355 500 произведений, 25 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Жорж Сименон » Чалавек на лаўцы (на белорусском языке) » Текст книги (страница 4)
Чалавек на лаўцы (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 9 октября 2016, 03:38

Текст книги "Чалавек на лаўцы (на белорусском языке)"


Автор книги: Жорж Сименон



сообщить о нарушении

Текущая страница: 4 (всего у книги 6 страниц)

Гэта быў ужо нейкi поспех!

Значыцца, гэтую жанчыну ведалi ў асяроддзi Луi Турэ. Так Мэгрэ думаў раней, i цяпер гэта пацвердзiлася. Такi чалавек, як Турэ, не стаў бы заводзiць знаёмства з выпадковай жанчынаю.

– Адкуль вы яе ведаеце?

– Яна працавала ў Капланаў. Нядоўга. Недзе з паўгода. А чаму вы паказалi яе фатаграфiю?

– Гэта была сяброўка пана Луi.

– А!..

Мэгрэ разумеў, што жанчыне гэта цяжка пачуць, але iнакш нельга.

– У той час, калi яны абое працавалi ў Капланаў, вы нiчога памiж iмi не заўважылi?

– Магу паклясцiся, што нiчога памiж iмi тады не было... Яна працавала на ўпакоўцы – там было дзесяць цi нават пятнаццаць жанчын... Ведаю, што яна была замужам за палiцэйскiм.

– Чаму яна звольнiлася?

– Здаецца, ёй прышлося аперыравацца.

– Вялiкi вам дзякуй. Прабачце, што зноў вас патурбаваў.

– Што вы, зусiм вы мяне не патурбавалi. Скажыце толькi, калi ласка... Пан Луi, ён што, сапраўды меў нешта з гэтай жанчынай?

– Яна прыходзiла да яго ў пакой, якi ён здымаў у Парыжы.

– Я ўпэўнена, што памiж iмi нiчога не было. Яны проста сябравалi.

– Магчыма.

– Калi засталася дакументацыя фiрмы, я дапамагу вам знайсцi адрас гэтай жанчыны. Але ж я не ведаю, што з ёю стала, з дакументацыяй.

– Раз яна была жонкаю палiцэйскага, адрас мы знойдзем. Вы сказалi, яе прозвiшча Машэр?

– А iмя, калi я не памыляюся, – Антуанэта.

– Дзякую, панна Леон. Да пабачэння.

– Да пабачэння.

Мэгрэ спiнаю адчуваў, што жанчына разгублена глядзела яму ўслед.

– У мунiцыпальную палiцыю, – загадаў камiсар шафёру.

У мунiцыпальнай палiцыi Мэгрэ адразу ж накiраваўся ў аддзел кадраў. Праз некалькi хвiлiн яму паведамiлi, што палiцэйскi па прозвiшчы Машэр сапраўды служыў тут сяржантам, але яго забiлi два гады назад у вулiчнай бойцы. Пражываў у той час на вулiцы Даменiль. Удава атрымлiвае пенсiю. Дзяцей няма.

Мэгрэ запiсаў адрас. I, пазванiўшы ў аддзяленне, выклiкаў да тэлефона Люка.

– Ну як, гаспадыня нiкому не званiла?

– Не яшчэ.

– А ёй?

– Ёй – не. Званiлi адной з жанчын, Вользе, наконт прымеркi сукенкi.

Мэгрэ вырашыў паабедаць пазней. Ён выпiў у бары шклянку аперытыву i зноў сеў у машыну.

– На вулiцу Даменiль.

Ехаць прыйшлося доўга. Будынак быў бедны, стары.

– Скажыце, калi ласка, дзе жыве панi Машэр? – спытаўся ён у кансьержкi.

– На пятым паверсе, налева.

Лiфт падымаўся рыўкамi – здавалася, зараз спынiцца мiж паверхамi.

Вельмi чысты дыванчык перад дзвярыма, зiхоткая медная ручка. Мэгрэ пазванiў. Недзе ў глыбiнi кватэры пачулiся крокi.

– Хвiлiнку! – Жанчына, мабыць, надзявала сукенку. Напэўна, гаспадыня была не з такiх, што сустракаюць гасцей у халаце.

Адчынiўшы дзверы, яна моўчкi паглядзела на Мэгрэ.

– Камiсар Мэгрэ.

– Праходзьце.

Было вiдаць, што прыход такога госця ўсхваляваў жанчыну.

Яна была такая, якой i ўяўляў яе сабе Мэгрэ: высокая, мажная, спакойная. Акуратна прычасаныя валасы, строгая сукенка, усе гузiкi зашпiленыя.

Паркет ззяў.

– Я вам тут напэцкаю...

– Нiчога страшнага.

Абсталюнак прыкладна такi ж, што i ў доме Турэ. Амаль такiя ж забаўкi на палiчках. Фатаграфiя палiцэйскага, да рамкi прымацаваны медаль.

– Я прыйшоў пагаварыць з вамi пра пана Луi.

– Я гэтага чакала.

Яна не заплакала, хоць твар у яе быў маркотны.

– Сядайце, калi ласка.

– Дзякую. Вы былi блiзкiмi сябрамi, цi ж не так?

– Ён быў вельмi добры да мяне.

– I толькi?

– Магчыма, кахаў мяне. Ён жа нiколi не быў шчаслiвы ў сям'i.

– Ваша знаёмства пачалося з таго часу, як вы працавалi ў Капланаў?

– Што вы?.. Тады быў яшчэ жывы мой муж.

– I Турэ нават не спрабаваў зблiзiцца з вамi?

– Ён глядзеў на мяне гэтаксама ж, як i на любую iншую жанчыну з нашага аддзела.

– Значыцца, вы сустрэлiся зноў пасля закрыцця фiрмы?

– Так. Месяцаў праз восем-дзевяць пасля смерцi мужа.

– Выпадкова?

– Выпадкова. Мне прыйшлося шукаць працу – вы ж разумееце, на пенсiю ўдавы не пражывеш. Суседка пазнаёмiла мяне з дырэктарам кiнатэатра, i я ўладкавалася бiлецёркаю. Пры жыццi мужа я не працавала, хiба што кароткi час у Капланаў... Скажыце, газеты не будуць пiсаць пра мяне?

– Не. Можаце не баяцца.

– Дырэктар такi строгi, я магу страцiць месца... Дык вось, у кiнатэатры мы з панам Луi i сустрэлiся... Неяк на ранiшнiм сеансе. Ён прыйшоў на фiльм "Вакол свету за восемдзесят дзён"... Я яго пазнала, калi паказвала, дзе сесцi. Ён таксама пазнаў мяне. Нiякай асаблiвай размовы тады памiж намi не было, але з тае пары ён стаў часта прыходзiць да нас i заўсёды на ранiшнiя сеансы. Аднаго разу прапанаваў мне схадзiць з iм у кавярню. Я згадзiлася.

– Ён тады ўжо здымаў пакой на вулiцы Ангулем?

– Думаю, здымаў.

– Ён казаў, што нiдзе не працуе?

– Не. Сказаў толькi, што ўдзень заўсёды вольны.

– I вы так i не даведалiся, чым ён займаўся?

– Не. Я нiколi б не стала ў яго пра гэта пытацца.

– А пра жонку цi дачку ён расказваў?

– Шмат.

– Што менавiта?

– Ведаеце, цяжка перадаць... Калi чалавек няшчасны ў сям'i, ён пра гэта часта загаворвае... Жонка яго праз сясцёр зневажала. У сясцёр мужы добра ўладкаваныя, бясплатны праезд усёй сям'i, пенсiя... Яны ўсе папракалi Луi за тое, што ён не iмкнецца знайсцi што-небудзь лепшае за месца кладаўшчыка...

– Куды ж вы, прабачце, хадзiлi ўдваiх?

– Амаль заўсёды ў адну i тую ж кавярню на вулiцы Сэнт-Антуан. Мы маглi гаварыць гадзiнамi.

– Вы любiце пышкi?

– Адкуль вы ведаеце?

– Я ведаю, што пан Луi купляў iх вам на вулiцы Акацый.

– Гэта было пазней, калi...

– Калi вы сталi хадзiць да яго ў пакой?

– Тады. Ён хацеў, каб я бывала там. Ён называў гэты пакой сваiм закуткам... Вельмi ганарыўся iм...

– Ён не казаў вам, чаму ён зняў гэты пакой?

– Яму хацелася мець свой кут, хоць бы на некалькi гадзiн у дзень.

– Ён купляў вам каштоўнасцi?

– Пярсцёнак, зусiм нядаўна. – Жанчына паказала пярсцёнак на руцэ. – Ён быў такi добры, такi чулы! Яму была патрэбная падтрымка. Я ведаю, што вы думаеце пра мяне, але перш за ўсё я была яму сябрам, адзiным сябрам.

– А сюды ён прыходзiў?

– Нiколi. З-за кансьержкi i суседзяў. Мяне б тады ўвесь дом абгаворваў.

– Вы бачылi яго ў панядзелак?

– Мы прабылi разам прыкладна гадзiну.

– У якi час?

– Адразу пасля абеду. Я якраз хадзiла па крамах.

– А як вы сустрэлiся?

– Я назначыла яму спатканне.

– Па тэлефоне?

– Не. Я яму нiколi не званiла. Мы, калi развiтвалiся, заўсёды дамаўлялiся аб наступнай сустрэчы.

– Дык дзе ж вы сустрэлiся ў панядзелак?

– Як звычайна, у нашай кавярне. Праўда, мы сустракалiся з iм i ў кавярне на рагу Сэн-Мартэн, i ў кавярне на Вялiкiх бульварах, але рэдка.

– Ён прыйшоў своечасова?

– Ён нiколi не спазняўся. У той дзень было холадна, а ў мяне крыху балела горла, i мы вырашылi пайсцi ў кiно.

– На бульвары Бон-Нувэль?

– Вы, я бачу, многае ведаеце.

– Калi вы развiталiся?

– Каля чатырох. За паўгадзiны да смерцi.

– Ён павiнен быў з кiм-небудзь сустрэцца?

– Ён мне нiчога не сказаў.

– Ён гаварыў з вамi пра людзей, з якiмi бачыўся?

Яна пакруцiла галавою i падышла да серванта.

– Можна, я прапаную вам шклянку? Праўда, у мяне толькi вермут. Даўно стаiць – я ж не п'ю.

Мэгрэ не змог адмовiць ёй. Вермут купляў, напэўна, яшчэ сяржант, такi быў на дне бутэлькi асадак.

– Калi я прачытала ў газеце, то адразу ледзь не пабегла да вас. Мой муж часта пра вас расказваў. Я i фатаграфiю вашу часта бачыла. Так што адразу пазнала вас.

– Цi думаў ён развесцiся, каб ажанiцца з вамi?

– Ён дужа баяўся жонкi.

– А дачкi?

– Яе ён вельмi любiў. Дзеля яе ён што хочаце зрабiў бы. Але мне здаецца, яна ў чымсьцi расчаравала яго...

– Чаму вы так думаеце?

– Проста мне так здавалася. Ён часта быў сумны пасля сустрэч з ёю.

Але i сама яна была не надта вясёлая: гаварыла нейкiм вялым, манатонным голасам. Можа, яна прыходзiла да Турэ больш, каб прыбраць у пакоi?.. Ва ўсякiм разе, Мэгрэ нiяк не мог уявiць яе ў ложку з каханкам. Яна больш бачылася яму ў паўзмроку за столiкам кавярнi, у цiхай, лагоднай размове.

– Ён ашчаджаў грошы?

– Не надта. Як на разуменне простага чалавека, дык ён многае сабе дазваляў. Калi б я згадзiлася, ён бы мне багата чаго накупiў.

– А вы як-небудзь сустракалi яго выпадкова, калi ён сядзеў на лаўцы?

– На лаўцы?.. – збянтэжылася жанчына. Памаўчаўшы, яна згадала: – Адзiн раз, неяк уранку, калi iшла ў краму. Ён размаўляў з нейкiм хударлявым чалавекам, дзiвачлiвым.

– А чым ён вас здзiвiў?

– Ён быў падобны на клоўна, толькi без грыму. Праўда, я разгледзець яго не магла, але ўсё ж заўважыла: чаравiкi на iм былi стаптаныя i штаны абтрапаныя.

– Вы спыталiся потым у пана Луi, што гэта за чалавек?

– Канечне. Ён адказаў, што на лаўках якiх толькi тыпаў не сустрэнеш i што яму цiкава пагаманiць з незвычайнымi людзьмi.

– Вам хацелася прыйсцi на пахаванне?

– Я пабаялася. Праз дзень-два схаджу да яго на магiлу...

Развiтаўшыся з панi Машэр, Мэгрэ паехаў адразу дахаты, сказаўшы шафёру, каб той забраў яго праз гадзiну.

За абедам жонка прыглядалася да Мэгрэ пiльней як зазвычай.

– Што з табою? – нарэшце спыталася яна.

– Нiчога...

– Не ведаю... Нешта ты на сябе не падобны...

– А на каго ж тады?

– На каго хочаш, толькi не на Мэгрэ.

Камiсар засмяяўся. I праўда, апошнiм часам ён столькi думаў пра гэтага нябогу Луi Турэ, што непрыкметна для сябе пачаў нават трымаць сябе так, як мог бы трымаць сябе нябожчык. Нават выраз твару, мiмiка ў яго змянiлiся.

– Змянi гарнiтур, – прапанавала жонка.

– Навошта? Усё роўна змокну.

I ўсё ж камiсар паслухаўся жонку...

Прыехаўшы ў камiсарыят, Мэгрэ зайшоў у аддзел нораваў.

– Ты ведаеш такую Марыету, цi Мары Жыбон? – спытаўся ён у iнспектара. Не?.. Будзь ласкавы, правер па картатэцы.

– Маладая?

– Гадоў пяцьдзесят.

Iнспектар узяў скрыначку з пажаўцелымi i запыленымi карткамi. Доўга шукаць не прыйшлося.

– Нарадзiлася ў Сэн-Мало, у картатэцы ўжо адзiнаццаць гадоў. Тры арышты. Усе да вайны*. Два – за абкраданне клiента.

* Аповесць напiсана ў 1952 годзе.

– Сядзела?

– Адпусцiлi. За адсутнасцю доказаў.

– Што яшчэ?

– Чакайце. Пагляджу ў другой скрынi...

Iмя яе траплялася яшчэ на некалькiх картках, але ўсе яны былi даваенныя.

– Да вайны была масажысткаю ў салоне на вулiцы Марцiр. Жыла з нейкiм Наталi, асуджаным за забойства. Я згадваю гэтую справу. Iх было трое. Яны забiлi хлопца з iншай банды каля тытунёвай будкi на вулiцы Фантэн. Так i не ўдалося разабрацца, хто парнуў нажом. Вось i далi ўсiм траiм па дзесяць гадоў.

– Гэты Наталi цяпер на волi?

– Памёр.

Гэтыя факты нiчога не давалi Мэгрэ, адно пацвярджалi ягоныя здагадкi адносна мiнулага панi Жыбон.

– А чым яна цяпер займаецца? – спытаўся камiсар.

– Не ведаю. Можа, памерла.

– Не, жывая яшчэ.

– Значыцца, завязала. Вярнулася, можа, на радзiму i прыкiнулася там самавiтай дамаю.

– Не, яна ўсё яшчэ ў Парыжы. I здае мэблiраваныя пакоi на вулiцы Ангулем. Неафiцыйна. I, заўважце, у доме амаль што адны дзеўкi.

Iнспектар зацiкавiўся.

– Аднак я не думаю, што яны прымаюць у гэтых нумарах.

– Мы б ведалi, – запэўнiў iнспектар.

– Паназiрайце, галубкi, за гэтым домам. Можа, суседзi што-небудзь падкажуць. Мае хлопцы могуць не пазнаць вашых добрых знаёмых.

– Зробiм усё як след.

Прыйшоўшы ў свой кабiнет, Мэгрэ не паспеў i сесцi, як увайшоў Люка.

– Што новага?

– Па тэлефоне яна не званiла нiкому. Але сёння ўранку да нас звярнулася адна старая, якая жыве са сваiм пляменнiкам на вулiцы Гэй-Люсака. Яна выходзiла з дому, а калi вярнулася, дык выявiла, што з буфета знiкла каўбаса, якая дзве гадзiны назад была яшчэ на месцы. Тады яна ўзяла стары рэвальвер мужа, з якiм той ваяваў яшчэ ў першую сусветную, i абшукала кватэру. I знайшла пад пляменнiкавым ложкам хлебныя крошкi i насоўку. Чужую, не пляменнiка!

– Чым гэты пляменнiк займаецца?

– Студэнт. Працуе рассыльным у кнiгарнi на бульвары Сэн-Мiшэль.

– Цiкава... Дык, значыцца, цётка выклiкала палiцыю?

– Яна патэлефанавала нам, i я адразу паслаў Леруа ў кнiгарню распытаць гэтага хлопца. Ён затросся, а потым дык нават заплакаў.

– Жарыс – ягоны сябра?

– Так. Жарыс папрасiў у яго прытулку.

– З якой прычыны?

– Ён нiбыта пасварыўся з бацькамi, а бацька ў яго такi жорсткi, што нават забiць можа.

– I колькi гэта ён пражыў пад ложкам?

– Адзiн дзень i адну ноч. Першую ноч ён сноўдаўся па горадзе. Прынамсi, так ён расказваў сябру. Я папярэдзiў усе пасты. Вiдаць, зноў бадзяецца.

– Грошы ў яго ёсць?

– Гэты хлопец не ведае.

– Вакзальныя пасты напагатове?

– Вядома.

Цiкава, падумаў Мэгрэ, а што цяпер адбываецца ў Жувiзi? Удава з дачкою i з сёстрамi са шваграмi, напэўна, паабедалi i разважаюць цяпер наконт будучынi панi Турэ i Монiкi...

Швагры, глытнуўшы па кiлiшку, сядзяць цяпер, мабыць, у фатэлях i паляць цыгары. I ўдаве, бадай, чарачку паднеслi – каб узняць тонус.

Цi згадваюць яны нябожчыка? Наўрад цi. Абмяркоўваюць, хутчэй за ўсё, пахаванне. Адзначылi ж, мусiць, што, нягледзячы на залеву, народу сабралася багата?.. Цi ўцямiлi хоць, што гэта перш за ўсё пашана да нябожчыка, якога самi яны так зневажалi?..

Камiсару хацелася б апынуцца цяпер там, асаблiва ж – убачыць Монiку i шчыра пагутарыць з ёю сам-насам. Але дзе ж там пагутарыш сам-насам ды шчыра!..

I выклiкаць яе афiцыйна ў палiцыю няварта было яшчэ.

Падумаўшы, Мэгрэ набраў нумар службовага тэлефона Монiкi Турэ.

– Скажыце, калi ласка, панна Турэ сёння на працы?

– Яна пайшла па сямейных справах, але заўтра... Выбачайце, а хто гэта?

Мэгрэ павесiў слухаўку.

– Сантонi тут?

– Не бачыў з самае ранiцы.

– Пакiнь яму цыдулку, каб заўтра ўранку забраў панну Турэ з працы, як толькi яна прыйдзе ў сваю кантору, i прывёў да мяне. I каб зрабiў гэта далiкатна!

– Прывёў сюды?

– Але, да мяне ў бюро.

– Што яшчэ?

– Больш нiчога! Дайце папрацаваць.

Сыты ён ужо сёння па горла i Луi Турэ, i ягонай сям'ёю, i ягонай жанчынаю! Каб не пачуццё службовага абавязку, ён кiнуў бы зараз жа ўсе свае справы i пайшоў бы ў кiно.

Ён працаваў да сямi гадзiн з такiм iмпэтам, быццам ад ягонай працы залежаў лёс свету. Ён закончыў i давёў да ладу афармленне раней пачатых спраў, тых, што тыднямi, а некаторыя i месяцамi чакалi сваёй чаргi, i нават тых, што практычна не мелi нiякае важнасцi.

Нарэшце ён пайшоў з бюро з пачырванелымi ад доўгага i напружанага чытання-пiсання вачыма.

I тут яму здалося, нiбыта нешта вакол яго перамянiлася. Спачатку ён не мог зразумець, што менавiта. Нарэшце працягнуў руку – i зразумеў: перастаў iсцi дождж.

Камiсар адчуў, што яму ўжо яго не хапае.

6. ЖАБРАКI

Монiка Турэ сядзела ў "клетцы" – так Мэгрэ называў прыёмную. Камiсар даваў ёй "настояцца" – многiя ў гэтай чакальнi гублялi ўпэўненасць.

– Што яна там робiць? – спытаўся Мэгрэ ў Сантонi.

– Нiчога.

– Як у яе настрой?

– Маўчыць. Змрочная.

Iдучы на ранiшнi рапарт, Мэгрэ мiмаходзь зiрнуў на дзяўчыну. Праз паўгадзiны, калi ён вяртаўся ў кабiнет, яна сядзела ў той самай паставе.

З зашклёнай чакальнi было добра вiдаць калiдор аддзялення. Сноўдалi туды-назад iнспектары з пульхнымi папкамi. Правялi арыштаванага ў кайданках, потым – нейкую заплаканую жанчыну. Аднак на дзяўчыну, здавалася, нiшто не дзейнiчала. Яна захоўвала поўны спакой, хоць за гэты час у кабiнет да Мэгрэ выклiкалi ўжо ўсiх наведнiкаў.

Праслухоўванне тэлефона Марыеты Жыбон нiчога не дало: анiводнага званка. Можа, яна што-небудзь западозрыла?

Назiраючы за домам, iнспектар з аддзела нораваў таксама нiчога не заўважыў.

– А Жарыса ўчора ў шэсць гадзiн вечара бачыў на рагу плошчы Клiшы i вулiцы Бацiньёль адзiн палiцэйскi. Жарыс выходзiў з бiстро. Схапiць яго палiцэйскi не паспеў, Жарыс знiк у натоўпе. Больш яго ў гэтым квартале не бачылi, колькi нi пiльнавалi.

Як сказаў уладальнiк бiстро, гэты клiент нiкому не тэлефанаваў, але з'еў пяць яек укрутую з булачкамi i выпiў тры кубкi кавы. Даўно, напэўна, нябога не еў як след.

Затым камiсара запрасiў да сябе суддзя Камельё.

– Нiчога новага? – спытаўся ён.

– Спадзяюся накрыць забойцу ў блiжэйшыя днi.

– Забойства з мэтаю абрабавання?

– Думаю, што так.

Нарэшце Мэгрэ атрымаў лiст з фiрмы, дзе быў зроблены нож, якiм забiлi Турэ. Фiрма паведамляла: па нумары на дзяржаннi ўдалося высветлiць, што нож з вялiкай партыi тавару, прададзенай аптавiку ў Марселi.

Выходзiць, марна пяць iнспектараў ажно тры днi апытвалi ледзь не ўсiх парыжскiх гандляроў нажамi. Жанв'е мала не закалацiла.

– Нiчога, – супакоiў яго камiсар, – звяжыся з Марселем, няхай пашукаюць. Потым захапi Моэрса з лабараторыi i схадзi з iм на вулiцу Ангулем. Няхай Моэрс здыме ўсе адбiткi пальцаў, якiя толькi знойдзе ў пакоi Турэ. Асаблiва ўважлiва трэба агледзець верх шафы.

А Монiка ўсё чакала. Час ад часу Мэгрэ пасылаў каго-небудзь зiрнуць на яе. Дзяўчына па-ранейшаму сядзела моўчкi, нiчога не рабiла i заставалася зусiм спакойная. Камiсар дзiвiўся: пасядзеўшы гадзiну ў "клетцы", мала хто не пачынаў нервавацца.

Нарэшце, калi прайшло паўтары гадзiны, Мэгрэ загадаў запрасiць яе. Ён сустрэў дзяўчыну стоячы i папрасiў прабачэння.

– Мне хацелася б пагаварыць з вамi грунтоўна, i я быў вымушаны вырашыць спешныя справы. Сядайце, калi ласка.

Дзяўчына села, паправiла прычоску, акуратна паклала сумку на каленi.

Мэгрэ сеў за стол, узяў у рот люльку, але перш чым чыркнуць запалкаю, запытаўся:

– Дазволiце?

– Дыму я не баюся, бацька палiў i дзядзькi таксама.

Мiнулы раз яна была ўзнерваваная, устрывожаная.

– Панна Монiка, вы вельмi любiце сваю мацi?

Мэгрэ збiраўся пачаць допыт "з музыкай": паступова i непрыкметна завесцi дзяўчыну ў тупiк, каб змусiць сказаць праўду. Аднак першы ж яе адказ збянтэжыў камiсара.

– Не, – сказала яна зусiм спакойна.

– Вы хочаце сказаць, што не ладзiце з ёю?

– Я яе ненавiджу.

– А чаму, вы можаце сказаць?

Яна пацiснула плячыма.

– Вы ж былi ў нас дома. Бачылi яе.

– Дакладней можна?

– Яна думае толькi пра сябе, пра сваё становiшча ў грамадстве, пра сваю старасць. Злуецца, што выйшла замуж не так удала, як сёстры, i што ёй прыходзiцца рабiць выгляд, што яна жыве не горш.

– А бацьку вы любiлi?

Яна маўчала, i Мэгрэ перапытаў.

– Я думаю, – адказала яна, – не вельмi прыемна гаварыць пра гэта цяпер.

– I яго вы не надта любiлi?

– Яго можна было толькi пашкадаваць.

– Што вы маеце на ўвазе?

– Ён нiчога не рабiў, каб палепшыць сваё становiшча.

– У чым палепшыць?

– Ва ўсiм. – I тут яна загаварыла з iмпэтам: – Я вось дык толькi i думаю пра тое, каб палепшыць нашае так званае жыццё. Мне яно абрыдла. У мяне адна мэта – з'ехаць.

– Выйсцi замуж?

– Выйсцi не выйсцi, але з'ехаць.

– I вы гэта збiралiся зрабiць у блiжэйшым часе?

– На днях.

– А з бацькамi вы раiлiся?

– А навошта?

– Значыцца, вы з'ехалi б, не сказаўшы нi слова?

– А чаму не? Што б гэта ў iхнiм жыццi змянiла?

Мэгрэ было ўсё цiкавей слухаць дзяўчыну. Ён нават забыўся на сваю люльку, i яму прыйшлося запальваць яе два разы.

– Скажыце, а калi вы даведалiся, што бацька не працуе болей у Капланаў? спытаўся ён раптам.

Мэгрэ чакаў, што дзяўчына расхвалюецца, але тая, вiдаць, падрыхтавалася да падобных пытанняў. Iнакш растлумачыць яе поўны спакой нiяк было нельга.

– Гады тры назад. Не памятаю дакладна. У студзенi цi лютым.

Фiрму, згадаў Мэгрэ, закрылi ў кастрычнiку.

– А як вы даведалiся?

– Выпадкова. Неяк пад вечар я разносiла квiткi...

– Вы ўжо тады працавалi на вулiцы Рывалi?

– Я пайшла працаваць туды ў васемнаццаць. Дык вось, мне трэба было якраз у той самы дом, у двары якога была бацькава кантора. Было ўжо цёмна, а святло ў ёй не гарэла. Я спыталася ў кансьержкi, у чым прычына, i тая сказала, што фiрма Капланаў закрылася.

– I, вярнуўшыся дамоў, вы нiчога не сказалi мацi?

– Нiчога.

– Чаму?

– Не хацела яго выдаваць. Ён пазбягаў сцэн. А тут пачалiся б такiя разборы...

– Ён баяўся мацi?

– Хутчэй, хацеў, каб яна не чапала яго.

У голасе дзяўчыны чулася пагарда.

– А ў бацькi вы спыталiся, дзе ён цяпер робiць?

– Не.

– Дык вы высачылi яго?

– Высачыла. Назаўтра паехала ў Парыж раней за яго, сказала, што ў мяне тэрмiновая праца, а на вакзале дачакалася ягонага цягнiка. I пайшла ўслед за iм.

– Што ж ён рабiў у той дзень?

– Хадзiў па розных установах. Папалуднаваў булкаю. Потым спынiўся каля дошкi аб'яў. I я ўсё зразумела: ён шукаў працу.

– Але ж ён кожны месяц, як i раней, прыносiў у дом зарплату?

– I мяне гэта вельмi дзiвiла. Я ўсё чакала, калi ён нарэшце прыйдзе дамоў без грошай. А ён замест гэтага неяк нават аб'явiў мацi, што запатрабаваў у Каплана надбаўкi i той яе даў!

– Калi гэта было?

– Прыкладна праз паўгода. У жнiўнi.

– I вы вырашылi, што бацька знайшоў працу?

– Але мне ўсё-такi хацелася праверыць, i я зноў дзень сачыла за iм. А ён i не думаў iсцi нi на якую працу: гуляў па скверы, сядзеў на лаўцы. Я вырашыла, што ў яго выхадны. Праз тыдзень я зноў прасачыла за iм. Тады ён i заўважыў мяне – на Вялiкiх бульварах, калi сядзеў на лаўцы. Ён збляднеў, але, доўга не думаючы, сам падышоў да мяне.

– Ён зразумеў, што вы сачылi за iм?

– Не думаю. Напэўна, вырашыў, што гэта выпадковасць. Была спякота, i ён запрасiў мяне выпiць кавы з марожаным на тэрасе.

– Што ён вам сказаў?

– Што фiрмы Капланаў больш няма, што ён застаўся без працы, але не кажа нiчога мацi, каб не турбаваць яе, бо ўпэўнены, што хутка знойдзе новую працу.

– Ён тады ўжо быў у жоўтых чаравiках?

– Не, я ўбачыла iх на iм пазней, калi ён сказаў мне, што знайшоў працу. Ён дадаў тады яшчэ, што ўсё было цяжэй, чым ён думаў, але цяпер усё выдатна, ён займаецца страхаваннем i ў яго багата вольнага часу.

– А чаму ён не сказаў пра гэта мацi?

– Яна пагарджае людзьмi, якiя, каб зарабiць сабе на жыццё, ходзяць па кватэрах i нешта там прапануюць. Для яе гэта ўсё бадзягi, жабракi. Калi б ён сказаў ёй такое, яна б яго са свету зжыла. I ўсё праз сясцёр...

– Ваша мацi, гляджу, дужа да iх прыслухоўваецца.

– Яна нi ў чым не хоча здацца горшай за iх.

– А вы яму паверылi?

– Спачатку.

– А потым?

– А потым засумнявалася.

– Чаму?

– Надта ўжо добра ён зарабляў.

– Надта?

– Не ведаю, што для вас – "надта". Праз некалькi месяцаў ён сказаў мацi, што яму зноў павялiчылi зарплату, бо прызначылi памочнiкам дырэктара. Мацi пачала спрачацца: яна хацела, каб ён не пiсаўся больш у пашпарце кладаўшчыком – яна гэтага заўсёды саромелася. Яна адчувала прынiжанасць праз тое, што ейны муж – кладаўшчык! А ён адказаў, што не варта мiтусiцца з-за такой драбнiцы, былi б адно грошы.

– У гэты момант вы з бацькам, мабыць, пераглянулiся?

– Ён заўсёды, калi быў упэўнены, што мацi не бачыць, пераглядваўся са мною. З таго часу ён пачаў падкладваць мне ў сумку грошы. Уранку, калi-нiкалi.

– Каб заплацiць за вашае маўчанне?

– Не, чаму? Проста яму падабалася дапамагаць мне.

– Вы казалi, час ад часу ён запрашаў вас абедаць.

– Запрашаў. Шэптам прызначаў спатканне i частаваў у рэстарацыi сама дарагiмi стравамi. Ён мяне i ў кiно запрашаў.

– I ўвесь гэты час вы сустракалi яго ў Парыжы ў жоўтых чаравiках?

– Заўсёды. Я спыталася ў яго, дзе ён пераабуваецца, i ён сказаў, што здымае для сваiх спраў пакой у Парыжы.

– Ён вам даў адрас?

– Не адразу. Прайшло яшчэ багата часу.

– У вас ужо быў якi-небудзь сябра?

– Не.

– А калi вы пазнаёмiлiся з Альбэрам Жарысам?

Яна не запнулася, не пачырванела. Вiдаць, яна i да гэтага пытання падрыхтавалася.

– Месяцаў пяць назад.

– Вы яго, прабачце, кахаеце?

– Мы павiнны разам з'ехаць.

– Каб ажанiцца?

– Тады, калi можна будзе. Пакуль яму яшчэ толькi дзевятнаццаць i ён не можа ажанiцца без згоды бацькоў.

– А бацькi яе не даюць?

– I не дадуць.

– Чаму?

– Дык у яго ж яшчэ нiчога няма: нi працы нармальнай, нi адукацыi. Бацькi ж толькi пра гэта i думаюць. Як мая мацi.

– I куды ж вы збiраецеся ехаць?

– У Паўднёвую Амерыку. Я ўжо падала заяву на вiзу.

– У вас ёсць грошы?

– Трохi. Мацi пакiдае мне частку майго заробку.

– Калi вы першы раз папрасiлi грошай у бацькi?

На нейкi момант яна пiльна ўгледзелася ў Мэгрэ, потым уздыхнула.

– Дык вы i гэта ведаеце?

Але адразу ж перастала вагацца.

– Я так i думала, што ведаеце. Таму i кажу праўду. Я не думаю, што вы сподлiчаеце i перакажаце ўсё мацi. Хiба толькi калi вы такi ж, як i яна.

– Я нiчога не збiраюся расказваць вашай мацi.

– Зрэшты, гэта нiчога б i не змянiла.

– Вы хочаце сказаць, што з'едзеце нягледзячы нi на што?

– I вельмi хутка.

– Дык як вы ўведалi бацькаў парыжскi адрас?

Цяпер яна ўжо вiдавочна завагалася, але ўсё-такi сказала праўду:

– Альбэр знайшоў ягоны пакой.

– Высачыў?

– Высачыў. Мы ўсё гадалi, як гэта бацька так добра зарабляе. I вырашылi дазнацца. Альбэр меркаваў, што бацька займаецца нелегальнымi фiнансавымi аперацыямi.

– А чаму гэта так вас цiкавiла?

– Ён павiнен быў шмат зарабляць.

– Вы разлiчвалi, што ён дасць вам грошай?

– Толькi на аплату парахода ў Амерыку.

– А вы разумееце, як гэта называецца?.. Вымаганне.

– Я лiчу, што гэта натуральна, калi бацька...

– Карацей, дружок ваш, Альбэр, пачаў сачыць за бацькам...

– Толькi тры днi.

– I што ён выявiў?

– А вы што-небудзь таксама выявiлi?

– Я ў вас пытаюся.

– Па-першае, ён выявiў, што бацька здымае пакой у доме на вулiцы Ангулем, па-другое, што бацька не займаўся нiякiм страхаваннем, а бавiў час пераважна на лаўках у скверах Вялiкiх бульвараў. Па-трэцяе...

– Што – па-трэцяе?..

– Што бацька мае каханку.

– I як вы да гэтага паставiлiся, да трэцяга?

– Я думала, што яна прыгожая i маладая. А яна была зусiм не лепшая за мацi, нават падобная на яе.

– Вы яе бачылi?

– Альбэр паказаў мне, дзе яны зазвычай сустракалiся.

– На вулiцы Сэнт-Антуан?

– Ага. У кавярне. Я прайшла мiма нiбыта выпадкова i толькi зiрнула. Я не мела часу разгледзець яе, але пэўнае ўяўленне склала. З ёю, мабыць, не весялей, чым з мацi.

– А потым вы пайшлi на вулiцу Ангулем?

– Потым туды.

– I бацька даў вам грошы?

– Даў.

– Вы пагражалi яму, што выдадзiце мацi?

– Не. Я проста сказала, што згубiла канверт з укладамi клiентаў i што, калi я iх не знайду, мяне выганяць з працы i нават аддадуць пад суд.

– Як ён павёў сябе з вамi?

– Ён саромеўся. Я заўважыла на столiку фатаграфiю, узяла яе i спытала, хто гэта. Ён адказаў, што гэта сяброўка дзяцiнства, якую ён выпадкова сустрэў.

– Вам не здаецца, што вы... – абурана пачаў Мэгрэ.

– Не. Не здаецца. Я змагаюся, – перапынiла яна.

– З кiм?

– З усiм светам. Я не хачу скончыць, як мацi, у затхлым жабрацкiм доме.

– Альбэр таксама заходзiў да вашага бацькi?

– Я пра гэта нiчога не ведаю.

– Вы, мiлая мая, манiце.

Яна ўгледзелася ў камiсара, потым апусцiла галаву ў знак згоды.

– Чаму вы, калi гаворка заходзiць пра Альбэра, хлусiце?

– Таму, што з тае пары, як забiлi бацьку, я адчуваю, што Альбэру будуць чынiць непрыемнасцi.

– А вы ведаеце, што ён паспеў знiкнуць?

– Ён мне званiў.

– Калi?

– Перад тым, як знiк. Два днi назад.

– Ён сказаў вам, куды ён дзенецца?

– Не. Ён быў вельмi ўсхваляваны. Ён перакананы, што яго абвiнавацяць у забойстве.

– Чаму?

– Таму што ён заходзiў на вулiцу Ангулем.

– Калi вы зразумелi, што мы напалi на ягоны след?

– Калi ваш iнспектар сустрэўся з гэтай пляткаркаю, Блянш. Яна мяне ненавiдзiць. Потым выхвалялася ў аддзеле, што нагаварыла дастаткова, каб збiць з мяне, як яна сказала, пыху. Я хацела падбадзёрыць Альбэра. Сказала яму, што не трэба хавацца: гэтым адно навядзеш на сябе падазрэнне.

– Але ён не паслухаўся?

– Не. Ён быў такi напалоханы, што нават слова па тэлефоне сказаць не мог.

– А якiя ў вас ёсць доказы, што ён сапраўды не забiў вашага бацьку?

– А навошта яму было яго забiваць?

Гэтым разам яна i праўда была зусiм спакойная.

– Мы ж з Альбэрам пры жаданнi маглi атрымаць ад яго любыя грошы.

– А калi б бацька адмовiўся?

– Ён не змог бы. Альбэру трэба было адно: сказаць, што ён раскажа ўсё маёй мацi. Я ведаю, кiм вы мяне лiчыце. Але калi б вы пражылi лепшыя гады ў Жувiзi, ды яшчэ ў такiм доме, як наш...

– Вы бачылi бацьку ў дзень смерцi?

– Не.

– Альбэр таксама не?

– Я амаль упэўнена. Мы ў той дзень, як звычайна, разам абедалi i пра бацьку нават не загаварылi.

– Вы ведалi, куды звычайна бацька хаваў свае грошы? Наколькi я зразумеў, вашая мацi мела звычку правяраць увечары ягоны кашалёк.

– Яна заўсёды гэта рабiла.

– Чаму?

– Таму што аднойчы, гадоў дзесяць назад, мацi знайшла на ягонай насоўцы сляды губной памады. Я добра запомнiла гэты выпадак. Бацькi тады яшчэ не надта зважалi на мяне. А яна вусны не фарбуе. Бацька кляўся, што адной жанчыне ў яго на працы стала блага i ён змачыў насоўку шкiпiнарам i правёў ёй па вуснах, таму i сляды.

– Напэўна, ён казаў праўду.

– Але мацi не паверыла.

– Выходзiць, ваш бацька не мог вярнуцца дамоў маючы ў кiшэнi грошай больш, чым магло быць, калi ён працаваў у Капланаў?

– Грошы ён хаваў у сваiм пакоi на вулiцы Ангулем.

– На версе шафы?

– А вы адкуль гэта ведаеце?

– А вы?

– Аднаго разу, калi я прыйшла да яго папрасiць грошай, ён залез на крэсла i дастаў з шафы жоўты канверт. У iм былi тысячафранкавыя бiлеты.

– I шмат?

– Вялiкi пачак.

– Альбэр пра гэта ведаў?

– Ведаў. Але я ўпэўнена, што не ён забiў бацьку. Ды ён бы нажом i ўдарыць не мог.

– Адкуль такая ўпэўненасць?

– Неяк ён парэзаў сабе сцiзорыкам палец, дык ледзь не самлеў, як кроў убачыў.

– Вы, прабачце, жывяце з iм?

Яна пацiснула плячыма.

– Няўжо вы думаеце, што ў наш час...

– Дзе вы сустракаецеся?

– А дзе прыйдзецца. У Парыжы хапае месцаў для гэтага. Вы, можа, скажаце, што палiцыя пра гэта нiчога не ведае?

– Ну што ж. Падсумуем гутарку. Па-першае, зусiм вiдавочна, што вы шантажыравалi бацьку. Згодны?

Яна змаўчала.

– Па-другое, колькi за iм нi сачылi, так i не ўведалi, як жа ён зарабляе грошы.

– А мы i не надта старалiся ўведаць.

– Разумею. Вас цiкавiў вынiк.

Монiка неяк спачувальна ўсмiхнулася. Яна, канечне, лiчыла Мэгрэ прасцяком.

– Цяпер вы ведаеце ўсё, – сказала яна, збiраючыся ўстаць. – Заўважце, я не разыгрывала з сябе святую. А што вы думаеце пра мяне, дык мне гэта ўсё роўна.

Але нешта ўсё-такi ўтрымлiвала яе.

– Вы нiчога не раскажаце мацi?

– Вам жа ўсё роўна, вы ж вырашылi з'ехаць.

– Па-першае, я ж не заўтра паеду, па-другое, я б не хацела сцэн.

– Разумею.

– Альбэр – непаўналетнi, i бацькi могуць...

– Я хацеў бы пагаварыць з iм.

– Калi б гэта залежала ад мяне, то ён прыйшоў бы сюды сёння ж. Але ён дурань. Сядзiць цяпер у якой-небудзь бярлозе i калоцiцца.

– Нешта вы не дужа захоплена пра яго гаворыце.

– А я нiчым асаблiва не захапляюся. Вы папярэдзiлi маё начальства, што выклiкалi мяне?

– Я патэлефанаваў да вас i сказаў, што трэба выканаць розныя фармальнасцi.

– Калi яны мяне чакаюць?

– Я часу не ўдакладняў.

– Мне можна iсцi?

– Я вас не затрымлiваю.

– Але загадаеце якому-небудзь iнспектару, каб ён пайшоў следам за мною?

Мэгрэ ледзь не засмяяўся, аднак сказаў сур'ёзна:

– Магчыма.

– Марная праца.

– Дзякую за папярэджанне.

Але, калi яна выйшла, Мэгрэ сапраўды аддаў Жанв'е на ўсякi выпадак загад прасачыць за ёю.

Неўзабаве Мэгрэ ўспомнiў, што забыўся задаць Монiцы адно важнае пытанне: хто, ён цi яна, захоўваў у сябе грошы на параход у Амерыку? Калi Альбэр, дык у яго цяпер ёсць грошы i, адпаведна, больш магчымасцей знiкнуць. Калi грошы ў Монiкi, тады яму, можа, i паесцi няма на што.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю