябе ў кнiгарню?

– Угадалi. Яна нi аб чым не падазрае. Ён выйшаў з дому, як звычайна, у пачатку дзевятай. Яна паняцця не мае нi аб якiм юрыдычным факультэце. Бацька працуе ў краме па продажу тканiн. Яны не такiя багатыя, каб iх сын вучыўся ва ўнiверсiтэце.

– Што ты зрабiў далей?

– Зрабiў выгляд, што памылiўся, што, напэўна, у яе сына тое самае прозвiшча, што i ў майго сябра. А пасля папрасiў паказаць яго фатаграфiю. Ёй нават у галаву не прыйшло ў чымсьцi мяне западозрыць. Яна, калi я прыйшоў, якраз прасавала бялiзну, дык больш думала пра тое, каб прас не прапёк прасцiну. А я ўсё яе загаворваў...

Мэгрэ маўчаў, не выяўляючы анiякага захаплення. Па ўсiм адчувалася, што Сантонi ў камiсаравай брыгадзе – пачатковец. Усё, што ён расказваў, нават тон, усё гэта супярэчыла стылю Мэгрэ.

– Адыходзячы, шэф, я непрыкметна...

Мэгрэ працягнуў руку.

– Дай.

Камiсар адразу зразумеў, што Сантонi ўкраў фатаграфiю. Мяркуючы па здымку, Жарыс быў яшчэ зусiм маладзён – худы, нервовы, валасы доўгiя, як у дзяўчыны. Напэўна, падабаецца жанчынам i ведае пра гэта.

– Гэта ўсё?

– Паглядзiм, цi вернецца сёння ўвечары галубок дамоў?

Мэгрэ ўздыхнуў:

– Паглядзiм...

– Вы незадаволены?

Навошта яму нешта тлумачыць?.. Сантонi зрабiў усё так, як зрабiў бы любы пачатковец, чалавек з iншай брыгады. Калi-небудзь ён сам усё зразумее.

– Не думайце, што я ўпусцiў дзяўчыну. Я ведаю, дзе яе знайсцi. А палове шостай, сама позна без чвэрцi шэсць яна вяртаецца ў кантору i здае выручаныя грошы i акцыi. Мне туды iсцi?

Мэгрэ ледзь ужо не крыкнуў, каб ён не лез сам, куды не просяць – аднак стрымаўся. Гэта ўсё-такi было б несправядлiва: iнспектар стараўся як мог.

– Правер, цi вернецца яна на працу i цi паедзе на вакзал.

– Можа, i сябра з'явiцца?

– Можа. Калi ён зазвычай вяртаецца дамоў?

– У сем гадзiн. На вячэру. Ён заўсёды прыходзiць у гэты час дамоў, нават калi пасля куды-небудзь сыходзiць.

– У iх, вiдаць, няма тэлефона?

– Няма.

– А ў кансьержкi ёсць?

– Не думаю. Не такi гэта дом, каб да яго правялi тэлефон. Але я праверу.

Ён пагартаў даведнiк.

– Зазiрнi туды а палове восьмай i папытайся ў кансьержкi, цi вяртаўся ён. А фатаграфiю пакiнь мне.

Раз ужо Сантонi яе прыхапiў, лепш пакiнуць яе тут. Можа, прыдасца.

– Вы застаяцеся тут?

– Не ведаю. Але ты сувязь з аддзяленнем падтрымлiвай.

– Дык чым мне пакуль заняцца? У мяне ёсць яшчэ дзве гадзiны.

– Правер спiсы мэблiраваных пакояў. Магчыма, якi-небудзь запiсаны на iмя Луi Турэ.

– Думаеце, ён здымаў пакой у Парыжы?

– А дзе ж, ты думаеш, ён пакiдаў свае жоўтые чаравiкi i чырвоны гальштук перад тым, як вярнуцца дамоў?

– А сапраўды?..

Дзве гадзiны назад пачалi прадаваць вячэрнiя газеты, у iх быў змешчаны маленькi фотаздымак Луi Турэ з кароткiм, подпiсам: "Луi Турэ, забiты ўчора пасля абеду ў тупiку ля бульвара Сэн-Мартэн. Палiцыя iдзе па магчымым следзе".

Па магчымым следзе... Гэта была няпраўда. Але газеты заўсёды дадаюць што-небудзь ад сябе. Цiкава, зрэшты, што дагэтуль нiхто не патэлефанаваў камiсару, каб атрымаць дадатковыя звесткi. Мэгрэ ўвесь час чакаў такога званка.

Амаль заўсёды ў такiх выпадках нехта заяўляе, што ведаў забiтага або бачыў яго незадоўга да смерцi, цi паведамляе, што заўважыў на месцы злачынства якога-небудзь падазронага чалавека. Звычайна большасць сведчанняў праверкаю не пацвярджаецца. Аднак iншым разам яны дапамагаюць натрапiць на след.

Тры гады Луi Турэ ад'язджаў з Жувiзi адным i тым самым цягнiком i вяртаўся дадому ў адзiн i той самы час. Тры гады ён нязменна браў з сабою свой загорнуты ў кавалачак цыраты абед, як рабiў гэта ўсё сваё жыццё.

Але куды ж ён дзяваўся, прыехаўшы на Лiёнскi вакзал? Вось у чым была тайна.

Першыя месяцы ён хутчэй за ўсё шукаў новае месца. Стаяў, як i многiя iншыя, у чарзе перад рэдакцыямi, каб потым iмклiва кiнуцца па ўказаным у свежым выпуску газеты адрасе. А можа, спрабаваў хадзiць па кватэрах, прадаючы што-небудзь накшталт пыласосаў?..

Але раз яму прыйшлося ўрэшце пазычыць грошы ў панны Леон i старога бухгалтара, то, вiдаць, нiчога ён не знайшоў.

Потым ягоныя сляды губляюцца на многiя месяцы. А яму ж трэба было не толькi штомесяц прыносiць дамоў сваю ранейшую зарплату, а яшчэ i аддаць пазыку.

А ён кожнага разу вяртаўся дамоў, як нi ў чым не бывала, з выглядам чалавека, якi адпрацаваў увесь дзень.

Нi жонка ягоная нiчога не падазравала, нi дачка, нi сёстры, нi швагры-чыгуначнiкi.

Але вось аднаго разу ён раптам з'яўляецца на вулiцы Клiн'янкур у панны Леон, вяртае пазыку i прыносiць мацi цукеркi.

А на нагах у яго новыя i – чамусьцi – жоўтыя чаравiкi. Можа, менавiта ў гэтых жоўтых чаравiках i была адна з прычын, з якой Мэгрэ адчуваў сiмпатыю да забiтага?.. Ён сам у свой час марыў аб жоўтых чаравiках. У днi ягонай маладосцi яны лiчылiся апошнiм крыкам моды.

Аднойчы, неяк неўзабаве пасля жанiцьбы, ён купiў сабе такiя. Дарэчы, ён купляў iх якраз на бульвары Сэн-Мартэн, у краме насупраць тэатра Амбiгю. Калi ён iх набыў, то не рашыўся надзець адразу ж. А калi дома разгарнуў скрутак, жонка засмяялася:

– Ты што, збiраешся iх насiць?

Так ён нiколi iх i не абуў. Жонка сама аднесла iх назад у краму, зманiўшы, што яны малыя.

Луi Турэ таксама купiў сабе незвычайныя чаравiкi – i Мэгрэ надаваў гэтай акалiчнасцi асаблiвы сэнс.

Напэўна, гэтая пакупка была для Турэ сiмвалам ягонага вызвалення ад хатнiх акоў. У жоўтых чаравiках ён адчуваў сябе вольным. Пакуль ён у iх, пакуль не абувае зноў чорных – нiхто, нi жонка, нi дачка, нi радня, не мае над iм нiякае ўлады.

I яшчэ. Таго дня, калi Мэгрэ купiў iх, яму аб'явiлi аб надбаўцы – дзесяць франкаў у месяц. Тады франкi яшчэ былi франкамi, i ён адразу ж адчуў сябе багатым.

Мабыць, тое ж самае здарылася i з Турэ. Ён вярнуў пазыкi, зрабiў падарункi сваiм былым саслужыўцам... Пасля таго пачаў наведваць панну Леон i кансьержку...

Але чаму ён нiколi не казаў нiкому, чым займаецца?..

Кансьержка выпадкова ўбачыла яго ў адзiнаццаць гадзiн ранiцы на лаўцы на бульвары Сэн-Мартэн.

Яна нават не загаварыла з iм, зрабiла выгляд, што не заўважыла яго. Ведама ж, такi чалавек, як пан Турэ, у ягоным узросце, у гэтакi час, калi ўсе, як мурашкi, завiхаюцца на працы, нiбыта апошнi абiбок, развалiўся на лаўцы!

I Сэмброн таксама ўбачыў яго нядаўна на лаўцы. Праўда, гэтым разам у iншым месцы, на бульвары Бон-Нувэль, але ўсё ж – за два крокi ад бульвара Сэн-Мартэн.

Бухгалтар не быў такi далiкатны, як кансьержка. А можа, Турэ яго сам першы прыкмецiў?

Цi меў ён з кiм-небудзь на гэтай лаўцы спатканне?

I хто быў гэты чалавек, якi хадзiў каля лаўкi, нiбыта чакаў нейкага знака?

Сэмброн пра яго амаль нiчога не сказаў. Але адно ягонае меркаванне было вельмi iстотнае: "Ён быў падобны на чалавека, якi прызвычаiўся сядзець на лаўках".

Мабыць, гэта быў чалавек без пэўнага занятку, якi бавiў час на лаўках, разглядаючы ад няма чаго рабiць мiнакоў.

У кожным парыжскiм квартале – свой тып разяватых працiральнiкаў штаноў. Можа, гэта быў пенсiянер? Але на бульвары Сэн-Мартэн пенсiянеры – нячастыя госцi.

Дзве несумяшчальныя рэчы: з аднаго боку – жоўтыя чаравiкi франта, з другога – баўленне часу на лаўцы, занятак чалавека старога або апушчанага.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю