412 000 произведений, 108 200 авторов.

Электронная библиотека книг » Жорж Сименон » Чалавек на лаўцы (на белорусском языке) » Текст книги (страница 5)
Чалавек на лаўцы (на белорусском языке)
  • Текст добавлен: 9 октября 2016, 03:38

Текст книги "Чалавек на лаўцы (на белорусском языке)"


Автор книги: Жорж Сименон



сообщить о нарушении

Текущая страница: 5 (всего у книги 6 страниц)

Мэгрэ пачакаў яшчэ нейкi час, потым патэлефанаваў Монiцы на працу:

– Я хацеў бы пагаварыць з паннай Монiкай Турэ.

– Хвiлiнку. Яна толькi што вярнулася.

– Алё! – адгукнулася Монiка.

– Не радуйцеся. Гэта не Альбэр. Камiсар Мэгрэ. Я забыўся задаць вам адно пытанне. Грошы ў вас цi ў яго?

Яна зразумела адразу.

– У мяне.

– Дзе?

– Тут. Адна шуфляда ў маiм стале замыкаецца на ключ.

– У Альбэра ёсць з сабою грошы?

– Наўрад цi багата.

– Дзякую.

Не паспеў камiсар пакласцi слухаўку, як яму патэлефанаваў Лапуэнт.

– Ты з вулiцы Ангулем? – здзiвiўся Мэгрэ.

– Не з дому, а з бiстро на рагу.

– Ну што там?

– Уяўляеце, шэф, у пакоi Турэ дужа дбайна прыбралi: падлогу i ўсю мэблю так нацёрлi, што ажно зiхацяць, пыл усюды выцерты.

– А верх шафы?

– Таксама. Я так i чытаў у гаспадынiных вачах: "Што, з'елi?" Яна сказала, што ўчора прыходзiла прыбiральшчыца, а вы не аддалi нiякiх загадаў, так што яна вырашыла падрыхтаваць пакой да засялення новага жыльца.

Гэта быў добры шчаўчок па носе. Трэба было раней пра гэта падумаць.

– А дзе Моэрс?

– Ён яшчэ там. Шукае сляды, але нiчога не можа знайсцi. Прыбiральшчыца добра папрацавала. Мне вяртацца ў аддзяленне?

– Чакай. Высветлi iмя i адрас прыбiральшчыцы i распытай яе, якiя i ад каго яна атрымала ўказаннi i хто быў у пакоi, калi яна прыбiрала.

– Будзе зроблена.

– Моэрс можа вяртацца. А, яшчэ: хто дзяжурыць з нораваў?

– Дзюмансэль.

– Няхай папросiць, каб узмацнiлi пост i прасачылi за тымi, хто выходзiць з дому.

– Яны не надта збiраюцца выходзiць. Адна гуляе ўвесь час голая па лесвiцы, а другая ўсё нiяк не намыецца: у ванну – з ванны, у ванну – з ванны... Ну а трэцяй ужо некалькi дзён як няма.

– Ну, зрабi што трэба i вяртайся.

Мэгрэ выйшаў да свайго начальнiка, але па дарозе яго перанялi i вярнулi назад: Нэвэ прывёў нейкага чалавека i хоча неадкладна паказаць яго.

Нэвэ стаяў у прыёмнай. Ён быў вельмi ўзбуджаны. Побач з iм сядзеў на крэсле нейкi надзiва цiкавы тып: маленькi, кволы, няпэўнага ўзросту, смешны. Мэгрэ адразу ж падумаў, што ён яго некалi бачыў i нават ведаў.

Камiсар прапанаваў Нэвэ:

– Можа, ты спачатку мне ў кабiнеце што-небудзь растлумачыш?

– Не мае сэнсу. Да таго ж яго i на момант аднаго пакiнуць нельга: уцячэ.

Толькi цяпер Мэгрэ заўважыў, што на руках у чалавека кайданкi.

Камiсар адчынiў дзверы кабiнета i ўпусцiў арыштаванага. Той трохi накульгваў. Ад яго несла спiртным. Нэвэ зачынiў кабiнет на ключ i толькi тады зняў з чалавека кайданкi.

– Не пазнаяце, начальнiк?

Рот у затрыманага расцягваўся ледзь не да вушэй. Гледзячы на яго, так i хацелася засмяяцца.

Сумненняў не было; чалавек гэты не быў яму незнаёмы. I тут мiльганула: ды ён жа на клоўна падобны! А нехта казаў яму нядаўна пра чалавека, падобнага на клоўна, якога... Гэта ж панi Машэр бачыла яго з Турэ на лаўцы!

– Сядай.

Чалавек адказаў як заўсёднiк палiцэйскiх аддзяленняў:

– Дзякую, начальнiк.

7. КЛОЎН

Iнспектар Нэвэ быў настолькi ўзбуджаны сваiм поспехам, што прадстаўляў арыштаванага так, нiбыта аб'яўляў нумар у цырку:

– Джэф Шрамэк уласнай персонаю, або Клоўн Фрэд, цi Акрабат, нарадзiўся ў Рыксвiры, у вярхоўi Рэйна, шэсцьдзесят тры гады назад.

– Згадваеце, начальнiк?

Нават арыштаваны, ён не пераставаў крыўляцца. У яго быццам патрэба такая была: выклiкаць сваiм выглядам i гаворкаю смех.

Мэгрэ пазванiў па ўнутраным тэлефоне:

– Прынясiце мне, калi ласка, дасье Джэфа Шрамэка.

Камiсар успомнiў: гадоў пятнаццаць назад гэты смешны чалавечак прагрымеў на ўсю краiну.

Гэта здарылася на пачатку вясны, у канцы дня. На Вялiкiх бульварах было людна, так што гледачоў тады ў гэтага клоўна-аматара хапiла.

Нехта заўважыў, што ў акне высокага дома насупраць перамяшчалася святло лiхтарыка. Паднялi трывогу, прымчалася палiцыя, людзi, як заўсёды, збiлiся ў натоўп, хоць большасць, вядома, нават i не пачула яшчэ, што ж тут такое здарылася. А чакала iх мiж тым неверагоднае двухгадзiннае прадстаўленне з камiчнымi i драматычнымi нумарамi ўперамешку. Сабралася столькi людзей, што палiцыя вымушана была паставiць загароды.

Калi злодзей зразумеў, што яго ловяць, ён адчынiў акно – i папоўз уверх па фасадзе, трымаючыся за вадасцёкавую трубу! Яму ўдалося дабрацца да карнiза наступнага паверха. Але там у акне з'явiўся палiцэйскi, i злодзей папоўз вышэй. Жанчыны ўнiзе крычалi ад жаху.

Гэта была адна з сама фантастычных пагонь у гiсторыi французскай палiцыi. Злодзей пацяшаў публiку больш за любога цыркача. Палiцэйскiя бегалi ўсярэдзiне будынка i, падымаючыся з паверха на паверх, адчынялi вокны, а ўцякач узбiраўся ўсё вышэй i вышэй.

Нарэшце яму ўдалося дасягнуць даху, такога стромкага, што палiцэйскiя адмовiлiся штурмаваць яго. А ён, не ведаючы нiякага страху, пераскокваў з даху на дах, пакуль не дабраўся такiм чынам да вулiцы Дзiдро, дзе i знiк раптам у акенцы на гары.

Хвiлiн праз пятнаццаць яго ўбачылi на iншым даху. "Вунь ён!" – крычалi людзi ўнiзе, паказваючы рукою.

Нiхто не ведаў, цi ёсць у яго зброя i што ён зрабiў, але па натоўпе пайшла пагалоска, што ён забiў некалькi чалавек.

А ўжо калi прыехалi пажарныя, расставiлi свае высачэзныя лесвiцы i накiравалi на дахi святло фар, натоўп завiшчаў.

Нарэшце злодзея ўдалося схапiць на даху дома недзе на вулiцы Гранж-Батэльер. Потым газеты пiсалi, што ў гэты момант у яго нават дыханне было роўнае! Ён смяяўся з няўклюдных палiцэйскiх. I калi яго ўпiхвалi ў "варанок", вывернуўся, як вуж, i знiк у натоўпе.

Газеты яшчэ тыдзень смакавалi ўсялякiя акалiчнасцi пагонi за "Акрабатам" гэтак празвалi Шрамэка. Нарэшце яго ўзялi, але зусiм выпадкова, на скачках.

Яшчэ падлеткам Шрамэк пачаў выступаць у цырку, якi ездзiў па Эльзасе i Германii. Потым ён асеў у Парыжы i выступаў на кiрмашах, за вылiкам таго часу, якi бавiў у турмах за крадзяжы.

– Вырашыў на старасцi гадоў прыладзiцца ў маiм квартале, – сказаў Нэвэ.

– Я ўжо даўно нiякiмi глупствамi не займаюся, – запэўнiў камiсара Шрамэк.

Нэвэ расказаў, як i чаму затрымаў ён Шрамэка.

– Зайшоў я ў бар на вулiцы Бландэль, гэта за два крокi ад нашага бульвара. Там збiраюцца аматары конных скачак. Называецца ён "У Фернана". Гэтага Фернана я добра ведаю, ён былы жакей. Я паказаў яму фотакартку Турэ, i ён яго пазнаў. Сказаў, што Турэ прыходзiў да яго разы са тры з адным з ягоных клiентаў, Клоўнам Фрэдам. Я здзiвiўся, бо думаў, што Акрабат даўно ўжо памёр цi сядзiць у турме, а ён, выяўляецца, прыходзiць да гэтага Фернана кожны вечар выпiць кiлiшак i паставiць на якога-небудзь каня. Але вось ужо некалькi дзён не заходзiў. З панядзелка. Цi быў ён тады адзiн, цi з Турэ, Фернан не памятае. Тут я i вырашыў узяць яго за шкiрку. Фернан назваў мне iмя жанчыны, з якою Фрэд жыве ўжо некалькi гадоў. Былая прадаўшчыца зелянiны Франсуаза Бiду. Але толькi сёння я атрымаў яе адрас: набярэжная Вальмi, насупраць канала. Галубок схаваўся ў спальнi – ён не пакiдаў яе з самага панядзелка. Я адразу ж надзеў на яго кайданкi i прывёў сюды.

– Я ўжо не такi спрытны, як раней, – жартаўлiва пракаменцiраваў Шрамэк.

Мэгрэ ўзiраўся ў затрыманага.

З гадамi Шрамэк, вiдаць, пачаў далучацца да тае пароды людзей, якiя могуць дзень пры днi сядзець на лаўках, нiчога не робячы. I вось цяпер нiбыта пашарэў, што тыя плiты ходнiкаў, якiя так часта i падоўгу свiдраваў сваiм абыякавым позiркам нiкому не патрэбнага чалавека.

Не спяшаючыся, папыхваючы люлькаю, Мэгрэ пачаў праглядваць пульхную жоўтую папку – гiсторыю ўзаемадачыненняў Шрамэка i правасуддзя.

Настаў сама зручны час для допытаў: ад дванаццацi да дзвюх. Усе пайшлi на абед, нiхто не бегае па калiдорах, сцiхлi тэлефоны.

– Схадзi паабедай, – сказаў камiсар iнспектару. – Ты, напэўна, галодны, а можаш мне яшчэ сёння спатрэбiцца.

Нэвэ выйшаў без асаблiвага жадання: ведама ж, яму б хацелася пабыць на допыце.

Затрыманы праводзiў яго ўхмылкаю.

Мэгрэ запалiў новую люльку, паклаў руку на дасье i, гледзячы Шрамэку ў вочы, цiха сказаў:

– А зараз пагаворым!

Аднак перш чым пачаць допыт, Мэгрэ замкнуў дзверы на ключ, паглядзеў на акно.

– Не турбуйцеся, – зноў ухмыльнуўся Шрамэк. – Я ўжо па карнiзах не хадок.

– Думаю, ты здагадаўся, чаму цябе забралi?

– А што тут здагадвацца? Заўсёды забiраюць адных i тых самых. Даўнавата я ў вас не быў. Трэба асвяжыць успамiны.

– Твайго дружка Луi забiлi. Толькi не прыкiдвайся, што нiчога не ведаеш. Ты выдатна разумееш, што мы маем усе падставы абвiнавацiць цябе.

– Будзе яшчэ адна судовая памылка.

Мэгрэ зняў слухаўку.

– Злучыце мяне з барам "У Фернана" на вулiцы Бландэль... Пан Фернан?.. Гаворыць камiсар Мэгрэ. Я хацеў бы навесцi даведкi адносна вашага клiента Джэфа Шрамэка... Так, Акрабата... Рабiў буйныя стаўкi?.. Што?.. Разумею... А апошнiм часам?.. У суботу?.. Дзякую... Не. Пакуль дастаткова.

Мэгрэ выглядаў задаволеным, а вось Шрамэк устрывожыўся.

– Хочаш, паўтару табе, што ён сказаў?

– Мала што кажуць!

– Усё сваё жыццё ты гуляеш на скачках i прайграеш.

– Калi б урад забаранiў скачкi, гэтага б не здаралася.

– Вось ужо шмат гадоў, як ты купляеш у Фернана квiткi на стаўкi.

– Фернан – афiцыйны букмекер.

– Але, каб рабiць стаўкi, трэба мець грошы. I вось што цяпер высвятляецца: яшчэ два з паловаю гады назад твае стаўкi былi маленькiя, ты прайграваў, i Фернан паiў цябе ў крэдыт.

– Ён не павiнен быў гэтага рабiць. Ён мяне заахвочваў, i я прыходзiў зноў.

– Але вось ужо два з паловаю гады ты ставiш буйныя сумы. Зноў прайграеш, а праз некалькi дзён зноў на канi!

– I што гэта даказвае?

– У мiнулую суботу ты зноў паставiў буйную суму.

– А што вы скажаце пра багацеяў, якiя ставяць мiльён на аднаго каня?

– Адкуль у цябе грошы?

– У мяне жонка працуе.

– Кiм?

– Прыбiральшчыцай.

– Смяешся з мяне?

– Пан Мэгрэ, я б сабе такога нiколi ў жыццi не дазволiў!

– Хочаш пацягнуць час?

– Самi разумееце, мне спяшаць няма куды.

– А я табе ўсё-такi скажу: дрэнныя твае справы. Некалькi чалавек бачылi цябе з панам Луi, справай якога мы цяпер займаемся.

– Добры быў чалавек.

– Можа быць. Але яшчэ два з паловаю гады назад, два з паловаю, Джэф, ён не меў працы i клаў зубы на палiцу.

– Ведаю я гэтую палiцу! – уздыхнуў Джэф. – Сам на яе зубы клаў – не раз.

– Ты, напэўна, жыў за кошт Франсуазы, а Турэ пазычаў у сяброў.

– Яшчэ адзiн доказ таго, што свет не без добрых людзей.

Мэгрэ не надта зважаў на блазенства Шрамэка, а расстаўляў спакваля свае непрыкметныя на пачатку пасткi.

– I вось аднаго дня вы раптам разбагацелi. Расследаванне дакладна ўстановiць гэтую дату.

– У мяне на даты дрэнная памяць.

– I вось з таго часу ты то робiш буйныя стаўкi, то п'еш у крэдыт. Вы, зразумее i дурань, добра засвоiлi спосаб здабычы грошай, але не пастаянны. Мы зоймемся гэтым пытаннем пазней.

– Шкада. Я б хацеў адразу ж уведаць, што гэта за спосаб.

– Хутка ты перастанеш смяяцца. Паўтараю, у суботу ў цябе былi вялiкiя грошы, але ты спусцiў iх за некалькi гадзiн. А ў панядзелак у тупiку на бульвары Сэн-Мартэн забiлi твайго падзельнiка.

– Для мяне гэта вялiкая страта.

– Ты ведаеш, што такое суд прысяжных?

– Да яго я яшчэ не даходзiў.

– Дык вось, прысяжныя – людзi, з якiмi няварта жартаваць, асаблiва такому чалавеку, як ты, з такой судовай анкетаю. Ты маеш усе шанцы, што яны прызнаюць цябе адзiным чалавекам, якi ведаў, чым займаўся пан Луi, дзе хадзiў, i давядуць, што забiць яго было ў тваiх iнтарэсах.

– Значыцца, яны будуць iдыётамi.

– Вось i ўсё, што я хацеў табе сказаць. Цяпер палова першай. Пакуль што мы тут удвух. У гадзiну дня вернецца суддзя Камельё, i я яго сюды запрашу.

– Гэта такi нiзенькi, чарнявы, з вусамi шчоткаю?

– Ён самы.

– Сустракалiся некалi. Злы дзядзька. Напэўна, пастарэў... Скажыце, калi ласка, а маладзейшага вы не знойдзеце?

– Ты маеш амаль гадзiну.

Шрамэк уздыхнуў.

– Цыгарэты ў вас не будзе?

Мэгрэ адчынiў шуфляду i працягнуў яму пачак i запалкi.

– А выпiць у вас што-небудзь ёсць?

– Гаварыць будзеш?

– Яшчэ не ведаю. Я ўсё думаю, цi ёсць у мяне што-небудзь такое, каб вам распавесцi.

Мэгрэ падышоў да дзвярэй i крыкнуў:

– Люка! Будзь ласкавы, схадзi на набярэжную Вальмi i прывядзi сюды панi Франсуазу Бiду. Яна жыве...

– Не трэба, камiсар! – адразу ж закруцiўся Акрабат на крэсле.

– Гаварыць будзеш?

– Мне б хоць калiва глынуць...

– Чакай, Люка, мы тут яшчэ сёе-тое высветлiм... Дык ты, Шрамэк, жонкi баiшся?

– Вы ж абяцалi мне глыточак?

Мэгрэ выняў пляшку каньяку, налiў крыху ў шклянку.

– Дык я адзiн буду пiць?

– Расказвай.

– Задавайце пытаннi. Заўважце, што я, як кажуць адвакаты, не спрабую парушаць следства.

– Дзе ты пазнаёмiўся з Турэ?

– На лаўцы бульвара Бон-Нувэль.

– Як?

– Ну, як зазвычай знаёмяцца на лаўках. Пагаманiлi пра надвор'е...

– Гэта было гады два з паловаю назад?

– Прыкладна. Я гэты дзень у календары не адзначаў. А потым зноў сустрэлiся на гэтай самай лаўцы. Ён, вiдаць, быў рады, што ёсць з кiм пагаварыць.

– Ён сказаў, што застаўся без працы?

– З часам ён мне ўсё распавёў: i як працаваў дваццаць пяць гадоў на адным месцы, i як закрылi раптам фiрму, i як баяўся прызнацца жонцы, што застаўся без працы, як падманваў яе, што працуе ў той самай фiрме. Жонка ў яго, дарэчы, паганая. Здаецца, ён мне першаму ўсё гэта i расказаў. Яму нават лягчэй стала.

– Ён ведаў, хто ты такi?

– Я сказаў, што працаваў раней у цырку.

– А потым?

– А што вас, уласна кажучы, цiкавiць?

– Усё.

– Перш чым гаварыць далей, зазiрнiце, калi ласка, яшчэ раз у мае справы, падлiчыце мае ходкi. Я б хацеў прыкiнуць, цi не вышлюць мяне ў Гвiяну*. Нешта не цягне туды...

* Гвiяна Французская – заморскi дэпартамент Францыi. Месца катаргi.

Мэгрэ паглядзеў.

– Калi ты не забiваў, то можаш сесцi яшчэ два разы.

– Я так i думаў. Толькi не быў упэўнены, што нашы разлiкi супадуць.

– Крадзёж?

– Трохi больш складаней.

– Хто прыдумаў?

– Ён, вядома. Я не такi разумны. А яшчэ крыху плiснеце?

– Пасля.

– О, мне доўга расказваць, прыйдзецца спяшаць.

Мэгрэ налiў глыток.

– Па сутнасцi, усё пачалося з лаўкi...

– Што ты маеш на ўвазе?

– А тое, што, бавячы ўвесь час на адной i той самай лаўцы, пан Луi пачаў назiраць, што ж наўкол адбываецца. Вы ведаеце краму дажджавiкоў на бульвары?

– Ведаю.

– Дык вось, лаўка, на якой пан Луi зазвычай сядзеў, была якраз насупраць гэтай крамы. Так што ён мiжволi ўведаў усе iхнiя парадкi, звычкi прадаўцоў... Тут яму i прыйшла ў галаву думка. Калi днямi няма чаго рабiць, дык усялякiя планы самi па сабе з'яўляюцца, няхай сабе i невыканальныя. Ну, ён мне аднойчы i распавёў, каб забавiць час хiба што: народу ў краме заўсёды поўна, дажджавiкоў гэтых самых – процьма, усюды навешаны-навалены, i на першым, i на другiх паверхах, а злева ад крамы, як амаль заўсёды ў гэтым квартале, тупiчок, праходнiк. Намаляваць?

– Не зараз. Расказвай.

– Дзiўная, кажа мне, справа: як гэта нiхто яшчэ не абакраў гэтую краму? Гэта ж так проста!

– Уяўляю, як ты тады напяўся!

– Ведама ж, зацiкавiўся. У абед, кажа ён мне, выходзяць апошнiя пакупнiкi, i прадаўцы iдуць есцi. Гаспадар таксама. Гэты адыходзiць апошнi i зачыняе дзверы. I калi хто-небудзь з наведнiкаў застанецца ўсярэдзiне?.. Думаеце, немагчыма?.. Я i сам так думаў. Але ж ён ужо добра ведаў, што, перад тым як пайсцi на абед, прадаўцы нiколi нiчога не правяраюць. А дажджавiкоў – процьма. Кемiце?.. Схавацца ў iх – вось i ўся работа.

– Гаспадар цябе зачыняе, ты бярэш касу, а потым ламаеш дзверы?

– Навошта ламаць, начальнiк? Тут i пачынаецца фокус. Нават калi мяне i накрыюць у краме, дык не будзе нiякiх доказаў, што я нешта ўзяў. Я ўзяў касу, так?.. А потым пашкандыбаў у прыбiральню. Там пад пралеваю – невялiкае акенца – у тупiчок. Праз яго не кожны шчанюк пралезе, але ўжо пакет з грашыма прасунуць можна. Тут Луi нiбыта выпадкова заходзiць у двор, падбiрае пакет i робiць ногi. А я зноў хаваюся сярод дажджавiкоў i спакойна чакаю, калi ўсе прысунуцца назад. Толькi люду пабольшае – я спакойна выходжу, як i ўвайшоў.

– Гршы вы падзялiлi?

– Па-брацку. Цяжэй за ўсё было ўгаварыць яго. Ён казаў, што прыдумаў гэта ўсё дзеля забавы. Спярша, як я яму прапанаваў, ён аж узвiўся. Што яго змусiла згадзiцца, дык гэта думка пра тое, што рана цi позна давядзецца здавацца жонцы. Да таго ж у задумы былi шматлiкiя перавагi. Вось, да прыкладу, павяжуць мяне. Але ж няма нi ўзлому, нi пералязання праз сцяну – справа-чысцяк. Калi я не памыляюся, дык дадуць на два гады меней. Га?..

– Мы яшчэ Кодэкс паглядзiм.

– Ну, вось я вам усё i распавёў. Добра мы з Луi папрацавалi, i я нi аб чым не шкадую. Дажджавiкi дазволiлi нам працягнуць месяцы тры. Як па праўдзе, дык я сваю долю хутка спалiў – на конях. Але Луi мяне падтрымлiваў. Ну, а калi грошы скончылiся, знайшлi другую лаўку.

– I падрыхтавалi новы варыянт?

– Спосаб знайшлi, i мяняць яго не было нiякiх падстаў. Цяпер, калi вы ведаеце яго, можаце пакорпацца ў архiвах i знайсцi назвы ўсiх крамаў, дзе я працаваў. Другi быў прадавец электратавараў на тым самым бульвары, трохi далей. Усюды атрымлiвалася адно i тое ж, бо ў гэтым квартале акенцы ўсiх прыбiральняў выходзяць або ў тупiчок, або ва ўнутраны двор. Аднаго разу мяне накрыла ў шафе прадаўшчыца. Я прыкiнуўся п'яным упокат. Яна паклiкала гаспадара, i мяне выштурхалi, толькi напалохалi палiцыяй. Дык скажыце мне зараз, навошта мне было забiваць Луi? Мы ж кенты. Я нават з Франсуазай яго пазнаёмiў, каб супакоiць яе, бо яна ўсё распытвала, дзе я шляюся. Луi прынёс ёй скрынку шакаладу, i яна ўпэўнiлася, што гэта выхаваны чалавек.

– Вы пракруцiлi яшчэ адзiн варыянцiк на тым тыднi?

– Паглядзiце ў газетах: крама адзежы на Манмартры.

– Думаю, што Луi забiлi ў тупiчку, калi ён правяраў акенца ювелiрнай крамы?

– Мажлiва. Мясцiны Луi заўсёды сам аглядаў. Ён усё запамiнаў лепш за мяне. А потым, людзi заўсёды косяцца на такiх, як я. I мне даводзiлася выфранчвацца, але на мяне ўсё роўна глядзелi з падазрэннем.

– Дык хто ж яго забiў?

– Вы ў мяне пытаецеся?

– Каму было трэба яго забiць?

– Не ведаю. Можа, жонцы?

– А ёй навошта?

– Злая яна... Можа, уведала, што ён ужо два гады як падманвае яе i мае каханку...

– Ты ведаеш яго каханку?

– Ён нас не знаёмiў, але гаварыў пра яе, i я яе бачыў здалёк. Ён яе кахаў... Яму хацелася цяпла. Нам жа ўсiм яго хочацца?.. Вось у мяне Франсуаза. I ў вас таксама хто-небудзь ёсць. Яны ладзiлi, хадзiлi разам у кiно, сустракалiся ў кавярне.

– Яна пра ўсё ведала?

– Не, канечне.

– А хто ведаў?

– Перш за ўсё я.

– Ну вядома!

– I, можа, дачка. Вельмi ўжо ён з-за яе перажываў, усё баяўся, што яна старэе i робiцца падобная да мацi. Яна ўсё грошы з яго выцягвала.

– Ты бываў у яго на вулiцы Ангулем?

– Нiколi.

– А ведаеш гэты дом?

– Ён мне яго паказваў.

– Дык чаму ж ты да яго хоць раз не зайшоў?

– А навошта яму псаваць замалёўку? Гаспадыня лiчыла яго дужа прыстойным панам. Калi б яна мяне ўбачыла...

– А калi я табе скажу, што ў ягоным пакоi знайшлi адбiткi тваiх пальцаў?

– Туфта.

Шрамэк быў зусiм спакойны, хiба што раз-пораз пазiраў на пляшку.

– Хто яшчэ мог ведаць пра вашыя справы?

– Паслухайце, пане камiсар, я не дужа важны чалавек, але стукачом нiколi не быў.

– Хочаш, каб у забойстве абвiнавацiлi цябе?

– Гэта ўжо занадта.

– Дык хто яшчэ ведаў?

– Дружок дачкi. А гэта такi малойчык, за якога я не прысягну, што ён не вiнаваты: днямi высочваў Луi, двойчы патрабаваў грошай. Можа, гэта дачка яго падбухторвала. А Луi ажно калацiўся, гэтак баяўся, што смаркач раскажа ўсё жонцы цi лiст ананiмны напiша.

– А ты яго ведаеш?

– Не. Ведаю толькi, што зусiм маладзён i зранку працуе ў нейкай кнiгарнi. Апошнiм часам Луi ўсё роўна як чакаў бяды. Казаў, што далей так працягвацца не можа, што жонка пра ўсё даведаецца. Але ўсё роўна я, як даведаўся, што яго забiлi, дык сам ледзь не грымнуўся.

– Колькi ў яго магло быць грошай з сабою?

– Не ведаю, колькi было з сабою, але за два днi да таго мы добра хапнулi.

– Ён меў звычку насiць грошы з сабою?

– У кiшэнi, бывала, насiў. Але трымаў iх у сваiм пакоi. Сама смешнае ў iм было тое, што калi яму трэба было ўвечары вяртацца дамоў, дык ён iшоў на вулiцу Ангулем i мяняў чаравiкi i гальштук. Аднаго разу забыўся i толькi на вакзале ўцямiў, дык прыйшлося ляцець назад. А дома сказаў, што спазнiўся, бо на працы затрымаўся.

– Чаму ты з аўторка не выходзiў з дому?

– А што б вы зрабiлi на маiм месцы? Я як прачытаў у газеце пра гэта, у аўторак уранку, дык адразу прыкiнуў, колькi людзей бачылi мяне з Луi. А калi хто-небудзь паведамiў бы вам? Такiх, як я, заўсёды падазраюць.

– А ты не думаў з'ехаць з Парыжа?

– Не. Думаў, хопiць таго, што зашыўся ў сваю нару, можа, забудуцца на мяне. А сёння ўранку як пачуў голас iнспектара, дык адразу зразумеў, што накрылi.

– А Франсуаза ведае, у чым справа?

– Не.

– Дык адкуль, яна думае, грошы ў цябе бяруцца?

– Па-першае, яна iх толькi частку бачыць, гэта ўжо што пасля скачак застанецца. А па-другое, яна думае, што я па-ранейшаму абчышчаю кiшэнi ў метро.

– Дык ты i гэтым займаўся?

– Вы ж не будзеце, камiсар, настойваць, каб я вам адказваў i на гэтае пытанне? Вам не хочацца пiць?

Мэгрэ налiў яму апошнi глыток.

– Усё выклаў? Ты ўпэўнены?

– Як у тым, што вас бачу.

Мэгрэ адчынiў дзверы i паклiкаў Люка.

– Адвядзi яго ў камеру. I надзень на ўсякi выпадак кайданкi.

Але калi Акрабат павярнуў да яго свой нiбыта гумовы, з дзiўнай, да вушэй, усмешкаю твар, камiсар пашкадаваў яго:

– Няхай там будуць з iм ласкавейшыя.

– Дзякую, пан камiсар. Толькi не кажыце Франсуазе, што я на скачках прайграваў столькi грошай, а то яна мне перадач не будзе насiць.

Мэгрэ надзеў палiто, узяў капялюш – вырашыў пайсцi перакусiць. Ён спускаўся па лесвiцы, як раптам пачуў унiзе нейкую валтузню.

Нейкi маладзён з раскудлачанымi валасамi вырываўся з рук бамбiзы-сяржанта. У палiцэйскага была разадрана шчака.

– Супакоiшся ты цi не, вош малая? – цыкнуў на маладзёна сяржант. – А то я табе зараз увалю!

Мэгрэ перагнуўся цераз парэнчы i ўбачыў, што сяржант прывёў Альбэра Жарыса.

– Адпусцiце мяне! – крычаў Жарыс. – Я ж вам кажу, што пайду сам!

Сустрэўшыся з Мэгрэ, палiцэйскi далажыў:

– Я яго толькi што затрымаў на мосце Сэн-Мiшэль. Я яго адразу ж прызнаў. Хацеў уцячы.

– Няпраўда! Ён манiць!

Жарыс задыхаўся, твар у яго пачырванеў, вочы блiшчалi.

Сяржант трымаў яго за каўнер палiто.

– Скажыце, каб ён мяне адпусцiў!

Ён хацеў ударыць палiцэйскага нагою, але прамахнуўся.

– Я ж сказаў, што хачу бачыць камiсара Мэгрэ. Я сюды сам iшоў, сам!

Адзежа на iм была падраная, штаны запэцканыя. Пад вачыма – сiнякi.

– Я камiсар Мэгрэ.

– Тады загадайце, каб ён адпусцiў мяне.

– Можаш яго адпусцiць, прыяцель.

– Як хочаце, але...

– Ён бiў мяне, – задыхаўся Жарыс. – Усё роўна як я нейкi... нейкi...

Раз'юшаны, ён i слова не мог знайсцi.

Мэгрэ мiжволi ўсмiхнуўся, зiрнуўшы на разадраную шчаку сяржанта.

– А мне здалося, наадварот, што гэта ты яго...

У вачах у юнака блiснуў злы агеньчык.

– Так яму i трэба!

8. МОНIЧЫНА ТАЙНА

– Ну, сядай, прахiндзей.

– Я не прахiндзей! – абурыўся Жарыс. Голас у яго зрываўся. – Не думаў я, што камiсар Мэгрэ абражае людзей, не выслухаўшы iх.

– Ты еў што-небудзь сёння?

– Я не галодны.

Гэта адказвала ў iм упартасць маладзёна.

Мэгрэ зняў слухаўку.

– Алё! Пiўная "Дэльфiн"?.. Дайце мне пана Жазэфа. Алё?.. Пан Жазэф?.. Мэгрэ. Прынясi мне, калi ласка, бутэрбродаў. Шэсць. З вяндлiнаю... Для мяне. Чакай...

– З вяндлiнаю цi з сырам?

– Мне ўсё роўна. З вяндлiнаю.

– Пiва цi вiна?

– Вады, калi можна. Мне вельмi хочацца пiць.

– Жазэф, шэсць бутэрбродаў з вяндлiнаю i чатыры пiва... Чакай... Прынясi яшчэ два вялiкiя кубкi кавы. I хутчэй, добра?

Паклаўшы слухаўку, Мэгрэ пачаў набiраць другi нумар, прыглядаючыся да Жарыса.

Юнак быў худы, бледны, нервовы. Было вiдаць, што каву ён пiў нашмат часцей, чым еў мяса. Але як на жаночы густ, дык быў прывабны.

Жарыс таксама разглядваў Мэгрэ – спадылба.

– Алё! Аддзел вышуку?.. Аддайце загад не шукаць болей Альбэра Жарыса.

Мэгрэ моўчкi пачаў перакладваць свае люлькi на стале. Пастукалi ў дзверы.

– Уваходзьце!

Вярнуўся Нэвэ.

– Выбачайце, я хацеў бы даведацца...

– Можаш iсцi. Дзякую.

Мэгрэ пачаў хадзiць па пакоi. Ён чакаў афiцыянта. Каб прабавiць неяк час, патэлефанаваў яшчэ раз, гэтым разам жонцы:

– Я палуднаваць не прыйду.

– Я так i думала. Ты ведаеш, якi ўжо час?

– Не.

Жонка адно засмяялася: абед даўно мiнуў.

– Я прыйшоў да вас, каб сказаць... – пачаў быў Жарыс, але Мэгрэ адразу ж перапынiў яго:

– Чакай.

Сёння гэта быў ужо трэцi допыт. Трэба было сабрацца з думкамi.

Страшэнна хацелася пiць.

Камiсар мiжволi паглядзеў туды ж, куды глядзеў цяпер Жарыс, i пачырванеў, як школьнiк: позiрк ягоны спынiўся на пляшцы з каньяком, якiм ён, так бы мовiць, частаваў Шрамэка. Ва ўсёй гэтай мiтуснi ён забыўся прыбраць каньяк са стала. Маўклiвы папрок хлопца непрыемна закрануў Мэгрэ: гэта ж трэба было такой недарэчнай прамашкаю пагоршыць у вачах затрыманага ўяўленне аб камiсары палiцыi!.. Ён хацеў быў усё растлумачыць, але змаўчаў – проста ўстаў i паставiў каньяк назад у шафу.

Зноў пастукалi ў дзверы. Гэта быў афiцыянт.

– Заходзь, Жазэф. Пастаў паднос сюды.

Калi афiцыянт выйшаў, Мэгрэ прапанаваў Жарысу:

– Перакусiм.

Жарыс еў з вялiкiм апетытам, хоць i казаў зусiм нядаўна, што зусiм не галодны. Але па-ранейшаму паглядваў спадылба на камiсара. Праўда, пасля другой шклянкi пiва ён трохi пацяплеў.

– Ну як, лепей?

– Дзякую. Але чаму вы назвалi мяне прахiндзеем?

– Да гэтага мы яшчэ вернемся.

– Гэта праўда, што я сюды сам iшоў.

– А чаму ты вырашыў гэта зрабiць?

– Мне абрыдла хавацца.

– А чаму ты хаваўся?

– Каб не арыштавалi.

– А за што цябе арыштоўваць?

– Самi ведаеце.

– Я не ведаю.

– Таму, што я сябра Монiкi.

– Ты быў упэўнены, што мы гэта ведаем?

– Пра гэта вельмi проста даведацца.

– I мы б цябе арыштавалi толькi за тое, што ты яе сябар?

– Вы хочаце як мага болей выцягнуць з мяне. Думаеце, што я пачну манiць, блытацца i вы мяне на чым-небудзь зловiце.

– Ты, я гляджу, дэтэктываў начытаўся...

– Я праглядаю газеты. I ведаю, як вы дамагаецеся прызнання.

Мэгрэ сам сабе вылаяўся: далося iм усiм гэтае непаразуменне з поўхаю, якую ён заляпiў Рэне Лекэру!.. Мiж тым сёння ўранку ён атрымаў ад асуджанага на смерць Лекэра лiст з турмы. Прыгнечаны, забойца прасiў камiсара наведаць яго. Можна было б паказаць Жарысу гэты лiст i ўсё расказаць, аднак Мэгрэ зноў не стаў нiчога тлумачыць затрыманаму i прадоўжыў допыт. Калi ўжо гэты маладзён дапячэ яго з той поўхаю, то ён яму Лекэраў лiст пакажа.

– Дык чаму ж прыйшоў сюды?

– Каб заявiць, што я не забойца.

Мэгрэ распалiў люльку, дапiў пацiху пiва. З-за дажджу на вулiцы пацямнела. Ён запалiў лямпу.

– Ты разумееш, што значыць твой уласны прыход да нас?

– Што вы хочаце сказаць?

– Ты вырашыў, што мы збiраемся цябе арыштаваць. Значыцца, у нас ёсць на тое падставы. Якiя?

– Вы ж былi на вулiцы Ангулем?

– Адкуль ты ведаеш?

– Гаспадыня ж, напэўна, сказала, што я прыходзiў да яго.

– I што, за гэта цябе трэба арыштоўваць?

– Вы дапытвалi Монiку.

– I ты баiшся, што яна прагаварылася?

– Я б здзiвiўся, калi б яна ў вас не загаварыла.

– А чаму ты пачаў з таго, што схаваўся ў сябра пад ложкам?

– Вы i гэта ведаеце.

– Адказвай.

– Я не падумаў. Я баяўся. Баяўся, што мяне будуць бiць i я прызнаюся ў тым, чаго не рабiў.

– Меней бы ты, хлопча, баяўся... Чаму ж ты тады ўсё-ткi, раз баяўся, вылез з-пад ложка?

– Там нельга было болей заставацца. Сябрава цётка ўвесь час па кватэры хадзiла. Дзверы адчыненыя, у хаце скразняк. Я прастыў, а тут нават чыхнуць страшна. Нi ўстаць, нi паварушыцца...

– I ўсё?

– Есцi хацелася.

– I што ж ты стаў рабiць, як выбраўся з кватэры?

– Бадзяўся па вулiцах. Уначы спаў на рынку на мяшках з гароднiнай гадзiну-другую. Двойчы падыходзiў да моста Сэн-Мiшэль i глядзеў на ваш будынак. Убачыў, як Монiка выходзiла ад вас. Я пайшоў на вулiцу Ангулем, там стаяў чалавек, па ўсiм было вiдаць, назiраў за домам. Ваш, напэўна.

– А чаму мы маглi меркаваць, што ты мог забiць Турэ?

– А вы што, не ведаеце, што я ў яго пазычыў грошы?

– Пазычыў?

– Ну, папрасiў, калi вам так болей падабаецца.

– Папрасiў?

– Што вы хочаце сказаць?

– Ёсць розныя спосабы прасiць. Мiж iншым, ёсць i такi, калi чалавек, якога просяць, пастаўлены ў такiя ўмовы, што не можа адмовiць. А называецца гэта шантаж.

Камiсар замаўчаў i ўгледзеўся Жарысу ў самыя вочы.

– Адказвай.

– Я нiчога б не сказаў панi Турэ.

– Але ж пана Турэ ты гэтым прыпалохаў?

– Ён i так бы даў грошы.

– Але даў таму, што баяўся тваёй пагрозы.

– Не ведаю. Вы мяне блытаеце вашымi пытаннямi... Памiраю, хачу спаць...

– Выпi кавы.

Жарыс выпiў i разгублена ўтаропiўся ў Мэгрэ.

– Колькi разоў ты быў у пана Турэ?

– Толькi два разы.

– Монiка пра гэта ведала?

– А што яна вам сказала?

– Цяпер не мае значэння, што што яна сказала. Важна, скажаш ты.

– Яна ведала.

– Што ты яму сказаў?

– Каму?

– Пану Турэ! – не стрымаў свайго раздражнення Мэгрэ.

– Што нам патрэбны грошы.

– Навошта?

– Каб паехаць у Амерыку.

– I як ён адрэагаваў?

– Сказаў урэшце, што гэта найлепшае выйсце.

Допыт нешта не ладзiўся. Жарыс, мабыць, лiчыў, што Мэгрэ ведае болей, чым ведаў на самай справе. Трэба было павесцi допыт больш асцярожна.

– Ты думаў жанiцца з Монiкай?

– Думаў. Але пан Турэ разумеў, што гэта нерэальна. Я непаўналетнi. I нават калi б мае бацькi згадзiлiся, дык панi Турэ адмовiла б: я ж усё сваё нашу з сабою. Пан Турэ мне сам параiў нават не спрабаваць знаёмiцца з ёю.

– А ты яму прызнаўся, што ты з Монiкай ужо кахаўся?

Жарыс пачырванеў.

– Я сказаў яму толькi, што яна цяжарная.

Дык вось у чым сакрэт! Мэгрэ выгляду не падаў, але здзiвiўся: як жа ён сам не падумаў пра такую паваротку?

– Колькi месяцаў?

– Трохi болей як два.

– Вы былi ў доктара?

– Яна адна хадзiла.

Мэгрэ адкiнуўся ў крэсле, набiў тытунём новую люльку.

– Што ж ты збiраўся рабiць у Амерыцы?

– Што прыйдзецца. Я працы не баюся. Мог бы стаць каўбоем.

– Каўбоем? – усмiхнуўся сам сабе Мэгрэ: ён згадаў тых асiлкаў, якiх бачыў на ранча Арызоны i Тэхаса.

– Я мог бы працаваць на залатых капальнях. Словам, як-небудзь я б ужо выкруцiўся.

– I ажанiўся б з Монiкай?

– Яна i так мая жонка. Хiба што мы не распiсаныя...

– Як сябе паводзiў пан Турэ, калi даведаўся, што Монiка цяжарная?

– Не паверыў... Нават заплакаў... Але я пакляўся, што намеры ў мяне...

– ...самыя добрыя. I што ён тады сказаў?

– Абяцаў дапамагчы. Грошай у яго пры сабе не было. Ён даў мне крыху.

– Дзе яны?

– У Монiкi. Яна хавае iх у сваiм стале на працы.

– А астатнiя?

– Астатнiя ён абяцаў даць у аўторак. Ён збiраўся атрымаць вялiкiя грошы.

– Ад каго?

– Не ведаю.

– Ён не сказаў, адкуль яны раптам возьмуцца?

– А я i не пытаўся.

– Чаму?

– Ён бы ўсё роўна не адкрыўся. Ён нiдзе не працуе. Я так i не змог зразумець, як ён зарабляе. Мабыць, яны ўдвух гэтымi справамi займалiся.

– З кампаньёнам, значыцца? Ты яго бачыў?

– Адзiн раз, на бульвары.

– Худы, падобны на клоўна?

– Ну.

– Дык вось, яму я i налiў каньяку, якi ты бачыў. Гэты чалавек сядзеў тут незадоўга да цябе.


    Ваша оценка произведения:

Популярные книги за неделю