412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Жорж Сименон » Чалавек на лаўцы (на белорусском языке) » Текст книги (страница 3)
Чалавек на лаўцы (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 9 октября 2016, 03:38

Текст книги "Чалавек на лаўцы (на белорусском языке)"


Автор книги: Жорж Сименон



сообщить о нарушении

Текущая страница: 3 (всего у книги 6 страниц)

А нарэшце прыйшоў дзень, калi нехта нячутна пракраўся ўслед за iм у тупiчок i за дзесяць крокаў ад натоўпу на бульвары ўсадзiў яму ў спiну нож. I што, што магло спатрэбiцца Турэ ў гэтым тупiку?..

За акном цямнела, прыйшлося запалiць лямпу. Мэгрэ ўстаў i зняў палiто з вешалкi.

Выходзячы, ён сказаў iнспектарам з суседняга пакоя:

– Я буду праз гадзiну-дзве.

Ён не паехаў на службовай машыне, а сеў у канцы вулiцы на аўтобус i, даехаўшы за некалькi хвiлiн да Севастопальскага бульвара, сышоў.

На вулiцах было людна. Яшчэ зусiм нядаўна ў гэты час хадзiў па iх i Луi Турэ, не ведаючы, магчыма, чым заняцца, перш чым змянiць свае жоўтыя чаравiкi на чорныя i адправiцца на Лiёнскi вакзал.

На другiм баку бульвара Бон-Нувэль Мэгрэ прыкмецiў лаўку.

"Напэўна, гэтая", – падумаў ён.

На лаўцы нiхто не сядзеў.

На рагу Сэн-Мартэн чакалi клiентаў прастытуткi. Iншыя сядзелi ў маленькiм бары, мужчыны побач гулялi ў карты.

I тут камiсар убачыў iнспектара Нэве i зрабiў яму знак. Адна прастытутка вырашыла, што Мэгрэ клiча яе, i ўстала, камiсар спынiў яе маўклiвым жэстам.

Раз ужо Нэвэ апынуўся тут, дык, пэўна, паспеў распытаць усiх: такiх кабетак у сваiм квартале ён ведаў добра.

– Як жыццё? – спытаўся Мэгрэ ў Нэвэ.

– Прыйшлi зiрнуць?

– Ды так, на хвiлiнку.

– А я ўжо з васьмi ранiцы. Апытаў ужо чалавек пяцьсот.

– Даведаўся, дзе ён абедаў?

– Даведаўся.

– Я так i думаў.

– Чаму?

– Турэ быў чалавек звычкi, наўрад цi ён стаў бы кожнага дня хадзiць у iншае месца.

– Вось там, – паказаў Нэвэ рукою на сцiплы рэстаранчык. – Там дагэтуль ляжыць ягоная сурвэтка з нумарам.

– I што табе там расказалi?

– Ён заўсёды сядаў за адзiн i той самы столiк у глыбiнi залы, непадалёк ад стойкi. Яго зазвычай абслугоўвала адна афiцыянтка. Здаравенная такая кабыла, рыжая. Ведаеце, як яна яго называла?.. "Мой дружок..." Яна сама мне пра гэта сказала. Так i пыталася ў яго: "Ну што, мой дружок, будзем сёння есцi?" Сцвярджае, што яму гэта падабалася. Яна часта загаворвала з iм, але ён нiколi да яе не заляцаўся. Яна не раз бачыла яго на бульвары на лаўцы, i кожны раз ён вiтаў яе рукою. I заўсёды гэта было каля трох гадзiн дня, у час яе перапынку. Аднойчы яна сказала яму: "Здаецца, мой дружок, вы працаю не струджаны!" А ён адказаў, што працуе ўначы.

– I яна паверыла?

– Ды яна, здаецца, проста малiлася на яго.

– А газеты яна чытае?

– Я ёй сказаў, што яго забiлi. Паверыць не магла... А ведаеце, рэстаран хоць i сцiплы, але i не дужа танны. А Турэ кожны раз заказваў паўбутэлькi марачнага вiна.

– Цi ёсць яшчэ ў квартале людзi, якiя б ведалi яго?

– Чалавек дзесяць. Адна прастытутка сустракала яго амаль штодня. Першы раз яна паспрабавала завесцi яго да сябе, але ён пачцiва адмовiўся. А потым, калi яна бачыла яго, то крычала: "Дык што, сёння?" Гэта ўвайшло ў iхнюю звычку i вельмi iх весялiла. Калi яна знiкала з клiентам, ён падмiргваў ёй.

– I ён нi разу не быў нi ў адной?

– Не.

– А з якой-небудзь iншай жанчынай яго бачылi?

– Яны – не. Але адзiн з прадаўцоў ювелiрнай крамы бачыў.

– Той самай крамы, каля якой яго забiлi?

– Таго самага. Я там усiм паказваў яго фатаграфiю, i адзiн яго прызнаў. "Ды гэта ж той, што купiў у нас пярсцёнак на тым тыднi!" – адразу ж усклiкнуў ён.

– А жанчына была маладая?

– Не надта. Прадавец не звярнуў на яе асаблiвай увагi. Вырашыў, што гэта муж з жонкаю. Ён толькi заўважыў, што на ёй была гаржэтка з серабрыстага лiса, а на шыi вiсеў ланцужок з пазалочаным медальёнам-чатырохлiстнiкам, рыхтык такiя ж, што прадаюць у iхнай краме.

– Дарагi пярсцёнак?

– Пазалочаны, з падробленым каменем.

– Пра што ж яны гаварылi? Прадавец нiчога не чуў?

– Ён не памятае. Кажа, гаварылi як муж з жонкаю. Нiчога асаблiвага.

– А ён змог бы пазнаць гэтую жанчыну?

– Ён не ўпэўнены. Яна была ў чорным i ў пальчатках. Адну пальчатку забыла на прылаўку. Турэ вярнуўся, а яна чакала яго на вулiцы. Яна вышэйшая за яго. На вулiцы ўзяла яго пад руку, i яны пайшлi да станцыi метро "Рэспублiка".

– Больш нiчога не ўведаў?

– I гэта з'ела ў мяне ўвесь час: я ж пачаў з Манмартра. Але там нiчога не ўведаў. За вылiкам адной драбнiцы. Ведаеце кiёск на вулiцы Акацый, дзе прадаюць пышкi?

– Ведаю. Iх пякуць там пад адкрытым небам, як на кiрмашы.

– Дык вось, прадаўцы пышак памятаюць Турэ. Ён часта купляў у iх, заўсёды па тры штукi i нiколi не еў на вулiцы, а забiраў з сабою. Гэтыя пышкi, як вам вядома, вельмi вялiкiя, ва ўсякiм разе, рэклама сцвярджае, што яны сама вялiкiя ў Парыжы. Наўрад цi пасля сытнага абеду ў рэстарацыi Турэ еў бы iх адзiн. Не еў бы ён iх i на лаўцы – не такi гэта чалавек. Вiдаць, ён браў iх той самай жанчыне. Значыцца, яна жыве недзе непадалёк.

А можа, падумаў Мэгрэ, ён частаваў таго чалавека, якога бачыў бухгалтар Сэмброн?

– Ну што, шэф, казаць далей?

– Вядома.

– Куды вы?

– Хачу зазiрнуць у тупiчок.

Тупiчок быў зусiм побач, i Мэгрэ вырашыў яшчэ раз агледзець месца злачынства.

Час цяпер быў такi самы. Туману сёння не было, але цемната такая ж непраглядная.

А можа, Турэ зайшоў сюды проста да ветру?.. Не, насупраць ёсць прыбiральня...

Нэвэ ўздыхнуў:

– Толькi б знайсцi тую жанчыну...

А камiсару хацелася знайсцi таго чалавека, якi на мiгах прасiў у Турэ дазволу прысесцi побач, пакуль той гаварыў з Сэмбронам.

Камiсар пачаў уважлiва прыглядацца да людзей на лаўках. Ён ведаў, што ў кожнай лаўкi ёсць свае заўсёднiкi, якiя зазвычай прысаджваюцца ў адзiн i той самы час. Праходжыя не зважаюць на iх. Але самi заўсёднiкi добра ведаюць адно аднаго. Камiсар згадаў, як аднойчы панi Мэгрэ, седзячы на лаўцы ў скверы Анвэр, зусiм выпадкова навяла яго на след аднаго забойцы.

Цяпер на адной лаўцы сядзеў якраз вiдавочны заўсёднiк: стары бадзяга з пастаўленай побач пляшкай вiна.

Трохi далей прымасцiлася мажная жанчына, напэўна, правiнцыялка. Чакаючы свайго чалавека, якi зайшоў у прыбiральню, яна выпрастала, каб хоць трохi адпачылi, ногi – па ўсiм вiдаць, апухлыя ад нязвыклае хаданiны па горадзе.

Але гэта, ведама ж, былi зусiм не тыя людзi, якiх трэба было знайсцi.

– На тваiм месцы, – сказаў Мэгрэ, – я меней бы займаўся крамамi, а болей людзьмi на лаўках. Пасядзi, пазнаёмся з заўсёднiкамi.

– Добра, шэф, – зноў уздыхнуў Нэвэ. Такая перспектыва не радавала, хадзiць цiкавей, хоць i ногi ўжо балелi ад гэтых няспынных бадзянняў.

Ён нiколi не паверыў бы, што камiсар з радасцю згадзiўся б апынуцца на ягоным месцы: i хадзiў бы, i сядзеў бы – Мэгрэ з задавальненнем згадваў той час, калi служыў простым iнспектарам.

4. ПАХАВАННЕ

Назаўтра камiсар змарнаваў паўдня: яго выклiкалi на судовае пасяджэнне. Некалькi гадзiн ён праседзеў у змрочным пакойчыку для сведкаў. Нехта забыўся ўключыць атапляльныя батарэi, i спачатку ў пакойчыку стаяў жудасны холад. Потым, калi радыятары нарэшце нагрэлiся, стала невыносна спякотлiва i засмярдзела потам i выпарэннямi мокрае адзежы.

Судзiлi нейкага Рэнэ Лекэра, якi сем месяцаў назад забiў ударам бутэлькi па галаве сваю цётку. Злачынцу было толькi дваццаць два гады, ён быў здаравенны, што грузчык, але выраз твару меў усё роўна як у вiнаватага школьнiка.

I чаму толькi дагэтуль нiхто не дадумаўся хоць трохi палепшыць асвятленне судовае залы? Цьмянае шэраватае святло проста прыгнятала Мэгрэ, якi i так быў – праз марнаванне часу ды недарэчнасць пасяджэння – не ў гуморы.

Адвакат, яшчэ зусiм малады, але ўжо вядомы – дзякуючы сваiм пастаянным нападам на сведкаў ды суддзяў, намагаўся пераканаць усiх, што злачынца прызнаў сваю вiну толькi ў вынiку нацiску на яго i кепскага з iм абыходжання на допыце. Вiдавочная хлусня, i адвакат гэта добра ведаў.

– Можа, пан сведка скажа суддзям, колькi гадзiн доўжыўся першы допыт майго падабароннага? – дэкламаваў ён.

Камiсар чакаў менавiта гэтага пытання.

– Семнаццаць гадзiн, – адказаў ён.

– Семнаццаць гадзiн без ежы?!

– Лекэр адмовiўся ад бутэрбродаў, якiя мы яму прапаноўвалi.

Усiм сваiм выглядам адвакат казаў прысяжным: "Глядзiце, панове! Семнаццаць гадзiн у нябогi ў роце i хлебнай крошкi не было!"

Сам Мэгрэ за ўвесь допыт з'еў толькi два бутэрбороды. А ён жа нiкога не забiваў.

– Пан сведка, – па-ранейшаму надрываўся напорысты абаронца, – цi прызнаяце вы, што сёмага сакавiка, а трэцяй гадзiне ранiцы, вы ўдарылi абвiнавачанага без якiхсьцi на тое падстаў – дзеянняў з яго боку, прычым тады, калi ў бедалагi былi кайданкi на руках?

– Не прызнаю.

– Дык сведка адмаўляе, што ўдарыў абвiнавачанага?

– Быў момант, калi я даў яму поўху: усё роўна як бацька сыну.

Адвакат памылiўся – пачаў не з таго канца. Але ён, вiдаць, клапацiўся толькi пра тое, каб уразiць публiку ды журналiстаў.

Потым, парушаючы ўсе правiлы, ён з'едлiва-саладжава запытаўся ў Мэгрэ:

– А ў вас ёсць сын, пан камiсар?

– Не...

– У вас нiколi не было дзяцей?.. Даруйце, я недачуў, што вы сказалi...

Мэгрэ быў вымушаны паўтарыць на ўвесь голас, што ў яго была дачка, але яна памерла маленькая.

Вось i ўсё. Мэгрэ нарэшце пакiнуў судовую залу i, перш чым вярнуцца ў сваё бюро, выпiў шкляначку каньяку ў буфеце ў Палацы правасуддзя.

Прыйшоўшы ў аддзяленне, Мэгрэ адразу ж запытаўся ў Сантонi, якi займаўся сябрам Монiкi Турэ:

– Нiякiх навiн пра Альбэра Жарыса?

– Нiякiх.

Хлопец так i не прыйшоў дадому. У кнiгарню ён сёння таксама не прыходзiў, не быў i ў рэстарацыi, дзе звычайна абедаў з Монiкай.

Цяпер Сантонi займаўся хлопцам разам з Люка, якi закончыў учора працу па iншым расследаваннi. Яны звязвалiся з усiмi палiцэйскiмi пастамi. Жанв'е ўсё яшчэ шукаў краму, дзе быў набыты нож, якiм забiлi Турэ.

– Нэвэ не званiў?

– Паўгадзiны назад. Сказаў, што пазвонiць у шэсць.

Камiсар стамiўся. Перад вачыма стаялi твары прысяжных, злачынцы, адваката. Навошта яму гэтая цяганiна?

– Лапуэнт нiчога не знайшоў?

Маленькi Лапуэнт абегаў усе мэбляваныя пакоi раёна, каб даведацца, цi не здымаў адзiн з iх Турэ. Павiнен жа ён быў недзе пераабувацца!

Цяпер у кожнага быў свой участак працы.

Памаракаваўшы, Жарыса перадалi Люка, а за Сантонi засталася адна Монiка Турэ. Што, калi Жарыс стане шукаць яе цi захоча што-небудзь паведамiць ёй пра сябе?

Тым часам прыходзiлася разглядаць розныя службовыя паперы, адказваць на непатрэбныя тэлефонныя званкi. Усё ж такi дзiўна: нiхто так i не пазванiў камiсару ў сувязi з забойствам...

– Алё! Мэгрэ слухае.

Гаварыў Нэвэ. Вiдаць, з нейкага бiстро, бо з слухаўкi чулiся гукi музыкi.

– Нiчога асаблiвага, шэф. Знайшоў на лаўках трох чалавек, якiя памятаюць Турэ. Усе паўтараюць адно i тое ж: Турэ быў заўсёды ветлiвы, ахвотна загаворваў з iмi. Адна старая кажа, што зазвычай ён iшоў адсюль да метро "Рэспублiка".

– Яна яго бачыла з кiм-небудзь?

– Яна – не. Але адзiн бадзяга сказаў, што аднаго разу Турэ некага чакаў, а калi той чалавек падышоў, яны разам пайшлi адсюль. Але ён так i не змог апiсаць гэтага чалавека, сказаў адно, што гэта тып, якiх багата...

Заставалася толькi ўздыхнуць.

Пахаванне Турэ было назначана на заўтра. Уранку цела нябожчыка забралi ў Жувiзi.

Мэгрэ патэлефанаваў жонцы i сказаў, што вернецца позна.

Па дарозе ў Жувiзi дзьмуў моцны вецер. Хмары нiзка навiслi над зямлёю, збiралася навальнiца. Шафёр з цяжкасцю знайшоў вулiцу Таполяў. Ва ўсiх вокнах дома Турэ гарэла святло.

Але званок не званiў. Яго, вiдаць, выключылi ў знак жалобы. Нехта ўбачыў, як да дома пад'ехала машына, i дзверы адчынiла жанчына, яшчэ не знаёмая камiсару, гадоў на пяць старэйшая за панi Турэ i вельмi падобная да яе.

– Камiсар Мэгрэ.

Жанчына паклiкала сястру з кухнi:

– Эмiлiя!

– Чую. Запрасi яго ў дом.

Мэгрэ прынялi на кухнi, бо ў сталовай стаяла труна. У вузкiм калiдоры пахла кветкамi i свечкамi.

– Выбачайце, што я вас турбую...

– Пазнаёмцеся: пан Маньен, мой швагер. Кантралёр на чыгунцы.

– Вельмi прыемна.

– Вы ўжо знаёмыя з маёй сястрой Жаннай, а гэта Сэлiна...

Адна Монiка не ўстала, каб павiтацца з Мэгрэ. Яна пiльна ўзiралася ў яго i, напэўна, думала, што камiсар прыехаў дапытваць яе наконт Жарыса, i была скаваная страхам.

– Прысядзьце, калi ласка.

Мэгрэ пакруцiў галавою.

– Хочаце глянуць на яго?

Удаве было прыемна паказаць камiсару, што яна не паскупiлася на аддзелку труны.

– Нiбыта спiць...

Мэгрэ зрабiў усё належнае.

– Ён i зразумець не паспеў, што здарылася, – уздыхнула жанчына. – А як ён любiў жыццё!

Яны цiха выйшлi, i панi Турэ зачынiла дзверы.

– Вы будзеце на пахаваннi, пан камiсар?

– Буду. Таму i прыйшоў.

Монiка па-ранейшаму сядзела нерухомая. Пачуўшы, што сказаў камiсар, яна адразу ж уздыхнула.

– Напэўна, вы i вашы сёстры знаёмыя з усiмi, хто будзе на пахаваннi, а я не ведаю нiкога...

– Разумею! – усклiкнуў Маньен, нiбыта гэтая думка прыйшла i яму самому ў галаву адначасна.

Сваiм пыхлiвым выглядам ён паказваў, што ведае ўсё наперад.

– Я проста папрасiў бы вас паказаць мне на пахаваннi незнаёмых людзей, калi такiя будуць.

– Вы думаеце, прыйдзе забойца?

– Неабавязкова. Але мой абавязак – нiчога не ўпускаць.

– Вы маеце на ўвазе якую-небудзь жанчыну? – спыталася панi Турэ.

I яе твар, i твары сясцёр адразу ж сталi аднолькава злыя.

– Я нiчога не маю на ўвазе. Я шукаю забойцу. Калi заўтра на пахаваннi вы зробiце мне знак, я зразумею.

– Калi заўважым любога незнаёмага?

Мэгрэ кiўнуў, папрасiў прабачэння за клопаты i выйшаў. Маньен правёў яго да дзвярэй.

– Натрапiлi на след? – спытаўся ён тонам, якiм гавораць з доктарам пасля агляду хворага.

– Не.

– I не маеце нiякiх падазрэнняў?

– Нiякiх. Да пабачэння.

У машыне Мэгрэ ўспомнiў, як дваццацiгадовым юнаком ён трапiў упершыню ў сталiцу. Тады яго найбольш уразiў няспынны рух натоўпу, калаўрот сотняў тысяч людзей. Ён з мiжвольнай трывогаю назiраў за тымi, хто, страцiўшы раўнавагу, кiдаўся ў паток i плыў па цячэннi. Але асаблiвае спачуванне выклiкалi ў яго сцiпла i чыста апранутыя людзi. Якiх толькi намаганняў яны не прыклалi, каб застацца на паверхнi i стварыць iлюзiю, што яны жывуць i што гэтае жыццё вартае таго, каб яго пражыць!

Вось i Луi Турэ дваццаць пяць гадоў сядаў кожнае ранiцы ў адзiн i той самы цягнiк, бачыў адны i тыя ж твары, i пад пахаю ў яго быў адзiн i той самы загорнуты ў цырату сняданак; увечары нябога вяртаўся ў сваё жытло, якое Мэгрэ называў у думках "домам трох сясцёр". Хоць сёстры i жылi на суседнiх вулiцах, яны закрывалi нябожчыку далягляд, як вялiзны мур.

– У камiсарыят, шэф? – пытаўся шафёр.

– Не. Дамоў.

Гэтым вечарам ён пайшоў з жонкаю ў кiнатэатр на бульвары Бон-Нувэль, той самы, куды хадзiў i Луi Турэ. Яны двойчы прайшлi мiма таго самага тупiка.

– У цябе кепскi настрой? – спыталася жонка.

– Не.

– Ты за ўвесь вечар i слова не сказаў.

– Ты што?.. А я i не заўважыў.

Уранку на горад абрынулася залева. Лiло як з вядра. Вецер вырываў з рук мiнакоў парасоны.

– Такое надвор'е часта бывае на пахаванне, – заўважыла панi Мэгрэ. Багата сёння клопату?

– Яшчэ не ведаю.

– Надзень галёшы.

Мэгрэ так i зрабiў, але ўсё роўна паспеў добра прамокнуць, перш чым удалося сесцi ў таксоўку. Халодныя кроплi сцякалi з капелюша за каўнер.

– На набярэжную Арфэўр.

Пахаванне адбудзецца ў дзесяць. Мэгрэ з нецярпеннем чакаў, калi прыйдзе Нэвэ. Ён вырашыў узяць яго з сабою: а раптам каго-небудзь пазнае на пахаваннi?..

– Ёсць што новае? – спытаўся камiсар у Сантонi. – Не?.. Складзi спiс Жарысавых сяброў, знаёмых, увогуле, усiх, з кiм ён сустракаўся апошнiя гады.

– Я ўжо пачаў.

– Працягвай.

З'явiўся Нэвэ.

– Надвор'е пахавальнае, – буркнуў iнспектар.

У дзесяць яны былi ўжо перад домам Турэ. У знак жалобы з абодвух бакоў дзвярэй былi нацягнуты чорныя палотнiшчы з серабрыстымi махрамi. Ля ганка, на незаасфальтаваных ходнiках стаялi людзi пад парасонамi. Усяго iх было чалавек пяцьдзесят. Многiя заходзiлi ў дом. Вiднелiся людзi i ў суседнiх дварах.

Спачатку прыбыў катафалк. Потым таропка прайшлi святар i хлопчык, якi нёс крыж.

Нiшто не спыняла парываў ветру, мокрая адзежа прыставала да цела. Труна адразу ж намокла.

– Нiкога не пазнаеш? – запытаўся Мэгрэ ў Нэвэ, калi працэсiя рушыла.

Нэвэ пакруцiў галавою.

Жанчына, якой Турэ падараваў парсцёнак, напэўна, не прыйшла. Праўда, на адной кабеце быў лiсiны каўнер, але камiсар заўважыў яе яшчэ раней, калi яна выходзiла з дома насупраць i замыкала дзверы на ключ. I з прысутных мужчын нiкога нельга было ўявiць заўсёднiкам лавак на бульварах.

I ўсё ж Мэгрэ застаўся на пахаваннi да канца. Камiсар двойчы сустрэў позiрк Монiкi. I кожны раз адчуваў, як сцiскаецца яна ад страху.

На могiлках было па калена гразi: магiлу выкапалi на новым участку, куды яшчэ не праклалi дарожкi.

Калi панi Турэ сустракалася позiркам з камiсарам, яна кожны раз уважлiва аглядвала прысутных, паказваючы, што памятае аб ягонай просьбе. Калi ён падышоў да сям'i, якая выстраiлася ў рад ля магiлы, каб выказаць спачуванне, удава шапнула:

– Я нiкога не заўважыла...

Дождж пазмываў пудру з твараў у жанчын, ва ўсiх пачырванелi насы.

Мэгрэ i Нэвэ пачакалi яшчэ хвiлiнку на могiлках i прайшлi ў шынок насупраць. Камiсар заказаў два грогi. А праз некалькi хвiлiн тут была ўжо добрая палова працэсii. Каб сагрэцца, людзi пераступалi з нагi на нагу.

Мэгрэ пачуў абрывак размовы:

– А пенсiю яна за яго атрымае?

– Не. Ён жа быў простым кладаўшчыком у нейкай краме. Такiм пенсii не даюць. Гэта за шваграмi ягонымi жонкi файна жывуць – чыгуначнiкi ўсё-такi. А пан Луi быў у iх увогуле кiмсьцi накшталт сваяка-бедалагi... Вось так вось...

– Дык што ж жонка з дачкою рабiцьмуць?

– Дачка ж працуе... Пакой, можа, здадуць кватаранту...

– Ну што, Нэвэ, хадзем? – прапанаваў Мэгрэ iнспектару.

З машыны сцякала брудная вада. Залева секла i секла.

У камiсарыяце было сыра i холадна, на падлозе вiднелiся брудныя сляды.

– Нiчога новага, Люка?

– Званiў Лапуэнт. З бiстро на плошчы Рэспублiкi. Ён знайшоў пакой.

– Пакой Турэ?

– Ён так думае. Але гаспадыня не надта гаваркая.

– Выклiкалi яе сюды?

– Не. Можа, вы самi лепш туды сходзiце?

Мэгрэ i праўда думаў пайсцi да Лапуэнта, а не сядзець тут у кабiнеце.

Калi Мэгрэ ўвайшоў у бiстро, ён адразу ж знайшоў Лапуэнта: той сядзеў ля камiна i пiў каву.

– Адзiн грог! – заказаў камiсар.

– Дзе гэты пакой? – запытаўся ён у Лапуэнта.

– За два крокi адсюль. Знайшоў зусiм выпадкова. Дом у спiсах не значыцца.

– Ты не памылiўся?

– Не. На вулiцы Ангулем я ўбачыў аб'яву: "Здаецца пакой". Трохпавярховы дом, без кансьержкi. Я пазванiў i папрасiў паказаць пакой. Гаспадыня ў гадах, колiсь, мусiць, была прыгажуня, але цяпер сiвая, аблезлая, тоўстая. Выйшла да мяне ў халаце. Перш чым упусцiць мяне, запыталася, цi здымаю я пакой сабе асабiста i цi адзiн буду жыць. Пакуль яна са мною перагаворвалася, на другiм паверсе прыадчынiлiся дзверы, i я заўважыў вельмi вабную дзяўчыну.

– Бардэль?

– Не зусiм. Але мне здалося, што гаспадыня з гэтымi справамi знаёмая. Пакуль падымалiся наверх, яна запыталася, як я збiраюся плацiць – штомесяц цi часцей, дзе я працую. Пакой – вокнамi на двор. Абсталюнак неблагi. Праўда, як на мой густ, дык зашмат таннага шоўку i аксамiту. Лялька на канапе. У пакоi пахла яшчэ, так бы мовiць, жанчынаю. Гаспадыня пацiкавiлася, хто мне даў адрас. Я ледзь не прагаварыўся, што даведаўся па аб'яве. Шчыра кажучы, мяне ўвесь час бянтэжыла адна з яе цыцак: яна ўсё выслiзгвала з халата. Я сказаў, што паведамiў мне пра пакой адзiн мой сябра. I што сябра гэты жыве ў яе. Яна запыталася хто. Калi я назваў Турэ, то адразу зразумеў, што яна яго ведае. Яна i з твару змянiлася, i голас стаў iншы. "Не ведаю, кажа, такога!" Як адрэзала. А потым пытаецца, цi няма ў мяне звычкi позна вяртацца дамоў. Было ўжо вiдаць, што вырашыла пазбавiцца ад мяне. Але я прыкiнуўся прасцячком. Кажу: "Можа, мой сябра яшчэ тут? Ён удзень не працуе i позна ўстае". Але яна мне: "Дык вы будзеце здымаць пакой цi не?" Буду, кажу. "Плата наперад". Я дастаў кашалёк i, нiбыта выпадкова, выняў фота Турэ. "А, – кажу, – вось i фота майго сябра". Яна зiрнула i кажа: "Не, мы, вiдаць, адно аднаму не падыдзем". I пайшла да дзвярэй. Я хацеў затрымаць яе, але яна папрасiла пакiнуць яе ў спакоi, у яе, бачыце, абед на плiце можа згарэць. Так i развiталiся... Шэф, ды я проста ўпэўнены, што яна яго ведала! Калi я выйшаў на вулiцу, фiранка зварухнулася: яна назiрала за мною.

– Едзем! – сказаў Мэгрэ.

Хаця дом быў за два крокi адсюль, пад'ехалi на машыне. Гаспадыня, якая выйшла адчынiць дзверы, i цяпер была ў халаце.

– Хто там?

– Палiцыя.

– Што вам трэба? – Зiрнула коса на Лапуэнта. – Так i ведала, што нажыву сабе бяду з гэтым малакасосам.

– Думаю, нам будзе зручней перагаварыць у доме.

– А я i не збiраюся трымаць вас на ганку. Мне ад вас хаваць няма чаго.

– Чаму вы не прызналiся, што пан Турэ быў вашым жыльцом?

– Таму, што гэта яго не датычыцца, – зноў змерыла яна Лапуэнта нядобрым позiркам.

Яна ўвяла iх у невялiкую гасцёўню. Грубка тут была напалена як след. Усюды ляжалi стракатыя падушкi з вышытымi на iх кошачкамi, сэрцамi i скрыпiчнымi ключамi. Вокны былi занавешаны шчыльнымi шторамi, i гаспадыня запалiла святло.

– Дык што вам ад мяне трэба?

Мэгрэ выняў з кiшэнi фатаграфiю Турэ.

– Гэта ён?

– Ён. Вы i без мяне ўсё ведаеце.

– Доўга ён у вас жыў?

– Прыкладна два гады. Можа, трохi болей.

– У вас шмат жыльцоў?

– Вядома. Мне адной дом задужа вялiкi. А ў наш час кватэру знайсцi нялёгка.

– Колькi ж iх у вас?

– Цяпер – тры.

– Але адзiн пакой свабодны?

– Той самы, што я паказвала гэтаму малойчыку. I цяпер шкадую, што не была асцярожлiвая.

– Што вы ведаеце пра пана Турэ?

– Цiхi i сцiплы чалавек. Нiкому не замiнаў. Працаваў уначы...

– А вы ведаеце дзе?

– Я яго нi аб чым не распытвала. Ён сыходзiў увечары i вяртаўся ўранку. Спаў вельмi мала. Я яму часта казала, што трэба спаць болей. Але мне здаецца, што ўсе яны так, хто ўначы працуе, – мала спяць.

– Ён шмат зарабляў?

– А што вас, уласна, цiкавiць?

– Вы ж чытаеце газеты?..

На столiку ляжала разгорнутая ранiшняя газета.

– Бачу, куды вы гняце. Але спярша паабяцайце, што ў мяне не будзе непрыемнасцей. Ведаю я палiцыю...

Мэгрэ падумаў, што кабета павiнна быць у картатэцы аддзела нораваў.

– Я ж не рэкламую сваiх жыльцоў на кожным кроку. Не рэгiстрырую iх. Гэта не злачынства. Але калi вы пачняце выкручваць мне нервы...

– Усё будзе залежаць ад вас.

– Вы абяцаеце?.. Дарэчы, у якiм вы чыне?

– Камiсар Мэгрэ.

– Ого! Зразумела. Гэта сур'ёзней, чым я думала. Мяне турбуюць вашы калегi з нораваў. – Яна адпусцiла ў iхнi адрас такое слоўца, што Мэгрэ з Лапуэнтам пераглянулiся.

– Ну, добра. Ведаю я, што яго забiлi. Але больш – нiчога.

– Як ён назваўся вам?

– Проста – пан Луi.

– Да яго прыходзiла жанчына? Чарнявая, сярэднiх гадоў?

– Прыходзiла. Прыгожая, гадоў сорак, умее сябе трымаць.

– Часта прыходзiла?

– На тыдзень тры цi чатыры разы.

– А прозвiшча яе вы ведаеце?

– Я называла яе панi Антуанэт.

– Вы, я бачу, прывыклi называць людзей па iменi.

– Я не цiкаўная.

– Яна, калi прыходзiла, надоўга заставалася ў яго?

– На колькi трэба.

– На паўдня?

– Як калi. Iншым разам – на гадзiну-дзве.

– А ўранку прыходзiла?

– Можа, калi i прыходзiла, я не помню.

– Вы яе адрас ведаеце?

– Нiколi не пыталася.

– Iншыя вашы жыльцы – жанчыны?

– Пан Луi быў адзiны мужчына.

– Ён з iмi меў зносiны?

– Любоўныя? Такiх не было. Мне здаецца, ён да гэтага не быў ахвотнiк. Можа, калi б захацеў...

– Але ён заходзiў да iх?

– Яны, бывала, заходзiлi да яго папрасiць запалак, цыгарэт цi газету.

– I ўсё?

– Ну, яны гаманiлi пра сёе-тое. Часам ён нават гуляў у карты з Люсiль.

– Яна наверсе?

– Не. Бадзяецца недзе днi ўжо два. З ёй гэта здараецца. Мабыць, знайшла сабе некага. Але памятаеце, што вы мне абяцалi? Каб нi ў мяне, нi ў маiх жыльцоў не было нiякiх непрыемнасцей.

Мэгрэ хацеў быў сказаць, што нiчога не абяцаў, але змаўчаў.

– А апрача гэтай кабеты, нiхто да яго не прыходзiў?

– Нядаўна нехта пра яго пытаўся, разы са два.

– Маладзiца?

– Ага. Яна не стала падымацца наверх. Папрасiла перадаць, што чакае ўнiзе.

– Яна назвалася?

– Монiкай. Яна засталася ў калiдоры, нават у гасцёўню не прайшла.

– Ён спусцiўся да яе?

– Першы раз пра нешта з ёю пашаптаўся, i яна пайшла. А другiм разам i трэцiм выйшаў з ёю.

– Не сказаў вам, калi вярнуўся, што за яна?

– Спытаўся толькi, цi спадабалася яна мне.

– I што вы адказалi?

– Сказала, што цiкавая, як зазвычай у яе ўзросце, але што праз некалькi гадоў гэта будзе сапраўдная кабыла.

– А хто яшчэ прыходзiў?

– Вы не хочаце сесцi?

– Дзякую. Не хачу пэцкаць вам падушкi – змок да нiткi. Надта ў вас ужо чыста.

– Стараюся як магу. Дык чакайце... Дайце ўспомнiць... Прыходзiў адзiн чалавек. Малады. Не назваўся. Я перадала пану Луi, што яго чакаюць унiзе. Пан Луi, здалося, расхваляваўся i папрасiў мяне правесцi госця наверх. Гэты маладзён прабыў у яго хвiлiн дзесяць.

– Даўно гэта было?

– У сярэдзiне жнiўня. Памятаю, была спякота i процьма мух.

– Ён прыходзiў яшчэ калi-небудзь?

– Неяк разам прыходзiлi, усё роўна як на вулiцы сустрэлiся. Разам паднялiся наверх, але хлопец хутка выйшаў.

– Усё?

– Мне здаецца, я i так нагаварыла пад самую завязку. Думаю, вам таксама цiкава падняцца наверх?

– Вядома.

– Пан Луi займаў пакой насупраць таго, якi я паказвала вашаму памочнiку. Вокны выходзяць на вулiцу.

– Правядзiце нас, калi ласка.

Уздыхнуўшы, гаспадыня з цяжкасцю стала ўздымацца наверх.

– Не забывайцеся, што абяцалi.

Мэгрэ пацiснуў плячыма.

– Калi пакрыўдзiце мяне, я заяўлю на судзе, што вы манiце.

Скрозь шчылiну прыадчыненых дзвярэй, мiма якiх яны праходзiлi, камiсар заўважыў маладую жанчыну, зусiм голую, з махнатым ручнiком у руках.

Павярнуўшыся да яе, гаспадыня сказала:

– Не бойся, Iвета, гэта не з нораваў!

5. СЯРЖАНТАВА ЎДАВА

Велiзарная шафа з люстрам займала амаль увесь пакой. Гэтай масiўнай мэблi з арэхавага дрэва было, напэўна, гадоў пяцьдзесят сама меней. Яе куплялi няйначай як на аўкцыёне.

На стале, накрытым цыратаю, стаяла клетка з канарэйкаю. Можа, падумаў камiсар, Турэ купiў яе на набярэжнай Межысэры, калi наведваў старога бухгалтара?..

– Гэта ягоная канарэйка?

– Ягоная. Ён прынёс яе з год назад. Але яго падманулi: падсунулi замест самца самку, яна не спявае.

– А хто тут прыбiраў?

– Я здаю пакоi з мэбляю i бялiзнаю, але прыбiральшчыцы няма. Некалi былi пакаёўкi, але з iмi шмат клопату. Дый жывуць у мяне пераважна жанчыны...

– Пан Луi сам прыбiраў?

– Ён запраўляў ложак, выцiраў пыл. Раз на тыдзень, дзеля яго, я мыла тут падлогу.

Камiсар адчуваў, што для Турэ гэты пакой быў прытулкам душы. Усё, што ён прыносiў сюды, мела не простае пабытовае прызначэнне – яно падбiралася з асабiстым, нават патаемным густам.

У шафе не было гарнiтура, але затое ў iм стаялi тры пары жоўтых чаравiкаў. На столiку ляжаў трохi экстравагантны, як для Турэ, капялюш, амаль новы, вiдаць, набыты iм з пратэсту. I, мабыць, з таго ж пратэсту куплены былi стракаты халат i чырвоныя пантофлi.

– А пан Турэ не хадзiў на скачкi?

– Не думаю. Пра гэта ён мне нiчога не казаў.

– А ён часта з вамi гаварыў?

– Часцей на хаду. Але iншы раз заходзiў у гасцёўню i мы гаманiлi.

– Ён быў вясёлы чалавек?

– Жыццю ён радаваўся.

Усё ў пакоi было на сваiм месцы, нiдзе нi пылiнкi. У адной шафе Мэгрэ знайшоў пачатую бутэльку партвейну i два келiхi. На вешалцы вiсеў плашч: натуральна, не мог жа Турэ вяртацца ў Жувiзi мокры, калi ўдзень iшоў дождж?

Было нямала кнiг. Яны стаялi ў рад на куфры: танныя выданнi, раманы плашча i шпагi, два-тры дэтэктывы. Вiдаць, дэтэктывы яму не спадабалiся i ён перастаў iх чытаць.

Крэсла стаяла ля акна. Побач маленькi столiк. На iм – фатаграфiя жанчыны гадоў сарака з цёмнымi валасамi ў чорным. Напэўна, гэта быў здымак тае жанчыны, пра якую казаў прадавец з ювелiрнай крамы. На iм яна – такая ж мажная. Такiх кабет у пэўным асяроддзi лiчаць прыгожымi.

– Гэта яна прыходзiла?

– Яна.

У шуфлядзе стала камiсар знайшоў яшчэ некалькi здымкаў. На адным з iх Турэ быў у сваiм "экстравагантным" капелюшы.

Нiякiх iншых асабiстых рэчаў, апрача дзвюх пар шкарпэтак i некалькiх гальштукаў, у пакоi не было – нi кашуль, нi трусоў, нi папер, нi лiстоў нiчога.

Мэгрэ прыставiў крэсла да шафы i, зусiм як у дзяцiнстве, калi шукаў схаваныя ад яго бацькамi рэчы, стаў на яго, каб зазiрнуць на самы верх шафы. Там быў густы слой пылу, якi, аднак, не паспеў яшчэ асесцi на квадраце памерам прыблiзна з канверт. Вiдаць, на гэтым месцы зусiм нядаўна нешта ляжала. Але камiсар нiчога не сказаў гаспадынi, якая ўважлiва назiрала за iм.

– У яго быў ключ ад пакоя?

– Не. Калi ён выходзiў, то пакiдаў ключ мне.

– Iншыя жыльцы таксама пакiдаюць вам ключ?

– Не. Але пан Луi казаў, што ён усё губляе i няхай лепш ключ застаецца ў мяне. Мне гэта зусiм не замiнала: ён жа нiколi не вяртаўся нi ўвечары, нi ўначы.

Мэгрэ выняў з рамкi фатаграфiю жанчыны i паклаў яе ў кiшэню. Потым напаiў канарэйку, пахадзiў яшчэ трохi па пакоi.

– Я, можа, яшчэ прыйду да вас.

– Не стану прапаноўваць вам шкляначку, – сказала гаспадыня ўнiзе. – Вы, напэўна, спяшаецеся?

– У вас ёсць тэлефон? Дайце мне, калi ласка, нумар. Можа, мне прыйдзецца пазванiць, каб што-небудзь запытаць.

– Басцiлiя 22-51.

– Ваша iмя?

– Марыета. Марыета Жыбон.

– Дзякуй.

– Усё?

– Пакуль што ўсё.

Лапуэнт i Мэгрэ нырнулi ў машыну. Дождж усё лiў i лiў.

– Збочвай за рог i спынiся, – загадаў камiсар шафёру i дадаў – Лапуэнту: Зараз ты вернешся да гэтай кабеткi. Я забыў у пакоi люльку.

Мэгрэ нiколi i нiдзе не забываў люлькi. Да таго ж, у яго iх заўсёды было з сабою дзве.

– Наўмысна?

– Вядома. Пасакачы з гэтай Марыетай колькi хвiлiн i вяртайся сюды, паказаў Мэгрэ на невялiкi бар i, выйшаўшы з машыны, рушыў да тэлефоннай будкi.

– Люка, гэта ты?.. Аддай адразу ж загад, каб праслухоўвалi нумар Басцiлiя 22-51.

Прытулiўшыся да стойкi бара, Мэгрэ пацiху пацягваў кальвадос i разглядваў фатаграфiю жанчыны. Яго зусiм не здзiвiла, што каханкаю Турэ была жанчына таго ж тыпу, што i ягоная жонка. Але якi ў яе характар? Можа, i ён такi?..

– Вось ваша люлька, шэф.

– Яна не гаварыла па тэлефоне, калi ты зайшоў?

– Не заўважыў. З ёю былi дзве жанчыны.

– Можаш iсцi абедаць. Убачымся ў аддзяленнi.

Мэгрэ назваў шафёру адрас панны Леон. Па дарозе спынiлiся ў кандытарскай, дзе ён купiў скрыначку шакаладных цукерак.

Выйшаўшы перад крамаю панны Леон з машыны, Мэгрэ схаваў цукеркi пад палiто, каб не прамоклi – дождж усё лiў ды лiў.

Камiсар адчуваў сябе нiякавата ў сваiм грубым, змоклым палiто сярод лёгкiх, прыгожых, пушыстых дзiцячых строяў.

– Вашай мацi, – сказаў ён панне Леон, сарамлiва выцягваючы з-пад палiто скрыначку з цукеркамi.

– О, вы падумалi пра яе! Можа, вы ёй самi аддадзiце?

Аднак Мэгрэ палiчыў лепшым застацца ў крамным пакоi, куды хоць трохi трапляла паветра з вулiцы: мо толькi таму, што ён апынуўся тут з дажджу, але яму здалося, што сёння грубка ў памяшканнi напалена яшчэ больш.

– Прабачце, я да вас на хвiлiнку. Я толькi хацеў бы паказаць вам гэтую фатаграфiю.

Ледзь зiрнуўшы на яе, панна Леон усклiкнула:

– Ды гэта ж панi Машэр!


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю